Текст книги "Вам — заданне"
Автор книги: Мікалай Чаргінец
Жанр:
Прочие приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 24 страниц)
Лейтэнант Аляксей Купрэйчык
Лейтэнант зноў плюхнуўся ў бруд. «Няўжо заўважыў?»
А часавы замёр, трымаючы вінтоўку напагатоў. У гэты момант ззаду пачуўся шоргат. Купрэйчык асцярожна азірнуўся. Ледзь распазнаў постаць чалавека. «Хто гэта? Немец! З нашых тут нікога не павінна быць», – трывожна падумаў Аляксей і ліхаманкава пачаў шукаць выйсце са становішча, якое склалася. А сітуацыя ўсё больш ускладнялася. Немцы, пакуль не падыходзячы адзін да аднаго, гучна загаварылі. Па асобных знаёмых фразах лейтэнант зразумеў, што яны лаюць надвор’е.
«Калі яны будуць ісці насустрач адзін аднаму, то хтосьці з іх напорацца на мяне!» Купрэйчык асцярожна, сантыметр за сантыметрам пачаў адпаўзаць да плота. Але, на шчасце, немец, які знаходзіўся ззаду, штосьці сказаўшы на развітанне, увайшоў у хату. Вартавы тут жа вярнуўся на сваё месца.
«Наперад!» – загадаў сабе лейтэнант і, падняўшыся на ногі, ірвануўся да немца. Левая рука, у якой была мокрая ануча, уваткнула ў рот вартавому кляп, а правая – усадзіла пад лапатку нож. Вартавы са стогнам зваліўся на зямлю. Купрэйчык на ўсякі выпадак звыклым рухам выцягнуў з вінтоўкі затвор і кінуў яго ў агарод, затым вярнуўся да сваіх. Шэптам падаў каманду. У хату павінны былі ўвайсці разам з лейтэнантам трое разведчыкаў, следам – яшчэ двое. Астатнія занялі пазіцыі ля вокнаў.
Купрэйчык злёгку пацягнуў дзверы: «Зачынена! Што ж рабіць?» Ён яшчэ раз злёгку пакратаў іх. Дзверы свабодна адыходзілі ад каробкі і ўтваралі шчыліну, значыць, яны зачынены на дрэнна падагнаны кручок. Аляксей выняў з чахла нож, уставіў яго ў шчыліну. Вось лязо нажа натыкнулася на перашкоду. Купрэйчык пачаў павольна падымаць угару нож. За спінай адчуваў напружанае дыханне разведчыкаў.
Нарэшце пачуўся лёгкі рывок – гэта крук выйшаў з клямкі, – і дзверы адчынены! Зрабіўшы некалькі асцярожных крокаў, разведчыкі апынуліся ў цёмных сенцах. Купрэйчык памятаў, што ў хату зусім нядаўна ўвайшоў немец, і ён, вядома, заснуць яшчэ не паспеў, але і чакаць, пакуль ён засне, небяспечна. Хто ведае, можа, тым часам да хаты набліжаюцца яшчэ немцы ці тыя, хто ў хаце, пачнуць збірацца на якія-небудзь начныя работы, і тады без страляніны не абысціся. А шуму дапусціць нельга.
«Так што не дрэйфі, лейтэнант, – падбадзёрыў сябе Аляксей і загадаў: – Наперад!» Ён намацаў клямку дзвярэй, што вялі ў пакой, і пацягнуў яе на сябе. Дзверы з рыпам адкрыліся, і лейтэнант не марудзячы перайшоў праз высокі парог. Як ён і меркаваў, яны адразу патрапілі ў прыхожую, якая адначасова служыла і кухняй. Злева, у куце, бялела печ, на ёй, як чорная зяпа, вылучалася топка. Разведчыкі прайшлі далей і апынуліся ў вялікім пакоі. Ярка ўспыхнулі прамяні кішэнных ліхтарыкаў. У пакоі чатыры ложкі. На іх спалі людзі. Раптам адзін з іх, які ляжаў справа ад Купрэйчыка, заварушыўся і сеў. Ён устрывожана спытаў:
– Вас іст дас?
Аляксей кінуўся да яго і паспеў нават заўважыць белы колер яго сподняй кашулі. Удар нажа прыйшоўся прама ў сэрца, таму немец бязгучна адкінуўся на падушку. I тут жа ў правым куце гучна закрычаў яшчэ адзін немец. Ён так пхнуў разведчыка, які падбег да яго, што той зваліўся і збіў з ног байца, які кінуўся на дапамогу свайму таварышу. Купрэйчык асвятліў правы кут пакоя ліхтарыкам і ўбачыў, што немец ужо дастаў з-пад падушкі пісталет і ліхаманкава схапіўся за затвор. I хто ведае, чым бы гэта ўсё скончылася, калі б не Шчука, які маланкава скокнуў на немца і выбіў з яго рук пісталет. Астатнія два немцы супраціўлення не аказалі. Лейтэнант, блытаючы рускія і нямецкія словы, загадаў ім апранацца.
I перад разведчыкамі паўсталі два немаладыя афіцэры. Аднаму было ўжо за пяцьдзясят, а гаўптману – гадоў сарок пяць. Яны стаялі з паднятымі ўгору рукамі і ад страху дрыжалі.
Купрэйчык загадаў сваім:
– Забярыце дакументы і зброю забітых, збярыце на стале схемы і карты, праверце, ці няма яшчэ дзе-небудзь у пакоі дакументаў.
Трое разведчыкаў кінуліся выконваць загад, а двое пачалі звязваць рукі палонным.
Праз некалькі хвілін разведчыкі выйшлі з хаты і накіраваліся на вуліцу, дзе іх чакалі Зайцаў і Губчык. Сцяпаныч наблізіўся да Купрэйчыка:
– Ну як, камандзір, парадак?
– Парадак, Серафім. Як там нашы?
– Нармальна, яны пайшлі ўжо да месца сустрэчы.
– Ну тады і мы рушым.
Купрэйчык быў усхваляваны, прыспешваў байцоў, праверыў кляпы ў палонных.
Нарэшце вёска засталася ззаду, і неўзабаве яны сустрэліся з разведчыкамі ў лесе.
Лугавец прыгнечана далажыў:
– Разумееш, вартавога прыбралі без шуму, а вось у хаце затрымка атрымалася. Там толькі адзін афіцэр аказаўся, а слых у яго – сабачы. У хату ўвайшлі без шуму, толькі ўключыў я ліхтарык, а на ложку ў адной бялізне фрыц сядзіць і ў нас цаляе. Добра, што Юра Маліна загадзя пісталет у плашчпалатку загарнуў і калі стрэліў у немца, то гук не моцны атрымаўся, а афіцэр – напавал.
– Дакументы забралі?
– Вядома.
– Ну і чорт з ім, з афіцэрам, не перажывай. Мы ж двух узялі, а калі б яшчэ і ваш, то куды б мы іх дзелі?
Купрэйчык разумеў, якая складаная задача стаяла перад яго ўзводам. Трэба было праз фронт правесці адразу трох палонных і ён змяніў раней прынятае рашэнне. З сабой пакінуў толькі Губчыка і Зайцава, астатнім на чале з Лугаўцом загадаў даставіць палонных і здабытыя дакументы да месца знаходжання групы Чарнецкага.
Цяжкі быў гэты дзень, не раз даводзілася падоўгу ляжаць у гразі, чакаючы, калі міма пройдуць нямецкія салдаты, асцярожна прабірацца каля вайсковых часцей, але, калі наступіла ноч, у цемры ўжо была відаць лінія фронту. У разведчыкаў з’явілася нібы другое дыханне, і іх думкі былі ўжо там, на нічыйнай паласе.
Каб не напароцца на немцаў па шляху да лініі абароны, Купрэйчык вёў разведчыкаў па ворыве. Губчык усё дзівіўся, як лейтэнант бачыць у цемры.
Раптам камандзір спыніўся і махнуў рукой у бок. Пасля гэтага ён першым павярнуў налева, і праз пяць крокаў яны ўсе трое апынуліся ў вялікай варонцы ад магутнай бомбы. На дне яе было нямала вады.
– Пачакаем тут, – ціха сказаў лейтэнант, уладкоўваючыся на краю варонкі так, каб ногі не дакраналіся вады, – да іх другой лініі акопаў не больш за сто метраў. Пачакаем трохі, хай супакояцца, а то завялі, як я бачу, з Арэшкам сварку, таго і глядзі, што і нас зачэпяць.
Усе трое маўчалі. Толькі было чуваць, як важдаўся Губчык, спрабуючы ямчэй уладкавацца, і Зайцаў чамусьці гучна соп носам. Купрэйчык уважліва сачыў за ўспышкамі стрэлаў з траншэі немцаў, за тымі кропкамі, адкуль бралі свой пачатак агністыя радкі трасіраваных куль.
Ён стараўся па характары чаргі ці асобнага стрэлу вызначыць, у якім месцы траншэі знаходзіцца кулямётчык ці проста стралок. Прайшло яшчэ не меней як дзве гадзіны, перш чым стральба пачала цішэць. Нарэшце толькі рэдкія кулямётныя чэргі парушалі цішыню ды зрэдку ўзляталі асвятляльныя ракеты над пазіцыямі праціўніка.
Лейтэнант пачакаў яшчэ з гадзіну і шэптам прамовіў:
– Пайшлі, хлопцы! Я наперадзе, Губчык – за мной, а ты, Сцяпаныч, – замыкаючы.
Паўзлі па мокрай і халоднай раллі. Наперадзе паказалася цямнеючая нітка другой лініі акопаў.
Небяспека напароцца на немцаў у ёй была меншай, чым у пярэдняй, размешчанай метрах у двухстах. Але ўсё адно – трэба было быць гатовым да ўсяго.
Лейтэнант падняўся на ногі, пераскочыў траншэю і адразу ж зваліўся, чакаючы, ці не раздасца ззаду стральба. Па шолаху насыпнога бруствера Аляксей зразумеў, што Губчык і Зайцаў пераскочылі траншэю. Разведчыкі папаўзлі далей.
Дасягнуўшы першай лініі абароны, яны зноў стаіліся, напружана прыслухоўваючыся: ці не кашляне хто, ці не бразне затворам, перазараджаючы зброю, ці не пачуецца рух на дне траншэі. Не, усё спакойна. Аляксей на імгненне прыўзняўся і скокнуў праз траншэю, за ім Серафім і Пётр. Яны тут жа пачалі адпаўзаць далей да нейтральнай паласы. Пакуль усё ішло добра. Купрэйчык стаў прыкідваць адлегласць, на якую яны адпаўзлі ад траншэі, калі ў неба адна за другой узвіліся дзве белыя ракеты.
Разведчыкі адразу ж уткнуліся ў зямлю. Аляксей быў метрах у трох наперадзе ад астатніх, і калі б пры мігатлівым святле ракет паспеў зірнуць наперад, то ўбачыў бы, што ў метры ад яго знаходзіцца драцяная загароджа. Як толькі ракеты пагаслі, ён ірвануўся наперад і тут жа напароўся на калючку, а на ёй пустыя бляшанкі з-пад кансерваў. Яны адразу ж гучна зазвінелі. У небе ўспыхнулі ракеты. Па тым, як распаролася вакол зямля, лейтэнант зразумеў, што яны патрапілі ў кропку, якую загадзя прыстралялі кулямётчыкі, а гэта значыць, што калі неадкладна не выскачыць адсюль, то хутка іх целы будуць падобныя на рэшата. Ускокваць і бегчы, нават рухацца, было нельга. Усё гэта імгненна пранеслася ў галаве лейтэнанта, і ён крыкнуў:
– Зайцаў, ракеты!
У неба ўзвілася чырвоная ракета, праз некалькі секунд – другая. I адразу ж, нібы даўно падпільноўвала іх, ударыла артылерыя. Над нямецкімі пазіцыямі з’явіліся чырвона-барвовыя сполахі разрываў.
«Малайцы артылерысты, – падумаў Купрэйчык, – чакалі нашага сігналу».
Пераразаць агароджу не было чым, і лейтэнант, сунуўшы магазін аўтамата пад ніжні дрот, паставіў яго на прыклад і загадаў:
– Хутчэй, хлопцы, нырайце!
Першым пралез Губчык, за ім – Зайцаў. Ён лёг уздоўж дрота, перахапіўшы ў камандзіра аўтамат:
– Давай, Аляксей!
Купрэйчык тут жа адпусціў аўтамат і падлез пад дрот. Праз пару секунд ён быў ужо на другім боку. Павярнуўся, каб узяць свой аўтамат, і ўбачыў, як да яго нясуцца чырванаватыя кропкі. Яны свяціліся. «Як чмялі», – паспеў падумаць ён і страціў прытомнасць.
Купрэйчык не чуў, як Зайцаў і Губчык цягнулі яго па набраклым ворыве. Потым пачуўся доўгачаканы вокрык назіральніка: «Стой! Хто ідзе?» Пасля таго як Зайцаў сказаў пароль, да іх насустрач кінуліся байцы, падхапілі і асцярожна зацягнулі Аляксея ў траншэю.
Не чуў ён, як Арэшка, які ўжо стаў камандзірам роты, па тэлефоне паспешліва дакладваў камандзіру палка пра вяртанне разведчыкаў.
Аляксей ачуўся толькі на трэція суткі.
Ён ляжаў дагары тварам і першае, што ўбачыў – гэта столь з шырокіх непафарбаваных дошак.
«Дзе я? – падумаў Купрэйчык, спрабуючы ўспомніць, што ж з ім адбылося. Яму доўга прыйшлося напружваць памяць, збірацца з думкамі, каб успомніць, як там, ужо на падыходзе да сваіх, ён убачыў чырвоныя кропкі, якія нясуцца да яго. – Значыць, я паранены, але куды? Чакай-чакай, а раптам мяне ўзялі ў палон?»
Ад гэтай думкі Аляксей застагнаў, і тут жа над ім з’явіўся незнаёмы твар і ён пачуў жаночы голас:
– Што, ачуўся, сынок?
Аляксей хацеў спытаць, куды яго параніла і дзе ён знаходзіцца, але бабулька – цяпер лейтэнант разгледзеў яе твар выразна – прыклала палец да вуснаў:
– Маўчы, сынок, маўчы, галубок! Табе нельга размаўляць, куля трапіла ў горла, і ўрач сказаў, што некалькі тыдняў табе давядзецца памаўчаць, бо размаўляць не зможаш. Ты паляжы, а я доктара паклічу.
«Значыць, не ў палоне», – з палёгкай уздыхнуў лейтэнант і зноў пачаў успамінаць пра пераход лініі фронту: «Цікава, ці дайшоў узвод да нашых? Даставілі хлопцы палонных? Што з Зайцавым і Губчыкам?»
Ох, як хацелася ведаць лейтэнанту пра гэта. Але хто адкажа яму на гэтыя пытанні?
У гэты момант над ім схіліўся мужчына. Чыста выгалены твар, вялікія, з чырванаватымі бялкамі, стомленыя вочы.
«Урач, – здагадаўся Аляксей, – мяркуючы па вачах, для яго самая вялікая мара – гэта выспацца».
А ўрач ледзь усміхнуўся яму і сказаў:
– Ну вось, гвардзеец, пачынаем жыць. А пакуль ты тут ляжаў, два генералы табой цікавіліся. Адчуваецца, што ты ім добрую службу саслужыў. А зараз слухай мяне. У цябе некалькі кулявых раненняў: адно ў галаву, другое ў правую частку грудзей і трэцяе ў вобласць гартані. Ад гэтага развіўся моцны яе ацёк. А гэта значыць, што некаторы час давядзецца памаўчаць.
I, відавочна, улавіўшы ў вачах Купрэйчыка трывогу, урач паспешна і грубавата растлумачыў:
– Не турбуйся, праз тыдзень-другі будзеш малоць языком, як і дагэтуль. – Ён выпрастаўся і камусьці нябачнаму сказаў: – Давайце хлопца на перавязку!
Падышлі два пажылыя санітары. Яны асцярожна пераклалі Купрэйчыка на насілкі і панеслі.
Прайшло тры дні. Купрэйчык ужо ведаў, што знаходзіцца ў палявым шпіталі, які размясціўся ў невялікай прыфрантавой вёсачцы. Хаты служылі палатамі, у двухпавярховым клубе знаходзіліся штаб і сталовая шпіталя. Сюды выразна даносіліся гукі артылерыйскай і кулямётнай стральбы.
Неяк пасля ранішняга абыходу ў палату вярнуўся лечачы ўрач —!ван Спірыдонавіч Лазараў, з ім тры афіцэры. Купрэйчык адразу ж пазнаў камандзіра палка Васільева, які стаў падпалкоўнікам, і камісара палка Малахава. Трэцім быў незнаёмы генерал. Усе па чарзе паціснулі лейтэнанту левую руку, правая ў яго пакуль амаль бяздзейнічала.
Васільеў сказаў:
– Вось, Аляксей Васільевіч, да цябе прыбыў член Ваеннага савета арміі Карпаў.
Генерал, усміхаючыся Купрэйчыку, басавіта загаварыў:
– Што вы часова не можаце размаўляць, мы ведаем. Але слухаць вам урачы не забаранілі, так што слухайце. За паспяховае выкананне асобага задання камандавання вы ўзнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга. Я з задавальненнем выконваю ўскладзеную на мяне прыемную місію і ўручаю вам высокую ўрадавую ўзнагароду.
Генерал адхіліў край коўдры і проста на бальнічную кашулю прымацаваў ордэн, а ў левую руку лейтэнанта, якая адразу стала потнай, уклаў скрыначку і пасведчанне. Параненыя ў палаце дружна заапладзіравалі. Купрэйчык хацеў хоць крышачку прыпадняцца, але востры боль у грудзіне адкінуў яго зноў на падушку.
– Ляжыце, ляжыце, таварыш лейтэнант, – сказаў генерал і зрабіў крок убок, даючы магчымасць Васільеву і Малахаву падысці да параненага бліжэй. Тыя таксама паціснулі руку Купрэйчыку. Камісар пацалаваў яго ў няголеныя шчокі:
– Дзякуй табе, Аляксей Васільевіч, тваім хлопцам дзякуй! Ты нават не ўяўляеш, якіх каштоўных языкоў вы нам здабылі! Усіх тваіх гвардзейцаў узнагародзілі.
Купрэйчык усхвалявана слухаў камандзіраў, яго цяпер мучыла толькі адно пытанне: што з хлопцамі? Ці ўсе жывыя? Нарэшце не вытрымаў і жэстам папрасіў, каб яму далі аловак і паперу. На лісце, выдраным урачом са сшытка, дзе ён рабіў розныя запісы, Купрэйчык з вялікай цяжкасцю левай рукой надрапаў: «Хлопцы!»
Камандзір палка прачытаў і спытаў:
– Цябе цікавіць, што з хлопцамі?
Купрэйчык пацвердзіў гэта, міргнуўшы вачамі.
Васільеў і Малахаў зірнулі адзін на аднаго, а затым, нібы па камандзе, запытальна паглядзелі на генерала. Карпаў ледзь кашлянуў, а затым рашуча ўзмахнуў рукой:
– Чаго ўжо тут цямніць. Ён – камандзір і павінен ведаць, што з яго падначаленымі.
Камісар павярнуўся да Купрэйчыка і, не гледзячы ў вочы, глуха сказаў:
– Заданне твой узвод выканаў, але пры пераходзе лініі фронту загінулі Грамоў, Шчука і Цімахавец… Маліна і Чарнецкі паранены… Атрымалася так, што ім прыйшлося практычна з боем прарывацца.
Камісар паглядзеў у твар камандзіра ўзвода і ўбачыў, як звузіліся, нібы ад нясцерпнага болю, яго вочы.
– Забітых не пакінулі, іх целы прынеслі. Пахавалі з усімі ўшанаваннямі, як і трэба героям. Яны пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга.
Лейтэнант, здавалася, не слухаў камісара. Ён ляжаў з паўзакрытымі вачамі і думаў пра сваіх таварышаў: «Толя Грамоў, Віктар Шчука, Восіп Цімахавец – мае верныя сябры, іх ужо няма ў жывых. Хоць гэта я іх накіраваў праз лінію фронту, і яны загінулі», – вочы Аляксея напоўніліся слязамі.
Карпаў ціха сказаў:
– Трымайся, салдат! Мы з табой знаходзімся на вайне, а гэта значыць, што страты непазбежныя. – Генерал заклапочана зірнуў на гадзінннік. – Ну, лейтэнант, яшчэ раз прымі віншаванні з узнагародай і выбачай, брат, справы.
Прайшлі суткі, а раніцай наступнага дня падняўся перапалох. Паступіў загад неадкладна эвакуіраваць шпіталь. Аказалася, што немцы ўдарылі па пазіцыях суседняй дывізіі і прарвалі абарону. Шпіталь апынуўся на вастрыні нападу нямецкіх танкаў. Параненых хутка грузілі ў машыны гаспадарчага ўзвода, раней прыкамандзіраванага да шпіталя, і добраахвотнікі з ліку тых, хто выздараўліваў, спешна рыхтавалі на подступах да вёскі лінію абароны.
Неўзабаве калона апынулася на пагрузачным пункце. Параненых выгружалі з машын і клалі проста на коўдры ці, у лепшым выпадку, на насілкі. Двое пажылых салдат і маладзенькая медсястра, якая дапамагала ім, знялі Купрэйчыка з кузава і паклалі на насілкі, што вызваліліся. Аляксей мог бачыць толькі тое, што было прама над ім, пакутуючы, ён не мог нават павярнуць галавы.
Вакол раўлі маторы і крычалі людзі.
З абрыўкаў размоў Аляксей зразумеў, што вось-вось тут апынуцца немцы і гэта загружаецца апошні эшалон. Лейтэнанту стала страшна ад думкі, што пра яго забыліся і ён можа апынуцца ў палоне.
Раптам у гэтай мітусні ён пачуў зусім побач голас: «Таварыш Кір’янава, вы адказная за пагрузку і адпраўку эшалона?»
Жаночы голас адказаў: «Так, я».
Мужчына запатрабаваў: «Дык адпраўляйце ж хутчэй! Вось-вось з’явяцца нямецкія танкі».
Жанчына ўпарта адказала: «Пакуль усе параненыя не будуць пагружаны, я эшалон не адпраўлю!»
Купрэйчык увесь успацеў. «Госпадзі, – думаў ён, – дык гэта ж Надзя, жонка мая!» Ён колькі мог скасіў вочы ў бок тых, хто размаўляў. Але нічога не ўбачыў. Аляксей паспрабаваў павярнуць галаву, але рэзкі боль спыніў яго.
I тут ён убачыў яе! Так, гэта была Надзя. I звалі яе дзявочым прозвішчам – Кір’янава.
Купрэйчык паспеў падумаць: «Нічога дзіўнага, бо пашпарт яна так і не паспела памяняць».
А Надзя, нібы цвелячы нямоглага мужа, спынілася побач. Затым проста зірнула на яго і, павярнуўшыся бокам, сказала двум мужчынам і жанчыне, апранутым гэтак жа, як і яна, у забруджаныя белыя халаты, якія падышлі да яе, каб тыя хутчэй грузілі параненых.
Адзін з мужчын заклапочана сказаў:
– Надзея Лявонцьеўна, мне здаецца, чалавек трыццаць параненых не змесцяцца.
Надзя злосна і рашуча адказала:
– Трэба змясціць усіх! Хоць на праходы, у тамбуры, хоць на дахі, але іх неабходна неадкладна адправіць. У крайнім выпадку тыя, хто пойдзе са мной праз лес на злучэнне з санбатам, панясуць параненых з сабой.
Ад гэтых слоў Купрэйчыку стала яшчэ горш, да яго свядомасці дайшло, што Надзя застанецца тут і не паедзе на цягніку. Ён падняў руку і пачаў махаць ёю, зваў Надзю, хацеў, каб яна заўважыла яго. Ён са страхам падумаў: «Яна ж цяпер адыдзе ад мяне! – I стаў у думках клікаць жонку: – Ды зірні ж ты на мяне! Чуеш, зірні!»
Надзя, нібы пачуўшы яго, павярнулася ў бок Купрэйчыка і, убачыўшы яго жэсты, звярнулася да жанчыны:
– Ганна Пятроўна, падыдзіце да параненага, ён штосьці хоча.
А сама зрабіла некалькі крокаў і знікла з поля зроку.
Жанчына схілілася над лейтэнантам:
– Ну, што ты хочаш, мілы?
Аляксея пачалі біць дрыжыкі. Ён паказваў у бок, дзе павінна была быць Надзя, і мыкаў.
Жанчына паглядзела туды, куды цягнулася рука параненага, і разгублена спытала:
– Не разумею, што ты хочаш? Можа, судна?
Купрэйчык не мог бачыць, што Надзя ўжо адышла. Жанчына ж, схіліўшыся над ім, зразумела яго жэст па-свойму.
Яна выпрасталася і паклікала двух байцоў-санітараў, якія прабягалі міма:
– А ну, таварышы, пагрузіце гэтага параненага!
– Гэта можна, – ахвотна пагадзіліся тыя, – дзякуй богу, што змясціліся ўсе.
Яны паднялі насілкі і панеслі Купрэйчыка да вагона. Месца для яго знайшлося толькі ў тамбуры апошняга вагона. Аляксей глядзеў у абкуродымленую і брудную столь і плакаў. Ён ужо страціў надзею ўбачыць жонку. I раптам убачыў! Надзя пераступіла праз яго і прайшла ў вагон. Праз хвіліну яна вярнулася і, убачыўшы, як паранены на падлозе ў тамбуры махае ёй рукой, слізганула паглядам па яго брудна-крывавых павязках на галаве і шыі, па зарослых шчоках і спагадліва прагаварыла:
– Што, міленькі, балюча? Патрывай трохі, зараз цягнік адправіцца, і хутка будзеце ў шпіталі.
Пасля гэтага, не пазнаючы мужа, яна пераступіла праз яго і, спускаючыся па прыступках уніз, крыкнула камусьці:
– Адпраўляйце састаў!
Раздаўся кароткі гудок паравоза, ляснулі буферы, і цягнік крануўся. Купрэйчык ляжаў і плакаў.
Надзя, праводзіўшы вачамі апошні вагон, уздыхнула і накіравалася да лесу. Аднак палёгкі не адчула, штосьці ёй замінала, трывожыла. I раптам яна ўспомніла залітыя слязьмі вочы параненага на падлозе тамбура апошняга вагона. Успомніла, якія пакута і маленне былі ў гэтых вачах. Спынілася, быццам яе штурхнулі ў грудзі.
«Аляксей!» Яна павярнулася і хацела бегчы ўслед за цягніком, але сілы пакінулі яе, і гледзячы ўслед цягніку, яна паволі апусцілася на зямлю. Да яе падбеглі двое ўрачоў:
– Надзея Лявонцьеўна, што з вамі?
Яна змагла толькі працягнуць руку ў бок адыходзячага цягніка і сцішаным голасам прагаварыць:
– Там, там мой муж!