Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 41 страниц)
Так прыйшоў момант, калі яна аднойчы, седзячы ў адзіноце на стаптанай траве і выбіраючы адтуль нейкія, вядомыя ёй травіны, якія яна ела, загаласіла: «А добры мой, а лепшы за ўсіх мой, а чаму ж ты па мяне не прыходзіш? Хіба ж ты забыўся, як ты нудзеў па мне дваццаць год і як дзеці не ведалі, які ты, а я зямлю арала і азіралася, а можа ты як-небудзь бачыш мяне? А ці памятаеш ты, як Тамашка наш упаў быў з дрэва і гаварыць не мог…» З таго часу яна пачала галасіць кожны дзень, перабіраючы ў сваім галошанні ўсё сваё жыццё ад дзён свае маладосці, ад той вайны з немцамі да гэтай, і такім парадкам праз яе галошанне ўсе дазналіся, як яна жыла і што было ў яе душы. Што гэта было за жыццё! Выкіданне з хаты, марнаванне маладосці, смутак у сталасці, вечнае выгнанне ў жыцці на родным месцы. Гэта была жонка Сымона Ракуцькі. Вельмі можа быць, што яе галошанне павяло многіх на расказ аб самім сабе. Адкуль толькі тут не было людзей! Але ў гэтыя дні для Лізы не існавала асоб і твараў: усіх і ўсё яна з свайго належанага пры слупе месца бачыла, як праз туман. Блізкія галасы і далёкія гукі да яе даходзілі аднолькава, як праз сцяну з адзежы і ваты. Бяздум’е ратавала яе ад смутку. Але, нарэшце, прыйшоў смутак, з’явіўся ўладны і бязлітасны, як і заўсёды ў чалавека, ён быў страшнейшы і цяжэйшы за боль цела, парванага жалезам. Пачаўся ён ад рання яснага дня. Можа яна пачала перасільваць хваробу, бо магла падняць галаву, калі ў загарадзі пачуўся злітны ў адзін гул гоман. Гэта чалавек пад тысячу людзей выстройваліся перад выхадам з загарадзі. Іх забіралі на тую невядомую работу. Калі гэты вялікі натоўп рушыў з месца і пачаў скрывацца ў полі, нават праз яго маўчанне чуўся жах няволі. У гэты момант да Лізы падышла Ракуцькава жонка.
– Ну як, – сказала яна, – ты ўсё ляжала, а сёння сядзіш. Можа твая крываўка пакідае цябе?
– Мама! – моцна сказала Ліза, ведаючы, што гэта не маці. І з гэтага моманту пачаў душыць яе смутак. Ракуцьчыха скаланулася і шпарка адышлася да свайго ранейшага месца. Быццам бы хто рваў з яе душу. Магічнае слова «мама» ў абедзвюх іх скаланула душу, у малое і ў старое. Ракуцьчыха ўпала тварам на пясок і зарыдала. Ліза асталася сядзець нерухома на ўвесь дзень і на ўсю ноч, так смутак скаваў яе ўсю і яе вочы; бадай што суткі яны не сышлі з аднаго пункта дзесьці ў прасторы.
Я ў маленстве бачыў, як птушка далася аб тэлеграфны дрот і, скаваная ранамі ў нагах і крыллях, канчалася на зямлі пад дротам. У яе вачах маглі змясціцца смутак і скруха ўсяго свету. А які ж шлях трэба прайсці ад птушкі да чалавека! Лізін позірк змяніўся толькі на рассвітанні пасля той ночы, якая стала апошняй ноччу яе жыцця ў лагеры.
Тым самым тыднем, а можа, на колькі дзён раней, здушаны смуткам аб Лізе, скрухай, небытам, кашлем, стары Нявада падышоў да мэты свайго доўгага падарожжа. Ён ужо даўно, з першых жа дзён, ішоў глухімі сцежкамі, узмежкамі, цаліною – полем і паплавамі. Чым бліжэй ён падыходзіў да месца, да якога так доўга ішоў, тым мацней авалодвала ім пачуццё неспакою і трывогі. Ён гэтулькі пытаўся ў людзей пра гэтае месца, і дзе яно і хто тут жыве, і хто ім уладае – што ўжо больш і не правяраў свае дарогі, а ішоў ад нейкага свайго чуцця. Хада яго была ўжо цяжкая і павольная. Дарога яго скончылася змрокам яснага дня. Ён убачыў перад сабою бялявыя ад рэштак змытай дажджамі вапны камляватыя ствалы старога саду. Паўз увесь сад быў роў і зарослы травою вал над ім. Ад такой доўгай хады і трывогі ногі яго падгіналіся. Ён сеў на вал над ровам і падумаў: «Божа мой, як далёка да Сумліч». Сапраўды ён зайшоў вельмі далёка. Гэта была нават і не тая акруга, у якой былі Сумлічы. І не тая гэта была акруга, начальнікам якой быў маладзейшы Густаў Шрэдэр і ў якой была цяпер у лагеры Ліза, дзеля �кой ён прыйшоў сюды. Ён сядзеў над ровам і не ведаў, як жа пачаць сваю справу, і калі, і з кім, і дзе таго шукаць тут. Яшчэ не ўмеркла, і постаць яго вельмі выразна вырысоўвалася. Сярэдніх год жанчына ішла з кашом яблык паўз вал над ровам, спалохалася незнаёмага чалавека і стала абыходзіць яго стараной. Ён яшчэ больш узнепакоіўся. Душа яго ныла і трывожылася, і, каб ён мог у гэты момант праверыць сам сябе, ён знайшоў бы ў сабе больш безнадзейнасці, чым веры, і больш боязні, чым надзеі. Ён падняў вочы на жанчыну і запытаў:
– Ці тутэйшая ты, галубка?
– Ой, дзядзюхна, хто гэта!
І жанчына пайшла шпарка. Нявада заварушыўся:
– А скажы, ці Паліводскага гэты маёнтак?
– Нашто табе? Хто ты? Унь немец павярнуў сюды галаву, стаіць з аўтаматам ля брамы.
Яна подбегам пайшла к дому, веранды і балконы якога здалёк вырысоўваліся зялёным сваім колерам на фоне белых сцен.
– Калі ты маеш доступ да Паліводскага, – крыкнуў жанчыне Нявада, – дык накажы яму, што тут сядзіць чалавек, які прынёс яму тое, што ў яго адабралі на той вайне і чаго ён шукаў праз усё жыццё.
Жанчына выслухала ідучы і ўжо сапраўды-такі пабегла і знікла з вачэй. Нявада рашуча ўстаў і шпарка пайшоў к дому. Нямецкі салдат пераступіў з нагі па нагу і закрычаў нешта на Няваду так, што здавалася, гэта ён прагаўкаў, цвелячы сабак. Нявада падняў рукі ўгару і стаў на месцы. Мусіць-такі сапраўды тая жанчына мела нейкі доступ ці да самога Паліводскага, ці да якога-небудзь яго слугі, ці да кухароў, ці пакаёвак. Бо нешта вельмі адразу, як толькі Нявада стаў перад салдатам, з дома на ганак выйшлі двое ў паліцэйскай форме, і адзін штосьці сказаў салдату, а пасля расейскай мовай запытаў у Нявады, трымаючы на губах штосьці падобнае да цікаўнасці і ўсмешкі:
– Гэта ты прынёс тое, чаго шукаюць праз усё жыццё?
– Гэта я, – абазваўся Нявада.
– Дык хадзі сюды.
Салдат адступіў ад Нявады, і Няваду павялі праз цёмныя і асветленыя свечкамі пакоі і калідоры. Многа прайшлі дзвярэй і нарэшце спыніліся ў вялікім пакоі, акно ў якім, высокае і шырокае, было адчынена. Было відно, як на небе патухалі апошнія праменні яснага захаду. Няваду паставілі ў кут каля дзвярэй і пачалі выварочваць яму кішэні, шукаць запазухай і мацаць па ўсей яго адзежы. У гэты момант адчыніліся дзверы, тыя, праз якія Нявада яшчэ не праходзіў, і двое людзей выйшлі адтуль і, штосьці ўзбуджана гаворачы па-нямецку, пайшлі поплеч праз пакой да выхада. Тыя, што выварочвалі Нявадавы кішэні, павыцягваліся, як пруты. Адзін з тых двух быў высокі і ўжо стары і ў цывільнай адзежы, другі сярэдні і ростам і гадамі і ў форме нямецкага афіцэра. У дзвярах яны паціснулі адзін аднаму рукі, і вайсковец выйшаў, а высокі цывільны астаўся, і раптам адбылася дзіўная Няваду з’ява: яго выпусцілі з рук і пакінулі шукаць у яго чагосьці, а самі зніклі следам за вайсковым, і высокі цывільны вярнуўся ў свой пакой. Нявада астаўся адзін. Ён схілен быў радавацца гэтаму. Адразу ён стаў увішны і рухавы. Прыгнуўся і мацнуў месца, дзе ў вопратцы падшэўка сшыта з верхам. Аж у галаве яго закружылася: яны яшчэ не дайшлі былі да гэтага месца, і тое, што ён нёс Паліводскаму, было пры ім. Узбуджаны і з наплывам надзеі, ён зазірнуў у акно і ўбачыў, як той вайсковец сеў у машыну і як той салдат, што запыніў быў яго на двары, палез у грузавік, дзе сядзелі больш салдаты. І машыны адразу паехалі. На двары стала адразу пуста, і з-за дрэў чулася, як нехта вучыўся граць на дудцы. Падобна было, што як толькі паехаў, а з ім і салдаты з аўтаматамі, дык тут не асталося ніякай варты. Праўда, два паліцаі падышлі аднекуль, узлеглі грудзьмі на плот і сталі курыць, але Няваду яны здаваліся чымсьці як бы не вельмі жорсткім. Яны хоць не гаўкаюць так па-нямецку. Пустэча, цішыня і дудка з-за дрэў запоўнілі час Нявадавага чакання. Так адзін ён стаяў, можа, з паўгадзіны. Зноў трывога і ўтрапенне пачалі авалодваць ім. Раптам адчыніліся дзверы, за якімі знік высокі цывільны, і паліцэйскі выйшаў адтуль і беларускаю моваю (відаць, быў тутэйшы) сказаў да Нявады:
– Гэта ты той самы, што нешта прынёс?
– Я, – устрапянуўся Нявада.
– Дык увайдзі. Цябе, здаецца, глядзелі і абмацвалі?
– Абмацвалі.
– Дык ідзі, ідзі туды. – Ён паказаў на дзверы, з якіх сам выйшаў, і сеў на цвёрдае крэсла ў паставе такой, у якой ён тут маецца сядзець доўга, можа нават цэлую ноч. Нявада ўвайшоў у наступны пакой і ўбачыў таго самага высокага цывільнага. Ён стаяў пасярод пакоя, заклаўшы за спіну рукі, і нервовы цік перасмыкваў яго губы.
– Стой, стой, – шпарка сказаў ён, як толькі Нявада зрабіў крок ад дзвярэй. – Ты быў на той вайне?
– Быў.
– Ты аграбіў раненага афіцэра?
– Не я, а немец. А як той немец трапіў у палон і ляжаў хворы ў маёй хаце, дык за добры догляд пакінуў усё тое маім дзецям. Усё захавалася як ёсць. Я прынёс пану Паліводскаму.
– Гэта я Паліводскі, – нецярпліва сказаў высокі.
Няваду быццам праняло электрычным токам. Перад ім стаяў стары чалавек, хударлявы, з тварам такім, што, здавалася, да яго прысохла вечнае чаканне. Нявада зрабіў рух да акна, дзе святлей, і загарнуў сподам наверх крысо свае вопраткі. Паліводскі не спускаў з яго вачэй, і губы яго перасмыкваліся часцей, ужо дробна і бесперастанку. Было маўчанне і цішыня. Угнуты Нявада пацягнуў за канец суровае ніткі, і пачуўся сухі трэск, і насупраць акна льга было ўбачыць, як з таго месца вопраткі, дзе рванулася нітка, пайшоў пыл. Не адгінаючыся, Нявада ўсадзіў пальцы пад адпораную падшэўку і абмацваў там. Тут пачуўся яго голас. Ён гаварыў:
– Мой ласкавец, я праз дваццаць, а можа, і праз усе трыццаць год хаваў, не пускаў куды, трымаў, а нёс і шукаў вас, і прапытваў у людзей больш як… не лічыў дзён, але больш як месяц. Я ў балотных закутках і ў сабачых норах хаваўся і туляўся, абы каб не напаткаць каго і каб цэлае данесці… Божа мой. Каб жа льга было верыць у чалавечае сэрца і каб пранялі яго пакуты дзіцяці, яшчэ зусім недарослая дзяўчынка… (Тут ён абмацаў і дастаў з-пад падшэўкі гадзіннікі. Паліводскі ўцягнуў ніжнюю губу ў рот і сціснуў яе так.) Яна там без ратунку і без… без… без жыцця можа ўжо! (Ён павысіў голас і дастаў з-пад падшэўкі звязаныя пярсцёнкі.) Вам жа гэта слова сказаць, і пакіне яна мучыцца…
– Пра каго ты гаворыш! – крыкнуў нецярпліва Паліводскі, не маючы сіл адарваць вочы ад Нявадавых пальцаў.
– Ласкавенькі мой, любенькі мой, дарагі мой, душою і целам прашу, дастаньце яе з лагера і аддайце мне, каб я мог хоць пачуць, як пахне яе галава – ці пылам, ці мылам, як калі бывала ў яе. Ратуйце яе і мяне цераз гэта… Каб праз вашы вушы да сэрца дайшло… Чалавек жа, нават і акамянелы, не бывае без сэрца. Я так прашу, што аж не ведаю, ці глядзеў я калі на каго з сваім гонарам… Дзеля просьбы мае я нёс сюды цэлы месяц, прапытваў, туляўся…
Тут ён дастаў з-пад падшэўкі крыж і застыў маўкліва. Можа, ён успамінаў, ці не асталося яшчэ чаго, і не бачыў, як Паліводскі раптам збялеў тварам і рукамі зрабіў рух туды да яго. Нявада выпрастаўся і паклаў усё на стол. Поўны вялікага чакання, ён стаў перад Паліводскім і не зводзіў вачэй з яго твару. Некалькі разоў твар Паліводскага зменьваў свой колер: то чырванеў, то зелянеў, то бялеў, то зноў чырванеў. Нарэшце ён як бы абмярцвеў, і вочы быццам ашклянелі. Ён падсеў да стала і глядзеў на крыж, на якім мільгацелі нават у сваёй нерухомасці каменні.
– Нявіннае дзіця… Можа там яна дрыжыць ад крыку тоўстага салдата…
Нявада прыдумляў словы, ён не ведаў, што Паліводскі пражыў жыццё адзін, без сям’і і без дзяцей, і тое, што яму, Няваду, магло быць мэтай, Паліводскаму было нічым. Нарэшце і Нявада змоўк, і маўчанне гэтае, здаецца, навалілася нязносным цяжарам на ўвесь свет. Паліводскі раптам падпёр твар рукамі і прамыляў губамі так, што Нявада ледзь пачуў:
– Позна ўжо… няма… і не трэба! – апошняе слова ён выгукнуў мацней і зноў замыляў губамі. – Жыццё пражыта чорт ведае як… І нічога не ўдалося…
Губы яго зноў пачалі перасмыквацца, і ён стаў у ранейшай паставе, з рукамі за спіной. Нявада з жахам уздрыгануўся, спазма здушыла яму горла, і ён прахрыпеў:
– Позна? Яе расстралялі? – І ён закалаціўся, як прыгавораны к смерці.
Паліводскі закрычаў:
– Прынёс позна! Трэба было дваццаць год таму назад! – Паліцэйскі з’явіўся ў дзвярах, падазрона зірнуў на Няваду і ціха сказаў да Паліводскага:
– Яшчэ просіцца… там увесь час сядзіць. Гаворыць, што яго ўспомняць, каб сказаць, што ён сын Стафана Акаловіча.
Паліводскі разоў дзесяць засаб перасмыкнуў губамі і ўсім тварам і сказаў:
– Няхай увойдзе.
Твар яго як быццам праясніўся. Здавалася, што з думак яго сышло ўжо ўсё, апроч таго, што папрасіўся сюды. Ён падышоў да дзвярэй, каб сустрэць сына Стафана Акаловіча. Нявада трымаўся, каб не застагнаць, так ціснула яму ў грудзі і горла. Ён аж хістануўся ўбок ад жаху, убачыўшы, што ў дзвярах з’явіўся той самы малады і абарваны, якога ён тады, даўно ўжо, траха не забіў жалезам па галаве. Цяпер ён быў яшчэ больш абарваны і больш быў падобны да абцягненага скурай шкілета, як да чалавека. Паліводскі працягнуў яму руку, а той дзіка азіраўся каля сябе.
– Я сын таго Акаловіча, які меў знаёмства з вамі многа год і да якога, пад Клецак, вы заязджалі…
– Ваш бацька быў самым блізкім мне чалавекам з усіх…
– Майго бацьку немцы павесілі, – сказаў з узнятасцю Акаловіч. – Я не маю дзе галаву прытуліць, за мною, як за воўкам, палююць, дзе б хто ні сустрэў мяне… Увесь свет цесны мне. Дзе ж тая вялікая Польшча? І малое яе няма! Хто мяне адарваў ад таго месца, дзе мне прасторна было?..
Ён задыхваўся. Нявада прыліп плячыма да сцяны. Паліводскі сеў к сталу і ўнурыў твар. Акаловіч пачаў калаціцца, як пасаджаны на пакуту. Паліводскі крыкнуў Няваду (відаць было, што раптам успомніў):
– Выйдзі! – І ўставіўся сухімі вачыма ў Нявадаў твар.
Нявада, ірвануўшыся з месца, бачыў, як Акаловіч затрапятаў рукой пад запазухай і двума крокамі апынуўся перад самым Паліводскім. Нявада застыў на месцы. Акаловіч ірвануў з нетраў дзіравае адзежы штосьці малое, цёмнае, чаго Нявада не мог разгледзець. Паліводскі сядзеў унураны. Акаловіч кінуў у яго бок сваю руку. Нявада не паспеў нічога ні падумаць, ні разгледзець. Траскучы гук і дым, і Паліводскі тузануўся ўніз і грунуўся аб падлогу, галавою пад стол. Акаловіч пераскочыў цераз яго і рынуўся ў акно, але адразу ўзаскочыць на падаконнік не мог, а паспеў яшчэ прыткнуць да сцяны крэсла і тады ўжо кінуцца на двор. Нявада не паспеў апамятавацца. Паліцай, утрапёны і перапалоханы, сыпануў у пакой кулямі, але ў самы пакой не ўбег і закрычаў. Нявада падбег да акна і толькі цяпер заўважыў, што рука ў Паліводскага адкінута з-пад стала па падлозе на праход паміж сталом і акном. Паліводскі быў мёртвы – толькі цяпер уцяміў Нявада. Ён шпарка апынуўся на акне і, трымаючыся за падаконнік, гупнуў нагамі на зямлю. Як у спёку смага, яго мучыла прага хутчэй аддаліцца ад гэтага месца, да якога ён ішоў цэлы месяц і якое стала яму цяпер страшным і агідным. Ён пабег куды вочы глядзелі і заўважыў, што пад нагамі ў яго мокрая трава. Задыхваючыся, ён бег у цемень ранняй ночы, чуючы, як бяда завязвае яму свет і смутак, большы яшчэ, як калі раней, цісне яго ў зямлю. Ён не меў пачуцця таго, ці многа ён прабег. Сэрца распірала яму грудзі. Ён пайшоў павальней, і кожная нага здалася яму стопудовай. Колькі жыў ён на свеце, ён яшчэ не быў у такім жаху. Гэта была яго апошняя думка. Ззаду пачалі зноў страляць. Штосьці падобнае на кулямётную чаргу пачало абзывацца за ім раз-поразу. Ён упаў на зямлю, перачакаў, устаў і зноў пайшоў. На пятым кроку зноў трэснула і стукнула ззаду. Яго тузанула ў спіне. Ён упаў у той жа момант адразу. Ён быў мёртвы ўжо ў момант, калі дакрануўся грудзьмі і тварам зямлі.
Акаловіч выйшаў на ўзлессе з палявой цаліны, калі яшчэ як мае быць не развіднела на наступны дзень. За ноч ён прайшоў нямала дарогі. Нервовае ўзбуджэнне зрабіла яму лёгкімі ногі. Але ніколі яшчэ ён не меў такога страшнага выгляду. Вочы, як промні, здаецца яны палалі і кожную секунду пераменьвалі сваё месца па твары. Здаралася, што гэты чалавек зараз перагарыць і ператлее ад таго, што з’ядае яго з сярэдзіны. З адной нагі ў яго згубіўся чаравік, у другім валачылася падэшва. Вышэй кален ён быў мокры, без шапкі і з распаласаванай напалам калашыной нагавіц да самай паясніцы. Ішоў ён няроўна. То ледзьве цягнуў ногі, то ўваходзіў у подбег. Дзіка азірнуўшыся на ўзлессі, ён стаў, пачаў глядзець угару і прыслухоўвацца. Але гэта было так сабе. Нічога нідзе ён не заўважаў, бо неўзабаве ўжо быццам смела прысеў на мокры камень, але не надоўга. Праз паўгадзіны ён ужо ішоў нейкаю лясною сцежкаю, і напэўна сам не ведаючы куды. Раптам выбілася з-за тумановага засцілу сонца, чырвонае, круглае і вялікае, у прасвецці паміж дрэў яно стаяла, як аглядальнік зямлі. «Усход! Там усход! А супроцьлеглы яму захад! А на захадзе, адгэтуль на захад, родны дом, і клён той, і можа хоць адзін які яшчэ знойдзецца там блізкі знаёмы твар. Можа там яшчэ гаварыць будзе з кім, доўга, штодзень, аб былым маленстве, аб колішніх надзеях…» Ён сціснуў зубы ад крыўды і нянавісці. І дзіўна. Яго надзея не спраўдзілася. Тое, што Паліводскага ўжо няма жывога, не дало яму палёгкі. Безнадзейнасць і чорны смутак душылі яго. Але ён павярнуўся плячыма да сонца, якое ўсё вышэй усплывала ў неба. «Ісці ад сонца – дык прыйсці на захад». Ён як бы працверазіўся. Ён стараўся ўжо разабрацца, куды ж завялі яго за ноч ногі? Мясцовасць была незнаёмая. Лес, поле, вада ў лагчынах, крыклівыя вароны, скрыжованыя сцежкі цераз поле, і чалавек нейкі.
Гэты чалавек стаяў у нізкіх зарасніках на мяжы поля і лесу і відзён быў увесь ад пояса. Ёы быў так блізка, што Акаловіч выразна заўважыў, што ён даўно не галіўся. Адзін на аднаго яны глядзелі, і той раптам гукнуў:
– Эй, хто ты, падыдзі сюды!
Акаловіч нехаця і з такім адчуваннем, быццам сэрца яго ў грудзях адарвалася ад свайго месца, падышоў да чалавека. Той адразу прыцэліўся ў яго з аўтаматычнай вінтоўкі, кашлянуў мокра і хрыпла і сказаў захалоджаным голасам:
– Хто ты?!
Акаловіч уныў і варухнуў губамі.
– Ну, кажы, хто ты? Дэзертыр з Чырвонай Арміі?! Ну! А мо шпіён нямецкі, ходзіш тут, віжуеш!
– Нашто ж тут немцам шпіёны, калі яны тут… – стараючыся гаварыць развязна і з нуднай усмешкай, адказаў Акаловіч.
– Калі яны тут? Не яны тут, а мы тут! – крыкнуў чалавек, і Акаловіч бачыў, што праз паўсекунды чалавек стрэліць. Акаловіч са страшнай сілай адчуў непераможную прагу дацягнуцца туды, пад Клецак, і гэта ўжо рабілася яго адзінай мэтай у жыцці. Інстынктыўна, не думаючы, ён, само сабой, узяў у момант панібрацкі тон:
– Што ты робіш! Спусці стрэльбу! Дурань!
– А ты чаму не кажаш, хто ты! Кажы! Кажы, бо зараз стрэлю!
– Я іду з аперацыі.
Чалавек спусціў уніз вінтоўку.
– Ну дык прысядзем, закурым. «Божа! Чалавечае слова! Упершыню за ўвесь гэты страшны час!»
– Сядзець мне няма калі.
– Далёка табе ісці трэба?
– Пад Клецак.
– А дзе гэта?
– Ад Нясвіжа пятнаццаць кіламетраў.
– Нясвіж чуў, а як жа. То пакажы дакумент.
Акаловіч адгарнуў ад жывата транты свае адзежыны і пачаў абмацваць у кашулі вышэй жывата ліштву, па якой зашпільвалася кашуля. У адным месцы ліштва не была прышыта, а толькі зарублена. Удала дзе-нідзе прафастрыгованая, яна шчыльна прылягала да кашулі. Акаловіч засунуў пад яе палец і пачаў там ім шнарыць. Чалавек чакаў. Акаловіч дастаў адтуль скручаную ў валік паперку. Раскруціў, паглядзеў і падаў чалавеку. Той пачаў пра сябе чытаць. Гэта было пасведчанне Нясвіжскага райсавета, што Люцыян Акаловіч ёсць селянін з Рымашоўскіх хутароў, Нясвіжскага раёна, Баранавіцкай вобласці. І штамп, і пячатка, і подпісы – усё было на месцы, і нельга было здагадацца, што паперка рабілася не ў Нясвіжы, а дзесьці ў Германіі. Прачытаўшы паперку, чалавек падазрона паглядзеў на Акаловіча і, не аддаючы яму яго пасведчання, сказаў:
– Дык ты туды і ідзеш?
– Туды.
– А дарогу ты ведаеш?
Акаловіч зразумеў недавер’е і пачаў гаварыць:
– Мне на Маскоўска-Варшаўскую шашу трэба выбіцца, а там я ўжо ведаю.
– А там як?
– А там як?! Пасля Слуцка праз Селіцкія крыжы, Лядныя, Гулевічы, Піліпавічы і кіламетраў сорак не даходзячы да Сіняўкі…
– Дык табе ж гэта круг будзе, – дапытваў чалавек, не спускаючы з Акаловіча пільных вачэй.
– Дык можна і інакш, – адразу схамянуўся Акаловіч. – Мусіць-такі я пайду з-пад Гулевіч на Цімкавічы, на Пузава…
– Чакай, а яшчэ?
– Шашою да Слуцка, а там з шашы сысці зусім, а прысадамі да Нясвіжа, а там, не ўваходзячы ў горад, а толькі прайшоўшы Новае Места і ля брамнага ўезду ў горад, адразу налева да Мураванкі…
– Чакай, чакай, разгаварыўся! Зброя якая ў цябе ёсць?
– Пісталет без набояў…
– Ну што ж, ідзі хіба…
Акаловіч ажыў, увесь смутак яго скончыўся. Свет і сябе ў ім ён адчуў у гэты момант так: «Дайсці туды, чакаць, хавацца, служыць таму, хто б там ні быў і хто б там навек ні астаўся. Адслужыць штодзень яму колькі яму трэба, а рэшту дня сам з сабою, адзін, ці гной корпаць, ці што там будзе…»
Раптам чалавек заўважыў у Акаловіча на грудзях штосьці падазронае для сябе. Штосьці вытыркала з-за ліштвы, адкуль ён даставаў тое пасведчанне. Чалавек зноў пачаў дапытвацца:
– А з якое ты аперацыі ідзеш?
– Ну з аперацыі.
– Адкуль?
– З Лядскага маёнтка.
– А што там рабіў?
– Як што рабіў?
– Дай сюды, – унь у цябе нешта тырчыць з кашулі.
Акаловіч хапіўся за ліштву, і ўтрапенне скалынула яго. Чалавек зноў падняў вінтоўку.
– З якое аперацыі?
– Я забіў Паліводскага.
– Гэта ты?
– Я.
– Хто табе даваў заданне? Чаму ты так здалёку ішоў на гэта, і так далёка назад?! Тут зусім іншая акруга!
Тут чалавек, усё сочачы за Акаловічам, убачыў, што ён тое, што тырчэла ў яго з ліштвы, ужо скамячыў у пальцах, змяў у жмуток, быццам бы выціраючы пальцамі нос, паклаў у рот і ўжо клычыць зубамі і языком. Зараз глыне.
– Выплюнь! – закрычаў чалавек і зварухнуў пальцамі на вінтоўцы. Акаловіч плюнуў. Чалавек хапіў мокры ад сліны жмуток і, расцягнуўшы яго ў пальцах, убачыў, што гэта кавалачак паркалю, на якім штосьці дробна надрукавана па-нямецку.
– Я забіў Паліводскага, – голасам як з-пад зямлі абазваўся Акаловіч, падаючыся задам да першых зараснікаў на самым узлессі.
– Я ведаю і без цябе, што Паліводскага сёння ўночы забілі, – прахрыпеў чалавек і стрэліў. Акаловіч упаў і больш ужо не паварушыўся.
З таго дня і гэты куток, дзе сярод кустоў ляжаў нежывы Акаловіч, і той маёнтак, адкуль на трэці дзень пасля першых допытаў і доследаў вывезлі на бліжэйшы могільнік Паліводскага, і ўсе тутэйшыя дарогі пачалі часта агалашацца стукатам нямецкіх матацыклаў і грузавікоў і скогатным бразгатам танкаў і танкетак. Кожную легкавую машыну ахоўвала танкетка, а калі ехаў які-небудзь санавіты немец, то за ім ішоў танк, або і два. Пачалі з’яўляцца і станавіцца тут часці вялікага карнага злучэння. Аўтаматчыкі на грузавіках штодзень кудысьці ехалі дарогамі. Грунтавым жа шляхам, які ляжаў тут, час ад часу праходзілі танкі. Можа гэты захад быў не так дзеля аховы нямецкіх заваёваў, як дзеля таго, каб нагнаць страх па насельніцтва. Танкі, хоць па адным ці па два, пачалі часамі шнураваць па вялікіх дарогах і суседніх з гэтаю акруг. Смерць Паліводскага перакінула трывогу і туды. Нямецкія начальнікі толькі за вялікаю патрэбаю выязджалі са сваіх месц і стараліся трымаць каля сябе як найбольш салдат. Што ж да людзей, то ўсюды гаварылі пра пахаванне Паліводскага: завезлі, засыпалі ў яму, і ніхто з людзей на пахаванні не быў, толькі паліцэйскія і два немцы. Ніхто не ўздыхнуў і не дакрануўся хустачкай ці пальцамі да вачэй. З гэтай прычыны пайшла старая прымаўка на новы лад: «Служы немцу верна, дык ён ад цябе нос адверне». Так шырока погаласка і трывога пайшла, што задалёку ад месца смерці Паліводскага, у сваім неўладаваным яшчэ маёнтку, Гертруда і яе стары Густаў былі няшчасныя ўсе тыя дні, калі не быў з імі іх сын. А ён пачаў бываць тут вельмі зрэдку. У яго быў іншы клопат: у яго было больш, як у іншай якой акрузе, канцэнтрацыйных лагераў, і гэта пачало вельмі непакоіць яго. Ён павялічыў і пашырыў разведку і «прачосванне» лясоў. Але салдат было ў яго мала, бо з цэнтра закамандавалі некаторым гарнізонам перамясціцца адсюль у акругу, дзе быў забіты Паліводскі. У яго такім парадкам узнікла думка зліць усе канцэнтрацыйныя лагеры ў адзін, каб злучаныя разам вартавыя вайсковыя часці сталі моцнай сілай. Яго гэтую думку прынялі. Але пакуль што тут было яшчэ спакойна. Ад Перабродскага лагера да маёнтка, куды ён пасадзіў на ўладанне свайго бацьку, было кіламетраў дваццаць. Ад маёнтка да вялікага грунтавога шляху, які ішоў ад Гомельшчыны цераз Бабруйшчыну на Вялікае скрыжаванне з Маскоўскаю шашою на Случчыне, было кіламетраў пад семдзесят. Па гэтым шляху і пачалі шнураваць танкі час ад часу. Ні танкі, ні салдаты ніводнай сутычкі ні з кім не мелі, і ўсё пачало як быццам спакайнець.
Па людзях жа пайшла гамана, што па лясах збіраецца вялікая сіла, мноства людзей і ўсё пры зброі, і многа там чырвонаармейцаў і камандзіраў, і што нешта вялікае неўзабаве можа адбыцца. Што ж да справаў на фронце, то прайшла чутка, што падышлі вялікія папаўненні і Чырвоная Армія хутка пачне наступаць. Тым часам вельмі шырока стала вядома, што каля Сумліч на Вялікім скрыжаванні адбыўся напад на нямецкую аўтакалону: звыш як семдзесят нежывых немцаў ляжаць на самым скрыжаванні пад недаломкамі васьмі машын. А ў суседняй з Сумлічамі воласці ўночы раптоўна невядомыя перастралялі ўсю паліцыю і схапілі і забралі жывога з сабою каменданта. Хоць ніхто цяпер нікуды ад свайго дома далёка не ад’язджаў і не адыходзіў, але ўсюды, на шырокую навакольнасць, ведалі, дзе ляжыць вытрушчаны і выгнуты на кучу ламачча нямецкі поезд. З-пад скалечанага паравоза і разбітых вагонаў тырчаць акрываўленыя нямецкія косці. Ведалі яшчэ і гаварылі пра тое, што на грунтавым шляху ў лесе непадалёку, нават зусім блізка ад малога скрыжавання, стаіць адным бокам, з паднятым на паветра другім бокам і з пагнутым і парваным сподам нямецкі танк. Дакладна называлі месца: калі прайсці ад малога скрыжавання колькі кіламетраў шляху ў бок да таго месца, дзе ён каля Сумліч крыжуецца з шашою, то, мінуўшы вялікую бярозу, будзе зараз жа і той танк. І па глухіх кутках, і па дарогах нават усё часцей льга стала напаткаць узброенага чалавека або некалькі іх. І ўсё гэта была праўда. Каму з якой-небудзь добрай ці злой прыгоды здаралася трапіць у тыя месцы, той сапраўды бачыў і поезд пад адкосам, і падарваны танк на шляху ў лесе. Казалі, што ад споду быў вельмі заквэцан у гразь, а з яго люка вытыркала і матлялася на ветры сіняя кашуля з вышыўкамі на рукавах.
Танк гэты стаяў узняты левым бокам у паветра, аднак жа не так блізка ад вялікай бярозы, не бліжэй як за паўкіламетра. Пад узнятым угару левым бокам была яма ад гранатнага ўзрыву. Абгарэлым і абкуродымленым задам ён сядзеў нізка ў зямлі. Што здарылася з гэтым танкам, ведала толькі адна Ракуцькава Лізавета. Самі ж танкісты ўжо нічога не маглі расказаць, бо яны былі мёртвыя. Канчаўся ўжо трэці тыдзень вайны, калі Лізавета падышла да бацькавай хаты. Выкіравалася яна сюды не ад шляху, а ўжо з супрацьлеглага боку. Яна дала вялікага круга, каб не ісці шляхам. Яе ўразіла пустэча і цішыня ў пасёлку. Дзверы ў хатах усюды былі паадчынены, і хоць бы дзе жывая душа. З дрыжаннем сэрца яна ўвайшла ў бацькаў двор. Яе хустка, у краткі і з фрэнзлямі, валялася пасярод двара. Яна ўвайшла ў адчыненыя на ўвесь мах дзвярэй сенцы. Шырока раскінуты дзвюма палавінамі чамадан з жоўтай скуры стаяў на лаве. У ім, напханыя туга, былі чаравікі, кашулі, боты, нагавіцы, сукенкі. Гэта яе і Тамашова, тое самае, што бацька збіраў праз доўгія гады. Камень з жорнаў у засохлай крыві ляжаў пасярод сянец. З-пад яго вытыркаў пляскаты кавалак чарапной касці з скурай і пукам рыжых валасоў. Яна скалынулася і шпарка зазірнула ў хату. Валачашчая сука прыбілася сюды і паспела ўжо тут ашчаніцца. Вялікая, худая, выцягнутая, доўгая і тонкая, яна ляжала на падлозе, і шасцёра сляпых шчанят смакталі яе. Яна вышчарыла зубы і забурчала, пачуўшы чалавека. Лізавета выбегла з хаты, абышла ўвесь пасёлак, не спаткала нідзе ні душы і пакінула гэтае сумнае месца. Вось і ўсё. І няма ўжо больш ні там ні тут ні прытулку, ні прыпынку. І можа бацькі і маці ўжо няма. Вось і прыйшла самая спелая пара яе юнацтва!
Яна пераначавала ў блізкай вёсцы пры шляху і вярнулася назад. У яе з’явілася патрэба яшчэ раз зірнуць на бацькаву хату. Дзесьці ў глыбіні душы ажыла ў яе надзея, слабая і няпэўная: а можа праз які-небудзь цуд яна там нападзе на бацькаў след. Менш як праз гадзіну яна зноў зазірнула ў бацькавы сенцы. Адзежы і чамадана ўжо не было. У хаце не было ўжо і сукі, адны толькі шчаняты спалі ў цесным клубку на падлозе, у пуку сонечнага прамення з акна. Раптам ускочыла ў хату сука і брэхам выгнала Лізавету на вуліцу. Лізавета пайшла ўнурыўшыся, а сука рвала яе ззаду за адзенне. Лізавета азірнулася. Сука адбеглася і зноў пачала нападаць. Лізавета падняла пошвырак. Сука ўскочыла ў двор, у сенцы, у хату, дзе раптам залямантавалі шчаняты. Лізавета зашчапіла дзверы і зноў пайшла, чуючы ўвесь час брэх зачыненай у хаце сукі. Тут яна ўбачыла, як з’явілася на вуліцы фурманка і трое нейкіх невядомых мужчын, аброслых, у рубашках без падпяразкі, пачалі цягаць з хат усё, што толькі маглі і што было там. Воз напаўняўся адзеннем, посудам, усялякім прыладдзем і рыштункам. Лізавета скрылася ў першы двор і агародамі і садамі выйшла на доўгую сцежку праз поплаў да тарфянога балота і ўзгорыстага поля. Яна ўжо мінула і тую вёску, у якой начавала, і палявою дарогаю ішла туды, дзе праходзіў вялікі шлях. Дарога паднялася на крутое ўзвышша. Лізавета азірнулася з гэтага высокага месца і з вострай трывогай убачыла, як над пасёлкам, дзе стаяла бацькава хата, выбухнуў высока агонь з дымам і шпарка пачаў распоўзвацца ўшыркі. Лізавета пайшла далей і праз сотню крокаў азірнулася. Агонь бушаваў, як навальнічныя перуны. Тут, на дарозе, пахла ўжо дымам і гарэлым дрэвам і чуўся дзікі лямант. Проста на Лізавету з усіх сіл імчалася сука. Лізавета пазнала яе не з масці, а з усяго выгляду. Сука была ўжо без шэрсці, уся абсмаленая і абсквараная. Яе адцягненыя шчанятамі цыцкі былі абвугленыя, і ўсё чэрава было падобна на абсмаленую дошку. Зад яе быў высквараны і ад бягі патрэскаўся і змочваўся крывёй. Ад яе тхнула гарэлым мясам. Дагнаўшы Лізавету, сука ўпала на зямлю, і, валакучы зад, дапаўзла да ног апанованай утрапеннем дзяўчыны і зноў заенчыла і заскуголіла. Вялікія вочы яна ўставіла ў Лізавецін твар, і здавалася, скогат яе чуцён на ўсё шырокае наваколле. Лізавета пабегла. Адбегшыся, яна азірнулася і ўбачыла, што сука ляжыць і дзярэ лапамі зямлю, а агонь і дым удалечыні пачалі ападаць. Подбегам Лізавета дайшла да вялікага шляху, спынілася апанованая одумам, паглядзела ў залітую сонцам прастору і зарыдала. Пайшла яна шляхам у той бок, з якога так доўга бралася сюды, да бацькавай хаты. Да самай ночы, і ўсю ноч, і палову наступнага дня яна ішла і выйшла на большы шлях і ўсё ішла. І ўвесь час душу яе ціснула гора і смутак. Так дайшла яна да малога скрыжавання і ўвайшла ў лес. Яе дагнала і пачала мінаць невялікая калона нямецкіх танкаў. Танкі ішлі адзін за адным на вялікай разлегласці. Яна перастаяла іх усе, стуліўшыся за дрэвам. Ужо і гул іх знікаў. Яна рушыла далей, ужо выразна дайшоўшы да думкі вярнуцца туды, дзе прайшло яе маленства, і там шукаць бацькі. Пачаткі нейкай надзеі нараджаліся ў яе. Яна ішла, і ўсё недзе гуло. Яна думала, што гэта ад тых танкаў наперадзе. Раптам забразгала ззаду. Яна азірнулася. Танк стаяў пасярод дарогі. З яго выйшаў немец і махаў ёй рукой. У яе заныла сэрца. Немец пайшоў проста да яе. Усміхнуўшыся, ён узяў яе за локаць і тузануў ісці з ім. Ён падвёў яе да самага танка і паказаў рукой, каб яна ўлазіла ў сярэдзіну. Яна стаяла моўчкі. Ён прыўзняў яе пад пахі і ўсадзіў у танк. Там быў яшчэ адзін немец. І той ранейшы ўлез следам за ею. Танк рушыў у ход. Два немцы і яна цесна сядзелі адзін пры адным. Танк быў напакован жаночым адзеннем і абуткам. Раптам танк спыніўся. Немцы пачалі штосьці шпарка гаварыць паміж сабою. Было падобна, што яны спрачаюцца. Нарэшце адзін немец вылез з танка, а другі пасядзеў, памаўчаў, быццам да чагосьці прыслухоўваўся. І пацягнуў Лізавету да сябе. Яна хацела адшатнуцца, але немец трымаў яе моцна. Твар яго быў як набрынялы, і кадык выпіраў з расшпіленага мундзірнага каўняра. Яна тузанулася і дакранулася зубамі да яго горла. Ён выцягнуў шыю. Яна рванулася да яго горла зубамі. Ёй здавалася, што рот увесь напоўніўся. Як мага, яна ціснула зубы, усё больш і больш. Не могучы апамятацца ад вялікай трывогі, яна змагалася яшчэ і з немцавымі рукамі, якія адпіхалі яе. Чуючы, што ўласнае сэрца гатова разарваць і задушыць яе, яна ўсё больш сціскала зубы, чула, як немец захроп і як ёй пырснула ў твар.








