355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Левановіч » Палыновы вецер » Текст книги (страница 4)
Палыновы вецер
  • Текст добавлен: 20 апреля 2017, 20:00

Текст книги "Палыновы вецер"


Автор книги: Леанід Левановіч


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 19 страниц)

– Андрэй Мацвеевіч, якія ў вас планы? А то мне трэба адскочыць у адно месца. З вашага дазволу – пасля паўзы дадаў Эдзік.

– Пад’язджай  к шасці. Падкінеш мяне дамоў і  вольны. Можаш адскочыць куды трэба.

Тут жа ў кабінет прасунула пафарбаваны тварык сакратарка, ужо не першай маладосці кабета, папрасіла, каб адпусціў яе трохі раней.

– Добра, ідзіце.

Сакратарка пераступіла парог кабінета, уздыхнула:

– Андрэй Мацвеевіч, што з намі будзе? Як вы думаеце?

– Пажывём-пабачым. Што міру, тое і бабінаму сыну, – прымусіў сябе ўсміхнуцца.

Сакратарка развіталася, асцярожна прычыніла дзверы. Цікава, што яна пацягне дамоў? Хадзілі чуткі, што сваю двухпакаўёку, у якой жыла з сынам, ператварыла ў мэблевы склад: усе дэфецыты ёй былі даступныя. У голасе сакратакі пачуліся яму ноткі ці то суму, шкадавання, ці то прыхаванай радасці: дастукаліся партыйцы, разгоняць усіх, вымятуць мятлою з кабінетаў.

“Давядзецца табе, галубка, прадаваць свае дэфіцыты, пакуль знойдзеш работу, новага гаспадара, – падумаў ён. – Але гэткая не прападзе. У яе палова горада знаёмых і сябровак”.

Андрэй Сахута механічна высоўваў шуфляды стала, некаторыя паперы выкідаў у сметніцу. У самай ніжняй шуфлядзе ляжаў процівагаз у брызентавай сумцы. Хіба што сумку ўзяць? А з процівагазам ныраць у ваду? Было ў шуфлядах і шмат кніг, найбольш на партыйна-палітычныя тэмы, хацелася шпурляць іх у сметніцу, але перадумаў: навошта? Нехта забярэ на макулатуру.

Кнігі стаялі на паліцах шафы пад шклом. Узяў  цёмна-сіні том Мікалая Бухарына. Набыў не так даўно, некаторыя артыкулы прачытаў з алоўкам. Пагартаў, убачыў свае паметкі. Асабліва багата іх мелася на старонках стэнаграм выступлення Бухарына на аб’яднаным пленуме ЦК і ЦКК ВКП(б) у красавіку 1929-га. Выступленне доўжылася каля шасці гадзін. Бухарын палемізаваў са Сталіным, Арджанікідзе, Мікаянам, Варашылавым, адстойваў свае пазіцыі, змагаўся за чысціню марксізму

Угледзеў сваю паметку над цытатай з “Капитала” Маркса:

“Открытие золотых и серебряных приисков в Америке, искоренение, порабощение и погребение заживо туземного населения в рудниках, первые шаги к завоеваеию и разграблению Ост-индии, превращение Африки в заповедное поле охоты на чернокожих – такова была утренняя заря капиталистической эры  производства”. Моцна сказана. І ўсё праўда. А цяпер капіталісты абвінавачваюць камуністаў у жорсткасці, у рэпрэсіях, і пачнем мы будаваць капіталістычны рай. Не змаглі пабудаваць сацыялізм з чалавечым тварам. Будзем адраджаць капталізм з амерыканскай усмешкай

На апошняй старонцы стэнаграмы кінулася ў вочы паметка насупрць радкоў, у які гаварылася пра нататку ў  “Правде” са справаздачнай Выбаргскай партканферэнцыі. Бухарын крытыкаваў  публікацыю,  цытаваў з яе словы: “Делегаты требуют твердой борьбы с правой опасностью, резкой  политики со стороны ЦК к колеблющимся и примиренцам, к раздумывающим”. У дужках пазначана: смех. Так, і смех, і гора. Вось гэтая “рэзкая” палітыка “к раздумывающим”  і давяла да ГКЧП, да бяздумнай палітыкі ва ўсіх сферах жыцця.

Томік Мікалая Бухарына паклаў у партфель. Што яшчэ ўзяць? На часопісным століку ляжаў раскрыты “Беларускі каляндар”. Яго Сахута чытаў з цікавасцю, хоць і не быў прыхільнікам беларушчыны,  лічыў нармальнай  практыкай, што рабочая мова партыі –  руская, так, маўляў, усе лепей разумеюць. Тут і пачыналіся ягоныя разыходжанні з сябрам дзяцінства Пятром Махавіковым. Той гатовы пляскаць у ладкі кожнаму слову Зянона Пазняка. От, ужо радуюцца “бэнээфаўцы” правалу путчу ў Маскве. Яшчэ мацней будуць крычаць аб самастойнасці Беларусі. А можа, і трэба? Можа, і нас адвучылі ў свой час “раздумывать”?

На развароце – дзвюх старонках календара – так памясціліся дадзеныя пра пяць дзён – з 19 па 23 жніўня. У левым кутку адной старонкі быў каляровы герб горада Дрыса, паведамлялася, што горад атрымаў герб 210 гадоў таму, што цяпер Дрыса – гэта Верхнядзвінск. А навошта было мяняць старадаўнюю назву? Дрысенскі раён. Хіба кепска гучыць? Дык жа не, якійсьці цвердалобы партыйны бос загадаў “убрать родимое пятно” і выканаўчыя ўлады ўзялі пад казырок. Узгадаў, як яго віцебскі калега, партыйны ідэолаг, злаваў: да чаго дажыліся – тысячу гадоў з гакам віцябляне называлі сябе віцяблянамі, а цяпер некаму ў ЦК, нібыта самому Машэраву, гэтае слова не спадабалася, бо яго сярэдняя частка “бля” нагадвае нецэнзуршчыну. І было выказана “пажаданне” ўжываць толькі слова – віцябчане. Андрэй разгледзеў герб горада – вершнік на белым кані, з мячом. Прыгожы герб!

На гэтай жа старонцы справа верш Максіма Багдановіча “Пагоня”. Ён прачытаў адзін раз, потым другі, трэці. Чытаў і ўсё болей дзівіўся: як моцна напісана! Ён уявіў, як у белай пене мчаць коні старадаўняй літоўскай Пагоні і быццам заклён прашаптаў:

Мо яны, Беларусь, панясліся

За тваімі дзяцьмі ўздагон,

Што забылі цябе, адракліся,

Прадалі і аддалі ў палон?


Біце ў сэрцы іх – біце мячамі,

Не давайце чужынцамі быць!

Хай пачуюць, як сэрца начамі

Аб радзімай старонцы баліць...


Нездарма Пятро Махавікоў моліцца на Багдановіча. А я так мала яго чытаў, дакараў сябе сакратар абкама па ідэалогіі Андрэй Сахута. Усунуў у партфель каляндар, яшчэ некалькі кніжак, пляшку каньяку, каб дома выпіць з Адай за перамогу дэмакратаў.


Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету,  верасень 1991 г.

3 верасня. Масква.  Масква. Афіцыйныя абвінавачванні на падставе артыкула 84 Крымінальнага кодэкса РСФСР (здрада Радзіме) сёння афіцыйна прад’яўлены сямі галоўным арганізатарам дзяржаўнага перавароту ў СССР.

4 верасня. Лондан. Газета “Сандзі Таймс” надрукавала вынятку з падрыхтаванай да друку кнігі Раісы  Гарбачовай “Я спадзяюся”, якая павінна выйсці ў выдавецтве “Харпер Колінз”.

5 верасня. Пхеньян.  Нягледзячы на бурныя падзеі ў СССР, КНДР “без хістанняў будзе ісці па шляху сацыялізму карэйскага тыпу”, – заявіў сакратар ЦК Працоўнай партыі Карэі Кім Ен Сун.

8 верасня. Санкт– Пецярбург.  Жыхары Ленінграда прачнуліся 7 верасня ў новым гістарычным вымярэнні: былой расійскай сталіцы вернута першапачатковае імя – Санкт-Пецярбург.

ІV

Прачнуўся Пятро рана – вокны яшчэ толькі  пачалі ружавець. Як паменшаў дзень, мільганула першая думка ў затуманенай ад сну галаве. Спаў ён трывожна, учора позна глядзеў тэлевізар. Да таго ж сёння паедзе ў горад: трэба забраць Еву з Ірынкай на выхадныя. А гэта ўжо ўстрывожанасць, як заўсёды перад дарогаю.

Выехаў а палове шостай. Пятро любіў ранішнія паездкі ў горад. Дарога свабодная, ні гарачыні, ні спёкі, свежы ветрык дыхае ў твар, здаецца, і машына мчыць лягчэй і хутчэй, быццам застаялы конь.

Ехаў і міжволі згадваў нядаўнюю раніцу мінулага панядзелка, калі пачуў паведамленне пра ГКЧП. Тады ім апанавала нейкае дваістае пачуццё трывогі і надзеі. Думалася, што гэтая авантура можа скончыцца грамадзянскай вайной. Калі Гарбачова адхіляць ад улады, то зноў вернецца ўсё ранейшае, а гэта канец беларускаму Адраджэнню. Але выспяваў і парастак надзеі: можа, у Крамлі нарэшце зразумеюць, што трэба даць болей свабоды і саматойнасці рэспублікам. Вось ужо і беларуская мова атрымала дзяржаўнасць, на мітынгах лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі, над галовамі людзей уздымаўся нацыянальны беларускі герб “Пагоня”. Назад у стойла не загоніш.

Але турбавала і іншае: у студыйных калідорах усё часцей чуліся размовы пра зварот назад да капіталізму. У глыбіні душы ў ім яшчэ моцна сядзеў той самы “советский простой человек”, выхаваны, выпеставаны ўсім ладам савецкага жыцця – піянерскай, камсамольскай і партыйнай арганізацыямі. У лётным вучылішчы Пятро добрасумленна праштудзіраваў “Капітал” Маркса, чытаў ленінскія творы, выдатна выступаў  на палітзанятках. Толькі ў апошнія пяць-сем гадоў у яго раскрыліся вочы, і ён перастаў любіць песню: “Мой адрес не дом и не улица, мой адрес Советский Союз”. Саюз – гэта добра, але перш-наперш у чалавека павінен быць свой дом і свая вуліца, свая маці-Радзіма. Іначай гэта не чалавек, а перакаці-поле, без каранёў, без роднага дому і вуліцы, і коціцца ён туды, куды пагоніць моцны вецер. Пятро гэта зразумеў, калі перачытаў Купалу, Багдановіча і Караткевіча. Асабліва яго ўразіў “Статут Вялікага княства Літоўскага” –  першы звод законаў у Еўропе. Багата і іншых кніг па гісторыі роднага краю прачытаў Пятро Махавікоў. І тады ён адчуў сябе беларусам, сынам вялікага народа, які мае шматпакутную гісторыю, старажытную мілагучную мову, які жыве на прыгожай зямлі, дзе тысячы блакітных азёраў і крынічных рэк, па берагах якіх шумяць беластволыя бярозавыя гаі, смольныя хвойныя бары і велічныя пракаветныя дубровы

Але ўсё ранейшае жыццё Пятра Махавикова трымала яго нябачнымі ніцямі, як трымае муху павуцінне. І ён верыў былым антысаветчыкам, дысідэнтам Аляксандру Зіноўеву і Уладзіміру Максімаву, што сацыялізм сябе не вычарпаў, не раскрыў свае здольнасці, магчымасці. Дый сам Пятро часцяком разважаў: вунь кітайцы  будуюць сацыялізм,  накармілі, апранулі сваю звыш мільярдную сям'ю, нас ужо кормяць тушонкаю. І Генсек у іх сядзіць на месцы, і палітбюро кіруе. А гэта ж краіна не з куцай, як у амерыыканцаў гісторыяй, а з тысячагадовай,  ці не самай старажытнай у свеце культурай. Чаму ж наша перабудова прывяла да распаду, да ГКЧП, якое ганебна ляснулася. Чаму вырадзіліся, здрабнелі партыйныя лідэры?

Хутка мчаў “жыгулёнак”, а думкі ляцелі яшчэ хутчэй. Багата пра што паспеў падумаць Пятро Махавікоў за няпоўную гадзіну дарогі. Даехаў хутка. Ціха ўзрадаваўся, што ў двары яго любімае месца было вольнае. Машына будзе стаяць, як пані, у цяньку маладой купчастай бярозы. Напрыканцы дня ён пасадзіць жонку,  дачушку і паедуць у вёску, якая ўжо зрабілася роднай. Што ж, калі напраўду родныя Хатынічы апынуліся ў чарнобылькай зоне, дый  далёка яны – часта не наездзішся.

Ева ўжо збіралася на працу, Ірынка моцна спала. Пятру захацелася пацалаваць ейны тварык, але пабаяўся пабудзіць.

– Ты памідоры паліваў? Ці забыўся? – як заўсёды, спытала Ева.

– Мілачка мая, ну, канешне! А хто ж будзе паліваць апрача мяне?  Гуркі пасохлі. Што зробіш, канец жніўня. Некаторыя яшчэ зялёныя. Сёння была вельмі густая раса. Для гуркоў гэта добра, а для памідораў не дужа.

Выпілі па кубачку кавы. Пятро правёў Еву да тралейбуснага прыпынку, потым сам праз лясок пабег на возера. Вада была ўжо даволі халодная, затое прыдавала болей бадзёрасці, імпэту. Назад бег з лёгкасцю, хораша ўгрэўся. Вось табе курорт, падумаў у лесе, не трэба ехаць да Чорнага мора, цэны шалёныя, пуцёвак не дакупіцца. Хата ў вёсцы, праца на  градках у вольны час, каб толькі без надрыву, і каб не было болей ГКЧП,  ды зарплата большая, то й жыць можна.

Калі вярнуўся дамоў, дачка па-ранейшаму спала, падклаўшы руку пад галаву,  адно  павярнулася да сцяны.

Ён прыняў душ і толькі выйшаў з ваннага пакою, як азваўся тэлефон. Па звычцы зірнуў на гадзіннік, які стаяў каля тэлефона, – была палова дзесятай.

– Здароў, Пятро Захаравіч! Я так і знаў, што прыкоціш сёння. Не выседзіш у вёсцы, – пачуўся хрыплаваты голас яго намесніка Яўгена.

– А што здарылася? – Пятро хоць і быў у законным адпачынку, але ўсё роўна часта думаў пра сваю рэдакцыю.

– Ну, ты ж ведаеш сітуацыю. Хунту арыштавалі. Усе ў нас выходзяць з партыі.

– Як усе? І ты, парторг, таксама?

– А што я  лысы? Адзін у полі не воін. Галоўны рэжысёр наш учора кінуў партбілет на стол. Хто выходзіць з партыі, хто прыпыняе членства. Карацей, сёння партсход у тры гадзіны. Прыходзь.

Пятро слухаў і не мог паверыць вушам, хоць і разумеў, што ўсё ішло да гэтага, але каб так хутка і рэзка ўсё павярнулася, такога развіцця падзей не чакаў. Але ісці на сход не было ніякага жадання. Дый  дзеля чаго? Кідаць партбілет на стол ён не збіраўся, пісаць заяву аб выхадзе – таксама.

– Мусіць, на сход не прыйду. Ну, што ж, і я тады прыпыняю членства, як ты кажаш. Вось і дакаціліся. Ну, а якія навіны на студыі?

– Якія навіны? Усе навіны ідуць з Масквы. Наш парламент заўтра пачне засядаць. Там будзе драчка... А на студыі ціха. Ты ж праграму бачыш. Нашых перадач не ставяць. Ну, адпачывай. Пра гэта не думай. Ці ёсць грыбы?

Пятро пахваліўся, што на днях назбіраў паўкаша адных баравікоў. Намеснік шумна ўздыхнуў у трубку, прамовіў:

– Ну, можа, у верасні і на маю долю нешта вырасце ў лесе. Калі не баравікі, дык зялёнкі  ды  рыжыкі.

На гэтым развіталіся. Пятро паклаў трубку і стаяў, быццам у здранцвенні. Рой думак узвіхрыўся ў галаве. Амаль трыццаць гадоў быў ён у партыі. Міжволі ўсплыло з памяці, як некалі ўступаў у кандыдаты ў лётным вучылішчы, як хваляваўся. А колькі разоў выступаў з дакладамі на сходах, колькі пісаў пратаколаў! І ўсё кату пад хвост.  Колькі ўзносаў плаціў, колькі часу празасядаў! Але каб не быў членам партыі, не прызначылі б галоўным рэдактарам. Гэта цяпер кіраваць літаратурна-драматычнай рэдакцыяй прызначылі беспартыйную паэтку.

І яшчэ мільганула думка: можа, гэтая заваруха ў Маскве і рабілася дзеля таго, каб абвінаваціць партыю ў дзяржаўным перавароце дый  разагнаць. Пятро сам спалохаўся крамольнай думкі.

Ён згатаваў моцнага чаю, другі раз, цяпер ужо з дачкою, паснедаў. Яна сказала, што пойдзе з сяброўкамі ў Батанічны сад.

– Гэта вельмі добра. Цяпер там мора кветак.

– Кажуць, там лебедзі паявіліся.

– Вазьмі з сабой блакноцік. Што зацікавіць – запішы.

Зноў зазвінеў тэлефон: сяброўкі клікалі Іру ў свой гурт.

Адправіў дачку і адразу пацягнуўся да дыпламата, які вазіў і ў вёску: кніжку якую пакласці зручна ў яг, пляшку  піва ці  чаго  мацнейшага. Вазіў у ім і свой дзённік, у якім  часам рабіў запісы. Але тут гэткія падзеі! І нядаўні званок са студыі. Вось ён ужо і беспартыйны, хай сабе – часова, а можа, і назаўсёды.

Разгарнуў дзённік – тоўсты сшытак у цвёрдай вішнёвай вокладцы. Для разгону захацелася пачытаць учарашні запіс.

22 жніўня, чацвер. ГКЧП ляснуўся. Прыгадваю тую раніцу, 19-га, нечаканае паведамленне, быццам камень з гары, потым канцэрт “Вижу чудное приволье…” А сёння гэкачэпісты ўжо арыштаваны. Нават пераварот не маглі зрабіць. Ельцын заявіў, што генерал-маёр, камандзір Тульскай дывізіі, якому было загадана захапіць Вярхоўны Савет Расіі і яго, Ельцына, замест гэтага загадаў абараняць будынак, парламент, адкуль вяла перадачы радыёстанцыя... Усё прагніло, калі КДБ, армія, міліцыя – усе тры сілавыя міністры аказаліся бяссільныя, не змаглі зрабіць пераварот. Слабакі! А народ мог бы падтрымаць іх, бо на рэферэндуме большасць выказалася за Саюз. Ведаючы гэта, маглі дзейнічаць рашуча,  а ў іх рукі трэсліся, быццам пасля моцнага перапою. А мо яно так і было?

Па тэлебачанні аб'явілі, што праз некалькі хвілін пачнецца прэс-канферэнцыя Гарбачова. І тут жа пачаўся канцэрт “Зямля мая – святая Русь”. Бедная Русь! Зямля багацейшая. Людзі працавітыя. даверлівыя, шчырыя. Давялі камунякі да галечы...

Тры дні таму была прэс-канферэнцыя Янаева і “хунты”, а сёння ўжо на экране Гарбачоў. І адразу яго, як прарвала: антыканстутыцыйны пераварот, арганізаваны рэакцыйнымі сіламі, якія былі ў ЦК і ў міністэрствах, якіх я вылучаў, якім давяраў… Трымалі 72 гадзіны ў ізаляцыі, апавядае са смакам. Як лавілі радыё Бі-бі-сі – смех сярод журналістаў. Хунту не прызналі ў свеце, толькі Каддафі, Хусейн і…Рубікс, латышскі партыйны лідэр. Гарбачоў тут жа пачаў бэсціць Рубікса, змяшаў з граззю. Ці варта гэта рабіць учарашняму генсеку, бо сам са сваімі хаўруснікамі вылучаў яго. І зноў балбатня, балбатня…Бракуе Міхаілу Сяргеевічу пачуцця меры. Не трэ было праводзіць прэс-канферэнцыю ў такім ключы. Тэлеэкран бязлітасна высвечвае фальш, дурноту.

У праграме “Время”, асабліва ў расійскіх “Вестях”, кляймяць фашыстаў-путчыстаў, пярэваратняў. Выходзіць, старшыня Вярхоўнага Савета СССР – былы аднакурснік Гарбачова, фашыст, прэм'ер, міністры,  сакратары ЦК КПСС – усе фашысты. А каб пераварот удаўся, усё было б канстытуцыйна! Якая ганьба! Выступаюць А, Якаўлеаў,  Шэварднадзе. Лікуюць! Перамога дэмакратыі. Цяпер, маўляў, саюзны парламент павінен самараспусціцца, як і КПСС. Спектакль тэатра-“абсурду

Пятро перачытаў свае занатоўкі і яму падалося, што  гэта было не ўчора, а раней. Хоць і не шукаў слоў, не думаў, як лепей падаць, а проста для сябе занатоўваў уражанні, а сёння прачытаў з цікавасцю. Праўду кажуць, што любы дзённік – гэта чалавечы дакумент.

Які год! І пачынаўся ён з “Буры ў пустыні” – вайны ў Іраку. Пятро міжволі пачаў гартаць самы тоўсты “кандуіт”, шукаючы навагоднія запісы. Адгарнуліся старонкі напярэдадні новага года, і ў кожным запісе трывога, занепакоенасць: што будзе далей? Пра сваю рэдакцыю, пра сям’ю – скупа, а ўсё пра палітыку, мітынгі, страйкі.

А з чаго ўсё пачалося? Калі з’явіліся трэшчыны ў гэткім, здавалася, маналітным будынку на марксісцка-ленінскім падмурку, якім уяўляўся Савецкі Саюз? І раптам усё захісталася. Рухнуў сацыялістычны лагер, нібы картачны дамок. Пачаў узгадваць той незабыўны мітынг на мінскім стадыёне “Дынама”, пасля якога ён упершыню моцна пасварыўся з сябрам Андрэем, абкамаўскім ідэолагам...

Адгарнуў першую старонку, а пачаліся запісы ў студзені 1989-га. Значыць, я тут свайго роду летапісец краху сацыялізму. Правільней, гэта суб’ектыўныя нататкі пра канец сацыялізму. Можа, некалі надрукую сваю графаманію. А дзе ж пра той мітынг? Адбыўся ён, здаецца, зімою. Ці не ў лютым? Пачаў гартаць старонкі,  нарэшце  знайшоў патрэбную:

19 лютага. Нядзеля. Сёння на стадыёне адбыўся мітынг – каля сарака тысяч людзей сабралася. Я ішоў на мітынг, як на свята. Дамовіліся з Андрэем, што я завітаю да яго ў абкам, адтуль пойдзем разам, там рукою падаць. Дзень выдаўся светлы, з ветрыкам, лёгкім марозікам. Каля стадыёна прадавалі “Навіны” БНФ, сям-там луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Цэнтральныя сектары стадыёна былі запоўненыя бітком, на бакавых людзей меней. На супрацьлеглай трыбуне чырванеліся плакаты. Я папрасіў дзяўчат прачытаць, што на іх напісана. “Беларускай мове – дзяржаўнасць!” – маладым звонкім голасам прамовіла сімпатычнае русявае дзяўчо. “Гэта мудра!” – знарок гучна сказаў я. Андрэй тармаснуў мяне за рукаво, маўляў, не выпендрывайся. Два мажныя дзядзькі павярнуліся, коса зірнулі на мяне, пазналі Андрэя, кіўнулі яму.

Адкрыў мітынг старшыня гарсавета, потым гаварыў Зянон Пазняк. Гаварыў занадта пафасна, узнёсла, уеў старшыню гарсавета, маўляў, ён павінен папрасіць прабачэння за падзеі 30 кастрычніка, калі на могілках разагналі святкаванне Дзядоў. З усхваляванай прамовай выступіў  Сяржук Вітушка: “Бюракраты, розныя партакраты вымруць, як маманты. Мы прыйдзем на  іх месца. Жыве Беларусь!” – скончыў ён пад гул трыбун. А потым дарваўся да мікрафона сакратар Маскоўскага райкама Мінска, пачаў на рускай мове, яго асвісталі, не далі гаварыць. Зірнуў краем вока на Андрэя – той хмурыўся і кусаў вусны. Дзівакі, партыйныя ідэолагі, няўжо не маглі даўмецца, што выступаць тут трэба па-беларуску. Усхвалявана, цікава, хоць і коратка, гаварыла загадчыца дзіцячага садка пра тое, як яны вучаць дзяцей роднай мове. Рабочы з “Інтэграла” усыпаў партыйным бюракратам, быццам сарваў словы ў мяне з языка, але ён і ЦК зачапіў, сказаў, што “яшчо” не навучыўся гаварыць па-беларуску, але актыўна вучыць родную мову. Спачатку яго слухалі скептычна, а потым скандзіравалі: “Ма-ла-дзец!” Зноў вылезла партфункцыянерка: маўляў, я  першая жанчына, якая выступае.І  мне не будуць свістаць, што яна нстаўніца пачатковых класаў, дарасла да дырэктара школы, цяпер – сакратар райкама партыі, што яна стаіць гарой за беларускую мову, за яе дзяржаўнасць. Але навошта тут бел-чырвона-белыя сцягі?  Навошта “Пагоня”? Болей гаварыць ёй не далі. Спачатку выступоўцам давалі па дзесяць хвілін, потым – па пяць. Мітынг доўжыўся болей, як тры гадзіны. Людзі пачалі разыхолдзіцца раней. Андрэй пацягнуў і мяне да выхаду. Вакол купкамі стаяла моладзь,усе спрачаліся.Мы з Андрэем таксама счапіліся, як ніколі раней.

Ён, вядома ж, падтрымаў райкамаўскую кабету: дзяржаўнасць беларускай мовы гэта правільна. Але навошта бел-чырвона-белы сцяг, навошта “Пагоня”? Я пачў даводзіц, што гэта нацыянальныя сімвалы, а ён сваё: пад гэтым сцягам фашысты і паліцаі нішчылі патрыётаў. А я кажу:на спражках нямецкіх салдат было напісана: “Гот міт унс” – з намі Бог, дык што цяпер, усім вернікам трэба адмовіцца ад Бога, бо фашысты яго імя запаскудзілі…Андрэй заспяшаўся ў абкам. Буркнуў “Бывай здароў!” І нават рукі не падаў на развітанне.

На тралейбусным прыпынку стаялі два хлапцы пад бел-чырвона-белым сцягам. Да іх прычапіўся стары ў акулярах: дакарае – хіба вам мала дзяржаўнага сцяга, навошта фашыстоўскі? “Правільна робяць хлопцы,– сказаў я.– Гэта наш нацыянальны сцяг. Яму семсот гадоў. Гэта наша гцісторыя”.  Хлопцы заўсміхаліся, расцвілі.  .А стары змоўк, як жабоцьку праглынуў. У тралейбусе разгаварыліся. Хлопцы вучацца ў радыётэхнічным інстытуце. У аднаго на штрыфлі курткі прыгожы значок “Світанак”, а ў другога – маленькі паласаты бел-чырвона-белы  сцяжок.

На маю думку, мітынг удаўся, зробіць ён добры зрух у нашым абуджэнні і Адраджэнні.

Увечары ўсчалася завея, але назаўтра сіноптыкі абяцаюць плюс шэсць, а на Брэстчыне – да дзевяці. Вось табе і люты! Ці не мітынгоўцы сваім разгарачаным дыханнем угрэлі прыроду?

Дэталь, пра якую ледзьве не забыўся. Перад мітынгам па стадыёне павольна праехалі чатыры вялізныя фуры Мінскага аўтазавода. Маўляў, бачыце, чаго дасягнула савецкая Беларусь! А можа, іншы падтэкст: самых гарачых можам запіхнуць у чэрава гэтых машын, месца хопіць...

Пятро перачытаў старонкі дзённіка і зноў злавіў сябе на думцы: калі б не занатаваў, то шмат што забылася б, захавалася б адно агульнае ўражанне: было багата людзей і быў душэўны парыў. Гартаў свой кандуіт далей і ўбачыў дату, абведзеную чырвоным фламастэрам.

26 студзеня. 1990г.

Светлы дзень! Нарэшце прыняты Закон аб дзяржаўнасці беларускай мовы. Цяпер паступова, спакойна, без ляманту і гвалту, трэба працаваць. Павінна адрадзіцца Беларусь. Год таму на мітынгу 19 лютага я ўпершыню ўбачыў плакат “Беларускай мове – дзяржаўнасць!” Тады нават не верылася, што гэта будзе. Дапамаглі суседзі –  і літоўцы, і украаінцы прынялі ўжо законы аб мове. Таму нашым партбюракратам не было куды адступаць, хоць у мінскай “Вячорцы”, па радыё і тэлебачанні  гучалі выступы тыпу: я беларус ці беларуска, “говорю по-русски  и белорусский язык мне не нужен”. Мусіць, чуліся такія галасы і на сесіі Вярхоўнага Савета. Віцэ-прэм'ер Ніна Мазай зрабіла цікавы,  грунтоўны даклад,  вымаўленне ў яе натуральнае, голас прыемны, гучны. Любата слухаць!

Так, 26 студзеня – светлы дзень календара. Але ёсць жа і другая дата: 26 красавіка 1986-га – чарнобыльская аварыя. Паміж гэтымі датамі ўжо амаль чатыры гады. Чарнобыль ахінуў смертаносным  чорным крылом і мае родныя Хатынічы...

А на дварэ цяплынь нечуваная: плюс шэсць! І сонейка свеціць. Лагодны дзень. У  прыродзе пацяплела, а ў людскіх душа – халадрыга, злоба і нянавісць. Азербайджан з Арменіяй ніяк не могуць памірыцца, Грузія з Абхазіяй ваююць, Малдавія з Прыдняпроўем бяруцца ў рожкі, у Таджыкістане гінуць людзі. І Ў іншых краінах няма супакою і ладу. Познімі вечарамі слухаю галасы “забугорныя”. Развае лучыць з усім светам, гэткім супярэчлівым, гэткім маленькім і гэткім  вялікім. Разнастайным і адзіным у сваёй трагічнасці.”

15 сакавіка. Чацвер. Упершыню ўчора пачуў сур'ёзную, аргументаваную крытыку Гарбачова: непаслядоўнасць, кідаецца з аднао боку на другі, за няўдалую антыалкагольную кампанію, якая падарвала зканоміку краіны, за міжнацыянальныя канфлікты, ганьбаванне арміі. І крытыкаваў генсека дэпутат-камуніст з Кузбаса. Ён зазначыў, што пісаў у ЦК КПСС у 1985 годзе, выказваў тады крытычныя заўвагі. Яшчэ тры прамоўцы скублі Гарбачова. Была прапанова абраць прэзідзнтам Бакаціна. Ён двойчы выступаў, адмаўляўся. Ды што яны там – здурнелі? Знайшлі дзеяча! Сабчак абліў брудам прэм'ера Рыжкова, іншых членаў ураду – зроблена свядома, каб выбіць Рыжкова з прэтэндэнтаў. Ён спалохаўся, зняў сваю кандыдатуру. І застаўся Гарбачоў дзін. Зноў выбары без выбару.

Што будзе далей? Дужа вострая сітуацыя ў краіне. Самы цяжкі час перажываем. Адну сістэму руйнуем, іхоць яна і ўпіраецца. Ствараем другую. А ці лепшую?

Пішу на рабоце. Ніхто мяне не турбуе, праграма забіта афіцыйныі перадачамі, усе глядзяць паседжанні з'езда саветаў. Гэта бясплатная “шпектакля”. Не адарвацца. Гарбачоўская галоснасць у дзеянні. Ён яе спарадзіў, яна яго і загубіць

Надакучыў тэлевізар, слухаю прамую трансляцыю па радыё, бо сцэнарыі трэба чытаць. Паседжанне з'езда прызначана на дзесяць. Спалоханы каментатар гаворыць, што ўжо шэсць хвілін адзінаццатай, а прэзідыума няма. Мож,  не набраў Гарбачоў патрэбную колькасць галасоў? Мо завалілі яго нарэшце? У дзесяць нуль восем паяўляецца. Усё-ткі прайшоў – набраў 59 з нечым працэнтаў. Можа, схімічылі? У нас гэта ўмеюць.

Учора дэпутат з Данецка сказаў: я складваю свае паўнамоцтвы, мая праграма не выконваецца, бюракраты і жыды – так і прагучала, – давядуць краіну да развалу…

Пажывем – пабачым, што будзе далей. А я між тым думаю, дзе і калі буду сеяць грэчку.

19 сакавіка. Панядзелак. Якая цяплынь! Учора з Евай ездзілі ў вёску. Абразаў старыя яблыні і гэтак шчыраваў, што сёння не павярнуць  галавы – шыя нібы драўляная.Ноч пакутаваў: як ні лягу не   магу заснуць. Выставілі ўчора пчол. Перазімавалі добра,  усе цэлыя. Абляталіся дружна і адразу сыпанулі ў лес. Вярба распускаецца, арэшнік даўно развесіў свае султаны. На месяц раней звычайнага пачалася вясна. Не дзіва, што пчол-ваданосы абляпілі тазік ля студні: значыць, ёсць расплод. Шмат маладых пчол, якія просяць піць.

Думкі вясновыя і клопаты вясновыя. А што будзе ў нашай краіне? Бурлівы, скрутны час! Чытаю прамовы на пленуме ЦК КПСС. Якая барацьба кіпіць там! Наш зямляк Уладзімір Бровікаў, цяперашні пасол у Польшчы, вельмі востра і смела выступіў. Мабыць, ён лепш за ўсіх разумее. Куды  нясе нас “рок событій”. Ён і раней неяк выступаў моцна. Нажывае зямляк палітычны капітал. Можа,хоча вярнуцц ў Мінск нашым генсекам? Я б гэта вітаў. Чалавек разумны, працаваў у нас прэм'ерам. Рэдкі выпадак – журнвліст па адукацыі быў кіраўніком ураду. Панавешалі цяпер сабак на сацыялістычную сістэму. А яна дае  магчымасць любому атрымаць адукацыю. Выбіцца ў людзі, а калі ёсць характар і галава на плячах. Дык можаш стаць дзяржаўным мужам.

На студыі ўсё без перамен. Перадач нарабілі, а яны ляжаць. Афіцыёзы забіваюць. Кругом палітыка. У чэргах, у лазні, у спальні...

17 мая, чацвер, 1990. Штодня ідзе дождж. Дзякуй Богу – засухі не будзе. Зараз усё расце, набірае моц. А ў беларускім парламенце слоўны паток. У першы дзень кіраваў Лагір – старшыня выбарчай камісіі, блытаўся страшэнна. Выбралі яму памочніка – міністра юстыцыі Ціхіню. На пасаду старшыні Вярхоўнага Савета пленум ЦК рэкамендуе Мікалая Дземянцея. Ёсць кандыдатуры іншыя: Шушкевіч, касманаўт Кавалёнак. Нехта Вчэрскі з Барысаўскага раёна вылучыў сябе сам. Цікавая сітуацыя! Калі такое магло быць? У сучасным Вярхоўным Савеце багата парыйных функцыянераў, таму Дземянцей можа перамагчы.

18 мая. Пятніца. Сесія працягваецца. Сёння дасталося на арэхі Дземянцею. Спачатку журналіст, які на выбарах перамог майго земляка Сахуту, пакрытыкаваў Дземянцея, а потым малады дэпутат Лябедзька заявіў: “Никлай Иванович, снимите свою кандидатуру, иначе будут непредсказуемые последствия”. Пра гэтыя “последствия” гаварыў святар з Оршы і агітаваў за Кавалёнка. Дзіва: поп агітуе за савецкага генерала, які злётаў у космас, мог узяць там божаньку за бараду.

Сенсацыі не адбылося: Дземянцей стаў старшынёю Вярхоўнага Савета. На маю думку, чалавек ён не дурны, мае вопыт і жыццёвы і, так бы мовіць, службовы, але прамоўца слабаваты – не філолаг.

19 мая. Субота.  У Вярхоўным Савеце – бура. І пачынаецца яна на плошчы ля Дома ўрада. Там амаль штодня мітынгі, пікеты. Сёння пікетчыкі, а за імі і дэпутаты патрабавалі, каб Дземянцей вёў пасяджэнні па-беларуску. Ён сказаў, што Закон аб мовах уступае ў сілу ў 1 верасня, прапанаваў прагаласаваць: на якой мове весці работу. “Ганьба!” – пачуліся галасы. Моцна выступіў Зянон пазняк. “Ваша врэмя прайшло”– як папугай паўтараў Дземянцей. “Не маё врэмя. А ваша врэмя прайшло”, – адпарыраваў Зянон.

А на дварэ  халадэча. Нават выскачыў марозік. Памарозіў раннюю бульбу, памідоры ў цяпліцы, перац. Бульба акрыяе, а ўсё іншае – наўрад. Дарэчы, казаў Еве: не будзем спяшацца, пачакаем. А яна сваё: памідоры перарастаюць, ім цесна. Ну, і пасадзілі. Загінулі яны на прасторы, на свабодзе.

30 мая.  Раніца светлая.  ц ёплая, а потым узнімаеца вецер, прыганяе цёмныя хмары, ідзе дождж са снегам, з градам. Мабыць,  такое было рпней, бо ў народзе нездарма кажуць:  Да святога духа не здымай кажуха. А па святым Дусе ў тым жа кажусе Гэта вычытаў у нашым штотыднёвіку. “Беларускае тэлебачанне і радыё” Дарэчы, на тэлебачанні паболела перадач на роднай мове Але іх усё роўна мала.  У праграму не ўціснуцца – парламенйкая балбатня забівае ўсё.  Краіна гудзе. Як парушаны пчаліны вулей. Расійскі парламент выбірае прэзідэнта. Два чырвоныя расійскія пеўнікі – Ельцын, які прыкінуўся дэмакратам, і яры антысіяністІван Палазкоў счапіліся за высокі пост. Абралі Ьарыса Ельцына. Ухваляю.

Вакол толькі й гавораць пра новыя цэны. Балбатні зашмат, а спрвы няма. Таму і тавару, і харчу няма.

19 снежня. Серада. Сёння  зімовы Мікола. Кажуць, што да Міколы зімы не бывае ніколі. Сёлета так яно і ёсць. Раніцай упершыню марозік скокнуў за дзсяць градусаў– слупок ртуці застыў на рысе 12. Неба чыстае. Гэта ўзрадавала. А дзень хмарны, ветраны. Няўтульны. І тлумны. Як і ўсе ранейшыя. Хутчэй бы скончыўся гэты год! Год няпэўнасці. Безалабернасці. Нестабільнасці. Год самых даўжэзных чэргаў. Гэткіх чэргаў, мусіць, не было ніколі. У вайну па картках мінімум атрымлівалі. Тады болей працавалі. Лайдакоў было меней. А цяпер лайдакі маюць грошы. Стаяць у чэргах.. Усё скупляюць. Павысіць цану урад баіцца. Таму вакол татальны дэфіцыт. Дэфіцыт – галоны герой дня.

Учора Еве патэлефанавала знаёмая: з дзесяці гадзін будуць прадаваць касцюмы мужчынскія і ватныя коўдры. Каб ні кому іншаму не казала. Угаварыла мяне пайсці ў магазін. Пазваніў намесніку, што затрымаюся. Прыехалі без чвэрці дзесяць. Народ ужо  тоўпіўся перад уваходам. “А што будць даваць?”– гучным хрыпатым голасам папытаўся чырвонатвары мужчына. Усе маўчалі. – Ёлкі-маталкі! Дык чаго ж вы стаіце? Раз не ведаеце”. – “Цяпер такая завядзёнка. Трэба пастаяць, каб увайсці ў магазін. Празяваеш – усё расхопяць”. – адказала сталага веку кабета  ў акулярах. Пэўна, пенсіянерка. Побач з ёй быў высокі  малады мужчына. Мусіць, сын, бо яны ўвесь час ціха перамаўляліся між сабою.Вітрыны вялізнай крамы былі завешаны шторамі. Чырванатвары нецярпячка зірнуў  у шчыліну між імі. “Сядзяць. Савяшчаюцца. Нешта махаюць рукамі. Думаюць, як нас абдурыць”– хмыкнуў вясёлы чалавек. Але ніхто не заўсміхаўся. Нарэшце дзверы адчынілі, натоўп хлынуў у краму. Злева ўмомант вырасла чарга па коўдры. Ева пацягнула туды. А справа ўзнік натоўп, які  прагнуў апрануць новыя касцюмы. Перада мной стаяла жанчына з малым хлопчыкам, дапытвалася ў суседзяў, што тут будуць даваць? Ёй патрэбна куртачка малому. Пачула, што ў гэтым  аддзеле ёсць толькі мужчынскія касцюмы і штаны розныя, адразу пацянула малога ў іншую чаргу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю