Текст книги "Вам — заданне"
Автор книги: Мікалай Чаргінец
Жанр:
Прочие приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 15 (всего у книги 24 страниц)
– Грыша, забяры пісталеты, яны на нарах ляжаць!
Сёмін, трымаючы аўтамат напагатове, узяў абодва парабелумы і спыніўся ззаду за немцамі. Купрэйчык кінуў позірк на Лугаўца:
– Жэня, загадай ім, каб леглі на падлогу і не ўздумалі шумець, а то будзе каюк.
Лугавец пераклаў, і немцы паспешна выканалі каманду. Аляксей хутка агледзеў памяшканне, запхнуў у рэчмяшок усе дакументы і дзве нейкія карты. Падумаў секунду і абшукаў кішэні кіцеляў, якія віселі на цвіках, убітых у тоўстае бярвенне сцяны. Знойдзеныя ў кішэнях дакументы таксама паклаў у рэчмяшок і сказаў Лугаўцу:
– Хай апрануцца, а то мароз моцны.
Перапужаныя да смерці афіцэры нацягнулі на сябе кіцелі, уцепленыя шынялі.
Купрэйчык загадаў Лугаўцу:
– Жэня, звяжы іх!
Лугавец дастаў з кішэні скрутак тонкай вяроўкі і хутка звязаў афіцэрам ззаду рукі, пры гэтым пакінуў па доўгім кавалку вяроўкі для «павадыроў».
– Кляпы! – пачулася ўслед новая каманда старшага лейтэнанта.
Вычакаўшы дзве хвіліны, Аляксей загадаў:
– Жэня, папярэдзь, каб не дрыгаліся, і выводзь таго, што таўсцейшы, а ты, Грыша, – худога.
Лугавец сказаў па-нямецку:
– Вы ўзяты ў палон, цяпер пойдзеце з намі. Папярэджваем: любая спроба ўцячы ці падняць шум для вас будуць раўназначныя смерці!
Немцы заківалі галовамі.
Старшы лейтэнант, пераканаўшыся, што яны добра звязаны і іх надзейна трымаюць «павадыры», загадаў патушыць ліхтары, а сам вызірнуў на вуліцу. Спытаў у Чобатава:
– Дзе патруль?
– Толькі што міма прайшоў, рушыў на новы круг.
Купрэйчык зазірнуў у бліндаж і, затуляючы ліхтар рукой, пасвяціў разведчыкам, якія знаходзіліся там, каб, выходзячы, не зачапіліся за што-небудзь.
Падштурхоўваючы палонных, разведчыкі кінуліся да гаю, дзе нядаўна знаходзіўся іх назіральны пункт. Там перавялі дыханне і пачалі хутка адыходзіць у бок пярэдняга краю. Поспех нібы акрыліў хлопцаў, і яны, не зважаючы на глыбокі снег, подбегам кіраваліся наперад. У гэту ноч завеі не было, што, вядома, абцяжарвала пераход праз лінію фронту, а тут яшчэ месяц, як на ліха, вылез з-за хмар і асвяціў усё вакол. А пярэдні край усё бліжэй і бліжэй. Ён выразна пазначаны асвятляльнымі ракетамі, якія ўзлятаюць угару.
Купрэйчык выгляду не паказваў, што моцна засмучаны сваёй учарашняй прамашкай. Ён забыўся заладзіць праход у драцяной агароджы. І цяпер пераходзіць лінію фронту ў тым жа месцы небяспечна. Немцы маглі днём заўважыць праход і зрабіць там засаду. Трэба ісці іншым шляхам.
Калі наблізіліся да варожай траншэі, Аляксей вызначыў па ўзлятаючых ракетах, дзе ёсць шырэйшы прамежак паміж асвятляльнікамі, і першым папоўз наперад, але ўспомніў, што палонным са звязанымі ззаду рукамі паўзці немагчыма, спыніўся і загадаў звязаць ім рукі наперадзе. Разведчыкі хутка выканалі загад, і група паўзком пачала набліжацца да варожай траншэі. Купрэйчык дакрануўся рукой да спіны Губчыка. Той апярэдзіў усіх і першым дасягнуў краю траншэі. Зазірнуў у чорную пашчу – пуста, толькі ў нос ударыў спецыфічны «фрыцаўскі» пах. Махнуў рукой, свабодна, маўляў, а сам не стаў чакаць, пакуль яны наблізяцца, перамахнуў праз траншэю, папоўз да драцяной загароды, дастаў з рэчмяшка нажніцы і пачаў рыхтаваць праход. Зрабіў яго шырэй, цяпер турбавацца, што немцы днём выявяць яго, не выпадала.
Скончыўшы работу, Губчык падрыхтаваў аўтамат да бою і размясціўся крыху лявей падрыхтаванага прахода. Калі немцы і выявяць групу, то ён зможа прыкрыць сяброў агнём. Але ўсё прайшло як нельга лепш. Разведчыкі пераскочылі траншэю, пераадолелі праход у драцяной загародзе і прайшлі ўсю нейтральную паласу без адзінага стрэлу.
У штабе палка не спалі. Васільеў, выслухаўшы рапарт Купрэйчыка, абняў і пацалаваў яго:
– Ну, дзякуй, Аляксей, табе і тваім арлам, дзякуй!
Затым падпалкоўнік праз перакладчыка сцісла перамовіўся з палоннымі і адразу ж патэлефанаваў камандзіру дывізіі. Не шкадуючы добрых слоў у адрас разведчыкаў, далажыў, што яны прыбылі. Скончыўшы гаворку, ён загадаў начальніку штаба даставіць палонных у штаб дывізіі і, радасна ўсміхаючыся, павярнуўся да Купрэйчыка:
– Камдзіў загадаў усіх удзельнікаў аперацыі прадставіць да ўзнагарод!
Але Купрэйчык ужо не чуў яго. Ён сядзеў на нарах і спаў, абапёршыся на драўляную стойку.
Уладзімір Славін
Сёння Уладзіміру ўпершыню дазволілі выйсці хвілін на дзесяць са шпітальнай зямлянкі. Ён ап’янеў ад яскравага святла, яркага вясновага сонца і свежага паветра, падслепавата жмурыўся, усміхаўся.
Міма ішла Панчанкава. Яна несла вялікае люстэрка. Убачыла Славіна, падышла да яго.
– Што, сынок, сонцу цешышся?
– Так, цётка Дуся! Добра як! Думаў, што і не ўбачу яго. – Заўважыўшы ў руках Панчанкавай люстэрка, спытаў: – Куды гэты вы яго нясеце?
– Ды вось, байцы трафей захапілі ў нямецкай калоне. Для шпіталя перадалі.
– Цётка Дуся! Павярніце да мяне, дайце паглядзецца. Два гады не бачыў сябе.
Панчанкава павярнула люстэрка да Славіна. Той зірнуў і сваім вачам не паверыў: перад ім стаяў высокі, худы, як жэрдка, хлопец з доўгімі ўскалмачанымі валасамі, бледным і худым тварам. Ліхаманкава блішчалі чорныя вочы, адзежа боўталася. Доўга і маўкліва, ні то са страхам, ні то з цікавасцю разглядаў сябе Уладзімір. «Няўжо гэта я? Страшны які!»
Нібы здалёку, ён пачуў голас санітаркі:
– Як сябе адчуваеш, сынок?
– Дзякуй, цётка Дуся, добра. Куля ўва мне на памяць засталася.
Жанчына, асцярожна ідучы па раскіслым снезе, накіравалася да зямлянкі.
Засунуўшы рукі ў кішэні шпітальнага паўкажушка, Славін глядзеў ёй услед: «Трэба ж так трымацца. Пра згубу Аляксея Іванавіча нават мне не сказала. Шкадавала, мабыць».
Прайшло яшчэ два тыдні. Да Уладзіміра паступова вярталіся сілы. З кожным днём ён адчуваў сябе ўсё лепш. Нарэшце наступіў дзень, калі яму было дазволена ўступіць у строй.
У канцы красавіка цёплым сонечным днём Славін з’явіўся ў атрадзе. Першым абняў яго Тамкоў.
– Выкарабкаўся ўсё ж. Малайчына! Далібог, малайчына! Сказаць папраўдзе, не дужа верыў, што акрыяеш. Ну, нічога. Жыць табе зараз, хлопец, да ста гадоў! А цяпер прымай аддзяленне. У ім, быццам для цябе, сабраліся маладыя хлопцы, камсамольцы. Работы хопіць пад завязку. Пазнаёмішся з аддзяленнем – і прыходзь у штабную зямлянку, атрымаеш заданне.
У аддзяленні Славін сустрэўся з маладымі партызанамі. Гэта былі хлопцы з новага папаўнення.
З гэтага моманту і пачалося для Уладзіміра цяжкае жыццё, поўнае пастаяннай небяспекі.
Немцы, адчайна супраціўляючыся, далей адкочваліся на захад. Аднак фюрар кідаў на Усходні фронт новыя войскі, тэхніку, боепрыпасы. Партызаны рабілі ўсё магчымае, каб зблытаць фашысцкія стратэгічныя і тактычныя планы, не даваць ворагу спакою ні днём ні ўначы.
Партызаны з аддзялення Славіна мініравалі далёкія ўчасткі чыгункі і шашу.
Неяк увечары Тамкоў паклікаў Уладзіміра ў сваю зямлянку:
– Паводле дадзеных разведкі, у гэтых краях у немцаў застаўся адзін рамонтна-аднаўленчы цягнік, абсталяваны магутным пад’ёмным кранам. Хачу даручыць твайму аддзяленню папаляваць на яго. Спачатку меркавалася падлавіць яго на мосце і падарваць. Але ж на падыходзе нашы, і вось-вось паступіць каманда: не даць фашыстам знішчыць гэты мост. Таму мы вырашылі сіламі двух аддзяленняў правесці наступную аперацыю: Крайнюк са сваімі хлопцамі падарве на адным з участкаў варожы эшалон, і немцы пашлюць туды кран. Ты са сваімі хлопцамі замініруеш дарогу вось тут, – Тамкоў паказаў чырвоную пазнаку на трафейнай нямецкай карце, – на гэтым крутым павароце. Дарога тут праходзіць па высокім насыпе, а па баках – балота. Калі ўдасца пусціць цягнік пад адхон, то дастаць кран з балота немцы не змогуць.
Славін прыкінуў на вока адлегласць ад базы да кропкі, якую паказаў на карце камандзір.
– Кіламетраў трыццаць набярэцца.
– Трыццаць пяць. Я ведаю, што ты туды яшчэ не хадзіў. Таму возьмеш з сабой Белавуса. Гэтыя месцы ён ведае выдатна.
– Белавуса? – перапытаў Уладзімір і недаверліва ўсміхнуўся. Яму ўжо не раз даводзілася слухаць расповеды пра гэтага чалавека, пра яго дзівакаваты характар. Раней Белавус ваяваў у іншым атрадзе, які патрапіў у блакаду, вымушаны быў падзяліцца і выходзіць з акружэння невялікімі групамі. Вось тады Белавус і сустрэўся з партызанамі Тамкова. Камандзір распытаў яго, даведаўся, хто ён такі, адкуль, пацікавіўся, што можа рабіць.
Белавус флегматычна адказаў:
– Магу цягнікі падрываць.
– Што яшчэ ўмееце?
– Магу цягнікі не падрываць, – таксама хмурна і даволі млява адказаў партызан…
Тамкоў усмешку і маўчанне Славіна вытлумачыў па-свойму:
– Што, сумняваешся? Гэта дарма. Мужык талковы. З любой сітуацыі выйсце знойдзе. Дарэчы, атрад, у якім ён быў да пераходу да нас, знаходзіўся ў тым раёне.
– Не, не пра гэта я падумаў, Андрэй Лявонцьевіч. Успомніў, як ён з вамі пазнаёміўся.
Тамкоў засмяяўся:
– Так, гэта сапраўды было. Яму і далі мянушку майстар дзвюх спраў. Ну, ідзі. Рыхтуйся…
Славін выйшаў ад камандзіра і хутка адшукаў Белавуса. Той сядзеў ля ўвахода ў зямлянку, чысціў вінтоўку. Уладзімір прымасціўся побач:
– Мяне толькі што Тамкоў выклікаў, загадаў правесці адну аперацыю. Накіроўвае ў тыя месцы, дзе ты раней партызаніў. Параіў і цябе ўзяць. Як ты на гэта глядзіш?
Той падняўся на ногі, ускінуў вінтоўку, прыцэліўся ў верхавіну хвоі.
Белавус быў высокі, магутны, светлавалосы хлопец, у плячах касы сажань. Славін заўважыў, што ён нават вінтоўку ўскідвае марудліва. «Няўклюда, ці будзе з яго толк?» – падумаў Уладзімір. А Белавус, прыхінуўшы да дрэва вінтоўку, выцер рыззём рукі і толькі пасля гэтага зірнуў на Славіна:
– А нам, салдатам-мужыкам, усё адно, што кулямёт, што самагонка… Абы з ног збівала.
Славін усміхнуўся:
– Дык пойдзеш?
– Я ж адказаў: нам, падрыўнікам, усё адно, дзе ўзрываць – далёка ці блізка, абы нямецкія эшалоны пад адхон ляцелі. Калі ідзём?
– Г адзіны праз дзве. Начаваць будзем ужо там.
– Буду рыхтавацца, – спакойна сказаў Белавус і, сабраўшы раскіданыя на траве маслёнку, шомпал, некалькі ануч, узяў вінтоўку і пайшоў у зямлянку.
Пасля гэтага Славін сустрэўся з Крайнюком. Той таксама рыхтаваўся да аперацыі. Некалькі хвілін таму ён інструктаваў сваіх байцоў. Цяпер усе збіраліся на заданне.
Славін і Крайнюк селі за стол, разгарнулі карту.
– Разумееш, – казаў Славін, – мне трэба падарваць толькі рамонтнааднаўленчы цягнік. А як яго апазнаць у цемры?
– Прагаласуеш, спыніш і спытаеш, – пажартаваў Антон.
– Сапраўды, выйсце, – усміхнуўся Славін і ўжо сур’ёзна працягваў: – Застаецца адно: падлавіць яго ў дзённы час. Таму давай дамовімся так: ты падрываеш першы цягнік, які пойдзе раніцай, досвіткам, а я замінірую палатно яшчэ ўначы і буду чакаць, калі днём з’явіцца рамонтнік. Немцы ў гэты час адчуваюць сябе больш смелымі і будуць цягнік гнаць да месца здарэння на вялікай хуткасці, а мы тут як тут – ірванём яго.
Да світання было яшчэ далёка, калі маленькі атрад прыбыў у прызначаны раён. Славін дазволіў людзям гадзінку адпачыць. Потым група рушыла да чыгункі. Паказаўся насып – высокі, стромкі, цяжкадаступны. Першым палез наверх Белавус. Ён асцярожна цягнуў скрыню з узрыўчаткай, за ім узбіраліся Славін і яшчэ два байцы, адзін з якіх цягнуў за сабой дрот.
Цяжка дыхаючы, падняліся на насып. Баец перадаў дрот Уладзіміру, а сам з аўтаматам хутка папоўз налева. Яго таварыш накіраваўся направа. Перад імі стаяла задача – ахоўваць мінёраў.
Белавус з дапамогай яшчэ аднаго байца, які таксама прыцягнуў скрыню з узрыўчаткай, не спяшаючыся, але з вялікім спрытам вырыў сапёрнай лапаткай яму пад рэйкай на правай каляіне, заклаў туды ўзрыўчатку, уставіў дэтанатар з прымацаваным да яго дротам. Затым яны прарабілі на левай каляіне тое самае, злучылі электрапровадам абодва зарады.
– Усё! Можна маскіраваць, – далажыў Белавус, і падрыўнікі пачалі старанна замятаць сляды мініравання сухім жвірам, галькай, выпацканай мазутам. Пасля гэтага Белавус двойчы тузануў за кабель. Гэта быў сігнал для сваіх, якія знаходзіліся на ўзлеску.
Калі яны спусціліся з пагорка і падышлі да сваіх, набліжаўся світанак. Славін загадаў двум байцам заставацца ў дазоры, а астатнім адпачываць:
– Днём давядзецца быць напагатове, а цяпер паспрабуйце як след выспацца.
Наламаўшы галінак і паслаўшы іх на зямлю, партызаны ўлегліся. Паспрабаваў трохі задрамаць і Славін, але яго разбудзіў шум цягніка. Ён прамчаўся з грукатам і ляскам. Уладзімір падумаў пра Крайнюка:
«Пэўна, „яго“ састаў пайшоў».
Праз некалькі хвілін прагрукатаў другі цягнік, затым трэці, чацвёрты… Уладзімір паступова прывык да гэтага шуму, што закалыхвае, неўпрыкметку задрамаў.
Яго разбудзіў баец, які знаходзіўся ў дазоры:
– Камандзір! Пад’ём! Глядзі, дрызіна ідзе. Мабыць, нашы спрацавалі.
Славін вызірнуў з-за куста, убачыў на мотадрызіне немцаў, узброеных кулямётамі.
– Будзі ўсіх!
Партызаны хутка давялі да ладу свой няхітры рыштунак. Белавус як галоўны падрыўнік зняў кавалак брызенту з магнета, старанна праверыў кантакты. Байцы моўчкі разыходзіліся па сваіх месцах.
Удалечыні пабачылі дым. «Цягнік! Толькі які?» – усе з напружаннем глядзелі на паварот, адкуль павінен быў паказацца варожы састаў. А вось і ён. «Рамонтнік!» – выдыхнуў Славін і зірнуў на Белавуса.
Састаў набліжаўся. Наперадзе яго знаходзіліся дзве адкрытыя платформы з пяском. Звычайна з такімі платформамі цягнікі ідуць павольна. Але немцы спяшаліся як на пажар. Таму і гналі рамонтна-аднаўленчы цягнік на вялікай хуткасці.
Белавус неадрыўна сачыў за саставам, але твар яго заставаўся спакойным, нават нейкім сумным.
«Толькі б не празяваў!» – каторы раз падумаў Уладзімір, і ў гэты момант проста пад коламі паравоза грукнуў выбух. Увесь састаў з тэхнікай, магутным кранам паляцеў пад адхон.
– Усім адыходзіць! – гучна крыкнуў Славін і пабег у пушчу.
Беглі доўга, цяжка дыхаючы. Усе разумелі, што трэба хутчэй пераадолець шашу. Неўзабаве даведаліся непрыемную вестку: дарога занята, фашысцкія войскі ачапляюць лес. Славін запытальна зірнуў на Белавуса, той зразумеў:
– Давайце за мной!
Ён павярнуў направа і пабег паралельна шашы. Усе кінуліся за ім. Густыя калючыя хмызнякі драпалі твары і рукі.
Сонца паказвала ўжо на поўдзень, калі партызаны наблізіліся да шашы ў іншым месцы. Белавус спытаў дазволу схадзіць у разведку. Славін накіраваў з ім яшчэ аднаго байца. Астатнія паваліліся на зямлю, каб хоць крыху адпачыць. Людзі пакутавалі ад смагі, аблізвалі перасохлыя вусны, але ў пляшках вады не засталося.
Удалечыні, якраз у тым кірунку, адкуль толькі што прыйшлі падрыўнікі, пачулася стральба. Гэта немцы пачалі прачэсваць лес. Усе з трывогай прыслухоўваліся і паглядалі ў той бок, дзе схаваліся разведчыкі.
Нарэшце абодва партызаны вярнуліся. Белавус далажыў:
– Пасты іх ужо стаяць. Але праскочыць можна. У адным месцы шаша праходзіць па лагчыне. З двух процілеглых бакоў, на ўзвышшах, немцы паставілі па бронемашыне. З гэтых кропак уся праезджая частка добра праглядаецца.
– А чаму ў нізіне нічога няма? Можа, там засада? – спытаў Славін.
– Няма ніякай засады. Уся справа ў тым, што ў нізіне – і справа, і злева – да шашы падыходзіць балота. Думаю, што гэта і ёсць найлепшая магчымасць прарвацца. Шлях праз балота ведаю як свае пяць пальцаў. Упэўнены – уцячом, тым больш што на бронемашыне па балоце не пакаціш. – Белавус памаўчаў трохі, збіраючыся з думкамі. – Калі мы трапімся на вочы немцам пры кідку праз шашу, трэба будзе як мага хутчэй прайсці балота, інакш яны па прасёлкавай дарозе праскочаць да моста праз невялікую рэчку, яна недалёка адгэтуль, і там нас сустрэнуць.
– А калі да ночы пачакаць? – спытаў Славін.
– Нельга. Па-першае, у нізіне могуць перакрыць дарогу, а па-другое, уначы па балоце не пройдзеш. Імгненна ў багне апынешся.
– Ясна. – Славін рашуча падняўся з зямлі. – Тады пайшлі!
Партызаны спяшаліся далей.
Камандзір батальёна капітан Мачалаў
Чырвоная Армія рыхтавалася да летняй кампаніі 1944 года, падчас якой планавалася цалкам вызваліць захопленую ворагам тэрыторыю краіны і пачаць вялікі вызваленчы паход па Еўропе.
Капітан Мачалаў нават у думках не дапускаў, што яго могуць адклікаць з фронту.
Пётр Пятровіч толькі што прыйшоў ад камандзіра палка, у якога да хрыпаты выпрошваў папаўненне для батальёна. І цяпер, седзячы разам з начальнікам штаба на палянцы, ламаў галаву, як лепей размеркаваць паміж ротамі беднае папаўненне.
– Таварыш капітан! – Мачалаў адразу ж пазнаў голас ардынарца і незадаволена абярнуўся. – Вас пытаюць.
– Хто?
– Маёр. – ардынарац далікатна і тактоўна вычакаў і, панізіўшы голас, дадаў: – Маёр медыцынскай службы.
«Няўжо Вольга Ільінічна?» – падумаў Мачалаў. У глыбіні душы ён быў упэўнены, што гэта яна. Так атрымалася, што ў апошні час палявы шпіталь, у якім служыла Васілеўская, нібы суправаджаў полк Мачалава, і яны даволі часта сустракаліся. Акрамя таго, Мачалаў добра ведаў свайго ардынарца. Калі б яго пытаў проста маёр медыцынскай службы, то ардынарац далажыў бы пра гэта іншым тонам. Мачалаў падняўся і накіраваўся да сваёй палаткі.
Пётр Пятровіч толькі прайшоў негусты хмызняк і адразу ўбачыў Васілеўскую. Апранутая ў добра падагнаную форму, хромавыя боты, халявы якіх шчыльна аблягалі лыткі ног, яна, заўважыўшы Пятра, усміхнулася і пайшла насустрач. Працягнуўшы руку, сказала:
– Вырашыла наведаць вас і развітацца.
– Як развітацца? – здзівіўся Мачалаў і збянтэжана замоўк. Яго і Васілеўскую аб’ядноўвала адна і тая ж бяда, горыч страты зблізіла іх, зрабіла сустрэчы неабходнасцю для кожнага. І вось Вольга Ільінічна кажа, што прыйшла развітацца! Яна сумна ўсміхнулася:
– Так, Пётр Пятровіч, я прыйшла развітацца. Наш шпіталь пераводзяць на іншы ўчастак фронту. Вайна ёсць вайна, – яна зноў сумна і быццам вінавата ўсміхнулася і працягнула Мачалаву лісток паперы. – Тут мой хатні, даваенны адрас, пасля вайны я вярнуся туды. Калі захочаце напісаць, то нумар маёй палявой пошты вы ведаеце. Ну, а цяпер бывайце, а можа, да сустрэчы, Пеця! Беражы вас Бог! – Яна павярнулася і пайшла, каб ён не ўбачыў яе вільготныя вочы.
А Мачалаў, прыгнечаны і разгублены, глядзеў ёй услед, нібы жадаючы пакінуць назаўжды ў сваёй памяці яе воблік, голас, сумныя вочы.
Неўзабаве Вольга Ільінічна знікла з поля зроку, і капітан, апусціўшы галаву, накіраваўся зноў да начальніка штаба. Ён разумеў, што чым далей час будзе аддаляць яго ад гэтага развітання, тым больш у душы будзе расці неабходнасць сустрэчы з Вольгай, якая стала яму не проста франтавым таварышам, але і сябрам…
Прайшло некалькі дзён, і батальён зноў атрымаў загад атакаваць праціўніка. Мачалаў быў ва ўладзе хуткага бою. Пабываў ва ўсіх узводах і ротах, гутарыў з байцамі і камандзірамі, ставіў задачу. Даўжэй, чым звычайна, затрымаўся ва ўзводзе, дзе служыў заўсёды вясёлы і бестурботны сяржант Кісліцкі, які атрымаў нечаканае «падмацаванне». Некалькі дзён таму да іх ва ўзвод прыбыў радавы Кікнадзе, гадоў сарака двух, грузін. Да гэтага ён ваяваў у іншым палку, быў паранены, і вось зноў на фронце. Кікнадзе, як і Кісліцкі, быў вясёлым і дасціпным апавядальнікам. Ён з задавальненнем слухаў забаўныя гісторыі і не ўпускаў магчымасці самому павесяліць сяброў. Сёння ў яго быў добры настрой. Дзіва што! Ён атрымаў ліст ад сына-разведчыка, якому прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. Гэта навіна імгненна абляцела ўсю роту. Байцы радаваліся разам з Кікнадзе. А ён усё расказваў і расказваў пра сына.
Са слоў камандзіра роты Мачалаў ужо ведаў навіну і вырашыў павіншаваць байца. Калі яны падышлі да спехам зробленага бліндажа, то па галасах, якія даносіліся з яго, зразумелі, што там шмат людзей. Увайшлі. Капітан ад душы павіншаваў чырвонаармейца і спытаў:
– А самому не хочацца Героя атрымаць?
– Як гэта не хочацца, таварыш капітан? Я цяпер толькі і думаць буду, які мне подзвіг здзейсніць. Мой Гіві і так часта рабіў не так, як я хацеў, а цяпер без зоркі Героя мне хоць дахаты не вяртайся.
– Няўжо ён у вас такі недысцыплінаваны быў?
– Вай, вай, не так недысцыплінаваны, як. як гэта. – Кікнадзе падбіраў патрэбнае слова, – ініцыятыўны. Вось вазьміце, напрыклад, як ён жаніўся. Гэта было ў чэрвені сорак першага. Памятаю, сяджу я дома адзін. На душы спакойна, нічога дрэннага нікому не зрабіў. І раптам дзверы адчыняюцца, і ў кватэру ўвальваецца цэлая кампанія людзей. Я падумаў – госці ідуць. Радасць у хату! Дарма думаў. Людзі-та ўсе паважаныя – дырэктар школы, настаўнікі, сакратар школьны. І ўсе на мяне наступаюць, крычаць, шумяць, і ўсё лозунгамі: «Гэта ж не трынаццатае стагоддзе, а дваццатае! Як гэта можна! Як ён мог?»
Я, вядома, таксама расхваляваўся ад гэтага крыку, таксама крычу: «Што – дваццатае стагоддзе? Сам ведаю, што дваццатае! Чаго крычыце? Растлумачце, што здарылася!» А яны мне, нібы я глухі, хорам тлумачаць: «Ваш сын дзесяцікласніцу выкраў!» А я хачу ўдакладніць у іх, які сын, іх у мяне чацвёра, і трое з іх тады ў школе вучыліся: адзін у пятым, а двое – двайняты – у чацвёртым. Навошта, думаю, ім дзесяцікласніцу красці. А дырэктар і настаўнікі, замінаючы адзін аднаму, на мяшанай руска-грузінскай мове тлумачаць: «Не, да гэтых вашых дзяцей, дзякуй богу, чарга не дайшла яшчэ. Дзесяцікласніцу выкраў ваш старэйшы сын – Гіві!» Я тут, вядома, супакоіўся і кажу ім: «Замоўкніце і не крычыце на гаспадара дому, у якога вы ў гасцях знаходзіцеся. Скажыце лепш мне, ці прыгожая гэтая дзесяцікласніца і як яе імя?»
З іх слоў зразумеў, што прыгожая. Тады я зноў сеў на сваю канапу і спакойна кажу: «Не разумею, чаго вы турбуецеся. Калі такі прыгажун, як мой Гіві, і выкраў прыгажуню, дык ведаеце, якая прыгожая сям’я будзе?»
Адразу замоўклі ўсе, вылупілі на мяне вочы, адкрытымі ратамі паветра хапаюць, нібы яго ў маёй вялікай і светлай хаце менш стала. Прамармыталі яны мне штосьці пра пракурора, павярнуліся і сышлі. А я сяджу і галаву ламаю, што рабіць і як гэтага падшыванца злавіць, каб не даць яму занадта далёка з гэтай прыгажуняй зайсці. Раптам паштальён прыходзіць, тэлеграму ўручае. Гляджу, а мяне на пошту для міжгародняй тэлефоннай размовы запрашаюць. Сабраўся і пайшоў. Адзначыўся на пошце ў тэлефаністкі, сяджу, чакаю, калі мяне паклічуць. Чую, маё прозвішча называюць, але, што за цуд, яшчэ чыёсьці называюць і запрашаюць нас у адну і тую ж кабіну. Сутыкаюся ля ўваходу ў кабіну з мужчынам і жанчынай. Адно аднаму дарогу саступаем, раскланьваемся, а самі нават не падазраём, што мы сваякі ўжо. Высветлілася, што яны – бацькі гэтай дзесяцікласніцы. Гіві з нявестай у Кутаісі ўцяклі, а адтуль выклікалі бацькоў на перагаворы. Вось так і нас паміж сабой перазнаёмілі.
– Ну і чым справа скончылася? – спытаў Мачалаў.
– Вяселлем.
– Ды вы яго таму ініцыятыўным называеце?
– Вядома. Я яму ўпотай нявесту прыглядаў, а ён сам ініцыятыву праявіў і ў дзевятнаццаць гадоў ажаніўся, зусім яшчэ дзіцём быў.
– Пачакайце, пачакайце, – усміхнуўся Мачалаў, – мяркуючы па вашым узросце, вы таксама не вельмі з жаніцьбай цягнулі. Колькі вам было гадоў, калі жаніліся?
Кікнадзе хітра ўсміхнуўся:
– Дзевятнаццаць, але я такім дзіцём не быў. А ён зусім маленькі ў мяне быў. Але ўсё імкнуўся бацьку апярэдзіць. Вось і Героя раней за мяне атрымаў. Скажыце, таварыш капітан, хіба гэта справядліва?
– Вядома, не. Але вы не хвалюйцеся, будзем спадзявацца, што і вы ад свайго сына не адстанеце.
– Не гаруй, салдат, – умяшаўся ў гутарку Кісліцкі, – мы табе ўсім узводам дапамагаць будзем. Я цяпер кожны танк, падбіты мной, буду на твой рахунак запісваць.
– Э, не, дарагі, дзякуй, я чужых перамог прысвойваць не хачу. Ды ты мяне пакуль дрэнна ведаеш, я і сам яшчэ сёе-тое магу.
З добрым настроем пакінуў пазіцыі батальёна Мачалаў, накіроўваючыся ў свой штаб.
Пад вечар яго нечакана выклікаў да сябе камандзір палка. Пётр Пятровіч быў упэўнены, што гутарка пойдзе пра хуткі бой. У бліндажы, акрамя Грыдзіна, знаходзіўся незнаёмы Мачалаву капітан. Падпалкоўнік сухавата сказаў:
– Знаёмся, Пётр Пятровіч, капітан Жураўлёў. Сёння ж перадасі яму камандаванне батальёнам, а сам выязджай у Маскву. Цябе адклікаюць.
– Мяне? У Маскву? Навошта?
– Не ведаю, але, паколькі табе трэба з’явіцца ва Упраўленне кадраў Наркамата ўнутраных спраў, падазраю, што атрымаеш новае заданне. Часу мала. Ідзі, здавай справы і праз дзве гадзіны будзь у мяне. Я збяру камандзіраў батальёнаў, развітаемся з табой.
Голас у Грыдзіна быў сумным.
Мачалаў чакаў чаго заўгодна, але толькі не гэтага. Далей усё пайшло як у калейдаскопе: здача спраў новаму камандзіру, развітанне з баявымі сябрамі, душны вагон, Масква.
Ва Упраўленні кадраў Наркамата ўнутраных спраў яго адразу ж запрасілі ў нейкі кабінет. Гадоў пяцідзесяці пяці генерал са стомленым і азызлым тварам адразу ж перайшоў да справы:
– Вы адкліканы з фронту для таго, каб вылецець самалётам да партызан, падабраць там людзей і выбыць у адзін з гарадоў, размешчаных на захадзе Беларусі. Там вы ў чаканні падыходу нашых войск азнаёміцеся са становішчам і, калі тэрыторыя вобласці будзе вызвалена, прыступіце да кіраўніцтва аддзелам па барацьбе з бандытызмам. Мы ведаем, што гэта справа вам знаёма, бо вам ужо даводзілася змагацца з бандытамі. Гэта, а таксама вопыт работы ў міліцыі і, вядома, франтавы вопыт, вам спатрэбяцца.
Генерал устаў з-за стала і, паволі прахаджваючыся па кабінеце, працягваў:
– Мы ўпэўнены, што на вызваленай намі тэрыторыі, якая была пад панскай Польшчай, з ліку здраднікаў, крымінальнікаў, паліцаяў, а таксама з тых, хто не паспеў сысці з адыходзячымі гітлераўскімі войскамі, будуць стварацца банды. Яны стануць не толькі рабаваць і забіваць, запалохваць і тэрарызаваць мясцовае насельніцтва, але і прыносіць шкоду новай уладзе, нападаць на партыйных і савецкіх кіраўнікоў, актывістаў, таксама на асобныя вайсковыя аўтамашыны, армейцаў. – Генерал сеў насупраць Мачалава і ўсміхнуўся стомленымі, запалёнымі вачыма. – А басмачы на поўдні чымсьці іншым займаліся?
– Тым, вядома. Бандыты, таварыш генерал, яны ўсюды бандыты.
– Правільна. Разумеючы гэта, мы і адклікаем з фронту людзей, здольных хутка і рашуча скончыць з гэтымі падонкамі, ну а з фашыстамі і без вас на фронце скончаць.
– У партызанскі атрад я адзін палячу?
– Дамо вам яшчэ двух чалавек у дапамогу, а цяпер уладкоўвайцеся ў гасцініцу, нумар вам замоўлены. Заўтра з’явіцеся сюды, атрымаеце неабходныя дакументы, зброю, пройдзеце інструктаж, пазнаёміцеся са сваімі памагатымі і ў шлях.
Нягледзячы на моцную стомленасць, Пётр Пятровіч заснуць ніяк не мог. Думкі пра будучыню і нязвыклая цішыня трывожылі яго.
Раніцай ён накіраваўся ў Наркамат, затым напісаў лісты Купрэйчыку і Васілеўскай. А яшчэ праз суткі цяжкі самалёт узняўся ў неба. Упершыню ў жыцці Пётр ляцеў на самалёце. Натужліва і магутна гулі маторы. Іх роў свабодна пранікаў праз рабрыстыя барты, і размаўляць можна было толькі нахіліўшыся да вуха суразмоўцы. У салоне самалёта, акрамя Мачалава і яго двух новых таварышаў – старшага лейтэнанта Булацкага і лейтэнанта Швяцова, – нікога не было. Гэта быў транспартны самалёт з доўгімі лаўкамі ўздоўж бартоў.
Пасярэдзіне салона ўздоўж лавак ляжаў груз. Па форме скрынь і маркіроўцы на іх Пётр зразумеў, што ў іх зброя і боепрыпасы. Яго хвалявала хуткая сустрэча з партызанамі. Ці зможа ён падабраць патрэбных людзей і давесці іх па варожым тыле да вызначанага месца? З надзеяй паглядаў капітан на спакойны твар Булацкага. Ён кадравік і павінен быць вельмі карысным пры падборы людзей. Лейтэнант Швяцоў, гадоў дваццаці трох, з вялікімі блакітнымі вачамі, густымі чорнымі бровамі, вучыўся ў школе міліцыі, але пасля таго як пачалася вайна, апынуўся на фронце. Быў цяжка паранены. Пасля выздараўлення працаваў у Маскве оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку.
Мачалаву замінаў парашут, прымацаваны за спінай. Ён доўга важдаўся, пакуль усеўся, і цяпер спрабаваў засяродзіцца. А тут яшчэ гэты чортаў парашут. Перад вылетам паказалі, як трэба ім карыстацца. Уласна, гэта і так ясна: калі паляціш уніз, то трэба тузануць за колца. Праўда, скакаць давядзецца толькі ў крайнім выпадку. Самалёт павінен прызямліцца на партызанскім аэрадроме, даставіць зброю і боепрыпасы, а назад забраць параненых.
Далёка ўнізе сталі відаць беленькія агеньчыкі ракет, а паміж імі запульсіравалі чырванаватыя кропкі. Яны ляцелі ўздоўж зямлі насустрач адзін аднаму. «Фронт», – здагадаўся Пётр Пятровіч і яшчэ шчыльней прыціснуўся да прахалоднага шкла. Хтосьці крануў яго за плячо. Азірнуўшыся, Мачалаў убачыў бортстралка. Ён нахіліўся яшчэ ніжэй і пракрычаў:
– Праходзім лінію фронту, нас могуць абстраляць. Праверце парашуты!
«Хто ў такую цемрадзь патрапіць у наш самалёт?» – падумаў Пётр, назіраючы, як стралок займае сваё месца ўверсе салона, там, дзе быў усталяваны на турэлі кулямёт. Праверыў, як прышпілены шлейкі парашута, і пракрычаў Швяцову і Булацкаму, каб яны зрабілі тое ж. Пасля гэтага ён зноў прытуліўся да ілюмінатара, але ўнізе і вакол ужо было цёмна. Фронт ззаду.
За гады вайны ён прывык бачыць ворага перад сабой ці нават вакол, але ад таго, што вораг пад ім, што цяпер, можа, сапраўды, як і меркаваў стралок, нямецкія зеніткі наводзяць на гук самалёта свае доўгія, нібы хобаты сланоў, ствалы, каб знішчыць іх, стала нядобра, захацелася перасесці бліжэй да дзвярэй. Але праходзілі адна за другой пакутлівыя хвіліны, а самалёт, па-ранейшаму магутна і роўна гудучы маторамі, ішоў сваім курсам. Неўпрыкметку для сябе Мачалаў задрамаў і нават убачыў нейкі сон. Потым насцярожаны слых улавіў ва ўжо звыклым шуме матораў нейкія новыя гукі – кароткія сухія воплескі. Пётр Пятровіч расплюшчыў вочы, у гэты момант самалёт моцна гайданула, і Мачалаў, інстыктыўна хапаючыся за сядзенне рукамі, не мог зразумець, што ж адбылося. Яму здалося, што ў салоне самалёта ўспыхнула святло. А незразумелыя воплескі за бортам сталі яшчэ больш частымі. «Дык гэта ж нас абстрэльваюць, – здагадаўся Мачалаў, – а ў кабіне стала светла ад пражэктараў, якія адшукалі нас у небе». Але вось усярэдзіне салона стала цёмна, самалёт адразу ж выраўняўся і, не памяншаючы хуткасць, пачаў гарызантальны палёт.
«Няўжо прарваліся?» – яшчэ не верачы ў гэта, падумаў Мачалаў і тут жа пачуў над вухам радасны крык Булацкага:
– Малайцы лётчыкі! Усё ж вырваліся з гэтага пекла!
Праз некалькі хвілін маторы пачалі працаваць спакайней.
З кабіны выйшаў другі пілот. Падсвечваючы сабе ліхтарыкам, падышоў да пасажыраў і нахіліўся да Мачалава:
– Пашанцавала нам, капітан, прарваліся.
– Далёка яшчэ?
– Што?
– Я пытаю, доўга яшчэ ляцець?
– Каля трыццаці хвілін. – Пілот хацеў яшчэ штосьці сказаць, але не паспеў. Усярэдзіне самалёта зноў стала светла ад пражэктараў, якія зноў учапіліся ў яго. Лётчык кінуўся да кабіны.
Вакол самалёта на ўсю моц пачалі рвацца снарады. Лётчыкі прымянілі супрацьзенітны манеўр: то змейкай самалёт павядуць, то рэзка рвануць убок, то кінуць самалёт па нахільнай да зямлі, але ўсё было марным. На серабрыстых плоскасцях скрыжаваліся прамяні трох ці чатырох пражэктараў. Учапіліся моцна, даючы магчымасць зенітчыкам весці прыцэльны агонь. Нават праз надрыўнае выццё матораў было чуваць, як густа рвуцца снарады. Наперадзе стала суцэльная сцяна разрываў, і самалёт рэзка павярнуў направа.