355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Мікалай Чаргінец » Вам — заданне » Текст книги (страница 2)
Вам — заданне
  • Текст добавлен: 30 июля 2017, 04:30

Текст книги "Вам — заданне"


Автор книги: Мікалай Чаргінец



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 24 страниц)

Валодзя Славін

У горадзе становішча з кожным днём ускладнялася. Акупанты адчувалі, што супраціўленне становіцца ўсё больш арганізаваным і ўпартым. Імкнучыся задушыць яго, фашысты ішлі на ўсё: амаль штодня арганізоўвалі аблавы, за з’яўленне ў начны час без спецыяльных пропускаў людзі расстрэльваліся на месцы. Вобыскі праводзіліся ўжо не ў асобных дамах, а ў цэлых кварталах, шукалі падпольшчыкаў, камуністаў, камсамольцаў, нават тых, хто па дадзеных гестапа да вайны быў перадавіком працы.

Фашысты адных расстрэльвалі ці вешалі адразу ж, іншых, перш чым забіць, доўга катавалі.

Горад быццам начыста вымер. Але гэта была толькі ўяўная цішыня. Амаль штодня, то ў адным, то ў другім канцы праводзіліся дыверсіі.

Не сядзеў без справы і Міхаіл Іванавіч Славін. Ён часта сыходзіў з дому, дзесьці знікаў, бывала цэлымі начамі.

Зрэдку да яго прыходзілі незнаёмыя людзі. Разам з гаспадаром яны зачыняліся ў асобным пакоі, аб чымсьці гаварылі.

Аднойчы вечарам, калі Валодзя ўжо клаўся спаць, бацька прывёў незнаёмага мужчыну і, звяртаючыся да маці, сказаў:

– Настасся! Паглядзі за вуліцай ды заадно і Барыса Плоткіна сустрэнеш. Скажы, хай заходзіць да нас.

Маці накінула стары бацькаўскі пінжак, выйшла ў двор. Міхаіл Іванавіч зазірнуў у Володзеў пакой, гучна спытаў:

– Вова, спіш?

Сын не адказаў. Ён прыкінуўся спячым, каб пачуць, пра што будуць гаварыць мужчыны. Неўзабаве прыйшоў Плоткін. Валодзя ведаў, што ён да вайны разам з бацькам працаваў у друкарні.

Міхаіл Іванавіч запрасіў гасцей у спальню. Валодзя праз тонкую сценку добра чуў іх гаворку. Незнаёмы мужчына, звяртаючыся да бацькі і Плоткіна, сказаў:

– Па рашэнні кіраўніцтва падполля вам, таварышы, неабходна ўладкавацца на працу ў друкарню.

– На якую працу? – абурыўся бацька. – Мы здаровыя людзі і будзем біць фашыстаў.

– Не гарачыцеся, Міхаіл Іванавіч! Нам трэба арганізаваць рэгулярны выпуск газет і лістовак. Гэта не меней грозная зброя ў барацьбе з акупантамі. Так што ніякіх пярэчанняў. Ідзіце і працуйце. Заданні будзеце атрымліваць ад мяне. А цяпер я пайшоў. Хутка наступіць каменданцкая гадзіна.

– А хто знішчыць здрадніка? – спытаў бацька.

– Прыйдзецца вам гэта заданне выканаць, – адказаў госць.

Валодзя чуў, як мужчыны выйшлі ў кухню, а затым – у калідор. Хвілін праз пяць бацька і маці вярнуліся дахаты. Ох, як хацелася Валодзю ў гэты момант ускочыць, падбегчы да бацькі, сказаць, што ён таксама будзе біць фашыстаў. Але, трохі падумаўшы, вырашыў інакш: «Цяпер совацца да бацькі нельга. Даведаецца, што чуў гаворку, можа па шыі панадаваць…»

На наступную раніцу Валодзя з суседскімі хлапчукамі правёў супраць немцаў першую «баявую» аперацыю. На закінутай будоўлі знайшоўся карбід. Прынеслі пустыя бутэлькі, запоўнілі вадой, выразалі драўляныя коркі. У бутэлькі з вадой засыпалі карбід і абгарнулі іх старымі анучамі. Гэта для таго, каб яны не разбіліся, калі іх трэба будзе кідаць. Пасля гэтага хлапчукі стаіліся за плотам, балазе ўжо звечарэла.

Неўзабаве па вуліцах павольна пачала рухацца калона цяжкіх грузавікоў. Хлопцы трывала закаркавалі бутэлькі, і ў кузавы паляцелі самаробныя «зарады».

Адбегшы ў далёкі кут саду, спыніліся пад старой грушай, весела перагаворваліся і смяяліся: «Вось будзе перапалох, калі нашы „гранаты“ пачнуць ірвацца!» Яны, вядома, разумелі, што істотнай шкоды іх «гасцінцы» немцам не прычыняць. Але клопатаў абавязкова зададуць.

Уначы Валодзя прачнуўся ад шуму. Гэта прыйшоў бацька. Ён быў у добрым настроі. Усе абступілі яго. Ён абняў маці, сына, дачку:

– Не, не быць ім тут гаспадарамі! Не будзе гадам спакою ні днём ні ўначы!

– Тата, што здарылася?

Бацька хітра ўсміхнуўся:

– Гэта доўгая казка, сынок. Як-небудзь потым раскажу.

Толькі пазней Валодзя даведаўся, што не пазбег суровай адплаты здраднік, яго пакаралі патрыёты-падпольшчыкі, сярод іх быў і бацька Валодзі.

Старшы лейтэнант Мачалаў

Камандзір роты старшы лейтэнант Мачалаў стомлена цягнуўся па глухой лясной дарозе. Амаль цэлы тыдзень ліў дождж. А сёння з раніцы пачаў ісці снег. Паветра стала яшчэ халаднейшым і вільготнейшым. Зямля была глейкай і набраклай. Але людзі ішлі, імкнучыся не зважаць ні на холад, ні на снег, ні на слізкую мокрую дарогу. Яны адступалі і спяшаліся вырвацца з гатовага вось-вось замкнуцца варожага кола.

Ужо каторы раз Мачалаў і яго новыя таварышы з пачатку вайны вось так, як і цяпер, выходзяць з акружэння. Было пакутліва думаць пра тое, што вораг топча нашу родную зямлю, а яны, савецкія воіны, вымушаны хавацца і адступаць.

– Калі ж гэта ўсё скончыцца? Калі мы ўрэшце выйдзем да сваіх? – нервова і злосна спытаў лейтэнант, які крочыў побач.

Але Мачалаў у адказ толькі зірнуў на яго, а сам думаў, што колькі такіх разрозненых батальёнаў, рот, узводаў і маленькіх груп чырвонаармейцаў і камандзіраў глухімі сцежкамі адыходзяць на ўсход з надзеяй, што дзесьці наперадзе нарэшце з’явіцца выразная лінія фронту, дзе будзеш бачыць ворага толькі перад сабой і ваяваць з ім.

Не меней пакутлівай і трывожнай была думка пра жонку і дзяцей. «Як яны там? Што думае пра мяне Таня?»

У гэты момант да Мачалава падышоў баец у падранай плашч-палатцы:

– Таварыш старшы лейтэнант, вас маёр Грыдзін выклікае…

…Мачалаў пайшоў да маёра, той знаходзіўся недалёка адсюль. Паднёс руку да казырка і далажыў:

– Таварыш маёр, старшы лейтэнант Мачалаў па вашым загадзе прыбыў!

Маёр кіўнуў галавой і моўчкі працягваў глядзець на карту. Раптам ён адарваўся ад карты, неяк уважліва і нават здзіўлена паглядзеў у вочы Мачалаву і перавёў позірк на афіцэраў:

– Хоць адзін не забыўся, што ён служыць у войску, а то падышлі некаторыя і голас саромеюцца падаць, як на вечарынку прыйшлі. – І тут жа рэзка змяніў тэму: – Я запрасіў вас, каб параіцца: ці ісці далей, ці, пакуль яшчэ не зусім сцямнела, зрабіць прыпынак, каб людзі паспелі падрыхтавацца да начлегу.

– А дзе мы знаходзімся? – спытаў пажылы капітан і падышоў да маёра, каб зазірнуць у карту. За ім пацягнуліся і іншыя камандзіры. Атрымлівалася, што яны знаходзіліся амаль у цэнтры вялікага ляснога масіву. Рашэнне было аднадушным: застацца на начлег тут. Грыдзін асцярожна склаў, а затым схаваў у планшэтку карту і загадаў:

– Тады аб’яўляйце прыпынак. Вы, таварыш капітан, выстаўце ахову. Астатнім – хутка за работу.

Калона спынілася, і неўзабаве ў лесе пачуліся ўдары сякер. Нягледзячы на стомленасць, людзі дзейнічалі хутка і спрытна. Літаральна на вачах з’явіліся буданы з жэрдак, тонкіх ствалоў дрэў і галін, дзе-нідзе раскінуліся палаткі, забрынкалі кацялкі, успыхнулі вогнішчы. Грыдзін і шэсць камандзіраў, у тым ліку і Мачалаў, размясціліся ў вялікай штабной палатцы. Спехам перакусіўшы, леглі спаць. Грыдзін папярэдзіў, што іх падымуць у пяць гадзін, правядуць нараду, а ў шэсць разбудзяць усіх байцоў.

Мачалаў ляжаў на тоўстым пласце галін, уткнуўшыся ў шынель. Нылі навярэджаныя ногі, балела ўсё цела, а думкі зноў вярнулі яго да першага дня вайны.

Можа, і да лепшага, што ўсё склалася менавіта так. Мачалаў успомніў, як ён, увайшоўшы ў лес, убачыў, што змярканне згушчаецца, і пабег. Бег ён доўга, і калі вырашыў, што вялікая частка шляху ўжо ззаду, перад ім як з-пад зямлі выраслі дзве салдацкія постаці з вінтоўкамі наперавес:

– Стой! Рукі ўгору!

Мачалаў ледзь спыніўся, амаль упёршыся грудзьмі ў рулю вінтоўкі. Але рукі паднімаць не стаў, бо ніколі гэтага не рабіў, і нават у такім нечаканым становішчы пасаромеўся падняць іх.

– Я свой, супрацоўнік міліцыі. Спяшаюся да шашы, – толькі і сказаў ён, перарывіста дыхаючы.

– Глядзі ты, – здзіўлена прагаварыў адзін з чырвонаармейцаў, абыходзячы Мачалава справа і спыняючыся за яго спінай, – другога міліцыянера сёння ў штаб будзем дастаўляць. – І загадаў, падштурхоўваючы Мачалава ў спіну: – Марш наперад і не дуры! У штабе разбяруцца.

У гэту хвіліну Мачалаў нават і не падазраваў, што яго жыццё на валаску. Ён не ведаў яшчэ, што нямала фашысцкіх лазутчыкаў, дыверсантаў і шпіёнаў напярэдадні вайны былі закінуты на тэрыторыю Беларусі. Амаль усе яны былі пераапрануты ў форму камандзіраў, байцоў Чырвонай Арміі і работнікаў міліцыі. За некалькі гадзін да затрымання Мачалава чырвонаармейцы, якія вялі яго ў штаб, схапілі варожага лазутчыка ў форме капітана міліцыі. І можна было ўявіць, як паставіцца камандзір батальёна маёр Грыдзін да чалавека ў цывільнай апратцы з пасведчаннем старшага лейтэнанта міліцыі, чыё месца службы знаходзілася за сотні кіламетраў адгэтуль. Але ў гэты момант Мачалаў, ідучы пад канвоем у штаб, падумаў толькі пра тое, што, магчыма, у часці яму дапамогуць дабрацца да Мінска.

Маёр Грыдзін сустрэў Мачалава адкрыта варожа. Паглядзеў пасведчанне, нядбайна кінуў яго на стол і загадаў абшукаць дастаўленага.

Неўзабаве на стале побач з пасведчаннем Мачалава з’явіліся грабянец, невялікая сума грошай, якая была ў старшага лейтэнанта, насоўка і скарыстаны квіток на цягнік.

Маёр агледзеў грабянец і зло кінуў:

– Бач ты, гад, нават нашым грабянцом абзавёўся.

Мачалаў пабляднеў:

– Абражаць сябе я нікому не дазволю, нават старшаму па званні!

– Што, сваіх паклічаш?

– Якіх сваіх? – не зразумеў Мачалаў.

– Як якіх? – усміхнуўся Грыдзін, – ды тых, хто гэтак жа, як і ты, прыйшоў на нашу зямлю рабаваць і забіваць.

– Ды вы што, лічыце, што я шпіён? – яшчэ больш бляднеючы, спытаў Мачалаў. Толькі цяпер да яго свядомасці стаў даходзіць сэнс слоў чырвонаармейцаў, якія затрымалі яго, і іх камандзіра. А той рэзка сказаў:

– Хопіць выкабельвацца! Спадзяюся, тлумачыць не трэба, што з вамі няньчыцца ў ваенны час не будзем. Таму прапаную неадкладна расказаць праўду. Мяне цікавіць: хто вы, дзе і як перасеклі мяжу? Вашы мэты і задачы?

– Таварыш маёр, – неяк спакойна і нават стомлена загаварыў Мачалаў, – давайце разбяромся па парадку. Мяркуйце самі, калі я вораг, то які сэнс мне хадзіць у цывільнай апратцы. У размяшчэнні любой вайсковай часці на мяне звернуць увагу. Запытаеце Мінск, там наш аддзел кадраў. І вам адразу ж скажуць, хто я.

Затым Мачалаў расказаў маёру, як ён апынуўся ў гэтых месцах.

Грыдзін запрасіў начальніка штаба і сказаў яму штосьці напаўголаса. Капітан прапанаваў Мачалаву ісці за ім. Яны зайшлі ў яго палатку. Аказалася, што начальнік штаба нядрэнна ведаў Мінск, бо раней служыў там. І цяпер ён падвергнуў Мачалава сапраўднаму экзамену па веданні горада. Адказамі застаўся задаволены, але загадаў трымаць Мачалава да раніцы пад вартай. Пры гэтым прабачлівым голасам сказаў:

– Патрываеце, таварыш старшы лейтэнант, да раніцы. Самі разумееце, час ваенны і словам нельга верыць.

А на наступны дзень батальён быў падняты па трывозе і накіраваўся да заходняй мяжы. Затрыманага Мачалава было вырашана здаць у першае ж аддзяленне міліцыі.

Пад вечар батальён спыніўся на прывал. Начальнік штаба сабраў усіх камандзіраў, каб абмеркаваць далейшы маршрут. Тым часам нечакана наляцелі фашысцкія самалёты. Першыя ж бомбы ўпалі побач з тым месцам, дзе праходзіла нарада. Загінулі начальнік штаба, усе камандзіры рот, некалькі іншых камандзіраў.

Камандзіра батальёна выратавала толькі тое, што ён з раніцы паехаў у вёску, што размяшчалася побач, каб звязацца па правадной сувязі з камандаваннем палка. Але тэлефон маўчаў. Тэлефаністка, маладая дзяўчына, са слязамі на вачах растлумачыла, што сувязь перапынілася дваццаць першага чэрвеня вечарам.

– Высветлілі, у чым справа? – спытаў Грыдзін.

– Хтосьці слупы спілаваў і правады пасек.

«Дыверсанты дзейнічаюць, – зразумеў Грыдзін, – трэба будзе ўважліва разабрацца з гэтым міліцыянерам».

Калі ён пад’язджаў на матацыкле да таго месца, дзе размясціўся на адпачынак батальён, то ўбачыў у небе больш як дзясятак самалётаў. І тут жа ў яго на вачах успыхнула чырвоная сігнальная ракета, якая была выпушчана кімсьці з лесу, недалёка ад стаянкі батальёна, і, апісаўшы дугу, упала там, дзе па загадзе маёра цяпер знаходзілася ўпраўленне батальёнам. «Прыеду і прабяру як след жартаўнікоў, – падумаў Грыдзін. – Знайшлі час забаўляцца».

Але тут жа пачаўся налёт. А калі Грыдзін дабраўся да сваіх і ўбачыў, што нарабілі нямецкія самалёты, то пра ракету забыўся. Карціна была страшнай. Смерць начальніка штаба, шматлікіх камандзіраў і байцоў, знішчаная тэхніка, якой і так яшчэ не цалкам сфармаваны батальён быў укамплектаваны толькі напалову, ашаламілі маёра. Ён бледны стаяў на ўзлеску і разгублена глядзеў на тое, што засталося ад батальёна.

Падышоў Мачалаў. Яго ахоўніка забіла асколкам бомбы, а яму ўдалося схавацца ў глыбокай варонцы, дзе ён, уткнуўшыся тварам у яшчэ не астылую зямлю, праляжаў пакуль не скончылася бамбардзіроўка.

Пётр звярнуўся да Грыдзіна:

– Таварыш маёр, я бачыў, як з гарышча вунь таго дома, бачыце, – ён самы блізкі да нас – ракета ўзвілася. І адразу ж бамбёжка пачалася. Упэўнены, што хтосьці паказаў самалётам цэль.

Грыдзін успомніў тую ракету, паглядзеў недаверліва на Мачалава, але, відавочна, начальнік штаба паспеў ужо далажыць яму, што, па яго меркаванні, Мачалаў ніякі не дыверсант, таму махнуў рукой і загадаў:

– Вазьміце чырвонаармейцаў і праверце гэту вёсачку. – Маёр павярнуўся да лейтэнанта, які стаяў метрах у трох ад яго: – Лейтэнант Варанько, дайце старшаму лейтэнанту трох байцоў і два матацыклы.

Праз некалькі хвілін матацыклы падкацілі да дома, на які паказваў Мачалаў. Пётр першым заскочыў у яго. У вялікім пакоі сядзела бабулька.

– Дабрыдзень, – сказаў Мачалаў і, не чакаючы, пакуль бабулька адкажа, спытаў: – У вас у хаце хто-небудзь са старонніх ёсць?

Бабулька даволі хутка і выразна адказала:

– Цяпер ужо нікога няма, а вось калі тут самалёты лёталі, то быў адзін салдацік, але ён сышоў.

– А што за салдацік?

– А хто ведае? Прыехаў ён на матацыкле яшчэ ў абед, пакарміла я яго, і застаўся адпачыць перад далёкай дарогай.

– А дзе ён падчас бамбёжкі быў?

– Што-што? – не зразумела старая.

– Ну, калі самалёты наляцелі і бомбы пачалі кідаць?

– А, – здагадалася бабулька, – я не ведаю, таму што ён мне сказаў у склеп схавацца, бо хутка страляць пачнуць. Ну вось я і схавалася, а ён у доме ці ў двары заставаўся, я нават не бачыла.

– Калі ён з’ехаў?

– Як паляцелі самалёты, я выйшла са склепа, гляджу, а ён з матацыклеткай важдаецца, ніяк завесці не можа. Так і не завёў. Рукамі і папхнуў да лесу.

– А ў які бок?

– А вось па гэтай дарожцы, – і бабулька рукой паказала праз акно, у які бок сышоў яе нядаўні госць.

Мачалаў хутка выйшаў на вуліцу, сеў на задняе сядло матацыкла і паказаў вадзіцелю рукой кірунак. Неўзабаве яны паглыбіліся ў лес. Дарога была роўнай, і ехалі даволі хутка.

Кіламетра праз паўтара, за паваротам, яны ўбачылі чалавека, які важдаўся каля матацыкла. Пад’ехалі і сталі з двух бакоў. Гэта быў лейтэнант Чырвонай Арміі з чорнымі пятліцамі інжынерных войск. Відавочна, ён так захапіўся запускам рухавіка, што нават не пачуў, калі да яго пад’ехалі матацыклы. Зараз ён стаяў выпрастаўшыся. Твар яго заставаўся спакойным, але вочы… вочы казалі Мачалаву ўсё. Бегаючыя, неспакойныя, з затоеным пачуццём страху – такія вочы старшы лейтэнант бачыў у злачынцаў. Стрымана запатрабаваў дакументы. Лейтэнант палез у кішэнь і ў гэты момант нечакана моцна штурхнуў Мачалава ў грудзі і кінуўся да кустоў. Але чырвонаармейцы былі напагатове. Адзін з іх па-байцоўску кінуўся лейтэнанту пад ногі, і той зваліўся. На ім адразу ж апынулася двое чырвонаармейцаў. Звязалі рукі і пасадзілі ў каляску аднаго з матацыклаў. Неўзабаве прыбылі ў размяшчэнне батальёна, а праз паўгадзіны стала ясна, што лейтэнант – пераапрануты дыверсант. Пры ім выявілі, акрамя зброі, ракетніцу і запас ракет.

Пасля гэтага выпадку маёр Грыдзін канчаткова паверыў Мачалаву. Доўга распытваў яго, дзе служыў да міліцыі, а затым нечакана прапанаваў:

– Давай, старшы лейтэнант, прымай роту. Уключым цябе ў спіс асабістага складу, ну а ўсе іншыя дакументы аформім пазней. – Убачыўшы на твары Мачалава збянтэжанасць, сказаў: – Вайна, Мачалаў, вайна! Паглядзі, як яна мяняе нашы планы. – І рукой паказаў вакол сябе. Чырвонаармейцы адносілі забітых да ўзлеску, недалёка ад якога капалі брацкую магілу, баявая тэхніка ператварылася ў груду скарабачанага металу, была страмбавана выбухамі зямлі. Падумаў-падумаў Мачалаў – і пагадзіўся. Вырашыў, што з бліжэйшага паштовага аддзялення пашле дахаты ліст і ўсё растлумачыць.

Прыняў роту. Праўда, пасля таго налёту і іншых баёў, у якіх удзельнічаў батальён, яна па колькасці неўзабаве стала раўняцца ўзводу. Але ў той час рэшткі войск, шматлікіх карпусоў, дывізій і палкоў, нібы раўчукі, якія імкнуліся да ракі, адбіваючыся ад пераўзыходных сіл праціўніка, з цяжкімі баямі прарываліся на ўсход, каб там ізноў стаць паўнапраўнымі баявымі адзінкамі і біць ворага.

Мачалаў неспакойна варочаўся на сваёй лясной пасцелі. Трэба спаць. Заўтра зноў цяжкі марш, і сілы трэба берагчы. Заплюшчыў вочы і загадаў сабе: «Спаць! Спаць! Спаць!»

Таццяна Андрэеўна

Ужо прайшло больш як паўгода, як яна жыве ў пастаянным пакутлівым чаканні. Яна верыла, што муж жывы і ваюе на фронце, разумела, што адтуль немагчыма даць вестачку пра сябе. Але сэрца не жадала мірыцца з гэтай невядомасцю.

Вось ужо месяц, як у іх у вёсцы раскватаравалася нямецкая часць. Немцы выгналі яе з дзецьмі з хаты, і першыя дні яны жылі ў склепе. І невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, калі б не суседка Марфа Сцяпанаўна, якая жыла ў старой нізкай развалюсе і таму немцы не паквапіліся на яе хату. Яна і дала прытулак Мачалавым. Але гэта яшчэ паўбяды. Сэрца Таццяны Андрэеўны трывожылі чуткі пра пакаранні смерцю жонак і дзяцей тых, хто працаваў у савецка-партыйных органах, служыў у Чырвонай Арміі ці НКУС. Дый мясцовы паліцай усё пільней прыглядаўся да Мачалавай, усё больш пагрозлівымі і адкрыта здзеклівымі былі яго намёкі.

«Божа мой, што рабіць? Дзе знайсці сілы, каб выжыць, вытрываць усё гэта? Пеця, мілы, дзе ты? Ці чуе тваё сэрца, якая небяспека навісла над тваімі дзецьмі і жонкай?»

Таццяна Андрэеўна супакоілася і паступова пачала засынаць. Раптам пачулася нейкае драпанне, здалося, што хтосьці чымсьці металічным скроб па шкле. Таццяна паціху ўстала і асцярожна падышла да акна, але яно было замёрзлым, і яна нічога не ўбачыла. У гэты момант зноў хтосьці стаў драпацца.

«Значыць, не прыснілася. Але хто гэта ўначы прыйшоў да нас? – І раптам яе сэрца абпаліла думка: – Можа, Пеця? Але ён жа не ведае, што мы тут».

Таня паціху паклікала гаспадыню. Тая хутка спусцілася з печкі, нацягнула на ногі старыя валёнкі і спынілася побач з Таняй, прыслухоўваючыся.

Тым часам у шыбу пастукалі. Марфа Сцяпанаўна рашуча накіравалася да дзвярэй.

– Можа, лучыну запаліць? – спытала Таццяна Андрэеўна.

– Не, не трэба. Калі гэта свой, то навошта святло ў акне.

Яны ўдзвюх выйшлі ў сенцы, і гаспадыня ціха спытала:

– Хто там?

– Мама, гэта я, Антон, адкрый!

– Сыночак, – голас у Марфы Сцяпанаўны задрыжаў, і яна пачала ліхаманкава мацаць рукамі па дзвярах, адкрываючы зашчапку.

– Сыночак, Антон, родненькі ты мой! – прыгаворвала яна.

Дзверы адкрыліся, поруч цямнела чалавечая постаць.

– Святло не запальвай, мама!

– Добра, сынок, добра! Праходзь у хату.

– Антон, давай руку, я правяду, а то спатыкнешся ў цемры, – прапанавала Таццяна Андрэеўна і намацала яго руку. Але хлопец адшмаргнуў руку, як ад электрычнага разраду.

– Хто тут?

– Не бойся, сынок, – супакоіла гаспадыня, зачыняючы дзверы, – гэта Таня, настаўніца, жонка нашага ўчастковага міліцыянера Мачалава. Яе з дзецьмі з хаты выселілі, вось і ўзяла да сябе.

– Ясна, а то я спалохаўся, думаў, што хто-небудзь чужы. Дабрыдзень, Таццяна Андрэеўна! – І Антон сам намацаў у цемры руку Мачалавай. – Дапамажыце мне прайсці, а то сапраўды цёмна.

Яны ўвайшлі ў хату, і жанчыны моўчкі пачалі завешваць чым патрапіла вокны.

Неўзабаве Марфа Сцяпанаўна запаліла лучыну і, зірнуўшы на сына, пляснула рукамі:

– А божа мой! Што ж гэта з табой здарылася, хлопчык ты мой?

І сапраўды Антона, якога Таццяна бачыла год назад і выглядаў ён тады дужым, жыццярадасным, здаровым хлопцам, цяпер было не пазнаць. Перад жанчынамі стаяў схуднелы, з запалымі шчокамі, чорным тварам, на якім толькі вочы свяціліся нейкім ненатуральным, хваравітым бляскам, апрануты ў рызманы, чалавек. Ён стомлена апусціўся на лаву.

– Не здзіўляйцеся. Я ў палоне быў, пакаштаваў фашысцкага хлеба. Мне яшчэ пашанцавала ў параўнанні з многімі. Калі везлі нас на таварняку, адарвалі ў падлозе дошкі, і чалавек дзесяць, а можа, і больш, збеглі. Праўда, сабрацца ўсім разам не ўдалося. Вось я ўжо амаль месяц як сюды дабіраюся. А ў вас, гляджу, таксама немцы гаспадараць.

– Ды тут іх цэлая часць ужо месяц кватаруе, – растлумачыла Марфа Сцяпанаўна і пачала завіхацца каля печы, – цяпер я цябе, сынок, накармлю.

– Мама, мне б памыцца ды гэтыя лахманы скінуць. Іх трэба адразу ж спаліць, каб заразы не набрацца.

Пакуль Антон прагна еў усё, што яму падносілі, нагрэлася ў трох вялікіх чыгунах вада. Жанчыны вылілі яе ў бляшанае карыта, і Антон застаўся ў пакоі адзін. Пакуль ён мыўся, Марфа Сцяпанаўна дастала з шафы бялізну і пачала рыхтаваць у незанятым невялікім пакойчыку пасцель. Нарэшце вымыты і пераапрануты Антон падышоў да маці. Пры цьмяным святле лучыны было відаць, як боўтаецца на ім адзежа.

– Мама, я ледзь на нагах трымаюся. Цяпер лягу, а заўтра пагаворым, спалі толькі лахманы.

– Кладзіся, сынок, кладзіся. Я зраблю ўсё, як ты кажаш. Скажы толькі адно: пра Лёшу нічога не чуў?

– Не, мама, мы ж з ім у розных часцях служылі.

Антон лёг на ложак і імгненна заснуў. А жанчыны, усхваляваныя яго нечаканым з’яўленнем, доўга яшчэ варочаліся ў сваіх пасцелях.

Антон прачнуўся толькі пад вечар наступнага дня. Ён моцна прастыў: часта кашляў, тэмпература была высокая.

Жанчыны, параіўшыся, вырашылі, што на вуліцу будуць выходзіць рэдка. Дзяцей наогул не выпусцяць.

Першыя дні Антон моцна хварэў, але паступова пачаў папраўляцца. Усё радзей яго біў сутаргавы кашаль. Клопат і догляд рабілі сваю справу.

Прайшоў тыдзень. Антону стала значна лепш. За час хваробы ён паспеў расказаць пра свае пакуты і пра здзекі гітлераўцаў з ваеннапалонных.

Марфа Сцяпанаўна і Таццяна Андрэеўна, слухаючы хлопца, не хавалі слёз. Пакутлівая невядомасць пра старэйшага сына і турбота пра Пятра як бы параднілі гэтых розных па ўзросце жанчын. Аднойчы, калі Антон ужо зусім паправіўся, ён сказаў маці:

– Ты, мама, паволі пачынай збіраць мяне ў дарогу. Мне трэба ісці.

– У якую дарогу? Куды ісці? – забожкала маці. – Нікуды я цябе не пушчу. Хопіць, я намучылася без вас тут, і цяпер хоць ты пабудзь са мной! Нікуды я цябе не пушчу, нікуды! Чуеш!

Антон падышоў да маці і абняў яе:

– Супакойся, мама. Зразумей, я – салдат і маё месца на фронце, дзе б’юцца з ворагам тысячы такіх, як я. І я абавязаны быць там і ваяваць з гадамі датуль, пакуль не вызвалім сваю зямлю.

Ён адышоў ад маці, стаў ля акна і ціха, дрыготкім ад лютасці голасам сказаў:

– Калі б ты ведала, мама, як яны здзекуюцца з нашых людзей. Ты нават не ўяўляеш, што яны вытвараюць. Яны горшыя за звяроў! І не трэба мяне ўгаворваць, я жыву цяпер толькі адным жаданнем – помсціць фашыстам, біць іх днём і ўначы, датуль, пакуль не пераб’ём усіх!

У гутарку ўмяшалася Таццяна Андрэеўна:

– Антон, а калі табе паспрабаваць адшукаць партызан?

– Партызан? – ажывіўся хлопец. – А дзе іх знойдзеш? Я б з радасцю пайшоў, ад іх, магчыма, лягчэй трапіць на фронт.

Марфа Сцяпанаўна супакоілася і вырашыла, што калі ўжо сыходзіць сыну з хаты, то лепш у партызаны. Усё ж будзе бліжэй да яе. Пачалі думаць, як знайсці партызан. Стала наведваць людзей, сваякі якіх, па яе меркаванні, сышлі ў лес. Асцярожна заводзіла з імі гаворку пра партызан. Гэтыя хаджэнні скончыліся тым, што неяк глыбокай ноччу пачуўся асцярожны стук у акенца.

У хаце перапалохаліся: а раптам немцы?

Антон схапіў адзежу, валёнкі і паціху па лесвіцы залез на гарышча. Марфа Сцяпанаўна трывожна спытала праз дзверы:

– Хто там?

– Марфа, адкрый, свае!

Удакладняць, хто стукаецца ў такі позні час, было бессэнсоўна. Адкрываць дзверы, няхай гэта будуць немцы ці сапраўды партызаны, усё адно трэба, і гаспадыня, вычакаўшы, пакуль Антон зацягне на гарышча за сабой лесвіцу, адчыніла дзверы. У сенцы ўвайшлі трое. Разануў па вачах устрывожаных жанчын яркі прамень кішэннага ліхтара. Той жа голас крыху насмешліва спытаў:

– Што, сваіх не пазнаяце?

«Дык гэта ж Міхаіл Іосіфавіч, наш старшыня калгаса!» – пазнала Мачалава. Яна памятала іх гаворку перад самым адыходам старшыні ў партызанскі атрад, калі ён раіў і ёй рабіць гэта. Радасна сказала:

– Міхаіл Іосіфавіч, вы? Праходзьце ў хату.

У Марфы Сцяпанаўны ад перажывання знік голас, і размаўляла з гасцямі адна Таццяна Андрэеўна.

Прышлыя, відаць, спяшаліся і перайшлі да справы:

– Марфа Сцяпанаўна, а што гэты ты намі цікавіцца пачала, што, справа якая ёсць?

Гаспадыня ўжо ачулася і ахвотна адказала:

– Вядома, ёсць, Іосіфавіч. Сын мой, Антон, абвясціўся. А куды ж яму як ні да вас падавацца? Таму і хадзіла па людзях. Ведала, што калі не падкажуць, дзе вас шукаць, то вам перададуць. Бачыш, не памылілася.

– Бачу, бачу, ты заўсёды ў нас кемнай была. Ну, а дзе ж Антон?

– На гарышчы. Зараз паклічу.

Не прайшло і пятнаццаці хвілін, як госці разам з Антонам крочылі агародамі да лесу. А ў хаце стаялі пажылая і маладая жанчыны і плакалі. У іх наперадзе былі доўгія дні трывог, страху і надзей.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю