355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кузьма Чорный » Выбраныя творы » Текст книги (страница 28)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 04:00

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Кузьма Чорный



сообщить о нарушении

Текущая страница: 28 (всего у книги 41 страниц)

– Ідзі, пане цыгане, сюды, на лаву. – А потым, пасунуўшыся, сказаў скоранька: – Э, не, лепш сядзі там, а то мне якраз прыйдзецца сядзець на некім суку...

Павятовыя начлежнікі выйшлі скора з сваёй каморкі. Абодва яны селі на доўгі зэдлік пасярод хаты, гаварылі на ўсякія тэмы; яны звярталі ўвагу на ўсё, што рабілася вакол.

Старшы паглядзеў на жабрака і сказаў яму ціха:

– Але ж ты, браце, змёрз і ўтаміўся здорава, відаць па табе. Цяжка хадзіць?

– Ведама, цяжка, – адказаў жабрак з выглядам чалавека, які мала цікавіцца – лёгка яму ці цяжка. У яго як бы не было ніколі думак, паняццяў аб тым, што жыццё можа быць лягчэйшым. А ў таго, што гаварыў з ім аб цяжары яго жыцця, быў такі выгляд, як бы ён хацеў сказаць: «Нядобра, ліха на яго, але ж цяпер нічога не зробіш. І хоць за гэтым і можа быць тут месца для смутку, але трэба яго адганяць ад сябе, бо ён нічога не паможа, толькі пашкодзіць».

Слабы адбітак такой думкі, ці можа нават толькі пачуцця, ляжаў на твары гэтага чалавека.

Яго ж малодшы таварыш вёў шумныя размовы, многа жартаваў, часта рагатаў з вясёлым Мікіткам, які ўсё насвістваў розныя маршы і полькі. Былі ў іх вясёлыя вочы, светлыя твары, рашучы рух рук і ног. Яны ва ўсім шукалі нявіннага, здаровага гумару – з рогатам жартавалі, што «не мяшала б адбіць ад рыжага яго бабу», смакуючы смешныя славечкі, успамілалі, як нядаўна ў адной вёсцы шляхціц гнаў самагонку, дый зрабіў нешта там не так, як трэба: апарат разарваўся, і шляхціца ўсяго «абкаціла брагаю, як саладухаю», ён увесь «аблузаўся, як д'ябал», і хадзіў, «як апараны япрук».

Не так сваімі жартамі, як сваім смехам яны заражалі ўсіх, зычна рагаталі цыганы, не адставалі ад іх пільшчыкі, прычым Кузьма раз-поразу паўтараў, як вельмі было ўжо смешна: «А братачка ж ты мой, а-ха-ха-ха-ха!..»

Сакатала дробным смехам гаспадыня, нават жабрак калі-нікалі ўхмыляўся, паказваючы свае гнілыя зубы.

Толькі рыжы гаспадар хаты мала смяяўся.

Ён усё хадзіў па хаце, назіраў за ўсім, часта выходзіў на двор, абходзіў свае будынкі, абглядаў наваленае кучаю дзерава.

На ўсіх сваіх начлежнікаў, так жа, як і наогул на ўсіх людзей, ён глядзеў з боку карысці, якую ад іх можна мець. Ён усё, ходзячы, вылічваў, колькі яму дадуць за начлег павятовыя, ці не ашукаўся ён, умовіўшыся з пільшчыкамі за начлег разагнаць усяго дзве плашкі. І на ўсіх, хто быў у хаце, глядзеў звысоку, нават і на жонку сваю. Сябе ж ён лічыў разумнейшым, хітрэйшым за ўсіх. І гуляла па губах яго чуць заметная, гордая, звярыная ўсмешка.

Перад тым як лажыцца спаць, ён яшчэ раз абышоў усе свае будынкі. Усюды на дзвярах віселі цяжкія замкі, усюды быў парадак. Ён папробаваў, ці добра зачынены вароты ад вуліцы, і пайшоў у хату.

Ужо жабрак спаў на распушчаным кулі каля печы на зямлі. Дыхаў ён ціха. Твар яго задзёрся ўгару, чорныя зубы відаць былі з-пад расцягнутых губаў, а вочы былі толькі трохі прыжмураны. Выгляд твару яго быў такі, як бы ён сон свой, так як і ўсё, лічыў патрэбным не для сябе, а для нейкай незразумелай сілы, кіруючай яго жыццём, і для гэтай сілы трэба ўсё адбываць. І многа нейкай ледзяной пакорнасці, залежнасці было на гэтым сонным твары.

Ужо на шырокай лаве, галава к галаве, акрыўшыся сваімі вопраткамі, і пільшчыкі спалі. На разасланых кажухах каля стала драмалі цыганы, спешна дакурваючы свае папяросы. І павятовыя пайшлі ўжо ў сваю каморку. Толькі адзін Мікітка стаяў каля лямпы з адною разутаю нагою і круціў у руках бот, разглядаючы на ім новыя дзіркі.

Рыжы пастаяў трохі каля Мікіткі і пайшоў цераз сені ў сваю палавіну.


IV

Скрозь дрымоту Мікітка пачуў, як з вуліцы застукалі ў вароты, потым чутно было, як бразгаў у сенях рыжы і гаварыў моцна, аж крычаў, на двары каля варот. Пачакаўшы трохі, ён адчыніў дзверы і ўпусціў у хату жанчыну. Шэрая, узлахмачаная, цяжкаю, разбітаю паходкаю прайшла яна на сярэдзіну хаты і стала, дзіка азіраючыся. Мікітка бачыў востры, нецярплівы ўзгляд яе вачэй, нейкую ненармальную, аж сінюю, чырвань на твары. Потым ён, задзівіўшыся, аж усхваціўся з свайго кажуха, калі яна паволі апусцілася ўніз і села там, дзе стаяла, адкінуўшы ўбок голаў і абапёршыся аб землю вывернутымі рукамі.

Мікітка падбег бліжэй.

– Гэта ж яна гэтакая хворая, – закрычаў ён, нагнуўшыся над ёю, – т-ты, гаспадар!.. Рыжы...

Рыжага не было ўжо. Ён яшчэ на вуліцы не хацеў пускаць падарожную. «Што з яе возьмеш?» – думаў ён. Потым, угледзеўшы, што ад яе не адвяжашся, падняў голаў, паглядзеў на зоры і сказаў сам сабе пад нос:

– Гм... паўночы ўжо прайшло... няхай паваляецца дзе-небудзь на зямлі... – і, упусціўшы жанчыну ў хату, пайшоў у сваю палавіну.

На голас Мікіткі ён нехаця прасунуў заспаны твар у прачыненыя дзверы і недавольна сказаў:

– Ну, чаго яшчэ там?

– Яна саўсім хворая, – крыкнуў Мікітка.

– А што, я вінават, – сярдзіта сказаў рыжы і падумаў: «На чорта я яе пусціў, адно клопату...»

Мікітка нагнуўся ніжэй, паглядзеў у твар жанчыне, потым выпраміўся і мармытнуў ціха рыжаму:

– Скора памрэ.

– Да што ты, – перапалоханым голасам прагаварыў рыжы і, падступіўшы бліжэй, глянуў на жанчыну, ды так і астаўся стаяць з растапыранымі рукамі.

Было нешта такое ў шырока расплюшчаных вачах жанчыны, што раптоўна вызывала ў другіх страшэнны жах, незразумелы страх. Зрэнкі ў яе вачах апусціліся ўніз, і яна як бы глядзела ў сярэдзіну самой сябе, і прытым так, як бы бачыла там нешта надзвычайна жудаснае. Потым яна гэтымі сваімі страшнымі вачыма стала дзіка вадзіць вакол сябе. А пасля саўсім лягла на зямлю, потым зноў паднялася... зноў лягла...

– Што табе, цётка? – запытаў паціху Мікітка.

– Боль... усюды...

– Даўно?

– Часта хапае...

– Адкуль жа ты?

– Так хаджу... бежанка...

– Мусіць, заразлівая нейкая хвароба, – сказаў паціху Мікітка рыжаму, – гэтакія хваробы на ўсіх пераходзяць.

– І рабі што хочаш, – развёў рукамі атарапеўшы рыжы. А ўжо ў наступны момант забыў ён усе свае думкі, гледзячы ў вочы кабеты і сам адчуваючы тое, што было ў іх. Страшную пустату, якая з'явілася на месцы ўсякіх думак, разам запоўніла нешта новае, дагэтуль незнаёма вялікае па сваёй сіле і страху, які з'явіўся з ім. Тут было і не перажываемае ніколі прагненне не бачыць таго, што свяцілася ў вачах жанчыны, было жаданне чалавека ахваціць розумам усё гэта, роспач чалавека, зразумеўшага слабасць свайго розуму для гэтага.

І яшчэ далей на крок адышоўся рыжы ад хворай к дзвярам.

«Гэта ж смерць ужо», – мільганула ў галаве яго вострая думка, і яго абхапіў прыліў смутку.

Енкі хворай глушылі яго; здавалася яму, што чутны яны ўсяму свету. Апрача хворай і яго было ў хаце чатыры сонных чалавекі, а яму здавалася, што поўна хата людзей, што яны таўкуцца ва ўсе бакі і падымаюць страшэнны шум. Здавалася яму, што поўна хата ў яго заразы, што ліпне яна на сцены, лезе ўсюды, задаўшыся адною мэтаю – згубіць яго. І, як у гарачыню піць, захацелася яму цішыні і спакою. Ён аж прыжмурыў вочы, але шум ад гэтага як бы павялічыўся. Тады ён, невядома дзеля чаго, сказаў у бок Мікіткі:

– Хоць бы агонь у лямпе прыкруціць трохі.

Усё гэта цягнулася некалькі кароткіх момантаў, пасля чаго ён крута павярнуўся і пайшоў у сваю палавіну. Там, накінуўшы на голаў кажух, ён доўга стараўся заснуць і не мог...

Першымі ад енку жанчыны прачнуліся цыганы. Яны ў неразуменні перакінуліся адзін з другім некалькімі словамі, азірнуліся па хаце. Жанчына застагнала мацней. Тады яны абодва ўсталі, падышлі бліжай і глянулі ёй у твар. Там выразна адбівалася ўсё тое, што бачыў рыжы, толькі ўжо з большай сілай.

– Нейкая вельмі заразлівая хвароба, – сказаў Мікітка, сам не ведаючы, дзеля чаго.

І цыганы абодва глянулі адзін аднаму ў вочы, як бы не разумеючы, што робіцца вакол іх. А потым, як бы згаварыўшыся, разам выйшлі на двор і сталі запрагаць коні. І ўжо толькі там, на двары, ходзячы каля прывычнага воза, многа гаварылі, перабіваючы адзін аднаго. Потым пайшлі ў хату, забралі свае рэчы і пайшлі к гаспадару.

Там яны зноў глянулі адзін аднаму ў вочы, як бы адчуваючы сваю віноўнасць перад нейкім за тое, што робяць.

– Х-х-х-хузяін, э...х-х-хузяін, бяры грошы за начлег.

– Палажы на стол, – абазваўся рыжы, не высунуўшы нават галавы з-пад кажуха.

Ён саўсім не здзівіўся, што цыганы сабраліся ехаць. Ён цяпер рабіў натугі, каб пераканаць сябе ў тым, што ў хаце ў яго ўсё звычайна, спакойна і ціха, нічога надзвычайнага не робіцца. Ён не глянуў нават на грошы, не пацікавіўся, колькі яму цыган палажыў іх на стол, не выйшаў нават вароты зачыніць за цыганамі. Ён толькі чуў, як загрукаў на двары калясьмі цыганскі воз па прымёрзшай зямлі, і тады падняўся і стаў хадзіць па хаце.

А цыганы, выехаўшы за вароты, зноў загаварылі. Яны адчувалі сябе лёгка, як бы ўцёкшы ад вялікай бяды.

Выехаўшы ў поле, адзін падпоўз па саломе к перадку і моцна пагнаў коні па сухой, асвечанай трохі асеннімі зорамі дарозе, а другі весела падсвістваў у такт стуку конскіх капытоў.

Ад стогнаў хворай кабеты прачнуўся і жабрак. Ён падняў трохі голаву, высунуўшы яе з-пад халата, і паглядзеў на хату. Кабета ляжала на падлозе, Мікітка падсунуў ёй пад голаў нейкую вопратку, а сам пайшоў на сваё месца, сеў там і стаў ківацца ўзад і ўперад, як бы разгадваючы трудную задачу.

Разгледзеўшы ўсё гэта, жабрак павярнуўся вачыма к сцяне, падцягнуў калені к самай барадзе, увесь сагнуўся, скорчыўся, стараючыся нічога не чуць, нічога не бачыць, як можна менш займаць месца, нікому не замінаць і быць ні для каго незаметным.

Але заснуць ужо яму не ўдалося.

Прачнуліся пільшчыкі. Мікітка ўсё ківаўся... стараўся да нечага дадумацца. Аж скура на лбе ў яго сабралася ў тры глыбокія маршчыны.

Першым падняўся Кузьма, каб паглядзець, хто гэта і чаго стогне. Ён угледзеў ківаючагася Мікітку.

«Нешта некае тут ёсць», – падумаў ён і штурхануў пад бок соннага Ўласа. Той падняў голаў, з маўчлівым запытаннем у вачах. Кузьма стаяў ужо, нагнуўшыся, над хворай.

Тое, што бачыў у яе вачах і ў рысах твару рыжы, а потым і цыганы і што навяло на першага страх, а другіх прымусіла пакінуць сярод ночы карчму, прыняло цяпер больш выразны характар, вочы яшчэ больш падвярнуліся пад сябе.

– Зараза страшная, былі такія здарэнні, – сказаў Мікітка.

Кузьма раптоўна выпрастаўся, замаргаў вачыма і ціха сказаў:

– А братачка ж... Уласка...

Улас усхваціўся з пасцелі і падбег к Кузьме. Потым прайшоў па хаце, апусціўшы рукі, і па выразу твару падобным стаў да рыжага. Ён яшчэ некалькі разоў прайшоў па хаце, зморшчыў лоб і тут раптам стаў на адным месцы, задзёр твар угору, падняў палец і застукаў ім сабе па носе.

– Ага, – сказаў ён ні то сумліва, ні то весела, – ага!..

Усяго яго, як маланка, пранізала думка, пакрыўшая сабою ўсё. І ён падышоў к Кузьме, хлопнуў яго па плячы і шапнуў:

– Бярэм манаткі і марш!

Яны стукалі ботамі, абуваючыся, званілі пілою, бразгалі напільнікамі.

– Куды вы, браткі, чаго?! – крыкнуў Мікітка, стаўшы на сваім кажуху.

Было нешта такое ў яго голасе, што вызвала ў жабрака думку, што тут робіцца нешта надзвычайнае – стогнуць, бразгаюць сярод ночы, крычаць не па-людску... Ён зноў абярнуўся на хату вачыма і глянуў на вісячую сярод хаты лямпу. Можа ён зноў лёг бы драмаць, але ўбачыў пільшчыкаў, з клункамі за плячыма, гатовых у дарогу.

– А дзе ж цыганы? – запытаў ён нясмела.

– Уга-а-а, – адказаў Мікітка, – тыя ўжо чорт ведае дзе, – першымі за ўсіх уцяклі.

Жабрак узняўся з пасцелі, а Мікітка загрукаў кулаком у дзверы, за якімі спалі прыехаўшыя з ім.

«Тыя ўцяклі, гэтыя збіраюцца ўцякаць; усе ўцякаюць, – падумаў жабрак, – нешта нейкае ёсць. А калі ўсе ўцякаюць, то значыць, і мне трэба ўцякаць».

І ён стаў паволі адзявацца.

«Выйду я апошнім, – думаў ён далей, – калі часам і абвінавацяць, дык не я першы».

А ў чым яго ці каго другога з начлежнікаў маглі абвінаваціць, ён не знаў, ды і не стараўся высветліць сабе. Таксама не знаў ён, чаго ён збіраецца ўцякаць – усе ўцякаюць нечага, значыць, і мне трэба. І адчуваў ён сябе так, як бы быў у чым вінават. Але і заўсёды ён сябе так адчуваў.

З адным вялікім жаданнем як можна скарэй выбрацца адгэтуль пільшчыкі рушылі з хаты. На дварэ было ўсё звычайна, так як і ва ўсякую другую ноч. Свяцілі зоры, было холадна, у вёсцы не было ніякіх зыкаў.

І пасля таго суму і жаху, які найшоў быў на іх у хаце, яны зразу адчулі ў сабе прыліў вясёласці.

«Усё тое» асталося там, у хаце, гаварылі ў іх усе пачуцці, а тут «нічога гэтага» няма, усё звычайна.

Угледзеўшы, што малодшы нешта падкладае жанчыне пад галаву, Кузьма ў нейкім дзікім захапленні закрычаў весела і моцна:

– Эй, ты там, камсамол, давай там якую-небудзь раду!

І потым, засаромеўшыся гэтае свае выхадкі, вінавата выскачыў за вароты. Там стаяў Улас і ўсё тупаў нагамі на адным месцы.

Скрыпнулі вароты, і на вуліцу выйшаў жабрак, шэры і незаметны ў змроку.

– Слухай, ты, – сказаў яму Кузьма, – чаго ўцякаеш, спаў бы сабе там.

Жабрак нічога не адказаў, а крута павярнуўся і пайшоў хутка ў другі бок, не аглядаючыся.

І ўсё думаў: «Скарэй бы далей адысці, а то яшчэ дагоняць ды абвінавацяць.. Нешта нейкае робіцца – уцякаюць, крычаць, стогнуць... Добра, што хоць выбраўся адтуль».

І нейкая буйная радасць саўсім ахваціла іх. Яны на хвіліну аж прыпыніліся сярод двара, як бы разбіраючы, дзе яны і што з імі робіцца. І захацелася ім абодвум тады крычаць моцна або спяваць. І яны хутка пайшлі к варотам. Каля крайняга ад варот акна Кузьма прыпыніўся і глянуў скрозь асвечаную шыбу ў сярэдзіну хаты. Там, нагнуўшыся над жанчынай, стаялі ўжо ўсе трое – Мікітка і яго два спадарожвікі.

І яшчэ хутчэй ён заківаўся па дарозе. А Ўлас і Кузьма пайшлі ў бок вёскі. Яны не аддавалі сабе адчоту, чаго яны ўцякаюць, ад чаго ім так весела. Хутка ішлі яны; мінулі скора вёску і пайшлі палямі, самі не думаючы, куды – куды прывядзе дарога. Кузьма не думаў ужо ні аб гаспадарцы, ні аб спакойным жыцці дзе-небудзь у вёсцы. І было ў іх у абодвух такое пачуццё, хоць і зімою цягацца па ўсякіх глухіх кутках, хоць вечна так вандраваць, абы быць далей ад усяго таго, што нават падобна да смерці. Усё іншае не мае ніякае вартасці, абы толькі жыць, жыць...

А ў той самы час у карчме было вось што: рыжы ўвайшоў у палавіну, дзе былі начлежнікі.

– Паўцякалі, – сказаў ён дрыжачым голасам, агледзеўшы вакол хату. – Паўцякалі, – яшчэ раз паўтарыў ён і, як бы ад слабасці, сеў на лаўку каля парога і маўчаў.

– І гэтыя збіраюцца ўцякаць, – яшчэ сказаў ён, бачачы, што павятовыя нешта збіраюцца рабіць – тупаюць каля хворай і на хаду адзяюцца.

– Ідзі, Мікітка, запрагай, – сказаў старэйшы.

– Давай ключы, рыжы, – ухмыльнуўся Мікітка і пайшоў на двор.

А тыя два сталі гаварыць між сабою.

– Дык як жа мы яе паложым?.. – сказаў старэйшы.

– Возьмем у яго больш саломы, – кіўнуў галавою ў бок рыжага малодшы, – усцелем воз і так павязём. А самі як-небудзь. Да раніцы заедзем у горад, а там зразу ў больніцу паложым.

На тварах іх таксама свяціўся ні то нейкі страх, ні то нейкая непрыемнасць, але і нешта другое было ў рысах іх твараў.

Можна было, прыгледзеўшыся, угадаць іх настроі.

Чалавек павінен перамагчы ўсё, што толькі ёсць на свеце; нават і тое, што палажыла свой страшны адбітак у вочы кабеты.

І яны спакойна збіраліся ў дарогу.

– Браточкі ж мае, – загаварыў раптоўна рыжы, скочыўшы з лаўкі, – гэта ж вы яе з сабою заберацё. Я хоць пабягу вароты вам адчыню, а то адна фортка, ліха ёй, як ні круці, усё роўна зачыняецца назад, і ў поўначы можна калясом учапіць.

І ён у звярыным захапленні, без ніякай свядомасці, забегаў па хаце, блытаючыся ў словах, няведама дзеля чаго расказаў, як у яго летась рабілі вароты і адну фортку кепска зрабілі, потым перавярнуў сваю гаворку на тое, што гэтай восенню ў яго падохла многа гусей. Не замячаючы ўсмешак на тварах слухачоў, ён пабег скоранька памагаць Мікітку запрагаць коні. Паадчыняў ён усе хлявы, шукаючы Мікіткавых хамутоў, і ніяк не мог супакоіцца. Як праз туман бачыў ён, як тыя двое вынеслі жанчыну, палажылі на воз і сталі ўкрываць кажухамі. Ён радасна бегаў вакол воза і ўсё стараўся памагаць, але толькі замінаў усім...

Мікітка порстка ўскочыў у перадок воза, дзе ўжо, цесна прытуліўшыся адзін к аднаму, сядзелі яго спадарожнікі, і пагнаў коні. За варотамі ён моцна свіснуў; коні ва ўвесь дух рванулі па сухой дарозе.

Рыжы не зачыніў нават варот, а пайшоў зразу ў хату. І ўсё хадзіў там з кутка ў куток, не ведаючы, што яму рабіць ад дзікае радасці, якая раптоўна захапіла яго. Ён ужо не думаў аб тым, што з адчыненых хлявоў павыходзілі на двор яго коні, каровы і авечкі, што могуць яны пацягнуцца куды-небудзь у поле і прапасці там. Яму было не да гэтага.

Спявалі пеўні ў вёсцы, скрыпеў ужо недзе калодзеж, а ён усё хадзіў па хаце, без ніякіх думак, увесь ахоплепы наплывам радасных пачуццяў.

І ўвесь астатак ночы было ў яго такое ўзбуджэнне.

Даўгія асеннія ночы.

Пільшчыкі ўжо дзесяць вёрст адышліся ад вёскі, а толькі яшчэ світаць пачало.

Збоку дарогі, каля кустоў ядлоўцу сталі яны супачыць і агледзецца пасля свайго нервовага ўзбуджэння. Новы дзень нараджаўся светлым і вясёлым. Ужо трапяталіся светлыя колеры на ўсходняй старане неба; кусты аддавалі сухім, халодным пахам, палі, пустыя і вялікія, поўны былі дрымотнай асенняй цішы.

На дарозе застукалі калёсы. Пільшчыкі азірнуліся.

Прытуліўшыся адзін к другому, трасліся ў цесным перадку «павятовыя начлежнікі» рыжага – высокі чорны камуніст і нізкі, чырвоны ад холаду, камсамолец.

Укрытая кажухамі, ляжала на возе хворая жанчына. На самым перадзе на каленях стаяў Мікітка і з усіх сіл гнаў коні.

Пільшчыкі пастараніліся; яны саўсім зышлі ў бок ад дарогі.

Мікітка махнуў пугаю, свіснуў на коні, хітра і весела падміргнуў у бок пільшчыкаў, нясмела пазіраўшых на дарогу.

1924

Па дарозе


I

Зямля – як размах чалавечай радасці – шырокая, бяскрайняя, здольная будзіць вялікія імкненні пачуццяў і думак. Адчуваецца яна цвёрдасцю пад нагамі і вострым пахам сваім ад вільгаці летняй ночы.

Цяжкія хмары нізка валакуцца над ёю і прабуюць сеяць на яе цёплую імглу, а пасля адпоўзваюць на далёкую мяжу неба і поля і варушацца там дзівоснымі абрысамі ў густой сваёй чарнаце.

Канца-краю зямлі не відаць, таксама, як і неба над ёю. Зямля – як чорная прастора, прыціснутая хмарамі і маўклівая ад іх. У цемені палёў прытаіліся ціхія вёскі і слухаюць: з самага вечара дзьмуў вецер, і над полем плылі ціхія песні травы, а пасля, як нагнаў вецер хмар, адышоў, і адно слухаць засталося вёскам – шырокую маўклівасць глыбокай ночы.

На зямлі дарога, як само жыццё: відна толькі каля ног, але ж і заве-зазывае яна ўдаль. Усё едзеш і едзеш па ёй, і з кожным крокам яна ўсё новая праходзіць пад нагамі, і здаецца, што наперадзе там, за нечым няясным, дзівосным і далёкім, будзе нешта надзвычайнае, а тым часам – там кусты ды поле.

І ўяўляецца, што гэта хмары ўсё больш пачынаюць збірацца там, куды ідзе дарога, што іх ужо там многа, усё там чарней, як усюды, і няма туды ходу. А як дабярэшся туды – зямля там родная, шырока-вольная, хмары адпаўзлі наперад, і зноў можна ісці з радасцю ў бяскрайніх прасторах.

Вільготная зямля глуха аддае стукам пад калёсамі і капытамі коней, са стукам мяшаюцца дробныя званы жалеза ці бляхі вазоў, і яшчэ галасы людской гаворкі ды крыкі на коней, як зыкі кропель вады з дзіравага вядра ў ціхую ноч пры студні.

Едуць фурманкі па цёмнай дарозе; ззаду следам навісае вялікая ноч, наперадзе паўзе яна, як бы хітра паманьваецца.

Ні зямлі, ні неба не відаць.

На пярэднім возе ехаў Алесь Мяльгун – шырокі ў плячах і высокі хлапец. Гэта яго голас мацней за ўсё чуўся, калі ён падганяў свайго каня. З задніх фурманак яго постаць вырысоўвалася шырокаю цёмнаю лапінаю, і голас выяўляў многа гордасці сабой, усім тым, што і як ён робіць.

І яшчэ дзяўчына сядзела з ім.

На другой фурманцы ехаў Павал Грыбок – хлапец з танклявым хрыплым голасам. Ён часцей за Алеся Мельгуна гукаў на свайго худога коніка, каб той не аставаўся ад сытага пярэдняга каня. У голасе яго адчувалася наіўна-сталая ўпэўненасць, што, вось, раблю я так, як і ўсе, разам з усімі я еду, хоць зусім яшчэ малады, яшчэ нават з падлеткаў не выйшаў, а так, як і іншыя, – сталы гаспадар.

З свайго воза Павал Грыбок добра бачыў, як Алесь Мяльгун часта прытульваў да сябе дзяўчыну і чуў, як яны паціху гаварылі.

З задняй фурманкі насмешна далятаў да Паўла грубы і зычны, як брэх здаровага сабакі, голас Сёмкі Цераховіча:

– Павал, паглядзі, як галубкі буркуюць.

Павал нічога не адказаў, бо было яму неяк нялоўка перад Сёмкам, – ці то неглыбокая злосць, што ён варушыць у ім мінулае. З'яўляліся ў яго толькі чыстыя, як вада, і павольныя думкі аб гэтым.

Тады былі нудныя зімовыя дні і ночы. Хаты, як трухлявыя грыбы, хаваліся ў сыпучым мёрзлым снягу, дымілі ўгору дымам з каміноў і баязліва блішчалі на халодным сонцы маленькімі акенцамі.

Людзі хадзілі ўшушканымі ў лахманы – абы трохі больш чаго ўздзець на сябе ды ўгрэцца.

Вечарамі хаты прабавалі гульнуць ціха просценькімі дзявочымі песнямі за пражай, хлопцы жартаўліва не давалі ні спяваць, ні прасці.

Насця, як вугаль, чорная, маленькая нейкая, і гэтакая любая, і, разам з тым, можа ад гэтага такая далёкая, што яму, Паўлу Грыбку, худому, вастраносаму, з бародаўкамі на непрыгожым твары, не было смеласці падысці да яе і гаварыць з ёю так, як гаварылі ўсе іншыя. Толькі раз, у цёмных сенях, як ішлі дадому, схваціў ён яе раптам за руку, ды так і дайшлі да яе хаты цераз усю вуліцу.

«Можа гэта яна тады – от, абы пацвяліцца», – думае цяпер Павал. А тады былі спатканні на цёмнай ад зімовай ночы вуліцы, заваленай снегам. Была яшчэ тады вельмі ж вялікая нуда, што з гэтага не можа нічога выйсці, бо гэта ж у яго нічога няма, зусім голы двор ды пустая хата, дый сам ён, як гнілы грыб, часта хварэе. Але былі спатканні вельмі доўга, і Насця была такая ж блізкая, як і далёкая.

Вясною дык пачалі ўсе гаварыць пра гэта, і тады ж Насця пачала хадзіць з Алесем Мельгуном. Паўлу не хацелася тады жыць, а пасля пачало праходзіць гэта ў яго, і ўжо цяпер толькі злосць на шчаслівага Алеся Мельгуна, крыўда на тое, што сам ён ва ўсім мізэрны такі, што нават, калі што і было, як у добрых людзей, дык і то цяпер тыя ж самыя людзі праходу не даюць.

– Но! – гукае Павал на каня ў адказ на насмешныя словы Сёмкі Цераховіча з задняга воза; і гэта ў яго выходзіць па-балагольску:

– Ё, ё...

Ззаду з Сёмкам Цераховічам едзе стары Тодар Дрозд – хітры і самаўпэўнены. І яны пачынаюць удвух гаварыць між сабою.

«Мусіць, нарочна гэта яны так моцна, каб чуў я», – думае сярдзіта Павал і слухае:

– Бач, падла, едзе сабе з Алесем, усё роўна як з гаспадаром, а гэты Грыбок трухлявы ззаду аж млее, мусіць, бачачы. Куды яму, смаркачу, яшчэ было зачэпвацца з ёю, а яна чорт яе ведае нашто яго за нос цэлую зіму вадзіла. Цяпер ён аж кашляць пачаў з нуды.

Павал пазнае голас Сёмкі, і яму ўяўляецца яго сытая гадкая постаць, шырокі твар, увесь у вуграх, і здаровыя валасатыя кулакі. Паўлу хочацца саскочыць са свайго воза, схваціць дзе-небудзь на дарозе камень ды даць ім з размаху ў голаў Сёмку, каб таму аж чэрап трэснуў. А пасля яшчэ большая нянавісць да Тодара Дразда, калі той пачынае гаварыць:

– Яго, значыць, бацька многа грашыў на сваім жыцці, вельмі ж баб многа мяняў, як у смалакурні служыў, ды яшчэ хварэў чорт ведае чым, дык ад гэтага і Павал выйшаў гэтакі нядошлы, як гнілы. А яшчэ рызыкуе, будучы гэтакім смаркачом.

– Бач, бач, – радасна раптам перабівае сам сябе Тодар, – дальбог жа вунь, ліха яму, прыціснуў, здаецца, да сябе, ды як галубіць... Эй, ты там, Алесь, асцярожна, а ты, Павал, чаму не глядзіш?!

Павал углядаецца наперад і бачыць, як чорная постаць Насці, няясная ўночы, як голас хворага дзіцяці, злілася з постаццю Алеся, а пасля, як закрычалі ззаду, яна адсоўваецца ад яго – усё такая ж далёкая і зноў усё любая.

І такая глыбіня крыўды, злосці і жадання паскардзіцца некаму з'яўляецца ў Паўла, што хочацца пакінуць гэтыя цёмныя вазы, гэтых людзей, з якімі давялося ж то неяк разам з'ехацца, калі выязджалі з вёскі ў горад. Хочацца Паўлу пайсці цёмным полем да таго месца, дзе за чорнымі дзівоснымі абрысамі нечага начнога з'яўляецца маленькая ясная лапінка, – гэта месяц, мусіць, спрабуе выбіцца з-за хмар. Робіцца там трохі святлей, вызначаюцца трохі шырокія далі, завуць яны да сябе сваім размахам і воляй, і там як бы няма нікога такога злога, гадкага.

– Павал, Павал, глядзі, – зноў дабягае да Паўла голас Тодара з задняга воза, голас нейкі цвёрды, слізкі, як мокрая гадзюка.

Павал на хаду паволі злазіць з воза; раптам чуе, як на пярэднім возе пачынаюць рагатаць. Голас у Насці бязвінна-гуллівы, без хітрасці: проста затым гэта рагоча яна, што смешна ёй; а рогат у Алеся страшны, як удар абухам па галаве, – і колькі ў ім самаздавальнення, жадання патаптаць усё сабе пад ногі, быць над усім вышэй, і ўжо ўпэўненасць, што мацнейшы за ўсіх ён тут.

Павал паволі прывязвае лейцы да аглабіны і чакае задняга воза.

– Ты што, глядзець не хочаш? – падае голас Тодар. – Прамаргаў ты, браце, дзяўчыну, яшчэ як прамаргаў!

– Нічога ты, Павал, браце, не варт, – дадае цвёрда Сёмка, – не варта было чапаць дзяўчыны, калі не чуў у сабе сілы.

–Я яе не чапаў, – сказаў Павал.

– А ты яшчэ яе чапаць думаў?! – зарагаталі ўдвух. – А-я-яй, трэба-такі было табе яе зачапіць. Няхай бы ты ёй след свой пакінуў, каб памятавала цябе навек. Не трэба было баяцца. Ты цяпер да яе адно падкаціся ды прыстрой ёй што-небудзь, – Алесь багаты, чорт яго не возьме, яму прыплод нястрашны. А тым часам зусім цяпер гэта табе нястрашна, калі паглядзець з другога боку, – цяпер на Алесевай шыі ты лоўка можаш выехаць... Алесь, сюды ідзі!

Вырасла раптам з цемені каля воза высокая постаць Алеся Мельгуна.

«Будуць душу разварочваць», – са смуткам думае Павал.

– Ну, я пайду на свой воз, падрамлю трохі, – сказаў ён.

– Ча-чаго ты, дурны, што, з людзьмі пабыць не хочаш? – схапіў яго за плячо Алесь і сам сеў на воз да Тодара і Сёмкі і ўсцягнуў Паўла.

Павал зразу адчуў звярыную радасць Алеся Мельгуна ад таго, што вось ён сядзіць блізка з тым чалавекам, над якім так удалося яму ўзяць верх, не далажыўшы да гэтага многа старанняў. Гэта была радасць звера, радасць жывёлы, без думак, без жаданняў, тупая і нікчэмная.

І яшчэ, з вялікаю крыўдаю, адчуў Павал, што гэты вось самы Алесь Мяльгун зусім нават не хоча нічога кепскага яму; калі нават трэба будзе, дык паможа яму ад шчырасці, хоць можа пасля і пасмяецца; што гэта не можа ён адчуць таго, што здзекуецца разам з гэтымі вось людзьмі над ім; што ён повен захаплення ад жыцця, ад здарэнняў, ад падзей, ад самога сябе і не прыкмячае таго, што мучыць другога.

І ў гэтым была вялікая крыўда.

– Ну, я пайду, – зноў сказаў Павал.

– Куды ты спяшаеш, – схапіў яго за руку Сёмка, давай закурым.

– Я ж не куру.

– Затым, мусіць, цябе і бабы не любяць, што ты не курыш, – загаварыў Тодар. – Бабы, брат, любяць. Ого-го! Каб ты курыў, каб быў як дуб моцны і як агонь гарачы, каб быў упарты, цяжкі на руку...

– У Паўла якраз нічога гэтага няма, – усміхнуўся Алесь.

–Я ж к гэтаму і гавару, – абазваўся Тодар.

Тады Павал саскочыў з воза і загаварыў ім тром.

– Браткі мае! Ну, я ведаю, што вы гэткія моцныя, а я – хворы, дык нашто ж вы гэта мне гаворыце? Што я вінаваты, што я такі, а вы такія? Нашто вы мне душу разварочваеце? Ну, не хачу я нічога гэтага. Ну, Насця нада мною насмяялася, дык я не крыўдую, бо яна здаровая, а я хворы. Можа гэта сухоты ў мяне? Я і так дажыву, калі так, свайго веку. Насці я не хачу... Хіба слова я ёй калі аб гэтым казаў?! Дык вы з ёю, Алесь, любецеся, дык ці ж я што гавару? Куды я ёй? Можа ў мяне і пераварочвалася ўсё нутро ад жалю, ад крыўды, але ж я маўчаў – куды там мне. Я гэта ведаю... Ды нашто вы косці бацькі майго варушыце? Мне пакутаваць за гэта аднаму, калі за гэта яшчэ. Хто яго ведае, ад чаго гэта ў мяне... Ну, і я хачу так, як усе, але што ж я вінаваты? Каб я не хворы, дык ці ў мяне ўсё так было б? Нашто вы ўсё гэта гаворыце, чаму ты, дзядзька Тодар, на сябе не паглядзіш, а майго бацьку памінаеш?

А яны ўсе ўтрох тады зарагаталі. Рагаталі зычна, шчыра, весела. Рогат іх быў – жаданне, вольнае ад жыццёвых пут – шырокі, і затаіў ён у сабе сілу грубой, навальнай і нікчэмнай перамогі дзікай, тупой сілы над усім слабейшым... Была ў рогаце гэтая перамога над слабым Паўлам, над усялякімі дробнымі перашкодамі, якіх так многа, і перамагаць, змагацца з якімі ёсць і ўся можа мэта і ўвесь сэнс жыцця. Не было ў рогаце радасці, была адна сіла – здаровая, як камень, цяжкая, як зямля.

Пачынаўся дзень, мусіць, бо шэраю стала вызначацца зямля. Сталі выяўляцца з цемені далі, дарога больш відаць стала. Ці то гэта можа месяц больш выбіўся з-за хмар – там на даляглядзе жоўта пачало рабіцца. Зямля была бясконцым прасторам, які зваў дыхаць вольнаю воляй.

Ці вёскі, ці лясы падняліся белаватым і цёмным абрысам далёка, і ўсе віднець пачалі.

Няйначай, гэта дзень пачынаўся.

Прыйшоў раптам вецер і адагнаў хмары за далёкія лясы. Тады сонны месяц глянуў, каб развітацца з зямлёй. Абліў ён святлом сваім, як плачам, дарогу, тры фурманкі і людзей на іх.

Наперадзе трос сытым задам конь Алеся Мельгуна, ззаду не адставалі два худзенькія конікі Паўла і Сёмкі. На пярэднім возе гойдалася ў бакі постаць дзяўчыны. Была яна маленькая, тоўсценькая, галава, абкручаная белым тоўстым шалем, надавала ёй мажны выгляд. І постаць яе радавала вока. Месяц асвяціў людзей на заднім возе. Быў вясёлы Алесь Мяльгун, усміхаўся ён шырока, таксама весела ўсміхаўся, але з нейкай зайздрасцю, Сёмка Цераховіч. Тодар пабліскваў вачыма з-пад пасівелых броваў на пажоўклым твары, ды хмуры Павал маўчаў, затаіўшы на дробным, вострым і худым твары жаданне дзе-небудзь дзецца ад гэтых людзей.


II

Насця паволі падганяла Алесевага каня, гукала часам на яго слаўным жаночым голасам. У чорным кароткім каптане яна здавалася тоўсценькаю, порсткаю, і на твары яе гуляла журботная і вясёлая дзявочая задумёнасць, якою дзяўчына заўсёды вабіць да сябе. Яна адчувала, што пра яе гавораць на задняй фурманцы, і ў яе з'яўлялася хваляванне, што вось яна прымушае цэлую ноч гаварыць людзей, адных быць вясёлымі, другіх сумнымі.

Было адно ёй спачатку нядобра трохі перад Паўлам, з якім неспадзявана давялося з'ехацца, выязджаючы вечарам з вуліцы. А пасля гэта прайшло, бо не ведала яна, што ў Паўла на душы. Успаміналася ёй, як яна зімою дражніла Паўла каханнем, думаючы, што ў Паўла, апроч гуллівай вясёласці, нічога ад гэтага не будзе. І цяпер не ведала, што цяжка Паўлу бачыць яе, таксама як не ведаў, не думаў Алесь Мяльгун, што цяжка Паўлу ад кпінаў.

Ды яшчэ трохі было сорамна дзяўчыне перад усімі ўжо, што на Алесевым возе едзе яна, хоць і ведала, што ўсе гавораць аб іх блізкасці, ды яшчэ дагадвалася, што там, ззаду, ведаюць, што яны з Алесем едуць у горад купляць усё к свайму вяселлю. Ведала, што Сёмка з Тодарам едуць мяняць каня, а то вельмі ж ужо нядужы, стары і худы Сёмкаў конь. Не ведала адно Насця, што Павал едзе да доктара.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю