Текст книги "Вам — заданне"
Автор книги: Мікалай Чаргінец
Жанр:
Прочие приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 24 страниц)
Капітан Пётр Мачалаў
Ноч. Мароз. Сцюдзёны вецер паступова заносіў снегам акопы. Два ўжо немаладыя салдаты з трывогай пазіралі ў бок капітана, які стаяў непадалёку. У раскрытым шынялі, без галаўнога ўбору, ён моўчкі глядзеў туды, дзе знаходзіўся праціўнік.
Байцам было холадна, самы час згарнуць самакрутку і, хаваючы яе ў рукаве, зацягнуцца моцным тытунём. Але нельга, побач камбат. Яшчэ, чаго добрага, прабярэ за курэнне на пасту. А назіральнікам знаходзіцца на марозе яшчэ не менш як гадзіну. Адзін з іх ледзь чутна прабурчаў:
– І чаго ён тырчыць тут? Ішоў бы да сябе ў зямлянку. Там, нябось, ад спякоты хоць да сподняга распранайся.
– Не кажы, курыць так хочацца, аж у роце казыча.
– Што праўда, то праўда. Калі ў мяне ў руцэ цыгарка дыміцца, то мне здаецца, што яна нават душу адагравае.
– А яно так і ёсць. Дым жа цёплы, удыхнеш – і ўнутры цяплей становіцца.
– А камбат вось без шапкі, так і прастыць можна. Бач, як нямецкую пазіцыю вывучае, пэўна, заўтра ў атаку загад паступіць.
– Наўрад. Вось атрымаем папаўненне, тады фрыцаў далей папром.
Чырвонаармейцы, вядома, не маглі бачыць твар Мачалава, яго адсутны погляд. У правай руцэ ён сціскаў лісток паперы. Г адзіну назад да яго ў бліндаж увайшоў Грыдзін. Яго стомлены худы твар здаваўся чорным. Ён моўчкі зірнуў на ардынарца. Той накінуў на плечы шынель, нацягнуў на галаву шапку і, узяўшы для чагосьці сякеру, што ляжала на бярэмі дроў ля распаленай печы, выйшаў.
Мачалаў, нібы прадчуваючы бяду, моўчкі глядзеў на камандзіра палка. Той нейкім чужым, надтрэснутым голасам сказаў:
– Пеця, трымайся, браток, бяду прынёс табе!
Ён працягнуў Мачалаву лісток паперы і, нібы апраўдваючыся, растлумачыў:
– Толькі што з дывізіі даставілі.
Мачалаў разгарнуў лісток і напаўголасу пачаў чытаць:
«Як паведамляе штаб партызанскага руху жонка і двое дзяцей Мачалава разам з іншымі жыхарамі вёскі спалены. Гэтыя дадзеныя атрыманы ад партызанскага атрада, які дыслакуецца ў названым раёне».
Вочы Пятра завалакло смугой. Мозг не хацеў успрымаць сэнс прачытанага. Мачалаў яшчэ і яшчэ раз учытваўся ў напісанае, удумваўся ў яго сэнс. А сэрца паўтарала: «Не, не, гэта не пра іх! Гэта нейкая памылка! Урэшце, ці мала Мачалавых у арміі?» Але паступова да Пятра пачало даходзіць, што гаворка ідзе пра яго Таню і дзяцей. Ён успомніў, як яшчэ Тарасаў казаў яму, што высвятляюць лёс яго сям’і. Ох як не хацелася Пятру верыць у тое, што здарылася!
Ён як у трызненні накінуў на сябе шынель і, хістаючыся, пайшоў да пярэдняй лініі акопаў. Апынуўшыся ў размяшчэнні сваёй былой роты, Пётр спыніўся ў траншэі, дзе не было людзей, і падставіў твар марознаму ветру. Думкі былі бязладнымі і панурымі. Пётр разумеў, што ўжо больш ніколі не ўбачыць Таню, не пагладзіць пышныя валасы Юлі, не абніме далікатнае цельца сына, не прыцісне іх да сваіх грудзей. Ад усведамлення гэтага станавілася жудасна, хацелася кудысьці бегчы, крычаць. Мачалаў не бачыў ні салдат, што знаходзіліся ў дазоры, ні камандзіра палка Грыдзіна, які следам за ім прыйшоў у гэту траншэю і, сціскаючы ў руцэ шапку Мачалава, не адважваўся падысці да яго.
Пётр знаходзіўся ў нейкім страшным забыцці. Думкі змяшаліся, і ў памяці ўсплывалі то твары жонкі і дзяцей, то суровая рэчаіснасць нагадвала пра сябе асвятляльнымі ракетамі, кулямётнымі чэргамі трасіруючых куль.
Нарэшце Грыдзін вырашыўся падысці да яго. Ён моўчкі надзеў на галаву Мачалава шапку і толькі пасля гэтага ціха сказаў:
– Пойдзем, Пеця, – і пацягнуў яго за рукаў, – пойдзем.
Мачалаў, нібы ў сне, паплёўся за падпалкоўнікам.
Яны моўчкі ішлі па траншэі, пакуль не набрылі на кулямётнае гняздо. Кулямётчыкі, пазнаўшы камандзіраў, выцягнуліся па стойцы «смірна». Грыдзін скамандаваў «вольна» і, упёршыся нагамі ў процілеглую сценку акопа, вылез наверх. Працягнуў руку Мачалаву:
– Давай сюды. Тут па прамой бліжэй усяго да твайго бліндажа.
Патанаючы па калені ў снезе, яны накіраваліся да бліндажа капітана.
Грыдзін, падаўлены горам Мачалава, якога шчыра любіў і шанаваў, з тры – вогай думаў, як дапамагчы яму, як вярнуць яго да жыцця.
Яны ўвайшлі ў горача напалены бліндаж. Адшукаўшы вачамі пляшку, падпалкоўнік, не здымаючы паўкажушка, плюхнуў з яе ў алюмініевыя кружкі спірту:
– Давай, браток, па звычаі ўспомнім іх. Трымайся і памятай: не ў аднаго цябе гора. Многія страцілі сваіх родных, вакол зямля гарыць – вайна, брат. Мы з табой салдаты, і наш абавязак – помсціць ворагу і гнаць яго з нашай зямлі. Зразумей, цяпер не ў слёзах наша суцяшэнне, а ў смерці ворагаў нашых.
Мачалаў узяў кружку, на яго вачах блішчалі слёзы. Ён ціха, звяртаючыся да жонкі і дзяцей, сказаў:
– Прабачыце мяне, родныя! Не змог я прыйсці вам на дапамогу, але помсціць буду за вашу згубу да апошняга дыхання! – і ён залпам выпіў. Затым нягнуткімі пальцамі чамусьці зашпіліў усе гузікі на шынялі і цяжка апусціўся на самаробную табурэтку, што стаяла ля стала.
– Ты б зняў шынель, Пётр, – прапанаваў Грыдзін. Адчувалася, што падпалкоўнік разгублены і падаўлены. Ён не ведаў, што трэба рабіць, што казаць. Ён спрабаваў дапамагчы Мачалаву распрануцца, але той адвёў яго руку, зняў шынель і павесіў яе на цвік каля ўвахода, пачапіў шапку і вярнуўся да стала. Грыдзін наліў зноў. Па старадаўнім звычаі выпілі тройчы…
А раніцай пачаўся бой.
Мачалаў звязаўся з камандзірам першай роты і загадаў яму флангавым агнём з кулямётаў падтрымаць другую роту, дапамагчы ёй адсекчы варожую пяхоту ад танкаў. Зрабіць гэта было цяжка. Прайшлі тыя часы, калі немцы хадзілі ў атаку на поўны рост, расцягнуўшыся ў ланцугі па ўсім фронце. Цяпер яны трымаліся групамі бліжэй да танкаў, хаваючыся за іх браню.
Чырвонаармейцам не ўдавалася прымусіць ворага залегчы. Танкі ўзмацнілі агонь і, зменшыўшы хуткасць, асцярожна, нібы прынюхваючыся, працягвалі паўзці наперад. Нечакана ў нізкі, глухі гуд танкавых матораў, рэзкіх кулямётных стрэлаў і дроб стрэльбава-кулямётнага агню ўмяшаўся іншы гук. Мачалаў мімаволі ўвагнуў галаву ў плечы – інстынкт самазахавання апярэдзіў свядомасць. Гэта гулі самалёты. Толькі чые яны?
Пётр падняў галаву і з палёгкай уздыхнуў: «Свае!»
Звяно «ілаў» адразу ж узялося за работу. Танкі пачалі кідацца ў розныя бакі. Гэтым скарысталіся артылерысты: адзін за адным успыхнулі тры танкі, і немцы пачалі адыходзіць, пяхота, якая апынулася на адкрытым полі без танкавага прыкрыцця, панесла значныя страты. На белым полі ў шматлікіх месцах чарнелі трупы.
Самалёты, адбамбіўшыся, з ровам разгарнуліся над полем і паляцелі.
Мачалаў адарваў бінокль ад вачэй і выдыхнуў: «Ну, першую атаку адбілі, трэба чакаць другую».
Ён звязаўся з Грыдзіным і далажыў абстаноўку. Той папярэдзіў:
– На іншых участках палка нам з цяжкасцю ўдалося адбіць атаку, так што сіл у фрыцаў дастаткова. Я думаю, што трэба чакаць новую хвалю.
– Я таксама так падумаў, дазвольце рыхтавацца?
І Мачалаў накіраваўся да першай лініі абароны. Толькі ён наблізіўся да траншэі, як па ёй з канца ў канец трывожна пранёсся сігнал: «Паветра!»
Усё бліжэй і бліжэй наплываў цяжкі, густы гул матораў.
– Таварыш капітан, скачыце сюды! – паклікаў Мачалава Чубарук. Яго твар быў у сажы. Старшы лейтэнант вычакаў, пакуль камбат апынецца побач, і растлумачыў:
– Снарад побач разарваўся, вочы засыпала, ледзь працёр.
Мачалаў зірнуў угару і ўбачыў, як да лініі акопаў на развароце падыходзіць шасцёрка «юнкерсаў». Прайшло імгненне, і самалёты з нарастаючым выццём, што рвала душу, пачалі крута пікіраваць на акопы.
Зямля цяжка здрыганулася, і жахлівай сілы выбух разануў слых. Праз секунду ўсё паўтарылася зноў, і неўзабаве выбухі бомбаў зліліся ў цяжкі, аглушальны грукат, які паралізоўваў свядомасць, прымушаючы кудысьці бегчы.
Мачалаў ужо шмат разоў трапляў у такую сітуацыю, і заўсёды дзесьці ў свядомасці ўзнікаў вось такі панічны страх. Праўда, ён навучыўся намаганнямі волі душыць яго, але цалкам пазбавіцца так і не змог. На галаву, за каўнер, паляцелі дробныя камячкі зямлі і снег, па разгарачаным целе пацяклі халодныя струменьчыкі адталай вады. А вакол па-ранейшаму ўсё грукатала, зямля ходырам хадзіла. Здавалася, што гэтаму пеклу не будзе канца. Але вось бамбёжка скончылася, і Мачалаў выбраўся з паўразбуранай нары.
Чуліся крыкі параненых. Побач Мачалаў убачыў байца. Ён стаяў без шапкі, прыпёршыся спінай да цудам захаванай сценкі акопа. У яго з носа і вушэй цякла кроў.
Нечакана Пётр адчуў, што хтосьці цягне яго за рукаў. Азірнуўся – Чубарук, а побач з ім… Вольга Ільінічна Васілеўская. Яна пазнала Мачалава і, хутка набліжаючыся, трывожна аглядала яго:
– Вы паранены, Пётр Пятровіч?
– Не, быццам бы цэлы. – І, павярнуўшыся да Чубарука, загадаў: – Арганізуйце дапамогу параненым. Многіх магло засыпаць, а затым трэба як мага хутчэй аднавіць траншэю, немцы могуць у любы момант зноў у атаку пайсці Чубарук пайшоў, і яны засталіся адны. Вольга Ільінічна дастала з сумкі марлевую сурвэтку і голасам, які не церпіць пярэчанняў, сказала:
– Давайце я вам вытру твар.
– Дзякуй, – збянтэжана прагаварыў Мачалаў.
– Калі ласка, – усміхнулася Васілеўская і спытала: – Пра сям’ю нічога не даведаліся?
Яна ўбачыла, як стомлены, бледны твар Мачалава адразу ж стаў зямлісташэрым, і трывожна спытала:
– Здарылася штосьці?
– Так, яны загінулі.
Нібы расплаўлены свінец паліў у грудзі. Мачалаў адвярнуўся ад Васілеўскай і глуха выціснуў з сябе:
– Спалілі іх немцы, жыўцом спалілі.
Слёзы засцілі яму вочы. Пальцы ўпіліся ў рыхлы пасля бамбёжкі край акопа.
Вольга Ільінічна ледзь стрымлівала слёзы. Чужая бяда ўскалыхнула яе боль, і яна, як ніхто іншы, разумела стан Мачалава.
Уладзімір Славін
Запасная база партызан была далёка ад усіх дарог, глыбока ў лесе. Як толькі атрад прыбыў сюды, адразу ж пачалі рыхтавацца да зімы. Партызаны рамантавалі зямлянкі, нарыхтоўвалі дровы, прыводзілі ў парадак студню. Спраў было шмат.
Славін патрапіў у адну зямлянку з камандзірам роты Тамковым, а таксама Сяргеем Панчанкавым, Антошыным, Рогавым, Бартошыкам і Антонам Крайнюком.
Прайшло чатыры дні, і ў іх лясным жытле ў жалезнай печцы ўжо весела патрэсквалі дровы. Вечарэла. Скуголіў моцны парывісты вецер. Славін зручна ўладкаваўся на нарах, збітых з тонкіх жэрдак і пакрытых яловымі лапкамі, падрыхтаваўся слухаць Тамкова. Расказваў той весела і займальна.
Нечакана расчыніліся дзверы, зазірнуў пасыльны:
– Тамкоў, Крайнюк, Славін! Да камандзіра.
Усе хутка апрануліся, выйшлі з зямлянкі. Марозны вецер залазіў пад адзежу, абпальваючы твар.
– Хутка снег ляжа, – заўважыў Тамкоў. – Трэба белыя маскіровачныя халаты даставаць.
– У немцаў пазычым.
У камандзірскай зямлянцы было цёпла, гула чыгунная печ. Пад столлю на дроце вісела газавая лямпа. Поруч стала стаялі камандзір атрада і начальнік штаба брыгады. Глазкоў запрасіў Тамкова з хлопцамі да стала:
– Вам заданне. Вось гэту дарогу бачыце? – ён паказаў на карце звілістую лінію. – Яна вядзе прама ў цэнтр партызанскай зоны. У апошнія дні нашы разведчыкі засеклі на ёй інтэнсіўны рух немцаў. Мабыць, рыхтуюцца новыя карныя паходы. Самі разумееце, што жыхарам, асабліва жанчынам і дзецям, узімку схавацца няма дзе. У лес не сыдзеш. Гэту ж дарогу можна выкарыстоўваць і для скрытай перадыслакацыі войск. Нашы суседзі, дый партызаны з нашага атрада, шмат разоў ставілі на ёй міны, але немцы нейкім чынам выяўлялі іх і здымалі. Камандзір брыгады загадвае нашаму атраду правесці некалькі дыверсій. Хачу даручыць гэта вашай роце. Так што рыхтуйцеся.
– Таварыш камандзір! – узмаліўся Славін. – Дазволіце нам узяць процітанкавыя міны. Самі ведаеце, дарога няблізкая, выбухаў давядзецца рабіць шмат, а з мінамі марокі менш.
У атрадзе мін было мала. Тыдзень назад групе партызан удалося на дарозе перахапіць нямецкі грузавік. У перастрэлцы вадзіцель і трое салдат, якія знаходзіліся ў машыне, былі забіты. У кузаве партызаны знайшлі тры дзясяткі процітанкавых мін. Прынеслі ў атрад і расходавалі іх вельмі ашчадна, толькі па загадзе камандзіра.
Але Глазкоў разумеў, што значыць дзясяткі кіламетраў несці па бездаражы цяжкія мяшкі з узрыўчаткай. Да таго ж групе трэба было паклапаціцца і пра цёплую адзежу, бо начаваць давядзецца на холадзе ў лесе.
– Добра, скажыце начальніку гаспадаркі. Хай выдасць дзясятак мін.
Партызаны тут жа адправіліся адшукваць начальніка. Аднак не паспелі яны адысці і пяцідзесяці метраў, як іх дагнаў баец з камандзірскай аховы і перадаў, што Тамкову загадана вярнуцца ў зямлянку. Андрэй Лявонцьевіч паціснуў плячамі, павярнуў назад. Хвілін праз дзесяць ён дагнаў іх і, весяла ўсміхаючыся, сказаў:
– Парадак, хлопцы! Камандзір загадаў ехаць на конях.
– Вось гэта правільна! Ногі цалейшыя будуць, – узрадаваўся Крайнюк.
Пасада начальніка гаспадаркі перайшла да дзеда Валенты. Яго ўжо не пасылалі на заданні, але са сваёй аднастволкай ён так і не расставаўся.
Тамкоў, Крайнюк і Славін знайшлі яго ў гаспадарчай зямлянцы. Дзед адрозніваўся скупасцю. Асабліва калі справа тычылася мін. Выдаваў іх звычайна па адной, як бы ад сэрца адрываў. Партызаны, ведаючы гэта, пачалі здалёку. Уладзімір прысеў каля старога:
– Вось бы мне такія рукі. Глядзі, як зямлянку адштукаваў! Палац!
– Не, хлопец! Мала табе будзе такіх рук, – прабурчаў Валента. – Да іх яшчэ і галава патрэбна. Кажыце, што трэба?
Дзявацца не было куды, і Тамкоў сказаў дзеду, што яны ідуць на заданне. На здзіўленне партызан, той не стаў упірацца і даў міны, ды і коней выдзеліў нядрэнных. Праўда, Славіну замест сядла дастаўся кавалак старой ватовай коўдры.
Ранкам група з дзевяці чалавек адправілася ў шлях. Славін сядзеў на стройным жарабцы па мянушцы «Хлопчык», з цікавасцю слухаў расказ Грыбава. Гэты чалавек да вайны працаваў у калгасе трактарыстам. Калі пачалася вайна, яму споўнілася дваццаць пяць гадоў. Першыя цяжкія дні ён перажыў дома, лежачы ў пасцелі пасля аперацыі. Таму ў армію яго не ўзялі. Але як толькі ўстаў на ногі – адразу ў лес, адшукаў партызан, стаў ваяваць.
І вось ужо каторы раз Грыбоў не без задавальнення расказваў, як ён разам з групай таварышаў падпаліў гранатай нямецкі склад з гаручым і падчас пажару ў мітусні падабраўся да хаты, дзе кватараваў нейкі фашысцкі чын.
– Выбягаю я з-за кута, – жэстыкулюючы, гаварыў Грыбаў, – гляджу: паставыя – два фрыцы. Шаснуў з аўтамата – палажыў абодвух. Уявіце сабе, нават і не пікнулі. Тут сам «гаспадар» у афіцэрскай форме з’явіўся. Тоўсты, як парсюк, у акулярах, парабелум на ўзводзе трымае. Аднак я апярэдзіў яго. Ударыў кароткай чаргой прама па акулярах. Толькі аскепкі пырснулі! Хуценька забраў яго дакументы, вось гэту штучку, – Грыбоў паказаў на пісталет, які тырчыць за рамянём пад ватоўкай. – Дай, думаю, зазірну яшчэ ў хату. Заскочыў. Гляджу – на стале карта, партфель скураны. Сабраў усё гэта і – дай Бог ногі – агародамі, агародамі ды да лесу.
Апавядальнік вытрымаў паўзу, дастаў капшук з тытунём, згарнуў цыгарку. Усе з нецярпеннем чакалі працягу.
– А далей што? – не вытрымаў Славін.
– Што было далей, пытаеш? – Грыбоў салодка ўцягнуў у сябе дымок, уважліва паглядзеў на Уладзіміра. – Дык вось што было, дружа. Прыйшлі мы ў атрад, як і трэба, далажылі камандзіру. А ў яго зямлянцы – начальнік контрразведкі з брыгады. Нямецкую, відаць, добра ведае. Бярэ ён запісную кніжку фрыца, якая аказалася сярод іншых дакументаў, пачынае чытаць. І раптам як засмяецца! Проста пацеха. Аказваеца, натыкнуўся на даваенныя запісы немца, дзе той распісваў кожны свой дзень, літаральна па хвілінах. Там ёсць і такі запіс:
«Пад’ём – шэсць гадзін пяцьдзясят пяць мінут. Марта – сем гадзін нуль нуль мінут – сем гадзін пятнаццаць мінут».
– Бач ты! – усміхнуўся Тамкоў, які ехаў прабач. – Для жоначкі ні хвіліны менш, ні хвіліны больш.
Славін не зразумеў:
– А што ён рабіў увесь гэты час і чаму пра нейкую Марту піша?
Усе дружна засмяяліся. Рогат стаяў на ўвесь лес. Збянтэжаны Уладзімір здзіўлена глядзеў на сваіх таварышаў.
Тамкоў пачакаў, пакуль супакояцца, і, імкнучыся быць сур’ёзным, патлумачыў:
– Разумееш, Валодзя, калі ты станеш дарослым і жэнішся, у цябе таксама з’явіцца адзін абавязак: будзеш будзіць жонку, каб яна, скажам, на працу не спазнілася.
– Сняданак табе прыгатавала, – падтрымаў Грыбаў. Уладзімір, адчуваючы падвох у словах мужчын, прабурчаў:
– Не разумею, чаму абавязкова муж павінен будзіць жонку. Мая мама, напрыклад, сама бацьку будзіла.
Яму не далі гаварыць, і зноў на ўвесь лес раздаўся рогат. Грыбаў прыпаў да грывы каня і, імкнучыся не выпасці з сядла, рагатаў да слёз.
Тамкоў раней бываў у гэтых месцах і памятаў, што тут дзесьці ёсць закінутая старожка, а поруч яе, і гэта самае галоўнае, стаіць невялікі хлеў, дзе можна схаваць коней.
Пакінуўшы групу ў лесе, ён накіраваўся да дарогі, каб лепш зарыентавацца і адшукаць старожку. Вярнуўся прыкладна праз паўгадзіны, і маленькі атрад рушыў далей. Тамкоў спяшаўся. Да наступлення цемры неабходна было прыбыць на месца. Ён увесь час прыспешваў:
– Хутчэй, браткі! Калі сцямнее – не знайсці нам той старожкі і начаваць давядзецца ў лесе.
Аднак ім пашанцавала. Тамкоў сапраўды добра запомніў дарогу. Яшчэ не паспеў апусціцца змрок, а група пад’ехала ўжо да маленькай старожкі. За ёй віднеўся невялікі хлеў з дзвярыма, якія боўталіся на адной завесе, і дзіравым саламяным дахам. Тамкоў зазірнуў унутр і ўключыў кішэнны ліхтарык. Было пуста.
– Ну што, хлопцы? Ноч насоўваецца. Будзем прыстасоўвацца. Спачатку трэба заткнуць шчыліны, хоць бы самыя вялікія. А заўтра падумаем, што рабіць з гэтай развалюхай.
Не ў лепшым стане была і старожка. Земляная захламленая падлога, перавернутая ўгару ножкамі масіўная лава, павуцінне ды прэлае лісце па кутах – вось, мабыць, і ўсё, што тут убачылі партызаны. У хатцы калісьці было два невялікія акенцы. Зараз замест іх у сцяне зеўралі толькі пустыя праёмы. Дзвярэй таксама не аказалася. А на дварэ ўжо было цёмна. Усе настолькі змарыліся, што сіл хапіла толькі на тое, каб паставіць коней у хлеў, наламаць яловых галінак ды завесіць вокны і ўваход у старожку. Спаць улегліся на падлозе.
Ноч прайшла спакойна, а раніцай Тамкоў падзяліў свой нешматлікі атрад на групы. Адна з іх павінна была заняцца рамонтам, другая – шукаць корм для коней. Сам жа Тамкоў разам са Славіным адправіўся на рэкагнасцыроўку, хацеў удакладніць, дзе размяшчаюцца нямецкія гарнізоны.
Яны ішлі крыху больш як гадзіну і апынуліся ля дарогі. Па ёй сапраўды часта праносіліся калоны нямецкіх машын і адзінкавыя аўтамабілі. Адчувалася, што фашысты тут нічога не асцерагаліся. Тамкоў выцягнуў з-за пазухі карту, разгарнуў яе, уважліва паглядзеў і сказаў:
– Кіламетрах у трох адгэтуль ёсць невялікая вёсачка. Давай махнём туды, з людзьмі пагаворым.
Улучыўшы момант, калі на дарозе нікога не было, яны перабеглі на процілеглы бок. Паглыбіўшыся метраў на трыста ў лес, пайшлі паралельна шашы. Прыкладна праз кіламетр наткнуліся на прасёлкавую дарогу. Тамкоў зноў дастаў карту і, зазірнуўшы ў яе, упэўнена заўважыў:
– Гэта дарога вядзе да вёскі.
Праз паўгадзіны яны выбраліся з лесу. Наперадзе ляжала поле, за ім – вёсачка хат на дваццаць – дваццаць пяць. Схаваўшыся ў кустах, партызаны сталі назіраць.
Прайшло каля гадзіны. Нічога падазронага разведчыкі ў вёсцы не заўважылі. Уладзімір прапанаваў:
– Андрэй Лявонцьевіч, давайце я аўтамат пакіну тут, а сам туды махну, разбяруся, што да чаго.
– Не спяшайся. Пойдзеш – а там засада ці на паліцая напорашся. Бачыш, як вёска размешчана? Вакол поле. Усё як на далоні відаць. Немцы любяць у такіх месцах спыняцца. Подступы добра праглядаюцца і прастрэльваюцца.
Славін, не адказваючы, глядзеў у бок вёскі. Ён заўважыў каля крайняй хаты нейкі рух. Убачыў гэта і Тамкоў. З двара выйшаў конь, запрэжаны ў падводу. Фурманка павольна пакаціла да лесу. Неўзабаве яна праехала міма партызан. Тамкову і Славіну давялося пасунуцца крыху направа і, маскіруючыся ў хмызняку, ісці следам за ёй. Яны паспелі ўжо разглядзець, што на возе сядзяць два чалавекі: стары, які кіраваў старой кабылай, і жанчына, захутаная ў цёплую хустку. Яны зрэдку абменьваліся паміж сабой кароткімі фразамі, а конь павольна цягнуў воз. Тамкоў хацеў падысці да фурманкі, але стары тым часам тузануў за лейцы і павярнуў каня направа, на ледзь прыкметную лясную дарожку. Партызаны прыселі за кустом, каб не патрапіць на вочы. Фурманка праехала міма. Захоўваючы неабходную дыстанцыю, партызаны паціху пайшлі за ёй.
Мінут праз дзесяць – пятнаццаць пачулася: «Тпру!» Фурманка спынілася на невялікай паляне каля кучы колатых дроў. Спачатку злез з воза стары, потым саскочыла жанчына. Яна развязала хустку, і партызаны са здзіўленнем убачылі, што гэта яшчэ зусім юная дзяўчына.
Стары і дзяўчына пачалі накладваць на воз паленні.
– Ну што? Дапаможам? – шэптам спытаў Тамкоў і ступіў да паляны.
Услед за ім пайшоў і Славін.
– Памагай божа! – весела сказаў Андрэй Лявонцьевіч. Стары і дзяўчына здрыгануліся, моўчкі глядзелі на падыходзячых людзей.
– Што маўчыце? Спалохаліся, напэўна?
– Ды не так, каб вельмі, – адказаў стары і абапёрся на перадок воза, дзе, па ўсёй верагоднасці, ляжала сякера. – Проста – людзі незнаёмыя.
– Мы ідзём сваёй дарогай. Раптам чуем – шум нейкі, зазірнулі сюды. Бачым, людзі працуюць, вось і падышлі.
Тамкоў, каб не палохаць старога і дзяўчыну, не стаў да іх падыходзіць блізка, а прысеў на зваленую бярозку. Славін спыніўся за яго спінай.
– А вы хто будзеце? – пацікавіўся стары, якога трохі супакоілі паводзіны незнаёмцаў.
– Партызаны, – адказаў Тамкоў і, заўважыўшы, што стары паглядзеў недаверліва, спытаў: – Напэўна, не даводзілася бачыць нашага брата зблізку?
– Даўно штосьці не чулі пра вас, – збянтэжыўся стары. Тамкоў, як бы мімаходзь, пацікавіўся, з якой яны вёскі. Стары сказаў праўду. Тады Андрэй Лявонцьевіч пачаў распытваць, што чуваць у вёсцы і ў раёне.
– У нас немцаў няма, але прыязджаюць часта.
– Дзе спыняюцца?
– У хатах, – усміхнуўся стары. – Якія хаты лепшыя, у тых і спыняюцца.
– А калі некалькі чалавек зазірне, – дадала дзяўчына, – то ў хаце старасты ўладкоўваюцца.
– Кажаце, стараста ў вас ёсць? – зірнуў на старога Тамкоў. – Можа, конь і падвода знойдуцца ў яго?
– Вядома. Трох коней у стайні трымае.
– Што ён за чалавек?
– Стараста! – недвухсэнсоўна заўважыў дзед, даючы зразумець, што гэтым сказаў усё.
– Дзе жыве?
– Калі з гэтага краю заязджаць, то па правым баку шостая хата.
– А вы дзе жывяце? – Тамкоў яшчэ раз вырашыў пераканацца ў тым, што гэтыя людзі кажуць праўду.
– У першай хаце з гэтага краю, – адказаў стары і нечакана пацяплелым голасам дадаў: – Ды вы, сынкі, у нас не сумнявайцеся. У мяне два хлопца ў Чырвонай Арміі, у яе – бацька. Так што мы людзі свае.
Стары і дзяўчына расказалі, што недалёка ад суседняй вёскі знаходзіцца невялікі нямецкі склад з фуражом. Там жа захоўваецца збожжа, яшчэ не вывезенае ў Германію. Дзед дадаў, што перад фашыстамі стараста асабліва не выслужваецца, затое з сялян імкнецца сарваць усё, што толькі можна.
– Ён ведае, што яе бацька ў Чырвонай Арміі, – кіўнуў стары на дзяўчыну. – Абяцаў не казаць пра гэта немцам, але запатрабаваў каня. Давялося аддаць.
– А што вашы дзеці ў Чырвонай Арміі – ведае?
– Спрабаваў, ліха яго маці, і да мяне падкаціцца, ды дулю пад нюхаўку атрымаў. – Дзед усміхнуўся: – Я склаў байку, што сыны мае перад самай вайной зніклі.
– І паверыў?
– А то як жа. Паверыў.
Партызаны дапамаглі скласці ў падводу дровы, праводзілі старога і дзяўчыну ў зваротную дарогу. Тамкоў яшчэ раз удакладніў, дзе знаходзіцца нямецкі склад.
– Куды цяпер? – спытаў Славін.
– Давай склад паглядзім. Гэта недалёка, кіламетры два.
Прытрымліваючыся ўзлеску, яны неўзабаве выйшлі да шашы, на якой іх група павінна была «навесці парадак». Тут павярнулі налева. Кіламетры праз два лес скончыўся. Тамкоў дастаў бінокль, пачаў уважліва разглядаць вёску. Нарэшце ён убачыў тое, што шукаў.
– Вось ён, склад! Плот драўляны – гэта добра, – казаў Андрэй Лявонцьевіч. – Аховы не бачу. хоць, пастой, вунь салдат вылез, з вінтоўкай – факт, вартавы.
Неўзабаве Тамкоў заўважыў яшчэ аднаго фашыста:
– Атрымліваецца – склад ахоўваюць двое.
– Уначы можа быць і больш, – услых падумаў Славін.
– Магчыма і так. Што ж, давядзецца групай навальвацца.
– Антон Лявонцьевіч, але ж нам трэба не толькі склад знішчыць. Добра б перад гэтым назапасіцца фуражом.
– А хто кажа, што не?
– А як жа мы авёс павязём? На гарбу шмат не панясеш.
– Таксама правільна, – Тамкоў хітра ўсміхнуўся. – А ты не падумаў, чаму я наконт старасты пацікавіўся? Мы проста забяром падводу і на ёй прывязём корм. А калі снег ляжа, то і сена навозім.
Яны схаваліся ў хмызняку і хутка пайшлі да старожкі…
А на часовай стаянцы кіпела праца. Вокны ў хатцы партызаны заклалі дошкамі, якія знайшлі тут жа, на гарышчы, усе шчыліны запаклявалі мохам, знайшліся кімсьці раней сарваная з завес дзверы. Дзіркі ў даху былі старанна залатаны.
Грыбаў, які хадзіў з Рогавым адшукваць сена, дакладваў:
– Андрэй Лявонцьевіч! Поўны парадак. Знайшлі цэлы стог. Шкада толькі, што перавезці няма на чым.
– Добра, што знайшлі, – усміхнуўся Тамкоў. – За транспартам справа не стане. Так што можаш не хвалявацца.
Неўзабаве ўся група, усеўшыся ў кружок, пачала абедаць. Потым трэба было накарміць коней, і толькі пасля гэтага Тамкоў сказаў пра галоўнае.
– Сёння ўначы, – гаварыў ён, – трэба наведаць старасту, узяць у яго падводу і каня, адразу ж здзейсніць налёт на склад з фуражом і зернем, а да раніцы быць на месцы.
– Андрэй Лявонцьевіч! А можа, заадно і на дарозе папрацаваць трэба? – прапанаваў Крайнюк.
Тамкоў на секунду задумаўся:
– А што? Гэта, мабыць, ідэя. Ты і Грыбаў вазьміце па міне. Паспрабуем адзначыць наша з’яўленне ў гэтых краях.
Яшчэ не сцямнела, а партызаны на конях адправіліся на заданне. Пад’язджаючы да вёскі, Тамкоў паклікаў Славіна, ціха загадаў:
– Валодзя, пакінь каня і прабярыся да хаты, дзе жывуць нашы знаёмыя. Высветлі абстаноўку.
Славін полем падышоў да плота і, перамахнуўшы праз яго, заскочыў у сад. Пракраўся да хаты, намацаў дзверы, пастукаў. Пачакаў трохі і зноў пастукаў. Нарэшце за дзвярамі пачуліся крокі і голас старога:
– Хто там?
– Дзядуля, адкрыйце. Сёння мы ў лесе сустракаліся.
Рыпнула клямка, дзверы адкрыліся. На парозе ў адной ніжняй бялізне стаяў стары.
– Дзядуля, як у вёсцы? Ціха? Немцаў няма?
– Няма, сынок, няма. Ды што ты стаіш? Праходзь.
– Дзякуй. Мне некалі. Чакаюць. Да спаткання! – і ён знік у ночы.
Уладзімір хутка падбег да Тамкова і, перавёўшы дыханне, далажыў:
– Асцерагацца няма чаго. Можна ехаць далей.
Неўзабаве партызаны спешыліся ля хаты старасты. Сяргей Панчанкаў застаўся з коньмі. Рогаў заняў пазіцыю ля веснічак. Антошын падышоў да вокнаў з боку агароду. Астатнія стаялі ля ганка.
Тамкоў рэзка пастукаў у дзверы. Праз хвіліну пачулася, як рыпнулі дзверы. Хтосьці выйшаў у сенцы і там сцішыўся. Тамкоў яшчэ раз моцна стукнуў кулаком.
– Хто стукае?
– Пан стараста! Адкрыйце. Гэта я – старшы паліцэйскі Тамкоў.
– Які яшчэ Тамкоў? – незадаволена прабурчаў стараста і пачаў адсоўваць завалу. Як толькі дзверы прыадчыніліся, партызаны кінуліся ў сенцы. Грыбаў схапіў старасту за каўнер.
Стараста анямеў ад страху. Ён не сумняваўся, што да яго ўварваліся паліцаі:
– Што вы, хлопцы! Я ж свой. Я і ёсць стараста. Хадзем у хату – дакумент пакажу.
Увайшлі ў хату. Іх сустрэла спехам апранутая перапуджаная жанчына. На печы ляжалі двое дзяцей. Яны таксама не спалі і, атуліўшыся даматканай коўдрай, з трывогай глядзелі на тое, што адбывалася.
Стараста пакорпаўся ў драўлянай скрыні, працягнуў нейкую паперу:
– Вось, глядзіце! Тут і па-нямецку, і па-руску напісана.
Тамкоў хацеў парваць даведку, але перадумаў, склаў яе ў чатыры столкі і сунуў у кішэнь:
– Гэты дакумент мы зберажом для гісторыі, а дакладней, для суда, калі цябе, гада печанага, як здрадніка Радзімы караць будуць па ўсёй строгасці нашых законаў.
Гаспадар яшчэ больш разгубіўся. Нарэшце ён зразумеў, што ў хату прыйшлі партызаны. Жонка заплакала. Тамкоў сеў на крэсла, спакойна працягваў:
– Цябе, як апошняга нягодніка, трэба расстраляць. Скажу па праўдзе, калі ішлі сюды, так і думалі зрабіць. Ды вось дзетак шкада. Таму на першы раз папярэджваем: калі хоць адзін чалавек у вёсцы будзе пакараны за тое, што хто-небудзь з яго сваякоў у Чырвонай Арміі, – гаворка будзе кароткай. Зразумеў?
Стараста згодліва кіўнуў галавой:
– Так-так, зразумеў. Нікога не крану. Клянуся!
– Ты, прыхвасцень фашысцкі, не толькі нікога не кранеш з савецкіх людзей, – умяшаўся Грыбаў, – але нават і не пікнеш, што мы тут былі. Інакш з-пад зямлі дастанем.
Перапуджаны стараста кляўся, што будзе сябе весці лаяльна.
Славіну ўспомнілася нядаўняя гутарка ў лесе са старым і дзяўчынай.
– І не забудзься каня вярнуць людзям, якога як выкуп забраў, – папярэдзіў Уладзімір, падышоўшы ўшчыльную да старасты.
– Добра, добра. Сам адвяду.
– Апранайся, пойдзем у двор! – загадаў Тамкоў.
Жонка старасты павалілася на калені:
– Мілыя, родненькія! Не забівайце яго!..
– Устаньце! Ніхто яго забіваць не будзе. Але вы самі чулі: калі яшчэ асмеліцца шкодзіць людзям, то як шалёнага сабаку прыстрэлім.
Яны выйшлі ў двор, прымусілі старасту запрэгчы ў падводу каня і неўзабаве з’ехалі.
Калі да склада заставалася прайсці зусім трохі, Тамкоў даў каманду спешыцца. Ахоўваць воз і коней было даручана Рогаву і Бартошыку. Усе астатнія байцы асцярожна рушылі далей. Вось паказаліся ўжо абрысы склада. Тамкоў падняў руку. Група спынілася. Камандзір падрабязна, ва ўсіх дэталях растлумачыў, што павінен рабіць кожны ў момант налёту на аб’ект. Царыку і Панчанкаву, Антошыну і Грыбаву трэба было бясшумна прыбраць вартавых. Сам Тамкоў, Крайнюк і Славін, у выпадку неабходнасці, павінны былі прыкрыць сваіх таварышаў агнём з аўтаматаў.
Пасля гэтага байцы пайшлі наперад, непрыкметна для варожых вартавых занялі зыходныя пазіцыі.
Разбіўшыся парамі, чацвёра партызан папаўзлі да вартавых. Відавочна, немцы былі ўпэўнены, што ім нішто не пагражае, па іх звестках, партызанскіх атрадаў у акрузе не было. Адзін з іх, нібы жадаючы дапамагчы Царыку і Панчанкаву, падышоў да партызан амаль ушчыльную і павярнуўся спінай. Момант сапраўды быў удалым, другі немец тым часам знаходзіўся на іншым боку склада.
Панчанкаў першым кінуўся на гітлераўца. Закрыўшы яму анучай рот, ён нанёс дакладны ўдар кінжалам.
Падбегшы, Царык падхапіў вартавога і паклаў яго на зямлю. Складаней давялося Антошыну і Грыбаву. Яны пахваляваліся, перш чым удалося падабрацца да другога вартавога. Але і ў іх усё абышлося добра.
Цяпер патрабавалася як мага хутчэй завяршыць аперацыю. Тамкоў загадаў Славіну бегчы па коней і падводу.
Уладзімір кінуўся да месца, дзе стаіліся Рогаў і Бартошык. Тыя толькі чакалі сігналу. Рогаў ірвануўся на падводзе да склада. Славін і Бартошык ускочылі на сваіх коней і панесліся за ім. Верхавых коней іншых партызан пагналі побач з сабой.