355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кузьма Чорный » Выбраныя творы » Текст книги (страница 5)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 04:00

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Кузьма Чорный



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 41 страниц)

І ён пайшоў з хаты. Праз колькі хвілін ён знадворку прыклаў твар да шыбы і гукнуў:

– А калі ёй праз дзён два-тры не будзе рабіцца лепш, дык падскоч зноў да мяне, я прыеду банькі паставіць.

І пасля гэтага колы загрукацелі па вуліцы. У хаце стала зусім ціха. Кастусь быў рад, што гаваруна ўжо не было ў хаце, аднак жа штосьці нядобрае, ці як бы трывожнае павісла над ім. Яму рупела, што і конь на двары склее на холадзе, і што золата, знятае немцам з графа Паліводскага, ляжыць недзе тут у шуфлядзе, і што яму трэба яшчэ чакаць нейкага поту, і што яму не можна адразу ж устаць і пачаць гаспадарыць. Але самае большае – тыя гадзіннікі і пярсцёнкі як бы душылі яго. Чамусьці яны пасля фельчаравай гаворкі сталі яму страшнымі і агіднымі, што да іх дакранацца нядобра было. Так ён ляжаў, ляжаў, чакаў поту, але яму не было ўжо холадна. Ён не вытрымаў, збрыкнуў з сябе нагамі кажух і паволі сышоў з печы. У галаве злёгку кружылася, але ці мала што калі здараецца – ён прайшоў па хаце, пераабуўся, абмацаў на сабе рубашку – ужо яна была зусім сухая. «Дзякуй табе, Божа, абышлося і без патоў». З радасным пачуццём ён рушыў у свой даўно прыспелы занятак. Перш за ўсё ён напхаў у печ дроў і падпаліў. Праз дзесяць хвілін ужо была падоена карова, хвіліна спатрэбілася на тое, каб вывесці з аглабель вымучанага каня і ўвагнаць у хлеў. Яшчэ праз хвілін дзесяць ён нясмела глядзеў у Волеччын твар і ўсё ўгаворваў яе падняцца і напіцца гарачага малака. Ён прыўзняў яе, падтрымаў за плечы і напаіў, і яна сказала:

– Трэба, каб у хаце было зусім-зусім ціха, дык я засну. – Тады ён адзеўся ў тую сваю, што яшчэ з дому, суконную жакетку і ціхом выйшаў. Тым часам і дзень блізак быў да вечара. Надвор’е зусім расчысцілася, і свяціла сонца. На душы ў яго стала лягчэй. Ён выцер саломаю каня, акінуў вокам двор і ціха ўвайшоў у хату. Хоць і ціха, але Волечка прачнулася. Шпарка і яшчэ цішэй ён выйшаў з хаты і зірнуў у акно. Відна была Волечка на пасцелі. «Ну, цяпер яна спіць. Доўга не пайду ў хату, няхай спіць, не буду будзіць». Ужо захад згарэў чырвоным полымем і патух, і ўжо зоры загусціліся ў небе, ужо і шырокі серп месяца ўзышоў, а ён усё баяўся ісці ў хату. Пахаваў у пуню пад салому ўсе тыя хваёвыя бервеньчукі, разоў некалькі падкладаў коням сена, перачакаў ужо і позні вечар, змерз, многа разоў зазіраў у акно і Волечкі не мог убачыць, а ў хату не ішоў. «Няхай спіць». Стаяў гадзінамі, тросся з холаду, а не ішоў. І яму было добра берагчы яе сон. Нарэшце пайшоў. Так адчыняў дзверы, быццам гэта ён нёс на галаве паўнюткую шклянку вады, не вады, а дарагой вадкасці, або яду, кропля якога прапаліць навылёт яму галаву. Якая ж была яго радасць, калі ён нарэшце апынуўся ў хаце і ўбачыў, што Волечка спіць. Але яна не спала, а бачыла, як ён увайшоў і стаў каля яе.

– Дзе ты быў дагэтуль? Ужо табе нікуды больш не трэба ісці? Нейк адной нядобра, сумна…

Адчуванне вялікага шчасця апанавала ім. Ён будзе тут! Каля яе! Усю ноч ён не будзе спаць! А вартаваць будзе яе сон і спакой!

– Не, не пайду, толькі трэба дзе гэтае золата схаваць, няхай яно агнём пойдзе.

– Вазьмі ў шуфлядзе медны ключык, адамкні ў клеці куфар і ўкінь туды, хай яно прападзе, няхай бы лепш немец яго панёс з сабою, а то…

– Праўда, праўда.

Калі ён адамкнуў куфар і паклаў у прыскрынак золата, быццам з душы яго спала што цяжкае. У хаце ён пачуў ад Волечкі:

– Добра, што ўжо няма ў хаце, гэты фельчар, як пачытаў тыя пісьмы… Божачка, што той немец перажыў, як ён мучыўся! Не ідзі ўжо нікуды, а будзь тут і спі, ужо ноч…

– Добра, а за клопат вазьмуся можа нават і заўтра.

– А за які клопат?

– Ну, каня табе змяніць, рэштку бервеньчукоў перавезці з лесу, падабраўшы ноч, шулы паставіць, браму зрабіць, жыта ў млын, змалоць…

І пайшла тая ноч, месячная, добрая, ціхая, а к раніцы зноў схмурнела неба і пачаў падаць мокры снег. Тады пад раніцу яны, кожны па-свойму, саснілі нейкага высокага чалавека ў чорнай адзежы і з заплюшчанымі вачыма. Ён не спаў, а быў нежывы – гэта ў яе, а ў яго – рагатаў і танцаваў, але вымагаў, каб яму аддалі боты і кашулю. Гэта быў граф Паліводскі. Кастусь прачнуўся і думаў, ці сапраўды гэтакі мог быць той невядомы Паліводскі, а Волечка прахапілася з енкам і крыкам: «Ой, ой, Божачка!»

– Што, што? – абазваўся ён.

– Ой, ой, Паліводскі!.. А хто гэта тут у хаце?

– Гэта я, – крыкнуў Кастусь.

– Хто?

Яна яшчэ не адвыкла ад свае адзіноты і не прывыкла да яго. Ён падбег да яе і ўбачыў, што яна дрыжыць.

Колькі раз, жывучы ўжо адна, без бацькі, яна так прачыналася раніцамі ад непрыемных ці страшных сноў! І прывыкала ў адзіноце сваімі сіламі гнаць ад сябе цяжкае ўражанне ад кашмараў. Цяпер жа яна падумала, што недзе каля яе ёсць ён. Як лёгка і адразу згінуў сон, і яна ўсміхнулася, яшчэ з заплюшчанымі вачыма.

– О так, а то крычыш немаведама чаго. Гэта ж сон.

І па яе твары ён здагадаўся, што яна ачуньвае.

– Уночы я выходзіў глядзець коней, ужо на дзень ішло. Мокры снег гразі даў. А конь твой ужо ані нічога не з’еў – нават і не зачапіў сена. Ты нічога не думай. Мой конь зусім малады. Ведай, што гэта твой. Ты толькі папраўляйся.

– Я ж папраўляюся. Хіба ты не бачыш?

– А на дварэ ўжо і апошняе лісце з ігрушы асыпалася за ўчарашні дзень. Чорнае, як сажа, ляжыць мокрае.

Праз два дні ён пачаў карміць худога каня паранкаю, не адыходзіў ад яго, рабіў яму нейкае адмысловае пойла, а праз два тыдні сказаў Вольцы, што конь крыху абгладзіўся і ўжо льга яго збываць. Аднойчы ўдосвецця ён накрыў каня мяшком і сеў зверху. Конна выехаў ён з двара. Торба з акрайцам хлеба была ў яго руках. На конным рынку ў дробным гарадку, вёрст за сорак ад Сумліч, ён, як спрактыкаваны конскі перакупшчык, расхвальваў старога і худога каня, бажыўся і падпускаў часам заядлую лаянку. «Без гэтага каня не прадасі», – думаў ён і запрашаў усіх паглядзець каню ў зубы. «Галоўнае – смела казаць, каб глядзелі ў зубы, дык ніхто і не гляне, і павераць, што конь малады». Стары і высокі цыган, які тут жа побач прадаваў яшчэ мусіць старэйшага каня, сказаў:

– Ты, чалавеча, прасі, каб глядзелі твайму каню не ў зубы, а ў хвост, тады хутчэй усіх ашукаеш.

Навокал зарагаталі, і Кастусь, праклінаючы гаты дзень, адвёў свайго каня ўбок, але і адтуль два перакупшчыкі прагналі яго. Скончылася так, што ён вярнуўся на ранейшае месца. За гэты кароткі час цыган паспеў прадаць ужо таго каня, купіць другога і ўжо гэтага расхваліць. Кастусь прадаў свайго каня перад самым вечарам, вельмі затанна, але ён быў рад, што развязаў рукі. «Волечка не будзе ў крыўдзе, я ж ёй аддаю свайго каня». Якое было яму шчасце цэлую асеннюю ноч ісці дадому. Ён адчуваў сябе так, быццам вырваўся на волю. Яшчэ на выходзе з горада ён убачыў вясковую бабу, якая трымала пад пахаю пеўня.

– А ці добра спявае? – некалькі разоў пытаўся ён у бабы.

– Галубчык мой, – адказвала кожны раз баба, – гэта не певень, а музыка. Пад яго песню можна цэлы вечар танцаваць.

Ён купіў пеўня і падумаў: «Прыйдзецца ж зімаваць. Няхай спявае сабе. А калі Вольцы не спадабаецца – я ёй грошы вярну». Яшчэ не пачынала світаць, калі ён быў дома. Пеўня ён укінуў у пуню і ўсё прыслухоўваўся, ці скора той заспявае. І толькі цяпер ён падумаў аб сваёй віне перад Волькай: «Я ж задарма аддаў каня». Пакуль развіднела, ён, не заходзячы ў хату, выкаціў з пуні два бервеньчукі з той сухой хвоі і стаў часаць. «Пакуль зіма не ўмарозіла зямлю, я яшчэ пастаўлю шулы на браму». І душа яго ачысцілася ад прыкрасці. Раптам у пуні заспяваў певень. І гэта як бы хто сказаў яму радасную навіну. Ён пакінуў часаць бервяно і стаў над ім. Цадзіўся дзень позняй восені. У хатніх вокнах засвяціўся агонь. «Волечка ўстае. А можа пайсці ў хату?» Волька выйшла на ганак і ўбачыла яго над бервяном. І загаласіла:

– А братачка, чаму ж ты надумаўся ўночы бярвенне часаць? Ну як жа табе ўчора там паводзілася?

– Ну, каня прадаў, пеўня купіў… спявае, ліха яму, як на скрыпцы грае… А над лесам, учора падвечар, вельмі хмара ссінела. Мусіць, неўзабаве ляжа сапраўдны снег.

Снег, вецер, галасны певень, пах сена з пуні, крык зімовай птушкі, счарнелы ад прымаразкаў лісток з саду на ветры, ясны захад сонца, пах свежага хлеба ў хаце, вымалачаны колас, узняты ветрам на бязлісты куст бэзу, зорнасць марознай ночы, бесперапынная плынь часу – дзень за днём, дзень за днём, – і пайшло яно, з вялікай радасцю аб тым малым, што толькі і патрэбна чалавеку. Ні зайздрасць і ні сквапнасць, ні злое нездаваленне, ні прыкрая паняверка, што ўсё мала і трэба больш, ні горач, што нехта вышэйшы за цябе ростам… Тут не бытавала пустое імкненне немаведама куды. Колер і пах свежага абчэсанага хваёвага бервеньчука гаварыў душы больш за тое золата ў куфарным прыскрынку, страчанае невядомым і таемным графам Паліводскім і набытае, і таксама страчанае Густавам Шрэдэрам.

Дзень за днём і месяц за месяцам. Зіма за восенню. Нарэшце буйная кропля вады ўпала марозлівым і сонечным днём са страхі. Неба было такое ж сіняе, як і высокае. Але пад ім яшчэ на ўсе палявыя прасторы ляжалі вышэйшыя за рост чалавека пласты перамерзлага снегу. І да вясны і да лета яшчэ далёка было. А яшчэ далей да зорнага мігцення на вераснёвым небе. Тады будзе год, як ён, гэты ціхманы Кастусь Лукашэвіч, асталяваўся тут, у Сумлічах. Але сонца ішло ўжо высока, і здавалася, што вось неўзабаве над бліскучай разлегласцю снягоў цвыркне першы жаўранак. Начамі свяціў месяц, поўны і даўгавечны. У такія ночы, кажуць, ведзьма, натанцаваўшыся з вечара да поту, ратуецца ад гарачыні тым, што кладзецца спаць на голым таку, а пад дзень мерзне і накрываецца бараной. Колькі разоў Кастусь гаварыў на досвітку Вольцы, каб яна ішла на ток грэцца пад барану, ведзьме пад бок! І колькі разоў яна называла яго за гэта ведзьмаком! Гэта не былі жарты сталых людзей, бо вельмі многа тут было дзіцячай наіўнасці. Але і дзіцячага тут было мала. Мала было і сталага. Для іх яшчэ не прыйшоў час знайсці сваю сталасць у іхняй блізасці адзін да аднаго. У той меры, у якой ішоў час, ён рабіўся больш маўклівы, чым гаваркі. Яна ж любіла, калі ён жартаваў, і рагатала яшчэ загадзя. Можна было падумаць, што гэта фармуецца натура вясёлая і нават легкадумная. Аднак жа ён бачыў, што нешта як бы ляжыць у яе на душы і што ў вачах яе вялікая задума. Раз яна сказала:

– А ўжо вельмі доўга вайна цягнецца, а ад бацькі ні разу пісьма не было. Я ўжо ведаю, што яго няма жывога.

Адкуль жа яна можа ведаць? Вось ён дык ведае, што яго бацькі ўжо няма!

Як гояцца раны зямлі! Ззяе ямінамі разварочаная рыдлёўкамі зямля. Або ляжыць перад чалавечымі вачыма земляное калецтва, калі пройдзе па ёй, як гэта сёння, у нашы ганебныя для чалавецтва дні, ганьба чалавечага генія, танк – стварэнне чалавека дзеля смерці чалавека. Або крывавыя раны зямлі, прабітыя бомбамі. Чорная зямля па краях і дзеля напамінку чалавеку, што ён горш за звера і жывёлу, – травіна, прыліплая да земляной раны. Сонца сушыць скалечанае месца, палошчуць дажджы, абвяваюць вятры. Ідзе час. І няма калецтва: ужо ўсё зарасло травой, ужо і дрэўца пасеялася і ўзышло. Расце ўсё вышэй і ўжо здалёк відно. І на месцы, дзе ззяла рана, красуе хараство, і, здаецца, ніякае ўтрапенне не кране тут жыцця прыроды і чалавека. Вялікі доктар – час – спакойна і безупынна ідзе па свеце і лечыць, і гоіць.

Скруха і смутак тупелі і ўсыхалі. Яны ішлі да свайго поўнага знікнення. Кастусь і сам стараўся гнаць ад сябе думкі аб нядаўным мінулым. Праца ўраўнаважвала яго душу. Цяпер ён рыхтаваў немудрашчую Волеччыну гаспадарку да вясны. Льга думаць, што ён, у гэты час свае маладосці, вельмі мала закідаў думкі далёка наперад. Вельмі можа быць, што тут і пачыналася яго шчасце: прынамсі цяжкая паняверка не гняла яго душы і не сеяла ў ёй смутку. Чалавек меў радасць ад усяго таго, што рабіў кожны дзень. Так гартавалася і яго дужасць. Ён браў у пуні на плечы цэлы мех збожжа і сумысля праносіў перад вокнамі хаты, каб Волечка бачыла, што ён за чалавек. Тая ж Волечка быццам бы старалася патрапляць яму ў тон: ён не любіў, калі яна бывала нудная:

– Ты зноў расскоглілася? Баба дурная! Бацька пісем не шле, а возьме і сам калі-небудзь з’явіцца ў хаце. Лепш бы пайшла паглядзець карову, можа яна цяліцца скора будзе.

– А хіба я магу пазнаць, калі яна там будзе цяліцца?!

– Дык навучыся пазнаваць, калі хочаш быць добрай гаспадыняй!

А хіба яна хацела ці не хацела быць гаспадыняй? Яна жыла так як жылося. Так жа было і з ім. Яны абое належалі да таго пакалення, якое не ведала сапраўднага маленства. Але затое перад імі стаяла ўжо іхняя маладосць. А каб хто ім сказаў, што другое пасля іх пакаленне (іх дзеці) ужо і маладосці мець не будуць, што іх маладосць з’есць чужы прышэлец? Хіба была б у іх вера ў гэта? Яны ж так моцна якраз цяпер пачыналі адчуваць блізасць усемагутнай маладосці!

Прыйшла і прайшла вясна. Кастусь узараў усё і пасеяў. Грошы за таго Вольчынага каня ляжалі ў прыскрынку, разам з тым золатам. Прыйшло лета. Удваіх з Волькаю яны жалі дзень пры дні. Ужо аднекуль з лесу ці з саду на ржышча пад свежы сноп заляцеў жоўты лісток. Першая яна заўважыла яго:

– Глядзі, глядзі, восень! – І ўздыхнула. Ён адагнуўся ад жніва і сказаў:

– Калі я сюды прыехаў – восень была пазнейшая.

Каб хто бачыў, як яны паглядзелі адно аднаму ў вочы! «Добра, што прыйшла восень. А яшчэ лепш, што ўсё мае свой час». Пасля жніва ён пачаў угаворваць яе не шкадаваць тых грошай за каня і набраць крамніны на плацце. Доўга ішлі гэтыя ўгаворы, а нарэшце, ужо-такі ў сапраўдную восень, ён убачыў яе ў новай сукенцы. Гэта праўда, што чалавек упрыгожвае рэчы і свет. Але і яны не так сабе існуюць навакол чалавека. Трэба было паглядзець збоку, як ён акідаў яе вачыма! Цяпер нават ён як бы і пабойваўся яе. Яна, сваім жаночым пачуццём, угадала гэта і старалася быць пры ім у тым старым зношаным адзенні. А пасля стала ўгаворваць яго набраць і сабе новай крамніны – грошы яшчэ былі. Як гэта, ён сам не здолее прыадзецца? Гэта не быў пусты гонар. Гэта ён ужо адчуў у сабе мужчыну. Якія яны аднак жа сталі за гэты нядоўгі яшчэ час! Усю восень ён наймаўся на чужую работу з канём, а ранняй зімой выфранціўся сам, купіў ён блучковую хустку і чаравікі і пачаў саромецца глянуць ёй у вочы. І зноў было нядобра. Яна адчувала, што яна першая павінна нешта такое сказаць ці зрабіць, каб усё зноў стала на сваё месца. Але як і што? Гэта была пакута. Надыходзіла новая пара ў іхнім жыцці. Яны не спяшаліся ёй насустрач. Яно само ўсё ішлося, а яны мелі радасць ад свае кожнадзённасці. Зноў вясна, зноў ён араў і сеяў. Пасля вясны будзе лета… Так і новыя падзеі прыйшлі. Канчалася вайна, а з-пад Сумліч згінулі паны. Кастусь вазіў з панскага лесу дрэва не таму, што надумаўся на месцы старой Нявадаўскай хаты або дзе інакш будаваць новую, а таму, што ўсе вазілі дрэва. Ён складаў яго на вуліцы, і к лету перад вокнамі Нявадаўскай хаты навалена было бярвення да самых гэтых вокан. Так ён пакінуў быць выгнанцам і бяздомнікам і стаў тубыльцам тут. Ужо яму здавалася, што ніколі і не было такога часу, што ён жыў дзе-небудзь інакш. Поле добра радзіла. Нават ужо і клянок, пасаджаны ім дзеля забаўкі на Нявадавым двары ў першы год прыезду сюды, рос і ўкараняўся. Прыйшло юнацтва і сталасць натуры. Волечка была ўжо мажная і павальнейшая ў рухах. І калі ён называў яе не «Волька», а «Волечка», яна чырванела і бянтэжылася. Тым жа летам гэтая саромлівасць паміж імі дайшла да найвышэйшага свайго пункта. Ці не сам лёс прывёў яго сюды, каб ён дзеля яе і клён каля бацькаўскай хаты пасадзіў, і поле ратаваў ад дзікай травы, і падтрымаў яе ў тым яе адзінокім сіроцтве, і сам пачаў тут станавіцца на ногі? Нашто ж было ім дзе-небудзь інакш шукаць тае невядомасці замест ужо знойдзенага шчасця? Канчалася лета. І хоць далёка яшчэ было да верасня месяца, але зорная ноч была падобна на тую, калі ён тады прыехаў сюды. Абое яны стаялі моўчкі каля свае хаты і як бы слухалі цішыню. Калі яго рука злавіла яе плячо, яна хістанулася да яго, як бы цвёрда ведаючы, што вызначанага не пераступіш і што ёй не можна быць далёка ад яго. І абодвум ім жыццё стала вялікім шчасцем.

II

Зіма ў тысяча дзевяцьсот дваццатым годзе пачыналася вельмі рана. Ужо ў пачатку лістапада станавіўся сухі холад, а пад сярэдзіну таго ж месяца нападаў змёрзлы і сцёрты ветрам на муку снег. Сухія вятры дзьмулі да канца лістапада. Скрозь у полі снег пазганяла ў лагчыны і прыдарожныя рыштокі. Поле асталося голае, толькі дзе-нідзе прыснежанае, скрозь тырчэла пачарнелае ржышча і месцамі нават з крохкім зяленівам не з’едзенай жывёлай і высушанай марозам травы. Дзіўная пачыналася зіма ў гэтых месцах. Бярозавы гасцінец, што ішоў цераз Сумлічы з усходу на захад, ляжаў пад снегам, але на два крокі ў бок ад яго былі голыя палявыя прасторы з іржэўем і раллёй і жоўтыя з зеленаватым адценнем паплавы. Рэчкі цяклі пад чыстым лёдам, і праз яго свіцілася жвірыстае дно і багавінне з вечным сваім павольным рухам. Сонца свяціла цэлымі днямі, і водбліск яго на голым полі будзіў успаміны аб былым зіхаценні летніх дзён. Ад Сумліч на захад гасцінец праходзіў праз дробны горад Нясвіж. Паміж Сумлічамі і Нясвіжам па гасцінцы ёсць яшчэ некалькі мястэчак, і апошняе з іх к Нясвіжу – Цімкавічы. На сярэдзіне ж дарогі паміж гэтым мястэчкам і Нясвіжам стаяла тады старая карчма, як і належыць ёй, з стадолай і прасторнай хатай на падлозе і з бакоўкамі. Карчма стаяла пры самым гасцінцы на ўездзе ў сяло Кукавічы і называлася «Кукавіцкая карчма». У першыя месяцы пасля міру з Польшчай (зімою 1920 і 1921 гг.), пакуль не вызначана была і не адзначана цвёрдая лінія граніцы з Польшчай, гэтая карчма была тым пунктам, на які арыентаваўся кожны, хто хацеў цвёрда дазнацца, дзе Савецкая зямля, а дзе ўладанні Польскай дзяржавы. Калі па гасцінцы ты ступіш ад карчмы крок на захад, дык апынішся ў Польскай дзяржаве, а крок на ўсход – будзеш на Савецкай зямлі. Тады не было яшчэ ні пагранічнікаў, ні пагранічных заставаў і можа нават і цвёрда вызначанай дзяржаўнымі планамі засылкі шпіёнаў. Хто ведае з нас, простых людзей. Можа тады аб гэтым толькі пачыналі думаць у міністэрскіх кабінетах. А ўрэшце – за факты не паручуся, чаго не ведаю, таго не скажу. Такія словы як «шпіён», «дыверсант», «кантрабандыст» тады яшчэ ў гэтай мясцовасці не ўбіліся ў вушы народа. Што ж наогул да эўрапейскіх народаў, то гарадскія малатабойцы і сталявары, механікі і слесары, шаўцы і пекары, і сельскія земляробы ў той час або з радасцю варочаліся дадому, або яшчэ марылі аб гэтым. У нашы дні спрабавала забытаваць пропаведзь, што кожны народ любіць вайну. Горкая практыка паказала, што ваяўнічае геройства народа нараджаецца і выпрацоўваецца не ад замілаванасці да рэк крыві на полі вайны, а ад неабходнасці сцерці з твару зямлі такую погань, якая ў нашы дні ў вобразе Гітлера заявіла, што нармальны стан мужчыны вечна быць у вайне. Гэтая пропаведзь спазнілася на мільёны год. Што ж да скопішча тых валасатых нашых продкаў, якія яшчэ мелі пляскаты лоб і вечна ваявалі адзін з адным, каб адзін аднаго есці нават без перцу і солі, то нават далучыўшы да іх усё гітлераўскае войска, наўрад ці льга назваць усё гэтае зборышча народам. Гэтая развага мела б у тыя часы да Кукавіцкай карчмы тое дачыненне, што ў ёй тады часта падначоўвалі людзі, ваяўнічы дух якіх абмяжоўваўся радасцю аб тым, што скончылася вялікая вайна, якая займала паўсвету, паканчаліся меншыя войны, а ў гэтых вайна з Польшчай, а на адной шостай часціне зямлі прагучэла на ўвесь свет «Мір народам». Можа нарэшце хоць спакойна дыхаць льга стане! Хтосьці, начуючы ў Кукавіцкай карчме, напісаў у ёй на сцяне, як бы на ўспамін тутэйшым людзям, сваё прозвішча і слова радасці, што варочаецца ў родны кут да блізкіх і родных. З гэтага прыкладу пайшлі і больш тут пісаць на карчомных сценах. За шэсць год вайны і за дзве акупацыі на гэтай бітай дарозе перавярнулася бездань людзей. А кажуць жа, што кожны чалавек – гэта цэлы свет. Як толькі маглі ўмясціць на сабе гэтулькі надпісаў сцены гэтай старой будыніны! Апошнімі днямі лістапада месяца тысяча дзевяцьсот дваццатага года, калі сухі скавыш ламаў на гасцінцы бярозавае голле, змятаў з поля апошні снег і скавытаў у коміне Кукавіцкай карчмы, перад самым вечарам нейкі падарожны з такім змучаным тварам, што на ім ужо страцілася пячаць чалавечага вобліку, роўнай хадой ішоў гасцінцам з захаду на ўсход. У тыя хвіліны, калі сонца вісела над самым лесам, ужо гатовае спусціцца за яго, чалавек падышоў да самай карчмы і абышоў яе навокал. Уваход у карчму і ўезд у стадолу былі проста з гасцінца. За задняй карчомнай сцяной было выгараджана жэрдкамі месца, падобнае і на двор, і на агарод. Чалавек успёрся локцямі на гэтую агароджу і так стаяў у задуме. Рыжая карова траслася з холаду і тыцкалася пысай у мерзлыя грады, дзе яшчэ аставаліся рэшткі скарэжанага на марозе капусніку і бурачніку. Карова шукала яды. Чалавек доўга глядзеў на яе і ўсё стаяў. Магло здавацца, што яму вельмі соладка стаяць на холадзе. Яно і можа быць, бо кожны яго рух сведчыў, што ён быў такі змучаны, што яму соладка было стаяць у нерухомасці. Можа чалавек крыху адпачыў стоячы, бо праз нейкі час вочы яго як бы ажывіліся, і, як бы развясельваючы сам сябе, ён сказаў:

– Усё на тым самым месцы, і карова тая самая. Дай жа Божа, каб і дома ўсё было ў шчасці і радасці. Ах, Божа мой, Божа, колькі было бадзяння і пакуты. Жартачкі – цэлыя гады! – Ён уздрыгануўся, адарваўся ад плота і рушыў у карчму праз чорны, ці задні, ход з агарода. Здавалася, што ў гэтым чалавеку няма і кроплі крыві. Твар худы і выцягнуты нос. Здавалася, што скура на твары хутка стане празрыстая, як шкло, і праз яе льга будзе ўбачыць чалавека ў сярэдзіне. Кароткае шчацінне выстрыжанай барады тырчэла ва ўсе бакі, а адзежа – адкуль толькі ён мог і назбіраць яе?! На нагах падшытыя кавалкамі скурата лапці. Нагавіцы нямецкія, салдацкія і вылатаныя дзесяткамі рознакаляровых кавалачкаў. Кароткая вопратка, можа нават і на ваце, цывільная, з плеч простага чалавека, якога-небудзь рабочага або панскага парабка, міжнацыянальнага і разам – няпэўнага выгляду, падпяразаная вяроўкай. А шапка – рэшткі польскай канфедэраткі: без казырка, з адарванымі рагамі і залатанымі дзірамі на месцы іх. Пад гэтым падабенствам галаўнога ўбрання на галаву была закручана і закрывала вушы ні то хустка, ні то ручнік, брудны і дзіравы. Усё гэта тырчэла гузамі і камякамі на чалавечай галаве.

Гэты чалавек увайшоў у карчомную кухеньку, дзе ў адзіноце сядзеў за сталом, у адных сподніках і чорнай камізэльцы, стары карчмар, падобны да Майсея. Ён браў з талеркі вывараныя косці і абсмоктваў іх. Чалавек згроб з галавы канфедэратку з дзіравым ручніком, пацёр вушы і прывітаўся з карчмаром:

– Здароў, Шымха! Жывеш? Можа і пазнаеш мяне. Не пазнаеш? З Сумліч. Бывала, калі вязу што або каго ў Нясвіж, дык заўсёды начаваў або папасваўся ў цябе. Не пазнаў?

– Чаму не! Сумліцкі Нявада. Але ж вайна з цябе і штуку вырабіла! Ні да кога і сам да сябе ты цяпер не падобен. Адкуль жа ты і куды ідзеш?

– А ты як жыў?

– Як жыў! Усяго бывала. Тут жа і немцы былі, і палякі былі… А кожны ж прышэлец ідзе на чужую зямлю не на тое, каб што-небудзь прынесці ёй, а каб сабе з яе ўварваць. А цяпер жа не канец яшчэ. Я апынуўся ў шчыліне паміж дзвюма дзяржавамі. Стадола і хата стаяць на савецкай старане, а града з рэдзькаю пры хаце і прызба пад вокнамі – гэта Польшча. Я яшчэ чакаю, што хлеў, дзе стаіць карова, будзе абвешчан нямецкім, а унь тая бяроза на гасцінцы ангельскай. Я табе зайздрошчу. Адкуль бы ты ні ішоў, то ты ідзеш у свае Сумлічы. А калі нават твая там хата і згніла дарэшты, ты ўсё роўна ідзеш дадому. А мне трэба адсюль выбірацца. Цяпер жа рэвалюцыя. Ты набярэш зямлі і паставіш хату. Ты адпакутаваў на вайне, але тваё шчасце прыйшло да цябе. А я праз усё жыццё збіраўся ехаць за мора ў Амерыку, а цяпер позна… Адкуль ты ідзеш?

– Іду з нямецкага палону.

– Што ж ты так запазніўся? Унь адзін кукавіцкі даўно ўжо як дома.

– Мала што, той можа з прычыны мірнага дагавору, а я з лагера ўцёк яшчэ да міру з немцамі. Да Польшчы дабраўся, а з Польшчы ледзь выбраўся. У лагерах цяжка было выжыць, але і палякі такія заядлыя, што разоў некалькі ў турму саджалі, калі лавілі на дарозе. Лічылі мяне за нейкага такога, хто хоча згубіць іх уваскрослую дзяржаву. Так усё і дапытвалі мяне – а ці не маю я намераў пусціць на паветра цэлую дзяржаву! А Божа мой! Нашто мне Польская дзяржава?! Яна мне патрэбна не больш, як Англія разам з Францыяй, Амерыкай і Турэччынай у прыдачу. Бойцеся, кажу, Бога! Пазбірайце вы, кажу, золата з усяго свету, зрабіце з яго трон, пасадзіце на яго мяне кіраваць паўсветам, а каб увесь свет выхваляў мяне, дык я перад вамі буду прасіцца і маліцца: пусціце, калі ласка, дайце мне шчасце спаўзці з гэтага трона: я колькі год жыта не сеяў, кала нават не зачасаў, у кузні каня не каваў, у млыне мукі не малоў, раллі не нюхаў, ботаў не мазаў, капусты не сёрбаў, не наслухаўся ўволю, як пеўні спяваюць, як людзі па-людску гавораць. (Вочы яго пачырванелі.) А ў мяне ж у Сумлічах асталася адна як ёсць малая Волечка. Што яе ўжо на свеце даўно няма – гэта ўжо няма чаго і казаць.

– Бог дасць, нейк выкідалася.

– Як!? Пакінуў адну ўжо колькі год таму! Дзіця горкае!

– Пройдзем далей адгэтуль. Прыйдуць дзеўкі – дадуць табе гарачага есці, тады будзеш спаць да раніцы. Дарога яшчэ табе вялікая.

Удвух яны ўвайшлі ў карчомную хату. Карчмар сеў на лаву, а Нявада прыпёрся плячыма да печы грэцца. Ён змагаўся з дрымотаю. Соннымі вачыма ён аглядаў здаўных знаёмыя яму сцены. Ён разбіраў там надпісы, некаторыя былі размашыста напісаны ці выразаны нажом. Каб хутчэй перабыць чаканне, ён прачытваў іх моцным шэптам. Адзін надпіс быў вось які: «Памажы мне, Божа, знайсці дзверы ў маю будучыню. Граф Паліводскі». Нічога гэты надпіс Нявадавай душы не сказаў, і на твары яго нічога жывога не адлюстравалася. Трагедыя нейкага невядомага Паліводскага, які не мог знайсці дзвярэй у сваю будучыню, была вельмі далёкая ад розуму і сэрца гэтага чалавека, які праз каторы ўжо год сам таіў у сабе ўласную трагедыю і цяпер, варочаючыся да свае Волечкі, баяўся, што знойдзе там можа нават сляды цяжкай драмы. Як бы там ні было, ён холадна прачытаў яшчэ некалькі надпісаў і паглыбіўся зноў у маўклівае і дрымотнае чаканне. Тым часам стары гаспадар карчмы ў задуме пачаў пагойдвацца на лаве ўбакі і замармытаў сабе пад нос нейкую песеньку ці малітву і глянуў на Няваду:

– Цяпер, кажуць, Сумлічы разбудоўвацца пачалі панскімі лясамі. О, колькі такіх, як гэты Паліводскі, за гэтыя часы бралася гасцінцам на Нясвіж праз маю карчму, ратуючыся ад рэвалюцыі!

– А што гэта за Паліводскі такі?

– Я не вінават, што ты не чуў пра яго. Я табе скажу, ты чалавек запечны, ты ціха жыў век у Сумлічах, пакуль на вайну не пайшоў. Я хоць таксама жыў запечнікам, але яшчэ мой дзед, пакуль не прыехаў сюды, расказваў, бывала, мне малому пра паноў і князёў, і графоў. Яны нават давалі яму ў сховань грошы, ён быў павяроным у іх. Дык і графа Паліводскага ўспамінаў. Той быў дзед гэтага, што тут на сцяне пісаў. Той дзед дастаў сабе тытул графа, бо мець гэтулькі маёнткаў і быць без тытула – гэта не работа. А маёнткі яго былі – і за Воршай, у бок Дуброўны, і ў Віцебскім краі, і на Смаленшчыне, і каля Міра, пад Карэлічы, але гэты Мірскі маёнтак ужо гэты, што пісаў тут на сцяне, унук таго дзеда, прагуляў у карты, спадзеючыся на ўсе астатнія маёнткі, з якіх ён браў чысты прыбытак, а сам ніколі там не быў. Сам ён вельмі малады, тонкі, высокі і афіцэр яшчэ царскай арміі, а цяпер афіцэр польскай арміі. Яму не пашанцавала. Рэвалюцыя пайшла яму на згубу і вайна таксама. Бо некаторыя, такога калена як ён, на вайне нажыліся. З нажыткам у кішэні яны мінулі маю карчму, з усходу на захад і па той бок мае прызбы сталі смелыя ад рэвалюцыі. А гэты павінен, каб жыць, служыць палякам, як той казаў, не для Езуса, а для хлеба куса. Які ён там быў ваяка на нямецкай вайне – хто яго ведае, мусіць не сказаць, каб вельмі, бо на вайне трэба навучыцца спаць у балоце, а ён вазіў з сабою пяць лёкаяў, пераадзетых за дзеншчыкоў. А шосты дзяншчык быў казённы. Хто ведае, дзе былі тыя шэсць дзеншчыкоў, калі на вайне куля ўрэзалася яму ў рэбры. Ён зваліўся з каня, свайго ўласнага, за якога адзін з блізкіх да цара генералаў даваў яму пяць паўсотняў звыш дваццаці пяці тысяч… Хэ-хэ, да дваццаці пяці тысяч прыткнулі пяць паўсотняў і за іх таргаваліся, як мы за паўрубля. І граф, і царскі генерал, а з таго ж цеста… Конь паімчаўся немаведама куды, а Паліводскі сыходзіў крывёй, лежачы ў вадзе і гразі, скрыты ад людскога вока асакой і аерам. Каля яго і расейцы хадзілі, і немцы хадзілі, і ніхто яго не ўбачыў. Тым часам ён ачомаўся ўночы і сеў. Ён быў рад, што ўсюды ціха. Абсмактаў свае мокрыя пальцы і памацнеў. Да дня ён выпаўз на палявую дарогу і сеў, а пасля лёг чакаць збавення. К канцу дня нейкі чалавек у лапцях і з мяшком за плячыма ўзышоў з поля на дарогу. Гэты абарванец з цвёрдымі, як косці, мазалямі на руках і даў яму збавенне. Што ж, граф Паліводскі, які праз усё сваё жыццё ўмеў толькі крычаць на людзей, пачаў енчыць і прасіць гэтага чалавека:

– Галубчык ты мой, вазьмі мяне да сябе, знайдзі доктара, памажы мне дайсці да здароўя, век будзеш панаваць. Я табе дам золата многа з дарагімі каменнямі і нават зніму з шыі залаты з каменнямі фамільны крыж і аддам табе, і апішу адзін з сваіх маёнткаў, я – граф Паліводскі.

Чалавек паклаў на зямлю боты з нямецкіх, мусіць мёртвых, ног. Боты разам з пустым мяшком былі ў яго за плячыма. Ён сказаў:

– Які ты к чорту граф, калі ты ў крыві і няшчасны. І князь, і цар, і міністар, кожны той, хто камандуе людзьмі, хто мае права ў руках, каб саджаць іх у турмы і там рабіць з імі што сам захоча, кожны, хто стаіць над людзьмі, толькі датуль граф, пакуль у яго з парэбрын кроў не ідзе. Ну, давай плечы, апірайся на мяне, хадзем. Тут недалёка. Гэта я, каб ты ведаў, хадзіў туды пад рэчку. Босы хаджу, а там немцы ў ботах ляжаць, зараз гніць пачнуць. На чорта, думаю сабе, мёртваму боты, калі жывы босы ходзіць… Стой, адпачні, перадыхні. Унь пры ляску хата.

Босы абарванец давалок Паліводскага да свае трухлявай хаціны і паклаў на паправу. І лекара дастаў, не за грошы, а за добрае сэрца. Яшчэ толькі лёгшы на пасцель, Паліводскі пачаў абмацвацца і заныў душой: пакуль ён ляжаў ледзьве жывы ў балоце, нехта абчысціў яго пазухі і кішэні так старанна, што ўжо не было чым аддзячыць абарванаму збавіцелю. Тым часам пайшлі тыдні і месяцы. Больш за год Паліводскі то лежачы, то седзячы, то спацыруючы па лесе пражыў у свайго збавіцеля, які дзяліў з ім напалам усё, што сам меў. Паліводскі зноў стаў здаровы і спрытны, як і быў раней. Страшная думка тачыла яго: ужо ў яго не было больш золата з каменнямі. Хоць з рэбраў кроў ужо і не ішла, але і графам ён ужо не быў. Бо ўжо адбылася рэвалюцыя і маёнткі ўжо былі не яго. Ён стаў зусім голы. Згалеў адразу. Яму ўжо не было дзе дзецца, і ён сядзеў у свайго абарванца-збавіцеля. Праўда, абарванец абуў ужо добрыя боты і вопратку, узяў панскай зямлі і з панскага лесу паставіў сабе хату і стаў повен свайго шчасця. Паліводскі і рабіць нічога не ўмеў. Змалку і да гэтага часу ён мог толькі гатовае праядаць. Аж душа яго рвалася на кавалкі. Тым часам збавіцель раз і кажа яму:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю