355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Мікалай Чаргінец » Вам — заданне » Текст книги (страница 3)
Вам — заданне
  • Текст добавлен: 30 июля 2017, 04:30

Текст книги "Вам — заданне"


Автор книги: Мікалай Чаргінец



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 24 страниц)

Уладзімір Славін

Дзякуючы падпольшчыкам і партызанам многія жыхары Беларусі ведалі пра шматлікія найважнейшыя падзеі на фронце. Лістоўкі паведамлялі не толькі пра перамогі на франтах, але і пра паспяховыя аперацыі партызан, заклікалі насельніцтва да актыўнай барацьбы з гітлераўцамі.

Мацнела і Мінскае камуністычнае падполле. Падпольшчыкі арганізоўвалі ўцёкі з канцлагераў палонных чырвонаармейцаў і камандзіраў і, рызыкуючы жыццём, перапраўлялі іх у партызанскія атрады, дзе патрэбны былі баяздольныя, навучаныя байцы і камандзіры Чырвонай Арміі.

Шмат шкоды немцам нарабілі мінскія падпольшчыкі сваімі дыверсіямі. Яны вывелі са строю вадакачку і водаправодную сетку, і чыгуначны вузел каля дзесяці дзён заставаўся без вады. На запасных пуцях было замарожана амаль пяцьдзясят паравозаў.

Валодзя Славін хваляваўся, перажываў, засмучаўся, што застаецца ўбаку ад вялікіх спраў. Неяк увечары, седзячы ў сваім пакоі, каторы ўжо раз вярэдзіў сябе думкай: «Бацька вось працуе ў друкарні, дастае падпольшчыкам фарбу, паперу, шрыфты, часта прыносіць чыстыя бланкі аўсвайсаў. А я? Сяджу – быццам спраў ніякіх няма. Урэшце я павінен заняцца чымсьці сур’ёзным!»

Ён ледзь дачакаўся бацькі і прама заявіў: калі яму не дадуць якую-небудзь справу – пачне дзейнічаць сам. Бацька, добра ведаючы характар сына, ціха сказаў:

– Патрывай, сынок, да заўтра.

На наступны дзень Міхаіл Іванавіч паклікаў сына:

– Ну, Валодзя! Ёсць работа. Заўтра пойдзеш уладкоўвацца.

– Куды, тата?

– У майстэрню, дзе рамантуюць пішучыя машынкі. Гэта недалёка ад Дома ўрада. Начальнік майстэрні – цывільны немец. Цябе парэкамендавалі нашы людзі. Ён давярае ім.

– Што я буду рабіць? – роспачна спытаў Валодзя.

Бацька зразумеў настрой сына, спакойна растлумачыў:

– Запомні: ваяваць трэба не толькі мінамі і вінтоўкамі. Нам неабходна падтрымліваць маральны дух насельніцтва, клікаць народ на барацьбу. А для гэтага патрэбны і падпольныя друкарні, і пішучыя машынкі, якіх, дарэчы, нам вельмі не хапае. А ты зможаш здабываць розныя дэталі, будзеш ведаць, у якіх арганізацыях ёсць патрэбныя нам машынкі. Але ты ўвесь час павінен трымаць язык за зубамі, інакш, сын, загубіш і сям’ю нашу, і іншых таварышаў. Памятай пра гэта заўсёды. Ніякай пахвальбы перад сябрамі. Нікому, чуеш, нікому – ні слова!

Валодзя паглядзеў у стомленыя вочы бацькі і цвёрда адказаў:

– Ведаю, тата. Не турбуйся, ніхто ад мяне і слова не пачуе.

На наступны дзень малады Славін прыйшоў у майстэрню ў дакладна прызначаны час. Начальнік – пульхны, ружовашчокі немец, які пачаў лысець, доўга разглядаў хлопца. Той збянтэжана таптаўся ля парога. Нарэшце начальнік загаварыў:

– Я есць твой началнік і казяін. Ты дольшен карашо арбайтен, ферштейн? Ошень карашо арбайтен і любіць парядок. Калі будзеш плехо… магу отправляйт тебья на воспитыванье ў Вялікую Германію. Разумееш?

Валодзя кіўнуў галавой, а сам падумаў: «Я табе тут напрацую! Сам хутчэй пойдзеш у сваю Вялікую Германію!» Валодзя чысціў і мыў дэталі, пазней стаў разбіраць пішучыя машынкі. Марцін з Дрэздэна, – так начальнік зваў сябе – строга сачыў, каб рабочыя не спазняліся раніцай і не сыходзілі з працы раней, не дазваляў адлучацца, забараніў перакуры. Яго візглівы голас чуўся ўвесь дзень. За кожную правіннасць ён пагражаў маладым работнікам, што адправіць у Германію, а пажылым – канцлагерам.

Спачатку Валодзя прыглядаўся да людзей, працаваў добрасумленна, як таго і патрабаваў бацька. Прайшоў тыдзень-другі, і ён прыступіў да выканання задання: перш-наперш даведаўся, якім арганізацыям належаць машынкі, што паступілі ў рамонт, паведаміў бацьку, а падпольшчыкі высвятлялі, як можна выкрасці гэтыя машынкі, калі яны будуць вернуты ўладальнікам з майстэрні.

Неўзабаве Славін і сам асвоіў рамонт. Аднойчы з паліцэйскай управы прывезлі адразу тры сапсаваныя машынкі. Паліцэйскі, які даставіў іх, растлумачыў, што ўсе тры былі знойдзены ў нейкім закінутым доме. Валодзя з дзелавым выглядам уважліва агледзеў кожную з іх, зірнуў на паліцэйскага:

– У машынках вельмі шмат паломак. Каб выправіць іх, у майстэрні не знойдзецца гэтулькі дэталяў.

– Ды вы з трох хоць адну зрабіце.

– Паспрабуем, – адказаў юны майстар. Ён «паспрабаваў» і аднавіў не адну, а дзве машынкі, а трэцюю раскамплектаваў і схаваў у пакоі, дзе валяўся розны хлам. Паліцай забраў абедзве машынкі і праз начальніка майстэрні падзякаваў хлопцу за стараннасць і спраўнасць. Праз тыдзень Валодзя вынес з майстэрні корпус машынкі, а затым, на працягу пяці дзён, перанёс дахаты і ўсе астатнія дэталі. У нядзелю ён сабраў машынку і ўручыў бацьку. Праз сувязнога яна была перададзена ў партызанскі атрад. Неўзабаве малодшаму Славіну ўдалося сабраць яшчэ адну пішучую машынку.

Гэта быў яго святочны падарунак падпольшчыкам да 23 лютага – Дня Чырвонай Арміі.

Праўда, к вечару на змену прыўзнятаму і святочнаму настрою ў кватэру Славіных прыйшла трывога.

Калі ўся сям’я, за выключэннем Міхаіла Іванавіча, была ў зборы, у дзверы хтосьці пастукаў і ў прыхожую ўвайшла суседка Святлана Латаніна, высокая, стройная, светлавалосая, вельмі прыгожая дзяўчына. На выгляд ёй было гады дваццаць чатыры.

Латаніна і раней заходзіла да Славіных, зрэшты, як і да іншых суседзяў, па якой-небудзь справе, а то і проста пагаварыць. Але ў апошні час суседзі пачалі ставіцца да яе з некаторай насцярожанасцю. Валодзя з хлопцамі некалькі разоў бачыў яе каля старых закінутых могілак. Латаніна там сустракалася з невядомым мужчынам, апранутым у цывільную апратку, які прыязджаў туды на легкавушцы. Гэтыя сустрэчы не былі падобныя на любоўныя спатканні. Часта азіраючыся, яны заходзілі на могілкі, прагульваліся па пустыннай дарожцы хвілін дзесяць – пятнаццаць, а затым разыходзіліся па адным.

Звычайна пасля такіх сустрэч на наступны дзень у многіх дамах праводзіліся вобыскі, нярэдка каго-небудзь арыштоўвалі.

Праўда, у кватэры Славіных ператрусаў яшчэ не было, але прыход Святланы наводзіў на сумныя разважанні.

Настасся Георгіеўна спакойна і нават добразычліва запрасіла суседку ў пакой і прапанавала садзіцца.

Святлана таксама паводзіла сябе нязмушана. Гледзячы ўсмешліва на Валодзю, сказала:

– Цётка Стася, а ў вас Валодзя праз некалькі гадоў жаніх на ўсю акругу будзе.

– Кінь ты, Света, – махнула рукой Настасся Георгіеўна, – яму яшчэ далёка да жаніхоў, дый вайна ідзе, хіба да гэтага зараз?

– Так, ваша праўда, – зрабіла сумны выгляд Латаніна, – вайна праклятая… Гэтыя немцы шмат нам гора прынеслі. Хоць бы вестачку якую атрымаць, як там на фронце нашы трымаюцца, хоць бы выстаялі перад іх танкамі ды самалётамі. Я вось толькі дзіўлюся, чаго мы без справы сядзім? Мы таксама маглі б нашым дапамагчы.

– Э, мілая, – спалохана сказала Настасся Георгіеўна, – паслухай маёй парады – не лезь ты ў гэту справу. Мы ж з табой мірнае насельніцтва, а немцы такіх не чапаюць. Яны ж бяруць толькі тых, хто ім шкодзіць. Вось і табе я раю: няма чаго ў бойку лезці, у іх вунь колькі салдат ды прылад розных, што ты ім зробіш? Толькі галаву страціш. Таму, паслухай мяне, выкінь такія думкі з галавы і іншым пра гэта не кажы, а то пашкадуеш.

Латаніна ўсміхнулася:

– Што, цётка Стася, пойдзеце на мяне ў гестапа даносіць?

– Ды ну цябе! Чаго гэта я пайду, быццам я не бачу, што не сур’езна ўсё гэта мелеш. Раскажы ты лепш, як справы дома, усе здаровыя?

– Так, дзякуй богу. Я, дарэчы, чаго да вас забегла? Ці не пазычыце вы мне таркі, хачу дранікаў прыгатаваць.

– Чаму ж не пазычу. – Г аспадыня выйшла на кухню і прынесла тарку. – На, бяры, рабі сабе дранікі і еш на здароўе.

Святлана ўзяла тарку і пайшла. Настасся Георгіеўна доўга глядзела ёй у спіну, калі яна ішла па двары да брамкі. Уладзімір глуха сказаў:

– Ну, заўтра трэба чакаць гасцей. Вось убачыш, мама, пасля абеду немцы як штык з’явяцца да нас.

Калі прыйшоў Міхаіл Іванавіч, маці, сын і дачка, дапаўняючы адзін аднаго, паведамілі яму пра «госцю». Гэта ўсхвалявала Міхаіла Іванавіча, і ён доўга пра штосьці думаў. Затым паглядзеў на жонку і дзяцей:

– Добра, засмучацца не трэба. Па-першае, можа, мы дарма Святлану падазраём, па-другое, як сцямнее, мы з табой, Валодзя, сёе-тое перахаваем у агародзе. – Міхась Іванавіч устаў з крэсла, прайшоўся па пакоі і нечакана ўсміхнуўся: – І, па-трэцяе, заўтра нядзеля, і вы ўдваіх занясеце ўсё гэта на рынак і аддасцё аднаму чалавеку, ну, а як гэта зрабіць, я скажу заўтра, а цяпер я хачу есці, і калі ты, маці, мяне ў гэтую ж хвіліну не накорміш, памру з голаду.

Нядзельная раніца выдалася сонечнай і марознай. Бацька папрасіў Валодзю павартаваць, а сам накіраваўся з лапатай у агарод, дзе ўначы яны закапалі ў вядры ўсё тое, што трэба было сёння перадаць партызанскай сувязной.

Паснедаўшы, Настасся Георгіеўна і Валодзя накіраваліся на Камароўку. Каля веснічак яны суткнуліся з жанчынай з суседняга дома. Яна таксама ішла на рынак, і яны пайшлі ўтраіх. А вось і ён – Камароўскі рынак, размешчаны ля самага балота, праз якое ўлетку прайсці было немагчыма, а цяпер людзі падыходзілі да рынку з усіх бакоў.

Маці рабіла выгляд, што прыцэньваецца да прадуктаў, а сама вачамі шукала патрэбнага ёй чалавека. Суседка, якая паспела ўжо выменяць даваенную ваўняную кофту на невялікі кавалачак сала і дзясятак яек, пачала прыспешваць Настассю Георгіеўну.

Славіна не ведала, як пазбавіцца ад суседкі. Але раптам пачалася паніка, пачуліся крыкі: «Аблава! Аблава!»

Маці ўзяла сына за руку:

– Застаёмся на месцы. Дакументы ў нас у парадку.

Валодзя здзівіўся. Ён добра ведаў, што ў маці ў торбе ляжаць роўныя стосы пісчай паперы, капірка і, самае галоўнае, фотаапарат. Усё гэта яны павінны перадаць жанчыне, партызанскай сувязной, якая скажа: «Ці няма ў вас на продаж ботаў і жаночага футра, пажадана чорнага колеру?» Мама і суседку паклікала з сабой для прыкрыцця, а тут, на табе, – аблава! Ён нахіліўся да маці і ціха, каб суседка не чула, сказаў:

– Мама! Але ў цябе ж у торбе.

Маці паглядзела на сына разумнымі добрымі вачамі і нечакана ўсміхнулася:

– Ох, як ты ў мяне, сынок, вырас! Каб сказаць маме штосьці на вуха, ужо нагінацца стаў.

Валодзя стаяў збянтэжаны, глядзеў на маці і думаў: «Вось гэта мама! У гэткі момант так трымаецца ды яшчэ жартуе!»

Тым часам гестапаўцы і паліцаі пачалі гнаць натоўп праз плошчу ў бок вуліцы Цнянскай. Там яны ўтварылі прапускны пункт. Натоўп адціснуў ад Славіных суседку. Маці, праходзячы міма воза, звярнулася да старога, які сядзеў на ім:

– Дзядуля! Прадай дзясятак яек!

Дзед здзіўлена паглядзеў на жанчыну, якая вырашыла купляць яйкі ў такі момант.

– Я, дачка, не прадаю. Змяняю.

– Дзядуля, мілы, а ты прадай. Вось табе маркі, дай хоць бы дзясятак. Зразумей – вельмі трэба! – І, памаўчаўшы, гледзячы проста ў вочы старому, дадала: – Для жыцця трэба!

Стары перавёў погляд туды, дзе тоўпіліся ля прапускнога пункта людзі, і пачаў дрыготкімі рукамі, не лічачы, перакладаць у кошык Славінай яйкі.

– Бяры, родная, калі для жыцця трэба.

Калі ён паклаў у кошык дзясятка паўтара яек, маці сказала:

– Хопіць, дзякуй.

Але дзед працягваў перакладаць яйкі, штук трыццаць паклаў і прагаварыў:

– Ну, з Богам. Ідзіце, людзі добрыя.

Маці працягнула яму ўсе маркі, якія былі ў яе, але стары адмахнуўся:

– Не патрэбныя гэтыя паперкі, у нас з табой, дачка, ёсць толькі адны грошы. Прыйдзе час – будзем імі разлічвацца!

– Дзякуй, дзядуля! Шчасліва заставацца, добры чалавек!

Далей яны ішлі моўчкі. Усё бліжэй падвойнае ачапленне. Стаяць афіцэры, правяраюць дакументы, адводзяць у бок, пад асобую ахову, тых, у каго дакументаў няма. Амаль праз аднаго чалавека – ператрус. Валодзя ўпотай зірнуў на маці. Твар ледзь пабляднеў, але спакойная. Ужо зусім блізка кантроль.

У гэты момант Валодзя падумаў: «Цікава, колькі тут людзей, якія не хочуць, каб іх абшуквалі?» І раптам ён заўважыў знаёмы твар: «Каб іх чорт узяў, дзе я бачыў гэтага паліцэйскага?.. Нарэшце вось успомніў! Гэта ж ён… прыносіў тры пішучыя машынкі». Валодзя крануў маці за руку:

– Мама! Ідзі за мной! Толькі не хвалюйся.

І ён, трымаючы маці за руку, падышоў да паліцэйскага:

– Пан паліцэйскі, дабрыдзень! Я Валодзя. Памятаеце, пішучыя машынкі рамантаваў? Вы яшчэ дзякавалі.

Паліцэйскі пазнаў хлопца, і на яго твары прамільгнула нейкае падабенства ўсмешкі.

– Памятаю, памятаю. Што ты хочаш?

– Разумееце, спазняюся, а шэф не любіць, калі спазняюцца. Сёння ён загадаў выйсці на работу. Неабходна адрамантаваць машынку для гестапа, а тут аблава. Пакуль я з мамай дачакаюся чаргі, пакуль нас прапусцяць, спазнюся. Дакументы ў нас у парадку. Вось, гляньце – мой аўсвайс. У мамы таксама ёсць. – Ён павярнуўся да маці: – Мам, пакажы. – Маці дастала пропуск, а Валодзя працягваў: – Вы ж усё можаце! Прапусціце нас без чаргі. А я за гэта заўсёды буду без чаргі рамантаваць вашы машынкі.

Паліцэйскі расправіў худыя плечы, зазірнуў у торбу і сказаў:

– Добра. Ідзіце за мной.

І ён правёў іх спачатку праз адзін ланцуг, затым праз другі, дзе стаялі толькі немцы. Тут ён, аддана ўсміхаючыся, некалькі разоў прагаварыў: «Аўсвайс, аўсвайс!»

Валодзя і маці былі свабодныя. Але Настасся Георгіеўна не адыходзіла. Яна насцярожана глядзела назад.

– Што ты так глядзіш, мама?

– Валодзя, бачыш, воддаль стаяць тры немцы – афіцэры, а з імі Святлана Латаніна.

Валодзя зірнуў і тут жа пазнаў суседку.

– Цікава, што яна тут робіць? – ціха спытала маці.

А Латаніна не прымусіла доўга чакаць адказу. Яна нахілілася да аднаго з афіцэраў і штосьці сказала яму, паказваючы пальцам на аднаго мужчыну, таго, што ўжо мінуў кантроль. Афіцэр зрабіў знак салдатам. Двое з іх падскочылі да мужчыны і, падштурхоўваючы яго ў спіну рулямі аўтаматаў, адвялі ў групу людзей, якая ахоўвалася асобна. Нічога не сказала маці, але вочы яе гаварылі пра многае.

Думаць пра сустрэчу з партызанскай сувязной зараз ужо не даводзілася. Моцна турбуючыся за яе лёс, маці і сын адправіліся дахаты. Але не прайшлі яны і квартала, як іх дагнала дзяўчына. Задыхаўшыся ад хуткай хады, яна спытала:

– Ці няма ў вас на продаж ботаў і жаночага футра, пажадана чорнага колеру?

Маці ўсміхнулася і адказала:

– Боты ёсць, але толькі мужчынскія, сорак пяты памер. Футрамі пакуль не гандлюем.

Далей яны пайшлі ўтраіх. Павярнулі ў маленькі бязлюдны завулак, і маці хутка перадала дзяўчыне каштоўны груз. Падзякаваўшы Славіным, тая хутка знікла.

Маці з палёгкай уздыхнула, ласкава паглядзела на сына:

– Ну што, Вова? Пойдзем яечню дармовую гатаваць. Ох і вячэру закачу – пальчыкі абліжаце!

Дахаты прыйшлі задаволеныя. Бацька і Жэня гатавалі абед. Дзелячыся ўражаннямі пра паход на кірмаш, пра добрага старога, які выручыў яе і Валодзю ў цяжкую хвіліну, Настасся Георгіеўна расказала мужу і пра паводзіны Латанінай.

Густыя бровы Міхаіла Іванавіча сышліся на пераноссі. Ён доўга маўчаў, гледзячы ў акно, потым падышоў да жонкі і абняў яе:

– Настасся, давай дамовімся: калі здарыцца самае страшнае і мяне схопяць, то пра што б цябе ні пыталі, чаго б ні казалі, нават пра тое, што я нібы прызнаўся, нават калі назавуць імёны тых, каго ты сапраўды ведаеш, адмаўляй усё. Ты павінна казаць, што нічога не ведаеш, што ніхто да нас дахаты не прыходзіў.

– Ты што, Міша, думаеш, што цябе могуць схапіць?

– Цяжка сказаць, па-мойму, не павінны. Дома ў нас нічога падазронага няма, і надалей сюды прыносіць не будзем, але, разумееш, лістоўкі вырабляюцца друкаваным спосабам, гестапаўцы не дурні і ў першую чаргу, вядома, цікавяцца тымі, хто працуе ў друкарні. Калі Латаніна – здрадніца, а гэта, відаць, сапраўды так, то яна напэўна атрымала заданне прасачыць за намі. З ёй трэба паводзіць сябе як звычайна, хай думае, што мы ні пра што не здагадваемся. – Міхаіл Іванавіч усміхнуўся. – Ведаеш, я прыдумаў, як сёння гэту Светку праверыць. І зробіць гэта Жэня.

Настасся Георгіеўна спалохана прамовіла:

– Ой, Міша, баюся я за дзяцей. Скажы, што ты прыдумаў?

– Ты заўважыла, што на нашай вуліцы вобыск не рабілі толькі ў пяці дамах, у тым ліку ў нас і Латаніных?

– Так, пра гэта ўчора мы з Жэняй гаварылі.

– Дык вось, калі сёння яны прыйдуць да нас, то даю руку на адсячэнне, не абыдуць яны і Латаніных. Калі Светка працуе на гестапа, а я паўтараю, яны – не дурні, то яны зробяць вобыск і ў яе. Але які ім сэнс у свайго лакея ўсё дагары нагамі пераварочваць, як гэта яны звычайна робяць у іншых дамах? І я ўпэўнены, што да Светкі яны прыйдуць, пасядзяць і праз паўгадзіны выйдуць на вуліцу, каб суседзі бачылі, што і Латаніну не абышлі. А гэта значыць, што падазрэння на гэту верціхвостку не будзе.

– Гэта так, але я не разумею, што ты хочаш ад Жэні?

– Ты ж сама казала, што Светка ўзяла ў нас тарку. Дык вось, калі немцы ўвойдуць да яе ў дом, хвілін праз дзесяць – пятнаццаць зойдзе Жэня і спытае нашу тарку, скажа, што мы таксама вырашылі дранікі пячы, а заадно ўбачыць, ці робяць немцы ў іх ператрус.

Настасся Георгіеўна мякка ўсміхнулася:

– Ну і стратэг ты ў мяне. Не разумею толькі, для чаго гэта табе? Я лічу, што Жэню нельга пасылаць, каб яна лішні раз на вочы гэтым ірадам траплялася. Яна ў нас ужо дзяўчына, і ты сам ведаеш, колькі розных подласцяў робяць немцы, асабліва гестапаўцы.

Міхаіл Іванавіч падышоў да акна, памаўчаў, а затым сеў на канапу:

– Так, твая праўда. Пашлём Вову, а для чаго мне гэта трэба, то я скажу табе вось што: гэта трэба ўсім нам, маім таварышам. Разабрацца, хто ёсць хто, сабраць доказы віны здрадніка таксама важная справа. Наступіць час, і такім людзям будзе прад’яўлены рахунак за ўсё.

Настасся Георгіеўна ў знак згоды кіўнула і сказала:

– Добра, тады я бульбачкі начышчу.

– А гэта навошта?

– Ну, не будзем жа мы хлусіць суседзям і сапраўды аладак насмажым.

Міхаіл Іванавіч усміхнуўся:

– Малайчына ты ў мяне!

– Бачыў жа, нябось, каго выбіраў, калі жаніўся.

– Гэта праўда.

Жыццё ў акупацыі ўжо навучыла гэтых людзей чакаць непрыемнасцяў і рыхтавацца да іх. Вось і цяпер яны размаўлялі паміж сабой так, як быццам не немцы, а яны самі вырашылі правесці вобыск. І яны не памыліліся. Праз паўтары гадзіны ў двор увайшлі гестапаўцы. Загрукалі каваныя боты па драўляных прыступках лесвіцы, і ў кватэру ўварваліся пяцёра. Адзін з іх на ламанай рускай мове крыкнуў:

– Усе стаяць на адзін месца! Вашы дакументы!

Адзін гестапавец з аўтаматам застаўся каля дзвярэй, афіцэр – падаваў каманды, праглядаў дакументы і пытаў, ці ёсць у хаце зброя, радыёпрыёмнік; астатнія, нібы ваўкі на ахвяру, накінуліся на шафу, куфар. Немцы раскідалі рэчы па ўсёй кватэры, перавярнулі канапу, шафу кухонную, ператрэслі ложкі. Выцягнулі ўсё з каморкі, агледзелі хлеў. Але нічога не знайшлі і накіраваліся да суседзяў.

Міхаіл Іванавіч моўчкі зірнуў на сына, і Валодзя, нацягнуўшы на сябе шапку і паліто, шаснуў за дзверы. Жэня ўзяла са скрыні стала нож і падсела ў кухні да маці, якая пачала чысціць бульбу.

Валодзя перайшоў вуліцу і не спяшаючыся пачаў прагульвацца па тратуары. Ён бачыў, як з веснічак і варот суседніх двароў выглядваюць людзі.

Усіх іх, вядома, цікавіла адно і тое ж пытанне: які будзе наступны дом у гестапаўцаў.

Нарэшце немцы ўвайшлі ў дом Латаніных. Валодзя разумеў, што самы лепшы час патрапіць у іхні двор цяпер. Гаспадары будуць сустракаць гестапаўцаў і сачыць з вокнаў за дваром не стануць. Ён хутка падышоў да веснічак, вычакаўшы, пакуль апошні немец схаваецца за дзвярамі, праслізнуў у двор. Заходзіць у дом было яшчэ рана, Валодзя прайшоў у глыб двара да хлява і схаваўся за яго. Зараз ён з’явіцца ў хаце Латаніных нечакана. Вокнаў у гэты бок няма, і ніхто не ўбачыць яго, калі ён будзе набліжацца да дома.

Заставалася чакаць. Хлопец прыціснуўся спінай да бярвеністай сцяны хлява і задумаўся. Як хутка мяняюцца людзі падчас вайны, дакладней, як хутка сталеюць. Здавалася, прайшло зусім мала часу з таго моманту, калі Валодзя разам з хлапчукамі са сваёй вуліцы кідалі ў кузавы нямецкіх машын бутэлькі з карбідам і думалі, што яны, калі не ваююць, то, прынамсі, шкодзяць фашыстам. А цяпер Валодзю стала сорамна за гэтыя хлапечыя выхадкі. Яму яшчэ не было і шаснаццаці, а ён адчуваў сябе значна старэйшым. Прызвычаіўся перш, чым штосьці рабіць, старанна абдумваць кожны крок. Што гэта – абвостранае пачуццё небяспекі? А можа, пачуццё адказнасці перад бацькамі, шматлікімі людзьмі, якія паверылі яму і даручылі хай маленькую, але сапраўдную справу? Валодзя марыў пра той час, калі яму давядзецца ваяваць супраць ворага са зброяй у руках. Ну, а пакуль трэба чакаць і, вядома, не папасціся на чым-небудзь.

Уладзімір адарваўся ад сцяны хлява: «Пара! Прайшло не меней як пятнаццаць хвілін». І ён хуткім крокам накіраваўся да дома. Дзверы, якія вялі ў сенцы, адкрыліся бясшумна. Валодзя перавёў дыханне, гледзячы на абабітыя лямцам дзверы, што вялі ў пакой. Што чакае яго там? Як сустрэнуць яго гаспадары? Як паглядзяць немцы?

Валодзя палічыў да трох і пацягнуў дзверы на сябе.

Ён апынуўся ў кухні, да яго слыху данёсся голас таго ж афіцэра, які рабіў вобыск у іх доме. Валодзя яшчэ не разабраўся, пра што казаў гестапавец, але тон яго голасу быў спакойным. Хлопец рушыў да дзвярэй, якія вялі ў пакой, і ў гэты момант пачуў Светчын смех. Валодзя адчыніў дзверы. У вочы адразу ж кінулася, што два немцы сядзяць злева ад дзвярэй на канапе, два другіх – на крэслах каля печы. Ужо знаёмы афіцэр і Светка сядзелі ля стала.

У пакоі стала ціха. Уладзімір злавіў на сабе погляд афіцэра і спалоханы – Светчын. Чамусьці падумалася пра яе бацькоў: «Калі іх няма тут, значыць, яны ці ў іншым пакоі ці іх няма дома».

– Дабрыдзень! – хмурна сказаў Валодзя. – Мяне мама па тарку паслала, цяпер бліны будзем пячы.

Як зласліва зараз глядзелі на яго блакітныя вочы гэтай прыгажуні. У іх ужо прайшоў спалох і загаралася злосць, прыкрасць на гэтага хлопца.

Афіцэр спытаў у Светкі:

– Хто гэта?

– Сусед. – скрозь зубы працадзіла Светка і рушыла да дзвярэй. – Ідзём, забяры сваю тарку, знайшоў час прыходзіць, бачыш, і да мяне прыйшлі.

Афіцэр падняўся з крэсла і загадаў Уладзіміру:

– Стаяць на месцы.

Сам жа, злёгку падштурхоўваючы перад сабой Латаніну, разам з ёй выйшаў у кухню. Валодзя пачуў, як пляснулі і другія дзверы. «Пайшлі ў сенцы, – здагадаўся ён, – раіцца будуць».

Прайшло хвіліны тры, перш чым яны вярнуліся ў пакой. Латаніна надзела паліто, завязала вязаную хустку і сказала:

– Валодзечка, я пайду з табой, падзякую сама бацькам за тарку.

Яна ўзяла тарку, і яны выйшлі на вуліцу. Пакуль ішлі, Светка, яшчэ не зусім акрыяўшы ад збянтэжанасці, растлумачыла:

– Ты ўвайшоў якраз, калі яны мяне дапытвалі. Усё высвятлялі, ці няма ў мяне зброі ці радыёпрыёмніка, а цяпер, напэўна, вобыск пачалі ўжо.

Уладзімір слухаў, а сам думаў: «Брашы, брашы, зараза прадажная! Цябе я ўжо даўно раскусіў».

Праз некалькі хвілін яны ўвайшлі ў кватэру Славіных. Светка з палёгкай уздыхнула: яна сваімі вачамі бачыла, што людзі чысцяць бульбу, і, значыць, хлопец сапраўды прыходзіў па тарку. Сказала некалькі слоў падзякі і сышла. А Славіны пераглянуліся паміж сабой. Валодзя расказаў усё, што бачыў у Латаніных дома, і раптам, усміхнуўшыся, звярнуўся да Настассі Георгіеўны:

– Мама, ты ж, калі ішла з кірмаша, абяцала накарміць яечняй. А сама аладкі бульбяныя рыхтуеш.

Маці засмяялася:

– Бач, чаго захацеў! Ну добра, будуць вам сёння і яечня, і аладкі!

І яна пацягнулася па наступную бульбіну.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю