355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далонi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 20)
Сэрца на далонi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 21 октября 2016, 23:45

Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 20 (всего у книги 27 страниц)

"Гэта вам, Зося. Ад мяне".

У каробачцы былi мятныя цукеркi.

На чацвёрты дзень усё было, як звычайна. Ранiцаю бацька i Грот пiлi кофе i хвалiлi нейкае новае нямецкае лякарства, не помню якое. Першы пахвалiў бацька. Гроту гэта вельмi спадабалася. Яны разам выйшлi з дому. Я кармiла снеданнем дзядзьку Сажаня. Перад абедам бацька зноў гутарыў з iм. У часе абеду Сажань быў заклапочаны i раптам вельмi даверлiва паведамiў мне, што яму нiяк не могуць дастаць надзейнага дакумента i ён не можа выйсцi з горада, бо ўсюды заставы, а ў горадзе ўсё яшчэ iдуць арышты. Сумна пажартаваў:

"Ем хлеб дарэмна. Мала што ў гэты раз зрабiў. I хлопцы недзе непакояцца, што са мною".

Бацька ўвечары прыехаў раней, чым звычайна. На той жа санiтарнай машыне. У нашым цесным завулку машына доўга паварочвалася, буксавала ў гразi, i тата доўга не заходзiў у дом. Я чула, як ён перамаўляўся з шафёрам. Нарэшце машына пайшла. Тата ўвайшоў устрывожаны, нават спалоханы. Такi ён не быў яшчэ нiколi. Я спытала, што здарылася. Ён заспакоiў:

"Нiчога, нiчога, дачка".

А сам адразу пайшоў да яго. Праз колькi хвiлiн яны выйшлi, i Сажань упершыню агледзеў увесь дом, нават падняўся ў пакоi Грота.

Неўзабаве зноў прыехаў Вася. Бацька адчынiў вароты. Ён заехаў пад самы ганак. Зноў звалiў мяшок бульбы. Сказаў бацьку:

"Аглядалi. Двойчы. Адсюль i сюды. Злосныя, як сабакi".

"Падымi хлопцаў. Калi да ночы нiчога не здарыцца, мы выведзем яго на Элеватарную".

Яшчэ пра нешта яны шапталiся.

Калi Вася паехаў, я зноў спытала ў бацькi, што ж усё-такi iх устрывожыла.

"Арыштавалi нашых людзей. Каля дома шнырае тайны агент палiцыi. На Пушкiнскай правяраюць дакументы. Тройчы агледзелi нашу машыну".

Сажань перамясцiўся ў пограб. Пад домам у нас вялiкi пограб. Лазiлi ў пограб з кухнi. Але на двары каля сцяны быў люк – для вентыляцыi, i бульбу ўвосень праз яго ссыпалi. Ён быў яшчэ закрыты з зiмы, люк. Бацька адкрыў яго. Потым сказаў мне разведаць сцежку. Была ў мяне патаемная сцежка, па якой я бегала яшчэ да вайны да адной сваёй сяброўкi-аднакласнiцы. Адстаўляла дошку ў паркане, пралазiла ў суседнi сад, такiм жа чынам з таго саду – у Вiшнёвы завулак, потым – на Клiмаўскую. I сюды на Элеватарную, да ракi.

Але прыехаў Грот. Ён часам прыходзiў пехатой, пакiдаючы машыну ў шпiталi. Часам прыязджаў, i машына начавала ў двары. У той вечар, як на злосць, ён доўга корпаўся ў ёй, нешта рамантаваў, мыў.

Шыковiч заўважыў, што, забываючыся, Зося пачынае расказваць для аднаго Антона Кузьмiча. На яго аднаго глядзiць, да яго аднаго звяртаецца, але так, быццам ён той адзiны сведка, якi можа пацвердзiць праўдзiвасць яе слоў.

Схамянуўшыся, яна вiнавата ўсмiхнецца ўсiм iм i пэўны час расказвае яму, Шыковiчу, з нейкай дзiўнай насцярожанасцю сочачы, як ён запiсвае: то пiша доўга, нiбы стэнаграфуе, то ўзмахам пяра ставiць нейкi iероглiф, толькi яму зразумелы.

Маша скiнула чаравiкi i босая, на насочках, выйшла на кухню, вiдаць, паставiла чайнiк. А потым стала ў калiдорчыку i слухала адтуль. Шыковiч умеў i ўважлiва слухаць i ўсё прыкмячаць навокал. Ён знакам запрасiў Машу зайсцi i сесцi. Тая адказала яму таксама жэстамi. Гэтая iх незразумелая нямая размова збянтэжыла Зосю. Яна змоўкла. Шыковiч крутануўся ў крэсле, як гарэза-школьнiк, злоўлены настаўнiкам:

– Прабачце, Соф'я Сцяпанаўна, я ўвесь – увага.

Але яна ўжо свядома звярнулася да Яраша з усмешкай, якую дораць выпрабаванаму сябру:

– Вы ведаеце, Антон Кузьмiч, мяне зноў выручылi трусiкi пана Грота. Помнiце? Я засунула аднаго за ватнiк i палезла ў суседскi сад. Абышла паўз паркан i знайшла дошку, якую можна было адсунуць без шуму. Выйшла гаспадыня, не тая, якая жыла да вайны, жонка нейкага белагвардзейца-эмiгранта, якi вярнуўся з Германii i займаўся камерцыяй. Я растлумачыла ёй, што ўцёк трусiк. "Я баялася, каб ён не папсаваў вашы дрэвы". Старая дурнiца пацалавала трусiка, якога я паказала ёй.

"Якая мiлая мордачка!"

Гроту я таксама сказала, вярнуўшыся ў свой двор, што ўцёк трус.

Ён узяў яго спрытна i бязлiтасна, мяне заўсёды i палохала i абурала, як ён браў гэтых няшчасных жывёлiнак. Вось так, двума пальцамi, за скуру.

"О, ты хочаш уцячы? – сказаў ён трусу. – Заўтра я цябе пакараю за гэта. Мне шкада цябе. Але чаго не зробiш у iмя навукi".

Як толькi сцямнела i Грот падняўся да сябе, бацька сказаў:

"Выводзь, дачка. Шчаслiва вам. На Клiмаўскай сустрэне Вася. Калi ж не сустрэне..."

Ён даў адрас на Элеватарнай, нумара ўжо не помню, здаецца, дзевятнаццаць, мне пасля прыйшлося запамiнаць многа розных нумароў, i нейкi мудры пароль, якi я таксама забылася, нейкая прымаўка з рэлiгiйным сэнсам, здаецца.

Яшчэ бацька сказаў: "Назад, дачка, гэтым шляхам не вяртайся. Выходзь на Пушкiнскую. У цябе ёсць пропуск. I зайдзi да Цiшчанкаў. Старая занемагла i вельмi прасiла, каб ты зайшла. Зайдзi абавязкова. Так трэба".

Бургамiстарша сама мне званiла днi тры назад. Але мне было агiдна iсцi да гэтай звар'яцелай ад страху бабы, якая дзень i ноч малiлася. Але калi бацька сказаў, што так трэба – для канспiрацыi, так мне здалося тады, я гатова была пайсцi хоць да самога д'ябла. Толькi пазней... вельмi позна я здагадалася, што мой добры, разумны i наiўны тата хацеў такiм чынам уратаваць сваё адзiнае дзiця...

Увесь час яна расказвала роўна, цiха, без iнтанацый, без асаблiвых жэстаў i мiмiкi, калi не лiчыць вiнаватых усмешак. А тут вусны яе па-дзiцячы скрывiлiся i задрыжалi.

– Два нашы афiцэры, якiя дапытвалi мяне ў сорак шостым, здзекавалiся, калi я шчыра расказала iм усё. Смяялiся, маргалi адзiн аднаму. "Сiла дзеўка! Значыцца, правёўшы падпольшчыка, вы адразу ж пайшлi суцяшаць жонку гарадскога галавы? Хiтрая казачка, але пакiньце яе для дурняў. Мы чулi казкi не такiя!"

Няшчасны мой бацька! А я... дурная якая была! Паверыла яму нават тады, калi ён пазванiў на кватэру Цiшчанкам, пагаварыў спачатку з Алiмпiядай Паўлаўнай, а пасля папрасiў, каб я паначавала там. "У горадзе неспакойна. Недалёка ад нашага дома толькi што стралялi. Заначуй, дзiця маё. Цалую цябе, Зосечка".

Гэта былi яго апошнiя словы. Ён не любiў залiшнiх пяшчот, сюсюкання, цалавання па тэлефоне. А тут вось так – як маленькай. I я, дурная, усё адно нi пра што не здагадалася. Я магла быць побач з iм! Магчыма, ён адстрэльваўся, калi яны ўварвалiся. I апошнюю кулю... Тата хаваў пiсталет, хаваў нават ад мяне, але я ведала, што ён ёсць. Слухайце, можа, яго застрэлiў Грот? Немца не было на пахаваннi. Усе знаёмыя былi. З гестапа былi, адусюль. Аднаго яго не было.

– А што Сажань, Соф'я Сцяпанаўна? Правялi вы яго? – спытаў Шыковiч, каб вярнуць яе да паслядоўнасцi.

– А як жа! Мы выйшлi на Вiшнёвы. Цёмна было. Нi агеньчыка. Замаскiравана ўсё. Я пачула, што за намi нехта iдзе. Мы пабеглi. На Клiмаўскай нас сустрэў Вася. З'явiўся як з-пад зямлi. Я сказала яму, што нехта iдзе. Ён адказаў, што гэта свае. З-пад палы блiснуў лiхтарыкам у адзiн бок вулiцы, потым у другi. Яму адказалi адтуль i адтуль. Вунь яны як ахоўвалi таго чалавека! Вася сказаў: "Ты, Зоська, герой!" – i пацалаваў мяне ў шчаку. Мне стала сорамна: яшчэ Сажань падумае што! А я таго Васю, можа, якiх пяць разоў бачыла ўсяго. Мне тады – зноў! – вельмi захацелася, каб на развiтанне ён падзякаваў мне. Смешна! Ён не сказаў звычайнага дзякуй. Ён сцiснуў маю руку i сказаў:

"Усяго добрага табе, Зося. Скончыцца вайна – сустрэнемся".

Разбудзiла мяне бургамiстарша рыданнем. Упала на каленi перад маiм ложкам:

"Мужайся, дзетачка. Бог мiласэрны, ён усё бачыць. Партызаны забiлi твайго бацьку".

Я не закрычала. Здаецца, нават не заплакала. У адзiн мiг я ўсё зразумела. У той мiг я пасталела, можа, на дваццаць гадоў. Шаптала сабе: мужнасць, толькi мужнасць. Прасiла Бога, у якога не верыла, каб ён даў мне яе, гэтую мужнасць, каб я здолела ўсё перажыць. I маўчаць. Маўчаць, маўчаць!

Ашалелая ад жаху баба ўгаворвала мяне ў тую ж хвiлiну ўцячы з ёй на край свету, у манастыр, яна ведае такi манастыр. "А то яны ўсiх нас заб'юць". Я маўчала.

Два агенты гестапа везлi мяне на рамiзнiку па горадзе. Выказвалi спачуванне. Я маўчала. Дадому мяне не павезлi. Бацька ляжаў ужо ў вестыбюлi гарадской управы. Калi толькi яны паспелi перавезцi i ўбраць яго? Ён ляжаў у сваiм вячэрнiм гарнiтуры, у сарочцы, якую я за дзень да таго памыла. Толькi гальштук чужы, бабачка, тата нiколi не насiў бабачкi. Да вайны гэта было нямодна, i мама, напэўна, першая пасмяялася б. На твары яго застыў спакой, не было нi пячацi страху, нi пячацi пакут. Вiдаць, ён памёр адразу. Толькi чамусьцi пасiнела левая скроня. Я спытала ў начальнiка палiцыi Магнатава, куды трапiла куля. Ён пацiснуў плячамi.

"У сэрца. У самае сэрца, – адказаў адзiн з тых, што не адыходзiлi ад мяне нi на крок. – Бандыты стралялi ва ўпор".

Да мяне падыходзiла ўся здраднiцкая сволач, выказвала спачуванне. Раней яны здавалiся мне смешнымi i дурнымi, гэтыя людзi. У той дзень я адчула, што такое нянавiсць. О, як я iх ненавiдзела! Мне хацелася пляваць на iх, бiць па мордах. Але я маўчала. Я мусiла маўчаць.

Калi з'явiўся фельдкамендант, пстрыкалi фотаапараты. Ён не падышоў да мяне. Спачуванне паднёс перакладчык. Мне запомнiўся позiрк афiцэра-гестапаўца. Ён доўга сачыў за мной, i я адчула гэты позiрк. Глянула на яго. Якiя ў яго былi вочы! Ён усё ведаў i смяяўся, злосна, нахабна, пераможна. Вочы яго смяялiся.

Скажыце, навошта iм спатрэбiлася гэтая камедыя з пахаваннем?

Зося змоўкла i чакала адказу ад Шыковiча: на яго глядзела. Адказаў Яраш:

– Правакацыi былi розныя. У залежнасцi ад фантазii таго, хто iх арганiзоўваў. Бругер быў з фантазiяй, я ведаю.

– У маi сорак трэцяга Бругера ўжо не было, – удакладнiў Шыковiч. Начальнiкам гестапа быў Гiльберт, штурмбанфюрэр.

– Вы таксама былi ў падполлi? – здзiвiлася Зося.

– Не. Я пiшу кнiгу, а таму мне трэба дакладна ўсё ведаць.

Маша, выкарыстаўшы паўзу, прапанавала:

– Я вам падам каву.

– Але, але, – падтрымала Зося.

– Стамiлася? – ласкава спытаў Яраш. – Дай руку.

Можа, ад таго, што ён нечакана сказаў ёй "ты", яна зардзелася, засаромелася.

– Не, не.

Антон Кузьмiч падняўся з крэсла, палiчыў пульс. Шыковiч убачыў, што доктар застаўся давольны яе пульсам. А Зося, як бы iмкнучыся даказаць, што ёй гэта няцяжка, пачала расказваць далей, не зважаючы на тое, што Маша хадзiла, звiнела шклянкамi.

– Я думала, што мне будзе ўсё адно – як пахаваюць. Хто пахавае, што будуць гаварыць... Я ведала, што гэтым не скончыцца. I рыхтавалася, збiрала сваю мужнасць. Але калi бацьку неслi на могiлкi, я ўбачыла, як глядзяць людзi... рабочыя. "Туды яму i дарога!" – вось як яны глядзелi. Мне зрабiлася балюча. Страшэнна балюча. I крыўдна. I страх апанаваў. Сэрцам я прадчула тое, што пасля здарылася. На могiлках я страцiла прытомнасць.

Днi тры ляжала ў Цiшчанкаў, знясiленая, прастуджаная, разбiтая. З кватэры не выходзiлi тыя двое – "апекуны" мае. Яны, Цiшчанка, уся зграя дамагалiся, каб я падпiсала пiсьмо ў рэдакцыю, у якiм гнеўна кляймiла, як бандытаў, партызан, што забiлi майго бацьку, невiноўнага чалавека, лекара, якi займаўся толькi тым, што пазбаўляў людзей ад цяжкiх хвароб. "Чаму вы не хочаце падпiсаць, панна Зося?" – здзiўлялiся яны.

"Яны заб'юць мяне".

"Мы вас схаваем у такiм месцы, куды не дабярэцца нiводзiн бандыт. Не бойцеся".

А Цiшчанчыха шаптала: "Не падпiсвай. Заб'юць", – i ўсё ўгаворвала ўцячы разам з ёй у манастыр. Дурная, яна не бачыла, як мяне ахоўвалi.

Яны перавялi мяне ў iх, нямецкi, гатэль. Памясцiлi з нейкай немкай. Па-расейску яна гаварыла дрэнна, але "апрацоўвала" мяне моцна. Нават пiльнавала ўначы – што я кажу ў сне? Пасля нават адпусцiлi дадому. Яны былi яшчэ ветлiвыя: "Не будзеце баяцца адна?"

"Не буду".

Спадзявалiся, што да мяне нехта прыйдзе. Можа, паспрабуе вывезцi ў лес. У iх нямала было клопату – сцерагчы мяне. Але нiхто не прыходзiў, i хутка iм абрыдла гэта. Тыя ж два "апекуны" адвезлi мяне ў гестапа. Спачатку допыт, колькi дзён пра адно i тое ж: хто прыходзiў да бацькi, з кiм ён сустракаўся, як ён жыў i гэтак далей. На другi дзень тое ж самае ў iншым парадку – каб заблытаць. Потым вочныя стаўкi. Каго я пазнаю з гэтых людзей. Прыводзiлi чалавек пятнаццаць. Я пазнала толькi адну жанчыну, сястру з дзiцячай бальнiцы. Але яна глянула на мяне вельмi варожа, i я не прызналася, што ведаю яе. Калi прывялi Васю, я не магла адмаўляць наша знаёмства. Сказала, што гэта шафёр бальнiчнай машыны. Вася, збiты, сiнi ўвесь, прыветлiва кiўнуў галавой: ён ухвалiў маё прызнанне.

"Ён часта прыязджаў да вас?" – спытаў следчы.

"Не вельмi часта", – адказала я.

"Чаму ў той дзень, перад забойствам, ён прыязджаў тройчы?"

"Прывозiў бацьку. Потым бульбу. Мяшок".

"А яшчэ каго?"

"Тры мяшкi партызан", – засмяяўся Вася.

Гестапавец ударыў яго па твары. Я заплакала. Вася крыкнуў:

"Нiчога, Зоська! Не гаруй. Мы яшчэ патанцуем на тваiм вяселлi!"

Я пачала пратэставаць. Чаму мяне трымаюць у гестапа? Завошта? Гэта бесчалавечна! Такое гора, а мяне дапытваюць, як злачынцу. Я буду скардзiцца!

Тады з'явiўся той афiцэр, што глядзеў так на пахаваннi.

"Яна не ведае, чаму яе трымаюць тут? Няшчасная дзяўчынка!" – здзеклiва кiнуў ён па-нямецку. Потым сеў за стол, палажыў перад сабой пiсталет. Злосна сказаў цераз перакладчыка: "Даволi гэтай дурацкай камедыi. Ты добра ведаеш, чаму цябе трымаюць. Твой бацька быў звязаны з партызанамi. Ты памагала яму. У вас хаваўся камiсар. Мы злавiлi яго. Ён ва ўсiм прызнаўся".

"Хто ж забiў майго бацьку?"

Ён падскочыў:

"Шкадую, што гэта зрабiў не я!"

"А хто?"

"Яна што, вырашыла дапытваць мяне?" – спытаў афiцэр у перакладчыка. Я сказала па-нямецку:

"Я хачу знаць, хто забойца майго бацькi. А камiсара вы выдумалi. Калi Грот, хiрург шпiталя, i ёсць той камiсар, тады так, ён хаваўся ў нас".

Ён наблiзiўся да мяне, доўга i пранiклiва глядзеў у твар, у вочы. Потым расцёр у мяне на шчацэ запаленую цыгарэту. Працадзiў праз зубы:

"Ах, з якой асалодай я распяў бы цябе, сучка, на крыжы. Але сёння мне не да цябе. Табой я займуся пасля. Падумай над сваiм лёсам", – i двойчы моцна ўдарыў па твары.

На шчасце маё цi на няшчасце, гэты больш мной не займаўся. Дапытваў другi афiцэр. Я ўсё адмаўляла. Бiлi. Не, не моцна. Адзiн раз толькi драўлянымi абцугамi цiснулi пальцы. Гэта балюча. Пальцы i цяпер баляць.

Зося падняла левую руку, паварушыла пальцамi.

– Што ж вы не сказалi мне? – дакорлiва пакiваў галавой Яраш.

– Яны баляць, калi ўспомню. А так нiчога. У лагерах таксама бiлi. Бiзунамi. Гумавымi палкамi. Мяне нядоўга трымалi ў турме. Тыднi два. А потым лагер пад Баранавiчамi. Потым Майданак... Пасля... Я ўжо нават не помню iх, усiх лагераў, у якiх была. Мяне чамусьцi часта пераводзiлi. Апошнi – жаночы лагер пад Гiсенам. Нас вызвалiлi амерыканцы...

Вельмi можа быць, што яна ўсё-такi стамiлася, а таму спяшалася як можна хутчэй скончыць свой расказ. Маша гэта адчула першая i шумна пляснула ў далонi, як бы ставячы кропку:

– Таварышы, астывае кава.

24

Завод абавязаўся выканаць дзесяцiмесячны план да адкрыцця з'езда. Цэхi, змены, брыгады неслi перадз'ездаўскую вахту. Знешне як бы нiчога не змянiлася. Хiба толькi абнавiлiся лозунгi i заклiкi. I больш iх стала ўсюды – на прахадной, у заводскiм двары, у цэхах, у сталоўцы, у канторы. Але нават Славiк з яго двухмесячным стажам адчуў новы рытм у рабоце. Менавiта рытм, бо раней нямала было i аўралаў. Добрыя i шчырыя працаўнiкi мусiлi часам прастойваць праз тое, што недзе нехта нешта недарабляў – цi забеспячэнцы, цi транспартнiкi, канструктары, цi лiцейшчыкi, механiкi, цi планавiкi. Зборшчыкам, якiя, па сутнасцi, завяршалi працэс вырабу станка, гэтае "нешта недзе" больш, чым каму, давалася ў знакi. Славiк неаднойчы ўжо чуў, як хлопцы з яго брыгады скланялi механiкаў. А тыя ў сваю чаргу валiлi вiну на каго-небудзь другога. Але вось ужо колькi дзён усё iдзе як па масле. Без запiначкi. Хлопцы працавалi з вясёлым уздымам. Гэты ўздым захапiў i Славiка. Яго менш вучылi, больш даручалi работу, якую ён мог ужо выконваць самастойна. Гэта яму падабалася, i ён рабiў даволi старанна. Работа зборшчыка такiх унiкальных, несерыйных станкоў тым i цiкавая, што яна рэдка паўтараецца, што кожны дзень i кожную гадзiну прыходзiцца рабiць нешта новае.

Славiк заўсёды ставiўся скептычна да розных лозунгаў i заклiкаў. А цяпер хадзiў i ўважлiва перачытваў цытаты з праекта Праграмы, як бы хочучы знайсцi тыя словы, якiя прымусiлi ўсiх, ад вахцёра да Галыгi, вось так працаваць па-новаму. Нават у сталоўцы сталi лепш кармiць. Славiк неяк сказаў у часе абеду сваiм хлопцам:

– Архiмеды, растлумачце мне, чаму ў вас не могуць увесь час вось так працаваць – роўна, рытмiчна, каб не псаваць людзям нерваў.

– Пачынае думаць хлопчык, – кiнуў Косця, калi Славiк, выслухаўшы супярэчлiвыя адказы, пайшоў у буфет купляць папяросы.

– Толькi ўсё ў яго вось так, – Ходас дастаў правай рукой, цераз галаву, сваё левае вуха.

Генрых далiкатна, двума пальцамi, паправiў пазалочаныя акуляры. Хмыкнуў:

– Але ж i артадокс ты, Iван. Быць табе прафсаюзным лiдэрам, бо ад усяго складанага ты ўмееш адмахнуцца.

А Славiк задаў пытанне, на якое не так проста адказаць.

– Адзiн дурань можа спытаць такое, што не адкажуць сто разумных.

– Але няхай яны паварушаць мазгамi, разумныя, – нечакана i чамусьцi злосна сказаў Тарас. – А то ў нас, сапраўды, некаторыя толькi перад святамi запускаюць вось гэтую "кiбернетычную машыну", – ён пастукаў пальцам па лбе, на поўны ход.

Ходас не адразу зразумеў, каго падтрымлiвае брыгадзiр. А Генрых пускаў з акуляраў вясёлых зайчыкаў на твары сяброў.

– Прычын арытмiчнай работы завода – адна тысяча дзвесце сорак чатыры i шэсць дзесятых. Каб мы з табой, Iван, iх выявiлi, раскрылi i апiсалi, нам можна было б прысвойваць дактароў навук.

– У тым i бяда, што мы iх не выяўляем, – сказаў Тарас ужо лагодна, без злосцi.

– А давайце зробiм пачатак! – Косця любiў выказваць самыя нечаканыя прапановы i сам жартаваў з гэтага: "З сотнi хоць адна ды будзе разумная". – А каб не выяўляць усiх тысячы двухсот Генрыхавых прычын, выявiм адну: чаму цяпер усё пайшло нармальна?

– Вахта, – коратка i вычарпальна растлумачыў Васiль Лапацiн, вымакваючы хлебам рэшткi соўсу на талерцы.

– А Косця мае зерне...

– Адно? Я маю мяшок.

– Не блазнуй.

– Ён у Славiка вучыцца.

– Я ў тым сэнсе, – Тарас звяртаўся да Генрыха, ён быў iх "галоўны тэарэтык", – што прычыны арытмiчнай работы, можа, яны i выяўляюцца... А калi работа наладзiцца так, як у нас цяпер, усялякi аналiз канчаецца. Пачынаем славасловiць, раздаваць прэмii...

– Любiм "ура" крычаць, – азваўся Славiк, пачуўшы апошнiя Тарасавы словы. Кiнуў на стол пачак папярос. – "У нас не паляць", – прачытаў шыльдачку на сцяне i чыркнуў запалку.

– "Ура" вядзе на штурм, – сказаў Лапацiн, адстаўляючы нарэшце талерку. Не, Вера смачней гатуе.

– Таму, вiдаць, i крычым, што часта прыходзiцца штурмаваць, – засмяяўся Генрых.

– Вера гатуе смачней? – усумнiўся Косця, гарэзлiва падмiргнуўшы Генрыху. Той прыняў "эстафету", сказаў сур'ёзна, амаль трагiчным голасам, звяртаючыся да Тараса:

– Няшчасная. Я ёй не зайздрошчу.

Лапацiн, якi не адчуваў гумару гэтак жа тонка, здзiвiўся:

– Каму? Веры? Чаму?

– Паспрабуй нагатаваць на такога абжору, – блiснуў зубамi Косця.

– Ну i пустабрэхi!

– Трэба будзе пагаварыць на парткоме...

Славiку падабалася, што ў брыгадзе ўмеюць i пажартаваць i пагаварыць сур'ёзна, глыбока, i пераходы гэтыя ад жарту да сур'ёзнага i наадварот заўсёды нечаканыя, раптоўныя.

Увогуле яму ўсё больш i больш падабалiся хлопцы. Нават з Ходасам стала менш сутычак. Вось толькi з Тарасам...

...На другi дзень пасля "дуэлi" ён не пайшоў на работу. З такiм вокам сорамна было на вулiцу высунуцца, не толькi на завод. Усю ранiцу сварыўся з Iрай, якая даволi-такi злосна кпiла з яго "лiхтара", не верачы, што ён звалiўся з матацыкла. Пайшла Iра ў iнстытут – шукаў, куды мацi схавала каньяк. Перавярнуў усю кватэру. У шуфлядзе Iрынага стала, пад старымi канспектамi знайшоў яе дзённiк. З цiкавасцю чытаў. Дзяўчына пiсала пра сваё каханне, пра сваё жаданне адкрыцца яму i пра сваю боязь i сарамлiвасць зрабiць гэта першай. Славiк доўга не мог уцямiць, хто "Ён". Займеннiкi, што замянялi яго iмя, Iра пiсала з вялiкай лiтары.

"Звяртаецца, як да Бога", – смяяўся Славiк, пацiраючы рукi i каленi ад злараднасцi. Вось цяпер ён жыцця не дасць сваёй дарагой сястрыцы. Не, ён прымусiць яе служыць, як вернага сабачку, калi яна не хоча, каб ён выдаў яе тайну. Каб толькi яшчэ расшыфраваць яго iмя!

Нарэшце ён дайшоў да апiсання таго дня, калi ўся брыгада i Маша абедалi на дачы. Iра больш не хавала яго iмя.

Адкрыццё ашаламiла Славiка. Знiкла жаданне помсцiць сястры, кпiць з яе. Наадварот, стала шкада дзяўчыну. Уразiла Iрынiна празорлiвасць: "Я адразу адчула ў гэтай рудой сапернiцу. Маё няшчаснае каханне! Ты яшчэ не засвяцiлася для Яго i для ўсiх, а на цябе ўжо насоўваецца хмара".

Не, ён, Славiк, адпомсцiць яму – за сябе, за сястру!

Але прачытаўшы, ужо без асаблiвай цiкавасцi, яшчэ пару старонак дзённiка, ён разважаў iнакш.

А можа, лепш зрабiць так, каб Iрына адкрылася яму? Памагчы ёй. Тады можа здарыцца, што ён адмовiцца ад Машы.

Славiк лаяў сястру:

"Авечка! Да дваццацi двух год дажыла, iнстытут канчае, а паводзiць сябе, як сямiкласнiца. Уздыхае, дзённiчак пiша!.. Дурнiца!"

Узлаваўшыся, шыбануў тоўсты сшытак на ложак. Але праз хвiлiну з пэўнай павагай палажыў дзённiк назад у шуфляду.

"Усё пераблыталася. Сам чорт нагу зломiць. А "стары конь" скардзiцца, што няма цiкавых сюжэтаў. Залез у нейкiя архiвы i нi храна не бачыць вакол сябе. А тут такiя трыкутнiчкi будуюцца! Пра любоў трэба пiсаць, стары, калi хочаш, каб цябе чыталi", – глыбакадумна параiў бацьку. Дакараў мацi: "А гэтая маралiстка, як гусыня, толькi асцерагае: каб лiшняе з'елi дзеткi i лiшняе не выпiлi. Жратвы поўны халадзiльнiк, а каб хоць на кампрэс дзе стаяла – дык не. Куды яна дзявала каньяк? Няўжо вылiла? Бутэлькi няма", – злаваўся ён, не перастаючы шукаць.

Урэшце Славiк зразумеў, што ўсё гэта – пошукi каньяку (выпiваць яму зусiм не хацелася), развагi пра бацьку i мацi, пра Iрына каханне – не што iншае, як безнадзейная спроба адвесцi думкi ад галоўнага: што робiцца ў брыгадзе? Не прызнаючыся сам сабе, ён пакутаваў ад думкi, што Тарас усё раскажа i абураныя хлопцы выганяць яго. Са здзiўленнем ён упершыню адчуў, што яму шкада пакiдаць брыгаду. Куды ён пойдзе ад iх?

Калi пад вечар да яго заглянулi Косця i Генрых, Славiк спалохаўся: што яны хочуць? Што прынеслi? А калi хлопцы шчыра, па-сяброўску прывiталiся i Генрых сказаў:

– Ну як? Косцi цэлыя? Чорт вас нёс на гэтым матацыкле. Маглi насмерць разбiцца.

Славiк траха не падскочыў ад радасцi. Асаблiва яго здзiвiла i рассмяшыла, што яны аднолькава хлусяць, ён таксама плёў шафёру, якi падвозiў яго да горада, пасля сястры i бацьку, што ўпаў з матацыкла. Тое, што Iра i бацька, прыехаўшы з дачы, нiчога не ведаюць, супакоiла яго яшчэ ранiцай. Значыцца, Тарас расказаў адной мацi. Ну, мацi можна, у яе даволi педагагiчнай тактоўнасцi.

Даведаўшыся, як растлумачыў свае сiнякi Тарас, Славiк адчуў да яго павагу i падумаў: "Гэта па-мужчынску!" Каб ён ведаў, што гiсторыю з матацыклам выдумалi калектыўна, брыгадай... Спачатку Тарас растлумачыў хлопцам пра свой сiняк проста:

– Ударыў адзiн п'яны дурань.

Але ўсё расказаў Косцю. Была ў гэтага смяшлiвага рамантыка дзiвосная прыцягальная сiла: усе яму давяралi свае самыя таемныя сакрэты i думкi. Косця сказаў, што сiтуацыя даволi сур'ёзная, а таму варта яе абмеркаваць у брыгадзе. Пасля змены ў тым жа пакоi iнтэрната за зачыненымi дзвярамi iшла гарачая размова.

Ходас даказваў, што Славiка трэба гнаць прэч, пакуль ён не зганьбiў брыгады.

Генрыху гiсторыя з "дуэллю" здавалася надзвычай вясёлай. Ён жартаваў:

– Ты ведаеш, я ўвесь час мару, каб хто-небудзь другi закахаўся ў Зою. Выклiкаў бы сапернiка на дуэль... Паказаў бы сваё рыцарства.

Вася прызнаўся, што ён таксама "заехаў аднаму па мордзе", калi той пачаў занадта завiхацца каля Веры.

– Жах, жах! – хапаўся за вушы Косця. – Выходзiць, усе вы з радзiмымi плямамi праклятага капiталiзму. Iвана салам не кармi, дай залезцi на высокую трыбуну. Славалюбства! Васiль баiцца ўласнай жонкi. Баязлiвасць! Брыгадзiр наш, замест таго каб правесцi выхаваўчую работу, выбiвае вучню скiвiцу... Адзiн я...

– Балбатун ты!.. Самая шкодная загана! Ты любую справу ўтопiш у словах. Кажы сваю прапанову.

– Статус-кво. Усе застаюцца, як у Берлiне да заключэння мiрнага дагавору. Вы ўпалi з таго матацыкла, на якiм я ўчора ездзiў да бацькоў.

Усiх рассмяшыла Косцева прапанова. З ёй пагадзiлiся. Паспрачалiся аб другiм.

Лапацiн прапанаваў, каб Тарас аб'явiў Машы байкот: няхай не водзiць адразу двух. Тарас пачырванеў, разгубiўся. Косця сказаў, што такiя пытаннi нельга вырашаць калектыўна.

– Дамаўлялiся, што ў нас не будзе тайны адзiн ад аднаго, – сказаў просталiнейны Ходас.

– Я не раблю тайны з таго, што Маша падабаецца мне, – адказаў Тарас. Але...

– Але, – падхапiў Косця, – гэта не значыць, што ён павiнен дакладваць нам, пра што гаварыў з дзяўчынай. Так можна дайсцi да таго, што патрабаваць у Васiля справаздачы, пра што ён шаптаўся ўначы з жонкай. Гэта будзе ўжо не дружба, а гвалт, прымус... Можна ўзненавiдзець адзiн аднаго!

– Тады як зразумець, што Шыковiч працуе ў брыгадзе, а жыве, як воўк? I ўчынкi воўчыя. А мы гуляем у хованкi. Я супраць любога iндывiдуалiзму! – Ходас нiколi не ўмеў так ясна аргументаваць свае думкi, як гэта рабiў Косця, гаварыў траха не лозунгамi i ў сваёй упартасцi часта быў непаслядоўны.

– Нiкога нельга абавязаць быць шчырым i адкрытым, – падсумаваў Тарас. Славiк павiнен паверыць у нашу шчырасць.

Ён сказаў гэта i спалохаўся: а як яму, брыгадзiру, праявiць сваю шчырасць пасля таго, што здарылася?

Славiк таксама iшоў на працу са страхам: як яны сустрэнуцца? Не, нiчога. Працягнулi рукi адзiн аднаму, усмiхнулiся. Знешне як быццам нiчога не змянiлася. Знешне...

А што рабiлася ў кожнага ў душы?

Тарас стараўся перамагчы сваю непрыязнасць. Але пакутаваў ад рэўнасцi. Яму здавалася, што Маша сустракаецца з iм рэдка, неахвотна i сумуе, калi яны ходзяць па асеннiх вулiцах. Яму рабiлася таксама сумна. Ён падазраваў, што яна не перастае сустракацца са Славiкам, хоць яна запэўнiвала, што пасля таго нi разу не бачыла маладога Шыковiча. Але Тарасу ўспамiналася, як весела i легкадумна яна смяялася, калi ён расказваў ёй, што ў iх адбылося. Безумоўна, ёй падабаецца вось такi вясёлы, бесклапотны рызыкант i пазёр. То няхай бы сказала! Тарасу да болю было крыўдна: чаму яна, якая здалася яму такой разумнай, не хоча быць з iм да канца шчырай? Калi ў яе сэрцы няма кахання, ён згодзен застацца добрым сябрам. Абы была шчырасць.

А Маша не хлусiла.

Славiк званiў ёй, дамагаўся спаткання. Яна са смехам адказала, што баiцца яго: "Яшчэ застрэлiш".

Рэўнасць яго патухла разам з "лiхтаром" пад вокам. Але такi яе адказ моцна закрануў самалюбства.

"Ага, сабака, расказаў! Чакай жа!" – зноў узлаваўся ён на Тараса. Не верыў яго добразычлiвасцi. Ставiўся з падазронасцю. Чапляўся без усялякай прычыны.

– Ты чаму глядзiш на мяне так? – спытаў ён аднойчы ў Тараса, калi яны выпадкова апынулiся ў цесным праходзе памiж станкамi-волатамi. Вось тут бы iм i пагутарыць па шчырасцi. Дык не – у кожнага гонар.

– А як я гляджу на цябе?

– Як? Як воўк на авечку. З такiм замiлаваннем.

– Хачу з'есцi.

– Паломiш зубы.

– Дурны ты, Слава.

– Ты вельмi разумны.

Над iх галовамi з грукатам прайшоў кран. Славiк падскочыў, схапiўся за крук i ўскочыў на станок.

Нiна спынiла кран, высунулася з будкi, махала кулаком. Славiк пасылаў ёй паветраныя пацалункi. За такую хлапчуковую выхадку трэба добра прабраць. А ён, брыгадзiр, не можа. Не можа сварыцца, каб не ўскладняць адносiны. Тарас упершыню падумаў, што, вiдаць, Ходас мае рацыю: такога не перавыхаваеш. Можа, усё было б добра, каб не яна, Маша. Стала яна памiж iмi.

Нiнка спусцiлася са сваёй будкi, закрычала на ўвесь цэх:

– Калi вы камунiстычная брыгада, дык i паводзьце сябе па-камунiстычнаму. Я праз дурняў у турму не хачу садзiцца.

На гэты раз Косця i Генрых, якiя добраахвотна шэфствавалi над Славiкам, добра-такi намылiлi карак яму.

А на другi дзень Славiк запрасiў Нiнку ў кiно. Яна доўга вагалася. Але яе нiхто яшчэ з хлопцаў нiколi не запрашаў. I яна не ўтрымалася ад такой спакусы. Хiба мала пiшацца ў кнiжках, паказваецца ў кiно, што любоў пачынаецца са сваркi?

25

Канец верасня выдаўся надзiва цёплы. Здавалася, вярнулася лета, сапраўднае, не бабiна. Зацвiталi вiшнi. У лесе быў небывалы ўраджай грыбоў. Гараджане хлынулi ў лясы. Перапаўнялiся аўтобусы, рабочыя цягнiкi. Пачалася проста-такi грыбная лiхаманка – хто збярэ больш i лепшыя. Але калi многiя выязджалi толькi таму, што было чым пажывiцца, то такому старому палымянаму грыбнiку, як Яраш, гэта прыносiла сапраўдную асалоду, шчасце, лепшы адпачынак. Выкарыстоўваючы Шыковiчаву машыну, ён выязджаў у лес двойчы на дзень: на досвiтку, да работы, i адвячоркам, пасля работы. Звычайна стрыманы ва ўсiм, што датычылася яго асабiста, тут ён з хлапчуковай радасцю хвалiўся ў бальнiцы персаналу i нават хворым сваiмi грыбнымi зборамi. У яго пыталiся ў калiдоры, як толькi ён з'яўляўся акуратна без дзесяцi дзевяць, свежы, памаладзелы, прапахлы хвояй i грыбамi:

– Колькi сёння, Антон Кузьмiч?

– Сто дваццаць тры! Ды каб вы пабачылi якiя! – I пачынаў распiсваць, як сядзела сям'я грыбоў – дваццаць сем штук! – вакол аднаго маладога дубка. Небывалая з'ява! Варта напiсаць у "Огонек". I тут жа лаяў браканьераў, якiя вырываюць грыб з коранем. Напiсаў нават у газету: "Як трэба збiраць грыбы". Лаяў газету, якая выкiнула з яго допiсу расказ аб нараджэннi i жыццi грыба i пакiнула адны голыя парады. Траха не бiўся з Шыковiчам, якi сядзеў на дачы i цэлымi днямi пiсаў. Навокал дома, пад самым ганкам, растуць грыбы, а не выцягнеш яго – не выйдзе. Пакуль выканае норму, якую сам сабе ўстанавiў, зварыць абед, глядзi – i вечар.

– Галава дубовая! Куды ты спяшаешся? Хто цябе гонiць у шыю? Хопiць у цябе часу. А грыбы – адзiн тыдзень, i не будзе iх. Якi ты да д'ябла пiсьменнiк, калi не адчуваеш такога хараства?

– О, ты не ведаеш, якi я грыбнiк! Але мне здорава працуецца ў гэтыя днi. Пахаладае – зноў будзе крызiс, ведаю. Прыходзiцца выбiраць. – I, пахадзiўшы з сябрам гадзiнку, Кiрыла кiдаўся да рабочага стала.

Аднойчы, калi Яраш у перадаперацыйнай расказваў пра сваю чарговую грыбную ўдачу, Маша нясмела папрасiла:

– Антон Кузьмiч, вазьмiце нас з Зосяй як-небудзь.

Узяць Зосю?

Цудоўная думка! Ён жа думаў пра гэта сам, раней: трэба паназiраць, як паводзiць сябе адрамантаванае сэрца ў розных умовах. Да таго ж Зося, напэўна, даўно не бачыла лесу. Чаму не даць ёй гэтую маленькую радасць? У жыццi ў яе так мала было радасцi.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю