Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 41 страниц)
Тая круглая пляцоўка, дзе скрыжоўваюцца з шашою вялікія і малыя дарогі, была ўся вытаптана нагамі і выезджана калясьмі. Тут былі лапіны і дзірвану з чубамі блёкату і шчаўлюку і голая, убітая зямля. Упартая піжма купчасцілася побач дробнай лазы, і чабор цвіў разам з святыянскім зеллем над густым дываном спарышу і дзяцельніку. Трыпутнік разростаўся над каляінамі. Навокал жа, пакуль да палеткаў і лясоў, ішлі роўныя паплавы. Гэта былі самыя далёкія сумліцкія сенажаці. Да калектывізацыі яны былі падзелены сумлічанамі на вузенькія палоскі, і кожны касіў сабе, як хацеў. Крайняя ад шашы палоса сенажаці належала тады гаспадарцы Канстанціна Лукашэвіча, і стары Нявада, косячы тут у адзіноце або сушачы сена, знаходзіў тут сабе вялікую разрыўку ад тае псіхалагічнай траўмы, што пачала развівацца ў яго пасля першых пасляваенных год. Расказвалі пра яго, што ён ні тое што каб сказаць астарэў вельмі. Больш таго, у добрым жыцці дома ён выраўняўся і скінуў з сябе тую лушпавіну, што нарасла на ім за час бадзянняў па чужыне і па чужых людзях. Ён здаваўся кожнаму здаровым і зусім не падобным на самога сябе тады, калі толькі яшчэ сцягваў з плеч чужацкія транты. Некаторыя казалі, што ён аднак жа насіў у сабе нейкую хваравітасць, хоць нічым ніколі і не хварэў. Як бы там ні было, але можа і сапраўды ён насіў у сабе або хворасць, або можа толькі нейкія непатрэбныя думкі, якія тачылі яго. Быў час, што ён нават з твару асунуўся, і гэтая хударлявасць дала яму некалькі новых рысаў старасці. Часамі нават ён пачынаў ні то гаварыць, ні то штосьці разважаць сам з сабою. Усе гэтыя моманты, новыя, раней не ўласцівыя яму, асабліва пачалі заўважацца ўсімі з аднаго выпадку, які адбыўся не вельмі даўно, ужо ў часы, якія могуць належаць да нашых дзён.
На тых сумліцкіх сенажацях, што былі пры дарожным скрыжаванні, сена было заўсёды змешана з мноствам скошаных аднагодніх дрэўцаў. Яны скошваліся з травою разам штогод і штогод зноў насяваліся і пасля зноў скошваліся. Без канца і меры іх рассявала тут усюды старая таполя, памераў незвычайных. Дрэва расло на самым скрыжаванні дарог. Гэта быў волат на рост і таўшчыню. Сумлічане казалі, што на ўсю вялікую акругу тут не знойдзеш другога такога вялікага дрэва. Адно на ўсю разлегласць, яно ўзнімалася над дарожным скрыжаваннем і відно было здалёку, дзе б хто ні ехаў. Кара яго пабілася на гузы, з якіх ад карэння да вяршаліны раслі парасткі, і так гэты волат на ўвесь свой рост стаяў спрэс зялёны. Хоць дрэва і было падобна на магутную скалу, але дзіва брала: як гэта яно магло даваць гэтулькі насення. На сенажацях штогод густа вылазілі з зямлі скрозь маладыя дрэўцы і гінулі пад касою. На навакольным полі плугі выварочвалі іх сотнямі. На абочынах дарог іх тапталі пешаходы. Разам з травой іх усюды з’ядала жывёла. Іх ламалі дзеці дзеля забаўкі. А праз год іх зноў было густа, і зноў усё ішло намарна. Але крокаў за дзвесце ад самога дрэва быў куток, дзе не ездзілі з калясьмі, і куды не дабівалася жывёла, і дзе не хадзіла каса. Год за дзесяць да Айчыннай вайны, да гэтых дзён, калі завяршыліся і дайшлі да новых сваіх ператварэнняў справы, крыўды, прыкрасці і радасці тых людзей, пра якіх я тут расказваў, з Сумліч да шашы забрукавалі выезд і ў адным месцы клалі мост цераз лог, даволі-такі вялікі. Падымалі насыпам дарогу і зямлю на гэта бралі з таго месца, што крокаў за дзвесце ад вялікага дрэва. Там стварылася вялікая яма і два дугаватыя равы – як дзе капалі. З самай вясны тут стаяла вада, і ўвосень таксама. Берагі да вады былі крутыя, к таму ж асталося тут скрозь бітае каменне, кучамі і рассыпанае, і ў гэтым месцы патомства вялікага дрэва за дзесяць год густа ўзялося. Мацнейшае дрэва глушыла слабейшае і само ішло ўгару, а пад ім слабейшае гнулася ў каржак, пускала рост у бакі і глушыла суседа, які таксама выбіраўся голлем у разлегласць. Такім парадкам за дзесяць год тут стварыўся куток з густым зараснікам. Зараснік аблямоўваў яму і спускаўся на самае дно яе і хаваў пад сабою два равы. Над гэтай непраходнай расліннасцю ўзнімалася колькі даволі ўжо высокіх таполяў, ужо сапраўдных вялікіх дрэў, а наводдалек, як асілак і аглядальнік на цэлую навакольнасць, узвышалася вялікае дрэва, усёй вышынёй зялёнае і ўпартае ў бесперапынным змаганні з навакольным светам за сваё патомства. Толькі адна-адзінюсенькая галіна на ім пад сярэдзіну яго вышыні, была сухая і вытыркала з густой зеляніны. Гэта было вельмі высока. Чалавек павінен быў крута закідаць галаву і трымаць шапку, каб глянуць на гэтую сухую галіну. На ёй нагледзелі сабе месца адпачываць удзень ад клапатлівай стомы палявыя каршачкі і заблудлыя здалёку птушкі. Гэты куток на скрыжаванні дарог быў як бы месцам ратунку ад цяжару доўгага падарожжа на вялікіх дарогах і ад цяжкіх думак аб невядомасці канца дарогі. Больш як за дзесяць кіламетраў ад гэтага месца падарожныя ўгадвалі, ці скора ўзыдзе сонца. Яшчэ змрок ночы вісеў над зямлёю, а вяршаліна дрэва ўжо была ў сонцы. На ёй ужо ляжала сонечнае праменне, хоць сонца было яшчэ дзесьці глыбока і далёка.
Косячы тут раз на гэтых сенажацях, Нявада падлічыў, колькі ён адным махам касы зрэзвае маладых дрэўцаў. Выйшла нешта больш дзесятка. Ён тады перасадзіў з сенажаці некалькі самых большых дрэўцаў бліжэй к вялікаму дрэву. Калі ён назаўтра паглядзеў на іх, убачыў, што нечыя ногі паспелі ўжо стаптаць іх. Ён зноў перасадзіў некалькі дрэўцаў, але ўжо ў іншае месца. Праз два дні ён выразна ўбачыў: і гэтыя былі стаптаны нечымі ботамі з шырокімі абцасамі. З таго часу ён наглядаў і бачыў: кожнае перасаджанае дрэўца тапталася. Сляды паказвалі, што дрэўцы тапталіся і ботамі, і лапцямі, і босымі нагамі, і жаночымі абцасікамі. Гэтыя таптуны хадзілі тут кожны дзень. Кудысьці яны ішлі ўсё гэтымі дарогамі. За працаю ў полі і на сенажаці Нявада пачаў кідаць вачыма на дарогі і глядзець на гэтых людзей. Гэта ўсё быў той невядомы і шматлікі, хто таптаў яго дрэўцы. Абочынай шашы ён ішоў і ў лапцях, і ў ботах. Адзін з торбай за плячыма, другі з чамаданчыкам у руках і ў капелюшы. Часамі таптун з’яўляўся ў вобразе падарожнай жанчыны, часам у выглядзе маладога франта, часам гэта быў прысутулены абарванец. Вельмі часта ён садзіўся ці лажыўся пад вялікім дрэвам на скрыжаванні і спачываў там. Нявада нават забыўся на доўгі час перасаджваць дрэвы. Ён пакідаў у памяці на доўгі час кожнага падарожнага. Ён бачыў, як шафёры спынялі машыны і ішлі пад дрэва піць і закусваць, фурманшчыкі папасвалі сенам і аўсом тут коні. Можа і многа ўжо часу прайшло, як Нявада сачыў за падарожнымі. Можа ўжо не сотні, а тысячы перавярнулася іх перад яго вачыма. Раз, у дзень сухой хмурнасці і ветру, Нявада ўбачыў, як на скрыжаванні спынілася грузавая машына. Малады шафёр з зайздроснай усмешкай высадзіў галаву з кабіны і сачыў, як з самога грузавіка злезла зусім маладая дзяўчына. Яна скланілася яму, быццам дзякавала ці развітвалася, а ён нехаця схаваўся ў кабіну і паехаў далей проста шашою на ўсход, а ехаў ён з захаду. Дзяўчына асталася адна. Яна была такая з постаці, што здавалася маладзейшая за свае гады. Як толькі машына знікла, яна вельмі шпарка пайшла назад шашою, пасля рушыла ў палескую дарогу, пасля вярнулася і беспарадна азірнулася. Позірк яе даўжэй за ўсё затрымаўся на вялікім дрэве, яна як бы дзівілася, што бачыць перад сабою такога волата. Неспакойныя вочы яе ўбачылі Няваду. Ён глядзеў на яе і думаў: няўжо яна, такая дасціпная, лёгкая, спрытная, зараз стопча дрэўца, якое ён у гэты ж самы дзень, зранку, перасадзіў. Не больш як паўгадзіны таму ён глядзеў: дрэўца расло як мае быць. Дзяўчына была ў цёмным гарнітуры і густавалосая. Нейкая малая яна здалася Няваду, хоць адзежа яе была дарослай жанчыны. Быццам адумаўшыся, яна раптам зменшыла сваю рухавасць і моцна, каб чутно было здалёк, сказала да Нявады:
– Да бліжэйшай станцыі на чыгунцы? Як ісці? Далёка?
– Унь туды. На Цімкавічы… Не. Недалёка.
Яна падзякавала яму і яшчэ акінула вачыма скрыжаванне дарог. Густы зараснік над ямай і равамі ўзяў на сябе яе ўвагу. Яна падышла туды. Нявада з непакоем глядзеў, ці зараз стопча яна яго дрэўца. Яна не дайшла да яго, а адразу села на траву пад першым веццем. Яна сядзела на ўдзірванелым капцы, над якім і навокал якога дробна траслося на ветры таполевае лісце, абаперлася локцем на траву і адразу задрамала. «Ага, яна стамілася за вялікую дарогу», – думаў Нявада і пачаў шукаць вачыма свайго таго дрэўца. Яно не было блізка ад соннай дзяўчыны. Паўгадзіны таму яно было на сваім месцы і ў добрым сваім стане. Але ці гэта яму здалося, ці сапраўды? Унь ён бачыць яго, утаптанае ў зямлю. Яно ляжыць бокам і тырчыць угару адной галінкай. Незразумелая трывога разанула яго. Калі ж ён паспеў быць тут, той невядомы падарожны? Нявада падышоў да дрэўца. Яно ўсё было ўвагнана ў зямлю ботам з здаравенным абцасам. След ад абцаса быў глыбокі і шырокі. Незразумелая трывога павялічылася і ўжо межавалася са страхам перад тым невядомым. Калі ён паспеў прайсці тут і куды знікнуць?
Дзяўчына сапраўды-такі спала, прыпаўшы галавой на руку. І яго душа страсянулася. Як быццам ён сумысля шукаў болю на сваю рану, якую не мог да канца залячыць час. К таму ж – трывога і неспакой, што тут хадзіў нейкі невядомы. Ужо адразу яго ўяўленне і думкі нарысавалі карціну: такая яна маладая і нейкая адзінокая на гэтых вялікіх дарогах. Куды яна спяшае, да чаго так нястрымна імкнецца? І тут ужо адразу з гэтай карціны паўстала другая, як злая наканаванасць, як смутак яго душы. Ён жа не бачыў і не ведаў калісьці, як Волечка, так як цяпер гэтая невядомая, можа, так жа адна спяшалася дарогамі і ў стоме падала на прыдарожную траву. Волечка, не цяперашняя жанчына, а тая дзяўчынка паўставала перад ім. Яна, тая Волечка, жыла ў яго душы, як вечны застылы вобраз, ці то ў мінуўшчыне, ці то ў сучаснасці, ці то ў будучыні. «Што было, тое прайшло», – мог бы прыдумаць ён сабе ўцеху. Але ж не. Дзе ўжо там да Волечкі! Ужо не Волечка, а другая, вельмі цяпер на тую Волечку падобная, стаяла перад ім. Яна, як кропля вады на кроплю, удалася ў сваю маці і, як жывое ўвасабленне той Волечкі, была перад вачыма. Заўсёды ён думаў: гэтай не трэба будзе шукаць сабе шчасця для будучыні. Яна будзе жыць так, як будзе жыцца, а жыцца будзе добра. Ён гэта бачыў па сваёй Волечцы і па маленстве гэтай. І яго мучыла крыўда за Волечку, якая ўведала гора, а гэтая радзілася адразу на шчасце. «Тая варта большага замілавання, чым гэтая, што будзе думаць аб жыцці, як аб вясёлым свяце». З цяжарам на душы, з трывожным адчуваннем, што нешта жудаснае неўзабаве адбудзецца, ён аж прыгнуўся над увагнаным у зямлю дрэўцам, дзе вельмі выразна вызначаўся вельмі глыбокі след ад абцаса. Ён не мог больш быць у адзіноце і нарыхтаваўся ісці ў Сумлічы. Калі ён зрабіў першы крок, пачуў, што сонная дзяўчына глыбока кашлянула. Ён бачыў: яна прачнулася і прыўзнялася з локця. «Кашляе, захаладзілася на вільготнай зямлі, дзе ж, у нейкім клопаце, на дарозе, можа, за светам ад свайго месца». Ён быў схілен бачыць усюды самае горшае. «Мусіць у мяне выгляд дзіўны, што яна на мяне так глядзіць». У высокіх ботах, у выцертым плашчы і чорнай кепцы з гузікам наверсе, ён рашуча зрабіў колькі крокаў да дзяўчыны, быццам бы маючы да яе самую найпільнейшую справу. Пячаць асцярогі лягла на дзяўчынін твар. «Яна мусіць хацела адпачыць адна – і далей у сваю дарогу». Але было позна ўжо моўчкі прайсці паўз яе.
– А вы далёка куды едзеце?
– А я і сама не ведаю, ці гэта далёка адсюль, ці блізка.
– Дзе гэта?
– Туды, за Бабруйскам, у бок Гомеля. («Не, яна вельмі ахвотна і ветліва гаворыць».) Ужо з учарашняй раніцы ў дарозе.
– Вы дадому едзеце ці з дому?
Ён бачыў: яна як бы сумелася. Перш за ўсё яна сапраўды ўпала ў задуму. Яна думала над тым, што зараз скажа. Гэта было не зусім звычайна. Пасярод дарогі, упершыню, на адну можа хвіліну, яна ўбачыла незнаёмага ёй Няваду. Тут бы абы-што адказаць, таксама як і ён абы-што пытае. А яна думае. «Чыстая, справядлівая душа, яна цэніць сваё слова». Нявада аж ступіў яшчэ крок бліжэй.
– Я-то еду дадому, але таксама і з дому… Я еду з дому да бацькі.
– А дзе ж ваш бацька жыве?
– Дома.
– А вы едзеце да яго з дому?
– З дому.
– Гм… значыцца…
Слова за словам, маўчанне пасля слова і перад ім, яна расказала яму гісторыю, і хто яго ведае, больш тут было суму ці радасці? Калісьці даўно, калі яе яшчэ на свеце не было, бацька яе паставіў сабе новую хату на панскай зямлі і з панскага лесу. Скончылася там права рэвалюцыі, і ён сюды пайшоў і жыў па гэты бок граніцы, а хатаю заўладаў пан. Калі скончылася і гэтая граніца, пан раптам убачыў, што, каб мець шчасце, даволі мець адзін дом, а тым больш панскія пакоі, і не канешне ўладаць у дадатак яшчэ сотняю хат, пастаўленых калісьці простымі людзьмі.
– Гэта пан сам да гэтага дадумаўся ці гэтак навучылі яго, як цаніць чалавечае шчасце? – панура запытаў Нявада. «Як яна гаворыць, як бы з жорсткай насмешкай».
– Гэтай праўдзе пана навучылі.
Адным словам, бацька яе мае цяпер і тую хату, што ставіў у маладосці, і тую, у якой тут жыў. А яна ж з першага года свайго жыцця два дзесяткі год пражыла без бацькі.
– Значыцца, і ў твайго бацькі ўкралі тваё маленства?
– А чыйго бацьку яшчэ так абакралі?
– Бацьку мае дачкі.
– Значыцца – вас?
Яна ўстала і з сумнай усмешкай глядзела на яго.
– З тае хаты едзеш у гэтую?
– У гэтую.
– Бацьку бачыла ўжо?
– Ужо мы пазнаёміліся.
– То чаго вам на чыгунку? Па шашы ў той бок машын многа. Махнуць рукой, і шафёр падвязе аж да месца.
– Я ўчора, пакуль машыну злавіла, выстаяла на шашы цэлае ранне.
– То чаго ж вы ўсталі? Чаму не спачываеце? Дарога вам яшчэ вялікая.
Яна паслушна зноў села на ранейшае месца, і вочы яе сталі такімі даверлівым.
– Я вырасла без бацькі. А бацька пастарэў без мяне. Нам шкада таго, што мы адзін без аднаго былі. Гэта бацька мне маю душу на гэта настроіў, і добра ён зрабіў. Цяпер я ведаю, што не можна так жыць, абы жыць. Трэба шукаць таго, каго трэба з замілаванасцю ведаць і каго трэба ненавідзець.
– Ненавідзець? Вы такая маладая і гаворыце аб нянавісці?
– Аб чым жа мне гаварыць, калі жыццё майму бацьку скалечылі, і маё маленства…
Яна недагаварыла і як бы засаромелася свае ўспышкі перад незнаёмым чалавекам тут, на дарозе.
Гэта было ўвасабленне наіўнасці, непасрэднасці, парыў маладой натуры, калі ўсё, што ляжыць на душы, просіцца ў свет. У маладосці душа і думкі не абцяжараны развагаю аб мэтазгоднасці. Стоячы цяпер перад маўклівым Нявадам, гэтая маладая дзяўчына не ведала, што яна ўзварушыла ў душы гэтага старога перад ёю незнаёмца.
«Яна хоча ведаць, каго ёй ненавідзець за ўкрадзенае маленства? А каго я павінен ненавідзець за гэта ж самае?» І зноў вобраз малой Волечкі вырысаваўся перад ім. І вобраз гэты раздвоіўся. Побач з Волечкай стаяла тая, цяперашняя, так падобная на сваю маці.
– А чаму ж вы жылі цяпер не з бацькам?
– Я вучылася і на лета еду.
– А як жа вы завецеся?
– Лізавета.
– Што ж гэта так усё сыходзіцца! У мае дачкі таксама дачка Ліза. Год ёй ужо будзе ці не чатырнаццаць.
– Ой! – крыкнула раптам Лізавета і шатнулася, як сядзела, назад. Нявада са здзіўленнем сачыў за ею, а яна паказала пальцам уніз перад сабою, і Нявада глянуў туды. Там быў адзін з тых двух равоў. Увесь ён быў скрыты ў густым таполевым зарасніку. На дне яго расла густая і высокая трава і цвілі кветкі. Яны, блакітныя і жоўтыя, відны былі праз трапяткое лісце зараснікаў, якія шчыльнай сцяной купчасціліся паабапал рова. Лісце шумела і траслося на ветры. Нявада ўгнуў твар над ровам і, прыглядаючыся, пачаў заўважаць на дне яго, у траве і пад нахіленым нізка веццем маладых парасткаў, чалавечыя ногі, абутыя ў боты з вялікімі абцасамі. Абцас аднаго бота быў у жвірыстай зямлі. Гэты абцас і стаптаў тое дрэўца! Нявада шатнуўся ад рова і беспарадна глянуў на дзяўчыну, якая як бы чакала першых захадаў ад Нявады. Але ён стараўся перамагчы ў сабе трывожную прыкрасць і разважыў думкамі сам сябе: «Падарожны нейкі спіць. А чаго ж ён залез у самы роў? У вільгаць? Калі тут трава сухая? Мала што, – душыў у сабе трывогу Нявада. – Усялякая прыгода з чалавекам можа здарыцца».
– А чаго ж вы самі так устрывожыліся?
– Хіба? Ты, нябога, нешта выдумляеш.
– То я пайду. На станцыю. Ніякай машыны нідзе няма.
Нявада ўбачыў, што яна і сапраўды зараз пойдзе. Яна прыгнулася і перашнуравала свой чаравік і паправіла на галаве хусцінку. Сэрца ў Нявады заныла. Што такое здарылася? Хто яна такая, што яму так не хочацца больш ніколі не бачыць яе? Ён і сам не мог разабрацца ў той праўдзе, што яна якраз папала сваім расказам аб сабе на боль у яго душы. Можа нават толькі на тое, каб яшчэ затрымаць яе каля сябе, ён сказаў:
– Можа ўжо больш не будзе такога няшчасця з людзьмі, каб аддзялялі бацькоў ад дзяцей.
– Можа і не будзе. А можа будзе.
– Будзе. Цяпер я ўжо ведаю, што будзе, – раптам устрапянуўся ён. – Бо і так сказаць, чым жа свет і людзі з’іначыліся? У мяне ўкралі маленства мае дачкі.
– А ў мяне на дваццаць год укралі бацьку.
Вялікая трывога раптам ахапіла яго. Ён сам не мог саўладаць са сваім парывам. Зрабіў рух да самага рова і ўставіўся вачыма ў абцас, які (ён у гэтым быў упэўнен) растаптаў яго дрэўца.
– Чалавеча, скажы ты мне, чаго ты лёг тут?
Бот зварухнуўся, і чалавечая постаць з’явілася з-пад трапяткога вецця. Гэта быў чалавек малады і нерашучы, нават вялы рухам сваім. Ён хваляваўся і дзіка пазіраў на Няваду і Лізавету. Ён вылез з рова і сеў на краі яго. Некалькі кропак рабаціння было на яго твары, і валасы на галаве мелі нахіл да кучаравасці. Або ён выглядаў на многа маладзейшы сваіх год, або і сапраўды быў толькі ў першым сваім юнацтве. Адзежа на ім не мела пашаноўлі і догляду, у ёй заўсёды валяліся па мокрай траве і па пяску, яе рвалі аб сукі ў лясным гушчары, падсцілалі пад сябе нанач або, яшчэ лепш, спалі ў ёй. Яна была простая, як і ва ўсіх людзей на дарозе, але больш мятая і ўбруджаная. Ці было ўсё гэта непрыемна чалавеку? Ніякіх адзнакаў гэтага не было, хоць і льга было заўважыць, што на плячы ў пінжаку брудную лапіну не вельмі даўно так старанна церлі, што аж сукно выцерлі. Пакуль ён так сядзеў над ровам, Лізавета і Нявада глядзелі на яго, а ён маўчаў, пазяхаў і як бы чакаў. Пасля спрытна скруціў з махоркі папяросу, дастаўшы канцамі пальцаў махорку проста з кішэні. Закурыўшы, ён, надзьмуты і злы, паглядзеў на Няваду і абазваўся:
– Ну, чаго мяне пабудзілі? Дарогі пытацца ці што?
Нявада збянтэжыўся, адчуў, што немаведама на што пабудзіў чалавека.
– Дарогі пытацца? Не, я тутэйшы… Бачу – ляжыць чалавек у рове, у вільгаці, у мурашках, у яме. Як бы наверсе не знайшлося ўжо чыстай травы.
Чалавек, ці, можа, лепш называць яго «хлопец», пацягнуўся ўсімі сваімі суставамі і стаў, выплюнуўшы з рота недакурак. Пасля зірнуў на шашу і, як бы сам сабе, сказаў:
– Як на тое ліха, ніводнай машыны.
– А вам куды? – устрапянулася дзяўчына. Так і відно было, што яна была б рада знайсці спадарожніка дзеля свае дарогі, на якой трэба чакаць і пільнаваць выпадковых машын, пытацца, у які бок кіравацца, адпачываць на прыдарожнай траве, сустракацца з незнаёмымі людзьмі…
– А вам куды? – адказаў запытаннем хлопец.
– Мне за Бабруйск.
– Э, мне зусім у іншы бок. Мне пад Пяцеўшчыну, пад Самахвалавічы… На Менск.
– А-а, – працягнула з расчараваннем дзяўчына.
– То калі вам на Менск, дык чаго ж вы паглядаеце на шашу, – абазваўся Нявада. – Вам трэба пільнаваць машыну на гэтай вось дарозе. На Капыль, на Кучанку, на Перавоз, на Пырашава… Хоць, праўда, вы можаце на Слуцк, калі па шашы, а там на Менскі тракт…
– Ведаю, – сказаў зноў злы і надзьмуты хлопец. Здавалася, ён ненавідзіць гэтых людзей, што выпаралі яго з рова. Дзяўчына заўважыла ў ім гэтую рысу і адразу адышла ўбок. Нявада адчуў тут сябе лішнім. Тым часам з захаду на ўсход ішлі дзве машыны. Адна па шашы, другая па дарозе на Менск. Дзяўчына заварушылася, выбегла на шашу і падняла руку ўгару. Хлопец жа, здавалася, і не заўважаў, што якраз яго ідзе машына.
– Унь жа машына ў ваш бок! – не вытрымаў Нявада.
Хлопец паволі рушыў на сваю дарогу, яшчэ больш злы і нахмураны. Было падобна, што гэта ён збіраецца змясіць кулакамі і нагамі Няваду. Хлопец нехаця падняў руку, але невысока і на самы кароткі момант. Тым часам дзве машыны, не зважаючы ні на што, прайшлі далей, кожная ў сваю дарогу, і неўзабаве скрыліся з вачэй. Задаволены хлопец урачыста зірнуў на Няваду: «Ну што, стары дурань, трэшся тут, лезеш не ў сваё. Я сам ведаю, што мне рабіць». Вядома, Няваду сапраўды варта было б ісці ў свае Сумлічы. Што яму тут з гэтымі людзьмі? Але незразумелы смутак прыгнятаў яго душу. «Як гэты хлопец мог так незаўважна стаптаць дрэўца, і чаго ён хаваўся ў рове, і чаму ашуквае людзей, што яму трэба на Менск, калі ён нават як належыць не спрабаваў спыніць машыну? А відно, што ён здалёк, што ён у вялікай дарозе. Можа і дзяўчына гэтая хлусіць пра сябе і свайго бацьку. Можа ўвесь свет такі дзікі, што чалавеку не можна гаварыць праўду і баяцца другога чалавека. І можа ўжо скора пачнецца тая зноў навала? Можа ўжо зноў тут блізка ходзіць той вялікі злодзей, што ўкраў у яго Волеччына маленства?!» Душачыся нейкім страшным пачуццём, Нявада не зводзіў вачэй з хлопца, і той раптам уздрыгануўся:
– Чаго ты так разглядаеш мяне? Я табе падазроны які ці што? Я цябе не баюся!
– А хіба я хачу, каб ты мяне баяўся? Каб ты, сынку, ведаў, што мяне за душу трымае…
– Ведаю! У цябе ўкралі маленства твае дачкі. А ў мяне ўкралі самога мяне. Так што ідзі сабе ў свой бок, а я ў свой.
Нявада пачырванеў і адвярнуўся. У наступны момант ён угнуў плечы і выйшаў на брукаваную дарогу з гэтага месца да Сумліч. Ідучы ён гаварыў нешта сам з сабою. Праз чвэртку кіламетра ён азірнуўся і ўбачыў таго хлопца: гнучыся паўз жыта, ён ішоў у глыб поля, дзе сінявілася далёкая істужка лесу. Што ж да дзяўчыны, то Нявада бачыў, як яна запыніла на дарозе машыну і паехала ў сваю дарогу. Але ён не бачыў, як машына праз паўкіламетра стала і шафёр падлез пад яе і, лежачы на спіне, заваждаўся з рамонтам. Ужо і дзень схіліўся к вечару, а машына не была гатова. Нарэшце шафёр сказаў, што далей язды не будзе і трэба чакаць выпадку, каб узяцца ў каго на буксір. Дзяўчына паціснула плячыма ад прыкрасці і шпарка пайшла назад на скрыжаванне. Яна ўсё ўглядалася ў дарогу: іншае рады ёй не было, як спадзявацца на шчасце з новай машынай. Змяркалася, а яна, можа, і не адважылася б напроці ночы ісці адна да станцыі. Яна села пад вялікім дрэвам, прытулілася да яго і не зводзіла вачэй з дарогі. Два разы яна выбягала на дарогу і паднімала руку ўгару, але машыны прайшлі, і яна зноў апынулася на ранейшым месцы пад дрэвам. Бадай што ўжо зусім змеркла. Дзяўчына пачала беспарадна кідаць вачыма на дарогі і навокал сябе. У далечыні льга было заўважыць цёмныя абрысы мястэчка Сумлічы. Дзяўчына ўжо была памкнулася ісці туды, як раптам, непадалёку ад сябе, у гушчырні таполевых зараснікаў над ровам, выразна заўважыла чалавечую постаць. Нехта сядзеў і, як бы паўзучы, знік у кустах. Ёй здалося, што яна нават пачула трэск сухога ламачча. Ветру ўжо не было і ўсталёўвалася цішыня. Дзяўчына ўздрыганулася і рашуча пайшла на сумліцкую дарогу. Адразу яна азірнулася і ўбачыла, што ён стаіць пад кустамі.
– Хто там? – крыкнула дзяўчына, апанаваная страхам. Ён так шпарка сеў, што ёй здалося, быццам гэта ён упаў. Душа яе заныла ад жаху. Яна дала шпаркую хаду ў сумліцкую дарогу, але ў гэты момант на шашы выплылі з-за далечыні фары, і машына шпарка пайшла сюды. Дзяўчына выбегла на шашу, каб падняць рукі. Ужо тут машына прыцішыла хаду і ўз’ехала на Менскі кірунак. Дзяўчына апусціла рукі. На завароце машыны святло з фар асвяціла зараснік над ровам, і дзяўчына зноў убачыла і пазнала яго. Гэта быў той самы хлопец, якога ўдзень Нявада выпараў з рова. Цяпер ён кідаў вачыма то на дзяўчыну, то ўслед машыне. Дзяўчына гэта выразна заўважыла і, не азіраючыся больш, а толькі прыслухоўваючыся, як мага шпарчэй пайшла на Сумлічы. Ён жа пільна сачыў за ёю, аж пакуль яе льга было заўважыць у вячорнай цемені. Ён доўга прыглядаўся і прыслухоўваўся. Нідзе нікога і нічога не заўважалася. Стаяла цішыня. Ён пачаў асцярожна станавіцца на ногі. Бадай што бегам ён даскочыў да вялікага дрэва і як бы ўліп у яго. Зноў пільныя абгледзіны ўсяго навокал і прыслухоўванне. Пасля ён узвёў вочы ў неба. У вышыні мільгацелі дзе-нідзе зоры. Зноў як бы ўзнімаўся вецер і халадала. Яшчэ раз прыслухаўшыся, ён раптам перахрысціўся па-каталіцку. Губы яго пачалі шаптаць: «Божа, няхай жа хутчэй прыйдзе да мяне мая тая будучыня, і няхай яна будзе такая, як думаю я. Каб хутчэй скончылася бадзянне маё і каб хутчэй на гэтай зямлі настаў канец таму, што на ёй цяпер ёсць. Няхай хутчэй прыйдзе час, і каб я адразу знайшоў сваю будучыню». Пасля гэтай складнай малітвы, якая, відаць, гаварылася не ўпершыню, ён зноў прыглядаўся і прыслухоўваўся. Пасля сціснуўся ў жмут і сеў пад кустамі драмаць. Паціскаючыся з холаду, ён прахапіўся, калі ўжо свяціла сонца. Яно яшчэ невысока стаяла над непаспелым жытам, і ён устрывожана пабраўся з-пад дрэваў у кусты над ровам.
Тым часам яго ўвагу ўзяла на сябе грузавая машына, што імчалася па шашы з захаду на ўсход. Многа людзей сядзела ў ёй, найбольш жанчыны і дзеці, і сярод іх здалёк відна была сівая барада старога чалавека. На самым скрыжаванні машына крута спынілася, і шафёр, узбуджаны і ўстрывожаны, выскачыў з кабіны. Жанчына ў машыне моцна заплакала: «Не трэба спыняцца, хутчэй далей, далей ехаць». Другая каля яе залямантавала: «А Божачка мой, а хлопчык жа мой маленькі, а нават і костачак тваіх я не пазбірала…»
Усё гэта было вельмі падазрона і нязвыкла. На твары маладога чалавека напісалася надзея і радасць чакання. Ён не вытрымаў і выйшаў на шашу. Шафёр адразу падскочыў да яго:
– Тут машына з дзецьмі не праязджала? Вы тут даўно?
– Я тут нядаўна, але машына праехала.
– Даўно?
– Кажу, што нядаўна. А што вы так устрывожыліся?
– Ён нічога не ведае, шчаслівы! – залямантавала ўсё тая ж жанчына.
– Няшчасце! Бяда! Вялікае гора! Пагібель! Час той страшны настаў! Немец напаў! Б’е з неба і з зямлі, паліць, губіць… А хлопчык мой маленькі!..
Яна закрыла твар рукамі і зарыдала дзікім лямантам.
– Дык адкуль вы едзеце? – з раптоўным вясёлым натхненнем сказаў малады чалавек да шафёра.
– З Берасця. Ледзьве вырваліся. А машына з дзецьмі даўно?
– Нядаўна! – хлусіў малады чалавек і з радасцю ўбачыў, што шафёр ускочыў у сваю кабіну. Машына рванулася ў далейшую дарогу на ўсход, а ён, лёгкай хадой, з пячаццю шчасця на твары, угнуўся ў зямлю над стаптаным маладым дрэўцам, выцягнуў дрэўца і выграб на тым месцы з зямлі звязак нейкіх паперак. Дзве паперкі выцягнуў са звязку, а рэшту зноў загроб і пасадзіў наверх абы-як тое самае абязвечанае дрэўца. Дзве паперкі выпрастаў у пальцах, дастаў з кішэні восем цвічкоў з вялікімі плешкамі, прыбіў дзве паперкі да дрэва, наабапал ствала, шпарка дайшоў да жыта, паляжаў у ім, бачыў адтуль і чуў, як па шашы яшчэ праімчаліся з захаду на ўсход машыны з людзьмі, і пайшоў полем да лесу. Там ён доўга шукаў падкрыўчыстай асіны і пад ею выграб з зямлі новы звязак паперак, адну прыбіў да дрэва, а астатнія вынес на дарогу і там раскідаў. А сам зайшоў на той бок лесу, сеў у гушчырні на пень і нешта думаў. Можа ён так сядзеў вельмі доўга, ён не заўважаў. Душа яго поўнілася шчасцем. Ён адчуваў сябе так, як выкінуты хваляй з мора на бераг. «Цяпер чакаць толькі далейшай радасці». Каб хто бачыў яго ў гэтыя моманты, заўважыў бы, як свяціліся яго вочкі і пячаць усмешкі час ад часу перасмыквала яго твар. Здавалася, ён зараз увойдзе ў нейкі незвычайны рух, і гэта будзе выяўленне яго душэўнага захаплення. Губы яго пачалі нешта шаптаць. Можна было б злавіць словы: «Дзякуй табе, Божа». Калі ўспомніць тую яго малітву пад дрэвам, то льга было б падумаць, што Бог пачуў яго і ўжо да яго прыйшла тая яго будучыня, аб якой ён так прасіў Бога. Або як бы ён адчуў блізасць шчаслівай будучыні, як толькі пачуў на дарозе дзікі лямант жанчыны аб сваім хлопчыку. Ён пакрысе аднак жа адумаўся, стаў пахмурны і задумёны і скрыўся ў лясной гушчырні.
Там ён распароў нейкае шво ў пінжачнай падшэўцы, выцягнуў адтуль некалькі пасведчанняў з пячаткамі і штампамі, выбраў адно і схаваў у кішэню. А рэшту парваў і загроб пад купіну моху. Неўзабаве ён паказаўся на ўзлессі і, нічога не баючыся, пайшоў цераз поле сцежкаю да скрыжавання. Мусіць пэўнае мэты ён на гэты час ужо не меў, а цягло яго да шашы, можа дзеля таго, што тут маглі быць хутчэй навіны з захаду. Ён здалёк наглядаў, як тая ўчарашняя дзяўчына вельмі шпарка ішла з сумліцкай дарогі да шашы. Ён добра бачыў, што яна, як толькі выйшла на шашу, стала тварам на захад і падняла руку. Проста на яе імчалася некалькі машын, поўных людзьмі. Але ўсе яны прайшлі далей, і яна зноў асталася адна на дарозе. Яшчэ раз угледзеўшыся ўдалячынь і нічога там не заўважыўшы, яна паглядзела на вялікае дрэва, шпарка падышла да яго і пачала чытаць паперку на ім. Твар яе змяніўся адразу. Скончыўшы чытаць, яна нейкі час стаяла ў аслупянелай задуме і раптам прытулілася лбом да дрэва і заплакала. У наступную хвіліну яна адкінулася ад дрэва і ўбачыла перад сабою яго, таго самага. Заплаканая, збянтэжаная, яна ўздрыганулася і сказала з балючай прыкрасцю:
– Што, вы прыкуты да гэтага месца?
– Але ж тое самае я магу сказаць і вам. Вы яшчэ ўсё тут?
– Тут. Я ніяк не магу на машыну сесці, – адсекла яна.
– Ну, і я тое самае. (Ён гаварыў не так, як яна, раздражнёна, а нават з адценнем ветласці на твары і ў голасе.) Што вы такая змрочная, сама не свая?
Яна, замест адказу, ткнула пальцам у паперу на дрэве.
– Э, нічога. Трэба трымаць сябе ў руках. Гэта не нам адным, а ўсім. Будзе тое, што будзе.
– Мала што будзе, што будзе! Гэта кепская ўцеха. Бо ўсё пайшло намарна, што я ўжо зрабіла дзеля мае ж будучыні. У мяне не было бацькі, і раптам я стала мець роднага бацьку. Мы былі выгнаны з роднай хаты, і зноў хата стала нашай. Я дбала аб тым, кім я жыцьму праз усё сваё жыццё. Гэты год я ўжо вучылася ў Беластоку. І раптам канец маім студэнцкім марам аб будучыні.
Усё гэта яна сказала прыгнечаным голасам і глядзела яму ў вочы, а на твары яго напісалася абыякавасць і паглыбленне ва ўласныя думкі. Як толькі з’явілася на дарозе машына, дзяўчына падняла руку, машына прайшла далей. Пасля пайшлі машыны адна за другой – з дзецьмі, з жанчынамі. Дзяўчына нават і не спыняла машыны, а на адну з іх узлезла на ходзе. Цэлая калона машын прайшла праз скрыжаванне з захаду на ўсход. І шаша стала пустая. Не было ўжо тут і дзяўчыны. Малады чалавек таксама знік. Ён зноў рушыў полем у лес. Цяпер ён ужо ўпэўніўся, што чаканы момант сапраўды настаў. Сонца паднімалася высока, а ён ужо тут на скрыжаванні зусім не з’яўляўся. Было яшчэ не позна, да паўдня яшчэ не дайшло. Машыны па шашы пачалі ісці ўсё часцей. З вышыні ледзь пачуўся гул самалётаў. Ён ірваўся і тузаўся ў падхмар’і і ўсё зніжаўся. Машыны на шашы спынялі рух і з’язджалі ў бакі, і зноў ірваліся наперад. Самалёты з’явіліся над самай шашою. Яны плылі над ёю, нізка і павольна. Ужо яны праплылі над скрыжаваннем, і неўзабаве з усходняй стараны ад гэтага месца, блізка, уздрыганулася зямля і паветра некалькі разоў засаб. Над вялікім дрэвам узвіўся спуджаны каршачок, над жытам узляцела многа птушак, вецер нацягнуў дыму і пылу, самалёты зрабілі над шашой круг. На шашы, у розных месцах, спыніліся ўсе машыны. Дзе льга было, яны з’язджалі на поле. Пакуль самалёты зусім зніклі, прайшло, можа, з паўгадзіны. Сонца ўзнімалася ўсё вышэй. Ужо яно моцна пякло. Тым часам над шашою і ў наваколлі зусім ціха стала. Машына за машынай, і зноў пачынаўся на шашы рух. Але зноў праляцеў самалёт. І гэты над шашою ляцеў нізка. Так што на яго хвасце відна была знізу чорная свастыка. З шашы ён крута пайшоў на Сумлічы. І льга было заўважыць, як ён доўга кружыўся над мястэчкам. А пасля і там уздрыганулася паветра і зямля, і над Сумлічамі падняўся слуп агню і дыму. Тым часам з Сумліч пачалі ісці і бегчы людзі. І ў лес ішлі праз жытні палетак, і ў жыце аставаліся, і назад варочаліся, і паўз шашу ішлі далей на ўсход. З сумліцкай дарогі на перакрыжаванне ўз’ехала фурманка. Малады канюк бег вельмі шпарка. У драбінках сядзеў Нявада, і поплеч яго малая дзяўчына гадоў пятнаццаці. Проста шашою Нявада пагнаў каня на ўсход. Ужо скрыжаванне асталося за імі, і дарога раптам стала перад імі загароджана. Гэта была страшная барыкада, якую мала калі бачыць свет. Недаломкі грузавых машын ляжалі бясформеннай кучай на ўсю шырыню шашы. Каля гэтага пагнутага і парванага калецтва, і пад ім, ляжалі чалавечыя ногі, рукі, тулавы без рук і галоў, і галовы без тулаваў. Чырвоная ад нявысахлай яшчэ крыві чалавечая постаць захавала ў раскінутых руках і нагах імклівасць бегу. Галава без цела захавала ў адным незаплюшчаным воку цьмяную застыласць пакуты. Стогны і енкі чуліся з-пад гэтага жахлівага награмаджэння. Нявада крута спыніў каня, саскочыў з воза, і следам за ім саскочыла дзяўчына. Нявада пачаў заварочваць каня назад. Пачуўся енк: – Злітуйся, завязі да людзей ці куды з дарогі. – Нявада аслупянеў. У наступны момант ён прыгнуўся над жывым яшчэ дзіцем і паклаў яго на воз. Ён стаў шукаць тут жывых дзяцей і забіраць іх.