Текст книги "Вам — заданне"
Автор книги: Мікалай Чаргінец
Жанр:
Прочие приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 24 страниц)
Баец партызанскага атрада Уладзімір Славін
Наступіла лета 1943 года. Гітлераўцы ўзмоцнена рыхтаваліся да новай аперацыі ў раёне Белгарада і Курска. Аднак становішча ў тыле акупантаў было неспрыяльным. Партызаны не давалі ім жыцця ні днём ні ўначы. Пачасціліся дыверсіі на чыгуначных вузлах. Народныя мсціўцы ўзрывалі масты. Пад адхон ляцелі эшалоны з гаручым, ваеннай тэхнікай і жывой сілай рэйха.
Для знішчэння партызан гітлераўскае камандаванне накіравала рэгулярныя войскі, у тым ліку танкавыя, артылерыйскія і авіяцыйныя злучэнні.
Партызаны тым часам вялі знясільваючыя блакадныя баі.
Атрад, у якім знаходзіўся Славін, таксама апынуўся ў цяжкіх умовах. Да гэтага часу Уладзімір ужо асвоіўся ў атрадзе. Сціплы і ціхі, ён зусім мяняўся ў баявой абстаноўцы. Валодзя быў падрыўніком, але ў апошні час яго сталі часта пасылаць і ў разведку. Хлопцу гэта падабалася.
Аднойчы, у перапынку паміж баямі, да Уладзіміра падышоў сакратар камсамольскай арганізацыі Косця Царык:
– Славін! Час табе ў камсамол уступаць!
– Мне? – ад нечаканасці Уладзімір збянтэжыўся.
– Табе. Ваюеш ты адважна, іншым добры прыклад падаеш. Сам жа казаў, што ў школе не паспеў уступіць у камсамол, вайна перашкодзіла. Ну, а цяпер мы лічым, што ты цалкам заслужыў гэта. Так што бяры рэкамендацыі і пішы заяву.
– Дзякуй, – толькі і мог прагаварыць Уладзімір, а сам падумаў пра бацькоў. Як бы яны ўзрадаваліся!
Праз некалькі дзён група Крайнюка накіравалася выконваць новае заданне. Партызаны павінны былі падарваць у некалькіх месцах чыгуначную магістраль, а затым ісці на новую стаянку атрада, куды ён атрымаў загад перадыслакавацца.
Для Валодзі ўдзел у новай аперацыі быў не проста баявым заданнем, а як бы іспыт на вытрымку, вынослівасць, на права звацца камсамольцам.
Ішлі амаль увесь дзень. Нарэшце падышлі да чыгункі.
Крайнюк загадаў усім адпачываць, а сам, узяўшы з сабой Славіна, накіраваўся ў разведку. Да дарогі яны дабраліся з боку зарослага хмызняком балота. Міма іх на вялікай хуткасці пракаціўся бронецягнік, затым цяжка гружаны таварняк, праз дваццаць хвілін бронецягнік прайшоў назад. Крайнюк уважліва вывучаў падыходы да дарогі. Разгарнуў карту, штосьці адзначыў на ёй.
– Давай паглядзім, як ахоўваецца дарога паўднёвей, – прапанаваў ён Уладзіміру.
Яны зноў паглыбіліся ў лес, падышлі да дарогі кіламетры праз два лявей. Чыгуначная каляіна пралягла ў гэтым месцы па высокім насыпе, і Крайнюк быў задаволены:
– Глядзі! Калі ў гэтым месцы рванём, то будзе куды вагонам скочвацца. Давай пройдзем далей, за паварот. Там павінен быць невялікі мост.
Яны адышлі ў глыбіню лесу і, зрабіўшы крук, зноў апынуліся каля насыпу. Сапраўды, як і меркаваў Антон, у гэтым месцы дарога праходзіла па невялікім мосце, які быў перакінуты праз рэчышча маленькай рачулкі. Рака даўно высахла, і зараз пад мостам мясцовыя сяляне свабодна праязджалі на падводах. Крайнюк разумеў, што немцы не маглі пакінуць гэты ўчастак без аховы, і таму вырашыў высветліць, ці няма тут паблізу засады. Міма іх на малым ходзе зноў прайшоў бронецягнік. Ствалы гармат і кулямётаў панура глядзелі ў бок лесу. Браняваная махіна пхала перад сабой тры адкрытыя платформы. Першыя дзве былі загружаны пяском, на трэцяй размяшчаліся шасціствольныя мінамёты, абкладзеныя з двух бакоў мяшкамі з пяском.
– Так-а, справунькі, – збянтэжана прагаварыў Крайнюк, паглядаючы на дарогу.
Праз дзесяць хвілін пранёсся таварняк. Неўзабаве бронецягнік пайшоў назад. І раптам яны ўбачылі, як да моста падкаціла мотадрызіна. З яе выйшла шасцёра салдат – пяць аўтаматчыкаў, адзін кулямётчык. Усе схаваліся ў хмызняку метрах у пяцідзесяці ад месца, дзе стаіліся партызаны. Дрызіна прастаяла з хвіліну, затым рушыла назад.
Крайнюк даў знак Славіну адпаўзаць назад і сам вужом праслізнуў за куст. Уладзімір папоўз за ім.
Крайнюк сказаў:
– Давай адыдзем за паварот, перасячом дарогу і з таго боку паглядзім, дзе размясцілася засада.
На другім боку дарогі разведчыкі хутка выявілі немцаў. Тыя якраз устанаўлівалі кулямёт, ламалі галінкі для падсцілкі.
– Бач ты! Камфорт любяць, гады, – прабурчаў Антон, – зямля сухая, а яны ўсё адно галінкі пад пуза.
Неўзабаве ў Крайнюка выспеў план. Ён падаў знак Славіну адыходзіць. Ужо сцямнела, калі яны вярнуліся да сваіх.
У групе было трыццаць чалавек, і Крайнюк вырашыў неадкладна правесці інструктаж. Сабраліся на невялікай паляне. У цемры людзі не бачылі адзін аднаго, хоць і сядзелі побач. Камандзір разбіў атрад на тры групы. Першыя чатыры чалавекі павінны былі выйсці да таго месца, дзе дарога праходзіла па роўным нізкім участку.
– Пра вашу задачу я скажу крыху пазней, – растлумачыў Крайнюк, звяртаючыся да першай групы. – Другая група, у складзе дзевяці чалавек, адправіцца да высокага насыпу. Старшым прызначаю Славіна. Валодзя, ты добра запомніў тое месца?
– Вядома! Перад паваротам, за якім масток, засада.
– Правільна. Усе астатнія ідуць са мной. План нашых дзеянняў такі. Паколькі чыгуначнае палатно ахоўваецца бронецягніком, а мост – шасцёркай немцаў, узброеных ручным кулямётам і аўтаматамі, дзейнічаць пачнём ранкам. Як толькі бронецягнік пройдзе мост і схаваецца з вачэй, частка маёй групы, а ў ёй будзе дзесяць чалавек, з тылу атакуе засаду. Пажадана абысціся без стральбы ці ж, у крайнім выпадку, страляць толькі з блізкай адлегласці, каб справу скончыць праз пару мінут. Пасля гэтага другая частка групы пачне мініраваць мост. Вы ж, – Крайнюк звярнуўся да Славіна, – пасля таго, як пройдзе бронецягнік, адразу ж замініруеце ўчастак дарогі на самым высокім месцы і рваняце яе, калі пойдзе таварны састаў. Састаў, зразумела, – пад адхон, а нам застанецца толькі падняць на паветра мост. Такім чынам мы не дамо бронецягніку вярнуцца назад. Пасля настае чарга першай групы, якая перад гэтым прапусціць таварняк і мініруе ў некалькіх месцах рэйкі. Пачуўшы нашы выбухі, вы падрываеце свае зарады.
Антон казаў не зусім выразна, але партызаны зразумелі яго задуму. Старэйшыя групы дамовіліся пра ўзаемадзеянне, і Крайнюк назваў месца сустрэчы ў лесе пасля выканання задання.
– А зараз усім спаць. Пад’ём у дзве гадзіны ночы. Да світання трэба выйсці на зыходныя пазіцыі.
Нарэшце наступіў час дзеяння. Партызаны, як і было дамоўлена, трыма групамі рушылі да чыгункі. Толькі-толькі замігцеў світанак, як усе занялі свае месцы. Першай павінна была прыступіць да справы група Крайнюка. Антон падвёў дзясятак сваіх байцоў амаль ушчыльную да салдат, якія заселі ў засадзе. Праз кусты ён бачыў, што не спаў толькі адзін кулямётчык і адзін з аўтаматчыкаў, астатнія, накрыўшыся плашч-палаткамі, спалі цеснай групай.
Крайнюк распарадзіўся:
– Чацвёра павінны бясшумна зняць кулямётчыка і аўтаматчыка, астатнія ліквідуюць спячых гітлераўцаў. Але пакуль трэба пачакаць, калі пройдзе бронецягнік.
«А што, калі бронецягнік сёння не пойдзе ці, прынамсі, затрымаецца? Значыць, прачнуцца астатнія фрыцы. Паспрабуй тады абысціся без шуму!» Ён вырашыў пачакаць яшчэ паўгадзіны, паколькі час трываў.
Пачаўся пакутлівы адлік хвілін. Кулямётчык павярнуўся на бок, дастаў з кішэні папяросу, накрыўся плашч-палаткай, запаліў. А світанак браў сваё. Але вось удалечыні пачуўся знаёмы шум, ён паступова нарастаў, і сумнення не было – ідзе цягнік. Толькі які? «А раптам немцы пусцілі вайсковы эшалон, і мы праваронім яго? – з трывогай падумаў Крайнюк. – Трэба было Славіна папярэдзіць, каб падрываў».
У гэты момант немец-аўтаматчык штосьці сказаў свайму таварышу і пайшоў да чыгуначнага палатна. З-за павароту не спяшаючыся выпаўз бронецягнік. Аўтаматчык памахаў рукой немцу, які высунуўся з акенца браняванага паравоза. Той таксама адказаў яму ўзмахам рукі, і аўтаматчык пакрочыў на ранейшае сваё месца. Бронецягнік перасек мост і, ледзь павялічыўшы хуткасць, схаваўся.
Крайнюк уявіў, як гэта махіна цяпер спыніцца на запасным пуці, прапусціць цягнік, які ідзе следам, а затым кранецца назад, пагражаючы ляску сваімі гарматамі і кулямётамі. Калі аўтаматчык вярнуўся на месца і, расцягнуўшыся на зямлі, пачаў глядзець у бок дарогі, Антон падаў умоўны сігнал. Байцы кінуліся наперад. Усё было скончана імгненна, толькі кулямётчык паспеў ускрыкнуць.
Антон скаціўся з пагорка, кінуўся да моста. Тут жа падбеглі астатнія байцы з яго групы.
Замініравалі ў двух месцах мост і чакалі падыходу тых, хто збіраў трафеі і дакументы знішчаных гітлераўцаў. Вось і яны. Хутка працягнулі провад да хмызняка, заляглі. Толькі паспеў камандзір размеркаваць паміж партызанамі груз, а яго аказалася нямала, як з таго боку, адкуль прайшоў бронецягнік, паказаўся цяжкі састаў. Ён імчаўся на вялікай хуткасці. «Ну, Валодзя, не падвядзі!» – у думках усклікнуў Крайнюк.
А Славін у гэты момант ляжаў побач з партызанам, які павінен быў крутануць ручку магнета, напружана прыслухоўваўся да шуму надыходзячага цягніка. Састаў цягнулі два паравозы.
«Напэўна тэхніку вязуць», – падумаў Славін. І сапраўды, на платформах стаялі танкі, накрытыя брызентам. Акрамя таго, да саставу было прычэплена каля дзясятка цыстэрнаў з гаручым.
Уладзімір добра ведаў, што магнета трымае ў руках дасведчаны падрыўнік. Тым не менш, на нейкае імгненне яму здалося, што паравозы паспелі праскочыць фатальную кропку і ніякага выбуху не адбудзецца. І раптам пад пярэднімі коламі галаўнога лакаматыва ўскінулася полымя, неверагоднай сілы грукат аглушыў мясцовасць. Паравозы, а за імі платформы разам з грузам на велізарнай хуткасці, пераварочваючыся, панесліся пад адхон. Далей Славін не глядзеў. Ён ускочыў на ногі, махнуў байцам рукой, і ўсе рынуліся ў глыб лесу. Ззаду чуліся аглушальныя выбухі, языкі полымя прагна пажыралі каштоўны груз, які так і не патрапіў на фронт. Славін нават не чуў, як злева, дзе знаходзіўся Антон са сваёй групай, і справа, у размяшчэнні першай групы, грукаталі новыя выбухі. Уладзімір, спачатку паглыбіўшыся ў лес, прыняў крыху лявей, каб хутчэй сустрэцца з астатнімі падрыўнікамі. І гэта было яго памылкай, бо да падарванага моста падышоў бронецягнік і адразу ж адкрыў шалёны агонь па лесе. На партызан абрынуўся шквал артылерыйскага і кулямётнага агню, але самую вялікую непрыемнасць прычыніў шасціствольны мінамёт. З ім Славін пазнаёміўся ўпершыню. Міны рэдка дасягалі зямлі. Яны, удараючыся аб верхавіны дрэў і буйныя галіны, выбухалі ўгары. Гэта быў першы выпадак, калі фашысты ўжылі ў такіх умовах шасціствольны мінамёт. Вакол ірваліся міны і снарады, віскаталі буйнакаліберныя кулі – было сапраўднае пекла, у якім вельмі цяжка захоўваць стрыманасць і вытрымку. Уладзімір нырнуў у першую ж варонку, што трапілася яму, і ўсім целам прыціснуўся да зямлі, яшчэ дымнай ад выбуху.
Так, у гэты момант Славін упершыню спазнаў, што такое страх. Колькі высілкаў каштавала, каб утрымацца ў варонцы і перачакаць, пакуль супакоіцца агністы шквал!
А немцы, відавочна, вырашылі, што ў гэтым квадраце нікога жывога не засталося, і перакінулі агонь у глыб лесу. Партызаны, аглухлыя і прысыпаныя зямлёй, пачалі выпаўзаць са сваіх хованак і, сяк-так атросшыся, пабеглі далей. Славін страціў лік часу. Ён ужо не мог арыентавацца і проста імкнуўся не адставаць ад вопытных таварышаў.
Нарэшце ім удалося сысці з зоны агню, і яны змаглі трохі перавесці дух. Група Славіна не далічылася чатырох байцоў, траіх не стала і ў групе Крайнюка. Пасля кароткай нарады вырашылі як мага хутчэй ісці да вызначанага месца сустрэчы ўсёй групы.
Ішлі па лесе доўга і толькі да вечара злучыліся са сваімі.
Крайнюк быў рады, убачыўшы цэлага і не параненага Славіна. Як пусцілі цягнік пад адхон, яму ўжо расказалі, і ён паціснуў Валодзю руку.
– Ну што, падрыўнік? Віншую з першым эшалонам! Як перанёс «канцэрт», які арганізаваў бронецягнік?
– Слухаў, скамянеўшы. Не мог заду ад варонкі адарваць, – сумленна прызнаўся Уладзімір і спытаў: – А як ты?
– У мяне жывот быў намазаны смалой. Прыліп да зямлі пад тоўстай хвояй, ледзь падняўся, – адказаў пад рогат таварышаў Крайнюк.
Наступіў момант, калі байцы нарэшце зразумелі, што ўсё ўжо ззаду, знікла вялікая нервовая напруга. Адышлі, пацяплелі душы. Усе цешыліся, што зноў блакітнее неба, ззяе сонейка, а вакол – цішыня. Жыццё працягвалася! Але гэты настрой змяніўся сумам і гаркатой страт.
Партызаны пайшлі шукаць сваіх таварышаў. Неўзабаве знайшлі траіх. Яны былі паранены, прычым адзін ад кантузіі аглух. Аказалі ім дапамогу і працягвалі пошук. Лазілі па пуцях доўга.
Нарэшце адшукалі астатніх чацвярых. Усе яны былі мёртвымі.
Параіўшыся, вырашылі забітых не хаваць, а несці ў атрад.
Толькі ўвечары, калі ўжо сцямнела, Крайнюк вырашыў зрабіць прывал, а ранкам рушыць на злучэнне з атрадам.
Прывал у летні час – не праблема: пара яловых галінак, зверху плашчпалатка ці пінжак. Крайнюк і Славін уладкаваліся побач. Уладзімір адкрыта расказаў сябру пра хваляванні, якія ён перажыў, пра страх, які ахапіў яго падчас артылерыйскага абстрэлу. Крайнюк слухаў, успамінаючы свае першыя крокі ў партызанскім атрадзе. Ён ямчэй уладкаваўся на галінах, даверліва заўважыў:
– Ведаеш, Валодзя, мне таксама гэта знаёма. Па-мойму, кожны чалавек павінен прайсці праз такое выпрабаванне. Зараз ты разумееш, што такое страх. Калі ён не спыніць, як зноў пойдзеш у бой, значыць можаш лічыць сябе байцом. – І раптам спытаў:
– Што чуваць пра бацькоў?
Славін, трохі памаўчаўшы, хмурна адказаў:
– Нічога. Камандзір атрада спрабаваў высветліць – безвынікова.
Яны змоўклі. Валодзя ў думках быў у акупіраваным Мінску: «Што там? Дзе бацька і маці? Ці жывыя? Ці давядзецца калі-небудзь сустрэцца? Эх, калі б тата і мама былі цяпер тут, у атрадзе!»
Неўзаметку для сябе Уладзімір заснуў, а калі прачнуўся, ужо світала.
Крайнюк пачаў будзіць людзей, і неўзабаве іх група, несучы забітых і параненых, рушыла да месца стаянкі атрада.
Сустрэча была цяжкай. Хавалі загінулых у гэты ж дзень.
Крайнюк падрабязна далажыў камандзіру аб праведзенай аперацыі. Выслухаўшы яго, Глазкоў моўчкі прайшоўся па зямлянцы і, спыніўшыся насупраць Антона, сказаў:
– Дзейнічалі вы правільна і граматна. Шкада вельмі загінулых таварышаў. Але што паробіш, Антон, страты непазбежныя. Дзякуй за службу, ідзі адпачывай. Наперадзе яшчэ шмат у нас з табой спраў.
Крайнюк выйшаў з зямлянкі і адразу ж убачыў Славіна. Ён сядзеў на зваленым дрэве і разглядаў трафейны аўтамат.
– Валодзя, ты чаму не спіш?
– Я цябе чакаў, – адказаў Славін і, падняўшыся са свайго месца, ускінуў аўтамат за плячо, – пайшлі…
Прайшло два дні. Сябры сядзелі на невялікай палянцы, акружанай хмызняком. Славін прасачыў вачамі за палётам птушкі, якая пырхнула з дрэва, што стаяла недалёка, і павярнуўся да Крайнюка:
– Ты ведаеш, мне здаецца, што з пачатку вайны прайшло не два гады, а прынамсі дзясятак.
Ззаду пачуўся шоргат. Антон і Уладзімір азірнуліся і ўбачылі Панчанкава Сяргея. Той напрамую праз маліннік прабіраўся да іх:
– Вось вы дзе схаваліся. А я вас паўгадзіны ўжо шукаю. Антон, бяжы да камандзіра, ён цябе чакае.
Крайнюк устаў і накіраваўся праз гэты ж маліннік, дзе толькі што прабіраўся Сяргей, да камандзірскай зямлянкі.
Глазкоў быў адзін. Ён адразу ж перайшоў да справы:
– Антон, возьмеш Славіна ці Панчанкава і пойдзеш на сустрэчу з Мачалавай. Яна павінна перадаць ад нашых медыкаменты і данясенне. Паспрабуй пераканаць яе, каб сыходзіла ў атрад. Пагавары з ёй сур’ёзна. Скажы, што атрад хутка пойдзе ў іншае месца і сувязь з ёй на некаторы час будзе перапынена.
– Ёсць, – дакладна, па-вайсковаму адказаў Крайнюк і спытаў: – Калі адпраўляцца на сустрэчу з настаўніцай?
Глазкоў ледзь прыкметна ўсміхнуўся: ох ужо гэтыя вясковыя звычкі. Даўно павялося ў вёсцы настаўнікаў, старшыню калгаса ды і брыгадзіраў не па імені зваць, а па пасадзе.
– Пойдзеце ўначы. Сустрэча прызначана на тры гадзіны, як звычайна, ля закінутай вузкакалейкі. Дарогу ты ведаеш добра, не заблудзішся, – і нечакана спытаў: – Па маці не занудзіўся?
– Занудзіўся, – прастадушна адказаў хлопец. Яму падумалася, што цяпер камандзір скажа: «Наведай яе», але камандзір мякка прагаварыў:
– Вядома, занудзіўся, але хадзіць туды не трэба. Нельга дапусціць, каб паліцаі пранюхалі, што ты бываеш у маці. Сам ведаеш – не мінуць тады бяды.
Выйшаўшы з зямлянкі, Крайнюк знайшоў Славіна і прапанаваў пайсці з ім.
Яны вырашылі крыху раней легчы спаць, а апоўначы пайсці на сустрэчу з сувязной…
Таццяна Андрэеўна
Мачалава вярталася пасля сустрэчы з партызанскімі пасланцамі Антонам Крайнюком і яго сябрам Валодзем са змешаным пачуццём выкананага задання і трывогі.
Хлопцы перадалі Таццяне Андрэеўне прапанову Глазкова ісці да партызан, тым больш што атрад збіраўся перабазіравацца ў іншае месца. Але Мачалава ніяк не магла рашыцца на гэта. І ў яе былі на гэта свае прычыны. Яна была рада, што нарэшце і для яе знайшлася справа, і, выконваючы абавязкі сувязной, адчувала сябе патрэбнай людзям.
Таццяна чула пра зверствы фашыстаў, але ў душы цяплілася надзея, што бяда міне яе сям’ю. Пасля таго як партызаны судзілі і пакаралі смерцю паліцая Грышку Мірэвіча, да яе больш ніхто не прыставаў і не пагражаў.
Чым далей адыходзіла яна ад месца сустрэчы, тым спакайней станавілася на душы. Набліжаўся світанак, і калі яна выйшла з лесу, на ўсходзе запунсавела палоска святла.
Мачалава спынілася пасярод шырокага поля. Спявалі птушкі, было цёпла. Глыбока ўдыхаючы настаялае на траве і кветках паветра, яна глядзела наперад на невялікую вёсачку, якая раскінулася перад ёй. Калі абысці вялікі калгасны хлеў, дзе раней, да вайны, захоўвалася сена, адразу будзе бачна хата Крайнюкоў. Астатнія хаты стаяць далей, уздоўж нешырокай вуліцы. Зрэдку цішыню парушала пеўневае «кукарэку». Таццяна пазнала крык пеўня Марфы Сцяпанаўны і ўсміхнулася, успомніўшы, як яна хавала яго ад немцаў, калі тыя стаялі ў вёсцы. «Трэба ісці, – падумала Мачалава, – пакуль людзі спяць». І яна, прымінаючы высокую росную траву, пайшла да вёскі. Праходзячы міма велізарнага хлява, паглядзела на дзверы і ўбачыла вялікі іржавы замак. «Цікава, ці захаваўся ад яго ключ?»
Падышла да сваёй хаты, азірнулася і хутка праслізнула ў веснічкі. Не падыходзячы да дзвярэй, паціху пастукала ў акенца. У ім адразу ж з’явіўся твар Марфы Сцяпанаўны. «Не спіць, перажывае», – падумала Таццяна, накіроўваючыся да дзвярэй. Так павялося ўжо ў іх: калі Мачалава ішла да партызан, Марфа Сцяпанаўна начавала ў яе хаце.
Ціха бразнула клямка, і дзверы адчыніліся. Марфа Сцяпанаўна спытала:
– Антона бачыла?
– Бачыла, бачыла. Жывы, здаровы, кланяцца загадаў.
Яны ўвайшлі ў хату, Таццяна сцісла расказала пра сустрэчу і адразу ж легла спаць. Яна не чула, як прачнуліся дзеці. Марфа Сцяпанаўна пакарміла і выправадзіла іх у двор.
А Таццяне прысніўся муж. Ён стаяў недалёка ад калгаснага хлява, міма якога яна нядаўна праходзіла, і ўсміхаўся. Яна захацела падбегчы да яго, але Пётр раптам нейкім зусім незнаёмым голасам гучна спытаў:
– Хто ёсць дома?
«Няўжо ён мяне не пазнае?» – здзівілася Таня і вырашыла паклікаць мужа, але тут прачнулася ад моцнага штуршка ў плячо. Хтосьці груба сказаў:
– Ну чаго разляглася? На дварэ ўжо дзень даўно, а яна ў ложку валяецца! Падымайся!
Мачалава здрыганулася і адкрыла вочы. Над ёй стаяў паліцай Юшэвіч. Ён быў сябрам Мірэвіча, але пасля знікнення Грышкі крыху прыцішэў і паводзіў сябе больш асцярожна. Таня села і адразу ж убачыла, што, акрамя паліцая, у хаце знаходзяцца двое немцаў з аўтаматамі. У куце, прыціснуўшыся да Марфы Сцяпанаўны, – Юля і Ваня. Яны моўчкі сачылі спалоханымі вачамі за тым, што адбываецца ў хаце.
Адзін немец рэзка сказаў: «Шнель, шнель!» Паліцай зноў груба штурхнуў Таню ў плячо:
– Ну, чаго чакаеш? Хочаш, каб я цябе за кудлы выцягнуў? Апранайся і выходзь са сваёй кодлай на вуліцу. Немцы з вамі гаварыць хочуць.
Таццяна дрыготкімі рукамі пацягнулася да спінкі ложка, узяла сукенку і, нацягваючы яе на сябе, падумала:
«Што здарылася? Няўжо высачылі мяне? Госпадзі, калі гэта так, то тады канец! Як жа дзяцей выратаваць?» На ўсякі выпадак спытала ў паліцая:
– Скажы хоць, што здарылася?
– Убачыш, шкура чырвоная! Выходзь, а то прыкладам дапамагу!
Дзеці падскочылі да Таццяны Андрэеўны.
– Мама, мамачка, мне страшна, ён заб’е нас! – са страхам сказала Юля і прыціснулася да матчынай рукі.
Мачалава абняла дзяцей і стала супакойваць іх:
– Ну што вы, дзеткі, не хвалюйцеся, усё будзе добра.
Яны пайшлі да дзвярэй, а паліцай пхнуў у бок Марфу Сцяпанаўну:
– А ты, старэбіна, чаго сядзіш? Марш з хаты!
Яны выйшлі ў двор, немцы падштурхоўвалі іх прыкладамі – на вуліцу.
Таня, убачыўшы, што па вуліцы міма яе хаты гоняць і іншых жыхароў вёскі, трохі супакоілася: «Значыць, не высачылі мяне. Усіх гоняць у поле».
Яна адшукала вачамі суседку і паклікала яе:
– Цётка Марфа, ідзіце да нас, – і, пачакаўшы, калі яна падыдзе, дадала: – Будзем разам трымацца. Не разумею толькі, адкуль немцы ўзяліся?
– На машынах прыехалі, вунь іх колькі, паглядзі.
Таццяна азірнулася і на другім канцы вёскі ўбачыла пяць ці шэсць грузавікоў.
Немцы строілі людзей у калону і гналі пасярэдзіне вуліцы, а самі з аўтаматамі напагатоў ішлі па баках уздоўж платоў. Мачалавых і Крайнюк заштурхалі ў калону. Людзі неспакойна перагаворваліся, круцілі галовамі, імкнуліся, выцягнуўшы шыі, паглядзець наперад, дзе на чале калоны ішлі з немцамі чацвёра паліцаяў.
Непадалёк ад Мачалавых да суседскага чатырнаццацігадовага хлопца Толі Лазебнага падбег дварняк, у яго на шыі боўтаўся абрывак вяроўкі. Відавочна, ён сарваўся з прывязі і, адшукаўшы ў натоўпе гаспадара, радасна павіскваючы, заскакаў каля яго. Але тут у натоўп уварваўся здаравенны з закасанымі рукавамі немец. Ён штосьці люта пракрычаў і моцна стукнуў падкаваным ботам сабаку. Той з віскам адляцеў да плота і зваліўся на спіну. Немец, не даючы яму падняцца, ускінуў аўтамат, і ў нечаканай цішыні злавесна грукнуў стрэл. Сабачка, падскокнуўшы на лапы, тут жа зваліўся на зямлю. З яго галавы на пыльную дарогу пацякла кроў, якая здавалася чорнай.
Людзі застылі ад гэтай вар’яцкай жорсткасці, а Толя рвануўся да немца:
– За што ты яе, фашыст пракляты!
Добра, што побач апынуўся дзед Пятрусь. Ён схапіў хлопца за рукі:
– Толечка, цішэй, супакойся, а то ён і цябе! Бачыш, ён ужо ў цябе цаляе. Для яго ж што сабака, што чалавек – адно і тое ж. Што возьмеш з гада?
Пачуліся крыкі. Гэта немцы падганялі людзей, патрабуючы, каб яны ішлі наперад. Неўзабаве калона была ў полі, і Таня ўбачыла, што іх вядуць да хлява, міма якога яна праходзіла перад світанкам. Тых, хто прыпыняўся ля шырока расчыненых дзвярэй, немцы бесцырымонна падштурхоўвалі прыкладамі.
Яны апынуліся ў вялікім хляве, які хутка запаўнялі людзьмі. Неўзабаве ўсе жыхары вёскі знаходзіліся ў ім. Са скрыпам зачыніліся дзверы. Тыя, хто знаходзіўся бліжэй да выхаду, праз невялікія шчыліны ўбачылі, што немцы павесілі на дзверы замок і сталі падпіраць іх тоўстымі доўгімі каламі.
Людзі яшчэ больш занепакоіліся, выказваючы розныя здагадкі:
– Навошта яны нас сюды сагналі?
– Можа, дабро наша хочуць забраць, дык і так ужо ўсё адабралі?..
– Напэўна, дапытваць будуць… А вось паліцэйскія сем’і не кранулі.
– А можа, спаліць нас жыўцом хочуць.
Хлапчук гадоў сямі разам са сваімі такімі ж светлавалосымі аднагодкамі прабраўся да дзвярэй і зазірнуў у шчыліну. Адзін з немцаў заўважыў яго блакітнае вока, якое з цікаўнасцю выглядае са шчыліны, і з усёй сілы стукнуў прыкладам па дошках:
– Цурук!
Хлапчук у спалоху адскочыў, тут жа пачуўся трывожны голас маці:
– Андрэйка, Андрэйка, адыдзі ад дзвярэй. Немцы злыя, не бачыш? Стрэльне які.
А ў куце старэйшыя хлопцы дапамагалі таварышу падняцца па бярвеністай сцяне вышэй, туды, дзе пад самым саламяным дахам віднелася невялікая шчыліна.
І вось ён ужо застыў поруч яе. З хвіліну глядзеў моўчкі ў бок вёскі, а затым голасам, які змяніўся, нібы ў горле штосьці затрымалася, сказаў:
– Яны хаты нашы паляць.
Загудзела і рынулася людская маса да дзвярэй, і ў першых шэрагах Андрэйка і іншыя дзеці. Зарыпалі дзверы, запішчалі дзеткі, прыціснутыя да дошак. І раптам знадворку, прама праз дошкі, прабіваючы роўным радком дзіркі, стукнуў аўтамат. Людзі ўраз адрынулі, а на падлозе засталіся ляжаць дзеці, затуляючы русыя галоўкі далонямі, як быццам маленькія худзенькія ручкі маглі закрыць іх ад смерці. Да іх з крыкамі кінуліся маці, адрывалі іх бледныя твары ад земляной падлогі, абмацвалі.
Усе дзеці аказаліся жывыя, а вось ледзь далей ад іх, ззаду на падлозе засталіся ляжаць чатыры жанчыны і дзед Пятрусь. Аўтаматная чарга прашыла іх. Не паспелі людзі агледзець забітых, як ва ўсіх чатырох вуглах успыхнуў саламяны дах.
– Людзі-і добрыя! – гучна закрычала пажылая жанчына. – Што ж гэта робіцца, яны ж нас жывымі спаліць хочуць!
Хлеў пачаў хутка запаўняцца дымам. Закрычалі дарослыя, заплакалі дзеці, усе разумелі – гэта канец!
Таццяна Андрэеўна стаяла ля процілеглай сцяны і шырока раскрытымі вачамі глядзела, як языкі полымя ўсё шырэй ахоплівалі сухі саламяны дах. Яна не бачыла, што знадворку хлеў, абліты бензінам, гарэў увесь, і немцы, якія акружылі яго, адышлі крыху далей, бо жар станавіўся невыносным. Таццяна зразумела, што вось і скончылася яе жыццё, жыццё яе дзяцей. Яна павярнула плачучых ад страху дзяцей тварыкамі да сябе і шчыльна прыціснула іх носікамі: «Бывай, Пеця каханы, не зберагла я табе дзяцей! Прабач! І адпомсці!»
А вакол дзеялася невытлумачальнае. Хтосьці са старых маліўся, хтосьці, прыціскаючы дзяцей, стараўся закрыць іх сабой ад агню. І раптам усіх перакрычаў малады і звонкі голас Толі Лазебнага. Голас быў хлапечы, але гучаў пераканана і патрабавальна, як загад:
– Людзі, мы ж цяпер згарым. Давайце кінемся на дзверы, а раптам камунебудзь пашанцуе і ён уцячэ!
Усё разумелі, што гэта рабіць бескарысна, але ўсё ж – гэта шанец, хай маленькая, але нейкая надзея. А старыя і дзеці старэйшыя ўжо прабіваліся да дзвярэй. Кожны думаў: калі не атрымаецца ўцячы, то лепш загінуць вось так.
Разгайдаўшыся, натоўп стукнуў у дзверы. Яны не вытрымалі такога націску і разляцеліся на кавалкі.
Для немцаў гэта было нечаканым. Яны спахапіліся, калі першыя дзясяткі людзей у падпаленай адзежы кінуліся ў розныя бакі. І толькі тады насустрач пырснулі смяротным агнём аўтаматы. Таня, моцна трымаючы за рукі дзяцей, бегла ў сярэдзіне натоўпу, які хутка радзеў. На імгненне яна разам з дзецьмі апынулася паміж дзвюма групамі немцаў, і тыя на нейкі момант, баючыся пацэліць адзін у аднаго, спынілі агонь. Людзі кінуліся па высокай траве да лесу, што віднеўся недалёка. А ззаду з новай сілай загрымелі стрэлы. Таня паставіла дзяцей наперадзе сябе:
– Бяжыце да лесу, не аглядайцеся і не спыняйцеся! – А сама падумала: «Можа, я іх ад куль сваім целам закрыю».
Таня ні на секунду не сумнявалася, што яна загіне. Але перад ёй, нібы тоненькая палоска святла, з’явілася надзея выратаваць дзяцей.
Божа, калі б гэта здарылася! Яна гатовая была сама памерці, абы яны выратаваліся! Толькі б яны жылі!
Мачалава, не азіраючыся і не гледзячы па баках, бегла за дзецьмі, якія, амаль цалкам хаваючыся ў высокай траве, несліся з усіх сіл да лесу.
І вось яны ў лесе. Яна бегла за дзецьмі, якія былі так напалоханы, што ніяк не маглі спыніцца. Ужо даўно не былі чутны стрэлы і перасталі віскатаць вакол кулі, а яны ўсё беглі. І раптам Таня зразумела: яны выратаваліся! Яны жывыя!
Яна спынілася, паклікала дзяцей, яны таксама сталі і павярнулі да яе вымазаныя сажай твары. Дзеці глядзелі на яе і шырока адкрытымі ратамі прагна лавілі паветра. Таццяна звалілася на траву і гучна заплакала. Цяжка нават сказаць, якія гэта былі слёзы: радасці ці гаркаты. Перад вачамі стаяла страшная карціна: «Усіх жыхароў вёскі! За што?» Яна ляжала, уткнуўшыся тварам у вільготную пахкую траву, і ніяк не магла прымусіць сябе паверыць, што яе дзеці і яна сама засталіся жывыя.
Не ведала ў гэты момант Таццяна Андрэеўна, што, акрамя яе сям’і і аднаго пятнаццацігадовага хлопца, не выратаваўся больш ніхто. У той час, як яна, знясіленая і прыдушаная горам, якое зваліліся на вёску, рыдала, немцы адшуквалі ў густой траве, мёртвых і параненых, цягнулі да хлява, што яшчэ працягваў гарэць і кідалі ў агонь.
І толькі пазней, калі пройдзе нямала часу, успамінаючы гэты жудасны малюнак, Таццяна Андрэеўна будзе заўсёды памятаць чатырнаццацігадовага хлопца Толю Лазебнага, які нават у безнадзейнай сітуацыі знайшоў у сабе незвычайныя сілы, каб заклікаць людзей да супраціўлення. Гэта яму заўсёды будзе ўдзячная сям’я Мачалавых і іх аднавясковец Міша Лукашэвіч за выратаванне, за тое, што яны працягвалі жыць на ласкавай, асветленай сонцам зямлі.