Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 27 страниц)
I там, на мысе, дзе ручай улiваўся ў раку, пад вярбой сядзеў той, што захапiў улюбёнае месца Яраша.
Доктар хацеў было ўжо вярнуцца назад, у лазнякi, але Шыковiч угледзеўся i здзiўлена выгукнуў:
– Фу, чорт! Калi ты не заўважаў у мяне галюцынацый, то гэта – сам Гукан. Далiбог, ён!
Яны наблiзiлiся. Сапраўды, гэта быў ён – старшыня гарсавета Гукан. Шыковiч прывiтаўся. Гукан адказаў няўважлiва, як малазнаёмым, цалкам прыкаваны ўвагай да паплаўка. Вуд у яго было некалькi. Адно бамбукавае вудзiльна ён трымаў у руках, другiя былi ўтыркнуты ў глiнiсты бераг. Ён стаяў, шырока расставiўшы свае доўгiя ногi, нахiлiўшыся над самым абрывам. З худым аскетычным тварам, глыбокiмi вачамi i густымi сiвымi брывамi, ён нагадваў у профiль ястраба, якi выглядваў здабычу, здавалася, на самым дне ракi. Апрануты Гукан быў звычайна для летняга дня i рыбнай лоўлi – у белы палатняны касцюм. Але адразу кiдалася ў вочы некаторая старамоднасць у гэтым касцюме, нiбы ён быў пашыты гадоў трыццаць назад. Пiнжак зроблены ў форме фрэнча, з хлясцiкам, з вялiкiмi нагруднымi кiшэнямi, моцна адтапыранымi, i яшчэ большымi бакавымi, таксама нечым напакаванымi. (Можа, гэта i зручна для рыбалова – такое мноства кiшэняў.) Яшчэ больш старамодна выглядала шапка... Зашмальцаваная, скамечаная наперадзе над казырком, абвiслая ззаду, яна неяк смешна маладзiла гаспадара, робячы яго падобным на купецкага прыказчыка.
Яраш заглянуў у гумавае вядзерца, што стаяла ззаду рыбалова, убачыў, што яно амаль поўнае рыбы, i адчуў павагу да чалавека, якi ўмее вудзiць; не тое што другiя – абы час загубiць. Доктар паважаў усялякае ўменне.
Шыковiч разглядаў Гукана з iранiчнай усмешкай: ён упершыню бачыць яго ў такой форме i ролi.
Толькi падсекшы i выкiнуўшы на траву трапяткога акунька, Гукан павярнуўся да iх i працягнуў руку.
– Што гэта вы, Сямён Парфёнавiч! Мы вас чакаем, – выказаў крыўду Шыковiч, хоць цяпер яго чамусьцi мала кранула тое, што Гукан не прыехаў.
– Прабач, Кiрыла... Не ўтрымаўся ад спакусы. Калi нашаму брату ўдаецца выбрацца на лона прыроды. Вось i думаю: палаўлю i з'яўлюся ў госцi са сваёй юшкай. Чакай.
Нырнуў паплавок адной з вуд. Гукан спрытна скочыў да вудзiльна i выкiнуў срэбна-белую плотку... Яраш зняў яе з кручка. Кiдаючы ў вядзерца, спытаў:
– Гумай не пахне?
– Не. Праверана.
– То, можа, час ужо варыць юшку? – прапанаваў Шыковiч.
– Ты бачыў, як бярэцца? Павудзiм, доктар? – звярнуўся Гукан да Яраша, мабыць, адчуўшы ў iм аднадумца, недарма кажуць: "Рыбак рыбака бачыць здаляка".
– Безумоўна, павудзiм! – падтрымаў Яраш. Скiнуўшы тапкi, падкасаўшы штаны, ён пайшоў цераз ручай. – Я далей.
Гукан ацанiў яго рыбацкую далiкатнасць. Паглядзеў услед, сказаў:
– Зайздрошчу гэтаму чалавеку. Волат. – Уздыхнуў: – Няроўна дзелiць мацi-прырода.
– Ды i няроўна, каб ёй пуста было, – згадзiўся Кiрыла, разматваючы леску.
Ён прымасцiўся тут жа, крокаў за дзесяць ад Гукана, хоць таму гэта не вельмi спадабалася. Сеў на абрыве, звесiў ногi да вады, насадзiў чарвяка, папляваў на яго, нацягнуў леску, сагнуўшы вудзiльна, i адпусцiў: кручок i груз паляцелi далёка ў раку, але плынь хутка знесла паплавок да берага. А Гуканавы паплаўкi, наадварот, цягне на сярэдзiну. Нечаканыя павароты робiць плынь! Шыковiч прасачыў, як праплыў кусцiк травы, паразважаў у думках над тайнамi ракi, зразумеў урэшце, чаму Гукан заняў гэтае месца: злiваюцца два струменi ракi i ручая, рыба любiць такiя куткi. Яго месца – ужо не тое. Але не стаў шукаць другога. Тут хораша сядзець на мяккай траве. Вада блiзка, хоць апускай у яе прахалоду ногi. Дзiўнае журчанне. Кiрыла ўпершыню чуе такое. Быццам вада бяжыць па звонкай металiчнай трубе. Чаму гэта? Адкуль? Струмень б'е ў бераг? Але бераг тут мяккi. Ён услухаўся, угледзеўся. Ды думкi расплываюцца, нельга засяродзiцца. Наплывае ўсё адразу. Ластаўкi чэрцяць крыламi ваду. Лятаюць каля самых ног. Можа, гняздо ў абрыве? Пахнуць травы. Ластаўкi не парушаюць спакой, а водар ап'яняе. Асiльвае стома. Хочацца спаць. Чырвоны паплавок лёгка гойдаецца, але не нырае. А ў Гукана нырае. Той раз-пораз падсякае. I ўжо колькi разоў у паветры мiльгалi рыбкi, трапяталiся ў траве.
"Драбязу бярэ. Можна i з вудай браканьерыць. Трэба сказаць яму". Але не сказаў, паленаваўся. Хацелася павалiцца ў траву i глядзець у неба, дзе гусцеюць перыстыя аблокi. Сонца яшчэ прабiвае iх, але расплылося, як... яйка на скавародцы. Чужы стары вобраз. Лiха з iмi, з гэтымi вобразамi. Зноў дасцiпныя крытыкi будуць лавiць у яго блохi. Алах з iмi! Не кожны пiша метафарамi. Цяжка чмякнула нешта ў траве збоку.
– Глядзi! – Гукан трымаў у руцэ вялiкага акуня, i твар яго ззяў ад шчасця.
Шыковiч засмяяўся. Успомнiлася французская кiнакамедыя, эпiзод, дзе ў спаборнiцтве рыбаловаў рыба бралася толькi на кручок браканьера – героя фiльма.
Кiрылу заўсёды смяшыла наiўнасць, хлуслiвасць i радасць рыбакоў i паляўнiчых. Паважаныя сур'ёзныя людзi, узяўшы вуду i стрэльбу, ператвараюцца ў дзяцей i мюнхгаўзенаў. Мiж тым Гукан дастаў з кiшэнi прыладу накшталт маленькага пiсталета, выцягнуў з дула стужку рулеткi i змераў даўжыню акуня. А пасля гэтай жа прыладай зважыў рыбiну. Кiрыла глядзеў на яго ўжо без iронii, без смеху, а з нейкiм нават захапленнем: "Ух, чорт! Вось гэта акуратнасць!" Твар Гуканаў, якi быў расплыўся ад усмешкi, зноў выцягнуўся, калi ён сказаў:
– Восемсот грамаў. Думаў, больш будзе.
Але ўвогуле яго, вiдаць, задаволiла рыбацкая ўдача. Ён раптам сеў пад вярбой. Дзiўна сеў, высока, на ўзровень падбародка, падняўшы вострыя каленi. На правае калена палажыў вудзiльна.
Шыковiч убачыў, што вакол паплаўка ходзяць акунькi, i залюбаваўся iх гульнёй.
– Чым, iнжынер чалавечых душ, думаеш парадаваць у блiжэйшы час?
Кiрыла не любiў нi гэтага звароту, якi замусолiлi да агiднасцi, нi гэтага шаблоннага пытання. Але адчуў, што Гукан мiмаволi зрабiў добрую зачэпку для размовы, дзеля якой i запрашаў яго.
– Хачу вярнуцца да падполля. – Ён знарок не паварочваўся, але ўсё адно адчуваў на сабе доўгi пiльны позiрк старшынi гарсавета.
– Зноў вайна. Шаснаццаць год будуем. Гарады вунь якiя збудавалi. Дзецi выраслi, што нарадзiлiся пасля вайны. Глянеш навокал – дух займае. Вось-вось савецкi чалавек на Месяц ступiць. А ваш брат усё ваюе. Назад, браткi, глядзiце. Не ўмееце глядзець наперад!
– Справядлiвы папрок, Сямён Парфёнавiч! – бадзёра падтрымаў Шыковiч. – Але кожны пiша пра тое, што яго хвалюе.
– Раман? – спытаў Гукан пасля доўгага маўчання.
– Дакументальная аповесць.
– Дакументальная? Пiсана-перапiсана...
– Не так ужо многа, Сямён Парфёнавiч. Пра наш горад адна ваша кнiга. Ды i колькi там пра падполле! Мiмаходзь. Я хачу заглянуць глыбей... Разабрацца...
– Разбiраўся гарком.
– Правiльна. Але мне, напрыклад, шмат што няясна. Асаблiва ў першым перыядзе. Да таго ж згадзiцеся, што цяпер мы на многiя рэчы глядзiм другiмi вачамi.
– Хочаш, значыцца, прарэвiзаваць рашэнне гаркома. – Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з iронiяй у голасе, у якой бадай што прагучала пагроза.
Шыковiч каўзануўся па траве i моцна ляснуў вудзiльнам па вадзе. Ён зразумеў, што Гукан не адступiць нi ад аднаго сказа, палажэння сваёй кнiгi, напiсанай яго, Кiрылавай, рукой. Апанавала злосць.
"Чаму ты так упарта трымаешся за тое, супраць чаго выступаюць многiя? Чаму ты лiчыш, што адзiн ты сказаў iсцiну ў апошняй iнстанцыi? Рашэнне гаркома!.. Ты быў сакратаром i рыхтаваў гэтае рашэнне, паўтарыўшы тое, што раней напiсаў у кнiзе. А людзi – удзельнiкi – пратэстуюць!.."
Кiрыла аберуч сцiснуў вудзiльна, быццам яно магло зацягнуць яго немаведама куды. Ён баяўся, як бы не выбухнула гэтая злосць. Разумеў, што сварыцца цяпер з Гуканам неразумна i недарэчна. Памог яму саўладаць са сваiмi пачуццямi сам Гукан. Той падняўся на ногi, зноў нахiлiўся над ракой, i збоку здавалася, што, акрамя паплаўкоў i рыбы, нiчога больш не хвалюе i не цiкавiць яго. Кiрыла агледзеў доўгую постаць, спакойны аскетычны твар i, адчуваючы, што патухае агонь, нязлосна вылаяўся ў думках:
"Актор, чортава жардзiна! Я дорага заплацiў бы, каб даведацца, пра што ты думаеш".
Яны доўга маўчалi.
Нарэшце, чапляючы новага чарвяка, Гукан сказаў:
– Гэта цябе Яраш падбiвае на падполле? Раю не вельмi давяраць яму. Анархiст.
– Яраш – анархiст? – Кiрылу стала чамусьцi весела. – Больш дысцыплiнаванага чалавека я не ведаю.
– Розная бывае дысцыплiна. Безумоўна, ён выконваў адказныя заданнi. Але гэта была, так сказаць, не галоўная лiнiя нашай барацьбы. I яго трымалi ўбаку. Таму ў яго склалася дзiўнае ўяўленне аб падполлi. У нашай кнiзе, канешне, не ўсе факты i людзi названы... Але я i не ставiў такой мэты...
"Кнiга наша, а мэта твая", – засек у думках Кiрыла.
– Мы далi агульную ацэнку... А Яраш хацеў перакрэслiць усё, бо не назвалi яго... Помнiш яго пiсьмо?..
Шыковiч успомнiў сваё першае знаёмства з Ярашам, як, атрымаўшы пiсьмо, знайшоў маладога лекара. I той расказваў пра сваiх сяброў-падпольшчыкаў з болем, з крыўдай.
Не, Яраш пiсаў тады не з-за сябе! У гэтым Кiрыла цвёрда пераканаўся. Але мае рацыю i Гукан: у Яраша ў той час сапраўды было блытанае ўяўленне аб агульнай карцiне падпольнай барацьбы ў горадзе.
Адначасова Кiрыла прыгадаў сённяшнюю размову з сябрам, яго словы пра тое, што цi варта варушыць мёртвых i падзеi даўно мiнулых дзён. Нават Яраш, нястрымны i нястомны Яраш, пачаў вось як разважаць! Што гэта – старасць? Дача, галубы, рыба...
А можа, сапраўды, гэта не тое, самае галоўнае, што патрэбна цяпер народу?
У Шыковiча нярэдка ўзнiкалi такiя сумненнi ў актуальнасцi сваiх творчых задум. Гэта цяжкiя сумненнi, яны часта выклiкалi дэпрэсiю, абыякавасць, застой. Кiрыла баяўся iх. Таму яму больш не хацелася нi "мацаць" Гукана, нi ўвогуле прадаўжаць размову пра гэта. Трэба пераключыцца на штось iншае!
Яму пашанцавала: нырнуў паплавок, ён падсек i выкiнуў нiштаватага язя. Яго ўдача падагрэла рыбацкi азарт Гукана, бо язя той не ўзяў нiводнага. Сямён Парфёнавiч сеў блiжэй i пачаў расказваць пра звычаi рыб. Расказваў падрабязна, хоць вельмi манатонна. Кiрыла маўчаў. Глядзеў, як гойдаецца паплавок, слухаў журчанне вады, крыкi ластавак. Мацней пахла дажджом. Усё гэта супакоiла i зноў расслабiла мозг, цела. Рака закалыхвала...
Раптам Гукан пачуў, як збоку ад яго штось цяжкае плюхнула ў ваду. Падумаў, абвалiўся бераг. Глянуў – няма Шыковiча. Мiма яго вуд плыў па рацэ саламяны капялюш. Сямён Парфёнавiч спалохана падскочыў. Але тут жа, пад абрывам, вынырнула галава...
– За вудзiльна! Хапайся за вудзiльна! – закрычаў Гукан.
Шыковiч схапiўся за вудзiльна i, фыркаючы, адплёўваючы ваду, вылез на бераг. А капялюш паплыў па цячэнню далей – у мора.
– Што здарылася?
– Задрамаў, – адказаў Шыковiч, круцячы галавою, каб вылiць ваду з вушэй.
– Задрамаў? – Гукан так зарагатаў, што ластаўкi спалохана кiнулiся за раку, далей ад такога грому.
Шыковiчу нiколi не давялося чуць, каб суровы, скупы на словы i ўсмешкi старшыня так рагатаў. Ён нiяк не мог супакоiцца, выцiраў слёзы, гладзiў худы жывот i зноў залiваўся. Яго рогат устрывожыў Яраша. Той кiнуў вуды i вылез з лазняку, каб паглядзець, што здарылася.
3
Звычайна Гукан прыходзiў у выканком за паўгадзiны, а то i больш да пачатку работы. Гэта было зручна. Па-першае, дысцыплiнавала падначаленых, хоць, калi сакратарка паспрабавала прыходзiць раней за яго, ён забаранiў ёй рабiць гэта. Яна павiнна з'яўляцца без пяцi дзевяць, не раней i не пазней. Гукан любiў парадак i ўмеў яго падтрымлiваць.
Па-другое, такiм чынам яму ўдавалася абмiнуць большасць кватэрных прасiцеляў, якiя падпiльноўвалi штодня. Нарэшце, у пустым, добра праветраным кабiнеце, у вокны якога лезлi галiны каштанаў, хораша думалася i была магчымасць найлепшым чынам спланаваць свой рабочы дзень.
Гукан умеў гэта рабiць, не як другiя кiраўнiкi, i меў волю выконваць такiя аднадзённыя планы.
У панядзелак Сямён Парфёнавiч заспаў. Гэта яго злавала i смяшыла, калi ён таропка iшоў па абмытых дажджом вулiцах. Такога з iм не здаралася ўжо год дваццаць – каб ён праспаў. Без будзiльнiка, без старонняй дапамогi ён мог дакладна ў назначаны час усхапiцца на ногi. А тут раптам праспаў да палавiны дзевятай. Вiнаваты ўчарашнi адпачынак.
"А ўрэшце, гэта няблага, што арганiзм яшчэ здольны атрымлiваць такую зарадку i гэтак выключацца", – разважаў ён iдучы.
Успамiнаў учарашнi дзень. Многа было прыемнага. Асаблiва рыбалка. Рэдка каму шанцуе так. I дождж, якi захапiў iх на лузе. А потым, як ён гатаваў разам з дзвюма далiкатнымi ўважлiвымi жанчынамi юшку, пакуль гаспадары ездзiлi ў вёску ў краму, i рагатаў, расказваючы iм, як звалiўся ў раку Кiрыла Шыковiч. Жанчыны таксама смяялiся, хоць Ярашава жонка сказала, што Кiрыла мог зрабiць гэта знарок – для смеху.
У прыёмнай ужо чакалi людзi. Чалавек дзесяць. Гукан прывiтаўся. Яго адразу абкружылi.
– Таварыш старшыня!
– Сямён Парфёнавiч!
– Таварыш Гукан!
Ён спынiўся сярод пакоя, узвышаючыся над самым рослым з наведвальнiкаў. Зняў габардзiнавую кепку, выцер складзенай у чатыры столкi хусцiнкай лоб i шыю. Агледзеў прысутных, жадаючы адгадаць, хто з чым.
– Чакайце. Можаце лiчыць мяне бюракратам, кiм хочаце, але давайце адразу высветлiм нашы ўзаемаадносiны. Заяўляю рашуча: па кватэрных пытаннях не прымаю. У пятнiцу прыёмны дзень, калi ласка, прашу.
– Я два месяцы не магу трапiць да вас! – злосна крыкнула маладая жанчына ў простай сукенцы з бледным стомленым тварам.
– Магло быць, – спакойна згадзiўся Гукан. – Справы i выезды двойчы сарвалi мне прыёмны дзень. Прымалi мае намеснiкi.
– А я хачу да вас!
– Нэла, – звярнуўся Гукан да сакратаркi, – была гэтая грамадзянка на прыёмах?
Маленькая чорненькая Нэла заружавелася, нясмела i няўпэўнена адказала:
– Была.
– Запiшыце яе на пятнiцу першай на чаргу. – I ласкава звярнуўся да жанчыны: – Чакаю вас роўна ў дзевяць.
Жанчына збянтэжылася. Старшыня добра ведаў вось такiх, раззлаваных, якiя iшлi з яўным намерам пакрычаць, пасварыцца, i ўмеў улагодзiць iх цi хаця б збiць ваяўнiчы запал.
Жанчына пераключылася на Нэлу, каб тая не забылася запiсаць яе першай.
– Вы, таварыш маёр, наконт дарогi? – Твар Гукана ўмiг пасуравеў, вочы зрабiлiся калючымi i глядзелi не на маёра, а мiма, як бы шукалi кагосьцi другога. – Дарогу мiма школы-iнтэрната закрываем. Вы хочаце, каб дзецi глыталi пыл i газы ад вашых машын? Не будзе! Вам далi праезд, прывядзiце яго ў парадак.
– Мост.
Гукан раздражнёна звярнуўся да ўсiх:
– Мост цераз канаву – казе пераскочыць. Праблема, бачыце! Што ж мне дзяцей паслаць, каб збудавалi вам гэты мост? Пасаромелiся б гаварыць. Такая часць!..
Чалавекi два з наведвальнiкаў засмяялiся.
– Таварыш Гукан!
– Не рабiце сакрэтаў там, дзе iх няма. Увесь горад ведае вашу часць, дзе вы стаiце i кудой вы ездзiце. Усё! Ёсць рашэнне выканкома!
Гукан крута павярнуўся да трэцяга наведвальнiка, iнтэлiгентнага чалавека ў акулярах.
– Вы?
– Я, уласна кажучы, таксама...
– Дамовiлiся. У пятнiцу.
– У вас што?
– Я наконт iнтэрната...
– Да Кушнера. Няхай дае прапановы.
Гукан шукаў вачамi наведвальнiка, у якога магла б быць такая справа, каб усе зразумелi: так, гэта першачаргова i важна, мы можам i пачакаць.
Яго позiрк спынiўся на зусiм маладым чалавеку, амаль юнаку, модна апранутым: светлы касцюм, карычневая сарочка, вузенькi гальштук. Ён стаяў збоку, слухаў размову старшынi гарсавета з наведвальнiкамi, i ў вачах яго, крыху блiзарукiх, прыжмураных, свяцiлася iранiчная ўсмешка.
У такiх, што не лезуць назойлiва наперад, не заглядваюць лiслiва ў вочы i не вельмi нават дамагаюцца прыёму, – у iх бываюць самыя цiкавыя справы.
– А вы, таварыш? – цераз галовы другiх звярнуўся да яго Гукан.
– Я? – паказаў на сябе пальцам юнак i як бы здзiвiўся. – Я хачу прапанаваць новую планiроўку мiкрараёна на Выселках. – I ён падняў скрутак ватманскай паперы.
– О! – узрадаваўся Гукан, у сваю чаргу паказаўшы пальцам на хлопца. – З гэтага мы i пачнем! Бо гэта на сённяшнi дзень самае галоўнае. Прашу вас.
I наведвальнiкi моўчкi i пачцiва расступiлiся, вызвалiўшы старшыню са свайго кола i даючы дарогу да дзвярэй кабiнета маладому архiтэктару.
У прыёмнай было ўжо душна. А ў кабiнеце – цудоўны вiльготны халадок; зачынiш за сабой дзверы i быццам трапляеш у другi свет. Вокны выходзiлi на паўночны бок, на цiхую вулiцу. Гукан кiўнуў на доўгi стол.
– Вось тут рассцiлайце свае чарцяжы. Замест кнопак вось гэта, – ён падняў адзiн з круглых падшыпнiкаў, якiя стосам ляжалi на краi стала.
Пакуль наведвальнiк разгортваў свае праекты, Гукан павесiў у куце на вешалку кепку, заглянуў у настольны каляндар – якiя справы чакаюць сёння? Потым падышоў да адчыненага акна i доўга любаваўся на каштан. З таго часу, калi загарэлiся белыя свечкi квеценi, ён з цiкавасцю сачыў, як завязвалiся, развiвалiся i як цяпер растуць плады каштана, маленькiя, яшчэ зялёныя, з ледзь прыкметнай насечкай. Сямён Парфёнавiч глядзеў на iх па некалькi разоў на дзень. Гэта супакойвала, давала адпачынак нервам. Хораша настройвала.
Але, разглядаючы каштаны, ён раптам адчуў трывогу ў душы. Чаму? Ад чаго?
Нiбы спалохаўшыся, што гэтую трывогу можа пачуць староннi чалавек, старшыня хутка павярнуўся да яго.
– Ну, што ў вас?
– Вось тут...
– Нiчога не тлумачце. Я сам... Я, малады чалавек, зубы з'еў на гэтых планiроўках. Так... Так... Гэта ў вас што?
– Сад для дзяцей. З усiм комплексам...
– Так... Цiкава. Цiкава...
Ён ступiў да другога лiста, да трэцяга. Праект яму спадабаўся. Планiроўка мiкрараёна, архiтэктура яго не былi падобны на ўсё тое, што яму паказвалi дагэтуль. Абком i гарком паставiлi задачу – зрабiць мiкрараён найпрыгажэйшым у горадзе, самым сучасным па архiтэктурным вырашэннi, i некалькi бяскрылых праектаў ужо былi адхiлены. А ў гэтага, здаецца, нешта ёсць. Гукан падышоў да столiка, на якiм стаялi тры тэлефонныя апараты, патэлефанаваў спачатку галоўнаму архiтэктару горада Гамбiцкаму, потым свайму намеснiку Кушнеру, якi займаўся будаўнiцтвам. Папрасiў iх зайсцi. Кладучы слухаўку, спытаў:
– Як ваша прозвiшча? Хто вы?
– Маё? – зноў-такi нiбы здзiвiўся хлопец i ўсмiхнуўся, мабыць, падумаў: "Нарэшце вы здагадалiся спытаць пра гэта". – Я студэнт Ленiнградскага архiтэктурнага. Дыпламант. Гэта мой дыпломны праект. Я вырас на Выселках.
– О, брат, гэта ўжо цэлая тэма для рамана! Ведаеш, у нас мясцовы пiсьменнiк ёсць – Шыковiч?
– Ведаю. Я ў школе яшчэ калi вучыўся, ён у нас выступаў.
– Але... Яго хлебам не кармi, а дай пагаварыць.
I прыгадалася, як учора Шыковiч ледзь не сапсаваў дзень. Хораша было пасля рыбалкi сядзець на верандзе, слухаць, як шумiць дождж i лес. Ён, Гукан, i жанчыны пiлi шампанскае, Шыковiч i Яраш – каньяк. Чорт яго пацягнуў за язык выказацца супраць культу асобы (цяпер Гукан нават не помнiў, чаму пачаў гаварыць пра гэта). Вось тады Шыковiч i разышоўся. Прыгадаў, як Гукан, будучы сакратаром гаркома, прымушаў яго пiсаць пiсьмы Сталiну. "Сабраўся якi сход, актыў – давай Шыковiча, каб ён напiсаў прыгожа, паэтычна. Дзе яны, нашы пiсьмы, Сямён? Давай калi-небудзь пачытаем! I некаторыя мясцiны з нашай кнiгi, з першага выдання. Хочаш, пачытаю зараз?"
Жонка i Яраш рашуча супакоiлi шумнага гаспадара. Праўда, ён тут жа павярнуў усё на жарт i нават, здаецца, неяк папрасiў у яго, Гукана, прабачэння. Сямёна Парфёнавiча не пакрыўдзiла п'яная балбатня i напамiнак пра яго даўнюю дзейнасць. Не ён адзiн так рабiў. Такi быў час. Уразiла iншае: фамiльярнасць, з якой Шыковiч казаў гэта. Ён тады ж падумаў, што заўсёды меў рацыю, калi вельмi асцярожна прымаў запрашэннi. Нельга адказнаму работнiку хадзiць у госцi! Людзi хутка губляюць дыстанцыю.
Цяпер, адганяючы непажаданы ўспамiн, ён падумаў iнакш, больш злосна: "Зазнаўся, няшчасны пiсака... Расперазаўся".
Першы ўкацiўся ў кабiнет Гамбiцкi, нiзкi, тоўсты, з галавой-шарам, блiскучым, аж шызым ад частага галення. Ён хадзiў, быццам сапраўды катаўся на ролiках, хутка, бясшумна. Старшынi архiтэктар моцна пацiснуў руку. Маладому калегу свайму кiўнуў галавой, прывiтаўся здалёк:
– Прывет, Кухараў. Ты ўсё-такi вырашыў патурбаваць Сямёна Парфёнавiча? Ах, моладзь, моладзь!
– I правiльна зрабiў, што патурбаваў. Цiкавы праект, – сказаў Гукан.
Гамбiцкi пiльна паглядзеў на старшыню: сур'ёзна ён кажа, шчыра цi з iронiяй, з падэсцю?
– Цiкавы. Але не нашы ўплывы, Сямён Парфёнавiч. Не наш стыль, форма. Заходнiя.
– А што, па-вашаму, на Захадзе ў архiтэктуры няма нiчога цiкавага? спытаў Кухараў.
– Не. Чаму? Ёсць арыгiнальныя рашэннi. Вельмi своеасаблiвыя. Але ў нас не тыя задачы, дарагi мой калега, разумееце?
– А па-мойму, галоўная задача, каб было прыгожа, менш каштавала i людзям было зручна жыць. А вы проста кансерватар!
Шызы шар Гамбiцкага пачырванеў, загарэлiся маленькiя вушы, як два пялёсткi. Гукан засмяяўся.
– О! А вы малады, ды раннi. Зубасты. Гэта добра, – i раптам на твар яго як бы ўпаў цень i замарозiў рысы. – Але паважайце нас, старых. Мы з Фелiксам Янавiчам узарвалi заводы ў сорак першым. Мы збудавалi горад нанова. Хiба кепска збудавалi?
Гамбiцкi, сентыментальны чалавек, непрыкметна прамакнуў насоўкай вочы i надзеў акуляры.
– Увогуле – нiчога.
– Увогуле! Вы чулi? Увогуле! – плаксiва выкрыкнуў архiтэктар.
– Добра збудавалi! – сурова i рашуча сказаў Гукан.
– Добра, – з ледзь прыкметнай усмешкай згадзiўся Кухараў. – Я паважаю старэйшых. Яны вучаць мяне. Але, Фелiкс Янавiч... вы кажаце: другiя задачы. На Захадзе – Чэхаславакiя i ГДР з iх высокай будаўнiчай культурай. Хiба ў iх не тыя ж самыя задачы?
– Вось гэта правiльна! – З Гуканавага твару, надзвычай багатага на пералiвы ценяў i святла, напалавiну сышоў цень – з верхняй часткi, з вачэй. У кабiнет увайшоў Кушнер, чалавек з маладжавым прыемным тварам, з пустым правым рукавом. Падаў усiм левую руку i без лiшнiх слоў пачаў разглядаць праект, пераходзячы ад аднаго лiста да другога.
– Ну як, будаўнiк? – спытаў Гукан, назiраючы за намеснiкам з хiтрай усмешкай.
– Лiха яго ведае! Для мяне гэта цёмны лес. Я пакуль на натуры не пабачу, не магу зразумець, дзе добра, а дзе дрэнна, – шчыра i проста прызнаўся Кушнер.
Гамбiцкi хмыкнуў. Гукан пакiваў галавой. Яго даўно перастала ўжо здзiўляць шчырасць намеснiка, яго незвычайная самакрытычнасць. Пра сябе i пра другiх ён гаварыў толькi праўду, якой бы яна нi была. Чаго не разумеў, не ведаў, не саромеўся прызнацца нi начальству, нi падначаленым. За гэта яго i паважалi i не любiлi.
– А мне гэтая планiроўка падабаецца. – Гукан пастукаў пальцамi па першым аркушы. – Разгледзь, Гамбiцкi, там са сваiмi... Сур'ёзна. Па дэталях... Памажыце таварышу... Кухараву.
– Калi Гамбiцкаму не падабаецца, ён пахавае без доўгiх надмагiльных прамоў, – кiнуў Кушнер.
– Iван Фёдаравiч! – пакрыўдзiўся архiтэктар.
– А мы вынесем усе праекты на выканком, у тым лiку i гэты... Абмяркуем з удзелам грамадскасцi. Выселкi павiнны быць прыгажэйшым раёнам! – заключыў Гукан.
У Кухарава пры гэтых словах блiснулi вочы, i ён горача падзякаваў старшынi гарсавета. Яму, магчыма, больш, чым каму другому, хацелася, каб Выселкi сталi прыгажэйшым раёнам. Калi, скруцiўшы чарцяжы, Кухараў выйшаў, Гукан кiўнуў услед:
– Бачылi, якая моладзь расце.
– Прабiўная, – адказаў Гамбiцкi.
– Адукаваная, – уздыхнуў Кушнер.
Гукан пайшоў за свой стол, сеў у крэсла, перагарнуў паперы, выбiраючы, якой заняцца ў першую чаргу. Спытаў:
– Як выхадны правялi?
– Ездзiў дзяцей праведаць у лагер. Сустрэў хлопцаў з завода. Ехалi назад заехалi ў чайную ў Вярбовiчах. I, канешне, выпiлi. Ды што пiлi! Пiва i нейкае пладовае вiно. Пойла. Хто ў нас толькi выпускае такую дрэнь? Бр-р, брыдота! Лепш ужо гарэлку пiць, – смешна зморшчыўся Кушнер; нават свае чалавечыя слабасцi ён нiколi не хаваў, расказваў пра iх проста i шчыра.
Гамбiцкi хмыкнуў, ён нiяк не мог звыкнуцца з гэтай святой прастатой намеснiка.
– А я працаваў. Нам, творчым работнiкам, няма калi i адпачыць.
Гукан i Кушнер не паверылi, што архiтэктар сапраўды працаваў, але змаўчалi.
Гукан сказаў:
– А я так хораша парыбалiў. Каля Дзятлава. На такую мясцiну натрапiў... Акунi, дурнi, аднаго возьмеш, вядзеш, другiя следам iдуць, гатовы на бераг выскачыць. Кiлаграмы чатыры нацягаў. А пасля насмяшыў мяне адзiн дзiвак. Сямён Парфёнавiч адкiнуўся на спiнку крэсла i весела засмяяўся. – Далiбог, даўно ўжо не смяяўся так. Шыковiч. Яны там у ляснiцтве дачу сабе адгрохалi. З Ярашам. Харомiна! Жывуць, як паны. Дык вось... Прыйшоў Шыковiч на бераг. П'яненькi, безумоўна. Сеў на абрыве. Бубнiў, бубнiў нешта. I раптам – боўць. У раку! Я гляджу – адзiн капялюш плыве. Ледзь я выцягнуў яго. Задрамаў, аказваецца, чалавек. Ха-ха-ха...
Нiколi яшчэ Гукан не смяяўся так на службе. Ва ўсякiм разе, Гамбiцкi не чуў, а таму ў першы момант нават разгубiўся. I толькi крыху пазней, калi старшыня выцiраў хусцiнкай вочы, архiтэктар захлiпаў смехам дробным, перарывiстым. Кушнер не засмяяўся зусiм. Яму чамусьцi не спадабалася гэтая весялосць, i ён сказаў:
– Я нiколi не бачыў Шыковiча п'яным.
I гэтым асек Гуканаў смех. Старшыня ўмiг замкнуўся: патушыў вочы, сцяў вусны. Нахiлiўся над сталом, прыгладзiў рэдкiя сiвыя валасы.
– Ну, будзем працаваць!
Гамбiцкi выкацiўся.
Кушнер падышоў да акна i, выглядаючы на вулiцу, сарваў каштанавы лiст.
Старшыня ўзлаваўся:
– Колькi разоў я прасiў цябе: не чапай лiсця. Дурная звычка! Гэтак ты за лета ўвесь каштан абскубеш.
– Увесь не дастану.
Сямён Парфёнавiч кiпеў. Больш чым за год сумеснай працы ён нiяк не мог зразумець: сапраўды гэты чалавек заўсёды кажа тое, што думае, цi часам робiць гэта дзеля таго, каб паздзекавацца з другiх? Вось як цяпер: "Увесь не дастану".
– Калi намеснiк старшынi гарсавета будзе так скубцi зялёныя насаджэннi, не ведаю, калi мы выканаем рашэнне абкома...
Кушнер засмяяўся:
– Будзем мець апраўданне: усю зелянiну папсаваў Кушнер.
Гукан не адказаў. Схiлiўшы галаву набок, пачаў пiсаць рэзалюцыю на нейкай паперы. I Кушнер зноў выказаў тое, што падумаў:
– Мне здаецца, Шыковiч не насмяшыў цябе, а сапсаваў настрой. Чым?
Гукан падняўся, цяжка, па-старэчаму абапiраючыся на стол рукамi. Папрасiў падкрэслена ветлiва:
– Iван Фёдаравiч, давай зоймемся справамi.
Кушнер усмiхнуўся i бадзёра пайшоў да дзвярэй, кiнуўшы на хаду:
– Я еду на будоўлю школы-iнтэрната.
Калi за iм зачынiлiся дзверы, Сямён Парфёнавiч нервова прайшоўся па кабiнеце, спынiўся перад акном, палюбаваўся на каштан, каб супакоiцца. Лiсце хутка абсыхала, падымала вострыя зубчыкi ўгору, мяняла колер з ярка-зялёнага на зялёна-матавы. Дзесьцi ў верхавiне шамацелi нябачныя птушкi. Усё, як заўсёды, як учора, пазаўчора. А спакой не прыходзiў. Зноў з'явiлася трывога ў душы.
"Шыковiч не насмяшыў цябе, а сапсаваў настрой. Чым?" Сапраўды, чым? Калi не лiчыць крыху шумнай размовы аб кульце асобы, Шыковiч паводзiў сябе карэктна i гасцiнна. Увогуле ўсё з учарашняга дня падабаецца. I цяпер у вушах стаiць шум дажджу. А ў вачах – струменi вады, што льюцца са страхi. Усяродку дачы моцна пахне свежаю сасной, апетытнай юшкай i смажанай рыбай...
Што яшчэ гаварыў Шыковiч? Ага, кароткая размова на беразе аб падполлi, да якой ён потым не вярнуўся нават тады, калi падвыпiў. Што ён сказаў? "Хачу пiсаць аповесць. Дакументальную. Глянуць глыбей. Разабрацца". У чым? У чым ён хоча разабрацца? Безумоўна, штурхае яго на гэта Яраш. Ну што ж, няхай разбiраецца. Магчыма, яму, Гукану, трымацца за ацэнку, якую ён даў падполлю дзесяць год назад, i не вельмi трэба цяпер. Упартасць, нязгода з iншымi поглядамi была б незразумелай... А ўвогуле, каб яго воля, ён не дазволiў бы кожнаму пiсаку корпацца ў мiнулым. Не твая гэта справа. Пiшы пра тое, што бачыш вакол сябе. Быў ты на фронце – пiшы пра фронт. А я кiраваў падполлем – я i напiсаў пра падполле.
А ўрэшце, усё гэта глупства. Не ў характары Шыковiча заглядваць вельмi глыбока. Не хопiць пораху.
"Я ведаю, якая ў цябе глыбiня, хапаеш адны вярхi. Табе здаецца, што гэта ты напiсаў за мяне кнiжку. Няўдзячны чалавек. Што б ты напiсаў без маёй партызанскай дзейнасцi, без маiх матэрыялаў i расказаў? Гультай. Я цябе сiлком садзiў за рабочы стол. Мая кнiжка памагла табе стаць на ногi. Не забывай гэтага!"
Непрыкметна агульныя думкi набылi канкрэтную форму – водпаведзi Шыковiчу, успамiн пра якога чамусьцi раздражняў. Праўда, Сямён Парфёнавiч стараўся захаваць аб'ектыўнасць. Ён, напрыклад, упiкнуў самога сябе за тое, што ў апошнiя гады як бы забыўся на чалавека, якi памог яму. "Пiсьменнiкi – народ самалюбiвы, трэба было яго прыласкаць". Але такая аб'ектыўнасць мала памагала. Чым больш ён думаў, тым больш расла злосць на гэтага чалавека. "Бач, раскрычаўся! Пiсьмы яго прымушалi пiсаць!.. Перапрацаваўся... Зазнаўся – вось у чым бяда".
Гукан не пачуў нават, калi ў кабiнет увайшоў сакратар выканкома Гарусевiч. Гэты малады чалавек, надзвычай акуратны ва ўсiм – у адзеннi, у справах, у захаваннi рэжыму жыцця, заўсёды з'яўляўся i знiкаў бясшумна, як цень. Нават Гукан, сам педант у жыццi i рабоце, здзiўляўся, адкуль у гэтага вясковага хлопца такая звышакуратнасць. Iдзе самае бурнае пасяджэнне, вырашаюцца важнейшыя пытаннi, а ён, Гарусевiч, калi наступае пэўны час, бясшумна знiкае i, як стала вядома, у сябе ў кабiнеце выпiвае шклянку баржому i з'ядае бутэрброд, якi прыносiць на службу ў кiшэнi.
Сакратар пачцiва кашлянуў.
Гукан нервова ўздрыгнуў, павярнуўся. Ён крыху спалохаўся, бо ведаў, што ў апошнi час у яго з'явiлася старэчая слабасць – разважаць з самiм сабой уголас.
– Як гэта вы заходзiце? Дзверы на ўвесь будынак скрыпяць. Адзiн вы ўмееце адчынiць iх бясшумна.
– Вы глыбока задумалiся, Сямён Парфёнавiч. – Гарусевiч спачувальна ўздыхнуў. – Справы.
Гукан пiльна агледзеў яго. Як заўсёды, гарнiтур быццам толькi што з-пад праса, чаравiкi – з-пад аксамiткi чысцiльшчыка. I здавалася, гэтай жа аксамiткай надраены шчокi пасля галення. Гукан непрыязна падумаў:
"Убачыць бы хоць раз цябе непаголеным".
Вярнуўшыся за стол, коратка спытаў:
– Што там у нас?
Гарусевiч сеў у крэсла i пачаў даваць паперы на подпiс.
– Пiсьмо ў Савет Мiнiстраў аб дадатковых асiгнаваннях на будаўнiцтва прадуктовых крамаў... Згодна пастановы сесii...
Гукан зняў з пяра пазногцямi парушынку, акуратна падпiсаў i прамакнуў.
– Запiска ў абком аб стварэннi новых паркаў.
Падпiсаў размашыста, не чытаючы.
– Адказ у рэдакцыю аб непарадках у пахавальным бюро i на могiлках...
– Непарадкi на могiлках!.. – Старшыня сумна пакiваў галавой. – Чым толькi нам, Кандрат Пятровiч, не прыходзiцца займацца!
– Але, – зноў спачувальна ўздыхнуў Гарусевiч.
Гукан прачытаў адказ i не падпiсаў – палажыў убок.
– А тут нам пiшуць. Канадскiя турысты выказваюць падзяку за гасцiннасць. Група балтыйскiх матросаў хвалiць наш горад, i асаблiва рэстаран.
– Ну, гэта гумарысты, чортавы дзецi. Горад як горад. А рэстаран – дрэнь. Трэба нам паслухаць трэст сталовых i рэстаранаў. – I нечакана спытаў: – Вы бываеце ў рэстаране?