Текст книги "Вам — заданне"
Автор книги: Мікалай Чаргінец
Жанр:
Прочие приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 24 страниц)
Мікалай ЧАРГІНЕЦ
ВАМ – ЗАДАННЕ
Валодзя Славін
Лета 1941 года выдалася гарачым. У блакітным, бясхмарным небе ярка свяціла сонца. Валодзя Славін глядзеў на спакойную роўнядзь возера і ўяўляў, як ён правядзе лета. Скончаны сёмы клас, наперадзе – канікулы, сустрэчы з сябрамі, спартыўныя гульні, рыбалка. Ды ці мала іншых не меней цікавых заняткаў!
Сюды прыбягаў ён ужо трэці дзень запар. Яшчэ 18 чэрвеня воды Свіслачы пачалі запаўняць велізарны катлаван, і цяпер хлапчук, стоячы на абрывістым беразе, з цікавасцю назіраў, як на яго вачах мяняюцца знаёмыя краявіды.
Валодзя адламаў ад алешыны сухі сук, запусціў яго ў вялікі зялёны куст, што праплываў міма, стрэльнуў чорнымі вачамі ў бокі дзяўчынкі, якая стаяла паблізу:
– Ну, што, Лена?.. Пайшлі.
Неадказваючы, дзяўчынка падняла каменьчык, шпурнула ў ваду. Ад воплеску разышліся шырокія кругі. Пасля гэтага яна падышла да Валодзі. Яны накіраваліся да хат, што віднеліся ўдалечыні. Некаторы час Лена ішла моўчкі, потым нахілілася, сарвала буйны рамонак, спытала:
– Заўтра пойдзеш на адкрыццё возера?
– Вядома! Усе нашы хлопцы пойдуць.
Лена нечакана кінула ў яго рамонак і, смеючыся, пабегла.
– Заўтра я табе наладжу вадохрышча ў возеры! – гарэзна крыкнуў ёй наўздагон Валодзя і ніцма ўпаў у густую траву.
Ён трохі паляжаў на спіне, прыслухоўваючыся да рытмічнага перастуку малаткоў: зусім побач за густым лазняком касцы адбівалі косы. Потым Валодзя падумаў пра школу, пра аднакласнікаў. Проста над ім з’явіўся самалёт. Гэта была двухкрылая «страказа». Машына спачатку пайшла па крузе, затым зрабіла «мёртвую пятлю», за ёю «горку». «Выдатна! – з захапленнем глядзеў хлопец. – Вось бы мне так!.. А можа, пайсці на лётчыка вучыцца? А што? Скончу дзесяць класаў і пайду. – Ён уявіў сябе ў лётнай скураной куртцы, убачыў зайздросныя позіркі хлапчукоў. – Трэба будзе з бацькам параіцца», – Валодзя падняўся з зямлі.
Дома ён паабедаў і, папярэдзіўшы маці, пайшоў на вуліцу да сяброў, а калі вярнуўся, то на кухні сядзеў ужо бацька і з апетытам еў. Валодзя сеў побач:
– Тата! Заўтра пойдзеш на адкрыццё возера?
– Заўтра? Не, не магу. Мне – працаваць.
Бацька павячэраў, устаў з-за стала, прайшоўся па пакоі. Невысокага росту, і ў свае сорак шэсць гадоў ён выглядаў па-юнацку статным, падцягнутым. Блакітныя вочы звычайна свяціліся вясёлай цікаўнасцю. Кароткія валасы непакорліва тапырыліся над высокім ілбом. Валодзя любіў бацьку. Заўсёды і ва ўсім стараўся быць падобным на яго. Вось і цяпер, убачыўшы бацьку нязвыкла сур’ёзным, задуменным, і сам прыцішэў.
Бацька падышоў да маці, ціха сказаў:
– Дзякуй. Я, мабыць, пайду спаць. Стаміўся штосьці. Дый заўтра трэба ўставаць у пяць. Пастаў будзільнік.
Валодзя ўзяў два вядры, пайшоў па ваду. Ля веснічак сустрэў сястрычку Жэню. Тая прапанавала:
– Дай мне адно вядро. Дапамагу.
– Не трэба, сам данясу.
Жэні нядаўна мінула васямнаццаць, але яна выглядала яшчэ зусім дзяўчынкай.
Яны ўвайшлі ў хату. Валодзя ўзяў газету, якую прынёс бацька з друкарні, дзе працаваў наборшчыкам, і пайшоў у свой пакой. Ён, як і бацька, любіў пачытаць перад сном. Прыемна было раней за іншых даведацца самыя свежыя навіны. Бацька заснуў і адразу захроп. Распранаючыся, сын з усмешкай уявіў, як цяпер за тонкую перагародку да бацькі зойдзе маці і скажа: «Ну вось! Разшумеўся, паравозік», – і прымусіць яго павярнуцца на бок.
Валодзя, трохі пачытаўшы, адклаў газету і чамусьці ўспомніў пра міліцыянера, які ўчора прыходзіў у двор, штосьці высвятляў у суседзяў. «А можа, пайсці ў міліцыю? – падумаў Валодзя і тут жа ўявіў сябе работнікам крымінальнага вышуку. – Цікава, як да гэтага паставіліся б бацькі? Хоць чаго ім дзівіцца? Ёсць жа ў нашым родзе і міліцыянеры».
Уладзімір успомніў сваіх стрыечных братоў. Адзін з іх – дваццаціпяцігадовы Аляксей Купрэйчык запрасіў Славіных у нядзелю на вяселле. Але бацькі адмовіліся – бацьку трэба на працу.
«Шкада, што не паехалі, – падумаў хлопец, – у вёсцы цяпер добра. Уначы вогнішча можна было б распаліць, а днём – у сене пакачацца, прыгажосць! – але тут жа сябе перабіў: – Пастой, пра што ж гэта я думаў? А, пра міліцыю». – І ўспомніў свайго другога стрыечнага брата па маці – Мачалава Пятра. Той старэйшы за Аляксея – яму трыццаць пяць. Працуе ў раёне ўчастковым упаўнаважаным.
«Дзіўна, як я мала ведаю сваіх стрыечных братоў, нават бачыў іх усяго некалькі разоў. Трэба будзе адпрасіцца ў бацькоў ды з’ездзіць да кожнага з іх. Толькі ці будуць яны са мной важдацца? У Пятра ўжо двое дзяцей, а мне яшчэ і шаснаццаці няма».
З гэтымі думкамі Валодзя заснуў. У сне ён то выяўляў узброеных да зубоў злачынцаў, то праследаваў небяспечнага рэцыдывіста, уступаў з ім у рукапашную сутычку, то раптам, лёгка адарваўшыся ад зямлі, адчуваючы пры гэтым прыемную бязважкасць, ляцеў у паветры над шырокай ракой, набліжаючыся да невялікага зялёнага астраўка…
Оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Аляксей Купрэйчык
Аляксей лічыў сябе самым шчаслівым чалавекам на зямлі. Адслужыўшы ў пагранічных войсках, ён скончыў афіцэрскую школу міліцыі і быў накіраваны ў Гродна. Так ён стаў оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку. У той час Аляксей сустрэў Надзю Кір’янаву і пасябраваў з ёй. Дзяўчына скончыла медыцынскае вучылішча і працавала ў Гродне. Аказалася, што яны з Надзяй з адной вёскі. І не былі знаёмыя толькі таму, што бацькі Аляксея пераехалі туды параўнальна нядаўна, калі Аляксей служыў у Чырвонай Арміі. Ішоў час. Неўзабаве яны абое зразумелі, што пакахалі адно аднаго.
І вось сёння вяселле. Аляксей ужо які раз разглядаў сябе ў старым, пабітым іржавымі плямамі, яшчэ, напэўна, дарэвалюцыйным, люстэрку, што стаяла ў хаце яго бацькоў.
Чорны касцюм, белая кашуля вельмі пасавалі яму. Аляксей гарэзна падміргнуў сабе і выглянуў у акенца: як бы не сапсавалася надвор’е, бо вяселле вырашылі гуляць у садзе. Здаволена хмыкнуў: «Парадак! Надвор’е як на заказ, спецыяльна для нядзелі».
Падумаў трохі і ўслых нягучна дадаў:
– І для вяселля.
У пакой увайшоў стрыечны брат Аляксея – Пётр:
– Ну як, гатовы да застольных бітваў?
– Рыхтуюся, – адказаў Аляксей і, каб схаваць збянтэжанасць, дадаў: – Вяселле ж першае.
– Упэўнены, што і апошняе.
Пётр прайшоўся праз увесь пакой і прысеў на драўляную лаву:
– У нас з табой ні сярод блізкіх, ні сярод далёкіх сваякоў дваяжэнцаў не было. Усё пражылі ці жывуць з той, якую пакахалі ў маладыя гады.
Пётр толькі сёння прыехаў, і пагаварыць яны яшчэ не паспелі. Пётр быў участковым упаўнаважаным, старшым лейтэнантам. Працаваў і жыў ён у вёсцы.
Аляксей ставіўся да стрыечнага брата з павагай. Дзіва што! Пётр быў не толькі старэйшы за яго і па ўзросце, і званні. Яму давялося многае пабачыць у свае трыццаць пяць. Можа, таму ён і ў міліцыю прыйшоў з некаторым спазненнем – у дваццаць восем гадоў.
Аляксей сеў побач з братам. Яны пагаварылі пра сваю работу. Пётр расказаў пра сям’ю: жонку Таццяну, дзесяцігадовую дачку Юлю і васьмігадовага сына Ванюшку.
– Ведаеш, – казаў ён, – Ваня дакладна пойдзе маёй дарогай. Вельмі любіць міліцэйскую форму. Надзене часам фуражку – і гайда да хлопцаў. Адразу гульні ладзіць – то ў бандытаў, то ў шпіёнаў.
– Шкада, што ты жонку і дзетак не ўзяў, паглядзець бы на іх. Даўнавата не бачыліся.
– Але ты ж ведаеш: Таня дзяцей са школы і сваіх дзяцей у піянерскі лагер павезла. Што зробіш, у іх, настаўнікаў, свае клопаты. Але нічога. Атрымаеш адпачынак і прыязджайце з Надзяй да нас, быццам вясельнае падарожжа зробіце. У нас цяпер добра! Хата вялікая, месца шмат, дый прадуктаў хапае, не тое што дзесяць гадоў таму.
Загаварыўшыся, яны і не заўважылі, як праляцеў час. Паступова пачалі збірацца госці. Аляксею трэба было зайсці ў хату бацькоў Надзі і потым ужо удваіх прыйсці да стала.
Ён выйшаў у двор і каля варот сустрэўся з міліцыянерам. Аляксей не ведаў яго прозвішча, але ў твар паспеў ужо запомніць: як-ніяк, яны разам працавалі ў адным аддзеле. Міліцыянер, убачыўшы Купрэйчыка, паднёс руку да казырка:
– Здравія жадаю, таварыш лейтэнант! А я – па вас.
Купрэйчык здзіўлена зірнуў на трывожны твар міліцыянера.
– Як гэта па мяне? У мяне ж вяселле!
Міліцыянер паглядзеў прама ў вочы Аляксею і дрыжачым голасам сказаў:
– Таварыш лейтэнант, вайна!
Валодзя Славін
Гэта нядзеля ўжо нікога не магла радаваць. Адкрыццё возера, святочныя гулянні не адбыліся.
У 12 гадзін рэпрадуктары разнеслі афіцыйнае паведамленне пра вераломны напад фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. Вайна!..
…28 чэрвеня акупанты ўварваліся ў Мінск. Яны з’явіліся неяк нечакана. Нібы з густых чорных аблокаў дыму дамоў, якія гарэлі. Па вуліцы, міма дома, у якім жылі Славіны, павольна прайшлі нейкія невялікія дзіўнаватыя машыны на гусенічным хаду.
Горад хутка напаўняўся нямецкімі войскамі. Пацяклі бясконцыя калоны салдат. У клубах пылу, густа смуродзячы гарам з выхлапных труб, з грукатам рухаліся танкі, праносіліся грузавікі з ваенным рыштункам, па ўскраінных вулачках ездзілі нямецкія матацыклісты. Чулася чужая рэзкая гаворка. Гарадское насельніцтва стаілася, вуліцы апусцелі. Хто не паспеў пайсці на ўсход, сядзелі за зачыненымі дзвярамі і аканіцамі, зашторанымі вокнамі, праз шчылінкі ў фіранках насцярожана сачылі за акупантамі. А тыя, адчуваючы сябе гаспадарамі, грамілі магазіны, гойсалі па хатах, аўтаматамі касілі курэй.
– Цяжка нам будзе, сынок, – гаравала маці. – Ты ўжо без дазволу не хадзі на вуліцу.
Бацька за гэтыя дні моцна змяніўся, стаў хмурны і негаманлівы і часцей звычайнага пыхкаў цыгаркай. У кватэру прыйшлі трывога, чаканне чагосьці невядомага.
…А вайна кацілася ўсё далей на ўсход.
Падлеткі зараз збіраліся ў гародзе, у цені вішань, і гутарку вялі толькі пра баявыя падзеі. Неяк Лена сказала:
– Чулі? Немцы Нямігу і Танкавую абносяць калючым дротам. Кажуць, быццам туды яўрэяў зганяць будуць. Гэта ў іх гета называецца. Дзіўнаватае нейкае слова, – і, памаўчаўшы трохі, дадала: – Страшнае слова.
Валодзя ўжо чуў ад дарослых, што немцы хочуць сагнаць у гета ўсіх яўрэяў. Ён не мог уявіць сабе, што Лёва Салавейчык, Раман Вішман, з якімі сябруе і амаль штодня сустракаецца, будуць жыць там, за калючым дротам.
– Давайце паглядзім, што яны там робяць, – прапанаваў Валодзя. Хлопцы пагадзіліся і тут жа накіраваліся на вуліцу Танкавую. Ішлі групай, прыціскаючыся адзін да аднаго. Дзіва што! Гэта быў іх першы выхад у горад. Немцаў па вуліцах хадзіла шмат. Хлопцы саступалі ім дарогу, сыходзячы з тратуара на праезную частку. Валодзя заўважыў, што чужынцы не звяртаюць ніякай увагі на дзяцей.
Неўзабаве хлопцы апынуліся на высокай гары, з якой адкрываўся від на Танкавую. Унізе працягнуліся роўныя шэрагі драцяных агародж. На вышках былі ўстаноўлены кулямёты. Крыху лявей, поруч з двухпавярховым цагляным домам, весяліліся напаўраспранутыя немцы. Яны з рогатам аблівалі адзін аднаго вадой, гарлапанілі песні. Недалёка ад іх дымілася паходная кухня. Дзеці моўчкі, не згаворваючыся, накіраваліся ў бок плошчы Свабоды.
– Пацаны, стойце! – крыкнуў хтосьці з хлапчукоў. Яны ўбачылі вялікі ліст паперы, налеплены на сцяну дома. Гэта быў «Зварот да жыхароў занятых абласцей». Хлопцы падышлі бліжэй да сцяны, сталі чытаць. Амаль кожны радок «звароту» пагражаў суровымі карамі: за непадпарадкаванне германскім ваенным ці грамадзянскім уладам – расстрэл без суда і следства, за дапамогу байцам Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне, – расстрэл, за захоўванне агнястрэльнай і халоднай зброі – расстрэл на месцы.
Лена ледзь чутна прачытала ўслых: «У выпадку немагчымасці выяўлення вінаватых германскія ўлады будуць вымушаны прыняць карныя меры супраць усяго насельніцтва. Каб пазбегнуць расстрэлу нявінных заложнікаў, спальванння дамоў і іншых суровых пакаранняў усё насельніцтва абавязана старацца забяспечыць спакой і парадак…»
Дзяўчынка павярнулася да хлопцаў:
– Што ж гэта такое атрымліваецца? За аднаго ці некалькіх вінаватых павінна адказваць усё насельніцтва? Выходзіць, за любую правіннасць яны могуць забіць?
Хлапчукі маўчалі. Прыгнечаныя, засмучаныя, яны пайшлі далей. Валодзя, сціскаючы кулакі, з нянавісцю паглядаў на акупантаў, якія праходзілі міма. «Чаго яны прыйшлі сюды? Што ім трэба? – думаў ён. – Не, я не буду сядзець склаўшы рукі».
Дома ён увесь вечар думаў, як ваяваць з ворагам: «Вось каб дастаць пісталет. Я б іх па адным, гадаў, біў!»
А назаўтра Валодзю давялося стаць мімавольным сведкам страшнага відовішча. Маці часам хадзіла на Камароўскі рынак, каб выменяць на адзежу ці іншыя хатнія рэчы якія-небудзь прадукты. Гэтым разам яна ўзяла з сабой і сына. Не паспелі падысці да рынку, як усю бліжэйшую плошчу ачапілі салдаты ў мундзірах мышынага колеру. Рэзкі візглівы голас, які прарываўся праз нябачны гучнагаварыцель, папярэджваў:
– Ахтунг! Ахтунг! Увага! Цяпер ви будзе немношко паглядзець, як нямецкі камандаванне поступайт з тымі, хто нам не падпарадкоўваецца.
Валодзя ўбачыў, як з боку вуліцы Цнянскай вялі звязаных адзін з адным людзей. Гэта былі дзве жанчыны, трое мужчын і маленькая дзяўчынка гадоў шасці. Па баках у іх, з аўтаматамі напагатоў, у касках, з закасанымі рукавамі ішлі канваіры. Людзей падвялі да нейкіх збудаванняў, якіх Валодзя раней не бачыў.
– Госпадзі! Дык гэта ж шыбеніца! – ускрыкнула ў роспачы маці і прыцягнула да сябе сына. Валодзя толькі цяпер зразумеў, што ладзяць фашысты. Ён не верыў вачам, нават уявіць сабе не мог, што зараз павесяць гэтых людзей, гэту дзяўчынку, якую таксама абвінавачваюць у супраціўленні. Гітлераўцы, не развязваючы арыштаваных, кожнага паставілі на табурэткі, размешчаныя пад шыбеніцай. Дзяўчынка стаяла бліжэй за ўсіх да Валодзі, і ён бачыў, што яна адзіная, у каго рукі былі свабодныя. Дзяўчынка маўчала, здзіўлена варочала галоўкай і запытальна глядзела на натоўп, сагнаны на плошчу. Потым, спрабуючы слабенькай ручкай зняць накінутую на яе шыйку грубую вяровачную пятлю, павярнулася да людзей, прыведзеных на пакаранне смерцю.
– Мама! – толькі і змагла выкрыкнуць яна ў прадчуванні бяды.
І тут жа па ўсёй плошчы разнёсся немы жаночы крык:
– Дачушка-а!!! Людзі добрыя! Дык за што ж яны губяць нас? Мы ні ў чым не вінаватыя. Адпусціце хоць дзіцё! Яна яшчэ нічога ў жыцці не бачыла.
Адзін з фашыстаў падышоў да табурэткі… Маці схапіла Валодзю за плечы, павярнула тварам да сябе, закрыўшы яму вушы рукамі, прыцягнула галаву да сваіх грудзей… Яе вусны ашалела шапталі: «Не глядзі, не глядзі!»
Дахаты яны вярнуліся ўзрушаныя, доўга сядзелі на кухні, не запальваючы святла.
Таццяна Андрэеўна
Прайшло толькі тры тыдні, як пачалася вайна, а Таццяне Андрэеўне Мачалавай здавалася, што прайшлі гады.
Мачалава ўся змарнавалася ад пастаяннай трывогі за лёс мужа. Пётр з’ехаў з вёскі на вяселле да стрыечнага брата. Вяселле павінна было адбыцца 22 чэрвеня, у нядзелю, і раптам – вайна.
Першыя два дні пайшлі на тое, каб хутчэй даставіць з піянерскага лагера дзяцей. А затым пачалося пакутлівае чаканне. Таццяна дні напралёт стаяла на ўскрайку вёскі, глядзела да рэзі ў вачах на дарогу, а Пятра ўсё не было.
Навіны ў вёску прыходзілі з вялікім спазненнем, але ад чырвонаармейцаў, якія спешна праходзілі праз вёску і накіроўваліся на ўсход, людзі ведалі, што немец наступае. Неяк над прасёлкавай дарогай, што цягнулася ад вёскі да лесу, з’явіліся два самалёты з крыжамі на крылах. Яны нізка праляцелі над галовамі людзей, якія ішлі з клункамі ў руках па пыльнай дарозе, развярнуліся і ўдарылі ўніз з кулямётаў.
Пасля таго як сцярвятнікі паляцелі, мясцовыя жыхары пахавалі шаснаццаць чалавек, якія засталіся ляжаць на дарозе і ў кювеце. На чацвёрты ці пяты дзень вайны да Таццяны ў хату прыйшоў старшыня калгаса. Схуднелы, з чорным змардаваным тварам, ён сказаў:
– Табе, Таццяна Андрэеўна, трэба з дзецьмі сыходзіць на ўсход. Можа так здарыцца, што немцы прыйдуць сюды, а ў цябе муж – участковы, сама – настаўніца, і чакаць табе ад іх дабра не трэба.
– Я буду чакаць мужа, – цвёрда адказала Т аня і прытуліла да сябе сына. – Павінен жа ён сюды вярнуцца, а потым ужо на фронт ісці.
Яна ніколькі не сумнявалася ў тым, што Пётр вернецца. Таццяна разумела, што ён, вядома, пойдзе на фронт, але спачатку, хоць на дзянёк, хоць на гадзінку, абавязкова забяжыць дахаты, развітаецца і скажа, што ёй і дзецям рабіць, як быць далей. Яна так і сказала тады старшыні. А той глуха адказаў:
– Гродна, Таццяна Андрэеўна, далёка, і ўсё можа здарыцца ў дарозе. Тым больш, ён чалавек вайсковы, яго маглі прызваць у армію і адтуль. Так што паслухай мяне – і ідзі!
Але Таццяна стаяла на сваім, і старшыня сышоў.
Маладая жанчына спадзявалася не толькі на тое, што муж вось-вось зазірне дамоў, але і на тое, што немцы не дойдуць сюды. «Павінна ж наша армія дзесьці іх спыніць, – думала яна, – не будуць жа ім Мінск здаваць».
І яна чакала. Але праходзілі дні, а Пятра ўсё не было. У вёску дайшлі чуткі, што немцы ўжо ў Мінску, але Таццяна не паверыла і нават аблаяла суседку, якая расказвала пра гэта. Але аднойчы праз вёску днём прайшла нямецкая аўтакалона. Машыны тут не спыніліся і панесліся далей. Выгляд чужых людзей у шэра-зялёнай форме пераканаў Мачалаву ў тым, што немцы ўжо прыйшлі. Таццяна Андрэеўна спрабавала штосьці рабіць па гаспадарцы, пачала збіраць рэчы, якія неабходна ўзяць з сабой, калі вернецца Пётр і ім трэба будзе сыходзіць, але ўсё ў яе валілася з рук.
І вось ужо тры тыдні, як яна чакае мужа.
Таццяна Андрэеўна цяпер не хадзіла на край сяла, яна цэлымі днямі сядзела ў двары. Там яе і заспела суседка Марфа Сцяпанаўна. Абодва сыны Марфы Сцяпанаўны знаходзіліся ў Чырвонай Арміі, жыла яна ў невялікай старой хацінцы, побач з Мачалавымі. Марфа Сцяпанаўна паўздыхала, павохкала пра лёс людскі, а потым сказала:
– Ведаеш, што я хачу табе сказаць, мілая?
Сэрца Мачалавоай стаілася ў трывозе: няўжо што-небудзь з Пятром здарылася? І, імкнучыся захаваць спакой, села на бервяно, якое валялася ля плота.
– Да мяне дахаты сёння прыходзілі два нейкія незнаёмыя мужыкі, сказалі, што яны людзей перапісваюць, нібы да ўборкі ўраджаю рыхтуюцца, ды заадно і дзецьмі, і настаўнікамі цікавяцца, быццам бы да навучальнага года школу хочуць адкрыць. Пыталі, ці тут ты, дзе муж твой. Ну, а калі сышлі, я ў акенца прасачыла за імі, яны тваю хату бокам абышлі, значыць – нездарма прыходзілі. Вось я і вырашыла папярэдзіць цябе.
Таццяна з палёгкай уздыхнула, калі зразумела, што не з благой весткай пра Пятра прыйшла суседка, і спачатку нават не адчула для сябе ніякай небяспекі, але потым паступова да яе стаў даходзіць сэнс сказанага.
Так, не ўстаючы з бервяна, і праседзела да вечара, думала, што ёй рабіць. «Фашысты, вядома, даведаюцца, хто ў мяне муж. Ну і што? Скажу, што як сышоў напярэдадні войны, так дахаты і не вярнуўся. Што яны мне зробяць? Не будуць жа яны мяне ад дзяцей забіраць, у турму саджаць. Калі будуць прымушаць ісці ў школу працаваць – не пайду! А там – глядзі – і нашы вернуцца. Не стануць жа яны нас на зіму ў акупацыі пакідаць, ці можна будзе з вясковымі мужыкамі звязацца, што ў лес падаліся».
Паступова Таццяна пачала супакойвацца, зноў успомніла мужа, маладыя гады. Успомніла, як пазнаёмілася са сваім Пятром, які дэмабілізаваўся ў дваццаць восьмым годзе з войска. Як пасябравалі, а ў трыццатым пажаніліся.
Гледзячы на дзяцей, якія гулялі ля веснічак, успомніла сваё дзяцінства. Цяжкім яно было. Бацька загінуў у Першую сусветную вайну, маці памерла ў цяжкім дваццатым годзе.
Стала жыць дзесяцігадовая Таня ў бабулі. Усё прыйшлося выпрабаваць: і голад, і холад. Але расла дзяўчынка ўсім на зайздрасць: вясёлай, сімпатычнай, стараннай. Пасля сямігодкі паступіла ў педвучылішча. Скончыўшы яго, зноў вярнулася ў вёску.
Усміхнулася Таццяна, успомніўшы, колькі жаніхоў вакол яе ўвівалася, але спадабаўся ёй не свой вясковы хлопец, а Пётр. Яна ведала, што падчас службы змагаўся малады баец з бандамі басмачоў, а калі ўпершыню ўбачыла і зазірнула ў яго чорныя вочы, то зразумела, што наступіла і яе чарга.
Так задумалася маці, што і не заўважыла, калі падышлі да яе дзеці. А яны сталі побач і з трывогай глядзяць на яе.
Таццяна паднялася і ўсміхнулася:
– Ну, што, родненькія, засумавалі? Хадзем, я вас пакармлю.
І яна, абдымаючы Ванюшку і Юльку за худзенькія плечкі, павяла іх да хаты.
Аляксей Купрэйчык
З таго нядзельнага дня, калі вяселле не адбылося, прайшло не шмат часу, але ўсё здавалася такім далёкім, памяталася смутна: слёзы бацькоў, Надзі, хуткая язда на спадарожным грузавіку ў горад, які сустрэў яго ўжо клубамі дыму. Гарэлі жылыя дамы і будынак яшчэ дарэвалюцыйнай фабрыкі.
Купрэйчык заскочыў у інтэрнат, змяніў святочны касцюм на мундзір і адразу ж накіраваўся да месца службы. Упраўленне настройвалася на ваенны рэжым работы. У ліхаманкавай мітусні прайшла ноч, а ранкам наступнага дня да Аляксея прама ва ўпраўленне прыбегла Надзя.
Яны выйшлі з будынка і селі на лаўку ў скверы. Аляксей сумна пажартаваў:
– Дзіўна ў нас складваецца сямейнае жыццё: па дакументах мы з табою муж і жонка, а ў сапраўднасці?
Надзя густа пачырванела, і на вачах у яе нечакана нагарнуліся слёзы.
– Мілы, вайна ўсё адкладвае. Я ж медыцынскі работнік і іду на фронт.
Аляксей у разгубленасці ўскочыў:
– Як на фронт? А я?
Надзя за руку пасадзіла яго на лаўку і, уткнуўшыся тварам у яго грудзі, гучна расплакалася:
– Лёшачка, родны, я такая была шчаслівая, я так кахаю цябе… Вайна праклятая раз’ядноўвае нас. Але я клянуся табе, што да канца свайго жыцця, чуеш, да канца, буду верная табе.
Больш Надзя не змагла гаварыць. Яна гучна плакала, абдымаючы Аляксея.
Ён як мог угаворваў яе. Калі Надзя супакоілася, яны дамовіліся, што сустрэнуцца на наступны дзень, калі яна ў ваенкамаце атрымае накіраванне. Як складзецца яго лёс, Аляксей пакуль таксама не ведаў.
Праводзіўшы жонку, ён пайшоў ва ўпраўленне. Па дарозе думаў: «Калі Надзя на фронт, то і мне трэба туды неадкладна. Прыйду і адразу ж напішу рапарт. Я служыў у войску, і зараз маё месца там!»
Але вайна часта паварочвае лёсы людзей зусім не так, як яны хацелі б самі.
Да вечара вялікая група супрацоўнікаў міліцыі, у якую ўваходзіў і Купрэйчык, была тэрмінова накіравана на знішчэнне нямецкага дэсанта. Гэты дэсант быў скінуты з самалётаў на лес, які знаходзіўся недалёка ад горада. Трое сутак супрацоўнікі міліцыі з дапамогай чырвонаармейцаў прачэсвалі лес, знішчалі дэсантнікаў.
У перастрэлцы Купрэйчык быў паранены. Аляксей абыходзіў бокам густы хмызняк, з якога кароткімі злымі чэргамі агрызаўся дэсантнік. Нечакана наперадзе, метрах у васьмідзесяці, мільганула постаць яшчэ аднаго гітлераўца, ён відавочна хацеў уцячы у глыб лесу. Аляксей ускінуў вінтоўку і стрэліў, фашыст зваліўся. Купрэйчык вырашыў абысці аўтаматчыка, які адстрэльваўся з хмызняка, з тылу. А немец, які толькі што зваліўся, нечакана стрэліў. Купрэйчык адчуў моцны штуршок у плячо і, завальваючыся на левы бок, паваліўся ў траву.
Не верачы, што паранены, Аляксей адшукваў вачамі месца, дзе павінен ляжаць фашыст, але туды з усіх бакоў кінуліся чырвонаармейцы, і неўзабаве лейтэнант убачыў, што яны вядуць палоннага дэсантніка. Толькі цяпер Аляксей паглядзеў на сваё правае плячо і спераду на гімнасцёрцы заўважыў цёмную пляму. «Паранены?» – мільганула думка, і галава злёгку закружылася, з’явілася непрыемнае адчуванне млоснасці.
Аляксей устаў, узяў вінтоўку ў левую руку і пайшоў да сваіх. А насустрач, прыгінаючыся, ужо бег лейтэнант Астрога:
– Што, Купрэйчык, паранены?
– Здаецца, трошкі ёсць, – вінавата ўсміхнуўся Аляксей. Ён сапраўды адчуў сябе вінаватым, што яшчэ не патрапіў на фронт, а паранены.
Пасля знішчэння групы дэсантнікаў камандзір вырашыў адправіць Аляксея ў горад. Але тым часам іх група сустрэлася з пяхотным палком. Камандзір палка, падпалкоўнік, занепакоены з’яўленнем варожага дэсанта, узяў іх групу пад сваё камандаванне, а параненага загадаў змясціць у санчасць.
Падзеі на фронце развіваліся хутка. Полк па радыё атрымаў каманду разгарнуць свае пазіцыі кіламетрах у трыццаці на ўсход ад таго месца, дзе знаходзіўся. Спецгрупу, у якую ўваходзіў Купрэйчык, камандзір палка адпусціў, а Аляксей застаўся ў санчасці. Вырашылі, што ён застанецца ў размяшчэнні палка да выздараўлення, а затым прыбудзе да месца службы сам.
Але здарылася так, што Купрэйчык застаўся ў палку. І немалую ролю ў гэтым адыграў маёр Міронаў – начальнік разведкі. Ён даведаўся, што Аляксей аператыўны работнік, раней служыў у пагранвойсках і пераканаў камандзіра пакінуць яго ў сваім распараджэнні. І калі рана ў Купрэйчыка загаілася, ён атрымаў узамен міліцэйскай формы агульнавайсковую, з лейтэнанцкімі квадратамі на пятліцах.
Неўзабаве полк, пасля кароткай сутычкі з ворагам, ізноў зняўся са сваіх пазіцый і пачаў адыходзіць на ўсход.
Купрэйчык стаяў побач з маёрам Міронавым. Яны абодва назіралі за рухам калон чырвонаармейцаў. Міронаў змрочна паглядаў на бясхмарнае блакітнае неба і ўжо які раз бурчэў:
– Адарвёмся ад лесу, і наляцяць, гады, далібог, наляцяць! Дакладваў падпалкоўніку, прасіў, як бацьку роднага, каб адыходзілі ўначы, дык жа, спасылаецца на загад.
Купрэйчык, крыху збляднелы і змарнелы за час хваробы, спытаў:
– Няўжо немцы паспелі за гэткі кароткі тэрмін падцягнуць такія сілы, што нам уцякаць трэба?
Маёр нічога не адказаў. Ён убачыў, як з лесу выехала чорная «эмка» камандзіра палка, і ціха сказаў:
– Пойдзем камандзіра сустрэнем, – і першым рушыў да пыльнай прасёлкавай дарогі, па якой усё ішлі і ішлі чырвонаармейцы.
Купрэйчык пайшоў побач з Міронавым. Яны былі падобныя адзін на аднаго. Абодва высокага росту, чарнавалосыя і каравокія.
Гэта, відавочна, заўважыў і камандзір палка, таму што, выйшаўшы з машыны, пажартаваў, звяртаючыся да маёра:
– Вы, Мікалай Кузьміч, напэўна, спецыяльна пакінулі лейтэнанта ў палку. Прыгледзішся да вас абодвух: ні даць ні ўзяць, родныя браты, нават хада аднолькавая?! – І спытаў у Купрэйчыка: – Як сябе адчуваеце?
– Дзякуй, таварыш падпалкоўнік, нармальна.
– Ну што ж, раз нармальна, значыць да бою гатовы.
– Так точна, гатовы.
– Чаго-чаго, а баёў на нас з табой хопіць.
– Пакуль амаль іх не было, таварыш падпалкоўнік. Калі шчыра сказаць, то не разумею, чаму мы адыходзіць павінны… – Гэтыя словы прагучалі ў Купрэйчыка неяк рэзка і сярдзіта.
Падпалкоўнік хмурна, аднымі куточкамі вуснаў усміхнуўся, паглядзеў чамусьці ўгару, на неба, затым зірнуў туды, дзе нядаўна стаялі каля грузавіка Міронаў і Купрэйчык, і толькі пасля гэтага неяк глуха і незадаволена адказаў:
– А ты гэтае пытанне задай камандуючаму ці ў Маскву патэлефануй у Наркамат абароны, а ў мяне, брат, не пытай, таму што не ведаю.
І не жадаючы больш на гэту тэму гаварыць, камандзір палка звярнуўся да Міронава:
– Разведка пайшла наперад па маршруце?
– Так точна, як было загадана.
– Сачыце, каб далёка не адрываліся, у любы момант маршрут можа быць зменены.
– Мяне паветра хвалюе.
– Мяне таксама, – перапыніў маёра камандзір, – наклікаеце!
Ён павярнуўся да начальніка штаба, які стаяў каля задніх дзверцаў машыны:
– Акім Іванавіч, прасачы, каб зенітчыкі і слухачы не драмалі, у любы момант могуць наляцець.
Міронаў спытаў:
– Дазволіце пачынаць рух і нам?
– Рух, маёр, пачынайце калі жадаеце, але мне інфармацыю пра становішча забяспечце.
Міронаў і Купрэйчык, адказыраўшы, рушылі да сваёй крытай брызентам паўтаратонкі. Толькі яны наблізіліся да ўзлеску, як пачуліся крыкі: «Паветра! Паветра!»
У бясхмарным небе з-за лесу з’явіліся фашысцкія самалёты. Аглушальна і рэзка грукнулі зеніткі, якія, як аказалася, былі недалёка.