355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кузьма Чорный » Выбраныя творы » Текст книги (страница 7)
Выбраныя творы
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 04:00

Текст книги "Выбраныя творы"


Автор книги: Кузьма Чорный



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 41 страниц)

– Назад. У сваю гнілую хату! Лепш там памерці з голаду, чым тут валяцца непахаванаму.

Пошапкам яны дайшлі да згоды. Яна з дзецьмі пойдзе назад першая, а ён следам, каб было незаўважней, бо маланка штохвіліну і натоўп вялікі. Ён стаў пад дрэвам тварам ад таго боку, у які ішоў і сям’ю вёў. За кожнай маланкай ён акідаў вачыма мясцовасць. Іх няма. Але нарэшце – радасць, радасць! На самай той дарозе, якою проста дойдзеш да той старой хаты, стаялі яны. Яна, любая, родная, разважлівая, працавітая, верная яго сяброўка, Тамаш, босы, малы, падкасаны. І маленькая Лізавета ў яе на руках, маленькая, кірпаценькая, птушанё… Гэта яны, якіх ён вёў у будучыню. Што яны стаялі на патрэбнай дарозе, ён ведаў з таго, што над імі гойдала веццем знаёмае яму сагнутае дрэва. Яшчэ адна маланка, і ён убачыў, як яны ішлі далей дарогай. Яны ўжо далёка ад страшнага месца. Зараз і ён рушыць за імі. Зноў маланка і крык пагранічніка ў зялёнай шапцы. Ён стаяў на другім баку. Падкасаныя худыя Тамашовы ногі назаўсёды асталіся ўваччу яго. А першыя Лізавеціны ўсмешкі! Смутак наваліўся на яго душу. Якая чакае і іх і яго будучыня? Дзе ім суджана знайсці яе? Але трэба ісці, пагранічнік грозіць, што будзе страляць. Па калені ў вадзе і ўвесь мокры, ён замаршыраваў перад пагранічнікам. Сцяна, глухая і бязлітасная, як вечнасць, замкнулася паміж імі. Бывай, верная сяброўка! Бывайце, дзеці! А можа, адбудзецца цуд? Можа, міне вас лёс без будучыні? Але лепш ні аб чым не думаць, бо навала смутку забівае душу.

Сымон Ракуцька быў пад арыштам доўга. Пакуль у яго руках апынулася даведка, што ён мае права жыць усюды, толькі не ў пагранічных з Польшчай раёнах, ён больш за год усё даводзіў як мог, што ён не шпіён, а проста чалавек з той зямлі, па якой прайшла граніца. А тым часам вялікі ўпарадкавальнік усялякіх хібаў і непарадкаў – час – абтрос і абгладзіў усё, што было не на сваім месцы, і шмат што забылася, шмат прытупілася, а сам чалавек знайшоў сабе месца, і лягчэй яму стала. Але час не меў сілы перад тупым смуткам па малым Тамашу, па першых Лізавеціных усмешках і па ёй, вернай сяброўцы. Гэты смутак, здавалася, апанаваў чалавека назаўсёды. Яму не было адхлання, і ад яго не было ратунку.

Сымону Ракуцьку спачатку здавалася, што варта яму толькі зноў звіць сабе гняздо, як ён скіне з душы цяжар свой. Тым часам ужо і хата ў яго была новая, зноў новая, вокнамі на дарогу, і ціха і спакойна ўсё тут было, і зямлі было на чатыры душы, і не трэба стала з жахам заглядваць у заўтрае, а спакой у душу не варочаўся. «А Тамаш, а Лізавета!» Сымон Ракуцька наладзіў сваё жыццё так, як жадала яго натура. Яго ціхманую працавітасць льга было ставіць паўсвету ў прыклад, калі лічыць яе за дабрачыннасць. І дзіўна было. Ён адзін, а ўпраўляўся з полем і з домам. І яшчэ кожны дзень меў часіну сядзець на калодзе і босы пасярод свайго двара. Ці то прывычка, ці то ашчаджанне абутку, але ён цяплом ніколі абуты не хадзіў. Ён яшчэ людзям і колы рабіў, і драбіны з панарадамі майстраваў. Жыў сам-насам. У той меры, у якой ішоў час, смутак яго ператвараўся ў вялікую мару. Гэтая мара заўладала ім, ён ёю жыў і служыў ёй. А пачалі нарэшце прыходзіць моманты, калі і вера, і надзея, хоць здалёк, паказвалі яму свае ясныя твары. Гэты новы час у яго жыцці пачаўся з таго, калі яму прыйшла ў галаву такая думка: яна тады з дзецьмі вярнулася ў тую старую хату. Хто ведае, можа, і цяпер яны жывуць там? А кажуць жа людзі, што поштай можна з Польшчы сюды пісаць, а адсюль у Польшчу. Як страсянула яго гэтая думка! Ён не меў ні сну, ні спакою, пакуль не паслаў пісьма на адрас той старой хаты. Ён дакладна выпісаў і цяперашні свой адрас. Паведаміў аб той мясціне, у якой цяпер жыў. Яно ж магло быць і так, што і адтуль сюды прыйдзе пісьмо. Цяпер яго жыццё стала чаканнем перш за ўсё пісьма, пасля – нейкага невядомага лёсу. «Адтуль прыйдзе вестка. Яны жывыя і здаровыя, і можа нават не галодныя. А хіба хто можа сказаць цвёрда, што на свеце можа быць, а чаго можа не быць? Нават такое магло здарыцца, што граф Паліводскі прасіў ласкі сярод дарогі ў абарванага хлопца. А можа лёс прывядзе іх сюды. Але што такое лёс? Ён сам дойдзе да думкі, што зрабіць. Ён будзе думаць, ён будзе раіцца з людзьмі, ён будзе слухаць па свеце. Слухаць па свеце!» Самае далёкае, дзе ён бываў – гэта яго поле. Але практыка з самага маленства і інстынкт падказвалі яму, што яшчэ многае наперадзе, што яшчэ многа дзе прыйдзецца быць, многае нанава рабіць, многае бачыць і чуць і за многае нечаканае брацца. Мара, чаканне, надзея, упартасць думкі і фантазіі! Гэтым ён цяпер і жыў. Колькі яму аднаму трэба было? Ён задавольваўся самай простай ядой. Улетку ён палуднаваў халодным квасам з зялёнай цыбуляй. Старанна вырабленае поле радзіла ў яго лепш, як у каго тут. У яго пачалі заводзіцца грошы. «Божа мой, вось быў бы спосаб Тамашу!» Нават не маючы намеру купляць што, ён пачаў хадзіць у кааперацыю і прыглядацца да тавараў. Аднойчы ён купіў з сіняга сукна ватоўку, хлопцу гадоў на пятнаццаць. «Калі ж небудзь Тамаш будзе такі, што яму якраз прыйдзецца гэтая вопратка». А толькі невядома, у якія годы з Тамашом суджана спаткацца бацьку. Такім парадкам за доўгі час у Тамаша стала многа ўсялякай адзежы на ўсялякія ўзросты: і на дзесяць год, і на дванаццаць, і на пятнаццаць, і на васемнаццаць, і на дваццаць. Усё купляў бацька. Віселі на вешале ў клеці парамі боты, нагавіцы, вопраткі. Былі плацці для Лізаветы і хустачкі, чаравікі і панчохі… Часамі ж на яго находзіла прасвятленне. Ён як бы адпіхаў ад сябе гэты пусты занятак і ўпадаў у думку, што рабіць, сапраўднае, вялікае, выразнае і сапраўды патрэбнае, каб убачыць дзяцей. Нарэшце прыйшоў канец яго ціхай цярплівасці. Нават сядня на калодзе сярод двара пакінула яму быць прыемнай. Ён нейк пацягнуўся да людзей і як бы затрапятаўся. Яго ўжо бачылі ў навакольных мястэчках на кірмашах, каля цэркваў і касцёлаў на фэстах, у сельсавеце ён бываў часта і без прычыны. Ён пытаўся і раіўся. У тую старую хату ён цяпер слаў пісьмы бадай што цераз дзень.

Усім пачало здавацца, што ён рабіўся больш гаваркім, і панурасць сыходзіла з яго. Аднак жа ніхто не ведаў, што ён сябе пачуваў так, быццам кожны дзень піў атруту. І дзіўная рэч. Хоць час ішоў, нават ужо год за годам, з яго вачэй не сыходзілі босыя Тамашовы ногі, калі ён, у тую навальнічную ноч, асветлены маланкай, стаяў на дарозе пад сагнутым дрэвам. Яго ўяўленне рысавала яму Тамаша толькі малога і Лізавету толькі ў маці на руках. Па-сапраўднаму ён ніколі не задумаўся аб тым, што годы ідуць. Сам ён пачаў сталець так шпарка, што часамі ўжо льга было ў ім заўважыць першыя рысы далёкай яшчэ старасці. Гэта была празмерная на яго гады сталасць. Апошняя бачаная ім усмешка малой Лізаветы! Маланка, і свет уздрыгануўся ад грому. Тамаш стаіць мокры, вада. Босыя ногі яго! Постаць худзенькага хлопчыка! Ён жа вёў свайго Тамаша ў будучыню! На добрае, на шчаслівае! Нехта злы і чорствы, нехта той, што і яму самому праз увесь век не дае спакою, загарадзіў малому Тамашу дарогу ў будучыню. Не туманныя прывіды, а выразна ява: гром і маланка, навальніца разрывае зямлю і, здаецца, крышыць на ёй усё. І ўсё ахоплена страшным сваім утрапеннем. Пад громам і агнём, пасярод дарогі, постаць худзенькага хлопчыка.

Аднойчы ён, як і часта цяпер, цёрся сярод людзей у местачковай кааперацыі. Там прадаваліся люстэркі. Адно вісела на сцяне. Сымон Ракуцька глянуў у люстэрка і сумеўся: ён такі даўно не бачыў сябе і не ведаў, што каля вушэй у яго спрэс сівыя валасы. «Божа мой, дык я ж ужо не малады! Няўжо гэта прайшло гэтулькі год?! А колькі? Мусіць, многа?! Як жа гэта я ніколі не лічыў гадоў?» Увесь той дзень ён правёў у одуме і суме. Каму расказаць? З чаго пачаць, каб не ішло далей жыццё так, як яму не хацелася? Ён хацеў не толькі есці хлеб, але каб разам з ім елі яго і Тамаш, і Лізавета. Каб не мучыць самога сябе, ён больш ужо ніколі не глядзеўся ў люстэрка.

IV

У тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятым годзе Сымон Ракуцька даехаў па чыгунцы да горада Слуцка і выйшаў адтуль пешкам у дарогу на захад па старой Варшаўска-Маскоўскай шашы. Была глыбокая восень. Толькі што мінулася пара безупынных дажджоў. Паабапал шашы стаяла вада на полі. Не кранутая яшчэ марозам трава была зялёная, і, калі сонца высвечвала з-за высокіх хмар, адзінокі падарожны, як здзіўленае дзіця, прыглядаўся да яснай зеляніны, і твар яго свяціўся, як і шырокі свет у той момант. Ён усё ішоў і ішоў шпарка. За адзін дзень ён дайшоў да Піліпавіч, дзе тырчэлі каля шашы яшчэ некаторыя адзнакі былой граніцы. Да гэтага месца ён ішоў яшчэ, як бы раздумваючы і сам сабе не верачы. Тут жа ён увесь змяніўся. Каб чалавек, які добра ведаў яго дагэтуль, бачыў яго ў гэты момант, калі ён, мінуўшы Піліпавічы, спыніўся на палявой дарозе, кожны заўважыў бы як адразу Сымон Ракуцька [скінуў] пячаць таго шматгодняга чакання, якое ўжо часамі ператваралася ў свядомасці, як бы нейкай асуджанасці навек. Магло б здавацца, што ён зараз скажа: «Яно было. А вы хіба хочаце, каб ніколі ніякай прыкрасці не было? Затое цяпер!» Уся яго пастава і выраз твару былі ў часе гэтага падарожжа рухавымі вельмі. На станцыі Гарадзеі ён сеў у поезд і праз паўдня выйшаў з вагона на нейкім занадта ўжо ціхім паўстанку. Доўгі рад старых і высокіх дрэў – ліп, дубоў, бяроз, явараў і вязаў – ішоў ад паўстанка проста ў чыстае поле і там канчаўся. Лісцё пад дрэвамі ляжала яшчэ жоўтае, і, здавалася, чалавечая нага яшчэ не ступала на яго. Сымон Ракуцька мінуў дрэвы і пасля нядоўгіх пошукаў знайшоў у полі вялікі камень. На абымшэлай яго паверхні аставаліся сляды таго, што тут начавалі птушкі. І гэта як бы ўзрадавала гэтага чалавека. З усмешкай ён абгледзеў камень і стаў кіравацца ад яго да вузкай і доўгай грады лесу. Добра ўтаптаная сцяжынка вілася паміж і навокал кустоў шыпшыны і паўз удзірванелыя межы. Пасля яна выбілася ў той дубняк. Якая была восень! Ахоплены радасным узбуджэннем, чалавек як бы думаў, што другой такой восені ніколі не было і не будзе. Рудымі жалудамі была засыпана спрэс уся зямля. Крушыннік густа стаяў над сваім уласным лісцём, ядловец быў повен чорных ягад, дзюбастая птушка кінулася ў куст, драбнюткае лісце, як жоўты дождж, сыпанулася з дрэва, чэзлая кветка на высокім сцябле звесіла жоўтую галаву. «Божа, як яна так захавалася аж дагэтуль!?» А неба! Сонца ў той дзень не было, але на небе адлюстроўвалася яго блізасць. Недзе тут блізка ідзе ціхае асенняе сонца! Хіба на свеце няма дзеля чаго берагчы знойдзеную радасць і шукаць і дамагацца яе вечна!? Якое неба над нашай зямлёй бывае ўвосень!

Сымон Ракуцька ўжо даўно мінуў дубняк, а сцежка ўсё ішла і вяла яго далей, праз поле, праз некалькі хвойных лясоў і купістых паплавоў. Доўга, вельмі доўга ішоў Сымон Ракуцька, дзівячыся, як жа гэта праз гэтулькі год тая самая сцежка вядзе яго, як быццам бы тут усё застыла на вечную нерухомасць. Ён прайшоў сцежкай да самага змяркання. Начаваў у людзей і вельмі многа расказваў пра сябе, так што, пакуль у хаце патушылі агонь і паснулі, ужо ўсе ведалі яго гісторыю. Назаўтра ён сабраўся далей у дарогу яшчэ зацемна. Нават яшчэ зоры свяцілі. Тут ужо недалёка, толькі зоры сыдуць з неба, як ён будзе на месцы. Зноў тая самая сцежка! Тут яна пайшла зялёнай азімінай. Свежая рунь дрыжала пад ветрам, і ў нізінах стаяла чыстая, як сляза, вада. Сонца пачало ўзыходзіць чыста, і вышыня неба пабольшала. Усё заззяла, і прасторы сталі неабдымнымі. Тут, у гэтай яснай шырыні, ужо зусім блізка! Вельмі хутка ён дойдзе. Ужо не было ў яго ні смутку, ні радасці. Хваляванне ўсёй яго істоты і нават нецярплівасць. Цяпер, калі ўжо так блізка перад ім была яго мэта, ён чамусьці як бы зноў апанураў з постаці. Яго заўсёды такім рабіла шпаркая хада. Ён улёг у хаду і ўжо не заўважаў гэтае адзінае на ўсе часы восені. Але чаму сцежка такая доўгая? Тут ужо ёй канец павінен быць. Яшчэ два дрэвы над палявым каменем, і там тады пачыналася выезджаная сялянскімі калясьмі дарога. І ўсё. Чубок лесу будзе з-пад каменя і дрэў перад вачыма.

Вялікае шчасце раптам страсянула яго душу: там, дзе канчалася сцежка і пачыналася дарога, ён убачыў тыя самыя і такія самыя дрэвы. Адно што з карэння пайшлі ў іх парасткі і самі ўжо станавіліся дрэвамі. І камень той самы і такі самы. І нават… Як бы лёс паслаў яму гэты малюнак на тое, каб душа яго ў гэты рашучы момант пазнала да канца ўвесь жах думкі, што мінулае не варочаецца і ўвесь атрутны слодыч успамін. Божа літасцівы! На гэтым жа камені, у ранні вечар, калі яшчэ толькі захад змываў з сябе колеры, ён згаварыўся з ёю стаць яму вернай сяброўкай. Яна сядзела тады на камені, паклаўшы на прыпол згорнутыя рукі, а ён стаяў перад ею. Здань! Прывід! У такой самай паставе, і так жа паклаўшы на прыпол згорнутыя рукі, на камені сядзела жанчына. Дзяўчына, яна нядаўна яшчэ выйшла з падросткаў. На прыполе ў яе ляжаў хлеб, і яна ела яго. Але чаму яна так здаецца знаёмай яму? Як быццам бы ён яе ўжо бачыў дзе, або ведаў даўно, або знаў, што яна якраз тут будзе сядзець? І чаму яна так нагадвае яе, каго ён доўгія годы не бачыў? Чаму – ён не мог бы сказаць, але вельмі нясмела ён глядзеў на яе і баяўся, што перарвуць гэтае яго шчасце. Ён не вытрымаў і пачаў гаварыць з ёю:

– Вы падарожная, што клунак каля вашых ног ляжыць?

– Падарожная.

– А здалёку?

– Здалёку. Цягніком ехала. А гэта іду. Мне тут трэба дапільнаваць брата.

– А дзе ж твой брат?

– Мой брат у польскім войску быў, а што з ім цяпер – невядома. Калі ён, можа, у палоне на савецкай старане – то на гэта ўся надзея. Бо з гэтага палону радавых салдатаў пускаюць, і яны многія папрыязджалі і папрыходзілі ўжо. Вось і я яго сюды чакаць прыехала.

– Як жа гэта сюды чакаць?

– Тут стаіць наша хата, у якой мы выраслі. З гэтае хаты ён і ў войска пайшоў, яшчэ гады за два да вайны, а можа, і больш. Хата наша такая старая, што ў ёй ужо апошнім годам жыць нельга было. Аставалася толькі я з маткай. Мы пакінулі гэтую хату і пераехалі туды, далёка, адкуль я цяпер сюды прыехала. Там я і матка знайшлі працу ў панскім маёнтку. Мы напісалі брату, што ўжо не жывём тут. Пісьмо тое яшчэ, напэўна, не дайшло да яго, як пачалася вайна з немцамі. Цяпер ён можа сюды прыехаць і не ведацьме, дзе мы і дзе знайсці нас. Калі ж яго яшчэ няма дзе-небудзь тут, то я ў суседзяў пакіну яму наш адрас.

Яна змоўкла і паглядзела на яго, быццам думала, ці варта было гэтаму незнаёмаму даверыць сваю душу.

– А калі вам прыйдзецца тут начаваць, дык дзе, калі ваша хата такая дрэнная?

– У суседа. Мы з ім добра жылі.

Яна, гэтая адкрытая душа, шпарка пайшла, а ён назіркам, як баючыся, рушыў за ёю зводдалеку. Чуб хвойнага лесу быў перад імі. Унь дзве хаты. Адна ледзьве ліпіць яшчэ, і страха на ёй упала. Ужо без вокан яна. Побач яе здаровая, вялікая хата з смольнага кругляка. У яе адразу і пайшла дзяўчына. Ён жа, калоцячыся разам са сваім сэрцам, спыніўся перад старой хатай і зводдалеку бачыў, што ў ёй сцены патрухлелі і пагнілі, і стаяць мокрыя і цвілыя. Ён бачыў праз аконную дзіру нават тыя цвікі, якія калісьці ўбіваў у сцены. А гэтая, новая, здаровая, з кругляка хата, куды пайшла дзяўчына! Ён жа ведае хто гэта, толькі сам сабе баіцца прызнацца. Гэта яго хата! Гэта ён яе ставіў. І гэта з яе яго выгналі. А гэтая старая! Унь тое месца, дзе ляжаў Паліводскі. Там тады стаяў ложак. З гэтай хаты ён і сястру яшчэ замуж аддаваў. І адзін жыў у ёй. Ён стаяў і душыўся мінулым, якое адарвалася ад яго з часткаю душы і нават вялікі доктар – час – не загаіў гэтую рану ў душы. Ён ужо ведаў, як назваць тое, што лягло на яго жыццё. Але ён маўчаў і стаяў. «Дык яны тут жылі аж пакуль ужо нельга было! Ці даходзілі сюды яго пісьмы? Тады, калі ён жыў у новых прасторных сценах, гэтая трухліна гатова была ўпасці на іх. Можа ён вельмі мала стараўся, каб выратаваць іх адгэтуль! А ці не вінават ён перад худзенькім хлопчыкам Тамашом і перад маткаю сваіх дзяцей, і перад Лізаветаю?!» Голас пратэсту перад самім сабою ўзняў ён у сабе: «Не! Я ішоў у гром і невядомасць!» «Але ж я жыў гэтулькі год у мілай мне працы, і жыццё гэтае само па сабе льга назваць шчасцем, каб не смутак мой. А ці хоць раз падумаў я, каб ісці сюды да іх і ратаваць іх?» Раптам у яго пахаладзела ў вушах: «Чаму ж я не запытаў у гэтай дзяўчыны – а ці хоць адно пісьмо прыйшло было да іх ад іх бацькі?» «Але я яшчэ ўбачу яе, да вечара я дапільную яе тут, а заўтра зранку пайду гаварыць з ёю». Адразу цяпер ён не мог ісці ў сваю, новую, некалі пастаўленую ім хату, ён баяўся свайго смутку. Да вечара ён праседзеў пад ігрушаю на лаўцы, у двары старой хаты, і пільнаваў яе. Але яна з нова� хаты не выходзіла. Як пачало змяркацца, ён увайшоў у старую хату і лёг на голы тапчан. Парыў ветру ўвагнаў у хату на яго праз аконную дзіру віхор жоўтага лісця з ігрушы. Ён накрыў галаву торбаю ад хлеба, стараючыся заснуць. Цішыні не было! Нешта шастала па сценах і патрэсквала ў столі. А пасля яму здалося, што нешта шарганулася аб яго. Ён падняўся і стаў з шчаслівай думкай: «Не канешне мучыць сябе ляжбой, можна стаяць і сядзець». Свяціў месяц. Ноч была глыбокая. Праз дзіркі і шчыліны ў сценах лілося ў гэтую гнілую пустэльню месячнае святло, а па сценах нешта невядомае ўсё шастала. «Каб хоць хутчэй дзень». З нейкай надзеяй ён выйшаў на двор і зноў сеў на лаўку пад ігрушаю. За ноч з яе апала ўжо апошняе лісцё. Месяц быў якраз у яе чорным голлі. А да дня яшчэ было вельмі далёка. Ён цясней зашпіліўся ў сваёй суконнай жакетцы і лёг на лаўку. Холад не даў яму спаць. З поля цягло роўным шумам. Узняўся вецер. Месяц стаяў нізка. Сымон Ракуцька спаць не хацеў. Седзячы на лаўцы, прычакаў ён дня і больш у старую хату не заходзіў. Як адважыўшыся на вялікі подзвіг, ён закінуў сваю торбу за плечы і пайшоў у суседнюю хату. Там яна была адна, сядзела за сталом і пісала. Як прыгавораны да кары, ён стаў у парозе і сказаў:

– Добры дзень у хату. – Ён нават і не чуў, што яна адказала яму. Ён не мог адарваць вачэй ад акеннай шуфляды. Калі ён устаўляў яе, быў такі самы хмурны дзень позняй восені.

– Гэта я з вамі ўчора гаварыў на дарозе, калі вы сядзелі на камені.

– Я пазнала вас.

– Ну што, няма брата?

– Няма. Я пакіну яму тут гэтае пісьмо. Чакаць яго – мне няма як.

– Што вы яму пішаце?

– Вам хочацца ведаць?

Нават і без здзіўлення яна глядзела на яго, і вочы яе былі такія добрыя, і здавалася, яна абяцае праз іх шчырасць усяму свету.

– Пачытайце мне, што вы яму напісалі.

Яна нават не здзівілася: што гэта за дзіва такое з гэтым чалавекам.

– Калі вам хочацца, я прачытаю. Але я дапішу раней.

Ён сеў на лаву і чакаў, пакуль яна скончыць пісаць. Сочачы за кожным яе рухам, ён час ад часу падаваў голас:

– А ці ведаеце вы, што гэта ваш бацька ставіў гэтую хату?

Не адрываючыся ад пісьма, яна адказала: – Ведаю. Маці мне расказвала ўсё.

– Дык вы пра свайго бацьку ведаеце?

– А як жа! Але нашто вам усё гэта? Хто вы такі?

– Як нашто! Бо вашага бацьку я ведаў так, як ён сам сябе ведаў.

– Мой бацька быў слаўны чалавек, з душой і сэрцам. У яго былі залатыя рукі і разумная галава. І добрае сэрца.

– А дзе ваш бацька цяпер?

– Мы заўсёды ведалі, дзе ён.

– Як жа вы ведалі?

– Ужо вельмі даўно ад яго прыйшло было пісьмо з яго адрасам.

Ён адчуваў, як сэрца распірае яму грудзі, але ён не мог так пайсці адразу. Ён хацеў усё высветліць.

– А пра графа Паліводскага вы што-небудзь чулі?

– Мой бацька выратаваў яго ад смерці… Я яго сама бачыла.

– Паліводскага? Як? Калі?

– Незадоўга да вайны. Ён сам быў у нас, калі жылі ў старой хаце.

– Ён вам якое-небудзь зло зрабіў?

– Гэты стары гад два дні і адну ноч не выходзіў ад нас і мучыў нас дамаганнямі, каб мы аддалі яму нейкае золата, якое нібыта наш бацька ўзяў у яго, калі паднімаў раненага на дарозе. Ён прасіў, пасля крычаў, пасля рамянём пасадзіў маме крывавы знак цераз твар. Пасля сунуў мне ў рукі свой адрас, калі мы адумаемся і захочам аддаць яму яго дабро. Ён служыў на нямецкай граніцы. Нарэшце ён казаў, каб аддалі хоць палову, а палова нам… Але мне трэба пісьмо дапісаць. – Яна пісала, а ён стаў на ўвесь рост у парозе і душыўся смуткам, гледзячы на яе. Гэта яна. Нязнаны ім чалавек. Без яго яна вырасла. Ён ні разу не меў шчасця трымаць яе на руках і гаварыць з ёю малою і падоўгу глядзець на яе дзіцячую ўсмешку. Нехта злы і бязлітасны ўкраў у яго яе маленства.

– Вы казалі, каб я пачытала вам. Я ўжо напісала. «Дарагі братка Тамаш. Мы табе пісалі, што прымушаны былі выехаць з роднага кутка, але пачалася вайна, і пісьмо наша магло да цябе не дайсці. Дык шукай нас у мястэчку Сталецці на Навагрудчыне. А таксама напамінаю табе, калі ты згубіў адрас, што ў Гомельскай вобласці, за Бабруйскам, жыве наш бацька. Граніцы ўжо больш няма…» Ногі ў Сымона Ракуцькі падгіналіся. Ён сеў на лаву. Яна яшчэ ўгнулася над пісьмом, штосьці ў ім дапісваючы. Ён ціхом падняўся і знік з хаты. Не прыпыняючыся нідзе, ён дайшоў да таго самага паўстанка і сеў у поезд. На другія суткі ён ужо ішоў пешкам цяперашнімі сваімі месцамі. Ён радаваўся, што з кожным крокам падыходзіць да гэтай, ужо трэцяй на яго веку хаты. Можа цяпер тут ён знойдзе спакой душы. Было вельмі рана. І цёплае стаяла надвор’е. Было ясна. На хвіліну магло здацца, што гэта ўлетку пасля дажджу. Ён ішоў сцежкаю паўз дарогу, краем сухога тарфяніку, па той бок якога сугліністы ўзгорак трымаў на сабе край неба. Пыльныя кусты шыпшыны, быльніку і піжмы бачыў ён, і думка яго спынілася на тым, што ў карэннях піжмы, пад тым кустом, жывуць мурашкі. Там яшчэ ўлетку чабор цвіў, і над ім кусцілася жоўтае зелле святога Яна. Куп’істы тарфянік быў увесь мокры, на шчыльна збітай у мяккі дыван нізкарослай траве на ім блішчэлі пад сонцам кроплі чыстай вады, як раса ўлетку. Вятрак махаў крыллямі дзесьці за балотам, над рачулкай стаялі голыя вербы, адна была рудога колеру, другая жоўтага, трэцяя сіняватага, чацвёртая чырванаватага. І гэтая каляровасць дрэў дапаўняла вялікае багацце і мноства ўсяго, што было ў чалавека перад вачыма. Дрэвы стаялі скрозь, іх было многа. Многа лётала і сядзела ўсюды гатовых спаткаць зіму птушак, многа было колераў і фарбаў, многа было і прастору, і неба, і вады, і ласкавай цішыні. Брама яго дома была зачынена. Брамка збоку крыху прыадчынена. Ён увайшоў у двор. Усё было на месцы і ў парадку. Ён прайшоў праз увесь двор і агарод, і сад і назад вярнуўся. Густая сям’я дрэў, ім пасаджаных, расла ў кутку агарода пад загараддзю з жэрдак. Там былі бяроза, ліпа, клён, каштан, вяз і таполя. Улетку і ў раннюю восень тут заўсёды шумеў вецер у лісці, і па ўдзірванелай пад дрэвамі зямлі густа і высока расла трава і красавала мятліца. Там была і лаўка, дзе ён, бывала, праз колькі год, аддаваўся сваім думкам. Ён зірнуў у гэтае месца, дзе якой-небудзь ураўнаважанай душы век льга было б мець шчасце ад ціхай адзіноты, і сумеўся. Ён аж уздрыгануўся: з яго, і, можа, ужо доўгі час, не сыходзіў чалавечы позірк. Там на лаўцы сядзела жанчына. Постаць яе была нерухомая, і вочы не сыходзілі з яго. Хоць яна і не была ўжо такая, як калісьці, хоць гэта была ўжо старая жанчына, але ён з першага ж позірку пазнаў яе. І дыхаць яму стала цяжка. Гэта яна! Такая! Без яго такая стала! Як бы страціла яна ранейшы рух сваіх вачэй. І ён з’іначыўся без яе. Ужо і старасць не вельмі далёка стаіць за плячыма. І ў яе таксама. Нехта злы і бязлітасны ўкраў у яго яе маладосць, і яе самую ўкраў. І яго маладосць украў. А ўсё ж жыццё яго з ёю разам было б падобна на маладосць. Злы ён і жорсткі, гэты страшны злодзей. І ніякая кара нідзе і ніколі не спасцігне яго. Гэта ён бесперапынна вісеў над яго душою, як стопудовы камень! Пракляцце яму, гэтаму страшнаму злодзею! І прэч ад чалавека гэтую калоду пасярод двара, і гэтую лаўку пад дрэвамі, якія шумам сваім так заўсёды ўціхамірвалі душу! Сказаць дзецям… (але дзе ж тыя дзеці, іх жа ўкраў вялікі злодзей), сказаць усім і самому сабе: ні моманту спакою! Усе на пошукі вялікага злодзея! Знайсці яго і выясніць дакладна, хто ж ён такі?! І зняць з яго галаву і паказаць усяму свету: глядзіце, і ганаровае месца мне! Я абезгаловіў страшнага злодзея! Я больш не вечны выгнанец з свайго месца. Я на сваім месцы, і страшны злодзей больш не будзе мяне абкрадаць! «Што ж перш за ўсё сказаць ёй такое, чым узрадаваць яе? Ага, я пакажу ёй усё, што я запасіў дзецям. Я чакаў іх, я думаў пра іх! Вісяць жа поўныя вешалы ботаў і сукенак, вопратак простых і ўбёраў святочных!»

У тую восень доўга трымалася мяккае надвор’е. Сёмага лістапада зранку нападаў мокры снег, а к вечару таго ж дня яго ўжо не было анізвання нідзе. Вада сцякла ў нізкія месцы і стаяла там, і ў ёй адлюстравалася хмарыстае неба. Хмары віселі нізка, а на другі дзень паміж іх высвечвала сонца, і на ўзлессі мокрая лаза здавалася гатовай распусціць першае лісцейка. Усё блішчэла, і здавалася, што гэта свеціцца вада ў лагчынах.

Той дарогай, што ішла паміж тарфяніку і роўна пастаўленых у адну лінію хат, вельмі шпарка ішоў чалавек. Гэта была хада таго, хто прывык да таго, каб доўгі час бачыць перад сабою тое, з чым трэба хутчэй расквітацца, каб пасля гэтага мець што лепшае. Чалавек гэты трымаў галаву высока і як бы нічога не заўважаў навокал сябе, перад сабой жа бачыў як бы толькі тое, да чаго хацеў хутчэй дайсці, але здавалася, што і гэты пункт больш жыў у яго думках і свядомасці, чым стаяў выразна ў вачах. Ён так ішоў, што здавалася, ён упэўнен у тым, што нішто не стане на яго дарозе. Аднак жа, можа быць, тут найбольш было ад знадворнага выгляду чалавека. У гэтым выпадку можа і не да месца прымаўка, што твар ёсць люстра душы. Бо часамі рашучая пастава і хада чалавека на момант былі такія, што як быццам бы ён хацеў вярнуцца. Аднак жа ён усё ішоў і нават паддаваў ходу. Пачаліся хаты паўз дарогу. Ён паклікаў да сябе нейкага малога, што натрапіўся яму на вочы:

– Дзе хата Сымона Ракуцькі?

– А унь, дзе тых дрэў многа.

Чалавек глянуў на тыя дрэвы і хацеў усміхнуцца, але выйшла, што ён як бы здзівіўся. Верхняя губа яго з нізка выстрыжанымі чарнявымі вусамі ўздрыганулася.

– І я пайду з вамі да Ракуцькі, – сказаў ахвотны да ўсяго малы.

– Не, я адзін пайду.

Малы пабег шукаць іншага занятку, а чалавек той жа хадой, як і раней, падышоў да зялёнай брамкі і адчыніў яе. Двор не быў пусты, і ён астаўся стаяць у брамцы. Незнаёмы яму чалавек стаяў пасярод двара і ціха гаварыў з жанчынай. У чалавека былі сівыя валасы над вушамі. Ён падняў твар і пачаў углядацца ў незнаёмага прышэльца, які не сыходзіў са свайго месца ля брамкі. На твары чалавека з сівымі валасамі над вушамі напісалася здагадка, чаканне і нарыхтаванасць цвёрда сустрэць усялякую няўхільнасць. А той, што ўвайшоў у яго двор і стаяў цяпер ля брамкі, меў такі выгляд, як бы хацеў сказаць: ну што ж, і я гатоў да ўсяго так як яно ёсць. Мы ні ў чым не вінаваты. Гэта быў чалавек вельмі яшчэ малады, можа яму не было яшчэ і дваццаці пяці год. Але ён быў такі мажны і дужы, што, калі не глядзець на яго твар, ён мог здавацца мужчынам, які ўжо разбыўся за многія гады жыцця і працы. Верхняя губа яго была нізка выстрыжана, і гэта клала на яго твар пячаць як бы нейкага здзіўлення. Ён быў у польскім салдацкім шынялі і ў салдацкіх чаравіках з абмоткамі. З шапкі былі ўжо сарваны ўсе тыя бляшкі, якія раней паказвалі, да войска якой дзяржавы гэты салдат належаў. Ён здаваўся такі здаровы і энергічны, што дзіўна было, як ён так нерухома ўсё стаіць на адным месцы. Тут яго ўбачыла і жанчына.

– Тамаш прыйшоў! – закрычала яна і, як бы забыўшыся на ўсё, кінулася яму насустрач.

Сымон Ракуцька аднак жа сышоў адразу з свае гатоўнасці сустрэць усялякую няўхільнасць. Твар яго перасмыкнуўся, і магло здавацца, што ён не ведае, дзе падзецца. Як бы раскрыўшы вялікую таямніцу, да якой яму раней не было доступу, ён застыў на паўкроку, калі быў ірвануўся сысці з месца. Хіба гэта Тамаш стаіць перад ім? То ж быў худзенькі хлопчык, якога трэба было шкадаваць, песціць і гадаваць, і аддаваць яму бацькаўскую ласку. Усю душу і сэрца аддаваць яму. Няма хлопчыка Тамаша, ёсць салдат чужой арміі, і хіба вядома, якая ў яго душа? Бацька ж не мог сеяць добрае насенне ў гэтай душы. Тамашова маленства ўкралі ад бацькі: жалезная нага таго страшнага злодзея зноў душыла Сымона Ракуцьку. Абкрадзены, ён стаяў перад салдатам чужога яму войска і сумаваў па худым хлопчыку Тамашу, маленства якога ўкраў страшны злодзей.

Другая частка

Вялікае скрыжаванне

Прасторны шлях, калі ж, калі

Ты закрасуеш на зямлі

І злучыш нашы ўсе дарогі? Якуб Колас. «Новая зямля»

I

Вялікі шлях з усходу на захад праходзіць каля мястэчка Сумліч, але не праз іх. Нават і не паўз самае мястэчка, а крыху зводдалеку. Гэты шлях – старая Маскоўска-Варшаўская шаша. На яе з Сумліч зроблен выезд: вузкая, як размінуцца двум вазам, дарога, брукаваная буйным каменнем. Брук гэты пакладзен год за дзесяць да цяперашняй вялікай вайны. Гэтай брукаванай дарогі хопіць на добрыя пятнаццаць хвілін шпаркай язды на найлепшым кані. Тое месца, дзе яна падыходзіць да шашы, не дазваляе ёй адразу ўліцца ў шашу. Гэта шырокае месца сярод жыта, ярыны і сенажацей, як бы вялікі круглы пляц, плошча, у якую ўліваецца адусюль некалькі вялікіх і малых дарог. Сама вялікая шаша рэжа гэтае месца напалам. Некалькі палявых дарог, крывых і вузкіх, крыжуюцца тут. Тут крыжуецца з шашою вялікі грунтавы шлях з Палесся. На поўдзень ад шашы ён ідзе на Вызну, Морач, Страхінь і Орлік і ўваходзіць у самыя Агаркаўскія балоты. На поўнач жа ад шашы, пасля свайго перакрыжавання з ёю, шлях ідзе на Семежава, Лешню, Цімкавічы, Капыль, Старыцу, Перавоз, Самахвалавічы і такім парадкам кіруецца на Менск. Так што гэтая дарога злучае два беларускія абшары, сваей прыродай, характарам і выглядам далёкія адзін ад аднаго. Крыжуецца тут з шашою і яшчэ адна, не менш вялікая дарога. Яна ідзе недзе з мясцовасці паміж Бабруйскам і Гомелем. Недзе адтуль, дзе хвоя саступае месца ясеню і дубу і дзе менш цудоўнай мяккай нахмуранасці і задумёнасці ў пейзажы, як у тых укрытых хвояй краявідах, куды яна ідзе цераз шашу. Гэтая дарога, няроўная, выкручастая і больш ціхая, чым людная, канчаецца недзе паміж Нясвіжам і Клецкам, праходзіць праз Цапру і Балвань і такім парадкам злучае і дзве разлегласці нашай Бацькаўшчыны, у кожнай з якіх наша гісторыя запісана па-свойму і своеасабліва. Калі адбылася Вялікая Рэвалюцыя і калі скончылася польская акупацыя, туды, дзе канчаецца гэтая дарога на захадзе, пабеглі з сваіх маёнткаў зямельныя магнаты, а з фальваркаў драбнейшая шляхта. І дзедзічы і пасэсары там на захадзе зраўняліся і два дзесяткі год жылі аднымі думкамі аб устанаўленні пальшчызны на ўсходзе, дзе яе няма і ў прыродзе. Касцёл для фальваркоўца аставаўся вызначэннем не веравызнання, а нацыянальнасці, а беларускую мову ён ламаў аб польскую і думаў, што гэтым жаргонам ён далучыўся да культуры, якая ўкладвалася ў яго ў словы – пан, маёнтак, фальварак. Дзеці іх, што радзіліся ў эміграцыі або малымі выехалі туды, за два дзесяткі год выраслі і знайшлі сабе свой спосаб да жыцця. Замест таго каб крычаць на парабкаў у сваім маёнтку ці фальварку, яны сталі службоўцамі ў дзяржаве, чыноўнікамі і ахавальнікамі старое, як свет, ідэі заваёўнага руху на ўсход. Іх думкі не пакідалі іх аж да семнаццатага верасня трыццаць дзевятага года. Яшчэ з маленства яны не забыліся гэтых дарог тут і памяталі нават лясныя і палявыя сцежкі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю