355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Левановіч » Палыновы вецер » Текст книги (страница 16)
Палыновы вецер
  • Текст добавлен: 20 апреля 2017, 20:00

Текст книги "Палыновы вецер"


Автор книги: Леанід Левановіч


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 16 (всего у книги 19 страниц)

Але чым болей разважаў Косця, тым крыўда ягоная неяк менела, нібы ўсыхала, раставала. Быццам Поўня  высвеціла яе па-новаму. Вось цяпер у Косці няма выбару. І гэта высвеціла Поўня сваім жахлівым мутна-белым мёртвым святлом. Здавацца уладам – вышка, лішнія пакуты, пакуль вынесуць прысуд. Дык лепей самому  ўсё  вырашыць. Косця быў у шокавым стане,  і ўсё ж разумеў: у яго ёсць  толькі два варыянты – або ісці ў міліцыю і пасля суда – на той свет, або развітацца з жыццём сёння без лішніх пакут. Жыццё для яго страціла сэнс.

Тым часам ён дацягнуўся да стажка сена. Зайшоў з тарцовага боку, ад Бесядзі, найбольш асветленага поўняй. Выскуб зляжалага сена, адчуў пах чабору ці то рамонкаў, зняў з пляча стрэльбу, прымасціў яе з правага боку, нібы асцерагаўся нейкага нападу, ці збіраўся паляваць на зайцоў, якія часцяком прыбягаюць да стагоў сена. Сеў, выцягнуў стомленыя ногі, заплюшчыў вочы. Прыслухаўся – нідзе ні гуку. Быццам ўсё ў прыродзе здранцвела пад мёртва-жоўтым месяцовым святлом. Але раптам вуха ўлавіла далёкі сабачы брэх – мусіць, у Хатынічах якатаў малы сабачка. Ад Бесядзі пачуліся іншыя гукі, нейкі прыглушаны шум. Дакладна Косця не мог вызначыць: ці шуміць дзесьці на перакаце вада, ці шуміць у ягоных вушах, бо адчуваў, што галава цяжкая, патыліца нібы налілася свінцом. Адчуў, што галава пачынае кружыцца, здавалася, ён падымецца і адразу ўпадзе. Паварушыўся, пакруціў галавой, сена зашамацела, у нос патыхнула водарам лугавых зёлак. А яшчэ падалося, што сена дыхае летняю цеплынёю.

Як хораша пахне сена, падумаў Косця, мусіць, мая апошняя прыемнасць. Але ж і ў гэтым духмяным сене – смяртэльныя нукліды... Мільганула думка пра Аксеню. Неяк на падпітку Вольчын Пецька-байструк пахваліўся, што ў капе сена сапсаваў Хадорыну Ксеню. Дайшла пагалоска і да Косцевых вушэй. Ён узненавідзеў Пецьку, але што яму зробіш? Біцца з ім? А чаго Ксеня пайшла туды ноччу? Можа, усё адбылося па добрай згодзе. Кабель не ўскоча, калі сучка не захоча. Тады Косця ўпершыню адлупцаваў жонку, з якой дагэтуль жылі ціхамірна. Адной з прычын бяздзетнасці Аксені  пачаў лічыць той даўн ейны грэх у капе сена.

Цяпер, седзячы ў стажку, пазіраючы на вялізную Поўню, ранейшыя трывогі і клопаты падаліся Косцю дробязнымі, нікчэмнымі. Ён толькі што пазбавіў жыцця чалавека. Паважанага, заслужанага, былога франтавіка. А  цяпер ён, Косця, павінен вырашыць і свой лёс. У адным ён усё мацней пераконваўся: жыць яму не хочацца. У думках падзівіўся  жывучасці бацькі, які ў далёкай Аргенціне зноў пусціў карані, звіў сваё гняздо, мае жонку, дзяцей і ўнукаў. А ў Косці ёсць толькі прага напіцца, каб забыцца пра ўсё на свеце. Зрэшты, у яго застаўся адзіны клопат: як пазбавіць сябе жыцця. Адказ і на гэтае пытанне заставаўся адзін: побач пад рукою двухстволка, у якой прытаіліся дзве кулі з тупымі дзюбамі. Яны чакаюць свайго часу.

Раптам Косця пачуў дзіўныя гукі з лесу. Нейкі прыглушаны кліч: угу-ух! угу-гу-гух! Праз нейкі час яму нехта адгукнуўся: угу-ух! Яму зрабілася вусцішна, адчуў, што аж валасы заварушыліся пад шапкаю. “Няўжо гэта мяне кліча нехта? – у Косці заледзянела ўсё ўнутры ад гэтай думкі.– Можа, душа Сырадоева кліча? А можа, у мяне розум бунтуецца? Значыць, пара. Трэба сцягнуць правы бот. Пацалаваць рулю стрэльбы...” Косця яшчэ прыслухаўся і да яго дайшло:  перагукваюцца сычы дзесьці за Бабінай гарою. Але цяплей на душы ад гэтай здагадкі не зрабілася. Холад нібы ледзянымі абручамі сціскаў яго цела. Косця падняўся, ускінуў на плячо стрэльбу і пачаў тупаць вакол стога. Зрабіўшы круг, спыняўся, пазіраў на Поўню. Здавалася, быццам вялізны матава-белы рубель застыў на небе, але заместа герба дзяржавы, былой вялікай і магутнай, на ім бледна-шэры сілуэт: акурат нехта трымае некага на руках. Месяцовы  сілуэт быццам прыцягваў Косцю: некалі ў маленстве маці казала яму, што гэта брат забіў брата, таму Бог прымусіў забойцу насіць нябожчыка на руках.

Косця Варонін углядаўся ў неба, як ніколі ў жыцці, бо разумеў: гэтая ноч для яго апошняя. І думаў ён пра гэта спакойна, як пра даўно вырашаную справу, даўно зроблены выбар. Зоркі праглядваліся слаба —Поўня забівала іх сваім святлом. Якое вялікае неба, высокае, бязмежнае!  Яно дае дождж і снег, улетку на ім часам успыхвае казачна прыгожая вясёлка – Косця ў маленстве любіў пазіраць на вясёлку над Бесяддзю. А што чалавек дае небу? Дым, копаць, смурод. Вось і ён,  Косця Варонін, паўсотні гадоў капціў неба. Але ўсё мае свой пачатак і свой канец. Жыццё, каханне, любая справа.  Ну што, трэба сцягваць правы бот... Скончылася “Бэсаме, бэсаме муча…” Адмучыўся. Годзе!

Але пацалаваць рулю стрэльбы. Націснуць босаю нагою на курок ён яшчэ не быў гатовы. Згадаў, як мінулаю ноччу цалаваўся з Аксеняй. Падалося, што было гэта даўным-даўно. Тады ён і не думаў, што цалуе жонку апошні раз. Пэўна, і яна пра гэта думаць не магла. Бедная Аксеня, застанешся ты адна, затое вольная. Можа, яшчэ знойдзеш каго і будзеш дажываць свой век. Ёсць у цябе брат, высокі начальнік, мне адмовіўся памагчы, але родную сястру не пакіне без  падтрымкі.

Косця тэпаў круга стажка, як у зачараваным коле... Ратам ад лесу пачуўся гучны густы свіст: вуй-вуй– вуй. Ён пазнаў голас жаўны. Можа. тая самая, якая лётала, калі гаварыў з Андрэем Сахутам. І чаму ёй не спіцца? А мо гэта мне здаецца?  Калі з глуздаў з'еду, дык мо не расстраляюць? Чокнутых не судзяць? Але што за радасць – жыць у дурдоме? Не, гэта не для мяне. Але чаму жаўна не спіць? Сырадоеў ужо гэтага не  чуе. І ніколі  не пачуе. І мяне не будзе. А птушкі будуць  свістаць. Лёд на Бесядзі будзе трашчаць. Рыбы плаваць. Сонца ўзыходзіць і заходзіць.  Не, няма  на свеце справядлівасці. І я  зрабіў несправядлівасць. За гэта сам  сябе і пакараю…

Знайшлі труп Косці Вароніна праз два дні, надвячоркам. Адшукала міліцыя са службовым  сабакам.

Івана Сырадоева праводзілі ў апошні шлях сотні людзей – сышліся з усіх вёсак сельсавета. Старшакласнікі мясцовай школы неслі вянкі, на чырвоных падушачкіх баявыя ўзнагароды. Дзень быў хмарны, падалі рэдкія бухматыя сняжынкі, яны траплялі на васкова-жаўтлявы твар нябожчыка і не раставалі.

Над магілаю Косці Вароніна галасілі тры жанчыны: маці, сястра і жонка.

На другі дзень пасля пахавання ўдава Аксеня атрымала ліст з рэдакцыі абласной газеты. У ім паведамлялася, што копію Косцевага ліста адаслалі ў  пракуратуру раёна з просьбай перагледзець справу, вызначыць віну кожнага ўдзельніка палявання і адпаведна размеркаваць суму штрафа.

У той жа дзень Ніна, Косцева сястра, атрымала паштовы перавод на сто долараў, яе запрашалі ў раённае аддзяленне ашчаднага банка. Ніна Сцяпанаўна ўглядалася ў бледна-жоўты квадрацік казённай паперы і гарачыя слёзы каціліся з ейных вачэй. Сэрца разрывалася ад жалю: чаму гэты перавод не прыйшоў на тыдзень раней?!

ХVІІ

Набліжаўся Новы год. Няўхільна, неадступна. Ада Сахута чакала яго з вялікім нецярпеннем. У яе было  адчуванне,  нібы ёй хочацца пачаць жыццё нанава. У душы выспявала пачуццё віны перад Андрэем:  не падтрымала ў цяжкую хвіліну, часта дакарала, што нічога не выслужыў у партыі, абразліва называла ўсю ягоную дзейнасць балбатнёй. Яна сама адштурхнула яго ад сябе, прымусіла ехаць у зону. Але ён не зламаўся, выстаяў, пачаў новае ўзыходжанне па кар’ернай лесвіцы. Яе ўсё мацней забірала трывога, што ён знойдзе там сабе іншую жанчыну. Галоўны ляснічы, відны мужчына. Любая свабодная кабета, а то й замужняя кінецца на шыю, абы толькі захацеў.

Ёй карцела паехаць да мужа, але пад канец года было вельмі напружана на рабоце. Ёй заставалася два гады да пенсіі, трэба трымацца аберуч за сваё крэсла. А што потым? Іншы раз у думках яна гатова была паехаць да Андрэя ў райцэнтр, дзе некалі яны сышліся, стварылі сям’ю. І ўсё гэта рабілі па любові. У іх было сапраўднае каханне. Яе бацькі не маглі даць ніякага пасагу, Андрэй пра гэта ніколі не гаварыў, бо ніякіх меркантыльных разлікаў не меў. А вось яна, Ада, разлічвала разам з мужам узляцець высока, дабрацца да сталіцы, што ўрэшце і адбылося. О, як яна радавалася, ганарылася, калі яны атрымалі ў Мінску кватэру!

Ада ганарылася дзецьмі, а яны адчувалі павагу да сваіх бацькоў. А  яшчэ прыхаваную зайздрасць аднакласнікаў, а потым інстытуцкіх сяброў. Пасля інстытута Надзя і Дзяніс засталіся ў Мінску. Займелі свае сем’і, сваё жытло. І ўсё гэта дзякуючы клопатам бацькі. А потым здарылася так, што сам бацька змушаны быў кінуць сталіцу, цёплую, утульную кватэру, паехаць у радыяцыйную зону. Якая несправядлівасць! Так думала Ада Браніславаўна. Напачатку яна лаяла мужа, што не змог уладкавацца ў Мінску, але паступова яе злосць, раздражнёнасць праходзілі. А цяпер, як яго прызначылі галоўным ляснічым, яна пачала думаць іначай:  можа,  і  правільна ён  зрабіў. І ўсё   болей дакарала сябе, а не яго.

Ада хацела сустрэць Новы год са сваёй сям’ёю, каб абавязкова былі дзеці, бо яны засумавалі па бацьку. Яна разумела, што Андрэй даўно не бачыўся з сябрамі, але  вырашыла запрасіць толькі сям’ю Махавіковых. З Евай апошнім часам яна зблізілася асабліва, адчувала, што тая ставіцца да яе па-ранейшаму, а мо нават з большай прыязнасцю. Але спачатку Ада параілася з Андрэем, неяк патэлефанавала яму з работы, узрадавалася, што захапіла на месцы. Расказала пра свае справы, пра дзяцей, пацікавілася,  як ён сябе пачувае,  якія клопаты даймаюць. Яна добра ведала Андрэеву звычку:  па тэлефоне ніводнага лішняга слова, ягоныя тэлефонныя размовы нагадвалі тэлеграмы.

– Наконт гасцей не пярэчу. Даўно не бачыліся. Ну што, усё?

– Усё. Чакаем!

– Цалую ўсіх! Да сустрэчы.

Іншым разам Ада магла б пакрыўдзіцца, палічыць гэта за нетактоўнасць: яна патэлефанавала, а муж, якога даўно не бачыла, нецярпліва перапыняе размову. Цяпер жа яна лічыла гэта разумным, бо неўзабаве ўбачацца, тады і нагаворацца, а тэлефонныя размовы падаражэлі, яна, фінансістка, як ніхто іншы, павінна гэта разумець. Затое ўвечары адвяла душу з Евай – амаль паўгадзіны прагаварылі па тэлефоне. Ева ахвотна прыняла запрашэнне, абмеркавалі, хто што згатуе, дамовіліся не ўскладняць жыццё падарункамі, не ламаць над гэтым галаву – жыццё надта ўскладнілася, набыць што-небудзь людскае проста немагчыма.

– Найлепшым падарункам для нас з Андрэем будзеце вы самі, – сказала на развітанне Ада.

І не было крывадушша ў гэтых словах. Яна сапраўды так думала. Потым  упікнула сябе:  ці не занадта настойліва запрашала ў госці Махавіковых, каб Ева не падумала, што сям’я Сахутаў жыве ў поўнай ізаляцыі. Але доўга сябе не дакарала: што сказана, тое сказана, і няма чаго перажываць.

А неўзабаве Аду здзівілі дзеці. Надзя і Дзяніс, аказваецца, таксама рыхтаваліся да Новага года. І сказаў пра гэта сын:

– Мама, Ірынка Махавікова запрашае нас. Ну, каб сустрэць Новы год разам.

– Каго гэта вас?

– Надзею з Ігарком. Ну, і мяне з сямейкай. Будзе іхні Косця са сваім вывадкам. Бацьку мы сустрэнем. Увечары пабудзем у нас. А гадзін у дзесяць паедзем... А назаўтра будзем дома. У Ірынкі намячаецца вяселле. Яна будзе з кавалерам. Хоча пазнаёміць нас.

Ада Браніславаўна зразумела, што ўсё ўжо спланавана, абдумана, пярэчыць тут ніяк не выпадае. Ды і ўвогуле – дарослымі дзецьмі не пакамандуеш, хоць бы  і  хацеў. Мільганула думка: Надзя  пабудзе  ў  кампаніі, а то ўсё адна ды адна дома. Сын быццам адгадаў ейныя думкі, бо шматзначна дадаў:

– Будзе мой калега. Хоча пазнаёміцца з Надзяй. Халасцяк. Яму ўжо за трыццаць. Даўно хоча ажаніцца, ды ўсё нешта не атрымліваецца.

– А што ён за чалавек? Кім працуе?

– Мой калега. Пакуль што болей нічога. Хай гэта будзе сюрпрыз.

– Любіце вы сюрпрызы, – нязлосна прабурчала Ада, у душы ўдзячная сыну, што клапоціцца пра лёс сястры.

Андрэй і Ада балюча перажывалі раптоўны развод Надзі з мужам. Разрыў, мабыць, наспяваў даўно. Халодная, падкрэсленая ветлівасць зяця насцярожыла Аду Браніславаўну. Дачка расказала, што прыходзіць ён дамоў позна. Адгаворка адна: “Бізнес – справа сур’ёзная. Багата клопатаў”. Пачаў вельмі часта ездзіць у камандзіроўку, найбольш у Маскву. Тлумачыў, што іхнія партнёры гандлёвыя ўсе там, у Расіі. Аднойчы Надзя прызналася праз слёзы, што ўжо два месяцы яны не жывуць як муж і жонка, што знайшоў ён  прысуху-партнёрку ў Макве.  А неўзабаве  зяць  сабраў свае чамаданы і цішком, як злодзей, пакінуў сям’ю. Нават не развітаўся з жонкай і сынам.

Андрэй Сахута палічыў гэта здрадай не толькі сям’і, жонцы, малому сыну, а і яму, цесцю, бо ў свой час праз сакратара райкама паспрыяў, каб  зяця павысілі па службе, зрабілі старшым інжынерам, прынялі ў партыю. Сяброўскія адносіны са сваім зяцем вельмі радавалі Сахуту. Але як толькі перасталі існаваць райкамы, абкамы, Сахута апынуўся без работы, першым здрадзіў зяць. Тады Андрэй увесь вольны час аддаваў унуку. Гэта была яго адзіная радасць. Ігарку ішоў пяты гадок. Ён вяртаўся з садка і чытаў дзеду вершыкі на беларускай мове.

Пра ўсё гэта згадваў галоўны ляснічы Андрэй Сахута, бо ён таксама рыхтаваўся да Новага года. Снегу было вобмаль, усюды  льга  праехаць, таму на абшарпаным лясгасаўскім “газіку” Сахута штодня калясіў па раёне, знаёміўся з кадрамі лесаводаў. Ён разумеў, што гэта лепей рабіць не на шматлюдных нарадах, а на месцы, у канкрэтных абставінах. Пагаварыць сам-насам, каб ведаць, хто чым дыхае, і вывучаць справы трэба глыбока, каб не думалі пра яго, што ён залётная  птушка на адзін сезон. Напрыканцы дня часцяком адчуваў металічны  прысмак у роце,  калі вяртаўся з лясніцтваў, размешчаных у зоне. Як правіла, на развітанне яго частавалі.

Сахута пачуваўся няёмка: адмовіцца – значыць, пакрыўдзіць падначаленых, а не дай Бог выпіць лішнюю чарку – услед можа паляцець данос-ананімка. Таму піў ён вельмі асцярожна,  а  вось на закусь налягаў смялей, бо ў самога халасцяцкі побыт. Вядома, Паліна заўсёды прапаноўвала паесці, увечары – чай, а пад чай і чарку налівала. І ўсё гэта бачыла нявестка. Няпэўнасць становішча прыгнятала Андрэя, таму ён з нецярпеннем чакаў сваёй кватэры, хай сабе невялікай аднапакаёўкі. Але здача новага дома адкладвалася: не хапала грошай, будаўнічых матэрыялаў. Ён расказаў пра свае думкі Паліне.

– Трэба падшукаць іншую кватэру. А то пачнуць нас языкамі абмываць.

– Ёсць варыянт. На суседняй вуліцы жыве мая сяброўка. Яна старэйшая за мяне. Некалі разам працавалі ў школе. Ты, можа, ведаеш яе. Дар’я Трафімаўна Азарава. Пасля вайны яна была сакратаром райкама партыі.

– Канешне, ведаю. Прычым, вельмі даўно. Са школьных гадоў.

Убачыўшы здзіўленне на твары Паліны, Андрэй расказаў, як аднойчы Азарава выступала ў Хатыніцкім клубе. Яго вельмі ўразіла, што яна доўга гаварыла і ні ў якія паперы не заглядвала. А гаварыла яна пра міжнароднае становішча, кляйміла амерыканскіх імперыялістаў.

– Здаецца, мы з табой успаміналі яе грэшнае каханне. Некалі яна была закаханая ў вашага хатыніцкага старшыню калгаса Макара Казакевіча.

– Так, памятаю. Калі я працаваў у камсамоле, мы сустракаліся.

– Дык вось, цяпер жыве Дар’я Трафімаўна адна. Сын працуе на цэментным заводзе. Мае сваю кватэру. Гаспадыня – вялікая акуратніца. А кветак у яе мора! Ты будзеш, як у аранжарэі. Заўтра схаджу да яе. Тэлефон на кватэры ёсць, – Паліна прыцішыла голас, хоць у доме не было нікога апрача іх. – У сераду ці ў які іншы дзень  яна  будзе  ездзіць да  ўнукаў. А мы можам пабачыцца. Які табе дзень лепей? Больш зручны.

Андрэю хацелася сказаць: “Давай не будзем сустракацца. У мяне ж ёсць жонка”. Але заместа гэтых слоў ён прамовіў зусім іншыя:

– Добра. Хай будзе серада. А калі выскачыць  якая неспадзяванка, перанясём на другі дзень.

Кватэра Андрэю спадабалася. Драўляны вялікі дом з белымі аканіцамі, бярозы пад вокнамі, ціхая вуліца. А ў хаце ўсё застаўлена кветкамі: у гаршчках, вёдрах, нейкіх скрынках. Уразіў эпіфеліум-дзекабрыст: разлапістыя галінкі, падобныя на клешні рака, усыпаня фіялетава-ружовымі прадаўгаватымі, нібы аўтаматныя патроны, бутонамі. “Дзекабрыста” Андрэй ведаў: у снежні звычайна расцвітаў у ягонай мінскай прыёмнай.

– А што гэта за кветка? – яго зацікавіў вазон, які нагадваў суцэльны букет малінава-ружовых кветак. Яны высіліся над густа-зялёнай купкай лісця, быццам  чародка  мятлушак узмахнула  крыламі-пялёсткамі,  узляцела і застыла ў паветры.

– Гэта цыкламен, – ахвотна тлумачыла Дар’я Трафімаўна. – Радзіма кветкі – Грэцыя. Там цыкламены растуць на скалах. А гэта азалія, або рададэндран, – гаспадыня паказала на куст кветак, які нагадваў ружовы сноп. – А гэта амарыліс. Кветкі, як грамафоны. Лісты нібы зялёныя косы. Як турэцкія крывыя ятаганы, – квола ўсміхнулася гаспадыня. – Ну, а гэта павяргоня. Герань. Яна зараз не цвіце. Кветкі ў яе буйныя, вельмі прыгожыя. Вы, пэўна, бачылі герань на падаконніках у вясковых хатах. Суквецці самых розных адценняў. Радуе вока герань.. Яшчэ называюць яе – мушкат..

Андрэй слухаў, прыглядаўся да сівенькай бабулі ў акулярах, з-пад тоўстых шкельцаў на свет Боскі пазіралі блякла-сінія, палінялыя за немалы жыццёвы век, вочы. Яна сама нагадвала нейкую дзівосную ўсохлую кветку, якая адцвіла, адкрасавала, але не хоча здавацца зімовай сцюжы, хоча жыць і тварыць вакол сябе прыгажосць, хоча радаваць людзей.

– Даражэнькая, Дар’я Трафімаўна, вы мяне здзівілі, уразілі, узрадавалі. На дварэ – зіма, снег, халадэча. А ў вас вечназялёная вясна. Ну, ці лета. Адным словам – цуд! Дзякуй вам вялікі за радасць!

Андрэй нахінуўся, далікатна пацалаваў сухарлявую маленькую далонь гаспадыні. Перахапіў пагляд Паліны: у ейных цёмна-карых вачах свяцілася прыхаваная радасць, яна была ўпэўнена, што гаспадыня прыме кватаранта, што яму тут будзе добра, утульна,  і яны змогуць сустракацца.

Зусім пра іншае падумаў Андрэй Сахута: сюды можна запрасіць у госці жонку, у падобным пакойчыку яны пачыналі сямейнае жыццё. Ён яшчэ раз агледзеў пакой, антураж якога дапаўнялі плеценая этажэрка з кнігамі і высокая кафляная грубка. Гэта быў асобны, бакавы пакой, які гаспадыня прапанавала Сахуту. Тут быў старадаўні круглы стол, два крэслы, высокі металічны ложак на цёмна-сініх ножках, горка падушак пад карункавым пакрывалам. Ложак быў засланы жоўта-заласцістаю капай. Для сябе Андрэй адзначыў, што ў хаце даволі холадна, хоць на дварэ  мароз невялікі. Значыць, гаспадыня эканоміць паліва.

Праз дзень Андрэй прытарабаніў трактарны прычэп бярозавых, альховых і асінавых дроў, папілаваных на чурбаны. Заставалася пасячы і скласці ў вярсту. Гаспадыня, як убачыла гару дроў каля хаты, была на сёмым небе ад радасці. У першы ж выхадны Андрэй насек кучу дроў, памог гаспадыні скласці іх у вярсту. Дар’я Трафімаўна напякла дранікаў, запрасіла на вячэру кватаранта. А яшчэ быў сюрпрыз: прыйшла на вячэру Паліна. Пілі чырвонае віно, елі смачныя дранікі. Грубка дыхала ўтульнаю цеплынёю.

З маленства Сахута любіў цёплае дыханне напаленай грубкі, любіў сядзець каля адчыненых дзверцаў і пазіраць, як трапечацца, скача жывы  агонь. Любіў патрэскванне сухіх дроўцаў, асабліва яловых. Калі з грубкі, ці ўранні з печы,  выскоквала іскрынка, матка звычайна казала: “О, будзе госць!” І сёння гэтая прыкмета спраўдзілася: нечакана прыйшла Паліна. У снежні дні кароткія, нібы заечы хвосцік або верабейкава дзюба, а вечары даўжэзныя. Але гэты прамільгнуў неўзаметку за цікаваю гутаркай, згадкамі пра пасляваеннае жыццё.

Потым Андрэй праводзіў госцю. На дварэ  было ціха, даволі цёпла, з неба пазірала на грэшную зямлю вялізная поўня. Як толькі адышліся ад хаты, Паліна ўскінула рукі на Андрэевы плечы і пачала горача і прагна цалаваць яго.

– Нездарма кажуць, што падчас поўні ў чалавека абвастраюцца ўсе пачуцці, – сказала яна, нібы апраўдваючыся.

– Так, найбольшая колькасць аўтааварый, розных здарэнняў адбываецца перад поўняй. Яна ўплывае на чалавека. Апошнія гады я кепска сплю, калі поўня. Раней гэтага не заўважаў. А цяпер ужо не раз пераконваўся. Бывае, да раніцы не магу заснуць.

– Я сёння таксама доўга не засну, – уздыхнула Паліна. – Усё буду думаць пра цябе. А наконт серад –  як ты? Зможаш?

– Пастараюся. Толькі б дажыць...

– Дажывём, мой любы, – з пяшчотнымі ноткамі ў голасе сказала Паліна, зноў прыхінулася да яго.

– Месяц  набраўся поўнай сілы, мусіць, гэтак і чалавек. А потым месяц ідзе на спад і сілы чалавека слабеюць, – разважала Паліна.

З неба на ўсе вочы  пільна сачыла за імі поўня.

Не ведаў тады Андрэй Сахута, як і ніхто ва ўсім свеце не ведаў, што ў гэты вечар апошні раз пазірае на  Поўню Косця Варонін.

Раіцой у  панядзелак Андрэю патэлефанаваў старшфня райвыканкама Анатоль Раковіч, паведаміў аб трагедыі ў Белай Гары.

– Заўтра пахаванне Сырадоева. Наш кадр. А ваш  аднавясковец. Старшынёй сельсавета шмат гадоў працаваў. Франтавік. Дэпутат. Я павінен быць. Можа, хочаце развітацца?

– Трэба з'ездзіць.

– Застрэліў яго з двухстволкі Косця Варонін. Адпомсціў за паляванне на лася. Вы ж гэтую гітсорыю ведаеце?

– Ну, трохі ведаю.

– Сам Варонін знік. І стрэльбы няма. Шукае міліцыя. Можа. слова скажаце на паніхідзе7 Па-зямляцку.

– Скажу, – пагадзіўся Сахута.

Трагічная вестка літаральна аглушыла яго. У галаве ўзвіхурыўся рой скрушных думак, згадак. Выплыў з памяці дзень, калі ў лясніцтва прымчаў на веласіпедзе Іван Сырадоеў, пытаўся наконт ліцэнзіі на адстрэл лася. Андрэй пааабяцаў разведаць, як гэта аформіць, але паляўнічыя не дачакаліся адкрыцця сезона. Ці мог Андрэй папярэдзіць трагедыю? Сказаць: не ўздумайце ісці на паляванне без ліцэнзіі! Сырадоеў паглядзеў бы на яго, як на неразумнага хлапчука. Потым пасля суда сустрэўся ў лесе з Косцем Вароніным, які прыехаў параіцца: хаўруснікі  угаварылі  ўзяць усю  віну на сябе, ён выгарадзіў іх, а цяпер яны адмовіліся плаціць штраф. Андрэй параіў напісаць у рэдакцыю. А што ён мог зрабіць іншае? Пызычыць грошай. Дык  ён іх не меў. Косця  і не прасіў у яго пазычкі. Прысарамаціць Сырадоева?  Той мог паслаць яго…

Калі не прамым тэкстам, дык у душы. Не давесці да суда факт браканьерства? Таксама не мог. Карацей, сваёй віны не знаходзіў, але ў глыбіні душы адчуваў сябе вінаватым, хоць растлумачыць сабе гэтую вінаватась не мог.

Увечары паведамілі, што міліцыя знпйшла труп Косці Вароніна.

Андрэя нібы апякла думка: тры месяцы таму і ў яго з'яўлася думка аб суіцыдзе. На шчасце,  выстаяў,  не зламашся. Паадумаў пра Паліну і адчуў вялікае жаданне жыць!

Але адчуванне віны з новай сіла апанвала Сахуту на пахаванні.Яго перажыванні выказаў Міхаіл Даўгалёў:  “Нуй, Косця! Гэткае вырабіў. Хто мог падумаць? Ета ж колькі нянавісці сабралася ў чалавека!  Колькі  злосці на ўсё і нв ўсіх”.

Распараджаўся на хаўтурах Уладзімір Бравусаў. Дзейнічаў рашуча, энергічна. Пазіраючы на яго Сахута ўзадаў, як Пятро Махавікоў і Ева апавядалі з захапленнем пра святкаванне юбілею Сырадоева дзесяць гадоў таму. І тады вёў рэй Бравусаў. Так, падумалася, нездарма кажуць:  святкаванне юбілею– гэта  вясёлая  рэпетыцыя  пахавання.

Людзей сабралася багата, але прамоўцы выступалі коратка, пералічвалі пасады. на якіх працаваў нябожчык,  усе казалі. што быў сумленны, старанна выконваў свае абавазкі, карыстаўся заслужаным аўтарытэтам. Коратка гаварыў і Андрэй Сахута, адно дадаў да ўсіх іншых харакатрыстык:  нябожчык быў добрым чалавекам, прывёз яму канькі-снягуркі з Нямеччыны, заўсёды цікавіўся, як вучацца ў школе суседскія дзеці. Быць строгім, а часам і суровым прымушала жыццё. Пра забойцу. паляванне на лася стараліся не згадваць, як у доме вісельніка ніхто не гаворыць пра вяроўку.

Андрэй Сахута міжволі падумаў, што адданы служка савецкай улады Іван Сырадоеў усяго на некалькі дзён перажыў Савецкі Саюз, які мацаваў цягам усяго  свядомага жыцця. Але ў развітальным слове ён пра гэта не сказаў.

Затое Анатоль Раковіч, калі яны ўжо кінулі па тры жмені вільготнага жвірыстага пяску ў свежую магілу,  скрушна ўздыхнуў:

– Усё жыццё служыў савецкай уладзе. І загінуў амаль адначасова з ёй. І думаецца мне, што Косця Варонін помсціў   не толькі за лася. А й  за бацьку, за раскулачанага дзеда. За ўсе грахі савецкай улады. Рэкі крыві. Мільёны жыццяў. І скончылася крахам…

Сахута моўчкі кіўнуў. Былы абкамаўскі ідэолаг  не знайшоў чым запярэчыць сучаснаму кіраўніку раёна, таксама былому камуністу. Былому  сакратару райкама партыі.

Марына і Бравусаў угаварылі Андрэя застацца начаваць у іх.Чысціня, акуратнасць, нейкая дамавітая ўтулнасць панавалі ў хаце. Андрэй парадаваўся, што на згоне жыцця старэйшая сястра пажыве з каханым чалавекам. Бравусаў хоць і кульнуў на хаўтурах “законныя” тры чаркі, ці првільней сказць – рытуальныя чаркі, – выглядаў бадзёрым, рухавым, узяўся частаваць госця. Угаворвала і Марына:

– Давай, браток, за тваю сямейку. Чокацца не будзем. Дзень сянні не вясёлы. Ды што ж тут зробіш? Жысць ідзе сваім ходам,–   яна змахнула хусцінкай  слязу, прыгубіла чарку.

Гаспадар і госць асушылі па поўнай. Даўным-даўно нашы прашчуры вынайшлі “жывую” ваду, якая найлепей супакойвае чалавека ў цяжкія, скрушныя хвіліны існавання на зямлі.

Сядзелі за сталом доўга, пілі і елі мала, згадвалі пасляваеннае жыццё.Урэшце Марына заўважыла, што ў брата зліпаюцца павекі, здагадалася, што падняўся ён дужа рана.

– Ой, загаманіліся мы! Андрэй, кладзіся спаць. Я табе паслала на старым ложку . Хай прысніцца нешта добрае,– пажадала сястра.

Гэты ложак Андрэй памятаў з маленства: металічная рама.металічныя ножкі, пафарбаваныя ў сіні колер, кароткія дошкі заместа панцырнай сеткі ці матраца са спружынамі, сяннік, напханы мяккай  атаваю,  які падаўся мякчэйшым за пуховую пярыну. За сталом засынаў, а як лёг, абрынуліся згадкі: як спаў тут школьнікам, у часе зімовых  студэнцкіх  канікулаў – улетку спаў заўсёды на сене. Зноў уварвалася ў стомлены мозг жахлівая думка: я  мог ужо тры месяцы ляжаць у сырой  і  халоднай зямлі, апярэдзіў бы і Сырадоева, і Косцю Вароніна. Гэтую думку ён рашуча адагнаў прэч. Падумаў, што заўтра сутрэнецца з Палінай. Прадчуванне радасці падкаціла гарачаю хваляю пад сэрца. Але стома і чарка хутка выціснулі ўсе  думкі  ды  згадкі, развагі ды спадзяванні.  І ён забыўся моцным сном, нібы ў далёкім юнацтве.

Жаданая сустрэча адбылася, Дар'я Азарава паехала ў госці да   унукаў.

Адтуль патэлефанавала, што застанецца нанач.

– Ой, як няёмка! Прымусіла я старую жанчыну начаваць не ў сваёй хаце. Але гэта  здарылася.  ўпершыню, – нібы апраўдвалася Паліна. – У наступную ж сераду мы не пабачымся. Першага студзеня. Ты будзеш далёка,– яна ўздыхнула. – Грэшнікі мы з табой. Але гэтая ноч хай будзе нашай. Апошняя ў гэтым годзе.

Андрэю пачулася ўсхваляванасць у ейным голасе. Дакрануўся вуснамі да шчакі Паліны – шчака была мокрая ад слёз.

ХVІІІ

А ў Мінску рыхтавалісяда Новага года Пятро і Ева Махавіковы. Гаспадыню найбольш займала, што паставіць на стол, што падарыць сваім сямейнікам. Вядома, пра ўсё яна раілася з Пятром. І хоць у таго назбіралася багата клопатаў у выдавецтве, як  часта здараецца напрыканцы года ў любой установе ці на прадпрыемстве,  але мусіў ён выслухоўваць жонку,  мусіў і ў краму часцей заглядваць.

Не забываўся Пятро і на свой  “кандуіт”. Нядзельным днём ужо амаль на парозе Новага года, разгарнуў  запаветны сшытак,  які прынёс з выдавецтва дамоў. Для разгону  прачытаў некалькі  ранейшых занатовак,  зробленых за выдавецкім сталом.

19 снежня. Чацвер . Вось і дачакаліся зімовага Міколы-угодніка. Раніца была светлая, прыгожая,  падкінула снегу ноччу, а ўдзень пацячэ. Плюс тры абяцаюць сіноптыкі. Безабразіе! Разагрэлі,  раскачагарылі планету.  Што цяпер зробіш? Прырдлзе  не загадаеш:  будзь такой, якой была раней, не мяняйся. Дарэчы, ранейшыя народныя прыкметы цяпер часта не збываюцца. а. Мы рыхтуем кнігу для дачнікаў. Дык я па абавязку службы пачытаўся да ачмурэння. На дварэ снежань. Які хаты студзіць, зямлю грудзіць”. А ён, лайдак. Сёлета не хоча гэтага рабіць. Даўней ён меў назву “грудзень”, а яшчэ “просінец”. Што азначала прасветы ў аблоках. Прыгожая назва! А неба ў снежні сапраўды бывае незвычайна сінім. Урэшце продкі знайшлі таксама добрую назву – снежань, бо асноўнай прыкметай месяца быў снег, гэта першы месяц зімы.  Ад колькасці ж снегу – залежыць будучы ўраджай. Гэта ў мяне ўжо прафесійная звычка – думаць пра будучы ўраджай. І спрыяць таму, каб ён быў.

Між іншым беларускія назвы месяцаў – гэта свайго роду паэма. Ну, праўда: студзень – студзіць. Люты – маразамі лютуе. Сакавік – у жылах дрэў сок абуджае, першы месяц вясны.А там – красавік. Травень, чэрвень, ліпень жнівент. А верасень! Лепшага слова не знойдзеш для назвы месяца. Бо што для нас мёртвая  латынь – септэмбер, дэцэмбер.  Вось і дабраўся да снежня.

Дзіва дый годзе! Зусім не думаў пісаць пра назвы месяцаў, а мяне, як прарвала! Тады працягну і далей у гэтым  жа  ключы. Мікола зімовы лічыцца пачынальнікам сапраўднай зімы: да Міколы няма зімы ніколі. Мікола зімовы– сапраўдная зіма. А Мікола летні – праўдзівае лета. Дарэчы, калі на зімовага Міколу марозу няма, то ўся зіма будзе “бяспутная”. А вось гэтага зусім не хочацца.. І хай мнавіта гэтая прыкмета не спраўдзіцца. І апошняя прыказка: “Беражы сена ад  Міколы да Міколы і не бойся зімы ніколі” Мудра прыдумалі продкі. А  я пра гэта напісаў, мусіць, таму, што ў генах дрэмле жаданне жыць  у вёсцы, гаспадарыць на зямлі.

А  даводзіцца чытаць “вучоную” граф аманію. Ушчуваць лайдакоў– рэдактараў, якія цягнуць да апошнягя, не здаюць свочасова рукапісы.  А  цяпер завалілі мой стол. Усе рукапісы чытаць не буду. Тыдзень маю права патрымаць, але каб і хацеў, дык усе прачытаць не змагу. Некаторыя пагартаю, праверу змест. Выхадныя дадзеныя. Анатацыі чытаю заўсёды, часта праўлю: разумная, кароткая, але ёмістая анатацыя – компас для чытача. А для пакупніка – гэта  як  прынада для рыбы. Раней усё было паводле плана: мы выдавалі, бібліятэкі, кнігарні  заказвалі,  людзі набывалі. Ці мода была, ці сапраўды духоўная патрэба. Але кнігі разыходзілія велізарнымі тыражамі. А зараз усё ляжыць. Можна купіць любую кнігу без чаргі,  без блата. Дажыліся нарэшце!

А цяпер зусім пра іншае. Шэф Клімчук не памыліўся: дырэктар трактарнага і не збіраўмя мне тэлефанваць, гэта была звычайная адгаворка. Сёння пазнаёміўся з рэдактарам заводскай шматтыражкі – універсітэтскім сябрам Клімчука. Дамовіліся на наступным тыдні разам схадзіць да дырэктара. Я колькі разоў тэлефанаваў,  сакратарка адказвала: у яго нарада, паехаў у міністэрства, пайшоў на тэрыторыю завода. “Што яму перадаць:” Я называў сваё прозвішча. Нагадваў абяцанне дырэктарр мне пазваніць. “Добра перадам”, – коратка адказвала сакратарка. Але званка не было.

Адкладваць ужо няма куды, бо ўсе кажуць, што пасля Новага года цэны падскочць, як шалёныя. Мусіць,ьтак яно і будзе.

21 снежня, Субота.  Кепска спаў, наббліжаецца час Поўні. Дый чытаў позна.  Узяў дамоў рукапіс. Нецікавы. слаба адрэдагаваны. Давядзецца завярнуць на дапрацоўку. Гэткая тэхналагічная жвачка пра вырошчванне бульбы мала каго зацікавіць.!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю