355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Мікалай Чаргінец » Вам — заданне » Текст книги (страница 23)
Вам — заданне
  • Текст добавлен: 30 июля 2017, 04:30

Текст книги "Вам — заданне"


Автор книги: Мікалай Чаргінец



сообщить о нарушении

Текущая страница: 23 (всего у книги 24 страниц)

Оперупаўнаважаны аддзела барацьбы з бандытызмам Уладзімір Славін

Ноч была на рэдкасць лютай. У кузаў крытага грузавіка селі сямёра супрацоўнікаў. Брызент хаваў пасажыраў ад ветру, але моцны мароз залазіў у валёнкі, пад паўкажушкі, неміласэрна хапаў за нос і шчокі. Ехалі моўчкі. Славін сядзеў у кабіне, але пачуваўся ніякавата. Начальнік аддзела вылучыў яму гэтае месца, каб паказваў дарогу, а сам разам з астатнімі аператыўнікамі забраўся ў кузаў.

Уладзімір пільна ўзіраўся ў дарогу, у лес, што прабягаў паўз яе. Ён вельмі баяўся падвесці таварышаў і прагледзець паварот на хутар. Адно – днём, зусім інакш – уначы. Паспрабуй пазнай тую прасеку, якая вядзе да хутара. Спідометр у грузавіку не працаваў, і вызначыць, колькі кіламетраў засталося ззаду, было немагчыма. Уладзімір узрадаваўся, калі машыну моцна страсянула: яна заехала на драўляны масток, перакінуты праз невялікі раўчук. Парэнчаў у мастка не было. Пакрыты снегам, ён амаль не выдзяляўся. Але Уладзімір памятаў, як учора днём іх «казла» гэтак жа моцна падкінула, як цяпер і грузавік. Ён падумаў: «Хвілін дзесяць засталося. Грузавік едзе, мабыць, з такой жа хуткасцю». Вадзіцель, пажылы старшына, флегматычна спытаў:

– Што? Хутка пад’едзем?

– Не хвалюйся, Ваня. Хутка спынімся. Трэба зарыентавацца, – і Уладзімір паглядзеў наперад. Не, не памыліўся.

Роўна праз дзесяць хвілін ён сказаў вадзіцелю спыніцца. Выйшаў з кабіны, агледзеўся і пайшоў да задняга борта.

– Прыехалі, можна выходзіць.

Калі ўся аператыўная група падышла да прасекі, Мачалаў пакінуў з вадзіцелем толькі аднаго аўтаматчыка. Астатнім супрацоўнікам прапанаваў ісці за ім. Праўда, цяпер прабірацца праз густы лес у цемры, па пояс у снезе, было значна складаней. Толькі к сямі гадзінам супрацоўнікі падышлі да паляны. Далей рухацца было рызыкоўна.

Пётр Пятровіч адвёў групу метраў на пяцьдзясят у глыб лесу, яшчэ раз праінструктаваў кожнага супрацоўніка.

– Калі яны на хутары, – растлумачыў начальнік напрыканцы, – то абавязкова будуць выходзіць у двор. Ваша задача – палічыць, колькі іх тут сабралася. Калі будзе ўсё ясна, адзін з вас павінен дабрацца да дарогі, павярнуць у бок горада. Прайшоўшы з паўкіламетра, ён заўважыць наш грузавік, а крыху ўбаку, ля вогнішча, – нашых людзей. Тыя будуць прыкідвацца, быццам машына сапсавалася і стала на рамонт. Калі да абеду пасланец не з’явіцца, вас падменяць іншыя супрацоўнікі, а вы адправіцеся да машыны.

– А калі бандыты пойдуць у лес, наткнуцца на нас ці выявяць нашы сляды? – пачулася пытанне.

– Ваша задача – назіраць. Але калі раптам здарыцца і такое, дзейнічайце па становішчы. Нездарма ж у вас аўтаматы. Ёсць яшчэ пытанні?

Супрацоўнікі маўчалі.

– Калі пытанняў няма, значыць, заданне зразумела. Займайце кожны сваё месца.

Славін меркаваў, што яму таксама давядзецца назіраць за хутарам, але начальнік вырашыў інакш. Як толькі аператыўнікі размясціліся на сваіх пазіцыях, ён падышоў да дарогі і загадаў Уладзіміру ісці за ім.

– Пётр Пятровіч, можа, я застануся з хлопцамі?

– Не. Прыедзеш сюды з групай захопу.

Далей яны ішлі моўчкі. Машына ўжо развярнулася, стаяла недалёка ад павароту. Уладзімір і аўтаматчык, які застаўся з шафёрам, забраліся ў кузаў, і грузавік паехаў, але праз хвіліну-другую спыніўся. Мачалаў выйшаў з кабіны і, пыхкаючы папяросай, падышоў да задняга борта:

– Пачакаем, цяпер нашы пад’едуць.

І сапраўды, неўзабаве з’явіўся «казёл». У ім прыехала яшчэ пяцёра супрацоўнікаў, у тым ліку Мамонаў, Бартошык і Крайнюк. Начальнік аддзела, звяртаючыся да Славіна, падкрэслена гучна, каб чулі ўсе, сказаў:

– Ну што, Уладзімір Міхайлавіч? Я так думаю: раз ты ўчапіўся за гэту групу, то табе і канчаць з ёй. Прымай камандаванне, а я паехаў у аддзел. Маса тэрміновых спраў, і ўсе чакаюць свайго рашэння.

Ён сеў у легкавую машыну.

Бартошык, куражачыся, спытаў:

– Што, таварыш начальнік? Пачнём камандаваць?

– А як жа, таварыш Бартошык! – хаваючы ўсмешку, адказаў Славін і знарок загадным тонам дадаў: – А ну, марш распальваць вогнішча!

Усе пайшлі ў лес, і адтуль пачуўся трэск сухога галля. Вадзіцель залез у кузаў, скінуў на дарогу запасное кола, затым падкаціў яго да пярэдняга. Побач на кавалку брызенту расклаў прылады, на капот паставіў паяльную лямпу, а ў матор уставіў завадную ручку. Назіраючы за яго дзеяннямі, Славін ухвальна падумаў: «Вось гэта старшына! Ведае сваю справу!»

Тым часам недалёка ад абочыны весела ўспыхнула вогнішча. У групе аператыўнікаў сабраліся людзі бывалыя: хто прайшоў загартоўку ў дзеючай арміі, хто – у партызанах. Напоўніць кацялок снегам, падвесіць яго над агнём – вучыць нікога не патрабавалася. Антошын прынёс да вогнішча некалькі металічных кубкаў, рэчмяшок, адтуль дастаў цукар, кавалак сала, хлеб. Хітра зірнуўшы на Славіна, падміргнуў супрацоўнікам:

– Вось калі б начальнік здагадаўся прыхапіць што-небудзь больш істотнае, тады б я пагадзіўся працаваць пад яго камандай хоць усё жыццё.

– Бач чаго захацеў! – усміхнуўся Славін. – А кукіш з макам не хочаш?

– Фі, як груба! Не да твару кіраўніку. Хто ж так з падначаленымі размаўляе? – удавана пакрыўдзіўся Антошын. – Вы, таварыш начальнік, як бачу, харчышак з сабой ніякіх не прыхапілі. Хоць за грубасць вас можна пакараць: пакінуць галодным.

Але Славін не здаваўся:

– Яшчэ адно слова, і я накірую вас на пост замяніць каго з нашых людзей. А туды, як вядома, харчышкі, якія вы ў сваім рэчмяшку цягаеце, браць нельга. Так што вы таксама многім рызыкуеце. Прычым не толькі застацца галодным, але і назаўжды пазбавіцца такога смачнага сала.

Усе засмяяліся, а Антошын пхнуў сябра ў плячо:

– Добра! Падзелімся, Бог з табой.

Аператыўнікі размясціліся вакол вогнішча, пачалі есці. Аднак з-за павароту хутка з’явіўся чалавек.

– Дык гэта ж наш! – пазнаў свайго супрацоўніка Антошын.

І сапраўды, падышоў Брытвін, памочнік оперупаўнаважанага. Ён увесь пакрыўся шэранню і, пераводзячы частае дыханне, паведаміў:

– Уладзімір Міхайлавіч, яны там!

– Дакладна пераканаліся?

– Вядома. У «старшыны» добра бачна павязка на шыі, і «маёра» запрыкмецілі. Абодва некалькі разоў выходзілі ў двор. То дровы насілі ў хату, то ў прыбіральню па чарзе бегалі, то ў хлеў чагосьці два разы лазілі.

– Ясна, – працягнуў Славін, зірнуўшы на аператыўнікаў. – Збірайцеся, таварышы. Не забудзься, сябар Антошын, сальца і іншыя смачныя рэчы разам з мяшэчкам у машыне пакінуць.

Антошын, не адказваючы, шпурнуў рэчмяшок у кузаў. Славін загадаў старшыне-вадзіцелю праз паўгадзіны падагнаць машыну на ранейшае месца. Група рушыла ў дарогу.

Гэтым разам яны ішлі напрасткі, па прасецы. Такім чынам удалося скараціць час на дарогу. Неўзабаве ўсе сабраліся разам. Яшчэ раз уважліва вывучыўшы становішча, Славін пакінуў двух супрацоўнікаў на ўзлеску: калі злачынцы паспрабуюць прабрацца ў гэты кут, яны абавязкова патрапяць у пастку. Астатнія ўдзельнікі аператыўнай групы, зрабіўшы вялікі круг, пачалі набліжацца да хутара. З гэтага боку вокны хаты прыкрываў хлеў. Гэтым і вырашыў скарыстацца Славін, каб неўпрыкмет падысці да будынкаў.

Вось і хата. Аператыўнікі на нейкі момант стаіліся за глухой сцяной, намерваючыся больш дакладна ўзгадніць свае далейшыя дзеянні. І тут усе збянтэжыліся: з-за вугла высунулася кудлатая сабачая пыса. Сабака падаўся яшчэ трохі наперад, у нерашучасці спыніўся, гледзячы на чужых людзей. Ён выскаліў вялікія белыя іклы, глуха загыркаў, як здалося супрацоўнікам, не вельмі зласліва. Славін, не разважаючы, выняў з кішэні частку свайго сухога пайка – кавалак каўбасы, – асцярожна шпурнуў сабаку. Той схапіў пачастунак і гультаявата адышоў да сваёй будкі. Уладзімір з палёгкай уздыхнуў, жэстам загадаў траім супрацоўнікам абысці хату справа. Астатніх людзей павёў налева. Хлопцы дзейнічалі энергічна, зладжана. Ля кожнага акна непрыкметна спынілася па адным аўтаматчыку.

Славін і іншыя аператыўнікі, сагнуўшыся, пракраліся пад двума вокнамі, паціху адчынілі дзверы, увайшлі ў сенцы. Трохі пастаялі, каб вочы прывыклі да прыцемку. Наперадзе былі дзверы ў жылое памяшканне. Але што за імі? Ніхто не ведаў размяшчэння пакояў. Таму супрацоўнікі яшчэ ў лесе дамовіліся, што кожны будзе ўрывацца ў бліжэйшы да яго пакой. Славін асцярожна прыадчыніў дзверы, убачыў вялікую сялянскую печ, стол. За ім сядзелі двое мужчын і жанчына. Уладзімір рэзка расчыніў дзверы, прама з парога загадаў:

– Ні з месца! Рукі ўгару!

У гэты момант супрацоўнікі пракраліся ў два іншыя пакоі.

Яшчэ ні пра што не пытаючы, Уладзімір зразумеў, што тыпы, якія сядзяць з паднятымі рукамі за сталом, былі менавіта тымі, каго шукала аператыўная група. На шыі крайняга – зашмальцаваны бінт. У таго, што быў побач з ім, – вялікі шнар на твары. Не даючы бандытам апамятацца, супрацоўнікі вывелі іх з-за стала, звязалі рукі. Жанчыну вывелі ў суседні пакой, каб яна не перагаворвалася з бандытамі.

Усё было зроблена настолькі хутка, што ніхто са злачынцаў нават не паспеў ачомацца.

Агледзелі хату, хлявы. Там аказаліся не толькі выкрадзеныя рэчы, дакументы, каштоўнасці, але і шмат зброі. У гаспадарцы Птушак знайшлося двое вялікіх саняў, якія супрацоўнікі даверху завалілі боепрыпасамі, запрэглі коней.

Славін разглядаў зорку Героя, знятую з кіцеля ўяўнага маёра:

– Як ты мог сваімі бруднымі рукамі чапаць яе?

– Падумаеш! – нахабна ўхмыльнуўся бандыт. – А можа, я пакрасавацца хацеў?

– Нядоўга ж ты красаваўся!

– Што нас чакае? – нясмела, лісліва спытаў «старшына».

– Адплата, – цвёрда адказаў Славін і загадаў збірацца ў шлях.

Старшы лейтэнант Аляксей Купрэйчык

Дзень Перамогі Купрэйчык сустракаў у Берліне. Праўда, не ў цэнтры, а на яго ўскраіне, бо, патрапіўшы пасля шпіталя ў дывізіённую разведку, ён пасля ранення яшчэ так і не прыйшоў у форму. Начальнік разведкі дывізіі падпалкоўнік Арбатаў не дазваляў пакуль Аляксею хадзіць на заданні, і ён займаўся тым, што ў развалінах выяўляў і арыштоўваў нямецкіх салдат і афіцэраў. Цяпер недахопу ў палонных не было. Варта было спусціцца ў любы ацалелы склеп, там абавязкова хаваліся гітлераўскія афіцэры ці салдаты, іх, як правіла, без допыту збіралі ў агульныя групы і накіроўвалі на зборны пункт. Але Купрэйчык увесь час нудзіўся па сваім узводзе і надакучаў Арбатаву просьбамі. Падпалкоўнік быў чалавекам строгім і сухім. Пры кожнай просьбе Купрэйчыка ён моршчыўся і адмахваўся:

– Ну чаго ты прычапіўся да мяне. Паглядзі на сябе: адна скура ды яшчэ костак крыху ў дадатак, ледзь на нагах трымаешся. Вось акрэпнеш як трэба, тады і пашлём ва ўзвод, а пакуль займайся тым, што табе даручылі.

Ад такіх гутарак у Купрэйчыка на душы было моташна. Ён, баявы афіцэр, які прайшоў амаль усю вайну ад Масквы да самага Берліна, павінен адседжвацца ўдалечыні ад перадавой. Яго настрой нават не стаў лепшым пасля таго, як узнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі за той апошні бой, калі ён быў паранены. Аляксея цягнула на перадавую.

Але вось вайна скончылася. Для разведчыкаў наступіла пара бяздзейнасці, і Купрэйчык намерваўся адшукаць свой былы ўзвод, павіншаваць хлопцаў з перамогай, успомніць тых, хто не дайшоў да Берліна і склаў свае галовы дзеля гэтай перамогі, але яго нечакана выклікалі ў штаб дывізіі. Там уручылі прадпісанне, дзе было сказана, што старшы лейтэнант Купрэйчык Аляксей Васільевіч адкамандзіроўваецца ў распараджэнне Наркамата ўнутраных спраў і павінен з’явіцца праз тыдзень у горад Мінск.

Падпалкоўнік Арбатаў упершыню па-сяброўску ўсміхнуўся Купрэйчыку:

– Ну вось, бачыш, як я правільна рабіў, што збярог цябе. Цяпер ты патрэбен краіне для іншых спраў. Ну, дай я цябе абдыму на развітанне.

Праз трое сутак Купрэйчык прыбыў у Брэст і адразу ж накіраваўся ў шпіталь да Надзі. Усё здарылася так хутка, што ён ёй нават не паспеў напісаць пра новае прызначэнне.

Ехаць было недалёка, і неўзабаве ён, сышоўшы са спадарожнага грузавіка, апынуўся сярод мора зеляніны, кветак, сонца. Удыхаючы поўнымі грудзьмі чыстае п’янкое паветра, ён лёгкім крокам ішоў па сцяжынцы, якую толькі што паказаў яму сустрэчны пажылы старшына.

«Прыгажосць-та якая, вось і наступіла сапраўднае мірнае жыццё!» Ад гэтай думкі Аляксею захацелася спяваць, гучна крычаць, смяяцца. Дзіва што, ён прайшоў усю вайну, дзясяткі разоў глядзеў смерці ў вочы – і застаўся жывы! Наперадзе мір, жонка, жыццё! Яго цешыла ўсё: і птушкі, і сонца, і зеляніна роднай зямлі! Як яму хацелася цяпер легчы на гэту вабную родную зямлю, дакрануцца шчакой да мяккай сакавітай травы! Але наперадзе, дзесьці там, за кустамі, што віднеліся непадалёку, ужо праглядаліся хаты, а там – шпіталь, а ў ім Надзя, яго жонка!

– Наперад, дзядзька! – гучна скамандаваў сам сабе Аляксей. – Хутчэй – і ты будзеш узнагароджаны!

Так, яму сёння адназначна шанцавала. Толькі ўвайшоў праз расчыненыя насцеж велізарныя драўляныя вароты, якія вялі на тэрыторыю шпіталя, як сустрэў Надзю. Яна ішла з нейкай дзяўчынай і пра штосьці весела гаварыла. Абедзве былі апрануты ў белыя халаты, але Аляксей адразу ж пазнаў яе. Ён дагнаў іх, плячом злёгку адсунуў дзяўчыну ад Надзі і пайшоў побач з ёй. Дзяўчына хацела абурыцца, але, убачыўшы ўмольны погляд сімпатычнага старшага лейтэнанта, маўчала, чакаючы, што ж будзе далей. А Надзя весела і бестурботна ішла крыху наперадзе, працягвала свой расповед пра ўчарашняе выступленне на сходзе нейкай Краўцовай. Але вось яна замоўкла і павярнула галаву направа, а там замест сяброўкі – Аляксей. Надзя спачатку вырашыла, што ёй здалося. Спынілася, моўчкі і здзіўлена паглядзела на яго вялікімі вачыма. Нарэшце яна зразумела, што гэта не прывід і што перад ёй сапраўды жывы і здаровы Аляксей. Яна дакранулася да яго твару рукой, а затым яе рукі імгненна абвіліся вакол яго шыі.

Пасля першых хвалюючых хвілін яны накіраваліся прама да начальніка шпіталя.

Высокі, мажны, гадоў шасцідзесяці палкоўнік, даведаўшыся, з кім да яго прыйшла Кір’янава, сустрэў Аляксея ветліва. Нават дзеля такога выпадку загадаў прынесці па сто грам спірту.

– Мы прыйшлі да вас параіцца, – перайшоў да галоўнага Аляксей, – як нам зараз з жонкай быць. Я атрымаў прызначэнне ў Мінск, а вось Надзя – тут.

Палкоўнік усміхнуўся:

– Ну, брат, гэтую справу можна выправіць. – Зірнуў на Надзю і сказаў: – Давайце, мілыя вы мае, зробім так: вам, Кір’янава, у першую чаргу я даю трохдзённы адпачынак. Пасля гэтага, – ён паглядзеў на Аляксея, – вы едзеце ў Мінск, уладкоўваецеся, ну і чакаеце яе. А мы за гэты час зробім адпаведныя запыты, каб перавесці вашу жонку ў Мінск. Так што парадак.

Наступіў вечар. Надзя і Аляксей прагульваліся па лясной сцяжынцы. Цёплы ветрык далікатна перабіраў яе валасы. Яны выйшлі на паляну, перайшлі яе і апынуліся ў густых зарасніках гнуткіх бяроз і тонкіх елак. Аляксей зняў кіцель і разаслаў яго пад кустом. Надзя села на кіцель, а Аляксей апусціўся побач. Зямля была цёплай і сухой. Яна паглядзела ўгару і раптам засмяялася ціхім шчаслівым смехам:

– Лёшачка, а паказаць, дзе ты?

– Як гэта, дзе я? – не зразумеў Аляксей.

Надзя паклала галаву яму на плячо і паказала рукой угару на абсыпанае зоркамі неба:

– Глядзі. Я не ведаю, як называецца зорка – гэта тая, якая побач вунь з той, яркай, крыху лявей, бачыш?

На небе зорак было шмат, і Аляксей чыстасардэчна прызнаўся:

– Не, Надзейка, не бачу, там гэтулькі зорак.

– А я бачу, і заўсёды, калі мне станавілася сумна ці было цяжка, я чакала вечара, адшуквала сярод зорак цябе, і мне адразу ж станавілася лягчэй, часам мне нават здавалася, што і ты ў гэта імгненне глядзіш на гэту ж зорку. Я нават размаўляла з табой.

– Родная, слаўная мая.

Аляксей абняў яе і зазірнуў ёй у вочы.

Надзя абхапіла яго шыю аберуч, прытулілася гарачымі вуснамі да яго твару і ледзь чутна сказала:

– Я знайшла цябе, мая зорка.

Уладзімір Міхайлавіч Славін

Славіна выклікаў да сябе начальнік. Уладзімір пастукаў, увайшоў у кабінет. Мачалаў сядзеў за сваім сталом. На старэнькай пашарпанай канапе прыстроіўся сакратар райкама камсамола. Поруч стала – Караткоў. Славін са слоў дзяжурнага ведаў, што прыехаў Сяргей Міронавіч, але яшчэ не бачыў яго. Залацістыя новенькія пагоны падпалкоўніка вельмі пасавалі яму і нават маладзілі. Усе трое прывіталіся са Славіным за руку, і Караткоў, загадкава ўсміхнуўшыся, спытаў:

– Ну, таварышы, хто аб’явіць?

– Давай ужо ты. Ты яму накшталт хроснага, – адказаў Мачалаў.

Караткоў падышоў да Славіна.

– Працаваў ты, Уладзімір Міхайлавіч, добра. Мужна і ўмела змагаўся з бандытамі. Пройдзе трохі часу і з гэтым злом будзе скончана. Аднак спатрэбіцца яшчэ шмат гадоў, перш чым атрымаецца выкараніць злачыннасць. А гэта значыць, Уладзімір, краіне яшчэ спатрэбяцца людзі, здатныя прафесійна, граматна абясшкоджваць тых, хто захоча падняць руку на народнае дабро, на гонар, на Савецкую ўладу. Мы параіліся і вырашылі рэкамендаваць цябе на вучобу ў школу міліцыі. Як ты на гэта паглядзіш?

– Я? Не думаў пра гэта, але. калі трэба – пайду!

– Вось і выдатна! Рыхтуйся, запасайся літаратурай. З’ездзіш да маці. Ведаю, як знудзіўся па ёй. Ну, а потым і за вучобу.

Славін, збянтэжана і радасна ўсміхаючыся, выйшаў з кабінета. Караткоў павярнуўся да Мачалава:

– Ну, а Крайнюку ты сам паведаміш. Ён калі выпісваецца?

– Паслязаўтра…

Твар Мачалава пахмурнеў. Месяц назад Крайнюк і Бартошык удзельнічалі ў аперацыі па абясшкоджванні групы бандытаў. Участак лесу, дзе павінна была знаходзіцца банда, акружылі і пачалі прачэсваць тэрыторыі. Неўзабаве большасць злачынцаў былі затрыманы, а хто аказваў супраціўленне – знішчаны. У густым хмызняку заўважылі невялікую хату. У яе ўвайшлі Бартошык і Славін. У хаце было цёмна, і Бартошык пасвяціў запалкай. Тым часам з кустоў, убачыўшы ў акне святло, стрэліў адзін з бандытаў. Бартошык быў забіты. Крайнюк кінуўся да кустоў, а другі бандыт стрэліў у яго. Антон, перш чым страціць прытомнасць, паспеў чаргой з аўтамата стрэліць па кустах. Адзін з бандытаў быў забіты, а другі, паранены, працягваў адстрэльвацца. Звар’яцелы ад гора, Славін выскачыў з хаты. Бандыт пабег. Пры любых іншых умовах Славін дагнаў бы яго і абяззброіў, але тады, прыпаўшы на калена, ён доўгай чаргой забіў бандыта.

Мачалаў нават не звярнуў увагі, што патухла папяроса. Караткоў чыркнуў запалкай:

– Ну, а сам калі здасі справы?

– Заўтра прыязджае новы начальнік, адразу ж пачну здаваць. Мала я тут папрацаваў.

– Нічога, дарагі. Вайна скончылася, людзей у нас будзе больш, справяцца тут і без цябе, тым больш, цябе чакае не меней цяжкая праца ў Мінску. Дарэчы, як ты вырашыў з Вольгай Ільінічнай?

– А што тут вырашаць. Засталіся мы з ёй бабылямі. Страта родных стала нашым агульным горам. Гэта гора і аб’ядноўвае нас. Вырашылі мы так: як толькі я здам новаму начальніку справы, яна возьме адпачынак. З’ездзім у мае краі. Паглядзім, што можна зрабіць там. Магчыма, помнік Тані і дзецям паставіць можна. Ну, а затым я застануся ўладкоўвацца, а яна вернецца сюды і будзе афармляць перавод у адзін са шпіталяў, размешчаных у Мінску.

– Правільна вы вырашылі. Вы абое шмат гора перажылі і павінны зараз адзін аднаго трымацца і падтрымліваць.

Таццяна Андрэеўна Мачалава

У вёску з фронту пачалі вяртацца першыя салдаты. Дзе-нідзе ўжо быў чутны віск пілаў і стук сякер. Людзі паступова пачыналі новае жыццё.

Таццяна Андрэеўна і яе дзеці жылі ў невялікай зямлянцы на краю вёскі. Калі прыйшло вызваленне, Таццяна адразу ж напісала ў Маскву. Прасіла паведаміць ёй, ці жывы муж, даць яго адрас. Са слоў былога камандзіра партызанскай брыгады, а цяпер сакратара райкама партыі Глазкова, яна ўжо ведала пра запыт, які паступіў аднойчы ў партызанскі атрад на яе, і пра той адказ, які далі партызаны, лічачы, што Таццяна Андрэеўна і яе дзеці загінулі. Таму і спяшалася адшукаць мужа, узрадаваць яго.

Уся сям’я жыла пакутлівым чаканнем і надзеяй. І вось праз месяц у іх зямлянку прыйшла страшная бяда. Яны атрымалі пахавальную. У гэты момант Таццяна Андрэеўна вырашыла, што скончыліся яе сілы. Страціўшы мужа, яна страціла веру ў жыццё. У яе апусціліся рукі. Дзеці ні на хвіліну не пакідалі маці адну, гатавалі есці, займаліся ўборкай, глядзелі за ёй, як за дзіцём.

Таццяна Андрэеўна добра запомніла той жнівеньскі дзень, калі да яе ў зямлянку завіталі шасцёра вясковых баб. Ва ўсіх было сваё гора: у траіх загінулі мужыкі, а ў іншых – сыны. У той дзень Таццяна яшчэ раз пераканалася ў шчодрасці і шчырасці чалавечай душы, у жаданні дапамагчы адзін аднаму. Гэтыя жанчыны насілі ў сэрцах уласнае гора, а прыйшлі да яе, каб хоць неяк супакоіць. Яны не вохкалі і не ўздыхалі, а проста па-чалавечы, па-жаночаму адкрыта, душэўна пагаварылі з ёй. І Таццяна Андрэеўна зноў адчула жаданне жыць, гадаваць дзяцей. Увечары, калі засталася адна, паклялася, што выгадуе і выхавае дзяцей, каб яны былі годнымі бацькі.

Незадоўга да Дня Перамогі Мачалаву зноў адшукаў Глазкоў. Дамовіліся, што ў чэрвені яна вернецца ў сваю спаленую вёску. «Мы табе дапаможам хату пабудаваць, – казаў ён, – увосень пачнеш вучыць дзяцей калгаснікаў».

Ад думкі, што яна патрэбна людзям, Таццяна паверыла яшчэ больш у сябе, зразумела канчаткова, што за жыццё трэба змагацца.

Мачалава вырашыла з’ездзіць у Мінск, пахадайнічаць пра пенсію на дзяцей, а затым перабрацца ў сваю вёску. Чуллівыя жанчыны сабралі, колькі маглі, грошай на білеты, адварылі бульбы «ў мундзіры», далі – хто кавалачак сала, хто – масла.

Калі выйшла з зямлянкі, зірнула на дзяцей Таццяна Андрэеўна і заплакала. Худыя, знясіленыя, Юля і Ваня былі апрануты ў такія лахманы, што цяжка было зразумець, што за рэчы на кожным з іх. Да чыгуначнай станцыі было каля сарака кіламетраў. Іх пагадзіўся падвезці адзінокі стары Міхей. Узімку сорак трэцяга года ў яго памерла жонка, а ў канцы сорак чацвёртага і пачатку сорак пятага атрымаў паведамленні пра гібель абодвух сваіх дзяцей.

Дзед Міхей запрог у старую падводу каня, і яны паехалі. Стары разлічваў за дзень давезці Таццяну Андрэеўну і дзяцей да чыгункі, пераначаваць дзенебудзь, балазе што на двары стаяла цеплыня, і на наступны дзень вярнуцца дахаты. Ён быў гаманкім чалавекам, а паколькі ехаць давялося цэлы дзень, ды яшчэ з прыпынкамі, то ён паспеў многае расказаць за дарогу.

Таццяна Андрэеўна заўважыла, што дзед Міхей гаворыць не перастаючы, але ён ні разу не згадаў сваіх загінулых дзяцей. «Можа, гэтымі гутаркамі ён жадае сцішыць свой боль, сысці ад трывожных дум?» І, зразумеўшы гэта, яна імкнулася, як магла, падтрымліваць размову.

Калі дзень пачаў ужо хіліцца да вечара, яны пад’ехалі да чыгункі. Дзед Міхей паказаў на стог сена, які стаяў недалёка ад дарогі, і, усміхнуўшыся, сказаў:

– Ну, вось і мая «гасцініца». Адвязу вас да станцыі, вярнуся сюды і пераначую, а заўтра – дахаты.

Ля паўразбуранага будынка станцыі Таццяна Андрэеўна падзякавала добраму старому і ўвайшла туды. Усярэдзіне невялікі вакзальчык аказаўся сяктак адрамантаваным. Народу ў ім было шмат, асабліва вайскоўцаў, Таццяну балюча кальнула ў сэрца думка: «Вось і мой Пеця мог бы аднойчы прыехаць з фронту на гэты вакзал. – Але сама сабе запярэчыла: – Чаму на гэты? Ён жа і не ведае, дзе мы жывём. Хоць калі б ён сапраўды ехаў, то прыехаў бы сюды. Адгэтуль да вёскі, дзе мы з ім жылі, бліжэй, чым да той, дзе цяпер наша зямлянка».

Яна падышла да дзядка-чыгуначніка з павязкай дзяжурнага на рукаве і спытала, ці хутка будзе цягнік на Мінск. Той хмурна растлумачыў, што не раней дваццаці дзвюх гадзін.

«Ну што ж, – вырашыла яна, – трэба купіць білеты». І накіравалася ў процілеглы кут вакзала, дзе ля маленькага вакенца касы тоўпіліся людзі. І раптам нібы электрычны ток ударыў яе. Таццяне здалося, што яна бачыць Пятра: падцягнуты капітан з ордэнамі і медалямі на грудзі пра штосьці размаўляў з жанчынай. Таццяна прымусіла сябе адвярнуцца: «Ну вось, зараз ён мне не толькі сніцца будзе, але і здавацца ў кожным афіцэры». Павярнулася да дзяцей і сказала:

– Станьце ў куток, каб вас не заштурхалі, і пачакайце мяне, я вазьму білеты.

Але Юля пацягнула яе за рукаў і, зачаравана гледзячы міма яе, перарывістым голасам ціха сказала:

– Мама, паглядзі, гэта не наш тата?

Таццяна Андрэеўна зірнула на дачку і жахнулася: твар у Юлі быў белым, вочы шырока расплюшчанымі, спалоханымі. Гэта і прымусіла маці азірнуцца. Набліжаючыся да іх, у бок выхаду ішоў той жа капітан. Таццяна Андрэеўна схапілася за сэрца і ціха, прыглушаным голасам сказала:

– Госпадзі, дык гэта ж Пётр!

Яна хацела паклікаць яго, але ў роце перасохла.

– Тата! – у адзін голас паклікалі Юля і Ваня.

Капітан спыніўся і паглядзеў на іх.

– Ён! – выдыхнула Таня і, ні то запытальна, ні то сцвярджальна, прамовіла: – Пеця?!

Капітан, нібы ад моцнага ўдару, пахіснуўся. Адкрыў рот, але сказаць нічога не мог. Ён развёў рукі і павольна пайшоў да іх. Нарэшце ён змог прашаптаць:

– Таня, дзеці мае! – і, зрабіўшы яшчэ некалькі крокаў, падхапіў рукамі дзяцей і жонку, якія кінуліся да яго.

У зале наступіла цішыня. Усе моўчкі глядзелі на іх. Да маёра, які сядзеў на лаве, падышла жанчына і кранула яго за плячо:

– Таварыш маёр, я вас вельмі прашу, перадайце, калі ласка, капітану, які сустрэў сваіх дзяцей і жонку, яго чамаданы, а я вельмі спяшаюся.

Яна паставіла побач два чамаданы і хутка выйшла на вуліцу. Недалёка стаяў крыты ваенны грузавік. Вольга Ільінічна падышла да лейтэнанта, які сядзеў на падножцы. Яны пра штосьці перамовіліся, і праз паўхвіліны яна ўжо была ў кузаве. Седзячы на цвёрдай лаве, уся ў слязах, яна ціха сказала:

– Родны, як я радая, што хоць ты з нас дваіх вярнуў сваё шчасце. Я напішу табе пазней, растлумачу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю