Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 41 (всего у книги 41 страниц)
6 кастрычнiка
Пятнiца. Пiсаў вельмi мала. Горне на сон. Балiць сэрца. Клопат i думкi аб кватэры. Рэня i Iра спяць на падлозе. Учора ўвечары заўважыў, што ногi апухлi да кален. Сэрца! У турме ў мяне апухалi толькi ступенi. Прага мець цiхi свой кут i пасцель i вылежацца як мае быць. А тут абяцаюць, што кватэра можа быць толькi праз два тыднi. Гэта значыцца, што не менш месяца трэба чакаць. А два месяцы то напэўна. Баюся, што не вытрымаю да пасцелi i падушкi. Здань смерцi мучыць мяне. Так я доўга не пацягну. I кому повем печаль мою? Хоць бы адзiн хто блiзкi i разумны, а Рэню буду берагчы ад трывог.
11 кастрычнiка
Сёння многа i, здаецца, добра пiсаў. 7 кастрычнiка заходзiла да мяне не вядомая мне дагэтуль Марыля Шутовiч з Вiльнi, жонка ксяндза37 Адама Станкевiча38. Яна прыехала ў Менск, каб дайсцi тут якое-небудзь рады: вiленск[i] бiскуп, пiлсудчык Ялжбыкоўскi садзiць усюды па Беларусi на парафii палякаў ксяндзоў, якiя i прапаведуюць з амбоняў, што ўсе беларусы каталiкi ёсць чыстыя палякi. Гэтая жанчына вельмi прыемная асоба, тыповая яшчэ нашанiўка. Да мяне прышла з просьбай надаць усяму гэтаму не рэлiгiйны, а палiтычна-нацыянальны характар i так падаць у адпаведныя рэспублiканскiя органы.
Прыехаў з Вiльнi мастак Сергiевiч39. Мiлы чалавек i з вялiкiм талентам. Заходзiць часта. Пражыўшы з маленства i дагэтуль на Заходняй Беларусi, ён у нас анiяк не можа арыентавацца. Шукае падтрымкi i парад. Гэта нацыянальны мастак, поўны як мае быць.
22 лiстапада
Бадай што ўжо месяц, як у "кватэры", дадзенай мне Саўнаркомам. Але ж якраз як тая камера ў турме, дзе я сядзеў у 1938 годзе. Можна сказаць, што я ўжо дайшоў да апошняй мяжы. Бруд, цемень – вокны глядзяць у чорны трохкутнiк з высозных муроў. Пiсаць няма як i жыць няма як. А тут жа, па адным карыдоры, рамантуюць кватэру Рыжыкаву. Там светла i добра. Там Рыжыкаву можна будзе круцiць патэфон i гуляць у "пульку". У нас няма ўласнага жыцця, мы ўсё аддаём дзяржаве. Мы аддалi дзяржаве свае душы i таленты, але мы не Рыжыкавы. Я жыву як апошняе пакiдзiшча. I не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не эўрапейская дзяржава, дзе iнтэлектуальныя асаблiвасцi чалавека робяць яго жыццё арганiзаваным. А ў нас азiятчына. Падхалiмства, хабарнiцтва, чыноўнiцтва, паклёпнiцтва – за апошнiя годы паднялося на вялiкую вышыню. Колькi нашай iнтэлiгенцыi без дай прычыны гнiе ў турмах i на высылцы! У мяне ўжо няма 70% здароўя. Я гiну i не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сiлы мае трацяцца i марнуюцца без карысцi. Доўгiя годы мяне мучыла ГПУ-НКВД. А цяпер замест таго, каб рабiць тое, што мне трэба рабiць, я палю ў печы, цягаю ваду, змываю гаўно ў прыбiральнi, краду дровы, дастаю з дошчак цвiкi, мыю сваю парваную i вываленую адзежу. Тут вайна не да канца вiнавата. Тут многа ад хамства. Апарат НКГБ i тысячы чыноўнiкаў займаюць увесь горад – яны ўмеюць i любяць рваць адзiн аднаго i ўсiх за горла, а я гэтага не ўмею рабiць, дык не магу нават дастаць хоць тоненькi праменьчык дзённага святла ў вакно i мучуся ў пограбе. Божа, напiшы за мяне мае раманы, хiба так малiцца, цi што?
КАМЕНТАР
Кожны сапраўдны пiсьменнiк марыць пра сваю Галоўную Кнiгу, у якой змог бы выказацца напоўнiцу. Кузьма Чорны знаходзiўся на падыходзе да гэтай кнiгi. Бо што такое для празаiка, тым больш эпiчнага таленту, 44 пражытых гады жыцця? Мiж тым менавiта ў гэтым узросце Леў Талстой завяршыў эпапею 'Вайна i мiр', а Джэймс Джойс апублiкаваў раман 'Улiс'. Рукапiсы апошнiх гадоў жыцця Чорнага выразна сведчаць, больш таго, крыкам крычаць пра тое, што празаiк стаяў на парозе самых вялiкiх сваiх мастацкiх i фiласофскiх адкрыццяў.
Вядома, Чорны застаўся б Чорным, класiкам нацыянальнай лiтаратуры i тады, калi б лiчыўся аўтарам толькi рамана 'Зямля' альбо 'Бацькаўшчына'. Тым не менш i ў яго ёсць мастацкiя творы, у якiх талент пiсьменнiка выявiўся асаблiва ўражлiва i глыбока, выявiўся ў сваёй 'рэальнай шматграннасцi i фiласофскiм адзiнстве', калi карыстацца ў дадзеным выпадку словамi самога Чорнага. З усяго невычэрпнага багацця чорнаўскай творчасцi мы паспрабавалi зрабiць пэўны адбор – гэта апавяданнi, аповесцi, раманы, дзённiк, асобныя артыкулы розных перыядаў, якiя i сёння гучаць надзвычай надзённа, а ў сукупнасцi ствараюць стэрэаскапiчны творчы партрэт выдатнага празаiка.
Аўтографы празаiка захоўваюцца ў сямейным архiве пiсьменнiка, а таксама ў Дзяржаўным архiве-музеi лiтаратуры i мастацтва (ДАМЛiМ, ф. 52. Страхавыя мiкрафiльмы. воп. 1, адз. зах. 1-76).
Асноўнай тэксталагiчнай крынiцай пры складаннi аднатомнiка паслужыў найбольш поўны i найбольш дакладна вывераны Збор твораў Кузьмы Чорнага ў 8-i тамах (1972-1975). Што да 'Дзённiка' празаiка, то ён публiкуецца па часопiсе 'Полымя' (1988, № 4), дзе ўпершыню прадстаўлены ў аўтэнтычным выглядзе.
Каментар да яго склалi М.Тычына i Я.Янушкевiч; да астатнiх раздзелаў М.Тычына.
У каментарнай частцы дзённiка выкарыстаны заўвагi i парады Янкi Брыля, Валянцiны Гапавай, Генадзя Кiсялёва, Арсена Лiса, Уладзiмiра Ляхоўскага, Рыгора Рэлеса, Анатоля Сабалеўскага, Фрыды Фiнкель.
РАМАНЫ
Пошукі будучыні
Друкуецца па аўтографе. На вокладцы – назва рамана i малюнак, якi належыць пяру К.Чорнага: два дрэвы на першым плане i трэцяе ўдалечынi. На першым лiсце рукапiсу намалявана высокае дрэва i будынак, у якiм можна ўгадаць гумно з шырокiмi варотамi, каля сцяны знаходзiцца фрагмент агароджы. На другiм лiсце слупком выпiсаны iмёны i прозвiшчы галоўных персанажаў рамана. У канцы аўтографа пазначана: «Канец. Кузьма Чорны. 7 гадзiн вечара, 18-га верасня 1943 г. Масква. Гасцiнiца «Якорь». 2 лiпеня 1944 года Чорны запiсаў у сваiм «Дзённiку», што, ачуняўшы пасля цяжкай хваробы, якая суправаджалася амаль поўнай слепатой, ён перапiсваў рукапiс рамана: «А яшчэ шэсць месяцаў таму, калi пачынаў перапiсваць «Пошукi будучынi», мне была пакута выпiсваць роўна загаловак i першы радок». Упершыню раман публiкаваўся ў часопiсе «Полымя», 1950, № 11–12, дзе быў падвергнуты прыкметнай рэдактарскай апрацоўцы.
Млечны шлях
Друкуецца па аўтографе. Завершаны 12 студзеня 1944 года. Упершыню публiкаваўся ў Зборы твораў у 8i тамах (1972–1975). У дадзеным выданнi ўзнаўляюцца купюры, зробленыя цэнзурай па кан’юнктурных прычынах (у 6м томе Збору твораў яны пазначаны шматкроп’ем).
АПОВЕСЦI
Лявон Бушмар
Друкуецца па кнiзе «Лявон Бушмар» (Менск, БДВ, 1930). Упершыню апублiкавана ў часопiсе «Узвышша», 1929, №7—10. Завершаны ў сакавiку 1929 года. У тэксце аповесцi, апублiкаванай асобным выданнем, паметка ў канцы: «Слуцак».
Неўзабаве пасля публiкацыi аповесцi з’явiўся артыкул крытыка Алеся Кучара «Пра адну рэакцыйную аповесць» (Маладняк, 1931, №1), якi азначаў круты паварот афiцыйнай лiтаратурнай крытыкi ў адносiнах да творчай суполкi «Узвышша» наогул i творчасцi Кузьмы Чорнага ў прыватнасцi. А. Кучар прызнаў аповесць таленавiтай, але тым не менш «рэакцыйнай», бо празаiк слаба паказаў класавую барацьбу, а паводзiны герояў тлумачыў з пункту погляду буржуазнага сенсуалiзму. Лявон Бушмар, галоўны герой аповесцi, на думку крытыка, выклiкае спачуванне, а не асуджэнне, а аўтар шукае «матывы для апраўдання яго ўчынкаў». I нарэшце вырак, якi выносiць крытыкаглабельшчык i якi не падлягае апеляцыi: «Чорнаўскi «фiзiялагiчны жывiзм» не толькi нiчога агульнага не мае са змаганнем пралетарскай лiтаратуры за жывога, класавага чалавека, а наадварот, пралетарская лiтаратура павiнна ўзброiцца на змаганне супраць творчых асноў К. Чорнага». «Iдэалiстычна замкнуты псiхалагiзм i грубаматэрыялiстычны фiзiялагiзм» А. Кучар недвухсэнсоўна ацэньвае як «правую небяспеку ў нашай лiтаратуры, i на яе павiнен быць накiраваны самы моцны агонь нашага змагання».
Заўтрашні дзень
Друкуецца па аўтографе. Упершыню апублiкавана ў часопiсе «Полымя», 1945, № 5–6. Дата напісання адсутнічае. Але паводле зместу, блізкага па думках і па змесце да «Дзённіка» К. Чорнага, можна меркаваць, што часам датавання льга лічыць 1944 год.
АПАВЯДАННI
На беразе
Друкуецца па газеце «Савецкая Беларусь», 1924, 31 студзеня, 1 i 2 лютага, дзе апублiкавана ўпершыню. Дата напісання пад тэкстам адсутнічае.
Ноч пры дарозе
Друкуецца па газеце «Савецкая Беларусь», 1924, 24, 25, 27–30 мая, дзе апублiкавана ўпершыню. Дата напісання пад тэкстам адсутнічае. 1 Ветліца – дарога, абсаджаная вербамі.
Па дарозе
Друкуецца па кнiзе «Вераснёвыя ночы» /Менск, БДВ, 1929, дзе датуецца чэрвенем 1925 года/. Упершыню апублiкавана ў выглядзе ўрыўка ў газеце «Савецкая Беларусь», 1925, 22 лiстапада, цалкам – у часопiсе «Маладняк», 1925, № 8. Дата напісання пад тэкстам адсутнічае.
Вечар
Друкуецца па зборнiку «Пачуццi» /Менск, БДВ, I926/. Упершыню апублiкавана ў часопiсе «Маладняк», 1926, № 10. Датуецца 14– 15 кастрычнiка 1925 года. 1 Аблубiцца – абадок. 2 Мажджыр – жалезны таўкач.
Буланы
Друкуецца па зборнiку «IIачуццi» /Менск, БДВ, I926/. Упершыню апублiкавана ў часопiсе «Маладняк», 1926, № 11. Урыўкi з апавядання друкавалiся ў газеце «Савецкая Беларусь», 1925, 23 лiстапада пад загалоўкам «Раман Драгун», 6 снежня таго ж 1925 года i 19 студзеня 1926 года. Датуецца 1925 годам.
На пыльнай дарозе
Друкуецца па зборнiку «Хвоi гавораць» /2е выданне, Менск, БДВ, I928/. Упершыню апублiкавана ў зборнiку «Хвоi гавораць» /1е выданне, Менск, БДВ, I926/. Датуецца красавiком 1926 года.
Хвоі гавораць
Друкуецца па зборнiку «Хвоi гавораць» /2е выданне, Менск, БДВ, I928/. Упершыню апублiкавана ў газеце «Савецкая Беларусь», 1926, 9 мая. Датуецца траўнем /маем/ 1926 года. 1 Дзындра – шлак.
Буры
Друкуецца па кнiзе «Выбраныя творы» /Мiнск, ДВБ, 1934/. Упершыню апублiкавана ў часопiсе «Малады араты», 1926, №12. Датуецца лiпенем 1926 года.
Пачуцці
Друкуецца па зборнiку «Пачуццi» /Менск, БДВ, 1926/, дзе змешчана ўпершыню. Датуецца 1926 годам.
Начлег у вёсцы Сінегах
Друкуецца па кнiзе «Выбраныя творы» /Мiнск, ДВБ, I934/. Упершыню апублiкавана ў часопiсе «Беларуская работнiца i сялянка», 1927, № 7. Датуецца лiпенем 1927 года.
Вераснёвыя ночы
Друкуецца па зборнiку «Вераснёвыя ночы» /Менск, БДВ, I929/. Упершыню апублiкавана ў часопiсе «Узвышша», 1928, № 4. Датуецца снежнем 1927 i жнiўнем 1928 года.
Справа Віктара Лукашэвіча
Друкуецца па часопiсе «Узвышша», 1929, № 5, дзе апублiкавана ўпершыню. Датуецца траўнем 1929 года.
Макаркавых Волька
Друкуецца па часопiсе «Полымя рэвалюцыi», 1938, кнiга 5я, дзе апублiкавана ўпершыню. Дата напісання пад тэкстам адсутнічае.
Маленькая жанчына
Друкуецца па аўтографе, дзе мае назву «Дванаццацiгодняя жанчына». Упершыню апублiкавана ў альманаху «Беларусь», 1943, кнi га 1я. Датуецца сакавiкомкрасавiком 1942 года.
Вялікае сэрца
Друкуецца па аўтографе. Упершыню апублiкавана на рускай мове ў часопiсе «Красноармеец», 1944, № 13–14. Дата напісання пад тэкстам адсутнічае.
АРТЫКУЛЫ, ДЗЁННIК
Небеларуская мова ў беларускай літаратуры
Друкуецца па часопiсе «Узвышша», 1928, № 5, дзе апублiкаван ўпершыню. Дата напісання пад тэкстам адсутнічае. 1 Язэп – у 20я гады ў беларускай прэсе так перакладалася iмя Iосiфа Сталiна.
Слуцкія сурвэты
Друкуецца па аўтографе. Дата напісання пад тэкстам адсутнічае.
Дзённік
Упершыню апублiкаваны ў часопiсе "Полымя", 1965, № 4, амаль на цэлую трэць скарочаны рэдактурай i цэнзурай. Публiкацыю суправаджаў грунтоўны артыкул С.Александровiча, даследчыка жыцця i творчасцi К.Чорнага. Яшчэ больш (амаль удвая) скарочаны тэкст "Дзённiка" ў 8-м томе Збору твораў: хрушчоўская "адлiга" змянiлася брэжнеўскiмi "прымаразкамi".
Друкуецца паводле часопiса "Полымя" (1988. № 4. С.155-163), дзе апублiкаваны без скарачэнняў (публiкацыя Р.Раманоўскай). Публiкацыя суправаджаецца ўступным словам Васiля Быкава, якi, у прыватнасцi, назваў "Дзённiк" яшчэ адным "красамоўным дакументам эпохi, хвалюючым сведчаннем багатай душы нашага волата слова, вялiкага Кузьмы Чорнага".
Некаторыя стылiстычныя ўдакладненнi зроблены згодна з аўтографам, якi захоўваецца ў сямейным архiве пiсьменнiка. Асаблiвасцi стылю пiсьменнiка (зайходзiў, смрод) як факт аўтарскай мовы празаiка пакiнуты. Рознастылёвасць паасобных слоў (тыпу Менск– Мiнск) унiфiкавана ўбок пераважнага напiсання.
Аўтограф дзённiка ўяўляе сабой малы агульны сшытак памерам 13 х 17,5 см у шэрай вокладцы, дзе захавалася больш як сто старонак. Пагiнацыя праведзена толькi да 77-й старонкi, дзе i зроблены апошнi легендарны запiс Божа, напiшы за мяне мае раманы... На фарзацы сшытка аўтограф "Притыцкий". Паводле ўспамiнаў дачкi Кузьмы Чорнага, Рагнеды, Сяргей Прытыцкi i падараваў гэты сшытак "майму бацьку", калi нейкi час жыў разам у Маскве ў гатэлi "Якорь". Мiкалай Карлавiч аддаў сшытак дачцэ, дзе яна занатоўвала любiмыя паэтычныя творы. Потым, калi сшытак спатрэбiўся, аддала яго назад бацьку, папярэдне выразаўшы спiсаныя ёю старонкi.
Запiсы К.Чорнага зроблены пераважна сiнiм атрамантам (хоць пiсьменнiк найбольш любiў чорны атрамант), почырк выразны, буйнаваты (часам, напрыканцы старонкi, запiсы рабiлiся дробнымi лiтарамi, аднак па-ранейшаму выразна).
Сшытак пачынаецца з празаiчных нататак:
с.1-5. Пачатак рамана "Скiп'ёўскi лес" (канчаецца фразай: Няма-ведама дзе ён падзеўся i нiякiя пошукi не ўзвялi следства на праўдзiвую дарогу);
с.6 – пустая;
с.7-16. Другi варыянт пачатку рамана "Скiп'ёўскi лес" (апошняя фраза: Праўдзiвей сказаць, юнацтва яе пачалося разам з вайною. I хоць яна была такая...);
с.18 – пустая;
с.19-22. Трэцi варыянт пачатку рамана "Скiп'ёўскi лес" (апошняя фраза: Пашла яна замуж толькi выбiўшыся з падлеткаў);
с.23-52. Чацвёрты варыянт (самы буйны) пачатку рамана "Скiп'ёўскi лес" (апошняя фраза: Але гэта ўжо было роўна праз два гады), прычым на с.55 ад слоў як свой i вядомы здаўных пачынаецца кавалак тэксту чорным атрамантам.
с.53-77. Дзённiк (прычым памiж старонкамi 54-й i 55-й аркуш выразаны нажнiцамi, аднак пагiнацыя захавана). На с.73 тэкст 5 кастрычнiка. Нiчога не пiсаў... да фразы Беларускай iнтэлiгенцыi бадай што ўжо няма, а гэтыя носяць яе iмя i сцiраюць з нашага жыцця беларускi характар уключна напiсаны сiнiм атрамантам; запiсы ад 11 кастрычнiка (с.75) i да канца – чорным атрамантам.
1. Iра, любая мая ўцеха – так па-сямейнаму называлася дачка пiсьменнiка Рагнеда (нарадзiлася 24 лiстапада 1928 г.).
2. Крысько Цiмох (1911 г. нар.) – сапраўднае iмя паэта, празаiка, драматурга, крытыка, педагога, сакратара Беластоцкага аддзялення Саюза савецкiх пiсьменнiкаў БССР (1940-1941), больш вядомага пад псеўданiмам Васiль Вiтка, якi ён ўзяў у гады вайны; з 1944 – адказны сакратар часопiса Беларусь. Для гэтага выдання К.Чорны i пiсаў згаданыя неаднаразова ў Дзённiку "перадавiцы".
3. Александровiч Алеся (1904-1947) – лiтаратуразнавец, педагог; працавала ў Дзяржаўнай бiблiятэцы Беларусi (1934-1936); сястра паэта Андрэя Александровiча.
4. Гутараў Iван (1906-1967) – лiтаратуразнавец, фалькларыст; у 1939-1941 дацэнт, загадчык кафедры расейскай лiтаратуры БДУ i вучоны сакратар Аддзялення грамадскiх навук АН БССР; у час вайны арганiзатар i камiсар партызанскiх атрадаў на Браншчыне, у 1943 г. адклiканы i вывезены ў Маскву "для выканання спецдаручэнняў"; займаўся адмыслова даследаваннем беларускага фальклору ў час вайны.
5. "Клiч да беларускага народа" – гэты артыкул пiсьменнiка быў апублiкаваны ў газ. "Савецкая Беларусь" (11 студз. 1942 г.) за подпiсам Я.Купала.
6. Баўдзей Л. – журналiст, аўтар артыкулаў i рэцэнзiй пра творчасць К.Чорнага ("Бацькаўшчына" // Советская Белоруссия. 1940, 18 дек.; Вобразы савецкiх людзей у творах Кузьмы Чорнага // Беларусь. 1946. № 1); асоба блiжэй невядомая.
7. Хайноўская Марыя Канстанцiнаўна – супрацоўнiца Дома пiсьменнiкаў (да вайны працавала загадчыцай медкабiнета Дома пiсьменнiкаў); пасля вайны загадвала бiблiятэкай Саюза пiсьменнiкаў.
8. Анюта (1906-1983) – малодшая сястра пiсьменнiка.
9. Маша (1902-1988) – малодшая сястра пiсьменнiка.
10. Рэня (Рэвека Свераноўская, 30.11.1899-30.03.1987) – жонка Кузьмы Чорнага.
11. ...пiсаў пра яе ў дзённiку – даваенны пiсьменнiцкi архiў Кузьмы Чорнага не захаваўся (апроч паасобных аўтографаў у архiвах НКВД, у асабiстым архiве крытыка Алеся Кучара).
12. Глебка Пятро (1905-1969) – паэт, перакладчык, вучоны-грамадазнавец; у 1943-1945 працаваў рэдактарам выдавецтва ЦК КП(б) Б "Савецкая Беларусь".
13. "Суждены нам благие порывы.. – недакладная цытата з верша М.Някрасава "Рыцарь на час".
14. Панамарэнка Панцеляймон Кандратавiч (1902-1984) – савецкi партыйны i дзяржаўны дзеяч, у 1938-1947 займаў пасаду першага сакратара ЦК КП(б)Б, прызначэнне на якую ў чэрвенi 1938 г. супадае з выхадам К.Чорнага з турмы на волю (8 чэрвеня 1938 г.).
15. Дадзiёмава Феня Iсакаўна – тагачасны начальнiк Галоўлiта БССР (iнф. дачкi пiсьменнiка – Рагнеды).
16. ...выклiкаў з Менска Лынькова... – Лынькоў Мiхась (1899-1975), празаiк; у 1938-1948 – старшыня праўлення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi.
17. Глебка Нiна Iларыёнаўна – жонка Пятра Глебкi, якая ў час вайны заставалася ў Менску.
18. Мiхась i Юрась – малодшыя браты Кузьмы Чорнага (адпаведна 1908 i 1912 г. нар.), абодва згiнулi на вайне.
19. Фiнкель Уры Гiршавiч (1896-1957) – крытык, лiтаратуразнавец; пiсаў на жыдоўскай i беларускай мовах, аўтар кнiг пра Мендэле Мойхер-Сфорыма i Шолам-Алейхема.
20. За час вайны ... з голаду двое дзяцей – у сапраўднасцi падчас апошняй вайны сям'я Уры Фiнкеля страцiла трое дзяцей: сын Шалом (1939-1941) памёр у ташкенцкай лякарнi 11 лiстапада; дзве дачкi – Цыля (1931 г. нар.) i Авiгаiл (1933 г. нар.) спаленыя ў ракаўскай сiнагозе (1943). Сярод жыхароў мястэчка Ракаў, адкуль паходзiў Уры Фiнкель, у спiсе загiнуўшых у час апошняй вайны, пазначаны: "Фiнкель Давiд з сям'ёй; Фiнкель Долiд з сям'ёй; Фiнкель Iсак з сям'ёй; Фiнкель Мордух з сям'ёй; Фiнкель Песя з сям'ёй; Фiнкель Файва з сям'ёй" (Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка. Валожынскi раён. /Уклад. Я.Янушкевiч. Мн., 1996. С.272). Спiс няпоўны: бацька Уры Фiнкеля, Гiрш Фiнкель, таксама загiнуў у вайну (расстраляны); апроч яго ў ракаўскiм гета былi спалены сёстры Уры Фiнкеля Лыфсэ i Эльке.
21. Гарбуноў Цiмафей Сазонавiч (1904-1969) – сакратар ЦК КПБ (1941-1947), з 1939 г. – рэдактар газеты "Звязда"; адразу пасля смерцi К.Чорнага па загадзе Гарбунова ў газеце "Звязда" было "спынена друкаванне пiсьменнiцкiх жалобных водгукаў" (А.Рагуля).
22. ...паслаць у Менск мiламу Максiму Лужанiну пiсьмо – псеўданiм паэта i празаiка Аляксандра Каратая (нар. у 1909); пасля дэмабiлiзацыi (1944) М. Лужанiн загадваў аддзелам культуры ў рэдакцыi газеты "Звязда".
23. "Позняе каханне" Астроўскага – п'еса расейскага драматурга Аляксандра Мiкалаевiча Астроўскага (1823-1886).
24. ГIХЛ – Государственное издательство художественной литературы.
25. Эжэнi Грандэ – гераiня аднайменнага рамана Анарэ дэ Бальзака (1833).
26. ...Iван Карамазаў, Андрэй Валконскi... – лiтаратурныя героi Ф.Дастаеўскага (раман "Браты Карамазавы") i Л.Талстога (раман "Вайна i мiр").
27. Шырма Рыгор (1892-1978) – фалькларыст, дырыжор, музыказнаўца; адзiн з выдаўцоў часопiса "Летапiс ТБШ" (пазней "Беларускi летапiс"); у 1940 арганiзаваў Дзяржаўную акадэмiчную капэлу Беларусi.
28. Пестрак Пiлiп (1903-1978) – паэт, празаiк; за падпольную дзейнасць на тэрыторыi былой Заходняй Беларусi быў зняволены польскiмi ўладамi ў турмах Пiнска, Вiльнi, Гораднi (1929-1939, з невялiкiм перапынкам).
29. Бiскуп Ялжбыкоўскi – напiсанне памылковае. Ялбжыкоўскi Рамуальд (1876-1955) архiбiскуп, з 1925 – вiленскi кардынал.
30. Шутовiч Вiктар – каталiцкi святар у Менску, пазней – у Барысаве.
31. У яжоўскай турме ў Менску ў 1938 г. – беспадстаўна арыштаваны пiсьменнiк праседзеў у менскай турме амаль 8 месяцаў (з iх шэсць – у камеры-адзiночцы).
32. Лупсякоў Мiкола (1919-1972) – празаiк; нарадзiўся ў Маскве, адкуль сям'я вярнулася на радзiму ў 1921 г. (Жлобiншчына; бацька пiсьменнiка Радзiвон – былы матрос з лiнкора "Петрапаўласк", а пазней ледакола "Таймыр"); М. Лупсякоў пачаў пiсаць яшчэ ў школе (меў нават перапiску з К.Чорным), першае апавяданне апублiкаў у 1935 г., калi скончыў Папаратнянскую няпоўную сярэднюю школу i паступiў на рабфак пры БДУ, а праз год – на лiтаратурны факультэт Менскага педiнстытута (скончыў у 1941 г.). ; у 1944-1945 працаваў у рэдакцыi часопiса "Беларусь".
33. Бэндэ Лукаш (1903-1961) – крытык i лiтаратуразнавец вульгарна-сацыялагiчнага кiрунку.
34. Клiмковiч Мiхась (1899-1954) – паэт, драматург, празаiк, крытык; старшыня аргкамiтэта (1932-1934), а пазней (1934-1938) – старшыня праўлення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi.
35. Александровiч Андрэй (1906-1963) – паэт, празаiк, грамадскi дзеяч; дэлегат першага Ўсесаюзнага з'езда пiсьменнiкаў (1934) i VIII Надзвычайнага з'езда Саветаў СССР (1936; уваходзiў у рэдакцыйную камiсiю па канчатковым рэдагаваннi тэксту Канстытуцыi СССР), намеснiк старшынi Праўлення СП БССР (1934-1937); на пасадзе дырэктара Iнстытута мовы АН БССР прымаў удзел у падрыхтоўцы рэформы правапiсу беларускай мовы (1937).
36. Модаль (Модэль) Мiхась (Мендэль Моўшавiч; 1904-1980) – крытык, тэатразнавец; вучыўся на медычным (да 1924) i педагагiчным (да 1926) факультэтах БДУ, аднак нiводзiн з iх не скончыў. Працаваў пераважна ў сферы партапарату: сакратаром аддзела агiтацыi i прапаганды ЦК КПБ (1923-1925), узначальваў тэатральны аддзел Упраўлення па справах мастацтваў пры Саўмiне (1935-1937), быў адказным сакратаром СП БССР (1940-1941); падчас вайны працаваў дырэктарам тэатра iмя Ахунбаева ў Ташкенце, у 1943-1944 – дырэктар тэатра iмя Маякоўскага (Узбекiстан), у 1944-1948 – загадчык лiтаратурнай часткi тэатра оперы i балета ў Менску.
37. Марыля ... жонка ксяндза – паводле канонаў каталiцкага абраду ксяндзы жонак не маюць (цэлiбат); Марыля Шутавiчанка, сястра вядомага заходнебеларускага дзеяча, рэдактара часопiса "Калоссе" Янкi Шутовiча была ахмiстрыняй (хатняй гаспадыняй) ксяндза Адама Станкевiча.
38. Станкевiч Адам (1892-1949) – гiсторык, публiцыст, выдавец, лiтаратуразнавец, грамадска-палiтычны дзеяч, асветнiк, беларускi каталiцкi святар.
39. Сергiевiч Пётра (1900-1984) – беларускi жывапiсец i графiк.








