355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Левановіч » Палыновы вецер » Текст книги (страница 7)
Палыновы вецер
  • Текст добавлен: 20 апреля 2017, 20:00

Текст книги "Палыновы вецер"


Автор книги: Леанід Левановіч


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 19 страниц)

Тэмпература не спадала. Калі слупок ртуці падняўся да трыццаці дзевяці, Алена яшчэ болей устрывожылася, спалохалася:

– Трэба выклікаць “хуткую”. Ты ўвесь гарыш...

– Выклікай... – разняў  сасмяглыя вусны Георгій.

VІІ

Ужо другі месяц Андрэй Сахута быў беспрацоўны. Ён раптам займеў гэтулькі вольнага часу! Свайго лецішча не нажыў і машыны ўласнай не займеў. Самы што ні на ёсць пралетарый. Нават горш, бо бедны пралетарый звычайна меў сталую працу. Хай заробак малы, але атрымліваў яго штомесяц: спярша – аванс, а потым – канчатковы разлік, бывала і прагрэсіўку меў, а потым і трынаццатую зарплату. На хлеб, на кефір, на “чарніла”, а то й на пляшку “белай” хапала. А ў яго, Сахуты, нічога. Вольны казак!

Ада на першым часе супакойвала: не перажывай, адпачні, ёй нават падабалася, што муж нарэшце дома і  ўранні, і  ўвечары,  можа схадзіць у магазін, пагуляць з унукам. Але што б ён ні рабіў, чым бы не займаўся,   у галаве, нібы ржавы цвік, сядзела думка: што далей? Як жыць? Чым займацца? Дзе знайсці работу?

Першыя дні яму было сорамна выйсці на вуліцу, нікога не хацелася бачыць. Калі ішоў у магазін, здавалася, што з усіх вокнаў з прыхаванай радасцю пазіраюць суседзі: ага, камуняка, цяпер зведаеш, як людзі жывуць, замест каньяку папіваеш кефірчык. Раней ты бачыў жыццё з акна машыны, з абкамаўскага кабінета, ды з прэзідыума горда пазіраў у залу.

Аднойчы Сахута, упершыню  за доўгія гады жыцця ў гэтым доме, пайшоў у сваю раённую паліклініку да ўчастковага тэрапеўта: даймае ціск, бяссонне мучыць. Пайшоў пешкі, бо на тралейбусе ехаць, дык трэба прабіваць талончык, а талончык трэба купіць, а ён, Сахута, грошай не зарабляе, ён – беспрацоўны. І на кожным кроку жыццё паказвала яму дулю, нібы здзекавалася: а, ты не душыўся ў гарадскім транспарце, цяпер паспрабуеш, паціскаюць цябе, галубочка.

Новы сяміпавярховы будынак паліклінікі Сахута добра ведаў: часта праязджаў міма на машыне, але ніколі ў яго не заходзіў. Цяпер падышоў, прыстоіў  перад прыступкамі высокага ганка: мільганула думка, што будоўляй гэтай паліклінікі, як і ўсім жыццём, кіравалі камуністы. І ён, Андрэй Сахута, калі быў першым сакратаром райкама, і потым у абкаме – заўсёды думаў пра людзей.  Дык чаму ж цяпер розныя гарлапаны панавешвалі сабак на партыю? А значыць, і на яго,  Андрэя Сахуту, чэснага, сумленнага, адданага працаўніка. Чаму зламалі ягоны лёс, ягоную кар’еру?

Але варухнулася ў глыбіні душы іншая думка: вось няма райкама, абкама і ЦК, а жыццё не спынілася, і паліклініка працуе, і трамваі, тралейбусы ходзяць, у магазінах ёсць хлеб і малако, і нават чэргі паменелі, але не таму, што паболела харчоў і тавараў, не, проста ў людзей паменела грошай.

У даволі прасторным, цемнаватым вестыбюлі – Сахута адразу адзначыў, што нізкаватая столь будыніны прыгнятае чалавека, – ён адшукаў акенца рэгістратуры, спытаўся, ці ёсць талончыкі да ўчастковага тэрапеўта.

– Да ўчастковага можна без талончыка, – буркнула стомленая хударлявая кабета. – Заказвайце картку, і ўсё...

Картку... Яе ж трэба мець. Так, у яго была картка ў лечкамісіі. І ўчастковы доктар, дзябёлая, пышнагрудая ўсмешлівая Зінаіда. О, як часта яна тэлефанавала, клапацілася пра здароўе высокага партыйнага функцыянера. “Андрэй Мацвеевіч, вы пра нас зусім забыліся. Трэба прайсці агляд. Аналізы здаць. Флюараграфію”, – лагодным голасам варкавала ў слухаўку персанальная дакторка. Сахута даўным-даўно забыўся на чаргу ў паліклініцы

Для яго паездка ў лечкамісію нагадвала спатканне з сімпатычнай жанчынай.

Ён яшчэ раз агледзеўся і ўбачыў акенцы–амбразуры,  і ля кожнага стаялі людзі. За шклом былі відаць стэлажы, застаўленыя тоўстымі гросбухамі, у якіх месціліся медыцынскія карткі жыхароў раёна. Над адным з акенцаў ён прачытаў назву сваёй вуліцы  прыткнуўся да чаргі. Людзі называлі адрас,  казалі да якога ўрача маюць талончык і хутка адыходзілі

Андрэй наблізіўся да акенца, разгубіўся, не ведаючы з чаго пачаць.

– Што вам, малады чалавек? – зірнула на яго кабета ў акулярах. – Гаварыце хутчэй.

– Мне трэба завесці картку. Іду да ўчастковага тэрапеўта.

Ён падаў у акенца пашпарт. Кабета пагартала дакумент, здзіўлена прамовіла:

– Даўно тут жывяце. А картку дасюль не завялі.

– Не было калі хварэць.

– А некаторым дык падабаецца хварэць. Абы бальнічны вырваць Раней так было. Цяпер, мусіць, гэткай халявы не будзе. Рынак прымусіць укалываць. А то пры камуністах людзі рабілі выгляд, што працуюць, а дзяржава…Ну, яны, камунякі, рабілі выгляд, што плацяць за работу. А што цяпер? Дзе яны тыя камунякі? Пахаваліся, як мышы пад венікам. Ваша месца работы?

– Беларускае тэлебачанне... Старшы інжынер, – схлусіў ён.

Схлусіць вырашыў яшчэ ідучы ў паліклініку, бо прызнацца, што беспрацоўны, язык не павярнуўся б. А тэлебачанне ён ведае, бываў там, сябра працуе. Ведае, з якой павагаю некаторыя людзі ставяцца да блакітнага экрана: ён сябра сям’і, галоўны дарадчык і суразмоўнік. Андрэй адчуваў, што вушы ягоныя  ўспыхнулі чырванню, як у нашкодзіўшага першакласніка, але кабета гэтага не заўважыла, яна таропка выпісвала картку, бо чарга да акенца імгненна падрасла.

– Ідзіце на трэці паверх. Картку перададзім, – жанчына назвала нумар кабінета, у якім прымае ўчастковы тэрапеўт. – А гэта талончык на флюараграфію. Пастарайцеся сёння зрабіць здымак. Акурат яна зараз працуе. Тут, на першым паверсе.

Андрэй шчыра дзякаваў рэгістратарцы, якая даволі ветліва ўсё яму растлумачыла, і між іншым усыпала камунякам, а значыць, і яму, былому сакратару абкама.

Ля дзвярэй, за якімі месцілася флюараграфія, стаяла доўгая чарга. Андрэй прыткнуўся ў канцы яе, міжволі ўздыхнуў. Пажылая жанчына, якая стаяла перад ім, павярнулася, зразумела ягоны ўздых, супакоіла:

– Тут хутка. Зрабіць здымак – мінутнае дзела. Запускае адразу па чатыры чалавекі. А вы да якога доктара?

– Да ўчастковага.

– Гэта доўга. Вы  і  там займіце чаргу. А тады сюды. Я скажу, што вы за мною занялі...

Андрэй паслухаўся мудрай парады, пакіраваў на трэці паверх. У паўцёмным калідоры на вузкіх тапчанах паўз сцены сядзела шмат людзей. Знайшоў патрэбны кабінет, спытаўся, хто апошні.

– Я! – ускінуў руку, нібы пачухаў за вухам, даволі малады вусаты мужчына.

– І гэта ўсе сюды? – здзівіўся Андрэй, бо налічыў ажно сем чалавек.

– Ну так, усе, – змрочна адказаў вусаты.

– А хто перад вамі? – вусаты тыцнуў рукою на жанчыну ў чырвонай кофце. – Будзьце дабры... Ну, скажыце, што я за вамі. Трэба здымак зрабіць. Флюараграфію прайсці.

– Добра, ідзіце. Тут надоўга. Можаце і піўка выпіць, – павесялелым голасам адказаў вусаты мужчына.

Андрэй адчуў, што яму зрабілася горача, патыліца налівалася свінцовым цяжарам, хоць уранні ён каўтнуў таблетку адэльфану. Адчуў, як зашчымела, сціснула за грудзінаю, намацаў у кішэні валідол, павольна пасунуўся на першы паверх. Чарга там паменела,  неўзабаве Андрэй апынуўся ў паўцёмным калідорчыку.

– Распранайцеся. Вешайце на крэсла... Майку можна не здымаць, – камандаваў жаночы голас. – Заходзьце ў кабіначку. Рукі ўбок. Падбародачак вышэй. Так, не дыхаць і не варушыцца. Усё, гатова. Здымак атрымаеце заўтра.

Хоць бы на якія сухоты не захварэць, варухнулася трывожная думка, бо апошнім часам дужа змрочна ў яго на душы, а невясёлы  настрой  нікому здароўя  не  прыдае.

Амаль праз тры гадзіны Андрэй Сахута вяртаўся з паліклінікі. Адчуваў сябе зусім пагана. Стаміўся ў чарзе перад дзвярыма ўчастковага доктара, а ў ягоным кабінеце быў зусім нядоўга. Той коратка выслухаў скаргі хворага, памераў ціск – танометр “націскаў” сто семдзесят на дзевяноста. Доктар спытаўся, які рабочы ціск. “Сто сорак на восемдзесят”. Навыпісваў розных таблетак, параіў часцей выязджаць за горад, болей  хадзіць,  раней класціся спаць, карацей, весці здаровы лад жыцця.

Апошнім часам Андрэй рана ўставаў. Калі ўдавалася заснуць з вечара, дык чуўся лепей, а бывала, што цалюткую ноч качаўся без сну. Тады ўвесь дзень балела галава, у якой біўся рой неадчэпных думак: як жыць далей, што рабіць, дзе знайсці работу. А найперш мучыла балючае пытанне: чаму ўсё так раптоўна абрынулася? Чаму рухнула гэткая  магутная звышдзяржава? Чаму рассыпалася гэткая маналітная, ідэйна згуртаваная шматмільённая камуністычная партыя?..

Адказу не знаходзіў. Але ўсё болей пераконваўся, што развал не быў раптоўны, усё наспявала даўно. Гады тры таму ён пачаў прыкмячаць, што ў краіне нешта робіцца не так, што распачатая перабудова не спрыяе ўмацаванню, а наадварот – разбурае эканоміку, падрывае ідэалагічныя апоры грамадства. Па радыё і тэлебачанні ўсё болей гаварылася пра агульначалавечыя каштоўнасці і ўсё меней пра камунізм, пра ідэалагічную работу. Гаварыць пра ідэалогію саромеліся нават самі ідэолагі. І гэты подых, гэты вецер дзьмуў з Усходу, з самой белакаменнай. А потым у ЦК КПБ кінуліся мяняць назву  ідэалагічнага аддзела на гуманітарны, інструктары яго ў адзін момант зрабіліся кансультантамі. І ў абкаме на Андрэя Сахуту пазіралі як на чалавека, які нічога не робіць: ні прамысловасць, ні сельскую гаспадарку ён не курыруе, кадры не падбірае, адно займаецца балбатнёй. А ў сучасным грамадстве, якое на ўсіх ветразях імчыць у дэмакратыю, месца для артадаксальных дэмагогаў няма.

Яшчэ вастрэй ён адчуў перамены, калі жонка аднойчы сказала:

– Шукай  сабе іншую работу. Нікому не патрэбная твая ідэалогія. Балбатня гэта ўсім абрыдла.

– Ты сама да гэтага дадумалася? Ці з чужога голасу спяваеш?

– У мяне свая думка. І людзі пра гэта кажуц. І пішуць у газетах. Пачытай “Камсамолку”. Там адкрытым тэкстам сказана... Ну, не так у лоб. Але сэнс такі

Андрэй чытаў нешта падобнае і ў іншых газетах. Ада найбольш упадабала “Комсомольскую правду”, хоць менавіта на старонках гэтага выдання ішло адкрытае шэльмаванне ідэалаў, якія здаваліся  Сахуту святымі, на якіх гадаваўся ён,  на  якіх вырасла не адно пакаленне савецкіх людзей. Былых камсамольцаў.

Шукай работу… Лёгка сказаць. Ён жа  не  дворнік ці сантэхнік. Падмятаў каля аднаго дома, потым можа  арудаваць мятлою каля суседняга, або яшчэ далей. Дзе загадаюць. Ён жа кіраўнік абласнога маштаба. Яго ўсе ведаюць. Навошта я пагадзіўся ісці ў абкам, іншы раз дапякаў ён сябе. А куды б ён дзеўся? Калі б не згадзіўся, дык папёрлі б на паніжэнне, і ўсе пачалі б таптаць. Выціраць аб ягго ногі, як аб анучу. У глыбіні душы лічыў сваё прызначэнне не зусім разумным: ляснічы па адукацыі, не філосаф, не гісторык. Чаму тэхнары пачалі кіраваць ідэалогіяй у ЦК КПБ? Даніна навукова-тэхнічнай рэвалюцы1? Ці даніна модзе? А потым новаспечаныя цэкоўскія “ідэолухі” падбіралі сабе падобных у абкам ы  і  райкамы. У гэткім падыхожзе Андрэй Сахута бачыў падрыў ідэалагічнай работы, яе аслабленне. І гэта  заахвочвалася цэнтрам, як праява новага мыслення.

Неяк у нядзелю маскоўскае тэлебачанне паказала праграму, у якой былі спецыяльна  падабраныя кадры забастовак, дэманстрацый з усіх саюзных рэспублік. Яго ахапілі жах і злосць: як можна так паказваць?! Дыктар ні слова не сказаў пра асуджэнне шэсцяў, не аналізаваліся прычыны. Перадача нібы заклікала: а вы, мінчукі, чаму седзяце?  Чаму не выходзіце на вуліцы? Чаму не гоніце сваіх партакратаў, ідэолагаў?  Тыпу Сахуты і яму падобных? Як не разумеюць гэтага ў Крамлі? Куды яны глядзяць? Пра што думае Гарбачоў? А можа, усё гэта робіцца з яго дазволу?

Асабліва Сахуту ўразілі падзеі ў Кітаі.Прыехаў туды Гарбачоў, на цэнтральнай плошчы Пекіна сабралася некалькі тысяч прыхільнікаў дзмакратыі, пачалі мітынгаваць, выступаць супраць улады. Іх разагналі, павесілі некалькі самых ярых закапёршчыкаў. І ўсё супакоілася. Кітайцы актыўна праводзяць мадэрнізацыю. Планамерна. Абдумана. Не разбуральную перабудову, а  мадэрнізацыю.

Пасля паражэння на выбарах Андрэй Сахута ўсё часцей думаў пра сваю будучыню і перспектывы будаўніцтва камунізму. І ягоная будучыня, і перспектывы камунізму рабіліся ўсё болей туманнымі і расплывістымі. І ён стаў усё радзей усміхацца, вакол вачэй з кожным днём гусцела сетка дробных зморшчынак, ад носа да куточкаў вуснаў усё глыбей праразалася зморшчына-падкова, глыбокая і скрушная.

Ішоў час. Штодня тэлефанаваў Андрэй былым калегам, таварышам, ці ёсць у каго на прыкмеце вакансія, дзе б льга было ўладкавацца. Яму спачувалі, супакойвалі, абяцалі пашукаць, але каанкрэтных прапаноў не было. Нібы абухом па галаве ўдарыла вестка аб смерці адказнага супрацоўніка ЦК КПБ Сямёна Міхнюка, які некалі вадзіў Сахуту на гутарку да Ціхана Кісялёва, тагачаснага першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі. Сахуту тады абралі першым сакратаром райкама. Сямён Міхнюк не дажыў два гады да пенсіі, зваліў адданага партыйца інфаркт. “Мусіць, і мяне чакае гэткі лёс”, – са скрухаю і абыякавасцю падумаў Андрэй. Бо з кожным днём адчуваў сябе горш, Ада кожны вечар наладжвала допыт: каму тэлефанаваў, хто што абяцае. І амаль кожны вечар усчынаўся скандал:  я табе даўно  гаварыла, каб шукаў работу, а ты ўсё нечага чакаў, вось і дачакаўся. Апынуўся  ля  разбітага  карыта.

Балюча перажываў Андрэй, што не адчуваў маральнай падтрымкі дзяцей, яны сталі радзей заходзіць да іх. Сын Дзяніс зрэдку званіў, суцяшаў, маўляў, не перажывай, бацька, усё ўладзіцца, але ні разу не прапанаваў грошай, нават не спытаўся, можа, дапамагчы. Надзя сама жыла цяжкавата, адна гадавала дзіця.

Упершыню ў жыцці маючы гэтулькі вольнага часу Андрэй узяўся за кнігі. Чытаў розныя, а найперш пацягнула да беларускай літаратуры. Перачытаў Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, нанава адкрыў для сябе Купалу. Чытаў яго вершы, паэмы, публіцыстычныя артыкулы пра незалежнасць, самастойнасць Беларусі і дзівіўся, як надзённа яны гучаць зараз. Неяк сказаў пра гэта сябру Пятру Махавікову, той ажно ўзрадаваўся:

– Ага, дайшло да цябе! Ну што ж, лепш пазней, чым ніколі.

Пятро тэлефанаваў часта, вечарамі заязджаў, заўсёды браў з сабою пляшку гарэлкі, а то і каньяку, яблыкі ці лімоны. Доўга гутарылі, спрачаліся.

– Сістэму разбурыла не пятая калона, пра якую ты кажаш. Не заходнія галасы, хоць і яны стараліся з уіх сіл. Яна абрынулася знутры. Людзі страцілі веру ў камуністычныя ідэалы. Хрушчоў што абяцаў?  Праз дваццаць гадоў – камунізм. А прамінула ўжо трыццыць! Дзе той камунізм? Дзе абяцаны зямны рай? – гарачыўся Пятро.–  Дуля з макам! Пустыя паліцы ў крамах. Талоны, купоны. Бязладдзе, безгалоўе на кожным кроку.

– Ну, а ў Кітаі генсек сядзіць на месцы Палітбюро кіруе, – не здаваўся Андрэй. – Ідзе мадэрнізацыя. Самі накармілі свой мільярд з гакам. І нам тушонку прадаюць. Курткі, шмоткі. НаватАмерыку завалілі таварм. Усё ў іх ёсць. Значыць,  камуністычная сістэма развязала рукі народу… Чытаў нядаўна Розанава. Мае рацыю Васіль Васілевіч, калі піша,  што Кастрычніцкую рэвалюцыю  падрыхтавала літаратура. Яна ж, літаратура, падрыхтавала і 91-ы год. Вось кніжачку “Тутэйшыя” нядаўна перачытаў, успомнілся, як аднойчы дыскутаваў з імі. У іх былі больш важкія аргументы…

– З Розанавым я згодны. Літатура – вялікая сіла.  Яна абуджае душы людзей. Там. У душы чалавека, выспяваюць рэвалюцыі. А тады адна іскра і шугае прлымя.. – разважаў Пятро.

Гэтыя сустрэчы з сябрам, размовы, спрэчкі не прыносілі Андрэю палёгкі. Пасля чаркі-другой засынаў лягчэй, затое назаўтра яшчэ мацней балела галава. І жыць не хацелася…

Неяк увечары патэлефанаваў Мікола Шандабыла з Магілёва. Пагаварылі пра жыццё-быццё, ён і раней тэлефанаваў, супакойваў, каб дужа не браў да галавы, праца знойдзецца.

– Колькі тваёй Браніславаўне да пенсіі?

– Два гады. А мне цэлых сем.

– Так, табе яшчэ, як меднаму кацялку. Ну, дык гэта ж добра! Малады мужык. Яшчэ напрацуешся. Толькі не бядуй. А то... На днях мы тут пахавалі аднаго сакратара райкама. Сорак гадоў чалавеку. Інфаркт. Жонка, сцерва, пілаваць узялася... Даканала. Яму і без яе было мутарна. Кошкі душу скрэблі.. Слухай, а з’ездзі ты дамоў. Я чуў, Марына з Бравусавым жывуць прыпяваючы. У Лабанаўцы намячаецца вакансія. Галоўны ляснічы лясгаса збіраецца на пенсію. Магу сасватаць цябе. А з пасады галоўнага ляснічага можна і ў Мінск сігануць, у міністэрства . У Лабанаўцы старшынёй выканкама зараз Толя Раковіч. Зрабілі мы фінт. Ранейшага старшыню забралі ў Магілёў. У яго пенсія на носе. Даўно прасіўся... А Раковіч малады, талковы хлопец. Хай кіруе. Гаварылі з ім пра цябе. Падтрымка  будзе. Надумаеш ехаць, звякні яму. Машыну падашле к поезду. Што табе  па начы цягацца...

Андрэй падзякаваў земляку, сказаў, што абдумае прапанову.

Доўга думаць не было часу. Ён схапіўся за гэтую прапанову, як тапелец за саломінку. Паехаць у родную  вёску  хацеў даўно,  але жонка адгаварыла, маўляў, што ты там выседзіш у радыяцыйнай вёсцы. Цяпер ён вырашыў не адкладваць і дні праз два выбраўся ў дарогу.

Білет Андрэй узяў у плацкартны вагон: усё-ткі трохі танней, меней шанцаў сустрэць каго са знаёмых, бо начальнікі ездзяць звычайна ў купэйных вагонах. Людзей набілася, як семак у гарбуз. Праз гадзіну-дзве пасажыры пачалі выходзіць. Андрэй ні з кім не пачынаў размоў, чытаў газету, разгадаў амаль усю крыжаванку.Пахваліў сябе: нешта ведаю,  і  тут жа ўпікнуў: каму патрэбны твае веды?

У Магілёве мелася быць сустрэча з земляком Міколам Шандабылам. Цвёрда зямляк не абяцаў, бо ў той дзень праводзілася нарада, якая магла зацягнуцца. У душы Андрэю вельмі хацелася пабачыцца з сябрам, бо цяпер, як ніколі раней, яму патрэбна была падтрымка, сяброўская  парада: зямля як захісталася пад ягонымі нагамі ў дні ГКЧП, так і не меў ён цвёрдасці, пэўнасці ў сваім становішчы беспрацоўнага партыйнага функцыянера. Падлівала смалы ў агонь і жонка, якая дужа нецярпліва чакала, калі ён знойдзе работу. Дапякала, што не пагадзіўся з прапановай Гарошкі – пайсці ў ягоную фірму намеснікам па збыце і забеспячэнні, кіраўніком службы маркетынгу.

Гарошка здзівіў. Андрэй лічыў, што былы другі сакратар райкама затаіў крыўду, калі яго, Андрэя, абралі першым, бо на гэтую пасаду прэтэндаваў Гарошка. Раней іх звязвалі нармальныя, таварыскія стасункі: Андрэй Сахута – старшыня райвыканкама, Гарошка – другі сакратар, іх яднала агульная справа. А тут сітуацыя памянялася: Гарошка зрабіўся  падначаленым, падкрэслена ўгодлівым і паслухмяным. Сахута стараўся нічым не пакрыўдзіць таварыша па партыі. Гады два яны працавалі разам, даволі дружна і зладжана, але ранейшай цеплыні і таварыскасці ўжо  не было. Потым Гарошка перайшоў у гаркам на пасаду загадчыка аддзела. На пачатку дзевяноста першага, калі адчуў, што ў паветры запахла смажаным, на імя жонкі, інжынера па адукацыі, зарэгістраваў фірму, якая пачала вырабляць лічыльнікі гарачай і халоднай вады. Прадукцыя патрэбная, фірма набірала сілу. Гарошка расправіў плечы. Пасля ГКЧП ён і патэлефанаваў Андрэю: падаў руку дапамогі. Ада ўхапілася за гэтую прапанову: “Згаджайся, твая лясная прафесія ў горадзе мала дзе патрэбна”. Праўда, яму абяцалі пасаду ў Міністэрстве лясной гаспадаркі – міністра ён даўно ведаў. Гэта была адна з прычын нежадання ісці да Гарошкі. А другая была іншага кшталту: Андрэй у глыбіні душы баяўся, што былы ягоны падначалены хоча пацешыць сваё самалюбства: “Ты некалі камандаваў мною, а цяпер я пакамандую, ды так, як захачу, бо ніякі прафсаюз, не тое, што партбюро, цябе не абароніць”.

Але на вакантную пасаду ў міністэрства ўзялі чалавека з ЦК. Жонка як дачулася пра гэта, учыніла скандал: Андрэй і Ада ўпершыню моцна пасварыліся. Ён  пашкадаваў, што не мае “запаснога аэрадрома” – палюбоўніцы,  да якой можна было б пайсці. Часам зусім не хацелся жыць.

Нават узнікалі думкі пра суіцыд…

Гэтыя  згадкі прамільгнулі ў галаве Андрэя Сахуты пад перастук колаў плацкартнага вагона цягніка, які імчаў яго на радзіму. Дарога заўсёды супакойвае чалавека. І Сахута чуўся больш упэўнена, у душы  праклюнуўся парастак надзеі: пачне працаваць у родных мясцінах насуперак радыяцыі. Ён пачне новае жыццё, акрыяе духам і целам. Ён павінен выстаяць. Не зламацца.

Развал партыі падкасіў шмат каго.Узгадаў Сямёна Міхнюка, які не дацягнуў да пенсіі, упаў, як падсечанае дрэва. А неяк Андрэю трапіўся на вочы артыкул: “Яны пайшлі з жыцця разам з цэлай эпохай”. Гэта была  перадрукоўка з французскага выдання. Гаворка ішла пра самагубства былога  міліцэйскага міністра Пуга, удзельніка ГКЧП, былога галоўнага гаспадарніка ЦК КПСС Кручыны, маршала Ахрамеева. Моцна, балюча ўразіў артыкул. І тон яго быў здзеклівы: пайшлі з жыцця – туды ім і дарога. Андрэй асабліва шкадаваў маршала Ахрамеева, з цікавасцю слухаў яго вострыя, смелыя выступы на з'ездзе дэпутатаў у Маскве. Нават узнікла сумненне: а ці сам  пайшоў з жыцця гэты мужны чалавек, ці не дапамаглі яму гэта зраьіць?

У Магілёў цягнік прылескатаў надвячоркам. Стаяў ён тут ажно дваццаць хвілін, таму і дамовіліся сустрэцца з Міколам Шандабылам. Услед за пасажырамі Андрэй выйшаў з вагона і адразу ўбачыў земляка, які валюхаўся насустрач. Высокі, мажны, чырванатвары, у шыкоўным светла-шэрым касцюме, але без гальштука – каўнер ружаватай  кашулі быў расшпілены. Кашуля ружаватага колеру невыпадковая, каб не так у вочы кідалася чырвань твару. Гэтая чырвань, гладкасць і шырыня твару, а таксама круглае чэрава, што выпірала з-пад пінжака, яскрава сведчылі, што намеснік старшыні аблвыканкама па чарнобыльскіх праблемах з поспехам перамагае радыяцыю. Сваім выглядам  ён пераконваў: “Вось я, матаюся па зоне, амаль кожны дзень бываю ў камандзіроўках, у адселеных  вёсках – днюю і начую на забруджанай тэрыторыі, а мяне і чорт не бярэ”.

Хіба можна было пазнаць у ім таго адчайна-хвацкага танцора і гарманіста, зграбнага, лёгкага і з касою на сенажаці, і на вечарынцы ў скоках? Землякі абняліся. Мікалай Арцёмавіч паляпаў Андрэя па плячы, пільна зірнуў у вочы, быццам шукаў прыкметы суму і душэўных згрызот у беспрацоўнага абкамаўца. І вядома ж, знайшоў іх, бо Андрэй пахудзеў за апошні час, і плечы неяк па-старэчы апусціліся. Але прамовіў зямляк знарок весела:

– Ну, выглядаеш бадзёра. Малайцом! Не бядуй! Усё ўтрасецца. Ліха перамелецца, і зноў добра будзе.

– Ой, мусіць, доўга ліха будзе гаспадарыць, – міжволі ўздыхнуў Андрэй.

– Дарагі мой, ніхто гэтага не ведае. Вось уладкуешся на працу. Падтрымку гарантую. Ты пазваніў Раковічу?

– Не знайшоў я яго, – схлусіў Андрэй, бо і не шукаў – пасаромеўся. – Недзе на раёне быў...

– Дарэмна. Ну, я зараз на кватэру патэлефаную.

Развіталіся без абдымкаў. Міколу было няёмка, што не запрашае Сахуту ў госці, не шукае для яго вакансіі ў абласным цэнтры. Але ён і сам чуўся на сваёй пасадзе няпэўна, бо і так ужо тры гады пасля пенсіі працуе. Сёй-той з былых абкамаўцаў і гарадскіх партыйных дзеячаў не супраць заняць яго крэсла, праўда, з насцярогаю, бо ездзіць у зону нікому дужа не карціць.

Далей Андрэй ехаў адзін у купэ. Углядаўся ў акно, нібы прыліп да яго. Пачаўся лес. Дрэвы то адбягаліся на якую вярсту ад чыгункі, то зноў абступалі рэйкі з абодвух бакоў. Лес быў найбольш змешаны: бярозы, асіннік, старыя таўшчэзныя вольхі раскашавалі, як пані.

Зрэдку на ўскрайку лесу высіліся дубы. Яны злёгку зачырванеліся, яшчэ не хацелі паддавацца павевам восені. Затое асіны ўжо ўспыхнулі барвовым полымем, зажаўцеліся бярозы. Пачыналася залатое бабіна лета. Зыркае вечаровае сонца, нібы пражэктар, высвятляла і паваленыя дрэвы, і лаўжы – не прыбранае, не спаленае голле. Вочы не хацелі гэта прыкмячаць, яны любаваліся хараством  верхняга ярусу лесу.

Андрэй любіў час бабінага лета. Любіў празрыстасць паветра, чысціню высокага неба, шматколернае восеньскае ўбранне і нейкую сцішанасць у прыродзе, якая перадавалася і чалавеку. Лёгкі сум апаноўваў душу: адляцела ў вырай разам з птушкамі яшчэ адно лета, наперадзе доўгая зіма, але пасля яе абавязкова надыдзе вясна, усё жывое расцвіце, акрыяе душою і целам чалавек. Вясною ніхто не хоча паміраць. Красаваць і радавацца імкнецца ўсё жывое.

Але на гэты раз бабіна лета мала радавала Андрэя. І на душы не было таго ўзнёслага адчування, таго хвалявання, якое ахоплівала, калі ехаў на сваю малую радзіму. Тады заўсёды здавалася: чым бліжэй родная вёска, тым болей у паветры кіслароду. Цяпер на душы было маркотна, трывога, невядомасць і няпэўнасць псавалі настрой, тачылі сэрца.

На станцыю Андрэй Сахута прыехаў пасля поўначы. Некалькі  чалавек выйшлі з вагона, ён ступіў на перон апошні, адразу адчуў подых вільготнага пругкага ветру.

– Андрэй Мацвеевіч! Добры вечар! З прыездам, – перад ім стаяў высокі плячысты мужчына ў цёмным плашчы. – Пазналі? Раковіч.

– Анатоль Мікалаевіч! Добры вечар! Дзякуй за сустрэчу. Прызнацца, не чакаў... – паціснуў працягнутую руку, нават захацелася абняць земляка, але стрымаўся: яны ўсё-ткі малазнаёмыя.

Мабыць, Раковіч адчуў гэты душэўны парыў госця,  далікатна абняў Сахуту за плечы, павёў да машыны. Вадзіцеля не было, Раковіч сам сеў за руль “Волгі”.

– А памятаеце, Андрэй Мацвеевіч, як выцягваў трактарам ваш “газон”: Вы тады агітбрыгаду прывозілі на адкрыццё клуба...

– Памятаю. Незабыўная была паездка. І вечар такі вясёлы.  Канцэрт. Як ваш бацька маецца?

– За семдзесят пераваліла. На пенсіі. Яшчэ тупае па гаспадарцы. Пчол трымае. А прыязджалі вы... Здаецца, гэта быў шэсцьдзесят першы год. Я скончыў школу. Паступаў у інстытут механізацыі. Заваліў. Бацька адмацюкаў. Пасадзіў на трактар. Вот, кажа, паўкалываеш зіму, вясну, дык захочаш вучыцца. Так яно і было. На другі год паступіў.  І вось ужо трыццаць  прамільгнула...

Андрэй Сахута яскрава ўзгадаў той далёкі восеньскі вечар. Як ехалі ў перапоўненым райкамаўскім “газіку”, ён быў за рулём, як забуксавалі, пайшлі па гразі пехатою, як сустракалі іх вяскоўцы. Потым канцэрт, пачастунак, вясёлыя скокі, асабліва вылучаўся шчаслівы старшыня калгаса Мікалай Раковіч. Згадаў Сахута і незабыўны пацалунак дзяўчыны-камсорга, яе прызнанне,  што першы раз сама цалавала хлопца, свайго начальніка – ён быў тады першым сакратаром райкама камсамола, – ды яшчэ  жанатага.

– Там была ў вас каморгам дзяўчына. Здаецца, Палінаю звалі.Аграномам працавала. Не ведаеце, дзе яна?

– Чаму ж не? Ведаю. Яна цяпер дырэктар школы ў Лабанаўцы.  Не пашчасціла ёй. Летась памёр муж. Гады тры да пенсіі заставалася. Не хварэў. І ў чарку дужа не ўлягаў. Ён быў начальнікам энергасетак. Так сказаць, галоўны электрык раёна. Лёг спаць і не прачнуўся. Інфаркт. А Паліне Максімаўне мінулаю вясной споўнілася пяцьдзесят. Шумна, весела адзначылі залаты юбілей.  І вось засталася адна...

Раковіч апавядаў пра яе дзяцей. Андрэй слухаў няўважліва, у яго адразу мільганула думка, што трэба з ёй сустрэцца... Цікава, якая яна цяпер? Уваччу паўстала цёмнакарая весялуха з пушыстаю тоўстай касой. Увесь вечар ён скакаў з ёй, горача пацалаваў – потым сябе дакараў: хіба можна цалаваць другую, калі маеш жонку, маладую, прыгожую, каханую. Згадаў, як сядзелі за сталом пасля канцэрта, Поля прыціскалася да ягонай нагі гарачым каленам... І вось ужо, як адзначыў Раковіч, прамільгнула тры дзесяцігоддзі. Як ляціць час!

– Месцаў у гасцініцы няма. Пераначуеце ў мяне. На цэмзаводзе збудавалі гасцініцу. Але не давялі да ладу. І завод меліся пусціць сёлета. Мабыць, не ўдасца. Пастаўкі абсталявання зрываюцца. Грошай няма. Акапян, дырэктар завода, ад перажыванняў злёг у бальніцу. Некалі ягоны бацька быў тут першым  сакратаром  райкама партыі...

Назаўтра ў кабінеце Раковіча Сахута знаёміўся са сваім будучым шэфам – дырэктарам лясгаса. Невысокі, шчуплаваты, пад тонкім дзюбаватым носам цямнеліся кароткія вусы.

– Капуцкі Іосіф Францавіч, – падаў вузкую цвёрдую далонь.

Андрэй назваў сябе, шчыра паціснуў дырэктараву руку, быццам гаварыў: хачу, каб у нас былі таварыскія стасункі, я не прыехаў цябе падседжваць, хоць і мясцовае начальства, і вышэйшае – мае сябры і землякі. У круглых цёмных вачах дырэктара убачыў прыхаваную насцярожанасць: чаго прыляцела сюды гэтая сталічная птаха? Ён ведаў пра Сахуту куды болей, чымся Сахута пра яго.

Хітры  Раковіч сказаў, што яму трэба на хвілінку адлучыцца, выйшаў з кабінета, каб калегі-лесаводы знаёміліся без яго. Неўзабаве Сахута ведаў, што Капуцкі родам з Ашмян, прыехаў сюды пасля інстытута, працаваў памочнікам ляснічага, потым падняўся па службовай прыступцы – стаў ляснічым. На гэтай пасадзе адрабіў сем гадоў, затым прызначылі яго галоўным ляснічым, і вось ужо чацвёрты год працуе дырэктарам лясгаса.

– А я пасля тэхнікума пачаў свой жыццёвы шлях памочнікам ляснічага ў Лясковічах. Месяцы тры адпрацаваў – узялі ў армію. Вярнуўся са службы. Можа, з паўгода адрабіў, абралі сакратаром райкама камсамола. А потым – абкам камсамола, ЦК, у Мінску – райвыканкам, райкам, абкам... Ну, а тут вядомыя вам падзеі. І застаўся я пры сваіх...

– Ну, я чуў пра вас. Нічога, неяк ўсё ўтрасецца. Лес шуміць... Працы нам хопіць, – разважліва сказаў Капуцкі.

Знешне Капуцкі быў вельмі спакойны, але ў ягонай галаве мітусіўся рой думак. З аднаго боку яго задавальняў такі паварот падзей: будзе новы галоўны ляснічы, прафесійна чалавек адсталы, але жыццёвы вопыт мае, сувязі ў вобласці і ў сталіцы таксама мае. Дырэктарам яго пакуль што не паставяць, дый ці захоча ён тут асесці? Кар’еру лясную рабіць яму пазнавата – пераваліў за паўсотню. А вось яму, Іосіфу Капуцкаму, самы час уцячы адсюль, з радыяцыйнай зоны. Лясгас лічыцца адным з перадавых у вобласці, за год. Сахута абкатаецца тут,  а ён будзе рыхтаваць сабе глебу. А раптам жонка Сахуты ўпрэцца? Пэўна, ёй не захочацца са сталіцы ехаць сюды. А мо дзеці выпхнуць, ім заўсёды мала месца.

Пытанняў у галаве Капуцкага было болей, чымся адказаў. І таму ён  далікатна распытаў пра сям’ю, пра жонку. Тое, што ёй усяго два гады да пенсіі, што яна тут некалі працавала, што яны тут пазнаёміліся, пабраліся шлюбам – абнадзейвала.

– Гэта ж вы родам з Хатынічаў?

– Так, мая старэйшая сястра жыве там і зараз. У адселенай вёсцы. Хачу пад’ехаць да яе. Можа, Раковіч дасць машыну.

– Можна сёння з’ездзіць. У мяне ёсць транспарт. І ў лясніцтва заскочым. Там памочнік выконвае абавязкі ляснічага. Малады хлопец. Яшчэ халасцяк. Уцякаць хоча ад радыяцыі. Ляснічы вырваўся, як птушка з клеткі. Двое малых дзяцей. Грэх трымаць было.

Андрэй слухаў і раптам яго апякла думка: а што калі пачаць працу з лясніцтва? Раз ёсць вакансія. Там некалі  пачынаў. Марына блізка жыве... Ада, канешне, будзе супраць. Затое не трэба вяртацца ў абрыдлы горад, бачыць спачувальныя позіркі, чакаць званкоў.  Прасіць у жонкі грошай нават на піва...

– А ведаеце, Іосіф Францавіч, у мяне крамольная думка паявілася. А можа, уладкавацца пакуль што ляснічым? Раз ёсць вакансія.

– Выдатная мысля! Да першага снежня яшчэ болей як два месяцы. А чакаць і даганяць – кепская справа. Зараз едзем у лясгас. Напішаце заяву і катанём на агледзіны.

Увайшоў Раковіч.

– Прабачце, мужыкі, я з намеснікам вырашаў адну справу. Затрымаўся. Вы трохі пазнаёміліся?

– Мы хораша пагаманілі. З сённяшняга дня Андрэй Мацвеевіч заступае на працу, – з непрыхаванай радасцю паведаміў Капуцкі, маўляў,  во,  які  я дыпламат.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю