355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Мікалай Чаргінец » Вам — заданне » Текст книги (страница 17)
Вам — заданне
  • Текст добавлен: 30 июля 2017, 04:30

Текст книги "Вам — заданне"


Автор книги: Мікалай Чаргінец



сообщить о нарушении

Текущая страница: 17 (всего у книги 24 страниц)

Старшы лейтэнант Аляксей Купрэйчык

Купрэйчык быў засмучаны. Яму здавалася, што іх полк, якраз пасля таго як быў вызвалены Мінск, трапіў у паласу наступлення на Гродна. Але гэтага не здарылася. Полк апынуўся ў складзе войскаў, якія прасоўваліся паўднёвей. Працы ў разведчыкаў было шмат. Цяпер, калі нямецка-фашысцкія войскі імкліва адкочваліся на захад, даводзілася рабіць далёкія пераходы і, каб здабытыя звесткі не састарэлі, перадаваць іх па радыё. Часта бывала і так: разведчыкі, выканаўшы заданне, не вярталіся ў свой полк, а чакалі яго падыходу ці адразу ж ішлі яшчэ далей, выконваючы новы загад. Было цяжка, але затое радасна на душы. Чырвоная Армія завяршала вызваленне Радзімы. Падчас аперацыі «Баграціён» цалкам была вызвалена Беларусь. Наперадзе была Польшча.

З непрытоенай цікаўнасцю байцы ўзвода Купрэйчыка глядзелі на чужую зямлю. У гэту ноч Купрэйчык і дванаццаць разведчыкаў знаходзіліся далёка ад свайго палка. Яны ўжо чацвёртыя суткі здабывалі звесткі пра размяшчэнне нямецкіх войскаў, пра абарончыя збудаванні, і па радыё дакладвалі свайму камандванню аб усім. Толькі што скончыўся сеанс сувязі. Купрэйчык перадаў кароткую радыёграмму і пасля пацверджання прыёму атрымаў загад вяртацца назад.

Пакуль байцы рыхтаваліся да паходу, ён сядзеў, прытуліўшыся спінай да дрэва, і думаў: «Цікава, чаму Васільеў вырашыў адклікаць нас?» Нібы пачуўшы яго, Сцяпаныч спытаў пра гэта.

– Сапраўды, – падтрымаў яго Лугавец, – які сэнс нас ганяць лішні раз праз лінію фронту, калі нашы заўтра самі тут будуць? Як ты лічыш, камандзір?

– Я лічу, што нам пакуль трэба кіламетраў дзесяць адмахаць, каб пераадолець гэта чыстае раўніннае месца. Да раніцы дабяромся да лесу, перадыхнём, а ўначы да перадавой.

Нарэшце ўсе сабраліся, і група з трынаццаці чалавек падалася на ўсход. Ішлі не вельмі асцерагаючыся, наўрад ці немцы размесцяцца на раўніннай бязлеснай мясцовасці.

Арыентуючыся па компасе, ішлі па роснай траве, у густым халодным тумане. Толькі тады, калі начная цемрадзь змянілася яшчэ слабай, ледзь прыкметнай перадсвітальнай зарой, увайшлі ў лес. Адшукалі гусцейшае месца, і, перш чым легчы спаць, Купрэйчык, звяртаючыся да Зайцава і Лугаўца, сказаў:

– Я думаю, што нас адклікаюць таму, што нашы прыпынілі наступленне.

– Гэта чаму ж? – спытаў Сцяпаныч, і Аляксей заўважыў, як усе астатнія разведчыкі насцярожыліся.

– Бачылі ж самі, што немцы рыхтуюцца да абароны, а каб наступаць далей на Варшаву, трэба сабрацца з сіламі.

– А як жа плацдарм, што нашы захапілі на рачулцы? – спытаў Губчык.

Купрэйчык усміхнуўся:

– Ведаеш, Пеця, і дзясяткі такіх плацдармаў не вырашаць стратэгічнай задачы. Гэты плацдарм зручны нашаму палку для пераадолення невялікай воднай перашкоды, што ж тычыцца арміі ці фронту, то там, магчыма, нават і не ведаюць, што полк падпалкоўніка Васільева сілай у адну роту захапіў кавалак процілеглага берага нейкай маленькай рачулкі. Праўда, для нас з вамі гэты плацдарм мае значэнне. Мы да сваіх будзем вяртацца менавіта ў тое месца.

– Дык там жа цяпер сапраўднае пекла, – з сумненнем прагаварыў Сёмін, укладваючыся зручней.

– Так, нясоладка. Але ў іншым месцы пайсці – значыць на міны напароцца, цяпер іх, ведаеш колькі там немцы панатыркалі?

– Добра, браткі, каравульным застанецца Ражноў, астатнім – спаць. Змяняцца будзем па чарзе праз гадзіну.

Перш чым заснуць, камандзір сказаў Ражнову:

– Мікалай, папярэдзь таго, хто будзе за табой дзяжурыць, каб ён мяне разбудзіў, калі яго час міне.

Аляксей адразу заваліўся спаць.

Спаў ён моцна, не чуў, як адбылася змена дзяжурных, але затое імгненна прачнуўся ад лёгкага дотыку да пляча. Расплюшчыў вочы і ўбачыў Сёміна, той са шкадаваннем сказаў:

– Шкада цябе, камандзір, будзіць. Можа, паспіш яшчэ?

– Не, Грыша, нельга. Пабудзі Лугаўца і Зайцава, трэба маршрут вывучыць.

Спехам перакусіўшы, трое разведчыкаў пайшлі лесам у бок фронту. Праз гадзіну лес скончыўся. Асцярожна вызірнуўшы з кустоў, убачылі поле, зарослае травой. Метраў за трыста віднеліся акопы. У бінокль добра былі бачныя спіны немцаў. Далей, метраў за дзвесце, знаходзілася яшчэ адна лінія акопаў. Яна праходзіла ля самага берага ракі. Там былі свае. Але як да іх дабрацца? У гэты момант ранішнюю цішыню разарвалі гарматныя стрэлы. Пазіцыі нашых пакрыліся фантанамі ўзрываў. «Не меней дзясятка гармат б’юць», – падумаў Купрэйчык, спрабуючы ўявіць цяпер тых, хто знаходзіўся ў траншэі.

Ён убачыў, як з варожых траншэй пачала вылазіць пяхота. Артылерыйскі абстрэл скончыўся, і да слыху разведчыкаў данесліся аўтаматныя чэргі і крыкі немцаў. Нашы пакуль маўчалі. Купрэйчык падумаў: «Напэўна, бліжэй падпускаюць, а заадно пасля артабстрэлу ў сябе прыходзяць».

У бінокль Аляксей бачыў, што нямала снарадаў патрапілі ў траншэю і развярнулі яе. Лугавец, які ляжаў побач з ім, летуценна прамовіў:

– Эх, камандзір, былі б цяпер тут усе нашы хлопцы! Далі б мы фрыцам ззаду жару! Уяўляеш, трынаццаць аўтаматаў!

«А што, гэта ідэя, – нечакана падумаў Купрэйчык, – можна ўначы наблізіцца да немцаў, закідаць іх гранатамі і – гайда да сваіх».

У гэты момант дружна ўдарылі нашы. Агонь іх чатырох кулямётаў і дзясяткаў аўтаматаў быў знішчальны, і немцы спачатку заляглі, затым пачалі адпаўзаць, а хутка і зусім не вытрымалі і кінуліся наўцёкі.

– Малайцы хлопцы! – не ўтрымаўся ад пахвальбы Сцяпаныч. – Слова гонару, у мяне аж рукі чэшуцца!

Нямецкая артылерыя зноў адкрыла агонь, каб прыкрыць адступаючых. Старшы лейтэнант, гледзячы на Лугаўца і Зайцава, задуменна прагаварыў:

– Дык, відаць, у нашых хлопцаў справы няважныя.

– Гэта чаму ж? – спытаў Лугавец.

– Эх ты, разведчык. Глядзі, як немцы паўкругам абклалі іх. У Арэшкі колькі байцоў? Не больш роты. А ў немцаў? Бачыш? – не меней батальёна.

– Нічога, нашы ўначы сілы падкінуць, і будзе парадак!

– Ты так лічыш? Тады адкажы мне, чаму яны гэтага не зрабілі мінулай ці пазамінулай ноччу? А я табе скажу: нельга было. Паглядзі на флангі – бачыш, узгоркі! А зараз у бінокль уважліва вывучы іх, убачыш, што там і гарматы, і кулямёты.

Лугавец доўга глядзеў у бінокль спачатку на левы узгорак, затым – на правы, а потым адклаў убок бінокль і мацюкнуўся. Але Купрэйчык, жадаючы да канца пераканаць яго, працягваў:

– А зараз высунь нос з-за куста і паглядзі ўздоўж лесу направа.

Лугавец убачыў, што за хмызняком знаходзяцца нямецкія мінамёты. Аляксей, ледзь усміхнуўшыся, спытаў:

– Цяпер разумееш, чаму Арэшка не можа падмацаванне атрымаць? Яны, гады, кожны метр воднай паверхні прыстралялі і нават уначы не падпусцяць падмацаванне. І яшчэ адно. Я добра ведаю, што ў Арэшкі было сем кулямётаў, а калі ты лічыў, то ўбачыў, што атаку адбівалі толькі чатыры. Увогуле, зробім так: уначы прабіваемся да сваіх і застаёмся да падыходу падмогі з імі.

– Правільна, – ухвальна адгукнуўся Зайцаў, – нашы трынаццаць аўтаматаў будуць нядрэннай падтрымкай роце Арэшкі.

Карыстаючыся зацішшам, Купрэйчык уважліва вывучаў варожую абарону. Паступова ў яго з’явіўся дзёрзкі, але даволі рэальны план. Неўзабаве накіраваліся ў зваротны шлях. Да таго месца, дзе адпачывала група, яны дайшлі хутка. Ужо ніхто не спаў, і па ажыўленні, якое з’явілася на тварах таварышаў, Купрэйчык зразумеў – іх зачакаліся.

Камандзір паведаміў, што яны ўбачылі, і сказаў:

– Нам трэба дапамагчы роце Арэшкі. Наша група разбіваецца на дзве. Першую, у колькасці сямі чалавек, узначаліць Лугавец. Ваша задача: незаўважна наблізіцца да мінамётнай батарэі. У нас няма з сабой ні мін, ні толу. Таму трэба знішчыць яе гранатай. Закласці гранату сярод скрынь з мінамі, да чакі прывязаць кавалак дроту ці вяроўкі і камусьці аднаму, схаваўшыся за дрэва як мага далей, тузануць за свабодны канец. Падбярыцеся да мінамётаў з боку лесу. Больш за двух вартавых, я думаю, там не будзе. Сігналам для выбуху будзе наш напад на траншэю. Пасля таго як замініруеце, спяшайцеся да яе, мы там паспеем ужо навесці парадак.

Лугавец задумаўся на імгненне, а потым сказаў:

– Пачакай, камандзір. А калі нам зрабіць так: рвануўшы боепрыпасы, разаб’ёмся на дзве групы, адна з іх возьме крыху лявей вас, другая – крыху правей. Глядзі, якая пятрушка атрымліваецца: вы атакуеце немцаў на гэтым участку траншэі. Закідваеце гранатамі, б’яце іх з аўтаматаў – усё гэта зразумела. Але яны ж таксама не дурні і, вядома, арганізуюць супраціўленне, каб не даць вам далей па траншэі прасоўвацца. І ў гэты момант мае дзве тройкі – ззаду іх гранатамі. А пасля гэтага мы ўсе разам да нашых сіганём.

Купрэйчыку спадабалася гэта думка. «Калі атрымаецца, то панікі ў немцаў будзе яшчэ больш». І ён рашуча махнуў рукой:

– Добра, прымаецца. – І зірнуў на радыста: – Я падрыхтую радыёграму.

Купрэйчык разумеў, што рота Арэшкі ў цемры можа прыняць іх за немцаў і сустрэць агнём. Таму вырашыў звязацца з палком і папрасіць папярэдзіць Арэшку пра начное з’яўленне разведчыкаў. Адначасова трэба было прадбачыць і тое, што вораг перахопіць радыёграму. Памазгаваўшы, камандзір нарэшце працягнуў радысту тэкст: «Скажыце Арэшку, хай сустракае ўначы, прыйдзем з музыкай». Радыст тут жа перадаў, і ўсе пачалі чакаць адказу. Прайшло пяць, дзесяць хвілін. Але вось радыст схамянуўся і пачаў запісваць. Праз хвіліну Купрэйчык трымаў адказ: «Усё правільна. Прыходзьце ў гадзіну». Аляксей зачытаў радыёграму ўсім і тут жа, знішчыўшы яе, падняўся:

– У шлях!

Ішлі асцярожна. Ім даводзілася некалькі разоў залягаць і трывожна прыслухоўвацца да шуму матораў, гаворкі па-нямецку. Але ўсё абышлося, і ўжо ў цемры разведчыкі дасягнулі вызначанага рубяжа.

Каля дванаццаці ночы пайшоў Лугавец і з ім шасцёра разведчыкаў. Праз дваццаць хвілін наперад рушыла і група Купрэйчыка. Паўзлі павольна, стрымліваючы дыханне. Часу было досыць, і старшы лейтэнант не спяшаўся, даючы магчымасць байцам адпачыць перад вырашальным кідком. Вось наперадзе ледзь засвятлела свежая палоска – гэта варожая траншэя. Пры святле ракет, што ўзляцелі на правым флангу, разведчыкі разгледзелі яе і веерам пачалі распаўзацца ў абодва бакі, займаючы пазіцыі ў пяці-шасці метрах адзін ад аднаго. Яшчэ раней яны дамовіліся, што па свісце камандзіра кожны кіне ў траншэю па гранаце і рынецца наперад. Купрэйчык раіў дзейнічаць кінжаламі і прыкладамі. Агонь адкрываць толькі ў крайнім выпадку. Гэта трэба было для таго, каб не перастраляць у цемры адзін аднаго.

Старшы лейтэнант зірнуў на гадзіннік: да гадзіны заставалася пяць хвілін. Ён уявіў, як у гэты момант група Лугаўца падбіраецца да вартавых, а можа, ужо і зняла іх, і ў душы маліў, каб там абышлося без шуму. Купрэйчык зноў паглядзеў на гадзіннік: «Пара!»

Чарговая ракета ўзвілася высока ў неба, асвятляючы мёртвым святлом роўнядзь ракі і прылеглую да яе тэрыторыю. Купрэйчык гучна свіснуў і плаўным рухам кінуў гранату ў траншэю. Выбухі ўсіх гранат зліліся ў адзіны грукат, які доўжыўся некалькі секунд. Разведчыкі кінуліся наперад. Раней іншых апынуўся ў траншэі Зайцаў, ён убачыў спіну немца, які падымаўся з дна траншэі, і, не разважаючы, усадзіў у яе кінжал. Гэтак жа рашуча дзейнічалі і астатнія байцы, але фрыцаў у жывых засталося больш, чым меркавалі разведчыкі. Купрэйчык нават пашкадаваў, што не даў каманду кінуць па дзве гранаты, але ён іх бярог для таго часу, калі давядзецца разам з ротай Арэшкі адбіваць варожыя атакі.

Неўзабаве ў ход пайшлі і аўтаматы. Вядома, раптоўнасць мела вырашальнае значэнне, і адважная шасцёрка цалкам валодала ініцыятывай. Немцы са сну не маглі зразумець, што адбываецца, хто і адкуль наваліўся на іх. Многія проста выскоквалі з траншэі і на скрут галавы несліся куды вочы глядзяць. Іншыя, прыкінуўшыся забітымі, ляжалі на дне траншэі. Трэція, схапіўшы зброю, стралялі абы-куды, нярэдка прымаючы сваіх за чужых. Купрэйчык, расправіўшыся з чарговым фрыцам, убачыў, як на бруствер выскачыў яшчэ адзін. Не разважаючы, старшы лейтэнант выпусціў у яго кароткую чаргу з аўтамата.

Раптам яркі выбліск асвяціў наваколле, здрыганулася пад нагамі зямля, і аглушальны, страшны грукат ускалыхнуў усю акругу. На імгненне нават сутычка ў траншэі прыпынілася. Але тут жа завязалася з новай сілай.

Прайшло ўсяго некалькі хвілін, і ўчастак траншэі, у які ўварваліся разведчыкі, быў у іх руках. Праўда, немцы ў адным і другім канцах апамяталіся і павялі агонь уздоўж траншэі. Асабліва небяспечным быў агонь кулямёта, які біў доўгімі чэргамі справа.

«Ён жа пераб’е нас усіх, калі мы пабяжым да сваіх», – жахнуўся Купрэйчык і пачаў абдумваць, як дабрацца да кулямёта. Але тым часам злева і справа пачуліся серыі выбухаў гранат, і кулямёт захлынуўся. «Лугавец з хлопцамі працуюць!» Як было дамоўлена, разведчыкі збягаліся да цэнтра. Купрэйчык паспешліва лічыў: пяць. сем. восем. дзевяць. Не ставала траіх. Ён гучна спытаў:

– Дзе яшчэ трое? Каго няма?

– Ёсць яны. Ражноў і Губчык Грышу Сёміна нясуць.

– Што, паранены? – трывожна спытаў Купрэйчык, узіраючыся ў хлопцаў, якія набліжаліся. Яны на плашч-палатцы неслі Сёміна.

– Не, забіты!

Губляць часу было нельга, і камандзір, загадаўшы двум байцам дапамагчы несці забітага, павёў групу ў бок сваіх. У варожай траншэі панавала панічная блытаніна. Немцы стралялі ў розныя бакі, не ведаючы, адкуль на іх нападаюць. Асабліва моцную сумятню ўнёс выбух на мінамётнай батарэі.

Купрэйчык у траншэю да сваіх саскочыў апошнім. Першым, каго ён убачыў, быў Вахтанг Чалідзе. Ён радасна абняў сябра:

– З вяртаннем, Лёша!

– Дзякуй. Чакай, Вахтанг, а як ты тут апынуўся? Тутака ж Арэшка павінен быць?

– Загінуў ён, учора загінуў. Я нядаўна прыбыў яшчэ з трыма хлопцамі. Усяго добраахвотнікаў набралася восем, але пяцёра загінулі, калі раку пераплывалі. Немцы моцны агонь з флангавых вышынь вядуць.

– А ў мяне Грыша Сёмін загінуў.

Купрэйчык і Чалідзе, параіўшыся, вырашылі, што Чалідзе будзе камандаваць левым флангам, а Купрэйчык – правым. Ідучы да сябе, Аляксей спытаў:

– Вахтанг, не разумею, чаму Васільеў цябе, камандзіра роты, сюды праз раку накіраваў?

– Э, не, дарагі! Калі ад цябе радыёграма прыйшла, сувязі з ротай Арэшкі ніякай не было. Пра яго смерць мы даведаліся ад байца, які прыплыў учора ўначы з гэтым паведамленнем, ён жа сказаў, што рацыю ў іх разбіла снарадам, то паўстала пытанне, каму камандаваць яго ротай і, самае галоўнае, як папярэдзіць пра ваша з’яўленне, вось я і насеў на камандзіра палка. Ён жа ведае, што мы з табой сябры, таму не ўстаяў.

На душы ў Аляксея стала цёпла. Ён быў вельмі ўдзячны сябру і Васільеву. Нават у такі момант зрабілі ўсё, каб дапамагчы разведчыкам.

Але ўслых Купрэйчык сказаў толькі: «Пакуль». І, паціснуўшы руку Чалідзе, накіраваўся на свой правы фланг.

Наступіла раніца. Купрэйчык і Чалідзе, кожны на сваім флангу, рыхтаваліся да атакі.

Перад атакай кожны думае пра што-небудзь самае дарагое. Аляксей думаў пра Надзю. Ён разумеў, што хутка, вельмі хутка выскачыць з гэтай глыбокай, такой утульнай, нават хатняй траншэі, якой яна стала, калі думаў пра атаку, і пойдзе наперад насустрач свінцоваму ліўню. Цяжка, вядома, гэта рабіць, усведамляючы, што ў любы час ты можаш сустрэць сваю смерць. Колькі трэба чалавеку фізічных і духоўных сіл, самаахвярнасці і разумення вострай неабходнасці гэтай атакі! А ў Аляксея мімаволі мільганула думка: «Вось цяпер ззаду, з-за ракі, узляцяць дзве чырвоныя ракеты, і ў атаку пойдуць і смельчакі, і звычайныя людзі. Пра што яны будуць думаць у гэты момант?».

Дзве чырвоныя ракеты, якіх усе чакалі, узвіліся ў неба нечакана. Купрэйчык першым выскачыў з траншэі і, трымаючы ў правай руцэ аўтамат, узмахнуў ім:

– Наперад!

Ён бег і, не паварочваючы галовы, адчуваў, што побач бягуць байцы. Грымнула шматгалосае «ура!», і нават шалёны агонь, які фашысты адкрылі, быў не такім аглушальным. У гэты момант дзесьці на флангах удалечыні дружна забілі аўтаматы. «Нашы прыйшлі!» – радасна падумаў старшы лейтэнант і, паліваючы з аўтамата ўжо блізкую варожую траншэю, рыхтаваўся да рукапашнай. Раптам штосьці моцна штурхнула ў сцягно. Аляксей хацеў спыніцца, але ў гэты момант адчуў адначасова ўдары ў плячо і грудзі. Ён павярнуўся бокам і павольна зваліўся на вільготную, прахалодную траву.

Оперупаўнаважаны аддзела барацьбы з бандытызмам Уладзімір Славін

Оперупаўнаважаны аддзела барацьбы з бандытызмам Уладзімір Славін хутка асвойваўся з новай роляй. Працы было шмат. У горадзе і за яго межамі, у бліжэйшых лясах, сёлах, схавалася нямала фашысцкіх паслугачоў, якія нападалі на прадстаўнікоў Савецкай улады, актывістаў, рабочых і сялян. Аператыўныя работнікі працавалі з раніцы да вечара, нярэдка суткамі напралёт.

Калі раней у партызанскім атрадзе было ясна, дзе вораг, дзе свой, то тут даводзілася шукаць бандыта ці паліцая, які стаіўся, нярэдка хітра замаскіраваўшыся.

Славін, стомлены і злы, сядзеў у невялікім кабінеце і праглядаў справу Фядзько, бандыта з даваенным стажам. Ён арганізаваў хеўру з былых паліцаяў і крымінальнікаў, амаль кожны дзень здзяйсняў напады на прадстаўнікоў улады. Бандыты рабавалі людзей, не спыняючыся ні перад чым. На іх сумленні было нямала загубленых жыццяў. Вось і сёння. На лясной палянцы знайшлі задушанага трынаццацігадовага пастушка. У статку, які ён пасвіў, не ставала трох кароў. Непадалёк былі выяўлены сляды людзей і коней. Падчас здарэння маці пастушка знаходзілася на ўзлеску, паблізу ад статка. Пачуўшы тупат коней, яна схавалася ў хмызняку, бачыла, як міма яе шасцёра коннікаў прагналі трох кароў.

Паводле ўсіх дадзеных, гэта былі саўдзельнікі Фядзько. Опергрупа, у якой быў і Славін, адразу ж адправілася на месца злачынства. Але напасці на след бандытаў не ўдалося, і цяпер трэба было арганізаваць актыўныя пошукі.

Дзяжурны, пажылы капітан Арлоў, сказаў:

– Чуў, Караткоў тэрмінова здае справы зноў прыбыўшаму начальніку аддзела, а сам з’язджае да новага месца службы, у Мінск?

– Не, упершыню чую. А дзе Караткоў?

– Разам з новым начальнікам паехалі ў абкам, але ён сказаў, каб ты чакаў яго і нікуды не сыходзіў.

– А хто ў нас будзе новым начальнікам?

– Ён мне пакуль яшчэ не прадставіўся, – усміхнуўся Арлоў, – я яго толькі краем вока бачыў. Капітан, відаць, франтавік. Ледзь накульгвае, чатыры ордэны, медалі на грудзях.

– Так, шкада з Каратковым расставацца, – сумна прагаварыў Славін. – Я ў сябе буду. Прыедзе, пакліч.

Раней Славін не падазраваў, што будзе так цяжка змагацца з бандытамі, якія, нібы ваўкі, блукаюць па лясах.

А тут яшчэ Караткоў з’язджае. Славін так прывык да яго, што не ўяўляў сваё жыццё без гэтага разумнага, адважнага і ўважлівага чалавека. Прыадчыніліся дзверы, паказалася галава дзяжурнага:

– Славін, да начальніка!

Уладзімір увайшоў у кабінет і ўбачыў Караткова, які стаяў пасярод кабінета.

– Выклікалі, Сяргей Міронавіч?

– Так, так, Уладзімір Міхайлавіч, уваходзь. Пазнаёмся, новы начальнік аддзела Пётр Пятровіч Мачалаў.

Славін, не звярнуўшы ўвагі на прозвішча, паглядзеў у кут, дзе на старой скураной канапе сядзеў капітан.

І раптам ва Уладзіміра перад вачыма паплылі кругі. Ён пазнаў стрыечнага брата.

Мачалаў таксама здзіўлена глядзеў на высокага чарнавокага хлопца і цьмяна пазнаваў у ім пятнаццацігадовага хлапчука, якога бачыў апошні раз перад вайной. Караткоў сказаў яму, што пазнаёміць з супрацоўнікам, які займаецца справай банды Фядзько, але каб гэта быў Валодзя Славін – Мачалаў не чакаў. Не зважаючы на здзіўлены погляд Караткова, браты стаялі і моўчкі глядзелі адзін на аднаго, а затым моцна абняліся.

– Пеця!

– Вова! Брат!

Не хаваючы слёз радасці, яны разглядалі адзін аднаго. Караткоў нарэшце зразумеў, у чым справа і, усміхнуўшыся, сказаў:

– Трэба ж, каб так нечакана браты сустрэліся. Я пакідаю вас адных, пагаворыце, пра астатняе пагутарым пазней, – і выйшаў з кабінета.

Пётр і Уладзімір селі на канапу, і пачалася ў іх доўгая гаворка. Расказаў Валодзя Пятру і пра яго сям’ю. Пётр плакаў. Хіба мог ён калі-небудзь нават падумаць, што пра жыццё сваёй жонкі і дзяцей у акупацыі даведаецца ад свайго брата.

Славін разумеў, як цяжка цяпер Пятру, і даваў яму час ачомацца.

Пётр ціха сказаў:

– Вось я і даведаўся пра іх амаль усё. Ведаеш, Валодзя, да гэтага часу ў мяне яшчэ цяплілася нейкая надзея, што, быць можа, яны нейкім цудам засталіся жыць, але цяпер.

Уладзімір, жадаючы адцягнуць брата ад горкіх дум, спытаў:

– Пётр, а як ты жыў гэтыя гады? – ён кіўнуў на грудзі. – Бачу, што на фронце быў, ваяваў.

– Вайна заспела мяне на вяселлі ў Аляксея Купрэйчыка. Ты хоць ведаеш, што ў цябе такі стрыечны брат ёсць?

– Вядома. Ён жа і нас запрашаў на вяселле, але бацька павінен быў працаваць у тую нядзелю, і мы не паехалі. А дзе цяпер Лёша?

– Ваюе. Ён у нас – герой, камандзір разведузвода. Бачыліся мы з ім у шпіталі, а потым перапісваліся. Апошні раз я яму з Масквы напісаў. Дзе цяпер і ці жывы, не ведаю. Сёння напішу па старым адрасе, і будзем чакаць адказу.

– Пеця, а як ты апынуўся тут?

Мачалаў ледзь прыкметна ўсміхнуўся:

– Здарылася гэта нечакана для мяне. На фронце камандаваў батальёнам. Раптам выклікае камандзір палка і кажа: «Едзь, Мачалаў, у Маскву, у Наркамат унутраных спраў, выклікаюць цябе». Паехаў, а мне кажуць: паляціш да партызанаў, падбярэш патрэбных людзей і ўзначаліш аддзел барацьбы з бандытызмам. Далі двух памагатых, пасадзілі ў самалёт, мы паляцелі. Калі апынуліся над тэрыторыяй, занятай немцамі, наш самалёт быў збіты. Скокнулі мы з парашутамі, а гэта было ўначы. Прызямліўся я няўдала – нагу зламаў. Адзін мой памочнік, старшы лейтэнант Булацкі, загінуў. Калі скокнуў з самалёта, асколкам зенітнага снарада прама ў галаву патрапіла. А другі – лейтэнант Швяцоў – прызямліўся добра. Ён вось і адшукаў мяне. Зрабілі з тонкіх дрэў і строп парашута штосьці накшталт мыліцы, нагу карой і дубцамі абклалі, забінтавалі, і пайшоў я сяк-так. Ішлі мы па лесе куды вочы павядуць. Натыкнуліся на хатку, дзе адзінокая бабулька жыла. Дала прытулак, а праз два дні з партызанамі звязала. Прыбыло да нас трое з атрада. Расказваем пра сябе – не вераць. Пытаем: «Сувязь у вас з Вялікай зямлёй ёсць?» – «Няма», – адказваюць. Ледзь іх пераканалі, што ніякія мы не варожыя лазутчыкі, што ляцелі мы да партызанаў. Узялі яны нас да сябе, фельчар у атрадзе быў, дапамог мне. Прабылі мы ў атрадзе амаль месяц, а калі партызаны ў іншы раён перабіраліся, то вырашылі, што мне лепш застацца ў той жа бабулькі. Разам з атрадам сышоў і Швяцоў. Мы дамовіліся, што ён звяжацца з атрадам, куды нас накіроўвалі, а калі Чырвоная Армія падыдзе, то з кім-небудзь з камандзіраў прыйдзе за мной. Чакаю тыдзень-другі – нікога. Ужо нашы прыйшлі, а я нічога не ведаю, у бабкі на вышках адлежваюся. Нага, як на ліха, вельмі павольна папраўлялася. Толькі пазней я даведаўся, што атрад прыняў бой з рэгулярнай нямецкай часцю. Амаль усе партызаны, у тым ліку і Швяцоў, і кіраўнікі атрада, якія ведалі мяне, загінулі. Добра, што праз лес, недалёка ад хаты, дзе я знаходзіўся, вайсковая часць праходзіла. Вылечыўся, і вось, атрымаў кірунак сюды.

Пётр замоўк на хвіліну, а затым, усміхнуўшыся, сказаў:

– Вось такія справы, брат. Зараз будзем разам бандзюгаў ганяць. Ты ведаеш, наша кіраўніцтва і сакратар абкама вельмі занепакоены з’яўленнем банды Фядзько. Я таму і папрасіў Караткова ўвесці мяне адразу ж у курс справы. Ён вось і цябе адклікаў з месца здарэння, дзе хлопчыка забілі. Так што хопіць пра асабістае, увядзі мяне ў курс падзей.

– Тады пачакай трохі. Я пайду ўсе матэрыялы вазьму.

Славін вярнуўся з пульхнай папкай папер. Мачалаў пакруціў галавой:

– Так, неважнецкі тут у вас з паперай, калі на газетах пішаце.

– Няма паперы, вось і даводзіцца газеты выкарыстоўваць, – адказаў Славін, – і яшчэ шмат чаго не хапае. Што паробіш, вайна.

Караткоў заспеў іх за чытаннем папер:

– Ого, я гляджу, вы ўжо за справу ўзяліся.

– А куды дзенешся, – заклапочана прагаварыў Мачалаў. – Гэты Фядзько сапраўды тып з тыпаў, сур’ёзны праціўнік. Далучайцеся да нас, Сяргей Міронавіч, раптам утрох прыдумаем што-небудзь.

Яны ўключылі настольную лямпу – на вуліцы пачало цямнець – і прыняліся ўважліва вывучаць матэрыялы справы. Часам адрываліся ад папер і падоўгу абмяркоўвалі ўзніклы варыянт.

Ужо было далёка за поўнач, калі разышліся. У іх з’явіўся план, галоўная роля ў ажыццяўленні якога адводзілася Славіну.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю