355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Мікалай Чаргінец » Вам — заданне » Текст книги (страница 21)
Вам — заданне
  • Текст добавлен: 30 июля 2017, 04:30

Текст книги "Вам — заданне"


Автор книги: Мікалай Чаргінец



сообщить о нарушении

Текущая страница: 21 (всего у книги 24 страниц)

Уладзімір Славін

Настасся Георгіеўна ўзяла Уладзіміра за руку, павяла кудысьці. Побач ішла сястра. Уладзімір здагадаўся, што мама хоча паказаць, дзе цяпер жывуць яна і Жэня. Вось толькі гаворыць мама занадта пявуча, быццам не сваім голасам. І ў гэты момант Славін прачнуўся. Яго за плячо катурхаў Антошын:

– Колькі можна спаць! Прачніся!

Уладзімір працёр вочы. Убачыўшы сябра, сеў, звесіўшы ногі з канапы.

– Што здарылася?

– Што здарылася, што здарылася? – перадражніў Антошын, – Прывык на вышках суткамі дрыхнуць. Думаеш, і тут маліна будзе? Збірайся! Па цябе прыслалі.

Уладзімір пачаў апранацца. Зірнуў на гадзінік: палова на чацвёртую.

– Трэба ж! Самы салодкі сон парушыў. Дык ты скажаш, што здарылася?

– Начальнік загадаў на дзяжурнай машыне па цябе прыскокнуць, а што такое – сам толкам не ведаю.

Выйшлі на вуліцу, а вакол белым-бела.

– Глянь-ка, – здзівіўся Уладзімір, – колькі снегу наваліла!

– Зіма амаль заўсёды так вясну сустракае. Садзіся ў кабіну, а то спрасонку прадуе. Я ў кузаве пакалачуся, тут недалёка.

Славін улез у кабіну, прывітаўся з вадзіцелем. Той праз задняе шкло ўбачыў, што Антошын ужо ў кузаве, крануў з месца старую, паўразбітую паўтаратонку. Матор гулка залапатаў, машына ледзь прабівалася праз глыбокі снег. Кабіну прадувала наскрозь. Неўзабаве машына заехала ў двор невялікага дома, дзе размяшчаўся аддзел.

Мачалаў быў у сваім кабінеце, там жа сабралася чацвёра іншых супрацоўнікаў, сярод якіх Крайнюк і Бартошык. Славін падсеў да Бартошыка, шэптам спытаў:

– Што такое?

– Не ведаю. Зараз растлумачаць. Цябе што – з пасцелі паднялі?

– А цябе, напэўна, з пліты, – пажартаваў Уладзімір. – Таксама, нябось, дрыхнуў без задніх ног.

– Лап, – прагаварыў Бартошык.

– Што лап? – не зразумеў Славін.

– Трэба казаць лап, таму што задніх ног не бывае.

– Ведаеш ты шмат! – адмахнуўся Уладзімір. – А ў каня, каровы? Не, браток, скончыцца вайна, паступай у другі клас. Там якраз вучаць дзяцей лапы ад ног адрозніваць.

Начальнік аддзела зірнуў на гадзіннік:

– Я сабраў вас у сувязі з тым, што ў горадзе з’явілася небяспечная група злачынцаў, колькасць яе – сем-восем чалавек. Двое ўзброены аўтаматамі, астатнія – пісталетамі. Справа ўскладняецца яшчэ і тым, што ўсе яны апрануты ў форму камандзіраў і байцоў Чырвонай Арміі. Вы самі ведаеце, колькі вайсковых падраздзяленняў знаходзіцца ў горадзе і вакол яго, так што згубіцца ім сярод вайскоўцаў нескладана.

Цяпер пра дзеянні злачынцаў. Учора ўвечары, у васямнаццаць гадзін сорак хвілін, чацвёра з іх – адзін у форме маёра, другі – старшыны, астатнія ў адзежы радавых, уварваліся ў кватэру адказнага работніка, звязалі старэнькую маці, забралі ўсе каштоўнасці, рэчы, харчовыя карткі, а таксама дакументы і ўцяклі.

У два трыццаць група з шасці чалавек, дзе былі тыя ж маёр і старшына, здзейсніла разбойны напад на хату святара. Паранілі аднаго чалавека з прыслугі, другога зачынілі ў склепе, а самога святара зацягнулі ў далёкі пакой, пад катаваннямі прымусілі прызнацца, дзе схаваны каштоўнасці, рэквізавалі іх, затым учынілі сапраўдны пагром, забралі ўсе лепшыя рэчы, перанеслі ў грузавік, марка якога нам невядомая. У абодвух выпадках злачынцы назывался супрацоўнікамі НКУС. Група, як бачыце, вельмі дзёрзкая і небяспечная. Паранены, дарэчы, знаходзіцца ў крытычным стане. Такім чынам, мяркую, сітуацыя ясная. Усе вы прызначаецеся ў аператыўную групу, якую ўзначалю я. Якія будуць пытанні?

– Нашы ёсць на месцы здарэння?

– Так. Жонка святара, якую яны зачынілі ў пакоі, чула каманду аднаго з налётчыкаў: той камусьці са сваіх падручных загадаў адкрыць задні борт. Гэта, відавочна, для таго, каб пагрузіць швейную машыну. Пападдзя ўлавіла шум матора. Яна ўпэўнена, што бандыты прыязджалі на грузавіку. Пра гэта, між іншым, кажуць і самі факты. Снег да таго часу, пакуль не прыбылі нашы супрацоўнікі, яшчэ не паспеў засыпаць сляды колаў, дый шасцёра чалавек з вялікай колькасцю нарабаванага дабра наўрад ці могуць улезці нават у самы вялікі легкавы аўтамабіль.

– Адкуль вядома, што і ў першым, і ў другім выпадках маёр і старшына – адны і тыя?

– У маёра добра відаць шнар на твары, а ў старшыны забінтавана шыя.

– Пасты вакол горада папярэджаны?

– Так, адразу ж, як толькі паступілі звесткі пра здарэнне.

Пытанняў больш не было, і Мачалаў пачаў размяркоўваць заданні паміж супрацоўнікамі.

Славіна ён пакінуў апошнім, сеў побач:

– Перад табой, Уладзімір Міхайлавіч, стаіць асобая задача. Я гутарыў з пацярпелымі. Людзі яны пажылыя, з вялікім жыццёвым вопытам. І святар, і яго жонка заўважылі, што маёр часта ўжывае словы, уласцівыя злодзеям і бандытам тых часоў, калі тут існаваў рэжым белапалякаў. І я прыйшоў да высновы, што табе трэба папрацаваць у старым паліцэйскім архіве. Пацікаўся людзьмі, якія «ставілі» кватэры, параўнай прыкметы, – Пётр Пятровіч працягнуў Славіну лісток паперы: – Тут апісанне прыкмет бандытаў. Вазьмі на заметку і тых, хто ўтрымліваў прытоны. Словам, прыкінь, дзе і ў каго маглі спыніцца злачынцы.

Світанак заспеў Славіна ў архіве. З вялікай цяжкасцю адшукаў ён паліцэйскія дакументы, паглыбіўся ў іх чытанне. Як правіла, гэта былі дасье вельмі грунтоўныя, на рознага роду ашуканцаў, прастытутак, злодзеяў, рабаўнікоў, забойцаў.

Уладзімір не заўважыў, як і дзень скончыўся. Маўклівы і пануры, прыйшоў ён у сціплы пакойчык, які часова зняў у старых мужа і жонкі. Запаліў недагарак стэарынавай свечкі, заслаў пасцель, думаў адразу ж легчы спаць. Але, пасядзеўшы ў цішыні некалькі хвілін, не вытрымаў, апрануўся і накіраваўся ў аддзел. Прагледзеў у дзяжурнага журнал рэгістрацыі здарэнняў – нічога істотнага не адбылося. Пайшоў у свой кабінет. Уключыў святло, сеў за стол, і ў гэты момант з’явіўся дзяжурны. Хрыплым голасам сказаў:

– Выбач, Славін. Я тут закруціўся і ледзь не забыўся. Табе ліст.

Ён працягнуў папяровы трохкутнік. Уладзімір зірнуў на почырк, адразу ж пазнаў руку маці.

Дзяжурны выйшаў, а Уладзімір разгарнуў ліст і, перш чым пачаць чытаць, усміхнуўся, успомніўшы сон: «Трэба ж такое! Бачыў маму ў сне – і на табе – ліст. Чакай: Жэня ж таксама прыснілася. Можа, і яна дахаты вярнулася?»

Уладзімір прагледзеў ліст – так і ёсць! Сястра дома!

Ён усеўся ямчэй, пачаў чытаць уважліва, не прапускаючы ніводнага слова: «Дабрыдзень, сынок! Сёння вялікая радасць. Зусім нечакана з’явілася Жэня. Праўда, параненая ў руку. Таму ліст пішу я, а яна сядзіць побач і камандуе. Напэўна, прывыкла загады аддаваць. Раненне ў яе лёгкае, так што хутка ўсё пройдзе. Самае галоўнае, што Жэня вярнулася зусім. Цяпер удзвюх весялей цябе чакаць. Усялілі нас у старую кватэру. Рамонт пакуль рабіць не будзем, увесну зоймемся. Учора прыходзіў да мяне і суседзяў чалавек з НКУС. Цікавіўся Латанінай Святланай. Памятаеш, што насупраць нас жыла? Калі ты не забыўся, Латаніну мы з табой неяк бачылі на кірмашы падчас аблавы. Яна тады з афіцэрамі стаяла, а мы вырваліся з ачаплення. Аказваецца, гэта гадзюка многіх савецкіх людзей гестапаўцам выдала. Вось яе цяпер і шукаюць.

Справы ў горадзе папраўляюцца. Народу дадалося, адкрыліся крамы. Па нядзельных днях выходзім на ўборку горада. Усе працуюць ад душы. Ужо працуюць некаторыя заводы. Учора спрабавалі цукеркі з нашай фабрыкі „Камунарка“ – смачныя, жах! Далі нам воз дроў, так што ў холадзе сядзець не будзем. Атрымала харчовыя карткі, і Жэні таксама. Увогуле, сынок, пра нас не турбуйся і прадуктаў больш не пасылай. Імкніся сам сілкавацца лепей. У цябе арганізм малады, ды яшчэ перанёс цяжкае раненне.

Што ў цябе новага? Дзе і ў каго жывеш? Ці ёсць зімовая адзежа, абутак? Напішы нам. І, калі ласка, мы цябе вельмі просім, будзь асцярожны. У нашай сям’і з мужчын ты адзін застаўся. Я амаль кожны дзень цікаўлюся пра бацьку. Але пакуль так нічога і не даведалася. Хоць бы яго магілку адшукаць!

Чакаем цябе, не дачакаемся! Прыязджай хутчэй, сынок! Ужо так цябе ўбачыць хочацца! Цалуем і абдымаем. Пішы. Твае мама і сястра».

Славін адкінуўся на спінку рыпучага крэсла і, заплюшчыўшы вочы, уявіў сабе твар маці. сястры. Нясцерпна захацелася да іх – хоць на дзянёк, хоць на гадзіну, на хвіліну. Уладзімір ведаў: калі падысці цяпер да начальніка і папрасіць яго – той адпусціць. Але ж становішча ў горадзе, у вобласці якое! Не, нельга. «Вось зловім гэту банду, тады і папрашуся на пару дзянькоў», – вырашыў ён і, выняўшы са стала аркуш паперы, прыняўся за адказ. Але скончыць яго не паспеў. У кабінет увайшоў дзяжурны:

– Ты яшчэ тут? Разумееш, прыйшла жанчына. Маёр, хірургам у шпіталі працуе. Расказвае, што раніцай, калі яна ішла на дзяжурства, бачыла, як на адной вуліцы спыніўся аўтамабіль ЗІС. З кабіны выйшлі маёр і старшына. Яны нават дзверы кабіны не зачынілі і пабеглі ў зваротны бок. Тады яна асаблівай увагі гэтаму выпадку не надала, але ўвечары, калі вярталася са шпіталя, то зноў убачыла гэту ж машыну з занесенай снегам кабінай. Дайшла да сваёй хаты і. павярнула да нас.

– Дзе яна?

– У дзяжурцы. Пагутарыш?

– Вядома.

– Добра. Я зараз яе прывяду.

Праз некалькі хвілін у кабінет увайшла жанчына ў цёплым паліто з футравым каўняром, на нагах – валёнкі. Выглядала яна ледзь старэйшай за трыццаць. Славін запрасіў яе прысесці, а сам падумаў: «Нават не скажаш, што яна маёр. Звычайная цывільная жанчына, і ўсё тут». Падсунуў да сябе невялікі лісток паперы і спытаў:

– Ваша прозвішча, імя, імя па бацьку?

– Васілеўкая Вольга Ільінічна.

– Вы працуеце урачом у шпіталі?

– Так, я ўжо казала вашаму дзяжурнаму. Я – маёр медыцынскай службы, хірург.

Затым Славін уважліва выслухаў яе і задумаўся: «Жанчына, адчуваецца, чалавек назіральны. У марках машын разбіраецца добра, а чым чорт ні жартуе, раптам на гэтай машыне рабавалі злачынцы?» Ён зірнуў на Васілеўскую:

– Вольга Ільінічна, а што, калі мы з вамі паглядзім гэту машыну, не пярэчыце?

– Не, вядома. Я ж разумею.

– Ну, тады цудоўна. Едзем адразу ж!

Славін дастаў з шафкі ліхтарык, сунуў яго ў кішэнь паўкажушка, звыклым рухам локця дакрануўся да пісталета, які вісеў пад пінжаком, – на месцы, слізгануў поглядам па стале, ці ўсё схавана, і зірнуў на жанчыну. Яна адразу ж яго зразумела і ўстала:

– Пойдзем да машыны?

– Так-так, калі ласка.

Шафёр ужо быў на месцы.

– Залазьце ў кабіну ўдваіх, а то ў кузаве доўга не вытрываеш, – прапанаваў ён.

Ехаць давялося ў другі канец горада па вузкіх цёмных вуліцах і завулках. У кабіне было холадна і няўтульна.

Калі б Славін ведаў, з кім сутыкнуў яго лёс, то ён, перш чым ехаць да выяўленага грузавіка, завярнуў бы, вядома, да дома, дзе жыў Мачалаў. Але пра Васілеўскую Пётр Пятровіч ніколі не расказваў брату, таму Славін і не здагадваўся, што побач у кабіне старога грузавіка сядзіць не проста важная сведка, але і чалавек, які для яго брата вельмі дарагі. Ён нахіліўся да Васілеўскай і, імкнучыся перакрычаць шум матора, спытаў: – Далёка яшчэ?

– Не, тут налева, і мы прыехалі, – адказала Васілеўская.

За паваротам у святле фар з’явіўся грузавік. Спыніліся. Уладзімір абышоў машыну. Абедзве дзверцы былі расчынены насцеж. У сярэдзіне кабіны – снег. Ён спытаў у жанчыны:

– Скажыце, можа, машына сапсавана, і яе пакінулі, каб пазней узяць на буксір?

– Не ведаю. Але я бачыла – ехала нармальна. Калі б сапсавалася, то шафёр, мабыць, паспрабаваў бы адрамантаваць, ды і не кінулі б яны машыну так проста.

– Вы маеце рацыю, – пагадзіўся Славін і паклікаў шафёра: – Іван! Вазьмі ліхтарык. Правер, ці ёсць вада ў радыятары?

Шафёр падняў капот і, падсвечваючы сабе ліхтарыкам, пачаў аглядаць рухавік.

– Вада – дык ёсць, а вось радыятар. накрыўся. Замарозілі, сволачы! У многіх месцах прарвала.

Славін усё больш схіляўся да думкі, што на гэтай машыне сапраўды былі бандыты. Падзякаваўшы Вользе Ільінічне, ён загадаў шафёру адвезці яе ў шпіталь, а затым ехаць у аддзел, перадаць дзяжурнаму, каб той тэрмінова далажыў пра ўсё Мачалаву.

– А я буду тут чакаць.

Машына паехала. Уладзімір зачыніў капот, дзверцы кабіны, вырашыў пакуль абысці бліжэйшыя дамы, пагутарыць з жыхарамі. Ён прыкінуў час, праз які прыбудуць супрацоўнікі. Атрымалася, што гадзіны праз дзве.

Славін апытаў больш як дзясятак грамадзян, якія заўважалі кінутую на вуліцы машыну, але людзей, якія пакінулі яе, ніхто не бачыў. Паступова ён адыходзіў усё далей у тым кірунку, куды, паводле слоў Васілеўскай, накіраваліся маёр і старшына. За паўтары гадзіны ён дабраўся да апошняга кутняга дома. «Зайду яшчэ сюды і буду вяртацца», – падумаў ён, уваходзячы ў двор. Падняўся на высокі ганак, пастукаў у дзверы. Пачакаў, зноў пастукаў. Нарэшце ў калідоры пачуліся крокі, і дзверы прыадчыніліся. З запаленай лямпай у руцэ на яго моўчкі глядзеў стары.

– Дабрыдзень, я супрацоўнік НКУС. Дазвольце ўвайсці.

– Добры вечар, паночку, праходзьце, калі ласка! – пачціва запрасіў гаспадар і пайшоў наперадзе госця, падсвечваючы яму лямпай.

Яны ўвайшлі ва ўтульны, добра напалены пакой. Гаспадар прапанаваў Славіну прысесці, але той адмовіўся, палічыўшы, што тут, як і ў большасці дамоў, якія ён наведаў, затрымаецца нядоўга.

– Скажыце, калі ласка, вы выпадкова не бачылі, хто прыгнаў сёння раніцай грузавік і кінуў яго на вашай вуліцы?

– Грузавік? Які грузавік?

– Ён стаіць у тым канцы вуліцы, – паказаў рукой Уладзімір.

– Не, пане, не бачыў.

– Ну, што ж, я так і меркаваў, – і Славін павярнуўся да дзвярэй.

– Пан! – нясмела паклікаў гаспадар. Уладзімір спыніўся. – Пан кагосьці шукае?

– Вядома, шукаю, дзядуля.

– Каго хоча знайсці пан?

– Бандытаў.

– Тады, можа, вас зацікавіць тое, што я хачу расказаць?

– Слухаю вас.

– Сёння раніцай я бачыў аднаго чалавека. Думаю, будзеце мець да яго цікавасць.

– Як яго прозвішча?

– Не ведаю. Але хай пан трохі патрывае і выслухае мяне. Дык вось, іду, значыць, да студні. Гэта якраз у тым баку, куды вы паказвалі, праз два дамы ад майго. Толькі набраў поўныя вёдры вады, як бачу – поруч мяне хуценька прайшлі двое вайскоўцаў. Аднаго з іх, апранутага ў форму афіцэра Чырвонай Арміі, пазнаў адразу ж.

Ад нечаканасці Уладзімір аслупянеў. Ён нават шапку сцягнуў з галавы, каб лепш чуць і не прапусціць ніводнага слова. А гаспадар працягваў:

– Да вайны ім часта паліцыя цікавілася. А наведваў ён утульную хатку пані Шыкульскай. Я добра ведаю, што ён не можа быць чырвоным афіцэрам.

– З кім вы яго бачылі?

– Побач з ім ішоў, відаць, фельдфебель з аўтаматам. У яго шыя перавязана бінтам. Гэта добра памятаю.

– Ну, а той, ваш знаёмы, у якім званні?

– Бачыў, што афіцэр, а ў якім званні – не разгледзеў. Я ішоў за ім следам да свайго дома. Яны павярнулі направа, і я іх больш не бачыў.

Славін гатовы быў расцалаваць старога.

– Дзядуля, вы можаце паказаць, дзе пражывае гэта пані Шыкульская?

– Паночку, я ўсё магу зрабіць, але прашу вас, – ён паказаў рукой на дзверы, якія вялі ў суседні пакой, – у тым пакоі ляжыць мая хворая жонка. Мы засталіся адны. Наш адзіны сын быў у Чырвонай Арміі. Месяц таму загінуў. Нас няма каму абараніць, і я аб адным вас прашу, малю – нікому ні слова.

– Дамовіліся. Значыць, зробім так: я цяпер вярнуся да машыны, сустрэнуся са сваімі людзьмі і прыйду да вас з начальнікам. Толькі ён будзе ведаць пра гэта.

Гаспадар не пярэчыў. Уладзімір выскачыў на вуліцу і тут жа ўбачыў святло фар. Значыць, пакуль ён гутарыў са старым, паспелі прыехаць аператыўныя работнікі. Славін пабег да машыны. Калі да яе заставалася з дзясятак метраў, пачуўся гарэзны голас Бартошыка:

– Паглядзіце, як прэ! Быццам голы ў лазню спяшаецца.

– Дзе ты знікаеш? – злосна спытаў Мачалаў. – Мы тут ужо думалі, ці не здарылася што-небудзь з табой?

– Справай займаўся, Пётр Пятровіч.

Славін сцісла далажыў пра сустрэчы ў прыватных дамах, пра гутарку, якая толькі што адбылася са старым.

– Малайчына! – пахваліў Мачалаў. – А я якраз хацеў людзей накіраваць па дамах. Вядзі да старога, – і, павярнуўшыся да супрацоўнікаў, загадаў: – А вы, таварышы, старанна агледзьце машыну. Тут побач вайсковая часць. Папрасіце цягач або «студэбекер». Трэба адбуксіраваць гэту карэту. А потым чакайце нас тут.

Стары чакаў іх. Ён ужо надзеў самаробны сялянскі паўкажушак, насунуў на галаву патрапаную салдацкую шапку-вушанку. Мачалаў спытаў:

– Ці далёка жыве Шыкульская?

– Не, паночку. Праз дзве вуліцы. Туды лепш пешшу. Менш шуму будзе.

– Што ж, пайшлі!

Яны пакінулі дом і, павярнуўшы за рог, рушылі па пустой цёмнай вуліцы.

Асабняк Шыкульскай знаходзіўся сапраўды недалёка. Стары паказаў на дыхтоўны будынак, абнесены высокім глухім плотам, ціха растлумачыў:

– Вось тут і жыве пані Шыкульская.

Пётр Пятровіч пацікавіўся:

– Чым яна займалася да вайны?

– О-о! Для таго часу, панове, у яе быў занятак вельмі далікатны: трымала дом спатканняў.

Славін усміхнуўся:

– А вы, дзядуля, чаго туды хадзілі?

– Печы тапіў. Пані Шыкульская, трэба аддаць ёй належнае, нядрэнна плаціла.

– Чым цяпер займаецца?

– Не ведаю. Усю вайну пра яе нічога не чуў.

Пётр Пятровіч ціха сказаў Славіну:

– Праводзь старога дахаты і кліч нашых. Пакінь ля «ЗіСа» дваіх, хай даводзяць справу з ім да канца, а астатніх дастаў сюды. Машыну пастаўце за вуглом.

Славін і стары пайшлі, а капітан прайшоў уздоўж плота, спыніўся ля варот. Аднак праз невялікую шчыліну цяжка было штосьці ўбачыць. Пётр Пятровіч крануў брамку – замкнёна. Яго цяпер турбавала пытанне: ці трэба правяраць дом? «Калі там сапраўды сабралася ўся банда, – разважаў ён, – то практычна перавагі ў сілах на нашым баку няма. Ды і як яны ўзброены – невядома. Але тое, што ў іх ёсць аўтаматы, – гэта факт. Ці маю я права рызыкаваць людзьмі, ставіць іх пад удар?»

Калі Славін вярнуўся назад, аперацыя пачалася. Людзі былі расстаўлены так, што вокны і дзверы асабняка ім былі добра бачныя. Неўзабаве ў бліжэйшым завулку з двух грузавікоў высадзіўся ўзвод салдат. Яны хутка пералезлі праз плот, акружылі будынак. Мачалаў і шэсць аператыўнікаў, каб пазбегнуць лішняга шуму, пракраліся ў двор тым жа шляхам.

Першым на ганак падняўся начальнік аддзела, за ім – Славін, Бартошык, Крайнюк і яшчэ трое супрацоўнікаў. Дзверы, вядома, аказаліся замкнёнымі. Пётр Пятровіч агледзеў іх – ці нельга самім адкрыць. Нічога падобнага: дзверы вельмі шчыльна прылягалі да каробкі. Такім чынам, думай не думай, а ўвайсці ў дом без груку немагчыма. Начальнік жэстам загадаў усім стаць паабапал дзвярэй на той выпадак, калі раптам з калідора прама праз дзверы будзе адкрыта стральба, і гучна пастукаў кулаком. Пачакаў трохі і дзяржальняй пісталета пастукаў ізноў. Рыпнулі дзверы, пачуўся сонны жаночы голас:

– Хто там?

– Свой, свой! Адчыняй хутчэй, паўгадзіны ўжо стукаю!

Жанчына пачала важдацца з заваламі, прыгаворваючы:

– «Свой, свой». Калі свой, то і імя сваё трэба называць. А то адкрыю і не ведаю каму.

– Кінь трапацца! Капайся хутчэй!

Дзверы трохі прыадчыніліся, і Пётр Пятровіч моцна рвануў іх на сябе:

– Спакойна, міліцыя!

Жанчына паспрабавала штосьці сказаць, але Славін імгненна закрыў ёй рот далонню:

– Ну што, не зразумела? Сказана – спакойна, значыць – маўчы!

Жанчына, твар якой у цемры нельга было разгледзець, адвяла далонь, пакорліва прагаварыла:

– Маўчу, панове, маўчу. Прашу, праходзьце!

Аператыўнікі не чакалі яе запрашэння. Яны ўварваліся ў памяшканне і, падсвечваючы кішэннымі ліхтарыкамі, хутка агледзелі пакоі. У доме апынулася іх сем: у трох спалі людзі. Аператыўнікі дзейнічалі напорыста і бясшумна. З двара ўвайшлі яшчэ чатыры супрацоўнікі, пачалі будзіць спячых. Мачалаў, Славін і Бартошык таксама заняліся праверкай, зазірнулі ў адзін з пакояў. На масіўным драўляным ложку, пакрытым пышнай пярынай, спалі мужчына і жанчына. На крэсле ляжала іх адзежа. Бартошык падняў гімнасцёрку, што валялася на падлозе, усе ўбачылі пагоны старшага лейтэнанта.

– Правер, можа, дакументы ёсць у кішэнях? – загадаў начальнік.

– Дакументаў няма.

– Будзі, – кіўнуў Славіну Пётр Пятровіч.

– Зараз, толькі пад падушкай памацаю.

Уладзімір паціху запусціў руку пад падушку спячага мужчыны. Пальцы адразу ж намацалі зброю. То быў «вальтар». Уладзімір крануў спячага за плячо:

– Старшы лейтэнант, а старшы лейтэнант, прачніся!

Той штосьці прамыкаў невыразнае, павярнуўся на другі бок. Коўдра спаўзла. У «старшага лейтэнанта» з нахабнай шчырасцю агалілася частка цела ніжэй паясніцы. Бартошык засмяяўся, укалоў сябра:

– Глядзі, Валодзя! Ён табе адным месцам падміргвае.

Славін мацней тыцнуў дзяржальняй «вальтара» ў спіну спячага мужчыны:

– Ну, ты! Уставай, не арганізоўвай прадстаўленняў!

Невядомы нарэшце прачнуўся, сеў і, жмурачыся ад святла ліхтарыкаў, абурыўся:

– Якая падла спаць не дае?

– Спакойна, грамадзянін харошы. Мы – супрацоўнікі НКУС! Прад’явіце дакументы!

У гэты момант у суседнім пакоі раздаўся стрэл. Аказваецца, там не здагадаліся перш, чым разбудзіць спячага, праверыць, ці ёсць у яго зброя, і ледзь не паплаціліся за гэта. Толькі дзякуючы імгненнай рэакцыі Крайнюка, які перахапіў руку са зброяй, куля прашыла столь. А то аператыўнікі маглі не далічыцца каго-небудзь у сваіх шэрагах.

У трэцім пакоі, на матрацах, пакладзеных прама на падлозе, спалі трое, апранутыя ў цывільную адзежу. Усе былі ўзброены абрэзамі. Супрацоўнікі сабралі затрыманых у адзін пакой, затым вывелі з дома, парассаджвалі па машынах і павезлі. У адзін з аўтамабіляў пагрузілі знойдзеныя пры ператрусе зброю, боепрыпасы, розныя каштоўнасці.

Начальнік аддзела і Славін хацелі пагаварыць з гаспадыняй. Адчувалася, што яна ведае многае, але казаць праўду не хоча. Вырашылі даставіць яе ў аддзел і там працягнуць гаворку.

У доме засталася невялікая група аператыўнікаў на выпадак, калі з’явяцца іншыя злачынцы.

Наступіла раніца, але ніхто не думаў пра адпачынак. У аддзел прывезлі пацярпелых. Яны адразу ж сярод затрыманых апазналі тых, хто ўдзельнічаў у нападах. Зніклі толькі галоўныя бандыты – у форме маёра і старшыны.

Славін у душы быў рады, што дзякуючы яму так хутка ўдалося ўчапіцца за бандыцкую шайку. Ён і Мачалаў сядзелі ў кабінеце, калі туды ўвайшоў ззяючы Бартошык.

– Парадак! Поп апазнаў свае рэчы. Цяпер ім няма куды дзявацца, думаю, пачнуць расказваць.

– А я вось не думаю! – запярэчыў Славін. – Тут у іх колькі хочаш хадоў. Будуць валіць на «маёра» і «старшыну», і нічога пакуль не зробіш. – Уладзімір зірнуў на Мачалава. – Пётр Пятровіч, трэба па-сапраўднаму ўзяць у абарот гаспадыню. Яе даваенны лад жыцця гаворыць пра многае. Напэўна, яна добра ведае сваю кліентуру, тым больш стары прама сказаў, што «маёра» да вайны сустракаў у салоне пані Шыкульскай. Прапаную адпусціць яе і ўзяць пад назіранне.

Начальнік усміхнуўся:

– Памятаю, раней было распаўсюджана такое правіла: перш чым унесці прапанову, падумай, хто яе будзе выконваць. Дык вось – Шыкульскую даручаю табе.

Бартошык гарэзліва ўсміхнуўся, непрыкметна пхнуў сябра ў бок локцем:

– Ідзі, хлопец, выконвай.

Мачалаў не чуў гэтай рэплікі, аднак, калі заўважыў на твары Славіна ўсмешку, загадаў:

– А ты, Бартошык. акажаш яму дапамогу.

Начальнік сышоў. Аператыўнікі зірнулі адзін на аднаго і разрагаталіся, але ў дзвярах зноў з’явіўся Мачалаў:

– Жанчыну, якая пра кінуты «ЗіС» паведаміла, хто-небудзь дапытаў?

– Не, яшчэ не паспелі. Я з ёй толькі пагутарыў.

– Дай мне яе дадзеныя, я даручу дапытаць.

Славін пацягнуўся да лістка паперы з адрасам Васілеўскай, што ляжаў на стале і аддаў яго начальніку.

Мачалаў слізгануў поглядам па напісаным і хацеў штосьці сказаць, але раптам запнуўся: ён хутка разгарнуў ужо складзены ўдвая лісток, прабег яго вачыма, і твар яго стаў бледным, рукі задрыжалі. Прыдушаным голасам спытаў у Славіна:

– Валодзя, як яна выглядае?

Славін адказаў. Мачалаў, нічога не кажучы, павярнуўся і выскачыў з кабінета. Бартошык і Славін пачулі, як ён пабег па калідоры, і здзіўлена пераглянуліся.

А Мачалаў убег да сябе ў кабінет, схапіў паўкажушак, шапку і кінуўся да дзяжурнага:

– Машыну, хутка!

– Ля пад’езда «опель» стаіць, таварыш капітан, шафёр за рулём.

Пётр Пятровіч выскачыў з памяшкання, сеў побач з вадзіцелем і загадаў:

– Давай у шпіталь! Цісні на ўсе педалі!

Машына, набіраючы хуткасць, панеслася па заснежаных вуліцах. Шафёр быў рады, што з ім паехаў начальнік, і тут жа пачаў скардзіцца:

– Таварыш капітан, як жа так атрымліваецца, што ў нас гэту машыну забіраюць? Мы ж, лічыце, самі яе аднавілі, а цяпер начальства руку на яе накладвае. Вы б пагаварылі з начальнікам упраўлення, хай бы не рабавалі нас, для мяне яна – як родная, усё сваімі рукамі перабраў, адрамантаваў. А зараз аддай.

Але Пётр Пятровіч не чуў шафёра. У яго галаве неспакойным роем праносіліся думкі пра Васілеўскую.

«Няўжо гэта сапраўды яна? Не, не можа быць. Прынамсі, мне яшчэ так ні разу ў жыцці не шанцавала. Але прозвішча, імя, імя па бацьку? Усё супадае, і нават тое, што хірург, маёр, не, усё ж гэтым разам мне, напэўна, усміхнулася шчасце!»

– Ну што ты так цягнешся? Можаш хутчэй? – нецярпліва кінуў ён шафёру.

– Магу, таварыш капітан, але занесці можа, – збянтэжыўся шафёр і мацней націснуў на акселератар. Машына павялічыла хуткасць.

У шпіталі Мачалаў пабег да прыёмнага аддзялення, але адразу ж за дзвярамі на яго шляху ўстаў дзяжурны з тых, хто выздараўлівае:

– Сюды, таварыш, нельга, тут параненых прымаюць.

– Мне трэба, – спыніўся Мачалаў. – Скажыце, а вы выпадкова хірурга Васілеўскую не ведаеце?

– Вольгу Ільінічну? Вядома, ведаю. Яна толькі што ў двор выйшла. Пайшла, напэўна, у іншы будынак. Як выйдзеце адгэтуль – налева.

Мачалаў, не слухаючы далей дзяжурнага, кінуўся да выхаду. Павярнуў налева, зрабіў некалькі крокаў і ўбачыў яе. Вольга Ільінічна, гледзячы сабе пад ногі і думаючы пра штосьці сваё, ішла насустрач. У Пятра перахапіла дыханне, у горле затрымаліся словы. Ён рвануў гузікі на паўкажушку і ціха паклікаў:

– Оля!

Яна падняла на яго вочы, і яны застылі ў радасным здзіўленні.

– Вы? – яна працягнула да яго рукі і здушаным голасам ускрыкнула: – Пеця!

Мачалаў кінуўся да яе, і яны, не бачачы нікога вакол, моўчкі абняліся.

Паліто, якое было накінута на плечы Васілеўскай, звалілася на снег. Параненыя, медсёстры і санітаркі, праходзячы міма, асцярожна абыходзілі іх і ціха перагаворваліся: «Пашанцавала Вользе Ільінічне, муж знайшоўся!»


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю