Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 41 страниц)
– Э, э, Генрых! – пачаў абзывацца той другі дзесьці за танкам. Яна шатнулася ад немца і з нейкага інстынкту хапіла з-пад яго падол светлай жаночай сукенкі і два разы шмарганула сябе па мокрых губах. Не трапляючы дрыжачымі і аслабелымі рукамі куды трэба, яна, з яснай думкай, адарвала ад немца тры гранаты, якія добра бачыла ў бялявым святле, што падала сюды.
– Генрых! – моцна сказаў за танкам немец і нешта засвістаў. Свіст яго пачаў аддаляцца. Яна вылезла з танка, са страхам шукаючы вачыма немца. А ён стаяў за дарогай і ачышчаў рукаў ад засохлай гразі. Ён убачыў яе, штосьці сказаў і паказаў пальцамі сабе на грудзі. Тулячы пры боку гранаты так, каб не бачыў іх немец, яна пайшла ад танка ў лес. Немец закрычаў, шпарка падышоў да танка і зазірнуў у сярэдзіну. Яна збялела тварам, ледзьве перадыхнула, шпурнула гранату да немцавых ног. Калі яна апамяталася, абсыпаны зямлёй танк стаяў на месцы, каля яго была яма, і цераз дарогу, паміж двух дрэў, ляжала немцава рука разам з кавалкам пляча і мундзірным каўняром у крыві і зямлі. Яна шпурнула пад танк дзве гранаты зараз. Танк падняўся адным бокам угару, а другім асеў у зямлю. Зад яго палаў і пасля атух. Так ён і астаўся стаяць адным бокам. Лізавета подбегам пайшла, думаючы пра тое, што з кожным крокам яна аддаляецца ад гэтага месца. Так мінула яна вялікую бярозу з першымі жоўтымі лісткамі на ёй і ішла ўсё далей. Пасля гранатных узрываў пад танкам гэтае месца на доўгі час зноў аставалася ціхім і пустым. Толькі пасля таго як у суседняй акрузе Акаловіч забіў Паліводскага, гэтым месцам зноў пачалі праходзіць нямецкія танкі. Бяроза тады стаяла зусім ужо голая, і зямля пад ею пачынала прымярзаць. У тыя часы на гэтым месцы з’явіўся старэйшы Густаў Шрэдэр у выглядзе такім жа дзіўным, як і страшным. Гэтае новае падарожжа яго пачалося і скончылася вось як.
Перабродскі лагер апусцеў бадай што больш як на палавіну да тых дзён, калі Ракуцькава жонка пачала выгалошваць сваё гора і калі Лукашэвічава Ліза як бы адчула сябе лепш ад свае крываўкі і сядзела дзень і ноч на зямлі каля слупа з позіркам, які мог скалынуць душу кожнага.
Многа людзей з лагера немцы адправілі на работу. Ночы былі ўжо доўгія і халодныя, але днём яшчэ грэла сонца, і пад ім вяў і запыльваўся трыпутнік і спарыш на сцежцы, па якой уваходзілі ў лагерную загарадзь. Тая ноч, якую Ліза ўсю праседзела з накіраваным у прастору позіркам, была нешта вельмі халодная. Перад самым рассвітаннем Ліза прыпала шчакой да слупа. Можа гэта было самаашуканства, але ёй здалося, што так цяплей. Узбуджанне нерваў у яе павялічвалася. Позірк стаў вастрэйшы і стаяў на мяжы з адчаем. Яна не заўважала, як зашарэла ноч і неба на ўсходзе пабялела. Не вывелі яе з забыцця і частыя выстралы. Немцы для смеласці часта тут стралялі. Пасля пачаў гарэць знадворку ад агароджы, у полі, салдацкі барак. Агонь выбухнуў так высока, што тут, на зямлі, стала відно, як у сонечны дзень. Ліза ўсё сядзела і раптам убачыла: сюды пабеглі людзі. Па той бок агароджы немец упаў. Яна ўсё глядзела туды і не магла здагадацца. Позірк яе аставаўся яшчэ ранейшы. Праз разгароджанае месца сюды ўбег Ракуцька з аўтаматам. Твар яго быў чырвоны, і вочы свяціліся белым полымем. Перад ім неяк дзіўна, то задам, то бокам бег немец з паднятымі рукамі і нешта лапатаў. Ракуцька не бег, а імчаўся, неяк калоцячыся, ірвучыся. І раптам яму дарогу загарадзіў Лізін позірк. Ён быццам даўся ў сцяну і на момант застыў аслупянелы. Трэба думаць, што Лізін позірк уразіў яго з найвялікшай сілай. Можа, і гэта напэўна так, тут было закранута балючае месца яго душы. Можа няўяўны прывід Лізаветы паўстаў перад ім. Ён увесь як бы закалаціўся перад Лізіным позіркам. У наступны момант ён закрычаў немцу:
– Стой! Падай!
Немец угнуў галаву і рынуўся яму ў ногі. Можа ён хацеў збіць сабою Ракуцьку з ног. А можа ён шалеў ад страху. Ракуцька хапіў яго за плечы, і можа нават тады, калі апошні раз ён глядзеў на свайго малога Тамаша ўночы пад навальніцай, у яго не было такога вялікага ўтрапення. Душа яго калацілася, і думка ўзнімала пакутныя вобразы мінуўшчыны. Уся істота яго прагла расплаты. Немец ляжаў у яго пад нагамі. Руляю аўтамата ён раструшчыў яму твар і адчуў яшчэ большую прагу сеяць смерць. Можа, якраз у гэты момант у ім нарадзіўся той чалавек, што блізкім часам узвысіў сваё імя, пасля чаго Лізавета пачула пра яго і прыйшла да яго. Цяпер ён падбег да Лізы. Яе позірк з’іначыўся ў гэты момант. Тонкая і хісткая, як травіна ў суш, яна разам з ім пайшла ў натоўп, дзе раптам загаласіла Ракуцькава жонка і закрычаў Тамаш:
– Хто можа біцца?! Хто хоча зброю?!
А пасля Тамаш сказаў усё невядомым Лізе людзям:
– Кіруйцеся вы на гэты маёнтак, дзе немец, забірайце ўсе коні і вазы і назад сюды! Тут многа хворых.
У гэты момант толькі яшчэ заружавела неба на ўсходзе. Калі ж узышло сонца і паднялося так, што цень ад хвоі быў толькі напалову даўжэйшы за яе, людзі ціха пачалі выходзіць адусюль з поля і збірацца ў адным месцы за старым паркам. Нямецкі салдат ляжаў там у дрэвах з прабітымі штыхом грудзьмі. Густаў Шрэдэр старэйшы чакаў у гэты дзень прыезду свайго сына. Ён хадзіў навокал дома. Калі грунуў першы залп з вінтовак і закрычаў каманду сваім падначаленым старшы паліцай, Шрэдэр выйшаў за глухую сцяну дома і ўбачыў многа людзей паміж стайнямі і свірнам. Душа яго заныла, і ён пачаў беспарадна азірацца. Як і кожны дзень, у Гертруды быў дрэнны настрой. У незашнураваных чаравіках яна хадзіла па пакоі і падлічвала, праз колькі гадзін можа прыехаць яе сын. Ёй здалося падазроным, што па малым дворыку перад домам нешта занадта часта прабягаюць людзі. Залп з вінтовак яе ўстрывожыў не больш як і заўсёды: салдаты і паліцаі тут часта практыкаваліся ў стральбе. Яна зазірнула ў памежны пакой, дзе павінна была быць служанка, тутэйшая жанчына, ціхая і працавітая, якая ўсё тужыла аб сваім мужу, які мабілізаваўся ў армію ў першыя дні вайны. Яна збіралася прасаваць і ладзіла ля акна прасавальную дошку. Гертруда сумна на яе глянула і, цераз дзесятае ў пятае трапляючы на пакалечаныя расейскія словы, папрасіла жанчыну пайсці даведацца, чаго па двары ходзяць людзі. Жанчына нічога не зразумела, але выйшла сама, з свайго жадання. Гертруда асталася чакаць адна ў пакоі. Раптам у дзвярах паказалася служанка. На злёгку васпаватым твары яе было штосьці падобнае да ўсмешкі.
– Партызаны! – крыкнула жанчына, ідучы далей у пакой.
Гертруда закруцілася па пакоі, не могучы нават падаць голасу. Жанчына хапіла прасавальную дошку і дала ею Гертрудзе ў плечы. Гертруда пабегла ў дзверы, чуючы за сабою рогат жанчыны. Збягаючы з ганка, яна пагубіла з ног незашнураваныя чаравікі і босая, колючы з непрывычкі ногі і абдзіраючы іх, выбегла за дом і ўбачыла там салдата на зямлі з доўгім і тонкім нажом у жываце. Тронак ад нажа высока тырчэў над мёртвым салдатам.
– Густаў! – закрычала Гертруда і адна пабегла ў поле дарожкаю паўз сад. Многа галасоў чула яна за садам. Там ужо людзі запрагалі ў вазы коні. Густаў дагнаў Гертруду ў чыстым полі, у вельмі нізкай лагчыне, падобнай на яму. Высока па яе краях рос крушыннік, зрэдку было яшчэ на ім жоўтае лісце. Гертруда плакала і малілася. Густаў моцна трымаў яе пад плячо. Ступені яе ног былі ўжо спрэс у крыві. Доўга ўзыходзілі яны на край лагчыны, з кожным крокам усё аддаляючыся ад жудаснага для іх месца на заваяванай зямлі. Так дайшлі яны да вузкай грады лазы і ядлоўцу. Да гэтага моманту ў іх ужо і заваду не было пачуцця страху. Іх толькі прыгнечвала адчуванне гібелі. Была прага, каб адбыўся цуд і каб перад імі з’явіўся іх сын, у якога яны верылі. Яны не ведалі і не хацелі ведаць, што ў гэты дзень рабілася ў маёнтку, уладанне якім ператварылася так хутка ў горкі здзек над іх марай пакінуць быць арандатарамі. У гэты дзень людзі выгналі з маёнтка жывёлу і вывезлі запас хлеба і садавіны. Вялікі абоз на маёнткавых конях выехаў адтуль у той час, калі Гертруда і яе Густаў сядзелі ў лазе і аддыхваліся. Абоз даехаў да Перабродскага лагера і там доўга не затрымаўся. Пасля таго, калі на фурманкі паклалі і пасадзілі хворых, абоз рушыў на вялікі шлях, і ўсе, хто быў тут, пайшлі следам. Нават хто і жыў паблізу Перабродскага лагера, пакідалі свае хаты і таксама пайшлі следам за тымі і разам з імі, хто прыйшоў сюды ратаваць забраных у лагер. Увесь гаты людскі рух прайшоў скрозь па вялікім грунтавым шляху цераз малое скрыжаванне і далей паўз скалечаны танк, дзе людзі закрывалі далонямі раты і насы: там патыхала трупным духам. Людскі рух мінуў вялікую бярозу і кіраваўся далей у бок Вялікага скрыжавання.
Гертруда і Густаў у той самай лазе дабылі да ночы, і, як сцямнела, імі апанаваў адчай. Якое было шчасце, што ў тую страшную раніцу Густаў спацыраваў са скручаным парасонам у руках! Парасон так і астаўся ў яго. Ён зняў з сябе пінжак і камізэльку і надзеў усё гэта на Гертруду. Ён быў вінават перад ею. А яна ўзводзіла яго віну ў найвышэйшы стан. Яна вечна сцвярджала, што ён вінават перад усей Германіяй. Ён распусціў парасон, і, прытуліўшыся адзін да аднаго, яны ўсю ноч прастаялі пад парасонам, і гэта была ілюзія, што яны не зусім у чыстым полі. На мокрай і прымерзлай зямлі яны сядзець не маглі. Нервовае ўзбуджэнне было ў іх такое вялікае, што ні ў яго, і тым больш ні ў яе, за ўсю ноч нават не прыжмурыліся вочы. З першым дзённым святлом, калі яно яшчэ толькі пачало цадзіцца, яны рушылі далей. Куды? Абы далей ад гэтага месца. Абы далей! А збавенне будзе. Бо тут жа заваяваная зямля, тут жа нямецкае войска і ўлада, і іх сын! Раптам – ці гэта было сапраўды, ці можа толькі галюцынацыя, але адзінокі вінтовачны стрэл прагучаў вельмі выразна. Гертруда крыкнула: «Густаў!» Густаў шпарчэй пацягнуў яе. Узбуджанне іх расло больш. Ужо яны не заўважалі, ці гэта дзень, ці гэта ноч. Далей ад гэтага месца! Бліжэй да ратунку, які сам падбае пра іх. Не ногі, а нервы вялі іх нейкаю палявою дарогаю. Не еўшы, не спаўшы, нават не сядзеўшы нідзе, яны сцішылі хаду толькі тады, калі прыйшоў час адчуць ім адзеравянеласць ног. Тады яны пайшлі быццам спацырам. І тут скончылася іх надзея на ратунак. Дзьмуў у полі вецер, поблізу гаманіў лес, Гертруда пакідала крывавы след ад сваіх ног. Шырокі свет з сонцам, з ветрам, з пахам дажджоў і зіхаценнем дзён стаў цесным склепам. Не толькі гадзін, а нават і дзён яны ўжо не маглі лічыць. І невядома, ці гэта змяркалася, ці гэта світала, калі штосьці ў полі зачарнелася перад імі. Усё роўна што гэта, абы толькі што-небудзь каб было наперадзе! Не сыходзячы з дарогі, яны праз колькі гадзін дацягліся да чагосьці маўклівага і нерухомага. Гэта быў «сухі дзюб». Вялікі камень мог здавацца ўвасабленнем магільнага маўчання. У адным месцы пад ім, дзе адна старана яго навісала як бы столлю, зямля была сухая, чысты белы пясок і ні саломіны, ні травіны на ім. Раптоўная радасць цюкнула Густава, як бы гэты сухі пясок быў знойдзеным сэнсам светабудовы. Ён хацеў зняць з сябе якую-небудзь адзежыну, каб разаслаць на пяску і пакласці Гертруду. Але ён быў толькі ў адной, упушчанай у нагавіцы, кашулі і з чорным гальштукам на шыі. Гертруда лягла на голы пясок і адразу заплюшчыла вочы. Побач яе пад каменнай навіссю лёг і Густаў. Вецер шастаў незазябленым іржышчам і абвакольваў гулам камень. Раптам Гертруда расплюшчыла вочы. Яна штурханула яго локцем, быццам бы правяраючы, ці тут ён. І тады ён пачуў яе голас, упершыню пасля выгнання з маёнтка. Раз-поразу аблізваючы сухія губы, ледзьве адцягваючы голас, яна гаварыла, і гэты слабы голас гучэў яму, як гнеў помслівага лёсу:
– Ты раскрыў быў сваю душу перад чужаземцамі. У цябе перад імі нарадзіліся добрыя пачуцці, і ты не астаўся халодны, а пайшоў на сардэчнасць перад тымі, у каго нават далёкія продкі не мелі і заваду германства. Гэта лёс Германіі за цябе расплачваецца з намі! Гэта ты згубіў мяне! – Яна ледзь не задушылася апошнімі словамі. Памаўчала і зноў пачала, але павальней і цішэй: – Я ўміраю, а з таго, што ты аддаў быў немаведама каму, яны, тыя, шчасліва пражылі дзесяткі год… Божая рука ў нашай гібелі…
Апошнія яе словы ён ужо ледзьве разабраў і з жахам усхапіўся. Яна маўчала і адно бесперастанна варушыла губамі і з кожным момантам павальней. Акамянелы, аслупянелы, анямелы, ён стаяў над ею, аж пакуль думка, што яна ўжо мёртвая, не з’явілася ў яго. Гэтая думка не страсянула яго, так многа ён перажыў ужо. Ён нагнуўся і дакрануўся яе твару. Гертруда ўжо сканала. Ён распусціў парасон і паставіў яго над яе тварам. Але тут ён падумаў, што парасон здалёку могуць заўважыць і згарнуў парасон. І зноў (сапраўды ці галюцынацыя?) вінтовачны стрэл здалёку. Ён падняў галаву. Пачыналася новая квадра яго пошукаў ратунку: без Гертруды. Ён пачаў азірацца, а пасля цвёрдая думка, што сляза мёртвага не падніме, выразна пачала авалодваць ім. Ён выцягнуў з-пад Гертруды свой пінжак, адзеўся ў яго, паглядзеў на Гертрудзіны ногі і неўзабаве рушыў па той самай дарозе. Праз колькі кіламетраў ён азірнуўся і больш як хвіліну глядзеў, як чарнеецца ўдалечыні «сухі дзюб». Пінжак абагрэў яго, і звечара ён нават падрамаў у полі на пакіненым пярэбірку гнілой грэчкі. Але хутка ён пайшоў далей, ратуючыся ад холаду. Досвіткам ён дайшоў да поля, дзе стаялі мэндлікі нязвезенага жыта. Ён ушыўся ў снапы і пачаў церці счарнелыя пад дажджамі каласы. Ён наеўся гнілога зерня і зноў рушыў у дарогу. Ні надзеі, ні якіх бы там планаў у яго яшчэ не было, але ён ужо ачомаўся пасля першага дня выгнання і Гертрудзінай смерці. Так перайшоў ён малое скрыжаванне і ўвайшоў у лес. І сам ён не ведаў, колькі дзён ён ужо вандруе. Можа было ўжо больш за тыдзень, а можа паўмесяца – ён не мог бы сказаць. І так дайшоў ён да скалечанага Ракуцькавай Лізаветай танка. Голад з’ядаў яго. Чырвоныя вочы яго часта міргалі, і твар уздрыгваў. Ён так прывык ужо не заўважаць, на чым ён ляжыць, што есць і што нюхае, што адразу не ўзяў на ўвагу трупнага духу, які панаваў у гэтым кутку лесу. І самога танка ён спачатку не заўважыў. Пінжак на ім быў ужо расшастаны на шматкі, і абутак злазіў з ног. Калі дзе траплялася, ён выграбаў рукамі з зямлі бульбу і еў яе сырую. Скура каля пазногцяў на яго пальцах паздзіралася, пазакасвалася і крывавілася. Барада і вусы выраслі пукамі, і вочы пачалі западаць. Раптам яго ўвагу ўзяла на сябе чорная птушка. Гэта быў груган. Ён сядзеў на дрэве, на вытырклай сухой галіне і пільна ўглядаўся ўніз. Здавалася, што птушка гэта ёсць увасабленне самай найвялікшай на свеце ўвагі. Густаў інстынктыўна спусціў свой позірк з птушкі ўніз, куды яна ўглядалася і чаго, здаецца, пабойвалася. І сапраўды, мусіць зроду не бачыла яна такога мерцвяка. Гэта было нейкае страшыдла, нахіленае набок, але пахла яно па-сапраўднаму, па-мярцвяцкаму. Густаў падышоў да танка і адчуў на сабе раўнівы позірк агіднай птушкі. Ён падняў твар, і позіркі іх спаткаліся. Густаў махнуў рукамі, але птушка нават і не зварухнулася. Тады Густаў, перамагаючы ў сабе страх, палез у танк і, нічога спачатку там не разабраўшы, пачаў абмацваць па кутках рукамі. Божа! Галеты! Цэлы нячэпаны пачак! І другі! І тут ён адчуў, што можа задыхнуцца ад трупнага духу. Ён прыціснуў галеты пад паху і пачаў вылазіць з танка, шмаргануўся каленам аб жалеза і ўпаў тварам на смярдзючыя грудзі мёртвага танкіста. Ахоплены жахам, ён выскачыў з танка і на ўсе жылы даў ходу. Трупны дух ужо ішоў з яго ўласнай барады, носа і рук і мучыў яго. Ідучы, ён абціраўся то тыльным бокам рукі, то рукавом. А гадзін праз дзве пачаў жаваць галеты. І ўсё яму здавалася, што на ім ляжыць урачысты позірк гругана. На другі дзень усё яшчэ цягнуўся лес. А ён усё ішоў. Некуды ж прывядзе гэтая дарога, тым больш што ішла яна як бы ў супроцьлеглы бок ад усходу. Ён заўважыў гэта аднойчы раніцаю. Перад самым выхадам шляху з лесу, ён пачуў нейкі роўны скрып. Трывожна ён азірнуўся і ўбачыў: галіна аднаго дрэва на самай дарозе адцягнулася ўніз, надламалася пры ствале, пагойдваецца і паскрыпвае. На дрэве вісеў чалавек, у ботах, у тутэйшай адзежы і з дошкаю на шыі, на якой было напісана: «Я партызан». Павешан ён быў крукам пад сківіцу, і шыя і плячо яго былі ў крыві, ужо закарэлай. У гэты момант у Густава і з’явілася думка, якая ажывіла яго і ратавала ў далейшым яго падарожжы. Ён аж затрапятаўся, так натхніў яго ўбачаны ім малюнак. Значыцца, тут жыве германская ўлада! Тут ратунак і тут смерць тым, што ператварылі ў здзек над ім яго ж мару. Тут, можа, і сын яго дзе. Але каб вытрымаць, каб перахавацца, каб не трапіць ім у рукі! Ён пацягнуў, як толькі мог, павешанага чалавека за ногі. Галіна адламалася, і труп упаў на зямлю. Добрага паўдня прайшло, пакуль Шрэдэр зняў з трупа боты і ўсю адзежу і пераадзеўся ў яе сам. Цяпер ён быў крыху падобен да якога-небудзь тутэйшага няшчаснага, які вылузаўся з якой-небудзь бяды і цягнецца ў свой бок. Ён паддаў ходу як толькі маглі вытрымаць яго аслабелыя ногі. Ён ішоў дзень за днём, і дзіўная рэч, нідзе ён не напаткаў ніводнай нямецкай машыны і ніводнага нямецкага салдата. Неспакой усё большы выростаў у ім. І ніводнай нідзе жывой душы. Кожны дзень ён сачыў за ўсходам і заходам сонца – ці не кіруецца хаця ён у супроцьлеглы ад захаду бок? Раз на дарозе ён спаткаўся з жанчынай і запытаўся, ці далёка да Баранавіч.
– А ты хто? – адказала яму запытаннем жанчына, чуючы яго ламаную мову. – Ты можа чэх?
– А тут ёсць чэхі? – хітра запытаў ён.
– Немцы везлі кудысьці чэхаў, дык яны ўзбунтаваліся, паўцякалі і бадзяюцца па дарогах, – сказала наіўная старая.
– Я чэх, – адказаў Шрэдэр.
– Дык на Баранавічы ідзі проста шляхам да скрыжавання, а там па шашы.
Цяпер ён пачаў ісці начамі, а днём сядзеў дзе-небудзь у зацішку. Ужо зямля ўмерзла, і ночы сталі доўгімі вельмі. Бульба на полі была ўжо мерзлая. Але непрыбранае збожжа добра высыпалася з каласоў і многа зерня было нацярушана. Часам высвечвала сонца і яшчэ крыху грэла. Тады зямля пачынала раставаць і чарнець. У ім сфарміраваўся свет вялікай адзіноты. І вось шлях дайшоў да такога месца, дзе Шрэдэр спыніўся і выразная думка аб блізкай гібелі стала ў яго цвёрдай і выразнай. У гэты дзень сеялася мокрая імгла, але к вечару выяснілася і заход сонца быў чысты. Ружовасць ляжала на небе, і вочы маглі цешыцца з адзінокай травіны, якая дзе-нідзе праз нейкі цуд захавалася на ржышчы. Так дзень пачынаў згасаць, калі Шрэдэр убачыў проста на дарозе абломкі машын і мноства трупаў нямецкіх салдат. Патрушчаныя галовы, паадрываныя ногі і рукі і ўсюды высахлая кроў. Шрэдэр мінуў гэты жах, і яшчэ не змеркла, калі ён убачыў перад сабою велічэзнае дрэва. Божа! Ён ужо два разы бачыў яго! Ці гэта сон, ці гэта страшная сапраўднасць?! Калісьці ён упаў тут хворы, і канвойны расейскі салдат узяў яго пад руку і павёў далей, дзе пры дарозе стаяла ў полі адзінокая хвоя. Мілы Божа! Тады яго паклалі на воз і павезлі. Ён сеў на край нейкай труны… Яму хацелася заплакаць. Але ж ён тады, ад слабасці свае, не вытрымаў і адчыніў сваю душу перад тымі, хто ратаваў яго і нахіляўся над ім з ясным позіркам. І тое, што ён аддаўся патрэбе свайго сэрца, згубіла Гертруду і цяпер губіць яго. Ці здолее ён цяпер быць цвёрдым да канца і не сказаць сустрэчнаму: «Хоць ты і не немец, але не буду я цябе ненавідзець. Пашкадуй мяне». У страшным утрапенні ён прайшоў яшчэ крокаў дзвесце і ўбачыў: збоку пры самай дарозе насыпана зямля, на насыпе ўбіты ў зямлю кол і на ім дошка з надпісам: «Тут закапана сто семдзесят шэсць немцаў, якія навалакліся сюды таптаць нашу зямлю і на гэтым самым месцы падохлі ад партызанскіх куль. Гітлераўцам сабачая смерць. Чытайце, немцы, і вучыцеся». Шрэдэр прачытаў і зноў рушыў далей. Перад ім была брукаваная паваротка і надпіс на слупе: «На Сумлічы. Шэсць кіламетраў». Нічога гэты надпіс не сказаў яму. Але ногі яго захісталіся, і ён сеў, а пасля лёг на зямлю. Усё цела яго ныла, галава кружылася, і кашаль пачаў ірваць яму грудзі. На Вялікім скрыжаванні ён ляжаў, і раптам страшная думка цюкнула яму: «А ці не ступіў я ўжо на дарогу за сваёй Гертрудай?» Ён падняў галаву. Надпіс на слупе ўжо ледзьве вырысоўваўся ў змроку ранняга вечара. Ён устаў без жадання і волі. Прыпёрся плячыма да вялікага дрэва і звяў. І толькі кашаль час ад часу вырываў яго з забыцця. Божа, якая доўгая была ноч! Тая чвэрць веку, якую ён пражыў з таго, калі ўпершыню ўбачыў гэтае дрэва, была карацейшая за гэту ноч. Ён сядзеў з усходняй стараны дрэва і, калі ўзышло сонца і паклала на яго страшны твар праменне, ён паварушыўся і падняўся. Надпіс на дошцы зноў стаяў перад яго вачыма: «На Сумлічы». Тут ён раптам уздрыгануўся. Божа, які дзіўны лёс! Гэтае слова ён пісаў калісьці свайму малому Густаву, калі думаў, што памрэ сярод чужых людзей. Там была дзяўчынка з яснымі вачыма, тая, што паіла яго малаком. Ён не вытрымаў. Цяпер ужо слова «Сумлічы» пранізвала яго вострым болем і смуткам аб нечым навек страчаным і апаганеным. Ахоплепы дзікай думкай, ён рушыў у брукаваную паваротку. Каля Сумліч жанчына везла воз дроў. У першай сумліцкай вуліцы дзяўчынка несла вядро вады. Яна азірнулася на прысутуленую дзіўную постаць, якая ледзьве грабла нагамі. Стаялі дрэвы без лісця, і дым ішоў з аднаго коміна. Тут жылі людзі. Шрэдэр падышоў да дзяўчынкі. Ламанай мовай ён сказаў:
– Гэта Сумлічы?
– Сумлічы.
– А немцаў не чуваць тут?
– А ты хто?
– Чэх.
– Немцаў няма, тут нашы. Пасля таго як па шашы пачалі душыць немцаў, дык яны сюды і носа не ткнуць. Трасцы!
– Партызаны ўсюды?
– Немцы толькі па гарадах асталіся.
Зноў адчай і трывога выгналі з Шрэдэравай душы нядаўняе жаданне сказаць першаму сустрэчнаму чалавечае слова. Тут падышла другая дзяўчынка, і новае пачуццё ажыло ў Шрэдэра. Гэта быў страх. А страх пачаў зменьвацца слабасцю волі і думкі. Аднак жа думка яго працавала даволі цвёрда. Разам з тым зноў пачало варочацца да яго імкненне да чалавечага слова кожнаму, хто натрапіцца на яго дарозе. Настрой яго зменьваўся кожную секунду. То хацелася яму крыкнуць: «Густаў, сын мой! Дзе ты? Дзе твае салдаты і слава фюрэра?» То хацелася сказаць: «Пракляцце табе, фюрэр, за тое, што ты павёў мяне туды, куды я прыйшоў!» – і цалаваць гэтых дзяўчынак.
– Гэта чэх, – сказала дзяўчынка з вядром той, другой, якая толькі што падышла.
– Дык чаго ж ты стаіш, – сказала Шрэдэру новая дзяўчынка. – Калі ты чэх, дык ідзі папрасіся ў людзей у хату. Ты ж ледзьве стаіш.
Вось і чалавечае слова! Яго моцна ўразіла. Ён аж хістануўся на нагах. Раптам ён успомніў. Дастаў з кішэні запісную кніжачку і хутка знайшоў запісанае яшчэ ў Германіі, калі збіраўся сюды. Запісана было рукою Гертруды, перапісана з яго пісем. Яна пісала з нядобрым пачуццём да яго і з пэўнай думкай. Гледзячы ў гэты запіс, ён сказаў:
– Дом Нявады.
– Мы завядзём, – сказалі ў адзін голас дзяўчаткі.
– А ты праўда чэх, ці можа немец? – сказала адна.
– Чэх, – адказаў ён.
І яны павялі яго на край мястэчка, дзе радзей стаялі хаты і відно было поле. У хату яны ўвайшлі разам з ім і ў адзін голас сказалі:
– Гэта чэх, хоча есці і спаць.
І выйшлі з хаты. Ён пераступіў з нагі на нагу і ўбачыў: на лаве ляжаць вінтоўка і патроны, на табурэце сядзіць чалавек, пасярод хаты стаіць жанчына і ў пасцелі ляжыць дзяўчынка. Падлогі ў хаце няма, а ўбітая зямля. Гэтая зямля і ўразіла яго перш за ўсё. Гэта ж зямля гэтая так была тады асветлена сонцам, калі ён тут скінуў з сябе хваробу і раскрыў перад людзьмі душу. І вось ён пачаў пазнаваць у гэтай хаце ўсё. А дзяўчынка! Яна ляжыць і, мусіць, хворая. Бо такі худы і жоўты яе твар. Можна падумаць, што яна цэлыя годы праседзела ў турме. І зноў яму душу сціснула новае ўражанне. Вочы ў гэтай дзяўчынкі. Гэта ж тыя самыя вочы. Можна падумаць, што гэта тая самая, што так даўно, калісьці, паіла яго малаком. Ён пачаў калаціцца.
– Ну дык садзіся, чэх, – сказаў чалавек, – зараз цябе накормім.
Шрэдэр сеў, і думкі яго зноў аслабелі. Яго хіліла да забыцця. І смутак, вялікі смутак аб усім свеце і аб сабе здушыў яго.
– Садзіся бліжэй да стала, налью табе есці, – сказала жанчына.
Ён сеў за стол і сказаў, хоць ломанай, але расейскай мовай. Відаць, ён як мае быць рыхтаваўся ехаць сюды, каб тут пакінуць быць арандатарам.
– Я некалі падараваў быў вам золата. Гадзіннікі, пярсцёнкі, крыж. У тую вайну я быў хворы і палонны. Яно пайшло гэтаму дому на карысць?
Ён не памятаў, што казаў. У вачах яго цямнела, душа ныла.
– Божачка! – шпарка прагаварыла жанчына. – Адкуль ты ведаеш?.. А… Гэта быў ты? Я тады была яшчэ малая.
– Дык ты немец? – Раптам заварушыўся чалавек. – І я тады быў малы. А яна цяпер малая, – і чалавек ткнуў рукой туды, дзе ляжала хворая дзяўчынка. – Дык ты немец? Выйдзі з хаты! Чуеш? Ідзі! – Чалавек узяў з лавы вінтоўку і грукнуў прыкладам у зямлю. Шрэдэр саскочыў з лавы і пайшоў у дзверы.
– У сад ідзі! – закрычаў чалавек. – Унь туды!
Шрэдэр увайшоў у сад, дзе густа стаялі голыя дрэвы, і зямля была зацярушапа мерзлым лісцем.
– Стой!.. – сказаў чалавек.
Шрэдэр стаў і штосьці шпарка пачаў гаварыць, перамешваючы нямецкія словы з расейскімі.
Чалавек не слухаў, прыцэліўся і стрэліў. Шрэдэр упаў і сканаў, лежачы, праз хвілін паўтары.
Кастусь Лукашэвіч убачыў на дрэве падмерзлую бэру сярод чорнага лісця. Падумаў, на яе гледзячы, зазірнуў у пуньку, узяў з саломы два яблыкі і ўвайшоў у хату.
– На, Лізачка, еш антонаўкі, – сказаў ён, падыходзячы да хворай дзяўчынкі.
1943–1944
Млечны Шлях
Рыжы бык адбiўся ад вялiкай чарады, якую нямецкiя салдаты гналi кудысьцi на станцыю, i рынуўся з дарогi ў поле. Па iм стралялi, але яму пашанцавала ўцячы i вырабiцца з бяды. Гэта было вясною. Да добрай восенi ён бадзяўся па лесе i полi i стаў порсткi i ўскiдзiсты на рух. Ён зусiм адзiчэў, але не схуднеў. Травы яму хапала. Яшчэ i цяпер пад кустамi было зяленiва, хоць i пачарнелае ад халадоў. Стаяла восень. Але яшчэ часам дзень зiхацеў сонцам, i тады птушкi не зважалi на прымаразак. Iх было многа. Яны пырхалi крыллем у вяршалiнах дрэў i спявалi, малыя i вёрткiя. Часамi бык рыкаў, але ў гэтых мясцiнах, дзе ён бадзяўся, яго можа i не чуў нiхто. Тут льга было прайсцi вялiкую прастору i не напаткаць чалавека i яго аселiшча. Вельмi многа тут чарнелася печышчаў i асмалкаў, i ў сухiя днi вецер круцiў i ўзнiмаў сухi попел. Многа лётала варання, i брахалi валачашчыя сабакi. Часамi было падобна, што пройдзе струмень трупнага духу. Вельмi магло быць, што дзе-небудзь гнiў хто непахаваны. Спачатку тут прайшлi былi нямецкiя танкi, а пасля не раз праходзiлi нямецкiя карнiкi. Жыццё стулiлася ў лясы i цiхiя закуткi, далей ад язджалых дарог. Гэтакае спустошанне цяглося кiламетраў можа на трыццаць. Якраз тут i знайшоў сабе бадзячую аселасць адзiчэлы бык. У адным кутку тут, дзе на месцы спаленага сяла печышчы паспелi ўжо абрасцi блёкатам i драсном, шэсць вялiкiх вязаў узнiмалiся ў неба пышнымi сваiмi вярхамi. Дзе-нiдзе счарнелае лiсце на iх так i аставалася на зiму. Густы зараснiк крушыны i шыпшыннiку стаяў пад iмi. Гэта было крокаў за тысячу ад вялiкага пажарышча i не больш як за чвэртку кiламетра ад лесу. Тут быў узгорак, i навокал далёка вiдно было ў поле. Як начамi пачала мерзнуць зямля, рыжы бык пачаў худнець. Шэрсць на iм падаўжэла i паднялася. Аднойчы ён убiўся пад шэсць вязаў у зараснiк, нюхаў кару на дрэвах i кустах, укруцiў хвост у шыпшыннiк, стаў iрвацца, яшчэ мацней ублытаўся, паабдзiраўся аб сукi i калючкi i, не могучы адарвацца, астаўся так стаяць. Ён аслабеў без яды i ад трывогi i пасля доўгай ночы i ранiцы зарыкаў на высокiм тоне. Блiзкiм лесам прайшло рэха. А пасля i яшчэ. Многа разоў. Раз-поразу. Жывёлiна прасiла ратунку. Рэха iшло па лесе.
Лес той быў густы i стары. Хвоя выносiлася стромка ў неба. Дуб расцiскаў голлем сабе прастору. Пракiдаўся граб. Пад навiссю дрэва каляiнiстыя дарогi расплылiся пад дажджамi i так асталiся. Па iх тут цяпер нiхто не ездзiў. Крокаў за трыста ад гэтакай дарогi, на струхлелым ствале паваленай дупляватай асiны сядзеў малады чалавек. Льга было здагадацца, што ён малады, каб хто бачыў яго ў гэтыя моманты: занадта нешта порстка i жвава ён ускiнуў галаву, як толькi пачуў бычынае рыканне. Здавалася, што ён чуе гэта радасную вестку, у кожным разе роўную доўгачаканаму ратунку. Вочы яго ажылi, рысы твару набылi рухавасць. Маладосць жыла на яго твары, нават i з-пад неахайнага шчацiння. Ён даўно не галiўся i можа нават не мыўся. Пячаць таго, што яму не было больш як трыццаць год, ляжала на iм. Рухавасць i бляск вачэй, жывая ўзбуджанасць, як толькi пачуў ён рыканне жывёлiны. Ён устрапянуўся адразу, прыўзняўся з трухлiны i застыў, прыслухоўваючыся. Вочы яго ўсё так жа свяцiлiся надзеяй i чаканнем.
Бровы ў яго сыходзiлiся дугамi i тонкiя губы сцiскалiся, калi ўвага яго да якога-небудзь шоргату лiстка аб мерзлую кару даходзiла да поўнага напружання. Гледзячы на гэты твар, можа хто-небудзь знайшоў бы тут упартасць натуры. Можа i так. Але аднак жа сцiснутыя губы ўздрыгвалi. Магло гэта быць ад холаду, а можа ад прычын, што каранiлiся ў душы гэтага чалавека? Як бы там нi было, заўважалася ў iм яшчэ i шпаркае шуканне чагосьцi вачыма. Вочы, вялiкiя i шэрыя, не мелi спакою ўвесь час. Каля вачэй збiралiся густа рысы ўважлiвасцi i да ўсяго навакольнага, i да таго, што рабiлася ў самiм чалавеку. Нейк заўважалася, што пад брудам, шчацiннем i куродымам твар белы i з рэдкiмi вяснушкамi. I валасы павiнны быць у чалавека светлыя. Але ў якой неахайнасцi i запушчанасцi быў ён увесь! Здавалася, што яго спасцiгнуў такi злы лёс, прага ратунку, ад якога забiла ўсё iншае, што калiсьцi жыло ў чалавеку. Да самых воч на галаве насунута была нейкая дзiўная шапка, i здаецца, жаночая, звязапая з шэрай воўны. Вядома, што ён дзесьцi выпадкова дастаў яе. Або знайшоў на дарозе, або адабраў у каго. Магло быць i гэтак. Быў холад. Хоць i не была мерзлая зямля, але дзе ляжала вiльготнае лiсце, там белая намаразь толькi апаўднi, як пачало паднiмацца сонца, замакрэла. А чалавек быў у летнiм пiнжаку, i пад iм адна толькi кашуля, i то мусiць чужая, бо занадта шырокая ў каўняры, якi звiсаў на пiнжаку на самае плячо. Кашуля была з саматканага палатна i зашпiлена на шыi вялiкiм чорным гузiкам. Боты на iм былi нямецкiя, салдацкiя, з нiзкiмi халявамi i цвiкамi ў тоўстай падэшве. А нагавiцы – ватовыя, але з вырваным каленам у адной калошыне. Усё гэта вывалена ў зямлi i выквацана ў некалькi колераў, як быццам сюды сумысля збiралася ўсё, што толькi дзе напаткаць льга было. Нi тое што адчай, а востры смутак час ад часу клаў сваю пячаць на твар гэтага чалавека i пасля сыходзiў. Рух адбываўся i не зацiхаў у яго душы.
Хмурнасць дня сплывала. З'явiлася сонца. Бялявае святло яго цiха лягло на дрэвы i лiсцвяныя накiды. Намаразь замакрэла, з-пад яе выйшла зяленiва на зямлi. Дробная птушка пырхнула ўгары i заспявала. Быццам супакоены, чалавек зноў сеў на трухлiну. Птушкi больш пачалi абзывацца. I раптам зноў зарыкаў бык. Чалавек усхапiўся з месца з раптоўнай рашучасцю. Быццам ён хацеў крыкнуць: "Пара, час настаў!" Бычынае [рыканне] iшло лесам раз-поразу. Жывёлiна забiралася ў самыя высокiя ноты. Жывы голас клiкаў на дапамогу. Чалавек азiрнуўся наўкола, шукаючы кiрунку, адкуль iшоў голас. Ён шпарка рушыў з месца i пакiнуў за сабою трухлявае бервяно, на якое адразу насела многа дробных птушак. Дзень яснеў, i ў паветры цяплела. Бык рыкаў бесперастанку. Чалавек стараўся шпарка перабегчы полем ад лесу да магутных вязаў, з-пад якiх чулася жывёлiна. Пакуль дабегчы да дрэваў, чалавек некалькi разоў азiрнуўся. Ён сцярогся чагосьцi. Можа яму ўвесь свет быў страшан. Бо як толькi ён дабег да першага дрэва, адразу дапаў да яго ўсёй постаццю сваею. Быка ён яшчэ не бачыў. Стаяў, прыцiснуўшыся да дрэва, i выглядаў з-за яго. Птушкi i тут пырхалi ў голлi. Бык рыкаў няспынна. Вось ён! Чалавек убачыў яго. Жывёлiна стаяла ў такой хмызнячнай гушчарнi, што толькi рыжая масць яе дзе-нiдзе прасвечвалася праз крушыннiк. Бык рыкаў, чмыхаў i рваўся. Чалавек выткнуўся з-за дрэва зусiм, нават адышоўся ад яго на крок i застыў у одуме i з выглядам такiм, што ён дапаў да свае чаканай прынаднасцi. Была хвiлiна як бы нерашучасцi: што ж далей рабiць? Ён пiльна разглядаў жывёлiну. Пастава яго ператварылася ў нарыхтаванасць да таго, каб кiнуцца на быка. Ён абышоў вакол крушыннiку i ўбачыў. Задам бык упiраўся ў густы шыпшыннiк, i хвост яго па самыя сцёгны ўцуркаваўся ў калючы зараснiк. Чым больш iрваўся i тузаўся бык, тым мацней ублытваў хвост. Некалькi парасткаў ён раскалываў, а выцягнуць з зямлi i адарваць ад карэння не мог. На абадраных аб калючкi i сукi сцёгнах закарэла кроў. I хвост быў у сухой крывi. Бакi запалi ў ямы. Рэбры хадзiлi пад скурай, пахвiны выцягнулiся, i ён стаў, як дошка. Убачыўшы чалавека, бык выцягнуў шыю i рыкнуў спакайней i цiшэй. Чалавек заўважыў, як спакайнела жывёлiна, i ўзрадаваўся. Ён стаў у позу, падняў крысо ў пiнжаку i выцягнуў аднекуль з-пад свае адзежы нейкую зброю, падобную да вялiкага фiнскага нажа. Трымаючы зброю ў руцэ, ён яшчэ не зрабiў анiякага руху, як раптам твар яго перасмыкнуўся i вочы жахнулiся. Бадай-што ў такой самай паставе, як i ён, з другога боку ад жывёлiны i з шырокiм штыком ад вiнтоўкi ў руках стаяў тут другi ахвотнiк да бычыны. Чалавека ў летнiм пiнжаку ўразiла да жудасцi тое, што гэты, стоячы ў зусiм гатовай паставе, глядзеў не на быка, а на яго.








