Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 41 страниц)
– Што гэта за мястэчка унь відно ў лагчыне?
– Сумлічы, – адказала Волечка.
– А ці знойдзецца там, каб у каго пакласці нанач гэтага немца?
– Дык дзіва што знойдзецца, – адказалі мы ўсе хорам, зацікаўленыя тым, што ў нашым мястэчку будзе начаваць палонны немец.
– Ён хворы, – растлумачыў нам салдат. – Трэба даць яму паляжаць, а то ён не дойдзе да месца. І так дарогаю колькі разоў лажыўся каля дарогі. Унь пад той хваінай у полі нешта гадзін дзве ляжаў. Гэта добра, што гэты хлопец з возам якраз натрапіўся на дарозе. А то мне было хоць скачы каля яго. Не ўстае, дый годзе. А яшчэ далёка асталося мне яго канваіраваць.
– Але, добры інтэрас! – з пратэстам у голасе і тоне абазваўся трэці з гэтых людзей. Гэта быў хлапчук год шаснаццаці. З усяго відно было, што ён гаспадар каня і воза. Ён сядзеў на другім канцы труны, у перадку воза, тварам к каню і спіною да немца, і трымаў у руках лейцы. – Табе трэба яго канваіраваць ці каб ён вылежваўся, а мне – вазіся з ім і вазі ў труне непахаванага бацьку. Табе добра, у цябе немец, чорт яго бяры, яны з гармат смалілі па нашай вёсцы і нас у свет выгналі, а ў мяне хворы бацька ўчора памёр на дарозе, хворы і з дому выехаў, і маці памерла на тым тыдні, пры дарозе пахована, і сястра памерла.
– Ну дык таго што было не вернеш. Давай падвязём яго ў мястэчка.
– Не павязу я яго! Пакуль не пахаваю бацькі – нікога слухаць не буду! Я яго хацеў хаваць пад той хваінай, а ты казаў, што паможаш мне дзе-небудзь тут пахаваць. Забыўся? Ну дык памагай.
– Дзе ў вас тут могільнік? – сказаў салдат у наш бок. Мы оступам стаялі каля гэтага растрыбушанага воза з труною. Ужо сонца вісела на самым пункце свайго захаду: к вечару неба расчысцілася, і восень нарадзіла ясноту хоць перад скананнем дня.
– Могілкі унь, бярозы відны перад мястэчкам.
– Паедзем хаваць, – сказаў салдат.
Хлапчук закруціў над канём канцамі лейцаў, пачаў нокаць і цмокаць. Конь раней угнуў галаву, рэбры пад яго скурай захадзілі ходарам, ён зрушыў з месца воз, салдат пайшоў ззаду, за салдатам Волечка павяла свайго каня, які цягнуў плуг на саначках, а следам мы – з коньмі, плугамі, баронамі. Хлапчук сядзеў у перадку на канцы труны, а немец на другім канцы труны, угнуты, скурчаны, безуважны да ўсяго. Так праз хвілін дзесяць гэтая дзіўная працэсія спынілася каля местачковых могілак, за якімі пачыналіся ўжо местачковыя хаты. Хлапчук саскочыў з воза і скамандаваў:
– Прынясіце рыдлёвак.
Выгляд у яго быў такі, як быццам бы ён быў вялікі спецыяліст хаваць такім парадкам нябожчыкаў.
Добра было слухаць чужую каманду, але як яе адразу паслухаць? Мы ж былі гаспадары! Нашы ж бацькі былі на вайне! Быццам на тое ішлося, каб Волечка першая памагла невядомаму ў мястэчку госцю хаваць бацьку: салдат вырваў з яе рук повад і перадаў мне яе каня: – Пастаў нанач яе каня, а яна прынясе рыдлёўкі. – Тут жа ўсе разышліся, але, як змеркла, ужо ўсе зноў былі тут. Перашкаджаючы адзін аднаму, мы капалі вялікім гуртам магілу невядомаму нам чалавеку. Пасля мы патурбавалі немца. Салдат памог яму злезці на зямлю, і ён лёг на траве. Цяжка было нам апусціць труну ў яму, але нас быў вялікі гурт. Калі ўжо была насыпана магіла, мы зноў уссадзілі немца на воз, і ён на возе лёг, крэкчучы і стогнучы. Волечка пазбірала рыдлёўкі. Працэсія, але ўжо без труны, зноў рушыла. Мы ішлі за возам. Хлапчук сказаў да Волечкі:
– На, падвядзі каня, а я хоць душу пражыўлю крыху: не было часу за цалюткі дзень нават закурыць.
Волечка ўзяла лейцы і пайшла побач каня, недарослы гаспадар якога скруціў у паперы нейкае пацёртае лісце і так зацягнуўся дымам, што здавалася, гэта ён ратуецца ад вялікае навалы.
– Куды ж ехаць? – сказала Волечка.
– Ну вядзі ў сваю хату, – сказаў салдат.
Волечка ўвяла каня з возам у свой двор. Сама яна адразу пайшла ў хату: у яе была гаспадарка. Трэба было падаіць карову, а на дварэ ўжо зусім сцямнела. Следам за Волечкай увайшоў у хату і малады выгнанец, які толькі што пахаваў бацьку. Ён быў босы і ў салдацкай шапцы з пераломаным казырком. Хоць было яшчэ і цёпла, на ім нязграбна сядзела шырокая, не на яго рост, жакетка з самаробнага сукна, вядома ў дарозе. Каўнер абгамтаўся навокал шыі, і, напэўна, ён як адзеўся ў жакетку колькі дзён да гэтага, дык усё ўтрапенне апошніх дзён так і перабыў, не раздзеючыся. Светлага воласу, з абветраным тварам і з рэдкімі вяснушкамі на пераноссі, ён здаваўся ціхманым і не вельмі рухавым. Льга было падумаць, на яго гледзячы, што ён так будзе стаяць доўга ў парозе і чакаць, як і куды пойдуць далейшыя справы. А тым часам Волечка даставала з паліцы збанок і накрывала яго цадзілкай.
– Пойдзеш карову даіць? – сказаў ён з няпэўнай інтанацыяй няпрошанага госця.
– Пайду. Гэта ж ужо так позна, з усім гэтым заваждаліся.
– Няхай яно ўсё прападзе, як нядобра, гадка і цяжка.
З аднаго толькі яго хрыпатага голасу можна было чуць, як сапраўды яму цяжка прыйшлося. Ён далей сказаў:
– Я хіба тут у вас з канём на двары пераначую, бо немаведама куды падацца: цёмна, позна, чужая старана. А заўтра буду брацца далей куды. А дзе ж усе, што ты адна дома?
– Маці я свае не памятаю, яна даўно памерла, і маладзейшая сястра мая памерла, як малая была, а бацька на вайне і нічога не піша мне.
Яна пайшла, і ён за ёю. Ідучы за ёю, ён запытаў:
– Дзе гэта дастаць чаго, каб каня накарміць?
Яна нічога не адказала, а ён больш не пытаў: яны ўбачылі, як салдат ссаджваў з воза хворага немца: трымаючы яго пад плячо, салдат бадай што нёс немца да сенечных дзвярэй, і той вяла перабіраў нагамі, гнучыся ў крук. Волечка і яе нечаканы госць пачалі памагаць салдату. Гуртам увялі яны немца ў хату і паклалі на лаву. Салдат сеў каля яго курыць. Волечка даіла карову. Малады выгнанец стаяў каля яе і ўсё парываўся нешта сказаць. Нарэшце вось што ён сказаў:
– Мы з-пад Вілейкі. (Волечка маўчала, як самая сталая з усіх жанчын свету.) Слухай, я там за равамі бачыў стагі. Паеду прывязу сена, дык і твайму каню будзе.
– А калі хто ўбачыць?
– Я не баюся, я выгнанец.
– Але ж гэта чужое.
– Але ж мяне не пыталі, калі з хворым бацькам з хаты выганялі.
І зноў вялікая сталасць агарнула Волечку.
– Дык я паеду, а ты брамы не зачыняй.
Тут яна адарвалася ад свае работы і паважна сказала:
– А тут яшчэ гэты немец хворы ў хаце.
– Небыт. І я паездзіў з ім.
Так яны быццам згаварыліся ў нейкай ім толькі адным вядомай справе. Разумеючы адзін аднаго да канца, яны, як змоўшчыкі, зірнулі адно аднаму ў вочы. Яна зноў пачала даіць карову, а ён ціха выехаў на пустым возе з двара.
Прайшло гадзін паўтары, калі ён вярнуўся. Каля аднаго акна ў Вольчынай хаце гарэў агонь. Ён увайшоў. Волечка спала на тапчане ля печы. Салдат паіў ляжачага немца малаком з лыжкі. Волечка ўсхапілася, як бы электрычны ток працяў яе сонную, калі толькі яе госць увайшоў у хату. Абое разам яны выйшлі ў сенцы.
– Прывёз, – сказаў ён. – Я дам і твайму каню.
– Стаў і свайго да майго ў хлеў.
– А ты ідзі спаць.
Сонная, яна хістанулася на нагах і шпарка пайшла ў хату. А ён ціха і спакойна зачыніў за сабою сенечныя дзверы. Вераснёвая ноч стаяла над зямлёй. Уся яго істота напоўнілася натхнёным адчуваннем гэтай зорнай і ціхай ночы. Ён доўга стаяў пасярод незнаёмага яму двара, на новым сваім месцы, аб існаванні якога раней і не здагадваўся. Свайго і Вольчынага каня ён паставіў да сена і сам лёг на воз, тварам у зоры. Чорныя сілуэты вялікіх дрэў вырысоўваліся перад ім, дзесьці за гэтай цеснай сялібай, за ціхай вуліцай, за пахучымі паплавамі, дзе ён нядаўна браў сена. І такая стаяла цішыня, што здавалася – восень сочыць, ці не парушае што яе спакою. Чутно было, як грукалі коні, перажоўваючы сена. Сонная птушка спалохалася, крыкнула і сціхла, і залапатаў крыллямі певень. Яблыка адарвалася ад галіны і стукнулася аб зямлю. І зноў надоўга ўстанавілася цішыня. Ён спаў на сваім возе доўга і раптам усхапіўся і сеў. Зорнае неба ўсё таксама распасціралася ў шырокай вышыні. І смутак лажыўся на яго душу. «Скора дзень. Трэба зноў ехаць. Куды? Чаго? Павошта? Чаго шукаць у шырокім свеце? Не знойдзецца тое, што прайшло, мінулася і загінула ў гарматным агні і попел ад чаго развейваецца вятрамі далёка адсюль. Адзін клапатны, з утрапеннем і небытам дзень адышоў у вечнасць, а гэта новы ідзе на яго месца».
Ён звесіў ногі з воза, угнуў плечы і заныў так у маўклівасці ночы і свае душы. Ён нават не заўважыў, што ў адным акенцы хаты гарыць святло. Пачынала цадзіцца павольнае світанне. Зоры радзейшыя сталі. Як бы хто высыпаў неба на ўсходзе белым попелам. І раптам стукнулі сенечныя дзверы. На ганку стаяла босая Волечка.
– Што? – сказаў ён, быццам меў тут права на такі гаспадарскі тон.
Вострая радасць агарнула Волечку: яна не адна, тут ёсць асоба, з якою яны ўчора сталі ўдваіх як бы вялікімі на ўвесь свет змоўшчыкамі, разам яны як бы хацелі адгарадзіцца ад усяго свету, які для іх абаіх быў такім бязлітасным. Яна падбегла да яго і паклала руку на яго калена і зашаптала:
– У хаце немец, мусіць, умірае. Нешта лапоча і нечага хоча, але ні я, ні салдат здагадацца не можам.
Ён саскочыў з воза, і пакуль яна застыла ў нерухомай паставе чакання: што ён будзе рабіць у такой нязвыклай справе. І якраз ён тут павінен даць рады, а не яна. Вельмі можа быць, што тут, і ўпершыню, у яе з’явіліся пачаткі спадзявання жанчыны мець дапамогу ад мужчыны і ісці за ім. Ён жа стаяў і адчуваў цяжар ускладзенага жыццём на яго клопату. Ён мае дачыненне да ўсёй гэтай нечаканай, цяжкай справы, і выйсці з яе нельга. Раптам ён нейк устрапянуўся і шпарка рушыў у хату. Волька подбегам кінулася за ім. Немец ляжаў на лаве і шпарка нешта стараўся сказаць. Твар яго яшчэ больш умарнеў, але ўчарашняй вяласці ў вачах не было. У вачах свяціўся бляск і, можа, гэта з гарачкі, ніхто тут нічога не ведаў, і што ён сказаць хацеў – невядома. Салдат сказаў хлопцу:
– Немец можа памерці, трэба доктара.
– А хіба я ведаю, дзе той доктар? – развёў хлопец рукамі, і ў яго голасе было многа пратэсту: «Што вы маеце да мяне? І так мяне ўчора валтузілі, не давалі бацьку пахаваць!» Волечка стаяла за ім нейкая малая, ціхая.
– Пакажы мне, дзе ў вас доктар, – сказаў да яе салдат, – хадзем.
– У нашым мястэчку цяпер няма доктара, – адказала яна ўзбуджана, – ён на вайне.
– А дзе ж вы лечыцеся, калі хто захварэе?
– Калі хто захварэе, дык паляжыць і сам ачуняе.
– Дык дзе ж дастаць доктара?
– Дык можа ён і так паправіцца?
– Можа і паправіцца. Але доктар усё роўна патрэбен, напісаць акт або аб смерці, або аб тым, што ён хварэў і правіўся, і таму я так павольна яго вёў.
– Доктар ёсць у другім мястэчку за дзесяць вёрст.
– Запражы каня, – сказаў салдат да хлопца, – і прывязем доктара.
– Добра, – узбуджана адказаў хлопец. Магло здавацца, што ён нечаму ўзрадаваўся.
– А калі ехаць? – сказаў ён ахвотна.
– Трэба хутка.
– Дай яму чаго паесці, – сказаў салдат да Волькі.
Хлопец і Волька выйшлі ў сенцы і сталі раіцца. Яна сказала:
– Я звару чыгунок бульбы, ёсць накопаная, і салдата накормім, а немцу малака дам. – Выходзіла так, што і хлопец тут як бы гаспадар і з ім трэба раіцца.
– Добра, – адказаў ён, – пакуль ты ўправішся, дык я воз абладжу.
– Мне яшчэ трэба карову падаіць.
З якой ахвотай ён узяўся за работу! Як гэта ўсё добра! Ён прымацован да нейкай справы, і надалей адышла неабходнасць выбірацца ў невядомую дарогу шукаць немаведама чаго ў беспрытульным свеце. Ён абгледзеў воз: стары ён быў, раз’езджаны, паламаны. Пакуль у дарогу – трэба яшчэ пазмацоўваць яго. Ён за гэта і ўзяўся. Пасля пайшоў да коней. Коні паелі сена і абнюхваліся. З выглядам знаўцы гэтай справы ён падняў Вольчынаму каню верхнюю губу і агледзеў зубы. Вымасціў сенам воз, напаіў коні і запрог у воз свайго каня. Снедаючы разам з салдатам і Волькаю, ён сказаў да яе:
– Твой конь вельмі стары, я яму ў зубы глядзеў. Дзіва што ён такі худы, у яго жаваць няма чым.
– І твой худы, – адказала яна.
– Але ён малады, яму ўсяго пяць год. Ён здарожаны. Калі яму даць харч і спакой, то я б яго на ляльку вырабіў бы.
Волька паказала яму, куды ехаць, і ён выехаў з салдатам у дарогу. Салдату рупела хутчэй адчапіцца ад усёй гэтай валаводзіны, і ён падварушваў свайго фурманшчыка, а той выконваў свае абавязкі з заўзятасцю чалавека, які з гэтага хлеб есць. Так што яны шпарка даскочылі да мястэчка, але доктара і там не засталі: ён паехаў у нейкае сяло да хворых, але затое там яны здабылі фельчара, казённага, з амбулаторыі, і салдату ўдалося вельмі хутка выехать назад з фельчарам. Гэты фельчар быў чалавек мясцовы. Служачы пры доктару, ён за доўгія гады набыў вялікую практыку і ведаў практыку жыцця і на хваробах знаўся. Усю дарогу ён распытваў – а адкуль, а як, а што, салдату было весялей, таму і ехалі павальней. І вось праз усю дарогу назад, не спяшаючыся ехаць, малады фурманшчык разглядаў наваколле паабапал дарогі. Дзень гэты быў сонечны. На бярозах трапяталася жоўтае лісце. У чыстым полі адзінокі лісток на дарозе імкнуўся з ветрам удалячынь. Лясы паўз дарогу нерухома вартавалі спакой восені. На пустым іржышчы і на пакошах хадзіла жывёла. Ясны сум восені, здавалася, плыве з ветрам, і ўсё вісіць, як доўгачаканая ласкавасць. Шыпшына кустамі стаяла без лісця і з чырвонымі пладамі. Патузваючы лейцы, малады фурманшчык перажываў дзіцячае жаданне спыніць каня, адысціся да шыпшынніку і нарваць, немаведама дзеля чаго, поўную шапку ягад. Душа яго ўціхамірвалася дарогай, павольнай яздой, восенню і цішынёй. Яму здавалася, што ўжо з гэтых мясцін яму нікуды не трэба ад’язджаць, нікуды і ніколі, што не трэба ўжо шукаць у свеце прыстанку і што тут усё вельмі падобна на той родны кут, з якога ён з блізкімі сваімі і роднымі выехаў. З такім станам свае душы ён уехаў у Сумлічы і пад’ехаў да добра ўжо яму вядомай Волеччынай хаты. Салдат шпарка саскочыў з воза і пабег у хату, а следам і фельчар. Калі ж малады фурманшчык увайшоў у хату, ён убачыў, што немец ляжыць усё на тым жа месцы, а Волечка поіць яго з лыжкі малаком. Салдат сядзіць у одуме, а фельчар пільна прыглядаецца да немца. Калі ж Волечка з пустой міскай ад малака адышлася к печы, фельчар пачаў абслухваць і абмацваць хворага немца. Паваждаўшыся так з ім некалькі хвілін, ён зірнуў немцу ў пачырванелыя вочы і жвава сказаў:
– Э, пане-браце, немец! Дык жа мяне дарма з табой напалохалі. Ты ж зараз сто вёрст без аддыхі пешкам зробіш. Ну што ж, праўся ды разумней. Такі і не шкодзіла б, каб вы ўсе папруцянелі, а то гэтулькі неспакою праз вас. Аж да Баранавіч даперлі. Чаго? Павошта?
– Дык ён паправіцца? – нясмела і з надзеяй сказала Волечка.
– А хіба табе не ўсё роўна?
– Гэта ж мая хата. Лепш жа, калі ён сам адсюль выйдзе, чым мёртвы заваліць мне хату. Што я тады з ім рабіць буду.
– Чуеш? – сказаў фельчар да немца. – Праўся, а то хату гэтай малой заваліш.
– Напішам акт, што ён хворы і што я не мог у тэрмін яго сканваіраваць, – сказаў салдат.
– Давайце паперы.
З паперай была цяжкая справа. Яе не было ў гэтай хаце. Фельчар стаў церабіць свае кішэні і сваю фельчарскую пакоўню. Немец тым часам больш ачомаўся. Ён стаў рухавейшы, ажывіўся, пачаў паднімаць галаву і пільна прыглядацца да людзей і да ўсяго, што было ў хаце. Нейкі неспакой з’явіўся ў яго вачах. Было відно, што трывога агарнула яго і што яна ўсё пабольшваецца. І чым больш ён трывожыўся, тым здаравейшы рабіўся колер і выраз яго твару. І раптам, як вада з прабітага лёду, рванулася і лягла на яго твар пячаць недавер’я да ўсяго навакольнага і да людзей, якія былі каля яго. І пасля гэтага страх праступіў на рысах яго твару. І гэта ўсе заўважылі. Фельчар нейк крыва ўсміхнуўся і сказаў немцу:
– Чаго ты баішся? Дурань ты. Нямецкая галава. Машыну якую ці гармату новую ты ўмееш выдумаць, а бачыць, што чалавек мае душу і сэрца – на гэта ў цябе няма нічога… На, выпі гэты парашок, можа ўбачыш, што мы цябе лечым, а не бязвечым. – Немец выпіў парашок, і новы неспакой з’явіўся ў яго вачах. Ён нешта пачаў гаварыць і паказваць рукамі.
– Гэта ж ён думае, што я яму даў атруты! – моцна сказаў фельчар. – Цьфу! Каб ты навек запаветраў!.. Што ты лапочаш? Павальней кажы, можа я разбяру што, цераз дзесятае ў пятае.
Фельчар нарэшце абмацаў у сваёй кішэні вучнёўскі сшытак. Немец убачыў паперу і пацягнуўся да яе абедзвюма рукамі.
Практычны ў жыцці фельчар адразу здагадаўся і адарваў ад сшытка ліст. Як сасмаглы ваду, так хапіў немец паперу і аловак. Не ведаю, ці прыйшла немцу ў галаву думка, што калі ён так жвава ўзяўся за паперу, а не ляжыць з паблеклым позіркам на лаве, то ён перамог ужо сваю хваробу. Але такая думка павінна была б быць у яго. Пры лаве стаяў стол, немец прыпёрся да яго бокам і пачаў выводзіць на паперы алоўкам слова за словам. Фельчар бачыў, што яму так нядобра пісаць, сеў сам на лаву і падпёр немца сваёю спіною. Немец спісаў абодва бакі паперы і ўжо распісаўся, як раптам як бы што ўспомніў, пакінуў пісаць, і на твар яго лягла пячаць просьбы. Ён штосьці пачаў гаварыць фельчару, які ў гэты час якраз даў яму зноў парашок. Фельчар пачаў прыслухоўвацца і нарэшце штосьці двума ці трыма словамі, к здзіўленню ўсіх, па-нямецку запытаў у немца, Праўда, яго гаворка па-нямецку была нясмелая, ён лавіў словы, як глухі прыглядаецца на вусны таго, з кім гаворыць. Але ён зразумеў немца: той прасіў назваць яму адрас таго кутка, дзе ён цяпер хварэе. Фельчар прадыктаваў яму адрас на мястэчка Сумлічы так, каб сюды льга было трапіць адкуль сабе хочаш, хоць з усяго свету. Пасля гэтага фельчар напісаў акт аб хваробе немца. Праверылі па паперы ў салдата і запыталі ў самога немца, і ўсім стала вядома, што немец завецца Густаў Шрэдэр. Салдат тады сказаў распісацца ў акце за сведак Вольцы і яе маладому госцю. Волечка напісала: «Вольга Нявада», а той напісаў: «Кастусь Лукашэвіч, выгнанец з-пад Вілейкі». Вельмі можа быць, што апошнія словы яго подпісу ішлі з яго абязвечанай цяжкай зменай у яго жыцці псіхалогіі. Ён страціў з-пад сваіх ног той грунт, на якім стаяў на сваёй Вілейшчыне. Нездарма ён на світанні таго дня так ныў душой перад тварам бадзяння па свеце. Салдат схаваў акт сабе ў кішэню, падзякаваў фельчара і сказаў:
– Сёння ў дарогу позна, ды і немец яшчэ слабы. А цераз ноч ён у мяне пойдзе як падмецены, так што мы да Слуцка даклыбаем як з перуна. Эй ты, хворы немчык, кладзіся і спі гэтыя паўсутак, каб заўтра ты ў мяне быў, як шустры бычок.
Немец недаверліва паглядзеў на салдата, і з яго ўмомант зляцела тая ажыўленасць, першыя адзнакі якой ужо былі з’явіліся ў яго. Ён глыбей пасунуўся ў лаву, дастаў з нетраў свае змятай і вываленай у зямлі адзежы некалькі закручаных у хустачку канвертаў з раней напісаным на іх адрасам у Германію і ў адзін з гэтых канвертаў паклаў толькі што напісанае пісьмо, заклеіў і словамі і знакамі растлумачыў фельчару, што гэта пісьмо, а не што іншае. Мусіць, фельчару тут ён найбольш мог даверыцца. Пасля гэтага ён паклаў пісьмо сабе пад галаву і неўзабаве глыбока задрамаў. Дзень ішоў к вечару. Сонца стала ніжэй і пачало біцца ў акно. У хаце стала ясна, шырэй і прастарней. Немец спаў. Салдат курыў, Волечка займалася дробнай хатняй таўкатнёй, як самая руплівая з усіх жанчын на свеце. Малады яе госць стаяў на двары пры возе і глядзеў, як коні ядуць сена. Фельчар моўчкі сядзеў і пасля разгаварыўся з Волечкай.
– Дык і табе, дзяўчо, прыйшлося горка, – казаў ён. – Ну, бацька твой, дарма што пісем не шле, а можа быць жыў і здароў і хутка вернецца дадому. Дык ты нічога кепскага не думай, а жыві сабе памалу. Ведай, што кожны пражыты дзень адкідае тое, што ёсць, і набліжае тое, што будзе. Горачы на свеце многа, але і ў самай большай на свеце пасудзіне ёсць дно, няхай сабе яна хоць і да краёў наліта атрутай. А ты стаіш перад векам сваім, дык атрута і горач выветрацца і высахнуць, а ты жыць будзеш… Дык як жа мне, – сказаў ён нарэшце да салдата, – трэба дадому брацца.
– Я пайду да старасты, каб даў фурманку вам, – прагаварыў салдат. – А мы з немцам у дарогу заўтра.
І гэтулькі было ў салдацкім голасе спакойнай ураўнаважанасці, гэтулькі было ў ім упэўненасці, што ўсё на свеце ідзе да таго, да чаго яно ідзе, што здавалася, ніякае хваляванне не пройме гэтага чалавека. Салдат выйшаў, і ўсе ў хаце чулі, як ён на двары гаварыў з маладым выгнанцам. Немец крыху прыўзняў галаву, павярнуўся тварам угару і ляжаў так, гледзячы ў столь. Фельчар даў яму яшчэ парашок, і той, мусіць, ужо як мае быць убачыўшы, што яго не страляюць і не рвуць на кавалкі, а лечаць, выпіў лякарства і зноў спакойна ляжаў. Тым часам хлопец увайшоў у хату і, ні на кога не гледзячы, як бы сам сабе, моцна сказаў:
– Дык можна ж было і ўчора пайсці да старасты, каб даў фурманку, а то мяне ганяў у мястэчка. Знайшоў сабе вазюра! Добры інтэрас! Што ён да мяне мае! Прычапіўся!
– Намнога ты за яе старэйшы? – сказаў фельчар хлопцу і паказваючы на Вольку.
– Адкуль жа я магу ведаць? – паціснуў плячыма хлопец.
– Як гэта? Хіба яна не сястра твая?
– Я на выгнанства ад вайны еду.
– Тут асталяваўся жыць?
– Не, я тут бацьку хаваў.
– Куды думаеш ехаць?
– І сам не ведаю.
– Кожная дарога куды-небудзь вядзе, але ты выбірай тую, якая не вядзе ў прорву.
Прыйшоў салдат і сказаў, што фурманка пад’едзе пад хату.
Волечка тым часам нешта занадта рухава пачала завіхацца ля печы.
– Прынясі мне лому, – сказала яна да Кастуся без якой бы там ні было выразнай інтанацыі ў голасе, і ён ахвотна прынёс лом.
– Увапхні ў печ і запалі, бо я вельмі спяшаюся.
Сонца спускалася ўсё ніжэй, праменне яго з кожнай хвілінай зменьвала свой колер, і нарэшце ў яго роўным чырванаватым бляску ажыла задумёнасць ціхага змяркання. І тут пачалася паэзія спакойнага адвячорка ў хаце. Усе ціха сядзелі, кожны на сваім месцы і са сваімі думкамі. У рухавым клопаце была толькі адна Волечка, малая гаспадыня гэтай хаты, дзе так нечакана сабраліся так не падобныя адзін на другога людзі, далёкія адзін ад аднаго і месцам на зямлі, і прывычкамі, і звычаямі, і жаданнямі, і натурай. У печы зырка гарэў агонь і пры ім кіпеў вялікі гаршчок. Волечка то выходзіла ў сенцы, то зноў уваходзіла ў хату і кожны раз прыносіла то цыбулю, то моркву, то бульбіну, то нейкае карэнне, то лісце і падкідала ў гаршчок.
– Што гэта ты варыш такое? – запытаў фельчар, сочачы за рухавай Волечкай.
– Вару яду.
– А як жа гэтая патрава завецца?
– Нейк завецца, – злёгку прыбянтэжылася Волечка.
– А чым жа ты яе закрашваць будзеш?
Волечка як аслупянела. Нерухомая яна стаяла, і твар яе загарэўся чырвоным колерам.
– Малаком, – нарэшце адказала яна так, быццам кожнае слова важыла сто пудоў і цяжка было яго спусціць з языка.
– Як жа ты будзеш гэтую патраву малаком закрашваць, калі ты ў яе цыбулю кідала?
Волечка выбегла ў сенцы, і вочы яе напоўніліся слязьмі. Стары фельчар адчыніў дзверы ў сенцы і сеў на парозе.
– А чаго ў цябе, дзяўчо, твар так зачырванеўся? (Ён не пытаў: «чаго ў цябе слёзы?»)
– Бо я ля печы стаяла.
– У цябе няма сала?
– Няма, – як з-пад зямлі сказала яна.
– А каму ты так многа варыш?
– Усім… нам… Ужо другі дзень у мяне ў хаце чужыя людзі, а я ім нічога нават перакусіць не дала.
– А немца ты малаком паіла?
– Дык ён жа хворы.
– А малая ты мая, а галубка ты мая!
– Нічога, я пастаўлю новы гаршчок, без цыбулі… Гэта я забылася…
Кастусь у момант вока праскочыў праз сенцы на двор, развярнуў на возе сена і з бадай што пустой зашмальцованай торбы дастаў усё, што ў ёй было. Гэта быў раздушаны крышан сала. Аж босыя пяты яго мігцелі, як маланка, калі ён ускочыў назад у сенцы з моцным шпаркім шэптам. На твары яго ляжаў таемны выраз вялікага змоўшчыка:
– Волька, выйдзі к возу на момант.
І сам скінуў з сябе дзіцячую трапятлівасць і сталай хадой падаўся з сянец. Так жа паволі і стала Волька пайшла за ім. Абое сталі яны ля воза, дзе двое коней бесперапынна жавалі сена.
– На табе сала, на гаршчок будзе. І нікому не кажы, што гэта я табе даў. Няхай думаюць, што гэта ў цябе было, але ты не хацела спавядацца перад усімі і сказала, што няма.
Трэба было бачыць у гэты момант Волечку. Як заваёўніца свету, яна з ганарлівай павольнасцю ўвайшла ў хату і зноў пачала хадзіць ля печы. Салдат дастаў з свайго ранца бляшанку кансерваў, паставіў на стол і сказаў:
– Можа гэтым добра закрасіць гаршчок?
– Я ўжо закрасіла салам.
– А ты ж казала…
– Мала што я казала…
Немец сядзеў на лаве і прыглядаўся да ўсяго, што рабілася ў гэтай чужой яму хаце. Ужо быў прыцемак. Ужо агонь у печы згасаў. Ужо вераснёвы вечар апаноўваў цішынёй свет. Хвіліна за хвілінай, і ўсе гэтыя людзі паселі навокал стала. Волечка частавала іх патравай, якую, можа быць, і сама прыдумала з прычыны свае неспрактыкаванасці ў гаспадыньскіх справах. Еў салдат, еў фельчар, еў Кастусь, еў і немец. І ўсім падабалася яда. Фельчар раптам паварушыў сваю медыцынскую дарожную пакоўню і паставіў на стол пляскатую пляшку.
– А гэтую мікстурку я ўзяў з сабою, бо думаў, што прыйдзецца ёю лячыць немца. Аж яно і добра, што ўзяў.
Гэтую чыстую, як сляза, мікстуру адным заходам выпілі ўтрох: фельчар, салдат і немец. Пасля гэтага неўзабаве шумна стала ў гэтай хаце. Салдат, заглядаючы ўсім у вочы, даводзіў, што няма на свеце лепшых дзяцей, як яго, недзе там далёка адсюль. Фельчар крычаў салдату ў твар цераз стол, што ён верыць, што ў яго слаўныя дзеці. А цяпер ён скажа пра капусту, якую ён сам садзіў, а расаду прывозіў аж з-за Слуцка. «Такое капусты свет не бачыў». Тут фельчар апомніўся, збянтэжыўся і павярнуўся да Кастуся:
– А нашто табе шукаць якой-небудзь дарогі ў свет на бадзянне? Жыві ў гэтай хаце і памагай гэтай малой жыць на свеце. Вам жа цяпер абаім важна, каб абы дзень перабыць. У яе вернецца бацька, і жыццё пачнецца, а ты – скончыцца вайна, і вернешся на сваю Вілейшчыну.
І раптам пасля гэтых слоў штосьці сталася з Кастусём. Незаўважна выйшаў ён з хаты і ўзлёг грудзьмі на біла ў возе. Цяжкі, як стопудовы камень, смутак наваліўся на яго. Родныя мясціны на Вілейшчыне, куды яму прарочыў вярнуцца стары фельчар, звязваліся ў яго ўяўленнях з бацькам. Як жа ён вернецца туды, калі ўжо бацькі няма? А калі і вернецца, то цяпер гэта ўжо не тое будзе. Коні пацерліся мысамі аб яго плечы. Ён устрапянуўся і падклаў ім сена. Як увайшоў у хату, убачыў, што Волечка спіць не раздзеўшыся на тапчане пры печы і без нічога пад галавою. Спяць дзе хто – немец, фельчар і салдат. Ён выйшаў зноў і лёг на воз. І зноў, як і тая ноч – з зорамі і цішынёй. Яна яму здалася доўгай. І вядома: вераснёвыя ночы доўгія. На світанні ён моцна заснуў. Сонца пабудзіла яго. Яно біла яму ў твар, але гэта было восеннае сонца, мяккае і лагоднае, як шчокі любага дзіцяці. З вуліцы чуліся гукі напоўненай працай раніцы. З коміна Волеччынай хаты ішоў дым. Ён спалохаўся, што праспаў нешта важнае, усхапіўся і застаў у хаце дзіўную сцэну: у залітай сонцам хаце цесна было каля той лавы, на якой раней ляжаў хворы немец. У печы палаў агонь. Ружовенькі і свежы тварам немец адной рукой гладзіў па галаве Волечку, а ў другой трымаў сваё ўчарашняе пісьмо і соваў яго ў фельчаравы рукі і штосьці ўсё гаварыў, гаварыў, да чаго фельчар прыслухоўваўся.
– Ага, – зразумеў нарэшце фельчар, – ты рад, ты шчаслівы, што ачуняў і ўжо здаровы? А ты думаў, што памрэш, адзін сярод чужых людзей? Аж ты ўбачыў, што гэтыя людзі цябе ратавалі і паставілі на ногі? Ты кажаш, што ў цябе ёсць дома сын, якому цяпер ужо дзесяць год? Ён таксама, як і ты, завецца Густаў Шрэдэр? Тое, што ён ёсць на свеце і што ты ачуняў, радуе цябе? Ага, ты хочаш чым-небудзь аддзякаваць нас усіх і найбольш гэтую малую? Ну дык яна завецца Волька.
Вядома, немец нічога не ведаў, што кажа фельчар. Але ён, і не чуючы і нічога не слухаючы, гледзячы сам у сваю душу, раптам прыгарнуў да сваіх грудзей Волеччыну галаву, і твар яго перасмыкнуўся момантным рухам шчасця. У наступны момант ён пачаў шнырыць па патайных кішэнях і пад падшэўкай свае адзежы. Ён дастаў адтуль два ці, можа, і тры залатыя гадзіннікі, некалькі залатых пярсцёнкаў, звязаных ніткай, і залаты нацельны крыжык праваслаўнай царквы – васьміканцовы з мініяцюрным абразком на адваротным баку расейскага барадатага святога. Усё гэта ён загарнуў у прыгаршчы і сунуў у рукі Волечцы. Яна збянтэжылася і апусціла рукі. Немец сілаю даваў ёй гэты дарагі падарунак. Было вельмі падобна, што гэтыя рэчы душаць яго і ён стараецца выратавацца ад іх.
– Гэта табе, – гаварыў ён, – каб ты была шчаслівая за маю радасць. Мой Густаў цяпер мае свайго бацьку.
Твар яго свяціўся радасцю. Пячаць вялікай праўды ляжала на яго вачах: ён уладар свету, бо ўжо зноў ходзіць па зямлі і трохдзённае змрочнае ўтрапенне яго мінулася навек. А ўсё золата, якое толькі ёсць на свеце, – нікчэмная драбяза і непатрэбшчына перад самім жыццём. Здавалася, праменне ідзе ад яго ўсмешкі. Усміхаўся шчасцем і салдат, і фельчар, і нават Кастусь, толькі Волечка стаяла чамусьці маўклівая. Гэта была сцэна як бы бурнай чалавечай радасці.
Салдат раптам сказаў:
– Ну што ж, Бог дасць, скончыцца вайна, і жыць будзем у сваю волю.
Немец усё гаварыў раз-поразу:
– Густаў, Густаў…
Фельчар як бы раіўся сам з сабою і сам сабе ўсміхаючыся:
– Прыехаўшы дадому – адразу забегчы ў сад… – І тут жа растлумачыў, усё не спускаючы з губ усмешкі.
– Густаў… Густаў… – выварочваў немец перад гэтымі людзьмі сваю душу.
Здавалася, што няма на свеце ні вайны, ні выгнанства, а толькі радасць чалавека жыць сваею воляй.
Раптам салдат спахмурнеў, устаў і сказаў:
– Ну, немец, у дарогу.
Немец здагадаўся і таксама спахмурнеў.
Значыцца, і вайна была, і трэба было мець непрыемны абавязак гнаць палоннага чужынца, якога сюды загнала ліха, і трэба было ісці пад канвоем.
Немец памахаў рукой Волечцы, і апошні промень усмешкі патух на яго твары. Салдат апанураў адразу і выйшаў следам за немцам выконваць свой прыкры абавязак. Фельчар устаў, паглядзеў на залатыя рэчы, якія ляжалі на стале, і панура прамармытаў: – Гэта расейскія афіцэрскія рэчы. Эйш, сукін сын, паздзіраў з мёртвых або раненых. – Тут ён убачыў, што на стале ляжыць тое нямецкае пісьмо. Ён стаў яго разбіраць, і многа прайшло часу, пакуль ён сказаў:
– Гэта жах, што ён піша! Ён навек развітваецца са сваім Густавам. Дзіва што ён так узрадаваўся, калі ўбачыў, што жыў астаўся. Ці гэта ён мне гэтае пісьмо даваў, каб я прачытаў яго? Ці яно яму ўжо не трэба? А ліха яго бяры, здам на пошту, няхай ідзе туды, да таго Густава.
Тут пад’ехала фурманка, і хата апусцела. Так гэтыя людзі, якія не ведалі адзін аднаго і перажылі разам момант радасці, сабраўшыся на гэты момант у незнаёмай хаце, разышліся хто куды, кожны ў свой бок. Залатыя гадзіннікі, пярсцёнкі і крыжык ляжалі на стале, і двое маладых людзей, якія стаялі яшчэ перад векам сваім і толькі што выходзілі яшчэ з свайго маленства, не ведалі, што рабіць з гэтым золатам. Можна сказаць, што яны не ведалі і цаны яму. Волечка з непаразуменнем падтуліла плечы і адышлася ад стала, трэба сказаць – задаволеная, што, нарэшце, хата была пустая ад чужых людзей і ніхто ёй не перашкаджае цяпер даіць і карміць карову, прыбіраць у хаце, пазіраць у вокны, ці не сышлі з двара дзве куры, што былі ў яе гаспадарцы. Гэта не гаворачы ўжо аб тым, што адзін за адным ішлі вераснёвыя дні, а ў яе яшчэ не было пасеяна жыта. Пра непасеянае жыта яна і ўспомніла цяпер. Парыў смутлівай заклапочанасці рвануўся ў яе душы. Яна, як сталая, заламала рукі: