355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далонi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 11)
Сэрца на далонi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 21 октября 2016, 23:45

Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 27 страниц)

– Праўда, ён цiкавы, Косця? Як цыган. Глядзi, якiя вочы. Як вуглi. А зубы якiя!

"Наiўна, але правiльна, сястра. Хвалi другiх, каб адвесцi ад таго, з каго сама не спускаеш вачэй".

Славiку рабiлася нудна, i ён пачаў шукаць, чым бы пазабаўляцца. Падсунуўся блiжэй да Машы, дакрануўся нагой да яе нагi. Яна строга глянула на яго i адсунулася да Iры.

Яраш з цiкавасцю прыглядаўся да моладзi. Пасля размовы з Машай, калi ён адчуў раптам разрыў памiж такiмi, як яна, i сабой, яго зацiкавiла моладзь. Уся моладзь: маладыя лекары, сёстры, санiтаркi... Але сябры Тараса асаблiва. Рабочы клас. Творцы матэрыяльных каштоўнасцей.

Пакiнуўшы Майзiса i яго жонку, якая стаiла крыўду, Яраш ганяў з хлопцамi па выкашаным лузе мяч, спаборнiчаў у плаваннi, загараў. Услухоўваўся ў iх размовы. Але на адпачынку словы i думкi былi лёгкiя, як той мяч, што ганялi. Ён не верыў, што можна пагаварыць сур'ёзна цяпер за сталом, але паспрабаваў арганiзаваць такую размову. Пастукаў вiдэльцам па пляшцы, просячы цiшынi. Моладзь адразу ўгаманiлася, бадай, хутчэй, чым перад тостамi Шыковiча.

– Хвiлiначку, сябры. Сумнавата робiцца за нашым сталом. Сепаратныя размовы, шаптанне... Давайце паспрабуем пагаварыць калектыўна. Пра што? Адкажам, напрыклад, на такую анкету: мае мары, маё ўяўленне пра будучыню, чаго я хачу, да чаго iмкнуся. Ша! Не хаваю нашага з Кiрылам Васiльевiчам хiтрага намеру – выпытаць пра вашы мары. Мы тут з iм часта спрачалiся наконт iдэалаў маладога пакалення. Толькi ўмова: адказваць шчыра, не баючыся, што адказы вашы трапяць у друк. Карэспандэнтаў тут няма.

– А Кiрыла Васiльевiч?

– Ён без пяра. Акрамя таго, у яго прынцып: калi ем...

– То глух i нем. Адно мурлыкаю, як кот.

Засмяялiся, заварушылiся, трохi ўзрушаныя нечаканай прапановай. Кожны, безумоўна, адразу падумаў: пра што сказаць? Хiба мала iх, мар? А якая галоўная?

Славiк хмыкнуў. I здзейснiў намер, якi з'явiўся хвiлiн колькi назад: апусцiў руку пад стол, дакрануўся да Машынага голага калена. Яна ўздрыгнула, тузанулася, ушчыпнула яго за руку. Сказала спакойна:

– Славiк, схопiш аплявуху.

Iра здагадалася, што ён зрабiў, i вочы яе пад шкламi акуляраў сталi жоўтымi ад гневу.

– Славiк! Паскуда! Я маме скажу.

– Закрычы, ябеда. Ты ўсё жыццё нагаворвала.

Бацькi ўжо звярнулi ўвагу на iх злоснае перашэптванне. Валянцiна Андрэеўна зноў падышла да сына, ласкава папрасiла:

– Прынясi, сыне, пiва з пограба.

– Чакай, паслухаю людзей будучага.

– Дык хто пачне, хлопцы? – запрашаў Яраш.

– Косця! – падказала жонка Лапацiна.

Той самы Косця, якiм захаплялася Iра, маленькi, рухавы, смяшлiвы i самы малодшы ў брыгадзе, падскочыў, як школьнiк. Чорныя вочы яго загарэлiся, як вугалькi. Можа, ён не адразу зразумеў, што ад яго патрабуюць.

– Сядайце, Косця. Што вы! – адразу запярэчыла Валянцiна Андрэеўна. – Гэтак будзе не сяброўская гутарка, а непрыемны экзамен. Ты сам, Антон Кузьмiч, пачнi.

– Не, я пасля скажу, пра што я марыў, калi мне было столькi ж гадоў. Параўнаем...

– Я скажу, – адгукнуўся Косця. – Я думаю пра ўсё... Пра дзяўчат...

– Вось гэта шчыра! – засмяяўся Славiк.

Але яго смеху не падтрымалi, можа, таму, што Косця тут жа запэўнiў горача, з дзiцячай непасрэднасцю:

– Я хораша думаю пра дзяўчат... Жанчына дае жыццё i красiць яго, усё прыгожае ад жанчыны. Я многа думаў пра касмiчныя палёты. Але, ведаеце, самому мне чамусьцi не хочацца ляцець туды.

– Баiшся? – зноў гукнуў Славiк i быў рады, што ў гэты раз выклiкаў смех.

– Не, не баюся. Але я люблю зямлю... дрэвы i кветкi. Для мяне найвялiкшая радасць бачыць вось гэты лес. Я так мяркую, што ў камунiзме ўсе людзi павiнны жыць сярод дрэў i кветак. Тады ўсе стануць добрыя, вясёлыя...

– Правiльна! Я таксама за тое, каб усе сталi дачнiкамi.

– Слава! Вылецiш з-за стала, як корак з бутэлькi, – не стрымаўся ўрэшце Шыковiч-старэйшы.

– Маўчу, як фаршыраваная рыба. – Славiк зацiснуў рот далоняй.

– Карацей кажучы, я хацеў бы пажыць у грамадстве, дзе не будзе людзей злосных, несправядлiвых, дурных, несумленных...

– У Косцi хрысцiянская мараль, – перапынiў сябра Iван Ходас. – Яму здаецца, што такое грамадства нехта падасць на талерцы, калi ласка, Косця, жывi, расцi кветачкi, гадуй дзетачак... А для мяне – радасць у змаганнi. I я думаю, што камунiзм – гэта найвышэйшая форма барацьбы.

– Супраць каго?

– За што?

– Супраць дурняў, бюракратаў, дармаедаў... Я не кажу ўжо пра ворагаў знешнiх, iмперыялiстаў розных...

– А калi iх не стане? Знiшчым?

– Ага!

– Я не заглядаю так далёка! I ў царства ўсеагульнага цалавання не веру. I сярод анёлаў жыць не жадаю! Нудна. Я сам злосны i, магчыма, бываю несправядлiвы. Малы быў – маму крыўдзiў. Дык што ты, i мяне знiшчыш? – горача насядаў Ходас на Косцю.

– Завёўся ўжо! – папракнула яго Вера, жонка Лапацiна.

Iван асекся, павярнуўся да гаспадароў: як рэагуюць яны? Яраш з ухвалой кiўнуў галавой. Шыковiч сказаў:

– Я згодзен, Iван. Камунiзм пабудуюць не святыя, а мы з вамi, кожны са сваiм характарам, даволi часта вельмi супярэчлiвым i складаным. Але бясспрэчна i тое, што мы павiнны стаць лепшымi, чым ёсць. Пазбавiцца перажыткаў... Як гэта зрабiць хутчэй? Што, па-вашаму, мае першаступеннае значэнне ў выхаваннi камунiстычнай культуры пачуццяў?

Iван задумаўся. I ўсе змоўклi, задумалiся таксама.

– Калектыў, – першы адгукнуўся Тарас.

– Праца, – амаль адначасова з iм выказаўся Лапацiн, прынiмаючыся за кавалак пiрага, якi падсунула яму клапатлiвая жонка.

– Барацьба! – не адступаў Ходас ад сваёй пачатковай думкi.

– Праўда! – Славiк сказаў гэта сур'ёзна, цвёрда, пераканана. – Пакуль будзе ханжаства, падман...

Кiрыла Васiльевiч пераглянуўся з жонкай i, вiдаць, хацеў нешта адказаць сыну. Але перапынiў Косця.

– Любоў! – крыкнуў ён.

Усе маладыя засмяялiся. Акрамя Славiка.

– Цябе ўсё-такi хiлiць да Езуса, – падкалоў сябра Iван.

– Чаму любоў, Косця? Растлумач!

– Любоў не ў вашым вузкiм разуменнi. А наогул. Любоў з вялiкай лiтары. Да радзiмы, да працы, да людзей, блiзкiх i далёкiх...

– Якая шчодрая душа, – з добрай усмешкай сказала Галiна Адамаўна так, што пачулi толькi свае – Майзiсы i Шыковiч. – Можна падумаць, што яго нiхто нiколi не крыўдзiў.

– Прадстаўнiк пакалення, якое не ведае, што такое нянавiсць. – I на поўны голас да Косцi i да ўсiх: – Па-мойму, Косця, такая любоў – гэта мэта, а не сродак. Тое ж самае i твая праўда, Славiк. Да такой праўды i такой любовi мы прыйдзем... Безумоўна, Iван, праз барацьбу з маральнымi заганамi i ўсiмi тымi, хто будзе перашкаджаць... I, напэўна, маюць рацыю таварышы, Тарас, Васiль Пятровiч, што праца... праца ў калектыве... грамадска карысная – галоўны фактар. Раз Шыковiч павярнуў на тэорыю, няхай ён падводзiць вынiкi. А мне хацелася пачуць ад вас больш простыя адказы. Каб кожны пра сябе. I я скажу пра сябе. Планы, мары, жаданнi... Вось Генрых маўчыць...

Генрых, якi сапраўды не сказаў нi слова, пачырванеў, збянтэжана ўсмiхнуўся. Сябры скiравалi на яго позiркi, чакалi яўна з цiкавасцю. Ён прыгладзiў дзвюма далонямi валасы i затрымаў рукi на патылiцы.

– Мары, яны не пастаянныя, Антон Кузьмiч. Калi я быў вучнем, то вельмi любiў чытаць раманы. Ну, Вальтэра Скота, Дзюма... I мне страшэнна хацелася быць рыцарам, выратаваць прынцэсу – абавязкова прынцэсу! Не нiжэй! – i... жанiцца на ёй.

Моладзь стрымана засмяялася.

– А цяпер я штоноч сяджу над тэорыяй машынабудавання, супраматам, мару, як бы хутчэй здаць экзамены, стаць iнжынерам i... жанiцца на Зоi Крахмалавай.

Выбухнуў такi рогат, што з-пад стала спалохана выскачыла кошка. Гаспадары i Майзiсы не разумелi прычыны гэтага рогату, а таму ветлiва ўсмiхалiся весялосцi моладзi.

Вера, выцiраючы слёзы, тлумачыла iм:

– Ён заўсёды так, маўчыць, маўчыць, а потым як ска-а-жа...

А Генрых павярнуўся да Славiка i сказаў яму:

– Твая чарга. Па парадку.

– Я? – здзiвiўся Славiк, тыркнуўшы сябе ў грудзi пальцам. – Чаму я? Пра што мару? Нi пра што! Хачу? – Ён абвёў дзёрзкiм позiркам усiх, хто сядзеў за сталом, – ад бацькi да Косцi, потым павярнуўся да Машы i сказаў быццам ёй адной: – Хачу паляцець у космас. У пустату. Дзе б нiхто не дапытваў i не чытаў "маралаў".

Усе сцiхлi, усiм зрабiлася няёмка, бо ведалi, што хлопец толькi што адбыў пакаранне за свае паводзiны. З далiкатнасцi нiхто не напамiнаў яму пра гэта. Шанавалi бацькоў – паважаныя людзi.

Усе бачылi, як уразiлi iх раздражнёныя сынавы словы. Асаблiва мацi. Валянцiна Андрэеўна, схаваўшы вочы, сцiснула мужаву руку, молячы яго маўчаць.

Каб загладзiць няёмкасць, Маша вырашыла перавесцi ўвагу на сябе, сказала весела, гарэзлiва:

– А я ведаеце пра што мару? Выйсцi замуж за добрага, разумнага чалавека i нарадзiць добрых, разумных дзяцей.

Хацела, каб гэта прынялi як жарт, але сустрэлася вачамi з сур'ёзным i здзiўленым позiркам Наташкi i... збянтэжылася, загарэлася ўся, бо здалося ёй, што сказала пры малой непрыстойнасць. Пэўна, праз гэтую яе збянтэжанасць нiхто не пачаў жартаваць з такога прызнання. Нават усмешак яна не ўбачыла. Стрыманасць такая iшла ад той жа далiкатнасцi. Але Машы яна здалася дакорам агульным. Чаму яны такiя сур'ёзныя? Чаму так свiдруе яе позiркам жонка Яраша? Праўда, сам Антон Кузьмiч падтрымаў яе:

– Вось гэта зямная мара! – i яшчэ нешта сказаў.

Але Маша не пачула. У вуха ёй горача дыхнуў Славiк:

– Хочаш, я зраблю табе дзiця? – i зноў дакрануўся рукой да калена.

Цынiчны шэпт яго i дотык абразiлi дзяўчыну, i яна здзейснiла сваю пагрозу – пляснула яму па твары. Не моцна. У другiх абставiнах магло б сысцi за жарт. Але ў той момант аплявуха прагучала, як гарматны стрэл.

Аглушыла i сталых i маладых. На мiг усе застылi. Першая падхапiлася Iра. Крыкнула брату:

– Хам! – i выскачыла з-за стала.

Пагрозлiва павольна падняўся Шыковiч. Жонка паспрабавала стрымаць яго, ён тузануўся ўсiм целам, як бы вырываючыся. Але сказаў спакойна, амаль весела:

– Хадзем, Уладзiслаў, пагаворым, – i рушыў да дачы. Не азiраўся, цi iдзе Славiк за iм, не чуў, як той, весела падмiргнуўшы хлопцам, кiнуў: "Iду на эшафот", не бачыў будынка, лесу, неба i сонца, усё кiпела ў яго грудзях. Калацiлася сэрца, млелi ногi...

Толькi ў пакоi Кiрыла павярнуўся i ўбачыў, што Славiк стаiць на парозе, засунуўшы рукi ў кiшэнi штаноў. Такая нахабная пастава яшчэ больш абурыла.

– Падыдзi блiжэй! – працадзiў ён праз зубы.

Славiк, iранiчна ўсмiхнуўшыся, не ступiў тры крокi, а, здавалася, павольна прасунуўся, як на лыжах. Магчыма, каб не такая яго ўсмешка, усё было б, як многа разоў дагэтуль: успыхнуў бы феерверк гнеўных слоў i... патух. Нi разу Кiрыла не падымаў на сына руку. Не мог, бо любiў яго. Але тут сарвалася апошняя кропля цярпення.

– Рукi з кiшэняў! – грымнуў ён i, не дачакаўшыся, пакуль сын выканае загад, схапiў за адварот тэнiскi, iрвануў на сябе. – Ты! – I з усяго размаху садануў правай рукой у скiвiцу.

Славiк адляцеў да дзвярэй, ударыўся спiной аб вушак, споўз на падлогу, войкнуў, схапiўся за шчаку. У той жа мiг у дзвярах з'явiлася мацi. Загарадзiла сабой сына, замалiла да мужа:

– Што ты робiш, дурны? Пасаромейся!

– Змоўкнi! – у страшэнным гневе закрычаў Кiрыла. – Абаронца! Ты бачыш, да чаго давяла твая абарона? Шчанюк! Ты доўга будзеш ганьбiць добрае iмя бацькi, мацi, сястры? Хто цябе выгадаваў такога?!

– Не крычы! Людзi, – зморшчылася Валянцiна Андрэеўна, заклапочана схiлiўшыся над Славiкам, якi сядзеў нерухома, рукамi закрыўшы твар.

– Табе сорамна людзей, калi я крычу? А за яго табе не сорамна? Пашкадуй, пашкадуй яго, вытры соплi, ён табе не адну яшчэ пiлюлю падсуне. Герой! На што ты здатны? Што ты ўмееш? Толькi можаш, што паскудзiць, як шалудзiвы кот.

– А сам ты што ўмееш? Бiцца? – праенчыў пiсклiва Славiк. – Стары конь!

Недарэчнае пытанне i яшчэ больш недарэчная мянушка прагучалi надзвычай па-дзiцячаму, вырвалiся ад бяссiльнай злосцi i крыўды. Гэта расчулiла Шыковiча. Стала шкада сына i брыдка за свой учынак. Нiкога ў жыццi ён не бiў, нават калi быў хлапчуком, пазбягаў боек, часцей бiлi яго. А тут – выкiнуў з кабiнета Рагойшу, ударыў сына... Што здарылася? Нервы? Аднак, каб не раскiснуць, ён пагразiў:

– Я табе пакажу "конь"! Iдыёцкi жаргон! Разбэшчаныя шчанюкi! – Злосна да жонкi: – На рукi яго вазьмi! Пакалышы. Соску дай. Пе-да-го-ог!

I выйшаў. На верандзе адчуў, як дрыжаць рукi, ногi, "сiгналiць" сэрца. Падумаў: "Так iнфаркт нядоўга схапiць".

А Славiк, пачуўшы, што бацька выйшаў, уткнуўся тварам у матчыны рукi, якiя хацелi падняць яго з падлогi, i... заплакаў. Зусiм па-дзiцячы, усхлiпваючы.

Хлопцы ляжалi на беразе ракi, на пясчанай касе. Грэлi спiны на стомленым ласкавым сонцы. Слухалi, як ззаду цiха плешчацца i журчыць вада, а наперадзе, на адхоне, шалясцiць лазняк. Вецер сцiхаў – i ўсё сцiхала, лагаднела, утаймоўвалася: вада i лес, птушкi i чалавечыя страсцi. Нават ластаўкi, што гняздзiлiся ў абрыве, лёталi без заўсёднай сваёй трывогi. Хлопцы займалiся адным: лянiва падграбалi пад сябе цёплы, вымыты ракой да белiзны пясок i сачылi, як у чыстым небе над лугам плавае коршак. Гэтак жа лянiва i спакойна, не палюе – адпачывае. Калi коршак раптам куляй упаў унiз, у кусты, яны, як па камандзе, апусцiлi галовы на рукi i праз сухi пясок удыхалi вiльготныя пахi ракi. Пасля iх увагу прыцягнула маленькая, у залатой манiшцы i блакiтным фартушку птушачка: яна села за паўкроку ад Косцевай галавы i, вiхляючы зялёным хвосцiкам, праскакала мiма ўсiх, як бы правярала, цi жывыя гэтыя голыя нерухомыя людзi. Яе не спалохаў i голас Генрыха:

– Хлопцы, хто ведае, як называецца гэтае прыгожае птушанятка?

Маўчанне.

– Нiхто не ведае? Косця?

– Шчурка.

– Дакладна? Маўчыш? Як мала мы ведаем!

– Дарэмна ты, Тарас, пацягнуў нас на гэтую куркульскую дачу, – прабурчаў Iван Ходас.

– Не папракай! – крыкнуў Косця.

– Я не папракаю.

Тарас маўчаў. Ён думаў пра Машу. Здзiўляўся: "Чаму я думаю пра яе? Дзiўна. Што дала аплявуху таму шалапуту? Яму варта. Але не гэтак. Не да месца было. Сапсавала абед, настрой усiм... I сабе".

Як задрыжалi яе вусны, калi Шыковiчы адзiн за адным – сам, Славiк, мацi пайшлi ў дом, а Iра i Яраш пачалi прасiць у яе прабачэння. Тарас бачыў, як крывiлася Галiна Адамаўна, яна асуджала Машу, асаблiва ёй не падабалася, што муж просiць у сваёй падначаленай прабачэння. Майзiсы адразу пачалi збiрацца дадому. Хлопцы падзякавалi Ярашам i, вылезшы з-за стала, тут жа знiклi. З Машай яны не развiталiся. Чаму? А цяпер маўчаць. Ну i да д'ябла, няхай маўчаць.

"Завошта яна пляснула яго? Што ён такое сказаў?"

– Куды ён хоча падацца цяпер?

– Хто?

– Гэты... "атамшчык".

– Славiк? Не ведаю.

– А навошта яму куды падавацца? У бацькi грошай хопiць.

– Не думай дрэнна пра Шыковiча. Гэты чалавек правiльны.

– А сынок?

– Чорт iх ведае, адкуль яны бяруцца, такiя сынкi.

– Глядзiце, зноў коршак. Што ён выглядае?

– Шкада, што не паслухалi Яраша. Пра што ён хацеў расказаць?

– Хлопцы! А давайце возьмем яго ў сваю брыгаду!

Косця, падцягнуўшыся на руках, прасунуўся наперад i сеў, павярнуўся да хлопцаў, каб бачыць iх твары.

Тарас падняў галаву i паглядзеў: сур'ёзна ён? Маленькi, але ладна збiты, загарэлы, чорны, Косцiк сядзеў на пяску, як будыйскi бажок; блiшчалi зубы i гарэлi вочы – прыкмета таго, што ён гатовы да знямогi абараняць сваю iдэю. Iван Ходас глянуў на яго адным вокам i свiснуў у пясок, выдзьмуўшы ямачку.

– Не хапае табе дзярма?

– А што? Калi мы такая брыгада, то чаму не памагчы чалавеку стаць на верны шлях?

– Завод не школа-iнтэрнат.

– Сябры, цiкавая з'ява – супрацiўленне матэрыялаў...

– Генрых, не трызнi. Цi захоча ён сам? – спытаў Лапацiн i павярнуўся на спiну, тварам да сонца.

Тарас сеў. Косцева прапанова падабалася. Сапраўды, чаму б iм не ўзяцца за гэтага неўраўнаважанага юнака.

Генрых пiсаў пальцам на пяску доўгую формулу.

– Я пагавару з iм.

– Ты згодзен? Тарас? – Iван так дзьмухнуў у пясок, што засыпаў Генрыхаву формулу. – Вар'яты! Не бярыце на сябе ўсяго, зробiцеся пазёрамi. Я – супраць.

– Гаворыш, што камунiзм – гэта змаганне, а сам не хочаш лiшнi раз паварушыць рукамi i мазгамi. Як жа ты думаеш змагацца за такiх?..

– Гнаць у шыю.

– Куды?

– На ўсе чатыры.

– Ну i логiка ў цябе!

– Логiка жалезная. А чаму я павiнен падбiраць усялякае смецце i выкладаць элементарныя нормы паводзiн? Я сам сябе яшчэ не выхаваў.

– Вось гэта правiльна!

– Сам баiцца, каб гэты "стылiст" не перавярнуў яго ў сваю веру. Як жыд папа. Ведаеце показку?

– Пiшы свае формулы! Канструктар лiпавы!

– Хлопцы, не сварыцца! – Лапацiн запляскаў у далонi. – Усiх вас выхаваюць жонкi. Толькi жанiцеся...

– Цябе выхавала?

– А што ты думаеш? Я таксама ў пажыўныя мясцiны заглядваў, як жаўтароцiк гэты. Нават калi ў брыгадзе ўжо быў. А паспрабаваў бы цяпер!

– То-та, бачу, валасы ў цябе пачалi радзець.

Зарагаталi. Жарт найлепшым чынам прымiрае людзей. Тарас адчуў, што настрой ва ўсiх узняўся.

Лапацiн брыкнуў Iвана нагой. Той злавiў нагу i пацягнуў "жанацiка" да вады. Тарас ускочыў, разбурыў усе Генрыхавы формулы i схапiў Лапацiна за рукi. На падмогу iм кiнуўся Косця. Утрох яны раскачалi свайго паважнага сябра i шыбанулi ў раку, ведаючы, што ён кепска плавае i баiцца вады. Самi скочылi следам за iм. Пырскi блiснулi на сонцы вясёлкавымi пералiвамi. Хвалi пакацiлiся на пясок, лiзанулi Генрыху ногi. Ён устаў, прыгожа пацягнуўся, кiнуў на адзенне акуляры i, разагнуўшыся, ракетай пайшоў пад ваду. Ён быў лепшы плывец. I ўсе яго сябры, што дурэлi ў вадзе, сцiхлi, з цiкавасцю i, магчыма, з трывогай чакаючы, калi i дзе Варэнiк вынырне. Ён вынырнуў амаль на сярэдзiне ракi. Паплыў хутка, спрытна выкiдваючы з вады ўсё цела. Не плыў, а ляцеў.

Тарас i Косця пайшлi за iм. Плылi побач. Косця сказаў:

– А гэтая рыжая сядзела з iм, а вачамi страляла ў цябе.

Тарас збянтэжыўся.

– Ды ну цябе, Косця! Выдумаеш! – Але яму было прыемна, i ён пахвалiў сябра: – А наконт Славiка – гэта ты добра прыдумаў. Трэба пераканаць хлопцаў.

11

Яраш перад аперацыяй начаваў у горадзе. Шыковiч ляцеў на сваiм "Масквiчы" адзiн, рызыкуючы апынуцца пад адхонам. У прыгарадзе, на чыгуначным пераездзе, быў зачынены шлагбаўм. Старэнькi закапцелы паравозiк з адной платформай дошак манеўраваў быццам на здзек шафёрам. Шыковiч, машына якога стаяла першая, утыркнуўшыся ў шлагбаўм, кiпеў: крычаў вартаўнiцы, пагражаў кулаком машынiсту, праклiнаў усе чыгуначныя парадкi.

А ў бальнiцы яго не прапусцiла другая вартаўнiца – у белым халаце. Дарэмна ён даказваў, што запрошаны самiм Ярашам прысутнiчаць на аперацыi, што ён карэспандэнт, пасля выдумаў, што асiстэнт i без яго не будуць аперыраваць i ўвогуле ўсё паляцiць дагары нагамi.

– Нiчога не ведаю. Нiхто нiчога не казаў, – флегматычна адказвала старая жанчына, не без цiкаўнасцi, аднак, назiраючы праз акенца, як нервуецца гэты поўны, лысаваты ўжо мужчына ў пакамечаным парусiнавым касцюме.

Шыковiч скрыгатаў зубамi. Успомнiў, што Антон не вельмi ахвотна згадзiўся, каб ён прысутнiчаў на аперацыi. Няўжо перадумаў? Не пусцiць? Пажартаваў. Аднак за такi жарт... Кiрыла хадзiў каля варот, круцiў у руцэ ключы ад машыны i выдумляў сябру самую страшную кару.

Але раптам адчынiлiся дзверы, i юная iстота ва ўсiм белым ветлiва запрасiла:

– Кiрыла Васiльевiч? Калi ласка, праходзьце.

I куды дзелiся яго злосць i абурэнне! Iдучы па бальнiчным двары, ён узяў сястру за локаць. Яна глянула на яго, збянтэжана ўсмiхнулася, вызвалiла руку. Але ад гэтага дотыку да маладосцi ён таксама адчуў сябе маладым, бадзёрым, свежым, як той лiпеньскi ранак.

На другiм паверсе, у асобным пакоi, сястра памагла яму надзець стэрыльны халат, шапачку, павязку i палатняныя бахiлы вышэй каленяў. Ён пажартаваў, што ўпершыню ў жыццi падобны на прафесара. Яна не ўсмiхнулася на яго жарт. Правяла па калiдоры, паказала на дзверы:

– Сюды.

У перадаперацыйнай было многа людзей у белых халатах, з ссунутымi на падбародкi маскамi. Але нiхто з iх нiчога не рабiў. Усе чакалi. Шыковiч зразумеў, што гэта такiя ж назiральнiкi, як i ён, – маладыя лекары, практыканты.

Ён пачаў разглядаць iнструменты ў шкляных шафах, будку для стэрылiзацыi з адчыненым акенцам у аперацыйную. Падумаў, як нялёгка вывучыць назвы i прызначэннi ўсiх гэтых iнструментаў – iх тысячы. Хацеў пачуць, што лекары гавораць пра сённяшнюю аперацыю. Але побач з iм малады высокi мужчына, яўна заляцаючыся, шаптаў чорнай тоўсценькай дзяўчыне:

– Клава, махнём пасля абеду ў Палянкi? На кацеры?

– На Будаеў луг. Там пляж лепшы.

Шыковiч абурыўся: вось-вось будзе вырашацца лёс чалавека – жыццё цi смерць! – а яны, чэрцi, пра пляж думаюць.

На яго не звярталi ўвагi.

"Як у лазнi. Усе роўныя".

Жанчына, што сядзела за сталом i нешта занатоўвала ў журнал, паднялася i шырока адчынiла дзверы аперацыйнай.

Кiрыла ўбачыў Яраша. Той стаяў у кутку вялiкай залы, выставiўшы перад сабой да локцяў голыя рукi, нiбы ўзважваючы растапыраныя пальцы. Белiзна яго шапачкi аж ззяла ў святле ранiцы. А святла гэтага, роўнага, ледзь-ледзь падзеленага водблiскам дрэў i шыб, лiлося мора: уся сцяна – шкло.

Незвычайны ў сваёй паставе i адзеннi, велiкан побач з нiзенькiм Майзiсам, якому сястра, як малому, выцiрала салфеткай рукi, галоўны хiрург здаваўся звышчалавекам, богам.

Кiрыла падумаў: "Як можа пераўтварыцца чалавек! Цi той гэта Антон, просты, свойскi, шчыры хлопец?"

Той. Убачыў сябра i кiўнуў галавой, усмiхнуўся зусiм звычайна. Нацягнуў тонкiя гумавыя пальчаткi, падышоў блiжэй да дзвярэй. Сказаў да ўсiх, хто чакаў у перадаперацыйнай:

– Таварышы! Не скажу, што аперацыя незвычайная. Але адказная. Хворай трыццаць шэсць год. Могуць быць любыя нечаканасцi. Прашу: нiякiх каментарыяў. Поўная цiшыня. Каму дазволiў, сядайце тут, – ён кiўнуў на лаўку каля сцяны, адгароджаную шырмай са стэрыльных прасцiн. – Астатнiя глядзяць па тэлевiзары. Калi ласка, – i адступiў убок.

Чалавек сем хiрургаў-практыкантаў, бесцырымонна адцiснуўшы Шыковiча ўбок, хутка i смела прайшлi ў аперацыйную, залезлi за шырму.

"Прабiўны журналiст", можа, упершыню разгубiўся – што рабiць, адкуль глядзець? Але пачуўся голас Яраша:

– Кiрыла Васiльевiч! Заходзь!

Шыковiч нясмела ступiў у "святую святых" медыцыны. Цяпер на яго звярнулi ўвагу. У аперацыйнай таксама было нямала людзей. Маша, у масцы ўжо (праз гэта Кiрыла не адразу пазнаў яе) i ў пальчатках, перакладала на маленькiм столiку блiскучыя iнструменты, быццам лiчыла, цi ўсё ёсць. Яна ўсмiхнулася яму вачамi. Майзiс здалёк памахаў рукой. Гледачы пачалi перашэптвацца: "Хто гэта? Хто?" Яраш наблiзiўся, па-сяброўску падмiргнуў, паўшэптам спытаў:

– Не баiшся?

Кiрыла ў адказ тайком паказаў яму кулак. Гэта быў працяг iх дачнай размовы. Жонка адгаворвала яго iсцi на аперацыю:

"Самлееш ты, Кiрыла, я ж ведаю, як ты баiшся крывi".

"Ну, глупства, самога мяне рэзалi – не млеў".

Галiна Адамаўна, наадварот, падтрымлiвала яго жаданне: "Нiчога страшнага. Яраш жартаваў".

Ён i цяпер засмяяўся:

– Аднак садзiся з краю, на выпадак чаго.

Практыканты пацiснулiся, i Шыковiч сеў за шырмай.

Першае, што ўразiла яго, – гэта спакой сябра. Там, у лесе, каля iх вогнiшча, расказваючы план аперацыi, Антон хваляваўся, бадай, больш i прызнаваўся ў гэтым. А тут – ходзiць, як упэўнены ў перамозе спартсмен. Хоць бы чым-небудзь выдаў сваю ўзрушанасць.

Кiрыла прыкаваў да яго позiрк.

"Не, не можаш ты быць такiм спакойным. На чым-небудзь сарвешся, выдасi сябе".

Аднак нiводная рыска не ўздрыгвае на твары хiрурга. Хiба толькi залiшне пiльна сочыць ён за калегамi i памочнiкамi, якiя таксама даволi спакойна поркаюцца каля апаратаў.

Апараты... Апараты... Розныя. З экранамi. Без экранаў. На калёсiках. З правадамi. Са шлангамi. Кiрыла ўспомнiў Ярашавы "лекцыi" па хiрургii, фразу, якую той аднойчы кiнуў яўна з гонарам:

"Мая аперацыйная цяпер – што цэх".

Сапраўды, што цэх.

Вунь тая зялёная скрынка з лейкай, шкляным балонам, сiгнальнымi лямпачкамi, цi не той гэта апошнi цуд, па якi Яраш ездзiў у Кiеў, – апарат "сэрца – лёгкiя"?

Яраш нешта кажа сваiм памочнiкам. Лекары адказваюць незразумелымi Шыковiчу словамi.

Нечакана адчыняюцца другiя дзверы. Санiтары хутка i бясшумна падводзяць хворую i гэтак жа, да абразлiвасцi хутка, быццам нежывую, кладуць на аперацыйны стол.

А яна жывая. Яна звычайная. Нават прыгожая. Вялiкiя вочы, i ў позiрку iх не страх, а як бы здзiўленне i любаванне ўсiм, што ўгледзела. Зося Савiч! Шыковiч бачыць яе ўпершыню. А вобраз яе ўжо месяц жыве ў яго ўяўленнi – пасля таго як Яраш расказаў пра яе. Дзiўна. Менавiта такой яна i ўяўлялася. Да незапамiнальнасцi звычайная з твару. Маленькая жанчына, спакутаваная жыццём i хваробай... Але ён убачыў больш: схаваную, замураваную пакутамi прыгажосць, абаяльнасць i... мужнасць. Усё гэта цяпер толькi ў яе вачах, у яе позiрку.

Кiрыла ажно прыўзняўся, каб добра разглядзець твар жанчыны. Запомнiць. Цi ўбачыць ён яе, жывую, другi раз?

Яраш, усё такi ж спакойны i велiчны, прыветлiва кiвае ёй галавой. У адказ яна заплюшчвае вочы: маўляў, я ўсё разумею, не турбуйцеся, я на ўсё гатова. Нiчога не сказаўшы, ён адыходзiць. Працягвае рукi Машы. Яна спрытна сцягвае пальчаткi i накрывае яго вялiкiя рукi салфеткай. Ён садзiцца. Ён адпачывае. Можа, апошнi раз прадумвае план аперацыi. А яго памочнiкi – лекары i сёстры не вельмi каб спешлiва падключаюць да хворай датчыкi апаратаў: пад спiну, да галавы, да рукi, да нагi... Правады, шлангi звiсаюць над сталом. Шыковiчу чамусьцi больш за ўсё кiнуўся ў вочы i запомнiўся маленькi апарацiк, якi надзелi Зосi на левае вуха. (Пасля ён даведаўся, што гэта аксiгемометр прыбор, якi вызначае насычанасць крывi кiслародам.)

Яраш расказваў яму пра назначэнне многiх апаратаў. Але цяпер у галаве ў Шыковiча ўсё пераблыталася. Ды прыборы i машыны яго нiколi не цiкавiлi. Цiкавяць людзi. Цяпер больш за ўсiх яна, Зося. I лекары. Здавалася, злачынна павольна яны ўсё робяць. Хiба можна ў такi момант быць такiмi марудамi? Хацелася крыкнуць Антону: "Чаму ты ўсеўся, як Буда? Падганi iх!"

У самога яго ўсё часцей i мацней б'ецца сэрца. Ён амаль пачынае дрыжаць ад хвалявання i нецярплiвасцi: хутчэй, хутчэй! Нарэшце Майзiс, першы асiстэнт, кiдае:

– Гатова, Антон Кузьмiч.

Толькi ў гэты мiг блiскае ў шырока расплюшчаных вачах Зосi iскра страху. Шыковiч ловiць гэтую iскру. Невядома, што робiцца ў яе хворым сэрцы, але яго сэрца пачынае грукацець так, што ўдары аддаюцца ў скронях, у руках, у паху ва ўсiм целе.

– Наркоз! Вера Паўлаўна! – устае з табурэцiка Яраш.

Секунды – i павекi хворай цяжка апускаюцца. Яна засынае.

Над сталом загараецца велiзарнае кола бясценевай лямпы. Нехта адкiдвае прасцiну, i Шыковiч бачыць яе грудзi, залiтыя яркiм святлом, зусiм дзявочыя, па кулачку, – узгорачкi з ружовымi маячкамi на вяршынях.

Яму робiцца няёмка, як бывае няёмка глядзець на голую нябожчыцу. Ён пераводзiць позiрк на Яраша. Той падыходзiць да стала, хвiлiну пiльна глядзiць на хворую i раптам праводзiць пальцам пад левай груддзю, потым – ад падложачкi пад паху.

Вось так ён распаласуе ёй грудзi? Шыковiчу робiцца страшна. Дарэмна ён храбрыўся!

Скiраваць увагу на што-небудзь другое!

Шчоўкаюць апараты. На адным экранчыку бяжыць блакiтная стужка, як тая змейка ў бажоўскiм сказе. На другiм – маланкi, то ўзлятаюць, то падаюць, пiшуць ломаную крывую. Не, не адарвацца яму ад рук хiрурга! А ў гэтых руках ужо электраскальпель.

Шыковiч зажмурваецца, уявiўшы, як пырсне кроў, залье халаты лекараў, прасцiны. Але храбрыўся ён дарэмна, крывi ён сапраўды баiцца. Вочы падаюць на падлогу, на Машыны i Майзiсавы ногi ў белых панчохах. Нешта цiха патрэсквае, нiбы рвецца тканiна. Трэск мацнее. Пахне крывёю. Ён доўга баiцца глянуць на стол.

Першы позыў на рвоту. Але сорам i страх перамагаюць, i Кiрыла прымушае сябе падняць вочы, паглядзець, што робiць хiрург. I перад тым, што ён бачыць, на нейкi момант адступае ўсё iншае. Жывое чалавечае сэрца, пра якое ён так многа пiсаў, – вось яно, перад яго вачамi, у раскрытых грудзях. Невялiкае, трапяткое, а галоўнае – жывое! Пульсуе, б'ецца...

Кiрыла ажно зноў прыўзнiмаецца над шырмай, цягнецца, каб лепей разгледзець гэтае цуда.

Зусiм iншы рытм работы хiрургаў i лекараў каля апаратаў. Цяпер усе спяшаюцца, усе – уважлiвыя i напружаныя.

– Цiск восемдзесят на пяцьдзесят.

– Стадыя ўзбуджэння...

Лiчбы. Словы. Шыковiч не ўнiкае ў iх сутнасць. Ды каб i хацеў, то не здолеў бы.

Маша спрытна мяняе Ярашу пальчаткi. I вось яго пальцы, тоўстыя, але чулыя, абмацваюць сэрца. Удакладняюць дыягназ. Вось сэрца ляжыць на яго шырокай далонi. Жывое сэрца на далонi! I б'ецца, б'ецца, нiбы хоча вырвацца.

Але ў другой руцэ хiрурга блiскае скальпель... I гэтая сталь над жывым сэрцам, яна вiнавата ва ўсiм.

Калыхнулася сцяна аперацыйнай, паплылi ўбок хiрургi. Але Кiрыла зноў перамог сябе i надзвычай асцярожна, каб нiкому не перашкодзiць, прыцiскаючыся да сцяны, рушыў да дзвярэй. Як яны далёка, дзверы! У жоўтым тумане. Але ён дабраўся да iх, адчынiў. Нехта спытаў:

– Вам блага?

Ён вiнавата ўсмiхнуўся:

– Не.

Павярнуўся туды, куды глядзелi ўсе, – да экрана тэлевiзара. I зноў убачыў яго, сэрца. I ўбачыў нешта зусiм жудаснае: тоўсты палец праткнуў яго, маленькае, здалося, ужо нерухомае, нежывое.

Тэлевiзар падскочыў угору, закруцiлiся плафоны на столi... Нехта закрычаў...

Больш дапытлiвы журналiст нiчога не помнiў.

Апрытомнеў у кабiнеце галоўнага хiрурга. Сястра, якая праводзiла яго, паднесла да твару тампон, змочаны нашатыром. Кiрыла чыхнуў. Нашатыр асвяжыў. Але ў галаве гудзела, як у пустым склепе. Цяжкiмi зрабiлiся ногi, i пальцы iх варушылiся недзе, здавалася, за вярсту. А ў роце быццам ваты напхана, i яна прамакнула ўсю слiну; язык прылiп да паднябення. Ён прыслухаўся да гэтага дзiўнага стану ў целе.

Сястра схiлiлася над iм i ўсмiхнулася, яму здалося, насмешлiва.

– Нарабiў я вам клопату. – Ён не пачуў цi не пазнаў свайго голасу.

– Нiчога, на першы раз гэта з многiмi здараецца.

Тады ўсплыла карцiна таго, што прывяло яго да непрытомнасцi, i Кiрыла ўстрапянуўся:

– Што там?

– Аперыруюць.

– Яна жывая?

– Безумоўна. Хiба аперыравалi б на мёртвай?

Ён на поўныя грудзi ўдыхнуў паветра i адразу адчуў сябе лепш.

– Ляжыце спакойна, – строга сказала сястра i выйшла з кабiнета.

Ён глядзеў у белую столь i... бачыў сэрца, жывое, трапяткое, на далонi, на шырокай добрай далонi. Яму не рабiлася страшна i непрыемна, ён з цiкавасцю ўглядаўся ў гэты маленькi i вельмi складаны апарат. Ён мацаў сваё сэрца, слухаў яго ўдары. Але як толькi тоўсты палец, здавалася, чужы, варожы, наблiжаўся, каб праткнуць гэты жывы камячок, Кiрыла ўвесь скаланаўся, быццам хацелi праткнуць яго сэрца, зажмурваўся, круцiў галавой, каб рассеяць прывiд. Так паўтаралася колькi разоў, i яго пачало трохi лiхаманiць.

Заглянула сястра.

– Як вы тут?

– Што там?

– Зашываюць сардэчную сарочку. Я па тэлевiзары бачыла.

Кiрыла ледзь не закрычаў. Лiха на iх, як яны гавораць пра такiя рэчы! "Зашываюць сардэчную сарочку". Нiбы зашываюць начную сарочку.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю