Текст книги "Вам — заданне"
Автор книги: Мікалай Чаргінец
Жанр:
Прочие приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 24 (всего у книги 24 страниц)
Славін
Цёплы, сонечны дзень. Славін, у светлай кашулі, трымаючы перакінуты праз левую руку пінжак, а ў правай – чамадан, які шмат што пабачыў, уваходзіў у сваю кватэру. Білася сэрца ў грудзях.
Хацелася кінуцца да маці. Але ж ужо не маленькі, павінен валодаць сабой. Адчыніў дзверы, прайшоў доўгі напаўцёмны калідор, пацягнуў на сябе наступныя дзверы. У невялікім пакоі бокам да дзвярэй стаяла маці і не бачыла яго. Пастарэлая, з багатай сівізной, яна моўчкі стаяла каля старога абшарпанага стала, на якім шумеў прымус, і думала пра штосьці. Уладзімір нейкі час глядзеў на яе, потым ціха паклікаў:
– Мама!
Настасся Георгіеўна павярнула галаву, выпусціла лыжку.
– Вова! Валодзечка! – Яна абяссілена павісла ў яго на шыі.
З пакоя выскачыла Жэня.
– Валодзя!
І абедзве – маці і сястра – заплакалі.
А потым сядзелі за сталом, пілі слабенькі ліпавы чай і гаварылі, гаварылі. Настасся Георгіеўна цяпер ужо спакойна спытала:
– Сынок, што ты думаеш далей рабіць? Куды пойдзеш працаваць?
Уладзімір падняўся, абышоў вакол стала, спыніўся за спінай маці, моўчкі абняў яе і толькі тады адказаў:
– У міліцыю, мама.
– У міліцыю? Дык там жа могуць. забіць?
Ён прыціснуўся шчакой да яе галавы, усміхнуўся:
– Не заб’юць.
Пераканаць маці было не так проста. Уладзіміру ў той дзень каштавала нямала намаганняў атрымаць матчына блаславенне. У самы апошні момант Настасся Георгіеўна спахапілася:
– Чакай, чакай, сынок! Сёння ж пятніца. Ідзі ты ў гэту міліцыю заўтра.
Уладзімір засмяяўся, супакоіў яе:
– Добра, мама! Пайду заўтра.
І сапраўды, так ужо атрымалася, што пятніца для сям’і Славіных была нейкім фатальным днём. У пятніцу памёр дзед. У гэткі ж дзень сканала бабуля. У пятніцу фашысты арыштавалі Міхаіла Іванавіча. У той момант яны не маглі ведаць, што праз дзесяць гадоў, у пятніцу, памрэ Настасся Георгіеўна.
Уладзімір падышоў да расчыненага акна, убачыў пяшчотна-зялёнае лісце і падумаў: «Такім чынам, пачынаецца новае жыццё. Як яно складзецца?»
Так, для Славіна, як і для ўсіх нашых людзей, скончылася Вялікая Айчынная вайна. Аднак пра спакой ён пакуль не мог нават і думаць. Наперадзе яго чакалі іншыя трывогі, іншыя хваляванні. Барацьба працягвалася.
Пераклад з рускай Язэпа РУНЕВІЧА.