Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 27 страниц)
– Шыковiч мой нешта астыў, мала каго ўжо запрашае, – зазначыла Валянцiна Андрэеўна.
– Затое Антон загарэўся.
– Сёння, Галiна Адамаўна, больш гасцей маiх, – адгукнуўся Тарас. – Але сваiх я магу прыняць на лузе. Акрамя вады i прасторы, iм нiчога не трэба.
– Як не сорамна, Тарас! Тваiм гасцям мы заўсёды рады.
Галiна Адамаўна казала шчыра. Больш трывожылi яе госцi мужа, правiльней кажучы, адна госця – Маша. Яна бачыла дзяўчыну разы два ў бальнiцы, даўно, можа, год назад. Чаму раптам Антону ўздумалася запрасiць яе? Хiба мала калег-лекараў? Майзiс, напрыклад, – гэта зразумела.
Але трывога яе знiкла, калi Майзiсы знянацку падкацiлi на сваiм чырвоным запыленым "Масквiчы" i Галiна Адамаўна ўбачыла Машу. Дзяўчына здавалася ёй не толькi нецiкавай, але нават вульгарнай. Да ненатуральнасцi вогненна-рудая, яна, як бы кiдаючы выклiк людзям звычайным, i плацце надзела дзiўнае па колеру i па фасону: чырвона-жоўтае, з малюнкам кляновага лiсця; лёгкая тканiна, здавалася, не кроiлася, не шылася, а сцягвалася нiткамi на самой дзяўчыне – па форме яе постацi. Галiне Адамаўне нават стала весела, калi яна ўбачыла, што Тарас разглядае госцю, як нейкае дзiва.
Яраш чытаў замежны часопiс па хiрургii i выйшаў у пiжаме. Ён таксама здзiвiўся i сумеўся. Папрасiў прабачэння. Збянтэжыў Майзiсаў. Маленькая, чорненькая, нафарбаваная i завiтая, як лялька, Даная Вiтальеўна ў апраўданне пачала нападаць на мужа:
– Вы ведаеце, Антон Кузьмiч, Мiхал Евелевiч фанатык. Калi яму нешта ўлезла ў галаву, ён не дасць спакою нi сабе, нi людзям. Бачыце, захацелася чалавеку стаць рыбаком. Антон Кузьмiч вучыць яго хiрургii. Дык ён павiнен яшчэ навучыць цябе лавiць рыбу. Ах, Мiша! Прабачце, Антон Кузьмiч...
– Не, не прабачаю. Дамаўлялiся ў шэсць, а цяпер дзевяць. Якi з вас рыбалоў? Соня!
Яраш жартаваў, а сам пазiраў на Машу, якая з дзiцячым захапленнем разглядала ўсё навокал.
Валянцiна Андрэеўна прашаптала сяброўцы:
– Арыгiнальная асоба.
Яраш нарэшце ўспомнiў, з якой мэтай напрасiлася ў госцi Маша.
– Тарас! Дзе Тарас? Маша прыехала, каб пазнаёмiцца з табой.
Тарас мусiў вылезцi са свайго ўкрыцця i таксама збянтэжыўся, бо быў у майцы, у пакамечаных парусiнавых штанах i босы. Не, не ўласны выгляд яго збянтэжыў. Нешта другое.
Майзiс працягнуў яму руку проста, па-мужчынску, яго жонка абыякава, без цiкаўнасцi: у яе свая фiласофiя – падабацца перш за ўсё гаспадынi. А гэтая вогненная чарадзейка раптам застыла ўся як бы ў непаразуменнi, а потым сказала, здалося Тарасу, з расчараваннем:
– Вось вы якi! А я думала, вы, як Антон Кузьмiч.
Гэта не спадабалася Галiне Адамаўне: чаму ёй хочацца, каб усе былi падобны на Антона Кузьмiча?
Калi праз пяць хвiлiн сабралiся рыбалiць, Яраш спытаў у сына:
– Тарас, iдзеш з намi?
– Не, я застануся, памагу жанчынам.
Тады i "моднiца" звярнулася да гаспадынь:
– Дазвольце i мне застацца на кухнi.
З-за цiкаўнасцi – "А што ты ўмееш рабiць, галубка?" – Валянцiна Андрэеўна тут жа згадзiлася, каб Маша памагла iм.
Яна надзела фартушок, спрытна i прыгожа завязала на галаву касыначку i неяк адразу ператварылася ў простую, сцiплую i надзiва дамавiтую маладую гаспадыньку. Такое нечаканае ператварэнне ажно спалохала Галiну Адамаўну. А калi Маша пачала раiць, якiя закускi можна згатаваць з тых прадуктаў, якiя Тарас выцягнуў з пограба, Валянцiну Андрэеўну здзiвiлi яе кулiнарныя веды. А жонка Яраша ўсё больш насцярожвалася. Але чым мацней яна настройвала сябе супраць дзяўчыны, тым больш тая падабалася ёй. Калi прыгледзелася, то колер плацця не здаваўся цяпер вульгарным, ён добра пасаваў да чырвоных валасоў. Ды i фасон не такi ўжо стыльны – проста з густам скроены. Першая гэта адзначыла Валянцiна Андрэеўна, якая лепш за яе разумела моды.
– Хто вам шыў, Маша?
– Не паверыце, самая маладая краўчыха. Я хадзiла ў палац чыгуначнiкаў на курсы кройкi i шыцця i там пазнаёмiлася з адной дзяўчынкай. Гарбаценькая, ведаеце, а такая здольная. Наша выкладчыца ледзь не лопнула ад зайздрасцi, калi Геня пашыла дыпломнае плацце.
Маша засмяялася. I Валянцiна Андрэеўна засмяялася. I Тарас. Цяпер ён зусiм iнакшымi вачамi глядзеў на дзяўчыну – зацiкаўлена i прыязна. Галiне Адамаўне i гэта не спадабалася.
"Ацiраешся каля бабскiх спаднiц, – падумала яна пра Тараса. – Вельмi нам патрэбны такi памочнiк! I што ты робiш? Тарашчыш вочы?.. Пасаромеўся б, брыгадзiр камбрыгады".
Але сама яна мiмаволi любавалася, як Маша гатуе салату. Па-першае, па свайму адменнаму рэцэпту, а па-другое, так спрытна валодае нажом, лыжкай, што той кухар вышэйшага класа. З той хiба рознiцай, што ў яе ў сто разоў больш артыстычныя рухi, здаецца, не гуркi крышыць, а iграе на невядомым iнструменце. I кубiкi гуркоў у яе роўненькiя, прыгожанькiя, такiя ў iх, старых гаспадынь, не атрымлiвалiся.
"Калi яна з гэтакай артыстычнасцю працуе ў аперацыйнай, недарма яе Антон так хвалiць", – падумала Галiна Адамаўна прыязна, але тут жа адчула, як нядобра ёкнула сэрца. Спытала:
– Дзе вы навучылiся так кулiнарнiчаць?
– А я да курсаў медсясцёр служыла хатняй работнiцай. У палкоўнiка.
– Вы... хатняй работнiцай?
– Чаму вы здзiвiлiся? Нас у мамы пяцёра засталося, калi бацька загiнуў. Двое малодшыя за мяне. А калгас тады ў нас быў...
Па яе тону здагадалiся, якi быў у iх калгас. А яна нiбы засаромелася гэтага прызнання, як бы ў тым, што калгас быў бедны, ёсць i яе вiна.
Глянула на Галiну Адамаўну, потым на Шыковiчыху, якая гатавала фарш для катлет, а сказала Тарасу, па-праўляючы касынку:
– Цяпер у нас саўгас. Тарас, вам няма чаго рабiць, навастрыце нож. Тупы.
Тарас, пачырванеўшы, кiнуўся шукаць асялок.
Валянцiна Андрэеўна зноў засмяялася. Ёй падабалася гэтая дзяўчына, асаблiва пасля такой бiяграфiчнай даведкi. Яна любiла вось такiх – настойлiвых у дасягненнi жыццёвай мэты. Маша таксама адчула сiмпатыю да гэтай поўнай, гаваркой, па ўсiм вiдаць, добрай жанчыны. Тонкая натура, яна адчула i насцярожанасць, з якой ставiлася да яе жонка Антона Кузьмiча. I прычыну зразумела. Не абразiлася, не пакрыўдзiлася, але здзiвiлася, што ў самой яе таксама з'явiўся пэўны халадок у адносiнах да Галiны Адамаўны. Розумам прымушала сябе палюбiць яе, але сэрца не слухалася такога загаду. Сэрца цягнулася да шчырай, ласкавай Валянцiны Андрэеўны. Яны хораша гутарылi. Маша з гумарам расказвала пра сваю службу хатняй работнiцай, пра сям'ю палкоўнiка, пра яго жонку, былую сялянку, пра яе смешнае iмкненне быць арыстакраткай.
Усё, напэўна, iшло добра... Але прачнулася Iра (у сям'i Шыковiчаў адна мацi ўставала рана). У халаце, з ручнiком, заспаная i хмурая, з'явiлася яна пад паветкай, каб нешта запытаць у мацi. Здзiвiлася, угледзеўшы Машу. Iх пазнаёмiлi. Маша ўбачыла праз шкельцы яе акуляраў, што Iра глядзiць на яе зняважлiва i насмешлiва: "Адкуль ты такая спрытная ўзялася?" Гэта закранула Машына самалюбства.
"Няхай жонка Яраша глядзiць на мяне, як хоча. Яна старэйшая ўдвая. А ты, дурная авечка, чаму працягваеш мне руку, быццам робiш вялiкую ласку? Не мiргай сваiмi блiзарукiмi вачамi. Я ўсё бачу".
Яна дэманстратыўна адвярнулася да Тараса. Сказала яму:
– А я ведаю, як вас ратавалi ў вайну. Як шукалi...
– Мяне?
Iра хмыкнула.
– У вайну ён пешшу пад стол хадзiў.
Маша не адказала ёй. Яна спытала ў крыху здзiўленага Тараса:
– А вы не помнiце? Нiчагусенькi? А я помню, як праводзiлi тату на вайну. Мне iшоў чацвёрты год. Перад вачамi стаiць, як тата плакаў. Твару не помню, што плакаў – помню. Трымаў мяне на руках i плакаў. А я выцiрала яму слёзы.
Расчырванелы Тарас сядзеў на зямлi i разбiваў качаргой у печы галавешкi. Водсвет жару залацiў яго белыя валасы. Iра ўсмiхнулася, падумаўшы: "Тарас парыжэў ад гэтай рыжай. Сапраўды, адкуль яна ўзялася? – I тут жа ўспомнiла: А-а, Яраш расказваў пра "залатую сястру", – i зноў хмыкнула: – Залатая!"
Можа, Iра нешта сказала б, але мацi глянула на яе строга, папярэджваючы.
Валянцiна Андрэеўна рабiла пiрог, i рукi яе былi ў белым цесце, а правая скроня ў муцэ. Iра падумала, што i сiвая мама будзе прыгожая. У яе расла непрыязь да гэтай рудой. Як незалежна яна трымае сябе на iх iмправiзаванай кухнi! Як гаспадыня. А як размаўляе. Ад вайны i бацькi – да дроў:
– Тарас! Дровы вашы залiшне сухiя. Не трэба такi агонь. Усё папалiць. Знайдзiце сырэйшыя дровы.
Тады Iра нечакана для сябе самой прапанавала:
– Тарас! Хадзем купацца.
Але найбольшай нечаканасцю гэта было для Валянцiны Андрэеўны. Мацi што токам ударыла. Няўжо гэта сказала Iра? Тая Iра, якая чырванела i абуралася, калi пры ёй пачыналi размову пра каханне, хлопцаў-жанiхоў, замужжа. Малодшы Славiк сваiмi бесцырымоннымi жартамi часта даводзiў яе да слёз. А яна, Валянцiна Андрэеўна, неаднойчы з болем гаварыла мужу:
"Боязна мне за Iрку. Нейкая яна замкнутая, нелюдзiмая. Дваццаць год, а яна што дзiця. Баюся, не выйсцi ёй замуж. Шчэ гэтая блiзарукасць".
"Выйдзе", – адказваў аптымiст Шыковiч.
Жонка папракала:
"Не думаеш ты пра дзяцей".
"Калi мы абое пачнём гэтулькi думаць, як ты, замнога ўвагi iм будзе. Лепш навучы яе суп варыць".
Iра нават з iмi, жанчынамi, не надта ахвотна хадзiла купацца. Больш адна. А пры мужчынах нiколi не скiдала плацця, хоць мела самыя закрытыя купальнiкi.
I раптам яна запрашае хлопца iсцi купацца. Удваiх? Валянцiна Андрэеўна проста аслупянела. Што здарылася? Што адбылося з яе Iрай?
– Я ўжо купаўся, – адказаў Тарас, адчуваючы няёмкасць ад такога запрашэння.
У гэты момант Галiна Адамаўна папрасiла яго схадзiць па ваду. Ваду для пiцця i стравы бралi ў ляснiцтве.
– Давайце я прынясу, – адгукнулася Iра.
Схапiла вёдры i пабегла. Рэдка яна праяўляла такую ахвоту да фiзiчнай працы. Мацi, здзiўленая да ашаламлення, забыўшыся на ўсiх другiх, глядзела ёй услед. I раптам зiхнула думка: Iра, яе Iра закахана ў Тараса. Гэта так вiдавочна. Яна ўмела хаваць сваё каханне, пакуль яму нiчога не пагражала. А ўбачыла гэтую рудую, адчула сапернiцу... I знiкла сарамлiвасць, замкнутасць усё, што дагэтуль вызначала яе характар. Валянцiне Андрэеўне стала i радасна, i балюча, i боязна за дачку. Першае каханне. Першыя пакуты. А што ён, Тарас? Як ён адносiцца да Iры? Яна, мацi, лiчыла б за шчасце, каб такi хлапчына, разумны, стрыманы, разважлiвы, пакахаў яе дачку. Чаму яна адкрыла Iрынiна каханне толькi сёння? Навошта з'явiлася гэтая вогненная дзяўчына? Чаму Тарас тырчыць каля iх? Няхай бы сапраўды пайшоў на луг, купацца цi лавiць рыбу.
Iра прынесла ваду. Над быльнягом за паветкай пляснула з конаўкi на твар, выцерлася i далучылася да жанчын.
– Што мне рабiць, мама?
Што ёй рабiць? Ёй так захацелася рабiць, абы застацца тут. У Валянцiны Андрэеўны сцiснулася сэрца. Можа, упершыню яна адчула на поўную сiлу, як няўмела выхоўвала сваiх дзяцей. Якую даць работу, каб Iра магла рабiць яе з такiм жа ўменнем, спрытам, артыстычнасцю, як гэтая чужая дзяўчына, на першы позiрк непрыгожая, а ў сапраўднасцi элегантная, менавiта праз гэтае сваё высокае ўменне працаваць i трымацца?
– Хадзем дроў напiлуем, – сказаў Iры Тарас.
– Дровы? – здзiвiлася яна, але тут жа згадзiлася.
Валянцiна Андрэеўна ведала, што не ўмее яе дачка пiлаваць, бо нiколi ў жыццi не бралася за пiлу. Але ўзрадавалася, што яна пайшла з Тарасам. Цяжка ёй, мацi, глядзець i параўноўваць, як працуе Iра i гэтая залатая чарадзейка. На мiг адступiлi некуды захапленне i любаванне дзяўчынай i з'явiлася раўнiвая непрыязь да яе. Агiднае пачуццё. Ёй, настаўнiцы, зрабiлася сорамна за такое пачуццё. Не, яна павiнна быць шчырай i аб'ектыўнай.
А другая жанчына – Галiна Адамаўна – у гэты момант думала:
"Няхай бы Тарас закахаўся ў гэтую рудую. Ён бы адгарадзiў яе ад Антона. Антон высакародны чалавек. Але ён слабы, як усе мужчыны. Калi ён прывёз яе, каб пазнаёмiць з Тарасам, то, значыцца, нiчога ў iх не было, яна добрая дзяўчына, i мне варта прылашчыць яе".
Паднялося над лесам сонца – i ўзняўся вецер. Зашумеў бор, як далёкi марскi прыбой. Знiкала ранiшняя дымка на небе, быццам вецер старанна працёр гэтае вялiзнае блакiтнае шкло. Не было душна, як некалькi апошнiх дзён. Аднак сонца палiла няшчадна. Доўга чакалi рыбакоў снедаць. Яны не прыйшлi.
Снедалi пад дубамi.
Шыковiч прачнуўся з галаўным болем, не мог знайсцi лязо для брытвы, хоць добра помнiў, што прывозiў iх з горада, узлаваўся, бурчаў на жонку, на дачку. А ўбачыў Машу – i адразу падабрэў. Валянцiне Андрэеўне, разважлiвай, спакойнай, якая нiколi не раўнавала беспадстаўна, стала смешна i сумна. З iронiяй назiрала за мужам, як ён заляцаецца да Машы, з трывогай – за Тарасам i Iрай. Каб толькi залатая чараўнiца не падзейнiчала так на хлопца, як на гэтага лысаватага рамантыка, яе мужа. Здаецца, Тарас вядзе сябе больш разумна, паважна, больш стрымана.
А ў Галiны Адамаўны, калi яна ўбачыла, як загарэўся Шыковiч перад Машай, зноў засмактала ў грудзях. У яе была свая грубая фiласофiя: мужчыны – што каты, адразу, нюхам, чуюць кошку. I яна ўжо амаль ненавiдзела дзяўчыну. Але за сталом было весела.
Шумелi дубы. Церушылiся на стол, у талеркi i шклянкi тонкiя сухiя галiнкi, мох, зрэдку злятаў заўчасна пажоўклы лiст. З лугу цягнула густым водарам сухога сена.
Ва ўсiх быў добры апетыт. Маша ела са смакам, многа i па-дзiцячы прыгожа. Шыковiч любiў такую здаровую, "эстэтычную", як ён казаў, яду. Наташа, нягледзячы на пагрозы мацi, за снеданнем чытала, не магла адарвацца ад "Запiсак вучанiцы". I раз-пораз выбухала такiм залiвiстым смехам, што i ўсе дарослыя смяялiся, хоць i не ведалi, што там, у кнiзе.
– Ох, не магу! Памру, – дрыгала Наташа пад сталом нагамi. – Усё, як у нашым класе.
– Наташка, не крыўляйся.
– Што ты, мама! Каб ты прачытала, то сама поўзала б ад смеху. Вы не чыталi, дзядзька Кiрыла?
– Не.
– Вы нiчога не чытаеце. Самi пiшаце, а нiчога не чытаеце.
– Наташа!
– Правiльна, Наташа. Не ў брыво, а ў вока бi, – ухвалiла Валянцiна Андрэеўна.
– Валя! Ёсць i другiя правiлы для дзяцей.
– А я чытала – i нiчога там смешнага.
– Бо ты, Iрка, як наша ангелька, смяешся раз у месяц, па святочных днях.
– Наташа! Я табе язык накалю, паганка. Iдзi прэч, – узлавалася Галiна Адамаўна.
– Не трэба, Галя, – папрасiў Шыковiч. – Усе людзi павiнны гаварыць, што думаюць. Якая была б шчырасць у адносiнах!
– Быў бы поўны хаос, тата.
– А я чытаю мала, – уздыхнула Маша.
– Чаму? – спытаў Шыковiч.
– Не ведаю. А вы – чаму?
– Я? – Ён засмяяўся. – Дзiця маё, я мала чытаю такiя кнiжкi, якiя чытае Наташа. Але колькi я чытаю другiх, часам такiх, над якiмi Наташа заснула б на другой старонцы. А рукапiсаў! Я аслеп ад рукапiсаў. А цяпер яшчэ ад архiўных дакументаў. У мяне цяжкi жанр – дакументальны. Не толькi праца пiсьменнiка, але i гiсторыка, – ён уздыхнуў.
Валянцiна Андрэеўна хавала ўсмешку ў кубак з чаем. Яна паважала мужаву працу, яго творчае гарэнне. Але каму ён гаворыць усё гэта зараз, напускаючы на сябе такую паважнасць, скардзячыся на нялёгкi лёс? Незнаёмай дзяўчыне, каб паланiць яе хоць чым-небудзь. Смешны стары дурань! Пасаромеўся б дачкi.
Шыковiч, памогшы Тарасу вынесцi пад дубы амаль усе сталы, якiя былi на дачы, пайшоў дапiсваць артыкул. Тарас i Наташа панеслi рыбакам снеданне.
Жанчыны займалiся той дробнай мiтуслiвай работай, якой амаль не вiдаць, але якая надзвычай стамляе i ўрэшце прыводзiць да апатыi, абыякавасцi. Прыходзяць госцi, а гаспадыню ўжо нiшто не цiкавiць, яна ўжо згарэла. Да такога стану дайшла Галiна Адамаўна дужа рана: яе стамiла не столькi работа, колькi хваляванне, трывожныя думкi пра мужа i Машу. Яна ўпала пад дубамi на коўдру i... заснула.
Валянцiна Андрэеўна i дзяўчаты сцераглi яе сон. Гаварылi напаўголасу.
Маша i Iра быццам бы пасябравалi, разгаварылiся. Валянцiна Андрэеўна назiрала за iмi i бачыла, як лёгка i адкрыта iшла на зблiжэнне Маша i як асцярожна, хiтра, дыпламатычна падступала да новай знаёмай яе дачка. Мацi стала непрыемна. Адкуль гэта ўзялося ў Iры? I наогул, чаму ўсё так атрымлiваецца? Здавалася б, простыя бацькi, простыя i шчырыя адносiны ў сям'i – i раптам такiя дзецi, зусiм розныя i абое з нейкiмi дзiўнымi адхiленнямi ад той нормы, што выпрацавала педагогiка, якой яна, Валянцiна Андрэеўна, аддала ўсё сваё свядомае жыццё. Упершыню яна падумала пра гэтую навуку без павагi, скептычна ўсмiхнуўшыся.
"Можа, Кiрыла таму лягчэй перажывае паводзiны дзяцей, што ён не ведае гэтых педагагiчных догм. Ён лёгка запальваецца, але лёгка i патухае. Як ён сустрэне Славiка?"
Толькi падумала пра сына, а ён тут як тут.
Яна сядзела пад паветкай на нiзкай калодачцы i, задумаўшыся, мыла ў тазе талеркi, вiдэльцы i нажы. I раптам убачыла не яго – цень. Уздрыгнула, падняла галаву. Славiк упаў перад ёю на адно калена.
– Мама, твой блудны сын з'явiўся пад гэтую мiрную дачную страху i вiнавата схiляе гвалтоўна абстрыжаную галаву. Пасып яе гарачым попелам.
Звыклы яго ход – адразу ўсё перавярнуць на жарт. Яна ўпэўнена, што не так весела ў яго на сэрцы, але ён жартуе, ён усё адно жартуе. Аднак не пра гэта мацi думала. Яна даўно не бачыла яго стрыжаным. I ў гэтай стрыжанай, круглай, трохi смешнай роднай галаве яна ўбачыла маленькага Славiка, добрага, ласкавага, таго, якi, прачынаючыся, перабiраўся ў iх ложак i вось гэтай стрыжанай галавой тулiўся да яе шчакi.
Ёй зрабiлася да болю шкада яго. Нясцерпна хацелася ўзяць мокрымi рукамi яго дурную галаву, прытулiць да грудзей, пацалаваць, а потым накруцiць гэтыя любыя ружовыя вушы. Салодка было недзе глыбока ў грудзях i горка ў горле. Умiг успомнiлася, якiм прыехаў у той дзень, калi Славiка пасадзiлi, бацька – што хмара. Яна вырашыла, што ён зноў з кiм-небудзь пасварыўся ў рэдакцыi, i, каб адцягнуць яго думкi ў iншы бок, спытала, цi бачыў ён Славiка. Як Кiрыла падскочыў, як закрычаў:
"Дарожкi ў парку падмятае твой Славiк! Пацалуйся iдзi з iм! Выхавала бандыта, педагог няшчасны!"
Яна адразу нават не зразумела, што да чаго. А з Iрай ледзь не здарылася iстэрыка. Дачка крычала:
"Вось ён, ваш сынок, ваш любiмчык! Я даўно казала, што ён зганьбiць усiх нас! Божа мой! Якi сорам! Цяпер нельга будзе паказацца ў горадзе. А ўсё вiнаваты вы! Абое вы. Бацькi! Патуралi, няньчылiся..."
Валянцiну Андрэеўну тады абразiлi словы дачкi: быццам з ёй няньчылiся менш.
А цяпер Iра стаяла, глядзела на ўкленчанага Славiка i стрымлiвала сябе, каб не зарагатаць.
Яны iшлi ад стала, якi накрывалi, убачылi Славiка, – спынiлiся за яго спiной. Маша глядзела здзiўлена, Iра – з iронiяй. Валянцiна Андрэеўна ўбачыла iх i, схамянуўшыся, сурова сказала сыну:
– Не крыўляйся. Устань!
Славiк падняўся, не забыўшыся абтрэсцi калена, i паправiў канцы чырвонай вяровачкi, што замяняла гальштук.
Валянцiна Андрэеўна раптам узлавалася:
– I каб я не бачыла ў цябе на шыi гэтую дурацкую вяроўку. Выкiнь!
Ён паслухмяна сарваў бляшку, вышмаргнуў вяровачку, размахнуўся, каб шыбануць яе ў кусты каля ручая... I тут убачыў сястру i... Машу. Застыў у вялiкiм здзiўленнi. Потым ступiў крокi два ўбок, пакруцiў стрыжанай галавой, як бы праганяючы сон. Хутка наблiзiўся да дзяўчат. Крыкнуў:
– Мама! Я не сплю? Адкуль узялося гэтае дзiўнае стварэнне? – I да Машы: Слухайце, вы ж незямная. Я вас часта снiў. Я снiў марсiянак. I ўсе яны падобны на вас. Далiбог жа, праўда? Не, скажыце шчыра, вы адтуль? – Ён паказаў на неба i зарагатаў.
– Славiк! – сурова спынiла мацi. – Вядзi сябе прыстойна.
– А хiба я сказаў што-небудзь непрыстойнае? Клянуся, я шчыра перакананы, што яна адтуль. На зямлi я такiх не страчаў.
Машу абразiла, як бесцырымонна, не пазнаёмiўшыся нават, гэты юны шалапут разглядае яе. Абразiла i ўся яго недарэчная балбатня. Яна застыла на мiг, а потым падняла руку, прыклала далоню да шчакi, нiбы мацаючы, цi не гарачая. Сказала не яму – Валянцiне Андрэеўне:
– А я такiх страчаю штовечар. У парку. I заўсёды п'яненькiх.
Словы яе ранiлi сэрца мацi. Валянцiна Андрэеўна адчула непрыязь да дзяўчыны. А са Славiка – што з гусi вада. Ён галантна пакланiўся, шаркнуўшы нагой па сухой траве:
– Дзякую за высокую атэстацыю.
Мабыць, адчуўшы настрой мацi, баючыся, што Маша зноў скажа што-небудзь непрыемнае, Iра павярнула знаёмства на звычайны мiрны шлях:
– Мой брат. Уладзiслаў. Ён добры, толькi крыўляка.
– Ура! – гукнуў на ўвесь лес Славiк. – Мая дарагая сястра прызнае мяне добрым. У такi дзень! Прагрэс!
– А гэта – Маша.
– Маша?
Мабыць, Славiку сапраўды здавалася, што ў дзяўчыны ўсё незвычайнае, i такое простае iмя як бы працверазiла яго. Ён зусiм сур'ёзна працягнуў ёй руку. Маша нейкi момант вагалася – падаваць руку цi не. Гэта спалохала Валянцiну Андрэеўну. Што, калi яна не падасць рукi? Якая будзе абраза для хлопца. Яе заўсёды палохалi нячуласць, чэрствасць.
Але Маша раптам працягнула руку, хораша ўсмiхнуўшыся. I ў гэты момант Валянцiна Андрэеўна даравала ёй усё.
– Хто вы, Маша? – затрымлiваючы яе руку, сур'ёзна спытаў Славiк.
– Сястра.
– Чыя?
– Аперацыйная.
– Аперацыйная? – Вiдаць, да яго не адразу дайшло, што гэта такое. – З бальнiцы? – Ён цiха свiснуў, нявесела пажартаваў: – Умее Яраш выбiраць сабе сясцёр. – I, ужо выпусцiўшы яе руку, адыходзячы, кiнуў убок, яўна з зайздрасцю: – Яраш усё ўмее.
Мацi адчула гэтую зайздрасць, гэты нечаканы пераход ад крыўляння да сур'ёзнасцi, зразумела, як нялёгка было Славiку прыйсцi, i зноў пашкадавала яго: "Якi ён худы, падстрыжаны, адны вушы тырчаць. I пад вачамi сiнiя ценi".
– Ты галодны?
– Як воўк.
Яны падавалi яму на стол утраiх – мацi, Iра, Маша – усё самае лепшае, што гатавалi для гасцей, як самаму галоўнаму госцю.
Валянцiна Андрэеўна адчувала ўдзячнасць дачцэ i Машы за iх чуласць. Яе нават не вельмi кранала, што сын больш аддае ўвагi гэтай амаль незнаёмай дзяўчыне, чым ёй, мацi. Пiльна сочыць за кожным яе рухам, ловiць кожнае слова i позiрк.
"Захапляецца зусiм па-дзiцячы", – з замiлаваннем падумала мацi.
Ад добрага снедання i жаночай клапатлiвасцi Славiк зноў зрабiўся балбатлiвы.
– Маша, хочаце, я вас здзiўлю?
Iра спалохана страляла ў яго вачамi: маўчы!
Ёй здавалася ганьбай i сорамам такое прызнанне.
– Я толькi ўчора з турмы.
Нiводная рыска не тузанулася на надзвычай рухавым i выразным Машыным твары.
– I доўга там вас трымалi?
– Дзесяць сутак.
– О-о! – Што значыла гэтае "о-о", нiхто не зразумеў.
– Я пагразiў адным замежным дурням атамнай бомбай. Быццам яна ляжала ў мяне ў кiшэнi. I – калi ласка, маралiсты ўляпiлi мне... А ўчора я перачытваў газеты. Я рэдка чытаю. Так, ад смутку. I – божа мой! – што я там прачытаў. Калi мне далi дзесяць сутак, то многiм сэрам i лордам трэба даць па дзесяць гадоў. Як яны махаюць гэтымi бомбамi! Жах!
Валянцiна Андрэеўна насцярожана замерла: нiколi яшчэ сын не гаварыў пра такiя сур'ёзныя рэчы. Няхай з гумарам, але з якiм!.. Як вырываюцца праз гэты гумар злосць, абурэнне! Чым ён больш абураецца? Тым, што несправядлiва пакаралi яго за п'яную балбатню? Цi тым, што над чалавецтвам вiсiць страшэнная пагроза?
– Махаюць нада мной. Над табой! Над табой, мама. А ты хочаш, каб я быў у захапленнi ад гэтага свету! Пляснуць у такую вось чароўную ранiцу... – Ён нервова засмяяўся.
– Не будзь песiмiстам, Уладзiслаў, – сказала мацi, расчараваная, што сын павярнуў не туды. – Ты ўсё пераблытаў. Сваю маленькую крыўду ты ўзнiмаеш да праблемы, якая сапраўды хвалюе ўсё чалавецтва. Але i на гэтую страшную небяспеку ты глядзiш як iндывiдуалiст i песiмiст!..
– Мама, не трэба мне маралi! – Ён кiнуў вiдэлец, зацiснуў далонямi вушы, потым правёў рукой па горле. – Я сыты вось так!
– Не, ты паслухай! Людзi змагаюцца i перамагаюць. Вайну. Страх. Голад. Дэспатызм, тупасць...
– Нiчога гэтага людзi не перамаглi! Не цешце сябе!
– Няпраўда! – запярэчыла Iра. – Можа, не ўсё, але шмат што перамаглi.
– Перамаглi ў адной вайне, каб пачаць другую? Такую, у якой ужо не будзе нi пераможаных, нi пераможцаў. Застанецца адзiн попел.
– Ты проста баязлiвец! Панiкёр! Ты заўсёды быў баязлiўцам! – раздражнёна папракнула Iра.
– Вы самi баiцеся. Вы ўсе нервуецеся, калi пачуеце пра гэта. Усе, акрамя хiба мамы. Я ж чуў, як бацька i Яраш гавораць...
"Няўжо яны так часта гавораць пра гэта?" – падумала Маша. Сама яна нават рэдка думала пра такiя высокiя матэрыi. Не ўмела гаварыць пра iх, спрачацца. Ды i не было з кiм. Сёстры i лекары гаварылi пра атамную вайну мiж iншым, i то больш з гумарам i ўсе аднолькава. Значна больш iх цiкавiла тое, што звязана з жыццём, простым i няспынным, – кватэры, заробак, цэны, каханне, замужжа, дзецi. Маша не ўяўляла, што ёсць сем'i, у якiх вядуць вось такiя спрэчкi. Ёй было цiкава i дзiўна слухаць. Захацелася самой умяшацца i сказаць нешта значнае, разумнае. Але, дасцiпная, знаходлiвая ва ўсiх iншых спрэчках i гаворках, тут яна баялася, каб не сказаць глупства, не выдаць прымiтыўнасць мыслення.
– Не, Слава, я таксама баюся, – адказала сыну Валянцiна Андрэеўна, баюся, можа, больш, чым усе. Але я веру ў чалавечы розум...
I тут Маша не стрымалася:
– Людзi не збiраюцца сябе хаваць. Людзi жывуць. I будуць жыць!
Проста, амаль наiўна. Але тыя нацiскi, якiя яна зрабiла на "жывуць" i "будуць", надалi яе словам надзвычайную пераканальнасць. Нават Славiк хутка ўзняў галаву, паглядзеў на дзяўчыну, усмiхнуўся не скептычна – прасветлена, нiбы ўбачыў выйсце.
Магчыма, што спрэчка ўсё адно яшчэ працягвалася б. Але выйшаў Шыковiч. Рушыў да iх.
Славiк прыўзняўся з-за стала, адсалютаваў:
– Вiтаю цябе, стары!
Бацька не адказаў. Валянцiна Андрэеўна адчула, што ён кiпiць, i спалохалася; яна была пераканана, што любая грубасць у адносiнах да сына пасля ўсяго, што ён перажыў i перадумаў, недаравальна, антыпедагагiчна. Iра таксама насцярожылася. Але, вiдаць, прысутнасць Машы стрымала Шыковiча. Ён спытаў з сарказмам:
– Ну як, герой... нашага часу?
Славiк засунуў рукi ў кiшэнi вузенькiх штаноў, бадзёра абышоў стол, наблiзiўся да бацькi, як бы дэманструючы, што ён нiчога не баiцца i што ўвогуле з бацькам у яго адносiны вось такiя – панiбрацкiя.
– Ты ведаеш, творца, чартоўскi цiкава. Для цябе асаблiва. Каб ты пабачыў, якiя там тыпы, то памёр бы ад смеху. А пасля папрасiў бы туды творчую камандзiроўку.
Засмяялася Iра. Усмiхнулася Валянцiна Андрэеўна. Шыковiч адказаў лагодна:
– Балбатун няшчасны. – I да жонкi: – У каго ён, такi чорт, удаўся?
– У цябе, бацька, – адказаў Славiк. – Калi ў мяне будзе такая лысiна i такi жывоцiк, я буду вылiты Шыковiч-старэйшы.
– Калi з цябе выб'юць дурноту?
– Выб'юць!
Шыковiч нахмурыўся.
Маша падумала: як бы яна гаварыла са сваiм бацькам? Ёй зрабiлася сумна, i яна непрыкметна адышла за дубы, спусцiлася да ручая...
Праз хвiлiну Славiк паклiкаў яе:
– Маша!
10
Сябры Тараса – сябры яго брыгады – хоць i адчувалi сябе няёмка ў прысутнасцi пiсьменнiка, дактароў, iх жонак, але, узбуджаныя ракой, лугам, купаннем i гульнёй, на пачатку абеду былi шумныя i вясёлыя. Бурна рэагавалi на тосты Шыковiча, на шчырыя дзiцячыя каментарыi Наташы, нават на недарэчныя жарты Славiка.
А калi выпiлi i закусiлi, то сцiхлi, абмяклi. Дзiўная з'ява! Здарылася гэта таму, што хлопцы пiлi вельмi стрымана – толькi вiно i не асушвалi чаркi да дна. Было ў iх такое правiла. Не запiсвалi яго нi ў якiя абавязацельствы, але дамовiлiся памiж сабой: аскетамi не будзем, аднак у любых абставiнах, у любой кампанii, на любым вяселлi кожны павiнен помнiць пра сваё высокае званне.
Славiку ўдалося глытнуць каньяку з бутэлькi яшчэ да таго, як селi за стол. Мабыць, бацька i мацi здагадалiся пра гэта i цяпер пiльна сачылi за iм. Хлопец увесь час адчуваў калючы, насцярожаны, папераджальны i пагрозлiвы бацькаў позiрк. "Стары конь", як ён у кампанii сяброў часам называў бацьку, сядзеў як на старшыньскiм месцы i добра бачыў увесь стол. Бутэлька з гарэлкай абмiнула Славiка першы раз i другi. Сусед злева, доўгi, сутулы слесар-зборшчык, смешны на выгляд i са смешным спалучэннем iмя i прозвiшча – Генрых Варэнiк, налiў яму яблычнага вiна, якое хлопцы прывезлi з сабой. Славiк выпiў, паморшчыўся, быццам воцату каўтнуў:
– Дрэнь. – I папрасiў Машу, якая сядзела побач з другога боку, каб падала бутэльку з гарэлкай. – Давай, сусед, лепш вось той божай слязы...
Маша пацягнулася за бутэлькай, але яе перахапiла Iра i перадала Тарасу далей ад брата. Славiк зразумеў, што супраць яго змова. Жэстамi паказаў Тарасу: дай нам з Генрыхам.
Але гэты "сагнуты Варэнiк" запярэчыў:
– Не трэба. Я не п'ю.
Славiк узлаваўся. Зашыпеў яму на вуха:
– Не п'еш?
– Не.
– Хлусiш. Я ж бачу, як ты каўтаеш слiну.
Генрых збянтэжыўся, пачырванеў, як дзяўчына. Яго выручыў сябра – бялявы, прыгожы, памяркоўны з выгляду Iван Ходас. Ён пачуў, што сказаў Славiк, нахiлiўся да яго за спiной Генрыха i пагрозлiва прашаптаў:
– Мы такiх разумнiкаў бачылi. I ведаем, чаго варта твая "шчырасць".
– Чаго? – натапырыўся Славiк.
– Я асабiста сапсутай гайкi за яе не дам.
– А я плюю на вашу крытыку.
– Ты дзе вырас такi? На Брадвеi? Мне шкада цябе.
– Пашкадуй сваю маму.
– Хлопцы! Хлопцы! – прасiў Генрых.
– Вось такiя на родную маму гатовы плюнуць.
А мацi ўжо тут. Валянцiна Андрэеўна непрыкметна падышла ззаду, паклала адну руку на плячо сыну, другой дакранулася Iвана.
– Што ў вас, хлопчыкi? Можа, чаго не хапае?
– Не. Дзякуем, Валянцiна Андрэеўна. Гэта мы з-за футбола паспрачалiся. Якая каманда сёння выйграе.
"Здзекуецца, гад", – ажно перасмыкнула Славiка. Ён налiў сабе таго ж паганага вiна i дэманстратыўна, на злосць усiм, выплеснуў у рот.
Маша, якая чула ўсю iх размову, цiха сказала:
– Ты задзiрысты певень.
– А ты рыжая курыца.
Яна бяскрыўдна засмяялася. А ў Славiка ўжо залез чорцiк: хлопцу хацелася ўсiх крыўдзiць i каб да яго таксама чаплялiся. Тое, што Маша не пакрыўдзiлася за "рыжую курыцу", трохi абяззброiла яго. Ён надзьмуўся, прыслухаўся да застольнай гаманы.
– Мы можам выхоўваць чалавека ў сваёй брыгадзе. А выхоўваць начальнiка змены, iнжынера – нам, рабочым!.. Яго iнстытут не выхаваў, – даводзiў Тарасу яго сусед, самы старэйшы з iх брыгады, мужчына з тварам баксёра (нават нос сплюснуты) – Васiль Лапацiн. Ён прыехаў з жонкай. Славiк заўважыў, што дзябёлая, здаецца, цяжарная жанчына сама ела мала, сарамлiва, а мужу падкладвала смачнейшыя i большыя кавалкi i ўвесь час непрыкметна падлiвала вiна. Ён выпiваў цiшком, як ваду. Славiка гэта развесялiла.
"Вунь вашы праведнiкi як дзейнiчаюць", – хацелася яму сказаць Генрыху. Але той шаптаўся з Iванам.
– Талстоўская фiласофiя ў цябе. Часам трэба i па мордзе даць.
"Пра мяне, гады. Паспрабуй даць".
– Я Волгу пераплываў...
– Дзе? Каля вытоку?
Самыя малодшыя, сярод iх i Вiктар, жартуюць на другiм канцы стала, у iх свая тэма: спорт, рэкорды, галубы.
"Нецiкава. Я вырас з гэтых штаноў".
– Наташка, наелася? Бяжы гуляй.
– Што ты, тата? Я ж люблю гасцей. Ты хiба не ведаеш?
– Гасцiнная натура!
– Аднойчы на iмянiны яна запрасiла два класы – свой i паралельны. Помнiш, Антон?
– У нас Славiк быў такi.
"Быў... Быццам мяне пахавалi".
– Хлопчыкi, ешце. Усё, што на стале, павiнна быць з'едзена. Кiрыла, прапануй тост.