Текст книги "Вам — заданне"
Автор книги: Мікалай Чаргінец
Жанр:
Прочие приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 14 (всего у книги 24 страниц)
Праз некалькі хвілін мост узляцеў у паветра. Партызаны хутка адыходзілі да лесу. Па дакладах камандзіраў груп Тамкоў і Лапко ўжо ведалі, што ў атрадзе сем чалавек забіта, шаснаццаць паранена, трое з іх – цяжка.
Партызаны пахавалі сваіх таварышаў ужо днём, далёка ад месца бою.
А пасля быў працяглы паход па глухіх месцах, былі кароткія сутычкі з акупантамі. Атрад ішоў на злучэнне з асноўнымі сіламі брыгады.
Таццяна Андрэеўна
Пасля тых страшных і жорсткіх падзей Мачалава ніяк не магла прыйсці ў сябе. Часам ёй здавалася, што яна проста з глузду з’ехала. І тады як бы з боку сачыла за сабой: за гаворкай, дзеяннямі, думкамі, спрабуючы знайсці штосьці ненатуральнае, нелагічнае. Першыя дні пасля таго, як яна і яе дзеці ўцяклі з падпаленанага хлява, Таццяна была як у трызненні. Яна ледзь стрымлівала сябе, каб не забіцца ў істэрыцы, не закрычаць на ўвесь лес.
Добра, што ў лесе яны сустрэліся з Мішам Лукашэвічам – пляменнікам дзеда Петруся. Аказалася, што хлопец таксама ўцёк ад смерці, і гэта трохі яе падбадзёрыла.
Ноч і наступны дзень яны правялі разам. Зрабілі будан і начавалі ў ім. Раніцай Міша разам з Юляй і Ванем збіралі ягады. Сама Мачалава да ежы не дакраналася.
Нават пасля таго, як убачыла, на што здольныя фашысты, не магла пагадзіцца, што такое могуць зрабіць людзі. Заплюшчыўшы вочы, яна сядзела ў будане і слухала расказ Мішы.
Калі калгаснікі выбілі дзверы і вырваліся з падпаленага хлява, немцы пачалі касіць іх аўтаматнымі чэргамі.
Міша бег наперадзе Мачалавых, дасягнуўшы лесу, схаваўся за дрэвам і назіраў за немцамі. Ён бачыў, як схавалася ў лесе з дзеткамі Таццяна Андрэеўна, як гітлераўцы, падкасаўшы рукавы, блукалі ў высокай траве па полі і дабівалі параненых людзей. Міша расказаў і пра тое, як немцы кідалі трупы і параненых у агонь.
Міша вырашыў ісці ў далёкую вёску да сваякоў. Ён клікаў з сабой Таццяну Андрэеўну, але яна адмовілася, баялася выйсці з лесу. Цяпер яны начавалі ў будане ўтраіх. Спаць Мачалава не магла. Ёй здавалася, што вось-вось у будан уварвуцца немцы, то чуўся брэх сабак, то трэск галін пад нагамі. Не вытрымаўшы, Таццяна Андрэеўна на наступны дзень павяла дзяцей яшчэ глыбей у лес.
Амаль тыдзень блукалі, сыходзячы ўсё далей і далей ад сваёй згарэлай вёскі. Таццяну палохала сустрэча з людзьмі, і яна б яшчэ доўга не выходзіла з лесу, калі б не дзеці.
Юля і Ваня моўчкі пераносілі ўсе нягоды, але калі аднойчы Юля, страціўшы надзею, слабым голасам прызналася маме, што ў яе няма больш сіл і яна хоча есці, Таццяна Андрэеўна адважылася. Яны адшукалі першую ж лясную дарогу і пайшлі па ёй. Праз гадзіны дзве лес скончыўся, і непадалёк ад узлеску яны ўбачылі вёску. Доўга назірала за хатамі Таццяна Андрэеўна, перш чым вырашыла выйсці з лесу. Потым ціха сказала:
– Хадземце, дзеткі!
Асцярожна, нібы ідучы па распаленым вуголлі, яны набліжаліся да вёскі. Ля крайняй хаты заўважылі адзінокую бабульку. Тая таксама ўбачыла іх і, адарваўшыся ад працы, прыставіўшы руку брылём, глядзела на незнаёмых людзей. Калі Мачалавы падышлі, цікаўнасць бабулькі змянілася жалем і спачуваннем.
І сапраўды, выгляд жанчыны і дзяцей быў жудасны: абгарэлая, уся ў лахманах адзежа, яшчэ не змытая з твару сажа, змардаваныя, худыя твары. Мачалава прывіталася і ціха спытала:
– Бабуля, немцы ў вёсцы ёсць?
– Няма, няма, а вы адкуль будзеце?
– Здалёку, бабуля, – і Таццяна Андрэеўна назвала сваю вёску, растлумачыла: – Немцы сагналі ўсіх жыхароў у хлеў і падпалілі. Нам цудам удалося выратавацца. Сама не ведаю, колькі ўжо дзён і начэй блукаем па лесе. Дзеці без ежы знясілелі, таму страх я свой перадужала і сюды прыйшла. Не праганяйце нас, бабулька. Калі ёсць што-небудзь – пакарміце. хоць бы дзяцей.
Вочы бабулькі напоўніліся слязамі. Яна хутка затэпала да іх:
– Хадземце, хадземце, родныя, у хату! Я вас накармлю і адмыю.
У Таццяны Андрэеўны закружылася галава і ўсё вакол паплыло перад вачамі.
Бабулька і дзеці ўзялі яе пад рукі і завялі ў хату.
Старая жыла адна. Яе трое сыноў знаходзіліся ў Чырвонай Арміі, а муж мінулай зімой прастудзіўся і памёр.
Амаль тры тыдні прабылі ў гасціннай і сардэчнай бабулькі Таццяна Андрэеўна і яе дзеці. Але аднойчы раніцай у вёску наляцелі фашысты і паліцаі. Таццяна Андрэеўна схапіла дзяцей і кінулася ў лес. Зноў пачаліся дні блуканняў.
Зрэдку яны заходзілі ў вёскі. Людзі дзяляліся з імі, чым маглі. Наступіла восень, спаць у лесе было холадна. Таццяна Андрэеўна ўспомніла гасцінную бабульку і вырашыла ісці назад.
«Калі жывая бабуля, – думала Таня, – то яна, напэўна, зноў дасць прытулак нам».
Бадзяючыся ў лесе, Мачалава навучылася добра арыентавацца ў ім, да вёскі яны выйшлі хутка. Але тое, што яны там убачылі, нагадала трагедыю, перажытую ўлетку. На месцы вёскі чарнелі папялішчы ды віднеліся задымленыя печы. Нібы ў сне, трымаючы дзяцей за рукі, ішла Таццяна Андрэеўна да таго месца, дзе раней стаяла хата бабулі Лізы. Розум адмаўляўся ўспрымаць пабачанае, а ногі самі вялі яе да папялішча. І раптам – што за насланнё? Да іх насустрач тупае бабуля Ліза. Мачалава вырашыла, што гэта галюцынацыя, але бабулька загаварыла:
– Госпадзі, няўжо гэтыя вы? Жывыя-здаровыя!
І Таццяна Андрэеўна зразумела, што гэта сапраўды бабуля Ліза. Яны абняліся і заплакалі. Бабулька, гучна ўсхліпваючы, расказала:
– Як ты, Таня, добра тады зрабіла, што сышла з дзецьмі. Немцы пачалі выганяць людзей на вуліцу і строіць у калону. Я адразу ж успомніла пачутае ад цябе і, не чакаючы, пакуль прыйдуць гэтыя антыхрысты да маёй хаты, праз агарод кінулася наўцёкі. А ў вёсцы крыкі, стрэлы. Я схавалася ў лесе, а сама ў душы не веру, што яны могуць і нашу вёску спаліць. Але калі ўбачыла, што паўнеба дымам чорным завалакло, то зразумела, што і наша чарга прыйшла. Праседзела я ў лесе да раніцы, а калі прыйшла ў вёску, то вось гэта і заспела. Спалілі немцы людзей нашых – баб, дзяцей ды старых, а самі паселі ў аўтамабілі і паехалі далей. Што ж гэта робіцца, людзі мілыя?
Бабулька памаўчала трохі, а затым працягвала:
– Не стала я сыходзіць з вёскі. Вырашыла, што не сунуцца сюды яны зноў, і засталася жыць тут. Вунь, у склепе зараз мая хата. – Яна кіўнула галавой на прысадзістае збудаванне. – Хачу толькі да зімы трохі ўцяпліць ды і для абагрэву што-небудзь прыдумаць. Ну, а вы як?
Таццяна Андрэеўна горка ўсміхнулася:
– Хістаемся па белым свеце, як той казаў, ні хаты ні лапаты, ні долі людскай.
– А ведаеш, дачка, – бабулька дакранулася да рукі Таццяна Андрэеўны, – заставайся ты з дзецьмі ў мяне. Будзем разам сваіх чакаць. Падрыхтуемся да зімы, – яна махнула рукой у бок, дзе стаялі раней хаты. – Паглядзі, дзе-нідзе дымок ідзе – гэта той, хто ацалеў, уладкоўваецца.
Нібы цёплая хваля сагрэла сэрца Мачалавай. Глынаючы слёзы, яна сказала:
– Дзякуй вам, бабуля.
– Што мне, дачка, дзякаваць…
Мачалава павярнулася да дзяцей:
– Ну вось, лічыце, што мы дамоў прыйшлі. Давайце зараз за работу брацца.
Юля і Ваня заўсміхаліся і ў знак згоды заківалі галовамі.
– Вось і правільна, – сказала бабулька. – Бульба ў мяне ёсць, крыху сала ў кубельцы засталося. Як-небудзь пражывём.
Так і пачалі жыць Мачалавы ў бабулі Лізы. Не сталі яны склеп уцяпляць, а за тыдзень збудавалі са старых дошак, паўабгарэлых дзвярэй, жэрдак і тонкіх ствалоў дрэў часовае збудаванне, уцяплілі мохам, яловымі лапкамі і сухім лісцем. А дзядок – адзін з нешматлікіх жыхароў, якія змаглі ўцячы, калі ў вёску наляцелі немцы, – дапамог зрабіць са старой жалезнай бочкі печку. Нарыхтавалі на зіму дроў. А вось адзежы нідзе не ўдалося расстарацца. Бабуля Ліза адшукала ў адным са скляпоў дзве старыя ватоўкі і рэшткі кажуха, потым узялася за абутак. Спляла ўсім лапці.
Прыйшла зіма. Выдалася яна снежнай, марознай і ветранай. На вуліцу выходзілі толькі ў выпадку неабходнасці.
Быў вечар. Агонь, які гарэў у самаробнай жалезнай печцы, кідаў чырванавата-цьмянае святло на твар Таццяны Андрэеўны. Бабуля Ліза і дзеці спалі. Мачалава хацела даўжэй падтрымаць у печы агонь, каб менш мерзлі дзеці.
Жанчыны, не змаўляючыся, па чарзе рабілі гэта ў сцюдзёныя ночы.
На душы ў Таццяны Андрэеўны было цяжка. Да яе кожны вечар прыходзілі трывожныя думы пра Пятра. Застаўшыся сам-насам са сваімі болем і трывогай, яна ні на секунду не сумнявалася, што ён жывы. «Адзінае, што мне цяпер трэба, – гэта вытрываць, захаваць дзяцей. Я веру, што мы будзем разам!»
А ў металічнай пячурцы гарэў агонь, нібы пацвярджаючы, што, наперакор гору і бядзе, жыццё на зямлі працягваецца.
Уладзімір Славін
Люты лютаваў. Амаль штодзённыя завеі, моцныя маразы ўскладнялі дзеянні партызан. Атраду, камандзірам якога быў Тамкоў, вельмі не хапала харчоў, не ставала цёплай адзежы. Паўкажушкі, валёнкі, шапкі-вушанкі былі ўзяты на строгі ўлік. Іх перадавалі з рук у рукі толькі тым, хто ішоў на баявыя заданні.
Але сёння да бою рыхтаваліся ўсе. Атрад атрымаў заданне выбіць з вёскі, якая знаходзілася на ўскраіне партызанскай зоны, узмоцненую роту карнікаў. Фашысты з’явіліся ў вёсцы напярэдадні ўвечары, і, відавочна, моцны мароз і завіруха не дазволілі ім адразу ж прыступіць да знішчэння вёскі.
Сувязны, які прыбег уначы ў атрад на самаробных лыжах, паведаміў, што немцы, з цяжкасцю дабраўшыся да вёскі на машынах і двух танках, выставілі на ўскраінах моцныя заслоны. Фашысты разумелі, дзе знаходзяцца, і былі гатовыя адбіць атаку партызан.
Тамкоў далажыў аб тым, што адбылося, камандзіру брыгады. Гэта вельмі ўстрывожыла Глазкова. У вёсцы жылі многія сем’і партызан, у надзейных людзей хаваліся цяжкапараненыя байцы.
Славін таксама быў нямала ўсхваляваны. У гэтай вёсцы жыла яго маці. Але Настассі Георгіеўне дала прытулак адзінокая бабулька. Разам яны бавілі цяжкія дні, глядзелі гаспадарку. Уладзімір ужо тройчы паспеў сустрэцца з маці. У апошні раз быў у яе разам з Жэняй. Пры расстанні Настасся Георгіеўна далікатна пагладзіла дачку, абняла сына, паплакала: «Беражыце, дзеткі, сябе. Бо адны вы засталіся ў мяне.»
І вось зараз маці апынулася ў смяротнай небяспецы.
Збіраючыся ў паход, Уладзімір нацягнуў на сябе ўсё, што ў яго засталося з адзежы. Горш было з абуткам. Старыя кірзавыя боты зусім разваліліся. І ён паміж анучамі ўклаў праслойку з нямецкіх газет, добра, што боты былі вялікія і газеты туды свабодна ўваходзілі. Тупнуў левай нагой, тупнуў правай, прайшоўся па зямлянцы. «Нічога, вытрымаю», – падумаў Уладзімір і стаў рыхтаваць зброю. Праверыў аўтамат, набіў магазін патронамі, прышпіліў да шырокага трафейнага рэменя адзіную гранату, зірнуў на Грыбава і Бартошыка:
– Ну што, хлопцы, гатовыя?
Неўзабаве ўсе трое выйшлі на паляну, дзе строіўся атрад.
Раніцай партызаны наблізіліся да вёскі з трох бакоў. Як наліха, нечакана супакоілася завіруха. Празрыстае марознае паветра пранізвалі яркія прамяні сонца. Вакол вёскі ляжала чыстая некранутая цаліна. Ахопліваючы вёску кальцом, партызаны паўзком набліжаліся да хат. Два бранябойшчыкі пакуль засталіся на ўзлеску, хаваючыся ў хмызняку. Яны трымаліся ў рэзерве на выпад ак з’яўлення фашысцкіх танкаў. З адзінай у атрадзе 45-міліметровай гарматы вырашылі ўдарыць па нямецкіх кулямётчыках, якія асядлалі дарогу пры ўездзе ў вёску.
Уначы карнікаў атакаваць было б лягчэй. Але камандаванне атрада разумела і іншае: начны бой у вёсцы небяспечны для мясцовых жыхароў. Разлік быў на тое, што немцы менш за ўсё могуць чакаць нападу днём, што большасць з іх, калі пачнецца бой, акажацца на вуліцы, дзе іх лягчэй будзе знішчыць. Каб пасеяць паніку ў лагеры праціўніка, Лапко пасадзіў сорак байцоў на коней, даў гэтай групе два кулямётныя разлікі, якія размясціліся на санях. Перад імі была пастаўлена задача – з ходу ўварвацца ў вёску, скаваць дзеянні праціўніка.
Роце, якой камандаваў Крайнюк, трэба было атакаваць вёску з процілеглага боку.
Славін, цяжка дыхаючы, поўз побач з іншымі байцамі. Да бліжэйшага хлява, за якім пачыналіся сялянскія двары, заставалася метраў дзвесце. Раптам з-пад даху хлява гулка застрачыў буйнакаліберны кулямёт. Байцы замерлі на месцы, глыбей закопваючыся ў снег.
– Бяры з сабой Панчанкава, зайдзіце з фланга, знішчыце кулямёт! – распарадзіўся Крайнюк, звяртаючыся да Грыбава.
Славін адшпіліў ад рэменя гранату і працягнуў яе Панчанкаву:
– Вазьміце! Спатрэбіцца.
Грыбаў і Аляксей Іванавіч Панчанкаў, бацька загінуўшага Сяргея, узяўшы крокаў на пятнаццаць у бок, хутка папаўзлі наперад.
Крайнюк наўмысна даручыў Панчанкаву і Грыбаву знішчыць кулямётчыкаў. Антон, як і ўсе байцы атрада, бачыў, што гэты пажылы чалавек пасля страты сына змяніўся, стаў маўклівым, часта сыходзіў у лес, доўга блукаў там, а ў баі дзейнічаў напралом, нібы не разумеў, што яго таксама ў любую секунду можа зваліць варожая куля.
І цяпер Славін увесь час асцерагаўся, што Аляксей Іванавіч не вытрымае, кінецца ва ўвесь рост на кулямёт. Але Крайнюк думаў інакш. Панчанкаў быў вельмі адказным чалавекам, і, атрымаўшы загад знішчыць кулямёт, ён будзе, канешне, асцярожным, разумеючы, што ад яго прадуманых дзеянняў залежыць многае.
Партызаны, як краты, закопваліся ў снежныя гурбы. Некаторыя, выбраўшы лепшую пазіцыю, вялі прыцэльны агонь па даху хлява. Некалькі разоў кулямёт захлынаўся, відавочна, партызанскія кулі дасягалі цэлі. Крайнюк, асцярожна выглядаючы з гурбы, заўважаў, што ў многіх месцах байцы знішчылі нямецкую абарону і ўварваліся ў вёску. «Вось бы хто-небудзь здагадаўся ўдарыць па хляве з тылу», – падумаў ён. Але пакутліва цягнуліся хвіліны, а кулямёт не змаўкаў, паліваючы атакаваўшых свінцовым агнём. Антон убачыў, як недалёка ад хлява ўскочыў на ногі Грыбаў, зрабіў некалькі крокаў і зваліўся. «Забілі! – пахаладзеў ад здагадкі Крайнюк. – Флангі таксама прыкрылі жывадзёры!» Ён перадаў загад па ланцугу засяродзіць агонь на дах хлява і з трывогай падумаў пра Панчанкава: «Дзе ж ён? Ці дойдзе?» І тут жа ўбачыў знаёмую постаць. Патанаючы па пояс у снезе, Аляксей Іванавіч прабіраўся ўздоўж сцяны хлява. «Дабраўся! – узрадаваўся Антон. – Але як ён закіне гранату?»
А Панчанкаў нечакана адскочыў на некалькі крокаў ад хлява і ўзмахнуў рукой. На даху разарвалася граната, кулямёт адразу ж захлынуўся. Панчанкаў другі раз узмахнуў рукой, і выбух раздаўся там, адкуль яшчэ некалькі хвілін назад біў аўтамат. І ў гэты момант кароткая аўтаматная чарга, пасланая з іншага канца даху, паразіла Аляксея Іванавіча, і ён зваліўся ніцма ў снег.
Крайнюк ускочыў на ногі:
– За мной! Ура-а-а!
Партызаны кінуліся наперад. З абодвух канцоў хлява чуліся вінтовачная стральба, аўтаматныя чэргі, але яны ўжо не маглі спыніць імклівую атаку. Супраціўленне немцаў было падаўлена, і наступленне перакінулася ў глыб вёскі.
Але ў гэты момант становішча рэзка змянілася. З-за крайняй хаты выскачыў танк, пафарбаваны ў белы колер. Раскідваючы снег, ён ішоў проста на байцоў Славіна, вырыгваючы кулямётны агонь. У шэрагах партызан пачалося замяшанне: адны кінуліся назад – да хлява, другія – наадварот, наперад, да недалёка размешчаных хат. Кожны адчуваў сябе зусім безабаронным перад бязлітаснай машынай, закутай у тоўстую браню. Убачыўшы гэта, Тамкоў накіраваў на выручку групе Славіна адну санную запрэжку з бранябойшчыкам. Першы жа стрэл аказаўся на рэдкасць удалым: сталёвая махіна задымілася і спынілася. Толькі цяпер Славін заўважыў, што ён стаіць у самай сярэдзіне вялікай гурбы, патануўшы ў ёй па пояс. Выгляд танка, які з’явіўся нечакана, ашаламіў, прыкаваў да месца. Уладзімір азірнуўся і ўбачыў, што двое партызан нясуць Грыбава. «Значыць, жывы!» – абрадаваўся ён, рынуўшыся наперад, да цэнтра вёскі.
Славін бег уздоўж высокага частакола і, эканомячы патроны, вёў агонь толькі па бачных цэлях. Раптам ён адчуў рэзкі пранізлівы боль у жываце і, трацячы прытомнасць, зваліўся ў снег.
Славін ачуўся праз некалькі гадзін ад нясцерпнага болю. Расплюшчыў вочы, убачыў шэрае неба. Яму здалося, што яно чамусьці калышацца. Уладзімір паглядзеў наперад, і погляд яго ўтаропіўся ў спіну чалавека. Здагадаўшыся, што яго нясуць, падумаў: «Хто яны? Немцы ці свае?» – і зноў страціў прытомнасць.
Уладзімір ачуняў у нейкай хаце, у прыцемку ўбачыў нізкую куродымную столь і нечы схілены над ім твар. Угледзеўся, пазнаў Тамкова. Той усміхнуўся:
– Расплюшчыў вочы! Трымайся, хлопец, усё наладзіцца!
– Дзе я? – ледзь чутна спытаў паранены. Яго сухія вусны крыху варушыліся. Тамкоў нахіліўся яшчэ ніжэй:
– Што ты сказаў?
Валодзя адчуў, як яго твару кранулася штосьці прахалоднае. Хтосьці, хто стаяў у галовах, намачыў вільготнай ваткай яго губы. Ён паспрабаваў піць. З паўзмроку пачуўся жаночы голас:
– Нельга табе, родненькі. У цябе раненне ў жывот. Патрывай, цяпер паедзем далей, там цябе доктар паглядзіць. Усё будзе добра.
Уладзімір адчуў, што яго падымаюць моцныя рукі, кладуць на насілкі, нясуць у двор, апускаюць у нізкія санкі. Побач села жанчына, а наперадзе нейкі стары, які адразу ж крануў за лейцы каня, і сані асцярожна заслізгалі наперад.
Толькі цяпер Валодзя пазнаў жанчыну. Гэта была Панчанкава. Ён успомніў Сяргея, яго сястрычку Надзю. Потым ва ўяўленні паўстаў Аляксей Іванавіч у той момант, калі ён прабраўся да хлява і кінуў на дах адну за адной дзве гранаты. Уладзімір ледзь чутна паклікаў Панчанкаву. Жанчына нахілілася над ім:
– Што ты хочаш, сынок?
– Цётка Дуся, што з Аляксеем Іванавічам?
Жанчына адвяла вочы.
– Усё ў парадку, трохі паранены ён.
Яна не магла сказаць праўду гэтаму хлопцу. У яго самога жыццё ліпела на павуцінцы. Славін спытаў:
– А мая мама жывая?
– Жывая, жывая. Ты ляжы спакойна, табе нельга размаўляць.
Уладзіміру сапраўды было цяжка гаварыць, але ён сабраўся з сіламі і зноў спытаў:
– Што са мной?
– Паранены. Куля цябе трошкі ўчапіла. у жывот патрапіла. Але ты не хвалюйся. Усё будзе добра.
– Немцаў з вёскі выбілі?
– Так-так. Далі мы ім у косці як трэба.
– Куды мяне вязуць?
– Да доктара. Ён цябе ў іншай вёсцы чакае.
Хлопец замоўк. Ён ляжаў, сціснуўшы зубы і заплюшчыўшы вочы, – моцна балеў жывот. Здавалася, што ён зноў страціў прытомнасць. Але пасля некаторай паўзы Уладзімір ледзь чутна спытаў:
– Цётка Дуся, я буду жыць?
Слёзы пакаціліся па шчоках жанчыны. Для яе, якая страціла ўжо сына слова «жыць» набыло асаблівы сэнс. Яна была санітаркай і добра ведала, што значыць раненне ў жывот, ды яшчэ ў сітуацыі, што ўзнікла. Паспешліва глынаючы словы, Панчанкава прагаварыла:
– Што ты кажаш, сынок! Вядома, будзеш жыць! Падумаеш, раненне. Было і горш, аднак нічога, выжывалі людзі. Ты толькі менш размаўляй, сілы беражы, – яна тыцнула ездавога ў спіну: – Падганяй каня! Хутчэй трэба!
Неўзабаве яны заехалі ў вёску, дзе ў памяшканні школы ўжо знаходзіўся ўрач. Яго спецыяльна выклікалі з суседняга атрада. Мажны прысадзісты мужчына, гадоў пяцідзесяці, нахіліўся над ранай. Густыя чорныя бровы ссунуліся да пераносся, хвілін праз дзесяць ён выпрастаўся і ціха сказаў Тамкову, які знаходзіўся ў далёкім куце:
– Раненне сляпое, аперацыю рабіць нельга, ды і няма чым, трэба спадзявацца і чакаць.
Мінула некалькі дзён. Славін ляжаў у хаце, гледзячы ў нізкую столь, імкнучыся зразумець, што з ім, дзе знаходзіцца. У свядомасці праплылі апошнія падзеі, бой, язда на санях, цётка Дуся. Успомніў урача з густымі чорнымі бровамі. «Цікава, зрабілі мне аперацыю ці не?» – ён зірнуў убок і ўбачыў Панчанкаву. Яна сядзела на табурэтцы, сумна глядзела ў акно. Уладзімір разумеў, як ёй цяжка, але яна рукі не апусціла, стараецца ўсім дапамагчы.
А Панчанкава якраз у гэту хвіліну думала пра яго. У душы яна сумнявалася, што хлопец выжыве, і, часта гледзячы на яго, мімаволі ўспамінала свайго Сяргея. Бо яны былі амаль аднагодкамі, сябравалі.
Адчуўшы на сабе погляд параненага, Панчанкава рэзка азірнулася. Убачыўшы, што ён ачуўся, усміхнулася:
– Што, сынок, прачнуўся? Гэта добра. Значыць, на папраўку ідзеш.
Ён таксама ледзь прыкметна ўсміхнуўся:
– Цётка Дуся, дзе я?
– У хаце, Вовачка, у хаце, у вёсцы Дунічы.
– Дунічы?! – здзівіўся Славін. – Як жа далёка завезлі! Пэўна, немцы насядаюць, – і тут жа спытаў: – Маме маёй перадалі, што я паранены?
– Не, сыночак. Камандзір сказаў, што яна хварэе. Загадаў не хваляваць. А сястра ведае. Яна была тут. Сёння раніцай у свой атрад адправілася. У яе нейкае тэрміновае заданне. Сказала, што праз пару дзён зноў прыйдзе. Так што ляжы спакойна, сіл набірайся.
Але так здарылася, што Жэня не прыйшла. Буйныя сілы немцаў усё больш і больш адціскалі партызан, і на наступны дзень Славіна зноў паклалі ў сані, запрэжаныя парай коней. Меўся быць далёкі шлях, у самую глыб партызанскай зоны.
Старшы лейтэнант Купрэйчык
Зіма сорак чацвёртага года была суровай. Маразы, снежныя завеі ўскладнялі барацьбу, але Чырвоная Армія ўпэўнена гнала ворага на захад.
Купрэйчык рыхтаваў групу разведчыкаў да чарговага паходу ў варожы тыл, калі прынеслі пошту. Яму ўручылі два лісты. На адным ён адразу ж пазнаў роўны, акуратны почырк жонкі. Зірнуў на другі – почырк незнаёмы, а ўнізе зваротны адрас і прозвішча – Мухіна. «Дык гэта ж жонка Кузьмы Андрэевіча», – здагадаўся Аляксей, разгарнуў ліст і пачаў чытаць: «Дабрыдзень, Аляксей Васільевіч. Вы даруйце мне, што турбую. Але я ведаю, што вы вельмі сябравалі з маім мужам. У сваіх лістах ён мне часта расказваў пра вас. Прайшло ўжо нямала часу, як я атрымала паведамленне пра яго гібель, аднак паверыць у гэта не магу. У думках быццам бы ўсё ясна, але сэрца не прызнае гэтага. Мне часта здаецца, што адбылася нейкая памылка, і Кузьма жывы. Але ў той жа час я разумею, што, на жаль, гэта не памылка. Выбачце мне, але я вас прашу, напішыце, калі ласка, як загінуў мой муж».
Купрэйчыку стала горача. Ён расшпіліў верхні гузік гімнасцёркі і паспрабаваў прачытаць ліст жонкі. Але перад вачыма ўсплыў вобраз загінуўшага сябра, а памяць з няўмольнай жорсткасцю нагадала той дзень.
Праз некалькі хвілін пасля таго, як Кузьма Андрэевіч выйшаў з бліндажа, пачуліся аглушальныя ўзрывы варожых снарадаў.
Купрэйчык адразу ж падумаў пра капітана. Ён выскачыў з бліндажа і, не зважаючы на артналёт, кінуўся шукаць Мухіна. Кузьму Андрэевіча ён знайшоў метраў за трыццаць ад бліндажа. Ён ляжаў на сырой, рыхлай зямлі. Усё цела, галава былі зрашэчаны асколкамі.
Успаміны пра сябра былі гнятлівымі, і Купрэйчык на час забыўся пра Надзін ліст, які ён машынальна паклаў у кішэнь гімнасцёркі. Пастаянная трывога за жонку прымусіла дастаць ліст і пачаць чытаць. Разгарнуў і нецярпліва зірнуў на апошнія радкі. Убачыў словы «кахаю», «цалую», з палёгкай уздыхнуў. У Надзі пакуль усё ішло сваім парадкам, і, крыху супакоіўшыся, Купрэйчык пачаў рыхтавацца да паходу.
Сёння з ім пойдуць сямёра разведчыкаў. Сярод іх Сёмін, той самы, які быў асуджаны за тое, што ўзяў «мяшок аўса… ну і каня ў дадатак». Аляксей быў задаволены, што не памыліўся тады ў гэтым чалавеку. Рыгор аказаўся адважным, спрытным і вынослівым байцом.
Акрамя Сёміна, Купрэйчык адабраў Губчыка, Зайцава, Пакатава, Ражнога, Чобатава і Лугаўца. Усе вопытныя і надзейныя людзі.
Час яшчэ быў, і Аляксей узяўся пісаць лісты. Хутка адказаў Надзюшы, затым з цяжкім сэрцам узяўся за ліст жонцы Мухіна. Ліст атрымаўся вялікім. Аляксей напісаў пра сваё сяброўства з Кузьмой Андрэевічам і пра тое, як ён загінуў.
Аддаў лісты старшыне Ганчару, а сам, накінуўшы паўкажушак, выйшаў з бліндажа. На душы было трывожна. Успомніў бацькоў і блізкіх людзей. З газет і расповедаў палітработнікаў ведаў, што фашысты амаль цалкам разбурылі Мінск. Шмат яго жыхароў, хто не паспеў эвакуіравацца ці сысці ў партызаны, знаходзіліся ў канцлагерах ці былі забіты. У Мінску ў Аляксея былі сваякі – сям’я роднага дзядзькі Славіна Міхаіла Іванавіча, – пра якіх ён нічога не ведаў.
Задумаўшыся, Аляксей і не заўважыў, як хутка прайшоў час. Ён накіраваўся ў бліндаж. Група была гатовая. Старшы лейтэнант хутка надзеў белы маскіровачны халат, павесіў на шыю абкручаны бінтам аўтамат, праверыў, як прымацаваны пад курткай гранаты, запасны магазін да аўтамата, і ціха, звыкла сказаў:
– Пайшлі, браткі!
Неўзабаве яны ўжо былі ля пярэдняй траншэі, дзе іх чакалі двое апранутых у белыя маскхалаты сапёраў. Абодвух разведчыкі ведалі ў твар. Яны ўжо не першы раз суправаджалі іх у нейтральнай паласе. Прывіталіся. Купрэйчык весела спытаў:
– Не надакучыла вам з намі важдацца, па снезе поўзаць?
– А ў нас служба такая, – усміхнуўся пажылы сяржант.
Зайцаў, які стаяў бліжэй да сапёраў, працягнуў ім пачак папярос:
– Закурвайце, мужыкі.
Сяржант адразу ж узяў пачак, паспрабаваў разгледзець назву, але было цёмна. Тады ён дастаў дзве папяросы і, падзяліўшыся з таварышам, працягнуў пачак назад, спытаў:
– Трафейныя?
– Не, нашы. Але лічы, што трафейныя, мы іх з боем у інтэндантаў здабываем.
Зайцаў пачак цыгарэт у сапёра не ўзяў, велікадушна сказаў:
– Дару.
– Не адмовімся, – адказаў сяржант. Гэта ў яго прагучала як падзяка.
Купрэйчык пачакаў, пакуль перастане мігацець апошняя папяроса, загадаў:
– Наперад.
Першымі, уціскаючыся ў снег, папаўзлі сапёры. За імі павольна адзін за адным рушылі разведчыкі.
Вось яны наблізіліся да драцяной агароджы. Сяржант лёг на спіну і асцярожна ўзяў ніжні дрот аберуч, дачакаўся, пакуль маладзейшы таварыш перакусіў яго нажніцамі, паціху развёў канцы па баках і ўчапіў іх за цэлы дрот. Затым сапёры тое ж самае прарабілі з другой ніткай, і праход быў гатовы.
Сяржант лёгка паціснуў крыху вышэй локця руку Купрэйчыка, і сапёры адзін за адным папаўзлі назад.
Далей разведчыкам трэба было рухацца адным. Адлегласць невялікая – усяго метраў дваццаць – і варожая траншэя. Стрымліваючы дыханне, разведчыкі пачалі набліжацца да яе. Неўзабаве на фоне белага снегу замаячыла постаць вартавога, дакладней, толькі яго спіна. Вартавы, каб не змерзнуць і размяць ногі, хадзіў у траншэі, аддаляючыся ўлева ад разведчыкаў. Калі напярэдадні днём Купрэйчык вывучаў абарону праціўніка, то ён адразу ж звярнуў увагу, што вартавы ад бліндажа ўвесь час сыходзіць налева. Таму старшы лейтэнант і вырашыў праскочыць праз траншэю побач з бліндажом у той момант, калі вартавы будзе аддаляцца ад яго.
І вось ляжаць разведчыкі за сем-восем метраў ад бруствера, насцярожана гледзячы на вартавога. А ён, як на ліха, спыніўся. «Вось жа няўклюда! – лаяў яго Купрэйчык. – Лянота табе прайсціся, топчашся, як мядзведзь, на месцы!» Раптам немец, высунуўшыся напалову з траншэі, пачаў напружана глядзець у іх бок. «Няўжо ўчуў?» – думаў старшы лейтэнант, а сам на ўсякі выпадак асцярожна зняў з рэменя гранату. Але вартавы заняў звычайнае становішча ў траншэі і праз хвіліну пайшоў ад бліндажа. Купрэйчык махнуў рукой: «Наперад!» – і першым пачаў набліжацца да траншэі. Ля бруствера яшчэ раз уважліва паглядзеў у спіну вартавому – ці не павернецца. Не, той працягваў аддаляцца. Яму да павароту ў зваротны бок трэба зрабіць яшчэ крокаў дзесяць. «Паспеем», – вырашыў камандзір і, падняўшыся, пераскочыў траншэю. Прабегшы пяць-шэсць крокаў, разведчыкі заляглі. Зараз трэба паволі адпаўзаць ад траншэі. Яны разумелі, што цяпер, калі вецер дзьме ў бок немца, той можа пачуць нават лёгкі шум. Таму рухаліся вельмі асцярожна, напружана паглядаючы на вартавога, які ўжо набліжаўся да бліндажа. Для разведчыкаў было галоўным, каб ён не заўважыў на снезе іх слядоў. Але той дайшоў да бліндажа і павярнуў назад. Усе ўздыхнулі з палёгкай і па сігнале камандзіра рушылі далей.
Прайшла гадзіна, і яны апынуліся ў невялікім гайку. Тут можна было ісці не прыгінаючыся, даць целу трохі расслабіцца. Неўзабаве зрабілі кароткі прыпынак, падчас якога Купрэйчык вызначыў далейшы маршрут. Карыстаючыся тым, што завея ўзмацнілася, рухаліся далей даволі хутка. Ад ямкі да ямкі, ад кусціка да кусціка. Да світанку былі ўжо там, дзе трэба. Уладкаваліся і замаскіраваліся ў невялікім гаі. Перакусілі і залеглі адпачываць. Наперадзе быў хоць і кароткі, зімовы, але цэлы дзень, на працягу якога трэба было вывучыць становішча, а наступнай ноччу пачаць дзейнічаць.
Завея скончылася ранкам, і, калі канчаткова развіднела, разведчыкі ўбачылі, што штаб размясціўся даволі зручна. Яркае сонца асвятляла дыхтоўныя бліндажы, пратаптаныя і ўтрамбаваныя сярод снежных гурбаў сотнямі ног сцяжынкі.
Сярод афіцэраў, якія хадзілі ад бліндажа да бліндажа, панавала нейкая святочная прыўзнятасць. Начышчаныя, адпрасаваныя, самаўпэўненыя, яны адчувалі сябе за паўтара дзясятка кіламетраў ад лініі фронту ў поўнай бяспецы. У цэнтры знаходзіліся чатыры вялікія бліндажы, туды больш за ўсё і заходзілі афіцэры. Але пракрасціся ў любы з гэтых бліндажоў было немагчыма. Ля кожнага стаіць аўтаматчык, а вось дабрацца да тых, што паўколам ахоплівалі гэтыя чатыры бліндажы, здавалася лягчэй.
Купрэйчык, не адрываючыся ад бінокля, імкнуўся вызначыць, жыхары якога бліндажа, размешчанага на вонкавым абводзе, часцей за іншых наведваюць тыя, што ў цэнтры. «Чым больш ходзяць да начальства, – разважаў ён, – тым больш будуць ведаць».
Гадзіны праз тры старшы лейтэнант ужо вызначыў такі бліндаж. Ён размяшчаўся метраў за дзвесце ад групы, крыху лявей. Афіцэры з гэтага бліндажа ўжо па тры-чатыры разы заходзілі ў тыя, якія старанна ахоўваліся.
«Ну што ж, – вырашыў Купрэйчык, – зараз трэба вызначыць, як ахоўваецца штаб уначы».
Час ляцеў хутка. Дзень хіліўся да вечара. Нарэшце разведчыкам удалося разгадаць усю сістэму аховы штаба. Праўда, гэтаму спрыялі і самі немцы.
З набліжэннем вечара яны сталі расстаўляць парныя патрулі з вонкавага боку сваіх хованак, а каля галоўных бліндажоў колькасць вартавых павялічылася ў два разы. Купрэйчык засёк, праз які прамежак часу патрулі з’яўляюцца ля бліндажа, які ён прыкмеціў. Аказалася, што праз восем-дзевяць хвілін.
– У бліндаж пойдзем я, Лугавец і Сёмін. Ражноў і Губчык сочаць за патрулямі. Пакатаў прыкрывае ўваход у бліндаж злева, Чобатаў – справа. Ты, Зайцаў, застанешся ля дзвярэй. Агонь адкрываць толькі ў крайнім выпадку.
Вечар прайшоў хутка, штаб супакоіўся, і неўзабаве супакой і цішыня апусціліся на ўсе бліндажы. Толькі металічныя трубы густа дымелі, нібы цвелячы разведчыкаў цяплом і выгодай.
Вычакаўшы, пакуль патруль пройдзе міма патрэбнага ім бліндажа, разведчыкі накіраваліся наперад. Прама па цаліне прабіліся да сцяжынкі і пайшлі ёй да бліндажа. Купрэйчыка вярэдзіла адна і тая ж думка: «Толькі б дзверы не аказаліся на завале!»
Вось і бліндаж. Аляксей злёгку пацягнуў на сябе дзверы – незамкнёна! Ён азірнуўся на сваіх таварышаў – усе на месцах – і паціху адчыніў дзверы. За імі аказалася шчыльная суконная коўдра. У даволі прасторным памяшканні, асветленым вялікай газавай лямпай, за сталом сядзелі двое. Яны былі без кіцеляў, у зеленаватых кашулях. Купрэйчык зрабіў крок у бок ад дзвярэй, даючы магчымасць увайсці ў бліндаж Сёміну і Лугаўцу, і ўскінуў аўтамат:
– Хендэ хох!
Каманда атрымалася нягучнай і, самае галоўнае, не грознай. Аляксей хацеў паўтарыць, але, убачыўшы, што немцы з шырока расплюшчанымі ад нечаканасці і страху вачыма, паднялі рукі, загадаў Сёміну: