Текст книги "Палыновы вецер"
Автор книги: Леанід Левановіч
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 15 (всего у книги 19 страниц)
Міжволі думаецца: рэкі крыві, мільёны жыццяў пакладзены для стварэння, а потым умацавання СССР – і вось яго няма. Трагедыя мільёнаў мёртвых і мільёнаў жывых. Вядома, рэпрэсаваныя так не лічаць. Каму ўдалося выжыць, тыя радуюцца. Развал Саюза – эпахальная падзея, сэнс якой мы яшчэ не ўсведамляем. Толькі б не ўсчалася грамадзянская вайна.
11 снежня. Серада. Накупляў газет, цалюткі жмут. Вось якія загалоўкі:
“Распад или новый Союз?”. “Горбачев бросает вызов славянскому Союзу”, “Нас поселили в нашей стране. Да…Нет… Может быть…” А што з гэтага можа быць, пакуль што ніхто не ведае. Гарбачоў застаўся без улады. Яго выкарысталі і выплюнулі… “Известия” друкуюць здымак С. Шушкевіча: разумны твар, фотагенічны рот “коробочкой”. Газета цытуе яго словы: для іншых саюзных рэспублік “нет никаких препятсвтвий для вхождения в новый союз” .Сітуацыя складаная. Гэта мірны ГКЧП. Галоўнае, што будзе дплей?
На дварэ даволі цёпла, мяккі, пульхны снег. Лагодная зіма. На пачатку яна пасатршыла, прыціснула марозікам, але хутка стамілася. Адступіла. Дай Божа лёгкую зіму для ўсяго жывога.
13 снежня. Пятніца. Заснуў дужа позна, хоць меркавалі з Евай легчы адразу пасля праграмы “Время”. Але потым выступаў Уладзімір Максімаў, вядомы дысідэнт, рэдактар часопіса “Континент”. Вельмі разумны чалавек.і вось пра што ён сказаў: сучасныя падзеі – гэта агонія Расіі. Узровень Вярхоўнага Савета – раённы. Галоўны клопат прламентарыяў – трапіць у камеру, мільгануць на экране. Каб выбаршчыкі заўважылі іхнюю актыўнасць. Дэпутаты не ўмеюць гаварыць, хоць усё жыццё зарабляюць хлеб языком. Дарэчы. Сам Максімаў гаварыў выдатна: дакладнасць фармулёвак. Лагічнасць. Ні паўтораў, ні слоў-паразітаў. Сядзеў за сталом і адказваў на пытанні залы. А пытанняў было шмат. І самых розных. Напрклад, чаму некаторыя дэпутаты гэтак не любяць славутых пісьменнікаў: Распуціна, Бондарава,Бялова? Чаму на вуліцах гарадоў свабодна прадаецца парнаграфія? Чаму міліцыянер не мае права страляць ва ўброенага злачынцу?
Уладзімір Максімаў выкаказаўся па ўсіх пытаннях Некалькі разоў паўтарыў: у Расіі няма сяброў на Захадзе. Не трэба капіраваць чужы шлях, што расіяне – малады народ, водзіць убакі ад маладосці. А можа, ад п'янкі падумалася мне. Урэзалася фраза Максімава: перад намі – бездань, яна ўцягвае туды Еўропу, што падачкамі Еўропа не выратуе Расію. Патрэбны высілкі самога народа, прапанваў адрадзіць тэорыю “малых дел”.
Я таксама не збіраюся сядзець склаўшы рукі. Змагаюся на службе за высокі ўраджай. Прабіваю мінітрактар. Нарэшце дазваніўся да генеральнага дырэктара завода, прадставіўся афіцыйна, сказаў, што хачу параіцца па некаторых творчых пытаннях. Мяркуем выдаць кнігу пра іхні завод.Ён выслухаў, сказаў, што зараз вельмі заняты, запісаў мае каардынаты: “Я пазваню вам”. Я застаўся задаволены размовай. А Клімчук скептычна ўсміхнуўся: “Ой, доўга ты будзеш чакаць ягонага званка”. Пабачым. Паабяцаў жа чалавек. Афіцыйныя людзі павінны трымаць слова.
15 снежня. Нядзеля. Які светлы ранак! Неба быццам вымытае учарашнім снежаньскім дажджом. Мароз падсушыў за ноч зямлю, тое ж самае неба прыцерушыла снегам лясныя сцежкі, па якіх я са смакам збегаў на зарадаку. У гэтым плане мая кватэра вельмі зручная: выбег за кальцавую дарогу – поле, трохі далей лес. Падкіне болей снегу – якая там прастора для лыжных прагулак! Шкада, Ева нядужа вялікая ахвотніца да катання на лыжах. Затое на Камароўскі рынак сёння зацягнула. Праўда, я не надта ўпіраўся: Новы год на носе, трэба таго-сяго прыкупіць. Есці і піць трэба пры любой уладзе.
Даўно не быў на базары. Узрадавала, што ўсяго там хапае. Але засмуцілі цэны – ой, кусаюцца! Купілі свежага сала, пару кілаграмаў цяляціны, нават далікатзсу ўзялі – языка ялавічыны, а на халадзец – галёнку. Магчыма, прыедзе пад Новы год Андрэй, дык пасядзім, пагамонім.
Ужо тыдзень пражылі ў Садружнасці Незалежных дзяржаў. Асабліва нічога не змянілася. Мацнее надзея, што стане Беларусь сапраўднай еўрапейсай дзяржавай. Штодня бачу са свайго кабінета бел-чырвона-белы сцяг над будынкам Дома ўраду. Гэта радуе і натхняе.
Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету, 1991 г.
6 снежня, Вільнюс. У Літве пачалася лібералізацыя цэн. Гэта першы этап рэформы, завершыць якую ўвядзенне ўласнай валюты. 10 снежня. Мінск. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных дзяржаў. За ратыфікацыю прагаласавалі 263 дэпутаты. Супраць – 1. 2 – устрымаліся.
11 снежня. Брусель. У штаб-кватэры НАТО не выключаюць узнікнення новай вайны ў Еўропе, прычынай якойможа стаць пагаршэнне абстаноўкі ў былм СССР, Югаславіі.
15 снежня. Каір. У егіпецкі горад Марха-Маірух, які знаходзіцца на міжземным марскім збярэжжы краіны, прыблі 23 саудаўскія шэйхі – аматары сакалінага палявання.
ХVІ
Косця Варонін напісаў ліст у рэдакцыю абласной газеты, адаслаў і адразу пачаў чакаць карэспандэнта. Той прыедзе і дапаможа выкараскацца з ямы, у якую загнала яго жыццё. Сябе ён мала вінаваціў. Нуй, праўда, хіба ён вінаваты, што бацька вымушаны быў служыць немцам? Яму, Косціку, тады было два гады. Сын за бацьку не адказвае. Хіба ён не хацеў дзіцёнка? І жонка Аксеня гэтага вельмі хацела, але Бог не даў ім гэткага шчасця. І не па сваёй ахвоце ён кінуў брыгадзірскую пасаду – яго звольнілі за п’янку. Дык хіба ён адзін піў? Колькі ён выжлукціў гарэлкі разам з Данілам Баханьковым! Дык Даніла і зараз у сваім дырэктарскім крэсле, а Косцю звольніў менавіта ён.
А потым гэтае паляванне. Хіба ж Косця вінаваты, што іх накрыла інспекцыя? Што хаўруснікі спіхнулі ўсю віну на яго, абяцаючы супольна выплаціць штраф. А цяпер умылі рукі, адхінуліся ад яго. Злосць, крыўда і нянавісць раз’ядалі Косцеву душу, быццам ракавыя метастазы. І найбольшая крыўда была на Івана Сырадоева, і нянавісць выспявала найперш да яго. З маленства памятаў, як Сырадоеў заходзіў да іх у форменным, колеру балотнай жабы шынялі і такога ж колеру фуражцы, крычаў на матку: чаму не плаціш падаткі, страхоўку, самаабкладанне, пазыку? Нянавісць набухала, як цеста ў дзежцы, калі згадваў, як распякаў яго, Косцю, старшыня сельсавета Іван Сырадоеў на партыйных сходах за п’янку.
І выходзіла, што галоўны віноўнік Косцевага няшчасця, гэта ён – старшыня сельсавета Іван Сырадоеў, хай сабе ўжо былы, але ж віну за няўдалае паляванне, ці, як усе гавораць, за браканьерства, узяць на сябе ўгаварыў менавіта ён, абяцаючы выплаціць штаф. А цяпер ад сваіх слоў адмаўляецца: мая хата з краю, нічога не знаю.
Лютая нянавісць успыхнула пасля таго, як Сырадоеў і Бравусаў пабілі Косцю, пужалі, каб пра іх нідзе не ўспамінаў, каб нікому не жаліўся. І ў Косцевай душы выспявала помста.
На працу Косця не заходзіў, дый работы асаблівай не было: поле ляжала пад снегам, рамонт тэхнікі не пачыналі, бо не прывезлі запчастак. Зрэдку ён паяўляўся ў гаражы, змрочны, як здань. Хлопцы чапляліся: “Косця, што ты надзьмуты, як мыш на крупы? Чаму маўчыш, як жабоцьку праглынуў? Лася шкадуеш? Дык іх у лесе багата. На днях рагач прыходзіў да стога сена...”
Косця зацята агрызаўся, брудна мацюкаўся, былыя сябрукі-выпівохі ўсё радзей загаворвалі з ім. Вярнуўшыся з гаража, Косця ўскідваў на плячо стрэльбу, у кішэню акрайчык хлеба і кіраваўся ў лес. Вяртаўся прыцемкамі, без трафеяў. Аднойчы памкнуўся быў стрэліць у вялізную жаўну – чорнага дзятла, але рука са стрэльбаю сама апусцілася: навошта? Чорны дзяцел не вінаваты, што ў Косці чорныя думкі на душы. Жаўна моўчкі сноўдала па ствале тоўстай сасны, па яе рубчастай, заскарузла-шэрай кары. Вышэй кара святлела, рабілася медна-жоўтай. Мусіць, у рубцах кары жаўна знаходзіла сабе нейкі наедак. Косця ўзгадаў, што бачыў жаўну, калі пад гэтай вялізнай сасною стаяў з Андрэем Сахутам. І пярэсты дзятлік тады таксама малаціў па сухастойцы.
Штодня Косця чакаў карэспандэнта ці нейкай весткі з рэдакцыі. Сахута адбаярыўся парадаю, сам пайшоў на павышэнне. Свой свайго цягне ўгору. Косця прыслухаўся да дзятлавага пошчаку – той малаціў дзюбаю, аж рэха кацілася па лесе. Іншых гукаў не было чуваць. Змрочны, насуплены, прыцярушаны снегам, лес быццам драмаў і чакаў Новага года. Пасля яго сонца пачне хадзіць вышэй, снегавыя падушкі з галінак зваляцца, лес уздыхне вальней, устрапянецца і будзе чакаць вясны.
Косцю Вароніну Новы год не абяцаў нічога добрага. Судовы выканаўца прыедзе з участковым, апішуць маёмасць, забяруць карову. Аксеня будзе галасіць на ўсю вёску. А што рабіць Косцю? З сякераю ці са стрэльбаю бараніць свой набытак? А дзеля каго? Дзяцей няма. Каханне да Ксені даўно развеялася, як дым. Не, у турму Косцю не хацелася. Але і жыць таксама не было жадання. Душа не мела свабоды і волі. Мацней за ўсё было ў ім жаданне адпомсціць, а там, што будзе, тое і будзе. Адзін патрон ён пакіне для сябе...
Блукаючы па лесе, Косця выношваў план помсты. Дзе можна перастрэць Сырадоева? Куды ён ходзіць? Дзе бывае? От, каб ён выправіўся ў лес, але адзін ён не ходзіць. Падпільнаваць, калі будзе ісці па вёсцы. Людзі ўбачаць. Гэтага не баяўся, адно, каб не перашкодзілі здзейсніць задуманае. Ён павінен адпомсціць. А там – Бог-бацька... Пра бога Косця думаў рэдка. Царквы ў Хатынічах не было. Пры Хрушчове зачынілі храм у Саковічах, але разбурыць магутную камяніцу не хапіла духу ў мясцовых ваяўнічых атэістаў. Затое драўляную царкву ў Белай Гары разабралі на дровы для клуба і фермы. Пасля Чарнобылю старэйшы люд пацягнуўся да Бога. Шукаючы падтрымкі і надзеі на збаўленне ад нечысці. Пачалі гаварыць, што Чарнобыль – гэта боскае пакаранне за грахі. Па тэлевізары Косця на свае вочы бачыў, як стаялі са свечкамі ў руках былыя партыйныя босы і яму карцела плюнуць на экран.
Сын паліцэйскага, былы лепшы механізатар раёна, перадавік-брыгадзір, былы камуніст Косця Варонін не любіў двурушнікаў, пярэваратняў, падманшчыкаў. Менавіта падман Івана Сырадоева і Сямёна Чукілы злаваў яго асабліва. Вы ж кляліся, бажыліся, што паможаце выплаціць штраф. А цяпер пакінулі яго аднаго. І таму Косця ўсё больш пераконваў сябе, што мае права на помсту. Мае права пакараць здрадніках і хлусаў Бацька ягоны служыў немцам, дык і паехаў з імі, не перакінуўся да партызанаў, не кляўся бальшавікам у верна сці. Апошнім часам Косця ўсё часцей згадваў бацьку. Можа таму, што Ніна , родная Косцева сястра, раіла яму напісаць бацьку пра сваю бяду, папрасіць дапамогі. А Косцю было сорамна, бо зімою Ніна сказала: “Давай напішам бацьку пісьмо разам. Павіншуем з юбілеем. Яму семдзесят гадоў”. – “Напішы сама. І ад мяне перадай прывітанне”, – адмахнуўся Косця. Цяпер ён дакараў сябе, што не паслухаўся сястры, што раней ні разу не напісаў бацьку ліста. А Ніна віншавала яго штогод . І атрымлівала лісты, у якіх бацька перадаваў паклоны і Косцю, і Данілу.
Лісты гэтыя Ніна хавала, бо Даніла не ўхваляў ейную перапіску з бацькам-паліцаем, бо яго за гэта могуць выклікаць у райкам партыі. Косця райкама не баяўся, але так ні разу і не напісаў бацьку. Таму цяпер прасіць у старога дапамогі было сорамна: раней не азваўся ні разу, а як смажаны певень дзеўбануў у задніцу, дык і бацьку ўспомніў. У таго свая сям'я, дзеці, унукі, можа, сам чакае ад іх падачкі.
Так і не напісаў Косця ў далёкую Аргенціну. А Ніна ліст адаслала. У якім паведаміла ўсю праўду пра Косцю і папрасіла бацьку, калі зможа, дапамагчы. Косця пра гэта не ведаў і помачы з-за мяжы не чакаў. А вось на карэспандэнта з вобласці спадзяваўся, да паўдня стараўся быць дома, аціраўся ў гаражы. І не піў з раніцы, не пахмяляўся.
Можа таму, што часцей думаў пра бацьку, ён пачаў сніца, чаго раней нтколі не было. Аднойчы прыснілася: бацька і ён косяць дзялку, якую выдзелілі на “працэнты”. Спачатку ўзяліся адтаптаць мяжу ад суседзяў Уторкнулі высокія лазовыя віткі, завязаўшы вецце кучомкаю. “Стой, трымай вітку, каб вецер не зваліў, а я след прайду”, – сказаў бацька. Быў ён у белай кашулі ў сінія палоскі, у палінялых джынсах, запраўленых у высокія боты, падобныя на нашы кірзачы. На галаве – саламяны брыль з шырокімі палямі, як самбрэра ў каўбояў. Бацька зайшоў з другога канца дзялкі, уткнуў гэткую ж высокую вітку і павольна, кароткімі крокамі ішоў насустрач Косцю – таптаў мяжу-след. Іхнняя дзялка ўпіралася ў купчасты лазовы куст, за ім была парослая асакою шырокая лужына.
Калі бацька наблізіўся да Косці, з-за куста выйшаў Іван Сырадоеў. У руках ён трымаў скручаны трубачкаю школьны сшытак, за вухам тырчаў чырвоны аловак. Быў Сырадоеў у клятчастай кашулі, на галаве выгарэлая ад сонца кепка, насунутая на лоб.
– Дзень добры, Іван Ягоравіч! – здаля павітаўся бацька.
– Здароў, Сцяпан Восіпавіч! З прыездам цябе! У адведкі ці насаўсім?
– У адведкі. Во, памагу накасіць сена, дый паеду. Прабач, Ягоравіч, але ёсць пытанне… Што ты крыўдзіш маю жонку? Паласу адвёў з кустоўем. Ты, калі ласка, стаўся да Просі і да Косці па-добраму, па-людску.
– Паласу надбавілі ўшыркі. Камісія ўлічыла куст і лужу. Так што, Восіавіч, ты дарэмна кажаш пра нейкую крыўду. Ты лепш раскажы, як табе жывецца там, у Амерыцы?
– Ого, братка, ета доўгая песня. Жыццё і ў Амерыцы няпростае і нялёгкае. Праўду людзі кажуць: добра там, дзе нас няма. Я жыву ў Аргенціне. Ета Паўднёвая амерыка. Злучаныя Штаты ад нас вельмі далёка.
– Неяк фільм гладзеў пра Аргенціну. Вялізныя статкі жывёлы. Пастухі на конях. У такіх брылях шырокіх, як у цябе, Восіпавіч.
– Так, у нас прасторы велізарныя. Пампа. Ета стэпы нашы так называюцца. Сена там не косяць. Жывёла пасецца круглы год. Каля вялікіх гарадоў цяпер, бывае, і сена косяць. Выпасу паменела.
Косця слухаў і радаваўся, што бацька і мясцовы начальнік Сырадоеў гутараць прыязна, па-суседску, што між імі няма ніякай варажнечы. На развітанне Сырадоеў сказаў:
– Тут во каля куста асака пракідаецца. Каровы маладую асаку ядуць ахвотна. Толькі троху солі трэба пасыпаць. Ну, калі будзеце складваць на сенавал. Ты, Сцяпане, можа, пра ета і забыўся, а Косця павінен ведаць. Дый Прося ета ведае.
Сырадоеў, як з'явіўся нечакана, так і знік раптам за кустам. А Вароніны ўзяліся касіць. Бацька ішоў паперадзе, быцццам паказваў сыну, як трэбна шчытна, нізка выкошваць сваю дзялку – працэнты ўсе выгрызалі дужа старанна, кожную купіну абкошвалі пад нулёўку. Косця махаў касою і душа яго радавалася, што прыехаў бацька, што косяць разам, удвух. Яму ад радасці ажно хацелася плакаць. А яшчэ карцела напіцца вады, бо дужа смажыла ў роце. Яны ўжо дакашвалі паласу, калі прыйшлі Аксеня і Прося. На Аксенні бялелася тонкая хустка-касынка, а маці была ў чорнай хусце, завязанай нізка, па самыя вочы. Косцю гэтп моцна ўразіла, ён хацеў спытаць, чаму маці як у жалобе, але не паспеў – прачнуўся. Вочы яго былі вільготныя..
У галаве нейкі туман, не адразу ўцяміў, што галава баліць пасля ўчарашняга: увечары адзін выпіў дзве пляшкі чарніла – пладовага віна. Пра гэта віно Ксеня казала:?Етым віном толькі заборы фарбаваць. А ты жлукціш бутэлькамі. Таму рукі ўжо калоцяцца, як у злодзея, што курэй пакраў”. І той добры настрой, з якім касіў з бацькам сена, хутка знік, і прыйшло гнятлівае разуменне, што яму няма чым сплаціць штраф. І жыць яму, Косцю Варонтну, зусім не хочацца, адно жаданне – адпомсціць сваім крыўднікам. І яго раптам апякло: чаму матка прыйшла на луг у чорнай хусце? Можа, з бацькам што здарылася? А можа, прадчувае яго, Косцеву смерць? Ён сцішана ляжаў у ложку і адчуваў, як мацнее жаданне завыць па-воўчы ад гэтага жыцця.
А праз тры начы прысніўся іншы сон. Нібыта ён, Косця, выбраўся ў Аргенціну, прыляцеў у Буэнас-Айрэс, а яго ніхто не сустракае. Ён глядзеў на ўсе вочы, углядаўся ў людзей, якія выходзілі з шыкоўных рознакаляровых машын, але чалавека, падобнага на бацьку не было. І ніхто не падыхлдзіў да Косці. У школе ён вучыў нямецкую мову, памятаў з дзесятак слоў, але ж у Аргенціне людзі гавораць па-іспанску. У маладыя гады Косця любіў чытаць. Шукаў у Хатыніцкай бібліятэцы кніжкі пра Аргенціну, але не знаходзіў. Не было такіх кніг і ў бібліятэцы вайсковай часці, у якой ён служыў, затое меліся кнігі пра Кубу, пра Эрнеста чэ Гевару, некалькі іспанкіх слоў Косця запомніў: “Буэнас дыяс, кампаньера!” – “Добры дзень, таварыш”, запомніў назву грошай – песа, шыракаполы капялюш – самбрэра, палюбіў песню “Бэсаме муча..”, у якой гаварылася: цалуй мяне моцна, нібы цалуеш апошні раз.
Дык вось, без слова ў роце і без капейчыны ў кішэні, як некалі ягоны бацька, Косця апынуўся ў далёкім, чужым горадзе. І ніхто яго не сустрэў. Чакаў ён чакаў, урэшце набраўся смеласці, звярнуўся да палісмена, маладога вусатага, але назваў яго не таваршыам, а сеньёрам, паказаў адрас, які напісала яму Ніна лацінскімім літарамі. Косця дадаў па-нямецку, што па гэтым адрасе жыве “майн фатзр”. “Фатэр? Гут, гут”,– зразумеў Косцю паліцыянт, тыцнуў рукою ў белай пальчатцы на чараду машын.
– Таксо! Немен зі таксо! Окей! – казырнуў і адышоўся ад Косці. У яго быў свій клопат – сачыць за парадкам.
Таксі – гэта добра. Але ж грошай няма. Зршты, даедзем да месца. Бацька заплаціць, вырашыў Косця. І вось шыкоўная белая машына, з адкрытым верхам.. – такую Косця бачыў адно ў замежных фільмах, імчыць па шырокіх вуліцах. Вакол таўшчэразныя пальмы, высозныя дамы. Падкацілі да прыгожага катэджа, таксіст нешта сказаў па-іспанску.
– Айн мамент! – Косця выкуліўся з машыны, пакінуўшы чамадан, каб вадзіцель не сумняваўся: кліент вернецца.
Прыгожая металічная брама. На ёй было напісана лацінскімі літарамі: Стэфан Варонін. Справа чырванелася кнопка званка. Косця націснуў кнопку раз, другі, трэці, але ніхто не выходзіў. Ён азірнуўся і ўбачыў, што па вуліцы імкліва набліжаецца статак кароў ці то быкоў. Таксіст нешта крычаў яму, але Косця стаяў, як у здранцвенні: ногі не слухаліся яго, быццам прыраслі да асфальту. За статкам ён згледзеў Сырадоева і Бравусава, адзін у цёмна-зялёнай фінагентаўскай фуражцы, другі – у чырвонай міліцэйскай. Абое з бізунамі ў руках. Косця ўбачыў. што да яго імчыць вялізны раз'ятраны бык. Ён ірвануўся з усіх сіл і пераскочыў цераз агароджу. Але зачапіўся калашыною за востры, як дзіда, штыр, распаласаваў штаны, падрапаў калена. Да таго ж, упаў Косця на клумбу, дзе расллі нейкія калючыя кветкі, мусіць, ружы. Косця да крыві падрапаў рукі. Вылаяўся ад злосці і роспачы. Таксіст гучна засігналіў. Косця… прачнуўся.
Ляжаў у цішы. Чуючы, як тахкае за грудзінаю сэрца. Увушшу нібы засеў рэзкі гук клаксона. У роце ўсё сасмягла. Басанож пратэпаў на кухню, засіліў карэц вады, прагна выпіў. Калі зноў умасціўся на ложку, падала голас Аксеня:
– Не спіш, Косця? Нешта ты крычаў у сне. Стагнаў, мацюкаўся.
Косця прыўзняўся на ложку і расказаў жонцы ўбачаны сон. Яна выслухала, пазяхнула, прамовіла:
– Каб жа не твая глотка лужоная… Сабралі б грошай. Мог бы з'ездзіць. А то і ў дваіх бы … Цяпер жа можна. Не трэба ніякіх там харакатарыстык. Плаці грошы, афармляй візу ці купляй турыстычную пуцёўку і едзь. Хоць бы свет пабачылі. Як людзі жывуць. Дык жа свету белага не бачыш праз гарэлку.
– Ксеня, ну ты ж сама разумееш… Не ва ўсім я вінаваты. Так у нас жыццё склалася… А з паляваннем падвялі. Падманулі. Ну, не лезці ж мне жывым у магілу.
– Косця, мілы. Я пра ета не кажу. Не бяры так усё да галавы.
Аксеня паднялася, пратэпала па хаце, лягла з ім побач.Яе вельмі ўразілі словы: “ Не лезці ж мне жывым у магілу”. Яна прасунула цёплую руку пад Косцеву галаву, прыхінулся ўсім целам. Косця адчуў знаёмы і родны пах жончыных валасоў, грудзей, пачаў асцярожна гладзіць, чуючы заскарузлай даланёю мяккасць і гладкасць скуры вышэй каленяў. Рука саўганулася яшчэ вышэй, пяшчтна дакрнулася да тугога круглага жывата, у якім так і не змагло зарадзіцца новае жыццё.
Жонка прыхінулася шчыльней, цмокнула яго ў шчаку. Косця адчуў даўно нязведаную хвалю пяшчоты да Аксені, вельмі захацелася блізкасці. Але ягоны дзетародны член не зварухнуўся. Не падняў галаву, быццам не мог прачнуцца. Тады Крсця пачаў горача, прагна цалаваць жонку з надзеяй разбудзіць Яго. Але гэта не ўдалося. Шурпатыя жончыны рукі, спрацаваныя рукі даяркі, слізганулі ў трусы – і Аксеня спрабавала пабудзіць Яго, вярнуць былую сілу… Але і ёй гэта не ўдалося. Аксеня сумна ўздыхнула:
– Адпіў ты. Косцічак, сваю мужчынскую стлу.
– Гэта не ад п'янкі.
– А ад чаго ж?
– Ад працы цяжкой. Ад харчу слабога. З малых гадоў укалываў. То на плугах, то на трактары, то на камбайне. З цёмнанга да цёмнага. А бывала і ноччу араў. Без выхадных. Без водпуску.
– Хіба іншыя трактарысты меней працавалі7 Усім хапала.
– Былі ў мяне тры шчаслівыя гады. Ну, калі ў арміі служыў. Адна была бяда. Вельмі да дзевак хацелася, – усміхнуўся Косця. – І з табой першыя гады… Асабліва першы, мядовы. Ты сама казала: у нас не месяц, а цэлы год мядовы. А потым пачалі бедаваць, што няма ў нас дзіцёнка.
– Праўда, Косцічак. Я ўсё помню. Успаміны пра першы наш год грэюць мяне усю жысць. Ну, не пражывай. Неяк жа выберамся з етай ямы. Яшчэ ж не страыя. Будзем жыць. Каторы ж ета час? – Аксеня пстрыкнула выключальнікам, пад столлю ўспыхнула яркая лямпачка без абажура. – Тры гадзіны. Яшчэ рана. Сянні субота. Можна троху пазней паспаць.
І яна неўзабаве заснулаа А Косця так і пракачаўся да раніцы. Цяжкія думкі варочаліся ў галаве, нібы камяні жорнаў. Да ранейшых горкіх думак, дадалася новая балячка: не змог прылашчыць жонку. Няўжо ўсё? Скончыўся мужык Косця Варонін. Цяпер яго месца ў ложку заняў імпатэнт. Як у тым старым анекдоце, калі жонка скардзілася парторгу, што муж з ёй не спіць, завёў палюбоўніцу, а муж апраўдваўся, шо ён – імпатэнт. “Ты перш-наперш – камуніст”, – даводзіў парторг. Гэты жарт некалі расказаў пасля партсходу Іван Сырадоеў. Тады ўсе рагаталі. І Косця гучна смяяўся.
Як усё памянялася! І парторгаў няма, і Савецкага Саюза няма. А для Косці жыццё лепшым не стала, а наадварот – зрабілася невыносным. І з кожным днём усё горай і горай. А ў яго ж было шмат радасці з Аксеняй. Яны не асцерагаліся непажаданай цяжарнасці – для іх цяжарнасць была жаданай. Не ведаў Косця прэзерватываў,Аксеня не рабіла абортаў. Яны жылі, як хацелі, і колькі хацелася… Цяпер ён здатны адно на пацалункі. Вось табе і “Бэсаме муча..” Не ведаў Косця. што гэтай ноччу цалаваў жонку апошні раз.
Па абедзе ён выбраўся ў краму. Каля яе тоўпіліся падвяселеныя мужчыны. Быў між іх і Сырадоеў, таксама расчырванелы, ён пра нешта апавядаў, размахваючы рукамі. Мужчыны слухалі, рагаталі. Злосць і нянавісць з новай сілай успыхнулі ў Косцевай душы, ажно ўваччу пацямнела. Адчуў, як мацней затахкала сэрца, рукі сутаргава сціскаліся ў кулакі. Косця даў “дзеньдобры”, прайшоў міма. “Прыхапі фауста і на нашу долю, Косця!” – крыкнуў нехта.
Косця купіў два боханы хлеба, пляшку віна і хуценька выкуліўся з крамы. Мужчыны зноў нешта крычалі яму, але ён не азірнуўся, нібыта і не чуў. У яго білася адна думка: “Ты сянні ў мяне парагочаш! Толькі б паспець. Толькі б ніхто не перашкодзіў...”
Дома Косця паклаў боханы на стол, як і нёс у чырвонай сетцы, адкаркаваў віно, каўтнуў некалькі глыткоў, потым ускінуў на плечы двухстволку, паверх кухвайкі ўсцягнуў цёмны плашч, каб схаваць стрэльбу. У кішэню ўкінуў чатыры набоі, кулявыя, як на лася, у другую запхнуў недапітую пляшку, і па загуменні рушыў да крамы. Драўляны будынак яе стаяў нібы на раздарожжы: з левага боку вяла ў краму вуліца, а дакладней, дарога з райцэнтра, паабапал якой стаялі хаты. Вясковая вуліца, нібы перпендыкуляр, упіралася амаль што ў дзверы, а праваруч бегла дарога на Саковічы. Метраў за сто ад крамы бялеўся цагляны будан на аўтобусным прыпынку. Паабапал Саковіцкага гасцінца стаялі старыя тоўстыя вербы, за адной з іх і схаваўся Косця.
У снежні цямнее рана, асабліва калі неба хмарнае, шэрае, тады нават удзень усё вакол шэрае – і дрэвы, і хаты, і дарога. Ля крамы яшчэ чулася гучная, вясёлая гамана, вокны яе ярка свяціліся. Косця прыгнуўшыся, крадком, падбег бліжэй, бо Сырадоеў мог пайсці і па вуліцы, якая ўпіралася ў будынак крамы, а потым павярнуць направа да свайго дома – вялікай новай пяцісценкі. Гэты шлях далейшы, чым па гасцінцы паўз аўтобусны прыпынак.
Сутонне гусцела, як гусцее малако, калі скісае ці збягаецца на агні, але мужчыны яшчэ стаялі. Зырка ўспыхвалі іхнія папяросы – цыгарэтаў у краме на той час не было, таму ўсё дымілі альбо “Беламорам”, альбо сваім самасадам. Гамана радзела, зніклі зыркія кропкі-светлякі папяросаў. Мусіць, самыя зацятыя выпівохі пайшлі дабіраць да кандыцыі, а старэйшыя, меней стойкія, разыходзіліся па хатах. Косця выцягнуў з-пад плашча двухстволку, заклаў набоі, два запасныя муляліся ў кішэні кухвайкі.
Вакол было ціха, адно шумеў пругкі халодны вецер у бязлістых кронах вербаў. Браўся марозік. Ад парываў калючага ветру Косцю засцерагаў тоўсты шурпаты камель дрэва. Раптам ён пачуў крокі, рыпенне снегу. Ад крамы сунуліся тры постаці. Сэрца ёкнула: нават калі між іх Ён, ягоны крыўднік, нічога не атрымаецца, бо можна параніць нявіннага. Мужчыны развіталіся. Двое павярнулі налева, адна постаць сунулася да аўтобуснага прыпынку. Косця наструніўся з галавы да ног: не памыліцца, пераканацца, што гэта Ён.
Постаць набліжалася. Ішоў чалавек нетаропка, накульгваючы. Значыць, Ён! У апошнія гады Іван Сырадоеў пачаў трохі кульгаць, бо шмат давялося пахадзіць па вёсках былому фінагенту. Косця падрыхтаваў стрэльбу, саўгануў наперад шурпаты язычок засцерагальніка. Напружыўся ўвесь, бы струна напятая. Пра сябе, што будзе з ім пасля стрэлу, не думаў. Галоўнае – адпомсціць крыўдніку. Праз хмары выбіўся краёк месяца, а потым вылузнулася ва ўсёй першароднай красе жаўтлява-белая поўня. Пры святле месяца Косця пераканаўся – гэта Сырадоеў. Пачуў, як шуміць, пульсуе ў скронях кроў, мацней прыхінуўся да вярбы, каб яго загадзя не згледзеў крыўднік. Сырадоеў прамінуў вярбу, тады нечакана пачуў:
– Іван Ягоравіч! Пачакай, – нягучна прамовіў Косця і сам не пазнаў свайго голасу. І падалося яму, што крыкнуў на ўсю вёску.
Сырадоеў рэзка, спалохана павярнуўся, памкнуўся быў схавацца за дрэва, але Косця апярэдзіў – бабахнуў стрэл, за ім другі.
– Вось табе за лася. За падман. За ўсё астатняе. Мой прысуд!
Сырадоеў, мабыць, ужо не пачуў гэтых слоў. Ён скурчыўся, застагнаў і асеў долу.
Косця кінуўся бегчы, пятляючы, нібы заяц, між дрэў. Азірнуўся – на аўтобусным прыпынку і на дарозе нікога не было. Ён выбег на сцежку, якая праставала праз сад на Хатыніцкі бальшак. Бег, пакуль не пачаў задыхацца. Звярнуў у сад, стары, яшчэ панскі, сям-там раслі і маладыя дрэўцы. Косця прыхінуўся плячамі да старой крывой яблыні. У святле поўні ейны голы ствол здаваўся матава-белым, як валавяны. Аддыхаўся, супакоіўся, выцягнуў пляшку віна – узрадаваўся, што не згубілася. Дрыжачай рукою адкаркаваў, паднёс да вуснаў. Сяк-так прыладзіўся, каўтнуў раз, другі. Перадыхнуў, агледзеўся – нідзе нікога, прыслухаўся – ні гуку. Дапіў віно. Шпурнуў пустую бутэльку, яна ўпала тарчком. У месячным святле шкляное горлачка паблісквала, як руля стрэльбы.
У Косцевай душы пачыналася бура. Куды бегчы? Можа, павярнуць дамоў? Ніхто не бачыў, як ён страляў. А раптам Сырадоеў выжыве, выдасць яго. Дык усе і так зразумеюць, зробяць экспертызу: з двухстволкі нядаўна стралялі, калібр падыходзіць. Пачнецца следства, суд і... вышка. Прыплюсуюць браканьерства. Не, дамоў вяртацца не выпадала. Хіба што развітацца з Ксеняй, павініцца за грахі, што руку падымаў на яе па п’яні. Пачне галасіць на ўсю вёску. Ісці да маці? І ёй пакуты прынясе. Вось каб дакументы меў, даляры, катануў бы ў Аргенціну да бацькі. І таму лішнія клопаты. Куды дзяваць сына-алкаша? Ну, з гарэлкай можна завязаць. І працаваць Косця ўмее. Але не бачыць яму Аргенціны, як сваіх вушэй.
Ён стаяў, абняўшы старую яблыню, усё мацней чуў у нагах вялікую стому і слабасць, сэрца цяжка тахкала за грудзінаю. Холад дабіраўся да ўзмакрэлай спіны – успацеў, калі бег ад вёскі. Косця перазарадзіў стрэльбу, заклаў два набоі – руля клацнула, заціснуўшы патроны, нібы ўзрадавалася новай порцыі смяротнага грузу. “Мне хопіць аднаго, – варухнулася думка. – А другі, можа, для Бравусава? Каб рук болей нікому не ламаў. Не, хай жыв”. Чуў ад Ксені, што Марына Сахута знайшла з ім шчасце. Усплыло ў памяці, як частаваў Бравусаў малога Косціка цукеркамі. Калі стаў дарослым, Косця зразумеў, што ўчастковы ездзіць да іх не так сабе. Аднойчы ён падгледзеў, як маці цалавалася з Бравусавым. Заляцанні ўчастковага не падабаліся Косцю, але маці пра гэта ён ніколі не сказаў ні слова.
І ўсё ж Косця пасунуўся ў бок Хатынічаў. Спярша крочыў па дарозе – тут пасля Чарнобыля паклалі асфальт, а потым павярнуў улева, да фермы. Але і туды заходзіць яму не хацелася. Стаяць ці сядзець не мог, нават карцела легчы. Ён узгадаў, што за фермаю на лузе, каля Бургаўцовага кургана, стаіць стог сена. Каля Хатынічаў траву не касілі: лічылася, што там павышаная радыяцыя, хоць кароў пасвілі, бо трава была высокая, густая. Каровы ахвотна скублі яе. Малако ад гэтых рагуляў змешвалі з прадукцыяй іншай фермы, што за Белаю Гарой. Неяк па вясне матка паказвала яму Бургаўцоў курган – яго макаўка тырчала на спрэс залітай вадою пойме Бесядзі.
Ён абышоў ферму злева, далей ад вёскі. Тут рос малады, густы, як шчотка, хвойнік, быў неглыбокі, разложысты раўчук. Вясною тут бурліла талая вада, улетку раскашавала густая, як воўна, трава. Некалі стары Арцём, Аксенін бацька, расказаў Косцю, як у сорак трэцім параіў чырвонаармейцам – папрасілі яго партызаны,– дзе лаўчэй перайсці Бесядзь, прапаўзці па лузе, па гэтым раўчуку абыйсці Хатынічы, прабрацца ў тыл, у Галнае балота. Там салдаты акапаліся за нізкімі альховымі кустамі. Немцы ўмацавалі вёску, бо яна прыкрывала Саковіцкі бальшак, па якім адступалі іншыя вайсковыя злучэнні. І вось на золку з крыкамі “Ура!” асноўныя сілы фарсіравалі Бесядзь і рынуліся ў атаку. Тады й секанулі кулямёты з тылу. Манеўр у абход вырашыў лёс той аперацыі. Збярог дзесяткі савецкіх воінаў.
Даўно няма чырвонаармаецаў, няма савецкіх воінаў. Разваліўся Савецкі Саюз. А дзе ж падзеліся савецкія людзі? І ён, Косця Варонін, быў савецкім чалавекам, перадавіком, пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва. А цяпер ён – браканьер і забойца. Забойца лася, забойца чалавека. Былога франтавіка. Былога фінагента, загадчыка фермы, старшыні сельсавета, дэпутата. Паважанага ў вёсцы чалавека. Але ж ён падмануў Косцю, не стрымаў слова. Выціскаў з людзей сокі, спаганяў бязлітасна нядоімкі. А хіба іншы не спаганяў бы? Было б тое самае. А можа, з яшчэ большай лютасцю. У вайну ацалеў. Паранены быў. А я застрэліў яго, як сабаку. Хто мне даў на гэта права? Ніхто мне такога права не даваў. Я помсціў за крыўду…