Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 24 (всего у книги 41 страниц)
Праз тую станцыю, дзе служыў Антон Крамарэвiч, прайшлi апошнiя цягнiкi, i немцы былi ўжо зусiм блiзка. Не тое што ад кананады, усё траслося i рвалася ад частых налётаў нямецкай авiяцыi, але ўжо i нямецкiя танкi падышлi былi да самай станцыi i зноў знiклi. Антон Крамарэвiч разам з усiмi, з кiм ён жыў i працаваў тут доўгi час, быў у знiшчальным атрадзе, якi затрымлiваў падазроных асоб, капаў супрацьтанкавыя равы, узводзiў насыпы, забiваў надаўбы, спаткаў быў нямецкiя танкi стральбой i гранатамi. I многа тут яшчэ было работы гэтаму атраду. Але яшчэ няясна было: цi астанецца атрад тут, як прыйдуць немцы. Падыходзiў апошнi момант. А на станцыi аставалiся яшчэ таварныя вагоны, цэлы эшалон. Гэта быў таварны цягнiк, у паравоз якога трапiла бомба i ранiла машынiста. Начальнiк станцыi выбраў з усiх Антона Крамарэвiча: ён ведаў, што Крамарэвiч такi чалавек, што калi ў яго не хопiць пачуцця абавязкаў давесцi справу да канца, то таксама не хопiць i смеласцi не давесцi яе да канца. Антон Крамарэвiч увесь час, некалькi гадзiн, стаяў на паравозе пры раненым машынiсце. Машынiст быў забiнтован па твары, плячах i жываце i сядзеў на высокiм табурэце. Крамарэвiч стаяў пры iм i то даваў яму пiць, то рабiў тое, што казаў яму машынiст. Без агнёў i цiхiм ходам яны адводзiлi цягнiк у тыл. Але паравоз быў сапсаваны бамбардзiроўкай, i язда была такая марудная, а нямецкiя самалёты шукалi сабе спажывы так часта, што цяжка было гнаць ад сябе безнадзейнасць. Ехалi, цi, праўдзiвей сказаць, паўзлi ўсю ноч i ранiцу i тады, калi сонца рушыла на поўдзень. Тут якраз i здарылася тое, што вырашыла далейшыя Крамарэвiчавы паводзiны: немец зверху заўважыў цягнiк i стаў над iм кружыцца. Машынiст спынiўся. Трэба думаць, што немец пачаў трацiць цягнiк са сваiх вачэй i, можа быць, каб зусiм не згубiць яго для сябе, ён бадай што на ўсялякi выпадак скiнуў увесь груз сваiх бомбаў. Гэты страшны пачастунак упаў так блiзка ад цягнiка, што паравоз i пярэднiя чатыры вагоны ўздрыганулiся, зрушылiся набок, пагнулiся i сталi нягоднымi для далейшага руху. Машынiста i Крамарэвiча выкiнула з паравоза. Крамарэвiч ачомаўся праз некалькi гадзiн, i не так сабе, а ад артылерыйскай кананады. Немцы абстрэльвалi гэтую мясцовасць з гармат. Усюды ўзнiмалiся ўзрывы. Пыл з дымам раз'ядаў вочы i грудзi. Крамарэвiч хацеў прыўзняцца i адчуў, што ранен у грудзi. Кроў закарэла i пакiнула iсцi. Уночы свяцiў месяц. Крамарэвiч хацеў стаць на ногi i ўпаў у непрытомнасць. Вельмi можа быць, што жудасны холад, якi можа быў i ад хворасцi, вярнуў яго да памяцi. Ён калацiўся з холаду i не ведаў, колькi часу ён так праляжаў. Заходзiла сонца, i зямля была мокрая, мусiць, нядаўна прайшоў дождж. З нечалавечай натугай Крамарэвiч усё ж такi падняўся на ногi i паспрабаваў паволi iсцi. Яго вадзiла ўбакi, i ў вачах стаялi чорныя кругi. Сам не ведаючы куды, ён усё iшоў, растапырыўшы рукi, быццам мацаючы паветра i трымаючыся за яго. Разышоўшыся, ён аднак жа пайшоў лягчэй. Ён садзiўся i лажыўся на зямлю i зноў iшоў. У адным месцы, дзе чарнелiся кусты i дрэвы, ён чуў зусiм блiзка ад сябе нямецкую гаворку i ледзьве мог схапiць грудзьмi паветра. На рассвiтаннi ён бачыў, як прайшло палявой дарогай многа нямецкiх танкаў. Ён лёг пад куст палявога быльнягу i не варушыўся. I нiколi так моцна, як у гэтыя моманты, не ныла яго душа па Алесi, Ганцы, Толю i ёй, добрай яго жонцы, такой блiзкай i роднай жанчыне. I па тым кутку пры лесе, дзе сэрца многа знаходзiла цiхай радасцi i дзе ўцеха з малога была лепш за радасць з вялiкага. Пераляжаўшы так многа гадзiн, ён зноў пайшоў. Ужо ён быў слабы i ад раны, i ад голаду. Многа сiлы адабрала i ўся гэтая валтузня. Ён ведаў адно. Па ўсёй мясцовасцi панавалi ўжо немцы, а мясцовасць была незнаёмая. Яшчэ праз паўсутак ён дацягнуўся да нейкай дробнай вёсачкi, дапаў да скошанай i прывялай травы каля частакола з рассунутымi прутамi. Бязвусы, босы i ў чорнай рубашцы без падпяразкi чалавек угледзеў яго i разгаварыўся з iм. Ён паспагадаў яму ў няшчасцi i паклаў на леташнюю салому ў сваёй пунi. Кожны дзень ён прыносiў яму два разы хлеб i малако, i так пайшоў тыдзень за тыднем. Адно што душа была не на месцы, а так усё iшло добра. Хоць паволi, марудна, як свiтанне ўвосень, але варочалася здароўе, а значыцца, у чалавека i надзеi ажывалi. Антон Крамарэвiч, ужо ўвосень, упершыню выйшаў з пунi, ахоплены одумам, што яму цяпер рабiць. Гаспадар яго быў чалавек цiхi i баяўся немцаў. Ён распытваў па людзях, што дзе чуваць, а пасля падоўгу сядзеў з Крамарэвiчам, i яны раiлiся i думалi, як далей трымацца i цi трэба Крамарэвiчу падавацца цяпер у свой раён, дзе аставалiся жонка i дзецi. Хадзiлi аднак жа чуткi, што ў тым раёне, далёкiм адгэтуль, многа нямецкага войска, i там людзi забiлi трох гiтлераўскiх афiцэраў, i карны атрад там даўно ўжо, i няма як туды паткнуцца. Вельмi можа быць, што Крамарэвiч занадта рана падняўся з саломы i не вылежаў хваробы да канца. Бо праз невялiкi час рана адкрылася i хвароба адкiнулася. Ён зноў ляжаў на саломе ў пунi, пад кажухом i ў ботах, бо восень была позняя i пачыналiся замаразкi: снег пайшоў, i маразы пачалiся. Стала зiма. А ён усё ляжаў. Добры лёс паслаў яму чалавека з душой i розумам. Ён прыводзiў да Крамарэвiча доктара, i той сказаў берагчыся i раней часу не ўставаць. Так i зiма прайшла, i вясна настала. I толькi як высахла зямля, Антон Крамарэвiч па-сапраўднаму ўбачыў, што ён як мае быць робiцца здаровы. На пераломе вясны на лета ён цвёрда надумаўся брацца ў свой бок. А там будзе вiдно, што i як далей. Скрываючыся i трымаючыся глухiх закуткаў, ён больш як тры тыднi iшоў у свой бок. Да знаёмай стараны ён дайшоў якраз тады, калi яна апустошылася. Многа людзей забраў з сабою карны атрад. Казалi, што многiя апынулiся ў канцэнтрацыйным лагеры, а многiх пагналi ў Германiю. Дзе-нiдзе Антон Крамарэвiч натыкаўся на чутку, што далёка адсюль, па дарозе ў лагер, многа людзей уцякло з-пад варты. Iм памаглi партызаны, напаўшы на канвой i перабiўшы яго. Самымi гарачымi днямi Крамарэвiч прыйшоў у свой пасёлак. новую сваю хату ён знайшоў з забiтымi дзвярыма i вокнамi, так, як i пiсала яму калiсьцi жонка. Што ж да старой хаты, то яна была як пустка якая: усё паадчыняна, паразварочвана, кiнута абы-як, i нi душы нiдзе. Крамарэвiч кiнуўся па суседзях. Але толькi ў двух хатах знайшлiся людзi. Астатнiя хаты пуставалi. Суседзi казалi ў адзiн голас, што трое Крамарэвiчавых дзяцей i жонка знiклi немаведама дзе. Разам з тысячным цi большым натоўпам людзей i iх гналi некуды. А цi ўцяклi яны, цi не – невядома. I што з iмi, i дзе яны – нiхто не ведае. Антон Крамарэвiч абышоў увесь раён, дападаў куды толькi мог i нiчога не дазнаўся. Вялiкае гора здушыла яго. Да самай глыбокай восенi ён стаў сумным вандроўнiкам. Дзе ён толькi нi быў! Абышоў круг на сотнi кiламетраў. Быў i ў тым баку, дзе з-пад варты ўцяклi людзi. Дзе што чуваць было яму спанаднае, ён кiраваўся туды. I на след не напаў. Нарэшце, ужо ўбачыўшы марнасць сваiх пошукаў, ён узгадаваў у сабе прагу знайсцi дзе сляды партызан i астацца з iмi. Але партызаны сваiх слядоў напаказ не выстаўлялi. Дзе грамаздзiлiся на дарозе куча лому з разбiтых машын i парваных гранатамi на кавалкi немцаў, там, здавалася, яшчэ цiшэй было, як дзе. На дрэвах спявалi сабе птушкi, i спакойна шастала трава пад ветрам. Здавалася, што тут няма i не было нiкога нiдзе жывога. Адзiнокi, як саломiна на дарозе, Антон Крамарэвiч зноў рушыў у свой бок. Ужо нiякiх цвёрдых намераў ён не меў. Дзесьцi ў глыбiнi душы была толькi, як яснасць сонца па той бок хмар увосень, надзея, што пакрысе, як павелiчэнне дня к вясне, выкiруецца ўсё на дабрыню i шчасце. На гэта патрэбен час, i ён радаваўся кожны вечар, што яшчэ адзiн дзень мiнуўся. Так, у маруднай хадзе, ён прычакаў позняй восенi. Ужо быў кастрычнiк, i дзiўна, як гэта так доўга стаяць цёплыя днi. Хоць поле было i пустое, хоць трава была злеглая i збляклая, але часам, з вялiкай задумы, здавалася, што зараз над прыгрэтай сонцам травiнай загудзе пчала. А ў лесе зусiм было цёпла. Часамi яшчэ чуўся пiск камара. Антон Крамарэвiч дайшоў да роднага кутка ў канцы ночы. Было холадна i мокра. Мiнулым днём доўга лiў дождж. Крамарэвiч падыходзiў да лесу. Сцежка, калiсьцi знаёмая, губiлася ў змрочным падлеску. Ён доўга шукаў сцежкi i з прыкрасцю крывiўся, калi пад нагамi трашчала ламачча. Ён кружыўся на адным месцы, убiўся ў мурашпiк, пакаўзнуўся i выцяўся тварам аб зямлю, усхапiўся i, ужо не шукаючы больш сцежкi, рушыў проста ў прастор памiж дрэвамi. Тут жа адразу пачалося поле, i як быццам сцежка чарнелася i вiлася ўгару на ўзвышша. Ён пайшоў сцежкаю i ўбачыў перад сабою дрэва з ададранай галiнай. "Гэта тая самая арабiна, каля якой я некалi араў i на нiзкi сучок торбу з хлебам вешаў". Ён прыгнуўся, абмацаў сук. Сэрца яго як бы ўздрыганулася. Ён пайшоў шпарчэй. Ужо добра свiтала. Дзень пачынаўся ясны. Ён падышоў да шасцi хат. Дзесьцi тут у хляве рыкала карова. Ён падышоў да новай сваёй хаты. Усё таксама яна стаяла з забiтымi вокнамi i дзвярыма. Але бярвенне ўжо яе пачарнела. Быццам стараючыся адкаснуцца ад страшных прывiдаў, ён паддаў ходу, проста да той старой хаты. Ён тады яе замкнуў, калi пакiдаў яе апошнi раз. Ён здалёк бачыць: замок вiсiць на дзвярах, нiхто не зачапiў нiчога. Ён увайшоў у двор. Тое самае ржавае i сплюшчанае ў бляху вядро валялася пад нагамi. Пасярод двара стаяла вада. Белы певень, худы i нейкi доўгi, з вострым i высокiм грэбенем на галаве, спалохаўся чалавека i з крыкам, узмахваючы крыллем, рынуўся наўцёкi. Ён адзiчэў у адзiноце. Ён пакiнуў след пасля сябе, ён начаваў перад вокнамi на плоце. Крамарэвiч згубiў ключ у часе свайго вандравання. Ён падняў камень, адбiў прабой i адчынiў сенцы. Як яго ўразiў пах вiльгацi ў хаце! Першае сонца бiлася ў акно i ляжала на столi. Са сцяны тырчаў той самы драўляны крук, убiты яшчэ дзедам, на якi два цi можа тры пакаленнi вешалi вопратку, хусткi, шапкi. Смутак здушыў Крамарэвiчу грудзi. Ён зноў пад гэтым крукам, пад якiм быў малым, пад якiм часта курыў, седзячы тут на лаве. Яго душа ныла аб тым, што яшчэ так нядаўна было, напаўняла жыццё i радавала чалавека. Ужо ж быў даведзены да даху дом. Гэта нiчога, што заканчэнне дома адклалася, самае большае было зроблена. А дзецi! Старэйшая Ганка ўжо даўно пiсьмы яму пiсала. Яго душу рвала тое, што ён зноў апынуўся ў дзедаўскай хаце, быццам злы лёс сумысля не даваў яму выбрацца на прасторнейшую сцежку, чым тая, па якой iшоў дзед. А каб ён i скончыў дом, i пажыў год цi два ў iм. Тое шчасце было б нiчым перад тым няшчасцем, што цяпер агарнула яго. Ён быў адзiн, без дзяцей i жонкi, без нiкога на свеце. Што з таго, што ён мае дзве хаты! Навошта цяпер канчаць новую хату, калi iх няма. Хоць цэлую вулiцу дамоў дай яму. Гэта толькi павялiчыць яго смутак, нiчога яму цяпер не мiла, няма яму цяпер за што зачапiцца, каб жыць. I няма каму скардзiцца, над душой вiсiць гад з гадаў, бязлiтасны прышэлец з чужой зямлi. Пакуль чалавек жыве, ён ратуецца ад усякай злой навалы. Каб уняць свой смутак, Антон Крамарэвiч падумаў, што трэба ж жыць на свеце. Ён выйшаў, набраў лому, напхаў у печ i падпалiў. Некалькi разоў ён падкiдаў у печ дровы. Печ нагрэлася, па хаце пайшла парнасць. Ён падумаў, што будзе чад, i яму карцела iсцi шукаць людзей i зноў пытацца, цi не ведаюць дзе следу яго жонкi i дзяцей. Замест замка ён укруцiў дротам клямку i рушыў з двара. Той белы худы певень выткнуўся з-за вугла, i зноў убачыў чалавека, i зноў кiнуўся ў лес з крыкам. "Як адзiчэла птушка! Нейк жа i жыве адна, начуе сабе на плоце, жывiцца сама". Думаючы аб усемагутным жыццi, якое на кожным кроку ўкараняецца i iмкнецца да красавання, адчуваючы гэта ўсёй душой сваёй, ён пайшоў у той вялiкi пасёлак, дзе быў раней цэнтр раёна. Там ён гаварыў з людзьмi, нiчога не выяснiў i каб трохi, дык трапiў бы ў рукi палiцаяў, якiя заўважылi нейкага новага тут чалавека. Добрым змрокам вярнуўся ён дадому. Праз пабiтую шыбу дзьмуў па хаце вецер. Ён заткнуў анучаю дзiрку ў акне i агню не запальваў. Ён памятаў, што на тым дзедаўскiм круку вiсiць чорны ад гразi ручнiк. Яго не паспелi памыць. Вобмацкам ён паклаў ручнiк у ночвы, якiя бачыў у сенцах, налiў вады i абмацаў ля комiна на печы мыла. Доўга ён мыў ручнiк, i гэтая разрыўка гнала ад яго смутак. Ужо было позна, калi павесiў ручнiк на плот. У цеменi ночы ён заўважыў, што той белы певень сядзiць на плоце перад хатаю i схаваў пад крыло галаву. Яму захацелася як-небудзь прылашчыць гэтую адзiнокую птушку. Пасля ён пайшоў на той бок арабiны ў полi, дзе бачыў, калi iшоў сюды, цэлы загон нявыбранай бульбы. Цi ёсць на яе гаспадар, цi не? Няхай сабе як хоча. Ён навыграбаў бульбы ў мех як панесцi мог. Вярнуўся з мехам у хату. Белы певень спаў усё на плоце. Ён лёг на цёплую печ i адразу заснуў. Перад днём выбiўся з-за хмар месяц i пачаў цьмець. Ранiца пачалася ясная. Ён прахапiўся, быццам было ў яго многа важных справаў. Зазiрнуў у акно. Белы певень дзёўб нешта пасярод двара. Ён падпалiў у печы, узяў з-пад лавы чыгун i паставiў да агню бульбу, каб хапiла i сабе, i пеўню. Управiўшыся з гэтым важданнем, ён сеў на печ, звесiў ногi i курыў. Неўзабаве дым ад яго папярос плаваў па ўсёй хаце. Круцiў ён папяросы адну за адной, смутак, як самы востры боль, пёк яму грудзi. Ён адчуў, што так не вытрымае доўга. "Толькi пераначую яшчэ адну ноч i тады сыду куды". Ён, здаецца, чуў, як iдзе час, секунда за секундай. Ён быў такi насцярожаны, што ўздрыгануўся, як ад раптоўнага грому, ад цiхага бразгату сенечнай клямкi. Як той певень ад чалавека, так ён ад гэтага гуку як бы хiстануўся ўбок, да сцяны, пасля саскочыў з печы i стаў у гатовай да ўсяго паставе. Адчынiлiся дзверы, i цераз парог пераступiў Коля Сушчэвiч. Антон Крамарэвiч убачыў перад сабою хударлявага, з абветраным вострым тварам, хлапчука, у якiм (i гэта адразу кiдалася ў вочы) нерашучасць i баязлiвасць змагалiся з самай выразнай адвагай. Можа гэта было штучна напушчанае iм на сябе, але яно было i ўладала гэтым малым, нечаканым i незнаёмым госцем. Коля Сушчэвiч бачыў перад сабой незнаёмага чалавека ў зрыжэлых ботах, у ватоўцы, з дробнымi светлымi вусамi, з вачыма, адначасна i рухавымi, i задуменнымi. Гэты незнаёмы чалавек стаяў нерухома i, здавалася, еў вачыма свайго малога госця. Так ён пiльна прыглядаўся да яго. Коля Сушчэвiч засадзiў пальцы рук за раменную сваю падпяразку на кароткай вопратцы з шэрага сукна i, здавалася, думаў i меркаваў. Антон Крамарэвiч падазрона ўглядаўся ў яго i сказаў тонам чалавека, якi не так дапытвае другога, як сам шукае апiрышча:
– Што скажаш? Адкуль ты? Чаго ты забрыў сюды?
Коля ўзяў спакойны тон. Хiтрасць яго межавалася са шчырасцю.
– Я шукаю свайго бацькi.
– А дзе ж твой бацька дзеўся?
– Хiба ж я ведаю? З першага дня вайны я яго не бачыў.
– А ты здалёку?
– З раёна.
– Хто ж твой бацька?
– Сушчэвiч.
Антон Крамарэвiч перасмыкнуў усiмi рысамi свайго твару. З гарачым уздымам ён нi то запытаў, нi то дапытлiва крыкнуў:
– Як жа ты не ведаеш, дзе твой бацька?! Хiба твой бацька адцураўся цябе? Можа ён самахоць ведаць цябе не хоча? (Яму было прыемна гаварыць нядобрае пра Сушчэвiча яго сыну.) А можа ён i рад, што такая завiруха на свеце, каб адцурацца ўсiх сваiх i аднаму астацца. Знайшлiся i такiя.
Сказаўшы гэтае жорсткае слова, Крамарэвiч змоўк. Ён убачыў, што яго малы госць уздрыгануўся, замiргаў вачыма, а вочы ў яго зачырвонiлiся. Ён нейк дзiўна кiўнуў галавой, чмыхнуў носам i гатоў быў у той жа момант заплакаць. У кожным разе так здалося Антону Крамарэвiчу. Ён спалохаўся, як кожны слабавольны, хто нарабiў вялiкай бяды. Ён гатоў быў праклiнаць сябе за гэтую сваю дурноту, што перад малым хлапчуком пачаў нядобрым словам спаганяць сваю злосць на Сушчэвiча.
– Можа ты змерз? – сказаў ён. – Дык лезь на печ. Печ цёплая.
– Мне не холадна, – сказаў Коля нейкiм панурыстым тонам,
I тут Коля раптам зiрнуў на Крамарэвiча вачыма, поўнымi просьбы:
– Хiба вы што-небудзь дрэннае чулi пра майго бацьку? – сказаў ён. Мусiць, i ўсе нешта пра яго ведаюць, бо нiчога мне пра яго не кажуць, а самi яго ўспамiнаюць, што ён тут недзе поблiзу з'явiўся. Я не раз чуў, як яны гаварылi.
– А хто гэта яны?
Коля маўчаў.
– А дзе твая, калi так, мацi?
– Маю маму гiтлераўцы павесiлi за тое, што яна не хацела сказаць, дзе бацька. Яго немцы шукалi. А яна не ведала, дзе ён.
– Давай хiба будзем есцi бульбу, хоць халодную, у мяне повен чыгун, сказаў Крамарэвiч, адчуваючы прагу сказаць што-небудзь добрае i ласкавае Колю Сушчэвiчу.
– Я не хачу есцi, – адказаў Коля.
– А ты тут можа i раней бываў каля гэтага месца?
– Быў часта. Калi яшчэ тут фашысцкiх афiцэраў забiлi, i пасля карны нямецкi атрад шукаў тых, хто iх забiў, дык я тады ўвесь раён абышоў: многа людзей тады адусюль iшло хавацца. Дык я хацеў, каб убачыць: можа мой бацька з людзьмi дзе. Я тут на гэтым пасёлачку тады дзве ночы начаваў у аднаго чалавека.
– А каго з гэтага пасёлачка немцы забiралi? З гэтай хаты трое дзяцей i жанчына прапалi.
– Ведаю. Iхняга чалавека не было дома. Дык думалi, што гэта ён забiў афiцэраў i скрываецца. Тут так многа тады людзей стралялi i вешалi, што доўга не разбiралi, а адразу: або застрэляць, або гоняць некуды далёка. Тых трое дзяцей i iхнюю мацi паставiлi, з аўтаматаў адразу застрэлiлi, а самi на грузавiк i паехалi.
– А ты гэта бачыў? – слабым голасам сказаў Крамарэвiч.
– Не, але чалавек, у якога я начаваў, казаў. Ён бачыў.
– А з каторай гэта хаты чалавек?
– З той, што крытая саломай i што вокны з сiнiмi акянiцамi.
Сэрца ў Крамарэвiча быццам адарвалася i ўпала ў бездань. Ён ужо ведаў: яму самому той чалавек не сказаў праўды, бо не хацеў даваць яму горычы ў душу. Цяпер ужо скончылiся яго пошукi i надзеi. Утрапенне заўладала iм. Яго ўзбуджанасцi не было меры. Ён закалацiўся. Коля запытаў:
– А вы хто? Гэта ваша хата цi так сабе вы тут прыпынiлiся?
– Гэта мая хата, – панура i праз зубы абазваўся Крамарэвiч.
– А вас даўно дома не было, што хата пуставала?
– Не было мяне, сынку, дома. Даўно не было. (Голас яго спакайнеў i позiрк цвярдзеў.) Ну, а як той чалавек казаў, застрэлiлi iх, i хаця ж яны доўга не мучылiся?
– Ён казаў, што адразу ўпалi, i канец.
Можа яно i сапраўды так было, а можа Коля толькi казаў так, каб даць спакой ранам душы гэтага чалавека. Усёй душой сваёй ён чуў, што больш ужо не трэба яму дазнавацца, злы гэты чалавек цi добры, дзеля злога замыслу цi так сабе ён явiўся сюды. Але ён даводзiў справу да канца. Ён запытаў:
– Гэта вы ўбiлiся ў мурашнiк?
– А-а, гэта ты прыйшоў паглядзець, што я тут раблю, – здагадаўся Крамарэвiч. – Дык ведай, сынку, што я астаўся адзiн i сам шукаю, каб хто быў са мною. Ты мне скажы проста i адразу: ты служыш партызанам цi немцам?
Коля Сушчэвiч нiколi не спадзяваўся на такое запытанне. Падазрона паглядзеў на Крамарэвiча i задзiрыста адказаў:
– Я нiкому не служу, а шукаю свайго бацькi.
I раптам яны, адзiн стары, а другi малы, сталi адзiн да аднаго, як раўня. Крамарэвiч сказаў:
– А мне ўжо i шукаць не трэба. Дарэмна ўжо.
– А можа i мне таксама.
Крамарэвiч ступiў крок да Колi. Коля сеў на лаву i папрасiў курыць.
– Не ўвыкай, сынку, да гэтага дыму. Гэта не вялiкае шчасце.
– Калi ж смага нейкая, здэцца б палын глытаў.
– А ты перацярпi, перамаўчы, перачакай. Усё на свеце праходзiць. Пройдзе i гора гэтае.
Коля пасунуўся глыбей у лаву i ўзлёг локцямi на стол. Як у спёку смага, яго апанавала прага да прытульнага спакою ў пасцелi дзе цi ў добрай гаворцы з родным чалавекам. Вачыма, поўнымi просьбы, ён глядзеў на Крамарэвiча, а ў таго гэты позiрк выварочваў душу. Ён прагнуў мець пры сабе дзiцячую душу. Ён адначасна разумеў i Колеў смутак. Не так дзеля сябе, як дзеля таго, каб аблагодзiць гэтага хлапчука, ён сказаў:
– А нiкога ў цябе хiба няма блiзкага, каб i пашкадаваць часам цябе, пакуль ты бацьку знойдзеш?
– Ёсць у мяне дзядзька Сымон, i Павел Пракапенеў мне як таварыш, дарма, што яму дваццаць год. I ўсе. Мы ўсе памiж сабою добра жывем.
Думка, радасная i важная, i патрэбная, як збавенне, нарадзiлася i пачала жыць у Антона Крамарэвiча пасля гэтых Колевых слоў. "Ён прагаварыўся, гэты хлапчук. Гэта яны там у сваiм атрадзе добра памiж сабою жывуць. Не трэба больш нiчога распытваць, не трэба чапаць яго, няхай думае, што ён нiчога не сказаў". Якая гэта была радасць Антону Крамарэвiчу! Гэта прыйшоў яго ратунак ад пагiбелi ў сумнай адзiноце. Трымаючыся за гэтага хлапчука, ён выйдзе да людзей. З людзьмi ён будзе жыць, як шчаслiвы чалавек, а не мадзець, як пакутнiк. I на доўгi час Крамарэвiч змоўк. Коля Сушчэвiч падумаў, што гэты чалавек хоча быць толькi сам з сабою, i ўныў душой. Гэта заўсёды так бывае. Дзiцячая душа, калi яна ўражана вялiкiм утрапеннем, горкiм i атрутным, прагне ратунку цераз добрую ўвагу да сябе ад усiх як ёсць. Ласкавасць ад усяго свету, а не ад аднаго толькi чалавека, выратуе дзiцячую душу ад псiхалагiчнага калецтва. Коля падумаў: я там скажу, што тут жыве падазроны чалавек.
– Ты, здаецца, завешся Коля? – сказаў Крамарэвiч.
– Коля, – узрадаваўся хлапчук. Ласкавасць усяго свету зноў да яго павярнулася. Гэты хлапчук стаяў на мяжы або душэўнага калецтва, або жалезнай загартаванасцi на ўсё жыццё.
– Дык ведаеш, Колечка, цябе драмаць цягне. Ляж на печ i паляжы. I я паляжу.
Коля маўчаў.
Крамарэвiч падумаў, што зноў гэты хлапчук наёршыўся на яго, i сапраўды такi ўстрывожыўся. Чалавек просты, цiхi, звычайны, сярэднi, а цi малы будзе лячыць душу тым, што каб усе ведалi пра яго гора. Крамарэвiч знайшоў што сказаць:
– Ведаеш, Коля, у мяне ёсць бульба, чыгун i гаршкi, дровы i запалкi. Давай зварым есцi.
– Добра, – сказаў Коля.
Гэта настаў момант iх сапраўднага зблiжэння, шчырага i глыбокага, без якога б там нi было недавер'я адзiн да другога. Цяпер ужо гаварылi яны адзiн з адным бясконца. Да самых прыцемак былi яны ў хаце. Коля падаставаў са сваiх кiшэнь укачаных у хлебныя крошкi кавалкаў сухой каўбасы. Варачы яду i ядучы яе, абодва яны былi роўныя натурай i настроем, сапраўдныя дзецi. Пасля яны такi прылеглi на печы. Але толькi на некалькi хвiлiн. Першы ўзварушыўся Коля. Ён быццам успомнiў, што страцiць зараз нешта важнае.
– Ужо я пайду, – сказаў ён.
– Напроцi ночы?! – са штучным здзiўленнем устрапянуўся Крамарэвiч, але ён i ведаў, што яно ўсё так будзе, ён гэтага чакаў i хацеў гэтага.
Коля зашпiльваў вопратку i вельмi спяшаўся. "Моўчкi трэба з iм", думаў Антон Крамарэвiч i цясней падперазаўся па ватоўцы. Не гледзячы адзiн на аднаго, яны прыгатавалiся ў дарогу. Ужо моўчкi ў думках сваiх яны згаварылiся. Коля стаяў i чакаў, пакуль Крамарэвiч закруцiў дротам сенцы. Захад яшчэ ружовiўся, але змрок восеннага вечара ўжо быў густы. Певень ужо сядзеў на сваiм месцы перад вокнамi.
– Адзiчэў адзiн, небарак, – сказаў Крамарэвiч, гледзячы на пеўня.
– О, ён тут усё сядзiць з самага лета i раней яшчэ. Я яго тут часта бачыў.
"Гэты хлапчук ведае ўсе таямнiцы гэтага кутка тады, калi мяне i нiкога ўжо тут не было. Гэты двор пры хаце жыў сваiм бязлюдным адмысловым жыццём, а ён ведаў усё гэта, ён бачыў гэтае жыццё". Антон Крамарэвiч адчуваў усё так, быццам ён i Коля Сушчэвiч былi з даўнiх часоў змоўшчыкi. Так яны iшлi, Коля паперадзе, а Крамарэвiч за iм. Коля думаў: "Няхай ён iдзе за мною, я скажу, што не толькi дасачыў, хто жыве ў пустой хаце, але i прывёў яго".
Яны мiнулi старую арабiну i дайшлi да лесу. Крамарэвiч быў упэўнен, што яны iдуць туды, куды ён хацеў. Без жальбы i смутку ён думаў аб пустой хаце, у якой такi страшны цяжар цiснуў яго душу. Не было б горшай пакуты, каб аднаму аставацца там.
Гэта i быў апошнi вечар i дзень яго сумнай адзiноты. Ноч агарнула iх у далёкiм лесе. Зоры позняй восенi зiхацелi над чорнай цiшынёй яловага лесу. Бралася на прымаразак. Боты шоргалiся аб зямлю, i пад iмi трашчалi лiсце, iголле i першая намаразь. Антон Крамарэвiч заўважаў усё гэта так, як i праз усё сваё жыццё ён адчуваў i любiў гэты час года i сутак.
Пакуль гаiлася яго рана i пакуль ён сам правiўся ў таго добрага чалавека, усё навакольнае здавалася яму несапраўдным. Важным i сапраўдным было толькi тое, што ён не ведаў, як i дзе яго дзецi, i сумаваў па iх. Пакуль ён сядзеў цяпер у сумнай адзiноце старой хаты, усё навакольнае – i сонца, i дождж, i дзень позняй восенi, i апошнiя лiсткi на дрэве, – усё-ўсё, што ён век свой любiў, было несапраўднае, як бы знявечанае i ўражанае яго смуткам. Самае важнае i адзiнае i сапраўднае на ўвесь свет было тое, што ўсе яны, дзецi i яна, iх мацi, верная сяброўка яго, знiклi з жыцця, што iх ужо на свеце не было! I што той, хто адабраў у iх жыццё, вырваў душу, сам жыве i цешыцца з жыцця. Першыя прыступы нянавiсцi ўжо тады пачалi завалодваць iм, але iх душыў роўны смутак i бесперапыннае прыгнечанне душы. Свет быў заслонен перад iм. Як быццам бы ўжо няможна было цешыцца з дрэва за акном i з яснага неба зранку.
Чалавеку не трэба многа для яго ўцехi i шчасця. I тое, што жыве ў чалавечай душы, не мае вечнай меры вялiкага i малога. Ён яшчэ не бачыў тых людзей, да якiх вёў яго Коля, а ўжо страцiў пачуццё таго, што ўсё навакольнае несапраўднае. Прыгнечанне было знята з яго душы. Цi надоўга? Але цяпер, так як i заўсёды, стаяла восенная ноч i так, як заўсёды, можна i трэба было мець з яе вялiкую ўцеху.
Яны прыйшлi ў лясны лагер задоўга да свiтання. Тут ужо Крамарэвiч заўважыў, што Коля пачаў трымацца як гаспадар усяго тут. Перад Крамарэвiчам ён увайшоў у ролю.
– Тут заўважым чалавека, унь, там будзе стаяць, – сказаў ён таемным голасам.
Сапраўды, яны пачалi падыходзiць да цёмнага абрысу чалавечай постацi.
– Гэта я, Коля Сушчэвiч, – пацiху выгукнуў ён, i Крамарэвiч шпарчэй пайшоў за iм. Коля сказаў яму прыгнуць галаву, калючае голле зачапiла за лоб i вушы, i Коля сказаў, што трэба закурыць i класцiся спаць. Коля ўжо распараджаўся. Крамарэвiч сеў на нейкае ламачча. Коля раптам сказаў:
– Гэта я забыўся, нам трэба не ў гэтае месца. Пярэйдзем туды.
– Куды гэта? – сказаў Крамарэвiч сумысле. Ён падумаў, што яму не трэба быць такiм паслухмяным перад гэтым хлапчуком. Ён як мае быць вылечыўся ад свайго душэўнага заняпаду. – Куды ж нам iсцi? – сказаў ён. – Ранiцай пойдзем, а цяпер прыдрамнуць трэба. Гэта шалаш нейкi?
Цвёрды i аўтарытэтны тон яго слоў адразу ўзяў пад уладу Колю.
– Гэты шалаш як на аднаго, гэта я сабе яго зрабiў, – абазваўся Коля тонам малога, якi рад пахвалiцца перад старэйшым. – Тут толькi трэба выцягнуцца, дык i ўдвух льга выспацца.
I праўда, што iм трэба было выцягнуцца, каб удвух паспаць да ранiцы. Яны цесна прыцiснулiся адзiн да аднаго спiнамi i глыбока задрамалi. Але ненадоўга. Неўзабаве Коля пачаў гаварыць i кiдацца. Дрымота яго была неспакойная. Праз сон ён гаварыў з бацькам, а пасля пытаўся ў некага, дзе бацька, i некаму казаў, што калi мацi вiсела на шыбенiцы, вецер трапаў яе валасы. Некалькi разоў ён усхватваўся, а пасля зноў кiдаўся на ранейшае месца i прыцiскаўся да спiны свайго суседа. Крамарэвiч выразна ўбачыў i адчуў, як уражана душа гэтага хлапчука i што ён можа стаць на мяжы душэўнага калецтва. I ў гэты момант уся iстота яго ўздрыганулася ад думкi, што яму трэба шукаць сваiх дзяцей, што, можа, каторае з iх толькi падстрэлена i мучыцца дзе. Можа гэта было хворае ўяўленне таго, у што ён сам не верыў, але гэта зноў узнiмала да вялiкага гарту яго ўзбуджанне. Зноў яму стала цяжка, i ён з радасцю заўважыў, што пачало свiтаць.
Пад самы дзень Коля заснуў спакайней, але дрыжаў з холаду. Шалашык быў малы, i ў iм нават стаць нельга было на ўвесь рост. Сплецены з яловых лап, шалашык толькi ад людскога вока ўкрываў таго, хто ў iм быў. Холад цёк у яго адусюль. "Як мучыцца гэтае хлапчанё, i я мучуся, i дзецi мае мучылiся. Якое жыццё настала!.." Страшная нянавiсць здушыла Крамарэвiчу грудзi. Ён стаў i чакаў, пакуль Коля прачнецца i ўстане.
Дзень пачаўся ясны, i пад сонцам да паўдня сышоў з травы iней. Коля павесялеў, як толькi скончыўся абавязак спаць уночы. Надвечар ён знайшоў Крамарэвiча i сказаў, што iдзе на ўсю ноч у разведку, а калi прыйдзе невядома. Ён пойдзе ўжо зусiм у iншы бок. Крамарэвiч бачыў: гэты хлапчук быў ужо яму блiзкi i родны. Ён ужо быў патрэбен яму. Гэта было апiрышча яго душы.
Коля не прыходзiў некалькi дзён. Крамарэвiч адзiн спаў у тым малым шалашы, некалькi разоў на ноч курыў i ўжо i заваду не было таго цяжкага, што раней гняздзiлася ў душы яго. Дзень за днём iшлi шпарка, i як чагосьцi вельмi важнага для сябе ён чакаў, калi вернецца Коля. Ён прыйшоў на сёмы дзень i прынёс дзве навiны, адну ўсiм, а другую толькi аднаму Крамарэвiчу. Першая навiна была: па шашы тымi днямi будуць гнаць многа людзей некуды. Iх адусюль зводзяць i зганяюць у цэнтр раёна. Там з'явiлiся нямецкiя салдаты i раскватаравалiся па хатах. Коля Сушчэвiч расказваў пра гэта без якой бы там нi было ўзбуджанасцi. Можна было падумаць, што ён бачыў што-небудзь цiкавае i толькi, а не тое, што зноў зачапiла яго самыя патаемныя думкi.
– Немцаў многа. Ходзяць па мястэчку. Я з iмi гаварыў. Адно слова наша, а другое нямецкае. Я два днi курыў iхнiя папяросы. Я начаваў адну ноч у палiцэйскай канцылярыi. Я iм сказаў, што гэта я шукаю, каб дзе жыць, бо не ведаю, дзе бацькi, i я адзiн астаўся...
У гэтым месцы ён сцiснуў вейкi воч i счырванеўся, але зноў пачаў спакайней гаварыць:
– Яны мне сказалi, гэтыя палiцаi, iсцi куды начаваць, а я сказаў, што вельмi мне балiць жывот i галава i не ведаю, да каго iсцi. Пасядзеў, прылёг на нейкi куфар з пляскатым векам i ляжаў. Мяне да ранiцы не чапалi. А яны ўдвух усю ноч курылi i гаварылi, што людзей, мусiць, па шашы будуць гнаць. Я яшчэ i назаўтра з паўдня каля iх быў, а пасля вельмi есцi захацеў i пайшоў папрасiў у адну хату. А там мяне ведаюць i пачалi распытваць, цi не ведаю я, дзе мой бацька. А я сказаў, што я сам яго шукаю. Яны на мяне паглядзелi i нiчога не сказалi. Я ўбачыў, што яны нешта ведаюць пра майго бацьку, але казаць мне не хочуць. Я пачаў дапытвацца ў iх, а яны мне маўчаць. Я скончыў есцi i пайшоў пад наш дом, нехта падаставаў з яго вокны. Я зазiрнуў усярэдзiну, дык там з канапкi абiўка здзёртая, а на канапцы, дзе я некалi спаў, нейкi шчанюк ляжыць сабе, схаваўшы морду ў лапы. Мне так нядобра стала, што я адразу пайшоў адтуль. Я выйшаў на шашу i ўбачыў, што там нямецкая танкетка iдзе i немцы з яе страляюць наабапал шашы. Гэта яны прачасаць хочуць кусты паўз дарогу. Дык я падумаў, што гэта яны шашу ачышчаюць, каб па ёй гнаць тых людзей. Я яшчэ вярнуўся ў раён i пайшоў прасiць у немцаў есцi i закурыць. Адзiн немец даў мне пяць белых сухароў i цыгару. Я пералiчыў, колькi там на двары салдат, закурыў цыгару i разгаварыўся з адным немцам. Там дзве роты салдат стаяць, на тым тыднi iх прыгналi. У iх ёсць грузавiкi i танкеткi, i гэта яны будуць ачышчаць ад партызан шашу i трымаць па шашы варту, каб дарога была свабодная iм. Тады я пайшоў пад шэсць хат. Дык туды матацыклiсты прыязджалi i зноў паехалi. Я павячэраў у таго чалавека, што хата з сiнiмi акянiцамi. Ён мне сказаў пра бацьку, я не адчапiўся ад яго, пакуль ён не сказаў.