Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 27 страниц)
Шамякин Иван
Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Iван Шамякiн
Сэрца на далонi
Раман
1
Доктар Яраш стаяў на даху веранды i свiстаў, залажыўшы пальцы ў рот. Свiстаў так, што здавалася, з дубоў пасыплецца лiсце. У блакiтнай безданi неба ўзнiмалася чарада чаграшоў. Галубы кружылi над дачай. У "мiкалаеўскiх чырвоных" гарэлi крылы. Раптам чараду быццам знесла ветрам: мiг – i яна апынулася далёка над борам. I доктар ледзь не паляцеў следам за ёю. Ступiў на самы край даху. Пад яго цяжкiм целам натужлiва рыпнулi слупы веранды, забрынчалi шыбы. Ён хваляваўся, як хлапчук. Сонца, што ўзнялося над борам, бiла праменнямi ў твар, сляпiла. Яраш засланяўся ад яго не далоняй, а неяк па-дзiцячы, локцем. З другога канца веранды стаяў яго сын Вiктар, ростам траха не з бацьку, але худы, танклявы, даўганогi. Ён сачыў за галубамi ў палявы бiнокль.
Ля калодзежа сядзелi на лаўцы жанчыны. Iх цiкавiлi не галубы, а галубятнiкi.
– Смешна. Як дзiця. Цэлы дзень можа ганяць галубоў, – быццам з дакорам, але ў той жа час з замiлаваннем да мужа сказала Галiна Адамаўна.
– А я люблю людзей, якiя могуць вось так захапляцца, – адказала Валянцiна Андрэеўна, не зводзячы вачэй з Яраша.
– О, я прыраўную, Валя!
Сказала жартам i сама ж адчула, як трывожна ёкнула сэрца. Зачырванелася.
Валянцiна Андрэеўна ўбачыла гэтую чырвань на яе шчоках i адвярнулася ад веранды: яна добра ведала сваю сяброўку, яе хваравiтую падазронасць.
– Было б да каго, Галя. Я ўжо старая баба. Бачыш, расплылася як. Гэта мне трэба раўнаваць. Мой Кiрыла штодзень ставiць цябе ў прыклад. Глядзi, кажа, як Галiна ўмее сачыць за сабою, стройная, як у дваццаць год.
– Тоўстыя заўжды зайздросцяць тонкiм, – засмяялася Галiна Адамаўна, задаволеная, што яе хваляць.
З другой палавiны дома выйшла дачка Шыковiчаў Iра, апранутая па-святочнаму – у яркую раскляшоную спаднiцу, у белую кофтачку, белыя басаножкi. Гэтае лёгкае адзенне пасавала i да яе стройнай постацi, i да вясёлай летняй ранiцы.
Iра паправiла акуляры i таксама пачала ўглядацца ў неба. Галубiнай чарады яна не ўбачыла сваiмi блiзарукiмi вачамi i, зняважлiва зморшчыўшы нос, сказала:
– Яны даўно ўжо ў горадзе, вашы галубы.
– Не каркай! – кiнуў з даху Вiктар.
Гэта быў першы гон прывезеных з горада на дачу галубоў, i бацька з сынам моцна перажывалi – цi вернуцца яны?
Але як нi быў заняты Антон Кузьмiч галубамi, ён не пакiнуў без увагi сынавы словы.
– Э-э, браце мой! Ты як размаўляеш з дзяўчынай? Яна ж на пяць год старэйшая за цябе. А ты ёй – "не каркай!". Жах!
Валянцiна Андрэеўна заступiлася за хлопца:
– Не вялiкая панi. Як яна, так i да яе. Мы тут усе на "ты". Адна сям'я.
Дзяўчына з iранiчнай усмешкай зiрнула на мацi i пайшла па сцежцы да раўчака, што працякаў метраў за сорак ад дачы. Здалёк паклiкала:
– Наташка! Хадзем на луг!
Дванаццацiгадовая дачка Ярашаў сядзела на падаконнiку, звесiўшы ногi на двор, i чытала, абыякавая да галубоў, да якiх учора яшчэ выяўляла iнтарэс i, магчыма, зацiкавiцца заўтра. Але сёння ёй было не да галубоў. Усю ранiцу чытала яна "Прыгоды Гекльберы Фiна" i ўвесь час рагатала, стукаючы ад захаплення пяткамi па сцяне. Запрашэння Iрынага яна не пачула.
Галiна Адамаўна сказала:
– Наташа, цябе клiчуць.
Дзяўчынка не адгукнулася.
– Наташка!
– Га!
– Схадзiце з Iрай на луг i нарвiце шчаўя.
– О божа! – цяжка ўздыхнула малая. – Што за жыццё на гэтай дачы! Старонкi не дадуць прачытаць чалавеку.
Жанчыны засмяялiся.
– Наталка! – гукнуў Яраш. – Не бурчы, свякруха. Кацiся абаранкам на луг. Цябе галубы баяцца.
– Жыцця няма ад вашых галубоў. – Наташа перакiнула ногi цераз падаконнiк i знiкла ў пакоi, Вiктар паведамiў мiж тым:
– Ляцяць!
– Дзе?! Дзе? – затупаў па даху Яраш, ажно задрыжаў увесь дом, выхапiў у сына бiнокль, радасна загудзеў: – Ага, ляцяць! Вяртаюцца. А што я вам казаў? Малаверы! – папракаў ён немаведама каго, бо нiхто нiчога не казаў, калi не лiчыць кароткай Iрынай заўвагi.
Чарада галубоў пранеслася над соснамi, нiзка абляцела вакол дома, памкнулася на вышкi, дзе была галубятня, i, спуджаная Ярашавым свiстам, зноў узвiлася ўгару.
Галiна Адамаўна, па-дзявочы стройная, млява пацягнулася, закiнуўшы голыя рукi за галаву.
– А хораша тут. Я даўно так не адпачывала.
– Хораша, калi гасцей няма. Кожны дзень госцi. Абрыдла. Кiрыла бясконца каго-небудзь запрашае. Яму сумна без гасцей. А мне гатуй ды талеркi мый цэлы дзень. Антон! – гукнула Валянцiна Андрэеўна Яраша. – Рыбу лавiць пойдзем?
У Галiны зноў загарэлiся шчокi. Яна баялася гэтых паходаў мужа i суседкi з вудамi да ракi, дзе густыя лугавыя зараснiкi, хоць яны яшчэ нiколi не заставалiся там адзiн на адзiн, з iмi заўсёды iшлi або Вiця, або Наташа, або Iра, цi часцей усе трое. Сама яна знарок не хадзiла, каб не падумалi, што не давярае цi пiльнуе. Не, ёй вельмi i шчыра хацелася быць такой, як муж, – ён ва ўсiм верыць ёй, як Шыковiч, абыякавы да таго, куды i з кiм iдзе яго жонка, як Валянцiна. Хочацца... Але яна не можа. Яна пакутуе. I, магчыма, не столькi ад самой рэўнасцi, колькi ад сораму за яе i за сябе, што яна вось такая – не як другiя. Але каб ён быў не такi, яе Антон. Можа, тысячны раз яна палюбавалася яго асiлкавай постаццю, што ўся iмкнецца ў неба за галубамi, яго дужымi голымi рукамi, шырокiм i мужным тварам, валасамi каштанавага колеру... Яна не ведае больш прыгожых валасоў. Дурнi тыя, хто кажа, што доктар Яраш трохi рудаваты. Каб яны прыгледзелiся блiжэй, каб маглi пагладзiць гэтыя мяккiя валасы, пачуць, як яны пахнуць, прытулiць гэтую разумную галаву да грудзей... Вось так... Яна мысленна абняла мужа. I тут жа адчула пякучы боль ад думкi, што калi-небудзь другая, чужая жанчына абнiмала яго. Закружылася галава. Як праз сон да яе даляталi словы суседкi:
– Ранiцай пытаю: "Прызнайся, Кiрыла, каго на сёння запрасiў?" – "Нiкога", – кажа. А па вачах бачу, што манiць. Уцяку на луг на цэлы дзень. Няхай сам частуе... Што з табой, Галя? Ты нездарова?
– Не. Нiчога. – Галiна Адамаўна бадзёра падхапiлася i засмяялася, але смех гэты гучаў дзiўна.
Яраш адарваўся ад галубоў, глянуў унiз на жонку.
– Галка! Што здарылася?
– Нiчога. Вунь хто падбiраецца да вашых галубоў, – яна паказала ў неба над лугам.
Там, у вышынi, павольна кружыў коршак.
– Вiця! Пакараць агрэсара. Збiць, як Паўэрса.
Бацька i сын з аднолькавым спрытам саскочылi ўнiз. Вiктар на мiг заглянуў у пакой i выбег адтуль са стрэльбай. Хлопцу толькi нядаўна дазволiлi карыстацца ёй, i ён рады быў кожнаму выпадку, каб паказаць свой паляўнiчы талент. Пераламаўшы доўгае цела, траха не датыкаючыся носам да зямлi, ён смешна сiгаў да раўчака, збiраючыся па зараснiку дабрацца непрыкметна да таго месца, над якiм кружыў коршак. Галiна Адамаўна крыкнула:
– Вiця, асцярожна! Там недзе Iра...
Яраш глядзеў услед сыну i бязгучна смяяўся. Смяялася яго цела, перапоўненае здароўем i бадзёрасцю.
Галубы ўпалi ўнiз. Цi то яны адчулi небяспеку, цi, можа, убачылi, што гаспадары нарэшце пакiнулi свой пост i нiшто не перашкаджае заляцець у галубятню. Але яны не заляцелi адразу на гарышча, а ўсёй чарадой, шумна захлопаўшы крыламi, уселiся на парэнчы балкона, што быў зроблены над верандай з другога боку гэтага доўгага дома.
З акна паддашка высунулася лабастая галава з лысiнамi-затокамi, што глыбока ўрэзалiся ў доўгiя, крыху кучаравыя i моцна ўскудлачаныя белыя валасы.
– Што ў вас за гармiдар такi? -хмура спытаў Шыковiч, блiснуўшы залатым зубам. – Не даяце чалавеку папрацаваць спакойна.
– Ты, Кiрыла, як Наташка, – засмяялася Валянцiна Андрэеўна. -Усю ранiцу я хадзiла на пальчыках. Не можам жа мы хадзiць так цэлы дзень.
– Сёння нядзеля, Кiрыла Васiльевiч. Трэба адпачываць, – сказала Галiна Адамаўна.
Яраш хiтра сажмурыўся:
– Нешта ў цябе вочы заспаныя. Няўжо ад працы?
Галава Шыковiча схавалася. Яраш i жанчыны засмяялiся. Але праз момант Шыковiч з'явiўся на балконе ў зялёна-карычневай паласатай пiжаме. Пужнуў галубоў:
– Кыш, чэрцi! Ужо напэцкалi, – i да Яраша: – Я табе дам – "вочы заспаныя". Эскулап ты беспардонны! Гэта ж не твая работа! Выразаў сляпую кiшку, i больш нiякага клопату, iдзi ганяй галубоў.
– Няшчаснае чалавецтва! Як яно збяднее, калi не пачытае твайго артыкула. Цi, можа, свет перавернецца дагары нагамi?
– Цяпер яны доўга будуць шпiляць адзiн аднаго. Хадзем купацца, Галя.
– Наташка, купацца хочаш?
Дзяўчынка выглянула з акна, крыкнула:
– Чаго хачу – таго хачу! Тут жаданнi нашы, мамачка, заўсёды супадаюць. Яна выскачыла праз тое ж адчыненае акно з ручнiком i кнiгай у руках.
У кустах бухнуў стрэл.
Коршак спакойна праплыў над сядзiбай. Усе правялi яго вачамi. Яраш пашкадаваў:
– Прамазаў Вiктар.
– Насыпце яму солi на хвост, – хмыкнуў Шыковiч з вышынi.
– Я цябе, малавера пузатага, зараз скiну з тваёй галубятнi!
Адыходзячы, жанчыны пачулi, як пад цяжкiмi крокамi Яраша застагналi новыя ўсходцы, што вялi на гарышча, дзе Шыковiч абсталяваў сабе кабiнет. Потым, азiрнуўшыся, яны ўбачылi, што кароткi Шыковiч дрыгае ў паветры нагамi, падняты дужым Ярашам.
– Пусцi, чорт! Косцi паломiш. Во лапы! Клешчы! Табе не хiрургам трэба быць, а кавалём. Першы раз у жыццi бачу такога лекара... Адчапiся!
Задыхаўшыся, Шыковiч выслiзнуў з Ярашавых рук i адкацiўся на другi бок балкона.
– Валя прасiла штодзень размiнаць цябе. Глядзi, у цябе адразу знiк заспаны выгляд.
– Валя выдумае! А сама лянуецца зарадку рабiць. Я хоць шторанiцы паўгадзiны... нагамi дрыгаю...
– Вось iменна, дрыгаеш. Мала карысцi ад тваёй зарадкi.
Яраш наблiзiўся i стаў поплеч, ён быў вышэйшы на цэлую галаву. У горадзе, калi яны гулялi разам, на iх з усмешкамi азiралiся, а сябры жартавалi з iх i расказвалi анекдоты. Але гэта не шкодзiла iх дружбе.
Хвiлiну яны моўчкi глядзелi на луг, дзе памiж кустоў мiльгалi стракатыя халаты iх жонак i Наташы. Жанчыны iшлi да дубоў, за якiмi iскрылася тысячамi сонцаў даўгаватае люстра вады. Гэта старыца ракi. Самой ракi не вiдаць, у незапомныя часы яна адступiла ад лесу на добры кiламетр. Вiдзён толькi чырвоны слуп лiхтара на беразе.
Луг не роўны i не гладкi, ён перарэзаны старыцамi-раўчакамi, канавамi, берагi якiх зараслi лазняком, на ўзгорках стаяць дубы, у зарэчнай далечы сiнее лес, злева з-за хмызнякоў выглядаюць стрэхi хат. Але ўсё адно нiдзе, нават у самым шырокiм полi, няма такога адчування прасторы i неабсяжнасцi, як тут, асаблiва калi глядзець вось з такой вышынi. Дзiўна, што неба тут таксама здаецца вышэй, чым дзе ў iншым месцы. I бачыш усё адразу: зялёную зямлю i блакiтнае неба. I ваду. Няхай мала яе, але яна адлюстроўвае ўсё – неба i дубы. А павярнiся назад i ўбачыш яшчэ адно дзiва прыроды – лес. Цудоўны бор – сасна ў сасну – абступаў невялiкую абжытую паляну. Злева, блiжэй да ручая, што аддзяляў лес ад лугу, сосны саступалi месца дубам-асiлкам, якiх нямнога засталося ў нашых лясах. Каля самага бору тулiлiся старыя будынкi ляснiцтва кантора, хаты ляснiчага, леснiка, канюшня.
Адзiнокая дача – гэта вялiкая i крыху нязграбная будынiна з рознымi па форме верандамi, з мансардай толькi ў адной палавiне – збудавана на мяжы лесу i лугу, пад дубамi. Шыковiч выхваляўся, што месца выбраў ён, забываючыся, што Яраш ведаў гэтую мясцiну яшчэ з партызанскiх часоў.
Шыковiч стаў на пальчыкi, пацягнуўся, падняўшы рукi, глыбока ўдыхнуў паветра. Яму хацелася сказаць каторы раз:
"Эх, якi маляўнiчы куток! Рыўера! Ухвалi мой густ ты, эскулап!" Але на гэты раз ён знайшоў iншую форму:
– Здаецца, што тут нават паветра больш, чым дзе... Якое неба! А?
– Больш кiслароду.
– Для мяне – паветра, для цябе – кiсларод. Гэта ж табе не кiслародная палатка. Мне здорава спiцца тут, – Шыковiч весела засмяяўся. – У цябе вострае вока. Я такi праўда задрамаў над сваiм артыкулам.
– А мы ўсю ранiцу хадзiлi на пальчыках. Кiрыла творыць, – iранiчна пасмiхнуўся Яраш.
– Гэта ты хадзiў на пальчыках, хлус няшчасны? Свiстаў, як Салавей-разбойнiк. Ты пiсаў калi-небудзь публiцыстычныя артыкулы?
– Не, дзякуй Богу.
– То-та. Гэта пакута. Асаблiва на заказаную тэму. Скажы, у цябе было, калi ты хочаш зрабiць лепш, адчуваеш, што можаш зрабiць, а не выходзiць? Атрымлiваецца нейкая жвачка. Нудная жвачка.
– Калi пiсаў дысертацыю, было. У рабоце – не. Жвачка ў нашай рабоце баранi божа!
Шыковiч на нейкi момант сур'ёзна задумаўся.
– Я разумею. Вiдаць, чым больш адказнасцi, тым работа цiкавей.
– Хiба ты пiшаш без адказнасцi?
– Чорт яго ведае. Часам мне здаецца, з малой адказнасцю. – I раптам крыкнуў: – Бачыш?
– Што?
– Вясёлка! Маленькая вясёлка каля дуба. Вiдаць, Наташа пырскае пад берагам. Iх не вiдаць, а вясёлка ззяе. Хораша! Цi не пайсцi i нам пакупацца? I сам сабе рашуча адказаў: – Не! Трэба дапiсаць гэты злашчасны артыкул. Жывiцкi спусцiць з мяне тры скуры, калi заўтра не здам.
Аднак замест таго каб пайсцi працаваць, Шыковiч адышоў ад парэнчаў i павалiўся ў шэзлонг, з асалодай пацягнуўся, выставiўшы з-пад пiжамных штаноў валасатыя ногi. Заплюшчыў вочы i сказаў:
– Трэба пiсаць. А то ж мае быць яшчэ выпiўка. Я запрасiў у госцi Гукана.
Яраш зарагатаў. Сябра паглядзеў на яго з няўцямным здзiўленнем.
– Я толькi што чуў, як Валя скардзiлася, што няма нiводнага дня, каб ты не запрасiў гасцей.
– А-а.
– Ты ставiш жонку ў цяжкае становiшча. Запрасiў – i маўчыш.
– Маўчу. Бо, па-першае, люблю экспромты. А па-другое, маю правiла: лепш выслухаць жончыну мараль пазней, чым раней. Няхай думае, што чалавек заглянуў выпадкова, i ўсё абыдзецца цiха.
– На д'ябла табе Гукан?
– Навошта мне Гукан? – Шыковiч прыўзняўся на руках, з натугай выбраўся з глыбокага шэзлонга, чартыхнуўся, падышоў да Яраша, якi спакойна сядзеў на парэнчах i глядзеў на бор.
– Даўно не гутарыў з iм душэўна. Год шэсць ужо. Цiкава, ведаеш... Як ён змянiўся? У якi бок? Адбылiся такiя падзеi! Пераварот у мазгах, у сэрцах. А як ён? Ён, брат, з цвердалобых. Цiкава, як ён ставiцца да сваёй кнiгi. Да нашай кнiгi, якую мы разам пiсалi. Ён – аўтар, я – лiтапрацоўшчык. Я, напрыклад, многага не пашкадаваў перакрэслiць з таго, што пiсаў тады. I гэтую кнiжачку мне хочацца ператрэсцi грунтоўна. Але трэба ведаць, як глядзiць ён, аўтар. Калi трымаецца тых жа поглядаў на падполле – да лiха! Я, апрацоўшчык, разграмлю яго.
– Ого! – iранiчна выгукнуў Яраш, не адрываючы позiрку ад верхавiн сосен. А цi не будзе гэта смеласцю п'янага зайца, Кiрыла?
Ад пiжамы Шыковiча адляцеў гузiк i пакацiўся па падлозе. Расхiнуўшы пiжаму, заклаўшы пад яе, за спiну, рукi, ваяўнiча выставiўшы пукаты жывот, Шыковiч змерваў магутную постаць сябра знiшчальным позiркам.
– Каб я цябе менш ведаў, я даў бы табе па мордзе за такiя словы! У розных ролях мне давялося быць, але ў ролi п'янага зайца я нiколi не быў! I не буду! Май на ўвазе! Цяпер, калi я ведаю ў дзесяць разоў больш, чым дзесяць год назад, калi пiсалася кнiга, мяне абурае тая ацэнка, якую дае падполлю Гукан. Ты глядзi, што выходзiць. Выходзiць, што да яго, Гуканавага, прыходу ў горад партыйнага падполля не было... Нiякай арганiзацыi... Ён не ўспамiнае нават людзей, якiя загiнулi. I якiя жывуць... Цябе...
Твар у Яраша змянiўся: знiклi складкi iранiчнай усмешкi каля рота, спакой, задаволенасць, з'явiлiся спахмурнеласць i пакута, быццам чалавеку штосьцi забалела раптам. Ён цiха сказаў:
– Мая роля ў падполлi другарадная. А што да iншых... Калi забылiся тады, то цi варта варушыць гэта цяпер? Праз семнаццаць год! Варушыць мёртвых?
Калi Шыковiч, увогуле спакойны чалавек, абураўся, ён пачынаў махаць рукамi i крычаць.
– Антон! Мне сорамна чуць гэта ад цябе! Такiя мёртвыя не памiраюць! Яны павiнны жыць, стаяць у адным страi з намi! I змагацца! Не было герояў безыменных!.. Гэта сказаў чалавек, якi сам аддаў жыццё. Ты забыўся? – Шыковiч iрвануўся ў адчыненыя дзверы i праз момант вярнуўся з кнiжкай у руках. Вось... "Цярплiва збiрайце сведчаннi аб тых, хто загiнуў за сябе i за вас..." Фучык! За сябе i за нас! А ты – "не трэба варушыць мёртвых". Камусьцi, мабыць, хочацца, каб мёртвыя маўчалi. Але ты... Навошта табе?
– Я не люблю ўспамiнаць сваю падпольную дзейнасць, ты ведаеш. На маю долю выпадала самае цяжкае.
Яраш адвярнуўся, упёрся рукамi ў парэнчы так, што пабялелi костачкi пальцаў, i глядзеў на луг. Пад дубамi, па беразе старыцы хадзiла жанчына ў купальным касцюме. "Валя цi Галя?" – падумаў ён, стараючыся пазнаць. I адчуў нейкi дзiўны прылiў вялiкай любвi i замiлаванасцi да жонкi, да дзяцей, да сям'i Шыковiча – да ўсiх добрых людзей i да гэтай цудоўнай прыроды, да зямлi i да неба. Да ўсяго на свеце. Чалавек ён быў сентыментальны, i ад гэтай замiлаванасцi вочы яго сталi вiльготныя. Каб схаваць сваю слабасць, не паварочваючыся, сказаў сурова:
– А папрокаў такiх мне не кiдай! Я тых людзей не забываю.
Шыковiч узяў яго за плячо i прымусiў павярнуцца.
– Не забываеш? – спытаў мякка i раптам груба адштурхнуў ад сябе i зноў закрычаў: – А што ты зрабiў, каб подзвiг iх стаў вядомы?! Каб расказаць пра iх Вiктару, Iрыне, Наташы? Новаму пакаленню?
– Не кожны ўмее расказваць.
– Ты ўмееш! Але табе перашкаджае твая хiрургiя.
– Ну-у, ведаеш...
– У цябе гуманная прафесiя. Ты збаўляеш людзей ад пакут. I табе здаецца, што гэтым ты ўзводзiш помнiк сваiм сябрам.
– Але. Няхай гэта банальна, па-газетнаму... Але ўрэшце нашы добрыя справы... Сапраўды, толькi яны могуць стаць помнiкам.
– Добрыя справы часам рухаюцца нашым эгаiзмам i самалюбствам. Я хацеў хутчэй закончыць аповесць i адмахваўся нават ад таго, каб напiсаць фельетон у газету i памагчы людзям... А ў цябе адна дысертацыя, цяпер – другая... Аперацыi... Справы добрыя ўсе... I ты выдумаў сабе фiласофiю... За яе лёгка схавацца. Працуеш ты – дай бог кожнаму. Але падумай, як было б крыўдна i несправядлiва, каб, напрыклад, гiсторыя абароны Брэсцкай крэпасцi так i засталася пахаванай пад яе руiнамi...
Шыковiч неяк дзiўна, бокам, адкацiўся да дзвярэй, стаў у iх вузкiм праёме, упёршыся локцямi ў вушакi. Ён гарэў жаданнем паспрачацца. I не дзеля таго, каб нешта даказаць свайму апаненту, а хутчэй, каб зарадзiць, распалiць самога сябе. Ён чакаў, што адкажа Яраш. Але Яраш адчуваў праўду ў яго словах, хоць з нечым i не згаджаўся. Ды гэтае "нешта" нялёгка было яму адразу выказаць, бо ўвогуле ён не любiў i не ўмеў спрачацца.
Ён сказаў пасля паўзы:
– Я першы напiсаў, што не згодны з вашай кнiгай.
– А пасля – у кусты? Так? – саркастычна прыжмурыў свае маленькiя вочкi Шыковiч.
Яраш глыбока ўдыхнуў паветра i рушыў да яго.
– Не будзь, Кiрыла, як кажа мая Наташка, разумны задам. Я вось што скажу табе, – ён узяўся левай рукой за адчыненыя дзверы. – Калi гэтага гарэння ў цябе не на адзiн дзень, калi ты сур'ёзна хочаш заняцца нашым падполлем, вось табе мая рука. – Шыковiч пацiснуў працягнутую руку. – А калi ты паклiкаў Гукана, каб паказаць перад iм сiлу "вызваленага негра", папсаваць старому чалавеку нервы, я ў такой гульнi не ўдзельнiчаю. Нягледзячы на яго кнiгу, я паважаю Гукана. Чалавек ваяваў добра i папрацаваў – дай бог кожнаму, як ты кажаш. Iдзi пiшы свой артыкул. – Яраш жартаўлiва ўпiхнуў сябра ў пакой.
2
Гукан на абед не прыехаў.
Кiрыла, шумны з ранiцы, вясёлы i лагодны пасля заканчэння свайго артыкула, пачаў хмурнець i злавацца. Знарок сказаў жонцы, што запрасiў у госцi старшыню гарсавета.
Валянцiна Андрэеўна надзвычай тонка адчувала мужаў настрой, а таму не ўпiкнула нiводным словам.
– Калi ласка. Абед у нас з Галяй добры. Пачакаем.
Кiрыла паглядзеў на гадзiннiк, яму хацелася есцi, можа, таму i злаваўся. Пайшоў да Яраша, якi ляжаў каля ручая пад дубам i чытаў часопiс на ангельскай мове.
– Хам.
– Хто? – Ярашу чамусьцi зрабiлася смешна, i ён закрыў твар далонямi.
– Калi я быў патрэбны яму, тады ён знаходзiў мяне ўсюды. Я знарок прасiў у рэдактара камандзiроўкi ў самыя далёкiя куткi. Ён адклiкаў назад i яшчэ папракаў, што я не маю партыйнага сумлення. "Гэта не мая кнiжка. Гэта партыйнае даручэнне. I мне, i табе". Вось як!
– Юпiтэр, ты злуеш... I паўтараю: не падабаецца мне твой намер. Запрасiць чалавека, каб...
– Дальбог, а запрашаў шчыра. I пагутарыць хачу шчыра. Нарэшце, чаму ты думаеш, што за гэтыя гады погляды яго не змянiлiся? Усё змянiлася.
– А калi шчыра, то цярплiва чакай i, як добры гаспадар, выбач. Мала чаго мог затрымацца чалавек. Ты сам не такi ўжо акуратны.
– Есцi хачу.
– Табе карысна пагаладаць.
Кiрыла лёг на спiну, палажыўшы рукi пад галаву, смачна пацягнуўся. Доўга ўглядаўся ў лiсце дуба. У яго гушчары шасталi, церушылi мохам нейкiя птушкi, але ён нiяк не мог убачыць iх i са смуткам падумаў, што слабее зрок. Непрыкметна прыходзiць старасць. Хацелася пафiласофстваваць на гэтую тэму. Але Яраш уважлiва чытаў. Кiрыла паглядзеў на сябра i не адважыўся перашкаджаць. Жыла ў iм павага да людзей, якiя чытаюць на замежнай мове. Павага i зайздрасць. Ён шкадаваў, што быў гультаём i не вывучыў нiводнай мовы. Праўда, тут жа знаходзiў апраўданне: яго пакаленню было не да таго. А хiба Яраш не з яго пакалення?
Неяк Яраш сказаў, што не позна запоўнiць гэты прабел цяпер. Не позна! Куды к чорту! Няма калi пачытаць на роднай мове, не тое што вучыць чужую.
А неба... неба якое сёння! Яснае, яно нiколi, аднак, не бывае аднолькавым, мае тысячы адценняў. I адценнi гэтыя мяняюцца на вачах. Вось як цяпер. I хмаркi-аўчынкi заўсёды розныя – па форме, па абрысах. Гэтая, што плыве над ляснiцтвам, падобна на... На што? На прычоску Элы, машынiсткi рэдакцыi. Кiрыла сумна ўсмiхнуўся: ён не вельмi багаты на метафары i параўнаннi. Заўсёды пакутлiва шукаць iх, каб былi трапныя, арыгiнальныя. Ён вiнавацiць газету яна засушыла. Нават доўга любавацца небам ён ужо не можа, стамляецца. Натура яго прагне дзейнасцi, хоць якой-небудзь.
– Доктар Яраш! У машыне ў мяне ёсць бутэлька каньяку... Давай расцiснем. Употай. А за абедам, на здзiўленне сваiм "Богам падараваным", будзем пiць адно кiсленькае вiно.
Яраш засмяяўся:
– У цябе авантурны характар, Кiрыла.
Абедалi разам, за агульным сталом, як рабiлi часта, на верандзе ў Ярашаў, бо ў такi час дня там быў цень. Толькi Iра за стол не прыйшла.
– Яна перакусiла, – адказала Валянцiна Андрэеўна на мужава запытанне.
Кiрыла абурыўся. Яго злавала стаўленне дачкi да iх калектыву. Ён знарок будаваў дачу разам з Ярашам, каб лягчэй было змагацца "з сямейным эгаiзмам", а галоўнае – з iндывiдуалiзмам дзяцей. Праявы такога iндывiдуалiзму насцярожваюць, хоць выяўляецца ён у дачкi i сына супрацьлегла, па-рознаму.
– Гэтая твая неарганiзаванасць кормiць iх эгаiзм, – папракнуў Шыковiч жонку. – Але, ты яго падаграваеш! Што iм да другiх, да парадку! Парадак – гэта для бацькоў. А для iх – анархiя. Захацела – паела, i бывайце здаровы. Нiякiх турбот. Мама нагатавала, мама i талеркi памые...
Галiна Адамаўна не баялася дрэннага ўплыву дзяцей Шыковiчаў, старэйшых па ўзросту, на яе Вiктара i Наташу. Але не любiла, калi пры малых залiшне многа гаварылi пра эгаiзм i ўвогуле пра выхаванне. Ёй заўсёды не падабалiся па сутнасцi сваёй правiльныя, глыбакадумныя разважаннi Шыковiча ў прысутнасцi дзяцей. Яна лiчыла, што выхаванне – такi хiтры механiзм, якi павiнен быць заўсёды схаваны i разам з тым нi на мiг не спыняцца, не грымець, не ляскаць, не дымiць, не чадзiць, але працаваць безадказна. Яна сказала, як бы мiж iншым, раскладаючы вiдэльцы i нажы:
– А ты паказвай прыклад.
I быццам кальнула Кiрылу вiдэльцам у бок. Ён з грукатам ад'ехаў на крэсле ад стала, усхапiўся.
– Не, ты слухай... Выходзiць, ва ўсiм вiнаваты я! У чым, хацеў бы я, каб мне растлумачылi. Што я – труцень, лежабок, спекулянт, злодзей? Чорт вазьмi! Я працую дзень i ноч. Сумленна, шчыра. Не крыўлю душою. Не краду. Што можа ўкрасцi пiсьменнiк? Рэдка нават падхалiмнiчаю.
– Але – бывае? – з iронiяй спытаў Яраш, адкаркоўваючы бутэльку вiна.
– Часцей перад жонкай.
– А як жа... Нешта я не адчуваю, – адгукнулася Валянцiна Андрэеўна з крыўдай за дзяцей, з пакоя, дзе працiрала кiлiшкi.
– Не, без жартаў... "Паказвай прыклад". У чым, дарагая Галiна Адамаўна? Хто скажа, што я даю благiя прыклады? Што ўрэшце галоўнае ў фармаваннi чалавека? Праца. Я працую. I ты працуеш! – крыкнуў ён жонцы. – Дык чаму нашы дзецi не навучылiся працаваць? Чаму растуць эгаiстамi? Вось што мяне хвалюе...
– Твае дзецi не горшыя за iншых, – сказала гэта Валянцiна Андрэеўна з крыўдай за дзяцей, з'явiўшыся на парозе з кiлiшкамi i шклянкамi ў руках.
– Не горшыя... Супакоiла. Вось так заўсёды сваёй неразумнай любоўю ты разбураеш тое, што я ствараю.
– Няпраўда. Пры дзецях я нiколi не пярэчу. Але ты часцей гаворыш гэта мне, чым iм.
– Словы нiчога не значаць, – зноў жа нiбы так сабе, мiж iншым, кiнула Галiна Адамаўна.
Шыковiч узмахнуў рукамi, як ястраб крыламi.
– Вось табе, калi ласка! А я, дурань, усё жыццё верыў у вялiкую сiлу слова. Жыў за слова, кармiў дзяцей...
Наўрад цi чула Галiна Адамаўна, яна пайшла на кухню па стравы. Кiрылу даўно ўжо злаваў гэты яе спакой. Ён добра ведаў, што яна зусiм не такая спакойная, што яна ў дзесяць разоў больш нервовая, чым яго жонка. Неўраўнаважаная, раўнiвая... А вось у размове з iм, асаблiва калi размова пераходзiць у спрэчку, трымаецца заўсёды як каралева: з вышынi кiдае бясспрэчныя iсцiны. Яна пайшла – i Кiрылу расхацелася шумець i спрачацца. Цяпер толькi ён прыкмецiў, якi доўгi, нязграбны Вiктар. Кожны раз, калi пры iм дарослыя пачыналi гаварыць пра выхаванне дзяцей, ён саромеўся, чырванеў, губляўся, быццам размовы такiя абражалi хлопца. Наадварот, Наташа слухала iх, разявiўшы рот. I цяпер яна сядзела на ўсходцах ганка, глядзела ў кнiжку, а вухам лавiла кожнае слова дарослых. Ёй вельмi хацелася, каб выказаўся яе тата. Яна была ўлюбёна ў свайго бацьку. Але яго, здаецца, цiкавiў адзiн стол: як заўсёды, ён наводзiў на iм парадак i прыгажосць. Нi мама, нi цётка Валя не ўмеюць гэта рабiць лепш за яго.
Калi Галiна вярнулася i паставiла на стол талеркi са смажанымi лiсiчкамi i салату са свежых гуркоў, Кiрыла сказаў памяркоўна, прымiрэнча:
– Я толькi адзiн магу зрабiць вывад: залiшне многа выгод даём мы дзецям. Вiдаць, трэба даваць менш. Як мой бацька нам...
Тут не вытрымала Наташа:
– Няпраўда, дзядзька Кiрыла! Дзецям трэба даваць усё! На тое яны дзецi.
Усе засмяялiся з яе непасрэднасцi.
– Давайце за стол, фiлосафы, – запрасiла Валянцiна Андрэеўна.
Пасля абеду нахмарыла. Неяк непрыкметна i хутка зацягнула неба высокая лёгкая воблачнасць. Але па-ранейшаму было бязветрана; хмары не прынеслi свежасцi, яны апусцiлi на зямлю млявую парнасць. Замерлi дрэвы, нават трапяткая асiна над ручаём сцiшылася. Заснула на раскладушцы Наташа, упусцiўшы на траву кнiгу i звесiўшы руку.
Кiрыла, стомлены абедам, драмаў у шэзлонгу, праз сон кiдаючы асобныя словы ў размову жанчын i Яраша, часам неўпапад. Гэта iх смяшыла. Смех будзiў знясiленага чалавека, ён расплюшчваў вочы, пагражаў пальцам, мармытаў:
– Як Бог пакараў Хама, што смяяўся з соннага... ага? – I галава яго зноў падала на грудзi.
– Парыць на дождж. Будзе брацца рыба, – сказаў Яраш i пайшоў з Вiктарам збiраць рыбацкiя прылады.
Збiраў знарок доўга, каб даць сябру крыху падрамаць. А потым нарабiў грукату на верандзе, закрычаў:
– Кiрыла! Даволi дрыхнуць! Хадзем вудзiць.
Шыковiч у адказ уцягнуў у шэзлонг ногi i павярнуўся на бок. Але Валянцiна Андрэеўна са смехам перакулiла шэзлонг, выкiнуўшы мужа на зямлю.
– Iдзi, iдзi. Няма чаго пуза гадаваць. Цягнi яго, Антон.
Сухое сена (на ўзгорку ляжалi першыя пакосы) разлiвала далёка навокал не толькi густы водар, якi п'янiў, але i асаблiвую цяплынь, якая ўзнiмала настрой, будзiла фантазiю, уяўленнi i ўспамiны маленства. Млявасць была ад нечага iншага, можа, ад тонкага водару кветак у нiзiнах цi едкага паху выкiнутых на бераг водарасцяў, iлу i малюскаў.
Нерухомае возера-старыца нiбы застыла, ашклела, люстра яго з незвычайнай яскравасцю адбiвала такiя ж нерухомыя хмары i дубы. Толькi каля травянiстага берага нябачныя мошкi цi вадзяныя жукi чарцiлi на гэтай гладзi адмысловыя iероглiфы. Рыба лягла на дно – нiводнага ўсплёску. Пакуль Вiктар не разбудзiў цiшу i гладзь блешняй спiнiнга. I адразу возера ажыло: разышлiся кругi, быццам несучы сiгналы небяспекi; з травы вылецела качка, кракнула i ўпала ў лазняках; пад абрывам плёснула, нiбы кiнулi вялiкi камень.
– Шчупак! Тата, бачыў, якi шчупак? – азартна крыкнуў Вiктар i пачаў кiдаць у тое месца блешню. Калi круцiў катушку, дзiўна пераламваў сваю доўгую нязграбную постаць, здавалася, што вудзiльна пратыкала яго худы жывот наскрозь.
Мужчыны пастаялi, паглядзелi. Шыковiч прапанаваў тут жа i павудзiць ленаваўся iсцi далей, ён аблiваўся потам.
– Гэтая лужына як заварожана... Браканьерамi... Колькi яны выцягваюць сеткамi рыбы! А я на вуду i спiнiнг не ўзяў нiводнай маляўкi, – сказаў Яраш.
I яны рушылi далей. Адзiн Вiктар застаўся ганяцца з блешняй за няўлоўным шчупаком.
Рака дыхнула вiльготнай свежасцю i прахалодай. Пахла дажджом. Наблiжэнне яго заўсёды выразней адчуваецца каля ракi. Недарма ў народзе кажуць: рэкi прыцягваюць дождж. Рэкi i лес. Але рыбаловам здалося, што сама рака цягнецца, узнiмаецца ўсёй сваёй вiльгаццю насустрач далёкаму дажджу.
Яраш умеў не толькi любавацца прыродай, ён заўсёды стараўся ўспомнiць цi выявiць законы яе з'яў. Шыковiч, нягледзячы на сваю прафесiю, не любiў глыбока пранiкаць у сутнасць гэтых з'яў. У хвiлiны адпачынку ён як бы выключаў свой розум, даючы поўную волю пачуццям. Апынуўшыся на высокiм беразе над вiрыстай плынню, ён узмахнуў рукамi, быццам жадаючы паляцець, прагна ўдыхнуў рачную прахалоду i ад захаплення галёкнуў:
– О-го-го! Хараство-о-о! – i сеў на спаленую жорсткую траву, звесiўшы з абрыву ногi. – Нiкуды далей не iду. Вось тут маё месца. – Кiнуў унiз вуду i сам з'ехаў на спiне па пясчаным адхоне; каля самай вады, на мокрым пяску, не сеў, а лёг, раскiнуўшы, як забiты, рукi i ногi.
Яраш, пасмiхаючыся з яго дзiвацтваў, ледзь пераканаў, што тут рыба не бярэцца i сядзець на гэтым месцы – марна трацiць час. А вось ён ведае мясцiну, дзе акунi самi лезуць на кручок.
Сцежка вяла праз густы лазняк, што парос на пясчаных наносах. Лазiны сцёбалi па твары, па руках. Кiрыла лаяўся:
– Ты, эскулап, знарок мяне цягаеш па гэтым гушчары. Каб я больш нагiнаўся. Цябе Валя падкупiла? Прызнайся.
Яраш смяяўся, iдучы наперадзе. Выйшлi з лазнякоў. Яраш спынiўся i расчаравана свiснуў.
– Захапiў нейкi тып наша месца.
Бераг тут панiжаўся. Наперадзе працякала лугавая крынiчка: яна жывiла сенажаць, даўжэй трымаючы разлiў, а таму i ўлетку, калi на сухадолах пабляклi ўжо фарбы, пойма яе вабiла вока веснавой свежасцю. Каля лазнякоў, дзе спынiлiся крыху расчараваны Яраш i абыякавы Шыковiч, над негустым разнатраўем ужо ўзвышалiся мяцёлкi цiмафееўкi i лiсахвосту, кастрыцы i шчаўя. I толькi зязюлiны слёзы ды смолка яшчэ рассыпалi свае дробныя яркiя кветкi. А там, нiжэй, усё яшчэ цвiло, кожная травiнка; жоўтыя, чырвоныя, лiловыя, васiлькова-сiнiя, блакiтныя кветкi, злiваючыся ў дзiвосны вясёлкавы колер, закрывалi яркую зелень травы.