355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далонi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 8)
Сэрца на далонi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 21 октября 2016, 23:45

Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 27 страниц)

Шыковiч працаваў у сховiшчы, якое змяшчалася ў склепах былога аддзялення банка. Прасторныя сухiя склепы. У першы пасляваенны год камсамольцы разабралi банкаўскiя руiны i са старой цэглы на месцы трохпавярховага будынка змуравалi невялiкi аднапавярховы асабняк. Рэканструкцыя горада не кранула яго, бо стаяў ён у глыбiнi двара, пасярод квартала. Наперадзе вырас чатырохпавярховы дом. А гэты белы домiк стаяў у абкружэннi таполяў. Пасаджаныя ў сорак пятым годзе, яны разраслiся ў густы цянiсты сквер i ўсё навокал засыпалi пухам квеценi.

Шыковiч пайшоў да Сыраквашкi. Праз акно ўбачыў: стары ў белай кашулi сядзеў за сталом i, паглыблены ў працэс творчасцi, пiсаў, па-дзiцячы высалапiўшы кончык языка. Зрэдку нешта шаптаў. Кiрыла любiў назiраць людзей, калi яны заставалiся самi з сабой. Чалавек у такiм стане часта ператвараецца ў дзiця, нават тады, калi заняты сур'ёзнай працай. Шкада было турбаваць гэтага добрага дзядулю. Тым больш што Шыковiч за тыдзень ужо вывучыў: раней чым дазволiць зайсцi, Сыраквашка схавае ў шуфляду свой рукапiс, быццам ёсць нешта злачыннае ў тым, што ён пiша. Сустрэне нахмураны, незадаволены.

Так i здарылася.

– Што ў вас там яшчэ? – буркнуў загадчык архiва, зачыняючы шуфляду на ключ.

– Мiна Азаравiч, скажыце, калi ласка, якая ў вас сiстэма падбору дакументаў? Вось на гэтым некалькi нумароў. А цi не сказана дзе-небудзь у вопiсу, хто пiсаў гэты дакумент? Чаму ён трапiў у гэтую папку, а не ў якую-небудзь другую?

Сыраквашка ўзяў папку, прачытаў напiсанае i лёгка свiснуў, ён адразу зразумеў, чаму Шыковiча зацiкавiла гэтая маленькая паперка.

– Тут яна, брат, ляжала першапачаткова, тут мы яе i пакiнулi. А хто яе пiсаў – гэта трэба ўстанавiць.

– Як?

– Самы просты спосаб – па почырку. Шукай гэты ж почырк.

Шыковiч спусцiўся ў сховiшча i перагартаў усе дакументы брыгады перапiсаныя ад рукi зводкi Саўiнфармбюро, загады, рапарты, радыёграмы, данясеннi сувязных, "баявыя лiсткi", пiсьмы, нават iнтымныя. Такога почырку больш не сустрэлася. Ён пакiнуў архiў расчараваны.

А калi прыйшоў сёння ранiцай, Сыраквашка сустрэў яго ў скверыку. У старога быў таямнiча-задаволены выгляд. Але сказаў ён толькi ў сваiм кабiнеце:

– А ў мяне для вас ёсць падаруначак, Кiрыла Васiльевiч. Я, здаецца, устанавiў, хто пiсаў той дакуменцiк. Пракоп Варава, першы камiсар атрада iмя Чапаева.

Шыковiч зразумеў, што заразiў загадчыка архiва сваiмi пошукамi, што Сыраквашка стаў яго лепшым памочнiкам. Нялёгка было ў сотнi папак адшукаць другую паперку, напiсаную тым жа почыркам. Мабыць, да позняй ночы сядзеў чалавек у сховiшчы, слепячы пры электрасвятле стомленыя слабыя вочы. Але калi Шыковiч горача падзякаваў яму, Мiна Азаравiч збянтэжыўся, як дзяўчына.

– Што вы, Кiрыла Васiльевiч! Мой абавязак. Агульная справа. Вам трэба дзякаваць, што ўзялiся за такую працу.

"Дзiўнае пакаленне! – падумаў Шыковiч, любуючыся на старога камунiста. Якая адданасць справе! Я ўчора ўвечары купаўся, лавiў рыбу, а ён вось сядзеў, шукаў..." – i яму нават зрабiлася нiякавата.

Вараву Шыковiч помнiў па кнiзе Гукана. Там яму адводзiлася некалькi старонак як аднаму з арганiзатараў партызанскага атрада iмя Чапаева, якi потым вырас у праслаўленую брыгаду. Гэта быў цiкавы чалавек. Дырэктар кандытарскай фабрыкi, ён яшчэ да акупацыi мясцовасцi пайшоў у лес, стварыў атрад. Камандаванне атрадам Варава пасля перадаў маёру-акружэнцу, а сам застаўся камiсарам. Дык вунь з кiм звязаны гэты таямнiчы Доктар! Чапаеўцы базiравалiся няблiзка, кiламетраў за семдзесят ад горада, у Клiмаўскiм лесе. У розныя бакi i па розных лiнiях iшлi сувязi падпольшчыкаў з партызанамi.

Шыковiч з нецярплiвасцю чалавека, якi вось-вось дасягне мэты, пачаў праглядаць дакументы гэтай брыгады. Чытаў, захапляўся: якая крынiца сюжэтаў! Якiя характары вырысоўваюцца з гэтых скупых звестак аб людзях! Але дзiўна пра сувязi з людзьмi горада часта ўспамiналася, аднак нiводнага канкрэтнага дакумента няма, не называецца нiводнае сапраўднае iмя. Пра Доктара даследчык знайшоў яшчэ адзiн толькi ўспамiн. Цiкавы i арыгiнальны. У расшыфраванай запiсцы ўсё той жа сувязной Марусi. Яе рукой было напiсана:

"Добры дзень, цётка Параска!

Паведамляю, што яйкi твае 43 штукi, 4 кг парэчкi, 1 кг масла, 2 лiтры смятаны я прадала. Узяла 180 марак, на нашы грошы гэта 1800 рублёў. Купiла 7 кавалкаў мыла i 3 катушкi нiтак. Бульбу 12 кг аддала дзядзьку Карнею, ён паабяцаў пашыць табе сак. Кланяецца ён усiм нашым нiзка, а таксама цётка Наста. Яна хворая, у яе грыжа. Будуць рабiць аперацыю. Дзядзька прыедзе на тым тыднi, у сераду. Мяне з работы не адпускаюць да 24.

Цалую. Твая пляменнiца Маруся".

Унiзе гэтай пажаўцелай пакамечанай паперкi рукой Варавы напiсаны спачатку лiчбы:

"34, 14, 82, 08, 37, 21,

42-17, 9, 81, 93.

Доктар перадаў: шаснаццаць чалавек вывезены за горад у сераду. Сустракайце ў лесе каля Карнееўкi, суправаджае Насця. Разведчыкаў расстралялi. Вечная слава вам, дарагiя мае хлопчыкi!"

Шыковiч убачыў па лiтарах, як задрыжала рука мужнага, энергiчнага, вынаходлiвага чалавека – Варавы, калi ён пiсаў гэтыя апошнiя словы, што вынiклi не з кода, а вырвалiся з сэрца: "Вечная слава вам, дарагiя мае хлопчыкi!"

Такой была барацьба, пра якую мы пачынаем забываць!

Асцярожнасць, хiтрыя коды, ключы да якiх наўрад хто знойдзе цяпер... I ўсё адно правалы, смерцi. Вораг быў таксама хiтры i каварны. Але нiшто не магло зламаць такiх, як Варава, як Маруся. Загiнулi разведчыкi – на iх месца пайшлi Маруся i Насця!

"Абавязкова напiшу пра iх", – вырашыў Шыковiч, седзячы ў задуме над гэтым дакументам.

Але хто яны, гэтыя дзяўчаты? Жывыя цi загiнулi? I хто такi Доктар? Адно чапляецца за другое. Але няма нi пачатку, нi канца. Трэба шукаць! Аднак дакументы далi ў гэтым сэнсе нямнога. Яшчэ адна запiска Варавы:

"Сяргей! Скажы Камарэнку, гэтаму чортаваму эскулапу, што, калi ён не аддасць Люцiкаву частку тых нямецкiх лякарстваў, якiя прыслаў "Хiрург", я яго расстраляю за невыкананне загаду. Жыла ён, iндывiдуалiст, сукiн сын!"

Лякарствы, якiя прыслаў "Хiрург"... Не Доктар, а "Хiрург". Але словы "доктар" Варава двойчы напiсаў без двукосся, а "хiрург" узяў у двукоссе. А калi меркаваць па ўсiм iншым, камiсар атрада быў акуратны i даволi пiсьменны чалавек. Дык як гэта зразумець, чаму ён па-рознаму пiсаў падпольныя клiчкi? Вельмi можа быць, што маецца на ўвазе адзiн i той жа чалавек. Але Доктар гэта для яго, Варавы, для Марусi, для вузкага кола тых, хто ведаў асабiста i трымаў сувязь з падпольшчыкам. "Хiрург" – для ўсiх другiх, напрыклад для лекара атрада Камарэнкi. Лякарствы мог прыслаць, безумоўна, толькi лекар цi аптэкар.

Ад доўгага чытання i напружаных думак у Шыковiча забалела галава. Не, даволi дакументаў! Гэта не яго стыхiя. Трэба шукаць жывых чапаеўцаў, яны скажуць больш. Ён выпiсаў з дакументаў дзесяткi прозвiшчаў. Дзе гэтыя людзi? Варава загiнуў у вераснi сорак другога... Красянкоў, камандзiр атрада, быў адклiканы ў Маскву. У папцы ёсць радыёграма Цэнтральнага партызанскага штаба. Дзе ён цяпер? Другiх чапаеўцаў ён, Шыковiч, не ведае. Як не ведае! А Гукан? Праўда, Сямён Парфёнавiч прыйшоў туды значна пазней, у пачатку сорак трэцяга, калi ўжо была сфармавана брыгада. Але камiсар мусiць ведаць пра тыя сувязi, якiя наладжвалiся атрадамi, што склалi брыгаду! Чаму ж Гукан нiчога не расказаў яму, калi яны працавалi разам, нi пра Доктара, нi пра "Хiрурга", нi пра Марусю? I нiчога не напiсаў у сваёй кнiзе. Малазначныя факты? Можа, толькi яму, Шыковiчу, чалавеку з фантазiяй, яны здаюцца цяпер незвычайнымi. А можа, тады, дзесяць год назад, не пра ўсё можна было пiсаць? Ва ўсякiм разе, як бы там нi было, а трэба пачынаць з Гукана. Пагутарыць шчыра, па-сяброўску. Выказаць свае сумненнi i здагадкi. Папрасiць парады. Урэшце, ён разумны чалавек i сам, напэўна, добра разумее, што ў кнiзе яго многа недакладнасцей, прабелаў i што любая добрасумленная праца цяпер, пасля XX з'езда партыi, больш аб'ектыўна асвятлiць той цi iншы бок усенароднай барацьбы з фашызмам.

Будучы чалавекам нецярплiвым, Шыковiч адразу ж з архiва накiраваўся ў гарсавет. У прыёмнай Гукана, як заўсёды, было многа людзей. Гарадскiя работнiкi. Усе па неадкладных справах. Большасць Шыковiча ведалi, прывiталiся ветлiва, але кожны ў душы стаiў незадавальненне яго прыходам: пiсьменнiк, якi дапамог Гукану напiсаць кнiжку, работнiк рэдакцыi, ён меў маральнае права пайсцi без чаргi. Яны не пярэчылi супраць гэтага яго права, але нiкому не хацелася сядзець у прыёмнай. Шыковiч i меўся з ходу праскочыць у кабiнет, але новая сакратарка затрымала яго:

– У Сямёна Парфёнавiча нарада гандлёвых работнiкаў.

– Ух, гэтыя гандляры! Толькi бясконца засядаюць. А гандляваць не ўмеюць.

Супраць гандляроў, якiя занадта доўга радзiлiся, настроены былi ўсе. Нехта прыгадаў фельетон Шыковiча аб адным старшынi райспажыўсаюза. Дырэктар пiўзавода пачаў падкiдваць фельетанiсту факты. Але Кiрылу гэта не цiкавiла, ён жыў вобразамi падпольшчыкаў, людзьмi, якiя паўсталi з дакументаў.

Дзяўчо, што сядзела на варце дзвярэй, было зусiм маладзенькае. Новенькая. Шыковiч падумаў пра яе з непрыяззю: "Прымасцiлася, каб адпрацаваць свае два гады. На завод не пайшла, чортава лялька".

I сярдзiта спытаў:

– Колькi iх там?

– Каго? Таварышаў з упраўлення гандлю? Трое.

– Дык якая гэта нарада! Iдзi ты, галубка, спытай у мэра, доўга нам чакаць? Скажы, Шыковiч пытае.

Пачуўшы знаёмае прозвiшча, дзяўчынка з цiкавасцю паглядзела на Кiрылу i паслухмяна нырнула ў будку: кабiнет, каб не пранiкаў гук, адгароджаны ад прыёмнай адмысловым збудаваннем, якое нагадвае кабiну на мiжгародняй тэлефоннай станцыi.

Неўзабаве адзiн за адным, усе з тоўстымi папкамi, з будкi гэтай вывалiлiся кiраўнiкi гарадскога гандлю. Следам за iмi з'явiўся сам Гукан. Стаў у дзвярах, высокi, у ботах, галiфэ, але ў добра скроеным пiнжаку, пры гальштуку. Наведвальнiкi паднялiся: цi не думае старшыня iсцi куды?

– Кiрыла Васiльевiч, у цябе доўгая справа? А то бачыш, колькi народу чакае.

– Ды я хацеў параiцца па адным пытаннi.

Гукан быў упэўнены, што Шыковiч прыйшоў з-за сына, хоць не разумеў, чым ён мог памагчы. Вызвалiць з-пад арышту – не яго кампетэнцыя. Ага, параiцца хоча. Было б несумленна ў такi час адмовiць яму ў сяброўскай парадзе цi прымусiць чакаць, пакуль ён, Гукан, будзе займацца справамi горада.

– Ну што ж, давай заходзь. Прабачце, таварышы, – звярнуўся старшыня да iншых.

– Калi ласка, Сямён Парфёнавiч, – адказаў за ўсiх адзiн.

Каб надаць гутарцы сяброўска-iнтымны характар, Гукан сеў не за свой рабочы стол, а з краю доўгага стала для пасяджэнняў, насупраць адчыненага акна, за якiм ласкава шапталiся каштаны. Яго адразу насцярожыў выгляд Шыковiча. Не падобны чалавек на засмучанага, расстроенага бацьку. Неяк зусiм iнакш узрушаны, ажно вочы блiшчаць.

Кiрыла выцягнуў з бакавой кiшэнi паперкi – копii, якiя спiсаў з архiўных дакументаў, разгладзiў iх на стале i, яшчэ нават не прысеўшы, спытаў:

– Сямён Парфёнавiч, вы добра ведалi Вараву?

Гукан адчуў нешта накшталт таго, што адчувае пасажыр, калi самалёт правальваецца ў паветраную яму.

"Што гэта ён? Заходзiць здалёк?"

– Якога? Таго?

– А хiба ёсць яшчэ якi Варава?

– Не. Але прозвiшча не такое ўжо рэдкае. Пракопа я ведаў. Да вайны яшчэ.

– Цiкавы чалавек быў. Праўда?

Цяпер усю ўвагу Гукана прыцягвалi паперкi, якiя Шыковiч усё яшчэ асцярожна разгладжваў. Не, гэта не старыя дакументы. Чысцюткая, дабротная папера, стандартныя аркушы, на якiх пiшуць у рэдакцыю.

– Цiкавы. Ты што, забыў? Я ж расказваў табе, калi...

Ён хацеў сказаць: "Калi мы пiсалi кнiгу" – i чамусьцi не сказаў, асекся.

– У вайну вы сустракалiся з iм?

– Аднойчы. На пасяджэннi абкома.

– Але пасля вы былi камiсарам брыгады, якая вырасла з атрада Чапаева...

– У брыгаду ўвайшло чатыры атрады i спецгрупа.

– Але штаб брыгады павiнен быў ведаць пра тыя сувязi, якiя наладжвалi атрады. Сямён Парфёнавiч, што вы можаце сказаць пра гэтыя вось дакументы? Я знайшоў iх у партархiве. Арыгiналы напiсаны Варавам.

Гукан узяў паперы, i яны затрымцелi ў яго руцэ.

"Хвалюецца стары", – адзначыў Шыковiч з павагай да чалавека, якога ўсхваляваў напамiнак пра загiнуўшага таварыша. Гукан падняўся i пайшоў да рабочага стала. Узяў там акуляры. Вярнуўся, сеў i доўга чытаў тры кароткiя запiскi.

– Хто такiя Доктар, "Хiрург", Маруся, Насця? Вось што мяне цiкавiць. Шыковiч iшоў, збiраючыся перадаць расказ Яраша, асаблiва тую частку, што тычылася Савiча. Сказаць, што жывая дачка доктара.

Гукан адарваўся ад папер, пранiклiва паглядзеў на пiсьменнiка праз акуляры, потым паверх iх. Пакачаў галавой, уздыхнуў.

– Не помню, брат. Марусь сувязных у нас быў добры дзесятак. Каторая з iх? Бачыш, што я табе скажу, Кiрыла Васiльевiч. Варава быў цiкавы чалавек. Але ў яго было многа дзiвацтваў. Не ў дакор нябожчыку. Была ў яго схiльнасць да розных прыгод, часам проста-такi авантурнага характару. Помню, яго на абкоме яшчэ прабiралi за нейкую рызыкоўную аперацыю. Ён стварыў такую заблытаную агентуру, навыдумляў столькi самадзейных кодаў i шыфровак, што пасля мы не маглi разабрацца, што да чаго. I разам з тым, я табе скажу, быў даверлiвы, як дзiця. Яго агенты потым правальвалi нашых людзей. Ды i сам ён загiнуў праз гэтую сваю залiшнюю даверлiвасць. Хацеў прыручыць ваўка. Пайшоў на сустрэчу з начальнiкам палiцыi. А той гад замест трох чалавек аховы, як дамовiлiся, узяў трыццаць. Зрабiў засаду. Яны ўжо сышлiся, пачалi гутарыць, як iх абкружылi. I Пракоп, каб не трапiць у iх лапы, узарваў гранату. У кiшэнi. Самога насмерць. Начальнiку палiцыi адарвала нагу...

Пра гэта Шыковiч ведаў. I пiсаў. Нiчога новага i нiчога такога... зняважлiвага для кагосьцi Гукан не сказаў. Аб'ектыўная спакойная ацэнка людзей i фактаў, якiя сталi ўжо гiсторыяй. Але, вiдаць, менавiта праз тое, што Гукан гаварыў пра Вараву, пра невядомых падпольшчыкаў i сувязных, як пра нейкiх далёкiх гiстарычных асоб, а ён, Кiрыла, апошнi тыдзень жыў з iмi, як з блiзкiмi i дарагiмi людзьмi, Шыковiчу расхацелася расказваць пра Савiча i Зосю. Забiраючы ад Сямёна Парфёнавiча паперы, ён таксама ўздыхнуў:

– Нялёгка, вiдаць, дакапацца цяпер да iсцiны.

Гукан зняў акуляры, працiраў пальцамi вочы, быццам вельмi стамiў iх, прачытаўшы тры запiскi. Спытаў:

– Дык, значыцца, сядзiш у архiве?

– Сяджу.

– Такiх дробных загадак там многа. I ўвогуле, Кiрыла Васiльевiч, – Гукан ускiнуў галаву, усмiхнуўся, – няўжо цябе не хвалююць праблемы сённяшняга дня, што ты залез у склеп да Сыраквашкi? Такiя падзеi! Да з'езда iдзём. Ды да якога з'езда! Чытаеш – дух займае.

– А гэтыя праблемы, – Кiрыла ляпнуў па згорнутых копiях, – па-вашаму, трэба пахаваць назаўсёды? – У голасе яго прагучала раздражнёнасць.

Старшыня чамусьцi адразу ўспомнiў пра ўчынак сына гэтага дапытлiвага даследчыка партызанскiх архiваў. "Навошта чалавек прытвараецца, што яго больш за ўсё цiкавiць сёння Варава, доктар i справы падпольшчыкаў?"

– Чаму пахаваць? Няхай капаюцца гiсторыкi, iх хлеб. А ў нас з табой даволi надзённых задач. Заняўся б ты сынам лепш. Во праблема!..

– А што з маiм сынам?

– Як што? Ты не ведаеш? Ай-вой-вой! Вось табе i на! Бачыш, да чаго давёў архiў. Дарожкi ў парку падмятае твой сын.

Шыковiч хацеў падняцца i не здолеў: невядомая сiла прыцiснула яго назад да крэсла. Ён адразу зразумеў, што значыцца "падмятае дарожкi". У той час калi ён з чыстымi думкамi i iмкненнямi робiць святую справу – уваскрашае справу герояў, што загiнулi за гэты вось ясны мiрны дзень, сын, яго любiмы сын, учынiў нешта бруднае, недастойнае. У першы мiг з'явiлася адчуванне, быццам на галаву вылiлi памыi, не, пляснулi нечым смярдзючым, слiзкiм, гiдкiм.

Гукан зразумеў, што ўдарыў у самае балючае месца. Ён не злараднiчаў, у яго таксама ёсць сыны, праўда, ужо самастойныя людзi. Паспрабаваў нават змякчыць:

– Але, падносяць нам дзецi сюрпрызы. Дзiўнае пакаленне расце...

Ён падняўся i адышоў да акна, глядзеў на каштаны. Яшчэ нешта гаварыў. Шыковiч не чуў. Следам за тым агiдным адчуваннем пачала расцi злосць. На Славiка. На Гукана. На Валю: яна больш за ўсё патурала капрызам дзяцей. На сябе: бязвольны чалавек, уласнага сына не мог выхаваць! Гукан папрасiў прабачэння i сеў за рабочы стол. Нацiснуў кнопку званка. Сказаў дзяўчыне, якая з'явiлася ў адзiн мiг:

– Хто там па чарзе? Прасi.

Шыковiч падняўся i, не развiтваючыся, пайшоў да дзвярэй.

– Заходзь, Кiрыла Васiльевiч. Я, можа, успомню прозвiшчы сувязных. Маруся, кажаш? Пазваню Ткачуку, начштаба нашаму...

На вулiцы, пад каштанамi, Кiрыла адчуў, што ўдарыла ў пот. Пацяклi раўчакi за каўнер, залiвала вочы. Нiколi не было ў яго такой патлiвасцi. I дзень нядушны. На сонца раз-пораз наплываюць хмаркi. Вецярок.

Кiрыла дастаў насоўку i пачаў старанна выцiрацца. Нейкi прахожы з усмешкай спытаў:

– Парылi, таварыш?

Не адразу дайшоў да сэнсу гэтых слоў. А калi дайшоў, Шыковiч кiнуўся прэч ад дзвярэй гарсавета. Але на скрыжаваннi вулiц спынiўся. Куды iсцi? Нейкае своеасаблiвае, бадай што незнаёмае пачуццё пацягнула ў парк.

"Пагляджу, цi ўмееш ты хоць падмятаць, сабачы сын. Рос як у Бога за пазухай. А вылупiўся на свет божы i не можаш кроку зрабiць па-чалавечаму... Як ты глянеш мне ў вочы? Я не скажу табе нi слова. Стану i буду глядзець... Падмятай!.. Падмятай!.."

Каля цэнтральнага ўвахода сляпiў вочы касцёр вялiкай клумбы. За ёй кветкавы дыван, перарэзаны чырвонай дарожкай з цаглянай крошкi. На гэтай дарожцы бабулi чамусьцi любяць катаць каляскi з дзецьмi. Магчыма, пад гэтае шарханне шын па дробнай цэгле дзецi хораша спяць. Цi, можа, i малых i старых ап'яняе пах кветак? Маладыя мацi, наадварот, забiраюцца глыбей, у цень, цi сядзяць каля фантана. Да глыбiнь гэтага вялiкага старога парку гарадскiя ўлады нiяк не дабяруцца. Iх за гэта крытыкавалi. А Шыковiч заўсёды лiчыў, што так лепш. Пачнуць добраўпарадкаваць – сапсуюць усю дзiкую непаўторную прыгажосць. Ён асаблiва любiў глухiя куткi за сажалкай. Але наўрад цi будуць падмятаць там. Таму ён спачатку абышоў усе дарожкi паблiзу, у культурнай частцы парку. Гулялi дзецi, драмалi на лавачках з газетамi на каленях пенсiянеры. Маладыя мамы чыталi тоўстыя раманы. Бабулi вязалi шарсцяныя чулкi. Дзiўна. Хвiлiны ўтрапення, разгубленасцi мiнулi, i ён усё востра прыкмячаў, усё фiксаваў у памяцi. Нават злосць знiкла. З'явiлася нешта зусiм iншае. Хацелася сустрэць сына, i расла боязь гэтай сустрэчы. На вузкiм мосце цераз роў ён спынiўся. Падумаў, што было б, каб з такой вышынi скочыць у зялёную ваду сажалкi, дзе цьмяна адлюстроўваюцца неба i старыя дрэвы, парэнчы моста i горда выгнутыя шыi лебедзяў.

Шыковiч любiў глядзець з вышынi на гэтых дзiўных птушак. Якая пастава! Плывуць – не варухнуць нiводнай пер'iнай, як мармуровыя. Гэтая iх паважнасць часта супакойвала. Але сёння – не. Усхваляванасць расла. I боязь. Ён амаль прымусiў сябе пайсцi далей па густа зацененай дарожцы. Толькi абышоўшы i гэтую палавiну парку i не сустрэўшы нiкога, акрамя дзвюх пар закаханых студэнтаў, Шыковiч з палёгкай уздыхнуў. Зразумеў, недарэчна шукаць сына тут; i добра, што ён не ўбачыў Славiка з мятлой у руках, пад вартай мiлiцыянера. Цяжка ўявiць, якое ўражанне гэта магло б зрабiць на яго ды на таго шалапута таксама. Невядома, цi ўдалося б яму стрымацца i нiчога не сказаць. Нельга, нарэшце, рабiць з арышту Славiка трагедыю. Зарабiў – няхай панясе кару. Што ён, аднак, натварыў? У рэдакцыi, напэўна, ведаюць.

У новым будынку трымаўся халадок i панавала цiшыня. Нават не чуваць было звыклага стуку машынкi. Бухгалтары, машынiсткi i кур'еры абедалi, як нiхто, дакладна ў пэўны час. Але ў гэты летнi дзень нават сакратары рэдакцыi не заседжвалiся ў кабiнетах. Калi толькi рабiлася газета?

Шыковiч падняўся на другi паверх, заглянуў у прыёмную рэдактара, у кабiнет намеснiка. Пуста. Зайшоў у свой пакой; загадчык аддзела таксама, вiдаць, абедаў. На яго стале ляжаў рукапiс, рэцэнзiя на прэм'еру абласнога тэатра, якая адбылася месяцы два назад: "Новы спектакль". Кiрыла злосна закрэслiў гэты недарэчны загаловак. I пачаў правiць тэкст, хоць гэта была зусiм не яго работа. Не пакiдаў жывога месца. Работа захапiла. Замест правiльнай, але прэснай жвачкi выходзiла жывое, дасцiпнае, едкае слова пра няўдалы спектакль. Ён быў добры чалавек, да таго ж ведаў, як нялёгка даецца ў мастацтве ўдача. Нiхто не ставiць сабе мэту зрабiць дрэнна. Ён не любiў пiсаць адмоўныя рэцэнзii. I ненавiдзеў людзей, якiя радавалiся няўдачы ў другiх, смакавалi правалы спектакляў i кнiг. А тут раптам, забыўшыся на ўласныя перакананнi, пiсаў надзвычай бязлiтасны водгук i, можа, упершыню рабiў гэта з задавальненнем.

У дзверы заглянуў Адам Рагойша, загадчык прамысловага аддзела, нiзенькi чалавек з мясiстым носам, шырокiм iлбом i дзiўнай лысiнай: звужанай наперадзе i шырокай на макаўцы, зверху гэтая лысiна нагадвала па форме i па ружовасцi чырву.

– Ты тут? – спытаў Рагойша, уваходзячы.

– Не, мяне няма.

Шыковiч не любiў гэтага чалавека. Не любiў за яго зайздроснасць. Рагойша зайздросцiў усiм. Яму, Шыковiчу, за тое, што ён мае права не сядзець у рэдакцыi, а пiсаць нарысы i фельетоны дома, ды яшчэ на дачы.

"Дай мне такiя ўмовы, i я напiшу не горш. Кожны напiша".

Зайздросцiў загадчыку сельгасаддзела Лапiцкаму, што ў таго пяцёра дзяцей, а ён, Рагойша, бяздзетны. Прыдзiрлiва, як следчы, аглядаў кожную новую сукенку i кофтачку карэктаркi Маi Гутар. Падазрона шаптаў: "Адкуль гэта яна бярэ? За свой заробак?" Яго чамусьцi многiя баялiся, нават рэдактар. Рагойша нямала пастараўся, каб нагнаць страху i на Шыковiча. Кiрыла неяк у кампанii пагразiўся, што зробiць Рагойшу персанажам сатырычнай аповесцi, нават прозвiшча не зменiць. Рагойшу гэта перадалi, i з таго часу ён пачаў шукаць дружбы.

Непрыязны адказ на недарэчнае пытанне сваё Рагойша прыняў як жарт. Засмяяўся. Сеўшы насупраць, глянуў у рукапiс, якi правiў Шыковiч, здзiўлена свiснуў:

– Вось аўтара гэтага сапраўды няма. Нi рожак, нi ножак не засталося. Хто пiсаў?

– Я.

– Сам сябе так правiш? – шчыра здзiвiўся Рагойша. – Ну-у? Здорава! – I пажартаваў: – Талстой. Толькi не Леў.

Але, вiдаць, усумнiўшыся, пацягнуўся да перагорнутых выпраўленых старонак, каб глянуць на тытульную. Кiрыла прыцiснуў старонкi локцем. Аўтарам рэцэнзii была супрацоўнiца рэдакцыi, да якой Рагойша ставiўся не надта прыязна. I Шыковiч не хацеў даваць яму лiшнi козыр супраць гэтай жанчыны. Рука Рагойшы застыла на стале, пальцы ляглi на рукапiс. Пасiнела ружовая пiка лысiны абразiўся чалавек, што Шыковiч, не жадаючы паказаць рукапiс, як бы выказвае яму недавер. Але Рагойша знайшоў выйсце з няёмкага становiшча. У левай руцэ ён трымаў кнiжку. I тут жа паклаў яе на стол. Гэта была аповесць Шыковiча, што нядаўна выйшла з друку. Кiрылу здзiвiла такая неспадзяванка. Ён адарваўся ад рукапiсу i пiльна паглядзеў у лупатыя, як у хворага на зоб, вочы Рагойшы. Вочы былi халодныя, а твар разрыхлiўся ад усмешкi.

– Вось купiў. Надпiшы на памяць. Сам не здагадаешся падараваць.

Кiрыла ведаў, што ў дадатак да ўсiх iншых сваiх якасцей загадчык прамысловага аддзела яшчэ i скупы, кнiгi купляе рэдка. А таму той факт, што ён купiў яго аповесць, прыемна ўразiў i нават закрануў аўтарскае самалюбства. Кiрыла адразу падабрэў. Узяў кнiжку, задумаўся, што напiсаць, каб не шаблоннае.

– Колькi ганарару адхапiў?

– Тры.

– На новыя? Ого! Куды ты дзяваць iх будзеш?

– Палавiну табе аддам.

I дзiўна, гэты, здавалася б, зусiм нявiнны жарт пакрыўдзiў Рагойшу. Ён усхапiўся з крэсла, тоўсты нос яго i вушы пабурэлi. Злосна кiнуў:

– Сынку свайму аддай. Яму на рэстараны трэба.

Не, не абразiла i не пакрыўдзiла гэта Шыковiча, а неяк балюча ўкалола. Ён раптам зразумеў, што зайздросны i крывадушны чалавек гэты зайшоў зусiм не за тым, каб атрымаць аўтограф, што ў душы ён радуецца непрыемнасцi са Славiкам. Абурэнне яго было дзiўнае – цiхае. Няхай бы ён лепш закрычаў, вылаяўся. Пры сваёй флегматычнасцi ён зрэдку-такi ўзрываўся i мог моцна крычаць, гэта ў рэдакцыi ведалi. Дык не ж, ён зрабiў нешта зусiм нечаканае i для самога сябе, i для Рагойшы, для ўсiх. Спакойна ўстаў з-за стала, падышоў да загадчыка аддзела, узяў за каўнер паласатага пiнжака, падвёў яго, страшэнна ашаломленага, да дзвярэй, ударам нагi шырока адчынiў iх i выкiнуў Рагойшу ў калiдор, як непатрэбную рэч. Зачынiў дзверы i зноў-такi даволi спакойна вярнуўся да стала. Цiхае кiпенне ўсярэдзiне пачало хутка ўтаймоўвацца. Прыгадаўшы, якi ў Рагойшы зрабiўся твар, калi ён узяў яго за каўнер, Кiрыла нават засмяяўся.

Хутка яго паклiкалi да рэдактара. У доўгiм i вузкiм кабiнеце акрамя рэдактара сядзеў дырэктар тэлестудыi Аляксей Тукала, стары прыяцель Шыковiча, некалi разам пачыналi пiсаць, разам працавалi многа год. Кiрыла ўзрадаваўся, што размова будзе не адзiн на адзiн i што нарэшце ён зможа высветлiць вiну сына. Тукала, напэўна ж, усё ведае.

Шыковiч, як звычайна, весела прывiтаўся. Але тое, што Аляксей, працягваючы руку, афiцыйна-ветлiва прыўзняўся, насцярожыла яго.

Няўжо Алёша Тукала падкрэслiвае дыстанцыю памiж сабой i iм, Шыковiчам? Смешна.

Не таму, што сумеўся, а знарок, каб паглядзець, што ж будзе далей, Кiрыла напусцiў на сябе выгляд вiнаватага – не павiтаўся з рэдактарам за руку, цiха сеў насупраць Тукалы, панурыў галаву: вось я, карайце! Але бачыў, што i дырэктар студыi i рэдактар разглядаюць яго з павышанай цiкавасцю.

"Алёшу ўразiла мая новая якасць – уменне выкiдваць з кабiнета дурняў", падумаў весела.

Жывiцкi – прынцыповы кiраўнiк i ўвогуле добрай душы чалавек. Ён цанiў людзей, якiя ўмеюць пiсаць, абараняў кожнага здольнага журналiста. Шыковiчам жа проста ганарыўся – не кожная газета мае такога нарысiста i фельетанiста. Нiколi ў адносiнах да яго не выяўляў сваю рэдактарскую ўладу. Таму i размову гэтую яму пачаць было нялёгка.

– Кiрыла Васiльевiч, скажы, калi ласка, што ў вас адбылося. Рагойша тут дакрычаўся да сардэчнага прыступу. Лекара выклiкалi. Заявiў, што пойдзе ў гарком...

– Няхай iдзе...

Мяккасць i асцярожнасць, з якой Жывiцкi пачаў сваю прамову, адразу зрабiлi Кiрылу сур'ёзным i злосным. Злосным на Рагойшу. Дзiўна, да слоў рэдактара ён не адчуваў гэтай злосцi.

– Не, ты чакай... З крыку Рагойшы я нiчога не зразумеў. Растлумач ты хоць, што ў вас адбылося.

– Нiчога не адбылося. Ён папракнуў мяне за сына. Я не ведаю яшчэ, што там натварыў мой сын. Але калоць мне вочы сынам я нiкому не дазволю! – цвёрда папярэдзiў ён, чамусьцi звяртаючыся да Тукалы.

Той як бы ўздрыгнуў, узняў галаву ад паперы, на якой рысаваў тоўстым сiнiм алоўкам кароткiх смешных чалавечкаў, пiльна паглядзеў на Шыковiча праз вялiкiя люстраныя акуляры, у якiх адбiвалiся вокны i дрэвы на вулiцы, сказаў:

– Але, накуралесiў твой Уладзiслаў.

– Што ён зрабiў?

– Напiўся. Прыставаў да ангельскiх турыстаў. Чаго ты лезеш да чужаземцаў? Што табе трэба ад iх? Раскрычаўся, што скiне на Ангельшчыну бомбу. Скажы, калi ласка, камандуючы ракетнымi войскамi! – абурана перасмыкнуў Тукала плячамi.

– Усяго? – мiмаволi вырвалася ў Кiрылы, бо сапраўды ён адчуў палёгку, даведаўшыся дакладна, што ўчынiў сын.

– "Уся-го"?! – Тукала падхапiўся, загрымеўшы крэслам, абурана кiнуў аловак, i шасцiграннiк пакацiўся па доўгiм стале з дробным стукам, але не ўпаў на падлогу, спынiўся на самым краi. – "Усяго"! Ты чуў, Станiслаў Iванавiч? З яго гэтага мала! Табе хацелася, каб ён перавярнуў рэстаран дагары нагамi цi забiў каго?..

Шыковiча напачатку мала закрануў крык Тукалы. Ён прасачыў, як кацiўся аловак, i сур'ёзна зацiкавiўся, якая перашкода спынiла яго на самым краi стала. Сказаў лагодна:

– Не крычы, Аляксей.

Але той ужо ўзрушана хадзiў па кабiнеце, зняўшы акуляры (мабыць, баяўся, што яны зваляцца) i размахваючы iмi.

– "Усяго"! Вось так мы выхоўваем моладзь! Пiшам адно... Шумiм пра высокiя матэрыi... А ўласныя дзецi...

У гэты мiг, мабыць ад Тукалавых крокаў, аловак звалiўся.

Шыковiч перавёў позiрк на свайго ўгневанага сябра, на яго маладжавы, заўсёды як бы загарэлы хударлявы твар з радзiмай плямкай на левай шчацэ, на прыгожую кучаравую шавялюру. Потым глянуў на рэдактара, якi слухаў з сумным i збянтэжаным выразам на змораным твары, убачыў яго парадзелыя светлыя валасы, вялiкiя залысiны. I чамусьцi ўспомнiў, што ўсе яны равеснiкi, рэдактар нават на год маладзейшы. Але лепш за ўсiх выглядае Тукала, здаецца, якiм быў гадоў дваццаць назад, такiм i застаўся, нават нiводнай сiвай павуцiнкi ў валасах. Падумаў непрыязна: "Умее сябе берагчы, чорт".

А Тукала ўсё больш разыходзiўся:

– ...Канешне, калi бацька будзе выкiдваць з кабiнета людзей, то сыну ёсць з каго ўзяць прыклад... Калi бацька сабе дазваляе...

Рэдактар зморшчыўся, быццам яму наступiлi на мазоль, i папрасiў:

– Аляксей Рыгоравiч!.. Пагаворым спакойна.

Тукала на момант асекся. Шыковiч глядзеў на яго цяпер так, быццам не пазнаваў старога сябра, з якiм з'еў не адзiн пуд солi. Сказаў з глыбока затоенай iронiяй:

– Значыцца, ты, Алёша, рашыў навучыць мяне, як выхоўваць дзяцей? Давай, давай...

Гэта быў тонкi намёк на тое, што Тукала некалi пакiнуў першую жонку з дзiцем. Ён зразумеў гэты намёк i закiпеў яшчэ горш. Але голас панiзiўся:

– Я не думаю цябе вучыць. Але калi ты лiчыш, што з цябе мала таго, што зрабiў твой сын, то з мяне гэтага – вось так. – Ён правёў далоняй па шыi. – Я не буду трымаць у сябе хулiганаў.

Ах, вось яно што! Нарэшце Шыковiчу ўсё стала ясна: Тукалу цяжка было паведамiць аб рашэннi звольнiць Славiка, а таму ён гэтак i нерваваўся.

"Баязлiвец! Атрымаў цёплую пасаду i забываеш, што ёсць звычайныя чалавечыя адносiны".

Раптам стала шкада сына: нельга караць двойчы за адну i тую ж вiну. Знявага да Тукалы расла, як снежны камяк. Кiрыла адчуў нават страх: не сарвацца б зноў. Падняўся, засунуў рукi ў кiшэнi, ступiў блiжэй да рэдактара пад яго спакой.

– Страхуешся? – спытаў знешне спакойна, але з'едлiва.

– Мне няма чаго страхавацца! – ужо без нервовасцi, паважна адказаў Тукала, надзеючы акуляры.

– Лягчэй за ўсё выкiнуць чалавека з калектыву, – уздыхнуў Жывiцкi. Нiколi не спяшайся...

– А што яму да чалавека!..

– Няхай пра такога чалавека падумае ў першую чаргу бацька!.. А калi бацька апраўдвае... Калi бацька паказвае прыклад... А потым ходзiць прасiць за сына... шукае яму цёплага месца...

Гэта быў подлы ўдар. Шыковiча перасмыкнула ўсяго. Ён не верыў сваiм вушам. Няўжо гэта кажа Алёша Тукала, якога яшчэ тыдзень назад ён запрашаў да сябе ў госцi? Слiзняк!

Халодная разважлiвая злосць апанавала Кiрылу. Цяпер ён рабiў усё свядома, з разлiкам.

Сумна пакiваў галавой.

– Столькi год я з табой сябраваў i не ведаў, што ты такая дрэнь.

Эх, як Тукала зноў падскочыў.

– Чуеце?.. Станiслаў Iванавiч!

– Хлопцы, як вам не сорамна, – паспрабаваў прымiрыць рэдактар.

– Цяпер разумею, што не зусiм таго, каго трэба, я выкiнуў за дзверы. Вось каго трэба! I не за дзверы. За акно. Дазволь, Станiслаў Iванавiч? – I Кiрыла пайшоў, каб абысцi доўгi стол.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю