Текст книги "Вам — заданне"
Автор книги: Мікалай Чаргінец
Жанр:
Прочие приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 24 страниц)
Старшы лейтэнант Купрэйчык
Савецкія войскі пасля перамогі пад Курскам разгарнулі наступленне на шырокім фронце.
Старшы лейтэнант Купрэйчык радаваўся разам з усімі вялікай перамозе. Была ў яго і яшчэ адна вялікая радасць. У пачатку верасня паштальён прынёс яму пісьмо. Аляксей, які зрэдку атрымліваў лісты толькі ад Мачалава, зірнуў на зваротны адрас і павольна апусціўся на вільготную пасля роснай ночы траву. Гэта было пісьмо ад Надзі.
Дрыготкімі рукамі разгарнуў ліст і скрозь слёзы пачаў чытаць: «Мілы, каханы, дарагі мой Лёша, дабрыдзень! Нарэшце гадзіну назад я атрымала адказ на свае лісты. Мне паведамілі нумар тваёй палявой пошты. Пішу табе, а сама не веру, што ліст дойдзе да цябе, што ты сапраўды дакранешся да гэтых лісткоў, будзеш трымаць іх у руках!
Лёшачка, каханы, калі б ты ведаў, як пакутліва я перажываю нашу сустрэчу на тым паўстанку, калі цябе параненага павёз цягнік. Я зразумела, што гэта быў ты, толькі пасля таго, як ты з’ехаў. Вось і цяпер, успомніўшы пра гэта, плачу, як дурніца! Як жа я цябе тады не пазнала? Думала, што паранены жэстамі патрабуе хутчэй пагрузіць яго ў вагон.
Пасля гэтага да маіх пакутлівых чаканняў дадаўся пякучы боль за цябе. Куды я толькі не пісала! І вось, сёння, я ведаю твой адрас. Я нічога ў жыцці не хачу, акрамя аднаго – каб гэты ліст дайшоў да цябе.»
Далей Надзя апісвала, дзе яна, чым займаецца, прасіла падрабязней напісаць пра сябе.
Купрэйчык, скончыўшы чытаць, паднёс пісьмо да твару. Яму здавалася, што ён адчуваў пах яе рук. «Родная, ты аказалася шчаслівейшая за мяне! Колькі я пісаў з просьбай паведаміць мне твой адрас, а адказалі табе! Якое шчасце, што ты жывая і кахаеш мяне!»
Да яго падышоў, ледзь накульгваючы, Чыжык. Яшчэ адчувалася раненне ў нагу, але разведчык не змог вылежаць да канца і раней часу выпісаўся са шпіталя. Ён трывожна спытаў:
– Камандзір, што здарылася?
Купрэйчык, нібы ачнуўшыся, устаў з зямлі:
– Нічога, Ваня, усё ў парадку. Жонка знайшлася. Вось ліст атрымаў.
– Ну і як, жывая, здаровая?
– Так. Увесь гэты час шукала мяне і вось, бачыш, знайшла.
– Ну і дзякуй богу. Цябе камандзір палка выклікае.
Купрэйчык схаваў ліст у кішэню і праз хмызняк, напрасткі, пайшоў да штаба палка. Ён быў упэўнены, што атрымае новае заданне, але Васільеў, убачыўшы яго, сказаў:
– Паехалі, камдзіў збірае камандзіраў палкоў і начальнікаў разведак.
Яны селі ў патрапаны «віліс» і неўзабаве былі ў вёсцы, дзе размяшчаўся штаб дывізіі. Аказалася, што напярэдадні за лініяй абароны немцаў нечакана сутыкнуліся дзве групы разведчыкаў, якія былі пераапрануты ў нямецкую форму і належалі розным палкам. Завязалася перастрэлка. Двое былі забіты і трое паранены. Гэта было ЧП. Начальнік разведкі дывізіі быў пакараны, і цяпер кожны полк атрымаў указанне накіроўваць сваю разведку толькі ў паласу сваіх дзеянняў.
Пасля нарады Васільеў і Купрэйчык вярталіся ў полк тым жа шляхам. Па прыбыцці на месца Васільеў не адпусціў Купрэйчыка, і неўзабаве яны апынуліся ў прасторным, моцна складзеным бліндажы.
Ардынарац, маленькі вёрткі чырвонаармеец, разумеў Васільева з аднаго кіўка. Праз некалькі мінут на стале былі нарэзаная вялікімі кавалкамі каўбаса, адкрытыя нажом слоікі з кансервамі, хлеб.
Васільеў наліў у гранёныя шклянкі гарэлку:
– Ну, давай, Аляксей, за нашу перамогу!
Яны выпілі і пачалі закусваць. Раптам Купрэйчык успомніў пра ліст: «Трэба ж хутчэй даць адказ. Надзя, напэўна, гадзіны лічыць, калі яго атрымае, а я засеў, як у рэстаране». Апетыт адразу ж знік, і Купрэйчык пачаў шукаць падставу, як яму сысці. Праўда, і ў Васільева былі справы. Яны выпілі яшчэ па сто грамаў, і той, папярэдзіўшы Купрэйчыка, каб ён быў гатовы да вечара наступнага дня ісці на заданне, адпусціў яго.
Купрэйчык ледзь не подбегам накіраваўся да сябе, дзе адразу ж узяўся за ліст. Пісаў доўга, але калі скончыў, то зразумеў, што не напісаў нават паловы таго, што хацеў. Пастаяў у роздуме і вырашыў, што ўвечар напіша другі ліст. Склаў ліст у трыкутнік, працягнуў старшыне і загадаў неадкладна адправіць.
Усе разведчыкі ва ўзводзе ведалі, што ў камандзіра знайшлася жонка. Байцы радаваліся за Аляксея, асабліва «старыя», якім былі вядомыя яго перажыванні і нечаканыя сустрэчы з жонкай.
Ганчар адказаў «ёсць!», але перш чым сысці, сказаў:
– Камандзір, вас капітан Мухін пытаў. У полк прыбыло папаўненне, ён хоча з вамі і нам людзей падабраць.
Аляксей, паправіўшы на рэмені кабуру з трафейным «вальтарам», накіраваўся да Мухіна.
Такая паспешнасць была выклікана тым, што падчас апошніх баёў узвод страціў амаль палову людзей, і Купрэйчык ужо даўно патрабаваў папаўнення. І вось яно прыбыло, цяпер трэба спяшацца, каб першаму адабраць больш вопытных салдат.
Неўзабаве Купрэйчык і Мухін былі ў некалькіх кроках ад байцоў, якія стаялі на паляне ў дзве шарэнгі. Ішоў невялікі дождж. Было волка і прахалодна. Байцы, якія нядаўна здзейснілі па раскіслай дарозе шматкіламетровы марш, былі брудныя і панура маўчалі.
Купрэйчык моўчкі разглядаў іх. Г алоўным чынам маладыя, нядаўна прызваныя, у неразношаных чаравіках і новенькім абмундзіраванні.
Але былі тут і франтавікі, якія прыбылі са шпіталяў. Іх адразу вылучала паношаная, выгаралая на сонцы, але добра падагнаная форма.
Непадалёк стаяла група афіцэраў. Гэта былі прадстаўнікі батальёнаў і службаў палка. Але ўжо так заведзена: першай адбірае сабе папаўненне разведка, а ўсе іншыя – пасля.
Купрэйчык не спяшаючыся прайшоў уздоўж строя, павярнуўся і вярнуўся на сярэдзіну:
– Хто раней служыў у разведцы, тры крокі наперад!
З другой шарэнгі выйшаў гадоў дваццаці пяці баец.
Ён выразна і гучна далажыў:
– Сяржант Ражноў, прыбыў пасля ранення са шпіталя.
Сярэдняга росту, дужа збіты, з прамым адважным поглядам чорных вачэй. Шмат разоў мытая і цыраваная гімнасцёрка сядзела добра, на нагах немаведама як здабытыя ялавыя боты. На грудзях – медаль «За адвагу».
«Адчуваецца свой браток», – падумаў ухвальна Купрэйчык і звярнуўся да строя:
– Хто яшчэ служыў у разведцы?
Людзі маўчалі. Тады старшы лейтэнант задаў новае пытанне:
– Хто хоча служыць у разведцы – тры крокі наперад!
Шэрагі не зварухнуліся.
– Што, няма ахвотнікаў? Страшна? – усміхнуўся Купрэйчык.
– А што нас там чакае? – спытаў хтосьці з байцоў.
– На вайне ўсіх нас чакае адно і тое ж – бой, – адказаў старшы лейтэнант і, разумеючы, што людзей трэба чымсьці завабіць, дадаў: – Але ў разведцы служба асаблівая, таму і ўмовы асаблівыя: харчы лепшыя, паёк – асаблівы, у любое надвор’е, нават у такі дождж, – сто грамаў.
– А як наконт біяграфіі? – спытаў усё той жа голас.
Аляксей нарэшце ўбачыў таго, хто задаваў пытанні. Гэта быў баец у пацёртым абмундзіраванні. «Ага, значыць, франтавік». Старшы лейтэнант падышоў бліжэй і толькі пасля гэтага адказаў:
– Біяграфію мы сабе пішам тут, на фронце. І хто яе як напіша, так усё жыццё і чытаць будуць.
– Але я ў тым сэнсе… – збянтэжыўся баец, – пасля штрафной роты бераце людзей да сябе?
– Вы што, прама са штрафной роты сюды прыбылі?
– Так. дакладней, са штрафной у шпіталь прыбыў, а адтуль – сюды.
– Паранены былі?
– Так, у правае плячо.
– За што ў штрафную роту патрапілі?
Баец збянтэжыўся і ледзь выразна, панізіўшы голас, прамармытаў:
– На грамадзянцы пашухарыў крыху, па маладосці выкраў сёе-тое.
– Ну і што ж ты выкраў? – спытаў Купрэйчык, а сам падумаў: «Вазьмі такога, а ён да немцаў уцячэ».
– Мяшок аўса. ну і каня ў прыдачу.
У страі грукнуў рогат.
І Купрэчык нечакана для сябе рашыўся. Ён, усміхаючыся, сказаў:
– Добра, бяру ў разведку. Але, на ўсякі выпадак, папярэджваю, да вайны я быў оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку.
І зноў грукнуў рогат. Смяяліся і тыя, хто стаяў у страі, і афіцэры, якія чакалі сваёй чаргі, і Мухін. З другой шарэнгі выйшаў малады, гадоў дваццаці двух, баец і сказаў, што ён былы работнік міліцыі і хоча пайсці ў разведку.
Пасля гэтага справа пайшла весялей, многія былі згодны пайсці служыць у разведку. Купрэйчык і Мухін адабралі дзесяць чалавек і адразу ж павялі іх у размяшчэнне ўзвода.
Не губляючы час, Купрэйчык пачаў бліжэй знаёміцца з папаўненнем. Першым да сябе ў бліндаж запрасіў «штрафніка».
Хударлявы, вышэй сярэдняга росту, з запалымі шчокамі, ён выглядаў кволым і слабым.
Купрэйчык зазірнуў у дакументы і ўслых прачытаў:
– «Сёмін Рыгор Іванавіч. Тысяча дзевяцьсот сямнаццатага года нараджэння». У штрафной роце спагнанні меў?
– Не! Ды вы не хвалюйцеся, таварыш старшы лейтэнант, я не падвяду. Сваю віну я крывёй змыў. Не хачу больш ганьбіць сваіх бацькоў. Ваяваць буду як след.
– Правільна думаеш, Рыгор Іванавіч. Дзе бацькі жывуць?
– Пад Масквой, у вёсцы. Там цяпер маці і дзве сястрычкі малодшыя засталіся, бацька – ваюе.
– Ведаеш яго адрас?
– А як жа! – усміхнуўся Сёмін. – Два дні назад ліст атрымаў, але адкажу сёння, паведамлю свой.
Купрэйчыку падабалася, што Сёмін адкрыты. Адчувалася, што франтавое жыццё многае змяніла ў яго свядомасці.
Аляксей спытаў у Сёміна:
– У разведцы ні разу не быў?
– Не, але ў тыле ў немцаў давялося тыдзень пабываць, калі наш батальён апынуўся ў акружэнні і нам трэба было выходзіць з яго невялікімі групамі.
Купрэйчыку ўсё больш падабаўся баец. Ён падумаў: «Так, на вайне як нідзе хутка пазнаюцца людзі. Здаецца, гэты цяпер ведае, што такое ў жыцці добра і што такое дрэнна».
А на наступную раніцу пачаў з новымі байцамі трэніроўкі. Аляксей разумеў, што чым больш ён надасць увагі навучанню навабранцаў, тым хутчэй яны стануць разведчыкамі і, самае галоўнае, тым больш у іх будзе шанцаў застацца ў жывых.
Пасля заняткаў ён стаміўся, але застаўся задаволены тым, што навічкі, усе як адзін, аказаліся кемлівымі і стараннымі.
Купрэйчык рыхтаваўся да начнога паходу. Каторы раз праверыў зброю. І раптам у галаву прыйшла думка: «А ці не напісаць яшчэ ліст Надзюшы? – Ён уявіў, як яна будзе рада, што ён адразу адказаў ёй некалькімі лістамі. – А потым Пятру напішу, – вырашыў ён, – узрадую, што Надзя знайшлася».
Аляксей лавіў сябе на думцы, што ўпершыню перад заданнем думаў толькі пра жонку. Гэтыя думкі былі мацнейшыя за трывогу хуткай небяспекі. Праўда, зараз, калі ён даведаўся, што Надзя жывая і здаровая, дзесьці ў глыбіні душы зноў заварушылася рэўнасць: «Вакол яе шмат мужчын, некаторыя напэўна паглядаюць на яе і спрабуюць пазнаёміцца». Ад гэтай думкі Аляксею стала нядобра, і клаліся на паперу не тыя словы, якія ён толькі што хацеў напісаць. Але калі ён пачаў расказваць, як ваюе, то захапіўся, пісаў доўга і скончыў толькі тады, калі з’явіўся Мухін. Капітан, верны сваёй звычцы дапамагаць сябру рыхтавацца да паходу, і гэтым разам прыйшоў да Купрэйчыка. Аляксей не вытрымаў і пахваліўся:
– Учора ліст ад Надзі атрымаў. Жывая-здаровая, сама мяне адшукала.
– Што ты кажаш! Ну, віншую, дружа, віншую! Дык гэта ты ёй адпісваеш?
– Ага, – і Купрэйчык тут жа спытаў: – Ды што нам загадана?
– Учора ўначы немцы «абнюхвалі» міннае поле, што ўздоўж вышыні знаходзіцца, гэта якраз насупраць стыку другога і трэцяга батальёнаў. Камандзір палка турбуецца, што гітлераўцы пусцяць танкі, і яны там змогуць прайсці. А ў нас сіл пакуль замала. Папаўненне маленькімі партыямі прыбывае.
– Ясна, – перабіў сябра Купрэйчык, – значыць, у тыл трэба ісці.
– Здагадлівы, – усміхнуўся Мухін. – Трэба паглядзець, што там у іх у блізкім тыле за перадавой маецца, а заадно мы табе сапёраў дамо, хай правераць, ці не знялі немцы міны.
– Ды што, праз міннае поле ісці?
– Не ўпершыню ж, Аляксей, – Мухін усміхнуўся і дадаў: – Больш бяспечнага праходу і не знайсці.
Неўзабаве яны апынуліся ў акопах пярэдняй лініі. Наперадзе была нейтральная паласа. Усё тут было знаёма Купрэйчыку да купіны і ямкі. Але кожны раз, калі ён збіраўся ў разведку, як бы зноў знаёміўся з мясцовасцю, прадумваючы кожны крок, кожны рух. Нездарма ж кажуць, што разведчыку, як і сапёру, права на памылку не дадзена, проста не будзе каму яе выпраўляць.
Да вечара знаходзіліся Купрэйчык і Мухін у акопах і калі ўжо вярталіся да сябе, то план паходу быў гатовы.
Доўга ішлі моўчкі. Кожны думаў пра сваё. Аляксей, супакоіўшыся за жонку, працягваў з вялікай трывогай думаць пра бацькоў. Яны знаходзіліся цяпер у глыбокім варожым тыле. «Ці жывыя? Калі жывыя, то няцяжка здагадацца, як яны чакаюць часу вызвалення!»
Купрэйчык задумаўся, не заўважыў, што закрочыў хутчэй.
Мухін спытаў:
– Чаго гэты ты раптам заспяшаўся? Думаеш, Надзя другі ліст даслала?
– Ды не, – збянтэжыўся Аляксей, – проста хачу людзей падрыхтаваць да паходу.
Пазней, успамінаючы Кузьму Андрэевіча Мухіна, Купрэйчык будзе часта дакараць сябе за тое, што не спыніў яго, не затрымаў хоць бы на хвіліну.
Мухін таксама не ведаў, што на пустынным восеньскім полі, праз якое яму трэба ісці з бліндажа, яго чакае смерць…
Баец партызанскага атрада Уладзімір Славін
Восень 1943 года падыходзіла да канца. Нягледзячы на працяглую блакаду, цяжкія знясільваючыя баі партызаны дзейнічалі актыўна, увесь час нарошчваючы сілу ўдараў па акупантах.
Атрад, у якім знаходзіўся Славін, папаўняўся за кошт жыхароў бліжэйшых вёсак і зноў ператварыўся ў грозную сілу. Зараз у атрадзе ўжо з’явіліся роты, якімі камандавалі афіцэры Чырвонай Арміі і вопытныя байцы, што прайшлі суровую школу партызанскай вайны.
Неўзабаве атрад атрымаў загад перадыслакавацца ў новы раён. Партызаны павінны былі праводзіць дыверсіі на аўтамагістралі, якая мае вялікае стратэгічнае значэнне, практычна не даваць ворагу карыстацца шашэйнымі дарогамі.
Камандзір атрада Глазкоў турбаваўся за лёс байцоў некалькіх груп, якія пасля выйсця з варожага кальца пакуль не вярнуліся ў атрад і напэўна ваююць самастойна. «Калі атрад сыдзе з гэтага раёна, – думаў Глазкоў, – то яны наўрад ці змогуць нас адшукаць». І тады ён вырашыў пакінуць на ранейшым месцы некалькіх чалавек, каб яны дачакаліся прыходу сваіх, а затым рушылі на злучэнне з галоўнымі сіламі атрада. Выбар выпаў на чацвярых – Тамкова, Славіна, Рогава і Крайнюка.
Старшым быў прызначаны камандзір роты Андрэй Лявонцьевіч Тамкоў.
Уладзімір у душы цешыўся, што патрапіў у гэту групу. Хлопец лічыў, што чым бліжэй будзе знаходзіцца да Мінска, тым больш шанцаў атрымаць хоць бы якую-небудзь вестачку пра бацькоў.
Пасля таго як Славін убачыў паўабгарэлыя трупы людзей, спаленыя хаты вёскі, жудасны малюнак так і стаяў перад вачамі. Лёс бацькоў стаў трывожыць яго мацней. А зараз яшчэ ён даведаўся страшную навіну пра тое, што настаўніца, якая жыла ў вёсцы побач з маці Крайнюка, аказалася яго сваячкай. Пра гэта стала вядома некалькі дзён назад. Справа была так: Валодзя і Антон вярнуліся з задання і зайшлі да Глазкова. У гэты момант у зямлянку ўвайшоў радыст і моўчкі працягнуў камандзіру радыдёграму.
Глазкоў прабег яе вачамі, а затым прыгнечана сказаў:
– Просяць высветліць пра лёс сям’і нашага ўчастковага Мачалава. Рука не ўздымаецца пісаць, што Таццяна Андрэеўна і дзеці загінулі.
– Як Мачалава? – бляднеючы, прагаварыў Славін.? – Яна… што… Мачалава?
– Так, а ты не ведаў? – Глазкоў, зірнуўшы ў твар хлопца, устрывожыўся: – Што з табой?
– Пеця Мачалаў – мой стрыечны брат.
– Але ты ж ніколі пра гэта не казаў! – здзівіўся Крайнюк.
– Я ж не ведаў, што яна яго жонка, – прыгнечана адказаў Уладзімір і растлумачыў: – З ёй да вайны я бачыўся толькі два-тры разы, і то апошні раз у трыццаць пятым ці трыццаць шостым. Пётр, бываючы ў Мінску, заўсёды заходзіў да нас, а яна ў горад рэдка прыязджала.
– Дык ты яе проста не пазнаў, калі тут мы з ёй сустракаліся?
– Мне ўвесь час здавалася, што я яе дзесьці бачыў. Нават хацеў спытаць, але не адважыўся.
– Так, хлопча, не шанцуе табе, – сумна прагаварыў Глазкоў. Цяжка апусціўся на табурэтку, якая стаяла ля стала, і накідаў тэкст зваротнай радыёграмы, дзе паведаміў пра гібель жонкі і дваіх дзяцей Мачалава.
Славін у душы вінаваціў сябе, што своечасова не даведаўся прозвішча настаўніцы і не ўгаварыў яе сысці ў атрад.
Лютасць і злосць перапоўнілі душу маладога партызана. Ён прасіўся на любое заданне. Таму Глазкоў, адыходзячы з атрадам, папярэдзіў Тамкова: «Ты, Андрэй Лявонцьевіч, глядзі за Славіным, як бы ён з гарачкі дурасці не напароў».
Уладзімір не заўважыў, калі да яго падышоў Тамкоў і крануў за плячо:
– Што, хлопец, прызадумаўся?
Славін падняўся на ногі, збянтэжана адказаў:
– Пра бацькоў думаю. Дый сястру даўно не бачыў.
– Ну, з сястрой, дапусцім, усё ў парадку. А бацькі… Тут ужо нічым не дапаможаш. Застаецца адно: чакаць. Чакаць і спадзявацца. Вось што я хачу сказаць: мы застаёмся на базе. Трэба як след назапасіцца боепрыпасамі, узрыўчаткай. Таму знайдзі Рогава і Крайнюка, атрымаеце ўсё гэта і схавайце ў надзейным месцы, дзе-небудзь тут, бліжэй.
– А можа, у адну з зямлянак складзём? Усё адно пустуюць.
– Нельга. У нас зараз аховы не будзе, і калі наляцяць немцы, то можаш не сумнявацца, усё перавернуць.
– Зразумеў. Іду, – і Славін, закінуўшы аўтамат за спіну, пайшоў выконваць загад.
Пасля абеду атрад зняўся з базы, а чацвёра байцоў засталося на месцы.
Дзіўным чалавекам быў гэты Тамкоў. Ён ні на хвіліну не мог заставацца без работы, заўсёды чымсьці быў заклапочаны, увесь час мітусіўся. Ужо да вечара, паклікаўшы Славіна, Крайнюка і Рогава, прапанаваў:
– Браткі, справа ёсць! Давайце зробім так, каб немцы не адчулі, што атрад сышоў адгэтуль. Будзем паціху ім шкоду чыніць. Узрыўчатка ў нас ёсць, зброя нядрэнная. Сёння нас чацвёра, а праз некалькі дзён будзе больш.
Тым часам з’явілася дзяўчына. Першым яе заўважыў Тамкоў. Ён усміхнуўся:
– Славін, да цябе госця.
Уладзімір азірнуўся і ўбачыў сястру. Партызан, якія сядзелі ў хмызняку, яна не заўважыла і здзіўлена разглядала апусцелую базу. Брат падняўся і, хаваючыся за кустамі, абышоў паляну, паціху падкраўся да госці і, прыставіўшы да яе спіны ўказальны палец, скамандаваў:
– Хенде хох!
Жэня, здрыгануўшыся, рэзка абярнулася:
– Цьфу ты, чорт! Напалохаў! Я і сапраўды падумала, што немец падкраўся. Гляджу – на базе нікога. Падазрона стала.
Яны адышлі на край паляны, прыселі на зваленае дрэва. Жэня чымсьці была ўсхвалявана і, ледзь стрымліваючы сябе, распытала брата, як ён жыве, потым сказала:
– Валодзя! Мяне ў спецгрупу перавялі. Зараз часта буду сыходзіць далёка. Ты ўжо сачы за сабой.
– У якую групу? Куды будзеш сыходзіць?
– Разумееш, гэта тайна. Табе скажу толькі адно: мая справа – разведка нямецкіх тылоў. – І перавяла гаворку: – Можа, трэба што-небудзь памыць?
– Не, Жэня, не трэба.
– Ведаеш, Валодзя, мой новы начальнік надоечы гутарыў з тваім камандзірам. Размаўлялі пра тату і маму. Абяцалі высветліць, што з імі.
– Што ён зможа зрабіць? – з горыччу прагаварыў Уладзімір. – У гестапаўскія падвалы не пракрадзешся.
– Не ведаю што. Але абяцаў, што пра іх лёс даведаецца.
– Калі ты сыходзіш? – спытаў Уладзімір.
– Заўтра.
– Надоўга?
– Дзён на дзесяць.
– А калі мне спатрэбіцца адшукаць цябе?
– Шукай праз майго былога камандзіра, – Жэня паднялася. – Ну, мне пара.
Уладзімір, крыху правёўшы сястру, вярнуўся ў лагер. У душы з’явілася трывога. Раней Жэня знаходзілася на тылавой базе. А зараз яна будзе амаль штодня адчуваць небяспеку, увесь час рызыкаваць жыццём…
Наступіў снежань. Усе чакалі марозу, снегападаў, а зямля набракала ад бесперапынных дажджоў. Па такой дарозе ісці было цяжка. Той шлях, які партызаны ў летні час праходзілі за нейкую пару гадзін, цяпер не маглі адужаць і за чвэрць, а то і за палову сутак, затое бездараж, цёмныя ночы дазвалялі ім непрыкметна набліжацца да аб’ектаў, якія ахоўвалі немцы, і наносіць нечаканыя ўдары.
Група Тамкова за паўтара-два месяцы ператварылася ў невялікі атрад. Калі яна злучылася з асноўнымі сіламі, Славіна прызначылі начальнікам разведвальна-дыверсійнай камсамольска-маладзёжнай групы. Хлопцы з задавальненнем ішлі на любое заданне. Часцей за ўсё іх накіроўвалі на шашэйныя дарогі, дзе, устанавіўшы міну, можна было не чакаць падыходу аўтамашыны, а вяртацца на базу ці прыступаць да выканання наступнага задання. Але Уладзіміра цягнула да чыгункі, і ён увесь час прасіў Тамкова, які так і застаўся яго непасрэдным начальнікам, паслаць на «жалезку». Нарэшце такі выпадак надарыўся. Славін узначаліў дыверсійную групу, якой даручалася пусціць пад адхон эшалон.
Як толькі сцямнела, адправіліся ў шлях. Разам з Уладзімірам на заданне ішлі Мікалай Церахаў, Яўген Антошын, Аляксей Бартошык і Сяргей Панчанкаў – брат Надзі.
Апоўначы група дабралася да невялікай вёсачкі. Тут жыў стары, партызанскі сувязны, які быў лесніком. Накарміўшы партызан, ён параіў:
– Мне здаецца, што вам трэба падыходзіць да дарогі не лесам, а полем. Адразу за вёскай пачынаецца невялікая лагчына. Па ёй вы зможаце наблізіцца да самай дарогі. Дый патрулі ў тым месцы ходзяць радзей.
– Не засеклі, праз які інтэрвал яны рухаюцца? – спытаў Славін.
Стары ўсміхнуўся:
– Гадзінніка, сынок, у мяне няма. Ходзікі былі, дык стараста, каб яго разарвала, забраў. Але думаю, мінут праз дзесяць з’яўляюцца.
– Ну, гэтага нам дастаткова, – махнуў рукой Панчанкаў.
Уладзімір усміхнуўся, успомніўшы, як той падчас трэніровак на базе паспеў паставіць «міну» за дзве-тры хвіліны. Аднак гэтым разам трэба было выкарыстоўваць не міну, а шаснаццацікілаграмовы зарад толу.
Падрыўнікі асцярожна прабраліся да дарогі па той самай лагчыне, пра якую казаў стары-сувязны. Яны чулі, як адзін за адным прамчаліся тры цягнікі ў бок Мінска.
Мінёры залеглі і сталі чакаць. З-за павароту вырваўся цяжкі састаў. На вялікай хуткасці ён набліжаўся да месца, дзе чакала яго «неспадзеўка». Славін разлічыў дакладна. Калі ён тузануў за канец шнура, начную цішыню ўскалыхнуў аглушальны выбух. На імгненне стала светла быццам днём, партызаны ўбачылі, як паравоз устаў на дыбы, і адразу ж наступіла цемра, толькі чуліся выбухі, лязгат металу, трэск.
У атрадзе камандзір павіншаваў усіх удзельнікаў аперацыі з поспехам, паклікаў Славіна:
– Уладзімір, цябе ў штабной зямлянцы сястра чакае. Хоча радасную вестку паведаміць.
– Якую?
– Пакуль сакрэт, – усміхнуўся камандзір, злёгку падпіхнуў хлопца ў спіну. – Ну, ідзі!
Уладзімір хуткім крокам накіраваўся да штабной зямлянкі. «Напэўна цяпер будзе выхваляцца, што фрыцам моцна нашкодзіла», – меркаваў ён.
Жэня сядзела на тоўстым цурбане і падкідала ў «буржуйку» дровы. Убачыўшы брата, ускочыла:
– Нарэшце! Я ўжо думала, што так і не дачакаюся цябе, – яна абняла і пацалавала Уладзіміра.
– Што за радасную вестку хочаш паведаміць?
Жэні хацелася трохі памучыць брата, але не вытрымала:
– Мама прыехала.
Уладзімір павольна апусціўся на лаву, збітую з жэрдак.
– Як прыехала? Дзе яна?
– У вёсцы. Гэта недалёка адсюль, кіламетраў трыццаць – сорак.
– Адкуль ты ведаеш? – недаверліва спытаў Уладзімір.
– Наш камандзір сказаў. Ох і малайчына ён! Памятаеш, я казала, што абяцаў дапамагчы нам.
– Вядома, памятаю.
– Дык вось, ён даведаўся, дзе немцы трымаюць маму, і з дапамогай падпольшчыкаў арганізавалі ўцёкі.
– А з татам што?
– Пакуль нічога не вядома. Мама таксама нічога не ведае, – сумна адказала Жэня і, заўважыўшы, што ў Валодзі дзе-нідзе парваўся пінжак, прапанавала: – Давай зашыю.
Гледзячы, як Жэня спрытна валодае іголкай, спытаў:
– Ты бачыла маму?
– Бачыла. Усяго адзін раз. Да цябе прыбегла, каб дамовіцца, калі да яе пойдзем.
– Як калі? Пайду цяпер да камандзіра і адпрашуся дні на тры. Вось і пойдзем.
Ён надзеў зацыраваны пінжак, папрасіў сястру трохі пачакаць, пабег да зямлянкі камандзіра. Той, выслухаўшы, паклаў руку на плячо хлопца:
– Ведаю, хлопча, што занудзіўся па маці. Але адпусціць не магу. Бачыш, зіма пачынаецца. Трэба сыходзіць далей у лясы. А то тут, як толькі выпадзе снег, немцы адразу выявяць нашы сляды і, як кацянят, пераб’юць. Сыходзім заўтра. Так што адкладзі спатканне на пазнейшы тэрмін. Калі ўладкуемся на новым месцы, адпушчу дзён на дзесяць. Толькі патрывай…