355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Мікалай Чаргінец » Вам — заданне » Текст книги (страница 20)
Вам — заданне
  • Текст добавлен: 30 июля 2017, 04:30

Текст книги "Вам — заданне"


Автор книги: Мікалай Чаргінец



сообщить о нарушении

Текущая страница: 20 (всего у книги 24 страниц)

Славін

Славін прыехаў у вёску позна вечарам. Паставіў у пакоі ля сцяны два цяжкія чамаданы, з палёгкай уздыхнуў:

– Ух. ледзь дабраўся. Дабрыдзень!

Лешык адказаў і адразу ж спытаў:

– Прывёз?

– Вядома. Заяц трапацца не любіць: сказана – зроблена. Зараз трэба хутчэй Сцяпана знайсці. Такі груз трымаць у хаце небяспечна.

Стары падтрымаў:

– Правільна кажаш, Валодзя. Нельга рызыкаваць. Заўтра ж паспрабуем паведаміць яму. Вячэраць будзеш? Я табе самагоначкі налью.

– Стаміўся я. Шмат разоў па дарозе адпачываў, пакуль дабраўся. Лепш лягу, пасплю.

– То кладзіся ў хаце, холадна. Я зараз засцялю.

І стары замітусіўся, рыхтуючы пасцель на падлозе.

Славін, лежачы ў цемры, усміхаўся, успамінаючы, як гадзіну назад Мачалаў старанна пэцкаў чамаданы граззю, каб іх выгляд не выклікаў у Лешыка ніякіх сумненняў.

Атрымалася так, што Мачалаў у апошні момант перадумаў і забараніў Славіну ехаць па патроны ў горад на возе. Капітана турбавала, як бы бандыты не перахапілі Уладзіміра па дарозе. Суправаджаць непрыкметна для старонняга вока фурманку для супрацоўнікаў аддзела было б вельмі складана. Таму паездка Славіна была прадумана зусім інакш і ажыццяўлялася на «спадарожных» машынах. Нават калі ён сышоў з машыны ля скрыжавання, адкуль дарога праз лес вяла да вёскі, Славіну «пашанцавала», па шляху рухаўся грузавік з работнікамі МТС. Яго падвезлі да ўзлеску, ля якога ля вёскі пачыналася поле.

«А ўсё-ткі башкавіты мужык Пётр», – цёпла падумаў пра брата Уладзімір і тут жа ўспомніў пра сваіх таварышаў, якія засталіся пад дажджом і назіраюць за хатай. З гэтага часу аперацыя па ліквідацыі банды падыходзіла да канца.

Толькі-толькі замігцеў світанак, як супрацоўнікі НКУС убачылі, што з брамкі выйшаў Лешык і накіраваўся да лесу. Нягледзячы на старэчы ўзрост, ішоў хутка, лёгка. Самыя дасведчаныя аператыўнікі назіралі за ім. Стары не прытрымваўся дарогі, крочыў лесам напрасткі аднаму яму вядомым шляхам. Праз тры гадзіны з лішнім з кустоў насустрач Лешыку выйшлі два чалавекі з вінтоўкамі. Стары спыніўся, перакінуўся з невядомымі некалькімі фразамі і ў суправаджэнні аднаго з іх рушыў далей. Было зразумела, што Лешык сустрэўся з вартавымі банды. А гэта значыць, што гняздо злачынцаў дзесьці побач. Па камандзе Мачалава двое супрацоўнікаў зрабілі невялікі крук і працягвалі весці назіранне. Але тут здарылася неспадзяванае: Лешык і яго праваднік здолелі адарвацца ад аператыўных работнікаў на даволі вялікую адлегласць. На шляху аказалася велізарная адкрытая паляна, а за ёй пачыналася балота. Каб не выявіць сябе, супрацоўнікам давялося на некаторы час затрымацца на месцы, у той час як іх падапечныя спакойна прасоўваліся далей і схаваліся ў хмызняку. Толькі пасля гэтага аператыўнікі кінуліся ў пагоню. Аднак ужо было позна: ні Лешыка, ні бандыта, які суправаджаў яго, выявіць не ўдалося. Відавочна, была магчымасць прайсці праз балота нейкім таемным шляхам, якім, мяркуючы па ўсім, і скарысталіся тыя. Работнікі НКУС спыніліся перад непраходнай багнай. Давялося вярнуцца назад, паспрабаваць абысці балота бокам. Аднак і гэта задума не ўвянчалася поспехам: занадта вялікую прастору займала яно. Заставаўся адзін-адзіны тактычны ход: дачакацца вяртання старога.

Ён выйшаў з хмызняку амаль праз гадзіну, накіроўваючыся ў зваротную дарогу.

Цяпер можна было не сумнявацца, што логава хеўры Фядзько-Лешыка знаходзіцца дзесьці пасярод балота, хутчэй за ўсё на астраўку.

Мачалаў распарадзіўся старога Лешыка больш не суправаджаць. Той спяшаўся дахаты.

Славін сядзеў у пакоі, чакаў гаспадара, хваляваўся, перажываючы за сваіх супрацоўнікаў: «Ці змогуць непрыкметна прасачыць, куды пайшоў Лешык?» Задумаўшыся, ён не заўважыў, як стары, не затрымліваючыся, праслізнуў міма ўласнай хаты і, прыціскаючыся да платоў, абыходзячы лужыны, пайшоў далей па вуліцы. Потым пастукаўся ў хату на ўскраіне вёскі, прабыў там не больш за пяць хвілін, пайшоў назад. Неўзабаве быў дома. Прывітаўся з Уладзімірам.

– Усё ў парадку. Перадаў Сцяпану, каб прыйшоў. Сёння ўвечары павінен зазірнуць.

– Добра. Тады я не паеду па хутарах. Гэта зрабіць можна і заўтра.

– Вып’еш?

– Дзякуй, не хачу. Штосьці галава трашчыць. Прайдуся трохі.

Славіну не хацелася заставацца сам-насам са старым, гаварыць з ім.

Неба закрылі нізкія, цёмныя хмары. Усё прадвяшчала, што вось-вось на мокрую зямлю зноў абрынецца дождж.

Уладзімір доўга блукаў па вёсцы, нечакана сутыкнуўся з маці Юзэфа. Яна ўзрадавалася:

– Вось добра, што сустрэла! А я ламала галаву, як зайсці да Лешыка і выклікаць цябе. Разумееш, нядаўна да мяне прыходзіла Рудакоўская, сказала, што да яе заходзіў стары Лешык, папярэдзіў, быццам сёння ўвечары да іх прыйдзе дачка і для яе трэба падрыхтаваць прадукты ды сёе-тое з адзежы.

Гэта навіна зацікавіла Славіна. Ён спытаў:

– Як вы думаеце, з Вандай можна гаварыць адкрыта?

– Вядома, можна. Яна, бедная, запалохана гэтым бандытам. Толькі як даведаешся, калі яна з’явіцца да хаты?

– Вельмі проста. Разам з ёй прыйдзе і малодшы Лешык – Сцяпан. Я яго абавязкова ўбачу. Значыць, буду ведаць, што Ванда тут.

– Сынок, – яе голас пацяплеў, – баюся гэтага бандыта, ох, баюся! Ды і ты будзь асцярожны, ён не задумваючыся можа зарэзаць чалавека.

Славін, як мог, супакоіў бабульку, павольным крокам падаўся да хаты гаспадара. Але, калі прайшоў сотню метраў, рэзка павярнуў у поле, накіраваўся да лесу. Неўзабаве ён ужо размаўляў з Мачалавым. Раіліся нядоўга. Начальнік не хацеў рызыкаваць, падвяргаць Славіна смяротнай небяспецы.

– Бандыта і тых, хто прыйдзе з ім, будзем браць адразу, як толькі з’явяцца ў вёсцы. У гэту ж ноч блакіруем мясцовасць, дзе знаходзіцца іх логава, і банда будзе ліквідавана. Што да Ванды Рудакоўскай, Уладзімір, твая праўда. Калі яна ўбачыць, што Фядзько ў нашых руках, можаш не сумнявацца – пагодзіцца паказаць логава ўсёй банды.

Дамовіліся, што аператыўная група, як толькі сцямнее, блакіруе хутар Лешыка. Фядзько ўвойдзе ў хату, пасля гэтага яго сябрукі, тыя, якія застануцца ў ахове, будуць зняты, а затым супрацоўнікі ўварвуцца ўнутр памяшкання. Мачалаў, інструктуючы Славіна, імкнуўся прадугледзець усё да драбнюткіх падрабязнасцяў.

– Калі не атрымаецца зняць сябрукоў Фядзько без шуму, – казаў ён Уладзіміру, – то ты не рызыкуй, смела карыстаўся зброяй.

Славін неўзабаве вярнуўся дахаты. Лешык спаў на печы, Ядзя даіла ў хляве карову. Ён сеў на лаву і, адкінуўшыся да сцяны, яшчэ раз абдумваў план дзеянняў. Страху не было, у яго душы расла толькі нянавісць. У памяці юнака ўсплыў вобраз забітага хлапчука. Цяпер Уладзімір адчуваў сябе, як і раней, калі рыхтаваўся да смяротных сутычак з ворагам. Так, наперадзе быў ізноў бой – жорсткі, бязлітасны.

Уладзімір Славін

Пяцёра выйшлі з лесу і накіраваліся да вёскі. Ішлі асцярожна, ледзь перастаўляючы ногі па суглінкавым разараным полі. Нарэшце яны апынуліся ля хаты Лешыка. Адзін з іх штосьці сказаў сваім спадарожнікам, і тыя, перамахнуўшы праз плот, пачалі абыходзіць з двух бакоў будынак. Усе былі ўзброены: адзін з аўтаматам, астатнія з абрэзамі. Той, у якога вісеў на плячы аўтамат, вычакаў трохі, сам абышоў хату, зазіраючы ў вокны, падняўся на ганак, падышоў да дзвярэй, асцярожна пхнуў іх – адчынена. Ён пастаяў трохі, ступіў у цёмныя сенцы. Намацаў клямку, адчыніў дзверы, паглядзеў на людзей, якія знаходзіліся ў пакоі. Не вітаючыся, спытаў:

– Як маецеся?

Стары Лешык падняўся з табурэткі:

– Усё як трэба. Заходзь у хату – не халадзі.

Фядзько выняў руку з кішэні брызентавай курткі, увайшоў у пакой. Прывітаўся са Славіным, загадаў старому:

– Дай што-небудзь душу сагрэць, змакрэў наскрозь! – затым прысеў на лаву, кінуў погляд на Ядзю: – А ты сцягні боты: сатры бруд, анучы на печцы рассцялі.

Ядзя ледзь сцягнула мокрыя, брудныя боты, разматала анучы. Увайшоў гаспадар з бутляй самагонкі і закускай. Паставіў на стол. Фядзько наліў і залпам асушыў поўную шклянку, падсунуўся да Славіна.

– Колькі прынёс?

– Не лічыў. Падбіць бабкі можна цяпер.

Уладзімір увесь напружыўся: вось-вось павінен прагучаць умоўны сігнал, і тады трэба кінуцца на бандыта, не дазволіць яму схапіцца за зброю, даць магчымасць аператыўнікам уварвацца ў хату. У двары нечакана пачуўся прыглушаны стогн. Стары і Фядзько не ўчулі яго, а Ядзя насцярожылася. Яна моўчкі падышла да акна, прыклала да шкла далонь рабром, паспрабавала разгледзець, што адбываецца. У сенцах пачуўся шум. Славін зразумеў: свае! Не разважаючы, колькі было сіл, ён гваздануў правай рукой у сківіцу Фядзько. Ва ўдар Уладзімір уклаў усё: і злосць, і нянавісць да вылюдка, перад якім ужо не трэба было маскіравацца, і турботу за сваіх таварышаў, і велізарнае жаданне адпомсціць за тых, у каго адняў жыццё гэты гад! Сцяпан паляцеў уздоўж лавы і, урэзаўшыся галавой у бярвеністую сцяну, без прытомнасці грукнуўся на падлогу.

Дзверы адчыніліся, у пакой уварваліся супрацоўнікі. Усё адбылося настолькі нечакана, што ні Ядзя, ні стары не паспелі і ахнуць.

Мачалаў загадаў усіх затрыманых сабраць у хаце, звязаць іх, а сам, кіўнуўшы галавой Славіну, маўляў, ідзі за мной, выйшаў з хаты.

У двары ён паціснуў руку Уладзіміру:

– Ну, першы іспыт здаў удала. Пайшлі да Рудакоўскай. Калі ўгаворым яе паказаць, дзе хаваецца банда, лічы, што заўтра адрапартуем пра выкананне задання.

У хаце, дзе жылі бацькі Ванды, гарэла святло. Няцяжка было здагадацца, што там цяпер адбываецца. Аднак чакаць не заставалася часу, і Мачалаў пацягнуў дзверы на сябе. Аператыўнікі дзейнічалі хутка. Нельга было дапусціць, каб Ванда апамяталася. Здуру яшчэ зброю выкарыстае.

Хутка ўвайшлі ў пакой. Там былі старыя і дачка. Ванда – маладая сімпатычная дзяўчына з вялікімі блакітнымі вачыма – з жахам глядзела на іх. Стары Рудакоўскі, відавочна, адразу вырашыў, што незнаёмыя мужчыны – гэта і ёсць галаварэзы з банды Фядзько. Маці запытальна, з трывогай глядзела на Уладзіміра. Толькі пасля таго, як Мачалаў прадставіўся, пачуўся немы жаночы плач: расплакалася маці.

Ніякай зброі пры Вандзе не аказалася. Мачалаў папрасіў старых апрануцца, выйсці на некалькі хвілін на ганак. Маці, верагодна, палічыла, што яе дачка цяпер будзе расстраляная, забожкала яшчэ гучней, кінулася ў ногі начальніку:

– Не чапайце яе, напрамілы Бог! Малю! Не забівайце! Яна нічога дрэннага не зрабіла. Яе Сцяпан Лешык сілком у лес зацягнуў.

– Устаньце і перастаньце галасіць! Савецкая ўлада людзей не расстрэльвае проста так. Нам трэба пагаварыць з Вандай сам-насам.

Мачалаў пачакаў, пакуль выйдуць бацькі, і падышоў да дзяўчыны. Цяпер ён блізка ўбачыў яе твар, заўважыў на ім хваравітую азызласць, прыпухлыя павекі. Жыццё ў лесе, вядома, давала пра сябе ведаць.

– Ванда! Фядзько, ён жа Лешык, і яго сябрукі толькі што затрыманы. Для нас, зрэшты, як і для цябе, яны ўжо не небяспечныя. Цяпер трэба як мага хутчэй ліквідаваць астатнюю частку банды, якая надзейна акружана нашымі салдатамі. Мы не хочам, каб дарма пралівалася кроў людзей. Таму прапануем табе паказаць дарогу праз балота. Гэта дапамога будзе ўлічана пры вырашэнні твайго лёсу. Згодна?

Вочы дзяўчыны напоўніліся слязьмі. Яна малітоўна склала рукі на грудзях:

– Дзядзечка, міленькі, добры! Што хочаце рабіце са мной, толькі не пытайце. Яны заб’юць мяне! Зарэжуць! Павесяць на першай хвоі.

– Ніхто цябе пальцам не кране. Бандытаў у гэтых краях больш ніколі не будзе. Мы з імі скончым раз і назаўжды. Дык што ж? Вырашай, дзяўчына!

Славін таксама падышоў да яе бліжэй.

– Ванда! Успомні, што яны зрабілі з Юзэфам. А твая асабістая крыўда? Няўжо прабачыш? Няўжо дапусціш, каб гэтыя забойцы гулялі на волі, сеялі смерць і гора?

– Баюся! Вы яшчэ не ведаеце іх.

– Каго іх? Не ведаю гэтых вылюдкаў?

– Правільна. Яны вылюдкі, усе да аднаго людажэры, якіх свет не бачыў. Таму і страшна.

– Не бойся, Ванда! Павер нам. Зразумей, цяпер дарагая кожная хвіліна. Калі бандыты штосьці пранюхаюць, не мінуць кровапраліцця.

На твары дзяўчыны лёгка было прачытаць, якая складаная барацьба адбываецца ў гэтыя імгненні ў яе душы. Яна пачала ўжо разумець, што магутны жорсткі чалавек, пры якім яна трапятала, абясшкоджаны. Цяпер ён, пэўна, не ўяўляе ніякай сур’ёзнай небяспекі.

Цяпер трэба пераадолець страх, адважыцца. Нарэшце Ванда вырашылася:

– Добра. я павяду. толькі каб ніхто не ведаў.

– Вось цяпер ты кажаш разумна. Адразу б так! – ухваліў Уладзімір.

У лесе было яшчэ цёмна, калі невялікі атрад дасягнуў месца, вакол якога размясцілася ўзмоцненая рота аўтаматчыкаў. Мачалаў загадаў трохі адпачыць. Начальнік сабраў старшых груп, паставіў перад кожным выразную задачу. Не пакінуў ён без увагі і бандыцкі сакрэт, які непрыкметна абышлі бокам. Для ліквідацыі гэтага сакрэту Мачалаў накіраваў аддзяленне салдатаў на чале з Бартошыкам і растлумачыў:

– Там не больш трох чалавек. Паспрабуйце зняць ціха. Пасля гэтага заставайцеся на месцы. Чакайце завяршэння аперацыі. Спатрэбіцеся для справы – каманду перадамо праз сувязнога. Пароль – «Мінск».

Ванда ўпэўнена ступіла ў ржавую балотную ваду. Следам за ёй крок у крок адправіліся Мачалаў, Славін, Антошын і ўсе астатнія, хто меўся схапіцца з бандытамі.

Ісці прыйшлося доўга, часам па грудзі патанаючы ў сцюдзёнай багне. Нарэшце адчулася пад нагамі цвёрдая глеба. Рудакоўская адразу ж павярнула крута налева. Шэптам растлумачыла Мачалаву:

– Прама нельга – там засада!

– Колькі чалавек?

– Звычайна два.

Мачалаў адправіў чатырох чалавек для захопу засады. Атрад рушыў далей. Неўзабаве байцы спыніліся перад невялікай палянай. На ёй размяшчалася шэсць зямлянак. Кожная група па камандзе начальніка рушыла да «свайго бярлогу», астатнія салдаты хутка акружылі паляну.

Ва ўсіх шасці зямлянках дзверы не замыкаліся. Салдаты дзейнічалі спрытна і рашуча. Бандытаў бралі прама ў пасцелях, тут жа выводзілі вонкі. Толькі ў адной зямлянцы глуха грукнуў адзінкавы стрэл: прыйшлося прыстрэліць аднаго з бандытаў, які паспрабаваў выхапіць з-пад падушкі пісталет.

Неўзабаве ўсё было скончана. Бандыты, акружаныя з усіх бакоў аўтаматчыкамі, моўчкі стаялі, унурыўшы галовы.

Ужо зусім развіднела, калі канвой даставіў і тых бандытаў, якія былі схоплены ў сакрэтах. Мачалаў загадаў пераправіць затрыманых невялікімі групамі праз балота, да вёскі. Туды, па яго разліках, ужо прыбываў абоз, каб забраць бандыцкую зброю, боепрыпасы і нарабаваныя імі маёмасць, каштоўнасці.

Славін падышоў да Рудакоўскай:

– Ванда! Рады, што бачу цябе цэлай, ды і да таго ж у нядрэнным настроі. Страх, спадзяюся, прайшоў?

– Як вам сказаць? Гляджу на іх, – яна грэбліва паглядзела ў бок бандытаў, якія стоўпіліся, – і вачам веры не даю: пацішэлі! Нібы авечкі згрудзіліся ў кучу. А яшчэ ўчора любы з іх горш за лютага звера быў.

– Не шкадуеш, што паслухалася нас?

– Не! Што вы! Дзякуй.

– Чым зараз будзеш займацца?

– Да бацькоў вярнуся. Трэба наладжваць новае жыццё, калі дазволіце.

Падышоў Мачалаў. Ён чуў апошнія словы.

– Давядзецца дазволіць. Як ты на гэта глядзіш, Уладзімір Міхайлавіч?

Усцешаны такім паважлівым зваротам – па імені па бацьку яго яшчэ рэдка звалі, – Уладзімір пачырванеў, аднак збянтэжанасць пераадолеў:

– Вінаватую галаву меч не сячэ, таварыш начальнік. Магу нават паручыцца за Ванду.

– Правільна разважаеш. А зараз дазволь цябе павіншаваць з перамогай! Малайчына па ўсіх артыкулах! Так трымаць!..

Аляксей Купрэйчык

У шпіталі панавала радаснае ажыўленне. Толькі што па радыё паведамілі пра вызваленне Варшавы. Параненыя падоўгу стаялі ля карты, прыкідваючы адлегласць да Берліна.

Купрэйчыку ўжо два тыдні як дазволілі ўставаць, ён штодня стараўся хоць бы разок спусціцца ўніз, у прыёмнае аддзяленне, куды паступалі прама з фронту параненыя. Ён шукаў сярод іх знаёмых, але пакуль нікога не сустрэў.

А шпіталь, размешчаны ў будынку школы, амаль штодня папаўняўся ўсё новымі параненымі. Людзі былі розныя: адны – маўклівыя і панурыя, другія крычалі, лаяліся ад болю, трэція – енчылі. Паветра ў шпіталі было сапрэлым, цяжкім, наскрозь прасякнутым пахам бінтоў, старых ран, карболкі, лекаў.

Прачыналіся звычайна рана, слухалі зводку Інфармбюро, чакалі, калі прынясуць газеты.

Побач з Купрэйчыкам на ложку, які стаяў у куце, з’явіўся новы сусед. Яму адарвала абедзве нагі. Першыя двое сутак ён трызніў. Сёння новенькі ачнуўся. Ён доўга ляжаў з расплюшчанымі вачыма і прыслухоўваўся да размоў.

Аляксей гучна сказаў:

– Ну вось, браткі, і наваселец наш прачнуўся.

У палаце наступіла цішыня, тыя, у каго ўжо добра пазажывалі раны, жадаючы дапамагчы новенькаму хутчэй асвоіцца, пачалі пытаць, хто ён, адкуль.

– Капітан Волкаў, танкіст, – адказаў ён яшчэ слабым голасам і дадаў: – Завуць Паўлам.

– Дзе быў паранены? – пацікавіўся рудавалосы, з абгарэлым тварам лейтэнант Назараў. Ён таксама танкіст. Яго танк падбілі немцы, і ён загарэўся. З усяго экіпажа застаўся жывы толькі Назараў. У палаючым камбінезоне вываліўся з танка, але далей рухацца не змог. У яго было два асколачных раненні: адно ў нагу, другое – у спіну. Пехацінцы, што суправаджалі іх танк, затушылі адзежу Назарава, але ён паспеў атрымаць моцныя апёкі рук, твару і спіны. Калі лейтэнант трохі падлячыўся, то вельмі перажываў за свой абпалены твар і ў хвіліны даверу казаў: «Ведаеце, хлопцы, якая ў мяне жонка прыгажуня! Не прыме зараз яна мяне з такой фізіяноміяй. Навошта я ёй?»

Новенькі павольна павярнуў галаву і, адшукаўшы вачыма Назарава, адказаў:

– На подступах да Варшавы. З гаю іх самаходка ў бок майму танку ўляпіла. Што далей было – не памятаю. – Затым капітан перавёў погляд на Купрэйчыка, які сядзеў на сваім ложку, і папрасіў: – Браток, атулі мне ногі лепей, а то змерзлі штосьці.

Купрэйчыка кінула ў жар: «Дык ён нават не ведае, што ў яго няма ног!» Хаваючы вочы, ён паправіў там, дзе павінны быць ногі, коўдру, сеў на месца і падумаў: «Можа, і добра, што ён убачыў твар Назарава, лягчэй будзе і сваё гора пераносіць».

Настрой сапсаваўся, на душы стала нядобра. Аляксей лёг на ложак і заплюшчыў вочы. У памяці ўсплыў апошні бой, у якім яго параніла.

Прыйшоў ён у сябе на плыце, падчас пераправы праз тую злапомную раку. Над ім адразу ж схіліліся твары яго хлопцаў. «Трымайся, камандзір, мы з табой!» – сказаў Лугавец, а ў самога вочы чырвоныя. Купрэйчык здагадаўся, што ён плакаў, і падумаў: «Напэўна, здорава мяне зачапіла, калі нават такі крэмень, як Жэня, слязу пусціў». Ён спытаў, што з астатнімі хлопцамі. Сцяпаныч супакоіў: «Усё ў парадку, дзядзька, усе цэлыя. Праўда, Пецю Губчыка злёгку зачапіла за руку, але ён нават у шпіталь не пайшоў. Вось цяпер прычалім да берага, а там – увесь узвод нас сустракае. Хлопцы рукамі машуць».

Але Аляксею так і не давялося ўбачыць свой узвод. На вочы наплыла смуга, неба пацямнела, і ён ізноў знепрытомнеў.

Апрытомніў ужо ў шпіталі. Абое раненні аказаліся сур’ёзнымі, да таго ж старшы лейтэнант страціў шмат крыві. З першага шпіталя ён трапіў у другі, затым у трэці, і вось ужо больш за месяц ляжыць у чацвёртым, які размясціўся ў невялікім мястэчку пад Брэстам. Тут і знайшла яго жонка.

У Аляксея на душы палягчэла пры ўспаміне пра яе. Ён добра памятаў той дзень. Яна ўбегла ў палату і стала пільна ўзірацца ў хворых. Слізганула па твары Аляксея вачыма і адразу не пазнала. Купрэйчык хацеў паклікаць яе, але не мог. Горла стала сухім, язык – непаслухмяным, і ён моўчкі працягваў глядзець на жонку. Надзя зноў паглядзела на яго і кінулася да ложка. Яна ўпала на калені, прытулілася да яго твару і расплакалася. Тыя параненыя, якія маглі хадзіць, паспешна выйшлі з палаты, а іншыя адвярнуліся да сцяны, каб не замінаць іх сустрэчы. Калі прайшло першае хваляванне, Надзя расказала Аляксею, як ёй удалося адшукаць яго. Аказалася, што калі на імя Купрэйчыка прыйшоў яе ліст, то хлопцы напісалі пра тое, што здарылася, і паведамілі, куды ён быў дастаўлены. Надзя напісала ў перасоўны палявы шпіталь. Ёй адказалі, куды накіраваны Аляксей. Яна напісала туды, атрымаўшы адказ, накіравала ліст у наступны шпіталь і так пісала датуль, пакуль не даведалася, дзе ён знаходзіцца.

Аляксей сказаў, што ён ёй некалькі разоў пісаў, але адказу так і не атрымаў. Лічыў, што віной таму яго частае перамяшчэнне па шпіталях. Надзя растлумачыла: «Лёшачка, у мяне змяніўся адрас, і цалкам магчыма, што калі прыходзілі твае лісты па старым адрасе, то іх не перасылалі мне. Сам ведаеш, вайна».

Гэтым разам у Надзі часу было вельмі мала, і яна ўвечары з’ехала. Цяпер Надзя працавала ў шпіталі, размешчаным за дваццаць кіламетраў адгэтуль. Яна ўжо тройчы прыязджала да Аляксея. Яму ўспомнілася ўчорашняя гутарка ў двары шпіталя.

Аляксею ўпершыню дазволілі выйсці ў двор, і якраз прыехала Надзя. Маладзенькая медсястра, якая дапамагала Аляксею надзець стары шпітальны кажух і валёнкі, убачыўшы Надзю, смеючыся, сказала: «Ведае, калі прыязджаць. Толькі сабралася яе мужа адвесці, а яна тут як тут». Надзя зрабіла сур’ёзны твар і пагразіла пальцам: «Ну-ну, паспрабуй толькі!» І, узяўшы Аляксея пад руку, сама павяла яго ў двор.

Спачатку Аляксей цешыўся, што побач Надзя, а потым засмуткаваў, што яна хутка з’едзе і побач з ёй будуць іншыя мужчыны. Жонка старалася яго развесяліць, яна расказвала нейкія смешныя гісторыі. Аляксей глядзеў на яе, расчырванелую ад марозу, і ад гэтага яна выглядала яшчэ прыгажэйшай, і змрачнеў. Яму захацелася сказаць ёй што-небудзь рэзкае, крыўднае. Калі Надзя вырашыла адвесці яго ў палату, сказаўшы, што яе час мінуў і ёй пара з’язджаць у свой шпіталь, ён не стрымаўся і злосна кінуў: «Што, ужо знудзілася па больш здаровым?»

Надзя здзіўлена ўскінула на яго вочы і нечакана ўсміхнулася. Потым асцярожна, каб не патрывожыць рану, прыхінулася да яго грудзей і ціха сказала: «Мілы, ты адзін у мяне, – і, сарамліва сунуўшы нос у расшпілены на яго грудзі кажух, прашаптала: – Я ж і жонка, і нявеста адначасова, так што, калі будзем разам, ты.» – і, не дагаварыўшы, пачырванела, але прымусіла сябе на секунду адарваць твар ад яго грудзей і паглядзець яму ў вочы.

Ад гэтых слоў і адкрытага позірку Аляксею стала горача. Ён адчуў зноў галавакружэнне і слабасць. Аляксей моцна прыціснуў да сябе і пацалаваў жонку.

І цяпер, лежачы на ложку, успамінаючы гэтую размову, Аляксею здалося, што ён зноў чуе яе голас. Не, Купрэйчык не недачуў, яго сапраўды хтосьці клікаў. Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў медсястру, якая злосна сказала:

– Ты што, Купрэйчык, не чуеш, на перавязку!

Старшы лейтэнант падняўся і марудліва пайшоў да перавязачнай, а калі выйшаў адтуль, твар яго ззяў. Доктар сказаў, што дзён праз дзесяць яго выпішуць. «Значыць, ёсць шанец, – думаў Купрэйчык, – што я і да Берліна дайсці змагу». І ён, насвістваючы, накіраваўся ў палату.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю