Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 37 (всего у книги 41 страниц)
Але Дзядзюля быў вялікім актывістам. Хоць работа ў яго дома і стаяла, але затое ён быў практыкам у тым, каб лезці ў цэнтр «вялікіх» спраў. Ён пакрысе лез у кааперацыю, у малочную арцель, а пасля і ў сельсавет. Нейк так выходзіла, што ён заўсёды трапляўся пад рукой, заўсёды ўсё ведаў, заўсёды пра ўсё мог тонка здагадацца, і нават самыя лепшыя працаўнікі так да яго прывыкалі, што трацілі патрэбу падумаць пра яго, а што гэта за чалавек такі? У гэтай справе Сафрон Дзядзюля быў сапраўдны талент, можна сказаць, глыбокі і тонкі. З некаторага часу ён пачаў нават дабірацца да раённага цэнтра, каб прымасціцца там, калі не на службу, то на годнасць раённага актывіста. Але райвыканком быў ад яго дома далёка, і Дзядзюля задаволіўся тым, што пакінуў за сабой агульнапрызнаную годнасць то «душы ўсіх спраў», то «цэнтра ўсіх спраў» у сельсавецкім маштабе. Вядома, з такога чалавека кпілі ў кожнай хаце, але за вочы. У вочы ж ніхто не хацеў з ім звязвацца, кіруючыся прыказкай, што «воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць». Скончылася тым, што словы «душа» і «цэнтр» з'ядналі разам і пачалі зваць Дзядзюлю «цэнтральнай душой». І от гэтая «цэнтральная душа» здолела так усадзіць свой нос у сельсавецкія справы, што Вольчын бацька ніякай даведкі не дабіўся. Злосны на ўвесь свет, ён напісаў дачцэ горкую праўду, што не мае больш сіл і цярплівасці.
Даходзілі чуткі, што Вольку з рабфака звольнілі.
Але дадому яна, аднак, не прыехала. Яна нібыта недзе асталася на працу, а вечарамі хадзіла ў вячэрнюю школу. Як бы там ні было, яна аднойчы ўлетку прыехала дадому на два тыдні з прычыны хваробы маці. Маці памерла і была пахавана ў тым далёкім кутку могільніка пад вязамі, куды цяпер хадзіла прыцемкамі незнаёмая жанчына. Пасля смерці маці Волька была яшчэ дома дзён чатыры. Яна крыху змянілася – пасталела, выраўнялася з паставы і стала яшчэ прыгажэйшая, як была.
Дзядзюля бачыў яе здалёку, і, як толькі яна паехала ў свой горад, следам за ёю пайшла заява, што яна ў свой час была звольнена з рабфака як кулацкая дачка. Здарылася так, што бацька яе тыдняў за пяць да яе прыезду і купіў быў на гадоўлю цяля. Пасля пахавання жонкі, выпраўляючы Вольку ў горад, ён цяля прадаў і грошы аддаў ёй. Яна не хацела браць, але ён упрасіў яе: яму было прыемна хоць так выказаць сваю сардэчнасць да сваёй дачкі, якая толькі адна і асталася цяпер у яго. Такім парадкам, у Дзядзюлеву заяву было ўпісана, што апошнім часам Вольчын бацька займаецца спекуляцыяй цялятамі.
Зноў пачалі даходзіць у вёску чуткі пра Вольку. Гаварылі, што начальнік той установы, дзе яна працуе, прыслаў сюды ў сельсавет запытанне. Але ніхто не ведаў, што Дзядзюля зноў уцёрся ў гэтую справу. Поўны задавалення, ён слухаў гаворкі, што Волька нібы без працы. Але праз нейкі час Волька пачала раптам прысылаць бацьку грошы. Устрывожаны Дзядзюля пачаў збіраць весткі пра Вольку, але бацька яе раптоўна памёр, і пахавалі яго суседзі: Волька не прыехала. Больш таго, яна нават не адказала на тэлеграму, якую ёй далі. У тым, значыцца, горадзе яе ўжо не было. Рад – няволя, а Дзядзюлю прыйшлося забыцца на ўсю гэтую справу. Праз некаторы час Волька прыслала бацьку грошы, але іх ніхто з пошты не забіраў, і яны пайшлі назад. Узнепакоеная Волька напісала бацькаваму суседу, і той адказаў, што бацька памёр і пахаван побач магілы маці. Пра Вольку больш нічога не было чуваць.
Жывая карціна ўсяго гэтага і паўстала перад Дзядзюлем, калі незнаёмая жанчына нагадала яму Вольку. З задаваленнем думаючы аб тым, што ён сваімі заявамі адпомсціўся Вольцы за колішнюю знявагу, Дзядзюля спакойна клаўся спаць, акругліўшы свае думкі фразай: «Цяпер мы з ёю квіты».
Назаўтра быў ясны дзень. Стаяла восень. Высока ўзнімалася неба, і сонца залівала зямлю. Прыемны лёгкі холад адчуваўся ў подыху ветру.
Сафрон Дзядзюля зранку ішоў на сваю працу. Цяпер ён быў начальнік усёй кааперацыйнай сеткі па сельсавеце. З таго часу ён пастарэў, і дробная хада яго набыла большую выразнасць: цяпер ужо кожны мог заўважыць, што ступае ён дробна і ціха. Апрануты ў бобрыкавае паліто, ён нёс свой партфель, мінаючы шырокія завулкі новага калгаснага пасёлка. За апошнія гады на ранейшай вуліцы асталося не больш палавіны хат: хто будаваўся, хто выходзіў на шырэйшую разлегласць. Стаяла многа новых дамоў. Сафрон Дзядзюля таксама жыў ужо ў новым сваім доме, з чорным і чыстым ходам. З поўдня ад пасёлка, як вокам акінуць, цягнуўся нядаўна засаджаны калгасны сад. З другога боку ішлі калгасныя гаспадарчыя пабудовы. Маладыя таполі, клёны і каштаны стаялі жоўтыя паабапал дарогі. Каб Волька Макаркавых з'явілася сюды, тут яна ўжо зусім не пазнала б роднай сваёй мясцовасці.
Кааперацыйнае праўленне было ў новым доме, за калгасным садам. Пешаходная сцежка вілася паўз самы могільнік. Падыходзячы да паркана, Сафрон Дзядзюля заўважыў раптам, што на царкоўнай сцяне вісіць нейкае паліто. Зацікаўлены, ён пералез цераз жэрдкі і падышоў. Царква была зусім трухлявая. Гнілая шалёўка не трымалася на цвіках і сыпалася ўніз спарахнелымі кавалкамі. Доўгія цвікі скрозь тырчалі па сцяне. На адным з гэтых цвікоў і вісела паліто.
Паліто было жаночае, на ваце, з прышытым поясам і коцікавым каўняром. Шустры верабей шаргануўся аб гэты мяккі каўнер, улятаючы з заўзятым шчэбетам у акно, якое ўжо было без рамы і шкла. Сафрон Дзядзюля стаяў, задзёршы галаву, здзіўлена разглядаючы паліто. Раптам ён пачуў шоргат рыдлёўкі аб жвір. Азірнуўшыся, ён убачыў жанчыну. Пазнаў ці здагадаўся, але ён з першага моманту быў упэўнен, што гэта тая самая, учарашняя. Каб бліжэй яе разгледзець, ён інстынктыўна падаўся ў той бок і раптам спыніўся як ашаламонены: перад ім была Макаркавых Волька.
Гэта была маладая жанчына. Прывабнай сталасцю поўніліся ўся яе пастава, рухі і рысы. Яна працавала. Рыдлёўкай капала яна зямлю і даводзіла да парадку дзве магілы пад жоўтымі вязамі. Постаць яе была мажная, і хараство, здаецца, яшчэ большае, як тады, калі яна была маладой дзяўчынай.
Ахоплены незразумелай трывогай, Сафрон Дзядзюля ціхом павярнуўся і шмыгануў за рог царкоўнай сцяны, поўны радасці, што яна яго не заўважыла. Выглядаючы паловай твару з-за сцяны, ён бачыў, як Волька некалькі разоў разгіналася, каб адпачыць, а пасля зноў бралася за працу.
Штосьці новае было ў ёй. Гэта не была тая ранейшая простая і вясёлая Волька. Наіўнасці тут ужо не было. Хоць Дзядзюля і не разбіраўся лішне ў тонкасцях тых адлюстраванняў, якія кладзе душа на твар, усё ж ён, стоячы тут за сцяной, падумаў, што гэтая жанчына ўжо, мусіць, глыбока ведае цану з'явам свету і людскім учынкам. У гэтую хвіліну ў яго з'явілася такое пачуццё, быццам яго асарамацілі перад усім светам. Сціснуўшы зубы, ён шпарка выскачыў з могільніка і рушыў да сваёй канцылярыі.
Да самага вечара ён быў неспакойны. За паўгадзіны да канца сваёй работы ён сядзеў у самым цёмным кутку канцылярыі і нехаця корпаўся ў паперах. Сонца спускалася за стагі саломы, і, увайшоўшы ў гэты пакой знадворку, адразу здавалася, што тут зусім змрочна.
Ціхом адчыніліся дзверы і хтосьці ўвайшоў. Дзядзюля не падняў галавы. Ён толькі ўздрыгануўся, калі пачуў проста перад сабою пявучы голас:
– Выбачайце, мне параілі зайсці да вас. Справа такая, што я прыехала сюды пабыць на магілах сваіх бацькоў. Я хацела прывесці магілы ў парадак. Чалавек, у якога я начавала, зробіць балясы, каб агарадзіць магілы, але ў яго няма цвікоў. Ён гаворыць, што ў краме цвікоў так мала, што іх не кожнаму прадаюць. Я і прашу вас, каб вы адпусцілі цвікоў, іх трэба не многа.
Змяніўшы голас так, каб яго не пазналі, і заціскаючыся глыбей у цёмны кут, Дзядзюля абазваўся:
– Можна падумаць, што вы вельмі шануеце памяць сваіх бацькоў! Аднак жа на пахаванне бацькі не прыехалі.
– Я тады толькі што скончыла медыцынскі інстытут і адбывала ў раёне першую практыку. Тэлеграма да мяне не дайшла.
– Няма цвікоў, – хрыпла раўнуў Дзядзюля. – Ніводнага цвіка няма. І не будзе!
Маладая жанчына шпарка выйшла. Сафрон Дзядзюля, сцяўшы зубы, падняўся. Ён аж счарнеў ад злосці і гневу. Як! Нягледзячы на ўсе заявы, яна скончыла інстытут і цяпер ужо доктар? Гэта жывы здзек з яго! Можна сказаць, што ніколі яшчэ раней ён не ненавідзеў Макаркавых Волькі так, як цяпер. Пануры, як кавалак хмары, ён дацягнуўся дадому і, каб асвяжыць гарачую галаву, перад сном выйшаў у адной бялізне на двор. Неба схмурнела, ужо ішоў халодны асенні дождж. Сумысля ён прайшоў пад дажджом па садзе. Ірвануўся вецер, дождж лінуў густа і, пакуль Дзядзюля дабег да сянец, ён увесь быў мокры. Падлазячы ў сенцах пад коўдру, ён адчуваў холад. К канцу ночы ў яго пачало балець горла, зранку яму зусім нездаровілася, а пад вечар высока паднялася тэмпература. Ён пачаў гаварыць з гарачкі, і сям'ю яго апанавала трывога.
Быў вечар. Волька сядзела ў свайго колішняга суседа за сталом. Ёй было прыемна слухаць успаміны гэтай сям'і аб бацьках яе. У хату ўвайшла жанчына і пачала расказваць, што Дзядзюля вельмі хворы, а па доктара далёка ў такое надвор'е ехаць, і ў Дзядзюлі ў хаце аж рукі ломяць з адчаю. Маладая жанчына адразу ўстала і папрасіла правесці яе да Дзядзюлі.
Трэба сказаць, што Дзядзюля быў смелы і храбры толькі там, дзе ўсё добра і лёгка ішлося. Цяпер ім апанавала няшчасце, і ён размяк, як гнілая салома. Аслабелы, ён ляжаў і думаў пра тое, што нічога лепшага няма, як жыць на свеце. Хвароба напалохала яго, ён баяўся.
– Слухай, – замагільным голасам прагаварыў ён да жонкі. – Гэтая Волька, што прыехала – доктар. Ідзі пакліч яе.
У гэты момант адчыніліся дзверы, і на парозе з'явілася Волька. Дзядзюля затрапятаўся.
– Дзе хворы? – сказала яна сваім шырокім пявучым голасам.
– Я, я хворы, – прашаптаў Сафрон Дзядзюля. – Калі ласка, ратуйце, век буду дзякаваць. Так дрэнна мне прыйшлося...
Маладая жанчына пачала яго аглядаць. Будучы паслухмяным, як ягня, Дзядзюля бесперапынна выказваў просьбы – клапаціцца аб яго здароўі.
– У вас пачынаецца запаленне лёгкіх, – сказала маладая жанчына. – Як гэта вы маглі так захаладзіцца?
– Мяне прамачыў дождж, – прахрыпеў Дзядзюля.
– Тут ёсць дзе дастаць банькі? – запытала Волька.
– Ёсць тут у адной хаце.
– Дастаньце іх, я пастаўлю. А зранку трэба будзе лякарства. Рэцэпт я напішу.
– Вы мяне выбачайце, – ныў Дзядзюля. – Я вам цвікоў не даў. Прызнацца вам, то я забыўся, што яны ёсць. Я гэтую памылку выпраўлю, абы толькі паправіцца. Лячыце мяне, як мага, прашу вас.
– Дык гэта я ў вас прасіла цвікоў? А я і не пазнала. Нічога, хвароба не страшная, паправіцеся.
Волька пайшла. Праз гадзіны дзве Дзядзюлева жонка прыйшла сказаць, што банькі прыгатаваны. Ліў дождж. Волька ішла лячыць Дзядзюлю. Яму было горш, хрып ішоў з яго горла.
– Аптэка ад вас далёка?
– На станцыі, шэсць кіламетраў.
– Я напішу рэцэпт, а вы ідзіце зараз жа запрагаць каня. Трэба адразу дастаць лякарства. Дайце на чым напісаць рэцэпт.
Дзядзюлева жонка пачала шукаць паперы і вінавата сказала:
– Ні кавалка паперы ў хаце няма, у яго ўсе справы ляжаць у канцылярыі. Хіба можа ў шуфлядзе каля вас, там нейкі звязак старых яго папераў, можа там знойдзецца.
Заплакала дзіця, і жанчына пабегла ў бакоўку. Волька адчыніла шуфляду і дастала адтуль жмут папераў. Гэта былі ўсялякія старыя рахункі і пратаколы, было некалькі пісьмаў. Волька шукала, адкуль бы адарваць кавалак няспісанай паперы. Нарэшце асобна яна ўбачыла некалькі паперын, перавязаных ніткай, і разгарнула іх. Глянуўшы ў іх, яна жахнулася, яна чытала чарнавікі Дзядзюлевых заяваў на яе. «Вось чаму я гэтулькі пакутавала, цярпела ганьбу і не меншы здзек!» Дрыжачай рукой яна адарвала ад аднаго чарнавіка палоску паперы і пачала пісаць рэцэпт. Увайшла Дзядзюлева жонка і ўбачыла, што Волька ставіць Дзядзюлю банькі.
Назаўтра Дзядзюлю стала лепш. А яшчэ цераз дзень ён ужо зусім бадзёра глядзеў са сваёй пасцелі на акно. Неба было зноў яснае, заходзіла сонца, і ў яго праменнях стаялі дрэвы за акном. Насупроць аконнай шыбы, на тонкай галінцы вісела яшчэ некалькі апошніх лісткоў. Дзядзюля глядзеў на іх, але не заўважаў іх. Як цвік з-пад малатка, яго мазгі прабівала думка, што на яго накладзена пячаць ганьбы: у цяжкую для яго хвіліну Волька прыйшла ратаваць яго. Нягледзячы на ўсе яго заявы, яна стала доктарам. Так, як ніколі, яна цяпер сталая, разумная, упэўненая ў сабе.
– Чартоўка паршывая! – замармытаў Дзядзюля. – Доктар называецца. Паставіла банькі, напісала рэцэпт і ўсё. Ні разу не прыйшла паглядзець, толькі два разы нейкую бабу прысылала запытацца, як мне. Толькі назва, што дактары, а сваіх абавязкаў не разумеюць. А можа не хочуць разумець!
У той жа самы вечар, падцягнуўшы да падушкі табурэт з лямпаю, Сафрон Дзядзюля пісаў карандашом на лісце паперы, вырваным з вучнёўскага сшытка. «Заява... Гэтая гора-ўрач дэталёва нават не азнаёмілася з хваробай. Ёй, безумоўна, трэба было дастаткова ўвайсці ў лячэнне, а яна абмежавалася толькі тым, што паставіла банькі і напісала рэцэпт. І ні разу не зайшла праверыць змагаючагася з захворваннем арганізма... І яшчэ трэба дадаць, што гэтая асоба рэлігійная, што не можа быць у адпаведнасці са званнем савецкага ўрача, як то: гэтая асоба, нягледзячы, што ў свой час выключалася з рабфака як дачка кулака і спекулянта цялятамі, павінна была ізулеч для сябе ўрокі, якіх не ізулекла, паколькі гаварыла чалавеку, у якога спынілася, што ёй прыемна было пабываць на могільніку каля трухлявай царкоўнай сцяны. Гэта яна матывавала тым, што на яе ўсплывалі ўспаміны маленства, калі яна каля гэтай сцяны гуляла ў малыя гады з дзецьмі. Але тут падаплёка ўпаўне ачавідна...»
Дзядзюля раптам задумаўся: куды ж паслаць гэтую заяву? Невядома, адкуль яна сюды прыехала?
Зусім паправіўшыся, Дзядзюля ішоў на працу. Зазірнуўшы на могільнік, ён убачыў дзве акуратна абкладзеныя дзярном магілы Вольчыных бацькоў. Магілы былі абгароджаны новымі балясамі. «Недзе ж такі дастала цвікоў», – падумаў Дзядзюля. Удзень зайшоў у кааперацыю былы сусед Вольчыных бацькоў.
– Паехала? – запытаў Дзядзюля.
– Паехала, – адказаў чалавек. – Але ненадоўга. Ёй тут вельмі спадабалася, а ў раёне якраз не хапае аднаго доктара. Казала, што будзе прасіць, каб яе сюды назначылі.
«Вось цяпер і вядома, куды пасылаць заяву, – падумаў Дзядзюля. – Раённым органам».
У тыя самыя дні Волька пісала сваёй сяброўцы:
«...Тысячы момантаў з майго маленства паўсталі перада мной як жывыя. Я пазнавала дрэвы, каменні, узгоркі... Я прывяла да парадку магілы бацькоў і доўга хадзіла па родных дарогах. Тут усё так блізка і знаёма майму сэрцу. Я шаную тое, што было ў маёй душы з маленства і люблю сучаснае. Тут мне будзе весела і радасна працаваць. Сярод тых людзей, якіх я ведала заўсёды, і тым цікавей мне цяпер бачыць іх у сапраўдным чалавечым жыцці...
Не абышлося і без непрыемных успамінаў. Я дазналася, праз каго я тады гэтулькі перацярпела знявагі і крыўды. Але гэты прыкры эпізод увесь у мінулым: не перашкодзіў жа ён мне скончыць інстытут. Я гэтага чалавека лячыла. Як мне было агідна дакранацца да яго рукамі. Я хацела толькі аднаго: каб ён хутчэй паправіўся і каб больш не лячыць мне яго. Прыйшоўшы дадому, я доўга мыла рукі і думала: зусім можа быць, што ён зноў пачне займацца падобным шальмоўствам. Нашто? Так сабе, з ласкі на пацеху... Адным словам – чорт з ім...
Пасля сапраўднага асенняга дажджу зноў стаіць яснае надвор'е і яшчэ цвітуць познія кветкі...»
1938
Маленькая жанчына
Яны ішлі ляснымі сцежкамі і глухімі закуткамі. Ішлі з дзецьмі. Меншых неслі на руках. Яны былі маўклівыя. У гэтай маўклівасці было адзінае для ўсіх іх пачуццё – вялікае і наймацнейшае за ўсё, што асталося цяпер у іх жыцці. Гэта была нянавісць, і ёй не было ні канца, ні меры.
Найбольш гэта былі жанчыны. Былі маладыя, былі і сярэдніх год, былі і старыя, але ішла сярод іх адна «жанчына» са «сваімі дзецьмі», у якой адной з'ядналася ўсё, што было напісана на многіх тварах, што жыло ў многіх душах. Гэтай «жанчыне» было год дванаццаць, і вяла яна з сабой двое дзяцей. Большаму хлопчыку было год сем, меншай дзяўчынцы – год пяць. Гэтую дзяўчынку яна нават разоў са два спрабавала падносіць на руках. Было гэта паблізу і раўналежна дарозе з Менска на Маскву.
Бадай-што кожны з гэтых людзей перажываў сваю асабістую крывавую драму. Адзін не ведаў, дзе ў страшную хвіліну дзеліся бацькі, другі не ведаў, дзе дзеліся дзеці. Дзеці, якія ішлі адны, не ведалі, дзе дзелася маці. Але ўсе ішлі на ўсход, ад ворага. І ўсё асабістае злілося ў кожнага ў адно з усімі.
Дванаццацігадовая жанчына, якая вяла сваіх дзяцей, не ведала, што гэта за дзеці. Яна іх спаткала на дарозе адных і ўзяла пад сваю апеку. Калі выйшлі на палявую дарогу і калі з'явіўся над галовамі нямецкі драпежнік, яна цвёрдым голасам загадала сваім дзецям упасці на зямлю і ўпала сама. Увесь натоўп жанчын і дзяцей ляжаў на зямлі, пакуль пералятаў ненаеднік. Здавалася, што ён ужо мінуў гэтае месца, але тут ён, зверху напэўна, заўважыў некалькі белых хусцінак на зялёнай зямлі. Праз гул матора сыпануўся дробны кулямётны стук і так жа дробна сыпануўся на распасцёрты ніц на зямлі натоўп град куль.
Што ж у гэтую хвіліну рабіла дванаццацігадовая жанчына? Упаўшы грудзьмі і тварам на зямлю, каб перачакаць бяду, яна заснула самым сапраўдным сном. Трэція суткі яна не спала ні часіны і ўсё ішла.
Высыпаўшы кулі, немец зрабіў круг і паляцеў далей. З нейкага інстынкту дванаццацігадовая жанчына адразу прачнулася, паднялася на ногі, падняла сваіх дзяцей і стала ў ланцуг усяго натоўпу. І неўзабаве яна ўжо ішла далей, прысутуленая, маўклівая, з завостраным ад нуды і небыту носам, у стракатай хусцінцы на мілай дзіцячай галоўцы. Твар яе сабраўся ў адну рысу, непарушная ўпартасць паклала на яго сваю пячаць. Вочы накіраваны былі ў адзін-адзіны пункт – глядзелі туды, што ўжо было знойдзена і вядома.
Усё было вядома! Вядома стала, што прыйшла пара вялікага выпрабавання, смутку і ўпартасці, непахіснасці і непакорнасці. У душы – воля да жыцця, а над душою – крывавы забойца! І свавольная жыццярадаснасць дванаццацігадовай дзяўчынкі ператварылася ў сталасць спрактыкаванага чалавека, які многа ведае і да многага імкнецца. І ўсё гэта было на яе пакутным тварыку.
Раптам яе сямігадовы хлопчык сышоў убок і пайшоў з ёю побач.
– Ідзі за мной, – строга сказала яна яму, – мне мама казала, што трэба ісці роўна, адзін за адным, і спакойна, дык больш пройдзеш і менш стомішся.
– А дзе твая мама? – абазвалася жанчына, што ішла перад ёю.
– Маму забіла бомбай у Менску, але яна яшчэ мне сказала, каб я ішла адразу ж і не аставалася.
На адзін найкарацейшы момант тварык яе зморшчыўся, сцягнуўся, рухавасць прабегла па ім, яна міргнула вачыма, сціснула вейкі, кулачком правяла па вачах, каб выцерці раптоўныя слёзы, глытнула сліну і загойдалася далей у роўнай, размеранай хадзе. І нейк адразу ўсе ўскінулі твары ўгару. Нямецкі драпежнік зноў ляцеў сюды. Няроўны рокат яго матора хлынуў раптоўна. Цяпер ён ішоў ніжэй, як першы раз, і кругі рабіў вузейшыя. Зноў натоўп жанчын і дзяцей ляжаў на зямлі, і зноў яна ў сваёй стракатай хусцінцы спала, уткнуўшыся тварам у здзірванелую абочыну дарогі. Побач з ёю ляжаў сямігадовы хлопчык, а пяцігадовую дзяўчынку яна праз сон адчувала працягненай рукой. Яе рука ляжала на руцэ той, якой яна стала замест маці.
І раптам увесь гэты гарачы і ясны дзень раскалоўся ад свісту. Усё ўскалынулася і рванулася ўгару. Свет страсянуўся, жудасны гук аглушыў яго, і стала цёмна. Але яна так моцна спала, што больш за хвіліну не магла апамятацца, калі ўскочыла на ногі з-пад зямлі, якая ўпала на яе балючым тупым ударам. Яе кінула далёка ад дарогі і засыпала зямлёй. Не паспела яна скінуць з сябе забыццё, як зноў, ужо з другога боку і так жа блізка ад яе рванулася з трэскам і грукам зямля. А пасля далей і далей, і так многа разоў. Усё згінула і знікла, і раптам заўладала светам цішыня. Чутно было, як аддаляўся гул, знікаў у вышыні, якой не відно было.
Яна стаяла адна ў гэтым жудасным пекле. Яснага дня ўжо не было. Ад дыму і пылу стаяла ноч. І вось у яе душу пачала сачыцца радасць, што стала ціха. Калені яе згіналіся, галава хілілася к грудзям. Усё яе цела ныла, балела і прагнула спакою. Дарэмна яна старалася што-небудзь разгледзець навокал сябе. З трывогай яна ўспомніла, што нават не ведае, як завуцца яе дзеці і як іх цяпер паклікаць, каб яны абазваліся. Яна апусцілася на калені, нейк бокам, і старчма галавой уткнулася ў зямлю, і ні з чым не параўнаная асалода сну ахапіла яе. Але разам з тым кожную хвіліну яе пранізвала пакута свядомасці, што яна не бачыць каля сябе сваіх дзяцей. Раз-поразу яна адрывала твар ад зямлі, шпарка адкрывала вочы, бачыла змрок пылу і дыму і зноў падала ў шчасце сну. І так было многа разоў. Пасля пачаў яснець дзень, і яна з натугай, якая магла быць не пад сілу самаму моцнаму целам і духам мужчыну, адарвалася ад сну і затапталася назад і ўперад. Ужо не было дарогі, а замест яе ямы. Не было і зялёнай абочыны. Тут ляжала шэрая зямля. Яна працёрла кулачкамі вочы і ўбачыла адарваную галаву той жанчыны, якая ішла перад ёю. У трывозе яна пачала азірацца, дзе яе дзеці. Але бачыла толькі рукі і ногі, адарваныя ад цел, галовы і скрываўленыя косці. І тут вочы яе спыніліся на той малой дзяўчынцы. Дзіця было напалавіну прысыпана зямлёй, але твар быў наверсе. Ён быў чорны ад пылу і дыму. Яна падняла сваё дзіця на рукі. Яно вельмі цяжка дыхала і вачэй не расплюшчвала. І толькі цяпер яна заўважыла, што ў дзіцяці скрываўлены ногі. Густая ад зямлі кроў цякла бесперастанку. Дванаццацігадовая жанчына прыціснула да сябе сваю дзяўчынку і бездапаможна азірнулася. Хоць бы дзе жывы хто, хоць бы чалавечы голас! Ахоплепая страхам і смуткам, яна, моцна трымаючы пры сабе дзіця, пабегла полем у той бок, дзе стаяла сонца. Два разы яна спатыкнулася і два разы падала, але кожны раз утрымоўвалася на каленях, каб зберагчы тую істоту, якуго несла на руках. І кожны раз аставаліся на палявой зямлі знакі ад яе вострых каленак. Яна ўсхватвалася і бегла далей, трымаючы ў памяці толькі адно – туды, дзе стаіць сонца. Гэта яна цвёрда засвоіла: каб не збіцца з дарогі, трэба ісці туды, дзе ўсходзіць сонца, трэба ісці на ўсход, к Маскве. Так сказала ёй, уміраючы, маці. Але цяпер было пасля паўдня. Сонца стаяла высока. З галавы яе выйшла, што трэба праверыць свой кірунак на ўсходзе сонца. Яна ў гэтыя моманты не магла адумацца і бегла к паўднёваму сонцу, якое ва ўсім сваім бляску стаяла над гарачай зямлёй.
Ёй здавалася, што яна бяжыць вельмі доўга. Сэрца яе разрывала грудзі. Яна пайшла павальней. Ногі блыталіся ў траве, над якой гулі пчолы. Гарачыня ціснула яе. Яна азірнулася і села на зямлю. Сваё дзіця яна паклала на зямлю і, пакуль аддыхвалася, не адкрывала вачэй, а як адкрыла, убачыла, што дзіця не варушыцца і не дыхае. Смерць! Яна гэта адчула ўсім сваім інстынктам. Яна ўстала на ногі і доўга так стаяла. Цяпер яна з усёй яснатой думкі чакала, што хто-небудзь з'явіцца на гэтым пустым і гарачым полі. Раптам яна прыгнулася, дакранулася рукой да нежывога дзіцяці і вельмі паволі пайшла ў той бок, куды ішла і дагэтуль – к сонцу. Многа разоў яна чула за сабой далёкія ўзрывы, многа разоў чула дзесьці над сабой рокат нямецкіх ненаеднікаў, але яна нават не аглядалася, быццам нічога і не чула. Усё ішла і ішла. Вузкая палявая дарога была перад ёю. І якраз добра – дарога вяла проста туды, дзе стаяла сонца. Яна пайшла шпарчэй. Сонца плыло к захаду. Цяпер было лягчэй ісці, не такая была гарачыня. І яна падумала, што сонца спусціцца яшчэ ніжэй і тады стане яшчэ лягчэй, а пасля будзе адвячорак і яна напаткае людзей і зусім добра будзе. Яна ўскінула твар угару, каб паглядзець, ці высока сонца. Сонца стаяла ўжо даволі нізка, і тут яна адумалася і ўспомніла, што не туды ідзе, куды трэба. Трэба ісці туды, дзе сонца ўсходзіць, а яна ідзе туды, дзе сонца будзе заходзіць. Спалохана яна азірнулася і пачала думаць: дзе ж на небе тое месца, дзе ўсходзіць сонца. Ці там, дзе на даляглядзе відны нейкія дрэвы, ці там, дзе той узгорак з ветраком? І ніяк яна ўгадаць не магла. Яе агарнула думка: перачакаць тут ноч да дня і тады рушыць на першыя сонечныя праменні. Яна зноў села на зямлю, пасля неспакойна ўстала. Непадалёку вызначаліся зараснікі нізкарослых дрэў і кустоў. Іх нядаўна мінула сонца. Яна пайшла туды і ўвайшла ў цень.
Аднак жа гэта быў сапраўдны лес, і здаваўся ён здалёк нізкім таму, што рос у лагчыне. Тут раслі яліны і трапляліся бярозы. І ядловец гусціўся пад арэшнікам. Як тут было ціха і спакойна! Здавалася, усе грымучыя навальніцы смерці і пакут адышлі ў нябыт. З вельмі далёку даходзіў сюды грукат нейкіх узрываў, але гэта не было над галавой, і ў гэтым было шчасце. У прагаліну паміж дрэў падала з самага нізкага свайго захаду сонца. Дзяўчынка стаяла ў сонцы быццам ужо ў бяздум'і. Стракатая хусцінка на яе галаве страціла ўжо ўсе свае колеры. Гэта была анучка, брудная і скамечаная. Сукенка вісела на гэтым дзіцяці кавалкамі трантаў, вываляных у зямлі. Ног не было відно з-пад пласта пылу. Там, дзе ногі былі прабіты і абадраны аб каменні і карчы гэтай нялюдскай дарогі, тырчалі гузы закарэлай крыві. Завостраныя плечы яе тырчалі ўгару, адно плячо трымалася вышэй за другое і раз-поразу ўздрыгвала. А твар быў учарнелы, завостраны і неспакойны. Чым больш яна стаяла тут, тым выразней сыходзіла з яго пячаць ранейшай цягавітай упартасці, і замест яе ажываў адчай.
З-пад залепленых зямлёй вейк відны былі вочы, у якіх смяртэльная стома змагалася з выбухамі страшнага агню. Гэта быў позірк ні з чым не параўнанай прагі да радасці, здушанай найвялікшым смуткам. Неўзабаве пачало прасочвацца ў душу і пачуццё адзіноты, але яно не паспела пакласці сваю пячаць на вочы. Так, як птушка, чуючы свой час, шукае ціхага месца ўміраць, яна пачала шукаць вачыма чагосьці каля сябе. Ужо ў гэтыя моманты ногі яе пачалі згінацца ў каленях, худзенькая постаць яе яшчэ больш прысутулілася, яшчэ больш падняліся ўгару плечы, твар усімі рысамі сваімі і вачыма ўпаў уніз, і ўсю яе павяло з месца. Нейк бокам падышла яна к дрэву і паехала ўніз. Гэта было жывое ўвасабленне самай закончанай супрацьлегласці ёй самой, якая яна была яшчэ некалькі дзён таму назад. Каб увесь свет, як вялік ён ні ёсць, ад усіх сваіх пачаткаў і бязмежнасці сабраўся і ажыў, як вялікая істота, з вачыма, каб бачыць, з вушыма, каб чуць, з душой, каб адчуваць, з розумам і думкамі, – сумленне кінула б яго ніц перад гэтым дзіцем. Ён страсянуўся б ад жаху, што так не ўдаўся ў ім сэнс шмат чаго, што ён церпіць на сабе.
Упаўшы на зямлю, яна, чорная, скурчаная, маленькая, здушаная, уткнулася галавой у дрэва, тварам уніз, і сцішылася. Праз паўхвілівы яна шпарка адарвала галаву ад зямлі, зірнула ўгару і зноў упала. І так было многа разоў. Відаць, душа яе не паддавалася зморанасці цела, і кіпела, і рвалася. Раптам яна ўздрыганулася. Гэта быў плач не дзіцячым голасам, але гэта плакала дзіця, а не тая жанчына, што не так даўно апекавалася над меншымі за сябе. У яе ўжо і слёз не было, і вочы былі сухія, калі яна плакала. Нарэшце літасцівы сон наваліўся на яе, але ласкавасць яго не была доўгая. Пачаўся сонны кашмар, без выразнасці і якой бы там ні было формы. Бяздомнасць, выгнанне, смерць, сіроцтва, матчыны вочы перад смерцю, грукат нямецкіх бомб, самалётаў, бязлітаснасць, жорсткасць – усё палосамі агню і зямлі ішло ўгару і не давала шчасця быць у забыцці. І так цягнулася доўга. Можа гэта была вечнасць, якую хрысціянства дакляроўвае злачынным душам. І вось яна паднялася і села. Зорнае неба было над ёю, і чорныя дрэвы маўчалі. Стаяла цішыня. Яна прытулілася к дрэву. І так, седзячы, адразу заснула і ўжо не чула сама, як галава яе і плечы паехалі па дрэве ўніз і яна ляжала на зямлі.
Прайшло многа часу, бо калі яна прачнулася – сонца спускалася к захаду. Пабудзілі яе выстралы і крыкі. Стоячы пад дрэвам, яна бачыла, як беглі чырвонаармейцы, як навокал стралялі, як дзесьці на ўзлеску стукаў кулямёт, а ў другім баку ехалі грузавікі. Лес ажыў, і яна азіралася навокал сябе і пасля стулілася за дрэва. І раптам яна ўбачыла, што проста да яе бяжыць пемец. Яна яго пазнала адразу, хоць ніколі раней яго не бачыла. Ён ужо быў крокаў за шэсць ад яе і раптам пачуў наперадзе, так як і за сабой чуў, крыкі і шум людзей. Ён закруціўся на месцы. Яна задрыжала і не спускала з яго вачэй. Ён кінуўся на жывот, выцягнуўся і пачаў страляць перад сабою. Яна бачыла яго плечы і, адумаўшыся, пачала заўважаць, што ён цэліцца перад сабою. Але да яе свядомасці, што значыў гэты прыцэл, дайшло пасля. Цяпер яна не зводзіла воч з яго плеч, з яго галавы. Пачуццё жаху, уласнай гібелі, рэшткі вячорнага кашмару ўладалі ёю. Каб не стрывожыць яго, яна ціхом адышлася, пасля пабегла. І ўбачыла трох чырвонаармейцаў. Яны ляжалі на зямлі і, выцягнуўшы перад сабою вінтоўкі, не спускалі з чагосьці вачэй. Яна кранула аднаго рукой.
– Падай і ляжы! – грозна сказаў ён ёй.
– Там немец ляжыць і страляе. Унь там.
Чырвонаармеец паглядзеў на яе, устаў і пайшоў, прыгнуўшыся. Яна ішла поплеч яго, таксама як і ён, угнуўшыся, і паказвала рукой. Калі ён упаў на зямлю, упала і яна. Чырвонаармеец прыцэліўся і стрэльнуў. Яна бачыла, як немец уздрыгануўся і ўткнуўся галавой у зямлю.
– Гатоў, – сказаў чырвонаармеец. – А ты ляжы на зямлі.
І пайшоў назад. Яна ўпала на зямлю, і першая за тыя дні радасць страсянула яе душу. Яна ляжала, пакуль усё заціхла, і пасля пайшла да чырвонаармейцаў. Яны збіраліся разам і гаварылі паміж сабою, што ўвесь нямецкі дэсант знішчан. Чырвонаармеец, якому яна паказала немца, падняў яе на рукі і пранёс крокаў тры, а пасля яна пайшла поплеч яго. Яны прайшлі паўз таго немца, і яна бачыла яго, доўгага, спруцянелага.
Момантам гэтай радасці скончылася яе адзінота, таксама як і яе маленства. Прыйшла сталасць на доўгі яе век.
1942
Вялікае сэрца
Вёска Галаскі выславілася тым, што ў ёй чалавек малога росту і сярэдніх год, Пархвен Катлубовіч, біўся з п'яным пеўнем. Гэта было даўно. Малыя хлолцы дасталі гарэлкі і сілком напаілі пеўня, злавіўшы яго на Пархвенавым двары. Певень стаў як шалёны і кінуўся на свайго гаспадара, калі той выйшаў на двор. Пархвен спачатку адмахнуўся ад пеўня, але той падлятаў і дзёўб чалавека ў твар. Пархвен кінуўся на ўзвар'яцелую птушку, і так яны ўдвух качаліся па зямлі, аж пакуль Пархвену не ўдалося, нарэшце, адкінуць пеўня на той бок свінушніка. Пра гэтае смешнае здарэнне доўга гаварылі, а пасля з году ў год так і хадзіла погаласка пра бойку чалавека з пеўнем. На Пархвенавым агародзе рос вялікі стары дуб. Можна сказаць, што ён узвышаўся над усёй мясцовасцю, і калі па шашы, якая праходзіла тут непадалёку, ехалі людзі, ім гэты дуб відзён быў гадзіны дзве, а вёска Галаскі ўсё яшчэ недзе скрывалася ў полі. Але даволі было і дуба, каб, зірнуўшы на яго, хто-небудзь не падаў заўвагу:








