355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кузьма Чорный » Выбраныя творы » Текст книги (страница 38)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 04:00

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Кузьма Чорный



сообщить о нарушении

Текущая страница: 38 (всего у книги 41 страниц)

– А унь і тыя Галаскі, дзе Пархвен з пеўнем біўся.

І кожнаму, нават самаму далёкаму ад Галаскоў чалавеку, які ніколі таго Пархвена і не бачыў, здавалася, што Пархвен – чалавек варты смеху і нясталы: вядома, дзе ж гэта на свеце было, каб стары чалавек з пеўнем біўся. Так і склалася ўяўленне па людзях аб Пархвене Катлубовічу. У саміх Галасках часта льга было пачуць, як жанчыны крычалі на дзяцей:

– Чаго вы развар'яваліся, як Пархвен каля пеўня!

Што ж да самога Пархвена, то ён, здавалася, не зважаў на такую сваю славу. Магло быць, што гэта быў чалавек можа і дробны сваёй натурай, але ў кожным разе ён быў задаволен тым, што было ў яго: была смешная слава, была хата, пры ёй двор і агарод, у агародзе прадзедаўскі дуб напроці хатніх вокнаў і жыццё – ціхае і роўнае, у цягавітай працы ад усходу сонца да заходу і з панядзелка да панядзелка. Ён быў скупы на словы, і за гэта сусед не ўзяў яго ў суд за сведку: «Ён жа ў гадзіну па слову цэдзіць». Пархвен пра гэта нават і не ведаў, а думаў, што гэта выйшла таму, што на судзе і без яго абышлося. Ён рана аўдавеў, і з дзяцей у яго была адна толькі дачка. Ён тады зусім як бы ўвайшоў у самога сябе. Упраўляў сваю работу, весну, лета і восень хадзіў босы («так ямчэй» – казаў), гадаваў сваю дачку Марылю, а яна расла вельмі высокая і, калі дарасла да паўналецця, была вельмі мажная, на галаву вышэй за бацьку, які, здавалася, пашчуплеў, і новая рыса з'явілася ў яго: раней ён з малых год наложваў сваю Марылю да работы, а гэта ўсё сам у хаце рабіць стаў: варыў яду, карміў свіней, насіў з лесу ўвосень кашом апенькі, і нехта пусціў пра яго новую пагалоску: у яго быццам на левай назе не пяць, а чатыры пальцы. Марыля з кожным годам яшчэ больш мажнела і пайшла замуж за каваля ў мястэчка на тым беразе рэчкі, да якой даходзілі галаскоўскія паплавы. Тады Пархвен Катлубовіч быццам змяніўся натурай: стаў бываць на людзях і больш гаварыць. А вядома, што ён мог гаварыць, не бываючы ніколі далей зарэчнага мястэчка. Гаварыў пра буракі і рэдзьку, пра алешнік і асаку, пра дупляваты асіннік і пра мак-відук. І пайшлося так, што найбольш ён гаварыў пра гэтыя рэчы з жанкамі, а мужчыны пра яго казалі:

– І чорт яго ведае, як такі чалавек адважыўся біцца з пеўнем, ды яшчэ з п'яным.

Праз некаторы час Пархвен Катлубовіч прынёс з зарэчнага мястэчка ў свой агарод Марылінага двухгадовага сына і пасадзіў яго пад дубам, сказаўшы яму:

– Ты яшчэ, унуча, малы і не ведаеш, што гэты дуб садзіў твой прапрапрадзед. Ты малы?

– Малы.

– А бачыш, колькі жалудоў насыпалася? Бо цяпер восень. Мне няма часу, і матка твая таксама не мае часу, а ты тут збірай сабе з травы жалуды і забаўляйся з імі, а пасля маці цябе забярэ. А калі будзе заходзіць сонца, то зірнеш угару, як тады відно будзе ў дубовым голлі! Я і сам кожны вечар гляджу. Прывыкай да гэтага дрэва. Можа ты яго кожны дзень праз сваё жыццё будзеш бачыць. Бачыш, які жолуд! Зялёны з жоўтым. Бо можа табе суджана жыць у гэтай маёй хаце. Хата яшчэ здаровая, а ты ў мяне адзін. Каму ж хата пасля мяне будзе, як не табе? Можа ты ў вялікім дзе свеце апынешся, як вырасцеш. А дуб сабе будзе на гэтым самым месцы расці, і кожны год жалуды з яго будуць падаць, і табе будзе здавацца, што ты дайшоў ужо да такога месца на свеце, без якога і свет не свет, і людзі не людзі, а тым часам сонца кожны дзень, калі будзе заканчваць сваю дзённую дарогу, прысядзе адпачыць на гэты дуб, а не на тваю галаву, хоць яна і залатая была б. Дык ты і падумаеш, калі чалавекам будзеш, што і дзяды і прадзеды ў цябе былі, і там, дзе яны жылі, сонца на дрэвах бывае кожны дзень... Бачыш унь? Жолуд упаў!

Ён так разгаварыўся, што нават гаварыў, калі ў хату ўвайшоў. Так з ім бывала цяпер. У гэты свой час ён думаў, што можа мала песціў і шкадаваў сваю Марылю, а калі гора яе спасцігне, то што яна добрага ўспомніць са свайго маленства?

– А ты ж не даваў ёй нават у печы паліць, а рабіў гэта сам, калі яна была ўжо вялікая, – сказалі яму, калі ён пачаў раз гаварыць аб сваёй Марылі.

– І добра рабіў, што не даваў, хоць выгулялася дзеўка, – адказаў ён.

І дзіўна было людзям бачыць дробнага ростам Пархвена Катлубовіча, які стаяў ужо на парозе сваёй старасці і так клапаціўся аб сваёй Марылі, якая жыла асобна, мела сваю сям'ю, ростам, размахам плячэй, даўжынёй рук і сілай была падобна на здаровага мужчыну і мела са сваім кавалём багатую дамоўку.

Аднойчы Пархвен Катлубовіч захаладзіўся, пакашліваў, і яму здалося, што прыйшла нейкая бяда. Ён лёг на ложак, каб адляжацца ад хваробы, і наказаў праз людзей Марылі, што захварэў. Таго ж дня падвечар Марыля, як бура, уляцела ў хату, а за ёю ўвайшоў яе каваль. Зяць закурыў, седзячы каля Пархвена, а Марыля падмяла хату, памыла вокны і міскі і пагаварыла з бацькам. І яму стала лепш.

– Заўтра, Марылька, я буду здароў, не прыходзь, – сказаў ён, а сам сабе падумаў: «Заўтра сёе-тое яшчэ мне пабаліць, а паслязаўтра ўжо ўсё пройдзе».

Назаўтра ён, як і заўсёды, устаў нацямочку і да падвячорка спускаў сухастой у лесе, а першым прыцемкам сядзеў на прызбе і глядзеў, як апошняе сонечнае праменне ляжыць на дубовай вяршаліне, а ўвесь агарод пад дубам агортваецца вечарам. Адбывалася і яшчэ многа важнага і патрэбнага: за Галаскамі пракрычала балотная птушка, з шашы доўга чуўся грузавы аўтамабіль, запахла роснаю травою, і неба за агародамі цьмела, зламаная саломіна гойдалася на браме: узнімаўся нанач вецер. «Вось я і здаровы», – думаў Пархвен, хоць і сам не ведаў, чаму якраз з гэтай хвіліны ён стаў здаровы, а, кладучыся спаць, думаў, што ён жыве адзін, і што прыйшла старасць, і што ён у сваім жыцці занадта мала зрабіў для сваёй Марылі. «Ну, што ж, няхай ужо са сваім кавалём там як-небудзь», – суцешыў ён сябе, нарэшце, і заснуў да самай раніцы на доўгую вераснёўскую ноч. Усю тую восень, а пасля зіму і вясну ён пражыў з нейкім цьмяным адчуваннем, што прыйшла старасць, і што ўжо скончаны яго вялікія справы, і што трэба ўжо толькі дажываць веку, і невядомая раней горыч прыйшла да яго. «Я толькі і зрабіў, што пабіўся з пеўнем», – падумаў ён раз. Але суджана яму было вельмі хутка адцурацца гэтых думак, як самай брыдкай непатрэбшчыны. Прыйшла пара гора і думак толькі аб тым, што навісла над душой і перад чым ранейшыя клопаты і гора сталі дробнай забаўкай. Вось дзе была праўда, вялікая і горкая: жылося, былося і прычакалася. Дзеля чаго ж так добра было жыць, калі да такога канца дайшло? Вось калі смутак сапраўдным болем разануў душу аб тым, што Марыля не так многа мела шчасця ў мінулым і ўжо не можа ўспамінамі заглушыць сваей беспрасветнасці. Як яна зблажэла! Страшна стала глядзець, якая яна высокая! І твар яе ўчарнеў за тры дні. Асталася яна адна як ёсць і вярнулася назад да яго і жыве ў роднай хаце. Але гэта ўжо не была тая Марыля, якую ён гадаваў і шкадаваў. Гэта была ўжо пажылая жанчына, праз жыццё якой прайшоў добры чалавек, каваль з зарэчнага мястэчка, і сын, якому ішоў ужо чацвёрты год.

На трэцім тыдні вайны ў зарэчньм мястэчку асеў нямецкі камендант, а яшчэ раней з Галаскоў чутно было, як па шашы грукаюць і равуць нямецкія машыны. У мястэчку пачалі шукаць неадмабілізаваных мужчын. Яны і сапраўды былі і прыхоўваліся, дзе хто мог. Такі самы быў і Марылін каваль. Яму горка было і дом з сям'ёй кінуць, і аставацца яшчэ горш было: на ўездзе ў мястэчка ўжо чатыры дні вісеў на дрэве нехта нікому невядомы, якога гітлераўцы злавілі на шашы і ў той жа дзень павесілі. Каваль сядзеў у лесе, і Марыля насіла яму есці. Калі пачалася ў мястэчку аблава, Марылі ўдалося з хлапчуком на руках выбегчы на паплавы. Прыгінаючыся да прырэчных зараснікаў, яна дайшла да лесу і перад вечарам там жа развіталася з мужам. Іншай рады не было, як ісці яму адгэтуль. Пацалаваўшы Марылю і сына, ён рушыў змрокам дня ў вялікую дарогу. Дзе і як ён пяройдзе фронт і выйдзе да сваіх – гэта здавалася яму лягчэйшай справай, чым тое, што Марылін твар стаў востры і сухі. Ён шпарка ішоў усю ноч і не мог хоць на момант вырваць са сваёй галавы пакутнай думкі аб яблыньках пры доме, якія гэтай вясной першы раз зацвіталі.

Калі яна падыходзіла агародамі да свайго дома, хлопчык штосьці пачаў ёй гаварыць.

– Маўчы, сынок, – сказала яна, – а то пачуе немец.

Спалоханае дзіця сціхла, але ад ворага не ўратавалася: ён сядзеў у сенцах, замок з якіх сарваў з прабоем. Ён толькі яе і чакаў, нават і ў хату не пусціў, так з сянец і пагнаў разам з хлопчыкам у каменданцкую ўправу. Тры дні там яе дапытвалі, дзе яе муж. Ужо ёй выкруцілі палец на левай руцэ, ужо ўвесь твар быў у крывавых сіняках, і апроч таго, што каваль у арміі, яна нічога не магла сказаць. Уначы на чацвёрты дзень камендант прыклаў рэвальверную рулю да хлопчыкавага вуха і ціха сабе, быццам гэта ён адрэзваў прыгожымі нажнічкамі кончык цыгары, стрэліў. Марыля спачатку закрычала, пасля анямела. Так яе выпхнулі на двор і, б'ючы рамянямі, прагналі далёка ад каменданцкага дома, і яна ўжо не бачыла, як салдат выкінуў яе нежывое дзіця праз акно на дарогу паміж травяністым капяжом і плотам. Больш за тыдзень яна, як адзічэлая, прабадзялася па лесе, полі і прырэчных паплавах, а пасля прыйшла да бацькі чакаць нечага таго, што набліжаецца з кожным пражытым днём.

Час – найлепшы доктар чалавеку. Ён уціхамірыць хоць які боль. Пасля лета прыйшла восень, а пасля зіма. Марыля ўсё жыла ў бацькі і аднойчы ў сярэдзіне лютага змрокам дня сказала бацьку:

– Нешта сёння больш як заўсёды верх дуба на агародзе стаіць на сонцы.

– Бо дзень пабольшаў і вясна блізка, – адказаў Пархвен Катлубовіч, ужо сівы каля вушэй і аблыселы наверсе галавы стары чалавек. Ён аж выйшаў на двор, пакуль не змеркла, глядзеў адтуль цераз вуліцу на дуб у агародзе і ўсё гаварыў сам сабе, быццам спяваў:

– Вось і зіма прайшла, і дзень вялікі, і перазімавалі, і вясны дачакаліся...

Якія прыйшлі неўзабаве ночы! Лес трашчаў і гуў ад густога ветру. Снег пачаў асядаць, і на світанні дзён ружовы водбліск неба ляжаў у снегавой вадзе. Шаша за Галаскамі стала чорнай. Вароны бадзяліся па голай мокрай зямлі, і яснымі адвячоркамі сонца ўсё больш і больш затрымлівалася на дубовай вяршаліне. А тым часам у зарэчным мястэчку з'явіўся новы чалавек – высокі, сярэдніх год і як бы прысутулены. З гэтай прысутуленасці і з паходкі яго пачалі пазнаваць тутэйшыя пажылыя людзі. Пазнаў і Пархвен Катлубовіч. Раз, стоячы пры акне і гледзячы на вуліцу, ён сказаў Марылі:

– Паглядзі, вуліцаю ідзе чалавек і з ім салдат. Каб стары Пфайфель не памёр, я падумаў бы, што гэта ён.

– А хто такі Пфайфель? – запытала Марыля.

– А па той бок рэчкі пры самым мястэчку быў у старыя часы маёнтак пана Гальцовіча, і правіў усім маёнткам наняты немец Пфайфель. Гальцовіч пасля злавіў яго на тым, што ён цягнуў у сваю кішэню з маёнтка больш, чым аддаваў самому Гальцовічу, і прагнаў яго, і той паехаў назад у сваю Нямеччыну, а пасля прыехаў да другога пана, па той бок шашы, і перад самаю той вайной памёр. А гэты, што ішоў цяпер вуліцай, кропля ў кроплю – той.

Праз некалькі дзён усіх галаскоўцаў і местачкоўцаў сагналі разам, і той, падобны на Пфайфеля, сказаў перад людзьмі прамову:

– Я прыехаў на гэтую зямлю, якую некалі мой бацька даводзіў да ладу. Ён, нябожчык, многа сіл аддаў гэтай зямлі. Ратунак гэтай зямлі ў нямецкай культуры і арганізаванасці. Даўней паны, а пасля бальшавікі тут не ўмелі гаспадарыць. Я навучу вас культурнай працы на зямлі.

Так галаскоўцы дазналіся, што гэта прыехаў да іх уладаць тым даўнейшым маёнткам сын таго Пфайфеля. Ён асталяваўся жыць на краю мястэчка ў былым калісьці панскім доме. Дом стаяў на высокім месцы, і з галаскоўскай вуліцы з тых дзён відно стала, што пры доме стаіць на варце нямецкі салдат. І галаскоўцам пачало здавацца, што дарога ім туды, на той бок рэчкі, загароджана. І гэта было адчуванне такое, што як быццам ад чалавека адабралі паўсвету. Адтуль жа салдату Галаскі былі відны толькі вярхамі стрэх, а ніжэй густа раслі сады, а цераз стрэхі чарнелася лінія шасейнай дарогі, далёка, за шэрым полем. У гэтым полі была доўгая града хмызняку, яна цягнулася да самай шашы і на той бок яе. Аглядаючы праз бінокль мясцовасць, Пфайфель заўважыў, што вартавы салдат не можа са свайго месца бачыць гэтую хмызнячную граду з-за нейкага вялікага дрэва, якое густым сваім голлем нават і цяпер, калі яно бязлістае, закрывае даволі шырокі прагалак за Галаскамі. Пфайфель зацікавіўся гэтым дрэвам з трывогай: хмызняком могуць ісці партызаны, а пасля хмызняку ўжо і полем могуць ісці проста сюды: іх будзе скрываць дрэва, а лепш за ўсё яму самому па некалькі разоў на дзень аглядаць праз бінокль усю шырыню мясцовасці. Ён нацэліўся на невядомае яму чужое дрэва і пачаў удакладняць, дзе яно расце. Два салдаты-інваліды закончылі пошукі тым, што нарэшце апынуліся ў агародзе Пархвена Катлубовіча пад дубам. Вось яно, тое дрэва! Цэлы тыдзень пасля гэтага клопат тачыў і Пфайфеля, і каменданта: выгнаныя на спілаванне дуба галаскоўцы ніякай рады даць не маглі: дуб быў у некалькі абхватаў і таўсцейшы за даўжыню піл. Пілы рваліся, а дуб стаяў. Спілаваць яго нельга было. Прайшоў тыдзень марна. Тады камендант загадаў Пархвену Катлубовічу за два дні прыбраць з агарода дуб. Пархвен, як стаяў перад камендантам зняўшы шапку, так і дадому прыйшоў з шапкаю ў руцэ і так прасядзеў на лаве каля стала да самага вечара. А змрокам ён пераабуўся ў навейшыя боты і выйшаў з дома, і хоць ён нічога пэўнага не сказаў на адвітанні Марылі, але яна і так ведала, што ён проста толькі сышоў, бо жыцця ўжо тут больш не будзе. «А я буду пільнаваць хаты», – цвёрда падумала яна і перабыла тую першую ноч з вялікім смуткам. Зранку ўзышло сонца, і ёй стала лягчэй на душы. Праз два дні сам Пфайфель з салдатам-інвалідам прыйшлі ў Галаскі і доўга глядзелі на дуб. Ён стаяў сабе вышэй над усёй мясцовасцю, а пад ім ляжалі парваныя і пашчэрбленыя пілы. Пфайфель тым днём гаварыў каменданту, што гэты дуб трэба адправіць у Германію, каб там пабачылі, якія дзівы вырастаюць тут і якую багатую краіну заваявалі нямецкія салдаты. Камендант быў салдат, а не мяккадушны летуценнік. Ён адказаў:

– Кругом тут з'яўляюцца партызаны, і трэба хутчэй прыбраць дуб з вока.

– А як жа яго так скора зняць? – абазваўся перапалоханы Пфайфель.

– Я распараджуся, – сказаў камендант.

Выконваючы яго новы загад, назаўтра зранку пацягліся ў агарод Пархвена Катлубовіча галаскоўцы і местачкоўцы. Кожны нёс бярэмя дроў. Пры дубе наклалі дроў у сажань вышыні і падпалілі. За гадзіны дзве дровы згарэлі, дуб знізу абсмаліўся, і агонь патух. Пасля абеду Пфайфель зірнуў праз бінокль і ўбачыў дуб. Ён закалаціўся ад незразумелай яму самому трывогі і пабег да каменданта. Той, як мог, давёў яго да спакою, але ненадоўга. Як толькі пачало змяркацца, Пфайфелю пачало здавацца, што дуб з Галаскоў прысунуўся да самага мястэчка і ўжо зусім блізка стаіць каля дома. Пфайфель доўга не мог заснуць у тую ноч і сонны і злосны пайшоў на раніцы да каменданта і зрабіў яму заўвагу, што гаспадар дуба недзе знік з дома і ніхто яго не шукае, а дуб стаіць сабе, як і стаяў. Пасля ён нават сказаў штосьці каменданту аб сваіх нейкіх адмысловых паўнамоцтвах. Камендант нічога не адказаў і толькі ткнуў пальцам кудысьці за дом на дарогу, дзе ехаў цэлы абоз з дрывамі. Пфайфель здагадаўся і з двума салдатамі-інвалідамі пайшоў у Галаскі глядзець. Там ён застаў на Пархвенавым агародзе вялікі гармідар. Гітлераўскі салдат крычаў на людзей, а яны цэлыя шуркі дроў укладвалі пад дубам. Пфайфель не вытрымаў і сам пайшоў падпальваць. Ён запаліў укладзеную ў дровы кудзелю і рушыў назад у мястэчка. На ўваходзе ў вуліцу ён прыпыніўся і азірнуўся. Дым і агонь вельмі выразна відзён быў яму адгэтуль. У каменданта ён узяў новага салдата і зноў пайшоў туды.

Дуб стаяў, здушаны вогненнымі сціртамі дроў. Цэлыя бярвенні гарэлі пад ім. Людзей ужо не было. Толькі адна нейкая жанчына ў кароткай ватовай вопратцы стаяла, узлёгшы локцямі на загарадзь. Яна была высокая і нейк дзіўна паглядзела на яго, калі ён з'явіўся.

– Што глядзіш? – запытаў ён па-расейску.

Яна не адказала і пайшла ў хату напроці агарода. Яго быццам укалола яе маўклівасць, і ён пайшоў назад: за гэты дзень ён ужо даволі нахадзіўся, і лішняя турбацыя не ўваходзіла ў яго планы. Да абеду яму яшчэ трэба было пагаліцца і абдумаць сёе-тое на далейшае, а пасля – абед, і якраз у той дзень са смажанымі трусамі, а трусінага мяса ён ужо не спрабаваў дзён тры, а гэта парушала яго планы ў гэтай краіне, распрацаваныя ім да канца вайны. Так ён з лёгкім сэрцам забыўся пра маўклівую жанчыну. Але яна не магла забыцца на яго. Ноч прыйшла пасля таго дня шумная, з ветрам і дажджом, у полі гуло і ў прырэчных зарасніках трашчала голле. Ніколі раней так моцна жанчына не адчувала сваю адзіноту, як цяпер, – быццам бы толькі цяпер дайшло да яе свядомасці, што страчана навек самае важнае і дарагое: і застрэленае дзіця, і муж, і стары бацька, і тыя гады, якія трэба яшчэ пражыць, і гады, што пражыліся, – і нічога як і не было, і нічога як і не будзе. На світанні ёй здалося, што бацька прайшоў каля вокнаў. Яна выйшла на панадворак, і нікога там не было. Дзень пачынаўся мокры. Скрозь стаяла вада і са стрэх капала. Дуб стаяў на агародзе над асмалкамі, вуголлем і попелам, сам увесь апалены і з далёка працягненай ніжняй тоўстай галінай. А верх яго такі ж самы, як і быў, але знізу дробнае голле патлела. Цяпер ён ужо не закрые сабой шашы і хмызняку ад Пфайфелевых і салдацкіх воч. Марыля ледзьве перабыла той дзень. Усё, што ўжо з часам уціхамірылася, зноў паўстала перад ёю, як з магілы. Так прыйшла ноч. Зноў доўгая, і зноў з дажджом і ветрам. Ужо даўно спяваў певень у прыгрэбцы, і світанне цадзілася паволі. У смутку і горы яна выйшла з хаты і кінула позіркам на мястэчка. Там, як мурашка малы, відзён быў здалёк нямецкі салдат на варце.

– Ты мне свет завязаў, – заплакала яна, адварочваючыся.

Тут яна ўбачыла, што паліцэйскі залез на верх дуба.

– Куды ты палез, хамула! – крыкнула яна.

– А мне загадалі абцерабіць дуб: колькі яго ні палілі, усё роўна закрывае дарогу. От бо ўдаўся, і агонь яго не бярэ!

Праз гадзіну дуб стаяў без верхняга голля. Марыля ўвесь той дзень выходзіла глядзець, як стаіць далёка постаць нямецкага салдата. І так было кожны дзень. Нарэшце яна пачала думаць, што далей так не вытрымае, што ўсё гэтае невядомае чаканне скончыцца вялікай бядой, мусіць, нейкай страшнай хваробай. Яна пачала баяцца сваёй адзіноты, і ночы ёй сталі пакутай. А вартавы немец усё стаяў на тым жа месцы. Так і вясна пачала ўбірацца ў сілу. Аднойчы Марыля захацела ўспомніць мінулыя маладыя дзявочыя гады і прайшла босая сваім дваром па халоднай і яшчэ мокрай зямлі. Так яна хадзіла калісьці, але тады быў пры ёй бацька. А цяпер яна адна. І вось яна ўсвядоміла сваю адзіноту і падумала, што ёй трэба сысці зусім адгэтуль, можа нават і назаўсёды. Можа ёй трэба пашукаць бацькі. Счакаўшы дзён два, яна пачала збірацца ў невядомую дарогу: сядзела ў куце і плакала. Тады якраз прыйшлі па яе. Усе галаскоўскія жанчыны стаялі ўжо на вуліцы цесным натоўпам. Паставілі ўсіх пры сцяне, і доўга адзін з паліцаяў тлумачыў, што ўсім трэба ісці ў новую сялібу да Пфайфеля і вычысціць яму стары панскі сад і ўскапаць у агародзе грады пад пасадку гародніны. І выйшла так, што Марыля з дня ў дзень працавала ў Пфайфеля – то ў агародзе, то ў садзе. Яна не адпрошвалася ад работы, як усе: агарод пры бацькавай хаце ў яе пуставаў, ёй ні разу не прыйшло ў галаву рабіць што-небудзь каля дому. Тупы смутак увесь час ныў у яе душы.

Паліцай, што ганяў жанчын на работу да Пфайфеля, ужо добра ведаў гэтую жанчыну, яна не адрываецца ад працы і ўсё маўчыць. Раз і сам Пфайфель накіраваў на яе пільную ўвагу. У той дзень многа жанчын і некалькі старых галаскоўскіх мужчын працавалі ў яго садзе, і ён з веранды ўбачыў і пазнаў тую самую жанчыну, што калісьці маўчала, гледзячы на абсмалены дуб у агародзе. У добрым настроі цяпер ён лёгкімі крокамі падышоў да яе і захацеў з ёю пагаварыць.

– Што ты ўсё маўчыш? – сказаў ён. – Ну, не маўчы! Муж у цябе ёсць?

– Ёсць.

– І дзеці?

– Сын. Чатыры гады яму. І муж, і сын, і стары бацька, і мужаў дом у мястэчку, і хата бацькава ў Галасках, і я сама як хачу, так і жыву з мужам, з сынам, з бацькам.

Тут яна махнула рыдлёўкай і адным ударам раскроіла яму чэрап. Ён упаў разам з акрываўленай рыдлёўкай на леташняе непрыбранае прэлае лісце, доўгі і тонкі, не паспеўшы пагаварыць з невядомай яму жанчынай, асвойванне душы якой ён увёў у свае планы разам з аднаўленнем гэтай старой панскай сялібы і з будаваннем новай трусінай фермы.

Ужо і сонца рушыла ў поўдзень, а ён ляжаў нечапаны нікім, і на стале ў яго ляжала недапісанае пісьмо ў Германію, дзе ён паведамляў свайму швагру, што аднаўленне сялібы падыходзіць да канца і што патрэбен прыезд яшчэ двух новых гаспадароў. Пісьмо было перарвана на тым месцы, дзе ён угаварваў швагра хутчэй закончыць у родным горадзе свае справы і прыязджаць сюды.

Марыля падышла да жанок і сказала:

– Унь там ляжыць спруцянелы Пфайфель. Я яго забіла.

Жанкі анямелі. Марыля пайшла сцежкаю ў поле.

– Куды? – загарадзіў ёй дарогу паліцэйскі.

– Браток, ты ж местачковы, хамула ты дурны, ты ж мяне змалку ведаеш, пусці.

– Ідзі назад, – загадаў ён, – раз я служу, то я павінен.

Яна пайшла назад і сказала жанкам:

– Паліцэйскі не пускае.

І гэта ўзварушыла ўсіх, з рыдлёўкамі, граблямі і віламі ўсе пабеглі ў палявую сцежку, паліцыянт стрэліў у паветра, адна з жанчын пхнула яго ў грудзі, ён упаў, і ўсе беглі цераз яго. Праз колькі хвілін усё тут апусцела. Некалькі дзён і Галаскі пуставалі, і толькі пасля то той, то сёй з'яўляўся дадому. Пайшлі тыдзень за тыднем, і хата Пархвена Катлубовіча стаяла пустая. Сенечныя дзверы былі адчынены, адно акно ад двара аставалася таксама адчыненае і ўдзень і ўночы, і праз колькі дзён вецер з дажджом вырваў гэтую фортку і пабіў шкло. Запуставала і старая панская сяліба на краі мястэчка.

Ужо час падыходзіў да пачатку лета. Яшчэ не змяркалася, як Пархвен увайшоў у свой двор з паплавоў. Над Галаскамі вісла вялікая цішыня. Пархвен як сам не свой патупаў па двары, зазірнуў ва ўсе куткі, увайшоў у хату, заўважыў вырванае акно і, сумеўшыся, пастаяў перад ім. На зямлі было ўжо змрочна, але неба яшчэ было яснае. Раптоўнае хваляванне зварухнула Пархвенаў твар. Ён шпарка падышоў да вулічнага акна і зірнуў туды, дзе па той бок вуліцы, на агародзе, сонца павінна было ўжо быць на вяршаліне дуба. І раптам ён уздрыгануўся: ён убачыў у небе чорны высокі ствол без голля, і толькі адна тоўстая і таксама чорная галіна знізу зелянелася густымі новымі парасткамі. А сонца ляжала дзесьці не тут, а далей, за далёкай шашою ў полі. Гэта быў ніколі раней, з самых малых дзён, не знаны ім свет, і нічога таго, што было ў яго праз усё жыццё, ужо не было тут. Усё было чужой рукой вырвана і знявечана. Яшчэ не было ў яго такога вялікага смутку нават тады, калі ён пакідаў родную хату.

– Божа мой, – сказаў ён, шпарка і з вялікім страхам выходзячы з хаты і ныючы душой.

«Хоць бы хто на вуліцы быў! Хоць бы дзе адна жывая душа! Можа хто сказаў бы, чаму пустуе хата, і як, і ці даўно ўжо?» Калі прайшоў ён паўз дзве суседнія хаты – укалола яго жудасная здагадка: Галаскі пустыя як ёсць. Ён парадкам пачаў заходзіць у кожную хату, стукаў у вокны і дзверы, а дзе не былі замкнёныя сенцы – уваходзіў у хату і ўсюды казаў:

– Хто жывы, абзавіся!

І ніхто яму не адказваў нідзе. Асмялелыя мышы сядзелі на сталах і лавах, пацукі пазвешвалі з паліц нерухомыя хвасты, усюды была нежывая вільгаць, адзічэлыя каты зазіралі яму ў вочы і кідаліся ад яго. Так ён перабраў усю вуліцу і, гнучыся, уцягваючы галаву ў плечы, рушыў назад да сваёй хаты. З трывожным чаканнем ён адчуў, што слабее. Лёг на край халоднай печы і неўзабаве задрамаў. Дрымота перайшла ў сон. Пабудзіў яго жаночы голас; нараспеў нейкая жанчына гаварыла просьбу:

А галубочкі родныя,

А не дайце прапасці,

А дайце хлеба на раз укусіць,

А пераначаваць пусціце.

А было ж у мяне многа ўсяго...


Сонны Пархвен падняў галаву і чамусьці крыкнуў:

– Адкуль ты?

– З Малога Прысынка.

– А хто ты такая?

– Няшчасная маці, у якой гітлераўцы забілі дзяцей. Божачка мой, літасцівы мой!

–А ці не чула ты, чаму гэта Галаскі абязлюдзелі?

– А ты ж чаго сам апынуўся тут?

– Вярнуўся з уцёкаў, і мне пустэча як сто пудамі на грудзі і – канцы могуць прыйсці.

– А тут, кажуць, быў такі Пархвен, што з п'яным пеўнем біўся. Дык яго дачка, дай Божа ёй здароўя, нямецкага пана, нейкага Пфайфеля, на той свет адправіла. Гітлераўцы яе шукаюць і траслі Галаскі так, што ўсе з хат, хто куды мог, разышліся.

– А дзе яна?

Жанчына на яго паглядзела:

– Як жа ты так пытаеш? Ці маеш ты, чалавеча, розум? Хто ж гэта можа ведаць, дзе яна? А каб і ведала, то – хіба я ведаю, дзе яна? Няхай яе Бог ратуе.

– Я ж яе – ты ведаеш? – бацька.

– Што ты выдумляеш?

– Дальбог жа, гэта я з пеўнем біўся. З мяне ж праз усё жыццё смяяліся. Гэта я. Не верыш? Дык сядзі ж у гэтай хаце. Аддаю яе табе.

Жанчына ўздыхнула і пайшла, а ён убачыў, што заходзіць сонца. Стаў перад акном і зноў жахнуўся: недзе там, далёка, ляжала сонца, дуб стаяў чорным асмалкам, а адна галіна зелянелася. Толькі яна адна і асталася. Ледзьве прычакаў ён, пакуль сцямнела, а тады рушыў на другі канец Галаскоў, дзе, ён праз усё жыццё ведаў, у чалавека пад свірнам заўсёды ляжаў лом. З радасцю ён абмацаў яго, узяў на плячо і пайшоў, сам сабе шэпчучы:

– Гаспадара няма, а ты, ламок, ляжыш сабе. Вылежаўся, выкачаўся.

Ён ішоў гадзіны са дзве ціха і бесперастанку. Ён пакідаў за сабою ўсё, што калісьці поўніла яго жыццё. Вось ён мінуў доўгую граду хмызу, перайшоў упоперак шашу і як бы ўпаў у вільгаць логу, а адтуль ішоў проста. Свяцілі зоры, і стаяла цішыня. Сэрца яго калацілася, але разам з тым цвёрдасць намераў уціхамірвала яго хаду. Усе гэтыя кіламетраў сем ён прайшоў паволі: ён ведаў, што доўга яму трэба будзе выбіраць месца і зручны момант. Вось ён і два ляскі мінуў, і балота, і азярцо абышоў, і хутарская паляна мільгацела светлякамі. Унь там! Трыма крокамі ён перайшоў схілісты адкос, лёг на зямлю і прыгледзеўся. Нерухомая постаць нямецкага салдата відна была ў змроку. Цягнучы за сабою лом, ён адпоўз на ранейшае месца і выйшаў на адкос праз чвэртку кіламетра. Позірк направа і налева – нікога нідзе. Божа, памажы! Сэрца распірала яму грудзі. Ён падклаў лом пад рэйку і павярнуў угару. Божа, якая цяжкая рэйка! Утапіць бы яе ў лужу. Ён яе спусціў з адкосу і некалькі разоў калупнуў пад яе ломам. Балота! І рэйка пайшла ў прорву. Зараз можа быць усё, чаго так прагне яго змучаная душа. Ён адышоўся можа за паўкіламетра, і лёг на зямлю, вухам на траву, і чакаў. Вось яно, грыміць зводдалеку, звоніць, дыхае. Божа, як марудна, канца няма, але раптам гром, грукат, стукат, бразгат, і ўстанавілася цішыня. Шчасце! Палавіна страчанага жыцця вярнулася да чалавека. Каб так кожную ноч! Але ж лома няма. З рэйкай ён уплыў у балота. У мястэчку, у зяця, у каваля, два ламы былі, ляжалі ў прыбудоўцы к сенцам. А што каб ціхом пайсці і ўзяць да наступнай ночы? Як бы там ні было – трэба хутчэй даваць адгэтуль ходу. Сонца ўжо застала яго каля Галаскоў. Па той бок рэчкі мястэчка відно было яму выразна. Ён падумаў: напэўна, і мястэчка абязлюдзела. Чаму там так ціха і ніякага руху? Нацянькі ён рушыў проста да кавалёвага дома. І як толькі апынуўся ля шула кавалёвай брамы, убачыў: ён вельмі неасцярожны – проста перад ім усю вуліцу акідае позіркам немец. Ён кіўком пальца паклікаў да сябе Пархвена. І калі той ступіў тры крокі, гітлеравец крыкнуў і паказаў яму пальцам, куды ісці. Пархвен ціха рушыў да вялікага натоўпу, які нерухома і маўкліва займаў усю вуліцу. Пархвен бачыў, як стаяць местачкоўцы. Чаго яны так пасталі тут? Унь стаіць муляр Костусь, а унь Юрась-мельнік, Раман-шавец. Унь настаўнік, у якога яшчэ вучылася Марыля. (Божа мой, дзе яна!) Унь стаіць Тамаш Васілюк, той самы, што ў юнацкіх гадах вельмі сябраваў з ім, Пархвенам. Унь Васіль Сцяпуцкі, які разам з Пархвенам калісьці хадзіў у заработкі. Унь Янук Кастэцкі, дачка якога Ганнуся дружыла з Марыляй. Усе стаяць. І Раман Шабуня, і Змітрок Ярмаліцкі, і Канстанцін Шкуцька, і Мікалай Цвіркевіч... Пархвен стаў, не дайшоўшы да натоўпу. Тут нямецкі крык загадаў яму ўвайсці ў натоўп. І толькі ў гэтую апошнюю хвіліну Пархвен заўважыў, што аўтаматчыкі трымалі наведзены на натоўп цэлы рад аўтаматаў. І ў гэты момант як бы нейк загаўкаў прарэзлівы і крыклівы гітлеравец:

– Чацвёрты раз заяўляю: калі зараз жа не будзе сказана, хто забіў афіцэра сельскай гаспадаркі Пфайфеля, аўтаматчыкі расстраляюць адным залпам усіх да аднаго!

Тут Пархвен убачыў, як наводшыбе ад усіх чамусьці стаіць Марцін Лагута. Натоўп не зварухнуўся. І зноў нямецкі галасіна:

– Апошні раз заяўляю: калі і цяпер не скажаце, – спачатку страляю яго (гітлеравец паказаў на Марціна Лагуту). А тады – усім капут!

Натоўп маўчаў. Фашыст махнуў рукой, бухнуў стрэл, і Марцін Лагута ўпаў мёртвы. Пархвен уздрыгануўся.

– Апошні раз заяўляю! – зноў крычыць гітлеравец.

Божа! Літасцівы! Яны ўсіх зараз заб'юць. І Рамана, і Кастэцкага, і Костусь ляжа, і ўсе яны – мілыя, любыя сябры, браты, таварышы. Як жа ратаваць іх? Вось дзе пакута!

– І калі не скажаце, хто забіў... – ірве вушы нямецкі голас... Хвіліна маўчання і...

– Гэта я забіў! – пачуўся раптам Пархвенаў голас.

Тут рух адбыўся сярод немцаў.

– Ну, ідзі!

Рад – няволя, а ісці трэба. Пархвен выйшаў з натоўпу, і два немцы сталі паабапал яго. Каманда аўтаматчыкам, і яны пайшлі ў вуліцу. Натоўп загуў і заварушыўся. Пархвен бачыў перад сабою лес і над ім сонца. Ужо яно не ляжыць больш на дубе. Ужо і Марылі няма, і яе сынка няма, і каваля – хто ведае, што з ім! І Галаскі пустыя, і пацукі там з паліц хвасты пазвешвалі... І тут Пархвен крыкнуў, ідучы:

– Чаго ж вы стаіце, местачкоўцы? Ратуйце свае галовы!

– Чуем! – пачуў Пархвен голас ужо дзесьці з агародаў. Ён скоса азірнуўся і бачыў, як людзі па адным мільгацелі ўжо за мястэчкам. Натоўпу даўно ўжо не было на вуліцы. («А я крычу!») Як яго ўводзілі ў двор каменданцкага дома, ён убачыў, як тая ўжо знаёмая яму жабрачка ідзе агародамі з торбамі і з кіем. Змрокам таго дня ён стаяў пасярод вялікага пакоя ў тым доме, дзе жыў камендант. Твар яго быў у крыві, адзежа вісела на ім шматкамі, у вуха яго была ўстаўлена з паперы труба, і ў яе немец крычаў:

– Не ты забіў! Гавары, нашто бярэш на сябе віну?!

Крык за сценамі можа сотні галасоў перарваў немца. Людзі ўварваліся ў дом і ў гэты пакой. Следчы гітлеравец спалатнеў, закалаціўся і падняў рукі ўгару. За мястэчкам стральба чутна была да самай раніцы.

Месяц у тую ноч змеркнуў позна, ужо ружавела неба на ўсходзе.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю