355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кузьма Чорный » Выбраныя творы » Текст книги (страница 27)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 04:00

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Кузьма Чорный



сообщить о нарушении

Текущая страница: 27 (всего у книги 41 страниц)

Амелька адплыў на сярэдзіну ракі, прыпыніўся і стаў глядзець на ваду.

Яна ўжо не пенілася і не шумела так моцна, як раней, бо сціх вецер; яна адлівала чырванню, бо празрыста свяціла сонца. Яно ўжо было на захадзе, і свет яго быў чырвоны. Неба ачысцілася ад хмар.

Амелька паглядзеў, як паволі, але заметна, супакойвалася вада, і ў звязку з гэтым у яго выплыла новая пастаронняя думка:

«А чалавек некалі ўзварушыць сабе на карысць усю зямлю, так, як вецер ваду. Чалавек моцны. Каб яго сілы не растрачваліся на тое непатрэбнае, што дагэтуль вядзецца на зямлі, не тое б можна было бачыць цяпер у жыцці...

Што б з чалавекам ні зрабілася, нідзе ён не дзенецца з свае зямлі. Уся зямля, кожны яе кусочак адналькова родны чалавеку».

Думкі ў Амелькі выплывалі адна за другою. Ён не мог улавіць ні пачаткаў, ні канцоў іх. Але ўсе яны зводзіліся к таму, што людзі, злучыўшыся ў адну вялікую сям'ю, зробяць на сваёй зямлі нешта такое, што будзе большае па сваёй сіле за самую зямлю. Вялікае дзела робяць яны.

Корань гэтай думкі ён пачуў раз у павятовым горадзе ад аднаго прамоўцы на лекцыі для сялян.

– Усе тыя, што самі працуюць, – гаварыў прамоўца, – злучыўшыся пад сцягам камунізма, арганізуюць вялікую сілу, якая знішчыць усё тое, ад чаго так мучыцца, жывучы, чалавек...

Амелька думаў і глядзеў вакол.

На той бок рэчкі, недалёка ад вёскі Хартонаўкі, выехаў араць чалавек. Яго каравая, цёмная фігура здавалася здалёк куском той самай зямлі, па якой ён ходзіць.

– Пайду, пагавару з чалавекам, – сказаў сам сабе Амелька, – а то яшчэ здзічэю тут адзін.

Над апошнімі сваімі словамі ён неяк хмурна ўсміхнуўся.

Паволі, як бы раздумваючы, ці варт плысці, папоўз паром назад к берагу. Амелька, утомлены думкамі, вяла перабіраў рукамі дрот.

Выйшаўшы на бераг, ён зразу размеранымі крокамі пайшоў к аратаму. Той, ласкава пакрыкваючы на свайго коніка, паволі ішоў за плугам, неглыбока заворваючы ржышча на зіму.

Ён быў у доўгім, парыжэўшым ад старасці халаце, няроўна абарваным унізе; доўгія валасы яго закрывалі вушы. Каравыя рукі яго ўспіраліся на плуг, і, каб не ён сам тут, можна было падумаць, што гэта які-небудзь корч, нядаўна выцягнуты з зямлі. Босымі нагамі ён ціха ступаў па мяккай чорнай зямлі.

Гэта быў Амелькаў знаёмы.

– Здароў, брат, – сказаў Амелька, падыходзячы блізка.

– Здароў! – адказаў той, прыпыняючыся.

– Позна, браце, араць выехаў.

– От... распагодзілася, – загаварыў араты, – дык я думаю сабе, выеду хоць ад меж адбяру, усё хлопцу будзе заўтра лягчэй. Але як выпагадзілася, – панізіў ён голас, – цёпла, весела.

У гэтых словах – «цёпла, весела» – чулася нейкая радасць чалавека, які бачыць сонца і светлую ад яго зямлю.

– Добра арэцца? – запытаў Амелька, каб як-небудзь разгаварыцца.

– Добра, – адказаў чалавек і, глянуўшы ў разору, прыбавіў: – Люблю я, браце, араць. Ходзіш сабе босы па мяккай разоры, і здаецца табе, што зямля ў цябе ўлазіць.

– А хіба гэта добра?

– Ну, а што, браце. Чалавек адарваўся ад зямлі – прапаў...

– А дзе ж ён можа дзецца з зямлі? – сказаў Амелька. – Усё роўна нікуды з яе не зыйдзеш, каб і хацеў. На ёй астанешся.

Чалавек паціснуў плячыма, бо не знайшоў адказу.

А Амелька пачуў думку, выказаную чалавекам. Гэта думка ўвесь час у яго самога была ў галаве. І яму стала весела. І ўсе яго думкі, як бы зрабіўшы сваё дзела, зніклі, пакінуўшы нейкае лёгкае і бадзёрае пачуццё ў грудзях.

– Дай, браце, я прайду зараз вакол, – сказаў Амелька, беручыся за плуг, – даўно ўжо не араў.

– Прайдзі сабе, – сказаў чалавек і, махнуўшы пугай на каня, ціха гукнуў: – Но!..

Амелька пайшоў за плугам па паласе. Падняўся на гору, мінуў яе і спусціўся ўніз, дзе пачынаўся невялічкі паплавец і на ім рэдкія кусты.

К яму, па калючым іржышчы, босы і ў адной кароткай кашульцы, падкасаны, быстра бег хлопчык гадоў трынаццаці.

– А дзе тата? – запытаў ён, трохі спалохаўшыся.

– Там, за горкаю, – адказаў Амелька.

Хлопчык пазнаў Амельку і загаварыў быстра, глытаючы словы:

– А я бягу, гляджу – здаецца, не тата. Ажно ж гэта вы, дзядзька Амелька. Дайце адно мне.

Амелька перадаў плуг хлопчыку, і той, трохі блытаючыся па разоры нагамі, пайшоў, сваімі дзіцячымі тоненькімі рукамі дзержачыся за плуг і пакіроўваючы яго верна, так, як і трэба.

– Чаго ж ты прыйшоў, змерзнеш, – сказаў бацька яму, як яны з Амелькам, абышоўшы кругом, прыйшлі на старое месца.

– Так, – сказаў хлопчык і засмяяўся.

– Ходзіць у школу, – сказаў бацька з нейкаю гордасцю ў голасе, гледзячы на Амельку і паказваючы пальцам на сына, – і мне памагае.

– Ну, а што ж, – адказаў Амелька, зноў адчуваючы наплыў думак.

Бачачы, што аратыя збіраюцца дамоў, ён паглядзеў, як сонца быстра кацілася за лес, і, развітаўшыся з імі, пайшоў к парому.

Там ён хутка перавёз на свой бок некалькі фурманак з жытам, а на другі бок двух чырвонаармейцаў.

Яны ехалі на двухкалёсным зялёным возе і некуды спяшалі.

Прыцемкам ужо стаў Амелька раскладаць агонь на беразе.


III

– Паром! Гэ-эй... паро-о-о!..

Чутно было, што крычыць чалавек здаровы і з ахвотаю, рад, што ёсць прычына пакрычаць.

Ён бачыў ужо, што паром плыве к яму, але не пакідаў крычаць і, мусіць, любаваўся сваім голасам, які зычна, на некалькі раз, паўтараўся на другі бок ракі, у лесе.

Праціраючы заспаныя вочы, Амелька плыў па крык. Паром без шуму сунуўся па спакойнай, цёмнай каля берага і белай на сярэдзіне вадзе, якая пад ім чуць-чуць дрыжала серабром ад свету месяца.

Ад гэтага свету і поле кругом было нейкае белаватае, і здавалася, што нешта там прытаілася, сочыць за ўсім, што робіцца вакол.

На паром чакала многа фурманак. Шэрай масай стаялі яны каля вады, каля іх цямнелі і варушыліся коні і чуліся людскія галасы.

– Хто першы – узводзь каня, – сказаў Амелька, прыгнаўшы паром к берагу.

– А колькі фурманак можа ўз'ехаць на яго зараз? – пачуўся з змроку грубы, як стук абуха, голас.

– Адна.

– Э, мала. Доўга перавозіць будзеш.

Чорная ад змроку пара коней усцягнула на паром высокі воз, узышло чалавек пяць людзей.

Паром ціха рушыў назад.

– Чырвонаармейцы, – сказаў Амелька, прыглядаючыся да людзей.

– А што?! – гукнуў з-за воза голас.

– Нічога. Пазнаю, што за людзі. Здалёку?

– З горада.

– Куды?

– На граніцу.

Памаўчалі.

– Што за рака? – бухнуў той жа грубы голас.

– Лоша.

– Слаўнае месца. Лесу многа.

– Гэ-эй, там, скар-р-рэ-эй! Паро-о-о-о!.. – гукнуў з берага нецярплівы голас.

– Чаго арэш, не пакінем, не бойся! – гукнулі з парома.

– Э-э-э, там, о-о-э!..

– Хочаш скарэй – кідайся ў ваду!..

Два галасы з розных берагоў весела рвалі ціш светлае ночы. Паром і без крыку быстра лятаў ад аднаго берага к другому, але людзям хацелася пакрычаць і слухаць зычныя рэхі ў лесе над полем.

А на беразе, каля Амелькавае будкі, ужо раскладвалі агні. Аднекуль цягалі лом, сухія дубцы і збіраліся каля агнёў кучкамі. Выпрагалі і кармілі коней.

Гадзіны праз дзве ўсе ўжо перабраліся цераз рэчку. Людзей было бопьш сотні, яны зразу напоўнілі ціхі і пусты дагэтуль бераг роўным стрыманым гоманам. Чутно было, як «грукалі» коні, жуючы сечку. Гарэла некалькі вогнішчаў.

Амелька стаяў, прыпёршыся плячом да свае будкі, і глядзеў, як дрыжаў свет ад агнёў на тварах людзей.

Адзін твар здаўся яму знаёмым. Гэта быў малады яшчэ чалавек з густымі, падстрыжанымі вусамі.

«Няўжо Юрась з Даўгінава?» – падумаў Амелька і хацеў ужо падысці бліжэй, каб лепш разглядзець, але чалавек сам падняўся з зямлі і, пільна ўглядаючыся ў светлы змрок, стаў хадзіць вакол будкі, як бы стараючыся што-небудзь угледзець.

Прымеціўшы пры будцы Амельку, ён падышоў к яму і запытаў:

– Паромшчык?

– Але, – адказаў Амелька, пазнаючы Юрася.

– Тутэйшы? – зноў запытаў Юрась.

– Не пазнаў? – у сваю чаргу запытаў Амелька. – Юрась, так?

– Чакай, – сказаў замест адказу Юрась і, схваціўшы Амельку за плечы, павярнуў яго твар у бок агню.

– Амелька! – крыкнуў ён весела. – А я такі думаю – хто тут можа быць паромшчыкам, як не тутэйшы чалавек, і стаў прыглядацца, пагавару, думаю, з сваім чалавекам. Аж так яно і ёсць. Ну, як жывеш?

– Жывём. А ты яшчэ ўсё ў войску?

– У войску, старшым тэлефаністам служу, дамоў яшчэ мяне не пускаюць. Папалася якраз праходзіць праз свае, родныя мясціны.

– Дома будзеш?

– Буду, гэта ж па дарозе. Там, мусіць, дняваць будзем.

– Не надаела служыць?

– Не. Каб на адным месцы стаялі, можа і надаела б. Але служба такая папалася жывая – сягоння тут, а назаўтра за сотню вёрст дзе-небудзь. Так ніколі не надаесць. Разглядай сабе свет і жыві. Весела так.

– А мне вось тут весела. Перавожу сабе што дзень, то новых людзей. Часам, чакаючы, думаю, каго-то цяпер прыйдзецца перавозіць. Што за чалавек і адкуль?

– І так слаўна, – адказаў Юрась, – самае галоўнае, у сябе не закапвайся, а жыві ў людзях. Глядзі на ўсё і ўсё ведай.

– Ну, а дамоў не хочацца?

– Мала калі думаю аб гэтым. Заўсёды хочацца да свае сям'і, сваіх хочацца пабачыць, пагаварыць, пажыць. А зямля – усюды зямлёю. Усюды працуй і будзеш жыць.

– Вось, – сказаў сам сабе Амелька ў думках сваіх, – ад каторага чалавека чую тое, аб чым сам часта думаю. На ўсякім месцы на зямлі чалавек дома.

І раптоўна захацелася яму глянуць на ўсё тое, што ў тую хвіліну рабілася на ўсёй зямлі. Захацелася яму куды-небудзь ісці, ісці ўсё бліжэй і бліжэй к нечаму таму, што ў галаве яго вырысоўвалася як галоўны пункт, цэнтр усяго жыцця.

Хацелася яму самому не стаяць каля свае будкі ціха і спакойна, а рабіць якое-небудзь дзела, якое магло б быць відавочным і карысным для ўсіх.

І, як Юрась, пакінуўшы гаварыць з ім, пайшоў к возу збірацца ў дарогу, Амелька, ахоплепы вялікім наплывам думак, глядзеў, як варушыліся на беразе людзі, пакрыквалі на коней і збіраліся згінуць з гэтага берага, каб ніколі не паказацца пры такіх самых варунках на ім.

«Усё на свеце бяжыць і не варочаецца, – мігнула ў Амелькі новая думка, – не траць дарэмна і хвіліны жыцця, бо не вернеш яго».

Пасля таго як бераг зрабіўся пустым, Амелька стаяў і слухаў, як патроху, неўзаметку сціхалі недзе каля лесу зыкі вайсковага абозу.

І тады, у звязку з усім перадуманым, з'явілася ў яго новая, ім самім не зразумелая думка, нават не думка, а пачуццё.

«Трэба глыбей убіраць у сябе жыццё, бо жыць слаўна...»

Ён пайшоў у бок свайго парома і моцна, зычна дыхнуўшы, сказаў, не думаючы аб сваіх словах:

– Эх, ты!..

Каля самага парома ён азірнуўся кругом і бачыў, як чуць-чуць рабілася святлей на ўсходзе. Чутно было, як у Хартонаўцы галасілі пеўні.

Вакол больш не было ніякіх зыкаў; густая і чорная вада цякла ціха і спакойна.

1942

Ноч пры дарозе


I

Абодва яны шэрыя і тоўстыя ад сваіх суконных вопратак, з цяжкімі, грузнымі крокамі ад вялізарных ботаў.

Буяніўшы па жоўтым іржышчы палявы вецер абвяяў іх каравыя твары, мяў густыя борады, дарэмна стараючыся збіць іх з тропу. А яны ўсё ішлі сухою дарогаю, мала азіраліся назад, як бы не думаючы больш варочацца туды, адкуль выйшлі.

І ўсе іх прылады былі пры іх.

У старшага – Уласа – гладка прыставала к плячам падоўжаная вялікая піла ў дзеравянай раме зубамі; у малодшага – Кузьмы – разам з клункамі хлеба горбілася на спіне торба з малаткамі, напільнікамі, грунтвагамі.

Так і хадзілі яны.

Ад сяла да сяла, з мястэчка ў мястэчка. Праходзілі праз гарады і чыгуначныя станцыі. Прыпыняліся там, дзе была работа. Цягнулася яна, гэтая работа, год – не пакідалі яны яе; цягнулася два дні – былі там два дні. А канчалася работа – ішлі далей.

І цягнула іх к рабоце, а значыць, і к людзям, бо дзе работа, там заўсёды людзей спаткаеш.

– Сам ты адкуль, Улас? – запыталі раз у адной вёсцы, дзе яны пілавалі дошкі.

– Не ведаю, – адказаў Улас.

– Як так не ведаеш?

– Не ведаю. З усяго свету, мусіць. Радзіўся каля Вільні, дзе бацька пасля будынкі ў маёнтку будаваў, і што паўгода, то новае месца было. А потым, як сам узняўся на ногі, пайшоў з пілою па белым свеце. Так і жыву.

– І нічога?

– Хоць бы што... Прывычка.

А Кузьма – трохі іначай. Не любіў ён жыцця вечнага валацугі. Была ў яго недзе за Нясвіжам гаспадарка невялікая, жыў на ёй брат яго малодшы; а з братам ён заўсёды быў душа ў душу. Быў у войску, а потым, як звольніўся, граніца дзяржаўная ляжыць між ім і братам. Яно то пастараўшыся і можна было б перабрацца туды, але нялішне квапіў на гэта Кузьма: пасля Чырвонай Арміі – паны; так і чакаў ён усё перамены.

З Уласам спаткаліся яны ў Жлобіне на станцыі. Гурт пільшчыкаў там дошкі пілаваў – мост там нейкі правілі. А тут якраз таварыш Уласаў пакінуў яго. І прыстаў Кузьма к Уласу. Так і пілавалі яны там, пакуль работа не скончылася; а потым, па старой прывычцы, пацягнуў Улас Кузьму за сабою па свеце: дзе чутна работа – туды і пайшлі...

Убіліся ў глуш. Усе вёскі ды хутары ў палёх і між лясоў. У гарачую летнюю пару, калі вёскі пуставалі цэлымі днямі, выправіўшы жывых усіх у поле, мала было работы. Часта тады і не заходзілі Кузьма з Уласам у вёску, а начавалі і днявалі нават часам каля рэчкі дзе-небудзь, у кустах. Пяклі вечарам сала на ражэнчыках, раніцаю ўмываліся ў рэчцы, вымалі з торбы сарочкі чорныя, якія даўно ўжо мыць трэба было, і, уцёршыся, ішлі далей.

Тады Кузьма, гледзячы на Ўласа, і густую бараду сабе запусціў.

А ўвосень работы стала многа, хоць нядоўга прыходзілася прыпыняцца на адным месцы – тыдзень, два – не больш, але затое далей ужо пэўная праца чакала.

Любіў Улас працаваць у глушы восенню. Сытыя вёскі тады. А ў здаровыя ясныя дні «баб'яга лета», калі белае павуцінне блытаецца ў іржышчы за гумнамі, плавае ў чыстым сінім паветры, звон пілы гучна аддаецца ў прасторы.

Весела робіцца за працаю тады...

У пору, калі восень гатавалася ўжо ўступіць месца зіме, работы па вёсках больш яшчэ стала...

Было хоць ясна ад сонца, але холадна.

Начамі былі першыя марозы, але ў палях мала было ім што замарожваць – восень была сухая.

Па аўсяным іржышчы, каля хутароў, цягаліся крыклівыя гусі, а ў чыстым полі і на паплавах панавалі вясёлыя вароны.

Буян-вецер радасна гайсаў па полі, пераскакваў цераз кусты, з песняй забягаў наперад, зазіраў холадам у вочы, трапятаўся за каўняром, блытаўся ў вусах і бародах. Чуць-чуць ад яго пазвоньвала за плячыма піла; боты стукалі размерана, паважна.

– От каб дзе, здаецца, на адным месцы засесці, не люблю цягацца. Каб дзе гаспадарку якую завесці, – сказаў Кузьма.

– Па мне, – адказаў Улас, – можна засесці, можна і хадзіць. Мне ўсё роўна. А пакуль што добра было б прыпыніцца дзе сягоння на работу, цягнуцца далёка ахвоты няма ветрам такім – у вочы сыпле і з ног збівае.

– І ўсяго табе?

– Усяго. Табе другое дзела. Прывык ты к аднаму месцу з малых дзён. А мне ўсё роўна.

– Трэба будзе ў вёсцы якой паклапаціцца, каб на вясну зямлі кавалак адвялі – там і засяду, калі граніца дадому не адкрыецца. Зімою падумаю.

– Падумай сабе... А сяла не відаць нідзе... Заварочваецца як бы вецер з другога боку...

Потым змоўклі і ціха ішлі далей, аддаўшыся глухой дарозе – куды прывядзе... Як дарога крута спусцілася ўніз, узышлі на мосцік над вузкаю рэчкаю. Чыстая вада, сціснутая абкошанымі берагамі, баялася некуды спазніцца і ўсё плыла-плыла, падганяючы сама сябе. Вецер шараваў рэдкімі калівамі пакалечанага быдлам плюшніку аб берагавыя карчы.

– Што гэта ён там робіць, – сказаў Кузьма, ткнуўшы пальцам налева.

Улас стаў і прыгледзеўся.

Там, на жоўта-зялёным беразе, дзе пачыналіся нізенькія кусты ядлоўцу, сядзеў, прытуліўшыся к караваму пню крывое, голае вярбы, рыжы мужык у жоўтым, доўгім кажусе. Ззаду за ім цягалася чорная кабыла, пашчыпваючы нізенькую мёрзлую траву, а вецер падмахваў пасмамі яго доўгае, чырвонае барады, ад чаго падобнымі яны былі да языкоў полымя на вогнішчы ўночы.

– Што гэта яму прыйшло ў галаву пасвіць каня гэтакаю парою?

– Не, гэта ён там так нешта робіць другое.

– Можа і гэтак... Давай сядзем на мосце – аддыхнём і закурым. Ды папытаем, дзе тут вёскі якія ёсць.

Яны селі на халодным мосце, глядзелі ў адно месца, і здавалася ім, што сонца як бы грэць трохі стала.

Рыжы мужык падышоў к пільшчыкам. Высокаю і лёгкаю фігураю сваёю стаяў ён проста пры самым мосце ўнізе, улажыўшы рукі ў рукавы кажуха і ад холаду чмыхаючы тонкім гарбатым носам.

– Аддыхаеце?

– Але.

– Далёка ідзіцё?

– І далёка і блізка. Дзе работа будзе з пілою – нідзе не брышкуем. А сёлы далёка тут?

– Блізка.

– А ты гэта, чалавеча, што каня пасеш гэтакаю парою?

– Пасу, – усміхнуўся крыва рыжы.

– Такі праўда пасеш?

Рыжы скрывіў рот і шырока ўсміхнуўся.

– Ну? – дапытваўся Кузьма. Яму хацелася ведаць, чаго гэта такою парою сядзіць мужык на поплаве. Усімі сваімі пачуццямі і думкамі ён сам быў селянін, і гэта цікавіла яго.

– Ёсць, браце, прычына сядзець мне тут, – загаварыў рыжы. – Вартаўніком сяджу, вось што. Унадзілі ездзіць поплавам – бліжэй, а дарогай – кружней. Па чарзе выходзім кожны дзень, аж абрыдзела. Я сяджу тут і прашу Бога, каб каго чорт нагнаў – не памілую, дубінаю голаў растаўку сукінаму сыну. Проста хочацца, каб хто праехаў. Вось слаўна было б.

– Э-э-э... дык табе, як я бачу, пра поплаў мала клопату, а пра чужую голаў!

– Да гэтага давялі.

– Вось штука... Што бывае з чалавекам часам, гы-гы-гы-гы!..

– Чаго рагочаш, – агрызнуўся рыжы на Кузьму.

– Ды так. Я не з цябе, а з таго, што з чалавекам часам бывае.

– Эх, каб ты згарэла, – гаварыў рыжы, – ніхто, як на злосць, не едзе, як бы ведаюць, што я вартую.

Рыжы ціха, як бы сам над сабою, усміхнуўся. І ўсе яны ўсміхнуліся, потым закурылі. Рыжы ўжо ўсадзіў нос у жменю Кузьмы, дзе тлела запалка, але, не прыкурыўшы, раптоўна ўскінуў галаву ўгору, прыслухаўся і азірнуўся. Там, дзе ён нядаўна сядзеў, грукалі калясьмі драбіны. Рыжы кінуў папяросу ў рэчку і сам пабег па беразе. Драбіны ўехалі ў кусты, ён узаскочыў на каня і кінуўся ўслед.

– От брат, – зарагатаў Кузьма, – што робіцца, каб на яго агні. Гы-гы-гы-гы!..

Ён усімі сваімі пачуццямі і думкамі ўвайшоў у справу рыжага мужыка; хацелася яму скінуць з плеч пільніцкую торбу з манаткамі і напільнікамі і гнацца разам з рыжым за возам па кустах. І ў тую хвіліну, нават няведама для яго самога, у глыбіні яго мазгоў пачала фармавацца думка адцурацца пілы і ўзяцца за плуг. Дзе і як – усё роўна. Так захапіла яго гэтая сялянская справа на пустым поплаве.

А Ўлас паглядзеў, як рыжы схаваўся ў кустах, паправіў на спіне пілу і, тузянуўшы за рукаў Кузьму, пайшоў далей.

– А я гляджу, – сказаў ён ідучы, – сядзіць чалавек на беразе, падпёршы плячыма пень, і думаю – нешта тут робіцца. А разабраўся бліжэй – самая пусцячына. Ды гэта яшчэ нічога. Але часам даводзілася, бывала, бачыць, як чалавек што-небудзь і сапраўды задумае як бы важнае, а як прыгледзішся – гэтаксама.

Кузьма ішоў і думаў аб тым, як добра было б быць на месцы рыжага мужыка. Чысціць дома каня, правіць плугі, малаціць, хадзіць па мёрзлым іржышчы к рэчцы, глядзець на паплавы.

І ён ад наплыву думак загаварыў, стараючыся выказаць іх, але блытаючыся ў словах:

– Гэта ж, брат, каб на яго паляруш... От бо, брат, неяк, ліха на яго...

І раптоўна змоўкшы, махнуў рукою і маўчаў ужо ўсю дарогу.


II

У вёсцы вецер уздзіраў салому на стрэхах, шамятаў ёю, гнаў разам з сухім і халодным пылам па вуліцы. За вугламі, на сухім картапляніку, валяліся сабакі, падымаючы галовы на халоднае сонца. Па зацярушаных саломаю дварах галасілі пеўні, дзеці плакалі, ушушканыя ў старыя кажухі і халаты. Дзе-нідзе стукалі па гумнах цапы, бабы і мужыкі абтыкалі мохам хаты каля вокан, падваліны пяском абсыпалі, сцены кастрыцай абкладвалі.

Ад хаты да хаты паволі хадзіў кульгавы жабрак і маліўся за «душы змарлых». З каждае хаты яму выносілі кавалак хлеба або невялічкую скварку, і ён, схаваўшы ўсё гэта ў торбу, зразу пакідаў спяваць, абрываючы сваю «малітву» на паўслове. У іншай жа хаце яму доўга нічога не выносілі. Ён канчаў сваю песню, зазубраную за добрую жыццёвую практыку, а з хаты яшчэ ніхто не выходзіў. І тады ён, каб не маўчаць, пачынаў спяваць усё, што прыйдзе ў голаў, абы яно было так ці іначай звязана з «душамі змарлых».

«Каб вашы душачкі па печы насіліся».

«Каб халоднаю зімою яны з палатак не злазілі...» – цягнуў ён часта ў такіх выпадках; прыдумляў усё новыя і новыя «блажэнствы душам змарлых», да таго часу, калі яму чаго-небудзь не выносілі з хаты. Тады ён скоранька гаварыў «дзякаваць пакорна вам, а мне на міла здароўе» і ішоў далей.

Улас і Кузьма ўвайшлі ў ветліцу* пад вечар. Борады іх былі змяты, твары запылены. Гледзячы на малюнкі вясковага жыцця, Кузьма зноў адчуў у сабе жаданне астацца дзе-небудзь у вёсцы на гаспадарцы. І мала-памалу з'явіўся ў яго нейкі страх перад думкаю, што зноў трэба будзе з гэтай вёскі ісці далей, шукаючы работы. З такімі пачуццямі і думкамі прайшоў ён з Уласам усю невялічкую вёску. Работы тут, як відаць, было многа – уся вуліца завалена была дзеравам, кожны гаспадар збіраўся на вясну, мусіць, ставіць новую хату або правіць старую.

* Ветліца – дарога, абсаджаная вербамі.

– Тут, брат, зазімуем, – гаварыў весела Ўлас.

А Кузьма ўжо станавіўся вясёлы. У яго думках пачала ўжо малявацца магчымасць, прабыўшы тут зіму, прыгледзецца к тутэйшаму жыццю, завясці знаёмствы і, атрымаўшы кавалак зямлі, астацца тут жыць.

Больш, як дзе, дзерава было за вёскай, каля высокае старое хаты, стаяўшай на ўзгорку, асобна. Туды падышлі пільшчыкі. Яны ўвайшлі ў вялікі, чысты двор, заросшы клёнамі. Разганяючы чарады гусей і качак, падышлі яны к ганку, і Ўлас прывычна стукнуў пальцам у шыбу. Потым глядзелі на дзверы – хто выйдзе.

Скрыпнулі дзверы, і на ганку паказаўся рыжы мужык. Ён быў ужо раздзеты; твар яшчэ больш чырванеў, як бы распараны.

– А браткі ж мае, – загаварыў ён, – гэта ж трэба якраз трапіць. Вось добра. А я ўжо пасля шкадаваў, што пусціў вас: гэта ж мне трэба якраз дзерава гэтае папілаваць усё.

– Ды тут у вас работы ў вёсцы многа.

Рыжы агледзеў свой двор і павёў пільшчыкаў у хату. Там было прасторна і светла. На вялікіх вокнах стаялі пабітыя гаршкі з нейкім запыленым зеллем, к сцяне кросны туліліся, ад якіх пахла ні то мокраю пражаю, ні то свежаю кастрыцаю. Вузенькія дзверы ў пабеленай сцяне вялі ў адгароджаны дошкамі невялічкі пакойчык.

І зразу ў пільшчыкаў мільганула аднолькавая думка – багатыр.

– Кулак, – ціха шапнуў на вуха Кузьма Ўласу. Той прыжмурыў вочы, згадзіўшыся.

А рыжы загаварыў:

– Вы ў мяне сягоння начуйце, а за начлег распілуеце мне заўтра дзве плашкі напалам. Заўтра ж або вечарам сягоння пагаворым аб рабоце. Пілоўкі ў мяне многа, а за начлег – я ж кажу, распілуеце мне дзве плашкі заўтра.

«Ну і скупы ж», – падумалі пільшчыкі пра рыжага, а ён ужо расказваў далей пра сябе:

– Даўней я тут карчму трымаў, вялікая дарога тут праходзіць, вунь слупы з акна відаць. А цяпер – так, заезджы дом. Так заязджаюць начаваць або грэцца падарожныя. І няма цяпер жаднага разгарнення. Няма выпіўкі – палавіна даходу паменшала, ліха яму. А даўней, старымі часамі, якая любата была – усе суседнія вёскі ў мяне пілі, грошы, як з мяшка, сыпаліся.

– Ды што гаварыць, – сказаў Улас, каб што-небудзь сказаць, а сам падумаў: «От гад, ліха яму, праўдзівы воўк, нядарам і барада ў яго нялюдская, рыжая, як агонь. Ну, ён, каб прыйшлося, не памілуе».

А рыжы гаварыў далей:

– Тым часам і цяпер многа падарожных бывае. Камісары павятовыя часта ездзяць, вайсковыя, балаголы заязджаюць, везучы тавар, але ўсё ж не тое, што раней, куды к чорту...

Як бы падкрэсліваючы яго словы, заскрыпелі на двары вароты, у двор уехаў вялікі, параконны воз, і хутка ў хату ўвайшлі двое.

Адзін – саўсім малады, з першым маладым пухам на верхняй губе, у чорным кажусе з фалдамі і белым каўняром. Другі – старэйшы, з чорнаю бародкаю, высокі. Ад цёплай адзежы здаваўся сперш тоўстым, але, распрануўшыся, саўсім стаў тонкім.

– Добры вечар у хату, – сказаў ён, усміхаючыся.

А малодшы быстра пераскочыў цераз парог і загукаў весела:

– Як маешся, рыжы? Прымай гасцей. Чуеш?.. Э!..

Рыжы зразу прыняў шутлівы выгляд і лупянуў з размаху вясёлага хлопца па плячы, потым закруціў яго леваю рукою па хаце.

– Здарова, рыжы чорт, – крычаў хлапец, схваціўшы таго за бараду.

А старэйшы – чорны, з выглядам пастаяннага начлежніка, цягнуў ужо ў чысты бакавы пакойчык крыты шэрым палатном чамадан, клунак і тоўсты партфель.

– Давай чым грэцца, – крыкнуў хлапец і, зразу прыняўшы сталы выгляд, пайшоў у пакой і зачыніў дзверы.

– Што гэта за яны? – запытаў ціха Кузьма.

– Ого, брат, – адказаў рыжы з нейкай гордасцю ў голасе ад такога кароткага знаёмства з гэтымі людзьмі, – ого, гэта вялікая начальства – гэта, брат, з павятовага іспалкома.

– Пайшоў ты!..

– Я табе кажу.

– Дык жа гэты зусім яшчэ дзіцё.

– Мала што, ён – камсамолец.

– А той?

– Той – камуніст.

І, хітра падмаргнуўшы, рыжы прыбавіў:

– Яны тут па павету ездзяць і часта ка мне заязджаюць начаваць.

Рыжы зноў маргнуў адным вокам, і нейкі хітры, жадны і непрыемны бляск з'явіўся ў яго вачах.

«Ну і халера, ну і гад рыжы», – падумалі пільшчыкі.

Увайшоў фурман, і ён быў малады і вясёлы. Ён зразу скінуў кажух і захадзіў па хаце, высвістваючы нейкую польку. Увайшла гаспадыня. Яна прынясла зарэзаную гусь і стала завіхацца з ёю каля печы.

– Здароў, Мікітка! – сказала яна фурману.

Мікітка весела падмаргнуў ёй.

– У вас заўсёды начуе многа людзей? – запытаў Улас.

– Многа... Як калі, – адказала гаспадыня.

Пільшчыкі дасталі хлеб і сталі есці.

За душы змарлых,

Ахвяраваліся б акрысы... -

пачуўся пад акном скрыплы і гугнівы голас старца. Рыжы стаў слухаць.

– Вынесі яму чаго-небудзь, – сказала гаспадыня.

– Добры інтарэс, – адказаў рыжы, – толькі што пачаў спяваць, а ты ўжо нясі яму. Нідзе, брат, няма дарэмшчыны, няхай кончыць, тады і вынесу.

– А братка ж ты мой, а-ха-ха-ха, – зарагатаў Мікітка, – ая-ай... От табе будзе карысці з яго песні!..

– Пайшоў ты к чорту, – агрызнуўся рыжы, – не ведаеш ты жыцця: малод яшчэ. Мала што карысці не будзе, але ж яму вельмі будзе соладка, як усюды будуць даваць яму за тры словы. Дзе гэта відана, каб каму самахоць давалі без дай прычыны...

Мікітка стаў пасярод хаты, упёрся рукамі ў бокі і зарагатаў, гледзячы на пільшчыкаў, а рыжы ўзяў кавалак хлеба, патрос яго ў руцэ, потым адламаў ад яго палавіну і пайшоў к дзвярам. Не ўзяўся ён яшчэ за клямку, як дзверы адчыніліся і ў хату ўвайшоў сам жабрак.

Гадоў сорак шэсць, больш не было яму на пагляд. У новых лапцях быў ён, у шарачковых сіняватых портках, у доўгім, цёмным, палатаным халаце. З месяц таму назад ён, мусіць, брыўся, бо твар яго, паверх маршчын, пакрыўся кароткаю, пруткаю, як дрот, шчацінаю. Абмякшыя, абмочаныя пад носам, гразныя вусы яго віселі ўніз, закрываючы ўсю верхнюю губу.

– Добры вечар, – сказаў ён, перабраўшыся цераз высокі парог.

– Добры, – насмешліва адказаў рыжы, – нешта ж мала спяваў, не ўцярпеў, пакуль я вынесу, ды сам у хату лезеш.

– Пусцеце пераначаваць.

– Э-э-э, бра-а-ат, – зацягнуў рыжы, – не-э-э-э, не-э-э!.. Няма дзе. Што ж, палажыць цябе на печы, дык там у мяне гэтакі начлежнік, – рыжы паказаў пальцам на Мікітку, – што як прыпрэ цябе ўночы нагамі к коміну, дык адно крактацьмеш.

Старац стаяў каля парога, чмыхаў ад холаду мокрым, пасінеўшым носам і пазіраў на ўсіх так, як бы хацеў сказаць: «Што ж, мой лёс такі, здзекуйцеся, смейцеся, ваша сіла». Апрача гэтага, на твары яго адбівалася як бы нейкая пэўнасць у тым, што і трэба, каб гаварыў так гаспадар. Ён як бы лічыў, што рыжага застаўляе гаварыць так нейкі закон, у якім ён няволен. Здавалася, што, каб хто падышоў к яму і плюнуў яму ў твар, ён толькі памалу абцёрся б рукавом і нічога не сказаў бы – такі маўчлівы, спакойны і пакорны быў яго твар.

– Што ты, звар'яцеў, рыжы, ці якое табе ліха, – сказаў Мікітка, – пускай яго, няхай начуе.

Рыжы паціснуў плячамі і маўчаў.

– Ідзі, ідзі, начуй, – гаварыў Мікітка, – раздзявайся.

Жабрак уздыхнуў, падышоў к лаве і пачаў раздзявацца, баязліва паглядаючы на рыжага...

Ужо цямнела. У печы весела трашчаў агонь, шыпела там сала на скаварадзе, а вакол завіхалася гаспадыня. Павятовыя начлежнікі моцна гаварылі ў сваім пакойчыку, шамяталі паперамі. Туды к ім пайшоў і Мікітка. Рыжы часта выходзіў на двор, паглядаў на будынкі – сачыў за сваёю гаспадаркаю. Пільшчыкі пачыналі драмаць, седзячы ў цёмным кутку за сталом. І чутно было, як на двары зычна і доўга ўсмак лаяўся рыжы, заганяючы гусі.


III

Вечарам, як запалілі лямпу, заехалі начаваць яшчэ два маладыя цыганы.

Яны ехалі на кірмаш у горад з коньмі. Паставілі яны іх на двары, пад паветкаю, і часта, па чарзе, выходзілі глядзець іх.

Абодва адзетыя ў ватовыя вопраткі да кален з сіняга сукна, яны мелі выгляд нейкай фальшывай, панурай ні то вясёласці, ні то проста развязнасці ў гаворцы. Яны зразу напоўнілі хату сваім спецыфічным цыганскім пахам, так што Мікітка пачмыхаў носам і, зарагатаўшы, сказаў:

– Але ад цыгана дык заўсёды, як ад сабакі, ветрам нясе.

– А ад мужыка ведаеш чым нясе? – адказаў цыган, паказваючы ад смеху зубы, і растлумачыў, якім духам нясе ад мужыка, вызваўшы гэтым моцны і шчыра-вясёлы рогат усіх, хто быў у хаце, апрача жабрака, які ціхенька сядзеў у мыцельніку, падабраўшы пад сябе ўсе свае клункі. Здавалася, што стараецца ён займаць як можна менш месца ў хаце, нікому не замінаць і нават не напамінаць аб сваёй прысутнасці. Яго марыў сон, і вочы яго жмурыліся. Увесь яго выгляд гаварыў аб тым, што жыве ён сваім асобным жыццём, нічым не звязаным з жыццём усіх другіх людзей. І зносіны з акружаючымі яго людзьмі меў ён у такой меры, у якой атрымліваў ад іх хлеб за свае «малітвы». І магчыма, што каб цяпер хто-небудзь стаў даваць яму сродкі для жыцця і тым самым збавіў бы яго ад неабходнасці цягацца кожны дзень па вёсках, ён жыў бы сярод людзей, як сярод страшнай пустыні. І калі ў яго быў які-небудзь светапогляд, то ён, можна напэўна сказаць, быў бы незразумелым, у высшай меры цёмным для ўсякага, хто захацеў бы як-небудзь разабрацца ў ім.

Нешта падобнае, хоць і ў многа лепшай меры, можна было прымеціць і ў цыган. Хаця яны і вельмі многа, больш нават як трэба, цікавіліся ўсім акружваючым іх, хоць яны і вельмі многа гаварылі з усімі, але было нешта такое ў бляску іх чорна-рыжаватых вачэй, што застаўляла падумаць: нешта сваё думае гэты чорны, порсткі чалавек, ніколі ён не раскажа табе сваіх думак, і не пазнаеш ты – прыяцель ён табе ці вораг.

Абодва цыганы тупалі па хаце, часта выходзілі к коням, жартавалі з гаспадыняю, смяяліся.

І калі рыжы сказаў ім скрозь смех, што яны заўтра не аднаго мужыка абдураць, прадаючы коні, адзін з іх сказаў, ні то ў жарт, ні то сур'ёзна:

– А хто мужыку забараняе цыгана абдурыць?

І ў голасе, якім былі сказаны гэтыя словы, адчувалася нейкая граніца, якою гэты чалавек абмежаваў сябе ад другіх людзей.

Душа ж пільшчыкаў была як на далоні. Яны весела смяяліся, калі цыган што-небудзь расказваў смешнае, задумёна ківалі галовамі, калі гаварыў ён аб чым сур'ёзным, страшным.

Угледзеўшы, што адзін цыган сядзіць на мяшку мукі каля парога і ўсё раз-поразу з'язджае з яго, Улас сказаў:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю