355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Левановіч » Палыновы вецер » Текст книги (страница 19)
Палыновы вецер
  • Текст добавлен: 20 апреля 2017, 20:00

Текст книги "Палыновы вецер"


Автор книги: Леанід Левановіч


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 19 страниц)

страх…– разважаў Аўхім.

– Чаго рот разявіў? Ратуй гусака! А то еты разбойнік  задзяўбе да крыві.

Прося дзеркачом сагнала пеўня. Гусей зачыніла ў пуні. Пра сваю педагагічную практыку” нічога не сказала. Певень, нібы баксёр-пкраможца на рынг,  важна хадзіў па двары.  Не пазнаць было пеўня! Сам чорны, а  шыя і хвост жоўта-пярэстыя, ярка-чырвоны грэбень. Аўхім залюбаваўся пеўнем-забіякам, пайшоў пахваліцца суседу Грышку.

Аднойчы нядзельным ранкам пеўнік зноў уссеў на гусака. У гэты час завітаў на двор сусед Грышка. Тракатрыст і заўзяты пчаляр. Грышка зарагатаў гэтак гучна, што суседзі павыбягалі з хат, сабраліся ля Аўхімавага двара. Усе дзівіліся. Вохкалі. Прося ўхапіла дзяркач, загнала пеўня ў куратнік. Але народ не хацеў разыходзіцца. Гэты момант скарыстаў Гршыка. Расказаў жарт.

– Служыў я на Каўказе. У Грузіі. Ну. пры камуністах яшчэ. Неяк у нядзелю пайшоў на рынак. І вось прадае чалавек пеўня. Падышлі дзве кабеты. Пытаюцца: “Колькі каштуе пеўнік?” – “За пятнаццаць рублёў аддаю”. – “А ён курэй топча?” – “Какой топча? Он інтэлігентный петух. Оч-чэнь харошы”. – “Дык на храна ён трэба. Гэткі анцілягент”. Прадаваец усё зразумеў. Тут жа змяніў пласцінку. Пачаў крычаць: “Прадаецца пятух. Атлычны таптун! Кура топча! Утка топча! Гусі – топча! Учор авечку адтаптаў!” Натоўп сабраўся. “Нуй певень. – пачуліся галасы.– Што ж ты прадаеш такога героя?” –“Панымаеш, падлэц. На жонку паглядаць пачаў..”

Грышкавы слухачы зарагаталі гучней. чымся пакупнікі на каўказскім рынку.  Ажно да слёз смяялася і Прося. Але пра сваю таямніцу  нікому нічога .

Ішлі дні. Як толькі сыходзіліся певень і гусак, пачыналася бойка. Пеўнік, нібы той будзёнаўскі кавалерыст, ездзіў  на спіне гусака. Нарэшце Прося не вытрывала і зварыла з пеўніка смачны суп. Добра паабедалі. Раздабрэлая Прося адкрыла Аўхіму сваю таямніцу.

Весела смяяўся дзед. А ўвечары павёў Просю на сена – успомніць маладосць. Пасля абдымкаў шчаслівая Прося сцішана смяялася, дзівілася дзедавай сіле. Пра сябе падумала: з пылянятаў, па ўсіх прыкметах, будзе шэсць курак і сем паеўнікаў. Аднаго папкінем на зіму. Двух аддамо дочкам. Каб зварылі булён для зяцёў. Астатнія хай будуць сабе.

Каб дзед Аўхім быў малады і гарачы.

КАЛЯДНЫ БАЛЬ

Да Новага года заставаўся амаль месяц, але ягоны подых адчуваўся ўсё мацней.Чалаевцтва рыхтавалася сустрэць гэтую нябачную мяжу, прыдуманую і ўсталяваную самімі ж людзьмі, прымеркаваную да Хрыстовага нараджэння. Дзень пачынае расці, сонца паварочвае на вясну – значыць, пачынаецца Новы год. Ён прыносіць новыя  налзеі і спадзяванні.

Стары Аўхім лічыў гэтую традыцыю прыдумкаю, ніколі доўга не глядзеў тэлевізар у навагоднюю ноч. Кульнуўшы законныя два-тры кілішкі: за стары. За новы, за здароўе на цэлы год,– клаўся спаць. Калі ўдавалася ўгаварыць бабу Прос, то клаліся разам. Як ніхто не замінаў, дык абдымаліся і цалаваліся. Гэта толькі маладыя думаюць, што старым ужо нічога не трэба.

На гэты раз Просі хацелася сустрэць Новы год з дзецьмі, усёй сямейкай, бо хто ведае, колькі таго жыцця засталося. І таму яна ламала галаву: якіх прысмакаў нагатаваць да стала. Можна зарэзаць гусака, утушыць з яблыкамі. Зварыць халадцу – з бульбаю добрая закусь. А што піць? Вядома, дзеці прыедуць не з пустымі рукамі, але ж і сваё пітво трэба мець.

Кожны аўторак у невялікую лясную вёсачку Дзятлаўку прыходзіць аўтакрама – машына-будан. Абаранак руля якой весела круціць шафёр Вася, танклявы, увішны хлопец. Як звычайна,  да аўтакрамы збіраецца ўся вёска. Тут льга перакінуцца словам з блізкім і далёкім суседам. Пачуць усе навіны. Калі будзе з чаго. Той парагатаць. Майстрам пасмяшыць публіку быў Грышка, саракагадовы  плечавень, які любіў і чарку, і скварку, умеў даглядаць пчол і быў механізатарам шырокага профілю.

Аўтакрама пазнілася. Народ хваляваўся. З неба сыпаліся белыя крупінкі снегу  і секлі ў твар, нібы шрот. Таму радасць засвяцілася на кожным расчырванелым твары. калі  з-за цёмнай сцяны лесу выкаціўся куртаты будан. Кажучы казённаю моваю, асартымент тавараў быў звычайны, але мелася і навінка: з высокай скрыні звабна  выторкваліся срэбрана-блішчастыя галовы шампанскана. Іх адразу прыкмеціла Прося.

– Давай возьмем шампанскага, – таўханула пад бок Аўхіма.

– Ат, што ета за пітво? – скрывіўся, нібы ад воцату, дзед. – Лепей пляшку той вадзіцы. Якую гусі не п'юць.

– Дзядзька Аўхім, ты дарэмна ўпіраешся. Вось ты любіш казаць: піць, як і красці, трэба асцярожна. Дык вучаныя людзі раяць пачынаць трапезу спакваля, з шампанскага, – аўтарытэтна прамовіў Грышка. – Ну. Каб, ета самае, градусы ўзрасталі. Спярша вінца, а потым гарэліцы.

– А тады першачка? – хмыкнула бабка Адарка.

– О. правільна мысліш! – узрадаваўся Грышка. – У корвнь глядзіш.

– Дос табе выскаляцца, – узбурылася на яго Прося. – Сонца няма, а ты выскаляешся. Зубы грэеш.

– А мне сонца свеціць кожан дзень. Асабліва каля крамы.

Усе вакол пас міхаліся. Здаецца, і неба пасвятлела, крупы перасталі сыпацца. Павесялеў і дзед Аўхім, бо ў торбе побач з шампанскім пазвоньвала пляшка гарэлкі. Вядома, узялі хлеба, батонаў, яшчэ таго-сяго. Дома ўзнікла праблема: куды дзець шампанскае.

– Можа. у склеп паставім? Там холадана. Я зараз аднясу.

Аўхім здзівіўся, бо звычайна жонка прасіла яго прынесці бульбы, буракоў ці слоік агуркоў, а то выправілася сама. Праўда, у наступныя дні хадзіў у склеп ён, пазіраў у кут, дзе цьмяна бялелася бутэлька шампанскага.

Да Новага года заставалася тры дні. Аўхім браў слоік капусты, зірнуў у кут і здзівіўся: бутэлька моцна нахілілася, вакол ейнага дна паблісквалі нейкія іскрынкі – ці то шэрань, ці то снег. Ён дастаў бутэльку і аслупянеў: у цэнтры корка зеўрала круглая дзірка, а віна засталося меней за палову. “Ёпэрэсэтэ! – выляўся Аўхім. – Во, мышары праклятыя. Выпілі шампанскае. Думаў, усіх пералавіў, а тут – на табе”.

Баба Прося ледзьве не загаласіла на ўсю вёску: першы раз купіла пад Новы год шампанскага і то выпіць не ўдалося. На Аўхіма пасыпаліся дакоры: лайдак, латруга, не мог пастку паставіць, развёў мышэй…

У самы разгар сямейнага дыспуту ў хату ўваліўся Грышка. Зірнуў на стол. Ухмыльнуўся:

– А якое сянні свята? Няўжо вы каталіцкія Каляды адзначаеце? І правільна робіце. Малайцы! Разгавеліся. А я во шукаю, дзе б душу прывязаць. А то, ета самае, трапечацца пасля ўчарашняга.

– Ага, разгавеліся, – уздыхнуў Аўхім. – Мышы ў склепе разгавеліся.

Грышка ўзяш бутэльку, агледзеў яе, усё зразумеў і гучна зарагатаў:

– От свет настаў! Цяперака і мышы разумныя. Ах, які быў баль у склепе! Во ўжо скокі былі! Хвост направа, хвост налева!

– Не рві маё сэрца, балабон! А то вілачнік зараз вазьму, – праз слёзы крычала Прося.

– Цётка Прося, не бярыце да галавы. Такое бяды. У людзей вунь не такія беды. Як сказаў паэт Караткевіч: “павінна ж быць і ў зайца радасць перад халоднаю зімой”. А мышкі… Яны ж таксама жывыя.

– Ета во стары  ёлупень дапусціўся, што ў склепе мышы гаспадараць. Чаму я з пенсіі павінна іх паіць шампанскім?

– Ну, яны ж і вам пакінулі. Падзяліліся, – блазнаваў Грышка.

Адчуўшы падтрымку, павесялеў і Аўхім:

– Ета ж да рэвалюцыі была гісторыя. У майго дзеда згарэла гумно. Жытнёвыя снапы там стаялі. Пайшоў дзед па дварах пазычвць збожжа І ўсюды казаў: “Ой, бяда якая! І гумно згарэла, і жыта. Але ж і мышэй, братачка, колькі ляснула!” І ніхто дзеду не адмовіў. Выручылі…

– Ты мне зубы не загаворвай. Выкінь ету бутэльку. Каб мае вочы яе не бачылі. – Сярдзітая Прося пасунулася на кухню.

– Чакай, дзядзька. Я іду ў лес. Там выкіну ў ямку. Хочу елачку высячы. Цётка, Прося, можа, і вам заадно? Хоць маленькую.

– Навошта нам елка? Ну, мо пару галінак для паху. Усунем у слоік.

– Дык, можа, і ядлоўцу наламацЬ?  Ён асабліва духмяны.

– Навошта? Хіба старога адхвастаць?

– Не, цётачка. Наадварот! Выпаліць дзядзька лазню перад Калядамі. Возьмеце яшчэ шампанскага. У лазні папарыцеся. Я дам мядку. Натрэ дзядзька сваю жоначку мёдам, адхвошча распараным ядлоўцам. Тады, дзядзька, не ты будзеш прасіць у жонкі, а яна сама папросіць. І будзе ў вас калядгы баль!

– Грышка, не  рві маё сэрца! – крычала Прося, але ў голасе ейным пачуліся весялейшыя ноткі.

Грышка схаваў бутэльку пад крысо кухвайкі і выкуліўся з хаты.

На дварэ пасвятлела. З-за попельна-шызай хмары вылузнулася нізкае снежаньскае сонца. “Эх,  доля наша мужчынская. Не ведаш уранні, дзе нап'ешся ўвечары. Эх, калядачкі, бліны-ладачкі!”– весела замурлыкаў Грышка.

СУСЕДАВА ПАДКАЗКА

Блізка паўвека пражылі разам Аўхім і Прося. І сварыліся, і спрачаліся даволі рэдка. Ну,было, калі мышы выпілі шампанскае. Але ж пасля лазні дзед з бабаю мілаваліся, нібы галубкі. А на гэты раз яны пасварыліся моцна. І віноўнікам разладу стаў тэлевізар. Калі дакладна – серыялы. Неяк Аўхім і Прося дрынкалі ў дрывотні пілою “Дружба -2” Раптам Прося схамянулася:

– А колькі  ета часу?

– Ды ўжо без чвэрці пяць, – адказаў Аўхім.

– А божачкі, серыял пачаўся! Усё, Аўхімка, я ў кіно, – і  памкнулася ў хату.

– Пакліч мяне, калі танец жывата будзе, – хмыкнуў наўздагон Аўхім і ўзяўся за сякеру.  Бразільска– мараканскі серыял ішоў ужо другі год. Узімку некаторыя серыі глядзеў і Аўхім. Рагатаў, назіраючы, як  зацята сварацца між сабою жонкі багацея Алі. А той  уздымаў рукі ўгору, крычаў на маладую жонку,  аматарку скандалаў: “Хай скароціць Алах твае дні!”  Аўхіму вельмі падабалаіся бразільскія скокі, асабліва танец жывата. Прося сарамаціла: “ Што ты глядзіш. бы кот на сала. Яны ж усе маладзенькія. А  ты ж стары хрыч ужо…”

Аднойчы завітаў сусед Грышка. Цыгарэты пазычыць. Аўхім без адрыву ад канапы назіраў за скокамі. “Эх, Іванавіч, Іванавіч”, – паўшчуваў дзеда. “Етыя скокі мой жыццёвы тонус уздымаюць”.– апраўдваўся Аўхім.

– Я б табе параіў глядзець “Падарожжа дылетанта”. Вось што бадзёрыць. Весяліць. І тонус падымае.

– А што ета за падарожжа такое?

– Паглядзі. Дык будзеш ведаць.

З таго часу, як толькі  пачынаўся серыял. Аўхім ішоў да Грышкі. Просю зацікавіла, чаго б гэта.  Неяк падчас рэкламнай паўзы, Прося пакіравала да суседа. Адчыніла дзверы – мужчыны, расчырванелыя, падвяселеныя, сядзелі за сталом. На стале недапітая паўлітэрка.

– Аўхімка, ты што? Здурнеў? Гаспадарка недагледжаная. А ты тут гарэлку жлукціш? Якое свята, каб хто спытаў?

– У нас сваё свята, Грышка ўзняў чарку. – За нашага сябра Юрася Жыгімонта! Дзякуй яму за добрую перадачу.

– От я вам зараз дам! І вашаму сябру ўвалю дык увалю! Дзе ён схаваўся? Дай сюды пляшку!– Памкнулася Прося.

– Не, цётачка, не ты яе сюды паставіла, не ты і забярэш.А сябар наш далёка. У тэлевізары. Ведаеш такую перадачу “Падарожжа дылентанта”? У нас – абмеркаванне перадачы. Сянні глядзелі пра Нясвіж. Пра яго гаспадароў Радзівілаў. От весела жылі! Улетку пасыпалі дарогу соллю. Мядзведзя ў сані – каталіся, –   рагатаў Грышка.

–   Ты мне зубы не загаворвай. І лапшу на вушы не вешай. Аўхімка,  пайшлі двору!

– Ну, ты ж чула. Мы яшчэ не ўсё абмеркавалі.

– Даражэнькая цётка Прося. Мы выпілі за Радзівіла Сіротку. За Радзівіла Рыбаньку. А за пана Каханку – не. Так што, ці далучайся да нас, ці…– рвшуча сказаў Грышка.

Баба Прося кульнулася за парог. Яе чакаў серыял.

Потым яна вывучала праграму тэлебачання, пераканалася, што “Падарожжа дылетанта” бывае ў суботу раніцай. Назаўтра Прося паднялася раней, выпаліла ў печы, напякла бліноў. Калі паснедалі зірнула на гадзіннік.

– Аўхімка, уключай  целявізар. І зрабі мацней, каб і я  ўсё чула.

Неўзабаве з гасцёўні пачулася: “Дзень добры, панове!” Прося начапіла акуляры і ўставілася на экран. Вядучы распавядаў пра нейкае старадаўняе мястэчка. Прося нават не чула пра яго ніколі, а паселішча мае надзвычай цікавую гісторыю. Тут некалі быў магутны і прыгожы замак.

– І адкульён усё ведае? І гаворыць так складна. Не саб'ецца, не заікнецца, – дзівілася Прося.

– Дык ён жа вучаны. І артыст адмысловы, – важна зазначыў Аўхім, узрадаваны, што Просю зацікавіла перадача.

Дні праз тры патэлефанавала  старэйшая дачка: у пятніцу прыедуць у госці.

– От добра! А то мы даўно ўнукаў не бачылі,– узрадавалася Прося, але тут жа схамянулася: – Аўхімка, а як жа з перадачай? Яны спяць да дзесяці. Хай бы і яны паглядзелі. Трэба раней іх пабудзіць, каб у дзевяць паснедаць.

У наступную суботу ў прызначаны час дзед з бабаю, дачка з мужам, малыя Светка і Алежка сядзелі перад экранам.

– Дзень добоы, панове! – павітаўся вядучы.

– Алежка,  мы з табой – панове, – хіхікнула Светка.

– Ціха. Дай паслухаць. – адмахнуўся ад сястры Алежка.

– Мама, а што значыць – дылетант? – не сядзелася малой гарэзніцы.

Мама разгублена зірнула на мужа Васю.

– Мусіць, гэта чалавек, які не спец у свайё справе. Не ведае, што і як рабіць. Адным словам, дзілетант.

– Тата,  калі ён не спец.. Ну . не ведае, што і як рабіць, дык чаму яго пусцілі на экран? Чаму ён можа навучыць? – разважаў малы мысляр Алежка.

– Не скажыце,  – запярэчыла Прося. –   Еты Юрасёк усё чысценька ведае. Усё наскрозь.  І дужа анцярэсна гаворыць

– Як на мой розум. Дык ён прыкідваецца дзілетантам. Ролю такую іграе. А сам, канешне, усё ведае. Кніжкі чытае. Рыхтуецца. Вось паслухайце,– важка, аўтарытэтна падсумаваў сямейны дыспут дзед Аўхім.

– Сёння я раскажу вам пра старадаўняе мястэчка Мажэйкава, – апавядаў вядучы.– Пэўна, усе ведаюць карціну Васняцова “Тры асілкі” Дык вось. На ёй меўся быць і чацвёрты асілак Мажэй. Але чалавек ён быў сціплы. Не любіў пазіраваць мастакам. Таму і не трапіў на карціну. Затое паселішча назвалі яго імем. А потым яно стала Вялікім Мажэйкавам.

– Помніш, Вася, мы разгадвалі крыжаванку? – спыталася Просіна дачка ў свайго мужа. – Там было пытанне пра  аўтара гэтай  карціны. Мы не адказалі. Цяпер будзем  ведаць.

– Канечне. Я думаю. трэба купіць карту Беларусі. Павесім яе ў дзіцячым пакоі. Светка і Алежка будуць глядзець перадачу і адзначаць, дзе яны пабылі. А то мы ні храна не ведаем свой край, – адказаў муж Васіль.

Баба Прося цішком зірнула на Аўхіма. Стары, нібы змоўшчык, падміргнуў.

Цяпер яны дружна глядзяць тэлеперадачу “Падарожжа дылетанта” і не сварацца нават тады, калі трэба ісці на дрывотню і завіхацца там з ручною пілою “Дружба-2”. Дзякуй суседу Грышку за добрую падказку.

Падводны масаж, альбо Як дзед Аўхім у санаторыі “працэдурваўся”

Ці ведаеце вы, што такое падводны масаж? Не, пэўна, не ведаеце. Як не ведаў і мой герой. Слаўны ветэран працы Аўхім Іванавіч. Мусіць, ён так і пайшоў бы на той свет, не зведаўшы насалоды падводнага масажу, калі б не патрапіў у санаторый “Зялёны бор”.

А гісторыя вось якая. Ездзіць па санаторыях Аўхім не любіў. Зрэшты ,у  яго ніхто і не пытаўся, ці хоча ён туды ехаць. Ці трэба нешта палячыць. За свае семдзесят ён засвоіў простыя ісціны: няма лепшай рэчы, чым з Просяй на печы, ды асбліва пасля лазні. Што найлепшая мікстура – дзве кроплі вады на сто грамаў першаку. А на закусь – кавалак сала з часнаком. Але з кожным годам усё мацней даймаў радыкуліт Часам сцісне паясніцу, нібы абцугамі, ні ўстаць, ні легчы. Яно й не дзіва: амаль сорак гадоў круціў Аўхім абаранак  руля. Паслухаўся  Просі, накрэмзаў заяву ў райсабес.

Неяк напрадвесні паведамілі: трэба хуценька збірацца ў санаторый, бо пуцёўка “гарашчая”. І вось дзед Аўхім з поліэтыленавай торбаю, у якой ручнік, прасціна, мыла, пляшка на тутэйшую  мінеральную ваду, “малянкоўская” шклянка на фітачай, шоргаў пантофлямі па даўжэзным калідоры санаторыя. Крочыў таропка, каб паспець з адной працэдуры на другую. Спяшаліся ўсе. Мужыны і жанчыны ў спартыўных касцюмах, з гэткімі ж валізкамі, навыперадкі перлі на свае працэдуры. Нібы імкнуліся дагнаць гады маладыя.

Пад вечар Аўхім так стаміўся, што ні рук, ні ног не чуў. Патыліца нібы свінцом налілася, значыць, падскочыў ціск. Мусіў ісці да дзяжурнай медсястры. Сімпатычнае бялявае дзяўчо паціскала гумовую грушу:

– Ну, і колькі вы націскалі, даражэнькая?

– Сто восемдзесят на дзевяноста. Зашмат.

– Нічога страшнага. Армянскі баланс, – супакоіў яе Аўхім.

– З гэткім ціскам жарты кепскія. Зраблю вам укольчык. Апускайце штаны. Уколы балючыя. Давядзецца пацярпенць.

Аўхім паслухмяна лёг на халодны тапчан. І тут жа адчуў балючы ўкол у левую ягадзіцу, затым – у правую. “Які бальнейшы?” – пацікавілася сястра. “Першы. Мабыць, на свежака”. – “гумарыст вы. Значыць, усё будзе добра”.

Але і назаўтра ціск быў высокі, галава цяжкая, як бязмен. Пасля ваннай дзед прысеў на канапу, бо ногі не трымалі. Ягоную стомленасць заўважыла кабета, якая сядзела побач. “У гэтым кабінеце зараз сеанс ароматэрапіі. Пойдзем, адапачнеце”.  Паклаў Аўхім санаторную кніжку на стол, сігануў у невялікі пакой. “Сядайце зручней. Сёння будзеце слухаць музыку пад водар карыцы.”. Дзябёлая медсястра запаліла тоўстую свечку, выйшла і шчыльна зачыніла дзверы. Неўзабаве Аўхім пачуў аддалены гул прыбою, прарэзлівы піск чаек. Уявіў сябе на беразе мора – у маладосці ён служыў на флоце. Потым сцішана загрукатаў гром. Зашумелі вершаліны дрэў, звонка заспявалі лясныя птахі. Спаць Аўхім і не думаў. Здзівіўся, што амаль усе жанчыны спяць. Налічыў іх восем, а ён, мужчына, адзін. “Восем дзевак. Адзін я”, – усміхнуўся сам сабе.

А музыка гучала, спявалі птушкі, шумеў лагодна лес. Прыемны, духмяны водар лунаў у паветры. Але сон Аўхіма не змарыў. Пасля сеанса яго ўпікнула гаспадыня ароматэрапіі: “Вы мяне падвялі. Вам не прызначана гэта працэдура. Калі хочаце да нас хадзіць, хай доктар прызначыць”.

– Добра. Схаджу да доктара.

І ён пайшоў да доктара. Але папрасіў выпісаць падводны масаж. Гэтую працэдуру вельмі хваліў сусед у пакоі.

– А ці можна адмяніць дзірсанваль? – спытаў у доктара.

– Дэрсанваль? Адменім. І ручны масаж – таксама. І трэнажоры вам непатрэбныя. Вы чалавек вясковы. Руху хапае. А падводны масаж прызначаю. Завітайце зараз туды. Скажуць, у які час прыходзіць.

Сталага веку сімпатычная кабета ветліва сустрэла Аўхіма, пагартала ягоную кніжку. Буйнымі лічбамі напісала: 8.30.

– Вам пашанцавала. Перад сняданкам – да нас.

Аўхім павесялеў. У душы варухнулася надзея, што падводны масаж як рукою здыме ягоны ціск, супакоіць радыкуліт.

Ноччу прынілася мора. Аўхім даў нырца ў пеністую хвалю. Пад вадою да яго падплыла русалка. Аблытала даўжэзнымі валасамі, пачала пяшчотна казытаць. Аўхіму гэтак закарцела зарагатаць, але рот не мог раскрыць. Русалка казытала і абдымала ўсё мацней, і тут Аўхім прачнуўся. Сэрца тахкала. Але галава не балела, чуўся лепей, чым учора.

У ранку ён стаяў ля дзвярэй патрэбнага кабінета. Тая самая жанчына паклікала яго. Аўхім хуценька распрануўся. “Вешайце ручнік над ваннаю і залязайце”. Жанчына ўзяла гумовы шланг з тонкім металічным наканечнікам, з якога выбіваўся пругкі струмень, нібы бураўчык. Разгладжваў кожны мускул. Аўхім ажно прыжмурыўся ад гэтага казытання.

– А што, прыемна? – усміхнулася гаспадыня працэдуры. – А  цяпер паварочвайцеся. Рукі вось сюды…

Струмень зноў крануўся ягоных ног, быццам упіўся ў пяткі, слізгануў вышэй, разгладзіў паясніцу, пагойсаў па спіне. Па плячах. Аўхім выйшаў з ванны нібы памаладзелы. Шчыра падзякаваў гаспадыні.

– Вы проста чараўніца. Як вас завуць?

– Я не чараўніца. Я яшчэ вучуся. Завуць мяне Ганнай Рыгораўнай. Вы на свае гады добра выглядаеце. Мабыць, за чаркай не ганяецеся. Працаваць не лянуецеся. Некаторыя мужыкі расплываюцца, як  мядузы. А вы, Аўхім Іванавіч, яшчэ мужык што трэба.

– Дзе там? Стары ўжо хрыч. Тройчы дзед.

– А я двойчы бабуля. Жыву з сям'ёю сына. Муж памёр. Дужа ўлягаў у гарэлку. Здароўе не шанаваў.

З кожным днём Аўхім пачуваўся лепей. Прачынаўся рана. Хадзіў па лесе, дзе весела, па-вясноваму звонка цінькалі сініцы. А потым бадзёрым ,лёгкім крокам шыбаваў на любімую працэдуру.

Ганна Рыгораўна прыкмеціла яго настрой, падсміхнула:

– Ну, Аўхім Іванавіч, мусіць. штовечар на танцы ходзіце?

– Ат, якія тут танцы? Наб'ецца людзей… Таўкуцца бы камары пасля дажджу. От з вамі б пайшоў… Полечку збацалі б.

– Не, Іванавіч, мне няма калі. І няма дзе… Прыязджайце ўлетку. Ці пад восень. Можа б, сустрэліся ў грыбох. Там, дзе зялёны мох, – гарэзліва бліснула вачыма.

Лічаныя дні,пазначаныя ў пуцёўцы, бы жоўтыя лісты з дрэў, мільгалі хутка. Прыехаў Аўхім дамоў. Прося ўзрадавалася: “Ну во, аж памаладзеў. Трэба і мне ў санаторый  з'ездзіць”. Пад вечар завітаў сусед Грышка. Рося паставіла пляшку. Кульнулі па  кілішку. Аўхім расказаў. Як напачатку замардавалі працэдуры, расхваліў падводны масаж, які вельмі  старанна рабіў малады барадаты фельчар.

–Ён і жанчынам робіць масаж? – зацікавілася Прося.

– Не, толькі мужыкам, – запярэчыў Аўхім.

– Ну прызнайся, дзядзька Аўхім, зарэла пуцёўка ці не?

– Згарэла! Мне ж далі “гарашчую”.

–   Мусіць, нерашучы быў. Сарамлівы, – сказаў Грышка.– Ета ж як у той гісторыі: прыехала кабета ў санаторый, і тут жа да яе кавалер. У першы вечар пальчык пацалаваў. У другі – ручку. На трэці локцік пагладзіў. Не вытрымала кабета: “Ты што ж думаеш? Я сюды на два гады прыехала?” – зарагатаў Грышка.

Засмяяўся і дзед Аўхім. І Прося заўсміхалася, ласкава зірнула на дзеда. Узяла вядро і пайшла на двор.

– Ведаеш, Грышка, масаж мне рабіла жанчына. Маладая бабуся.

– Значыць, пуцёўка не згарэла! – яшчэ гучней зарагатаў сусед.

– На жаль, папраўдзе згарэла. Параіла прыехаць улетку. Дык бы сустрэліся ў грыбох. Дзе расцець зялёны мох.

– Го, дзядзька! Тады ўсё яшчэ наперадзе. Маладому дзеду з маладою бабай – малаодое ў галаве. За такі падводны самаж і чарку кльнуць не грэх.

А на дварэ буяла вясна. Той самы час, калі нават трэска на трэску лезе. Смяялася сонца, спявалі птахі. Жыццё ішло спрадвечнаю хадою.

2004-2006

ФУТЭРКА

АМУЛЕТ

Чалавек стаяў на беразе акіяна. Малахітава-зялёныя хвалі з шумам набягалі на пясчаны бераг.

– Ну, здароў, дружа! Даўно мы не бачыліся. Ажно сорак пяць гадоў,...

– Даўно, даўно, – зашумелі ў адказ хвалі, з шоргатам падкацілі да ног. Быццам хацелі лізнуць чаравікі, нібы радаваліся сустрэчы.

Чалавек адступіў назад, азірнуўся. Гэта была затока, падобная на падкову. Па баках яе на скалістых берагах высіліся белыя дамы, а ў сярэдзіне шэраю коўдраю разлёгся пляж. Улетку тут было поўна людзей. Тады невялікі горад Ёрк,  штат Мэйн, ажываў. Маладзеў. Цяпер на пляжы стаяў адзін-адзінюсенькі чалавек – настаўнік гісторыі ды геаграфіі з глыбіннай вёсачкі, што на Магілёўшчыне, Міхась Пятровіч Аксючыц.

Ён прыехаў у Амерыку да сына. Прыехаў упершыню, таму і сустрэча з Атлантыкай была першая пасля доўгага расстання. Сын прывёз яго сюды з Бостана за сто пяцьдзесят вёрст. Тут яны падняліся на гару, палюбаваліся надзвычай прыгожымі краявідамі. Затым спусціліся ўніз, да вады. Сын з жонкаю пайшлі ў мясцовы супермаркет, а Міхась  Пятровіч застаўся сам-насам з акіянам. Ён пашкадаваў, што няма побач унука Андрэйкі – хлапец на занятках, вучыцца ў трэцім класе. Як і ўсе тутуэйшыя дзеці, гаворыць у школе на ангельскай мове.

– А ты ўсё шуміш, мой дружа, як і тады…

У маладосці Міхась служыў на Балтыцы. Плаваў на невялікай дызельнай падлодцы. Аднойчы яго выклікаў камандзір:

– Сташы матрос Аксючыц па вашым загадзе прыбыў!

– Вось што, Аксючыц, ты  класны гідраакустык. Вочы і вушы карабля. Такія кадры патрэбны на атамнай субмарыне. Паедзеш на Паўночны флот. Балтыка мелкая для вялікіх лодак.

І пачалася Міхасёва служба на атамнай субмарыне. Урэзаўся ў памяць далёкі паход. Як толькі хвалі зліліся над рубкай, на лодцы нібы ўсё спынілася. Ніякай “баўтанкі”, ні шчымлівага піску чаек, ні пеністага буруна за кармою. Не бачыш нічога апрача белай выгнутай  столі, пераплеценай мноствам рознакаляровых труб і трубачак.  Чуваць адно манатонны гул механізмаў, галасы сяброў, каманды вахценнага афіцэра. Зрэдку з акустычнай рубкі чуліся гукі, якія нагадвалі крык чайкі. Гэтыя  гукі нараджае гідралакатар – такі хітры прыбор для вызначэння адлегласці пад вадой.

Лодка плыла, але маракі не адчувалі прасторы і часу. На Зямлі дні змяняліся начамі, зноў свяціла Сонца, ішоў дождж або віхурыла завіруха. Усміхаліся з неба зоркі. На лодцы свяцілі адны і тыя ж плафоны, у пэўны час адны і тыя ж каманды няўмольна падымалі матросаў з вузкіх ложкаў – заступаць на вахту.

Аднойчы ўсплылі. Вахценны афіцэр аб'явіў, што гэта – Атлантыка. Вольныя ад службы маракі высыпалі на палубу. Падняўся па трапу наверх і Міхась. У вочы сцебанулі яркія промні святла, пачуўся салёны водар акіяна.

– Кіт, братва! Глядзіце, справа па борту – кіт!

Міхась убачыў нейкую гарбатую аграмадзіну. Вакол яе віравала вада. Цёмны хвост, нібы прапелер, раз-пораз уздымаўся над пеністымі хвалямі.

Субмарына зноў нырнула ў глыбіню. А праз некалькі дзён камандзір павіншаваў экіпаж: “Віншую ўсіх з выкананнем баявога задання! Наша лодка абагнула ўвесь зямны шар!”

… Дзед Міхась намацаў у кішані кавалак ядлоўцавай галінкі, паклаў яго на далонь. І падалося яму, што гэта не акіян шуміць, а шастае вецер у вяршалінах соснаў. Перад ад'ездам у Амерыку дзед Міхась узяў чатыры ядлоўцавыя амулеты. Гэта былі кавалачкі трохі даўжэйшыя за карабок запалак, таўсцейшыя за аловак. Настаўнік Міхась Пятровіч даўно пераканаўся, што ядловец валодае самым моцным водарам сярод нсельнікаў беларускага лесу. А ягоныя цёмна-шызыя ягадкі маюць незвычайны смак і пах. Ядловец выдзяляе фітанцыды, якія ачышчаюць паветра. Дзед Міхась ужо колькі гадоў носіць  ядлоўцавы амулет.

Ён патупаў туды-сюды, як спутаны конь. Вецер памацнеў, хвалі з шумам накатваліся на пясок. На стыку пляжа з асфальтам грувасціліся кучы камянёў. Былі вялікія, а некаторыя зусім малыя. Кінуўся ў вочы блакітна-шэры пляскаты каменьчык, падобны на мініяцюрны лапцік. Дзед Міхась выбраў яшчэ адзін каменьчык, таксама пляскаты, але з гарбінкаю па сярэдзіне, жоўта-белы, нібы адліты са слюды.

Увечары паказаў каменчыкі Андрэйку

– Я ўзяў іх на беразе акіяна. Адзін павязу дамоў. А другі можаш узяць сабе. Выбірай.

Хлапчук доўга гладзіў каменьчыкі, падкідваў на далоньцы. Нібы ўзважваў.

– Дзеда, а можна гэты? Ну, жаўтлявы. Ён як сонечны.

– Добра. Хай будзе так. А мне гэты. Падобны на лапцік. Некалі ў школу я хадзіш у лапцях. Ад снегу да снегу мы бегалі басанож..

– А што значыць – ад снегу да снегу?

– А вось што. Растаў сненг вясною – мы пабеглі басячком. І да восені. Калі зноў выпадае снег. Пачынаецца зіма.

– А што ў цябе не было красовак?

– Не было, унучак.

– І  кампп'ютэра?  І мабільніка? – дзівіўся Андрэйка.

– Ні камп'ютэра, ні мабільніка. Ні радыё, ні элекьрычнасці…

– Дык якжа вы жылі? А што вы ўвечары рабілі? У цемры?

– Увечары, пры лучыне, мой  дзед Ахрэм, твой  пра– прадзед, плёў або рамантаваў лапці.  Пра-прабабка Наста прала кудзелю. А я чытаў кніжкі. І чытаў шмат. Мусіць, болей, чым ты. Табе камп'ютэр не дае.

– Я таксама люблю чытаць. А вось уставаць уранні не люблю. Будзільнік зазвініць а сёмай гадзіне. Я зацісну яго. А сам – на другі бок. А тады заходзіць тата: “Ах ты, лежабока!” – і сцягвае з мяне коўдру.

– А ты  патры  вушы. Вочы. Пачухай нос. Пашаруй пяткі. Пабудзі іх. Тады лёгка будзе падымацца. Мяне бацька гэтак вучыў. Нуй зарадку трэба рабіць. Дык будзеш дужы. Прыгожы. Жыццё не любіць слабакоў.

– Дзеда, а што такое лучына?

– Пра лучыну раскажу заўтра. А сёння… Твае дзед і баба казалі: сянні. Дык вось. Сянні позна ўжо. Бяры свой амулет і кладзіся спаць.

– А што значыць – амулет?

– Гэта слова лацінскае – амулетум. Маленькі чарадзейны  прадмет. Які засцерагае ад няшчасця. Звычайна яго носяць на целе.  Я думаю, яго можна насіць і ў кішэні. Галоўнае – пры сабе.

– Дзеда, я хочу каменьчык і ядлоўцавы амулет пакласці пад падушку. Хай яны пасябруюць.

– Пакладзі. І няхай табе прысніцца мора. Ці бераг акіяна, усыпаны каменнем. Камяні – гэта вечная прыгажосць.

– Не, дзеда. Я хачу, каб прыснілася твая родная Бесядзь. Ты некалі казаў, што там багата крэменю. Вада чыстая… Мы з табой плаваем. Даем нырца.

– Твая праўда, унучак. Некалі мы з'ездзім на Бесядзь. Будзем вудзіць рыбу, купацца. – Дзед Міхась адчуў, што гатовы пусціць слязу, цмокнуў унука ў віхрасты чубок, шапнуў: – Дабранач! – хуценька выйшаў.

Ён доўга стаяў каля шырокага вакна, пазіраў на агні вялікага, чужога горада, чуў аддалены гул хайвэя. Хуткасная аўтастрада – хайвэй працуе круглыя суткі, без перадыху. “Усё на свеце змяніў прагрэс”, – міжволі ўзгадаліся словы Гётэ. Але ці ўсё змянілася да лепшага? Прагрэс паспрыяў дзеду Міхасю прыляцець у Амерыку. Значыць, і ўнук з бацькамі можа прыехаць на Беларусь. Міхась Аксючыц  дастаў з кішэні цёплы, выгладжаны, адшліфаваны акіянам амулет. “Памажы, дружа, твайму брату, жаўтляваму каменьчыку, прыехаць да цябе на Беларусь”, – бязгучна, нібы малітву, прашаптаў стары.

Цяпер ён будзе жыць і чакаць гэтага шчаслівага дня.

2007


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю