Текст книги "Выбраныя творы"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 36 (всего у книги 41 страниц)
А напэўна я і пісаў яго не гэтак, як трэба. Залішне я злаваў і гарачыўся, а гэтага ніколі не трэба. Але не магу іначай з гэтым чалавекам. От і цяпер хочацца схапіць яго і шпурнуць куды ў мураваную сцяну, каб ён больш не даждаў псаваць людзям свету. Можа нешта падобнае і трэба з ім зрабіць, можа зусім і не варта пісаць яму. Ці проймеш яго словам! Ён жа ўсё добра сам ведае, усё ў яго самога даўно вымерана і разлічана, і растлумачваць яму няма чаго. Ён гэты мой ліст не чытаючы ведае, ці раней ужо да яго падрыхтаваўся. К д'яблу ўсе лісты! З ім трэба іначай.
Як ён выбіў мяне з мае каляіны, як ён адарваў мяне ад мае работы! Ён, як камень, лёг на маёй дарозе, на дарозе ўсёй нашай сям'і, насмяяўся з Маргарыты, наздзекаваўся з яе, адабраў ад яе здароўе. І цяпер (няйначай, што гэта так) стараецца выжыць мяне адтуль, дзе сам начальнікам, каб не тырчаў я ў яго кожны дзень перад вачыма, я, брат Маргарыты, бо ведае ж ён, што ненавіджу я яго, як толькі можа ненавідзець той чалавек, які з малых дзён сваіх прайшоў агонь замілавання і нянавісці. Ці не лепш жа яму пазбавіцца ад мяне, бо яшчэ ж «асмеліўся» крытыкаваць яго.
Маргарыта! Як яна сохла тады каля мамы і як яна старалася, каб не бачылі мы; што замест лепшай яды для хворай мусіць яна, сціснуўшы сэрца, даваць ей бульбу. (Дзе ж мы маглі ўзяць чаго лепшага! А бачачы гэта, мы нудзелі і сумавалі страшна.) І як яна, небарака, сохла, гледзячы ў тую зіму на мяне, што я мерзну ў летнім нейкім фрэнчы!.. І якая ж яна цяпер усё-такі моцная, загартованая! Як яна трымалася тады перад ім у судзе! Да апошняй хвіліны ніхто не пазнаў бы, гледзячы на іх, што яна гэтак ім скрыўджана. І яна прайшла буры нянавісці і замілавання і ўсё роўна як з гарту выйшла. Толькі ці надоўга хопіць у яе здароўя? Колькі яна крыві страціла кожны год па некалькі разоў. (Вядома, «новы чалавек» павінен быць вольным, прыгожым, а дзеці, каб іх было некалькі, не далі б яму займацца гэтаю воляю і прыгажосцю!) І гаварыла як яна тады перад ім!
Маргарыта! Яна тады прыехала была ў горад дзён за два перад судом, надвечар. Незнаёмая жанчына паказала ёй, дзе льга за двазлотку на пору спыніцца. (Жанчына набожна перахрысцілася перад працэсіяй. Труну везлі на сялянскім возе, і паперадзе гарбаты чалавек у белай комжы нёс крыж). Маргарыта падзякавала жанчыне і купіла ў яе ж з каша шэсць абаранкаў. Ад вакзала ісці было ёй недалёка. Гэта была нават і не гасцініца. У двухпавярховым доме, побач з дзвярыма ў вялікую краму, спусціцца толькі ўніз, а там шырокія і нізенькія вокны, пад самаю столлю, выглядалі на малы скверчык. Гаспадыня адчыніла Маргарыце дзверы ў сцяне з пабяляных цалёвак. Каб гэта не на Маргарыту, дык прытулак гэты мог бы здацца чорным і цяжкім. Але гэта хто да чаго прывыкне, жывучы на свеце.
Ішоў у той дзень веснавы вецер, і голыя дрэвы на скверчыку гойдаліся і стукаліся голлем. Маргарыта бачыла праз акно іх пні ля самай зямлі. Пасля падышла яна пад люстэрка на сцяне: «Якая ж я стала худая і страшная».
Знайшла яна мяне тады была ў той самы дзень, калі ў суд хадзіла, не ведала адразу гэтай маёй новай кватэры. Ясныя былі тады ў яе думкі, усё расказвала мне, як прыехала, дзе і як спынілася, як з каша ў гандляркі абаранкі купляла, як нейкую труну везлі папярок вуліцы. Пра ўсю гэтую драбязу старалася гаварыць, абы не маўчаць, бо маўчанка была б вельмі цяжкаю. А нам хоць і было пра што пагаварыць (не бачыліся ж мы чуць не год, ад таго, калі ён яе завёз і пакінуў там), але ў тую хвіліну не гаварылася. Я цяпер як бачу, як чую той дзень, калі яна прыехала, як і дзе паварочвалася. І яе перад люстэркам, і сквер увечары, і вецер у голых дрэвах, і вясну... А з якім замілаваннем глядзеў я тады з канца калідора ў судзе на яе постаць, калі яна гаварыла з ім! Як ён злаваў, у яго зелянелі вочы і трэсліся сківіцы! Не, яна не спавядалася перад ім. Не спавядалася! Маладзец, Маргарыта!
– Я не прыехала перад табою спавядацца!
А як жа ён скрыгітаў зубамі і ледзьве стрымліваў сябе, сам пераняўшы яе слова:
– І я перад табою спавядацца не буду, як я жыву і як я хачу жыць. Усё, што было ў нас, гэта былі нашы памылкі... Чаго ты прыехала?
– Я прыехала ў суд.
– Можна было ўсё зрабіць завочна. Не канешне нам без патрэбы мучыць адно аднаго.
– А з патрэбаю тваёю дык можна і памучыць?
– Я не слухаю тваіх пустых слоў... Я табе пісаў тады, што буду без усялякіх судоў выплачваць тое, што з мяне належыць. І ты не можаш скардзіцца, што я сваіх абавязкаў не выконваю.
– А ты ведаеш свае абавязкі?
– Ведаю... Чаго ты хочаш дайсці гэтым судом? Я і без судоў ведаю закон.
– Але ці закон цябе ведае?
– Дык што ж, па-твойму, я непакараны злачынец?!
– Гэта ты добра сказаў, непакараны злачынец!
– Дык не табе ж судзіць і караць мяне! Годзе! Нічога ты гэтым судом не дойдзеш! Усё ў нас скончана, раз і назаўсёды! Калі ты па добрасці не можаш!..
– Не крычы, не хваліся, што крычаць умееш.
– Дык буду маўчаць.
Ён адышоўся ад акна і закурыў. Дастаў з кішэні маленькі, на ланцужку, гадзіннік. І зноў падышоў:
– Спыні гэтую справу і едзь адгэтуль.
– Не, я запішуся на біржу працы.
– Ты хочаш тут заставацца?
– Хачу.
Яна памаўчала. І зноў старалася не заікацца ад сваёй трывогі:
– Застануся тут... Табе не хочацца гэтага?
– Як хочаш. Мы чужыя людзі.
– Чужыя?! А чатыры гады мы не былі чужыя? Пэўна ж, што я цяпер табе чужая стала, на чорта я табе цяпер, хворая. Пану трэба не гэтакая жонка.
– Які гэта пан?
– Табе цяпер не гэтакая, як я, трэба, вядома.
– Я яшчэ раз кажу табе, прашу цябе – годзе нам адно аднаго мучыць. Я гэтак знерваваўся і стрывожыўся за ўвесь гэты цяжкі і паскудны час.
– Нічога, паедзеш на курорт, палечышся.
– Не ўсміхайся гэтак, ты мяне ўпікаеш яшчэ і курортам?!
– Ага, ты ўжо голас збавіў. Сцішэў? Жыві сабе, едзь сабе, упоперак дарогі я табе не стану. Гавары сабе пра свайго новага чалавека, гавары, трубі ўсюды, дзе толькі льга... Новы чалавек павінен, кажаш, быць прыгожым і вольным? А я адабрала ў цябе волю? От прыйшла да цябе, стала ўпоперак дарогі, завязала табе свет, і хоць страціла сама здароўе, жывучы з табою, але ўсё для таго, каб ты не быў ні вольным, ні прыгожым?
– К чорту гэты твой смех.
– На злосць гэта я табе ўсё зрабіла! На злосць! Каб звязаць цябе, каб адабраць ад цябе волю, каб ты быў не новым чалавекам, а старым!.. Старым!.. Нягодным!.. Брыдкім!.. А ты ўсё не паддаешся і застаешся добрым!.. Прыгожым!.. Разумным!.. Патрэбным на свеце!.. А гэта я гэтакая нягодная, гэтакае злачынства з табою зрабіла!.. Гэта я!.. Гэта я адна вінавата!.. Гэта я!..
– Не плач і не крычы, не ззывай людзей!
Заклапочаны твар глянуў з прычыненых дзвярэй у пусты калідор. Голас у чалавека быў нецярплівы:
– Справа Маргарыты і Аляксандра Марынковічаў. Хто да гэтай справы, заходзьце!
– Я спыняю справу, – сказала Маргарыта судоваму чалавеку.
– Зайдзіце заявіць пра гэта ў суд.
А які ліст паказала мне і пакінула на памяць перад ад'ездам! Які дакуменцік! «Паважаная Маргарыта! Ты разумная жанчына і сама павінна ведаць, што нам жыць разам больш немагчыма. Жыві там і не прыязджай. Я табе буду належачую па закону долю высылаць на хлопчыка. Ведай, што мы адно аднаго толькі звязваем. У нашу хвалюючуюся эпоху, калі мы няўхільна змагаемся за новага чалавека, мы павінны ўжо і цяпер даваць расткі гэтага новага, ідучага ў жыццё чалавека. А ён павінен быць вольным, прыгожым, не звязаным нічым, у яго павінна быць мінімум няволі і максімум волі. Мы, змагаючыяся і будуючыя, а таксама маючыя перспектыву на светлае заўтра, цяпер павінны адкінуць ад сябе старыя мяшчанскія традыцыі... Жыві там і не прыязджай, належачае па закону я табе буду беспракаслоўна высылаць. Марынковіч».
«Новы чалавек» яму спакою не дае! Якая гадзіна!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Старыя мае запіскі трывожаць мяне. Якуб цяпер вялікім вырас... Не, не мог бы цяпер дакончыць ліста Марынковічу. І не варт ён таго. Ды і нашто я пісаў яму? Як гэта мне магло ў галаву ўзбрысці гэта? Не да яго ж апеляваць з гэтаю справаю.
А які прававерны грамадзянін і партыец! Надпіс яго на картачцы сваёй Маргарыце, даўней, калі яшчэ яна дзяўчынаю была: «Тов. Маргарите от близкого, может быть, товарища. Общественность и общественная работа должны жить в вас. Маринкович». Тады ён яшчэ не быў «балгарынам». Не было яшчэ загаду пра беларусізацыю.
Не давай ты яму загаду (ці дырэктывы), і думка яго будзе драмаць спакойна і весела. Ніколі ён не выкажа ніводнай думкі свае: і няма яе ў яго, і баіцца – «а можа начальства зусім не гэтак скажа. Пачакаю лепш, што яно скажа, а тады ўжо і я». І колькі яшчэ ён задушыць жывых слоў і думак рэвалюцыйнай творчасці толькі таму, што выказаны яны не начальствам!..
Як гэта Маргарыта сышлася была з ім...
4. Весткі ад Якуба
«Братка Віця! Але ж даўно я цябе не бачыў. Чаму ты гэтак мала пішаш, забыўся пра нас, ці што? Мы табе рэдка калі пішам – дык нам жа вельмі часу ніколі няма. Цяпер толькі адсеяліся. Ну і нагальнасць была! Добра, што дажджы ідуць, годзіць на поле. Каб ты ведаў, які ліст учора прыйшоў ад Маргарыты. Ты б за галаву хапіўся б, каб ведаў. Ты, мусіць, нічога пра гэта не ведаеш, бо няўжо б ты маўчаў нам пра гэта гэтулькі часу. Але чаму яна сама дагэтуль – хоць бы слова. Гэта ж цэлы год ужо зараз. Яна піша, што бачылася з табою, бо прыязджала ў твой горад у суд, браць разлуку. Ты ведаеш, як усё гэта было для нас – як абухом па галаве ўсім. Я то яшчэ нічога, а Маня і цяпер да спакою прыйсці не можа. Яна ж Мані пісала (толькі сёння Маня мне расказала), што зусім страціла здароўе, жывучы з ім. І цяпер усё адразу ён узяў ды вырашыў па-свойму – узяў дый кінуў, няхай як сабе хоча, хоць зойдзецца дзе. Яна і сама піша гэта самае, але гэтак, што трэба найбольш здагадвацца – як бы не смее яна гаварыць нам усяго выразна. Толькі нарэшце вырвалася ў яе слова: «Што ж, я калі пайшла замуж, дык закон гэтакі, што трачу я права на тую гаспадарку, адкуль пайшла. Дык я і не паеду да вас. Работы я нідзе не знайшла, і цяжка мне яе знайсці, дык няхай сабе будзе, як будзе». От што і як яна піша. Яна, відаць, ужо і законамі націкавілася, мусіць, прыйшлося ёй добра цяпер! Каб яна яшчэ адна, а то з дзіцем, дык яшчэ горш. Я сёння ёй напісаў проста – закон, гавару, адно, а жыць на свеце жывым і родным людзям часамі можа быць і другое. Не чалавек ідзе да закону, а закон да чалавека. І калі дзе які закон не прыйшоўся да чалавека або чалавек падышоў наперад, а закон астаўся, дык закон падагнаць трэба. Мы, гавару, родныя, і не канешне на законы прыглядацца. Бо ты як была дома, а мы былі малыя, дык была ты для нас як родная маці. Няўжо ж мы павінны забыцца на гэта. Няўжо ж мы пойдзем у суд, каб нас чужыя людзі мірылі і дзялілі? Прыязджай, напісаў ёй, мы цябе спаткаем з радасцю, і ўсё будзе добра. Можа і добра, што развязалася з гэтакім. Маня таксама і ад сябе прыпісала, каб прыяжджала і нічога лішне не думала. Але Маня сваім жаночым сэрцам угадала яшчэ адно. І мусіць, гэта праўда. Яна мне гэта сказала: таму Маргарыта не хоча да нас ехаць, што рабіць цяпер не можа, здароўе страціўшы. А ў нас жа гаспадарка. І не хоча яна быць «дармаедам» на чужым карку. Маня як толькі сказала мне гэта, дык адразу і заплакала. Тут ужо ніяк не напішаш пра гэта Маргарыце, каб лішнім і грубым словам яе не скрыўдзіць як часамі, каб, яшчэ больш неасцярожна і не ў пору сказаўшы, не паддаць ёй яшчэ больш пакуты. Трэба толькі падумаць, што яна цяпер думае і як жыве. Адно каб яна прыехала, а калі не – дык я сам паеду і забяру яе. Ты, братка Віця, напішы ёй, няхай нічога гэтакага не думае і адразу прыязджае. Будзе яна тут спакайнейшаю і можа паправіцца трохі. А то, мусіць жа, дапякло ёй усё гэтае, калі аж пра законы, небарака, пачала пісаць... Сам я, мусіць, да цябе неўзабаве прыеду. Не надоўга. Тут у нас адна справа заварваецца, і мне давядзецца ехаць. Я ўвесь клопат узяў на сваю галаву, бо, сказаць праўду, каб не я, дык, бадай-што, нічога і не было б. Гэта мы складаем камуну – сем хат згаварыліся. Дык цяпер трохі мне клопату будзе. Я табе напішу гэтымі днямі, калі прыеду. А ты ж хаця пішы. І яшчэ раз просім мы цябе з Маняю – напішы ты Маргарыце – няхай нічога не думае і не псуе дарэшты свайго здароўя. Няхай прыязджае. Вітай яе ад нас і бывай здаровенек. Якуб».
5. З стэнаграмы следчага допыту
...Цягнік прыйшоў пад вечар. Я даўно чакаў на вакзале, каб сустрэць Якуба. Я стаяў каля дзвярэй і ўглядаўся ў людзей – які ж цяпер той ранейшы сінявокі Якуб, што (калі ўжо тое было!) гэтак няёмка развітаўся быў са мною на станцыі? Я тады бачыў праз акно з вагона, як ён паправіў на возе мяшок з сенам і паехаў у сваю дарогу. Я ведаў, што ён спяшае, каб да вечара перапаўзці трыццаць вёрст. Пакуль ад'ехаў, дык разоў тры азірнуўся. А пасля цягнік рушыў... Колькі ўжо год прайшло, як мы пакінулі жыць разам!
Доўга прайшло часу, калі я заўважыў сярод людзей загарэлы, аж чорны, хлапечы твар і шэрую суконную жакетку. Цераз плячо ў Якуба вісеў на палатняным рубцы малы клунак. Я схапіў яго за рукаў і выцягнуў з натоўпу.
На вуліцах стаяў пыл, і сонца яшчэ пякло. Якуб грукаў ботамі па гарачым бруку. У першыя хвіліны мы не знаходзілі словаў, і гаварыць пачалі тады, калі прыйшлі на кватэру. Што перш за ўсё кінулася мне ў вочы ў Якуба – гэта павольная сталасць у рухах нават тады, калі гэтай павольнасці не было.
«Як у старога вясковага гаспадара, у якога ўкаранілася мудрасць, што на зямлі вельмі спяшаць і трапятацца няможна. А можа гэта ён стаміўся з дарогі?» – падумаў я.
Запахла ў пакоі Якубавымі ботамі і ветравым пылам ад яго жакеткі.
Якуб гаварыў пра ўсе самыя дробныя хатнія справы, пра знаёмых вясковых, смяяўся мякка і добра. І я адкінуў на гэты час усе свае справы, каб застацца аж да заўтрага з братам. Усё больш і больш агортвала мяне тое роднае, што з малых дзён вызначылася назаўсёды між намі і ў нас. Гэта тая арганічная блізасць з Якубам, што з вялікай сілай загаварыла зноў цяпер пра сябе.
– Ты мне хіба паможаш што тут у маёй справе, бо я ж, сам ведаеш, нідзе ніколі не быў, – сказаў мне Якуб.
Ён расказаў, як Маргарыта ішла замуж (трэба ж было, як на тую бяду, паехаць ёй тады да Мані і якраз спаткацца з ім!), як лепш яны там усе жывуць цяпер дома. Якуб гаварыў з развагамі, спакойна і стала. Белыя, ад сонца аж жоўтыя, валасы тонкімі пасмамі клаліся ў яго на вушы, тыя ж самыя сінія вочы глядзелі шырока, толькі глыбей увайшлі нейк позіркам сваім. І яшчэ прабівалася наверх з усіх рысаў твару адзнака ўпартасці.
– Дык як Маня маецца? – запытаўся.
– Жыве сабе... Мне цяпер абы тут усё добра зрабіць, а там – не я ж адзін... Зусім прыйдзецца некалі на весну вуліцу зносіць, і рэшта вёскі падзеліцца на два калектывы.
Я тады ахоплен быў новым пачуццём, глыбокім, радасным. Мы сядзелі з Якубам у першы вечар доўга, і яго абветраны твар быў для мяне вельмі любым. Тут было ўсё ад пачатку і да канца – і тое мінулае, з чаго вырасла наша блізасць, і цяперашняе. Мы разумелі адзін аднаго з паўслова.
Пра Маргарыту ён гаварыў, як бы сам быў у чым тут вінават. Але пасля, калі загаварылі мы, як дапамагчы ёй, каб стала ёй спакайней на душы, ён увесь загарэўся і ўспомніў адразу пра Марынковіча. Нават скрозь загару я прыкмеціў, як пачырванеў яго твар, і ён увесь аж уздрыгануўся. У ім, у гэтым сінявокім Якубе, у гэтым маладым, спрацованым, упартым рэфарматару зямлі захаваны вялікія буры. Ён пабыў у мяне два дні і паехаў, зрабіўшы тыя свае справы. І першы дзень, як паехаў ён, мне самому хацелася следам за ім ехаць. І ў той жа дзень я напісаў яму колькі слоў і вялікі ліст да Маргарыты. Усё гэтак, як гаварыў ён.
Цяпер менш за ўсё я думаю пра Марынковіча. І гэта дрэнна. Бо яго трэба перамагчы. Гэта нялёгка. Вельмі часта можна самому праславіцца за ворага рзвалюцыі, пакуль пераможаш яго. Даведзена ж і выдрукавана ў прэсе, што я контррэвалюцыянер.
Буду ісці да канца.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
6. Якая гаворка была ў мяне з Марынковічам
– ...Яна зняла справу з судовага разгляду не затым, што вы вельмі хацелі гэтага, а затым, што нічога суд не сказаў бы таго, пра што трэба было б хоць слова сказаць. Бо тут гэта не тое толькі, што ў яе ад вае дзіцянё застаецца і што вы будзеце даваць на яго гэтулькі, колькі закон скажа. Можа суд яшчэ сказаў бы колькі слоў і пра тое, што яна, жывучы з вамі, страціла сваё здароўе: вы ж жылі разам чатыры гады, і яна магла б ужо мець чацвёра дзяцей! Над гэтым ні вам, гр-н Марынковіч, нікому галава не баліць, і яна адна сваім жыццём тут за ўсё адказвае. Але суд ні слова не сказаў бы пра тое, што яна ішла за гэтага Марынковіча тады, калі ён зарабляў на месяц усяго васемнаццаць рублёў. Яна хацела бачыць у Марынковічу чалавека і пайшла дзяліць з ім гора. А ён, калі ўжо зрабіўся важнаю асобаю, дык забыўся на ўсё гэта. Ён цяпер стаў «новым» чалавекам і знайшоў сабе «новую» жанчыну...
– Гэта справа мая і яе. Толькі!
– Але я ж брат яе.
– Вы, грамадзянін Лукашэвіч, маеце на мяне злосць за вашу асабовую справу і прыплятаеце сюды справу другую, якая сюды не належыць.
– Належыць!
– Не.
– Належыць! Усё належыць! Я ўсё разам збяру.
– Ну і што тады будзе?
– Нешта будзе.
– Што ж, грамадзянін Лукашэвіч, збірайце, збірайце ўсё разам. Мусіць, дапякла вам праўда, калі гэтакім гарачым зрабіліся. Збірайце, збірайце... Братняя блізасць! Зачапі толькі мешчаніна за душу, за пачуцці, будзе тады крыўды... Мешчаніна, мешчанчука, вас!
– Мяне гэта?
– Вас. Вы ж мешчанін, самы сапраўдны! Безумоўна, пачалося з таго, што вы заеліся на мяне за сваю ўласную справу, за тое, што я апублікаваў вашы контррэвалюцыйныя паводзіны. І тады вы пачынаеце прыплятаць сюды зусім іншую справу, безумоўна не належачую сюды, чужую тут, непатрэбную, пабочную! І стараецеся выйграць на гэтай справе. Чаму ж вы пра сваю справу са мною не гаворыце, чаму ж аб ёй маўчыце, а ўсё пра маю асабовую, у чужое жыццё залазіце?! Я не жадаю аб гэтым больш з вамі гаварыць. Гэта ўсё інтэлігенцкая псіхалагічнасць, мяшчанская сямейсцвеннасць, браты, сёстры! Як вы, грамадзянін Лукашэвіч, не можаце зразумець (бачыце, я халадней пачынаю гаварыць), што старая сям'я пашатнулася. Безумоўна і назаўсягда! Гэта ясна, і вам гэта павінна быць даўно вядома. Надыходзячыя будучыя часы ад нас ужо цяпер патрабуюць дзейнасці.
– Якое?!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ён доўга гаварыў мне пра нейкую дзейнасць, а я маўчаў. Я не мог гаварыць тады з ім. І пайшоў, не даслухаўшы яго да канца. Ён стаяў перада мною пануры. Ад гаворкі тоўстыя губы яго трэсліся, ад узбуджанасці чырванелі вочы і твар мяняў колеры. Твар яго быў апушчаны ўніз. Я пайшоў і пачуў праз зачыненыя дзверы, як ён змоўк і пачаў цяжкімі крокамі сваімі хадзіць. Я ніякай драбязы цяпер не заўважаю, але адна не вылазіць з маёй галавы – гэта як ён ступае. Моцна стукае пятамі і раскідае ногі. А сам ён ад прыроды сваёй пануры і не любіць гаварыць. Толькі, як ён кажа, грамадскія абавязкі навучылі яго гаварыць, крыкліва і суха. Дома ён заўсёды маўчыць. Любіць сядзець на скверы і маўчаць. Калі ідзе, напрыклад, з грамадскага прагляду якога-небудзь кінафільма ці новай п'есы – ніколі не выкажа сваёй думкі, а ўсё гудзе: гугу – не разабраць, ці гэта ён згаджаецца з табою, ці не.
Гаворка гэтая мая была з ім пазаўчора. Сягоння я зусім спакойна ўспамінаю яе. Таксама сёння сказалі мне, што праз тры дні будуць мяне «чысціць» – будзе браць мяне на допыт камісія, якая чысціць наш савецкі апарат.
У мяне з'яўляецца адна думка – падаць у гэтую камісію свае запіскі і лісты. Усіх у камісіі я ведаю, можна ім даць чалавецкую споведзь. Толькі адзін – Курціцкі, але ён там адзін, і не пасмее ён пасля здзекавацца з маёй споведзі. Трохі не гэтак кажу – ён то пасмее, але не павінны іншыя дапусціць да гэтага. Я думаю, што гэтыя мае запіскі ёсць найлепшы дакумент. Пісаў жа я іх толькі для сябе.
Перш за ўсё будзе да мяне падыход як да нейкай «контры». Друкаванае слова!
7. Весткі з вёскі і ў вёску
«Братка Віця! Я прыехала «дадому» (дзе мой цяпер дом?), і мяне спаткалі гэтак, што я вось ужо колькі дзён жыву тут, а не магу спакойна ўспомніць гэтага спаткання. Слёзы радасці і замілавання ў мяне на вачах, калі думаю пра гэта. Вельмі Якуб пра мяне клапоціцца. З Маняю дык мы, вядома, сёстры, жанчыны, мы як адна душа. Яны нічога не даюць мне рабіць, кажуць, каб я адпачыла і папраўлялася. А я і так добра сябе пачуваю, вельмі добра. Здароўе маё гэта раней было дрэнна, а цяпер, за апошні час, на паправу пайшло. Так што дарэмна яны мне забараняюць рабіць. Ты ім напішы, каб яны не рабілі гэтага, я магу і хачу рабіць разам з імі ўсялякую цяжкую работу. Ды я і не хачу, могучы сама рабіць, глядзець, як нехта робіць, а самой быць за паню нейкую. А паняю я ніколі не была і не хачу быць. Калі я ішла за Марынковіча замуж, дык ён тады зарабляў на месяц васемнаццаць рублёў. Значыцца, я не ішла за яго панаваць. А цяпер, калі ён зрабіўся панам, дык я ж не жыву з ім. Яшчэ раз прашу цябе, Віця, апішы ім усё гэтак, як табе будзе здавацца найлепш, каб іх не пакрыўдзіць, каб яны нічога лішняга не думалі ў гэтай справе, каб я разам з імі ўсё рабіла па гаспадарцы. Бо ўсё гэта тут, у маёй гэтай справе, вельмі проста і звычайна. Я гэта ведаю, ведай гэта ты, і няхай яны ведаюць. Я зусім здаровая. Маргарыта».
* * *
«Братка Віця! Маргарыта прыехала да нас, і вельмі дрэнна ў яе з здароўем. І горш за ўсё, што яна не шануе яго, не хоча паправіцца як мае быць і бярэцца за работу. І ніяк не можна яе адгаварыць ад гэтага. Яна кажа, што зусім здаровая і што не можа сядзець без работы. Праўда, гэтак выразна не гаворыць, каб мы не пакрыўдзіліся, але з яе гаворкі гэта відаць. Усюды яна ідзе разам з Маняю, усё робіць. Нават стараецца сама ўзяць самую цяжэйшую работу. Мяне часам аж злосць бярэ, бачачы ўсё гэта. Ніколі я, кажа яна, не была хвораю. Так, кажа, трохі недамагала, але тое прайшло, хоць ёй і цяжка, але яна не падае нават выгляду. А я ведаю, бачу, што не можа яна рабіць і дарэшты сапсуе сваё здароўе. (Выкажу табе маю думку – мусіць, ужо ёй і няма чаго псаваць, мусіць, ужо зусім здароўя ў яе няма.) Дык ты, братка, напішы ёй, каб яна хоць час нейкі нічога не рабіла, каб слухала нас і паверыла, што мы будзем вельмі рады, калі яна кіне ўсялякую работу. А то ўчора заўважыў я, як яна ўся збялела ад слабасці і прытулілася галавою да сцяны ў гумне (нешта там корпалася, сама пайшла). Але заўважыла мяне і, каб схаваць усё гэта, пачала варушыцца каля работы і неўзабаве пайшла ў хату. Я толькі паглядзеў ёй услед. Я ведаю, што ёй цяжка: яна думае, што будзе на нашым карку, але чаму яна і пра другое не падумае! Яна ж нас усіх павыгадоўвала, была для нас не толькі за сястру старэйшую, але і за матку. Уся ж тады работа на яе плячах ляжала і ўвесь клопат на яе галаве. І што б там ні было, я не магу дазволіць ёй рабіць цяжка. Пра гэта ты і напішы ёй, прашу цябе.
У самога мяне ўсё ідзе някепска. Добра, што тады ты быў памог мне, як я да цябе прыязджаў. У нас цяпер самы рэзрух. Ворагі сталі прыяцелямі, а прыяцелі сталі ворагамі. У якой хаце раней была калатня, дык цяпер стала ціха, а ў якой было ціха, дык пачалі калаціцца. З нашай камуны дзве хаты адкінуліся – спалохаліся, але новыя хочуць. Прыехаў бы ты, паглядзеў, што робіцца. Папраўдзе, вазьмі ды прыедзь. І з Маргарытай пагаворыш, можа лепш угаворыш яе. Так жа з ёю справу цягнуць няможна, мы ўсе павінны пра яе падбаць. Не толькі ж лячыцца, але і паберагчыся трэба. Яна гэта сама ведае лепш за нас. Каму гэта ведаць, як не ёй. Але што ты ёй зробіш! Яна гордая, ды яшчэ і любіць нас усіх. Успамінае ўсё, як мы гадаваліся. Сапраўды, якое гора яе спасцігла! Але вельмі дрэнна, што яна тоіць яго ў сабе і нават з Маняю скрытная бывае. Вітае цябе Маня. Яшчэ адно. Чыталі мы газету (не зусім свежую, газеты сюды да нас даходзяць позна), дык там пра цябе чыталі, што ты нібыта там нейкі сход хацеў раскідаць і шкодную рэзалюцыю прапанаваў. Тут усе ўжо ўзялі ў шух вельмі. Я то не веру, што гэта было так, як надрукавана, але, прызнацца, адразу як прачытаў, дык жахнуўся. А хто цябе тут не любіў, дык пачалі языкамі малоць – от, кажа, табе і прававерны камуніст вельмі. Нешта недзе не ўнаравіў, дык і скідаюць ужо. Мне здаецца, што ўсё гэта нейкае непаразуменне. Пісані і пра гэта колькі слоў. Якуб».
* * *
«Браце Якуб! Пішу адразу пра справу. Што на мяне пусцілі паклёп – дык гэта ўсё рука Марынковіча. Сёння мяне «чысцілі», там гэты газетны паклёп быў самым галоўным абвінавальнікам. Паклёп з мяне знялі, і пра гэта будзе ў той жа самай газеце. Усе гэтыя матэрыялы – і мае, і Марынковічавы, пойдуць у камісію па чыстцы партыі. Марынковіч цяпер устрывожыўся. Як Маргарыта? Я пісаў ёй тады, пасля твайго ліста, што няхай адпачне гэты час, а да канца лета я збяру грошай, і тады яна паедзе куды падлячыцца. Ніхто мне з вас на гэта нічога не адказаў. Чакаю. Віця».
* * *
«Браце Віця! Не адказвалі мы табе доўга таму, каб не трывожыць цябе. Але цяпер пішу – Маргарыта зусім хворая. Зусім ляжала ў пасцелі і толькі гэтыя два дні патроху ўстае. Я прывозіў доктара, і ён сказаў, што нервы яе не ў парадку. Ёй трэба лячыцца, так што ты добра прыдумаў сабраць ёй трохі грошай. І я памагу, колькі будзе ў мяне, вельмі дрэнна з ёю, баязно, каб зноў не пагоршала. Якуб».
8. З стэнаграмы следчага допыту
...Зноў была ў мяне з ім сутычка.
Ён зусім іначай гаворыць са мною. Пра новага чалавека цяпер гаварыў не ён, а я. Трэба ад Марынковіча збавіцца, сказаў я яму, каб ён не шкодзіў фармаванню новага чалавека. Ён пачырванеў, вочы яго наліліся крывёю, але ён тут жа асеў. Яго аглушыла пастанова камісіі па чыстцы апарату і перадача ўсёй гэтай справы як матэрыялу ў партыйную камісію. Ён злуе, вар'юецца, але стараецца стрымлівацца. Штосьці хацеў са мною гаварыць, але я пайшоў. Я прачытаў яму на адыходзе Якубаў апошні ліст – губы яго сціснуліся, і ён з нянавісцю глянуў на мяне... Цяпер ён адзяецца прасцей, скінуў гальштук і вельмі ветлівы з усімі на працы. З кожным загаворвае. Але цяжка з ім гаварыць – усё выходзіць няшчыра, холадна, штучна. Нейк так выходзіць, што ўсякі або згаджаецца з ім, або маўчыць.
Як мяне ператрэсла ўся гэтая справа!
9. Тэлеграма
Віктару Лукашэвічу Прыязджай Маргарыта пры смерці Якуб
10. Ад аўтара
На гэтым канчаюцца пісаныя матэрыялы, што да справы Віктара Лукашэвіча, і пачынаецца не пісаны яшчэ раман.
1929
Макаркавых Волька
Кааператар Сафрон Дзядзюля вельмі заўзята расказваў, што прыцемкам, спускаючыся з высокага сельсавецкага ганка, ён убачыў такі малюнак: нейкая незнаёмая жанчына шпарка выйшла з-за дубовага паркана, які абгароджваў царкву і могільнік навакол яе, і ўпэўнена пайшла да таго месца, дзе калісьці была брама. Не знайшоўшы іншага спосабу ўвайсці ў могільнік, жанчына пералезла цераз жэрдкі, якія на месцы брамы былі наглуха папрыбіваны канцамі да слупоў. Паркан быў высокі, і Сафрон Дзядзюля не мог бачыць, што жанчына рабіла на могільніку. Ён толькі заўважыў, што яна адразу накіравалася кудысьці за царкву, дзе чатыры вязы густа ўсцілалі зямлю жоўтым лісцем. Ужо зусім было цёмна, калі жанчына выйшла з могільніка. Стоячы за рогам паркана, Дзядзюля бачыў, як яна некалькі разоў азірнулася на царкву і цяпер ужо зусім паволі пайшла ў вуліцу. Неўзабаве жанчына зайшла, мусіць, у адну з канцавых хат, бо раптам яе нідзе не відаць стала.
Постаць і хада гэтай жанчыны непрыемна нагадалі Сафрону Дзядзюлю адну асобу, раптоўная думка пра якую разварушыла даўнюю прошласць. Успаміны гэтыя былі прыкрыя. Але з-пад гэтай прыкрасці даволі ўпарта высоўвала галаву ганарыстае задаваленне.
Гэта было таму назад год дзесяць. Сафрон Дзядзюля сватаўся да Макаркавых Волькі. Вольцы тады было яшчэ не больш васемнаццаці год, і гэта была самая лепшая танцорка і заўзятая весялуха на ўсю вёску. Сям'я Макаркавых была бежанская. Яшчэ ў імперыялістычную вайну тут з'явіўся высокі чалавек з жонкай і малою дачкою. Прыехаў ён на сытым маладым кані. Сафрон Дзядзюля быў тады яшчэ падростак і разам з іншымі, такімі як ён, падшывальцамі, цёрся каля бежанскай фурманкі, пакуль высокі гаспадар яе хадзіў па хатах і апытваў прытулку. Бачачы на возе толькі адну бабу з малой дзяўчынкай, Сафрон так асмялеў каля чужога каня, што надумаўся навырываць з яго хваста валасні сабе на вуду. Конь хоць быў у аглоблях, але ўхітрыўся так зачапіць нагой Сафрона, што той адразу адцураўся валасні. Дзяўчынка на возе зарагатала. Сафрон адбегся, хапіў сукаваты пошвырак і смальнуў каню ў бок.
Бежанец астаўся ў вёсцы, і праз пэўныя гады Сафрон Дзядзюля пачаў ныць па чорнавалосай Вольцы. Ён хадзіў за ёю доўга, але ў яе і ў думках не было ісці замуж, і не толькі за яго, але за каго б там ні было. Яна хацела ехаць вучыцца, і от аднойчы, не ведаючы, як ад яго адчапіцца, яна сказала яму ні то стала, ні то жартам:
– Я за цябе не пайду, бо ты такі...
– Які? Ну які?
– Ты такі, што абы дзе сеў, то пасля цябе заўсёды астаецца куча смецця, попелу з папяросы, пяску і гразі з-пад ног.
– Ну, а больш? – перабіў ён, увесь чырвоны ад злосці.
– Калі ты возьмеш у рукі якую-небудзь рэч, то адразу пачнеш на ёй цвіком, шклом ці хоць запалкай вырысоўваць сваё прозвішча і зглуміш тое, што трымаеш у руках.
– А яшчэ?
– Стол, за якім ты сядзіш, заўсёды астаецца пасля цябе зрэзаны нажом і сколаны. А на кожным лісце паперы, які трапіцца табе пад руку, ты сто разоў распішашся...
– Ну, кажы далей!
– Што ж далей?.. Ну, ты пусты ганарлівец... і яшчэ – кожнага любіш абсмяяць... От зімой, я памятаю, мая маці несла ваду і, пакаўзнуўшыся, упала, а ты пасля рагатаў, што, пакуль яна ўставала, у яе голыя калені відны былі.
Апошнія словы Волька сказала гнеўна, гнеў гэты явіўся ў яе нечакана, пры ўспаміне аб гэтым выпадку.
Усё гэта было праўда, і тым больш зняважыла высокія Дзядзюлевы пачуцці. Праз паўгода Волька паехала вучыцца на рабфак, а яшчэ праз паўгода ёй наўздагон пайшла заява аб тым, што яна «лісіца ў воўчай скуры» і не проста пайшла вучыцца на рабфак, а «пралезла» туды, і калі яна «працягвае» там вучыцца, то «гэта няправільна», бо бацька яе заўсёды трымаў сытыя коні. «Пад гэтага каня страшна было падысці», – такія гэта былі кулацкія стаеннікі. Усім было вядома, што ў тыя часы Вольчын бацька меў толькі і занятку, што з ранку да вечара вісець крукам у сельсавеце, дамагаючыся даведкі, што ён ніякі не кулак. Ён гаварыў, што ў часы бежанства сыты конь у яго быў таму, што ён, каб уцячы ад гарматнага агню, прадаў, што меў, да апошняй ніткі і купіў каня.