Текст книги "Палыновы вецер"
Автор книги: Леанід Левановіч
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 18 (всего у книги 19 страниц)
– Пачакай, Марынка. Як гэта мы тут апынуліся?
– Ета ўсё мой штукар. Кажа, чытаў у газеце, што цяпер модна… Як ета ён назваў? Здаецца, свінгерства. Дзве пары ў ложку. І навыперадкі займаюцца любоўю. Шалеюць ад азарту. Бо так ужо няма цягі. Вы сказалі, што ета – свінства. Але Юзя і мой – сюды нас адправілі. Ну, што нам заставалася?
– І я. стары хрыч… не памятаю, што і як было…
– Вы яшчэ не стары, Еўдакімавіч. Вы такі ласкавы, пяшчотны. А мой заўсёды, як згаладалы, накідваецца. Як нарогам дзярэ… А з вамі так соладка…
Пачуўшы такое прызнанне, Мамута яшчэ болей здзівіўся, нават мужчынскае самалюбства варухнулася, але тут жа нібы апякла думка пра Юзю: яна з Бравусавым… Нуй кабель, еты мент! Але і Юзя – цаца добрая. Кабель не ўскочыць, калі сучка не захочыць…
І ў той жа час іншая думка білася ў галаве, як муха ў віннай пляшцы: і Юзя жыла без мужа гэтулькі гадоў. Дачку, сына іхняга гадавала адна. Не, сурова асуджаць яе не выпадала. Значыць, вінаваты сам. Каб не перапіў, прысарамаціў бы іх, да гэтага б не дайшло.
– Марына, слухай сюды. Скажы яму, ну, Бравусаву, і Юзі, што ў нас нічога не было. Не атрымалася. Яна паверыць, бо я стары ўжо…
– Добра, скажу, – ахвотна згадзілася Марына.– Я плакала, калі з вамі апынулся, а потым радавалася, – яна пяшчотна пацалавала яго.
І тады Мамута раптам успомніў усё, што м іж імі было! Яму зрабілася яшчэ болей сорамна, пайшоў на кухню, выпіў халадзёнкі, але вада сагрэлася за ноч, хоць на дварэ ціснуў марозік.Мамута пастаяў ля акна, шыбіны якога размаляваў мароз, прыслухаўся – з суседняга пакоя чуўся моцны, дружны храп. Галава закружылася, пацягнула на ваніты. Мамута намацаў пляшку гарэлкі, дрыжачаю рукою наліў чарку, кульнуў цераз сіл, укінуў у рот скрылёк агурка – і з палёгкаю ўздыхнуў. “Ну во, здаецца, душу прывязаў. Адразу палягчэла. А як забыцца на тое, што адбылося? Божа, Божа, да чаго дажыліся! Да чаго дакаціліся!”
Але нейкі іншы голас, нібы другі чалавек, які сядзеў у ім дзесьці ўнутры, пачаў супакойваць: чаго ты перажываеш? Чаго на Юзю бочкі коціш? Прыехала да цябе ў зону. Кінула сталіцу. Кватэру з цёплым клазетам. А тут свіней корміць, ходзіць у завэдзганай кухвайцы. Носіць ваду, дровы, у печы паліць, есці гатуе. Смачныя дранікі пячэ табе, старому хрычу…
Ціха рыпнулі дзверы, увайшла апранутая Марына.
– Ну як вы, Еўдакімавіч?
– Трохі ачуняў. Не ўмю пахмяляцца. Але давялося. Можа, вып'еш кроплю?
– Не магу. Шампанскае дапілі. А гарэлкі не хачу. Вады пап'ю.
– Во, кампот грушавы, – Мамута наліў ёй і сабе кампоту.
Марына прагна асушыла кубак, апранула паліто.
– Зірну, што на дварэ дзеецца.
Яе не было доўга. Мамута ўжо ўстрывожыўся, апрануўся, узяў ліхтарык, асвяціў цыферблат ходзікаў – стрэлкі паказвалі палову сёмай. Увайшла Марына. Спытала, каторая гадзіна.
– Ну, дык ужо ранне. А на дварэ так хораша! Ціха, свежа. Марозік выскачыў ладны. І снегу падкінула. Любата!
Мамута ўзрадаваўся, што ў Марыны палепшаў настрой. Прыгадаў, што ўчора дамовіліся стары Новы год сустракаць у Бравусавых. “Там ужо буду трымаць усё пад кантролем. Каб да еткага свінства не дапусціцца” – падумаў стары настаўнік. Але нейкі іншы чалавек, нібы шаптаў на вуха: “А чаго ты, стары хрыч, упіарешся? Бога баішся? Дык Алах дазваляе сваім вернікам мець чатыры жонкі. А султаны, багацеі ўтрыліваць цэлыя гарэмы. І сумленне іх не мучае”, – “Але ж я не мусульманін, – бараніўся ад граху Мамута. – Праваслаўным такое нельга”, – “Дык ты ж атэіст! Колькі дакладаў, лекцый прачытаў супраць Бога!”
Высілкам волі Мамута адагнаў прэч грэшныя думкі, ціха прамовіў:
– Ідзі адпачні, Марына. Не будзем іх будзіць.
Гэтыя словы, сказаныя ім самім, моцна ўразілі яго: ён баіцца пабудзіць сваю законную жонку, хай сабе і другую, жонку, якая спіць з іншым мужчынам. Што робіцца на свеце! Але ўнутраны голас не здаваўся: а тыя, што займаюцца свінгерствам, ці як гэта называецца, жывць не ў зоне, а ў сталічных, культурных гарадах. Не, не толькі Чарнобыль тут вінаваты.
– Кажаш, любата на дварэ? Пайду і я. А ты прыляж, паспі. Гаспадарку даглядаць яшчэ рана.
Мамута патупаў па двары. Свежы снег мякка рыпеў пад нагамі. Ветах нібы ўвачавідкі худзеў, рабіўся танейшым, святлейшым. А зоркі, буйныя, мігатлівыя, быццам узрадаваныя, што месяц мала замінае ім, усыпалі высокі нябесны купал. Мамута пахадзіў па вуліцы. Нідзе не было ні душы, нідзе не свяціўся аніводны агеньчык.
Вялікая ціша ўладарыла над Прыбяседдзем. Але гэтая ціша не радавала, у ёй неставала гукаў жывога жыцця.
Пахадзіўшы, падыхаўшы свежым паветрм, Мамута раптам адчуў моцнае жаданне заснуць, аж рот раздзірала пазяханне. Марына сцішылася на канапе, а ён кульнуўся на ложак і нібы праваліўся ў цёмную бездань – заснуў, як пшаніцу прадаўшы.
Прачнуўся Мамута, калі ў вокны свяціла нізкае зыркае сонца. Падышла Юзя, апранутая, акуратна прычасаная, нават вочы падвяла злёгку, чаго раней у вёсцы не рабіла.
– Ну, як ты сябе адчуваеш? Моцна ты спаў. Ведама, пасля чужой кабеты. Маладзейшай, – Юзіны вочы гарэзліва зірнулі на яго, але ў паглядзе была і насцярога: што скажа муж-мараліст?
– Што мне ўжо маладзейшыя? Нічога ў нас не было. Не атрымалася. Яна сарамлівая . і я такі ж. Ды яшчэ й стары.
– І ў нас тое самае. Ты не крыўдуй. Ну, пажартавалі пад Новы год. Ды і ўсё. А сваё – яно і ёсць сваё. Блізкае, роднае, звыклае.
О, як хацелася Пятру Еўдакімавічу паверыць жонцы!
ХХ
Андрэй Сахута прыехаў у Мінск а палове дванаццатай ночы. З лёгкім чамаданчыкам выйшаў на прывакзальную плошчу. Уразіла яркае асвятленне дамоў, мноства машын, доўгі хвост чаргі на таксі. Кінуўся ў вочы вялізны плакат над фасадам дома насупраць вакзала: барадаты дзед Мароз і літары: “З Новым годам, Беларусь!” Мільганула думка: абкама няма, а наглядная агітацыя ёсць, ды на роднай мове, каб любы прыезджы адчуў, што прыехаў не абы-куды, а ў сталіцу незалежнай дзяржавы Беларусь.
А яшчэ падумалася: на ягонай вуліцы ў райцэнтры няма ніводнага ліхтара, а тут гэткая святлынь! І гаспадыня ягонай кватэры Дар’я Азарава зараз ужо спіць, бо кладзецца а дзесятай. Нават калі пакутуе ад бяссоння, дык усё роўна святла не ўключае, ляжыць, утупіўшы вочы ў цёмную столь, перабірае, нібы арэхі-лузганцы, падзеі свайго даволі доўгага жыцця.
У чаргу на таксі Андрэй не пайшоў, лепей даехаць на метро да Нямігі, а там прайсці пешкі. Каб прыехаў раней, то, мабыць, прайшоў бы пехатою да свайго дома: хацелася паглядзець на святочны горад, карцела даць ацэнку сучаснай уладзе. Міжволі прыгадаў, як у лістападзе 1961 года прыехаў з Лабанаўкі ў сталіцу – выклікалі ў ЦК камсамола на зацвярджэнне, бо яго тады абралі камсамольскім важаком раёна. Галасавала за яго на пленуме і вясковы камсорг Паліна. Ішоў тады Андрэй ад вакзала да ЦК пехатою. Была золкая, туманная раніца. У тую ноч знеслі помнік Сталіну, які велічна ўзвышаўся на Цэнтральнай плошчы.
У той год Андрэй ажаніўся, стаў бацькам. На тое лета выпаў іхні з Адай мядовы месяц. Як мудра прыдумалі людзі! Мядовы месяц у іх быў сапраўдны. Урэзаліся ў памяць гарачыя ночы на пахкім сене на ўсё жыццё. Потым гэткай першароднай радасці ўжо не было: турботы, клопаты, нараджэнне дзяцей, бясконцыя нарады і паседжанні, лекцыі і даклады не адпускалі ў думках нават падчас адпачынку.
Гэтыя згадкі прамільгнулі, калі Андрэй стаяў на ярка асветленай станцыі метро ў чаканні поезда. Метро ён ацаніў, як пазбавіўся персанальнай “Волгі”. Забарона “маналітнай і магутнай” КПСС, а потым распад Саюза – гэтыя падзеі былы абкамаўскі ідэолаг яшчэ дасюль не мог усвядоміць і асэнсаваць... Чарнобыль перайначыў жыццё трэцяй часткі Беларусі, асабліва насельнікаў зоны, адселеных вёсак. Распад КПСС і Савецкага Саюза перайначыў, а то і зламаў лёсы мільёнаў людзей.
У радыяцыйнай зоне жыццё рухалася спрадвечным чынам, але нябачная радыяцыя, быццам непераадольная запруда, павярнула жыццёвую плынь у іншае рэчышча. І лёс Андрэя Сахуты мусіў зрабіць круты віраж, падчас якога ледзьве не выпаў “у асадак”, як гаворыць сын Дзяніс. Але не зламаўся, выстаяў, мае працу, адказную пасаду, мае перспектыву зноў вярнуцца ў сталіцу.
Дабраўся дадому даволі хутка. Перад сваім пад’ездам прыпыніўся, зірнуў на вокны кватэры: ярка свяцілася вузкае акно кухні, мякка, утульна – лоджыя, на якую выходзілі дзверы спальні. “Мусіць, Надзя на кухні, а жонка чытае ці глядзіць тэлевізар”, – падумаў ён. Адчыніў дзверы сваім ключом, ціха ўвайшоў, паставіў чамадан. З кухні выйшла Ада ў пярэстым халаце. Гэты халацік ён падарыў некалі ёй у дзень нараджэння. Ада ўцяпліла халат ваўнянай хусткай і ўзімку любіла апранаць яго. А сёння, можа, апранула знарок. Абняліся, пацалаваліся. Андрэй адчуў знаёмы водар жончыных валасоў і жаданне блізкасці адразу авалодала ім.
– Ну, як даехаў? Я ўжо зачакалася, – Ада зноў прыхінулася да яго, зноў пацалаваліся.
– Так, сапраўды ехаў доўга. Цягнік поўз, як сонны. І толькі ў прыгараднай зоне прыбавіў ходу. А то спыняўся ля кожнага слупа. Надзя, Толік спяць? Як у іх? Усё добра? Паправіўся малы?
– Трохі кашляе. Тэмпература нармальная. А я вару халоднае. Баюся, ці застыне. Ну, мый рукі. Будзем вячэраць. А мо душ прымеш?
– Так, лепей душ. Але я хутка.
У ванным пакоі прыемна пахла мядовым шампунем, лунаў тонкі фодар парфумы. Эх. каб зараз паляжаць з паўгадзіны ў цёплай вадзе, успененай шампунем, пацешыць грэшнае цела! Але разумеў, што опзна ўжо, Ада чакала, і яму хацелася любові. Таму нырнуў пад цёплы душ. Міжволі падумаў: і ў лясніцтве, і цяпер у райцэнтры не мае ні цёплага душа, ні цёплага клазета, не кажучы пра ванную ці метро. Не дзіва, што моладзь тышчыцца ў горад. Дый не толькі моладзь. Калі б меў чалавек ладны кавалак, свій дом з усімі выгодамі, дык наввошта яму клетка-кватэра ў гарадской камяніцы? Але такое, мусіць, будзе ў нас вельмі няхутка. Хоць ён чуў, што апошнім часам вакол Мінска закіпела будаўніцтва катэджаў, банкі выдаюць ільготныя крэдыты, толькі будуйся. Гэта эканамічны падрыў ідэалогіі сацыялізму: чалавек, які мае трохпавячрховы катэдж, у камунізм не паверыць і чакаць яго прыходу не пажадае, і ўсё будзе рабіць, каб роўнасць і брацтва не пусціць на парог.
Андрэй і Ада выпілі па кілішку за прыезд. Ён пазіраў жонцы ў вочы, разглядаў ейны твар, гэткі знаёмы , родны, прыкмеціў ля вушэй пасмачкі сівых валасоў. “Пастарэла мая бабулька”, Андрэй злавіў сябе на думцы, што параўноўзвае яе з Палінай. Там было новае, вострае пачуццё, а тут усё знаёмае, блізкае , звыклае, жанчына, з якой пражыта гэтулькі гадоў, выгадавалі дзяцей, ужо растуць унукі. Так, яна, можа, занадта дакарала, што доўга хадзіў без работы пасля абкама, пярэчыла, каб ехаў працаваць у зону – вядома, клапацілася пра яго здароўе, хацела быць рзам, а не жыць паасобку. Каханне не даруе дабраахваотнага расстання. Але ж ён мусіў туды ехаць, жыццё загнала яго ў радыяцыйную зону. І невядома, як бы паставілася да яго намеру іншая жанчына, тая ж паліна. Не, паліну на месцы жонкі ўявіць не мог, дужа мала яны ведаюць адно аднаго. “І ўвогуле, ты дома. Гані прэч усялякія думкі. Згаладалая жонка цябе чакае”, – настойліва параіў унутраны голас Андрэя.
Яму здалося, што Ада лашчыць яго, як ніколі пяшчотна. Не, не здалося, так было насамрэч. “Доўгае рассстанне распальвае каханне”, – падумаў Андрэй і сам здзівіўся, што атрымалася ў рыфму. Асаблівую всрыню пачуццям надавала разуменне: гэта апошняя ноч года.
Пасля бурных абдымкаў – У Ады нават вырвалася прызнанне. Што ён памаладзеў, падужэў, мабыць, радыяцыя спрыяе патэнцыі.
– Ёсць яшчэ порах, – задаволена ўсміхнуўся Андрэй.
– О, мілы мой, у цябе цэлы парахавы склад.
Звычайна Андрэй Сахута ўставаў рана, але ў апошні дзень года прачнуўся позна. Даў сабе паслабку, ляжаў, думаў, каму патэлефанаваць, што падарыць унуку, жонцы, дачцэ. Надзя з Толікам пераехалі да іх нядаўна, сваю кватэру здала нейкай фірме. Ада раілася з ім па тэлефоне наконт гэтага пераезду, вядома, ён пярэчыць не стаў.
– Што табе купіць, Ада? Усё-ткі Новы год, – спытаўся ён падчас сняданку.
– Ат, не турбуйся. Сёння што-небудзь купіць – праблема. Людзей усюды поўна. Для мяне лепшы падарунак – ты сам.
Кароткі зімовы дзень прамільгнуў неўзаметку. Параіўшыся з Надзяй, купіў унуку санкі. Пад вечар абнавілі іх: каталіся з невысокай горкі ў двары. Толік цешыўся падарункам, расчырванеўся, бы снягір, сам усцягваў саначкі на горку, адштурхоўваўся і скочваўся ўніз. Дзед Андрэй хадзіў па двары, пазіраў на асветленыя вокны дамоў, у некаторых праз шыбіны мігцелі рознакаляровыя лямпачкі на елках.
Што б ні дзеелася на свеце, якія б драматычныя падзеі ні адбываліся, Новы год прыносіць надзею на лепшае. І кожнаму хочацца верыць, што надзеі спраўдзяцца.
Увечары Андрэй глядзеў з унукам “Калыханку”, потым чытаў яму казкі. Малы ўважліва слухаў, затым пачаў пазяхаць, дзед падумаў, што ўнук вось-вось засне, а той раптам спытаў:
– Дзеда, а ў тваім лесе багата елак?
– О, вельмі! Таму што лес там вялікі. Там цячэ рака Бесядзь. У вёсцы над ракою жылі твае дзяды і прадзеды.
– Дык ты ж мой дзед. А прадзед гэта хто? Ён мяне ведае?
– Мой бацька Мацвей – гэта твой прадзед. А мая маці Кацярына – у вёсцы яе клікалі Кацерай, – твая прабабка. Іх ужо няма. Яны састарэлі і памерлі. От, некалі ўлетку з’ездзім на маю радзіму. Ты павінен ведаць, дзе жылі твае продкі. Там, праўда, зараз радыяцыя. Чарнобыль. Але мы яго пераможам.
– А ты бачыў радыяцыю? Яна што, уся чорная?
– Радыяцыю ўбачыць нельга. Яна ў зямлі, у вадзе. Вось, як соль ці цукар раствараецца ў вадзе, так і радыяцыя. Толькі яна шкодная для чалавека.
– Раз яна шкодная, дык навошта чалавек яе прыдумаў?
Пытанне ўразіла Андрэя Сахуту сваёй лагічнасцю. Ён пачаў тлумачыць, што з дапамогаю атамнай энергіі чалавек вырабляе электрычнасць, іначай у кватэры было б цёмна, на вуліцах не гарэлі б ліхтары, не хадзілі б па рэйках трамваі. Толік слухаў уважліва, хоць і не ўсё, відаць, разумеў. Раптам ён сказаў:
– Дзеда, а я не хачу паміраць. Раз нарадзіўся чалавек, дык хай жыве і жыве.
– Правільна, унучак. Мы будзем жыць. І мама твая, і бабуля. Усе будзем жыць. Насуперак усялякаму ліху.
– А ваўкі ёсць у тваім лесе, – нечакана спытаўся Толік.
– Ёсць. Але ваўкі не такія страшныя, як пра іх пішуць. Чалавека яны баяцца. У лесе багата птушак.
Андрэй перавёў гутарку на птушак, каб не палохаць малога: размова перад сном пра ваўкоў не дужа супакойвае дзіцёнка. Ён пералічваў, якія птушкі жывуць у лесе, гаварыў нетаропка, сцішаным голасам.
– А цяпер, унучак, яны ўсе спяць. Сінічкі зашыліся ў свае дуплянкі, сарокі дрэмлюць пад яловымі галінамі, вераб'і забіліся пад стрэхі. Усе, усе спяць Нават вецер стаміўся за дзень, прылёг пад высокаю елкай, уздыхае, варочпецца і ціха– ціха засынае…
Андрэй заўважыў, як паступова павекі малога нібы зліпаліся, дыханне зрабілася роўным, глыбокім. Сон змарыў малога мысляра. Ён пазіраў на ўнука і адчуў, што вочы павільгатнелі, ён гатовы заплакаць. Трывожнае пачуццё авалодала ім: што чакае ў жыцці гэтага малога чалавечка? Расце ён без бацькоўскай ласкі. “Які мярзотнік, – падумаў пра былога зяця, – кінуў такое дзіцятка. Я павінен замяніць яму бацьку. Падняць яго на крыло”. А яшчэ падумалася: жыць трэба доўга, каб дачакацца праўнукаў.
Пятро і Ева прыехалі гадзіны за дзве да Новага года. Даўнія сябрукі прыдзірліва агледзелі адно аднаго, асабліва прыглядаўся Пятро: быццам шукаў адбітак радыяцыі, сляды перажытага на твары, ва ўсёй паставе. Пераканаўся, што сябар трохі схуднеў, пастарэў, зрабіўся спакайнейшым, больш стрыманым, нават гаварыць стаў павольней.
Яшчэ з большай прыдзірлівасцю аглядалі адна адну жанчыны. Асабліва прыглядалася да госці гаспадыня, бо Ева была маладзейшая ажно на шэсць гадоў. Хоць ты, галубка, і маладзейшая, падумала Ада, але пастарэла ты мацней за мяне і патаўсцела болей. Прыбавіў вагі і Пятро, але свой “мазоль”, як ён выразіўся, не хаваў і не саромеўся яго.
– Ты малайцом, Андрэй. Стройны, паджары. Вось, што значыць праца на свежым паветры. А я сяджу, нібы крот, над рукапісамі. Свету белага не бачу. Бруха расце, хоць і зарадку раблю. І ў басейн хаджу. Уранні па выхадных днях бегаю.
– Прыедзь да мяне на месяц. Уладкую егерам. Увачавідкі твой мазоль спадзе.
Госці распраналіся, сцішана гаманілі, бо Андрэй без залішняй дыпламатыі папярэдзіў: малы Толік заснуў. Потым селі за стол. Пілі за стары год.
– Хоць Каза і наламала дроў, але, можа, усё наладзіцца. Утрасецца, уляжацца, – Пятро агледзеў застолле, зірнуў на Андрэя, быццам прасіў дазволу сказаць тост. – Развал Саюза закрануў мільёны людзей. Правільней, зламаў лёсы мільёнаў. А закрануў усіх, як раней пісалі і гаварылі, усіх савецкіх людзей. Мы выраслі пры гэтай уладзе. Мы – ейныя дзеці, – Пятро памаўчаў, уздыхнуў. – Дарагі мой дружа, Андрэй, табе, мусіць, давялося перажыць болей за ўсіх.
– Чаму болей за ўсіх? Я так не думаю, – запярэчыў Андрэй. – Давайце вып’ем за стары год.
– Не, прабач, дай мне закончыць. Я перайшоў з адной пасады на другую. Па сваёй ахвоце. Прычым цяпер маю большы аклад. А ты з высокай пасады грымнуўся на зямлю. З гэткай вышкі ды ў радыяцыйную зону. Я дакараю сябе, што не заўсёды падтрымліваў... І тут Ада Браніславаўна – малайчына. Яна забяспечыла тыл.
Ніхто не заўважыў, як пачырванела Ада – яна лепей за ўсіх ведала, што думала пра мужа ў тыя дні пасля ГКЧП. І не толькі думала, а й казала. І не раз, і не два кідала ў твар крыўдныя, абразлівыя словы “партыйнаму балбатуну”, які нічога не выслужыў у дзяржавы і партыі, мусіў ехаць у радыяцыйную зону шараговым ляснічым.
– Ну, і я іншы раз памылялася. Я была супраць, каб Андрэй ехаў у зону. Здароўе – даражэй за ўсё. Ну, але, дзякуй Богу, усё наладжваецца. У райцэнтры радыяцыі меней. І пасада салідная. Галоўны ляснічы – адзін на ўвесь раён, – з гонарам сказала Ада. – З гэтай пасады можна і ў Мінск скокнуць. І я б хацела, каб гэта адбылося як мага хутчэй.
– Не ўсё так проста, мая даражэнькая. Але будзем спадзявацца на лепшае. Ну што, як людзі кажуць: нешта ў горле драпачыць?
– Давайце вып’ем, каб надыходзячы год Малпы быў дабрэйшы, здаравейшы, шчаслівейшы, – Пятро ўзняў чарку.
– Каб усе нашы надзеі спраўдзіліся, – дадала Ева.
Андрэй прыкмеціў, як уважліва слухала Ева, калі гаварыў Пятро, як яны пераглядваліся між сабою, якая прыязнасць свяцілася ў іхніх вачах. У душы пазайздросціў сябру: той знайшоў сваю палавінку, у іх ёсць каханне і ўзаемаразуменне. “Ева, мусіць, так бы не грызла мужа, каб той апынуўся на маім месцы”, – міжволі падумаў Андрэй. Заўважыў пільны позірк Ады: няўжо яна здагадваецца пра мае думкі? Не, такога быць не можа. Калі вельмі моцна кахаць чалавека, мабыць, можна сэрцам улаўліваць, адгадваць ягоныя думкі, дый то не заўсёды”. А яны з Адай жылі апошнім часам па інерцыі быцця, і першае выпрабаванне амаль што раскалола іхні сямейны човен.
Новы год набліжаўся. І вось ужо на экране з’явіўся коннік.
– А вось і старадаўняя літоўская Пагоня! – усхвалявана выдыхнуў Пятро. – Я да гэтага часу не магу даць веры... Ну, што гэтак лёгка даўся нам суверэнітэт. Тысячы лепшых людзей аддалі некалі свае жыцці за вольную Беларусь. А тут гэтая воля сама быццам з неба звалілася. Галоўнае цяпер, не ўпусціць яе.
– Пятро, пачакай, давай паслухаем, – ціха сказала Ева.
Калі Станіслаў Шушкевіч скончыў віншаванне, выгукнуў “Жыве Беларусь!”, Пятро паўтарыў услед за ім “Жыве!” Гаспадары Сахуты,
іхнія госці чокнуліся шампанскім, выпілі, пацалаваліся па-сяброўску. І тут жа зазвінеў тэлефон: першым павіншаваў бацькоў сын Дзяніс.
– Бацька, я рады, што ты дома. Думаю, усё будзе добра.
– Дзякуй, сынок за віншаванне. Абдымаю цябе. Прыязджайце.
Потым патэлефанавала Надзя, за ёй гаварыла Ірынка, сказала, што праз гадзіну яны могуць прыехаць. Ада чакала такога паведамлення, рыхтавалася і ўсё ж устрывожылася: ці хопіць нагатаваных страў? Але мелася ў яе іншая трывога: чаму не тэлефануе Андрэеў сябар з Камітэта па экалогіі? Ён званіў месяц таму, шкадаваў, што Андрэя няма, бо ў іх намячаецца вакансія.
– Можа, павіншуй Міхаіла? Чаго ты саромеешся? – шапнула мужу.
– Я званіў яму на працу. Перадаў сакратарцы. Ён ведае, што я дома. Пазвоніць.
– А я не чакала б, – з падтэкстам сказала Ада, маўляў, зноў упарцішся, цану сабе набіваеш, – карона не зваліцца, калі павіншуеш патрэбнага чалавека.
Раздражненне ўспыхнула ў душы Андрэя, але ён стрымаўся, нічога не сказаў жонцы, павярнуўся да Пятра, завёў гутарку пра “Пагоню”, пра тое, што народ мала ведае пра нашы гістарычныя сімвалы.
– А хто пра іх гаварыў народу? Твае сябры ідэолагі? Ці мае калегі з тэлерадыё? Толькі цяпер адчулі смеласць. А то ж наш спрадвечны нацыянальны сцяг называлі паліцэйскім штандарам. Здзек з нашай гістрыі, з нашай мовы. Цяпер трэба нацыянальная ідэя, якая б з’яднала народ. З’яднала б нацыю.
– Пятро, ну ты, як на мітынгу, – пасміхнулася Ева і дадала: – Хаця, калі паразважаць, можа, і праўда, патрэбна такая ідэя.
Хітрая кабета, падумаў Андрэй, нібыта ўпікнула, а потым пахваліла, падтрымала. У маёй Ады – толькі белае і чорнае. І ніякіх нюансаў: ёсць рубель, дык ёсць, а няма, дык няма. Развагі прафесійнай фінансісткі.
– Ну і што сталічная інтэлігенцыя прапануе народу? Якую ідэю?
Ева ўлавіла іроніію ў гэтых словах, зірнула на Андрэя, нібы хацела сказаць: ну чаго ты задзіраешся?
– Не ведаю, што думае інтэлігенцыя. Я прапанаваў бы вось што. Першае – гэта самастойнасць. Якая дзяржава без суверэнітэту? Без самастойнасці? Другое – самабытнасць. Гэта наша культура, традыцыі, мова, нашы песні. Адным словам – нашы карані, – Пятро перадыхнуў, ці, можа, збіраўся з думкамі, ці даў магчымасць засвоіць пачутае. – Трэцяе – дабрабыт. Каб і паесці было што, і апрануць. І чым поле араць, і на чым па дарогах ездзіць. Ну, тут уся эканоміка. Базіс.
– Мне здаецца, правільная ідэя, – першай падтрымала госця гаспадыня. Яна якраз вярнулася з кухні, калі Пятро пачаў гаворку пра нацыянальную ідэю. – Асабліва – наконт дабрабыту. Каб быў хлеб і да хлеба. Тады і песні будуць.
– Ну і што атрымліваецца? Два “с” і “д”. У Гітлера было СД, – пачаў Андрэй, але Пятро перапыніў яго.
– Ну, ты ж не блытай гарох з капустай. Гэта з іншай оперы.
– Мне здаецца, для раўнавагі трэба дадаць – духоўнасць. Перад дабрабытам. Пачакай, пачакай, – Андрэй перапыніў разгарачанага сябра. – Ты хочаш сказаць, што самабытнасць гэта ўсё ўбірае. Але гэта не зусім так. Духоўнасць спрадвеку была ўласціва нашаму народу. Іншым разам ён болей клапаціўся пра душу, чымся пра жывот. Болей думаў пра песню, чымся пра кавалак хлеба. Я таксама сёе-тое чытаў. У Максіма Гарэцкага пра гэта хораша сказана. Не памятаю дакладна: народ наш – лірнік, народ – пясняр і гэтак далей. Дык вось, тады будзе: самастойнасць, самабытнасць, духоўнасць, дабрабыт. Два “с”, два “д”. Гэта як некалі крытыкавалі стыль работы райкамаў. Праўда, тады пісалі і гаварылі – райкомаў. Насуперак беларускай граматыцы. Дык называлі чыноўніцкі стыль: дэ квадрат, шэ квадрат. Давай-давай, шуруй-шуруй.
– Я падтрымліваю духоўнасць. Ну, і раўнавагу. Чатыры словы, як чатыры бакі свету. Як чатыры поры года. Чатыры вуглы хаты. Два “с”, два “д”. Выдатна! Усё тут сканцэнтравана, – важка зазначыла Ева, быццам толькі ад яе залежала прыняццё нацыянальнай ідэі.
– Ад імя народа. Ад імя ўсіх фінансістаў я вітаю гэтую ідэю, – з усмешкай сказала Ада. – І прапаную за яе выпіць. А то мне крыўдна. Усё стаіць на стале. Бульба адубела. Халоднае растае. Налівай, Андрэй. Дзеці зараз прыедуць.
– Дык ты хочаш, каб мы былі п’яныя да іхняга прыезду? – рагатнуў Пятро. – Але за нацыянальную ідэю варта падняць добрую чарку.
– Не п’яныя, а вясёлыя і шчаслівыя, – пачала Ада, але тут заліўся трэллю тэлефон. Яна зняла трубку і з радасцю паклікала Андрэя, бо пазнала басавіты голас Міхаіла Іосіфавіча.
Ёй вельмі карцела паслухаць, пра што будзе гаворка, але яна адчувала няёмкасць сітуацыі і неахвотна падалася да гасцей. Не стрымалася, каб не сказаць, хто тэлефануе, заінтрыгавала, маўляў, шмат залежыць ад гэтай размовы.
Калі Андрэй вярнуўся. усе зірнулі на яго вельмі ўважліва. Ада спыталася:
– Ну, што ён сказаў?
– Павіншаваў з Новым годам. Пажадаў, каб наступны год я сустракаў у якасці іхняга супрацоўніка.
– Дык гэта ж выдатна! – засвяцілася ад радасці Ада, цмокнула мужа ў шчаку. – Але год – гэта зашмат. Лепей паўгода. Яшчэ лепей – адзін квартал. Бо гэтыя тры месяцы доўжыліся для мяне як тры гады.
– А што гэта за чалавек? – пацікавіўся Пятро.
Андрэй сказаў, што званіў намеснік старшыні камітэта па экалогіі, што іхні камітэт праз нейкі час будзе называцца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, будзе пашыраны...
Пятро і Ева неўзаметку пераглянуліся: на днях яны спрачаліся, Ева з крыўдай у голасе даводзіла, што былыя партыйныя босы захапілі ўсе ключавыя пасады ў выканкамах, хапаюць ільготныя крэдыты, дзеляць вакол Мінска зямлю пад катэджы, прыватызацыю пераўтварылі ў прыхватызацыю. Пятро напачатку пярэчыў, але жонка пераканала, што ўсё сапраўды так адбываецца. І вось яшчэ адзін доказ непатапляемасці партыйных функцыянераў.
– Калі пра нешта пачынаюць гаварыць, то яно і збываецца. Экалогія выходзіць на першы план. Я б дадаў сюды экалогію душы, – задуменна сказаў Пятро.
– Так, дарагі мой дружа. Я цалкам згодны з табой, – Андрэй пільна зірнуў на сябра, падняў бакал. – За Новы год! За новае жыццё!
Андрэй Сахута, былы сакратар абкама па ідэалогіі, а цяпер галоўны ляснічы радыяцыйнага прыбяседскага лясгаса, упершыню адчуў, што яму не хочацца вяртацца ў сталіцу.
На зыходзе была першая гадзіна новага, тысяча дзевяцьсот дзевяноста другога года.
ХХІ
І над роднай Бесяддзю павярнулася ноч на другі бок. Праз бухматыя хмары выбліснуў рудаваты ветах, у прагалінах замігцелі зоркі. Над сцішанаю заснежанаю прастораю, над вершалінамі старадрэвін імчаў пругкі марозлівы зюйд-ост – вецер з Чарнобыля. У яго калючым дыханні адчуваўся невынішчальны водар выпетралага, прамерзлага палыну.
Палыновы вецер не ведаў спакою і спачыну нават у навагоднюю ноч.
О вецер, вецер! Ты самы магутны на свеце! Ты здольны ўплішчыцца ў шчыліну, уварвацца ў прачыненую фортку. Ты можаш ахапіць палову акіяна і ўсё неба. Ты прыносіш дождж, снег і град. Ты зрываеш стрэхі, валіш электрамачты, выварочваеш з карэннем магутныя дубы, высозныя елкі, таўшчэзныя вольхі і асіны. Я ніколі не забуду відовішча, убачанае ў верасні 1962 года. Тады сын Твой, смерч, спляжыў паўтараста гектараў прыбяседскага лесу. Нібы жытнёвыя кулі ляжалі паваленыя дрэвы, малыя хвойкі Ты прыціснуў да зямлі, быццам пагладзіў даланёю, купкамі стаялі кручаныя-перакручаныя дрэвы, нібы Ты хапаў іх за чубы і хацеў скруціць перавясла.
О вецер, вецер! Ты – самы вольны і самы багаты, бо колькі людзей кідаюць табе словы, час і багацце!
Ты і сам. вецер, вялікі працаўнік. Спрадвеку носіш па моры-акіяне рыбацкія паруснікі, вайсковыя фрэгаты, флібусцьерскія брыганціны, надзімаеш касыя ветразі розных шхунаў і беласнежных прыгажуняў яхтаў. Без цябе, Вецер, Калумб не адкрыў бы Амерыку. Ты здаўна корміш чалавека хлебам, бо нястомна махаеш крыламі ветракоў, мелючы зерне. Табе па плячы выратаваць свет ад экалагічнай катастрофы, Ты можаш забяспечыць чалавецтва самай таннай электраэнергіяй.
О вецер, вецер! Я вітаю твой свежы подых! Радуюся, калі Ты ўздымаеш марскія хвалі, бо люблю даваць нырца, каб схапіць за пеністую грыву вірлівы вал салёнай вады. А як цешаць сэрца і вока блішчаста-зялёныя хвалі, якія Ты коціш па жытнёвым палетку. Любіш Ты, гарэзнік-вецер, задзіраць дзявочую спаднічку, лашчыць вабныя каленкі...
А калі Ты, Палыновы вецер, залятаеш у хату, Ты заклікаеш да абнаўлення. Ты рушыш усё, што састарэла, згніло і аджыло свой век. А сам Ты, Вецер, нідзе не нараджаешся і нідзе ніколі не паміраеш, бо Ты вечны.
Як вечная наша Зямля-Матухна. І на ёй Чалавек.
Снежань 2002 – сакавік 2008
АПАВЯДАННІ
КАЛЯДНЫ БАЛЬ
З цыкла “Вясёлыя гісторыі пра жыццё-быццё вясковае”
ПРОСІНА ТАЯМНІЦА, альбо ЯК ПЕЎНІК ГУСАКА АДДУБАСІЎ
Неяк уранні дзед Аўхім пачуў адчайны піск гусяняці, крутнуўся за веранду і ўбачыў у кутку двара пеўня, які калашмаціў малое гусяня. Дзед кінуўся на дапамогу, а з другога канца двара. Растапарырыўшы крылы, з грозным шыпеннем імчаў гусак. Ён апярэдзіў гаспадара. Скубануў пеўня за хвост, той вопрамеццю кінуўся наўцёкі. Гусянё пачыкільгала да сваёй сям'і. а гусак задраў дзюбу ўгору, пераможна загагатаў. Гусыня-маці пяшчотна гэгала. Нібы гладзіла дзюбаю малое. Але ў ейным голасе чуліся ноткі дакору: што ж ты, неслух-гарэза, адбіўся ад сям'і. Вось і атрымаў прачуханку.
З таго дня гусак люта ўзненавідзіў пеўня і не даваў яму праходу. Аўхім спрабаваў памірыць іх. Але спроба не ўдалася. Ён расказаў пра здарэнне жонцы Просі, прапанаваў:
– А можа, у суп пеўніка?
– Ты што? – узбурылася Прося. – Еткі малады, прыгожы пеўнік. Дый квактуха яшчэ не выцвела пылянят. І да восені далёка. Куры без пеўніка несціся перастануць. Хіба ты іх тапатць будзеш? – падсміхнула дзеда.
– От. раскудахталася! Цябе толькі зачапі, балаболку,– нязлосна буркнуў Аўхім. Узяў касу і пасунуўся з двара.
Праз колькі дзён Прося сама ўбачыла, як гусак загнаў пеўня ў кут і дзёўб яго з усяе моцы. Прося злавіла гусака. Заціснула між каленяў крылы і падсунула пеўніку, каб напалохаў свайго крыўдніка і той болей не чапіўся.
– Пыль-пыль-пыль! Пеця, хадзі. Не бойся. Скубані яго. Каб не лез…
Пеўнік агледзеўся. Імгненна ацаніў сітуацыю. Бліснуў чырвона-аранжавым помслівым вокам і давай дубасіць гусака. “Ну, дос. Правучыў разбойніка і годзе”. Прося адпусціла гусака. Той даў драла. Але пеўнік, быццам каршун-шуляк . узляцеў угору. Дагнаў гусака, уссеў на спіну і пачаў лупасіць дзюбаю ў шыю. Гусак кружыў па двары. Матляў доўгаю шыяй, але скінуць наезніка не мог. Баба Прося застыла бы ўкапаная, аж рот раскрыла ад здзіўлення: такога павароту ніяк не чакала. Цяпер давялося ратаваць гусака. Прося схапіла дзяркач і сагнала пеўня-забіяку.
Неўзабаве вывеліся пыляняты. Іх было трынаццаць – акурат гэтулькі яек паклала Прося пад квактуху.
– От. малайчына наш пеўнік. Усе яйкі найграныя. Працаўнік. – пахваліў яго Аўхім.
– Не тое. што ты, – упікнула дзеда Прося.
– Дык ён жа саўсім малады. А я восьмы дзесятак распячатаў. Быў і я калісьці рысаком. У мядовы месяц было шэсць разоў на начы. Сёмы – ўстаючы. Хіба ты забылася?
– Помню, Аўхімка, усё помню. Такое не забываеца.
Неяк адвячоркам, калі гусі вярнуліся з пашы, Аўхім убачыў незвычайнае відовішча: пеўнік уссеў на гусака і ганяў яго па двары. Дзед аж аслупянеў. Паклікаў Просю.
– Паглядзі! Што робіцца! Чыстае кіно. Баявік амерыканскі. Пеўнік дубасіць гусака! Ета ж ён сваіх дзетак бароніць. Во, прырода! Пеўнік перамог