355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кузьма Чорный » Выбраныя творы » Текст книги (страница 11)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 04:00

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Кузьма Чорный



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 41 страниц)

– Бо ты, – абазваўся Сымон Ракуцька, – па-сабачы спадзяваўся на сваё шчасце. Няхай бы ты зерне сеяў і хлеб жаў, а то ты бачыў сваю радасць у тым, што нехта пойдзе, як ты кажаш, на ўсход, чалавечыя косці трушчыць і кроў ліць. Як свет стаіць, то яшчэ не было вядома каб на нянавісці вырасла шчасце, а радасць на чужой бядзе.

– Дык куды ты цяпер маеш ісці? – панура запытаўся Тамаш. – А ці ведаеш ты, што калі разабрацца, то я сам павінен быў бы табе адразу галаву зняць за тое, што я вырас без права чалавекам звацца на сваёй роднай зямлі!

Акаловіч змоўчаў, а пасля адказаў:

– Куды маю ісці? Мне цяпер трэба, каб хто павёў мяне за руку. Але ў мяне ажывае і ўжо гарыць прага расквітацца з Паліводскім. Ён згубіў мяне. І не толькі мяне аднаго ён пацягнуў на гэтую сцежку.

– А Паліводскі хіба чуцён дзе!? – ажывіўся Сымон Ракуцька.

– Паліводскі начальнік акругі. І цяпер бывае часта ў тым сваім маёнтку, які калісьці прагуляў у карты, калі мяне яшчэ на свеце не было. Я спатыкаў тут нашых, а яны ведаюць. Гэты маёнтак тут, па гэтай самай дарозе, мне казалі, там ідуць радзей хваёвыя лясы. Маёнтак захаваўся цалкам, і дом, і паркі, і сады, і ўся будоўля. Але пакуль Паліводскі ўспомніў пра маёнтак, ваенны начальнік акругі абгледзеў яго і хоча сабе прысвоіць. Паліводскі жыве ў маёнтку і спрачаецца з ваенным немцам.

– Але куды ты ідзеш?! – крыкнуў Тамаш.

– Я іду ў той маёнтак. Можа мне там пашанцуе расквітацца з Паліводскім!

– А тады што?

– А тады куды закіне вецер, або хоць канец.

– А дзе табе жалезам галаву растаўклі?

– У Вялікім скрыжаванні.

– Ты там доўга быў?

– Я там перабыў усе свае хваробы.

– Што там чуваць? Каго ты там баяўся?

– Немцаў баяўся, ім стараўся на вочы не трапляцца. Яны і слухаць не хацелі, што я ім служыў. Тамашніх людзей баяўся. Там нейкі Лукашэвіч чуцён: якраз на Вялікім скрыжаванні, калі я яшчэ ў тым баку быў, ён напаў на цэлую калону нямецкіх грузавых машын, і ўсе яны там на дарозе і асталіся. Я дрыжаў, каб і яны мяне не ўбачылі дзе. Вось я, як голы, тут перад вамі, я нічога не ўтаіў і нічога не выдумаў. Я даўно ўжо так не еў, як цяпер з вашых рук.

– У цябе зброя ёсць?

– Аніякае.

– А чым жа ты з Паліводскім квітацца будзеш?

– Я там на месцы што-небудзь прыдумаю, а так мне смялей ісці.

– Выверні кішэні і пакажы пазухі.

– Добра… Добра…

– Ну вось так. А цяпер скажы, як на споведзі: уночы не ўцячэш, калі цябе не вартаваць?

– А куды мне ад вас уцякаць?!

– Ну дык кладзіся на траву і спі, бо ўжо вечар нахапіўся. Яшчэ пакуль сонца зойдзе, можаш выспацца.

Акаловіч скруціўся ў жмут і стаў густа дыхаць у ствол паваленага дрэва. Бліжэй к дарозе лёг Тамаш. Сымон Ракуцька прыпёрся плячыма да бярозы і задрамаў. Ноч прайшла, як адзін момант. Першы прахапіўся Сымон Ракуцька і штурхануў Тамаша.

– Пакідаю яго табе, – сказаў Тамаш да бацькі і паказваючы на соннага Акаловіча. – Каб ён нам не нашкодзіў. – Яны абняліся і пацалаваліся, і Тамаш адразу рушыў у дарогу. Ракуцька штурхануў Акаловіча. Той шпарка заварушыўся і ўстаў, нейкі занадта рухавы.

– Мне трэба ісці зараз, – сказаў Ракуцька.

– І я пайду, – узбуджаным тонам абазваўся Акаловіч.

– Куды?

– Я з’яўлюся да Паліводскага і вазьму яго за горла.

– А чаго ты такі трапяткі сёння стаў? Учора ты быў вялы, як п’яўка.

– Мне сёння лягчэй. І на душы лягчэй, калі я скінуў з яе камень гаворкаю з вамі. Мне можна ісці?

– Пачакай, пачакай. Я цябе павінен тут раней прыкончыць, а ты сабе ідзі куды хочаш. Гэта ж і ты абкрадаў мяне, калі ад мяне ўкралі маіх дзяцей!

Сымон Ракуцька дастаў з-пад жакеткі рэвальвер. Акаловіч пабялеў і астаўся стаяць. Ракуцька прыгнуўся ў куст і развязаў торбу.

– На і ты жуй, выварак чартоўскі!

Сонца яшчэ не дайшло да паўдня, як Акаловіч папрасіўся ў Ракуцькі, каб той дазволіў яму ляжаць. Ракуцька кіўнуў галавой. Акаловіч быў, мусіць, вельмі абыякавы да свайго стану, бо, як толькі лёг, адразу заснуў, зноў носам у ствол паваленага дрэва. Ракуцька паглядзеў на яго і сеў каля свае торбы. Чалавек, які доўга быў толькі сам з сабою, можа мець прывычку гаварыць сам сабе. Сымон Ракуцька мыляў губамі і шаптаў сабе пад нос:

– Як сонца ніжэй сплыве – пайду ў дарогу, каб ісці да позняй ночы. А што з гэтым безгалоўным прайдзісветам рабіць, перуны яго ведаюць. Можа застрэліць падлу?.. – Ракуцька абмацаў свой рэвальвер і ўбачыў, што Акаловіч спіць, як уліплы ў зямлю. Ракуцька паглыбіўся ў свае думкі і сцішыўся. Лёгкая дрымота агарнула яго, а пасля ён і прыснуў трохі. І можа нават больш як трохі, бо, прахапіўшыся, убачыў, што сонца ўжо куды ніжэй стаяла. Шпарка ўстаў ён і з раптоўнай трывогай убачыў, што торбы з хлебам каля яго не было. Машынальна кінуў ён вачыма да паваленага дрэва. Ніякага там Акаловіча таксама не было, адно прымятая трава сведчыла, што на ёй ляжаў чалавек. Ракуцька ўтрупянеў. Азірнуўшыся на ўсе бакі, ён у момант сабраўся ў сваю дарогу. Месца гэтае асталося пустое і аставалася так, можа, больш за тыдзень. За гэтыя дні з бярозы нападала на дарогу многа жоўтых лісткоў. Кожны раз надвечар, калі яснае сонца перад захадам сваім прабівалася праз вяршаліны лесу і свяціла на дарогу, жоўтае лісце вельмі яскрава выбівалася з зялёнага колеру травы. Аднойчы ў гэты час дня да гэтага месца падышоў Нявада. Ішоў ён роўнаю і размеранаю хадою, і адзежа на ім, той самы выцерты плашч і ўсё іншае, абтрапалася, абшморгалася аб зямлю і траву. У вялікай адзіноце ён стаяў пасярод дарогі над жоўтым лісцем і некалькі разоў уздыхнуў: «Божа мой, Божа, восень». Пасля той жа ранейшай паходкай рушыў далей і скрыўся ў прыдарожных дрэвах. Яшчэ праз колькі дзён гэтай лясной дарогай прайшлі два нямецкія танкі і густа абстралялі лес паабапал дарогі. А пасля гэтага назаўтра тут праехалі чатыры грузавікі, паўнюткія нямецкімі аўтаматчыкамі. Следам за грузавікамі ішла лёгкая машына. У ёй сядзеў нямецкі афіцэр, узросту сярэдняга і такой жа афіцэрскай годнасці. Аўтаматчыкі таксама абстралялі лес паабапал дарогі. Пасля гэтага яны праскочылі праз лес назад і паімчаліся шляхам на захад. Даехаўшы да Вялікага скрыжавання, яны выкіраваліся на шашу і спыніліся на абочыне. Афіцэр закамандаваў чакаць. Салдаты паселі на адкосах, гаварылі, смяяліся і курылі.

У той жа самы дзень ранішнім цягніком з захаду ў Бараванічы прыехала пара пажылых немцаў, ён і яна. Яна яго называла Густавам, а ён яе Гертрудай. Кожнаму з іх было год пад шэсцьдзесят. Паважна гэтая пара выйшла на пляц перад ганкам Баранавіцкага вакзала, і ён некалькі разоў пільна азірнуўся, а да яго ўжо ішоў з роўнай выпраўкай плячысты і разам з тым тонкі ў стане, з вясёлым тварам, і, здаецца, вельмі жыццярадасны чалавек у вайсковай форме, але, можа, ён і не быў чыстым вайскоўцам, бо некалькі чалавек цывільных чыноўнікаў абкружвала яго. Ішла за ім і вайсковая ахова – салдаты з аўтаматамі і з іншаю зброяй. Гэта быў нейкі паважны чын, з усяго было відаць. Ён подбегам падышоў да таго, каго Гертруда звала Густавам, і яны абняліся і пацалаваліся. Сама Гертруда з роўнай усмешкай на сціснутых губах абняла санавітага чалавека і назвала яго таксама Густавам. А той адказаў старой жанчыне доўгім пацалункам і пад руку падвёў яе да машын, што стаялі з левага боку ад ганка. Ён пасадзіў Гертруду і Густава ў адну з машын, і побач шафёра сеў аўтаматчык. Сам ён з двума аўтаматчыкамі сеў у другую машыну. Гэтыя дзве машыны пайшлі следам за трыма грузавікамі з салдатамі, а за імі пайшлі яшчэ тры грузавікі з салдатамі. Так усе гэтыя паязджане выехалі з Баранавіч на Сіняўку і далей проста імчаліся па Маскоўска-Варшаўскай шашы, на ўсход. Ехалі яны доўга без прыпынку і толькі спыніліся на Вялікім скрыжаванні. Пакуль шафёры правяралі машыны і надзімалі шыны, Густаў старэйшы высунуўся з машыны і ўглядаўся ў вялікае дрэва. На твары яго ляжала пячаць здзіўлення, напружання думак і як бы смутку, але пасля твар яго запаланіла рыса ўпэўненасці, спакою і разам з тым цікаўнасці і халоднай разважлівасці. Было падобна, што на яго найшло многа жыццярадаснай самаўпэўненасці ад санавітага Густава маладзейшага, які ў гэты час праходжваўся па шашы, а пасля падышоў да старэйшага Густава. Зноў, як на Баранавіцкім вакзале, пачулася паміж імі нямецкая мова. Маладзейшы Густаў гаварыў так, быццам захлёбваўся. Старэйшы гаварыў спакайней. Ён выказаў думку, што яго агортвае неспакой душы і што яго мучыць трывожнае ўражанне, што ён ужо калісьці бачыў гэтае дрэва. Як страшны кашмар пануе ў ім над усім выразнае ўяўленне гэтага велічэзнага дрэва. Больш таго. Нават дома, у Германіі, праз добрыя два дзесяткі год, часта яго душылі начамі цяжкія сны, і ў кожным сне заўсёды, над усім хаатычным і кашмарным, узвышалася гэтае дрэва і унь той нават сук з палявым каршачком на ім. Божа, як усё выразна, дакладна і ясна! Унь жа на суку сапраўды сядзіць каршачок! Стары Густаў аж уздрыгануўся. Гертруда хапіла яго за руку і сама скаланулася. Густаў маладзейшы стаяў прыбянтэжаны.

– Нічога дзіўнага няма, – сказаў ён, каб падбадзёрыць і падвесяліць старога. – Бывае, што сны што-небудзь такое пакінуць у галаве і пасля здаецца… Сны яшчэ не даследаваны навукай.

– Не, – адказаў Густаў старэйшы, – гэтае дрэва я сапраўды ўжо раз бачыў. На гэтым самым скрыжаванні дарог я тады ўпаў хворы, калі ў тую вайну мяне расейскі салдат вёў у палон. Божа мой, зноў лёс прывёў мяне сюды!

Гертруда ўздрыганулася і прыліпла да пляча свайго Густава. Губы ў яе дрыжэлі і голас перарываўся:

– Я ведаю, чаму мы да канца дарогі не едзем цягніком, а перасядалі ў машыны. На цягнікі нападаюць невядомыя.

– Няма нічога дзіўнага, – строга сказаў стары Густаў. – Цяпер вайна, а мы ў заваяванай краіне. Ты ж бачыш, што на машыне нас ахоўваюць грузавікі з салдатамі.

– Ты баішся, што я зноў пачну нашу старую спрэчку? Дык ведай: больш я ніводным словам не папікну цябе, але доўга тут не буду і назад у Германію паеду. Заваяваную краіну павінны асвойваць салдаты, а не жанчыны. Куды ты вязеш мяне?!

Яна ўжо гатова была плакаць. Густаў выйшаў з цярплівасці. Ён схмурнеў і шпарка прагаварыў:

– Ты немка, ці ты не дачка вялікай Германіі?!

– А ты, – аж затрэслася яна, – хіба заўсёды быў немцам? Нават у лепшыя маладыя годы ты размякнуць мог, як гліна, і аддаваў чужаземцам і ворагам Германіі тое, што павінен быў бы прынесці ў Германію! А ты мяне папікаеш? Тады б мы не шукалі шчасця ў гэтай невядомасці, а мелі б шчасце дома.

Стары Густаў аж пазелянеў і сціснуў зубы. Маладзейшы Густаў сказаў да Гертруды:

– Мама, мы заваявалі гэтую краіну вялікай Германіі. Праз пяцьдзесят, праз сто, праз дзвесце год тут стане карэнная Германія. І не трэба ператвараць наша падарожжа ў дакляраваную нам лёсам зямлю ў падарожжа вечных валаводнікаў, якія едуць з суда.

– Сын мой, але ж мне страшна, мы не можам ехаць без такой моцнай аховы.

– Гэта нічога. Яшчэ месяц, яшчэ два, і ўсё ўвойдзе ў норму. Тут жывуць не людзі, а казюлі з нявольніцкай псіхалогіяй. Яны створаны, каб быць слугамі. Павесь над іхнімі галовамі меч, дык яны адразу ўверуюць, што гэта не меч над імі, які кожны момант можа загубіць іх, а што гэта вісіць найвялікшая справядлівасць усей светабудовы, і пачнуць з удзячнасцю лізаць боты ў таго, хто павесіў над імі гэты меч. Вось хто насяляе гэтую зямлю. Так што ты, бацька, сапраўды тады дарэмна быў перад імі паддаўся парыву радасці і не захаваў да канца сваю нямецкую вытрыманасць. Хіба хто калі будзе дзякаваць курыцу за тое, што яна глынула муху, якая кусала цябе? Ад курыцы бяруць яйкі і ні за што яе не дзякуюць. А ты да таго быў страціў сваю нямецкасць, што аддаў ім здабытае на вайне. Чаму? А толькі з-за таго, што заварушылася душа. Германію зробіш вялікай не душой, а жалезам.

Відаць было, што Густаў маладзейшы ніяк не мог забыцца на нейкую памылку, зробленую калісьці Густавам старэйшым. Як бы там ні было, але гэтым самым ён давёў да спакою Гертруду. Яна больш не скардзілася і не сціскала губы, а з цікаўнасцю пачала паглядаць наабапал дарогі. Машыны і грузавікі з салдатамі рушылі далей. Яны пакінулі за сабой Вялікае скрыжаванне, з’ехаўшы на шлях кірункам туды, куды раней пайшоў быў Сымон Ракуцька, калі следам за ім гналася вайна. Так што праз малы час машыны, едучы бесперапынна, нікуды нідзе не зварочваючы з шляху, уехалі ў лес і неўзабаве апынуліся ў тым месцы, дзе не вельмі даўно Акаловіч спавядаўся Сымону і Тамашу Ракуцькам і дзе праходзіў кудысьці да свае мэты стары Нявада. І цяпер было ціхае гэтае месца, толькі машыны парушылі яго спакой. Бяроза ўсё так жа кідала на вецер жоўтыя свае лісты. Іх ужо было многа на дарозе і ў траве. Сонца асвятляла іх, птушкі пырхалі крыллем над гэтым месцам, і цягнула пахам прыгрэтай сонцам травы і смалы. Стары Густаў і Гертруда высунуліся з машыны тварамі і аглядалі дрэвы і зямлю.

– О, колькі гною, – прыйшоў у захапленне Густаў. – Колькі гектар зямлі можна ўгнаіць лісцем з сотні такіх бяроз?

– Я думаю, што нямала гектар, – адказала Гертруда, і паміж імі зноў усталявалася згода. Машыны неўзабаве зніклі з гэтага месца, і зноў тут стала ціха. Змрокам таго дня на гэтым месцы зноў з’явіўся Сымон Ракуцька, і не адзін. З таго самага боку, адкуль шляхам праз лес праехалі нямецкія машыны, ён вёў за сабою многа людзей. Усіх было, можа, крыху менш як паўтары сотні. Яны ішлі ўсе адзіным гуртам, калі сабраліся на гэтай лясной дарозе. Збіраліся яны яшчэ з учарашняга дня на прылессі, і некаторыя з іх бачылі тут нямецкія і танкі, і машыны. Адзін за адным яны ішлі, расцягнуўшыся бадай што на кіламетр. Самы пярэдні ішоў Сымон Ракуцька. Далей вялікай бярозы на шляху праз лес ён не пайшоў. З сярэдзіны ланцуга выйшаў убок Кастусь Лукашэвіч у той жа самай рудой жакетцы і ботах, як тады апошні раз гаварыў з Нявадам. Усе людзі збочылі з дарогі ў лес, спускаючы з плеч свае аўтаматы і вінтоўкі. На дарозе пасталі вартавыя. Кастусь Лукашэвіч і Сымон Ракуцька селі на ствол таго самага паваленага дрэва і доўга так сядзелі моўчкі. Ужо і зоры высвецілі, а яны ўсё сядзелі і маўчалі.

– Дык ты ляж і спі, а я павартую цябе, – сказаў Ракуцька.

– Я не засну. Лепш ты спі.

– А калі Тамаш раптам гук падасць – толькі я адзін пазнаю яго.

Зноў яны, можа, з гадзіну маўчалі.

– Дык я сам не свой без перадыху явіўся дадому, – задудукаў раптам Сымон Ракуцька. – Толькі бачу – дзве машыны стаяць пасярод вуліцы. Лізавета ўжо, думаю, даўно дома. Уляцеў у двор – аж спатыкае мяне вачыма жонка. Стаіць, бедная, пасярод двара белая як палатно. Я ткнуўся ў сенцы і аслупянеў. Там у мяне поўнае вешала адзежы вісела. Гэта яшчэ я запасіў дзецям, калі яны гадаваліся без мяне па той бок тае граніцы, каб мой смак да яе сто год трымцеў у варшаўскім горле! Дык стаіць пад тым вешалам немец і абчышчае яго. Знімае боты, чаравікі, хусткі, сукенкі, нагавіцы, паясы, рубашкі і кашулі і ўсё тохціць у чамадан. Божа літасцівы! Тады ўкралі дзяцей! А гэта зноў явіўся зладзюга. Самую памяць аб дваццаці маіх гадах, калі я дзяцей чакаў, крадзе! Парадкуецца, гаспадарыць! Колькі ж на свеце гэтых зладзеяў на маю шыю! Ні ў маладосці, ні ў старасці няма ад іх ратунку! Я яшчэ нічога не ведаю, што ў мяне ў хаце робіцца. Як хаплю я немца ззаду за карак і як тузяну к сабе, дык ён, як тая падла, валіцца на мяне. Я яго штурхануў ад сябе, ён носам у падлогу і як зараве! Бог даў шчасце, што я паспеў падняць з жорнаў камень і накрыць ім нямецкую галаву, так што не разабраць стала, ці была ў немца галава, ці так толькі гэтая крывавая каша. Паспеў я яшчэ заўважыць, як дрыгнулі нямецкія ногі і апруцянелі навек.

– Уцякай! – закрычала жонка. Я даў ходу на вуліцу, аж бачу праз адчыненае акно, што ў мяне ў хаце поўнае застолле немцаў і хапаюць з лавы зброю, а мой Тамаш замкнуў з надворку сенечныя дзверы і да мяне бяжыць з нямецкім аўтаматам. Мы з ім цераз вуліцу і ў сад і адтуль бачым, што яе, жонку, гоняць па вуліцы і страляюць па ёй. Яна ўпала. Мы з Тамашом пабеглі да яе, дык і па нас страляюць. Тамаш як сыпане з аўтамата! Немцы змоўклі. Але іх набегла зноў як плоймы. У Тамаша не было больш набояў у аўтамат, так ён і сеў макам. Адным словам, жонку забралі, а па нас стралялі, аж пакуль мы не адкаціліся за крайнюю хату. З палавіну нашага пасёлка, і жонку маю, пагналі ў лагер, а мы з Тамашом разам з усімі. Ну… Тамаш хлопец бывалы і камандаваць на вайне ўмее.

– А пра Лізавету што?

– А Бог жа яе ведае. Анічагуткі ніякага слыху. Думай што хочаш. Больш я і не бачыў яе. І ў цябе ж, кажаш, дачка малая Ліза. Адкуль ты ведаеш, што яна ў лагеры?

– Я напэўна не ведаю.

Зноў Сымон Ракуцька і Кастусь Лукашэвіч змоўклі на доўгі час. Неба на ўсходзе пачынала шарэць, і зоры цьмелі.

– А ці даўно я так глядзеў на зоры, калі шукаў яшчэ сабе дарогі на ўсё жыццё! Усё прайшло як адзін дзень. І зноў як прыйшлося. Лізачка, дачушка!

Кастусь Лукашэвіч шпарка ўстаў і закурыў. Ён і Ракуцька яшчэ цэлыя суткі так прагутарылі тут, пасля кожнай гаворкі даючы па гадзіне маўчання. А яшчэ цераз дзень тут з’явіўся Тамаш і з ім людзі. Усе аставаліся тут яшчэ нешта з паўтыдня. Цяпер успамінаюць, што ў тыя дні Сымон Ракуцька многа бываў на людзях і любіў слухаць, калі хто што расказваў. Тамаш мала быў відзён. Кастусь жа Лукашэвіч быў вельмі задумёны, бадай што сумны. У апошнюю ноч перад выхадам адсюль з’явілася тут Волька. Яна нашмат змянілася з таго, калі пакінула Сумлічы. Здавалася, што яна стала вышэйшая ростам, рысы твару яе сталі вострымі. Яна была ў мужчынскай жакетцы з саматканага сукна і рукі трымала ў кішэнях. Некалькі гадзін, да раніцы, яна праседзела з Кастусём на паваленым дрэве, і скарга прарывалася ў яе голасе. Яна доўга расказвала Кастусю, як тыдняў два хадзіла наводдалек па лясах і полі там, пад лагерам, і як нарэшце выбрала зручнасць падысці да лагернай агароджы так на вярсту. Там было тарфяное балота, праз якое цякла павольна ржавая рачулка. «Я ляжала ў чорным куп’і некалькі дзён. Раз на дзень да той рачулкі нявольнікі з лагера з’яўляліся па воду. Саматугам яны кацілі бочку на колах. Вартавы немец не ішоў следам за імі, а садзіўся са сваім аўтаматам на купіну і зводдалеку сачыў за людзьмі. Адзін раз я падпаўзла да самай рачулкі і, калі яны ўжо налілі ў бочку вады і пхалі яе назад, я запытала ў іх, ці няма там у лагеры Лізы прозвішча Лукашэвіч… Маладая жанчына з распушчанымі валасамі адагнулася ад бочкі і сказала, што нейкая Ліза ёсць і ўжо даўно ляжыць каля слупа ад агароджы хворая на крываўку. А колькі год можа быць гэтай Лізе? – запытала я, але немец там крыкнуў, і людзі наляглі на бочку. Можа, гэта і яна, даўно ляжыць…» Вельмі доўга яны маўчалі. Канчалася ноч, Волька раптам ткнулася тварам у Кастусёва плячо і зарыдала.

– Нашто цябе благі лёс прывёў тады да мяне, калі я была малая… Божа, якая пакута!

Кастусь змрочна запытаў:

– Дык дзе ж бацька?

– Не ведаю, дзе бацька. Знік. Я яшчэ раз вярнулася была ў хату. Пуста. Павукі адбітае ад дошчак акно заплятаюць.

Як прайшоў дзень і сцямнела, гэтае месца зноў стала пустое. Ні голасу, ні шоргату. Стала поўная цішыня. І ветру не было, але лісце з бярозы падала ўсю ноч, так што зранку ўся зямля пад бярозай была выслана жаўталісцем. Але не было каму цешыцца хараством гэтага малюнка. Тут не было ні душы. Птушкі, што збіраліся зімаваць у лесе, смела садзіліся на паваленае дрэва, і за цэлы дзень ніхто ні разу не спудзіў іх.

III

І тут было скрыжаванне дарог, але малое і своеасаблівае. Хто ведае, чым падтрымліваецца існаванне некаторых глухіх дарог, па якіх мала хто калі ездзіць і якіх ніколі ніхто не правіць і не глядзіць. Але вельмі можа быць, што такая дарога больш бачыла на сабе чалавечага ўтрапення, чым біты шлях. На тым шляху, калі ўпадзе чалавек, яго неўзабаве падымуць. Тут жа ён можа заходзіцца тыднямі ў адзіноце. Малое скрыжаванне было на самым узлессі, кіламетраў за чатыры ад паваленага дрэва і вялікай бярозы. Вялікі шлях, што праходзіў праз гэты лес і далёка ад лесу на паўночны захад, на Вялікім скрыжаванні скрыжоўваўся з Маскоўска-Варшаўскай шашою, тут, за лесам, перасякаў вельмі вузкую, на выгляд толькі палявую дарогу, з пяском, ператоўчаным конскімі капытамі на пыл. Перакрыжаванне тут было простым кутам. Калі вялікі грунтавы шлях ішоў з усходняга поўдня на заходнюю поўнач, то скрыжаваная тут з ім дарога злучала заходні поўдзень з поўднем усходнім. Гэтым апошнім кірункам дарога прыводзіла да Маскоўска-Варшаўскай шашы даволі-такі далёка ад Вялікага скрыжавання. Ад лесу ці ад малога скрыжавання да самай шашы дарога ішла паўз невялікія лясы і скрозь узгорыстым полем і спрэс усюды паўз густыя паселішчы. Так што зранку тут на гэтай дарозе льга было часта пачуць пах дыму з хатніх комінаў. Першы ж кірунак вёў дарогу найбольш чыстым полем, з чыстымі ж узгоркамі. Мясцовасць тут была вышэйшая, узгорыстасць гусцейшая, і дарога не заўсёды ўздымалася ўгару, а давала кругу. Тут яна абвакольвала вядомую на ўсю ўсходнюю Случчыну Малібажкаву гару паміж Заняведамскімі і Вераб’ёўскімі лясамі і рэзалася проста ў некалькі шырозных тарфяных балот. Кіламетраў за сорак з гэтага боку да малога скрыжавання пры гэтай дарозе ляжаў у полі вялікі, як гара, камень дзіўнай формы і не менш дзіўнымі на ім слядамі мінуўшчыны. Камень меў трохкутную форму, як бы палавіну куба, разрэзанага напалам ад аднаго рога да другога і ўбітага ў зямлю адным рабром сваім. Так што было падобна, што гэта каменны зуб увязіўся ў зямлю, а здалёк здавалася, што гэта нешта нейкае стаіць на адной назе. Камень гэтакі высокі, што пад ім мог стаяць чалавек, крыху прыгнуўшыся, і мог такім парадкам закрыцца зверху і ад бомбы і ад дажджу. Верх каменя быў пляскаты і бадай што правільны чатырохкутнік, быццам дошка стала. Нага гэтага каменя абрасла імхом, верх жа аставаўся зусім чыстым. Узлезці на верх гэтага каменя было вельмі цяжка. Малыя пастушкі, найпярвейшыя лазуны, станавіліся пры камені адзін на аднаго і верхняга падсаджвалі, ды і то мала каторы мог здзержацца, вісючы на руках, і не ўпасці на зямлю. На сподняй старане каменя, пад якой чалавек мог хавацца ад якой-небудзь прыгоды, немаведама кім і калі, быў выразаны рысунак тонкімі і неглыбокімі рысамі, але вельмі выразны. Рысунак не быў удалы і тым больш не быў нават блізак да мастацтва. Гэта была вельмі недакладная зарысоўка, і калі добра і доўга прыглядацца да яе, то тады рысунак праступаў выразней: з напятага добра лука страла прыцэлена ў галаву аднарогага быка. Ці гэты рысунак нарадзіўся сваім замыслам у быце тае самае асобы, што пакінула яго тут, ці гэта была простая стылізацыя, цяжка сказаць. У кожным разе рысунак быў старадаўні, гэта відно было з таго, што некаторыя рысы яго даволі-такі прыцерліся. Гэты камень называўся ў гэтых мясцовасцях «сухі дзюб», і не толькі ў гэтых мясцовасцях. Вельмі далёка адтуль, кіламетраў, напэўна, не менш як семдзесят, у Леньках пад самым Грэскам, я чуў, як жанчына сказала свайму малому, які нешта насваволіў: «Ідзі з разгону вытніся лбом аб сухі дзюб». Паўз гэты «сухі дзюб» дарога ідзе далей роўнай лініяй да свае завіліны, а там, раздвоеная на вілы, адным рогам ідзе на тую самую «Перабродскую Злыбяду», дзе, як казаў Сымону Ракуцьку Тамаш, немцы зрабілі канцэнтрацыйны лагер. А другім рогам дарога даходзіць да вялікай сялібы, якая займае шырокі абшар у чыстым полі. Ад усяго тут павявае старадаўшчынай. Да рэвалюцыі гэта быў маёнтак тутэйшага зямельнага магната. Двухпавярховы дом стаяў белым паўкругам, у якім расло больш як паўсотні старых дрэў усялякіх парод. Два сады яшчэ захаваліся паабапал дома. Яблыні і ігрушы ўжо дупляваліся, але яшчэ садавіна адцягвала ўніз іх голле. Незаўважна стары сад пераходзіў у зону маладых дрэўцаў. Гэты малады сад быў пасаджан год сем таму і займаў гектар не менш дваццаці. На зялёным паплаўцы за гэтым садам стаялі будынкі дробнага з выгляду заводзіка, віннага браварца, дзе выраблялася яблычнае віно і гатавалася павідла. За поплавам былі дзве вуліцы новых хат і дамкоў з жоўтымі шуфлядамі і шалёўкай вокан, з кветнікамі ад вуліцы і вяндлярнямі на агародах. З усяго было відно, што тут будоўля дайшла да свайго завяршэння апошнімі гадамі. У гэты час ранняй восені, калі непадалёку ад малога скрыжавання бяроза сыпала на лясную дарогу жоўтае лісце, тут, на поплаве, каля віннага завода хадзіла на пашы чарада кароў, у кожнай з якіх вымя адвісала ніжэй каленных суставаў. У двухпавярховым доме пахла фарбаю і мытаю падлогаю. Вокны былі адчынены, і пад імі ляжалі на двары зграможджаныя разам абы-як школьныя парты і сталы, шафы і чорныя дошкі для пісання мелам. Усё гэта было перасыпана і перашпаклёвана кнігамі, некалькі разоў перамыта дажджамі і бесперапынна прысыпалася пылам з навакольнага поля. Было яшчэ невялікае дапаўненне да агульнага малюнка: некаторыя хаты стаялі з павыбіванымі вокнамі і знятымі з крукоў сенечнымі дзвярыма, а паміж дрэў перад двухпавярховым домам пахаджваў нямецкі паліцай, відаць, нейкі тутэйшы хамула з падстрыжанымі вусамі. З другой стараны дома стаялі грузавікі і лёгкая машына, і два нямецкія салдаты мылі яе. Невядома, які гэта быў дзень пасля таго, як Гертруду і старога Густава малады Густаў спаткаў на Баранавіцкім вакзале, але гэта было праз нядоўгі час пасля таго. У адным з пакояў двухпавярховага дома сядзела за сталом Гертруда і цераз стол насупроць яе той сярэдні афіцэр, што камандаваў салдатамі, калі яны ахоўвалі маладзейшага Густава ў Баранавічах і па дарозе і абстрэльвалі лес паабапал дарогі. Вельмі можа быць, што яны заседзеліся пасля абеду, бо на стале былі ласункі, а час хіліўся на вечар.

– Я стаў за гэты час вашым блізкім чалавекам. І мне яшчэ доўга прыйдзецца ахоўваць вас, – сказаў афіцэр. – Тут шчаслівая выпадковасць. Недалёка адгэтуль канцэнтрацыйны лагер, каля якога стаіць вялікая часць канвою і варты. Я са сваімі салдатамі належу да гэтай часці. Так што адначасна мы ахоўваем і вас і лагер. Вам тут смела можна жыць і працаваць.

– Гэта не выпадкова, – сказала Гертруда. – Наш Густаў, калі выбіраў месца для лагера, сумысля падумаў аб блізасці да гэтага маёнтка. Тут жа яшчэ адно: маёнтак вялікі, а тутэйшых людзей асталося мала, дзе яны падзеліся, невядома, хаты пустуюць…

– Яны паразыходзіліся па лясах і пасталі бандытамі.

– Дык у першыя гады, пакуль вайна, маёнтак будзе трымацца на рабоце забраных у лагер.

– Тым больш я тут доўга буду.

– І я так думаю. Учора, калі мылі падлогу, адна дзеўка так на мяне паглядзела, што я пакінула верыць майму сыну, які кажа, што над тутэйшым народам трэба павесіць меч, і ён уверуе, што гэта тая праўда, да якой ён сам павінен імкнуцца. Божа мой, я не думала, што мне ў мае гады прыйдзецца быць так далёка ад Германіі і перажываць такую трывогу. Усё жыццё мы марылі мець маёнтак у самой Германіі. Дзіўна сказаць, але мой Густаў на тую яшчэ, першую, вайну пайшоў ахвотна. Ён быў радавы. Мы былі арандатарамі. На той вайне ён меў ужо каштоўнасцей на цэлы маёнтак. Але ён не вытрыманы чалавек. У хваробе ён даў дурную волю сваім пачуццям і аддаў чорт ведае каму вялікае багацце. Праз усё жыццё я казала яму, што ён зрабіў злачынства перад Германіяй. Ён гэта і сам разумеў. Ён праклінаў той свой душэўны парыў. Калі з’явілася вучэнне фюрэра аб заваёве Германіяй свету, ён быў адным з тых першых, што ўбачылі тут адлюстраванне сваіх асабістых думак. Гэта ўжо не быў парыў. Наш Густаў з маладых год пачаў рыхтавацца да змагання за ўвесь свет для Германіі. Усё прайшло, як сон. Божа, наш Густаў не будзе арандатарам! Але чаму я сама не свая! Наш маёнтак не ў Германіі, а так далёка. Мы яшчэ не прычакаем, пакуль тут стане карэнная Германія.

Яна падышла да акна і стала глядзець у яго. Відно было поле, вялікі абшар з рэдкімі дрэвамі і на даляглядзе сінія істужкі лясоў. Відно было з другога паверха, як у адным месцы сыходзяцца ў вузел палявыя дарогі і непадалёку відно ў лагчыне мястэчка. Гертруда яшчэ не асвойталася тут. Яна не ведала ні назваў, ні імёнаў, не трымала ў памяці яшчэ аніводнага твару сярод тутэйшых людзей. Часамі смутак сціскаў ёй грудзі. Як вялікага свята, яна заўсёды чакала тых дзён, калі прыязджаў сюды Густаў, яе сын і ваенны начальнік тутэйшай акругі. Ён заязджаў сюды даволі часта. Ён ведаў трывогі і сум свае маці, ён быў ёй добрым і ласкавым сынам. Гэта быў дзейны чалавек і практычны работнік. У яго акрузе былі чатыры канцэнтрацыйныя лагеры, і ён сам займаўся імі. Дзеля іх ён нават зрабіў змены ў агульным для лагера рэжыме. Туды, пад Вялікае скрыжаванне, былі напады на гарнізоны і транспарты, тут жа было чамусьці спакойна, і вышэйшае начальства лічыла гэта заслугай Густава Шрэдэра. І ён, ніколі нічым не выхваляючыся, чакаў таго часу, калі стане на паўкрока бліжэй да свайго фюрэра. Ён да таго любіў дакладнасць і завяршэнне ўсялякай справы, што два разы сам прыязджаў у лагер на «Перабродскай Злыбядзе» і на свае вочы бачыў, як на зямлі ляжаць людзі каля агароджы і навокал бочкі на колах. Што ж да яго маці, то яна нават і ўяўлення не мела, што гэта такое канцэнтрацыйны лагер. Яна толькі ведала тую праўдзівую сапраўднасць, што там многа людзей, якія робяць усялякую работу, калі іх на гэта выганяць…

Перабродскі канцэнтрацыйны лагер меў такі выгляд. Гэта было месца поблізу тарфянога балота з куп’ём і наводдалек ад невялікага лесу. А з двух бакоў было поле. Вялікая прастора была абгароджана калючым дротам, навокал гэтай агароджы стаялі вартавыя салдаты. У адным месцы, ад поля, праз якое тут жа праходзіла дарога, на метраў дваццаць агароджы не было, і гэта было штосьці накшталт уезду і ўваходу ў лагер. Тут не было аніякага будынка, і толькі на полі за агароджай стаяў барак з дошак, дзе жылі салдаты і адкуль проста з парога ішла пратаптаная сцежка ў дробнае мястэчка, схаванае тут жа ў лагчыне. У сярэдзіне агароджы трава была вытаптана, а больш як на палавіне плошчы засыпана пяском невядома дзеля чаго. Гэта было распараджэнне самога начальніка акругі Густава Шрэдэра маладзейшага. Некалькі тыдняў забраныя ў лагер людзі насілі на сабе ў торбах, хустках і ў дапасаванай да гэтага сваёй адзежы пясок з поля і засыпалі траву быццам бы для гігіенічнасці. Людзей тут было то менш, то больш. Быў момант, калі тут было забраных пад дзесяць тысяч. Іх усё адпраўлялі кудысьці на работу. Цяпер тут было людзей пад дзве тысячы. У агароджы, насупраць уезду ў лагер, стаяла пустая бочка на колах. Раз на дзень забраныя па чарзе прывозілі сюды ў бочцы ваду з рачулкі і ставілі бочку на гэтае месца. Хто першы дабіваўся, каб хапіць сабе ў бляшанку з-пад кансерваў вады, той мог лічыць сябе шчаслівым. Месца навакол бочкі было, вядома, самым зручным, каб дастаць вады. Таму, хто ўжо раз заняў сабе тут месца, той і не сыходзіў з яго тыднямі, каб захаваць яго за сабою. Тут так было густа людзей, што ляжаць не было месца. Тут людзі толькі сядзелі. Тут былі толькі здаровыя, што мелі сілу, каб заўладаць тут месцам. Хворыя ляжалі на пяску глыбей у разлегласць, хворыя на крываўку асобна, бліжэй да агароджы. Аслабелыя, але не хворыя – на траве. Ночы цяпер стаялі зорныя і прыхаладалыя, і да самай раніцы чуліся тут: моцны шэпт, кашаль, стагнанне, божканне, моцная малітва таго, хто ўжо не верыў у Бога, і моцная знявага Бога з вуснаў таго, хто датуль шчыра верыў у яго. Раніцаю сонца высушвала слабую восенную расу, і над хворымі яшчэ пачыналі раіцца мухі. Чуўся крык і каманда. Прыносілі тую вечную ва ўсіх турмах, катаргах і арыштных месцах страву, што пры ўсіх уладах і рэжымах завецца «баланда», незалежна ад таго, ці там на вядро вады прыходзіцца бурак ці бульбіна. Усе прывыклі ўжо, што той, каго забіралі адсюль на работу, больш сюды не варочаўся. А ці на благое гэта, ці на добрае, кожнаму нельга было нават і падумаць, а ні то што каб ведаць. Спачатку выгараджаная лагерная плошча была меншая, пасля яе пашырылі, і ад старое агароджы асталося некалькі слупоў без дроту. Прыткнуўшыся галавою да аднаго з гэтых слупоў, тут ужо трэці тыдзень ляжала Лукашэвічава Ліза, у сукенцы, якая была раней светлая, а цяпер стала чорная ад зямлі. Асеннія мухі раіліся над ёю, калі прыпякала сонца, а яна ўсё ляжала і ляжала бадай што ў бяздум’і. Бяздум’е было яе ратункам, і ішло яно ад вялікай слабасці яе цела, боль і ныццё ў якім сталі ўжо яе звычайнасцю. Калі прыносілі баланду і ўсе кідаліся да яе з бляшанкамі ад кансерваў, яна нават не паднімала галавы і не бачыла таго страшнага малюнка, калі чалавек, загнаны ў няволю, у загарадзь і ў натоўп сабе падобных няшчасных, ад якіх адабрана права, самае першапачатковае, патрэбнае нават і некаторым жывёлінам – дзеля сваіх прыродных патрэб пабыць часам у адзіноце, – яна не наглядала, як чалавек тут ператвараўся ў жывёліну, а натоўп у чараду. Каля вядра з баландой людзі збівалі адзін аднаго з ног, ратуючыся ад галоднай смерці і хваробы. Тыя ж, што былі цвярдзейшыя воляй, угаворвалі гэтых і словам і крыкам наладзіць сталасць. І пры баландзе і пры бочцы з вадой заўсёды стаяў шум сотняў галасоў. Спакайнейшыя і вытрыманейшыя аставаліся дзе-небудзь убаку, але затое мала калі і баланду і ваду бралі ў рот. Сярод іх нараджаліся думкі і планы аб уцёках, аб змаганні з нямецкай салдатнёй, аб арганізацыі ўсіх дзеля паўстання і масавым уцёку. Да гэтых належала адна высокая жанчына, да жудасці хударлявая з постаці і з твару. Яна была не маладая і не тое каб старая. Так ёй магло быць год мала-менш як пяцьдзесят. Рысы твару строгія і, можа, нават халодныя. Позірк спакойны, мала рухавы, ён як бы быў выяўленнем чалавечай упэўненасці, што нічога новага на гэтым старым свеце не ўбачыш. Спачатку і яна кідалася ў натоўп па баланду і ваду, але пасля ўбачыла, што лепш быць галодным, чым з памятымі касцьмі. Тады яна пачала ўгаворваць многіх устанавіць чаргу на баланду і ваду. Пачынанне яе перадалося да іншых, і, калі чарга пачала ўстанаўляцца, яна раптам адчула сябе так, што як бы ўжо зачапілася за нейкую справу ці мэту, і гэта вывела яе душу з стану бязвер’я і безнадзейнасці і дало ёй сілы лягчэй цярпець сваё існаванне.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю