355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Левановіч » Палыновы вецер » Текст книги (страница 12)
Палыновы вецер
  • Текст добавлен: 20 апреля 2017, 20:00

Текст книги "Палыновы вецер"


Автор книги: Леанід Левановіч


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 19 страниц)

16 лістапада. Масква. Прэзідэнт Б. Ельцын пагадзіўся з рашэннем Расійскага парламента аб адмене надзычайнага становішча ў Чачэна-Інгушэціі..

17 лістапада. Віцебск. Тут адылася навуковая канферэнця, прысвечаная 830-годдзю, стварэння Лазарам Богшам крыжа Еўфраснні Полацкай.

20  лістапада. Найробі.  У Кеніі пачаўся сезон “кароткіх дажджоў”, якія суправаждаюцца моцнымі навальніцмі. Сёлета ў гэтай краіне загінула ўжо больш як трыццаць чалавек.

27 лістапада. Дэлі.Тут распаўсюджана паведамленне аб тым, што ў наступным месяцы Індыю наведае прэм'ер дзяржаўнага Савета Кітая Лі Пэн Гэта будзе першы візіт у Індыю кітайскага прэм'ера за больш чым 30 гадоў..

ХІІ

Кароткі снежаньскі дзень доўга і цяжка вылузваецца з учэпістых абдымкаў цёмнай ночы. Калі выблісне сонца, а яно ў снежні нізкае, зыркае, свеціць, нібы велізарны пражэктар, тады і дзень светлы, яркі. А калі сонца няма,  снегу няма,  цёмна-шэрая  зямля  ляжыць  галашчокам,  кароткі дзень мала адрозніваецца ад начы. Гэта – вечар года, амаль цэлыя суткі ўладарыць сутонне.

Але гэтую змрочную часіну – вечар года, – здаўна любяць працавітыя вяскоўцы. Нарэшце можна адаспацца, наесціся дранікаў са шкваркамі. Паесці свежыны, а не якога-небудзь ёлкага, пажаўцелага сала.

З маленства любіў гэты час Анатоль Раковіч. І самае моцнае ўражанне засталося ад смалення вепручка. Бацька абкладваў тушу саломай, падпальваў, поўсць кабанчыка з трэскам ўспыхвала, потым даўгім нажом сашкрабаў нагар, гэта, так бы мовіць, першасная апрацоўка, чарнавы варыянт. Затым бацька браў пук саломы, падпальваў яго і ўжо смаліў старанна. Малы Толік памагаў – мог прыўзняць нагу, а бацька выпальваў рудую поўсць. На ўсё жыццё ўрэзалася ў памяць – Толік тады  быў яшчэ дашкольнікам, – бацька абсмаліў вепручкова вуха, адхапіў нажом ладны шмат духмянай свежыны і падаў сыну: “Еш, будзеш здаровы і дужы”. Малы  адкусіў  саладкаватага цёплага сала,  якое  ажно раставала ў роце. Невыказная смаката1

Анатоль Раковіч, ужо будучы першым сакратаром райкома партыі, двух-трох парсючкоў гадаваў штогод. Іншыя раённыя начальнікі, асабліва былы старшыня райвыканкама, казаў: “Анатоль Мікалаевіч, навошта табе гэткі клопат? Жонку пашкадуй...” – “Сваё смачнейшае”, – жартаваў Раковіч, а калі старшыні калгасаў прапаноўвалі то баранчыка на шашлык, то кумпячок, ён дзякаваў і казаў: “Не трэба. Сваю жыўнасць маю”. Затое на бюро райкама ён смела здымаў стружку з любога старшыні калгаса за дапушчаную правіннасць, бо нікому нічога  не быў  вінаваты.

А яшчэ Анатоль Раковіч любіў познюю восень і пачатак зімы таму, што гэта быў кароткі перыяд адноснага зацішша. Вышэйшае начальства меней скубла,  адпаведна і ён меней шпыняў падначаленых, бо фронт работ – так любіла гаварыць вышэйшае кіраўніцтва – звужаўся. Народ жыў у чаканні Новага года і Калядаў, каб разгавецца напоўніцу, хоць   і  раней  не  дужа пасціўся.

Але гэтая восень для Анатоля Раковіча мела і сваю адметнасць: ён адчуў сябе паўнапраўным і адзіным гаспадаром раёна. Вядома, у яго хапала ўлады, калі сядзеў у крэсле першага сакратара, але не мог не разумець, што абраны ён кучкай партыйных функцыянераў, і выбраны без выбару. Звычайна прадстаўнік абкама гаварыў: “Есть мнение избрать товарища…” І гэтае “мнение” ўсё вырашала, бо іншых не было. А старшыню райвыканкама выбіралі дэпутаты, як бы там ні было, абраннікі народа. І таму Раковіч, як і ўсе ягоныя калегі – партыйныя лідэры, дзяліўся часткай улады са старшынёй райвыканкама, асабліва ў гаспадарчых справах, затое падбор і расстаноўка кадраў – гэта была вотчына райкама.

Цяпер жа Раковіч зноў вярнуўся ў кабінет старшыні выканкама – кіраўніка савецкай улады і адчуў, што дзяліць уладу няма з кім. Раней былі тры сакратары райкама партыі. Аўтарытэтныя, вядомыя, важныя – без фігі не да носа, – а цяпер ён адзін. За ўсё адказвае ён, Анатоль Раковіч, народ даверыў яму вяршыць суд і справядлівасць, караць і мілаваць. І ніхто не паскардзіцца ні ў абкам, ні ў Цэнтральны камітэт.

Была і яшчэ адна асаблівасць ягонага становішча. Ён вырас і ўзгадаваўся ў гэтым раёне. А гэта мела і свае плюсы,  і мінусы. Галоўны плюс: ён ведаў людзей, усе вёскі, дзе якая зямля. А мінусам было тое, што ён знаходзіўся быццам пад штодзённым рэнтгенам: яго і ягоных бацькоў ведалі ў раёне, сачылі, хто калі з ягоных сваякоў ці аднавяскоўцаў завітаў у кабінет земляка-начальніка, чаго прасіў і што яму ўдалося выпрасіць. Тут Анатолю заўсёды дапамагаў сваімі парадамі бацька: ён прайшоў і мясцовыя, і раённыя калідоры ўлады, чалавек бывалы – з сямі печаў хлеб еў. Пасля вайны быў старшынёй сельсавета, потым намеснікам старшыні райвыканкама, у часы Хрушчова адчуў, што яго могуць турнуць з пасады,  бо  дыплома  не меў,  апярэдзіў начальства і сам  папрасіўся ў родны калгас, падняў  гаспадарку  на  ногі,  вывеў у пяцёрку лепшых.

Калі сына абралі першым сакратаром райкама  партыі, Мікалай Раковіч радаваўся болей за ўсіх, нават болей за самога новаспечанага партыйнага важака. Пасля Чарнобыля стары Раковіч устрывожыўся, але не так за сына, як за малых унукаў. Ён добра памятаў анекдот, які некалі расказаў Даўгалёў пасля бюро райкама. Прыйшла да парторга жонка партыйца, расплакалася: муж яе крыўдзіць, не спіць з ёй, відаць, займеў палюбоўніцу. Парторг выклікае свайго камуніста: “Ты чаму жонку крыўдзіш? Не спіш з ёй? Палюбоўніцу завёў. Пазорыш званне камуніста”. Мужчына яшчэ не стары, гадоў на паўсотню, кажа: “Я не магу з ёй спаць. Я імпатэнт”. – “Ты перш-наперш камуніст. А потым ужо імпатэнт. Каб жонка болей не скардзілася”.

Тады мужыкі-партыйцы дружна рагаталі, бо самі маглі любіць жанок, маглі рабіць сваю мужчынскую справу, маглі жыць і радавацца. Дык вось,  стары Раковіч не столькі за здароўе сына перажываў,  той загартаваны, абкатаны, чарку-другую шандарахне, і ўранні, свежы, як “агурчык”. Шчымела сэрца старога Раковіча за ўнукаў. Калі выбухнуў Чарнобыль, старэйшаму Максімку споўнілася сем гадоў, малодшаму Міколку, якога назвалі ў гонар дзеда, – пяць гадкоў. Вось  іхняе  здароўе і клапаціла  Мікалая Раковіча. Штолета, а таксама на зімовыя канікулы,  ён забіраў унукаў да сябе, у Бяседавічы, якія лічыліся чыстымі ад радыяцыі, забяспечваў сынаву сям’ю малаком, усялякай гароднінай. Франтавік Мікалай Раковіч, тройчы паранены, кантужаны,  які ўжо  амаль  паўвека  пражыў з прабітым  плячом,  як  птушка  з параненым  крылом,  хацеў дачакацца  праўнукаў.

Стары Раковіч балюча перажываў падзеі ў Маскве падчас ГКЧП, забарону КПСС, разумеў, што гэтым не скончыцца. Што наперадзе чакае іншая бяда. Ён адчуваў, што магутная звышдзяржава – Савецкі Саюз ужо дыхае, як загнаны конь перад скананнем. Раковіч парадаваўся, што сын не аупсціўся на дно, як многія партыйныя работнікі,  некаторыя і на той свет пайшлі, а сеў надзейна ў крэсла кіраўніка савецкай улады, застаўся першым чалавекам у раёне. Вунь Андрэй Сахута, які высокі быў начальнік, а ў Мінску не знайшоў працы, мусіў вярнуцца ляснічым у радыяцыйную зону. Сахуту ён памятаў з таго незабыўнага вечара, калі ў Бяседавічах  адкрывалі  новы клуб. Тады Раковіч  увесь вечар скакаў нараўне з маладымі, а то й лепш за іх, бо ў танцы пады-спань ён круціў сваю партнёрку так па-заліхвацку, як не умеў ніхто з маладых.

Пра Сахуту ўзгадалі і за сталом,  калі частаваліся свежыною. Дзед Раковіч гаварыў і пазіраў на ўнукаў, якія са смакам, навыперадкі . адзін перад адным, елі смажаную пячонку са шкваркамі. Ды так шчыравалі, што, здавалася, у хлопцаў за вушамі трашчыць. Растуць унукі здаровымі, крэпкімі. Максіму ўжо трынаццаць год. Раніцой ён сказаў:

– Дзеда, давай памераемся. Ці дарос я да тваёй барады?

Унук  прыхінуўся  стрыжанай  круглаю галавою,  стары Раковіч учуў знаёмы,  нейкі цёплы родны пах. Прыставіў  шурпатую далонь да Максімавай макаўкі і да свайго падбароддзя.

– Ну, таскаць, дастаеш ужо. Вядома, дзед уніз расце. А ты ўгору цягнешся. Таскаць, закон прыроды. Старому аджываць, маладому расці, квітнець. Налівацца сокамі, набірацца сілы. Жыцё не любіць слабакоў.

– Дзеда, а ты ж  у тоўстых шкарпэтках. А я ў тонкіх. Так нячэсна, – петушыўся ўнук. – Глядзі, тата, я дзеда скора пераганю.

– Так, сынку, за лета ты моцна выцягнуўся. Цяпер трэба ў плячах набіраць моцы. Мужнець трэба. Дровы сячы. Гантэлі цягаць, – лагодна павучаў бацька. – Жыццё сапраўды не любіць слабакоў.

– Захацеў памерацца і малы Міколка. Той дастаў дзеду да грудзіны. Уткнуўся галавою ў жывот.

– А ты, Міколка, ужо вышэй майго пупа, – рагатаў шчаслівы дзед.

Радаваўся і бацька сыноў. Мільганула думка: можа, і правільна, што тады адразу пасля Чарнобылю, не паехаў на Віцебшчыну намеснікам старшыні райвыканкама. Можа б. дасюль і хадзіў у намесніках, а так – гаспадар раёна. І бацькам лацвей каля яго, і яму лепш. Утульней. Ніколі не прыехаў да іх з пустымі рукамі, затое  і  яго улегцы не выпускалі з дому.

Першыя дні пасля разгрому ГКЧП перажываў ён моцна. Але дзякуючы земляку Шандабылу ўсё пайшло на лад. Цяпер не трэба праводзіць бюро райкама.  а там кожны мог выказацца – усе ж таварышы па партыі. Усіх выбраў пленум.  А цяпер Анатоль Раковіч кожны панядзелак праводзіць планёркі. І рэдка хто асмельваецца пярэчыць яму. Дэмакратыя – дэмакратыяй. А дысцыпліна, субардынацыя  – перш за ўсё. Вось і заўтра а сёмай раніцы збяруцца ўсе раённыя кіраўнікі: старшыні селсаветаў, старшыні калгасаў, праўда, аддаленыя не заўсёды прыязджаюць – бракуе паліва. Раковіч гэта разумее, дужа не ўшчувае за тое, што не быў на планёрцы, а вось  калі кепска падрыхтаваў ферму да  зімы,  за гэта ўсыпле па першы нумар.

Але наступны панядзелак пачаўся зусім не так, як планаваў Анатоль Раковіч. Прачнуўся, як звычайна, а палове шостай – улетку падымаўся а пятай. Зімой даваў сабе паслабку. Мог і жонку прылашчыць, але ў панядзелак гэтым не займаўся – такую работу лепей рабіць пад выхадны, каб потым добра выспацца. Набрацца новых сіл.

Як заўсёды, па даўняй звычц,ы  выканаў некалькі няхітрых практыкаванняў. Пацёр вушы, каб ажывіць мозг. Напаследак разоў дзесяць прысеў. Адчуў, што спіна ўгрэлася, цела ўзбадзёрылася. Пасля гэтага – душ. Варанае яйка, пару кубачкаў  моцнага чаю  і ён гатовы актыўн,  мэтанакіравана распачаць працоўны тыдзень. Чай гатавала жонка. Яна працавала ў школе. На заняткі ёй к дзевяці – мела час выправіць мужа на работу, а потым сабраць  на заняткі дзяцей.

Усё было, як звычайна раніцою. І раптам Анатоль Раковіч пачуў  радыё: у Белавежскай пушчы падпісаны Дагавор паміж  Расіяй, Украінай і Беларуссю… Разанула вуха фраза:  Савецкі Саюз перастаў існаваць… Створана садружнасць незалежных дзяржаў, што гэтая садружнасць адкрытая для іншых дзяржаў. Цэнтр яе  размесціцца ў Мінску,  што Станіслаў Шушкевіч спярша патэлефанаваў у Амерыку Бушу, а потым Гарбачову…

Вестка  ашаламіла Раковіча, быццам удар з-за вугла. Рой думак завіхурыў у агаломшанай галаве. Чаму ў Белавежскай пушчы? Значыць, баяліся арышту, схаваліся, магчыма, пад выглядам палявання, а калі  падпісалі падрыхтаваныя паперы, далажылі амерыканскаму прэзідэнту: заказ выканалі…

І што  ж цяпер будзе?  Чаму Гарбачоў спіць у шапку? Няўжо КДБ заадно з гэтымі белавежскімі  “зубрамі”? Няўжо таксама, як і Гарбачоў, праспалі?

Пытанні, пытанні віхурылі ў галаве старшыні выканаўчага камітэта, кіраўніка ўжо былой савецкай улады аддаленнага радыяцыйнага раёна ў Прыбяседдзі. Горш, чым Чарнобыль, ужо нічога не будзе, падумаў ён, похапкам дапіў гарбату і пачаў збірацца на службу.

Катэдж Анатоля Раковіча быў недалёка ад будынка райвыканкама, таму на працу звычайна ён хадзіў пешкі, адно ў кепскае надвор'е карыстаўся машынаю. Пайшоў пехатою і сёння. На дварэ ціснуў марозік. Свежы снег рыпеў пад нагамі, як у Каляды. Але  ён не чуў гэтага здаровага, смачнага парыпвання, не адчуваў бадзёрасці марозлівага паветра, чаму парадаваўся  б у іншы дзень. Сёння ўсе думкі былі пра пачутае паведамленне…Увушшу, нібы засела фраза: Савецкі Саюз перастаў існаваць…Сабраліся цішком, як злодзеі,  кульнулі па чарцы “белавежскай”, той самай, якую некалі ўпадабаў Мікіта Хрушчоў, і разбурылі магутную звышдзяржаву. Канечне, гэтая падзея наспявала, усе рэспублікі сталі незалежнымі. Усе чакалі нечага вырашальнага, як цяжарная жанчына чакае дзіця. І вось дзіця нарадзілася. Садружнасць незалежных жзяржаў. А хіба можа быць дзяржава  без незалежнасці? Гэта – марыянетка, калонія. А хто цяпер Гарбачоў? Прэзідэнт неіснуючай дзяржавы? Марыянетка? Во, як павярнулася жыццё. Хто мог падумаць два-тры гады таму, што такое можа здарыцца?! Нават і ў сне не магло прысніцца.

А можа, будзе лепей?! Так думалі тады амаль усе мясцовыя і высокія кіраўнікі. З надзеяй на лепшае жыццё сустрэў паведамленне з Белавежскай пушчы і беларускі  народ. Але большасць ветэранаў, асабліва франтавікоў, сустрэлі вестку аб гвалтоўнай   смерці Савецкага Саюза, вялікай і любімай  іхняй  радзімы, за якую яны пралівалі кроў, як асабістую трагедыю, як поўны крах усіх надзей і спадзяванняў.

Так успрыняў паведамленне з Белавежскай пушчы франтавік Мікалай Раковіч. “Што вырабілі,  абармоты! Няўжо з перапою? Такую вялікую  краіну разбурылі! Ета ж. таскаць, усё роўна, як жыўцом пахаваць. Ета ўсё Амерыка. Скупіла ўсіх з вантробамі. Нездарм а  Шушкевіч спярша далажыў Бушу. Дагавор падпісалі, загад выканалі… Нуй, прахіндзеі!”

Стары Раковіч мацюкаўся на ўвесь голас. Як даўно ўжо не лаяўся. Вырашыў патэлефанаваць сыну. Што ён думае пра гэтую падзею? А можа, і не чуў яшчэ. Бо ў яго з раніцы планёрка. Мільганула думка: можа, гэта няпраўда? У яго не ўкладвалася ў галаве, што тры чалавекі сабраліся недзе ў лесе і падпісалі прысуд магутнай звышдзяржаве. Хіба такое можа быць? Народ на рэферэндуме выказаўся за Саюз. Як можна не ўлічваць волю мільёнаў людзей? Гэтыя  іхнія лясныя паперы не могуць мець ніякай сілы. Хіба што ў прыбіральню схадзіць з імі.

Былы франтавік Мікалай Раковіч слаба ведаў гісторыю роднай Беларусі, ягоныя карані был   падрззаны  партыйнай  ідэлогіяй,  якая  гісторыю Беларусі пачынала з Вялікага Кастрычніка. Маўляў. да гэтага была суцэльная галеча , непісьменнасць.  Пра Вялікае Княства Літоўскае ён раней  нічога  не  чуў,  і  толькі нядаўна прачытаў пра яго магутнасць.  Чытаў  і не верыў сваім вачам: як жа так? Была вялікая еўрапейская дзяржава, у   якой  уладарыла беларуская мова. Гэтая  дзяржава  мела першы ў Еўропе Звод законаў, з якога нават Напалеон пазычаў некаторыя артыкулы для свайго Кодэкса.  А  Раковічу ні ў школе, ні  ў сельгастэхнікуме не сказалі пра гэтую дзяржаву  ні слова. Можа, таму не думаў Раковіч пра Беларусь  і зараз. Яго турбаваў пёс Савецкага Саюза.

Можа, сын яшчэ дома? Набраў  кватэрны тэлефон – нявестка адказала: Анатоль пайшоў на працу. Пазваніў у кабінет – тэлефон быў заняты. Ат, у яго і без  мяне. таскаць.  клопату хапае, махнуў стары руко, і болей не  тэлефанаваў.

Планёрка пачалася, як звычайна. Толькі на гэты раз у паўцёмнай актавай зале, дзе сабралася каля паўсотні мясцовых  кіраўнікоў,  было халадней звычайнага. Таму планёрку старшыня райвыканкама пачаў з даклада шэфа камунальнай службы. Невысокі каржакаваты мужчына ў скураной куртцы з мноствам замкоў-маланак  падняўся,  абхапіў  шырокімі далонямі спінку вольнага крэсла перад ім, быццам баяўся пахіснуцца, прагундосіў:

– За выхадныя выстыла. Мароз выскачыў. Сянні дваццаць адзін градус. Праз пару гадзін падымем ціск. Нагрэем, Анатоль Мікалаевіч.

– Ета з Белавежскай пушчы дыхнула холадам, – пачуўся нечы хрыплаваты бас.

Зала ажывілася, усе пачалі дружна перамаўляцца між сабою.

– Вазьміце пад кантроль школы, бальніцу, дзіцячыя садкі. Дарэчы, мароз не першы дзень. Сіноптыкі папярэджвалі. Трэба не спаць у шапку. Вы ж не першую зіму працуеце, – гаварыў Раковіч, а сам думаў, як там, у Белавежскай пушчы  усё адбылося? Як ім удалося абхітрыць уладу, чаму праспалі спецслужбы? Што сказаць, калі зададуць пытанне?

Раковіч падняў начальніка раённага сельгасупраўлення, а сядзеў ён за сталом прэзідыума, недалёка ад вядучага планёркі. За гэтым сталом на сцэне сядзелі намеснікі старшыні, загадчыкі аддзелаў. Сядзеў тут раней і дырэктар цэментнага завода – на правах кіраўніка самай вялікай у раёне будоўлі, але цяпер яго месца пуставала, бо ён ужо месяц лячыўся ў абласной бальніцы.

– Як ідзе зімоўка на фермах?

Начальнік упраўлення, вядома ж, падрыхтаваўся, гучным голасам пачаў дакладваць: якія надоі ў калгасах, дзе ёсць прыбаўка, колькі кароў ацялілася. Раковічу хацелася перапыніць яго: тут не месца для справаздачы, ты скажы, якія ёсць  праблемы, якія недахопы, што зрабіць, каб іх ліквідаваць.

– Гэта ўсё вядома. А вось чаму ў суботу, пазаўчора, у калгасы не даставілі брагу? Кароў на сухі паёк паставілі?

Выступоўца пачаў сумбурна тлумачыць, што ў суботу на спіртзаводзе адбылася нейкая паломка, таму і брагі не было, але сёння завод працуе, фермы будуць забяспечаны “бардою”.

– А дырэктар спіртзавода ёсць?

– Ён у адпачынку. Галоўны інжынер замяшчае. А ён чамусьці не прыехаў на планёрку, – патлумачыў першы намеснік старшыні.

– Разбярыцеся, што ў іх там здарылася.

Раковіч меркаваў правесці планёрку аператыўна, без цягамоціны. Але тут паднялася дзябёлая русявая кабета, начальнік раённай племянной станцыі:

– Анатоль Мікалаевіч, ёсць праблема. Не ўсе калгасы закончылі выбракоўку хворых на лейкоз кароў...

Тут падхапіўся галоўны ветурач раёна, пачаў тлумачыць сітуацыю. Яму ўзяўся пярэчыць галоўны заатэхнік. Нарэшце з гэтым пытаннем разабраліся: вызначылі хто і калі павінен далажыць старшыні аб прынятых  мерах. Затым начальнік міліцыі і пракурор усчалі спрэчку. А сутнасць вось у чым: некаторыя кааператары хочуць гандляваць у вялікіх вёсках, а  участковя  інспектары міліцыі іх праганяюць.

– Хай набываюць ліцэнзіі і гандлююць. Нікога не трэба ганяць, – рашуча сказаў Раковіч.

У гэты час азваўся тэлефон, які стаяў справа ад Раковіча. Тэлефанаваў Мікалай Шандабыла з Магілёва.

– У цябе планёрка? Закончыш, пазвані мне. Ёсць справа.

Як толькі старшыня паклаў трубку, нехта выгукнуў з залы:

– Можа, наконт пушчы? Як ваша думка, Анатоль Мікалаевіч? Што там адбылося? Што етыя тры зубры вырабілі? Дзе мы цяпер жывём?

– Мы жывём у незалежнай Беларусі. Ну, а дружыць будзем з усімі. Таму і створана Садружнасць Незалежных Дзяржаў. А ўвогуле, у мяне такая ж інфармацыя, як і ў вас. Пачуў уранні кароткае паведамленне. Будуць надрукаваны матэрыялы... Глядзіце сёння тэлевізар. Павінны і паказаць, і сказаць. Справа – вельмі сур’ёзная. Ну, а наша справа – выконваць свае абавязкі, – пасля кароткай паўзы Раковіч дадаў: – Даіць кароў трэба пры любой уладзе. Пячы хлеб і абаграваць кватэры. На гэтым усё. Дзякуй. Да пабачэння!

Разыходзіліся нетаропка. Раковіч чуў: усе гаварылі пра “Белавежскіх зуброў”. У кожнага была свая думка, выказваліся цяпер смела, як тое й належала грамадзянам незалежнай краіны.

Да Раковіча падышоў дырэктар лясгаса, сказаў, што ў яго вакансія галоўнага ляснічага адкрываецца з дзесятага, значыць, з заўтрашняга дня, ці можна афармляць Сахуту?

– Канешне, можна. Калі аформіш, зойдзеш з ім да мяне.

Ідучы ў кабінет, Раковіч падумаў: “От з кім трэба пагаварыць пра белавежскія падзеі. Ён шмат чаго ведае. Знаёмцаў багата ў высокіх кабінетах. Можа, з кім паспее перакінуцца словам. Цяпер людзі КДБ не баяцца”.

У кабінеце набраў нумар Шандабылы і пачуў знаёмы глухаваты густы барытон.

– Што ты доўга засядаеш? Нябось, пра белавежскі дагавор  пыталіся?

–   Так, розныя праблемы. Хаця пыталіся і пра гэта. А я ведаю тое, што і яны. Можа, у вас болей інфармацыі?

–   Пакуль што нічога не ведаю. Адно ясна, што дзела цёмнае. Наламалі яны дроў. І бяды будзе шмат. Першая ахвяра ўжо ёсць. Георгій Акапян памёр. Думаў, бедалага, запусціць завод.

Абласны начальнік распавёў далей, што ў суботу ездзіў да Акапяна ў бальніцу, пагаварылі, выглядаў ён няблага, збіраўся выпісвацца. Уранні пачуў паведамленне з Белавежскай пушчы Паспрачаўся з суседам,  адстаўным палкоўнікам, выйшаў у калідор, раптам схапіўся за сэрца і асеў на падлогу. Паклікалі доктара, зрабілі ўкол. Але ўжо не выратавалі.

– Стварыце раённую камісію. Пахаванне арганізуйце як след. Інфармуйце мяне. Калі ўдасца, прыеду.

На гэтым Мікалай Арцёмавіч развітаўся. Раковіч сядзеў, бы ў здранцвенні. Ён ведаў, што Акапян сур’ёзна хворы, але пра ягоную смерць і думкі не дапускаў. У яго было столькі энергіі, столькі жадання закончыць будаўніцтва цэментнага завода. Усплыла ў памяці вячэра на Бесядзі. Акапяну тады зрабілася блага, напалохаў ён усю кампанію. А ў Маскве ў той вечар арыштавалі кіраўнікоў ГКЧП. А вось цяпер Белавежскія пагадненні, скананне Савецкага Саюза.

Смерць сваёй вялікай краіны сын армяніна і рускай жанчыны, муж беларускай кабеты, савецкі чалавек і сапраўдны  інтэрнацыяналіст – Георгій Сяргеевіч Акапян перажыць не змог.

Раённая жалобная камісія рабіла захады, каб годна правесці ў апошні шлях дырэктара завода, але сям’я Акапяна вырашыла пахаваць яго ў Магілёве, побач з бацькам. Раковіч нават ціха ўзрадаваўся: усё ж меней клопату, накіраваў у Магілёў свайго намесніка, дэлегацыю ад цэментнага завода.

Клопату Анатоль Раковіч пазбыўся, але думкі пра Акапяна не пакідалі яго і на другі дзень, і на трэці. Спярша ўздыхнуў з палёгкаю: не давядзецца быць на пахаванні, не прыедзе Мікалай Шандабыла, а ягоны прыезд заўсёды канчаўся моцнай п’янкай. Абласны чарнобыльскі начальнік любіў гаварыць: аптымізм, добры настрой і добрая чарка перамогуць радыяцыю. Вось чым гэта скончылася для Георгія Акапяна. Мабыць, генетычна ягонае нутро было запраграмавана на вінаграднае віно, а не на саракаградусны напой. Ды Акапян і спіртам не грэбаваў: моцным пітвом ён здымаў стрэс і расшчапляў радыенукліды. Апошнім часам, да ягонай хваробы, Акапян і Раковіч сустракаліся амаль штодня. Будоўля завода, бясконцыя праблемы моцна зблізілі іх, не раз напрыканцы дня здымалі разам стрэс.

І вось Акапяна ўжо няма. Ніякі стрэс, ніякія клопаты для яго не існуюць, бо няма яго самога. Халоднае цела, спакутаванае ад цяжкой хваробы,  маральных пакутаў знайшло вечны супакой у беларускай зямлі, якую некалі вызваляў ад немцаў, а потым адраджаў спаленыя вёскі, здратаваныя танкамі палі, няўрымслівы,  апантаны Георгіеў бацька – Сяргей Хачатуравіч Акапян, партыйны лідэр раёна.

Гэта ж яму да пенсіі заставался сем гадоў. падумаў Раковіч. А мне да пенсіі, як да неба. Ажно трынаццаць гадоў. Няўжо дацягну? Бацька ж вунь жыве, хоць яму пераваліла за семдзесят. Вайну прайшоў, плячо перабітае. Але ж яшчэ хвост трымае пісталетам. Неяк пасля чаркі прызнаўся,  што яшчэ  і жонку не крыўдзіць, можа прылашчыць,  маўляў, вучыся, сынок, жыць напоўніцу,  каб  і  пасля  пенсіі  пораху хапала. А тут і зараз ужо няма цягі: то ціск падскочыць, аж патыліца разломваецца, то за грудзінаю сцісне – ні дыхнуць, ні выдыхнуць. Трэба мяняць лад жыцця. Болей хадзіць, а то ўсё на машыне. А мо паспрабаваць раніцой бегаць? Уранні цёмна, мала хто бачыць будзе. А калі  й  убачыць,  дык  хіба  гэта  кепска? Наадварот, добры прыклад падначаленым. І як мага меней піць. Калі зусім завязаць – начальства не зразумее, адразу спішуць у архіў: стаміўся – на ўзбочыну. Тут законы бязлітасныя і правілы гульні суровыя: не можаш цягнуць воз, саступі дарогу маладзейшаму. А цяпер гэтулькі маладых партыйных функцыянераў яшчэ не ўладкаваных,  прагных уздымацца па кар’ернай лесвіцы. Вось патрэбны новы дырэктар цэментнага завода. Вядома, шукаць кандыдатуру на вакантную пасаду – клопат міністэрства, але ж і з кіраўніцтвам раёна павінны параіцца абавязкова.

Зноў узгадаў Андрэя Сахуту. Вось гэтаму чалавеку давялося перажыць нямала. Гупнуўся  з высокай пасады  і апынуўся  ў радыяцыйнай зоне шараговым ляснічым, без сям'і, без кватэры з ваннай і цёплым клазетам – тут усе выгоды  за  вуглом  на вуліцы, – без персанальнай “Волті”,  без  шыкоўнага кабінета з мноствам тэлефонаў і сакратаркай  у  прыёмнай… Добра, што павысім яго,  як  я  абяцаў, так  і будзе.  Кіраўніку любога рангу заўсёды прыемна, калі ўдаецца стрымаць сваё слова, тады гэты чалавек болей паважае сябе.

Думкі перапыніў тэлефон, пачуўся голас дырэктара лясгаса, той спытаўся, ці можна на аўдыенцыю.

– Добра. Пад’язджайце, – зірнуў на гадзіннік – пачалася шостая гадзіна.

З палёгкаю падумаў: рабочы дзень канчаецца, можна пасядзець, пагаманіць, абмеркаваць  вестку з Белавежскай пушчы, памянуць  Георгія Акапяна, а таксама памянуць былую вялікую краіну. Раковіч здзівіўся, што падумаў пра гэта – пра скананне Савецкага Саюза, – даволі спакойна, без эмоцый  і хвалявання,  нібы  гэта павінна  было  здарыцца. А жыццё  ідзе  сваім ходам. Былы сакратар абкама партыі пачынае новы кар’ерны рост , ён, Анатоль Раковіч, памятае Сахуту з таго далёкага вечара, калі выцягваў з лужыны заляпаны гразёю “газон” камсамольскага лідэра. Маладзенькі трактарыст Толік Раковіч тады глядзеў на першага сакратара райкама камсамола Сахуту як на вялікага і важнага начальніка, да якога  і  ягоны  бацька  ставіўся  з  павагай  і пашанай.

Раковіч падняўся, адчыніў сейф, нібы хацеў пераканацца, што пачатая пляшка каньяку стаіць на месца. Ён разумеў, што госці прыедуць не з пустымі рукамі, але раптам не здагадаюцца ці пасаромеюцца прыхапіць нешта з сабою, дык у яго ёсць “рэзевр галоўнага камандавання”. Папярэдзіў сакратарку, каб адразу прапусціла дырэктара лясгаса, згатавала каву на трох, і можа быць вольнаю. Сакратарка ўгодліва кіўнула і зноў схілілася над пішучай машынкай.

Дырэктар лясгаса Іосіф Капуцкі і новы галоўны ляснічы Андрэй Сахута ўвайшлі ў кабінет Раковіча. Абодва ў форменных кіцелях, расчырванелыя, падвяселеныя, дырэктар трымаў у руках важкі дыпламат. Раковіч зразумеў, што госці ўжо замачылі новую пасаду, але і да яго прыбылі не з пустымі рукамі. Ён асабліва пільна зірнуў на Сахуту:  што адчувае гэты  чалавек,  які пачаў узыходжанне з лясніцтва, дзе некалі працаваў пасля тэхнікума,  і праз трыццаць гадоў мусіў туды вярнуцца. А сёння ён падняўся на  прыступку вышэй, у пятліцы форменнага кіцеля заблішчэла новая, чацвёртая, зорачка.

Але твар новаспечанага галоўнага ляснічага не выказваў асаблівай радасці, вочы былі сур’ёзныя, нават стомленыя, хоць трохі і паблісквалі ад выпітай чаркі, ад неспадзяваных абдымкаў і пацалункаў, пра якія ведалі толькі Ён і Яна. “Умее трымацца былы партыйны ідэолаг, – падумаў Раковіч. – Абкатку прайшоў грунтоўную”. І раптам яго нібы апякло: Георгій Акапян і Андрэй Сахута – аднагодкі! Гэты выкараскваецца з ямы, куды спіхнулі абставіны жыцця, а той пайшоў у яму назаўсёды. Але як ні караскайся, усе там будзем, хто раней, хто пазней. Аднак лепей усё-ткі апынуцца там пазней. Раковіч адчуў, як зноў зашчымела сэрца.

– Ну што, Андрэй Мацвеевіч, віншую! Дай Божа дарасці вам да міністра. Прычым гэтак жа хутка.

– Дзякуй, Анатоль Мікалаевіч! Дзякуй за падтрымку. А наконт міністра... Позна. Мой цягнік ужо адляскатаў.

– Ну да намесніка ж рэальна! Чатыры зорачкі... Гэта вы, як генерал арміі, так?

– Цяпер і ў генерала арміі адна зорка. Вялікая, – удакладніў Іосіф Капуцкі.

– Ты хочаш сказць, як у цябе? – усміхнуўся Раковіч і тут жа згледзеў цень незадаволенасці ў вачах дырэктара лясгаса:  той спаў і бачыў сябе на вышэйшай пасадзе, а галоўнае – далей ад радыяцыі. – Ну што, мужыкі? Працоўны дзень канчаецца. Як у нас кажуць: ужо на стыкальні. Можна  і  па кроплі. У мяне ёсць каньяк.

– Анатоль Мікалаевіч. у нас і чарка,  і скварка…– усхапіўся Капуцкі. Але Раковіч  узняў доўгую прыгожую  далонь былога механізатара, а цяпер інтэлігента:

– Пачакай хвлінку.

Ён паклікаў сакратарку. Папрасіў згатаваць кавы.

– Вадзіцель пытаецца, калі яму пад'язджаць? – сказала яна.

– Праз гадзіну. Я пазваню. У нас тут сур'ёзная гутарка. – нібы апраўдваўся Раковіч перад сакратаркаю.

Неўзабаве на падносе пад бялюткаю сурвэткаю яна прынесла тры кубкі. Пузаты, прысадзісты чайнтчак. Цукарніцу і пачак пячэння.

– Ну вось цяпер можна пачынаць. Давайце тут уладкуемся. – гаспадар кабінета паказаў на прыстаўны столік.

Капуцкі выставіў дзве пляшкі “Посольской” гарэлкі,  якую раздабыць льга было адно па блату. Паклаў ладны брус сала,  паўкальца каўбасы і нават вялікі жоўта-зялёны лімон. Госці селі  па баках прыстаўнога століка. А гаспадар ў тарцы яго. Капуцкі наліў чаркі.

– Давайце  памянем нашага таварыша Георгія Акапяна. Хай яму будзе пухам зямля.

Узняліся  ўсе.  Моўчкі выпілі. Не чокаючыся.

– Я некалі слухаў ягонага бацьку. Ён прыязджаў у Хатынічы на сход. А сход быў незвычайны. – пачаў узгадваць Сахута. – Тады аб'ядноўваліся два калгасы. Народ сабралі ў садзе. Сяргей Хачатуравіч звычайна гаварыў: “Душа любезны, заві мяне Харытонавічам”. Ну, яго так і звалі. А словы : “ душа любезны”  ведаў увесь раён. Людзі паважалі яго. Чалавечны быў мужык. Сапраўдны партыйны лідэр. А сход той помніцца. Нібы тое было ўчора.

Раковіч слухаў уважліва. Бо згадаў, як пра аб'яднанне калгасаў апавядаў некалі бацька, тагачасны намеснік старшыні райвыканкама. Толік тады яшчэ не хадзіў у школу. Як ляціць час! Яму ўжо блізка паўсотня. Няма адзінай, маналітнай партыі камуністаў. Няма непарушнага Саюза. А што будзе далей? Жыццё насычана лёсавызначальнымі падзеямі. Яму карцела  пачуць думку  Сахуты пра падзеі апошніх дзён.

– Ёсць прапанова, – Капуцкі напоўніў чаркі, выпрастаўся, рослы, танклявы, вузкаплечы, даўгарукі.

– Ну, давай сваю прапанову. Але чаго ты падняўся. Ты ж не на сходзе, – падсміхнуў Раковіч.

– Звычка такая. Добра. тады сяду. Дык вось, хачу прапанаваць тост за Андрэя Мацвеевіча. Мне пашчсціла пазнаёміцц з гэтым чалавекам. Прызнаюся шчыра, мяне здзівіла ягонае  рашэнне пайсці ляснічым у зону. Гэта  – прыклад сапраўднай любові да лесу. Гэта жаданне служыць  яго Вялікасці лесу. Думаю, што на новай  пасадзе ён  прынясе шмат  карысці  нашай  агульнай справе.

– От, любіш ты, Іосіф Францавіч, шмат гаварыць. Лес маўклівы, а дырэктар лясгаса – гутарлівы, – усміхаўся Раковіч. – Чарка закіпіць у тваёй далоні. Пара б ужо  і  кульнуць…

– Усё, закругляюся. Жадаю вам, Андрэй Мацвеевіч, моцнага здароўя. Поспехаў на новай пасадзе. Каб вам добра працавалася і шчасліва жылося ў родным краі!

– Вялікі дзякуй. Буду старацца апраўдаць давер, – Андрэй мусіў зноў кульнуць поўную чарку.

Раковіч спытаўся, як успрыняла жонка гэтую вестку – пра новую пасаду. Андрэй сказаў, што яна яшчэ не ведае, тэлефанаваў з лясгаса, але яе не было дома.

– Вось тэлефон. Калі ласка, званіце. А мы перакурым.

Раковіч пакіраваў да дзярэй,  за ім  пасунуўся і Капуцкі.

Андрэй набраў нумар. У трубцы пачуўся глухаваты, стомлены жончын голас. Ці то  ад выпітай чаркі аржанушкі-весяляшкі, ці то ад разумення, што ягонае ўзыходжанне ідзе паспяхова, ці то  паўплывала адчуванне  віны, а ён сёння неспадзявана правініўся,  яму захацелася павітацца з жонкаю, як у маладыя гады:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю