Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 27 страниц)
Але разам з тым гэта настроiла яго на звыклую, крыху гумарыстычную разважлiвасць. Падумаў, як, напэўна, Антон i жанкi будуць кпiць з яго.
"Усё бярэшся апiсаць – нараджэнне i смерць, а сам не мог вытрымаць аперацыi".
Паглядзеў на гадзiннiк. Было адзiнаццаць. Каля дзвюх гадзiн ужо iдзе змаганне за жыццё чалавека. Не, ён усё-такi напiша пра гэтую аперацыю, хоць Яраш i не хоча, каб пра яго пiсалi. I не толькi пра аперацыю... Абавязкова напiша пра гэтую жанчыну. Пра яе жыццё. I пра бацьку яе!
Задумаўшыся пра сваю работу, Кiрыла Васiльевiч набыў душэўную раўнавагу i ўспомнiў, што на дванаццаць яго выклiкаюць на бюро гаркома.
12
У прыёмнай было нямнога народу, значна менш, чым звычайна, калi iдзе бюро. Чалавек сем панурых мужчын. Двое – знаёмыя Шыковiча: загадчык кафедры ў педiнстытуце Левановiч i галоўны архiтэктар горада Гамбiцкi.
Кiрыла прывiтаўся з iмi i з Ларысай Пятроўнай, сакратаркай. Гамбiцкi як сарваўся з крэсла, каб падаць руку, так i пакацiўся ад акна да дзвярэй, ад дзвярэй да акна. Ён сапраўды нагадваў шар, адглянцаваны, блiскучы, галава голая, як бубен, пiнжак на пузе выцерты аб чарцёжную дошку i такiя ж выцертыя штаны.
Кiрыла пацiкавiўся, чаго выклiкаюць.
Ларыса Пятроўна, сярэднiх год жанчына, стары работнiк, абвяла ў надрукаваным на машынцы парадку дня яго пытанне чырвоным алоўкам.
– "Аб выхаваннi дзяцей", – прачытаў ён уголас i не адразу зразумеў.
– За сыноў будуць пясочыць, – растлумачыў з кутка пануры Левановiч, доўгi, сутулы, з суровым тварам аскета, i цяжка ўздыхнуў: – Эх, сыны, чортавы сыны!
– Ясна, – па-сяброўску ўсмiхнуўся сакратарцы Шыковiч. Гэта яго не ўстрывожыла, за Славiка ён цяпер спакойны.
Да яго падкацiўся Гамбiцкi, выхапiў з кiшэнi вялiкую хустку, абмахнуў ёю твар.
– Дык у вас хоць сыны. А ў мяне – дачка... Дачка! – прашыпеў з гневам, з абурэннем, спалохам i пакацiўся да дзвярэй.
Было душна. Кiрыла скiнуў пiнжак, павесiў на крэсла. Гамбiцкi паглядзеў на яго спачатку са здзiўленнем, потым – з удзячнасцю. I тут жа сцягнуў з плеч свой цесны пiнжачок, якi трашчаў па ўсiх швах. I ажно павесялеў, няшчасны. Дагэтуль, мабыць, лiчыў, што здымаць пiнжак у гаркоме няёмка. Падкацiўся да столiка ў куце, нацiснуў клапан пустога сiфона, уздыхнуў, напiўся з графiна i зноў да Шыковiча:
– Растлумачце, чаго iм не хапае? Чаму яны растуць такiя, нашы дзецi?
– Дзецi як дзецi. – Кiрылу чамусьцi зусiм не хацелася разважаць на гэтую тэму. Раптам зноў прыгадалася аперацыя.
Загнаўшы машыну ў двор рэдакцыi, ён iшоў сюды цераз парк, пастаяў над абрывам каля ракi, углядаючыся ў засмужаную лугавую даль. Гэта хораша супакоiла, ён пачаў думаць пра свой "хiрургiчны" эксперымент з гумарам.
Аперацыя працягвалася, калi ён пайшоў з бальнiцы, – значыцца, усё ў парадку.
А тут – зноў перад вачамi сэрца. I трывога... Не, больш чым трывога. Амаль страх за жыццё жанчыны, якую ён упершыню ўбачыў на аперацыйным стале, але якая здавалася цяпер вельмi блiзкай i роднай, як сястра, як жонка, як дачка... Дзiўна.
Ён спытаў у сакратаркi:
– Ларыса Пятроўна, вы сэрца бачылi?
– Чыё? – усмiхнулася яна, вiдаць, думаючы, што ён спытаў з алегарычным сэнсам.
– Чалавечае.
– Бачыла. У анатамiчным музеi. Наглядзелася – тыдзень не магла есцi.
Кiрыла паморшчыўся; жаданне расказаць пра аперацыю адразу знiкла. Ён зноў застаўся сярод людзей у адзiноце са сваiм незвычайным, да болю вострым уяўленнем, прыгожым i страшным.
Пазванiў у бальнiцу. Дазванiцца туды было нялёгка: то нiхто не адказваў, то занята. Нарэшце адазвалiся.
– Скажыце, калi ласка, аперацыя скончылася? – спытаў ён далiкатна, ветлiва.
– Якая?
– Якую рабiў Яраш.
– Так.
– Як "так"? Што?
– Нармальна.
Сястра (цi лекар) адказвала голасам манахiнi – халодным, бясстрасным. Шыковiча гэта ўзлавала.
– "Нармальна"! Чорт бы вас!.. Калi вы навучыцеся адказваць па-чалавечы? Фармалiсты ў белых халатах! Паклiчце Яраша!
Голас адразу змянiўся, зазвiнеў ручайком: вiдаць, там, у бальнiцы, падумалi, што гаворыць нехта з высокага начальства.
– Антон Кузьмiч не можа падысцi. Ён у палаце. Каля хворай. Пасля такой аперацыi, зразумейце... Што перадаць доктару Ярашу?
– Вось так заўсёды гаварыце з кожным, хто вам пазвонiць.
Шыковiч паклаў слухаўку.
– Хто-небудзь з вашых блiзкiх? – спытала паўшэптам Ларыса Пятроўна.
Ён кiўнуў: але!
– Цяжкая аперацыя?
– На сэрцы. Набыты парок.
Яна ўстрапянулася, паглядзела на яго спачувальна. I ўсе, хто пачуў, таксама зацiкавiлiся.
– Я магу сказаць Сяргею Сяргеевiчу, што ў вас такi дзень. Сказаць?
– Не, не трэба.
– Вас будуць крытыкаваць.
– Мяне заўсёды крытыкуюць. Такая ў мяне прафесiя.
Бясшумна адчынiлiся абабiтыя дэрмацiнам дзверы ў кабiнет першага сакратара. Групай вывалiлi работнiкi тэлестудыi: галоўны рэжысёр, сакратар партбюро, загадчыкi рэдакцый, акторы тэатра. Вiдно было, што iм не церпiцца пагаварыць, паспрачацца, таму i спяшалiся хутчэй у калiдор, на вулiцу. Толькi актор Павел Стэльмах затрымаўся, прывiтаўся з Шыковiчам за руку.
– А ты чаму не быў? Ты ж таксама сябра мастацкага савета.
– Хапае другiх клопатаў.
– Далi нам за перадачы для моладзi, – паведамiў шэптам, азiрнуўся на дзверы: – Тукала – дуб. Не слухаў мяне. Ну, будзь...
Шыковiча крыху закранула, што яго не запрасiлi на абмеркаванне работы тэлестудыi: ён з'яўляўся бадай самым актыўным сябрам савета.
"Хто гэта пастараўся? Тукала? Цi гаркомаўскiя "палiтыкi"? Каб перад персанальнай справай патрымаць для строгасцi ў прыёмнай?"
Ён не вызначаўся залiшняй самалюбiвасцю, але яго заўсёды абурала, калi дзе пачыналася палiтыканства – гульня ў важнасць i строгасць. А галоўнае, у яго ёсць што сказаць пра тэлеперадачы.
Ларыса Пятроўна сутыкнулася ў дзвярах з Тукалам. Той далiкатна ўступiў ёй дарогу ў кабiнет. Убачыўшы Шыковiча, Тукала прыветлiва, па-сяброўску ўсмiхнуўся i накiраваўся да яго. Але Кiрыла знарок адвярнуўся да акна.
"Што, накiвалi табе – лезеш цалавацца? Не, ты мяне папросiш яшчэ, кар'ерыст няшчасны".
– Заходзьце, таварышы, – запрасiла Ларыса Пятроўна.
Шыковiч рушыў першы, абмiнуўшы разгубленага Тукалу.
Павiтаўся з сябрамi бюро. Усе – знаёмыя людзi, з якiмi прыходзiцца сустракацца амаль штодня i якiя нязменна праяўляюць цiкавасць да яго працы шаблонным запытаннем: "Чым новенькiм парадуеш нас?"
Цяпер на яго "добры дзень" адказаў адзiн Тарасаў. Гукан не адарваўся ад папер i не глянуў нават. Затое сакратар гаркома камсамола Васiль Грыбок тарашчыў крыху лупатыя бясколерныя вочы з бесцырымоннай нахабнай цiкаўнасцю. Так глядзяць у судзе на злачынцу.
Шыковiча перасмыкнула ад гэтага.
"Што ты ўставiўся, як малады баран на новыя вароты?"
Сакратар па прапагандзе Тужыкаў таксама разглядаў Шыковiча праз свае вялiкiя, у рагавой аправе акуляры, але зусiм iнакш, бяскрыўдна. На прывiтанне ён адказаў кiўком галавы, сумна ўсмiхнуўся i цяпер як бы хацеў нешта падказаць цi здагадацца загадзя, пра што ён, Шыковiч, будзе гаварыць. Яму было балюча, што большасць з тых, каго сёння будуць слухаць па такiм незвычайным пытаннi, людзi iдэалагiчнага фронту, яго памочнiкi. Злосцi на iх сакратар не меў. Былы дырэктар школы, ён, магчыма, лепей, чым хто другi, ведаў, якая гэта складаная рэч – выхаванне дзяцей.
Дырэктара машынабудаўнiчага завода Лукашэнку нават самыя нечаканыя персанальныя справы мала цiкавiлi, калi яны не мелi дачынення да выпуску станкоў.
Лукашэнка быў сам канструктар i вынаходца i на ўсiх такiх пасяджэннях займаўся тым, што абдумваў дэталi новых канструкцый, занатоўваў у вялiкую запiсную кнiжку разлiкi i формулы. Ён адарваўся ад сваёй запiсной толькi таму, што сярод вiнаватых бацькоў быў iнжынер яго завода. Дырэктар дакорлiва пакiваў яму галавой. Пакуль рассаджвалiся, Гамбiцкi падышоў да Гукана i нешта шаптаў яму на вуха.
Тарасаў пачакаў, пакуль яны скончаць шаптацца. Не дачакаўся. Сказаў:
– Сядайце, таварыш Гамбiцкi. Архiтэктурныя справы вырашыце пасля, – i абвёў позiркам сваiх светлых вачэй усiх – i сябраў бюро i "падсудных". – З каго пачнём, паважаныя бацькi?
– Усё адно – з каго. Але я так мяркую, што пiсьменнiку нашаму належала больш, чым каму, задумацца над такiмi пытаннямi, – сказаў Гукан, зноў-такi нават не глянуўшы ў бок Шыковiча.
– Ну, што ж... Раскажыце, таварыш Шыковiч, як вы выхоўваеце сваiх дзяцей.
Кiрыла падняўся i... раптам адчуў, што не ведае, пра што гаварыць. Ён не вызначаўся красамоўствам увогуле. А ў такiх абставiнах – тым больш. Яму варта было, пакуль сядзеў у прыёмнай, прадумаць сваё выступленне. Але яго мала закранула, што выклiкаюць з-за сына. Хвалявала другое – аперацыя.
I цяпер зноў, узiраючыся ў шырокi добры твар Тарасава, Кiрыла бачыў... сэрца на далонi. На вялiкай, умелай, чулай, ласкавай далонi Яраша. I захацелася яму расказаць пра ўсё гэта сябрам бюро – пра Яраша, Зосю, пра чалавечае сэрца, якое можна адрамантаваць... Але ён усведамляў, што цяпер на хаду не знайсцi яму лагiчнай сувязi, "трывалага мастка" памiж адным i другiм i яго, безумоўна, не зразумеюць, падумаюць, чаго добрага, што ён знарок "расказвае казкi", "водзiць бюро за нос". З чаго ж пачаць?
Ажно ўспацеў ад думак. Дастаў хусцiнку i выцер лоб, шыю. Цяпер ужо ўсе, хто прысутнiчаў, глядзелi на яго, адны – з цiкаўнасцю, другiя – са спачуваннем, трэцiя – з трывогай. Ён стрэўся позiркам з Гуканам, той, можа, адзiн з усiх глядзеў амаль зларадна.
"Чаму?"
Успомнiлiся словы Гукана. З iх ён i пачаў упэўнена i смела:
– Але, Сямён Парфёныч, я многа думаў пра гэта. Вельмi многа. Не толькi як бацька, але як сябра партыi, грамадзянiн... Не здымаючы з сябе адказнасцi за паводзiны майго сына, я хачу разабрацца... пранiкнуць у сутнасць... з вашай дапамогай, таварышы: чаму сярод нашай увогуле здаровай, адданай партыi моладзi трапляюць вось такiя...
– Як ваш сын, – кiнуў Грыбок.
– Як мой сын. Хоць сын мой не самая небяспечная з'ява, як я разумею. Ёсць горшыя прыклады...
– Гаварыце за сябе. Па сутнасцi, – сказаў сакратар Чыгуначнага райкома Красоўскi, малады высокi брунет, апрануты ў асляпляльна белы, модна скроены часучовы касцюм. Шыковiч мала ведаў гэтага чалавека. Глянуўшы на яго, падумаў: "Сам ты ў студэнцкiя гады, вiдаць, быў хват", – i адчуў непрыязнасць, адказаў раздражнёна:
– Маё жаданне разабрацца – не па сутнасцi хiба? Я не буду апраўдвацца, але хачу сказаць: у тым, што мой сын вырас, на жаль, не такiм, якiм бы хацелася i мне, i грамадству, – не толькi вiна бацькоў... Думаецца, што ўсе разам мы робiм у гэтай важнейшай справе сур'ёзныя промахi... Школа, камсамол...
– Вы не ўмееце выхоўваць, а вiнаваты камсамол! Здорава! – хмыкнуў няўрымслiвы Грыбок.
Шыковiч глыбока ўдыхнуў гарачае паветра, якое гнаў у адчыненыя вокны лёгкi скразняк, i – быццам захлынуўся iм.
Тарасаў пастукаў алоўкам па стале, папярэдзiў:
– Таварышы, не перашкаджайце. Дайце яму сказаць.
Грыбок паслухмяна апусцiў галаву. Але Шыковiча ўзлаваў наскок гэтага маладога пеўня. I ён не стрымаўся, каб не спытаць уедлiва:
– А вы лiчыце, таварыш Грыбок, што гарком камсамола працуе iдэальна?
Грыбок змаўчаў. Адказаў Гукан, паважна, ветлiва:
– Кiрыла Васiльевiч! Гарком мы будзем слухаць асобна. А цяпер слухаем вас. I ў нас во колькi яшчэ пытанняў. – Ён паляпаў далоняй па стосе папер, што ляжаў перад iм, i адштурхнуўся ад стала, выпрастаўся ў крэсле; найвышэйшы ростам, як бы ўзняўся над усiмi i глядзеў паверх галоў.
– Але, – пацвердзiў першы сакратар з нечаканай строгасцю. – Без доўгай прэамбулы, таварыш Шыковiч.
– Добра, Сяргей Сяргеевiч. Як я выхоўваю сваiх дзяцей? Было б недарэчнасцю сказаць – абсалютна правiльна, бо абсалютна правiльнае выхаванне, у маiм разуменнi, само па сабе – абсалютнае глупства. Але я адно магу сказаць: у галоўным мы – я i жонка – нiколi не давалi дрэнных прыкладаў...
– У чым – у галоўным? – спытаў Гукан.
– У чым? Я быў дармаедам? Несумленным перад грамадствам, перад партыяй? Хiтраваў? Браў хабары? Жыў не па сродках? Вы мяне ведаеце, Сяргей Сяргеевiч. I вы, Сямён Парфёнавiч. Усю вайну я быў на фронце. Пасля настаўнiчаў. Жонка i зараз настаўнiчае. Можа, хто-небудзь скажа, што праца журналiста лёгкая?
– Чакайце, – перапынiў яго Тарасаў. – Чаму вы задаяце такiя катэгарычныя пытаннi? Нiхто не сумняваецца, што вы працуеце сумленна.
– Дык у чым жа заключаецца выхаванне дзяцей? Адносiны ў сям'i? Я жыў i жыву з жонкай, далiбог жа, душа ў душу. Абодва працуем. Паважаем працу адно аднаго. Скандалаў нашы дзецi не чулi. Калi спрачаемся, то па прынцыповых пытаннях. Мiж iншым, часцей за ўсё менавiта з-за гэтага самага выхавання. Яна педагог, i, думаю, нядрэнны. Але ў адносiнах сваiх дзяцей робiць тую ж памылку, якую робяць многiя мацi ў iнтэлiгентных сем'ях. Асцерагаюць ад фiзiчнай працы. "Я сама зраблю". Год дзесяць ужо мы не трымаем нават хатняй работнiцы. Прынцыпова. Усё робiм самi. I я не сказаў бы, што сын мой Уладзiслаў – гультай i лежабока. Безумоўна, занятыя працай, нешта мы прагледзелi. Пасля дзесяцiгодкi хлопец пачаў адбiвацца ад рук. За яго ўчынкi, i ў прыватнасцi за апошнi ўчынак, я бяру вiну на сябе. Вас не вiню, таварыш Грыбок, хоць мог бы сказаць пра работу камсамольскай арганiзацыi тэлестудыi. Няма там нiякай работы. Але пра гэта – пасля. А што датычыць майго сына, то думаю, што больш, таварышы, вы нiчога благога пра яго не пачуеце. Хлопец нарэшце трапiў у добрыя рукi – у брыгаду Ганчарова.
– На станкабудаўнiчы? – здзiвiўся Тарасаў i глянуў на Лукашэнку. Той нарэшце адарваўся ад сваiх формул.
– Да нас? Цiкава. – Аднак дырэктар зусiм не выказваў гэтым "цiкава" здзiўлення. Не. У яго быў свой погляд на моладзь: пасталеюць – паразумнеюць. Але затое ажно падскочыў уважлiвы Грыбок.
– Яшчэ як цiкава! Проста з турмы, без перасадкi, – у брыгаду камунiстычнай працы. Куды там глядзiць Клецень? Вы бачыце, Сяргей Сяргеевiч, што робiцца!
Шыковiч адчуў, што спiну яго, павернутую да акна, абадзьмуў халодны вятрыска, непрыемны, калючы.
"Няўжо яны супраць, каб Славiк быў у брыгадзе?"
Больш, чым пры любой другой акалiчнасцi дагэтуль, спалохаўся за сына. I разгубiўся. Як даказаць, што нельга выганяць хлопца з брыгады, куды ён пайшоў з радасцю. Што гэта не толькi жорстка i несправядлiва... Зноў – каторы раз ужо! – уявiлася жывое чалавечае сэрца. А слоў, важкiх, пераканаўчых, каб абаранiць сына, не было. Кiрыла пакутлiва шукаў iх.
Яму сказалi раз i другi: "Сядайце". Кiрыла дайшоў да сэнсу слова толькi тады, калi перад iм падняўся Гукан. Гаварыў старшыня роўна, не павышаючы i не панiжаючы голасу, нацiскi рабiў стукам алоўка аб стол, паўзамi. Атрымлiвалася важка, пераканаўча, салiдна.
Шыковiч, думкi якога насiлiся ад аднаго полюса да другога, успомнiў, што Кушнер, намеснiк старшынi гарвыканкома, камiчна перадае Гуканаву манеру выступаць, i не стрымаў усмешкi.
– ...Вы думаеце, калi працуеце вы, жонка, дык гэтага даволi? Не, Кiрыла Васiльевiч. У нас працуюць усе. Дармаедаў у нас адзiнкi. Але акрамя працы ёсць яшчэ маральныя прынцыпы, грамадскiя паводзiны чалавека... I яны часта з'яўляюцца рашаючымi ў выхаваннi дзяцей. Гляньце на сябе! Уважлiва гляньце на свае паводзiны! Вы аналiзуеце другiх – прааналiзуйце сябе. Вы здзiўляецеся, чаму ваш сын вырас такi? А я не здзiўляюся. Быццё вызначае свядомасць. Дабрабыт нашага народа расце. I я не супраць таго, што вы купiлi машыну. Трэба вам машына. Але на ёй ездзiць ваш сын.
– Я забаранiў яму.
– Ездзiў. Машына, лiшнiя грошы, кампанiя... Дзяўчаткi, выпiўкi... А ў бацькоў тым часам другiя клопаты. Машыны iм мала – трэба дача. Абуджаюцца дробна-ўласнiцкiя тэндэнцыi.
Шыковiч слухаў надзiва спакойна. Разумеў: Гукан "задае тон". Кiрыла ненавiдзеў гэты тэрмiн – "задаць тон", народжаны ў часы культу. Але ў такой сiтуацыi, вiдаць, iнакш нельга. Трэба пагаварыць з бацькамi такiх сынкоў з усёй суровасцю! Што ж, няхай сабе валяць на яго, што хочуць, – усё стрывае, абы толькi пакiнулi Славiка ў брыгадзе.
Тарасаў таксама не любiў "задавання тону". Ён, кiраўнiк новага тыпу, умеў i думаць i вырашаць па-новаму. Але i ён упачатку прыняў выступленне Гукана як зусiм натуральнае. Гукан выпраўляе сваю памылку. Яны, сябры бюро, не дамаўлялiся аб парадку – як заслухоўваць бацькоў, але вiдавочна, што пачынаць трэба было не з Шыковiча. Не самы небяспечны выпадак. I не той бацька. Яго разважлiвы роздум, трапныя адказы на заўвагi сябраў бюро ў нейкай меры згладзiлi вастрыню пытання i навучылi другiх, як абараняцца. Тарасаў, назiральны i пранiклiвы, бачыў, што нават твар Левановiча пасвятлеў, а непаседлiвы, вяртлявы Гамбiцкi стаў менш выцiраць лысiну i больш круцiцца, шэпчучы нешта суседзям.
– Зазнаўся ты, Кiрыла Васiльевiч, – нечакана з разважання аб уласнiцкiх тэндэнцыях зрабiў вывад Гукан, чамусьцi перайшоўшы раптам на фамiльярнае "ты". – Адрываешся ад жыцця. Закапаўся ў архiвах...
"А пры чым тут архiвы?" – падумаў Шыковiч.
– Лiчыш, што табе ўсё можна, усё дазволена i ўсё даруюць. Не! Дысцыплiна ў партыi адна для ўсiх! Адны нормы. Ленiнскiя. А як сябе паводзiць камунiст Шыковiч? – Пытанне прагучала сурова, асуджальна, без кроплi фамiльярнасцi, аловак гучней, чым звычайна, стукнуў па стале. – Машына, дача – адзiн бок... А паводзiны ў калектыве?.. Калi камунiст свайго таварыша па рабоце выкiдвае з кабiнета...
"Паскардзiўся, паскуда", – падумаў Шыковiч пра Рагойшу са злосцю.
– А другому, адказнаму работнiку, пагражае, што выкiне праз акно...
"I гэты таксама скардзiўся? Ёлуп! Зусiм страцiў пачуццё гумару".
– Каментарыi, як кажуць, наўрад цi патрэбны. – I пагрозлiва стукнуў алоўкам.
Тарасаў насцярожыўся. Не, у Гукана гэта больш чым "задаць тон".
"Што гэта яны, сааўтары, ганарару не падзялiлi, цi што?" – падумаў ён. Аб выпадку з Рагойшам яму расказваў Тужыкаў, i ён згадзiўся з думкай сакратара па прапагандзе: не трэба ўсё валiць у адну кучу; Рагойша вядомы iнтрыган, i можна зразумець, што ў Шыковiча пасля такога здарэння з сынам не вытрымалi нервы. Варта ўсё-такi разбiрацца ў пачуццях людзей. Не з кожнага факта трэба рабiць палiтыку.
– А калi бацька ўсё дазваляе сабе, то чаму сыну адставаць? Не, ён хоча быць наперадзе. У яго размах большы. Кулакоў яму мала, за каўнер схапiць глупства. Яму атамную бомбу давай...
Шыковiч бачыў, як, схiлiўшыся над сталом, пакiваў галавой Тужыкаў, крыва ўсмiхнуўся, паправiў акуляры. Сцёр далоняй з шырокага твару ўсмешку Тарасаў. Мабыць, Гукан убачыў, што пра бомбу – не ўхваляюць, i загаварыў больш горача i гнеўна:
– Як вы думаеце, таварыш Шыковiч, што вырасце з дзiцяцi, якому бацькi нi ў чым не адмаўляюць? Усё падносяць на залатой талерцы. Машыну, дачу, вучобу, работу... Не паступiў у iнстытут – куды жадаеш, сынок? На тэлестудыю? Калi ласка. Выгналi адтуль – навошта прымушаць яго падумаць, папакутаваць, пашукаць... З помпай, як героя, – на лепшы завод, у лепшую брыгаду. У брыгаду камунiстычнай працы! Падумайце, таварышы! Цi не выклiк гэта?..
Цяпер словы Гукана балюча бiлi сваёй несправядлiвасцю. Ён мог усё гаварыць пра бацькоў. Кiрыла, бадай, з усiм згадзiўся б: нiчога не скажаш, выхоўваць-такi не ўмеем. Але калi Гукан робiць вунь якiя вывады з таго, што Славiк пайшоў на завод, калi вядзе да таго, каб патрабаваць выгнаць хлопца з брыгады, – з гэтым Кiрыла не мог згадзiцца. Зноў хлынуў пот. Стрымлiваў i супакойваў Тарасаў; глядзеў добрымi вачамi i нават кiўнуў: трымайся.
– Мы ж добра ведаем, Шыковiч – лепшы сябра хiрурга Яраша. А Ганчароў прыёмны сын Яраша. Добры хлопец, а, на жаль, не вытрымаў такога нацiску, паддаўся.
– Эх, чорт! – абурыўся Грыбок. – I тут блат! Ну, не! Тут яго не будзе! Дарожку закрыем! Такiх сынкоў на вярсту не падпусцiм да камунiстычных брыгад!
Флегматычны Тужыкаў рэзкiм рухам зняў акуляры, махнуў iмi, гатовы запярэчыць.
Але яго апярэдзiў Шыковiч.
– А такiх – куды? – усхапiўся ён з месца. – У турму, цi што? Дык няма ў кодэксе...
– Вы чулi, Сяргей Сяргеевiч? – таксама ажно падскочыў Грыбок.
– Чулi! – адказаў яму Тужыкаў. – А праўда – дзе такiх выхоўваць?
– Дзе? – сумеўся Грыбок i асеў, з'ядаючы вачамi першага сакратара.
– Я мушу заявiць, таварышы сябры бюро, – працягваў мiж тым Шыковiч, – з усёй сур'ёзнасцю i адказнасцю сябра партыi, што абвiнавачванне мяне, Яраша, Ганчарова, усяе брыгады ў нейкiм блаце... – гэта, мякка кажучы, глупства. Ганчароў i яго хлопцы самi прапанавалi Ўладзiславу пайсцi да iх у брыгаду. I я лiчу, што яны паступiлi правiльна. I радуюся, што сын згадзiўся. Значыцца, разумее... Мяне не здзiўляе, Сямён Парфёныч, ваш погляд на такiя рэчы. Цяжка глянуць на свет па-новаму. Здзiўляе малады Грыбок.
– Я?
Гукан стаяў, упёршыся алоўкам у стол, i спакойна чакаў, пакуль выказвалiся другiя. Нiхто, магчыма, не прыкмецiў, як змянiўся ён пры апошнiх словах Шыковiча: на шчоках выступiлi сiнiя плямы, а карак налiўся крывёю, дзiўна неяк скрывiлiся вусны. Калi ўсе нарэшце сцiхлi, Гукан сказаў усё тым жа роўным голасам:
– Прапаную вынесцi Шыковiчу суровую вымову, – i сеў.
Прапанова з'явiлася нечаканасцю для ўсiх – i сябраў бюро, i прысутных. Гамбiцкi быццам прылiп да крэсла, у Левановiча выцягнуўся i без таго доўгi твар. Не менш спалохалiся i другiя бацькi: калi Шыковiчу вось так, дык што будзе iм?
Ашаломлены Кiрыла спытаў шэптам:
– Завошта?
– За няправiльнае выхаванне дзяцей, – Гукан стукнуў алоўкам па стале, раз. За грубыя паводзiны ў калектыве, за парушэнне партыйнай этыкi, – i зноў стукнуў, – два. За прыватнаўласнiцкiя тэндэнцыi, – не стукнуў. – Мiж iншым, мне вядома, што дача Шыковiча i Яраша збудавана незаконна. Няправiльна, зноў-такi па блату, я не баюся паўтарыць гэтае слова, адведзены ўчастак. Лiчу, што гарком павiнен высветлiць усе акалiчнасцi.
"Што гэта ён так уз'еўся на Шыковiча? – думаў Тарасаў. – Праўду кажуць: сааўтары – што палюбоўнiкi адной жанчыны. Абавязкова счэпяцца. Трэба будзе разабрацца".
Калi на пасяджэннях узнiкалi вось такiя складаныя сiтуацыi, Тарасаў любiў паназiраць за людзьмi. Хто як рэагуе? Хто каго падтрымлiвае? Гэта лёгка чыталася па тварах. Бо здаралася, што чалавек займае ўпачатку адну пазiцыю, а ў канцы – зусiм супрацьлеглую, зрэдку бывае i так, што ў думках ён за адно, а на словах – за другое. Такiх Тарасаў не любiў. Маўклiвага для прапагандыста, упартага, цяжкаватага па характару Тужыкава ён паважаў за тое, што той заўсёды трымаўся пэўнай думкi. Такога лёгкi вецер не паверне, толькi добрая бура. Мабыць, адчуваючы, што сябры бюро разышлiся ў сваiх адносiнах да таго, што сказаў Гукан, Тужыкаў шчыра раiў вачамi: "Скажы ты, Сяргей Сяргеевiч". Тарасаў паслухаўся гэтай парады.
– З дачамi мы разбяромся, – сказаў ён да Гукана, потым – да Шыковiча: Паводзiны вашага сына, таварыш Шыковiч, – ганебныя паводзiны. I мы вас сур'ёзна папярэдзiм. Не толькi вас. Увогуле будзем сурова патрабаваць ад камунiстаў, каб яны адказвалi за сваiх дзяцей, за выхаванне моладзi. Гэта закон нашага жыцця. Я асабiста ўхваляю, што ваш сын пайшоў на завод. Калi праўда, што хлопцы з брыгады Ганчарова самi яго ўзялi, то хвала iм i чэсць. Думаю, што яны больш шырока разумеюць сваю ролю ўдарнiкаў камунiстычнай працы. Правiльна разумеюць. Не замыкаюцца. Змагаюцца за кожнага чалавека. Як, таварышы прапагандысты? Правiльна я разумею, што такое брыгада камунiстычнай працы? – Ён глядзеў на Грыбка, i ў светлых вачах яго скакалi iскаркi хiтрага смеху.
– Правiльна, Сяргей Сяргеевiч! – умомант згадзiўся Грыбок.
"Ну i флюгер!" – ужо без злосцi i абурэння падумаў Шыковiч. Разам з усведамленнем, што пагроза быць выгнаным з брыгады ад Славiка адведзена, прыйшла дзiўная фiзiчная слабасць. Зашумела ў вушах, самлелi ногi, высахла ў роце. Наступiла разрадка пасля нервовага напружання гэтага багатага на ўражаннi, цяжкага дня. Ён нават дрэнна чуў, хто яшчэ што гаварыў пра яго i Славiка. Помнiў: Гукан настойваў на сваёй прапанове.
"Завошта?" – хацелася спытаць зноў, але Кiрыла i гэтага не здолеў зрабiць, толькi са здзiўленнем падумаў: "Што мае да мяне гэты чалавек? Што яму не спадабалася? Я да яго заўсёды з адкрытым сэрцам".
Адкрытае сэрца...
Нутро гарэла ад смагi. Але не хапiла смеласцi падняцца i налiць з графiна, што стаяў на сакратарскiм стале. Раптам з'явiлася боязь самлець – як там, у аперацыйнай. Грыбок цяпер амаль што абараняў яго i абмяжоўваў спагнанне папярэджаннем. Красоўскi падтрымлiваў Гукана. Кiрыла падумаў: "Цiкава, якая сям'я ў сакратара райкома? Дзецi ёсць? Трэба даведацца", – хоць адчуваў, што наўрад цi будзе займацца гэтым. Не хопiць энергii. Здавалася, што яе ўвогуле ўжо няма, энергii, што ён разрадзiўся, як акумулятарная банка, – увесь, ад галавы да ног.
Сябры бюро пагадзiлiся на вымове. Шыковiч не аспрэчваў, не апраўдваўся абы хутчэй. Нават не запытаў, якая вымова – без занясення цi з занясеннем ва ўлiковую картку. (Пасля даведаўся – не запiсана.)
Калi паднялi Левановiча, Кiрыла спытаў:
– Мне можна iсцi?
– Чаму? Паслухайце другiх. Вам будзе карысна. I цiкава, – сказаў Тужыкаў.
А Тарасаў, якi больш пiльна назiраў за iм, нечакана дазволiў:
– Iдзi.
13
Бадай што ён не толькi "не разрадзiўся" ў той дзень, як яму здавалася, зморанаму фiзiчна i душэўна, а, наадварот – "зарадзiўся".
Шыковiч адчуў гэта на другi дзень. У той вечар ён моцна выпiў. Гэтая слабасць была агiдная. Усё астатняе на адлегласцi ў адны суткi ўяўлялася зусiм iнакшым. Ён адразу ж падумаў пра Зосю. Цi жывая? Пазванiў у бальнiцу (начаваў у горадзе). Яраш да тэлефона не падышоў: ён не выходзiў з палаты.
Кiрыла прарваўся ў аддзяленне, яго ведалi па ўчарашнiм здарэннi i далi халат. Нясмела адчынiў дзверы. У маленькай пасляаперацыйнай палаце яна ляжала адна. I амаль так жа, як у часе аперацыi, да яе былi падключаны датчыкi прыбораў. Дзяжурылi лекары i сёстры. Трымалi на кiслародзе. Шыковiч не адважыўся пераступiць парог палаты, дзе iшла нябачная барацьба жыцця i смерцi.
Яраш выйшаў у калiдор. Магчыма, толькi пухлiны пад вачамi выдавалi, што ён не спаў. А больш – нiякiх прыкмет стомленасцi. Нават пагалiўся, як заўсёды ранiцой.
– Што? – нецярплiва спытаў Шыковiч, сцiснуўшы яго рукi каля локцяў, паверх халата, i зазiраючы знiзу ў вочы.
– Ты думаў, аперацыяй усё канчаецца? Аперацыя толькi пачатак барацьбы... Былi крытычныя хвiлiны. Але, здаецца, мы перамаглi...
– Дай я абдыму цябе.
Яраш баязлiва адступiў.
– Мне – не да тваiх жартаў.
– Ну, чорт з табой.
– Дзякую. Ты што замочваў учора?
– А што табе! Прэсны маралiст!
Павярнуўся i пайшоў па доўгiм калiдоры. Можна было падумаць, што яны пасварылiся. Але Яраш глядзеў услед сябру з добрай усмешкай, як часам глядзiць дарослы, шчыры i душэўна багаты чалавек на капрыз здольнага падлетка. Крыкнуў:
– Перадай маiм, што i сёння я не прыеду.
Шыковiч павярнуўся, адсалютаваў рукой. Гэтая кароткая, крыху дзiўная сустрэча з сябрам, як кажуць, "паставiла Шыковiча на рэйкi". А ўсё тое, што ён убачыў i перажыў учора, сапраўды надало энергii, iмпэту.
I Кiрыла зноў кiнуўся на пошукi.
...Тыднi два назад ён заходзiў у КДБ. Падпалкоўнiк Вагiн, высокi брунет, на выгляд зусiм малады ("Вiдаць, толькi з камсамола", – падумаў Шыковiч), прыняў ветлiва. Здаецца, нават узрадаваўся знаёмству з пiсьменнiкам. Адразу пачаў гаворку пра лiтаратуру, паказваючы сваю начытанасць. Паведамiў сцiпла, быццам мiж iншым, што сустракаўся з Шолахавым. Шыковiч у думках адзначыў, што амаль усе афiцэры, з якiмi яму прыходзiлася страчацца, хвалiлiся сваiм знаёмствам з выдатным пiсьменнiкам.
Выслухаўшы просьбу Шыковiча – пашукаць у спецархiвах матэрыялы аб дзейнасцi патрыётаў i здраднiкаў у iх горадзе ў час акупацыi, – Вагiн шчыра загарэўся. Расказ пра падполле, пра першы гарком, групы Мельнiка i Дубецкага, пра Вараву, Ганчарова, цётку Любу, Яраша i, нарэшце, пра Савiча ён выслухаў з вялiкай цiкавасцю. Чалавек новы ў горадзе, малады i цiкаўны не толькi па абавязку службы, але i па прыродзе сваёй, ён, як губка, убiраў усё, што ўзбагачала яго веданнем людзей i абставiн. А справа Савiча – здалося Шыковiчу – проста-такi захапiла кiраўнiка абласной дзяржбяспекi. Ён тут жа выклiкаў капiтана, бадай разы ў два старэйшага за сябе, пасiвелага i ссутуленага.
Шыковiч, якi стараўся запомнiць усе дэталi паводзiн работнiкаў, пiльна прасачыў, як капiтан увайшоў. Не выцягваўся, не дакладваў. Аднак па-вайсковаму спынiўся каля парога, сказаў:
– Слухаюся, Андрэй Астахавiч.
– Сядайце, Анатоль Барысавiч, – запрасiў падпалкоўнiк i, калi той наблiзiўся да стала, спытаў: – Знаёмы?
Капiтан кiўнуў Шыковiчу галавой, але рукi не працягнуў. Сеў у крэсла насупраць, нязграбна неяк сеў, яшчэ больш згорбiўся i разглядваў свае вялiкiя мазолiстыя, як у дрывасека, далонi, сашчапiўшы пальцы.
"Чаму ў яго такiя рукi?" – падумаў Шыковiч.
Вагiн сам пачаў выкладаць сутнасць просьбы нечаканага наведвальнiка. Кiрыла здзiвiўся, што падпалкоўнiк адразу запомнiў прозвiшчы людзей.
"Зайздросная памяць".
Капiтан, здавалася, не слухаў – думаў пра нешта сваё, абыякавы да ўсяго на свеце. Разы два падняў вочы, але былi яны халодныя – нiводнай iскры цiкаўнасцi. Шыковiч ведаў гэтага чалавека, хоць знаёмы не быў. Нехта некалi яму сказаў, што гэты сiвы капiтан працаваў у iх горадзе яшчэ ў трыццаць сёмым годзе. I Кiрыла адчуў цяпер непрыязнасць да яго.
Перапынiўшы начальнiка, Шыковiч сказаў:
– З тых, што супрацоўнiчалi з акупантамi, мяне больш за ўсё цiкавiць Савiч.
Капiтан падняў вочы i кароткiм позiркам вопытнага следчага як бы прасвяцiў Шыковiча.
– У якiм сэнсе?
– Ёсць у мяне ўпэўненасць, што доктар памёр сумленным савецкiм чалавекам.
– Доказы, здагадкi?
– I тое i другое. Трэба дакументальнае пацвярджэнне.
– Вы думаеце пiсаць раман цi займацца пасмяротнай рэабiлiтацыяй?
– А вы лiчыце, што гэта несумяшчальна? – спытаў Шыковiч. – Я хачу напiсаць аповесць, якая была б праўдзiвым дакументам... Народ павiнен ведаць i герояў i здраднiкаў.
Капiтан паглядзеў на свайго начальнiка. Той хораша ўсмiхнуўся.
– Вы ведаеце, што ў горадзе жыве дачка Савiча? – спытаў пасля паўзы капiтан.
– Ведаю. – Кiрыла хацеў быў расказаць, што яна ў бальнiцы i ёй будзе зроблена вельмi складаная аперацыя, якая можа скончыцца трагiчна; нават Яраш не дае гарантыi.
Але капiтан раптам падняўся, звяртаючыся да свайго начальнiка ўжо больш афiцыйна, па-вайсковаму:
– Зраблю, таварыш падпалкоўнiк, усё, што можна.
I на развiтанне зноў толькi кiўнуў галавой. У той мiг Шыковiч падумаў пра яго iнакш. Калi Сербаноўскi гэтулькi год у органах i, як вiдаць, карыстаецца павагай маладога начальнiка, то вельмi можа быць, што гэта адзiн з сапраўдных чэкiстаў.
Шыковiч званiў Сербаноўскаму два разы. Той адказваў: "Пакуль што нiчога цiкавага няма".
Кiрыла не стаў больш званiць, а проста з бальнiцы рушыў у камiтэт.
Капiтан сядзеў адзiн у даволi вялiкiм ценявым пакоi – старыя лiпы засланялi шырокiя закратаваныя вокны. Калi Шыковiч увайшоў, Сербаноўскi спачатку паклаў у вялiзны сейф нейкiя паперы, з якiмi, вiдаць, працаваў, i толькi тады прывiтаўся за руку.