Текст книги "Вам — заданне"
Автор книги: Мікалай Чаргінец
Жанр:
Прочие приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 22 (всего у книги 24 страниц)
Уладзімір Міхайлавіч Славін
Шыкульская паводзіла сябе нахабна. Калі Славін загаварыў, яна груба перапыніла яго, са злосцю сказала:
– Можа, пан скажа, колькі будуць трымаць мяне пад арыштам?
– А вы не прымушайце нас звяртацца да такой меры, як арышт. У адваротным выпадку вас давядзецца трымаць тут сапраўды доўга. – Славін спакойна сеў насупраць затрыманай, працягваў: – Грамадзянка Шыкульская, скажыце, калі і дзе, пры якіх акалічнасцях вы пазнаёміліся з затрыманымі ў вашым доме людзьмі?
– Адкуль я ведаю? Прыйшлі ўвечары. Сказалі, што едуць з фронту. Папрасіліся пераначаваць. Вось я і дазволіла.
– Значыць, толькі на адну ноч?
– Так.
– Няпраўда! Яны правялі ў вас не адну ноч, і вы ведаеце іх даўно.
– Хто вам сказаў? Упершыню іх бачу.
– Паслухайце, грамадзянка Шыкульская, раю вам не злоўжываць нашым цярпеннем. Мы ведаем значна больш, чым вы мяркуеце. Раю па-добраму, кіньце лухту малоць. У архіве падняты дакументы, якія падрабязна сведчаць пра тое, што дзеялася ў вашым доме яшчэ да вайны. Ды гэта ж быў самы сапраўдны прытон, рассаднік распусты! У вас знаходзілі прытулак шулеры, злодзеі, прастытуткі. Мы бачым, што і цяпер вы не спыняеце займацца гэтай справай. Таму не трэба напускаць туман. У вашым доме затрымана ўзброеная банда. І гэтым сказана ўсё. Дарэчы, як сцвярджаюць некаторыя з арыштаваных, вы атрымлівалі ў выглядзе ўзнагароды значныя каштоўнасці. Усе яны, зразумела, будуць рэквізаваны. Няўжо вы не разумееце, што далей паводзіць сябе так зусім бессэнсоўна? Цяпер я пытаю: будзеце казаць праўду ці ж працягваць гуляць у хованкі?
Шыкульская доўга маўчала. Славін адчуваў, што яна ліхаманкава шукае выйсце з сітуацыі, што ўзнікла, і вырашыў дапамагчы ёй:
– Сёння раніцай да вас прыходзілі двое: адзін у форме старшыны, другі – маёра. Скажыце, хто яны?
– Старшына? Маёр? – збянтэжана перапытала Шыкульская. – Ах, гэта тыя!
– Так-так, тыя самыя. Даўно знаёмыя з вамі?
Славін задаў гэта пытанне зусім абыякавым тонам. Усё яго аблічча ў гэты момант сведчыла, што яго, па сутнасці, не цікавіць адказ Шыкульскай, што ён сам усё добра ведае і пытае проста так, каб падтрымаць гаворку. У сапраўднасці ўнутры ў яго ўсё сціснулася, напружылася. Дзіва што! Вось-вось гэта жанчына можа назваць імёны небяспечных бандытаў.
Шыкульская разгублена глядзела на Уладзіміра, не ведаючы, казаць ці не казаць праўду. А ён усё тым жа як быццам абыякавым голасам спытаў:
– Што ж вы маўчыце? Ці мне нагадаць, што вы добра яго ведаеце?
– Не, не! – перабіла яна. – Я сама скажу! Больш не магу так. Лепш усё папраўдзе, але і вы пашкадуйце мяне! Зразумейце, як цяжка жыць самотнай безабароннай жанчыне. Абяцаеце, што пашкадуеце мяне? Абяцаеце?
– Абяцаю, але толькі ў тым выпадку, калі вы не будзеце хаваць праўды.
– Так-так, вядома. Буду казаць толькі праўду. Клянуся, як перад Богам, толькі праўду!
Шыкульская памаўчала трохі, сабралася з думкамі, пачала расказваць:
– Я тут яшчэ пры паляках жыла, трымала. як вам сказаць. Ну, разумееце, дом таемных спатканняў. Жыць жа неяк трэба было. Былі кліенты. Адны – выпадковыя, другія – пастаянныя. Утрымлівала, вядома, дзяўчынак. Дык вось, да мяне часта завітваў адзін пан. Прадставіўся камерсантам. Толькі многія мае кліенты намякалі, што гэткі ж камерсант, як я жонка Чэрчыля.
– Як яго прозвішча?
– Не ведаю. Усе клікалі Марэкам.
– І далей?
– Падабалася яму адна мая дзяўчына – Рэгіна Птушак, якая перад самай вайной нечакана выйшла замуж і пераехала жыць на хутар, але куды – не ведаю. Дык вось у Марэка і Рэгіны былі нейкія свае незразумелыя для мяне сувязі. Я асабіста шмат разоў сустракала іх у самых розных месцах у горадзе. Часта да яе прыходзілі незнаёмыя людзі, штосьці прыносілі ці, наадварот, штосьці выносілі. Карацей кажучы, я здагадвалася, што пан Марэк праз Рэгіну падтрымлівае сувязь са сваімі сябрамі. Але неўзабаве ён знік. І вось тыдні два таму да мяне нечакана прыходзяць Рэгіна і пан Марэк у форме маёра Чырвонай Арміі. З ім быў старшы лейтэнант. Іванам назваўся. Гэта той, якога вы затрымалі ў такім непрыстойным выглядзе.
Пан Марэк сказаў, што служыць у войску, што выпадкова сустрэўся з Рэгінай і яны вырашылі наведаць мяне. Прынеслі шмат чаго смачнага, каньяк, гарэлку. Павячэралі разам, а потым пан Марэк папрасіў, каб я дазволіла яго падначаленым трохі пажыць у мяне. Паабяцаў добра заплаціць, дапамагчы прадуктамі. Я і згадзілася.
– Дзе гэты пан Марэк цяпер?
– Не ведаю. Але мне здаецца, што ён павінен быць у Рэгіны.
– Чаму вы так думаеце?
– Учора раніцай пан Марэк прыйшоў да мяне з нейкім старшыной. У таго быў аўтамат. Яны пасядзелі з гадзінку, пагаварылі са сваімі людзьмі і сышлі. Я выпраўляла іх разам з Іванам. У двары пачула, як пан Марэк ціха сказаў Івану, што калі ён спатрэбіцца, то яго можна знайсці на хутары ў Рэгіны.
– Вы добра гэта чулі?
– Вядома. Я ж не глухая.
– Значыць, Іван павінен ведаць, дзе жыве гэты маёр?
– Я таксама так думаю.
Славін паклікаў Бартошыка, даручыў яму запісаць сведчанні Шыкульскай. Той запрасіў Шыкульскую ісці за ім, і Славін задумаўся: «Цяпер слова за „старшым лейтэнантам“. Але той нават прозвішча сваё не назваў. Значыць, спадзяецца выйсці з вады сухім. Чакаць ад яго праўдзівых сведчанняў – справа безнадзейная. Што ж прыдумаць?» І Славін вырашыў: пакуль ідзе допыт Шыкульской, пагаварыць са «старшым лейтэнантам». Ён падняў трубку тэлефона, патэлефанаваў дзяжурнаму.
Канваір прывёў «старшага лейтэнанта». Без рамяня, у расшпіленым кіцелі, з-пад якога выглядала зусім не армейскага ўзору брудная сподняя кашуля, ён паўстаў чалавекам, які зусім выпадкова нацягнуў на сябе афіцэрскае абмундзіраванне. Сярэдняга росту, хударлявы, са змардаваным тварам, «старшы лейтэнант» спыніўся перад сталом. Маленькія калючыя вочкі яго слізганулі па постаці Славіна. Злачынец відавочна настройваўся паводзіць сябе з выклікам.
Уладзімір запрасіў яго сесці, узяў ручку, падсунуў да сябе ліст паперы:
– Ваша прозвішча?
«Старшы лейтэнант» злосна ўхмыльнуўся:
– Пішы якое хочаш.
– Чаму я павінен пісаць якое хачу? Вы што – не чалавек?
– Гэта чаму ж? – паціснуў ён плячамі.
– А таму, што вы чалавек, а чалавеку належыць мець імя, прозвішча. Таму я і хацеў бы з вамі пазнаёміцца.
Твар затрыманага сказіла сутаргавая грымаса.
– Сысунок! Каго на мушку бярэш? Ведаеш, колькі я такіх бачыў?
У душы Славіна ўсё закіпела. Ён ледзь прымусіў сябе стрымацца, спакойна заўважыў:
– Паслухай, Іван! Калі ты будзеш сябе так паводзіць, не выключана, што я буду апошнім, з кім ты маеш магчымасць пагутарыць. Вось чаму раю не строіць дурня. Дарэчы, для інфармацыі: такіх, як ты, я ўжо сустракаў, і нямала!
Тое, што маладзейшы па ўзросце Славін перайшоў на «ты», не стушаваўся перад затрыманым, падзейнічала. Іван суцішыў свой запал і пасля нядоўгага пярэчання стомлена прагаварыў:
– Я ж выдатна ведаю, што мяне чакае. Што б я ні казаў, выратавання ўсё адно не будзе.
– Час, вядома, ваенны. З такімі, як ты, доўга цырымоніцца ніхто не стане. Тым не менш, суд пры вынясенні прысуду ўлічвае ўсе акалічнасці. Дык чаму табе не скарыстацца любым, хай нават маленькім шанцам?
– Табе колькі гадоў? – нечакана спытаў затрыманы.
Славін крыху збянтэжыўся, пераадолеўшы няёмкасць, адказаў:
– Гэта няважна. Тут мы вядзём гутарку не пра ўзрост.
– Бачу, што табе будзе гадоў дваццаць, не больш, а мне – трыццаць чатыры. Дык вось, за чатырнаццаць гадоў, якія табе яшчэ трэба пражыць, я сёе-тое пабачыў, як той казаў, пажыў у поўнае задавальненне.
– Гэта таксама да справы не адносіцца. Марэка даўно сустракаў?
Славін зразумеў, што гутарку з гэтым чалавекам трэба весці ў яго манеры, і працягваў трымацца з ім на «ты».
– Якога Марэка? Не ведаю ніякіх Марэкаў.
– Нагадаю. Той, які ходзіць у форме маёра. Зрэшты, справа твая – можаш адказваць, можаш не адказваць. На ўсякі выпадак заўважу: мы і самі многае ведаем. Я маю на ўвазе таго Марэка, які прывёў вас да Шыкульскай. Учора са сваім сябруком ён зноў прыходзіў да яе. Сябрук, між іншым, пад старшыну працуе, аўтамат мае. Хопіць нагадваць ці дадаць, што гэта ўсё той жа Марэк, з якім вы рабаваннем займаецеся?
– Не ведаю ніякага Марэка, – зацята адказваў «старшы лейтэнант».
– Ведаеш! Гэтак жа, як ведаеш і Рэгіну, у якой ён жыве. Не разумею толькі, чаму ты ўпіраешся?
– Не ведаю вашага Марэка, і ўсё тут.
– Не, не ўсё. – Славін патэлефанаваў у кабінет Бартошыка і спытаў: – Скончыў допыт? – Пачуўшы сцвярджальны адказ, паклаў трубку: – А вось Шыкульская кажа зусім іншае. Цяпер скончу з табой гутарку, а затым, калі будзеш упірацца, вочную стаўку зробім.
Допыт шмат часу не заняў. Іван адмаўляў усё. Каб запісаць яго бедныя сведчанні, спатрэбілася не больш за пятнаццаць хвілін. Славін працягнуў пратакол арыштаванаму і прапанаваў:
– Прачытай і, калі ўсё правільна, – падпішы.
Уладзімір бачыў, з якой увагай чытаў «старшы лейтэнант» свае сведчанні, і падумаў: «А раптам атрымаецца гэтага гнюса разварушыць, даведацца штонебудзь пра верхавода банды?» Злачынец прачытаў пратакол, але падпісаць яго адмовіўся.
– Прозвішча ж на ім усё адно няма, – ухмыльнуўся ён.
Славін ізноў патэлефанаваў Бартошыку, папрасіў прывесці Шыкульскую.
Жанчына пры выглядзе свайго пастаяльца пабляднела. Славін узяў прынесены Бартошыком пратакол допыту яе, хуценька прагледзеў напісаныя дробным почыркам лісткі, зачытаў тое месца, дзе гаворка ішла пра Марэка і старшыну, і спытаў у Шыкульскай:
– Гэта вашы сведчанні?
– Так, мае, – ледзь чутна адказала яна.
– Вы іх пацвярджаеце?
– Пацвярджаю.
– Добра! – Уладзімір звярнуўся да «старшага лейтэнанта»: – Што цяпер скажаш, Іван?
Той знішчальным поглядам працяў Шыкульскую, скрозь зубы прашыпеў:
– Сцерва! Аказваеца, ты не толькі на перадок слабая!
Пасля гэтых слоў Шыкульскую нібы падмянілі. Яна ўскочыла з крэсла, гучна закрычала:
– Ах ты неданосак смярдзючы! Гэты ты так са мной размаўляеш? Я, ці што, у твой дом на начлег прасілася? Я цябе ашуквала і казала, што на фронт іду? Уцягнуў мяне ў гэту гісторыю і яшчэ абражаеш? Г аніш прыстойную жанчыну, якая сумленна свой хлеб зарабляе?
– Не блытай, – з’едліва сказаў Іван, – пра якую прыстойнасць ты можаш казаць? Свой хлеб ты зарабляеш не гонарам, а. увогуле, заткніся!
Шыкульская нечакана сарвалася са свайго месца, падскочыла да Івана, адвесіла яму такую аплявуху, што той не ўтрымаўся на крэсле, даўся галавой аб сцяну. Спатрэбілася некалькі хвілін, каб ён ачуўся. Бартошык схапіў пані Шыкульскую за рукі. А яна ўвесь час ірвалася да крыўдзіцеля.
У такіх умовах працягваць допыт не мела сэнсу, і Бартошык адвёў Івана. Славін пасадзіў Шыкульскую на крэсла, наліў вады:
– Выпіце, калі ласка, супакойцеся.
– Не, вы толькі падумайце: які нахабнік! Які нахабнік! Выходзіць, не ён злодзей, а я. Прашу прабачэння, са мной гэты нумар не пройдзе! Шкада, што не дазволілі вы пагаварыць з ім да канца. Ён бы шаўковым стаў.
– Скажыце, хто яшчэ ведае Марэка?
Шыкульская на хвіліну задумалася, потым адказала:
– Ён часта сустракаўся з маімі дзяўчаткамі, але яны ўсе раз’ехаліся хто куды. Хоць чакайце-чакайце. Тут дзесьці павінна жыць Галіна Дакальская. Яна ведала Марэка дый Рэгіну таксама.
– Раскажыце пра яе.
– Чым яна пры немцах займалася – не ведаю. Але чула, што выйшла замуж за паліцая, які сышоў з акупантамі.
«Напэўна, ёсць сэнс пагаварыць з Дакальскай», – падумаў Уладзімір і папрасіў Шыкульскую пачакаць у калідоры, а сам пайшоў да начальніка аддзела. Сцісла далажыў пра ўсё, што ўдалося высветліць.
Пётр Пятровіч распарадзіўся Шыкульскую адпусціць, а ў яе кватэры працягваць трымаць засаду. Уладзіміру ён загадаў адпачываць, а на наступны дзень з раніцы прыступіць да пошуку Дакальскай.
Уладзімір Славін
Прайшоў тыдзень. Усе гэтыя дні Уладзімір шукаў Галіну Дакальскую. Дадзеных пра яе не было нават у старых паліцэйскіх архівах. Аператыўніку давялося папрацаваць, апытаць дзясяткі людзей, каб атрымаць звесткі пра гэту жанчыну. Высветлілася, што цяпер яна Кладнова Г аліна Сцяпанаўна, пражывае ў невялікай хатцы на ўскраіне горада.
Апоўдні Славін, Крайнюк і Мамонаў, апрануты ў форму малодшага лейтэнанта НКУС, пастукалі ў дашчаныя дзверы хаты Кладновай. Адкрыла маладая жанчына ў накінутым на плечы футры. Яна адказала на прывітанне і, даведаўшыся, што перад ёй супрацоўнікі НКУС, разгубілася. Славін першым увайшоў у кватэру і. спыніўся, здзіўлены бляскам люстэркаў і бронзы. На падлозе – дарагія варсістыя дываны. У другім пакоі за сталом сядзелі сяржант і маёр з зоркай Героя Савецкага Саюза на грудзях. На стале некалькі бутэлек гарэлкі, закуска.
– Дабрыдзень, таварышы. Мы супрацоўнікі НКУС, – прадставіўся Мамонаў. – Прашу прад’явіць дакументы.
Малодшы лейтэнант падышоў бліжэй да стала, стаў каля сяржанта, Славін заняў месца побач з маёрам, які ўстаў і расшпіліў кіцель, дастаючы дакументы. Сяржант раптам ускочыў з крэсла:
– Каго вы, пацукі тылавыя, правяраеце? Нас, франтавікоў? Ды я цяпер!.. – і ён тэатральным жэстам пляснуў па сваёй кішэні. Ззаду пстрыкнуў затвор пісталета. Гэта Крайнюк падрыхтаваў зброю да стральбы.
Славін наблізіўся да сяржанта:
– Спакойна, таварыш сяржант! Не крычыце. Мы знаходзімся пры выкананні службовых абавязкаў. Гэта можа скончыцца для вас дрэнна. Прычым раней, чым вы думаеце.
Спакойны, упэўнены тон Уладзіміра асадзіў сяржанта.
– Вы ўсё адно не маеце права правяраць нашы дакументы. Давайце сюды камендатуру.
Маёр перабіў:
– Канчай істэрыку, сяржант! Прад’яві дакументы і не дуры! – і ён працягнуў Славіну пасведчанне і іншыя паперы.
– Вось мае дакументы.
Славін спытаў:
– Сяржант з вамі?
– Не. Еду, як вы бачыце, у адпачынак. Тут перасадка. Трэба чакаць свайго цягніка амаль шэсць гадзін. А тут ён падвярнуўся, кажа: «Пойдзем, маёр, пасядзім у знаёмых». Ну, я і пагадзіўся. Не ведаў, што ён такі нервовы, – і зноў звярнуўся да сяржанта: – Чаго ўпіраешся? Прад’яві дакументы!
– Не буду, і ты мне, маёр, не ўказ. Хай вядуць да каменданта, а з гэтымі размаўляць няма чаго!
– Дурань! – не хаваючы раздражнення, заўважыў маёр і сеў на сваё месца, наліў у шклянку гарэлкі, выпіў, хруснуў салёным агурком.
А сяржант нечакана рэзка адпіхнуў ад сябе Мамонава, затым Славіна, кінуўся да акна. Аднак Крайнюк быў напагатове. Кароткім моцным ударам ён збіў сяржанта з ног, завярнуў яму рукі, спрытна выцягнуў з кішэні галіфэ «вальтар».
Славін узяў пісталет у рукі і, разглядаючы яго, прагаварыў:
– Не думаю, што гэта ваша табельная зброя, – і кіўнуў Мамонаву: – Абшукай!
У кішэні шыняля былі выяўлены дзве гранаты-«лімонкі», фінскі нож. Дакументаў ніякіх не аказалася. Славін спытаў:
– Дык дзе ж вашы дакументы?
Сяржант унурыўся галавой, асуджана прагаварыў:
– Узялі, сексоты! На мякіне правялі!
Славін папрасіў Мамонава і Крайнюка даставіць затрыманага ў аддзел, а сам застаўся ў кватэры. Пасля кароткай гутаркі ён зразумеў, што маёр нічога карыснага паведаміць не можа, і адпусціў яго.
Уладзімір звярнуўся да Дакальскай:
– Даўно ведаеце сяржанта?
– Пераначаваў дзве ночы, і толькі.
– Дзе пазнаёміліся?
– На вакзале. Я працую там касірам. Пасля работы выйшла на прывакзальную плошчу, ён і прычапіўся да мяне. Сказаў, што франтавік, папрасіўся на начлег. Пашкадавала яго, пагадзілася. Я ж не ведала, што ён не той, за каго сябе выдае.
– Адкуль вы ведаеце, што ён «не той»?
– Яшчэ ўчора, калі ён ап’янеў і заснуў, вырашыла паглядзець дакументы. Ні ў кішэнях шыняля, ні ў кіцелі, ні ў штанах нічога не знайшла.
– Чаму ў міліцыю ці камендатуру не заявілі?
– Хацела паведаміць – не паспела.
– Зброю бачылі?
– Толькі нож. Пісталет, мабыць, пад падушкай хаваў.
– Часта такія суб’екты ваш дом наведваюць?
– Не, што вы! Першы раз.
– Рэгіна Птушак не заходзіла?
– Не, не заходзіла. Даўно ўжо не бачыла яе.
– Як даўно?
Кладнова на хвіліну задумалася:
– Год, а можа, паўтара.
– А вы самі даўно ў яе былі? – гэта пытанне Славін задаў, не разлічваючы на станоўчы адказ. Але жанчына нечакана сказала:
– О, ужо гады два як не была.
Славін ледзь стрымаў хваляванне:
– Дзе яна жыве?
– На хутары. Ад горада кіламетраў дваццаць будзе.
– Дарогу добра ведаеце?
– Так, памятаю.
– Вы кажаце праўду, што даўно яе не бачылі?
– Далібог! Хлусіць няма чаго.
– А Птушак пацвердзіць вашы словы?
– Вядома. Можаце самі яе спытаць.
– Што ж, з’ездзім з вамі да яе, праверым.
– Калі ласка, з задавальненнем.
Адчыніліся дзверы, у пакой увайшлі Мамонаў і Крайнюк.
Славін прапанаваў гаспадыні:
– Збірайцеся, пачакаем вас у двары.
Аператыўнікі выйшлі. Мамонаў сказаў:
– Затрыманы дэзерцірам аказаўся. Ужо тры месяцы як у вышуку знаходзіцца.
Славін сцісла расказаў сябрам пра гутарку з Кладновай. Тыя адразу павесялелі. Мамонаў прапанаваў:
– Выдатна! Адразу ж паедзем на хутар!
– Адразу нельга, – запярэчыў Славін. – Павязём у аддзел. Там і вырашым, што рабіць далей.
З ганка спусцілася Кладнова. Мамонаў выйшаў на праезжую частку вуліцы, спыніў «віліс». Ён прад’явіў вадзіцелю пасведчанне, папрасіў падвезці іх да месца службы.
Прайшло некалькі хвілін, і яны ўвайшлі ў будынак, дзе размяшчаўся аддзел. Славін тут жа накіраваўся да Мачалава, далажыў пра вынікі наведвання кватэры Кладновай. Той выслухаў яго і сказаў:
– А зараз запрашай усю аператыўную групу. Трэба дзейнічаць, не губляючы ні хвіліны.
– Пётр Пятровіч! Пакуль будуць збірацца людзі, дазволь яшчэ раз пагаварыць з Іванам. Тым больш што на наш запыт толькі-толькі прыйшоў адказ, і мы ўжо ведаем, хто ён такі. Думаю, ёсць сэнс паспрабаваць развязаць яму язык. Трэба неяк атрымаць звесткі пра тых, хто разам з «маёрам» знаходзіцца на сялібе, даведацца іх прозвішчы, якую зброю маюць.
Мачалаў не пярэчыў, і Славін, перадаўшы дзяжурнаму па аддзеле ўказанне пра збор аператыўнай групы, накіраваўся ў камеру.
Іван сядзеў на насціле з груба пазбіваных дошак, здавалася, зусім не звярнуў увагі на рыпенне абітых бляхай дзвярэй і Славіна.
Уладзімір моўчкі сеў на прыбіты да падлогі табурэт, нягучна спытаў:
– Як справы, Іван?
Той паціснуў плячамі, без ахвоты адказаў:
– Справы – у вас. У мяне – гультайства.
– Я і прыйшоў, каб пазбавіць вас ад гультайства, – Славін наўмысна перайшоў на «вы», як бы падкрэсліваючы, што наступіў новы этап у іх адносінах. – Думаю, што час пагаварыць ужо сур’ёзна, Іван Сяргеевіч.
Арыштаваны здрыгануўся:
– Што? Імя па бацьку даведаліся?
– Не толькі імя па бацьку, але і прозвішча. Цяпер нам вядома, што вы – Масленікаў, што раней тройчы асуджаны, што амаль год назад здзейснілі ўцёкі з месцаў пазбаўлення волі. Адно толькі незразумела: чаму вы сюды прыбылі? Вырашылі да немцаў падацца?
– На які хрэн мне гэтыя немцы? Я ж не сляпы. Бачу, што капут ім, – ён памаўчаў, затым працягваў: – Думаў, у гэтай адзежы лягчэй будзе зацерціся сярод тысяч вайскоўцаў.
– Дзеці ёсць?
Масленікаў не чакаў такога пытання, збянтэжана прамармытаў:
– Быў адзін. цяпер дзесьці гадоў трынаццаць-чатырнаццаць будзе яму. А чаму вы пра гэта пытаеце?
Масленікаў неўпрыкмет для сябе пачаў звяртацца да Славіна таксама на «вы». Уладзімір не прамінуў гэту акалічнасць, падумаў сам сабе: «Бач ты! Запаважаў. Трэба паспрабаваць выклікаць на адкрытую размову».
– Ды проста падумаў: няўжо чалавек можа так па-дурному на зямлі пражыць і нават пасля сябе нічога не пакінуць?..
– Гэта вы правільна заўважылі – «пражыць». Маё жыццё ўжо ззаду, наперадзе – «вышка».
– Вядома, за ўсё, што вы нарабілі, да таго ж у ваенны час, вам цалкам могуць прысудзіць вышэйшую меру пакарання. Але яшчэ падчас нашай першай сустрэчы я казаў, што не трэба губляць шанцаў застацца ў жывых. Цяпер вам прапануецца такі шанец.
– Што я павінен рабіць?
– Казаць праўду.
Масленікаў задумаўся. Ён упёрся локцем у калені, абхапіў рукамі галаву. Славін спакойным тонам працягваў пераконваць:
– Не хачу хаваць ад вас: сваімі праўдзівымі сведчаннямі вы скароціце нам час, неабходны для расследавання гэтай справы, і, самае галоўнае, напэўна прадухіліце непатрэбныя ахвяры. Дарэчы, Галіну Дакальскую, цяпер Кладнову, ведаеце?
– Не, упершыню чую.
– Справа ў тым, што гэта былая сяброўка Рэгіны Птушак. Кладнова сёння пакажа хутар, дзе жыве Рэгіна.
– Навошта ж вам мае сведчанні? – ледзь усміхнуўшыся, спытаў арыштаваны.
– Нас цікавіць колькасць людзей на хутары, іх узбраенне. Самі разумееце, наколькі гэта важна.
– Двое іх, – неахвотна працадзіў Масленікаў і дадаў: – Марэк і Віктар.
– Прозвішчы іх ведаеце?
– Не, не ведаю. Ды і на які ляд яны патрэбныя!
– Дзе вы з імі пазнаёміліся?
– Тут, у горадзе.
– Даўно?
– Каля месяца.
– Дзе вайсковае абмундзіраванне ўзялі?
– Без мяне даставалі.
– Як яны гэта вам растлумачылі?
– Сказалі, што ў лесе на машыну напалі, а ў ёй абмундзіраванне было.
Славін успомніў, як некалькі месяцаў назад сапраўды быў здзейсне – ны напад на машыну, якая дастаўляла абмундзіраванне ў адну з вайсковых часцей. Загінулі шафёр і суправаджаючыя машыну старшына і салдат. Тады вырашылі, што гэта справа рук немцаў, якія адсталі ад фронту, тым больш што гільзы, выяўленыя на месцы здарэння, былі ад нямецкай стралковай зброі. Славін спытаў:
– Дзе схавана астатняе абмундзіраванне?
– Там жа, у Рэгіны ў хляве, у сене.
– Праўду кажаце?
– Навошта хлусіць? Можа, сапраўды залічыце і дасце яшчэ трохі пажыць на белым свеце.
– Добра. Тады запішу вашы сведчанні.
Масленікаў моўчкі кіўнуў галавой. Славін выйшаў з камеры, накіраваўся ў следчы кабінет. Перад тым як працягнуць допыт, Уладзімір патэлефанаваў начальніку. Той выслухаў яго, загадаў:
– Давай зробім так: ты садзіся і запісвай сведчанні. Важна не ўпусціць момант. Тым часам нашы з’ездзяць з Дакальскай у раён хутара, выставяць назіральнікаў і вернуцца ў горад. Табе падашлём машыну і ахову, возьмеш з сабой Масленікава. Паглядзім, на які хутар ён прывязе. Потым супаставім іх сведчанні і будзем прымаць рашэнне.
– Зразумеў. Якую машыну дашлеце?
– Дам табе свайго «казла».
– Вось дзякуй! Хоць перажываць не буду – як бы Масленікаў не збег.
Славін паклаў трубку, пачаў рыхтавацца да допыту.
Канваір увёў Масленікава. Арыштаваны станавіўся ўсё больш адкрытым. Ён падрабязна расказаў пра ўцёкі з месцаў пазбаўлення волі, як абрабаваў некалькі кватэр, якім чынам прабраўся сюды, у горад, дзе разлічваў здабыць сапраўдныя дакументы, па іх патрапіць у дзеючую армію. Бо адчуваў, што вайна набліжаецца да канца. А гэта значыць, што пасля перамогі можна будзе з’ехаць куды-небудзь у глыб краіны і жыць па чужых дакументах. Хто будзе правяраць былога франтавіка?
Адкрытым быў Масленікаў і тады, калі Славін пацікавіўся яго «сябрамі». Расказаў усё, што ведаў. Аказалася, што двое з гэтых «сяброў» – былыя паліцаі, астатнія – крымінальнікі, якіх выпусцілі з турмы немцы.
Масленікаў амаль нічога не ведаў пра Марэка і «старшыну».
– Разумееце, – казаў ён, – спрабаваў я некалькі разоў высветліць, хто яны, але выгіналіся, як вужы, ухіляліся ад адказу.
– Чым яны ўзброены?
Масленікаў нявесела ўсміхнуўся:
– Танкаў і самалётаў няма, астатняе – маецца! – ён памаўчаў трохі і дадаў: – Аўтаматы, пісталеты, гранаты ў хаце захоўваюць. У хляве – два кулямёты, процітанкавае ружжо сенам прыкрыты. Злева, у куце, процітанкавыя міны ляжаць.
– Якую мэту яны ставяць перад сабой?
– Сабраць пабольш людзей і пагуляць, пакуль не спыняць. Марэк аднойчы п’яны ляпнуў, што хоча золата назапасіць, у Бразілію махнуць.
Нарэшце Славін скончыў пісаць. Даў арыштаванаму падпісаць пратакол допыту. Затым яны пайшлі да машыны. Славін сеў побач з вадзіцелем, Масленікаў – на заднім сядзенні паміж двума аўтаматчыкамі. Ехалі доўга. Масленікаў зрэдку падказваў вадзіцелю, дзе паварочваць. Дарога была моцна заснежана, і машына прасоўвалася наперад на невялікай хуткасці.
Неўзабаве заехалі ў лес. Паабапал у белых строях сцяной стаялі высокія елкі. Пасля дваццаціхвіліннай язды па лесе Масленікаў папрасіў спыніць машыну. Уважліва гледзячы наперад праз ветравое шкло, ён няўпэўнена прагаварыў:
– Здаецца, тут. Дазвольце выйсці з машыны?
– Давайце выйдзем, – пагадзіўся Славін і адкрыў дзверцы.
Іван зрабіў некалькі крокаў па хадзе машыны, спыніўся, аглядаючыся па баках. Аўтаматчыкі насцярожана сачылі за кожным рухам. Але Масленікаў разумеў, што бегчы бессэнсоўна, уважліва ўзіраўся ў мясцовасць. Нарэшце паказаў рукой на вузкую прасеку:
– Вось тут была сцяжынка, снегам занесла. Па ёй можна прама да хутара прайсці.
– Далёка ісці?
– Не больш за кіламетр.
Славін занепакоіўся: «Нашы ж з Кладновой паехалі, а слядоў – ніякіх. Няўжо іншы хутар паказала?» Падышоў да прасекі. Вецер занёс снегам сцяжынку, і цяпер ледзь-ледзь праглядаліся нечыя сляды. Цяпер ужо было цяжка вызначыць, калі яны пакінуты. Ва Уладзіміра мільганула думка: «А што, калі пешшу прайсці да хутара? Паглядзець, пакуль яшчэ светла, дзе ён размешчаны? А, хай будзе, што будзе!» Ён вярнуўся да машыны, загадаў канваірам пасадзіць арыштаванага ў машыну, а сам, правальваючыся па калена ў снезе, накіраваўся ўздоўж прасекі.
Ісці было цяжка. Нарэшце наперадзе, на шырокай паляне, ён убачыў вялікую хату, два хлявы, гумно – акружаныя паўколам невысокім рэдкім дашчаным плотам. Далей, уздоўж агароду, цягнулася загарадзь з доўгіх жэрдак. Ля аднаго хлява фыркаў конь, недалёка ад яго скакаў вялікі кудлаты сабака. Людзей не было відаць. Але дым, які валіў з трубы, сведчыў, што хутар не пустуе. Славін схаваўся за ствалом елкі, уважліва назіраў за хатай і хлявамі, стараючыся запомніць, як яны размешчаны, вызначаў падыходы да іх.
Нарэшце Уладзімір накіраваўся назад. Калі прыйшоў да стаянкі, было ўжо цёмна.
Машына крута развярнулася і паехала да горада. Масленікаў спытаў:
– Ну як? Знайшлі?
– Знайшоў. Хата, два хлявы, гумно. Правільна?
– Так.
Славін, жадаючы праверыць, наколькі Масленікаў праўдзівы, спытаў:
– Не ведаеце, сабака ў іх ёсць?
– Быў, – адказаў Масленікаў і тут жа ўдакладніў: – Велізарны, кудлаты.
– Колькі ў іх коней?
– Тры.
– Даводзілася чуць, дзе цяпер муж Рэгіны?
– Пра гэта гаворкі не было. Ведаю толькі, што Марэк спаў з ёй.
– Дарэчы, вам не даводзілася бачыць яго дакументы?
– Не паказваў, хоць ставіўся да мяне з павагай. Аднойчы ў горадзе мы ўтрох ішлі па вуліцы. Раптам насустрач – каменданцкі патруль. Спыніў нас. Марэк дастаў нейкія дакументы, прад’явіў, і нас адпусцілі. Што за дакументы, на чыё прозвішча – не ведаю.
– Прозвішча старшыны таксама не ведаеце?
– Не, не ведаю. Але ён казаў, што пасля нападу на машыну забраў дакументы забітых – вадзіцеля і тых двух чалавек, якія суправаджалі.
Машына нарэшце заехала ў горад. Прайшло яшчэ некалькі хвілін, і Славін ужо ўваходзіў у кабінет начальніка. Той, убачыўшы Уладзіміра, нецярпліва спытаў:
– Ну што? Паказаў?
– Так, сапраўды! Паказаў. А Кладнова паказала?
– Не. Не змагла знайсці ў лесе паварот, які вядзе да хутара. Асабіста яна была ў Птушак, здаецца, толькі два разы. Цяпер усё занесла снегам, і Кладнова, як ні старалася адшукаць дарогу да хутара, так і не змагла.
– Па якой дарозе ехалі?
– Дарогу яна памятае. Вось паглядзі, – Пётр Пятровіч падышоў да стала і разгарнуў карту, – бачыш? Ехалі па гэтай дарозе.
– Правільна! – узрадаваўся Славін. – Масленікаў таксама па гэтай дарозе вёў. Паварот прыблізна ў гэтым месцы. Масленікаў нядаўна там быў і то ледзь пазнаў. А вось тут – сядзіба Рэгіны Птушак.
І Славін падрабязна расказаў, як ён аглядаў хутар.
– Уначы зможаш знайсці дарогу да яго? – спытаў начальнік аддзела.
– Вядома.
– Тады ідзі адпачывай. Гадзіны ў тры падымем цябе, адвязём групу назіральнікаў, расставім у лесе вакол хутара. Калі пераканаемся, што бандыты там, пачнём аперацыю.