355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Мікалай Чаргінец » Вам — заданне » Текст книги (страница 19)
Вам — заданне
  • Текст добавлен: 30 июля 2017, 04:30

Текст книги "Вам — заданне"


Автор книги: Мікалай Чаргінец



сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 24 страниц)

– Як так – бацька і сын? У Лешыка ж няма дзяцей. Ён сам казаў.

– Не вер! Не вер, Валодзя!

Бабулька пачала ўсхвалявана расказваць.

– У Браніслава Лешыка ёсць сын. Клічуць яго Сцяпанам. Гэты бандыт ужо шмат гадоў людзей рабуе. Не ведаю, як гэта атрымалася, але панадзіўся мой Юзэф да старога Лешыка хадзіць, звязаўся там са Сцяпанам. Той звабіў яго на свой бок, у лес. Потым пацягнулася за ім і Ванда, суседская дзяўчына. Яна з Юзэфам сябравала.

– Калі гэта было?

– Перад прыходам вашых. Чырвонай Арміі. Напалохаў Сцяпан Юзэфа: прыйдуць, маўляў, чырвоныя і ў Сібір сашлюць або расстраляюць. Казаў, што немцы сыходзяць ненадоўга. І мой дурань паверыў. Колькі са старым ні ўгаворвалі, колькі слёз маіх праліта – усё дарма. Сышоў з Лешыкам. – Гаспадыня замоўкла, стомленым рухам зняла з галавы вязаную хустку і, стрымліваючы рыданне, выціснула з сябе: – Праз месяц яго не стала. Прыйшоў да нас стары Лешык і сказаў, што забілі чырвоныя.

– Чырвоныя? І вы паверылі?

– Я ўжо тады зразумела, што тут штосьці не так. А калі папаўзлі чуткі пра нейкіх бандытаў, якія забіваюць ні ў чым не вінаватых людзей, і нават дзяцей, то пераканалася, што Сцяпан – самы сапраўдны гад. А Браніслаў, бацька яго памагаты. Ён прыходзіў да нас яшчэ адзін раз і сказаў, што калі мы асмелімся куды-небудзь скардзіцца, то нам на свеце не жыць і хату нашу спаляць. Вось муж і спалохаўся. У нас жа ёсць яшчэ адзін сын.

– Дзе ён?

– Ваюе.

– У немцаў?

– Не, у Чырвонай Арміі. Ён афіцэр.

– Значыць, ваюе з фашыстамі за нас з вамі.

– А чаму ты не ваюеш?

Гэта пытанне кальнула ў самае сэрца Славіна. Ён моўчкі апусціў галаву. Што рабіць? Сказаць ёй, што ён таксама рвецца на фронт, што ўжо некалькі разоў пісаў рапарты пра накіраванне ў дзеючую армію? Не, пра гэта нельга казаць. Трэба праглынуць горкую пілюлю:

– Мне сказалі, што маё месца тут.

– Тут і баба ўхадзілася б, а на фронце забіць могуць! – нечакана злосна выпаліла гаспадыня.

Славін ціха сказаў:

– У такім разе навошта вы мяне папярэджвалі сцерагчыся Лешыка?

Старая пільна паглядзела на Славіна:

– Гляджу на цябе, як дзіцё малое, а пагаварыла, бачу – дарослы. Скажы, ты сапраўды закупляеш тут прадукты?

– Людзям жа есці трэба. Цяпер цяжка, бабуля, і яны маюць патрэбу ў дапамозе. Вось і мяне паставілі на гэту работу. Дарэчы, а дзе цяпер Ванда?

– Не ведаю. Калі верыць старому Лешыку, то ў Сцяпана.

– Скажыце, але вы ж не хочаце, каб Сцяпан уцягнуў у сваю банду і другога сына? Вайна ўжо хутка скончыцца, і ён, напэўна, вернецца дахаты.

– Не, не! Я кожны дзень малюся, каб Бог захоўваў яго, а гэты бандыт, Сцяпан Лешык, каб згніў у балоце.

– А як бацькі Ванды глядзяць на тое, што іх дачка знікае ў бандзе?

– Запалоханы яны і маўчаць, толькі плачуць. Ванда нядаўна была тут, сказала, што калі яна вернецца дахаты, то бандыты знішчаць усю сям’ю. Што тут паробіш? Вядома, будзеш маўчаць. Тут парадкі лясныя: хто мацней, той і воўк.

– А дзе іх логава?

– Хіба яны скажуць? Мой стары казаў, што чуў ад іншых людзей, быццам каля хутара Чорны Луг хаваюцца.

– Хто гаспадар хутара?

– Ён пусты цяпер. Гаспадар у паліцыі служыў, дапамагаў катаваць людзей, а калі немцы адыходзілі, сышоў з імі.

– Хто яшчэ ведае, што Сцяпан Лешык арганізаваў банду?

– Многія ведаюць, але мала хто скажа пра гэта.

– Чаму?

– Баяцца.

– А скажуць, калі Лешыка і яго сябрукоў зловяць?

– Не ведаю, але мне здаецца – многія маўчаць не будуць.

Славін зірнуў на гадзіннік: прайшло ўжо шмат часу. У любы момант можа з’явіцца гаспадар, трэба сыходзіць. Уладзімір як мог суцешыў бабульку, паабяцаў ёй высветліць, што на самай справе здарылася з Юзэфам, выйшаў на вуліцу. Цяпер ён ламаў галаву над тым, што рабіць далей: ці ехаць неадкладна ў горад, ці заставацца на месцы. «Не, нельга рызыкаваць. Я даведаўся калі не дакладнае, то хоць бы прыблізнае месца хованкі бандытаў. Трэба звязацца са сваімі». Паступова нараджаўся план далейшых дзеянняў. Ён зводзіўся да таго, каб заўтра пад выглядам паездкі па патроны, накіравацца ў горад, паведаміць здабытыя звесткі, прасіць дазволу на ўстанаўленне кантакту з бандай для высвятлення яе дакладнага месцазнаходжання і колькасці.

Оперупаўнаважаны аддзела барацьбы з бандытызмам Антон Крайнюк

На рагу дзвюх небрукаваных вуліц спыніўся стары патрапаны «опель». З машыны выйшаў малады чалавек, апрануты ў брызентавы плашч, падняў галаву, жадаючы зразумець, ці хутка скончыцца дождж, і, павярнуўшы за рог, пашыбаваў па драўляным тратуары. Але праз метраў пяцьдзясят тратуар скончыўся, і малады чалавек рухаўся далей, старанна абыходзячы лужыны і бруд. Гэта быў оперупаўнаважаны аддзела барацьбы з бандытызмам Антон Крайнюк. Ён выконваў першае даручэнне новага начальніка аддзела каштана Мачалава. Антону падабаўся Караткоў, але калі даведаўся ён, што новым начальнікам прызначаны Мачалаў, то вельмі ўзрадаваўся. Свой чалавек, аднавясковец.

Антон бачыў, як цяжка было слухаць Пятру Пятровічу пра дарагіх яму людзей, якіх ужо няма ў жывых. Са слоў Валодзі Славіна Мачалаў ведаў, як сябравалі і дапамагалі адна адной маці Антона і Таццяна Андрэеўна. Цяпер іх абодвух – Крайнюка і Мачалава – аб’ядноўвала страта родных. Антону таксама было нялёгка пераносіць тое, што здарылася. Першым часам Глазкоў і Тамкоў нават баяліся за яго. Хлопец рваўся ў бой, не лічачыся ні з якой небяспекай, і калі яму там, у атрадзе, прапанавалі накіравацца разам са Славіным, то Антон адмовіўся. У той час ён марыў як мага хутчэй патрапіць на фронт і далей помсціць ворагу за смерць маці. З вялікай цяжкасцю ўдалося Караткову і Глазкову ўгаварыць Антона, што яго вопыт ляснога байца вельмі патрэбен на новым месцы. Тады Караткоў і Глазкоў вырашылі не прызначаць Антона старэйшым групы. Кіраўніком быў прызначаны Славін. Баяліся, што Крайнюк, убачыўшы гітлераўцаў, можа ўступіць у бой.

Атрымалася так, што група Славіна прыбыла да месца прызначэння разам з перадавымі часцямі Чырвонай Арміі, і калі б не Караткоў, які з’явіўся ў горадзе адразу ж, то хто ведае, можа, Крайнюк не ўтрымаўся б зноў ад жадання пайсці на фронт.

