Текст книги "Вам — заданне"
Автор книги: Мікалай Чаргінец
Жанр:
Прочие приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 24 страниц)
Камандзір узвода разведкі лейтэнант Купрэйчык
Пад канец 1942 года немцы зноў узялі стратэгічную ініцыятыву ў свае рукі…
Полк, у якім служыў Купрэйчык, быў выматаны ў баях, з перадавой у тыл яго пакуль не адводзілі. Лінія абароны моцна расцягнулася. Камандаванне палка турбавалася, што праціўнік прарве абарону.
Штаб размяшчаўся ў толькі што збудаваным бліндажы. Знадворку група сапёраў яшчэ маскіравала яго дзёрнам, ссечаным хмызняком і галінамі дрэў, але ўсярэдзіне бліндаж выглядаў цалкам абжытым. Пасярэдзіне стаяў зроблены са скрынь стол, на ім – вялікая газавая лямпа са шкляным каўпаком, ля сцяны быў тапчан, пакрыты новенькай коўдрай. На ім ляжала падушка з чыстай навалачкай. Васільеў і Малахаў, відавочна, толькі прыйшлі, таму што камандзір палка, калі зайшоў Купрэйчык, здымаў з сябе рэмень. Ён запрасіў лейтэнанта прысаджвацца, спытаў:
– Чаю не хочаш?
– Не, дзякуй, у спякоту не п’ю.
Камісар пажартаваў:
– І правільна робіш, але чай жа можна.
– І чай таксама, – ледзь усміхнуўся Аляксей.
Васільеў разгарнуў карту і паклікаў лейтэнанта:
– Глядзі, Аляксей, вось пазіцыі палка. Мы знаходзімся на левым флангу і састыкоўваемся з правафланговым палком суседняй дывізіі.
– Ого, як мы вырваліся наперад! – здзіўлена прагаварыў лейтэнант, убачыўшы, што тоўстая чырвоная рыса як бы абрывалася адразу ж за пазіцыяй палка і стромка сыходзіла назад.
– Правільна. Мы апынуліся далёка наперадзе ад нашага суседа. І ў гэтым наша перавага і слабасць. Перавага – у тым, што калі нам дадуць хоць маленькае папаўненне, то мы можам ударыць вось сюды, у фланг праціўніку, і дапамагчы суседзям выйсці з намі на адну лінію. А слабасць – у тым, што фрыцы гэтаксама могуць ударыць нам у фланг.
Васільеў падышоў да тэлефоннага апарата, падняў трубку і папрасіў злучыць яго з начальнікам штаба. Пачуўшы голас Самойлава, спытаў:
– Я па карце не бачу ўзмацнення левага фланга, ты зрабіў гэта?
Відавочна, начштаба ўжо прыняў неабходныя меры, таму што Васільеў маўчаў і слухаў. Нарэшце ён сказаў:
– Добра, нанясі ўсё гэта на маю карту.
Ён вярнуўся да стала і задаволена прагаварыў:
– Так, фланг мы ўзмацнілі. Ну, слухай далей. Твая задача: выведаць, што знаходзіцца ў праціўніка тут, і не на пярэдняй лініі, а ў глыбіні. Калі высветліш, дашлеш з кім-небудзь са сваіх арлоў данясенне, а сам агінай іх пярэдні край наводдаль, забіраючы ўвесь час направа, і паглядзі, што немцы маюць у сваіх найблізкіх тылах насупраць нашых пазіцый. Паспрабуй здабыць добрага языка, а затым вяртайся. Ясна?
– Колькі часу вы мне даяце на выкананне задачы?
– Я думаю, табе дастаткова трох-чатырох сутак. Цяпер прыйдзе начштаба, дамовімся пра месца твайго вяртання і нашай падтрымцы, калі што якое, ну, а потым пойдзеш рыхтавацца да паходу.
Купрэйчык з сабой забраў амаль усіх байцоў узвода, пакінуўшы толькі старшыну, а ў распараджэнні начальніка штаба – двух чалавек.
Роўна ў гадзіну ночы, прыгінаючыся, яны рушылі да пазіцый ворага. Для руху Купрэйчык выбраў невялікую лагчыну. У ёй трава была сакавітай, а зямля мяккай, і паўзці было лягчэй, дый шуму пры руху менш. Праўда, атрымлівалася так, што рухаліся яны амаль у лоб добра замаскіраванаму кулямёту, але лейтэнант пасля гутаркі з камандзірам роты, чые пазіцыі былі размешчаны насупраць кулямётнага гнязда, быў упэўнены, што кулямётчык, як гэта часта бывае, не абстраляе лагчыну. Камандзір роты паведаміў, што за тыя чацвёра сутак, што яны знаходзяцца тут, гэты кулямёт ні разу не страляў, гняздо было старанна замаскіравана і распазнаць яго ўдалося выпадкова: артылерыйскі назіральнік, які разглядаў праз стэрэатрубу нямецкія пазіцыі, звярнуў увагу, як з невялікага кусціка паказалася рука, у якой мільганула штосьці бліскучае. Хутчэй за ўсё кулямётчык выкінуў са старанна замаскіраванага акопа пустую кансервавую бляшанку, прысыпаўшы яе зямлёй, каб не блішчэла. Камандзір роты, якому артылерысты паведамілі пра ўбачанае, узмацніў назіранне, і неўзабаве задума праціўніка стала зразумелай: гэты кулямёт павінен быў уступіць у дзеянне толькі ў выпадку нападу і сваім нечаканым агнём сарваць яго. Таму кулямётчык і не страляў, каб заўчасна не выдаць сябе.
І вось цяпер разведчыкі, захоўваючы максімум асцярогі, павольна паўзлі па нейтральнай зоне. Купрэйчык рухаўся ўслед за Зыбіным, часам дакранаючыся рукамі яго ботаў, а самым першым поўз дасведчаны Галавін.
У галаве лейтэнанта, нібы заклінанне, пульсавала трывожная думка: «Толькі б кулямётчык нас не пачуў! Толькі б дапаўзці да ўзгорка!»
А вось і ўзгорак.
Купрэйчык крануў па чарзе за плячо Галавіна і Чарнецкага. Тыя зразумелі, чаго хоча камандзір, і моўчкі папаўзлі да траншэі. Праз некалькі хвілін, забіраючы крыху лявей, папаўзла другая пара. Яна, як было дамоўлена раней, павінна была пры неабходнасці прыкрыць агнём з аўтаматаў Г алавіна і Чарнецкага. Наступіла чарга наступнай пары. Яна пацягнула за сабой тоненькі шпагат, з дапамогай якога падасць сігнал руху астатнім. Купрэйчык, сціснуўшыся ў адзіны нервовы камяк, чакаў. Колькі ўжо было вось такіх пераходаў да пазіцый ворага, а прывыкнуць да гэтага немагчыма. Кожны раз, калі трэба было зазірнуць праз бруствер у нямецкі акоп, наставала вышэйшая кропка нервовай напругі: што чакае яго там, у траншэі? А раптам засада?
Нарэшце тройчы тузануўся шпагат. Значыць, у траншэі фрыцаў няма.
І Аляксей шэптам загадаў рухацца наперад. Хвілін праз дзесяць усе ўжо былі на тым баку. Паглыбіліся амаль на кіламетр і спыніліся на кароткі прывал.
Купрэйчык загадаў:
– А ну, хлопцы, прыкрыйце мяне, карту трэба паглядзець.
Ён сеў пад куст, а разведчыкі знялі з сябе курткі маскіровачных касцюмаў і абляпілі камандзіра з усіх бакоў. Аляксей дастаў карту і ўключыў кішэнны ліхтарык. Адразу ж адшукаў месца, дзе яны знаходзяцца. Наперадзе ў трох кіламетрах быў лес. У гэтым лесе днём і павінны былі хавацца разведчыкі, а заадно праверыць, ці не канцэнтруюць у ім немцы сілы для ўдару. Зверыўшы маршрут па компасе, Купрэйчык выключыў ліхтарык і вылез з-пад куртак:
– Пяць мінут на перакур і рушым далей.
Разведчыкі, прыкрываючыся курткамі, з прагнасцю зацягваліся папяросамі. Кожны, напэўна, успомніў добрым словам старшыну Ганчара, які змог здабыць для іх замест махоркі сапраўдныя папяросы.
Роўна праз пяць мінут Купрэйчык устаў. Усе моўчкі пайшлі за ім. Ішлі асцярожна. Наперадзе, метрах у двухстах, рухаўся дазор з трох чалавек на чале з Чыжыкам, па баках – ахова. Побач з Купрэйчыкам ішоў маладзенькі чырвонаармеец Губчык. Яму яшчэ не было і дзевятнаццаці, але Купрэйчык сам выбраў яго з тых, хто прыбыў у полк на папаўненне. Хлопец спадабаўся яму не толькі тым, што да вайны займаўся боксам, вывучаў нямецкую мову, але і сваім імкненнем патрапіць у разведку. Вядома, у разведузводзе яго вабіла рамантыка, але Аляксей разумеў, што гарачае жаданне стаць сапраўдным разведчыкам мае вялікае значэнне.
Губчык ціха спытаў:
– Таварыш лейтэнант, а мы тут не напорамся на міны?
– Не павінны, Пётр. Памяркуй сам: які сэнс ім мініраваць свае тылы. Раптам мы іх зноў папром на захад, а каму хочацца ўцякаць па ўласных мінах? Але ты прывыкай хадзіць у патыліцу – гэта першае правіла разведчыкаў.
Губчык моўчкі перастроіўся і пайшоў следам за лейтэнантам. Рухаліся асцярожна і да лесу дабраліся гадзіны праз паўтары. Была палова трэцяй. Забраліся ў густы хмызняк і спыніліся на начлег. Купрэйчык выставіў ахову, астатнім загадаў спаць, а сам заснуць не мог. Яго моцна турбавала тое, што яны не ведаюць становішча ў лесе. А раптам дзе-небудзь побач размясцілася варожая часць, і як толькі наступіць раніца, узвод будзе выяўлены і знішчаны.
Ён ляжаў і прыслухоўваўся. Дрэвы ледзь чутна шумелі над галавой. Аляксей успомніў Мачалава. «Напэўна, ужо даўно выпісаўся са шпіталя. Цікава, дзе ён цяпер ваюе? Трэба будзе абавязкова знайсці яго. – Але Аляксей тут жа папракнуў сябе: – Ды ты, лейтэнант, знойдзеш! Уласную жонку і тое адшукаць не можаш!» Вось так заўсёды ў вольную хвіліну думкі Купрэйчыка вярталіся да Надзі: «Што з ёй? Ці жывая?»
Ён часта лавіў сябе на тым, што ў душы непрыемна варушылася і іншае: Надзя, маладая і прыгожая, увесь час знаходзіцца сярод мужчын… Ад гэтай думкі Аляксею зусім перахацелася спаць, і ён сеў. Зірнуў на цыферблат трафейнага гадзінніка. Хутка світанак. Баючыся патрывожыць чуйны сон таварышаў, Аляксей зноў лёг, заплюшчыў вочы. І зноў убачыў Надзю. Да драбнюткіх падрабязнасцяў успомнілася раніца, калі яны сустрэліся першы раз.
Гэта было ў саракавым годзе. Аляксей разам з сябрам паехаў у суботу ўвечар на рыбалку. Начавалі на беразе, а на досвітку селі ў лодку, выплылі на сярэдзіну ракі і закінулі вуды. Месца было выдатнае. Ціхая, спакойная роўнядзь ракі, густы хмызняк на беразе. Крыху далей, за лужком, зялёнай сцяной стаяў лес.
I дзіўная цішыня вакол! Неўзабаве ад берага прама да лодкі, па вадзе, працягнулася сонечная дарожка. Аляксей вырашыў выкупацца.
Яны падвеславалі да берага, ён саскочыў на мяккую траву і, не спяшаючыся, здымаючы на хаду кашулю, пайшоў уніз па плыні. Саша, сябар Аляксея, заўзяты рыбак, не дазволіў яму купацца каля лодкі, баяўся, што Аляксей рыбу разгоніць.
Купрэйчык адышоў досыць далёка, праз хмызняк ступіў да берага. Выйшаў на вузкую, усяго ў некалькі метраў, прыбярэжную паласу – і сцішыўся. Спінай да яго, асцярожна чапаючы нагой ваду, стаяла дзяўчына ў блакітным купальніку.
У Аляксея мільганула гарэзная думка. Ён на цыпачках падкраўся да просценькага халаціка, які ляжаў на траве. Падняў яго, а пад ім – басаножкі. Узяў усё гэта і бясшумна схаваўся ў густой чаромсе. Уладкаваўся ямчэй і пачаў назіраць. Дзяўчына, перш чым увайсці ў ваду, абярнулася. Аляксею яна здалася вельмі прыгожай. Дзяўчына не заўважыла, што халаціка няма на месцы, радасна ўсміхнулася сонцу і хутка ўвайшла ў ваду. А хлопец, зачараваны гэтым відовішчам, сядзеў не зварухнуўшыся.
Аляксею здалося, што дзяўчына ўсміхнулася не сонцу, а яму. Ён сціскаў у руках халат, басаножкі і чакаў. А дзяўчына слізгала лёгка і бясшумна па вадзе, і нібы не вада, а празрыстая смуга ахутвала і падтрымлівала яе вытанчанае цела. Плавала яна добра, але ў вадзе была нядоўга і неўзабаве выйшла на травяністы бераг, дзе пакінула свае рэчы, а там – пуста. Аляксей добра бачыў яе разгублены, здзіўлены і злосны погляд, але вырашыў не спяшацца. А твар дзяўчыны станавіўся ўсё больш злосным, яна, слізгаючы вачамі па кустах, гучна спытала:
– Ну, каму гэта рабіць няма чаго?
Купрэйчык усміхнуўся: «Ведала б ты, што цябе абкраў оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку!» Дзяўчына яшчэ раз паўтарыла сваё пытанне і, не дачакаўшыся адказу, прыгнечана кінула:
– Ідыёт!
А Купрэйчык толькі хмыкнуў.
Незнаёмка павярнулася і пайшла ўздоўж берага ў процілеглы ад лодкі бок. Купрэйчык пачаў асцярожна рухацца следам. Але дзяўчына ўсё ж пачула яго крокі і спакойна, не паварочваючы галавы, сказала:
– I доўга вы будзеце гуляць у хованкі? Я ж усё адно чую, як па кустах хаваецеся.
Аляксей выйшаў. Убачыўшы незнаёмага хлопца, дзяўчына разгубілася і нават спалохалася. Аляксей паспешна працягнуў рэчы і сказаў:
– Дабрыдзень, не крыўдуйце, я пажартаваў.
Яна моўчкі і хутка ўзяла з яго рук халат і, адвярнуўшыся, апранулася. Затым, прымаючы басаножкі, ціха сказала:
– Знайшлі, чым жартаваць. Ведаеце, як я спалохалася, думала, як жа ў купальніку ў вёску ісці.
Аляксей спытаў:
– Вы жывяце ў гэтай вёсцы?
– Не, з сяброўкай прыехала ў госці да яе бацькоў.
– А чаму яна не пайшла разам з вамі купацца?
– Не захацела, а можа, вырашыла даць вам магчымасць мяне абкрасці.
– Не, што вы, я не злодзей, наадварот, я сам іх лаўлю.
– Як не злодзей? А хто ж тады мае рэчы выкраў?– I раптам засмяялася: – Уяўляю, як бы я ў купальніку цяпер ішла па вёсцы. Нічога не скажаш, становішча…
– Я, вядома, разумею, што гэта неразумна. вось так адразу, але мне не хочацца вас адпускаць. Давайце пазнаёмімся. Мяне завуць Аляксей. Аляксей Купрэйчык. Прыехаў з сябрам на рыбалку, хацеў выкупацца і ўбачыў вас.
Дзяўчына завагалася, казаць ёй сваё імя ці не, але, зазірнуўшы ў вочы гэтага сімпатычнага хлопца, убачыла ў іх мальбу і разгубленасць, злітасцілася і прадставілася:
– Надзя Кір’янава…
Лейтэнант так задумаўся, што не заўважыў, як замігцеў світанак. Неба пасвятлела, на яго фоне выразна вылучаліся цёмна-зялёныя кроны дрэў. Купрэйчык разбудзіў чатырох байцоў: Цімахоўца, Маліну, Шчуку і Чыжыка. Сабраўшы іх у кружок, лейтэнант шэптам загадаў абследаваць мясцовасць вакол іх стаянкі. Разведчыкі парамі адразу ж разышліся ў розныя бакі. Зараз заставалася чакаць. Лейтэнант пабудзіў яшчэ чацвёрку байцоў і накіраваў іх змяніць тых, хто знаходзіўся ў сакрэце. Пасля гэтага Аляксей лёг на зямлю і адразу ж задрамаў. Нервовая напруга, начны пераход і стомленасць апошніх дзён змарылі яго канчаткова. Кудысьці на задні план адсунуліся трывога і турбота, невядомасць таго, што чакае іх наперадзе. Але спаў ён нядоўга.
Яго чуйны слых улавіў недалёка ад сябе нейкі лёгкі рух, шоргат. Аляксей адкрыў вочы і сеў.
Аказалася, што разведчыкі ўжо прачнуліся, але стараліся не шумець, каб не разбудзіць камандзіра. Ён кінуў сцісла «снедаць», і байцы заварушыліся, дастаючы прадукты. Можа, хтосьці з іх і не хацеў есці, але кожны разумеў, што падмацавацца трэба. Яшчэ невядома, ці будзе такая магчымасць пазней. Нарэшце з’явілася першая пара разведчыкаў. Чыжык звярнуўся да Купрэйчыка:
– Ну, камандзір, даставай карту.
Ён разаслаў карту на траве, а Чыжык, зазіраючы ў накрэсленую спехам схему, пачаў тлумачыць:
– Вось тут заходней ад нас, у кіламетрах паўтара, у лесе знаходзіцца танкавая часць: дваццаць чатыры танкі, шэсць бронетранспарцёраў і восем самаходак. Там жа тры бензавозы, тры легкавушкі. Адчуваецца, што знаходзяцца там немцы нядаўна і размясціліся ненадоўга. Амаль ніякіх работ не вядуць. Значыць, чакаюць каманды аб перадыслакацыі. Мы іх абышлі з поўдня і прайшлі па лесе далей. Больш нікога не сустрэлі. Вось тут, – Чыжык ткнуў кончыкам алоўка ў карту, – праходзіць з паўднёвага захаду на паўночны ўсход дарога. Слядоў на ёй шмат. Не выключана, што і танкавая часць прайшла там. Дарога выходзіць з лесу і ўпіраецца ў вёску.
Купрэйчык адразу ж вызначыў: «Так гэта ж вёска Дзедава. Кампалка прасіў асабліва старанна праверыць, што за штаб там знаходзіцца. Напэўна, дывізіённая разведка штосьці намацала там, а высветліць, што менавіта, не змагла».
А Чыжык працягваў:
– За вёскай немцы вядуць будаўнічыя работы. Прымусілі мясцовае насельніцтва, галоўным чынам жанчын, старых і дзяцей, капаць траншэі, будаваць бліндажы. Там жа працуюць і сапёры. Яны возяць лес, будуюць умацаванні і сховішчы. У нас склалася меркаванне, што рыхтуюць новую лінію абароны. Жывой сілы, праўда, мала, але мы іх маглі з першага заходу і не заўважыць. Танкавы батальён і то выпадкова выявілі, – самакрытычна скончыў Чыжык.
Купрэйчык нанёс усе здабытыя дадзеныя аб праціўніку на карту, узяў і схему, якую вычарціў Чыжык, і прапанаваў ім адпачываць. «Пакуль не вернецца другая пара хлопцаў, – вырашыў ён, – адсюль не пойдзем». Не паспеў ён паснедаць, як прыбылі Цімахавец і Маліна. Яны абследавалі паўднёва-заходнюю частку лесу і прылягаючую да яго мясцовасць, выявілі некалькі даволі буйных груповак праціўніка, у тым ліку танкі і самаходныя гарматы.
Выслухаўшы іх даклад, лейтэнант вырашыў абследаваць мясцовасць.
«Месца, дзе мы цяпер знаходзімся, – думаў ён, – больш-менш спакойнае. Мабыць, застанемся тут на дзянёк і добра ўдакладнім становішча, а затым рушым далей».
Ён падсеў бліжэй да салдат:
– Значыць так, браткі. Стаўлю задачу: тут застаюцца толькі тыя, хто вярнуўся з паходу, і яшчэ чацвёра для аховы. Астатніх разаб’ём на групы па тры чалавекі і прачэшам як след мясцовасць. Нам трэба, у што б там ні было, высветліць намер праціўніка і якія ў яго сілы.
Затым Купрэйчык акрэсліў кожнай групе задачу і квадрат, дзе яна павінна дзейнічаць, прызначыў час збору. Разведчыкі адразу ж разышліся.
Купрэйчык узяў з сабой Лугаўца і Губчыка. Іх шлях ляжаў да вёскі, у якой немцы капалі акопы. Памятаючы пра тое, што наперадзе павінна быць стаянка бранетанкавай часці, лейтэнант увесь час забіраў лявей, і ім прыйшлося рабіць вялікі крук. I калі ўлічыць, што рухаліся яны вельмі асцярожна, часта залягалі і старанна аглядалі мясцовасць, то не дзіўна, што да вёскі падышлі толькі да поўдня. Уладкавалі сабе НП у густым ельніку, дзе нават трава не расла, але было бяспечна.
Метрах у трохстах віднелася вёска з хат дваццаці, не больш.
Купрэйчык пераканаўся, што іх не будзе выдаваць бляск шкла бінокля, і пачаў назіраць. Крыху лявей вёскі вяліся работы. Старыя і жанчыны пад наглядам немцаў капалі акопы. Цывільных людзей у вёсцы не было відаць, і Купрэйчык падумаў: «Усіх выгналі на працу, спяшаюцца». Ён паклаў перад сабой ліст паперы і пачаў наносіць схему абарончых збудаванняў, якія ўзводзіліся. Нечакана Лугавец крануў яго за плячо і ціха сказаў:
– Лейтэнант, паглядзі, здаецца, нашага вядуць, – і ён рукой паказаў на групу нямецкіх салдат, якія вялі перад сабой чалавека.
Купрэйчык перавёў бінокль на іх і ўбачыў, што немцы канваіруюць чырвонаармейца. Выразна была бачная разадраная гімнасцёрка, на галаве – брудная, у крывавых плямах павязка. Двое немцаў трымалі напагатоў аўтаматы, астатнія ішлі ззаду, ажыўлена жэстыкулявалі, размаўлялі паміж сабой.
– Сапраўды, чырвонаармейца вядуць, сволачы! – усхвалявана прагаварыў лейтэнант, неадрыўна гледзячы ў бінокль.
Немцы завялі палоннага салдата ў двор другой ад краю вёскі хаты. Адзін з іх увайшоў у хату і праз хвіліну выйшаў у суправаджэнні афіцэра, на галаве якога была фуражка з высокім верхам. Афіцэр наблізіўся да палоннага, стаў штосьці казаць яму. Немцы, якія прыйшлі разам з канваірамі, стоўпіліся поруч, і разведчыкі ўжо не маглі бачыць ні чырвонаармейца, ні нямецкага афіцэра. Нечакана натоўп расступіўся, і Купрэйчык са сваімі салдатамі ўбачылі, што палонны ляжыць на зямлі, а афіцэр і салдаты б’юць яго нагамі.
– Што яны робяць? Яны ж заб’юць яго! – ускрыкнуў Губчык. – Таварыш лейтэнант, дазвольце, я іх з аўтамата?
– Не крычы, Пеця. Нам нельга сябе выяўляць. Для нас галоўнае – разведка і вытрымка. – Купрэйчык злосна вылаяўся і дадаў: – А гэта мы ім абавязкова ўзгадаем.
А немцы працягвалі біць чырвонаармейца. Ён ужо не рухаўся і ляжаў не абараняючыся. У бінокль было відаць, як нямогла тузалася яго галава пасля кожнага ўдару нагой. Купрэйчык, сціскаючы збялелымі пальцамі бінокль, сказаў:
– Ды і з аўтамата на такой адлегласці ім шкоды не прычыніш, толькі выдасі сябе!
Лугавец і Губчык бачылі, чаго каштавала лейтэнанту стрымацца. Нарэшце немцы перасталі збіваць палоннага, і ён, раскінуўшы рукі, нерухома ляжаў на сярэдзіне двара. Да яго падышлі двое і, узяўшы за ногі, пацягнулі ў кут двара. Там знаходзіўся хлеў, а побач невялікая прыбудова, дзе звычайна трымаюць свіней. Смеючыся, яны зацягнулі туды палоннага і зачынілі дзверы.
– Дай бог, каб ён выжыў, – глуха прагаварыў лейтэнант, – уначы мы наляцім сюды.
Яны праляжалі яшчэ каля дзвюх гадзін, перш чым лейтэнант адарваўся ад сваіх запісаў і схем. Ён працягнуў бінокль Лугаўцу:
– На, Жэня, назірай, фіксуй, у якія хаты немцы заходзяць, лічы, а я з Пятром прагуляюся далей уздоўж лесу. Паспрабуем перамовіцца з кім-небудзь з мясцовых. Бачыш, з лесу бярвёны возяць.
Сапраўды, немцы падвозілі бярвенне да траншэй, а разгружалі жанчыны і старыя. Купрэйчык падумаў, што астатнія жыхары вёскі, напэўна, сякуць лес.
Яны асцярожна рушылі ў глыб лесу. Праз паўгадзіны апынуліся ля дарогі, па якой з ровам праходзілі грузавікі з бярвеннем, павольна праязджалі вазы, запрэжаныя коньмі.
Купрэйчык доўга назіраў за дарогай, і Губчык, не вытрымаўшы, спытаў:
– Таварыш лейтэнант, чаго мы чакаем? Давайце я падыду да любога мужыка, які будзе ехаць на возе, і пагавару з ім.
– Э-э не, дарагі, – ледзь усміхнуўся Аляксей, – ты не спяшайся. Паляжы, панаглядай спачатку, а галоўнае, параскінь мазгамі, каго лепш паклікаць. Мужыка ці бабу. У такой справе можна і на бяду напароцца. Бо хто мог застацца пры немцах з мужыкоў? Ці бездапаможны стары, ці падлетак, ці ж баязлівец, а можа, той, хто іх уладу прызнаў. Усе іншыя мужыкі ў Чырвонай Арміі ці ў партызаны падаліся. Ты прыгледзься, міма нас праходзяць і такія, хто мог бы не лейцы, а вінтоўку ў руках трымаць. Так што лепш нам да жанчыны звярнуцца. Яна ў такой сітуацыі больш надзейная.
Губчык замоўк і цярпліва чакаў, калі камандзір загаворыць з ім. Нарэшце на дарозе паказаўся воз, на якім ляжалі два даволі доўгія бервяны. Побач з возам ішла, цяжка перастаўляючы ногі, пажылая жанчына. На дарозе нікога не было, і Купрэйчык рызыкнуў. Ён устаў і паклікаў жанчыну:
– Матуля, мы – чырвонаармейцы! Не бойцеся нас, каня прывяжыце да дрэва і падыдзіце да нас, спытаць сёе-тое хочам.
Жанчына спалохана азірнулася і зрабіла некалькі крокаў наперад.
– Ды вы не бойцеся нас, – працягваў супакойваць яе Купрэйчык, – мы свае – савецкія!
Жанчына, прывязаўшы лейцы за дрэва, накіравалася да воінаў, насцярожана паглядаючы на іх, разглядаючы іхнюю дзіўную вопратку.
Купрэйчык зразумеў, што яе бянтэжыць, усміхнуўся і расшпіліў куртку:
– Ды мы свае, матуля, свае! Мы разведчыкі і таму так апрануты!
– Родненькія, і сапраўды свае! Тут жа вакол немцы, вам сыходзіць трэба!
– Не хвалюйцеся, усё будзе добра! Вы лепш скажыце, куды лес возіце?
– Як куды? Нас жа ўсіх немцы на работу выгналі, акопы будуем.
– Што ж вы акопы супраць сваіх будуеце? – спытаў Купрэйчык і адразу пашкадаваў.
Жанчына паглядзела на яго шырока раскрытымі вачамі і раптам заплакала:
– Ой, міленькія вы мае, маіх жа чацвёра сыноў у Чырвонай Арміі, а сама, атрымліваецца, немцам дапамагаю! Як падумаю пра гэта, дык хоць у пятлю лезь! Яны ж усіх: і старых, і баб, і нават малалетніх дзяцей на работы выгналі. Траіх, хто не выйшаў, – расстралялі, а хаты газай аблілі і спалілі.
У гэты момант пачуўся шум матора, і лейтэнант хутка сказаў:
– Вяртайцеся да каня і зрабіце выгляд, што з возам ці з канём важдаецеся, а калі машына пройдзе, пагаворым яшчэ.
Толькі жанчына падышла да каня і ўзялася за аброць, як паказаўся цяжка гружаны бярвеннямі грузавік. Смуродзячы дымам, ён павольна праехаў міма. Лежачы ў кустах, разведчыкі паспелі ўбачыць, што ў кабіне сядзелі двое: шафёр і салдат, хутчэй за ўсё аўтаматчык.
Як толькі машына схавалася за бліжэйшым паваротам, жанчына хутка падышла да разведчыкаў. Выціраючы вочы кончыкам лінялай паркалёвай хусткі, запыталася:
– I калі ўжо вы прагоніце іх?
– Прагонім, матуля, абавязкова прагонім! – паабяцаў Купрэйчык. – А вы не ведаеце, што за часць у вас у вёсцы стаіць?
– У вёсцы знаходзіцца іх будаўнічая часць. Яна і будуе акопы. Але ёсць і іншыя немцы. Яны з іншай часці. Гэтыя самыя небяспечныя. Учора прывялі аднаго партызана, дык вы б паглядзелі, як яны здзекаваліся з яго. I білі, і косткі ламалі – усё выпытвалі, хто ён і дзе іншыя партызаны знаходзяцца.
– Ну і што з ім? – спытаў Купрэйчык, а сам успомніў, як фашысты збівалі ваеннапалоннага.
– Не вытрымаў ён катаванняў і памёр. Немцы прымусілі старых за вёскай, у полі, яму вырыць і кінулі туды, бедненькага, нават узгорачка не дазволілі над магілай зрабіць, не тое каб крыж паставіць.
– А ў якой хаце жывуць тыя, да каго партызана прыводзілі?
– Недалёка ад краю вёскі, – і жанчына, блытаючыся, стала тлумачыць. Але Купрэйчык зразумеў, што гаворка ідзе пра тую ж хату, у двары якой збівалі чырвонаармейца…
– Матуля, а хто ў той хаце жыве?
– Тры іхнія афіцэры. Злыя, як сабакі!
– Хата ахоўваецца?
– Так, з вечара салдат з аўтаматам вакол хаты ходзіць.
Жанчына яшчэ трохі пастаяла з разведчыкамі і пайшла да воза.
А Купрэйчык не спяшаўся пакідаць лясную дарогу. Яны з Губчыкам неўзабаве спынілі старога, які стомлена цягнуўся побач з возам. Стары цалкам пацвердзіў тое, што сказала жанчына.
Неўзабаве Купрэйчык і Губчык адправіліся назад да свайго НП. Лугавец, убачыўшы іх, прагаварыў:
– I дзе гэта вас чэрці носяць? Думаў, можа, папаліся ўжо і вось-вось прывядуць вас у гэту вёску, як таго чырвонаармейца.
– Не бурчы, Яўген, – усміхнуўся Купрэйчык, – скажы лепш, што новага?
– Ды амаль нічога. Немцы на грузавіку павезлі палоннага. Дарэчы, афіцэры з гэтай хаты заслугоўваюць таго, каб мы ўначы іх наведалі. Яны не маюць дачынення да сапёраў. Бачыце хату з блакітнай ліштвой?
– Гэта тая, дзе легкавушка ў двары стаіць? – спытаў лейтэнант.
– Так. Абедалі там чалавек шэсць афіцэраў.
– Хата ахоўваецца?
– Так. Вартавы нядаўна ў цянёк забраўся каля хлява. Афіцэрчыкі сышлі з хаты, вось ён і вырашыў, што няма чаго тырчаць на санцапёку, – працягваў Лугавец. – Вунь там, на грудку, немцы закапалі ў зямлю самаходкі, – паказаў ён рукой лявей вёскі.
Купрэйчык узяў бінокль і паглядзеў на граду невялікіх гмахаў, што ланцужком працягнуліся за змейкай траншэі. Аднак ён не адразу заўважыў памайстэрску схаваныя браніраваныя машыны. Налічыў пяць, якраз па колькасці ўзгоркаў. Потым удакладніў у Лугаўца:
– Колькі самаходак?
– Пяць. Яны іх добра прыхавалі, нават маскіровачныя сеткі нацягнулі.
Купрэйчык зрабіў адпаведныя адзнакі на схеме.
– Што яшчэ?
– У лесе стральбу чуў. Ці не нашы на немцаў напароліся?
«I я таксама чуў, – засмуціўся Купрэйчык, – а ўвагі не звярнуў».
Неўзабаве вярнуліся разведчыкі. Яны прывялі звязанага нямецкага афіцэра-танкіста.
Чарнецкі стомлена растлумачыў:
– Абследавалі мы свой раён, выявілі, што лес, вось у гэтым квадраце, – ён пальцам паказаў месца на карце, – забіты войскамі. Танкі, самаходкі, пяхота – адным словам, даволі дужы кулак сабраны для ўдару. Дарэчы, палонны пацвердзіў гэта. Прыйшлося нам дапытваць яго адразу, як узялі, баяліся, што калі раптам напорамся на іх засаду, то можам страціць каштоўнага языка.!сці было цяжка, таму і спазніліся.
Калі лейтэнант скончыў дакладваць і яшчэ раз прааналізаваў здабытыя звесткі, турботная думка не давала яму спакою. Ён глядзеў на карту і думаў: «Не трэба быць вялікім стратэгам, каб разгадаць задуму немцаў. Супраць нашай дывізіі яны рыхтуюць умацаванні, думаюць абараняцца. Напэўна, лічаць, што калі мы прасунуліся на захад далей іншых, значыць, нашымі войскамі наносіцца галоўны ўдар менавіта тут. А там, дзе загразла суседняя дывізія, немцы рыхтуюцца да нападу. У гэтым месцы яны і могуць нанесці ўдар па левым флангу».
Доўга думаў камандзір, перш чым прыняў рашэнне. I прыняўшы яго, тут жа сабраў вакол сябе байцоў:
– Тут застанецца Чарнецкі і з ім яшчэ шэсць чалавек. Ваша задача: дачакацца вяртання групы, якую я накірую да вас пасля аперацыі ў вёсцы, і разам з вось гэтым данясеннем, – лейтэнант працягнуў Чарнецкаму некалькі лістоў паперы, складзеных у чатыры столкі, – даставіць палоннага, а магчыма, і двух, калі здабудзем у вёсцы яшчэ, у полк. Мы ж пойдзем далей.
Калі яны падышлі да вёскі, пайшоў дождж. Ён усё ўзмацняўся, ператвараючыся ў сапраўдны лівень. Купрэйчык не ведаў, цешыцца ці засмучацца яму. Вядома, падчас дажджу падабрацца да вартавога лягчэй, але затым ісці па мокрай, раскіслай раллі, якая раскінулася па той бок вёскі, будзе нялёгка.
У цемры яны наблізіліся да вёскі Дзедава, і аперацыя пачалася.
Лейтэнант ішоў на чале групы, углядаўся ў чорную ноч, якая пры шуме дажджу здавалася жудаснай. Справа засталася расплывістая пляма – гэта хата. А разведчыкі імкнуліся да суседняй. Вось і плот. Сцяпаныч моўчкі падставіў сваю шырокую спіну пад мокрыя і брудныя боты таварышаў. Усё пералезлі праз плот, а Сцяпаныч і Губчык засталіся з гэтага боку. Заляглі, трымаючы пад прыцэлам два бакі цёмнай, без агеньчыка вуліцы, якую паліваў дождж.
Часавога лейтэнант вырашыў зняць сам і, сціскаючы ў руцэ фінку, павольна поўз па двары да хлява, дзе, прыціснуўшыся спінаю да бярвення, на пустой скрыні, бокам да Аляксея, сядзеў нямецкі салдат. Калі да яго засталося не больш як чатыры метры, Аляксей пачаў асцярожна паднімацца. Але раптам салдат ускочыў і накіраваў на яго вінтоўку.