355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далонi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 26)
Сэрца на далонi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 21 октября 2016, 23:45

Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 26 (всего у книги 27 страниц)

Зноў званкi ў бальнiцу. Зноў смех у адказ. "Славiк! Не дуры галаву!" – "Я памру". – "Абяцаю быць на тваiм пахаваннi".

У наступную суботу яму амаль пашанцавала. Ён убачыў Машу на катку. Не адну, з Тарасам. Шчаслiвы сапернiк вучыў яе катацца. Яна толькi-толькi навучылася стаяць на каньках i, як дзiця, рабiла першыя крокi. Ён, Славiк, прыйшоў без канькоў – заглянуў проста так, ад суму. Вось выпадак! Што рабiць? Бегчы дадому па канькi? Але пакуль туды ды назад... Убачыў аднаго са сваiх школьных сяброў – да яго:

– Дай канькi!

Той паказаў кукiш:

– Свае май.

Славiк схапiў яго загрудкi:

– Дай канькi, а то выб'ю душу!

– Ты што, звар'яцеў? Мiлiцыянера паклiчу.

– Дай канькi. Можаш ты зразумець, янычар? Трэба адной марсiянцы сказаць два словы.

– То так бы адразу i казаў, – здаўся сябра, зацiкаўлены, хто ж яна, гэтая "марсiянка"?

Бацiнкi аказалiся малыя. Славiк усё-такi нацягнуў iх. Цiснулi да вострага болю. Напляваць. Каб там былi набiты нават цвiкi, ён усё адно не адступiў бы. Кiнуў на снежны бар'ер палiто, шапку, не клапоцячыся, хто будзе вартаваць iх. Чорт з iм, з палiто! Мацi купiць новае! Як вецер, вырваўся на ледзяное поле. Спрытна лавiруючы, пайшоў супраць плынi канькабежцаў, каб хутчэй дабрацца да чырвонай шапкi i блакiтнага свiтэра, з якiх ён не спускаў вачэй, пакуль надзяваў канькi. Падляцеў ззаду, схапiў Машу за руку. Яна войкнула, але, убачыўшы, што гэта Славiк, засмяялася.

– Вiтаю вялiкiх спартсменаў эпохi! Хочаш, за паўгадзiны я зраблю з цябе рэкардсменку?

– А цi не замнога самаўпэўненасцi? – Расчырванелая, яна ўся свяцiлася, ззяла, сыпала з вачэй такiя ж вясёлыя iскры, як блёсткi на снезе ад святла лiхтароў.

Тарас, пэўна, не надта ўзрадаваны, што з'явiўся гэты шалапут, сказаў, аднак, з клопатам:

– Што ты так лёгка? Прастудзiшся.

– Брыгадзiр! Ты дрэнна ведаеш свае кадры!

Маша зазвiнела смехам.

Падтрыманая за абедзве рукi двума даволi спрактыкаванымi канькабежцамi, яна пайшла больш упэўнена, хутка, смела.

Шоргат соцень канькоў, галасы i смех, дзесяцiградусны мароз, ззянне iнею, iскрыстае святло лiхтароў, пах елкi – елка ўжо стаяла пасярод катка, але не была яшчэ ўпрыгожана i асветлена, – усё гэта п'янiла, напаўняла ўзнёслымi жаданнямi, весялосцю.

– Мiсiс марсiянка! Корпус наперад! Вось так. Глядзi на мае ногi! Не глядзi на яго! Ён жа ходзiць, як лось на лёдзе. – Пад нiбыта бяскрыўднымi жартамi хаваўся намер, можа, нават i несвядомы, асмяяць, прынiзiць свайго сапернiка. Пройдзем удваiх, i я пакажу табе вышэйшы клас фiгурнага катання. Не бойся, я буду цябе трымаць вось так.

Славiк паспрабаваў абняць дзяўчыну за талiю, але яна адхiлiлася i вырвала сваю руку. Славiк ламаў галаву, якiм чынам адшыць Тараса i хоць на кароткi час застацца з ёй з вока на вока. Тады ў гэтым карагодзе ён, напэўна, здолеў бы сказаць ёй пра свае пачуццi. А сказаць трэба сур'ёзна i горача, каб яна паверыла, каб зноў не палiчыла гэта за легкадумны жарт, на яго звычайную безадказную балбатню. Недарэчна ўсё выходзiць! Можа, упершыню ў жыццi яму захацелася пагаварыць з дзяўчынай з усёй сур'ёзнасцю, i няма як. Магчыма, што ўрэшце ён усё-такi нешта прыдумаў бы. Але калi ўжо не шанцуе, то не шанцуе да канца. Усё складвалася так, каб перашкаджаць яму. Немаведама адкуль з'явiўся Яраш з усiм сваiм вывадкам – з Наташай, Вiцем. Яны адразу падхапiлi Машу. Побач з iмi пайшоў i Тарас. Уся сям'я сабралася! I ён, Славiк, аказаўся як бы лiшнi. Колькi хвiлiн ён круцiўся вакол гэтага сямейнага ансамбля, выпiсваючы самыя адмысловыя фiгуры. Яму хацелася паказаць свой спрыт, уменне. Але раптам сам Антон Кузьмiч вырваўся наперад i зрабiў два-тры такiя вiражы вакол Славiка, што хлопец, пры ўсёй сваёй несамакрытычнасцi, зразумеў: здзiвiць свет яму няма чым. А тут яшчэ падляцеў дурань сябра з яго, Славiкавым, палiто i шапкай i закрычаў, парасё, на ўвесь каток:

– Аддай мае канькi!

Размовы не адбылося. I ўвесь наступны тыдзень Славiк быў заняты тым, што пiсаў Машы пiсьмы. Увогуле ён не любiў пiсаць. А тут штодня сачыняў даўжэзныя пасланнi. Пiсьмы не падабалiся яму: яны былi сентыментальныя, як Iрынiн дзённiк. А ён ненавiдзеў залiшнюю чуллiвасць. Хацелася сказаць пра сваё каханне проста, але гэтак шчыра, каб яна адразу паверыла. Цяпер ён добра разумеў, што толькi вера ў сур'ёзнасць яго прызнання можа нарадзiць у Машы гэтакiя ж пачуццi. Толькi такiм чынам можна перамагчы сапернiка, а не дуэллю, бойкай, сваркай, знявагай, крыўляннем цi якiм iншым глупствам. Але такiя шчырыя пiсьмы не выходзiлi. Выявiлася, што напiсаць так, каб табе паверылi, гэта зусiм нялёгка.

* * *

Сакратар камiтэта Валодзя Клецень перабiраў у шуфлядзе стала паперы i доўга не пачынаў гаворкi. Тарас зразумеў, што размова мае быць далiкатная i Валодзя, хлопец добры i мяккi, хоча, каб пачала яе Вера Куцькiна, лабарантка, сябра камiтэта. Гэтая нязграбная, высокая, у чорных акулярах дзяўчына сядзела каля стала i вельмi ўважлiва чытала нейкую чарговую доўгую пастанову вышэйшага камсамольскага органа.

Вера ў камiтэце – спецыялiст па маральна-бытавых пытаннях. Усе на заводзе ведалi яе гнеўную непрымiрымасць да ўсялякiх амаральных учынкаў. Тарас таксама цанiў яе прынцыповасць: нiкому не змоўчыць, калi трэба, – нi дырэктару, нi парторгу. Таму ўсе пакрыўджаныя, асаблiва дзяўчаты, iшлi да яе. Але што датычыць яе высокiх маральных прынцыпаў, то Тарасу здавалася, што Куцькiна не заўсёды бывае шчырая, што гнеў яе да парушальнiкаў гэтых прынцыпаў – не ад глыбокага пераканання, душэўнай чысцiнi i дабраты, а хутчэй – ад злосцi на людзей за тое, што самую яе прырода пакрыўдзiла. Таму Тарас трохi недалюблiваў гэтую дзяўчыну. Не падабалася яму, што яна залiшне ўважлiва прыглядаецца да яго брыгады, быццам паставiла сабе за мэту: абавязкова знайсцi крамолу. Генрых сказаў ёй аднойчы:

– Ты, Вера, можаш глядзець на нас як хочаш. Але не забывай, калi ласка, што мы не ангелы, мы – людзi. Маладыя хлопцы.

Сакратар не дачакаўся, пакуль Куцькiна праявiць iнiцыятыву. Сказаў:

– Давай, Вера, ты... выкладвай...

Яна з неахвотай адарвалася ад пастановы, блiснула акулярамi, крутнула галавой.

– Ох, лiберал! – I павярнулася да Тараса: – Даклад кароткi. Я патрабую, каб гэтага твайго пiжона Шыковiча выцягнулi на камiтэт.

– Завошта?

– Ён пакрыўдзiў дзяўчыну Нiну Байкач.

– Як пакрыўдзiў?

Вера сурова глянула на брыгадзiра з-пад акуляраў.

– Не прыкiдвайся, Ганчароў, дурнем. Ты добра ведаеш, як можа пакрыўдзiць такi.

Тарас пачырванеў. Ён заўсёды адчуваў сябе няёмка, калi гаварылi пра такiя рэчы маладыя людзi, ды яшчэ дзяўчаты.

– Яна паскардзiлася табе?

– Не. Праз дурны дзявочы гонар яна нiкому нiчога не расказвае. Але сяброўкi чуюць, як яна начамi раве ў падушку.

– А чаму, Вера, па-твойму, гэта дурны гонар? – нечакана спытаў Валодзя Клецень.

Куцькiна доўга разглядала сакратара праз свае вялiкiя акуляры, як бы здзiўленая, што ён мог задаць такое пытанне. Потым, як суровая настаўнiца, пакiвала яму пальцам.

– Клецень! Табе не да твару такая пазiцыя. У цябе спытаюць... Гарком спытае... Чаму такi чалавек носiць званне сябра брыгады камунiстычнай працы? Я дагэтуль не ведаю, як ён апынуўся ў брыгадзе...

– Мы самi яго ўзялi.

– Ведаю, што самi. А завошта? За якiя заслугi?

– Баюся, што ты, Вера, гэтага не зразумееш, – уздыхнуў Тарас, як бы шкадуючы, што яна не можа зразумець такой простай рэчы. А Вера прыняла гэта як абразу. Абурана закрычала:

– Ты чуў, Валодзя? Адны яны ўсё разумеюць! Што гэта такое, як не зазнайства? Хiба я не казала, што нам трэба глядзець ды глядзець за гэтай брыгадай?!

Тарасу хацелася пасварыцца, але ён змаўчаў. Iншае ўзрушыла. Ён быў супраць, каб адносiны Славiка з Нiнай выносiлi на камiтэт. Хто ведае, што ў iх было. Калi дзяўчына не скардзiцца, а толькi плача па начах i сохне, то, на думку Тараса, справа гэтая не для такога разбору. Тут трэба нешта другое. Неяк iнакш. Больш далiкатна.

Акрамя ўсяго Тарас баяўся, як бы Славiк не падумаў, што ўсё гэта ўзняў ён, брыгадзiр, з-за Машы. Безумоўна, падумае.

Славiкавы настойлiвыя заляцаннi да Машы прынеслi Тарасу нямала цяжкiх перажыванняў. Асаблiва трывожыла, што Маша ўсё яшчэ не адказвае, цi згодна яна выйсцi за яго замуж. Але каб выгнаць Славiка з брыгады, – такой i думкi нiколi не было. А вось жа могуць стварыцца абставiны, што зробяць iх ворагамi. I тады ўжо напэўна ў адной брыгадзе iм не працаваць. Валодзю Клеценю можна было б пра ўсё гэта расказаць. Але Куцькiнай – не. Перакруцiць усё дагары нагамi, даводзячы свае высокiя прынцыпы. Тарас сказаў:

– Дайце спачатку нам самiм пагутарыць з iм. У брыгадзе.

Вера падазрона прыжмурылася.

– Хочаце выпрацаваць тактыку, як абараняць свайго любiмчыка? Ой, глядзi, Ганчароў, зацягне ён цябе ў балота!

Славiк i Генрых прыйшлi апошнiя: даўжэй другiх мылiся ў душы; любiлi паплёскацца. Генрых ведаў, з якой мэтай збiраецца брыгада. Ён, як i Ходас, адразу паверыў, што Славiк мог зрабiць подласць, i ўзлаваўся на гэтага "безадказнага шчанюка". Яны разам працавалi – на зборцы аўтаматычнага дэталез'ёмшчыка. Славiк, як нiколi, быў уважлiвы i старанны. "Асiсцiраваў" без адзiнай памылкi. Гэтае яго ўменне яшчэ больш злавала "прафесара". Няўжо ўсе iх спадзяваннi i намаганнi дарэмныя? Няўжо не будзе чалавека? Генрых дзiўна гасiў сваё абурэнне i выдаваў свой настрой: увесь час, ад абеду да канца змены, бурчаў словы адной i той жа песнi:

Миленький ты мой, возьми меня с собой

И в той стране далекой зови меня женой.

Славiку песня спачатку падабалася, потым пачала раздражняць.

– Бабская песня, – сказаў ён.

– Бабская, – згадзiўся Генрых.

Славiк зразумеў, што сабралiся гаварыць пра яго адразу ж, як толькi ўвайшоў у пакой iнтэрната. З якой прычыны?

Паважнай хадой "кiруючага таварыша" – Славiк навучыўся перадражнiваць гэтую паходачку – крочыў па пакоi Iван Ходас, глыбока засунуўшы рукi ў кiшэнi штаноў. Косця завалiўся на свой ложак, прытулiўшыся патылiцай да сцяны – да фатаграфiй кiнаактрыс, i, чырвоненькi, узбуджаны, зiркаў сваiмi цыганскiмi вачамi на Iвана. Вiдно было, што яны пасварылiся. Тарас i Лапацiн сядзелi за сталом. Лапацiн з дзiцячай цiкавасцю разглядаў маленькую штучную елачку, круцiў у руках, асцярожна дакранаўся да кожнай мiнiяцюрнай цацачкi.

– Скажы, калi ласка! Косця! Колькi каштуе?

– Сто рублёў.

– Манiш. Толькi што гаварыў – трыццаць. Але i трыццаць – дорага. – Пасля таго як Вера нарадзiла сына, Васiль стаў надзiва ашчадны.

"Знарок цягнуць", – падумаў Славiк. Яго неаднойчы прабiралi ў школе, на студыi, у брыгадзе. Але нiколi ён не адчуваў сябе так кепска. Ён ненавiдзеў сябе за гэтую незразумелую боязь. Загадваў сабе быць дзёрзкiм i смелым. Але калi казаць шчыра, то таксама ўпершыню ўсумнiўся, што здолее быць такiм.

Генрых падышоў да этажэркi, узяў нейкую кнiжку, разгарнуў i зноў цiха заспяваў:

Миленький ты мой, возьми меня с собой

И в той стране далекой зови меня чужой...

Славiк узарваўся:

– Не вый! – Але спахапiўся i сказаў да ўсiх з усмешкай, быццам бы жартам: – Што вы паселi, важныя, як суддзi? Судзiце.

– I а-су-дзiм, – пагрозлiва, з нацiскам, праз зубы працадзiўшы склады, адказаў Ходас. Спынiўся перад Славiкам, выцягнуў з кiшэнi сцiснуты кулак. Брыгаду ганьбiць не дамо!

– Хлопцы, няўжо трэба псаваць настрой перад Новым годам? – зморшчыўся Косця, просячы вачамi ўсiх, каб яны былi больш далiкатныя, не сварылiся. Адкуль столькi чуласцi i дабраты ў гэтага хлопца!

– Ён, можа, жыццё чалавеку сапсаваў, а не настрой! – крыкнуў Ходас. – А ты – добранькi!.. Хрыстосiк!..

У Славiка захаладала ўсяродку. Пад нагамi, здавалася, калыхнулася падлога.

Вось яно, прыйшло... Няўжо Нiнка зацяжарала i пра ўсё расказала? О жах! На лбе выступiў пот. Здрадны пот. Выцерцi? Не. Славiк паварушыў пальцамi i адчуў, што яны злiплiся, быццам iх вымазалi смалой.

– Чакай, – спынiў Тарас Ходаса, якi пачаў быў ужо гаварыць гнеўную прамову, i спакойна спытаў у Славiка: – Скажы нам шчыра, што ў цябе з Нiнкай. Дзяўчына плача начамi...

"Значыцца, не скардзiлася, а толькi плача, – узрадаваўся Славiк. – Тады адмаўляць. Усё адмаўляць! Не здавацца! Наступаць!" Ён даўно ўжо пераканаўся, што лепшая форма абароны – наступленне. I закрычаў:

– Ты ўжо пытаўся ў мяне пра гэта. I я табе адказаў. I табе адказаў! тыркнуў Славiк пальцам у Генрыха. – Шчыра. Чаму вы не верыце мне? Крычыце пра веру ў чалавека, а самi... Лезеце ў душу, дзе трэба i не трэба...

– Не, дзе трэба! Дзе не трэба – не лезем, – адказаў Тарас i папрасiў ветлiва: – Не гарачыся, калi ласка.

А Генрых з узнятай кнiгай ступiў да Славiка i сказаў са сваёй звычайнай разважлiвасцю:

– Па маралi мяшчанскай мы, вiдаць, сапраўды не маем права лезцi ў душу, як ты кажаш, калi справа датычыць тваiх адносiн з дзяўчынай. А па маралi нашай, я думаю, мы маем гэтае права. Абавязаны, Косця! – павярнуўся "прафесар" да Косцi i... сунуў яму ў рукi кнiгу, невядома навошта.

– А ён плюе на нашу мараль! – нiяк не мог супакоiцца Ходас. – У яго свая, брадвейская... Выхоўваем... Даўно пара гнаць!

– А я веру Славiку! Хiба ён падвёў нас у чым? Дрэнным таварышам быў?

Славiк хмыкнуў:

– Ты наiўны, Косця. Хiба не бачыш, што камусьцi хочацца мяне выжыць? – Ён нахiлiўся над сталом, да Тараса, заглянуў зблiзку яму ў твар, у вочы, аскалiўся, як ваўчаня. – Што? Знайшоў прычыну, брыгадзiр? Хочаш адпомсцiць? Дык ведай. Я люблю Машу!

Усе адразу сцiхлi. Тарас апусцiў вочы, лоб яго пабялеў, а шыя налiлася крывёю.

"Я так i ведаў", – падумаў ён, але схамянуўся, смела глянуў на Славiка i сказаў спакойна i цвёрда:

– I я люблю Машу. Але помсцiць табе... – ён пакiваў галавой, – няма за што. I не думай, што нам прыемна разбiраць такiя справы. Вырашым так... Брыгадзiр рэзка падняўся, агледзеў сяброў; рэдка ў яго быў такi рашучы выгляд, звычайна ён любiў параiцца, разважыць. – Вырашым так... Калi ты сумленны перад Нiнай, перад намi, – прыходзь заўтра ў брыгаду i – працуй. Мы слова больш не скажам. У камiтэце я ўладжу. Калi ж ты зрабiў подласць i не маеш мужнасцi прызнацца, – не прыходзь. – Ён вымавiў гэтае "не прыходзь" амаль шэптам, але выразна i цвёрда. – Так будзе лепш для цябе. Праўду не схаваеш. Выганiм з ганьбай!

36

Славiк не спаў усю ноч. Пасля доўгага роздуму вырашыў – пойдзе на завод. А можа здарыцца, што абыдзецца. Але калi мацi ранiцой пачала будзiць яго, сказаў, што ў яго выхадны.

Доўга валяўся ў ложку. Не хацелася нiкога бачыць, нiкому глядзець у вочы. Здавалася, глянуць на яго i ўсе адразу здагадаюцца.

Падняўся – i адразу схапiўся з сястрой. Знарок, на злосць ёй, абвясцiў, што чытаў яе дзённiк.

– Сентыментальная лухта.

Рэакцыя Iры была зусiм нечаканая. Яна паглядзела на брата зняважлiва i на поўны голас, пры мацi, сказала:

– Падонак ты! Што ты разумееш? Так, я люблю яго!

– Але ж ён цябе, дурнiцу, не любiць.

– Ну i няхай. I няхай. А я люблю! Люблю так, як ты, цынiк няшчасны, не палюбiш нiколi. I мне хораша!.. I ты не чапай!.. Не лезь сваiмi бруднымi лапамi! – Ёй было так "хораша", што слёзы палiлiся ў яе з вачэй.

Славiку стала сорамна. Дурань! Надумаў здзекавацца... З каго? I з чаго? Сам такi.

Нiколi ён яшчэ не прасiў у сястры прабачэння. А тут збянтэжана папрасiў:

– Я не хацеў цябе пакрыўдзiць. Даруй.

Гэта да слёз кранула Валянцiну Андрэеўну. Прызнанне дачкi, трагедыя яе першага кахання, нечаканая чуласць сына – як усё гэта адгукнулася ў мацярынскiм сэрцы! Адначасна – i болем i радасцю. Папракнула сябе: мала займаецца дзецьмi.

Прыкмецiўшы, як за апошнi час Славiк пасталеў, пасур'ёзнеў, Валянцiна Андрэеўна радавалася i сачыла, каб хто незнарок не абразiў яго напамiнкам пра мiнулае цi яшчэ чым-небудзь, што магло б зрабiць душэўную траўму.

Жадаючы замацаваць мiр памiж дзецьмi, улагодзiць, яна дала кожнаму з iх прыемнае даручэнне.

– Я не веру, што бацька прывязе елку з ляснiцтва. Ён тыдзень абяцае i не можа выбрацца. Ды, кажуць, леснiкi i мiлiцыя затрымлiваюць усiх елачных браканьераў. Славiк, разбiся, а знайдзi добрую елку. Што гэта за такая абыякавасць да Новага года? Зрабiце прыемнае мне, калi не хочаце рабiць сабе. Iра, сходзiш у краму, купiш цацкi. Каб да вечара ў нас стаяла елка. Будуць госцi.

Славiк узрадаваўся, што ёсць прычына пабадзяцца па горадзе, нечым заняцца. Абы забыцца на ўчарашняе. Каб можна было забыцца! А што, уласна кажучы, здарылася? Нiчога. Яго ж не выгналi з завода. Ён можа працаваць. Не, чорта з два! Як ён можа вярнуцца, калi не пайшоў сёння?

Ён хацеў прымусiць сябе на ўсё махнуць рукой з цынiчнай абыякавасцю чалавека, вольнага ад усiх умоўнасцей. Такiм яму хацелася некалi быць. Але цяпер гэта не атрымоўвалася. Адбылося нешта незразумелае для яго. Каб раней яму сказалi, што здарыцца так, што яму будзе цяжка расстацца з брыгадай, то ён, напэўна, засмяяўся б. А цяпер, калi ён так прыжыўся там, нават з Ходасам, здаецца, паладзiў, набыў прафесiю i палюбiў яе!.. Крыўдна, шкада. I ён не саромеецца гэтых "банальных пачуццяў". Застацца на заводзе? Але тады трэба iсцi ў другi цэх, зноў вучнем, зноў пачынаць усё спачатку, могуць нават паставiць рознарабочым. Разгружаць вугаль цi вывозiць з цэха стружку разам з тымi дзяўчатамi, што толькi ўчора прыйшлi на завод з вёскi.

Праўда, цяпер ён не думаў са знявагай пра гэтых дзяўчат. Нi да каго – якую б чорную работу нi рабiў чалавек! – ён не ставiўся цяпер з вышынi сваёй выключнасцi. Якая там, да д'ябла, выключнасць! Таксама знайшоўся звышчалавек! Ён скептычна ўсмiхаўся з ранейшых думак пра свае таленты, незвычайнасць, са сваёй гульнi ў расчараванасць, незадаволенасць. Не, цяпер яму хочацца аднаго быць звычайным, звычайным слесарам-зборшчыкам, такiм, як Косця, як хiтрун i насмешнiк Варэнiк, як Лапацiн, як Тарас, як нават Ходас. Як усе яны разам i кожны паасобку – з усiм тым добрым, што ў iх ёсць, i з усiмi чалавечымi слабасцямi. I мець звычайнае шчасце – Машына каханне. Больш нiчога не трэба. Але, пэўна, ён горшы за ўсiх: Маша з iм не хоча нават сустрэцца, i з брыгады яго выгналi...

Славiк спынiўся пасярод шырокай i пустой плошчы. У далёкiм канцы яе, каля паркавай агароджы, прадавалi елкi. Углыбiўшыся ў развагi, ён зусiм быў забыўся, чаго iшоў сюды. Убачыў елкi – успомнiў i адчуў, што нiшто яго не цiкавiць: нi елка, нi Новы год.

А можа, пайсцi да хлопцаў? I сумленна расказаць iм пра ўсё. I з Нiнкай пагаварыць – папрасiць: даруй. Ён адчуў раптам павагу да дзяўчыны, якая "па начах раве ў падушку", але нiкому – нi слова. Але ж – сорамна, ганебна. Як скажаш: даруй, што не кахаю цябе. Не, ён сапраўды такi пашляк i не мае права быць у такой брыгадзе. Каб можна было зайсцi да Машы i да гэтай жанчыны з добрымi сумнымi вачамi... Чамусьцi здалося, што толькi яны маглi б зразумець яго. Вельмi захацелася зайсцi да iх. Але ён разумеў, што цяпер у яго тым больш не хопiць рашучасцi.

– Што ты прывезла ламачча нейкага, а не елак? – закрычаў ён на маладую чырванашчокую жанчыну, якая ў кажуху, у валёнках сядзела на грудцы крыжавiн i смачна ела свежую булку. – Думаеш, гарадскiя – дурнi, любую дрэнь праглынуць? Цi, можа, iм грошай няма куды дзяваць?

– А ты б пазней паспаў, можа б, табе сама Снягурачка прынесла елку, хораша ўсмiхнулася яна. – Елкi як елкi. Хто гэта будзе добры ельнiк рубiць? У цябе елка два днi пастаяла, ды i на сметнiк. А з добрай ялiнкi якое дрэва вырасце!

Яе мудрая разважлiвасць, спакой i здаровы апетыт неяк дзiўна супакоiлi Славiка, нават развесялiлi, настроiлi па-святочнаму. Ён хутка выбраў елку, разлiчыўся. Жанчына зычлiва параiла:

– Галiнак захапi. Падвяжаш, будзе елачка што лялечка.

Славiк нёс сваё свята, дарагое яшчэ з маленства, i стараўся адагнаць прэч усе сумныя думкi. Пакiнуць усе турботы старому году! О, каб можна было ўвайсцi ў новы год зусiм новым, без усяго мiнулага! Нехта ўчапiўся ззаду за елку, пацягнуў. Нехта жартаваў. Ён намерыўся панатужыцца, пацягнуць на сябе, а пасля рэзка адпусцiць – няхай грымнецца нейкi дурань. Але ззаду пырскнуў дзявочы смех. Славiк хутка павярнуўся. Перад iм стаяла Маша. Трымала маленькую пушыстую елачку i ўсмiхалася. Чырвоная, як жар, рукавiчка гарэла памiж цёмнай зелянiны. Iскрылася iнеем хлапчуковая шапка.

– З наступаючым, Славiк.

Ён так узрадаваўся, што забыўся нават павiншаваць яе ў адказ. Стаяў, глядзеў i блазнавата ўсмiхаўся.

Потым яны iшлi побач. Неслi елкi, вялiкую i рэдкую – Славiкаву, маленькую i густую – Машыну. Як у лесе. Славiк сапраўды iшоў, як у лесе, – нiкога вакол не бачыў, нiчога не чуў, акрамя яе голасу. Гаварылi пра пустое, дробязнае. Але ён увесь час думаў, што хутка ёй трэба павярнуць... Яна са смехам развiтаецца i... пойдзе. А ён зноў застанецца са сваiмi пакутамi. Калi яшчэ здарыцца такi выпадак?

Славiк спынiўся, глыбока ўдыхнуў марознае паветра, як бы рыхтуючыся нырнуць.

Маша са смяшынкай у вачах глядзела на яго, напэўна, здагадваючыся, пра што ён хоча сказаць. Ён сказаў амаль шэптам:

– Я люблю цябе, Маша. Я вельмi...

I змоўк – спалохаўся, што яна засмяецца. Яна не засмяялася. Наадварот, зрабiлася раптам вельмi сур'ёзнай. Ласкава дакранулася вогненнай рукавiчкай да адварота яго палiто.

– Выкiнь з галавы, Славiк. Я выходжу замуж, – i ўздыхнула.

Словы яе – як удар молата, таго, шматтоннага, што ў механiчным цэху. Неяк назiраючы за яго работай, Славiк падумаў, што было б, каб пад молат трапiў чалавек. Ён "трапiў пад молат"... "Яна выходзiць замуж за Тараса. Але, за яго, безумоўна. За каго ж яшчэ?"

– Ты дзiця, Славiк. А я – старая. Мне дваццаць тры. Тарас – цудоўны чалавек.

Усё. Цяпер – усё. Няма Машы, няма брыгады. Нiчога няма. Што ж рабiць?

Кiнуўшы елку, як непатрэбную рэч, Славiк доўга без мэты i без думак, з пустой галавой блукаў па горадзе. Спачатку не бачыў людзей. Пасля iх узбуджаныя i шчаслiвыя твары пачалi раздражняць яго. Што iх радуе? Новы год? Елкi? Смешна. Куды б пайсцi, дзе б схавацца, каб нiчога не бачыць, не чуць звычайных, банальных слоў?

Каля пад'езда рэдакцыi стаяў бацькаў "Масквiч". Славiк як бы спатыкнуўся на яго. Доўга стаяў, разглядаў, як дзiва нейкае. Потым з'явiлася думка. Вось яно – выйсце! Паехаць – куды вочы глядзяць. За горад! У снежны прастор! Ляцець, каб вецер свiстаў! З'ехаць на край свету. Няхай шукаюць!

Бацька яшчэ вясной забаранiў яму ездзiць на машыне i адабраў аматарскiя правы. Але запасныя ключы Славiк усё яшчэ насiў з сабой, на ланцужку ў маленькай кiшэнi штаноў. Ён насiў iх з восьмага класа, калi навучыўся вадзiць машыну, i дужа любiў пакруцiць ключыкамi перад сябрамi, перад дзяўчатамi усё, маўляў, мы маем i ўсё ўмеем!

Шыковiч-старэйшы спахапiўся, што няма машыны, хвiлiн праз дваццаць. У рэдакцыi ўзняўся вэрхал. Гэта ж нечуванае нахабства! Украсцi машьшу ад дзвярэй рэдакцыi сярод белага дня, ды яшчэ пад самы Новы год!.. Жах! З абурэннем званiлi ў мiлiцыю з некалькiх тэлефонаў – у абласное, у гарадское кiраўнiцтва: якога д'ябла вы там робiце, калi зладзеi дзейнiчаюць вось так?! Гонар мiлiцыi быў закрануты, i яна праявiла незвычайную аператыўнасць.

Па горадзе Славiк ехаў павольна: усюды мiлiцыя, асаблiва пры выездзе, правяраюць кожную машыну, якая вяртаецца ў горад, адбiраюць елкi. Ён праехаў кантрольны пункт, кiруючыся ўсiх правiлаў, спакойны i ўпэўнены, з папяросай у зубах. Як добры знаёмы, адсалютаваў мiлiцыянеру. Але як толькi вырваўся за горад, даў такi газ, што стрэлка спiдометра хутка перапаўзла лiчбу 100 i пачала канвульсiўна скакаць, падбiраючыся часам ажно да 120. Стары "Масквiч", здавалася, не датыкаўся сваiмi аблыселымi шынамi слiзкай дарогi.

Славiк ехаў пасярод шашы, у лоб сустрэчным машынам. I спрактыкаваныя шафёры ў апошнi мiг кiдалi свае ГАЗы i МАЗы ўбок, узнiмаючы снежны пыл. Мацюкалiся, пагражалi ўслед вар'яту кулакамi.

Шалёная хуткасць канчаткова ап'янiла хлопца. I чым далей – тым горш. Падскаквала, дрынчала машына, кiдалiся пад яе голыя вербы, i шумела ў галаве, мiльгала i дваiлася ў вачах.

У пасёлку хiмiчнага завода аўтаiнспектар хацеў спынiць яго за перавышэнне хуткасцi. Славiк праляцеў мiма. Але пiльны вартавы дарожкага парадку ўсё-такi паспеў запомнiць нумар. Таму вельмi хутка мiлiцэйскае кiраўнiцтва, на радасць сабе, дакладна ведала, у якiм кiрунку гоняць украдзеную машыну. На дзвесце кiламетраў па магiстралi былi падняты на ногi ўсе аддзяленнi мiлiцыi.

Хто затрымае небяспечнага злодзея?

Кiламетраў за трыццаць ад горада Славiк убачыў наперадзе на дарозе сярод пустога поля матацыкл. Двое ў чорных кажухах стаялi пасярод шашы. Ён зразумеў, што чакаюць яго. I тут жа ўявiў амаль дакладна, што адбылося там, у горадзе. Гэта надало яму панурую весялосць. Не аднаму яму пакутаваць. Няхай i самазадаволены "стары конь" паперажывае за сваю "рухомую ўласнасць". У апошнi час ён занадта вясёлы.

– Iду на таран! – закрычаў ён i, наддаўшы газу, памчаў на мiлiцыянераў.

Натуральна, што яны не вытрымалi – адскочылi ўбок. Праз люстэрка Славiк убачыў, як адзiн выхапiў пiсталет.

"Страляюць? Вось гэта здорава! Зусiм як у кiно". Хутка ён убачыў, што мiлiцыянеры ўскочылi на матацыкл. Гоняцца. I хлопца апанавала новае пачуццё азарт гоншчыка-ўцекача. Ён засвiстаў, загалёкаў, як той каўбой на канi:

– Ану, злавiце!

Убачыўшы, што матацыкл адстае, ён знарок прытармазiў газам, даў iм пад'ехаць блiжэй. Зноў убачыў цераз люстэрка, як той, што сядзеў у калысцы, дастаў пiсталет. Тады зноў iрвануў уперад так, што з-пад колаў паляцеў ледзяны пыл.

Мiлiцыянераў чакалi дома жонкi, дзецi i навагоднiя сталы: яны адсталi, упэўненыя, што наперадзе ёсць другiя.

Кiламетраў праз пятнаццаць – дваццаць уцекача чакала другая засада, больш хiтрая i моцная.

Насустрач iшоў ГАЗ-69. Славiк спачатку нiчога не падумаў: цi мала было сустрэчных машын! Ды раптам метраў за дзвесце "газiк" нiбы занясло – ён стаў пасярод дарогi.

– А-а! – Славiк завыў, як дзiкун. – Вы так?! А мне як?! Мне як?!

Але волi хапiла не перакiнуць нагi з педалi газу на педаль тормаза. Упяўся да болю ў баранку. Заплюшчыў вочы. Не вытрымалi нервы ў мiлiцыянера, якi сядзеў за рулём: iрвануў машыну да кювета, i Славiк праскочыў i гэтую засаду. Глянуў у люстэрка, убачыў, як "газiк" вылазiць са снегу, паварочваецца, i амаль радасна галёкнуў:

– А што, укусiлi?

Начальнiк раённай мiлiцыi, чалавек добры i спакойны, заключыў:

– П'яны. Не ганi, Пятро. Нiкуды не дзенецца. А то яшчэ разаб'ецца, дурань. – Начальнiк шкадаваў п'яных, нават зладзеяў. Але Пятра заела: нейкi шчанюк так напалохаў, увагнаў у сорам. I ён нацiснуў на газ.

Славiк раптам адчуў, што "Масквiч" як бы знясiлiўся. Не, стрэлка па-ранейшаму дрыжала направа ад 100. Але ўсё-такi нешта не так. А тут яшчэ ён выскачыў да рэчкi. Круты-круты спуск, а на тым беразе яшчэ вышэйшая гара. I Славiка раптам апанаваў страх. Здалося, што машына, набыўшы iнерцыю, не здолее праскочыць вузкi мост, што ў яго не хопiць сiлы ўтрымаць руль i ён зляцiць у рэчку, праломiць лёд...

Не паспеў ён падумаць пра гэта, як нага сама рэфлекторна пераскочыла на тормаз. I ў той жа мiг Славiк адчуў, што машына, нiбы раз'юшаны звер, выйшла з-пад яго ўлады. Iрванула ўлева. Ён крутнуў руль управа. Тады машына з шалёнай хуткасцю закруцiлася на месцы, адарвалася ад зямлi i па спiралi ўзнялася ў паветра. Адзiн вiток, другi, трэцi... Пры кожным вiтку стрымгалоў ляцелi падстрыжанымi вяршалiнамi ўнiз старыя вербы.

37

Зося, пачуўшы званок, таропка адчынiла дзверы, убачыла Антона Кузьмiча аднаго i спалохалася.

Яна чакала яго колькi дзён i... баялася. Ён таксама трохi сумеўся i нейкi мiг стаяў за дзвярамi, на асветленай пляцоўцы, расчырванелы, велiчны, у багатай "баярцы", шалiкавы каўнер з нейкага адмысловага футра заiнеў наперадзе i, здавалася, ззяў пад святлом. Доктар трымаў некалькi пакункаў. Марозам i снегам, водарам елкi, святочным пахам пакупак i яшчэ нечым прыемным, здаровым павеяла ад яго на Зосю. Яна ўдыхнула ўсё гэта, i ў яе закружылася галава. Яна адступiла ад дзвярэй. Ён увайшоў, зачынiў дзверы. У калiдорчыку не было ўключана святло, i яны апынулiся ў паўзмроку.

Зося мацала па сцяне, шукала выключальнiк i нiяк не магла знайсцi. Антон Кузьмiч цераз яе галаву працягнуў руку i адразу ўключыў святло, але пры гэтым упусцiў адзiн з пакункаў. Нешта шкляное разбiлася. Зося хутка нахiлiлася, каб падняць пакунак. Ён таксама ў гэты мiг нахiлiўся, i яны стукнулiся галовамi, добра, што шапка яго такая мяккая.

Антон Кузьмiч засмяяўся:

– Гэта на шчасце.

Яна не зразумела, што на шчасце, цi тое, што нешта разбiлася, цi тое, што яны стукнулiся, але таксама засмяялася.

Ён сказаў тут жа ў калiдорчыку, трошкi ўрачыста, трошкi афiцыйна:

– Вiншую вас, Соф'я Сцяпанаўна, з наступаючым Новым годам. Жадаю... Ну, жадаю ўсяго самага найлепшага. Рад быў бы сустрэць Новы год з вамi. Але не магу. Буду ў гасцях. Вось зайшоў... павiншаваць... I маленькi падаруначак прымiце...

Ён працягнуў адзiн з пакуначкаў. Яна збянтэжылася:

– Што вы! – але ўзяла i прытулiла да грудзей, як нешта самае дарагое.

– Я сёння паўдня, як Дзед Мароз, разношу падарункi. Люблю прынесцi хоць маленькую радасць.

– Маленькую?!

Ёй варта было прапанаваць яму распрануцца, запрасiць у пакой. Але яна на ўсё забылася. Стаяла перад iм, скрыжаваўшы на прыцiснутым да грудзей падарунку рукi, але баялася падняць галаву, каб глянуць у яго вочы.

Антону Кузьмiчу таксама зрабiлася няёмка.

– Ну, прабачце, – сказаў ён. – Яшчэ раз вiншую. Шчасця вам i здароўя... Мой першы клопат...

Тады яна расставiла рукi, трымаючы ў адной за матузок падарунак, як сляпая, ступiла да яго i раптам... прыпала тварам да халоднага палiто, да пахучай поўсцi каўняра.

Ён зусiм разгубiўся, не ведаючы, што рабiць.

– Што з вамi?

Яна адказала не адразу. Праз нейкi момант падняла галаву, глянула нарэшце яму ў вочы, без сарамлiвасцi, без збянтэжанасцi, проста, шчыра, ясна, як глядзяць вельмi блiзкiя людзi.

– Са мной? Нiчога. – I гэтак жа проста папрасiла, упершыню на "ты": Нахiлiся, я пацалую цябе, – i паднялася на пальчыках.

Нечаканая гэтая просьба чамусьцi не здзiвiла Антона Кузьмiча, i ён без вагання нахiлiўся i сам пацалаваў яе ў вусны, нязграбна абняўшы – перашкаджалi пакункi. Ёй захацелася ў адказ павiншаваць яго так, няхай будзе так. Што тут асаблiвага?

А яна гэтак жа нечакана i раптоўна – жанчыну нiколi нельга зразумець! выслiзнула з яго рук, павярнулася i, нiчога не сказаўшы, пайшла ў пакой.

Антон Кузьмiч неўразуменна пацiснуў плячамi i цiхенька, нiбы ў кватэры спала дзiця, выйшаў.

38

Яны сядзелi ў кабiнеце ў Яраша. Кiрыла – у старым скураным крэсле, схiлiўшыся, закрыўшы твар рукамi; Валянцiна Андрэеўна – на краi жорсткай канапы, на якой аглядалi хворых. Не, яна не сядзела. Яна прысядала на хвiлiнку, на момант i тут жа падхоплiвалася, нецярплiва камечачы мокрую хусцiнку, ломячы пальцы рук. Падыходзiла да стала, нервова перастаўляла на iм канцылярскую аўтаручку ў выглядзе касмiчнай ракеты. Баязлiва дакраналася да чорнай скрынкi танометра. Адны i тыя ж рухi кожны раз. Потым кiдалася да прыадчыненых дзвярэй i напружана ўслухоўвалася ў насцярожаную начную цiшыню бальнiцы. Хоць увогуле цiшынi не было. Угары, над iмi, хадзiлi, гаманiлi, ляпалi: хворыя страчалi Новы год.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю