Текст книги "Палыновы вецер"
Автор книги: Леанід Левановіч
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 14 (всего у книги 19 страниц)
Косця моўчкі вёў веласіпед, гучна шлэпаў вялізнымі гумовікамі. На правым боце, бліжнім ад Сахуты, ён згледзеў заклееную дзірку, акурат вышэй шчыкалатак, дзе звычайна хутчэй зношваюцца боты. Дарога была пясчаная, да таго ж пачынаўся пад’ём, удалечыні ўжо прасвечвалася поле, а там і лясніцтва. Косця разумеў, што тут самы час пачынаць гаворку, бо ніхто не падслухае, ніхто іх не ўбачыць. Але не ведаў, з чаго пачаць, язык нібы прысох у роце, цяжка вымавіць хоць адно слова. А трэба ж параіцца, дзеля чаго і выбраўся яшчэ прыцемкам у дарогу. І калі ўбачыў Сахуту на лясной дарозе, ажно ўзрадаваўся: можа, і пашанцуе яму, можа, гэты чалавек падкажа яму выйсце з жыццёвага тупіка.
Нарэшце Косця сумбурна, блытана пачаў апавядаць пра паляванне на лася, як іх накрыла інспекцыя. Як потым праходзіў суд, як Іван Сырадоеў і Сямён Чукіла ўгаварылі яго ўзяць віну на сябе, каб ім не ведаць “пазора”, бо ў Сырадоева зяць – дырэктар школы, а Сямёнава дачка – завуч гэтай жа школы, аўтарытэтныя ў Белай Гары людзі.
– Я паслухаўся. Выгарадзіў сваіх хаўруснікаў. Хоць мяне падахвоціў ісці на паляванне Сырадоеў. Ласяціны яму захацелася на юбілей. Суд уляпіў мне штрап. Ледзь не паўтары тысячы рублікаў. І Сырадоеў, і Сямён кляліся, бажыліся... Падсобім, выплацім...
Андрэй прыцішыў хаду, бо лес ужо канчаўся, а гэтая гутарка не для чужых вушэй.
– А цяперыцька яны ў кусты! – гарачыўся Косця. – Табе далі штрап, ты і плаці. От, нахабнікі. Ні стыда, ні совесці. А некалі Іван Сырадоеў мяне ў партыю рэкамендаваў. Павучаў, каб заўсягды чэсны быў і справядлівы. А сам? Падлюка. Прасціця, што я так гавару. У мяне ўсяродку ўсё кіпіць. Дзе ж я вазьму столькі грошай? Што мне, карову прадаваць апошнюю? Дык не аддасць жа Ксеня. Ну, за веласіпед, можа, хто паўсотні дасць. За стрэльбу сотню. А трэба ж 1470 рублёў. Як лёду. Да Сырадоева Івана разы тры заходзіў, прасіў: ты ж абяцаў, кляўся, давай грошы. А ён сваё: няма ў мяне грошай. Ты лася забіў, ты і плаці. Неяк выпіўшы быў, узяў яго загрудкі. Валя, жонка, падляцела. Выштурхнулі мяне з хаты. На днях я вяртаўся дамоў. Цямнелася ўжо. Ну, трохі пад мухай. Яны падсцераглі мяне. Ну, Сырадоеў і Бравусаў. Павалілі, заламалі рукі за спіну. Сырадоеў распетушыўся. Крычыць: “Будзеш да мяне чапіцца, са свету зжыву”. І мацюкаўся брыдка. Я б пасаромеўся такое гаварыць... – Косця раптоўна змоўк, нібы спатыкнуўся на нейкай фразе.
Андрэй спыніўся пад высознай, разгалістай сасною, якая расла збоч дарогі. Прасторы і сонца ёй хапла, таму і раскінулася шырока і вольна, быццам імкнулася ўзяць неба ў абдымкі. Навокал было ціха, дзесьці пінькала сініца, прашмыгнула чорным ценем жаўна. З макаўкі сасны пачулася дробнае пастукванне – пярэсты дзятлік, меньшы брат жаўны, здабываў сабе сняданак. Лес жыў сваім спрадвечным жыццём. Людскія турботы і клопаты яго не займалі.
– Ну, накастылялі мне па баках. Білі хітра, каб і знаку не было. Бравусаў, стары мент, вопыт мае... Пайшоў я да пракурора. Расказаў яму ўсё ччысценька, як было. А ён кажа: сведкі ў вас ёсць? Кажу яму: якія сведкі? Цёмна было. Ды хто ж пры сведках будзе біць? А медыцынскі акт аб пабоях ёсць? – пытаецца пракурор. І акта ў мяне няма. Тады пракурор і кажа: Па п'яні ты можаш нагу зламаць. Каго будзеш вініць? Нічога тут не дакажаш. Прысудзілі штрф – значыць, трэба плаціць. А чым? Карову Ксеня не аддасць. Грошай ніхто не пазычае. Што мне рабіць? Вы – чалавек адукаваны, бывалы. Парайце, Мацвеевіч, куды кінуцца?
Што параіць Косцю, Сахута і сам не ведаў. Абараняць брканьер а і выпівоху ў яго жадання не было. Дый як яго бараніць? Застрэліў лася без дазволу – факт ёсць факт. Косцевы вочы, валошкавай чысціні, пазіралі з-пад чырвоных павекаў, яны малілі, прасілі дапамогі. На чырвона-сінім твары мацёрага выпівохі адны вочы і заставаліся прыгожымі і чыстымі. Ад сіняга неба і блакітнай Бесядзі яны ўзялі спрадвечную чысціню.
– А Даніла Баханькоў не паможа? Ён жа дырэктар саўгаса. Некалі, памятаю, хваліў цябе, – пачаў Сахута.
– Было, – цяжка ўздыхнуў Косця. – У свой час мы з ім бочку гарэлкі выпілі. Калі я быў брыгадзірам. Лепшым у раёне. Потым пасварыліся. Зняў мяне з пасады. Я не раз падводзіў яго. Сам я, канешне, вінаваты. Але ж на той свет жывым у зямлю не палезеш…
– Ну, што ты ўжо так? Малады, здаровы...Слухай уважліва. Напішы ў абласную газету. Мінск далёка. А тут бліжэй. І не пудры мазгі. Пішы, як было. І не расцягвай. Коратка. Прасі, каб перагледзелі справу. Далі адтэрміноўку на выплату штрафа. І пра сваіх хаўруснікаў, якія на цябе ўсё спіхнулі. Тоькі пра мяне – ні слова. Я тут толькі паявіўся. Н е хачу, каб языкамі абмывалі. Галоўнае, прасі, каб перагледзелі справу. Добра, што быў у пракурора. Павінны памагчы.
– Не ведаю, ці атрымаецца ў мяне? Паспрабую..
Косця ўскочыў на веласіпед, угнуў галаву. З цяжкасцю круціў настылыя педалі.
Увесь дзень Андрэй Сахута думаў пра падзеі ў Белавежскай пушчы і пра Косцю, пра сустрэчу з ім. Гэтыя дзве падзеі неяк дзіўна, неверагодна перапляталіся. Там, у пушчы, вырашылі лёс вялікай дзяржавы, якая налічвала дзвесце мільёнаў жыхароў. А ў прыбяседскай вёсцы вырашаўся лёс Косці Вароніна, сына паліцэйскага, які гадаваўся без бацькі. Гадаваліся яны сіротамі абое – Сцяпан Варонін і ягоны сын Косця. Паліцай-бацька знайшоў прытулак у далёкай Аргенціне, стварыў новую сям'ю, мае дзяцей, унукаў, а Косця ў роднай вёсцы не знайшоў шчасця. Быў лепшым механізатарам, потым перадавым брыгадзірам, як стаханаўцу. яму выдалі прэмію – стрэльбу-двухстволку. Бог не даў яму з Ксеняй, прыгажуняй-жонкай, дзяцей. А затым Чарнобыль. І запіў Косця па-чорнаму…
Андрэю ўвесь час думалася пра сувязь паміж лёсам Савецкага Саюза і лёсам Косці Вароніна, дый ягоным уласным лёсам. Каб не выбухнуў у Маскве ГКЧП, ён бы сядзеў і зараз у сваім крэсле, ідэалагічна мацаваў бы абноўлены Саюз. А так яму даводзіцца вырашць зусім іншыя праблемы, жыць у радыяцыйнай зоне без жонкі, без персанальнай машыны, без шыкоўнага кабінета з сакратаркаю ў прыёмнай. Такі паварот яму не мог прысніцца і ў страшным сне. А на яве гэты жахлівы зігзаг адбыўся. І яму, як і Косцю Вароніну, трэба выбірацца з ямы, у якую спіхнула жыццё.
Ляснічы Сахута паставіў задачу падначаленым: рыхтаваць лесасеку, памячаць сякераю дрэвы, якія трэба зваліць, бо калі выпадзе снег, тады надта не патопчашся, дый рабіць гэта трэба загадзя. Памочнік, майстры і рабочыя пакіравалі ў лес. А Сахута – на пілараму, паглядзеў, што там робіцца, паўшчуваў рабочых за маруднасць, наперадзе зіма, маразы будуць яшчэ мацнейшыя і снег глыбейшы, працаваць у гэткіх умовах яшчэ цяжэй. Сам вярнуўся ў свой кабінет, інтуітыўна адчуваў: могуць патэлефанаваць з раёна, гэткія падзеі ў свеце. Па абедзе сапраўды пазваніў дырэктар лясгаса.
– Як настрой, Андрэй Мацвеевіч?
– Звычайны. Рабочы.
– Не перадумалі? Ну, каб папрацаваць у лясгасе? На адказнай пасадзе...
– Як раней гаварылі: я салдат партыі.
Дырэктар гучна і весела зарагатаў:
– Тады вось што. Заўтра раніцай прышлю машыну. Дзесьці а палове дзевятай. Прыедзеце, аформім усе паперы. Загад падпішам. А пад канец дня пойдзем у райвыканкам. З візітам ветлівасці. Згода?
– Згода.
Вестка ўзрадавала Сахуту. Узрадавала, што раённыя кіраўнікі трымаюць слова – гэтую рысу характара ён вельмі цаніў і паважаў. Міжволі падумаў пра Івана Сырадоева: кляўся, бажыўся, а слова не стрымаў, падвёў хаўрусніка Косцю пад дурнога хату. А яшчэ Сахута парадаваўся, што ягоныя прадчуванні спраўдзіліся, што ён не развучыўся аналізаваць сітуацыю, прадбачыць падзеі. Але тут жа апанавалі новыя клопаты, і галоўны – дзе жыць? Мільганула думка: можа, прапануюць які пакойчык? Але наўрад... На колькі дзён можна спыніцца ў аднавяскоўца інжынера-сувязіста, неяк з ім бачыўся, той запрашаў у госці, дзеці жывуць асобна, а ён з жонкай. Праўда , ад ягонай кватэры далёка дабірацца да лясгаса, аўтобусы тут ходзяць вельмі кепска. А вось Паліна жыве блізка. Можа, пакуль у яе спыніцца? Абяцаў жа завітаць у госці.
Перад вачыма нібы паўстала Паліна: у чырвонай кофце і цёмнай спадніцы, у цёмнай хусцінцы. Акурат восеньская вяргіня. Успамін слізгануў далей , у той восеньскі вечар, калі адкрывалі новы клуб у Бяседавічах. Нечаканы пацалунак Паліны. Згадаліся ўсе абставіны той далёкай вечарыны: як малады трактарыст Толік Раковіч, сын старшыні калгаса, выцягваў райкамаўскі “газік” з лужыны, а ягоны бацька, франтавік з перабітым плячом, гарэзліва круціў сваю партнёрку ў танцы падыспань. Заўтра ён, Андрэй Сахута, тагачасны камсамольскі важак раёна, убачыцца з Палінай Максімаўнай, удавой, дырэктарам школы, сустрэнецца з Анатолем Мікалаевічам Раковічам, тым колішнім трактарыстам, а цяпер кіраўніком раённай улады. Цікавыя павароты бываюць у жыцці!
Яшчэ было цёмна, калі на двары завуркатаў матор легкавіка. Андрэй ужо быў гатовы, апрануты, свае няхітрыя рэчы пакуль што не браў, адно прыхапіў лёгкі партфель.
Калі падпісваў, “візіраваў” загад аб сваім прызначэнні на пасаду галоўнага ляснічага, міжволі падумаў: адно слова “галоўны” не толькі цешыць самалюбства, яно абяцае пачатак новага жыцця, новага ўзыходжання па кар’ернай лесвіцы. Праз нейкі час ён можа апынуцца ў Мінску – шанс ёсць: новага міністра лясной гаспадаркі ўзялі ў сталіцу з пасады дырэктара лясгаса на Палессі. Значыць, яго могуць узяць намеснікам міністра ці начальнікам якога ўпраўлення, даваць новую кватэру ў сталіцы не трэба – свая ёсць і жонка тут.
Падумалася і пра іншае: можна на гэтай пасадзе дарабіць да пенсіі, збудаваць сабе на Бесядзі новы дом, а мо і сям’ю новую – Паліна-вяргіня з галавы не выходзіла. Могуць прызначыць дырэктарам лясгаса – гэта рэальна, бо Капуцкі даўно марыць пра іншую пасаду, пра іншы горад, далей ад радыяцыі. Андрэй пажыў у зоне, радыенукліды яго мала палохалі, тым болей райцэнтр, тыя ж Бялынкавічы, лічыліся чыстымі. Ён разумеў, што “чысціня”, гэтая адносная, і ўсё ж узровень радыяцыі тут невысокі. Да таго ж, яго моцна ўразіла прызнанне дзеда ў Саковічах: мае аднагодкі, якія перасяліліся ў чыстую зону, усе паўміралі...
Андрэй думаў і дзвівіўся: колькі жыццёвых варыянтаў адкрывае перад ім адно слова “галоўны”, а не проста шараговы ляснічы, хоць і гэтая пасада вельмі важная і адказная. Ад яго, ляснічага, перш-наперш залежыць здароўе лесу, а значыць, здароўе і дабрабыт беларуса. Бо няма ў нас нафты і газу, затое ёсць зялёнае золата, яго Вялікасць Бацюхна-Лес.
Падчас абедзеннага перапынку адбылася сімвалічная замочка новай пасады: асноўнае “мерапрыемства” адкладвалася на канец дня – візіт да кіраўніка раёна. А тут– на хаду. Дзеля прычэлля. У невялікім кабінеціку-катуху сабраліся чатыры лесаводы: былы гаспадар катуха, а з гэтага дня непрацуючы пенсіянер, новы галоўны, а таксама малады ляснічы з Белай Гары, які прыехаў у лясгас па справах. І якога запрасіў дырэктар, каб Сахута знаёміўся са сваімі кадрамі не толькі на паседжаннях, у афіцыйных абсатавінах, а і ў сяброўскім застллі.
– Ну што, мужыкі, як любіць гаварыць наш малады калега Дзмітрый Акуліч, давайце вып'ем па антабцы, каб у гэтым кабінеце. За гэтым сталом Андрэю Мацвеевічу добра працавалася. Каб шчасціла ў жыцці. – урачыста, важна прамовіў Капуцкі.
– Шэф, вы намякаеце на асабістае шчасце ў службовы час? – весела выскаліў маладыя здаровыя зубы Акуліч.
– Ну, я пра гэта не казаў, – заўсміхаўся і дырэктар. – А зрэшты, нішто чалавечае не чужое і новаму галоўнаму. Андрэй Мацвеевіч гаспадарыў не ў такіх кабінетах. А ў сталічных.
– Давайце пра гэта не будзем, – паморшчыўся Сахута. – У народзе нездарма кажуць: не месца ўпрыгожвае чалавека… Прапаную выпіць па антабцы за тое, каб нам усім добра працавалася і шчасліва жылося насуперак усялякаму ліху!
Дружна чокнуліся і гэтак жа дружна асушылі свае “антабкі”. Андрэй, як паляўнічы, ведаў, што такое антабка, і таму прапанова маладога ляснічага яму спадабалася. Яму хацелася хутчэй скончыць гэтае імправізаванае застолле. Бо карцела патэлефанаваць Паліне, пабачыцца з ёй, пагаварыць наконт кватэры. З дырэктарам пра жыллё гутарка была. Пад Новы год будаўнікі павінны здаць новы дом, кватэры ў ім ужо размеркаваны, але нехта перабярэцца ў новую кватэру, пакіне сваю ранейшую, яе можна будзе падрамантаваць і пасяліцца. І вырашыцца жыллёвая праблема можа праз два-тры месяцы.
Усё складвалася ўдала. У душы Андрэй зноў пахваліў сябе: добра, што не сядзеў у Мінску, не чакаў высокай пасады, а вярнуўся ў родны край. Да роднай Бесядзі, не спужаўся праклятай радыяцыі. І папчуваўся ён апошнім часам тут лепей, чымся ў сталіцы.
Як тлькі застаўся адзін у сваім кабінеціку, падсунуў бліжэй матава-белы тэлефонны апарат. Набраў нумар Паліны. Нявестка адказала, што яе пакуль няма, але вось-вось можа быць.
– Перадайце, што званіў Андрэй Мацвеевіч. Прасіў патэлефанаваць. Запішыце, калі ласка, нумар.
А потым набраў службовы тэлефон жонкі. Яе на месцы не аказалася – паехала ў Міністэрства фінансаў, папрасіў, каб патэлефанавала, калі з'явіцца, сказаў умар. А потым спахапіўся: я ж пайду ў госці, але супакоіў сябе – нічога, Ада ўбачыць новы нумар і ўсё зразумее, для яе новая ягоная пасада важней, чым для яго. Але ўнутраны голас запярэчыў: няпраўда, новая пасада важная і для цябе, бо зможаш бачыцца з Палінай Максімаўнай.
Патэлефанаваў у выдавецтва Пятру Махавікову. Той узрадаваўся. пачуўшы голас сябра. Павіншаваў з пасадай. Гаварылі коратка. На развітанне Андрэй дадаў:
– Праз тыдзень-два прыеду. Абавязкова сустрэнемся. І пра ўсё пагамонім. Прывітанне Еве!
Толькі паклаў трубку, як тэлефон заліўся звонкай трэллю. “Хто гэта? Першы званок”,– мільганула думка. У трубцы пачуўся незнаёмы жаночы голас, заклапочаны, стомлены. Тэлефанавала Паліна. Пачуўшы адказ, голас яе адразу пацяплеў. Андрэй патлумачыў сітуацыю, сказаў, што хоча параіцца наконт кватэры.
– Дык, можа, зайдзіце сёння. Тут жа блізка. І пагаварылі б.
– А зараз можна? Толькі я ненадоўга. Пад канец дня трэба быць у Раковіча.
– Я ўсё разумею. Чакаем зараз.
Яна расказала, як лепей адшукаць іхні дом. Андрэй сказаў дырэктару, што яму трэба пад'ехаць да аданвяскоўца наконт кватэры..
– Да пяц гадзін – вольны казак. Машына трэба?
– Не, тут недалёка. Хачу прайсціся.
Праз паўгадзіны з бутэлькай шампанскга і цукеркамі ён ступіў на ганак вялікага драўлянага дома, над вільчыкам якога нібы колы дзіцячага веласіпеда паблісквала тэлевізійная антэна.
Збоч ад зялёных уваходных дзвярэй бялелася кнопка званка, якая нагадала Андрэю пра гарадскія выгоды: ліфт, ванну, цёплы клазет. Націснуў кнопку, пачуў, што дзесьці ў пакоі забрынькаў званок. Пачуліся цяжкія крокі, дзверы адчыніліся – перад ім стаяла прысадзістая, мажная жанчына ў цёплай цёмна-шэрай кофце, з-пад якой віднелася белая блузка. З-пад акуляраў на яго прыветна пазіралі цёмна-карыя вочы.
– Заходзьце, калі ласка, распранайцеся...
Потым яны сядзелі за сталом, пілі шампанскае, гаварылі пра белавежскія пагадненні , пра школьныя справы. Пра нлвую пасаду.
– Пасля Новага года мне могуць выдзеліць кватэру. Ну, хоць бы аднапакаёўку. А пакуль недзе трэба знайсці прытулак, – сказаў Андрэй.
– Калі хочаце, заставайцеся ў нас. Сын зараз у Магілёве. Яго хочуць перавесці ў трэст на сталую працу. Нявестка – настаўніца. У яе другая змена. Унук таксама ў школе. Я бываю позна на рабоце. Сёння прыйшла раней. Як чула маё сэрца...
– Давайце вып’ем за тое, каб сэрца ваша не падманвала, – Андрэй падняў бакал.
Выпілі не чокаючыся, бо ў гэтым доме год таму быў нябожчык. І за яго светлую памяць выпілі... Памалу шыракаваты твар Паліны заружавеўся, яна расшпіліла гузікі кофты. У вялікім доме панавала цішыня, на сцяне рытмічна, размерана матляўся жоўты маятнік пад шклом вялікага гадзінніка. Андрэй зірнуў на гадзіннік, потым на свой, нібы звяраў час.
– Калі вам трэба ў райвыканкам? – спыталася Паліна.
– Да пяці гадзін я вольны. А потым паедзем.
– О, яшчэ багата часу! – усклікнула гаспадыня дома. – Я мераю час школьнымі ўрокамі. Гадзіна цэлая – гэта вельмі шмат. Налівайце. Вып’ем яшчэ раз за вашы поспехі.
– За нас, – коратка выдыхнуў Андрэй.
Паліна зразумела тост па-свойму і зрабіла крок насустрач першай, як і трыццаць гадоў таму... Толькі цяпер справа пацалункам не скончылася, наадварот – з яго ўсё пачалося. Андрэй і Паліна доўга пасціліся і, як у вір галавой, кінуліся ў каханне.
Потым, ужо апранутыя, яны стаялі ў паўцёмным калідоры і не маглі развітацца. Андрэй Сахута быў літаральна аглушаны тым, што адбылося. Ён думаў раней пра Паліну, чакаў сустрэчы, яму хацелася блізкасці з ёй, але сёння на гэта не спадзяваўся. Мабыць, тое ж самае адчувала і Паліна, бо ціха сказала:
– Праўду кажуць, усё лепшае – нечаканае. Хоць я думала пра цябе даўно. Ну, як убачыліся на той нарадзе. Я шукала сустрэчы. Таму і па дровы прыехала. І вось... Значыць, лёсам наканавана...
– Цяпер мне трэба шукаць іншую кватэру. Бо шыла ў мяшку не схаваеш. Нявестка здагадаецца. Суседзі пачнуць пляткарыць.
– Ну і што? Пагавораць і перастануць. На чужы раток не накінеш платок. На бюро райкама не пацягнуць. Разводу я ад цябе не патрабую. Пажывем хоць да Новага года. І то мне гэтага хопіць надоўга. Я не дужа была шчаслівая. Муж вельмі раўнаваў. Дакараў часта, што на першым плане ў мяне работа, школа. А потым ужо сям’я. Пасля Чарнобыля пачаў моцна піць. Гарэлка яго і даканала. Тут ужо было не да любові. Колькі ўжо часу?
– Пачатак пятай. Тут блізка. Але трэба трохі раней... Каб не ўпрытык прыйсці. Не ў аблізачку, як у маёй вёсцы кажуць.
Андрэй хацеў да ад’езда патэлефанаваць жонцы: яна працуе да пяці. Зрэшты, можна будзе пазваніць дамоў з райвыканкама, супакоіў сябе, але ўнутраны голас дакараў яго, не даваў спакою: ты – грэшнік, Сахута, і трапіш у пекла, і будуць чэрці вазіць на табе смалу...
– Не хачу цябе адпускаць... – Паліна прыхінулася да Андрэя, ён абняў яе за плечы.– Памятаеш Дар'ю Азараву? Яна была сакратаром райкама па ідэалогіі.
– Помню з маленства. Яна прыязджала ў Хатынічы на сход.
– Дык вось, апошнім часам мы бачымся даволі часта. Пасля райкама яна была дырэктарам школы, у якой я зараз працую. Жыве адна. Ёй сумна. Тужліва. А мне цікава з ёй. Чаму ўзгадала яе? Некалі яе выперлі з райкама за сувязь з вашым хатыніцкім старшынёй калгаса Казакевічам. Франтавік, інвалід. З адной нагой. Але пазайздросцілі. Як жа. Заязджае да ўдавы-салдаткі. Нуй што, калі яна сакратар? Хіба яна не жывы чалавек? Дык вось, тыя рэдкія сустрэчы… Ну, можа, зімою калі заначаваў… Дар'я Трафімаўна згадвае, як лепшыя, самыя светлыя хвіліны жыцця. Не пленумы ці бюро райкама… Хоць яна сумленна выконвала свае абавязкі. Муж загінуў. Замуж болей не выходзіла. Сына гадавала адна. Так што, плётак я не баюся. І пасаду кінуць не баюся. Неяк жа дацягну тры гады да пенсіі. Жыццё чалавечае вельмі кароткае, як дзіцячая кашулька. І так мала на свеце радсці. Так мала шчаслівых людзей..А цяпер гэткі рэзрух. Яшчэ горай стала. Ды яшчэ Чарнобыль на нашу галаву зваліўся. Так што, дзякуй Богу ці лёсу, што ён звёў нас. Табе трэба ісці. Ну, яшчэ пяць хвілін.
А ведаеш, як пачаўся іхні раман7 Ну, Азаравай…Неяк Акапян праводзіў сход у вас, у Хатынічах, пакаштваў яблыкаў у садзе. Спадабаліся. Казакевіч паабяцаў даставіць яму мех. А Сідар, ягоны конюх і фурман, аднёс мех яблыкаў на кватэру Азаравай. Памыліўся, не ў тыя дзверы пастукаўся. Сказаў, што гэта ад старшыні калгаса…. Акапян лютаваў. Хацеў аб'явіць старшыні вымову. Азарава запрасіла Казакевіча ў госці, каб аддзячыць. І пачаўся грэшны раман. Ну, усё. Адпускаю цябе да вечара.
Яна моцна пацалавала Андрэя, і ён адчуў, што яму не хочацца нікуды ісці, нікога бачыць, нікому тэлефанаваць. Але ісці трэба, бо жыццё – гэта не толькі пацалункі і абдымкі. Гэта яшчэ цэлы воз клопатаў, абавязкаў, вялікіх і малых спраў. якія патрабавалі вырашэння. І ўсім гэтым яно й цікавае, адзінае і непаўторнае чалавечае жыццё.
ХV
Пятро і Ева пілі на кухні гарбату, сцішана гаварыла радыё. Раптам Пятро насцярожыўся.– вуха злавіла абрыўкі фразы: заключана пагадненне…Савецкі Саюз перастаў існаваць. Створана Садружнасць Незалежных Дзяржаў..Ева сядзела бліжэй да рэпрадуктара, папрасіў, каб прыбавіла гуку, але афіцыйння паведамленні скончыліся, загучала вясёлая, бадзёрая музыка.
– Ну, дзіва! А чаму ў Белавежскай пушчы? – дзівілася Ева.
– Тут нешта не так. Сапраўды, чаму там схаваліся? Мусіць,паехалі нібыта на паляванне…– разважаў Пятро.– Значыць, Расія, Україна і Беларусь падпісалі дамову.А як жа астатнія? Як гэта можна адным махам спляжыць Савецкі Саюз?! Гітлер гэтага не змог зрабіць. А тут тры чалавекі ўсё вырашылі. Во, дажыліся! Разгул дэмакратыі…
Па радыё гучала музыка. Трэ было збірацца на працу. У тралейбусе Пятро пачуў, як абмяркоўвалі падзею два сталага веку мужчыны: белавежскія зубры сабраліся ў пушчы і развалілі звышдзяржаву, што гэта наспявала даўнло, можа, гэта і лепшы варыянт – цывілізаваны развод… А ў пушчы схаваліся, каб іх не ўзялі за шкірку. А цяпер на ўвесь свет аб'явілі. А Гарбачоў маўчыць. Цяпер ён ужо ніхто. Прэзідэнт без улады. Без дзяржавы.
У кабінеце Пятро адразу ўключыў радыё, але там ішла іншая перадача. Зазірнуў да дырэктара. Той сядзеў ля тэлевізара. Масква перадавала пра падзеі ў Белавежскай пушчы. Звычайным, будзённа-казённым голасам дыктарка чытала тэкст, быццам у ім гаварылася пра вываз угнаенняў на палі.
– Ну, што скажаш? Дачакаліся грому з Белавежскай пушчы. Сядай. Паглядзім. Тады пагамонім.
Клімчук зняў акуляры, пацёр кулакамі вочы. Потым хусцінкай акуратна працёр шкельцы акуляраў. Мусіць, для таго, каб лепей бачыць усё на экране, а мо і для таго, каб лепей разгледзець, як рэагуе на нечаканыя падзеі ягоны даўні сябрук і калега.
Пятро пераказаў пачутае ў тралейбусе, дадаў:
– Гэта мірны ГКЧП. А што будзе далей? Можа, Гарбачоў адважыцца і адправіць гэтых зуброў за краты? Пакуль што ў яго ёсць улада. А яны дзейнічалі супраць канстытуцыі . Мусіць, не адважыцца, – усумніўся Пятро. – Уладу ён ужо страціў. А можа, ён заадно з імі?
– Ну, ты ўжо занадта хапіў. Заўтра ўсё будзе ў газетах Увечары перададуць па тэлевізары. Пажывем-пабачым. Якія ў цябе рукапісы? Давай праз дзесяць хвілін збярэмся з выіворчым аддзелам і абмяркуем нашы справы, – Клімчук паклікаў сакратарку. Даў ёй патрэбныя распараджэнні.
Жыццё ішло сваёю хадою.
Увечары Пятро перачытаў свае ранейшыя запісы, па звычцы, перш чым занатаваць пра сённяшнюю падзею. Уразіў запіс за 14 кастрычніка: “Саюз фактычна не існуе. Рэспубліка Беларусь абвешчана суверэннай. Іншыя – тасама…” Перачытаў пра ключы. Пра кветкі ў курылцы. Зацікавілі нядаўнія занатоўкі – напрыканцы мінулага месяца.
25 лістапада. Панядзелк. Туман. Цяплынь. Начытаўся за дзень – пакуль што чытаю ўсе рукапісы, урастаю ў выдавецкую глебу. Вось адсунуў убок чарговы опус – вырашыў наісаць колькі радко, адвесці душу, перадыхнуць ад навуковай графаманіі.
Учора з'ездзіў у вёску, адтарабаніў туды лінолеум, рознае іншае начынне, якое пачало замінаць пасля рамонту. Абвязаў лапрнікам маладыя яблынькі. Уцяпліш пчол. У вёсцы ціха, адно паляўнічыя бабахаюць. Пазайздросціў ім: па першым снезе хораша пашвэндацца са стрэльбаю. Трэба й мне уступіць у іхняе таварыства.
Гартаў Бярдзяева, вочы натыкнуліся на цікавую думку: “Марксизм-ленинизм впитал в себя необходимые элементы народнического социализма, но отбросил ео большую человечность, его моральную щепетильность, как помеху для завоевания власти. Он оказалася близко к морали старой деспотической власти…” Ісціна! Тут ключ рэпрэсій, беззаконня. Цікава , што б сказаў накрнт гэтага мой сябрук Андрэй? Як ён там, у радыяцыйнаё зоне? Во, куды загнала жыццё абкамаўскага ідэолага! Мусіць, раней такое яму не магло прысніцц і ў страшным сне. Затое ходзіць там на паляванне. Але ж дзічына радыеактыўная! Куды ні кінь – усюды клін. Можа, Андрэй выкараскаецца з радыяцыйнай ямы.
Учора накатаў паперу дырэктару Мінскага трактарнага: просьбу ад выдавецтва – паспрыяць мне, галоўнаму рэдактару, аграному па адукацыі, набыць мінітрактар. Клімчук падпісаў. Дарэчы, ён параіў напісаць гэты ліст. Цяпер трэба трапіць на прыём да дырэктара. Які бардзель у нас! Маючы грошы. Нічога нельга купіць. Таму я вітаю кааператараў, якія пачынаюць нешта рабіць. Замовілі ім вуглавую канапу на кухню. Зрабілі хуька, прывезлі. Злупілі паўтары тысячы, і за дастаўку – паўсотні. Абддзіралаўка! Затое маем раэч. Ева вельмі задаволена. Гэта яе ініцыятыва, грошы, вядома ж, мае. Чаго не зробіш дзеля жонкі, дзеля міру ў сям'і і на зямлі. А на зямлі якраз міру і няма. І ў Саюзе наым – поўнае безгалоўе. А што будзе дплей – аднаму Богу вядома.
1 снежня. Нядзеля. Учора Ірынка зацягнула нас з Евай на канцэрт у Палац спорту. Выступаў вядомы маскоўскі спявак – зорка эстрады. “Зорка” раскручаная, але лішняга білета ніхто не пытаўся. Каля палаца прадавалі ўваходныя квіткі па 12 рублёў, а сядзячыя, з месцам – па 15 рублёў.У нас меўся лішні білет, кажу Ірынцы: аддай за 12 рублёў, каб не прапаў зусім. А яна прапанавала аднаму хлопцу, той падумаў-падумаў і даў 15. Ірынка весела дзякавала яму, а ён усміхаўся, прасіў даць тэлефон. Ірынка сказала наш нумар. “Замётана”, – усміхнуўся хлопец. Ён быў з кампаніяй, таму сядзеў не з намі, але, можа, і патэлефануе.
Дык вось, людзей набілася, як селядцоў у бочку. Крэслы з партэра вынеслі. Там тоўпілася моладзь. Хлопцы і дзеўкі “цёрліся”, як рыба падчас нерасту. Ішлі на канцэрт у джынсах, світэрах. “варонках” і красоўках. Дэмакратызм у адзенні і поўная раскаванасць у паводзінах.
Патухла святло, грымнула музыка, са сцэны ірвануліся ў залу ярка-зялёныя, затым фіялетава-ружовыя, ядавіта-жоўтыя промні, нібы шчупальцы гіганцкага спрута. На сцэну выбеглі патлатыя хлопцы, голыя да пояса, і напаўголыя дзяўчаты. Пачаўся так званы балет. Пад грамовое бабаханне музычных інструментаў усчаліся скокі, якія нагадвалі заняткі ў секцыі аэробікі. У цэнтры круцілася дзяўчо ў чорных калготках, кароценькай спаднічцы, пры кожным руху былі відаць белыя трусікі. Хрыпла-металічны голас абвясціў, што выходзіць “зорка”. Крыкнуў: “Встречайте!”, віскат, свіст. Лямант, хоць вушы затыкай, пачуліся ў зале. Неўзабаве выбег патлаты хлопец у цёмных штанах-трыко, куртатай скураной куртцы, з-пад якой выбівалася цёмная майка навыпуск, спераду боўталіся белыя карункі, якія нагадвалі хвартушок. Спявак быў падобны на нейкага кухмістара з адскай кухні.
Спяваў ён высокім, металічным гласам, мусіць, пад “фанеру”. Мелодыя была нейкая рваная. Занадта гучная і рэзкая. А моладзь ужо балддзела. Таўклася ў паўзмроку, сёй-той размахваў над галавою світарам, некаторыя дзеўкі сядзелі на плячах у хлопцаў і пішчалі ад радасці. Кайф па поўнай праграме.
Міжволі падумалася: шоў-бізнес прыносіць дзялкам мільёны і атручвае душы моладзі. Мы з Евай ледзьве вытрымалі да канца. Разбалеліся галовы ад грукату і ляманту. А Ірынка сказала: “Класны канцэрт. Мне спадабаўся”.
О времена, о нравы!
3 снежня. Аўторак. Пабудзіў Алесік у 3.30 захацеў піс-піс. Нуй, паесці. мабыць, закарцела. Я трымаў яго над унітазам. Ён усміхаўся бяззубым ротам. І нічога ў нас не атрымалася. А калі паклаў на ложак, каб надзець калготкі, ён пусціў фантан на маю коўдру. Разбойнік! Потым я насіў яго. А ён хныкаў, пакуль не пабудзіў маці і не паеў.
Даўно прыкмячаю ў Алесікавых вачах нейкі “запредельный” розум. Мабыць, ад прашчураў закладзены ў генах. Бывае, аднясу яго ў ванны пакой, здыму штонікі: піс-піс… А ён перабірае тоўстымі ножкамі па драўлянай рашотцы. Быццам скача. Задзірае лдабастую галаву і гарэзліва-дапытліва пазірае на мяне: “Што ты хочаш, дзеда?” Або вяду яго, трымаючы пад пахі, сам іду ззаду, ён спыняецца і глядзіць на мяне, нібы пытаецца: “Куды мы ідзем?” ці “Куды ты вядзеш?
Дзесьці чытаў. А мо чуў, што пасля году, як паболее малеча, гэтая прыродная глыбіня, інстынктыўны розум знікае. А чаму? Можна разважаць доўга, але, мусіць, дакладна ніхто не веадае. Дужа гэта тонкая матэрыя. Дарэчы, я амаль не думаю, што ў жылах Алесіка не цячэ мая кроў. Ён родны ўнук маёй любімай жанчыны. І гэтага дастаткова.
8 снежня. Нядзеля. Нечакана выскачыў мароз сёння – 17градусаў. Трохі падкінула снегу. Зіма! Мае поўнае права.
А ў нас у краіне поўнае безгалоўе. У перадачы “Панарама'паказалі мітынг у Мінску, плакаты: “Горбачев и Ельцын – продавцы отечества”. Адна кабета рашуча разадрала партрэт Гарбачова. Малады мужчына. Член “Отечества” сказаў: “Мы наградили Горбачева медалью Иуды и премией 30 сребренников”,назваў сваё імя і прозвішча. Адзінае дасягненне: можна крытыкаваць прэзідэнта, гаварыць і пісаць, што думаеш. Але ад гэтага нічога не мяняецца да лепшага.
Учора схадзіў на секцыю пчаляроў. Народу – паўнюткая кіназала Дома афіцэраў. На сцэне за доўгім сталом – прэзідыум, кіраўнікі секцыі, вядомыя пчаляры-аксакалы. У зале месца можа не быць, таму для самых ганаровых – прэзідыум. Тым болей, што мы да гэтага прывучаны. Выступы былі цікавыя, сёе-тое занатаваў. Варта пашыраць пчальнік. Месца ў маёй вёсцы спрыяльнае для пчол: блізка лес, рачцлка. У лесе заўсёды нешта цвіце: ранняй вясною – арэшнік, вербалознік, затым – чарніцы, брусніцы, асабліва багата даюць мядку лясныя маліны. А потым зацвітае дзяцеліна, чабор, ліпа, пад восень – верас. У гарачыню наносяць падзі. Для пчол падзевы мёд шкодны зімою. А для чалавека надзвычай карысны. Так што, наперад, уюнаша! У кагорту пчалярў!”
Перачытаўшы ранейшыя занатоўкі, Пятро доўга думаў: што запісаць пра эпахальную падзею – крах магутнай звышдзяржавы. Думак была поўная галава. А патрэбных слоў не знаходзілася. Уразіла такая дэталь: увечары восьмага снежня ён запісаў пра секцыю пчаляроў, праўда, і пра мітынг у Мінску, а ў гэты час у Белавежскай пушчы падпісваўся прысуд Савецкаму Саюзу. Былы камуніст Пятро Махавікоў лічыў СССР сваёй Радзімай , хоць ён зазсёды памятаў, асабліва апошнім часам, што яго Радзіма – Беларусь. І што за яе вольнасць і незалежнасць склалі галовы тысячы лепшых людзей. Але што запісаць? Урэшце вырашыў не ламаць галаву, бо рабіў занатоўкі для сябе, не для друку, таму ніхто яго крытыкаваць не будзе.
10 снежня. Аўторак. Вось і апынуліся мы ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Восьмага снежня ў Блавежскай пушчы быў падпісаны дагавор паміж Расіяй, Украінай і Беларуссю, у якім сказана, што Савецкага Саюза ўжо няма, створана новае аб'яднанне, адкрытае для іешых. Заявіла аб падтрымцы Арменія, з некаторымі агаворкамі – Казахстан. Цэнтр – у Мінску. Можа. далучыцца Польшча, Венгрыя, Балгарыя? Хаця, як у маіх Хатынічах кажуць,– наўдаку. Навошт ім гэтая садружнасць7 Яны хутчэй рвануць у НАТА. Дый прыбалтаў сюды не зацягнеш на аркане. Яны стукнуліся зад аб зад зРасіяй – і хто далей адскочыць… Зрэшты садружнасць ні да чога не абавязвае. Мусіць, гэта будзе нейкае аморфнае ўтварэнне. Дый назва недарзчная – Садружнасць Незалежных дзяржаў. А хіба можа быць залежная дзяржава? Гэта ўжо калонія. Сатэліт.