Нарэшце Антон падышоў да патрэбнага дома і азірнуўся. Вуліца была пустой, ды і каму хочацца ў такое надвор’е з дому выходзіць. Крайнюк адкрыў рыпучую брамку, прайшоў па абкладзеным камянямі доўгім і вузкім двары і пхнуў уваходныя дзверы. Яго, відавочна, заўважылі праз акно, таму што ў калідоры сустрэў пажылы мужчына.

– Дабрыдзень, – сказаў Крайнюк, – вы Мараўскі?

– А вы хто будзеце? – не адказваючы на пытанне, спытаў гаспадар.

«Бач ты, які асцярожны, – падумаў Антон, – напэўна, гэта ён і ёсць.

Рост, узрост супадаюць, дый бародаўка, пра якую казаў Мачалаў, на носе».

– Я па справе. Дык гэта вы будзеце?

– Я. А што вы хочаце?

– Ну вось і добра, Казімір Казіміравіч, я – ад Караткова. Да дома не стаў пад’язджаць. Машына за рогам. Накіньце на сябе што-небудзь, на двары дождж, і падыходзьце туды, я вас буду чакаць.

Крайнюк павярнуўся, выйшаў на вуліцу і пайшоў назад. «Баязлівы мужык, у вачах толькі страх, і як ён толькі ў старасты патрапіў? Хоць чаго тут дзівіцца, такіх толькі і прызначалі».

Антон сеў на задняе сядзенне і стаў чакаць. Шафёр не зачыняў капот і працягваў рабіць выгляд, што корпаецца ў маторы. Нарэшце з’явіўся Мараўскі. Ён палахліва агледзеўся па баках і пайшоў да машыны. Каля машыны спыніўся і сцягнуў з плячэй кавалак брызенту. Крайнюк прыадчыніў дзверцы:

– Садзіцеся, Казімір Казіміравіч!

Пакуль стары, крэкчучы і вохкаючы, уціскаўся ў маленькі салон, шафёр зачыніў капот, сеў на сваё месца і завёў матор. Машына развярнулася і, падскокваючы на выбоінах, паехала да цэнтра горада.

– А чаму Сяргей Міронавіч не прыехаў?

– Зараз даведаецеся.

Мараўскі падазрона паглядзеў на Крайнюка. Яго, напэўна, некалькі збянтэжыў адказ Антона, і недавер да незнаёмага яшчэ больш узмацніўся.

– А чаму нават машына іншая, не тая, на якой Сяргей Міронавіч прыязджаў?

– Якая патрапілася, – коратка адказаў Антон, якога пачынала раздражняць падазронасць старога.

Ён, калі даведаўся са слоў Мачалава, што Мараўскі – былы стараста, здзіўлена сказаў: «Пётр Пятровіч, і чаго мы з ім важдаемся? Ён памагаты немцаў, а мы яго яшчэ павінны на машыне вазіць, няньчыцца з ім, быццам ён заслугоўвае гэтага. Ды яму, гаду, адна цана – куля ці вяроўка!» – «Супакойся, Антон, – усміхаўся Мачалаў, – не кожнага ворага трэба да сценкі ставіць. Прывыкай да гэтага, ты ж аператыўны работнік. Эх, вучыць цябе трэба. Вось ачысцім вобласць ад бандытаў і пашлём цябе ў школу. Ну, а што да Мараўскага, то ён, хоць і хадзіў у немцаў у паслугачах, але шкоды Савецкай уладзе і людзям не чыніў. Мне Караткоў расказаў, што калі прыйшла Чырвоная Армія, то ён сам з’явіўся ва УНКУС і паведаміў пра сваё мінулае, ды заадно падказаў, дзе група былых паліцаяў у лесе хавалася, і цэлы склад зброі дапамог знайсці. Дый пра Фядзько нам ён паведаміў і пра тое, што жонка Фядзько ў бацькі яго хаваецца. Праўда, палахлівы ён, гэты Мараўскі, збег з наседжанага гнязда і цяпер разам з жонкай тут, у горадзе, у роднага брата жыве».

І вось цяперз Крайнюк, выконваючы загад, вязе гэтага былога старасту да сябе ў аддзел, ды яшчэ, седзячы побач, павінен адказваць на яго дурныя пытанні. Ад абурэння Антон адвярнуўся ад старога і пачаў глядзець у запатнелае шкло.

Машына развярнулася і спынілася ля невялікага дома, дзе размяшчаўся аддзел па барацьбе з бандытызмам. Яны выйшлі з машыны, і Крайнюк правёў Мараўскага ў кабінет Мачалава. Спытаў:

– Мне можна ісці, Пётр Пятровіч?

– Не, пабудзь з намі, – адказаў Мачалаў і, прывітаўшыся з Мараўскім, сказаў: – Давайце знаёміцца: я – новы начальнік аддзела капітан Мачалаў. Завуць мяне Пятром Пятровічам. Пра вас, Казімір Казіміравіч, мне расказаў Сяргей Міронавіч Караткоў. Ён вам перадаваў прывітанне і прасіў прабачэння, што не развітаўся з вамі. Ён вельмі спяшаўся і ледзь паспеў справы здаць. Я трошкі асвоіўся і вырашыў сёння пазнаёміцца з вамі. Таму і паслаў за вамі.

– Ну і дзякуй Богу, – недарэчы чамусьці сказаў Мараўскі.

– Што, вы таксама хацелі сустрэцца са мной? – усміхнуўся Мачалаў.

– Не, не. – збянтэжыўся стары, – я, калі ўбачыў вось гэтага хлопца, сеў да яго ў машыну, крыху спалохаўся.

– Чаго ж вы спалохаліся?

– Ведаеце, Сяргей Міронавіч ніколі мяне не запрашаў сюды. Ён сам прыязджаў да мяне, і мы звычайна з ім сустракаліся і гутарылі ў іншых месцах.

– Правільна. Я надалей буду рабіць тое ж самае, але пагадзіцеся, калі б я сёння прыехаў да вас і пачаў гутарку, дык вы б мне, напэўна, не паверылі, а цяпер пабывалі ў нас у аддзеле, бачыце, што я той, за каго сябе выдаю, і ў вас сумненняў ніякіх не засталося. Ці не так?

– Так, так, вы маеце рацыю і паступілі правільна, – хутка пагадзіўся Мараўскі.

– Ну вось і цудоўна. Зараз давайце пяройдзем да справы. Ці не здаецца вам, Казімір Казіміравіч, што пара ўладкоўвацца на працу?

– Мне? Куды? Кім?

– Ну, напрыклад, на чыгунку, скажам, кладаўшчыком, які ўзначальвае склад, дзе, акрамя розных тавараў, маецца зброя сякая-такая і боепрыпасы.

– Але я ніколі на такой пасадзе не працаваў.

– Нічога, і старастай да вайны вы таксама ніколі не былі. Скажу вам прама. Нам гэта трэба для таго, каб скончыць з бандай Фядзько. Мы вам, як бачыце, давяраем і просім аказаць дапамогу. Месца для вас гатова, і з заўтрашняга дня вы павінны прыступіць да работы.

– І што я павінен рабіць?

– Працаваць і чакаць, пакуль да вас з’явіцца Фядзько ці хто-небудзь ад яго. Калі ў вас спытаюць вось пра гэтага чалавека, – Мачалаў працягнуў Мараўскаму лісток паперы, – дык вы павінны адказаць, што ён працуе ў аддзеле працоўнага забеспячэння ўпаўнаважаным па нарыхтоўках харчу, ездзіць па вёсках і што вы рэкамендавалі яму спыніцца на пастой у надзейнага чалавека – Браніслава Лешыка. Калі ў вас будуць прасіць зброю і патроны ці патрабаваць іх пагрозай ці шантажом, то ў прынцыпе згаджайцеся, але скажыце, што атрымаць у вас усё гэта і вывезці за межы базы можа толькі ваш сябар, які займаецца нарыхтоўкамі.

– Але гэта ж небяспечна. Вы ж, пан, прабачце.

– Пётр Пятровіч, – падказаў Мачалаў.

– Так, так, прабачце, Пётр Пятровіч, самі ведаеце, што з Фядзько жарты кароткія.

– Ведаю. Таму і хочам назаўжды скончыць з ім і яго бандай. Вы ж разумееце, што яму даравання не будзе, а гэта значыць, што вы зможаце спакойна вярнуцца ў вёску, у сваю хату.

– А Фядзько і яго сябрукі не даведаюцца, што я вам дапамагаю?

– Выключана. А для таго, каб вы адчувалі сябе смялей, з вамі будзе працаваць на складзе рабочым вось гэты хлопец, – Мачалаў кіўнуў у бок Крайнюка, – клічуць яго Антонам, прозвішча – Крайнюк. Ён чалавек новы ў гэтых месцах, і яго пакуль ніхто не ведае. Ну то, Казімір Казіміравіч, згодны?

Мараўскі чамусьці пажаваў вуснамі, нервова пакратаў гузікі на кашулі, а затым, дакрануўшыся рукой да калючай барады, адказаў:

– Я ж разумею, што адмаўляцца не маю права. Дый сам бачу, што гэта трэба, можа, і сапраўды да сябе ў хату змагу вярнуцца. Добра, Пётр Пятровіч, я згодзен.

– Ну вось і добра, – задаволена сказаў Мачалаў і паглядзеў на Крайнюка. – Што зажурыўся, рабочы склада, прысаджвайся бліжэй і давайце абмяркуем дэталі.

Уладзімір Славін

І гэтым разам Фядзько з’явіўся нечакана. Пастаяў трохі ля дзвярэй, дапытліва ўзіраючыся ў твары бацькі і жонкі, затым гучна прывітаўся, працягнуў руку Славіну:

– Прывітанне, сябар! Як маешся?

– Справы ідуць, кантора піша, бухгалтар грошы выдае.

Фядзько ўсеўся на табурэтку:

– Высветліў?

Уладзімір кіўнуў галавой.

– І як?

– Можна пагаварыць.

– Давай будзем гаварыць.

– Мой сябар можа зрабіць тысяч дзесяць патронаў. Але патрабуе такую суму, што асабіста для мяне, як той казаў, аўчынка вырабу не варта.

– Грошай дамо.

– Што толку. Дасце грошы, значыць, не змагу атрымаць патрэбны тавар. А я хацеў бы свінняў ды цялятаў галоў сорак-пяцьдзясят закупіць. Сёе-тое нам з сябрам дастанецца.

Фядзько зірнуў на гаспадароў, якія стаялі ля печы:

– Ну, што вы? Накрывайце стол!

Ядзя і стары замітусіліся, а Сцяпан, не чакаючы закускі, наліў у брудныя шклянкі самагонкі:

– Вып’ем за нашу справу, за наша сяброўства.

Неўзабаве ў пакоі наступіла цішыня, якая парушалася толькі старанным чмяканнем Фядзько. Еў ён прагна і неакуратна. Увесь твар яго і рукі льсніліся ад тлушчу, да падбародка прыліп кавалачак яечнага жаўтка. Піў шмат і часта, хутка п’янеў. Праз якіх-небудзь паўгадзіны Фядзько акасеў, яго пацягнула на душэўную размову.

– Вось ты, Валодзька, разумееш, што такое жыццё? – казаў ён, ледзьве варочаючы языком. – Паслухай мяне. Ты не ведаеш, як нават выглядае сапраўднае жыццё. Вось вазьмі мяне. Сам сабе пан, мяне людзі паважаюць, баяцца. І гэта ўсё таму, што я не просты чалавек. Мая справа – быць гаспадаром. Хочаш, вазьму да сябе?

– Куды? На хутар?

– Х-ха. На хутар! У, сказаў! На волю вазьму! Зажывеш прыпяваючы. Ні ў чым не будзеш мець патрэбы.

Да стала падышоў стары Лешык. Ён уважліва і насцярожана прыслухоўваўся да гаворкі і, баючыся, што сын скажа лішняе, умяшаўся:

– Ты пайшоў бы прылёг. Адпачні з дарогі.

«Дзіўныя ў іх адносіны! – зноў падумаў Славін пра Лешыкаў. – Адзін аднаго нават па імені не завуць, трымаюцца як чужыя. – Ён сашчаміў галаву рукамі, прыкідваючыся п’яным. – Як жа выведаць у Фядзько, дзе хаваецца банда, колькі ў ёй чалавек?»

Сцяпан адмахнуўся ад бацькі:

– Не замінай, стары! Не бачыш, пагаварыць хочацца, а Валодзька мне да душы. Ты не глядзі, што ён малец. Ён – сур’ёзны чалавек, люблю такіх.

Ён зноў наліў у шклянку самагонкі, а Славіна перасмыкнула ад думкі, што зноў давядзецца піць гэту каламутную гадасць. Ён пакуль выпіў толькі адну няпоўную шклянку, а ўсе астатнія непрыкметна пераліваў у посуд Фядзько. Але цяпер ля стала з’явіўся стары, і не піць было нельга. Праўда, можна было ўстаць і сказаць, што хочацца выйсці на вуліцу. Але тады стары пераканае сына не балбатаць лішняга, і Уладзімір страсянуў галавой, узяў пустую шклянку, наліў самагонкі, працягнуў старому:

– Вып’ем з намі, гаспадар.

Яны чокнуліся, выпілі да дна. Стары ўзяў салёны агурок, адышоў ад стала.

Славін працягваў выконваць ролю наіўнага хлопца:

– А далёка да вашага хутара?

– Роўна пятнаццаць кіламетраў.

«Да Чорнага Луга гэтулькі ж», – падумаў аператыўнік і спытаў:

– Жыць там, напэўна, сумна? Ні святла, ні вечарынак.

– Гэтага, вядома, няма. Калі пойдзеш, пазнаёмлю з адной. Дзеўка што трэба! Прывёў яе да нас адзін, а сам капыты адкінуў.

– Як капыты адкінуў?

– Вельмі проста! – драпежна ўхмыльнуўся Фядзько. – Не ў тым кірунку пачаў глядзець.

– І што?

– І. памёр. канцы аддаў.

– Як аддаў?

– Хе-хе! Будзем лічыць, што сэрца падвяло. Але ты не бойся. Калі я табе паверыў, значыць, усё будзе добра. Даставай хутчэй патроны, а потым грунтоўна пагаворым. Наконт барыша не турбуйся – не пакрыўджу.

– А як я цябе знайду, калі патроны будуць?

– Скажаш старому. Ён знойдзе.

Фядзько зноў пацягнуўся да бутэлькі. Славін устаў:

– Пайду ў двор. Ты пі, хутка вярнуся.

Уладзімір стаяў на ганку, падставіўшы разгарачаны твар дожджыку. Рукі дрыжалі. Ён змушаны быў сядзець побач з бандытам, на сумленні якога дзясяткі чалавечых жыццяў, піць з ім, есці пры ім ды яшчэ і ўсміхацца. З якім бы задавальненнем Уладзімір разрадзіў пісталет у п’яную пысу! Але нельга. Трэба працягваць гульню, выйграць яе чыста, каб не даць ніводнаму бандыту выслізнуць ад адплаты. «Ну што! Пара вяртацца. Напэўна, нудзіцца, небарака, няма перад кім душу выказаць». Славін, пахістваючыся, увайшоў у хату. У пакоі знаходзіўся толькі Лешык-старэйшы. Сцяпана і Ядзі не было. Мяркуючы па ўсім, яны адасобіліся ў іншым пакоі. Уладзімір падсеў да старога:

– Добры мужык, адважны! Мне такія падабаюцца.

Лешык памаўчаў трохі, а потым, думаючы пра штосьці сваё, адказаў:

– Цяжка яму. І калі гэта скончыцца?

– Што скончыцца?

Дзед, нібы ачуўся, адказаў хуценька:

– Не, не, усё добра! Гэта я проста падумаў пра аднаго чалавека. Далёка ён цяпер, вось і ўспомніўся.

Начальнік аддзела барацьбы з бандытызмам Пётр Пятровіч Мачалаў

Вечарэла. Мачалаў зірнуў на гадзіннік. Восеньскі імжысты дожджык і цяжкія свінцовыя хмары, навіслыя над горадам, рабілі дзень карацейшым, вечар наступіў раней звычайнага.

Раздаўся лёгкі стук, і ў кабінет увайшоў дзяжурны:

– Таварыш капітан, толькі што тэлефанаваў Крайнюк. Ён вельмі прасіў вас дачакацца яго, абяцаў праз гадзіну быць тут.

– А чаму ён вам патэлефанаваў, а не мне?

– Не ведаю. Сказаў, што вы не адказалі.

– Чорт бы пабраў гэты апарат! Зноў сапсаваўся. Скажыце, каб адрамантавалі.

Дзяжурны кіўнуў і выйшаў.

Пётр Пятровіч прайшоўся па кабінеце, думаючы пра Крайнюка: «Што ж прымусіла яго так спяшацца? Можа, Мараўскі не так, як трэба, павёў сябе? Не, не павінен, дый Антон не пакідаў бы яго аднаго, а выклікаў бы мяне да сябе. Тут штосьці іншае, хутчэй за ўсё Фядзько даў знак пра сябе».

Мачалаў падышоў да стала і паспрабаваў працаваць, але не змог. З грукатам адсунуў крэсла і падышоў да акна. У душы нарастала трывога. Пасля таго як ён даведаўся, што гестапаўцы схапілі Міхаіла Іванавіча, Пётр быў упэўнены, што фашысты яго забілі. І цяпер ён адчуваў адказнасць за лёс Валодзі. Часам ён нават дакараў сябе за тое, што яшчэ маладога хлопца накіраваў да бандытаў. Але ён і давяраў яму больш за іншых, ды і Караткоў нямала расказаў пра свае партызанскія будні. Хлопец кемлівы, удумлівы, разважлівы, павінна атрымацца. Мачалаў учора падаў рапарт па камандзе з прапановай накіраваць Славіна і Крайнюка на вучобу ў афіцэрскую школу. «Хлопцы з добрымі задаткам^ і калі іх падвучыць, то атрымаюцца сапраўдныя аператыўнікі».

Мачалаў вярнуўся да стала і ўзяў свежую газету. Напярэдадні ён паспеў толькі франтавыя зводкі прагледзець. Цяпер амаль кожны дзень яны паведамлялі радасныя весткі, і Мачалаў, прачытаўшы, складаў іх у сейф. Гэта для Славіна. Вернецца з задання, будзе чытаць.

Прачытаў артыкул, у якім гаварылася пра задачы па аднаўленні народнай гаспадаркі ў рэспубліцы, і зноў паглядзеў на гадзінік: «Павінен ужо быць тут. Дабірацца яму пешшу сюды трэба хвілін сорак-пяцьдзясят. Хутчэй бы ўжо, не стамляў душу!» Пётр Пятровіч зноў падняўся з-за стала, а тым часам адчыніліся дзверы. З’явіўся Крайнюк. Твар узбуджаны, дыхае цяжка і часта:

– Здравія жадаю, Пётр Пятровіч!

– Дабрыдзень, ну, што здарылася?

Мачалаў не змог схаваць свайго хвалявання, і гэта адразу адчуў Антон. Ён зразумеў, што Пётр Пятровіч хвалюецца за Валодзю, і, жадаючы супакоіць яго, адразу ж сказаў:

– Нічога страшнага. Проста сёння да нас на склад з’явіўся Фядзько ўласнай персонай.

– Так, значыць, Валодзя дзейнічае правільна. Ну-ну, расказвай далей.

– Мараўскі яго ўбачыў, калі ён да склада падыходзіў, і паспеў мяне папярэдзіць. Я схаваўся ў далёкім куце за скрыні і амаль усю гутарку слухаў. Хачу вам сказаць, што стары паводзіў сябе добра. Праўда, баяўся, тварам пабляднеў, але трымаў лінію правільна. Уваходзіць Фядзько і кажа: «Выдатна, Казімір! Пазнаеш мяне?» Мараўскі для пераканаўчасці вычакаў трошкі, быццам бы прыглядаўся, а затым адказвае: «Госпадзі, дык гэта ж Сцяпан! Дзень добры, Сцяпан, адкуль ты? Няўжо мяне спецыяльна шукаў?» – «Адгадаў, дзед, спецыяльна цябе шукаў. Ты на складзе адзін?» – «Адзін. Грузчыка накіраваў у кантору» – «А дзверы замкнуць можаш?» – «Магу, толькі навошта?» – «Ты мяне не бойся, Казімір, проста я хачу з табой сам-насам пагаварыць».

Мараўскі зачыніў дзверы, а я на ўсякі выпадак пісталет падрыхтаваў, думаю, калі накінецца на старога, давядзецца мне ўмешвацца. Але бачу, усё пакуль спакойна ідзе. Сеў Фядзько на скрыню і пытае, ці ведае Мараўскі Славіна. А той адказвае: «Гэта той хлопец, што ўпаўнаважаным па нарыхтоўках працуе? Ведаю, але ён цяпер па вёсках матаецца, я яму нават парэкамендаваў у твайго бацькі спыніцца». – «Слухай, Казімір, а чырвоныя ведаюць, чым ты пры немцах займаўся?» – «Крый божа! – і Мараўскі нават перахрысціўся. – Я, – кажа, – нават у вёсцы хату кінуў і ў горад перабраўся, каб хто-небудзь не выдаў мяне». А Фядзько ўхмыльнуўся і кажа: «А я вось магу і здаць цябе, што ты на гэта скажаш?» – «Ты што, Сцяпан, пабойся бога! Што я табе дрэннага зрабіў?» – «Добра, – засмяяўся Фядзько, – не дрэйфі, я пажартаваў. Скажы мне, а што ў цябе на складзе ёсць добрага?» – «Ды рознае. сам жа ведаеш, што склад для таго і існуе, каб на ім многае захоўвалася». – «Зброя ёсць?» – «Карабіны, рэвальверы». – «Патроны?» – «І патроны ёсць». – «А для чаго яны тут?» – «Як для чаго? Для стралкоў чыгуначнай аховы». – «Слухай, Казімір, а ўпаўнаважаным па гэтых самых нарыхтоўках зброю выдаюць?» – «А як жа, выдаём». – «А для чаго яна ім?» – «Дык яны ж з грашыма ды таварамі справу маюць, па вёсках ездзяць. А цяпер час такі, што і забіць могуць». – «Так, гэта ты дакладна кажаш: забіць могуць. А мне ты патронаў не дасі?» – «Што ты, Сцяпан, як жа гэта я магу?» – «Ды ты, Казімір, не бойся, не за так. Я табе за гэта грошай дам, ну, і бальшавікам пра цябе нічога не скажу. Сам разумееш, калі даведаюцца, што былога старасту, нямецкага паслугача, ха-ха, у збройны склад пусцілі, дык яны цябе з усіх карабінаў, вінтовак, рэвальвераў, што тут захоўваюцца, залпам, ха-ха, што зробяць? Расстраляюць, разумееш, рэшата з цябе зробяць». Антон зрабіў паўзу і ўсміхнуўся:

– Ведаеце, Пётр Пятровіч, што ў гэты момант Мараўскі ўпароў? Я ледзь стрымаўся, каб не засмяяцца. Ён зрабіў выгляд, што сапраўды спалохаўся, і, як сапраўдны артыст, – бух у ногі гэтаму Фядзько і як загалосіць: «Пашкадуй мяне, Сцяпан! Не губі на старасці гадоў, дай дажыць жыццё, мне ўжо трохі засталося!» Ведаеце, нават слязу пусціў. Ну, ні даць ні ўзяць спалохаўся, і ўсё тут. А Фядзько ўскочыў на ногі і кажа: «Ды ціха ты, раскрычаўся! Зараз людзі на твае галашэнні збяруцца. Супакойся, я пажартаваў. Не буду цябе чырвоным здаваць. Але патроны ты мне дастанеш». Мараўскі задумаўся, а потым кажа: «Я, вядома, пару соцень мог бы наскрэбці, але як я вынесу, калі ахова праверыць, то канец мне». – «А калі гэтага мальца да справы прыцягнуць?» – «Гэтага? Чакай-чакай, ён жа мне надоечы пра патроны казаў, што можна добра падзарабіць, калі нейкім паляўнічым прадаць». – «Ну вось бачыш. То, калі яго ўзяць у кампанію, зможаш патронаў даць?» – «Вядома, ён вывезці іх з тэрыторыі зможа, – задумаўся Мараўскі, – дый на яго выпісаць з тысячу патронаў можна». «Ну тады дамовіліся. Як з’явіцца ён да цябе, дай патронаў, у крыўдзе не будзеш. Дамо і грошай, і харчу. Толькі пра нашу сустрэчу яму не кажы». Пасля гэтага Фядзько развітаўся і сышоў. А я выйшаў са сваёй хованкі і кажу: «Малайчына, Казімір Казіміравіч, дзейнічалі вы правільна, па інструкцыі!» Ну і, вядома, адразу ж да тэлефона. Патэлефанаваў вам – не адказваеце, звязаўся тады з дзяжурным і папрасіў папярэдзіць вас, што хутка буду. Што зараз рабіць будзем, Пётр Пятровіч?

– Усё пакуль, бачыш, ідзе па плане. Ты цяпер вяртайся да Мараўскага і працягвайце дзейнічаць у тым жа духу, як і дамовіліся. Будзем рыхтавацца да фіналу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю