Текст книги "Палыновы вецер"
Автор книги: Леанід Левановіч
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 19 страниц)
Ачнуўся Акапян на мулкім тапчане, збоч стала, за якім яны піравалі. Раковіч сунуў яму ў рот таблетку валідола.
– Вазьмі пад язык. Пасмакчы. Палягчэе. Як чуешся?
Бледны твар, беспрытомны стан Акапяна вельмі напалохау Раковіча, бо менавіта ён за ўсё нёс адказнасць.
– Ну нічога, ужо лепш, – разняў бледныя вусны Акапян. – Апошняя антабка, відаць, была лішняя.
– Ну, Георгій Сяргеевіч, ты яшчэ малады мужык. Не апошняя, аглаблёвая. Такое здараецца. Ці мала што якое. Мы ж многа не выпілі, – супакойваў і Раковіча, і сябе Даніла. – Ну што, будзем прыбіраць антабкі? – зірнуў ён на ляснічага.
Удвух яны ўзяліся прыбіраць са стала, бо егер даўно пакаціў на веласіпедзе дамоў. Раковіч пасунуўся да дзвярэй. У яго таксама была цяжкая галава. Падышоў да Бесядзі, асцярожна нахіліўся, засилиў прыгаршчы вады, лінуў на разгарачаны твар. Уцёрся хусцінкай, адразу адчуў палёгку. Падышоў Даніла.
– Ну што, вада ўжо халодная? Спасаўка на дварэ. Ілля даўно памачыўся, – Даніла памаўчаў, шумна ўздыхнуў. – А якое паветра! Які водар! З дзяцінства люблю часіну пасля дажджу. Некалі мы басанож хадзілі па лужынах з Андрэем Сахутам. Ён цяпер у Мінскім абкаме партыі. Сакратар па ідэалогіі. Я ўвогуле люблю хмарныя дні. Тады сонца не смаліць, не выпальвае зямлю. Усё расце, наліваецца сілаю. Сонечных дзён не трэба шмат. Тыдзень на касавіцу. Пару тыдняў на жніво, – задумліва разважаў Даніла.
Раковіч быў не зусім згодны: на касавіцу тыдня мала, а на жніво і трох не хопіць, але пярэчыць не хацелася: у затуманенай гарэлкай галаве білася адна думка: што там у Маскве?
Неба на ўсходзе ўспыхвала бліскавіцамі. У гэтых мігатлівых успышках, якія асвятлялі абрысы попельна-ружовых аблокаў, было нешта трывожнае і таямнічае.
ІІІ
Ужо чацвёрты год Андрэй Сахута займаў пасаду сакратара абкама партыі па ідэалогіі. Так, менавіта абкама. Цяпер і пісалі і вымаўлялі гэтыя словы-сімвалы савецка-партыйнай улады па законах беларускай граматыкі: райкам, абкам, выканкам. З асаблівым смакам бэсцілі райкамы і абкамы выступоўцы на мітынгах, але язык Андрэя Сахуты ўпарта не слухаўся новых павеваў часу і вымаўляў гэтыя словы-сімвалы на ранейшы капыл, як і ягоныя калегі – партыйныя функцыянеры. Аднойчы ён зняў трубку тэлефона – сакратарка недзе выбегла ў калідор, і пачуў прыемны жаночы галасок: гэта абкам? Ён укусіў сябе за язык, бо гэтак зманулася сказаць: “Не, даражэнькая, гэта абком...” О, як сумаваў ён па былым часе! Хаця ў глыбіні душы разумеў: жыццё ставіць усё на сваё месца. Разумець то разумеў, але ўся яго істота супраціўлялася гарбачоўскай перабудове і новаму мысленню.
Андрэй Сахута, як і большасць ягоных дружбакоў-партакратаў, лічыў, што гэта ўсё робіцца на шкоду партыі і народу, але партыйная дысцыпліна, нібы жалезная аброць, прымушала трымацца баразны, па якой вялі вышэйшыя лідэры, тыя, што сядзелі ў Крамлі і трымалі лейцы. Каб жа толькі трымалі! Дык жа бязлітасна тузалі! І не раз узгадваў Андрэй крылатыя, мудрыя словы беларускага класіка-гумарыста: “Кіраваць то ты кіруй, ды не надта тузай!”
Але не толькі дапякала вышэйшае кіраўніцтва, усё часцей паказвала зубы і само жыццё, тое самае жыццё, якое філосафы называюць аб’ектыўнай рэальнасцю.
Неяк начальства прапанавала Сахуту, тады першаму сакратару райкама, перайсці ў гаркам партыі сакратаром. Ён сустрэў гэтую прапанову без асаблівага жадання. Ды што ён мог сказаць, апрача звыклага: я – салдат партыі, раз трэба – значыць, трэба. Але на партканферэнцыі ўзнікла іншая кандыдатура, альтэрнатыўная – дружбакі вылучылі загадчыка аддзела гаркама. У паветры ўжо адчуваўся подых дэмакратыі, Гарбачоў трубіў пра галоснасць і новае мысленне. Праўда, ніхто, мабыць, і сам генсек не ведаў, што гэта такое – новае мысленне. Але фраза, нібы пробны шар, была запушчана, і паляцела, пакацілася па ўладных і партыйных калідорах, замільгала на старонках газет. Пасля тэлевізійнай праграмы “Время” галоснасць, новае мысленне высвечваў “Пражэктар перабудовы”.
Дык вось, на партканферэнцыі абмяркоўваліся дзве кандыдатуры, выступалі абодва прэтэндэнты. Гаркамавец аказаўся больш тонкім і ўмелым дэмагогам і, мусіць, ён болей прагнуў павышэння і новага крэсла, таму і атрымаў болей галасоў. Балюча перажываў Андрэй Сахута, бо гэта была першая публічная параза.
Затое на абласной канферэнцыі за яго галасавалі дружна: мабыць, паспрыяла вясковае паходжанне, ляснічы па адукацыі, але добра ведае і сталічныя калідоры. Тады яшчэ ўсе прыслухоўваліся да голасу партыі, але з кожным годам яе крытыкавалі ўсё смялей. Першым гэта зрабіў важак маскоўскіх камуністаў Барыс Ельцын на пленуме ЦК у кастрычніку 1987 года. Сахута тады счапіўся з Пятром Махавіковым, земляком, тэлежурналістам. А выйшла вось як.
Пятро прыехаў да яго ў абкам напрыканцы дня. Зняў мокрае ад снегу паліто, страсянуў шапку, гладка зачасаў парадзелыя валасы, якія прыкрывалі шырокую лысіну. Андрэй міжволі падумаў, што ў сябра прычоска, як у знаёмага сакратара гаркама, у некаторых работнікаў ЦК. Тыповая, наменклатурная прычоска.
– У цябе, Пятро, прычоска, як у сакратара гаркама Галко. Наменклатурная. Дарэмна ты не згадзіўся на павышэнне...
– Дзіва, што людзі кажуць – галком. Сабраліся вароны і галкі. Адно робяць, што гарлапаняць і галёкаюць. Крычаць пра галоснасць. Патрабуюць, каб чалавек выказваў свае думкі. А як Ельцын вякнуў на пленуме... Пакрытыкаваў старых бюракратаў. Генсека зачапіў, так і з’елі. Вось і скончылася перабудова, – усхвалявана загаварыў Пятро.
– Занадта крута бярэш. Перабудова не скончылася, – Андрэй прыцішыў голас, дадаў: – Хаця я сам думаю, нешта тут не так. Нам казалі: трэба вучыцца перабудове на прыкладзе Масквы. А тут раптам “политическая ошибка”. Мне здаецца, гэта вялікая памылка Гарбачова. Мы цяпер апраўдваем Бухарына, розных там апартуністаў. А тут чалавек выступіў з крытыкай на пленуме і яго высту прызнаецца “политически ошибочным”. І яго адразу здымаюць з пасады за “крупные ошибки”. І спёкся папуас. А дзе ж дэмакратыя і галоснасць?
– І новае мысленне, пра якое крычыць генсек. Перабудове – капцы. Гэта адназначна, – рубануў рукою, нібы шашкаю, Пятро. – А Ельцын цяпер стане самым папулярным чалавекам. Расія любіць пакутнікаў. Гэта спрадвеку...
Андрэй дастаў з шуфляды даведнік “Коммунист” – тоўстую кніжачку кішэннага памеру, адшукаў спіс партыйнай вярхушкі.
– Тут, браце, чыстка ідзе. Шмат каго няма. Кунаева – няма. Аліева, Зімяніна – таксама... – Тоўстым чырвоным алоўкам Андрэй Сахута выкрэсліваў прозвішчы “былых”. Выкрасліў і Ельцына. – Во, колькі вакансій!
– Ты прамовіў гэтыя словы такім тонам... Ну, падалося мне: шкадуеш, што не можаш заняць адну з іх.
– Не, браток. Шкадаваць няма чаго. Кожнаму сваё. А чаго ты так задзіраешся? Ты супраць, каб я стаў членам Палітбюро? – усміхнуўся Андрэй, каб схаваць раздражненне ад настырнай задзірыстасці земляка. – Сам не ідзеш у начальнікі і мне не жадаеш павышэння.
– Чаму не жадаю? Вялікаму караблю – вялікае плаванне.
Пятро Махавікоў не быў да канца шчыры: не прызнаўся Сахуту, што супраць ягонага прызначэння на пасаду намесніка старшыні Дзяржтэлерадыё выказаўся сакратар парткама, і менавіта таму, што Пятро іншы раз даволі рэзка выступаў на сходах. Можа, і з гэтае прычыны гісторыю з Ельцыным ён прыняў блізка да сэрца, і таму гатовы быў грызці партыйных бюракратаў, да ліку іх далучаў і свайго земляка, бо і ён змушаны галёкаць, як і ўсе. Менавіта з таго дня між сябрукамі нібы праскочыла шэрая кошка.
Неўзабаве прыйшло паведамленне: Ельцына прызначылі першым намеснікам старшыні Дзяржбуда СССР, міністрам. Адразу ж патэлефанаваў Пятру:
– Ну, чуў аб прызначэнні Ельцына? Салідны аклад, партфель міністра. Персанальная “Чайка” яму выдзелена. А ты казаў: з’елі, з’елі...
– Правільна. Не той час, калі выкрэслівалі са спісу. І з жыцця адным махам.
Андрэй Сахута зразумеў закід: сябра нагадваў, як ён, Сахута, чырвоным алоўкам выкрэсліваў з даведніка партыйных начальнікаў.
– Вось пабачыш, праз нейкі час Барыс Мікалаевіч усплыве. На першых жа выбарах у Вярхоўны Савет ён пройдзе. Масквічы за яго стаяць гарою.
– Пажывём, пабачым. Ну, будзь здароў! – Андрэй паклаў трубку, упершыню забыўшы перадаць прывітанне сям’і, жонцы.
У галаве сакратара абкама настойліва білася думка: чаму так адбылося з Ельцыным? Чаму прагучала гэтае выступленне, нібы лыжка дзёгцю, на ўрачыстым пленуме, прысвечаным абмеркаванню даклада аб 70-годдзі Кастрычніцкай рэвалюцыі. І пасеяў сумненні першы сакратар абкама, калі расказаў пра свае ўражанні аб тым пленуме. Гарбачоў скончыў даклад. Лігачоў, які вёў пленум, сказаў: “Даклад скончаны. Можа, у каго ёсць пытанні? Няма. Ну, тады пленум можна лічыць закрытым.” І тут Гарбачоў: “У таварыша Ельцына ёсць пытанне”. Лігачоў кажа: “Давайце параімся. Ці ёсць патрэба пачынаць спрэчкі?” – “Няма”, – выгукнула зала. А Гарбачоў сваё: “У таварыша Ельцына ёсць нейкая заява”. І Лігачоў мусіў даць слова Ельцыну. Выходзіць, Гарбачоў яго выцягнуў на трыбуну. І раней, калі ўжо здымалі за “политические ошибки”, дык здымалі з трэскам. А тут прызначылі міністрам, персанальную “Чайку” пакінулі.
Усё гэта прыгадалася Сахуту асабліва востра, калі слухаў палымяны Ельцынскі выступ у абарону Гарбачова, якога “гэкачэпісты” запёрлі на дачы ў Фаросе, а самі спрабуюць зрабіць пераварот. Але чаму Ельцыну далі магчымасць выступаць? Хіба нельга было адключыць электрычнасць у будынку Вярхоўнага Савета? Няўжо сілавыя міністры, а ў іхніх руках армія, КДБ, міліцыя настолькі бездапаможныя? А можа, Гарбачоў з гэтымі змоўшчыкамі заадно? Калі б супраць быў, дык яго трэба арыштаваць.
Андрэю нават падумалася, што тады, на пленуме 1987 года, Гарбачоў ведаў, пра што будзе гаварыць Ельцын і цягнуў яго на трыбуну. Быццам нечая нябачная рука вяла гэтых партыйных пеўняў па жыцці, часам зводзіла, каб яны счапіліся, потым разводзіла. Гэтая нябачная рука ўзвяла аднаго на трон Прэзідэнта СССР, а другога зрабіла Прэзідэнтам Расіі. Здавалася, што Гарбачоў усё рабіў, каб не дапусціць Ельцына да ўлады, але сваім процідзеяннем яшчэ болей спрыяў ягонай папулярнасці і ўзыходжанню на расійскі ўладны Алімп. А цяпер Ельцын спрабуе выратаваць Гарбачова, сарваць планы ГКЧП. А змоўшчыкі трэці дзень нічога не могуць зрабіць, маючы сілу і ўладу.
У той дзень, а на календары было 21 жніўня, серада, на прыём да сакратара абкама Сахуты запісаліся тры чалавекі. Сямейная пара Бутрымовічаў і мастак Віктар Грышчанка. Апошнім часам на прыём запісвалася ўсё меней людзей, і тэлефанаванняў з абкама партыі чыноўнікі рознай масці не палохаліся гэтак, як раней. Улада перацякала да саветаў. Часам Андрэю Сахуту здавалася, што зямля паступова, але няўхільна выходзіць з-пад ягоных ног.
Аднойчы прысніўся сон, што ён, Андрэй Сахута, апынуўся на бязлюдным востраве, вакол ні душы. На шырокім таўшчэразным пні стаяў чырвоны тэлефонны апарат “вяртушка”, па якім званіла яму высокае начальства, і ён мог таксама патэлефанаваць на самы верх. Але рабіць гэта ён баяўся. Затое ў сне ён настойліва набіраў нумар першага сакратара ЦК, але ніхто не адказваў, чуліся кароткія гудкі: занята. І колькі ні тэлефанаваў, колькі ні галёкаў у трубку, ніхто не адгукнуўся. Тады ён набраў нумар свайго куратара, сакратара ЦК па ідэалогіі, ад якога часцяком атрымліваў ЦУ, а то і прачуханкі. Андрэй моўчкі слухаў, часам падтакваў, але пярэчыў рэдка. Ведаў залатое правіла: дай начальству выпусціць пару і яно супакоіцца, палагаднее. Але цяпер, у сне, Сахута быў настроены ваяўніча, гатовы ўсыпаць куратару па завязку за ўсе ранейшыя крыўды, але і таго не было на месцы. Набраў нумар свайго шэфа – першага сакратара абкама, але і таго таксама не было, і ягоны памочнік не адазваўся. “Дзе яны падзяваліся? Як чорт пугаю іх паразганяў”, – устрывожыўся Сахута.
Раптам на суседнім дрэве затрашчала сарока, у гушчары адгукнулася другая. Птушкі растрашчаліся на ўвесь лес. Што іх так устрывожыла, падумаў Сахута. Ён з маленства памятаў бацькаву навуку: калі ў лесе трашчыць гучна сарока, значыць, там воўк ці ліса. Сахута ўзяў ёмкі дубец і пайшоў у гушчар. Але чым далей ён прадзіраўся, тым лясныя нетры рабіліся гусцейшыя, дрэвы, кустоўе пераплецены ці то хмелем, ці то іншымі раслінамі, якія нагадвалі трапічныя ліяны. Ён ужо зусім змогся, раптам зачапіўся за корч, грымнуўся вобземлю. І... прачнуўся. Сэрца тахкала ў грудзях, як не выскачыць, у роце ўсё пасмягла. Але ён з радасцю ўсвядоміў, што гэта толькі сон.
Пра дзіўны, кашмарны сон Сахута не сказаў нікому, нават жонцы. Ада і так ужо не раз гаварыла яму: “Шукай сабе работу, нічога ты не выседзіш у абкаме. Тваю ідэалогію ўжо моль пабіла”. Ён злаваў, успыхвала спрэчка. Сёння Ада павінна вярнуцца з Масквы, куды паехала са сваёй начальніцай у Мінстэрства фінансаў.
Сакратарка далажыла па тэлефоне, што прыйшла Бутрымовіч. “Няхай заходзіць”, – коратка адказаў ён. Падумалася, што і сакратарка ставіцца да яго без ранейшай павагі, не зайшла ў кабінет, а паведаміла па тэлефоне, маўляў, не вялікі пан сакратар абкама.
У кабінет увайшла высокая паўнагрудая жанчына з вялікімі шэрымі вачыма, зірнула неяк насцярожана, павіталаася прыемным мілагучным голасам, села на прапанаванае крэсла. Спачатку яна прыхінула да ног шырокую спадніцу – і зрабіла гэта , прыгожым, грацыёзным рухам, а потым мякка апусцілася ў крзсла.
– Вы ж запісаліся ўдваіх…
– Так. Муж не змог. Па ўважлівай прычыне. Вендаеце, як цяпер бывае. З раніцы напіўся – цэлы дзень вольны. Прасіла, маліла, радзі Бога, не пі, пацярпі. Не, не вытрымаў. Сам жа параіў схадзіць да вас. Неяк вы ў іх выступалі. Ну, ва ўніверсітэце. Яму сапдабалася ваша выступленне. Паверыў ён. Ну, што вы паможаце…
Жанчына змоўкла. Нібы асеклася ці спалохалася таго, пра што сказала незнаёмаму чалавеку.
– А ў чым сутнасць? Чым я магу памагчы?
Усхвалявана, з паўторамі, з пераскокамі з адной тэмы на другую, вось пра што расказала жанчына.
Валянціна з маленства любіла музыку і спевы. Скончыла музычную вучэльню, выкладала музыку і спевы ў школе. Была вясёлая. Завадная. Усюды – душа кампаніі. Выёшла замуж за фізіка, маладога выкладчыка ўніверсітэта Юрыя, які скончыў аспірантуру, рыхтаваў кандыдацкую дысертацыю. Нарадзтўся сын, потым – дачка. Здавалася, сям'я шчаслівая, дружная, усё ідзе ладам. Дзеці падрасталі, Валянціна ўсё часцей адчувала незадаволенасць жыццём. Не задаволенасць мужам. Ёй хацелася ласкі, пяшчоты, а муж уткне нос у кнігі, канспекты, то дома сядзіць, а то на цэлы вечар сыходзіць у бібліятэку. Знайшла Валя палюбоўніка. Потым другога. Трэцяга. І ўсё было мала. Прага любові не давала адхлання…
Мабыць, Андрэй Сахута вельмі ўважліва слухаў, зычліва хітаў галавою, бо жанчына гэтак разгаварылася, яе пацягнула на такую шчырасць і адкрытасць, што ён гатовы быў пачырванець. І ў глыбіні душы пачуваўся няёмка, бо ніколі нічога падобнага не чуў ад жанчыны.
– Вы можаце не верыць. Але часам я месца сабе не знаходзіла. Так хацелася мужчыны, хоць на сценку дзярыся. Тады і парушылася мая псіхіка. І апынулвся ў псіхбальніцы. Дзеці – школьнікі. А маці з глузду з'ехала. Юрый і дзяцей даглядаў. І да мяне амаль штодня прылятаў.
"Вось чаму ты такая адкрытая і шчырая. Хіба ж нармальны чалавек пра такое скажа?" – падумаў Андрэй. усім сваім выглядам паказваючы спагадлівасць ды ўвагу.
– І так доўжылася некалькі гадоў, – апавядала кабета далей. – Дысератцыю Юрый так і не абараніў. То дзеці былі малыя. А то жонку давялося ратаваць. І ён выратаваў мяне. Памалу я супакоілася. Як людзі кажуць: перабясілася. Далі інваліднасць. Пенсію прызначылі.Дзеці выраслі добрыя. Сын скончыў юрфак. Цяпер заняўся камерцыяй. Дачка ўрач-стаматолаг. Выйшла замуж. Сына мае. Муж – клапатлівы, працалюбівы. Не п'е. не курыць. Жывуць душа ў душу. Усё ,здаецца, добра. Адна бяда – Юра мой уцягнуўся ў гарэлку. Ды ўжо так распіўся. На сабачую пугу. Рэктар папярэдзіў: яшчэ раз трапіш у выцвярэзнік – выганю. Выходзіць, я зламала яму жыццё. Мячне выцягнуў з ямы. А сам туды ўваліўся. Гіне на вачах.
– Ну, чаму вы так? Мець добрых дзяцей – хіба гэта не радасць? Гэта важней любой дысертацыі. Вы ўсё разумееце. Усё робіце. Каб выратаваць яго
– Я гатова жыццё яму аддаць,– праз слёзы спавядалася кабета. – Слухайце далей. Вырашылі мы збудаыаць у вёсцы дом. Разбурылі стары. Юра і не дакрануўся ні да чога. Наняла людзей. Сын даў грошай. Ужо закупіла лесу, цэглы, цэменту. У мяне гэтулькі энергіі. Жадання. Магу горы варочаць. І ўсюды адна. Усё сама. Не хоча муж памагаць. Бог з ім. Не ляжыць у яго душа да гэтай будоўлі. Ён кажа: я стаміўся жыць. Разумею. На яго долю гэтулькі звалілася клопату. Давялося круціцца, як Марку па пекле…
“Вось табе ГКЧП. Чалавечая драма”,– сумна падумаў Сахута, разумеючы, што ён бяссільны памагчы. Рэктар новы, малазнаёмы, дый колькі можа трываць любы рэктар? Сакратара парткама ведае лепш, А што можа зрабіць той? Пакліча на гутарку. Паўшчувае. Чалавек паслухае. Выйдзе ад яго і зноў нап'ецца. Як не вытрымаў сёння…
– З будоўляю я спраўлюся. Але тут выскачыла праблема. Старшыня сельсавета ўпёрся: стаў дом на месцы ранейшай хаты. А я хачу збудаваць новы дом насупраць. Цераз дарогу. Месца там вольнае, вышэйшае. А хату я хачу з гэтай… масандрай. От, каб яе ліха, усё блытаюся – з мансардай. Прыедуць дзеці, унукі. Каб хапіла ўсім… А дзе стаяла старая хата – месца нізкае. Там такія памідоры будуць расці! Любата! Можа б, вы патэлефанавалі ў райкам ці райвыквнкам? Няўжо гэта невырашальная праблема?
– Гэта мы вырашым. – павесялеў Сахута. – Ведаю там раённае кіраўніцтва. Думаю, гэта ўладзім. Валянціна Ігнатаўна, мне здаецца, ваша энергія, ваша жаданне збудаваць дом для ўнукаў павінны зацікавіць і мужа. .Дэпрэсіі прыходзяць і знікаюць Жыццё перамагае. Ваша каханне павінна перамагчы. Ён выратаваў Вас, а цяпер вы ўратуеце яго. Ну, вядома, спатрэбіцца і цярпенне, і каханне, і пяшчота. Нядаўна ў адной газеце прачытаў. Што пацалункі вельмі карысныя. Дык вось. Я й падумаў: нашы бацькі газет не чыталі, а пра пацалункі ўсё ведалі… Я ўпэўнены, што ў вас усё наладзіцца.
– Ой, Андрэй Мацвеевіч, ведаеце,.. Ну, як вам сказаць? Я заўсёды хацела, каб у сям'і быў лад. Ды не атрымліваецца. А цяпер у мяне болей упэўненасці. Вы вярнулі мне веру. Я вам вельмі ўдзячна. Час цяпер скрутны. Невядома, што здарыцца заўтра. Няхай і ў вас усё будзе добра.
Валянціна паднялася, высокая, прыгожая, поўная жаноцкай вабнасці. Ніяк не верылася, што гэта былая штатная пацыентка псіхбальніцы. Яна хоча збудаваць дом, каб даказаць усім, што не дура, не “чокнутая“, а нармальная, практычная, гаспадарлівая. І як раней, прыгожая.
Як толькі яна выйшла, Андрэй кінуўся да тэлевізара: а раптам у Маскве што адбылося. Але тут жа адчыніліся дзверы – увайшоў высокі сутулаваты мужчына ў акулярах, сівагаловы, з чырвоным абветраным тварам. Мастак Віктар Грышчанка. Сахута ведаў яго ўжо даўнавата. Яны пазнаёміліся, калі Андрэй працаваў у райкаме. Аднойчы доўга гутарылі, калі вярталіся з семінара са Слуцка. Гады два назад, мабыць, па камандзе з Масквы мясцовыя ідэолагі пачалі вазіць творчую інтэлігенцыю ў перадавыя калгасы, у лепшыя раёны, каб творцы на свае вочы ўбачылі вялікія дасягненні сацыялізму з чалавечым абліччам.
З першым семінарам, які ладзіўся на Брэстчыне, адбыўся кур’ёз. Запрасілі шмат каго з вядомых літаратараў, мастакоў, артыстаў, рэжысёраў. Семінарам меўся кіраваць сам першы сакратар ЦК. Усе запрошаныя ахвотна згадзіліся паехаць на Брэстчыну, спіс атрымаўся занадта доўгі. Калі яго паклалі на стол першаму, ён паморшчыўся, нахмурыўся, заёрзаў на крэсле, нібы яно зрабілася мулкім, і коратка загадаў: “Падкараціць!” Вось тады Віктар Грышчанка і патэлефанаваў у абкам Сахуту:
– Ну, што гэта робіцца? Запрасілі на семінар. Я згадзіўся. Адклаў усе свае справы. А сёння патэлефанавалі з Саюза мастакоў: прабачце, вас у спіс не ўключылі. Безабразіе!
– Віктар Іванавіч, не крыўдуйце. Ваш Саюз тут не вінаваты. Не змаглі ўзяць шмат каго з вядомых людзей. Нават галоўнага рэдактара “Вожыка” не ўключылі ў спіс. Застаўся дома.
– Ну, хрэн з імі, – павесялелым голасам адказаў мастак. – Затое з мае галавы вожыка вы прагналі. А то варушыцца думка-стрэмка, колецца, быццам вожык: чаму не ўзялі мяне? Хто выкрасліў? Вы супакоілі.
Задаволены гаворкаю застаўся і Сахута: ён лічыў, што супакоіць чалавека, падтрымаць у ім душэўную раўнавагу – вельмі важна. Асабліва для чалавека творчага, бо нічога людскага не напішаш, не намалюеш, не створыш, калі на душы згрызоты, калі точыць яе чарвяк сумневу, калі ў душы няма гармоніі і злагады.
Сахута падняўся, выключыў тэлевізар, падаў руку госцю.
– Што там, у Маскве? Можа, хай працуе тэлевізар?
– Не, Віктар Іванавіч, вы ж не прыйшлі да мяне глядзець тэлевізар. Пэўна ж, дома ёсць свой, як некалі пісалі, блакітны экран. Сядайце, расказвайце. Якія ў вас праблемы? – Сахута запрасіў госця за малы, прыстаўны столік, сам сеў насупраць. – Слухаю вас уважліва, Віктар Іванавіч.
– Тэлевізар у мяне, канечне, ёсць, ды рэдка ўключаю яго. І ведаеце чаму?
– Ну, чаму? – паўтарыў пытанне Сахута, пільна зірнуў на свайго суразмоўніка, не разумеючы, да чаго ён вядзе гаворку.
– Страшна ўключаць. Забойствы, гвалт. Кроў ліецца з экрана. А паглядзіце на афішы кінатэатраў! А зазірніце на вернісажы. Жах, што робіцца! Чарнуха, парнуха, безгустоўшчына правяць баль. Вось таму я з надзеяй пачуў паведамленне пра ГКЧП. Трэба наводзіць парадак. Але пабачыў змоўшчыкаў... Ну, прэс-канферэнцыю, паслухаў. Відаць, нічога ў іх не атрымаецца. А сітуацыя ў краіне страшэнная. Крызіс руйнуе эканоміку. Занядбанне маралі. І ведаеце, Андрэй Мацвеевіч, не базіс вінаваты, а надбудова. Даруйце за гэтую марксісцкую фармулёўку. Страта духоўнасці. Занядбанне спрадвечных традыцый.
– Віктар Іванавіч, вы праўду кажаце. Я падзяляю вашу трывогу, вашу заклапочанасць.
– Вы, можа, і разумееце, а ваша начальства... Вышэйшы эшалон улады – наўрад. Нас чакае пагібель, калі не пачнём адраджаць культуру. Мы ўзгадавалі чалавека плоцкага, які існуе па-жывёльнаму.
– Я не згодны. Гэта не так.
– Хвіліначку, Андрэй Мацвеевіч, я не закончыў думку. Справа ў тым, што наша ідэалогія была скіравана не на жыццё... Паўнацэннае, паўнакроўнае чалавечае жыццё, а на барацьбу за светлую будучыню. І найбольш поўнае задавальненне патрэб насельніцтва.
– Бяда ў тым, што нам не ўдалося задаволіць гэтыя патрэбы, – даволі рэзка сказаў Сахута, бо яго пачала злаваць вучоная дэмагогія госця. Прыйшоў на прыём, дык кажы, чаго ты хочаш, а не пускай туман у вочы. Тут і так кошкі душу скрабуць.
Раптам рэзка зазваніў тэлефон.
– Чуў навіну? – спытаў Пятро Махавікоў. – Дык вось, пазванілі з Масквы, з цэнтральнага тэлебачання. ГКЧП арыштавана. Путч праваліўся. Калі б яны перамаглі, былі б героямі. А так – путчысты. Як пісаў некалі венгр Шандар Пецёфі: “Мяцеж не можа скончыцца ўдачай, у іншым выпадку яго завуць іначай”. Гаўнюкі, нават маючы ўсю ўладу, не змаглі нічога зрабіць. Авантурысты. Якія сёння планы? Давай сустрэнемся.
– Цяжка сказаць. У мяне чалавек зараз. Пазней патэлефаную.
Віктар Іванавіч зразумеў, што вестка важная, бо на твары гаспадара кабінета адбілася ўстрывожанасць.
– Можа, пра Маскву што? Пра ГКЧП?
– Так, путчысты арыштаваны. Нядоўга музыка іграла...
Мастак амаль тымі ж словамі, што і Пятро, пачаў бэсціць авантурыстаў, бяздарных арганізатараў, закончыў з усмешкай:
– У народзе кажуць: не можаш укусіць, не паказвай зубы.
– Так, у путчыстаў хапіла смеласці толькі на свісток. Дык што вы хацелі ад мяне?
– Я наконт майстэрні. Некалі вы абяцалі дапамагчы. Памятаеце, як са Слуцка ехалі. Потым па тэлефоне гаварылі. Цяжка мне ўздымацца на сёмы паверх. На курасадню. Ужо шэсьдзесят гадоў неўзабаве. Каб бліжэй да кватэры. І гарсавет абяцаў, – мастак уздыхнуў, памаўчаў. – Раней не змаглі памагчы, дык цяпер тым больш. Давайце намалюю ваш партрэт. У вас цяпер будзе багата часу, – раптам рэзка памяняў тэму Грышчанка, змяніўся і тон ягонай гаворкі. – Вось і майстэрню маю пабачыце. Новыя работы. Чарнобыльскія.
– Ой, мне зараз не да партрэтаў, – шчыра прызнаўся Сахута. – Дый надта сумны будзе партрэт.
– Дык гэта ж натуральна. Мы ж з адселеных чарнобыльскіх вёсак. Пра ГКЧП успамінаць не будзем. А зрэшты, ведаеце, Андрэй Мацвеевіч? У маёй мазгаўні сядзіць, быццам стрэмка, крамольная думка. Можа, і Чарнобыль, і ГКЧП – звёны аднаго ланцуга.
Гэтыя словы літаральна ашаламілі Сахуту: пра нешта падобнае думаў ноччу і ён. Выгляду не падаў і каб хутчэй справадзіць госця, пагадзіўся пазіраваць яму.
– Калі пачнём? Давайце заўтра.
– Не, заўтра не атрымаецца. Я не ведаю, што будзе заўтра...
– Не бядуйце, Андрэй Мацвеевіч. Жыццё на гэтым не канчаецца. За ўвагу дзякуй. А раптам і дапаможаце. Можа, у саветы пярэйдзеце на працу. Жыццё такія крутыя зігзагі робіць. Як пагоны ў генерала: адны зігзагі і ніводнага прасвета, – ухмыльнуўся Грышчанка і тут жа дадаў: – Але будзем спадзявацца на прасвет у канцы тунеля.
Мастак моцна паціснуў Андрэеву руку, быццам разумеў, што цяпер ён павінен суцяшаць гаспадара гэтага шыкоўнага кабінета, бо магчыма, гаспадар сядзіць у сваім крэсле апошнія дні.
Услед за мастаком Андрэй выйшаў у прыёмную. Наведнікаў болей не было. Нс сядзела за сваім сталом і сакратарка. Ён высунуўся ў калідор. І там – ні душы. Андрэй Сахута крочыў па тоўстым чырвоным ходніку і ягоныя крокі быццам патаналі, глухлі. Падалося, што калідор пачаў зыбацца, нібы палуба цеплахода падчас шторму. На ваенных караблях яму быць не даводзілася, а на цеплаходах падарожнічаў, нават круіз вакол Еўропы пашанцавала зрабіць
На калідор высунуўся высокі, дзябёлы мужчына – загадчык аднаго з вытворчых аддзелаў абкама. Азірнуўся па баках, убачыў Андрэя гукнуў:
– Чуў, Мацвеевіч? ГКЧП ляснуўся. Нуй, мудакі! Маючы ўсю ўладу з адным гарлапанам не змаглі справіцца.Алкаголікі, тваю маць. Так што, кончан баль. Пагаслі свечы.
Ён пакіравааў на выхад, трымаючы пад пахаю карціну ў прыгожай багетавай рамцы.
Андрэй вярнуўся ў прыёмную. Сакратарка так і не з’явілася. Недзе знікла і нічога не сказала, мусіць, зразумела, што ёй давядзецца шукаць новую работу. Увайшоў у кабінет, такі звыклы, як яму здавалася, даволі ўтульны. Паглядзеў на тэлефоны, на так званую вяртушку, па якой мог пазваніць на самы верх – першаму сакратару ЦК Кампартыі Беларусі. Яны – гэтыя тэлефонныя апараты – былі сімваламі ягонай улады. Ён мог патэлефанаваць у любы раён вобласці, і мясцовыя начальнікі слухаліся, баяліся, успрымалі ягоныя просьбы, як вусныя даручэнні, стараліся абавязкова выканаць. Так было раней. Гады два-тры таму.
Але паступова павага да партыі слабела, давер ейным функцыянерам нібы ўсыхаў, як усыхаюць пад сонечнымі промнямі прыгажуны грыбы. Раптам мільганула думка, што ён сам, Андрэй Сахута, апошнім часам нагадваў грыб-мухамор, які вытыркаўся на вочы, прыгожы, яркі, крыклівы: бярыце мяне! Але ніхто не браў. Адчуванне сваёй непатрэбнасці, непаўнацэннасці ўпершыню ён адчуў год таму, калі прайграў выбары ў Вярхоўны Савет Беларусі. І каму? Смаркачу, раённаму газетчыку, які змагаўся з бюракратамі, хапугамі, і хоць вышэй крытыкі старшыні калгаса, брыгадзіра ці загадчыка фермы ў сваіх фельетонах не ўзнімаўся, гэтага хапіла, каб здабыць славу змагара з карупцыяй. Яго болей ведалі, вакол былі свае, а Сахуту людзі ўспрымалі як партыйнага функцыянера, “ідэолуха”, як зняважліва пачалі называць ідэалагічных работнікаў.
Сахута і вылучаўся ў дэпутаты без асаблівай надзеі, але першы сакратар абкама рашуча сказаў:
– Трэба, Андрэй Мацвеевіч. У раёнах вобласці ты не працаваў. Ні ў чым не замешаны, не запэцканы. У Мінску прайсці куды цяжэй. А на раёне хлопцы паспрыяюць, – пад “хлопцамі” ён разумеў раённых апаратчыкаў. – Паедзеш, пагаворыш з людзьмі. Язык у цябе падвешаны. Таварны выгляд маеш. Жанчынам спадабаешся. А яны – самыя актыўныя выбаршчыкі. Мужчыны то зап’юць, то загуляюць, а то прагаласуюць так, як жонка падкажа. Так што, наперад, Андрэй Мацвеевіч.
Раённыя апаратчыкі, свае “хлопцы” абяцалі падтрымку сакратару абкама. Паводле сацыяльных апытанняў ён быў першы сярод сваіх канкурэнтаў. У другі круг выйшлі двое, Сахута набраў болей галасоў, чымся раённы журналіст. Але вецер ужо дзьмуў не ў яго ветразі. Партыю штодня дзяўблі ў газетах, шпынялі на мітынгах. Рэзка скараціўся прыток маладых камуністаў. Радавыя рабацягі пачалі здаваць партыйныя білеты сваім важакам, якія страцілі былыя аўтарытэт і павагу.
Андрэю на ўсё жыццё ўрэзаўся ў памяць першы вялікі мітынг на мінскім стадыёне. Было тое 19 лютага 1989 года.Трэба ж такое супадзенне: тады было 19-га і ГКЧП выбухнуў 19-га. Тады быў светлы зімовы дзень, нядзеля, народ збіраўся быццам на свята. А на душы ў Андрэя было трывожна і хмарна. Дні за тры да гэтай падзеі выклікаў першы сакратар: “Трэба параіцца. Каму з партыйцаў выцступіць на мітынгу. Зверху раяць падабраць двух прамоўцаў. Мужчыну і жанчыну. А можа б, сам сказаў?“
– Сказаць можна. І ёсць пра што. Але як успрымуць? Могуць асвістаць. Дык на ўвесь абком цень.
– Выступіць трэба так, каб не асвісталі. Яно, канешне, райкомы бліжэй да людзей. Мне здаецца, сакратар Маскоўскага райкома можа выступіць прыстойна. Падрыхтуй з ім рачугу. Мінут на дзесяць. І каб без лішняга пафасу, без траскатні. Цяплей, па-чалавечы…
– Добра, зробім. А тое, што Маскоўскі… Ці не выкліча гэта негатыўную рэакцыю? БНФ адразу падыме гвалт.
– Бэнээфаўцаў жменька. А народ Маскву любіць. Рускія для беларусаў – родныя браты. Гэта палітыка.– першы важна падняў угору указальны палец, нібы намякаў, што “гэтую палітыку“ падказалі зверху. – І хай выступае па-руску. Па-беларуску наўрад, каб ён меў добрае вымаўленне.
Сахута зразумеў, што пярэчыць не выпадае Прамовы напісалі. Аўтарам падалося – усё ўлічылі, павінна прагучаць. Але партыйца асвісталі, бо пачаў гаварыць па-руску, другому таксама не далі дагаварыць. Але Сахуту ягоная празорлівасць не ўзрадавала. А вось Пятро Махавікоў, з якім побач стаялі на мітынгу, шчыра парадаваўся. Тады сябры ўпершыню моцна паспрачаліся.
Тэлефонны званок перапыніў Андрэевы згадкі. Ён зняў трубку. Пачуў жончын голас:
– Ну, ты ўжо ведаеш? Арыштавалі гэтых… Ну, путчыстаў.
– Ведаю. Як з'ездзіла?
– Ой, гэта доўгая размова. Прыязджай дамоў. Не сядзі там. Ужо нічога не выседзіш.
Апошнія словы, якія і раней казала Ада, на гэты раз асабліва балюча драпанулі па сэрцы. Ён моўчкі паклаў трубку. Цяжка ўздыхнуў. Пачуў, як зашумела ў скронях, быццам загрукалі малаточкі. Дастаў з сейфа пачатую пляшку кан'яку, наліў на трэць шклянкі, не смакуючы, выпіў адным духам, не пачуў ранейшага водару добрага напою, пашкадаваў, што няма лімона, укінуў у рот мятную карамельку. Зноў агледзеў кабінет: матава-жоўтыя сцены, рэпрадукцыя карціны “Ленін чытае “Правду“ над сталом. На другой сцяне вісеў гарадскі зімовы пейзаж: дзеці на саначках каталіся з гары. Ніводную з карцін узяць дамоў жадання не было. Цікапва, якая ж карціна вісела ў кабінеце калегі? Андрэй рэдка пераступаў парог таго кабінета. А вось ягоны гаспадар заходзіў да Андрзя часцяком. Асабліва калі ўсчаліся мітынгі, страйкі. І пачынаў размову звыклай фразай: “Ну.што, Мацвеевіч, куды нясе нас рок сабыцій?“ – “Куды? Наперад і вышэй“. “Жартуеш. Ну-ну… Даскачамся мы. Будзем смяяцца праз слёзы“– “Думаю, што ты не прападзеш“.– “Ды ўжо ж. А чаму я павінен прападаць…“ На гэтым звычайна размовы канчаліся. Нарэшце Андрэй узгадаў: у кабінеце калегі вісела карціна Левітана “Бярозавы гай”. І месцілася яна збоч дзвярэй. Каб не кідалася ў вочы наведнікам. Калі ўбачыў яе ўпершыню, дык пазайздросціў калегу, які любуецца гэткай прыгажосю. Нехта з яголных папярэднікаў меў добры густ і павесіў не партрэт ліцейшчыка ці пейзаж з трактарам на ўзараным полі. Зноў азваўся гарадскі тэлефон, у трубцы пачуўся голас вадзіцеля: