355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Мікалай Чаргінец » Вам — заданне » Текст книги (страница 5)
Вам — заданне
  • Текст добавлен: 30 июля 2017, 04:30

Текст книги "Вам — заданне"


Автор книги: Мікалай Чаргінец



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 24 страниц)

Пётр павярнуўся да брата:

– У цябе ёсць лісток паперы і аловак?

– Ведаеш, пасля сустрэчы з Надзяй заўсёды нашу з сабой, – усміхнуўся Аляксей і палез у кішэнь.

Мачалаў папрасіў:

– Запішы мне свой адрас, а для сябе – мой. І давай дамовімся: калі хтосьці што-небудзь даведаецца пра нашы сем’і – неадкладна паведамляе.

Медсястра прыспешвала, і яны пайшлі да невялікага двухпавярховага будынка, у якім размяшчаўся шпіталь.

Міхаіл Іванавіч Славін

У душы Міхаіл Іванавіч быў гатовы да любых нечаканасцяў, нават да самага горшага. Ён разумеў, што ў немцаў ёсць спецыялісты, здольныя вызначыць, якім шрыфтам друкуюцца падпольныя газеты і лістоўкі, дый гестапа метадычна, аднаго за адным правярала ўсіх працуючых у друкарні.

Славін так задумаўся, што нават не заўважыў, як да яго падышоў адзін з рабочых і сказаў:

– Славін, цябе начальнік цэха да сябе кліча!

Міхаіл Іванавіч моўчкі кіўнуў галавой, выцер анучай рукі і пайшоў на выхад. Трывожна ёкнула ў грудзях: «Чаго яму трэба?» Пхнуў абабітыя скурай дзверы і апынуўся ў невялікім, добра знаёмым кабінеце. Акрамя начальніка цэха, у кабінеце сядзелі трое незнаёмых мужчын. Адзін з іх спытаў:

– Міхаіл Іванавіч Славін?

«Немец», – здагадаўся Міхаіл Іванавіч і адчуў, як імгненна пакрыўся лоб халодным потам.

– Так, я.

– Вам трэба праехаць з намі для гутаркі.

– А вы хто?

– Прадстаўнікі нямецкіх улад. – Ён моўчкі падняўся са свайго месца. Услед за ім ускочылі двое іншых.

Славін зірнуў запытальным поглядам на начальніка цэха. Але той моўчкі глядзеў міма. Міхаіл Іванавіч разгублена спытаў:

– А як жа работа, у мяне ж тэрміновае заданне?

– Не хвалюйцеся, усе мы працуем на вялікі рэйх, – ухмыляючыся, адказаў мужчына і хутчэй загадаў, чым прапанаваў: – Пайшлі!

Ён першым, не развітваючыся з начальнікам цэха, выйшаў з кабінета, за ім – Славін. Два іншых пайшлі крыху ззаду па баках.

«Гестапа, няма сумненняў, гестапа, – усхвалявана думаў Міхаіл Іванавіч, – хоць бы сваім паведаміць. Але як?»

На вуліцы ля ўвахода стаяла легкавушка. Старэйшы сеў побач з вадзіцелем, а Міхаіл Іванавіч апынуўся на заднім сядзенні паміж двума іншымі. Машына адразу ж кранулася і паехала па былой Савецкай вуліцы, праехала міма Камароўскай развілкі і накіравалася далей, да цэнтра горада.

Міхаіл Іванавіч сумна глядзеў на рэдкіх прахожых на пабітай, залітай сонцам вуліцы, але, улавіўшы на сабе пагляд ахоўніка, які сядзеў справа, перавёў вочы.

У думках ён ужо рыхтаваў сябе да допыту. Вырашыў, што, канечне, будзе ўсё адмаўляць, але падчас допыту трэба паспрабаваць высветліць, што вядома немцам.

Яго прывялі ў даволі вялікі кабінет. У ім было толькі адно акно, якое выходзіла ў двор, і пасля яркага сонца здавалася цёмна. За вялікім двухтумбавым сталом, разваліўшыся ў крэсле, сядзеў хударлявы лысаваты мужчына. Ён кіўком галавы адпусціў людзей, якія даставілі Міхаіла Іванавіча, і кіўнуў на венскае крэсла ля стала:

– Праходзьце, Міхаіл Іванавіч, прысаджвайцеся, адпачніце пасля вулічнай спякоты.

Ён старанна вымаўляў кожнае слова, але казаў па-руску даволі чыста.

– Мяне ж прама з цэха забралі, так што спякоты я, можна сказаць, і не адчуў, – адказаў Міхаіл Іванавіч і нават сам здзівіўся, што так спакойна гаворыць. Чакаць новага запрашэння не стаў і сеў. Крэсла зарыпела, здавалася, яно ледзь вытрымлівала вагу чалавека. Немец прадставіўся:

– Мяне завуць Курт Штарц. Я буду весці следства па вашай справе.

– Маёй справе? – здзіўлена спытаў Славін. – Якой справе?

– Пытаеце, якая справа? Справа пра друкаванне лістовак і газет, якія набіралі вы.

– Якіх газет? Якіх лістовак? – здзівіўся Славін.

– Не трэба, Міхаіл Іванавіч, не трэба так паводзіць сябе ў гестапа. Вы спачатку выслухайце мяне, а потым можаце казаць усё, што заўгодна. Мы, немцы, народ дакладны. Перш чым даставіць вас сюды, мы добра пазнаёміліся. Ведаем, што да вайны вы былі перадавіком, лепшым працаўніком.

– Усе імкнуліся добра зарабіць… – няпэўна прагаварыў Славін, але немец перабіў яго:

– Не трэба, Міхаіл Іванавіч, не трэба. Усе, ды і не ўсе імкнуліся быць у перадавіках. Але мы, немцы цэнім працавітасць і паважаем тых, хто ўмела і добра працуе. Таму вы не сціпла паводзьце і не саромейцеся сваёй добрай працы. Мы жадаем, каб вы і цяпер добра працавалі і супрацоўнічалі з намі гэтак жа старанна і добрасумленна, як і з Саветамі. Мы ведаем, што бальшавікі ўцягнулі вас у свае сеткі, прымусілі прыняць удзел у выпуску газет і лістовак, якія заклікаюць насельніцтва да бунтаў, нападаў на нямецкіх салдат, падпалаў і іншых бандыцкіх дзеянняў. Мы разумеем, што вы пагадзіліся не па сваёй волі, у вас жа дзеці, жонка. Улічваючы ўсё гэта, мы вырашылі не ўжываць у адносінах да вас рэпрэсій, а пагаварыць з вамі адкрыта. Цяпер я хачу спытаць вас толькі пра адно: ці згодны вы, працягваючы працаваць, як і раней, супрацоўнічаць з намі?

– Пан следчы, я ж і так супрацоўнічаю з вамі. Ніхто мяне не можа папракнуць у адваротным.

– Вы што, не разумееце, пра што я кажу? Ці робіце выгляд, што не разумееце? Я вам яшчэ раз растлумачу. Нам патрэбна ваша дапамога, а менавіта: адрасы явак, прозвішчы падпольшчыкаў, іх падпольныя мянушкі, дзе друкуюцца лістоўкі і газеты. Я гарантую захаваць ваша прызнанне ў тайне. Як бачыце, цяпер я пытанні задаў дакладна і паўтараю: калі вы не пагодзіцеся сказаць мне праўду, то мы прымусім гаварыць яе і вас, і вашу жонку, і Жэню, і Валодзю. У нас для гэтага ёсць усе магчымасці і сродкі.

– Але я ж нічога не ведаю. Мне нічога невядома ні пра падпольшчыкаў, ні пра тых, хто друкуе гэтыя лістоўкі і газеты.

Штарц свідраваў Славіна вачыма, якія звузіліся, здавалася, налітымі халоднай сталлю. На скулах неспакойна захадзілі жаўлакі. Славін думаў: «Што ж ім вядома? Арыштуюць мяне ці адпусцяць?» А потым яму стала ўсё абыякава. Міхаіл Іванавіч зразумеў, што жывым яго адгэтуль не выпусцяць. Штарц перастаў глядзець на яго неміргаючым позіркам. Ён прайшоў да дзвярэй і расчыніў іх. У кабінет увайшлі двое гестапаўцаў у форме з пісталетамі, якія віселі ў кабурах на поясе спераду. Штарц падышоў да Славіна і стаў насупраць:

– Я вам даю апошнюю магчымасць адумацца і прыслухацца да таго, што кажу вам.

Міхаілу Іванавічу падалося, што гестапавец цяпер ударыць яго, і ён унутрана сціснуўся, гатовы да гэтага. Але Штарц абышоў вакол стала і сеў у крэсла.

– Вас адвядуць у камеру, і вы падумайце. Даю вам тэрмін да заўтра. Не пагодзіцеся, наракайце на сябе.

Славін устаў і моўчкі пайшоў да дзвярэй. Ён разумеў, што пераконваць Штарца ў сваёй невінаватасці бессэнсоўна. Пад канвоем двух гестапаўцаў ён ішоў па вузкім доўгім і змрочным калідоры, затым па лесвіцы спусціўся ў падвал.

Але не прайшло і трох гадзін, як пачуўся ляск завалы, увайшоў высокі немец. Гестапаўская форма сядзела на ім выдатна, нібы для параду начышчаны да бляску боты. Ён рэзкім голасам загадаў:

– Устаць, калі ў камеру ўваходзіць германскі афіцэр!

Міхаіл Іванавіч павольна падняўся.

– Я хачу вам паказаць сёе-тое з нашай калекцыі прымусу. Выходзьце з камеры.

Міхаіл Іванавіч выйшаў у калідор. Ля дзвярэй стаяў яшчэ адзін немец. Ён быў такога ж росту, як і Міхаіл Іванавіч. Цяжкі квадратны падбародак, вялікі мясісты нос, рудавалосы, з нейкім абыякава пустым паглядам. Ён слізгануў нуднымі вачамі па Славіну і моўчкі пайшоў па гулкім калідоры. Гестапавец крыху падпіхнуў Міхаіла Іванавіча ў плячо:

– Ідзіце за ім!

Міхаіл Іванавіч ішоў следам за рудым і ўвесь час адчуваў позірк гестапаўца, той глядзеў пільна, нібы прапальваў спіну наскрозь. Міхаілу Іванавічу хацелася азірнуца, і яму было вельмі цяжка стрымаць сябе, каб гестапаўцы не заўважылі, што ён хвалюецца.

У канцы калідора яны зайшлі ў вялікі пакой. Тут стаяла некалькі простых лавак, такія Міхаіл Іванавіч бачыў у лазні. Побач з імі на падлозе ляжалі звычайныя вяроўкі. Да свядомасці Славіна дайшло: «Дык гэта ж для катаванняў! Вырашылі прыстрашыць ці адразу пачнуць?»

Славіна падвялі да крэсла, якое стаяла насупраць стала, і загадалі сесці. Крэсла было глыбокім, з высокай цвёрдай спінкай. Да яго падлакотнікаў прывязаны кавалкі бялізнавай вяроўкі.

Гестапавец, які быў за спінай, падышоў да крэсла і ўключыў настольную лямпу.

Адкрыліся бакавыя дзверы, і ў пакой увайшлі двое. Адзін быў у форме гестапаўца, другі – Штарц. Ён сеў за стол і адразу ж загаварыў:

– Я хацеў даць вам час падумаць да заўтра, але акалічнасці змяніліся, і да допыту прыступім неадкладна. Хачу паўтарыць вам сваю прапанову: ці згодны вы супрацоўнічаць з намі?

– Пан следчы, я ж і так супрацоўнічаю з вамі.

– Вы зноў робіце выгляд, што не разумееце, пра што гаворка. Пытаю апошні раз! Дзе друкуюцца лістоўкі і газеты, хто яшчэ апроч вас гэта робіць, іх адрасы, мянушкі, прозвішчы?

– Але я, далібог, нічога не ведаю.

– Ведаеш! – перабіў яго Штарц. – Ведаеш і думаеш пакінуць нас у дурнях. Не выйдзе, мы не з такіх, як ты, выцягвалі праўдзівыя прызнанні. Карацей кажучы, будзеш гаварыць праўду?

– Але, пан следчы.

– Ясна! Ну што ж, мы табе дапаможам.

Штарц зірнуў на гестапаўцаў, і двое з іх падышлі да крэсла і пачалі прывязваць рукі Славіна да падлакотнікаў. Міхаіл Іванавіч паварушыўся ў крэсле і толькі цяпер зразумеў, што яно моцна прымацавана да падлогі. Трэці гестапавец не спяшаючыся прайшоў да сцяны, зняў з металічнага кручка гумовую палку і пачаў павольна набліжацца да Славіна. Міхаіл Іванавіч паспрабаваў глядзець на яго, але не змог адвесці вочы ад палкі.

«Няўжо яны будуць біць мяне?» – У яго, ужо немаладога чалавека, які ніколі не ведаў фізічнай знявагі, выгляд палкі не выклікаў страху. Міхаіл Іванавіч адчуваў, як у душы расце пратэст, запаўняецца сэрца гневам і нянавісцю да фашыстаў. «Не, сволачы, нічога ў вас не атрымаецца!»

– Маўчыш?! – гучна загарлапаніў Штарц. Ён ускочыў на ногі, падбег да свайго напарніка, вырваў з яго рук гумовую палку і, размахнуўшыся, з усёй сілы стукнуў ёй Міхаіла Іванавіча па твары. У вачах Славіна памутнела, а твар заліўся крывёй. Ён хацеў штосьці сказаць, але Штарц, гучна лаючыся і брудна мацюкаючыся, стаў біць яго па галаве, па твары, па ўсім целе.

«Фашысцкая гадзіна, дзе ён навучыўся так лаяцца?» – чамусьці падумаў Міхаіл Іванавіч і страціў прытомнасць…

Ён не адчуваў, як двое гестапаўцаў цягнулі яго па каменнай падлозе, пакідаючы доўгі крывавы след.

Апрытомнеў Славін у камеры. Балела галава, цела, ён не мог паварушыцца, востры, як агонь, боль праймаў яго. Міхаіл Іванавіч доўга ляжаў не рухаючыся, успамінаючы «допыт». «Сволачы, звяры, няўжо яны лічаць, што здзекамі можна дасягнуць усяго?»

Міхаіл Іванавіч прымусіў сябе думаць аб прычыне правалу: «Дзе ж дапушчана памылка? За ўсіх нашых таварышаў я магу быць спакойны, здрадніка сярод іх няма. Сямейнікі таксама нічога не скажуць. – Міхаіл Іванавіч успомніў суседку Латаніну. – Яна, вядома, даносіла немцам. Але што ж яна ведае? Бачыла каго-небудзь з тых, хто прыходзіў да мяне дахаты, – не больш. А, можа, яны схапілі мяне толькі за тое, што я да вайны быў перадавіком?»

Стаўшы падпольшчыкам, умудроны жыццёвым вопытам, Славін не раз з гаркатой успамінаў даваенны час, калі многія не верылі, што Гітлер нападзе на нас, не рыхтаваліся да вайны.

Трэба прадбачыць, што гестапаўцы самую пільную ўвага будуць надаваць актывістам і перадавікам. «Хоць калі б рыхтаваліся мы да магчымага захопу Мінска, – думаў Міхаіл Іванавіч, – то можна было падрыхтаваць людзей да работы ў падполлі. Стварыць вакол неабходную легенду».

І цяпер Славін, лежачы на каменнай падлозе, горка ўсміхнуўся, успомніўшы, што пасля прыходу немцаў яшчэ доўга вісела ў друкарні на Дошцы гонару яго фатаграфія.

Разумеў, што разлічваць на вызваленне з гэтых засценкаў, няварта.

«Ну што ж, – думаў ён, – калі мне наканавана загінуць, то зраблю гэта я так, каб не сорамна было за мяне дзецям і жонцы, ды і перад сваім сумленнем буду чысты. Нічога яны ад мяне не даведаюцца!»

Ён са стогнам перавярнуўся на спіну і, гледзячы ў шэрую столь, прымушаў сябе ўспамінаць усё лепшае, што было ў яго жыцці. Не, не хацеў Міхаіл Іванавіч апошнія гадзіны жыцця марнаваць на іншыя думкі. Ён гатовы быў на самае горшае – смерць! Бо разумеў, што, паміраючы, ратуе жыцці шматлікіх сваіх таварышаў, а гэта значыць, што барацьба з ненавісным ворагам будзе працягвацца, і таварышы адпомсцяць фашыстам за яго.

Уладзімір Славін

У пятніцу, перад абедам, у кватэру Славіных наляцелі гестапаўцы. Яны ўчынілі сапраўдны пагром: перакапалі ўсе шафы і ложкі, перавярнулі мэблю, разразалі абіўку на крэслах, адарвалі ліштвы ў дзвярах. Настасся Георгіеўна разумела, што вобыск нездарма. Значыць, штосьці здарылася з мужам. Афіцэр, які кіраваў ператрусам, праз перакладчыка загадаў ёй збірацца і ехаць з імі. Славіна хацела напісаць дзецям запіску. Але высокі, худы, з выпуклымі рачынымі вачамі афіцэр не дазволіў. А пры выхадзе ткнуў пальцам у скураное паліто, загадваючы сваім падначаленым забраць.

Настассю Георгіеўну пасадзілі ў закрыты грузавік і павезлі. У кузаве, акрамя Славінай, знаходзілася яшчэ два чалавекі. Жанчына пакутліва думала, куды яе вязуць, дзе яе муж, што з дзецьмі. Нарэшце машына спынілася. Адкрыўся задні борт кузава. Настасся Георгіеўна спусцілася на зямлю. Гэта быў вялікі двор ззаду нейкага будынка. Славіна нарадзілася ў Мінску, ведала горад як сваіх пяць пальцаў. Пакажы ёй фасад любога больш-менш прыкметнага дома, і яна беспамылкова сказала б, дзе ён стаіць. Аднак у большасці двароў Настасся Георгіеўна, зразумела, ніколі не была і зараз ніяк не магла вызначыць, куды ўсё ж прывезлі яе немцы.

Салдат увёў арыштаваную ў змрочны, абстаўлены старадаўняй мэбляй кабінет. За масіўным сталом сядзеў следчы ў цывільным. Допыт пачаў здалёку. Казаў па-руску, знарочыста павольна, выразна прамаўляючы кожнае слова. Спачатку задаў некалькі пытанняў, якія нічога не значылі, пацікавіўся сям’ёй, узаемаадносінамі з суседзямі, спытаў, дзе яна сама і муж працавалі да вайны. Затым прыступіў да галоўнага.

Адказваючы на яго пытанне, чаму яны не эвакуіраваліся, Славіна сказала:

– Ды пакуль збіраліся, вашы войскі ўвайшлі ў горад.

Немцу адказ, відаць, спадабаўся. Запісваючы, ён злёгку ўсміхнуўся. Затым спытаў, хто наведваў іх кватэру ў апошні час, ці не прыносіў муж дахаты газеты, лістоўкі. Настасся Георгіеўна ўсё адмаўляла.

Следчы скончыў пісаць, паказаў на паперы, дзе трэба распісацца, і, як бы мімаходзь, заўважыў:

– Сёння вас адпускаем. Але, думаю, яшчэ сустрэнемся. Хачу папярэдзіць: калі і ў наступны раз будзеце рабіць выгляд, што нічога не ведаеце, то чакае вас шмат непрыемнасцяў. Так што раю падумаць. Вось пропуск на выхад.

Настасся Георгіеўна ішла па гулкім калідоры разгубленая, прыгнечаная, прад’явіла вартавому пропуск і апынулася на вуліцы. Разабраўшыся, нарэшце, дзе яна знаходзіцца, ці ледзь не подбегам кінулася дахаты. Сэрца трывожна білася: што з дзецьмі?

Валодзя і Жэня былі ўжо дома. Убачыўшы іх, маці ўпершыню за гэты дзень не змагла стрымацца, заплакала. Дзеці пачалі яе супакойваць, распытвалі, дзе была, што адбылося, дзе бацька. Што магла сказаць ім Настасся Георгіеўна?

Валодзя сядзеў ля акна. Вечарэла. Штосьці трэба рабіць, з кімсьці раіцца. Але з кім? Толькі цяпер ён спахапіўся, што так і не ведае нікога з падпольшчыкаў.

«Што магло здарыцца з бацькам? – разважаў хлопец. – Дапусціў прамашку? А можа, знайшоўся здраднік?» За гэты час Валодзя пасталеў, многае спазнаў, сваімі вачамі ўбачыў «новы парадак», які ўкаранялі жорсткія акупанты.

Заняты невясёлымі думкамі, не заўважыў, што маці завесіла ўсе вокны, запаліла газавую лямпу. Селі за стол. Моўчкі пілі чай. Без бацькі было трывожна і маркотна.

Нечакана штосьці стукнула ў акно спальні.

– Мам, патушы лямпу, – сказаў Уладзімір і кінуўся ў суседні пакой. Падняў святломаскіроўку, адшмаргнуў фіранку, расчыніў акно. Было цёмна, і ў густым хмызняку, што разрося ля сцяны, нічога не было відаць. Раптам пачуўся голас:

– Валодзя! Гэта я – таварыш бацькі. У вас прыстаўная лесвіца ёсць? Я б праз акно залез.

– Паглядзіце са зваротнага боку хлява, каля сцяны стаіць.

Праз нейкую хвіліну ў спальню ўлез мужчына. Начным госцем аказаўся ўжо знаёмы Валодзю адзін бацькаў таварыш: бачыў яго раней.

– Паўдня вас высочваў. Бачыў, як дзеці з’явіліся, а потым вы прыйшлі, – ён паглядзеў на маці. – Немцы назіраюць за вашай кватэрай з дома з блакітнымі аканіцамі, з таго, што наўскасяк ад вашага, праз вуліцу.

– Дык гэта ж дом Латаніных! – заўважыла маці. – Іх дачка Светка з немцамі блытаецца. Вы ведаеце, што з Мішам?

– Мы паспелі толькі высветліць, што яго схапілі гестапаўцы проста на рабоце. Выклікалі да начальніка цэха і з яго кабінета павялі. Што будзе далей, цяжка сказаць. Але мы параіліся і вырашылі, што вам трэба ісці ў лес.

Але маці вагалася, усё больш схіляючыся да таго, каб застацца на месцы.

– Мне здаецца, калі немцы даведаюцца, што мы сышлі, то адразу здагадаюцца пра нашу сувязь з партызанамі. І тады ўжо Мішу нішто не выратуе. Дзякуй вам за клопат. Але мы застаёмся.

Да раніцы так і не клаліся спаць. Маці за сняданкам, нібы адчуваючы набліжэнне новай бяды, сказала:

– Дзеткі, калі схопяць мяне, то мой наказ: ідзіце ўдваіх у лес, да партызан. Не чакайце нас з бацькам. Застанемся жывыя – сустрэнемся.

Відаць, пра многае паспела перадумаць Настасся Георгіеўна за мінулую ноч. І цяпер разумела, што дарма не сышлі яны ў лес. Трывога за лёс дзяцей раздзірала душу.

Працоўны дзень падыходзіў да канца. Валодзя прамываў дэталі. У гэты момант да яго падышоў стары работнік з іншага цэха і спытаў:

– Ты Славін?

– Я.

– Дык бяжы да прахадной, дзяўчына нейкая чакае цябе.

Каля прахадной яго чакала Лена Казлова. Схапіла яго за руку, сама дрыжыць і ціха, каб ніхто са старонніх не пачуў, усхвалявана сказала:

– Сыходзь! Немцы маму тваю забралі!

– Калі?

– Ды толькі што.

– Ты Жэню папярэдзіла?

– Не. Як даведалася – адразу сюды.

– Дзякуй, Лена! Ідзі дахаты.

Уладзімір разумеў, цяпер патрэбна захаваць прысутнасць духу, абдумаць, што рабіць далей. Самае галоўнае – атрымаць ад Марціна новы аўсвайс на наступны тыдзень, бо тэрмін дзеяння старога канчаўся сёння.

Імкнучыся быць спакойным, Валодзя сказаў шэфу, што нечакана цяжка захварэла маці, папрасіў адпусціць яго на гадзіну раней і, заадно, выпісаць аўсвайс.

Настрой у шэфа ў той дзень быў добры, ён паблажліва паставіўся да гэтага стараннага хлопца, выпісаў аўсвайс і адпусціў. Не ведаў Марцін, што праз паўгадзіны па Славіна прыйдуць гестапаўцы.

Апынуўшыся за прахадной, Уладзімір з усіх сіл кінуўся да пякарні, дзе працавала сястра. Выклікаў яе. Аднак не паспеў сказаць і двух слоў, як убачыў, што да службовага пад’езда падкаціў «чорны воран». З машыны выскачылі два гестапаўцы і схаваліся за дзвярамі.

– Гэта за табой, Жэня! Сыходзім! – ён пацягнуў сястру за руку. Яны завярнулі ў невялікі завулак, а затым – у другі і пашыбавалі па пустыннай вуліцы.

Жэня плакала, спатыкалася.

– Што будзе з мамай, татам? Што нам рабіць? Куды мы ідзём? – каторы раз пыталася яна, забягаючы наперад.

Гэтыя ж пытанні мучылі і Валодзю. Параіўшыся, яны вырашылі, што дамоў вяртацца ні ў якім разе нельга, і адправіліся да далёкіх сваякоў на Старажоўку. Наступную ноч правялі ў знаёмых. Пра бацькоў нічога не ведалі. Валодзя вельмі шкадаваў, што ў яго няма ніводнага адраса сяброў бацькі па падполлі.

А тым часам іх шукалі падпольшчыкі, чакалі на подступах да дома, за якім звар’яцелыя гестапаўцы яшчэ больш узмацнілі слежку.

Валодзя, хоць і быў маладзейшы за сястру, разумеў, што зараз ён павінен паклапаціцца пра іх лёс.

– Сыходзім у лес, да партызан, – заявіў неяк раніцай.

Жэня пагадзілася, толькі ціха сказала:

– У нас жа няма добрай вопраткі. А ў партызан з адзежай, напэўна, кепска.

– Адзежа будзе. Ты чакай мяне тут. Вярнуся заўтра.

– А куды ты? – захвалявалася Жэня.

Але Уладзімір вырашыў не турбаваць сястру лішні раз. Сяк-так супакоіў яе, сказаўшы, што ідзе шукаць каго-небудзь з падпольшчыкаў, і накіраваўся… у сваю кватэру.

Хто-хто, а ўжо Славін добра ведаў, як непрыкметна падысці да роднага дома. Хаваючыся ў суседнім агародзе сярод густых кустоў агрэсту і маліны, ён цэлы дзень сачыў за вуліцай, імкнучыся разгадаць гестапаўскую сістэму назірання. Ён разумеў, што немцы не маглі пакінуць сваіх людзей проста ў кватэры Славіных. Значыць, яны прыдумалі штосьці іншае.

Валодзя праседзеў у хованцы ўвесь дзень і, хоць у роце не было нават макавай расінкі, а жывот зводзіла ад голаду, застаўся задаволены. Высветліў, што адна група фашыстаў, пераапранутых у цывільную адзежу, сядзіць усё ў тых жа Латаніных, а на вуліцы, як бы выпадкова ходзячы, дзяжураць яшчэ два тыпы. Гестапаўцы ведалі, што кватэра Славіных размешчана на другім паверсе. Прайсці ў яе можна было толькі па драўлянай лесвіцы, а таму ўзмоцнена назіралі за домам з боку вуліцы.

Валодзя дачакаўся цемры, пракраўся ў свой агарод. Адшукаў за хлявом прыстаўную лесвіцу, якая аднойчы ўжо саслужыла іх сям’і добрую службу, прыставіў яе да сцяны, ціха палез да самага акна. На ўсякі выпадак сцішыўся на хвіліну перад адчыненай фортачкай. У кватэры – цішыня. І тады адсунуў шпінгалеты, асцярожна адчыніў акно, ступіў на падлогу і апынуўся ў апраметнай цемры. На імгненне стала страшна, але ён хутка пераадолеў у сабе гэта, пачаў навобмацак абследаваць усю кватэру.

Уваходныя дзверы былі замкнёны на ўнутраны замак, ключы ад якога фашысты, вядома, адабралі ў маці. У цемры, ды яшчэ пасля такога пагрому, шукаць свае і Жэніны рэчы не мела сэнсу, і Валодзя вырашыў дачакацца світанку. Ён узяў крэсла і засунуў адну ножку паміж уваходнымі дзвярамі і ручкай. «Калі і ўздумаюць увайсці ў кватэру, то пакуль сцямяць, чаму дзверы не адкрываюцца, сігану з акна ў гарод і дам драпака», – думаў ён, умацоўваючы як мага надзейней крэсла. Затым асцярожна ўвалок лесвіцу ў пакой, зачыніў акно, каб немцы не заўважылі, калі ўначы захочуць агледзець хату з боку агарода.

Калі замігцеў світанак і ў кватэры можна было сёе-тое разгледзець, Уладзімір знайшоў у каморы стары бацькаў рукзак, кінуў у яго сваю і сястрыну адзежу, адчыніў акно, выставіў лесвіцу, хутка спусціўся на зямлю. Зацягнуў лесвіцу за хлеў. Валодзя ўявіў сабе, як будуць здзіўлены немцы, калі стануць адкрываць кватэру. «Доўга ж ім прыйдзецца ламаць галовы, каб вырашыць загадку: як маглі аказацца замкнёнымі дзверы знутры, якія яны вартавалі днём і ўначы», – Валодзя ледзь стрымаўся, каб не засмяяцца.

Вярнуўшыся ў суседскі сад, хлопец вычакаў час, калі можна будзе хадзіць па горадзе, і адважна пакрочыў па вуліцы: бо ў яго ў кішэні – аўсвайс.

А ўвечары, нібы цені, брат і сястра праслізнулі міма варожых засад. І зноў, ужо каторы раз, Жэня здзівілася:

– Адкуль ты ведаеш, дзе немцы ў засадах сядзяць?

– Мне ўжо даводзілася тут хадзіць, – важна адказваў брат, а сам думаў: «Куды ісці далей? Нас жа ніхто не чакае».

Да раніцы дабраліся да вёскі Пціч, але не спыніліся, пайшлі далей. Да вечара набрылі на хутар. Папрасіліся ў гаспадароў, адзінокіх старых, пераначаваць, спыталі ў іх, дзе можна знайсці партызан. Гаспадары нічога на гэта не адказалі, яны накармілі брата з сястрой і паслалі спаць на сенавале. Старыя ведалі, што цяпер мнгогія людзі шукаюць у лесе партызан. Сярод іх могуць быць і правакатары. Таму крыўдзіцца на старых за недавер было нельга.

Раніцай на хутар зазірнулі партызаны. Іх было чацвёра. Доўга распытвалі яны брата і сястру, імкнучыся зразумець, што за людзі перад імі. Ім асабліва падазроным падалося тое, што хлопец быў абуты ў нямецкія чаравікі. Доўга Валодзя пераконваў партызан, што гэты абутак маці выменяла за бацькаўскі гарнітур.

Партызаны напаўголаса пагаварылі яшчэ аб нечым і нарэшце вырашылі даставіць Славіных у атрад. Прывялі, а спадзяванні Уладзіміра на тое, што тут знойдзецца хоць адзін чалавек, які ведае бацьку ці чуў пра яго, не апраўдаліся. З імі доўга гутарылі камандзір атрада, камісар і начальнік штаба, па некалькі разоў перапытвалі пра раней расказаныя падзеі. Адчувалася, што правяраюць. Валодзя разумеў, што інакш і быць не павінна. Калі ў атрад патрапілі невядомыя, значыць, трэба старанна разабрацца, ці не падаслаў іх вораг.

Прайшло некалькі дзён. Славін ішоў праз невялікую паляну да зямлянкі, у якой пасялілася Жэня. Раптам ён убачыў, як чацвёра партызан складваюць ля штабной зямлянкі зброю. Уладзімір здагадаўся, што яны толькі што вярнуліся з задання, а зброя – іх трафеі. «Шчасліўчыкі, – з зайздрасцю падумаў хлопец. – Колькі зброі прынеслі! Відаць, нямала фрыцаў укакошылі!» Славін падышоў бліжэй і раптам – замер: ён пазнаў аднаго з тых семярых, якіх летась вывеў міма нямецкіх пастоў з горада. Але было яму такое заданне ад падпольшчыкаў, і ён яго выканаў тады. Уладзімір так разгубіўся, што нават забыўся яго імя. А той паклаў у агульную кучу нямецкі аўтамат, выпрастаўся, абыякава зірнуў на хлопца, павярнуўся да сваіх таварышаў. Толькі зараз Валодзя ўспомніў:

– Сяргей Міронавіч!

Мужчына азірнуўся.

– Сяргей Міронавіч! Пазнаяце мяне? Я – Валодзя. Памятаеце, вашу групу з горада выводзіў? Вы яшчэ пыталі, ці не хачу разам з вамі ў лес, да партызан.

Твар мужчыны пасвятлеў. Ён падышоў, моцна абняў Славіна.

– Вось дык сустрэча! Як ты тут апынуўся? Сказаць шчыра, нават не думаў, што ўбачу цябе ў лесе! – Ён адпусціў са сваіх абдымак хлопца. – Даўно ты тут?

Славін сцісла паведаміў пра свае прыгоды.

– І куды цябе?

– Ды пакуль яшчэ нікуды. Усё правяраюць нас з сястрой.

– А што, сястра таксама тут?

– Так, у гэтай зямлянцы.

– А ну, пачакай. Я хутка! – Сяргей Міронавіч імкліва накіраваўся да штабной зямлянкі.

Хвілін праз пяць ён вярнуўся.

– Пайшлі да камандзіра!

Камандзір запрасіў Уладзіміра сесці на тоўсты пень і сказаў:

– Ты не сярдуй за такі прыём. Сам разумееш, час ваенны. Усякае можа быць. Патрабавалася праверка. Але Сяргей Міронавіч пацвярджае. Так што пытанняў больш няма. Цябе залічым байцом у наш атрад, а сястру накіруем на базу, да гаспадарнікаў. Там таксама лішняя пара рук спатрэбіцца.

Да горла Славіна падкаціў камяк, ад радасці закружылася галава.

– Таварыш камандзір! Пра маіх бацькоў нічога не чулі?

– Не, хлопец. Пакуль нічога. Цяпер вельмі цяжка разабрацца. У горадзе становішча складанае. Немцы хапаюць першага сустрэчнага. Тысячы людзей расстраляны.

– Таму нам з табой, – дадаў Сяргей Міронавіч, – трэба мацней трымаць зброю ў руках, каб дапамагчы Чырвонай Арміі. Трэба, Валодзя, хутчэй выбіць гэтую свалату з Беларусі, са сталіцы нашай. Ды і пра дапамогу падпольшчыкам у горадзе не павінны забываць. Бачыў, якія «гасцінцы» здабыў я з хлопцамі? Сёе-тое перашлём і падпольшчыкам.

– Таварыш камандзір, а аўтамат мне дадуць?

– Не, дарагі. У нас такі парадак: ваяваць ты можаш з любой зброяй, якую толькі душа пажадае, але спачатку здабудзь яе ў ворага. Спачатку нашы байцы мелі толькі паляўнічыя стрэльбы. Адзін і цяпер не хоча са сваім драбавіком расставацца. Ты з ім яшчэ пазнаёмішся. Зараз, вядома, час іншы. Ёсць у нас і аўтаматы, і кулямёты, і нават гармата. Хацелася б мець больш мін. Але нічога, пакуль абыходзімся тым, што ёсць.

Славін і Сяргей Міронавіч выйшлі са штабной зямлянкі. Адзін з партызан, якія адпачывалі недалёка ад складзенай трафейнай зброі, крыкнуў:

– Ну як, Караткоў? Выйдуць камандзіры на нашу здабычу паглядзець?

– Пачакайце, браткі, дайце з чалавекам пагаварыць, – адказаў Сяргей Міронавіч.

Караткоў і Славін перайшлі паляну, спыніліся.

– Значыць, вы тады ў гэты атрад патрапілі? – спытаў Уладзімір.

– Так, братка, у гэты.

– А дзе астатнія людзі з той групы?

– Двух ужо няма. Загінулі. Двух чэхаў памятаеш? Камандаванне выклікала на Вялікую зямлю. Яны там больш патрэбны. Астатнія ваююць у іншым атрадзе. Вось такія справы, Уладзімір. Шкада толькі, што наша сустрэча адначасова будзе і расстаннем. Адклікаюць мяне ў Маскву.

– І што, у атрад больш не вернецеся?

– Не ведаю, браток, не ведаю, – Караткоў нечакана ўсміхнуўся. – Зрэшты, пасля нашай сённяшняй сустрэчы я чамусьці веру, што мы з табой яшчэ пабачымся. Ну добра, я пайшоў за аперацыю адчытвацца. Да вечара зайду развітацца, уначы самалёт павінен прыляцець.

Сяргей Міронавіч пайшоў да сваіх, а Славін накіраваўся да сястры.

Так пачаў Славін новае партызанскае жыццё. Развітанне з Жэняй было сумным. Кожны думаў пра адно і тое ж: ці давядзецца сустрэцца зноў? Доўга глядзеў хлопец услед сястрычцы, якая ішла побач з возам, дзе ляжаў паранены баец.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю