Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 16 (всего у книги 27 страниц)
Але ёсць людзi, якiя, нягледзячы нi на што, думаюць iнакш пра Савiча.
"Кандыдат медыцынскiх навук хiрург Яраш, добра вядомы ў нашым горадзе..." Шыковiч коратка пераказваў, як пасля дзёрзка-смелага забойства начальнiка палiцыi малады падпольшчык Яраш апынуўся ў доме доктара.
"Могуць сказаць, што Савiч не выдаў падпольшчыка, баючыся за дачку. Не было б другiх фактаў – адзiн гэты, безумоўна, не мог бы служыць доказам патрыятычнай дзейнасцi доктара".
Шыковiч пераказаў дакументы, якiя знайшоў у архiве, – запiскi Варавы.
Была ў артыкуле i запiска, якую паказаў Сербаноўскi... Але чэкiст чамусьцi папрасiў пра яе пакуль што не ўспамiнаць. Шыковiч не стаў спрачацца. З яго даволi было таго, што расказала Сухадол. Расказ яе займаў большую палову артыкула. Прыводзiў яго Шыковiч амаль цалкам, так, як запiсаў на другi дзень свайго прабывання ў Загаллi. Там ён прачытаў гэты запiс Клаўдзi Сiдараўне, выправiў па яе заўвагах.
Вось тая частка артыкула.
"...У той дзень, калi ўступiлi немцы, у бальнiцы заставаўся ён, Сцяпан Андрэевiч, ды я. Усе разбеглiся. Нават хворыя паўцякалi, хто мог хадзiць. Але ў нас было чалавек дваццаць дызентэрыйных дзяцей. Доктар стараўся, каб эвакуiраваць iх. Ды каму хацелася браць у эшалон хворых з заразнай бальнiцы?! Сцяпан Андрэевiч сказаў мне тады:
"Застанемся, Клаўдзя Сiдараўна, на сваiм пасту. Толькi баязлiўцы пакiдаюць пост у цяжкi момант", – i прызначыў мяне старшай сястрой. З таго дня ўся бальнiчная гаспадарка была на мне.
Хутка самi немцы пачалi прывозiць нам хворых. Яны вельмi баялiся эпiдэмiй розных. Загады пiсалi адзiн за адным. Тады вярнулiся некаторыя з нашага персаналу. Лекараў, праўда, мала, больш сёстры ды санiтаркi. Лекар адзiн новы прыйшоў. Малады, худы, як жардзiна, у акулярах. Макейчык яго прозвiшча было. Ды я адразу ўбачыла, што ў хваробах ён нiчога не разумее i вельмi баiцца хворых, каб не заразiцца. Сказала я пра гэта Савiчу, а ён мне ў адказ:
"Не звяртайце ўвагi. Назначэннi яго сам буду правяраць. Вам раю: асцерагайцеся гэтага чалавека. Нiчога не выказвайце пры iм".
Тады я раскумекала, што да чаго i што гэта за глiста такая ў нас завялася.
А неяк увосень ужо выклiкае мяне Савiч i кажа:
"Во, Сiдараўна, штат ваш папаўняю. Бачыце, якiя хлопцы!"
Хлопцы добрыя. Двое. Адразу бачу – не абкружэнцы. Абкружэнцы былi ўжо ў нас. Скура ды косцi. Каторых мы лячылi, каторых проста падкармлiвалi. А гэтыя абодва ў целе. Толькi адзiн, Лёша, бараду адпусцiў. А ў другога, Ванi, дык яна, мабыць, не расла яшчэ. Чаго гэта, думаю, такiя хлопцы да нас у заразную пруцца? Дурнi. Праўда, Лёша гэты як адкрыў рот, дык, можа, хвiлiна прайшла, пакуль слова сказаў: заiка такi. Яго Сцяпан Андрэевiч прызначыў ездавым дровы прывозiць, мёртвых адвозiць на могiлкi. А Ваню – санiтарам. Ён як дзяўчынка быў, маладзенькi, беленькi i ручкi белыя, да чорнай работы нязвыклыя. Шкада мне яго было. Дзiцятка горкае, што цябе прымусiла за заразнымi прыбiраць?
А дзён праз колькi клiча мяне Сцяпан Андрэевiч, зачыняе дзверы ў сваiм кабiнеце i кажа шэптам:
"Сiдараўна, ёсць да вас просьба. Дайце, кажа, ключ ад вашай кладоўкi Ваню".
Я не зразумела адразу, завялася:
"Навошта яму ключ? Не дам я нiкому ключа".
Ён – галоўны лекар i мог загадаць мне, а ён просiць ласкава так:
"Зразумейце, Сiдараўна. Гэта вельмi патрэбна".
Тады я i пытаюся ў яго:
"Скажыце мне, Сцяпан Андрэевiч, хто гэтыя хлопцы?"
"Я нiчога ад вас не таю, Сiдараўна, – адказаў ён. – Гэта разведчыкi савецкiя. Iм трэба нешта перадаць па радыё нашым. Яны аблюбавалi вашу кладоўку".
Кладоўка для бялiзны была на гарышчы трэцяга корпуса, дзе размяшчалiся iзалятары.
На другi дзень ранiцой аддае мне ключы не Ваня, а Лёша i кажа цiхенька, але хуценька, нiколечкi не заiкаючыся: "Дзякую, кажа, Клаўдзя Сiдараўна. Утульная ў вас мясцiнка там, зручная. Але мы вас будзем турбаваць не часта".
Пасля я ведала, што яны перавозiлi i пераносiлi рацыю сваю ў розныя мясцiны. Каб не засеклi iх.
Сцяпан Андрэевiч у той час пайшоў служыць ва ўправу. Нашы, хто не ведаў яго добра, лаялiся: да немцаў падлiзваецца. Некаторыя нават кiнулi працу. Бо ён заставаўся галоўным лекарам. Але цяпер ён не сядзеў увесь час у бальнiцы. Прыязджаў пасля абеду, рэдка зранку, на кансультацыю, на абход. Бальнiцай загадвала яго намеснiца Вакулава, Раiса Сяргееўна. Яна i да вайны ў нас працавала, у дзiцячым аддзяленнi. Не старая яшчэ была, ды ў першыя днi вайны яе сына забiла бомбай, шаснаццаць гадоў хлопчыку было. Можа, ад гора такога яна ўся пасiвела. Белая-белая была. I маўклiвая. Рэдка слова ад яе пачуеш.
Раiсу Сяргееўну гестапа схапiла ў тую ноч, калi забiлi Савiча. Тады шмат каго з нашых арыштавалi. Аптэкарку Надзю (прозвiшча не помню ўжо), Васю Адзiнца, шафёра санiтарнай машыны; Сцяпан Андрэевiч, калi пайшоў ва ўправу, машыну гэтую раздабыў для бальнiцы. Грузавiчок з будкай. Здымалi будку, вазiлi дровы з лесу, бо са склада немцы не давалi. Добра ведаю, што i ў лес машына пустая не хадзiла: часам ехала па дровы пяць чалавек, а назад вярталася двое. Хто ўцякаў з лагера – прытулак у нашай бальнiцы меў. Ачуняе, падкормiцца чалавек – i ў лес. Я такiм вопратку знаходзiла, купляла, выменьвала. Мяне аднойчы сама Раiса Сяргееўна папрасiла купiць дзесяць ватовак, грошы дала. Але яна – не як Сцяпан Андрэевiч – не з адкрытай душой. Яна быццам i не давярала мне, асцерагалася. Мне гэта, прызнаюся, крыўдна было. Сцяпан Андрэевiч вунь каго мне даверыў – разведчыкаў! Ды i не толькi разведчыкаў! Аднойчы Вася прывёз у машыне "хворага" – лысага чалавека з вясёлымi вачамi. Прывёз тады, калi Савiч у бальнiцы быў. З машыны яго ссаджвалi, пад ручкi вялi, як напраўдашняга хворага. А паклiкаў мяне Сцяпан Андрэевiч да сябе, гляджу: "хворы" гэты ходзiць па кабiнеце, гладзiць лысiну i весела смяецца, падмiргвае. Доктар таксама ўсмiхаецца:
"Трэба, кажа, Клаўдзя Сiдараўна, гэтага хлопчыка памясцiць у бокс у дзiцячае аддзяленне".
А той смяецца:
"Вы мяне коклюшам не заразiце, а то буду кашлем птушак у лесе палохаць".
"Дайце, – кажа мне Сцяпан Андрэевiч, – на сённяшнi вечар якое-небудзь заданне вартаўнiку. А на прахадную пастаўце Лёшу. Няхай падзяжурыць. Гэтак жа зрабiце з сястрой. Выдумайце якую-небудзь прычыну. А самi падзяжурце за яе".
Я ўсё зрабiла як трэба. У той вечар яны доўга раiлiся ў працэдурнай. Лысы, Сцяпан Андрэевiч, Раiса Сяргееўна, Вася Адзiнец i яшчэ тры цi чатыры незнаёмыя мужчыны, якiх прапусцiў Лёша".
Я хачу перапынiць расказ Клаўдзi Сiдараўны, каб паведамiць чытачам, што Пракоп Варава, камандзiр, пасля камiсар атрада iмя Чапаева, запiскi якога я знайшоў у архiве, быў лысы i вясёлы чалавек, як расказваюць тыя, хто яго ведаў асабiста. Гэта дае мне падставы меркаваць, што на нараду з падпольшчыкамi прыходзiў не хто iншы, як Варава.
Памер газетнага артыкула не дае магчымасцi прывесцi расказ К. С. Сухадол цалкам дэталёва. Яна расказала, што недзе ў пачатку сорак другога года загiнулi Лёша i Ваня. Прозвiшча аднаго з iх было Калуноў, але каторага жанчына, на жаль, не помнiць, ды наўрад цi было гэта сапраўднае прозвiшча. Iх схапiлi на могiлках, яны вялi перадачу з каплiцы. Напэўна, гэта пра iх пiсаў у сваёй запiсцы Варава.
Клаўдзю Сiдараўну ў той жа дзень папярэдзiў Савiч, каб у выпадку арышту i допытаў яна нiчога не гаварыла. Папрасiлiся хлопцы на работу – узялi iх, больш нiчога не ведаем, што яны рабiлi, чым займалiся. Яе не арыштавалi. Але праз два днi ў бальнiцы быў вобыск. Гестапаўцы перавярнулi ўсё дагары дном. Нiчога не знайшлi. Але ў часе ператрусу лекар Макейчык, той самы, якога лiчылi за фашысцкага агента, замест спiрту (да спiрту ён часта прыкладваўся) выпiў шклянку кiслаты. Знарок цi выпадкова – невядома. Пасля гэтага, як расказвае Сухадол, ёй доўга не давалi нiякiх даручэнняў. Увогуле ёй здавалася, што i Савiч i Вакулава прыцiхлi, нават палонных больш не перапраўлялi за горад. Толькi Вася колькi разоў браў у яе прасцiны i марлю. Пасля яна зноў пачала выконваць розныя, як сцiпла кажа гэтая жанчына, дробныя даручэннi: узяць да сябе дзяўчыну i выдаць за пляменнiцу, да некага схадзiць, нешта схаваць, нешта перадаць i г.д.
Пасля забойства доктара яе не арыштавалi разам з другiмi, але тры разы выклiкалi ў СД i хiтра распытвалi пра ўсiх, больш пра Вакулаву i Васю, менш пра Савiча.
Дзiўны лёс гэтай жанчыны пасля вайны. У наш час, пасля дваццатага з'езда, пра гэта нельга не сказаць. Пасля вызвалення горада яна зайшла ў адну ўстанову "да высокага начальнiка" i шчыра расказала яму ўсё, што ведала пра падпольную дзейнасць Савiча i Вакулавай. Яе ўважлiва выслухалi. А праз некалькi дзён яна была зволена з бальнiцы "за супрацоўнiцтва з фашыстамi". Цяпер жыве ў далёкай вёсцы без пенсii, нават без сядзiбы. Жыве за тое, што збiрае травы i лечыць хворых. За гэта мясцовыя медыкi абвясцiлi яе знахаркай.
Прыглядзiцеся, таварышы, хто жыве з вамi побач, узнайце чалавека, яго справы, яго бiяграфiю. Колькi на зямлi нашай безыменных герояў, сцiплых i простых! Мы i дзецi нашы павiнны ведаць iх iмёны!
Не ўсё яшчэ нам ясна i зразумела ў гiсторыi доктара Савiча. Невядома, хто яго забiў. Невядома, навошта акупантам i нацыяналiстам спатрэбiлася камедыя з пахаваннем доктара. Але тыя факты, дакументы i расказы, якiя маюцца, даюць мне права сцвярджаць: у iнфекцыйнай бальнiцы актыўна дзейнiчала падпольная група, пра якую пакуль што нiдзе не ўпамiнаецца ў нашых афiцыйных дакументах. Кiраваў гэтай групай доктар Савiч, якi меў сувязь з камандзiрам партызанскага атрада iмя Чапаева Пракопам Iгнатавiчам Варавам.
Я спадзяюся, што на артыкул гэты адгукнуцца людзi, якiя здолеюць дапоўнiць факты i выяснiць тое, што няясна ў дзейнасцi Савiча i другiх савецкiх патрыётаў, жывых i мёртвых, гераiчныя справы якiх будуць натхняць многiя пакаленнi.
К.Шыковiч".
Артыкул спачатку выклiкаў буру. Спачатку – у рэдакцыi. Першы ўзвiўся Рагойша.
– Гэта ж прыём жоўтай прэсы! – крычаў ён. – Шыковiчу захацелася набыць танную папулярнасць. Паласкатаць нервы абывацеля. Як сябра рэдкалегii, я катэгарычна супраць надрукавання.
Чуткiм нюхам сваiм Рагойша адразу адчуў, у кiм шукаць надзейнага i аўтарытэтнага саюзнiка. Гукан, напэўна, выкажацца супраць, а ён – першы аўтарытэт у горадзе па партызанскай гiсторыi. Экземпляр артыкула тут жа апынуўся на стале ў старшынi гарвыканкома.
Сямён Парфёнавiч чытаў, зачынiўшы дзверы, каб нiхто не перашкодзiў.
Назву ён злосна падкрэслiў тоўстым карычневым алоўкам i паставiў напроцiў на полi тоўсты клiчнiк, як бы сцвярджаючы гэтым, што для яго няма пытання ў тым, хто такi доктар Савiч.
На цытаце са сваёй кнiгi ён зламаў аловак i шыбануў яго ў кошык. Другi не ўзяў. Чытаў так, раптам сцiшаны, засяроджаны, уважлiвы. На твары яго не адбiвалiся больш нi гнеў, нi раздражненне. Толькi неяк дзiўна ўсё больш i больш аплывалi худыя шчокi i адвiсала нiжняя губа, нiбы iмкнулася дацягнуцца да паперы.
Скончыўшы чытаць, ён згарнуў лiсты, паклаў у рэдакцыйны канверт, пераламаў канверт, сунуў у глыбокую кiшэню галiфэ i, шырока сiгаючы, выйшаў з будынка гарсавета.
Гэтак жа шырока крочыў ён па кабiнеце сакратара гаркома, пакуль Тарасаў канчаў размову з загадчыкам аддзела. Тарасаў употай назiраў за iм i здзiўляўся: даўно ўжо ён не бачыў спакойнага Гукана такiм устрывожаным.
Не зачынiлiся яшчэ дзверы за работнiкам – i Сямён Парфёнавiч нецярплiва i непаважлiва кiнуў канверт на стол:
– Чытаў?
– Што гэта? – Тарасаў выцягнуў з канверта артыкул, глянуў, падумаў: "Ах, вось што цябе..." I чамусьцi зманiў: – Не, не чытаў.
А на самай справе чытаў. Рэдактар яшчэ ўчора прыслаў артыкул у гарком.
– Пачытай. Хоць няма чаго чытаць. Дурная фантазiя безадказнага пiсакi. Знайшоў, ведаеш, нейкую бабу, знахарку, i на яе блытаным расказе хоча перагледзець гiсторыю ўсяго падполля...
– Няўжо ўсяго? – як бы здзiвiўся Тарасаў, праглядаючы бегла артыкул.
– Хоча абялiць таго, хто сам сябе счарнiў. Адкрывацель знайшоўся! Але ж не ў гэтым сутнасць... Гiсторыя ёсць гiсторыя. Шыковiч яе не рабiў. Не Шыковiчу яе i перарабляць. Тут небяспечная сама тэндэнцыя. Я табе папрок кiну, Сяргей Сяргеевiч. Патураеш ты яму. А ён з тых, хто лiчыць, што калi партыя развянчала культ Сталiна, значыцца, трэба ўсё перавярнуць дагары нагамi...
– Тэндэнцыя, безумоўна, шкодная, – спакойна згадзiўся Тарасаў, праглядаючы апошнюю старонку артыкула, а потым узняў галаву, глянуў на Гукана i сказаў: Але я не бачу лагiчнай сувязi. Пры чым тут гэтая тэндэнцыя да таго, што Шыковiч хоча даказаць ды амаль даказвае, што ў бальнiцы была падпольная група. Ты цвёрда ведаеш, што яе там не было?
Гукан шумна сеў з боку стала, ляпнуў сябе далоняй па грудзях.
– Ды не ў гэтым справа, Сяргей Сяргеевiч! Тут галоўнае – метад. Пры такiм метадзе пошукаў любы фашысцкi паслугач можа цяпер аб'явiць сябе падпольным дзеячам...
– А хто тут аб'яўляе? – паклаў на артыкул рукi Тарасаў.
– Ды хаця б баба гэтая...
– Сухадол? – голас сакратара гаркома раптам стаў жорсткi. – Дзе ж яна служыла? У заразнай бальнiцы?! – I рэзка падняўся. Але, мабыць, спалохаўшыся, што можа сарвацца, дастаў папяросу, запалiў i сказаў прымiрэнча: – Не гарачыся, Сямён Парфёнавiч. А то як бы нам не вярнуцца да старой тэндэнцыi, якая таксама нямала шкоды нарабiла.
Гукан зразумеў, што Тарасаў знаёмiўся з артыкулам раней. Не мог ён, так бегла прагледзеўшы, запомнiць прозвiшчы i абставiны.
"Ясна, Шыковiч узгадняў з iм. Цяпер, безумоўна, Тарасаў будзе падтрымлiваць яго. З iм не дамовiшся. Трэба iсцi ў абком".
– Ты пачытай уважлiва. Як ён будуе артыкул. Робiць надзьмутую позу аб'ектыўнага шукальнiка. А па сутнасцi, рэвiзуе рашэннi гаркома аб падполлi.
– Сур'ёзна? – зноў як бы здзiвiўся Тарасаў. – Ну, гэта мы паправiм.
"Паправiм? Няўжо ён збiраецца друкаваць?"
– Ты што, лiчыш, што гэтую муру можна друкаваць?
Тарасаў зноў сеў, падсунуўшы крэсла блiжэй да Гукана, каб не было так афiцыйна, убок выпусцiў дым i, пранiклiва зазiраючы ў глыбокiя чорныя вочы Гукана, спытаў па-сяброўску iнтымна, каб выклiкаць на шчырасць:
– А што цябе, Сямён Парфёнавiч, так усхвалявала? Жаданне Шыковiча рэабiлiтаваць Савiча? А калi ён сапраўды патрыёт?!
– Сяргей Сяргеевiч, ты далёкi ад нашых партызанскiх спраў. Ты быў на фронце. А я ў самай гушчы варыўся. Ты не ўяўляеш умоў, у якiх мы вялi барацьбу. Акупанты, правакатары, здраднiкi. Нарэшце, такiя зайцы, якiя баялiся вушамi паварушыць. А цяпер хочуць выдаць сябе за герояў. Ну, у атрадах, там ясна, на вiду ўсё: хто герой, хто баязлiвец. А вось тут, у горадзе... Я семнаццаць год разбiраюся з гэтымi справамi...
"Нiчога ты не разбiраешся. Напiсаў за цябе IIIыковiч кнiгу, i ты цяпер выдаеш яе за непагрэшную iсцiну", – падумаў Тарасаў з абурэннем. А сказаў з усмешкай:
– Памруць гiсторыкi, Сямён Парфёнавiч, калi ты захопiш манаполiю на ўсе даследаваннi.
Гукан зразумеў iронiю сакратара, i яна моцна апякла яго. Ён ажно адхiснуўся. Але зрабiў выгляд, што адвалiўся на спiнку крэсла, прыгладзiў рэдкiя валасы, адпарыраваў амаль весела:
– Ну, з Шыковiча гiсторык, як з мяне... паэт.
Тарасаў патушыў у попельнiцы папяросу i адсунуўся разам з крэслам да стала. Быццам абодва работнiкi захацелi разгледзець адзiн аднаго з пэўнай адлегласцi.
– А гэта дрэнна, што мы з табой не паэты. На нашых пасадах нам трэба быць паэтамi. Неабавязкова, канешне, рыфмаваць. Рыфмачоў без нас даволi. А вось мыслiць паэтычна, шырока i вобразна... – Сакратару самому падабалася гэтая нечаканая думка, i ён падняўся да акна з намерам трохi пафiласофстваваць. Але Гукан зiрнуў на гадзiннiк i таксама падняўся:
– У мяне сустрэча з архiтэктарамi. Не хочаш папрысутнiчаць? Архiтэктура блiзкая да паэзii.
– Не, дзякую. Ты ж казаў, вы самi не разабралiся яшчэ. Не буду перашкаджаць вам спакойна разбiрацца.
– Дык што з гэтым? – зняважлiва кiўнуў Гукан на стол, дзе ляжаў артыкул.
– Пачытаем. Падумаем. Памяркуем.
– Жывiцкаму пазванi, а то, чаго добрага, пад нацiскам напорыстага аўтара...
– Не бойся. Без нашай з табой згоды не дадуць.
Застаўшыся адзiн, Тарасаў доўга, задумлiва палiў каля адчыненага акна, разглядаючы вулiцу, машыны, прахожых. Потым дастаў з сейфа нейкi дакумент, пачаў чытаць яго не сядаючы. Зайшла работнiца гаркома высветлiць нейкае пытанне – ён схаваў дакумент у шуфляду стала. Пагутарыў з ёй, падпiсаў паперы. Выйшла – павольна дачытаў гэтыя нейкiя паўтары старонкi на машынцы, прагледзеў дакумент яшчэ раз, схаваў яго ў сейф i зноў палiў каля акна.
Сказаў сам сабе сярдзiта:
– Этыка!.. Даволi такой этыкi! Эх, Сяргей, Сяргей, страхуешся. Пасаромейся! Не бойся шышак.
Рашуча падышоў да столiка з тэлефонамi, набраў нумар.
– Жывiцкi? Прывет. Што гэта ты марынуеш справаздачу аб злёце ўдарнiкаў камунiстычнай працы? Заўтра? Ох, аператыўнасць у вас! Шыковiч у рэдакцыi? Папрасi яго зайсцi да мяне.
Спытаў адразу ж, як толькi прывiталiся:
– Што будзем рабiць, Кiрыла Васiльевiч?
– Трэба друкаваць, – пераканана адказаў Шыковiч. – Я ўпэўнены, адгукнуцца дзесяткi людзей, якiя дагэтуль маўчалi. Не разумею, Сяргей Сяргеевiч, чаго мы баiмся.
– Мы нiчога не баiмся. Але, можа, варта яшчэ пашукаць?
– Такая публiкацыя – даволi распаўсюджаны i плённы метад пошукаў.
Тарасаў на хвiлiну як бы задумаўся. Потым энергiчна падышоў да сейфа, адчынiў яго, дастаў той дакумент, якi паўгадзiны назад перачытваў.
– Хачу паказаць табе яшчэ адзiн дакумент. Гэта з той папкi, з якой ты знаёмiўся ў Вагiна. Але тады я параiў гэта выняць.
Кiрыла амаль з хваляваннем узяў працягнутыя стандартныя лiсты, сашчэпленыя, i адразу чамусьцi глянуў на другую старонку, на подпiс. Дакумент быў копiя, i подпiс, як i ўсё iншае, надрукаваны на машынцы: "С.Гукан, былы камiсар партызанскай брыгады iмя Чапаева, сакратар Чыгуначнага райкома партыi". Дата: 16/Х 1945 г.
Гэта была заява ў органы дзяржаўнай бяспекi. Яна пачыналася словамi:
"Мне стала вядома, што ў горад з Германii, дзе яна прабыла каля двух год, вярнулася дачка ворага народа i здраднiка, фашысцкага прыслужнiка доктара Савiча С.А. – Савiч Соф'я Сцяпанаўна".
Прачытаў гэта Кiрыла i адчуў, як кроў балюча ўдарыла ў скронi i ў цемя. Перасохла ў горле. Ён каўтнуў паветра.
Тарасаў як бы ўглыбiўся ў газету, але ўпотай сачыў за выразам твару Шыковiча.
У заяве характарызаваўся Савiч. Ён не толькi служыў у нямецкай управе, ён яшчэ, выходзiць, правакатар. Меў сувязь з некаторымi падпольшчыкамi. З адным з партызанскiх атрадаў, з якiм – не гаварылася. Але ў вынiку яго "падпольнай дзейнасцi" адзiн за адным правальвалiся i гiнулi нашы людзi, зрывалiся адказныя аперацыi. Падпольная арганiзацыя вынесла здраднiку i правакатару Савiчу смяротны прысуд.
Далей Гукан пiсаў, што дачка жыла з бацькам, вяла яго добрую гаспадарку i "мела цесныя адносiны" з гiтлераўскiмi афiцэрамi, якiя ўвесь час кватаравалi ў "гасцiнным доме Савiча".
– Подласць! – злосна кiнуў Кiрыла, скончыўшы чытаць.
– Не абурайся. – Тарасаў падсунуў яму пачак з папяросамi. – Быў час усеагульнай звышпiльнасцi.
– Але ж можна было даведацца, з якiм "камфортам" яны вывезлi яе ў Германiю i дзе трымалi там.
– Гэта, бадай, можна было, але, вiдаць, не хапала часу. Мнагавата было такiх спраў.
Шыковiч прыпалiў i прагна зацягнуўся дымам.
– Дзякую, Сяргей Сяргеевiч. Для мяне ў гэтым дакуменце больш важна другое. Чаму Гукан нiчога не сказаў пра тое, што Савiч быў звязан з падпольшчыкамi? З кiм канкрэтна? I з атрадам... З якiм? Не сказаў нi тады, калi мы пiсалi кнiгу, нi цяпер, калi я хадзiў да яго з запiскамi Варавы. Чаму?
– Вось i паспрабуй высветлiць чаму. У псiхалагiчным плане, – ледзь прыкметна ўсмiхнуўся сакратар гаркома.
– Можна сказаць яму пра гэта? – спытаў Кiрыла, працягваючы заяву Гукана.
– Лепш не адразу. Такi лабавы ход наўрад цi дапаможа знайсцi iсцiну.
– Прыйдзецца чакаць, пакуль Яраш дазволiць пагаварыць з Савiч. Можа, яна што праяснiць.
Яраш шырока замахнуўся. Застракатала катушка. Блешня, зiхатнуўшы на сонцы, плёснула на сярэдзiну ракi. Яраш даў блешнi патануць, i плынь аднесла яе i леску яшчэ далей. Нарэшце ён пачаў круцiць катушку павольна-павольна. Катушка ледзь чутна папiсквала.
Кiрыла стаяў крокаў за пяць. Мачаў з абрыву блешню свайго спiнiнга ў мелкую ваду, з цiкавасцю сачыў, як чырвона-срэбная пялёстачка то лажыцца на жоўты пясок, то выскаквае на паверхню.
"Зараз зачэпiць", – думаў ён пра сябра, пазiраючы, як той павольна круцiць – блешня паўзе па дне. Чамусьцi хацелася, каб Яраш зачапiўся i адарваў усю леску. Яму абрыдла гэтае бясконцае кiданне.
Сонца з-за ракi бiла ў вочы. Лёгкi вецярок шастаў лазнякi. Хацелася сесцi ў цянi пад стогам i пагутарыць.
Блешня Ярашава, не зачапiўшы нават нiводнай водарасцi, зайграла на мелi.
"Чорт!" – вылаяўся пра сябе Шыковiч.
Яраш зноў гэтак жа прыгожа размахнуўся, далёка закiнуў блешню i зноў моўчкi вёў з той жа задумлiвай павольнасцю. Кiрыла больш не вытрымаў:
– Чаму ты маўчыш?
– Я думаю, – адказаў, не павярнуўшыся нават, Антон Кузьмiч. – Я, здаецца, пачынаю разумець сэнс таго, што ты робiш. Пасля твайго расказу...
– Дзякуй Богу. Нарэшце дайшло да тваiх заспiртованых мазгоў. Ты павiнен заўтра ж дазволiць мне пагаварыць з Зосяй!
– Не! – пагнаў Яраш блешню шпарчэй. – Не! Ты – як азартны iгрок. Табе абы хутчэй выйграць. А ў мяне – жыццё чалавека. Я нiколi не iграю жыццём.
Кiрыла размахнуўся i што ёсць сiлы не кiнуў, а пляснуў блешню ў ваду.
– Ты халодны, што той шчупак! – кiўнуў ён назад, дзе ў траве сутаргава раздзьмухваў жабры, задыхаючыся ад паветра, светлы рачны шчупак, злоўлены, як нi дзiўна, Шыковiчам. Нечаканая ўдача сябра распалiла рыбацкi азарт Яраша, а таму ён i не пераставаў кiдаць.
– Не хвалiся ты сваiм шчупаком. Дрэнь шчупачок. А галоўнае – усё адно дома не павераць, калi я не пацверджу.
– Пайшоў ты... Эскулап! Канавал!
– Мыло, ошэнь мыло, – бяскрыўдна бубнiў Яраш, зноў закiнуўшы блешню. – А ты ведаеш, што канавал вельмi тонкая прафесiя?
– Антон, ты мяне сваiм дурацкiм спакоем давядзеш, што я нап'юся сёння.
– Выпi ракi.
– А-а, чорт! Дулю ж ты ў мяне з'ясi, а не юшку. – I, шыбануўшы ў траву спiнiнг, Кiрыла з ваяўнiчым намерам рушыў да шчупака.
Тады i Яраш кiнуўся яму наперарэз, схапiў за рукi.
– Э-э! Што ты дурны – я ведаю. Але выкiнуць такога шчупака!
Шыковiч хацеў падставiць яму ножку. Але Антон Кузьмiч лёгка падняў мяккi пяцiпудовiк, панёс да абрыву.
– Астуджу я тваю гарачую галаву.
– Чакай. Вунь на тым беразе людзi. Знарок патану – цябе пасадзяць.
Яраш адпусцiў сябра. Яны селi на мяккую атаву, звесiўшы ногi з абрыву. I так, ужо сур'ёзна размаўляючы, прасядзелi, пакуль з неба не палiлося ў раку расплаўленае золата захаду.
18
Маша, у якой у бальнiцы быў разлiчаны кожны рух, ускочыла ў палату, як гарэзлiвае дзяўчо, вясёлая, узбуджаная. Падбегла да ложка Зосi, прысела, асцярожна i мякка абняла яе.
– Вiншую, Соф'я Сцяпанаўна. Цудоўная кардыяграма! Усе лысыя дзяды кансiлiум – горача вiншуюць Антона Кузьмiча. Блiскучая аперацыя! Рэдкая! Хутка мы будзем з вамi танцаваць. Вы любiлi танцаваць?
Вялiкiя Зосiны вочы раптам напоўнiлiся слязамi.
– Што вы?! – спалохалася Маша. – Я сказала што-небудзь не так?
– Нiчога. Не звяртайце ўвагi. – Зося выцерла слёзы рагом новенькай прасцiны. – Гэта я так. Я любiла танцаваць. Але я была вучанiца. Мяне не пускалi на вечары. Толькi ў драмгурток.
Яна сумна ўсмiхнулася.
"Божа мой! Гэта ж дваццаць год яна як бы i не жыла, – жахнулася Маша, i ёй зрабiлася да болю шкада жанчыну. – I цяпер яшчэ ў яе такiя сумныя вочы. Каб я ведала, чым можна ўзрадаваць цябе!"
– З заўтрашняга дня за вас возьмецца лекар лячэбнай фiзкультуры.
Зося ў знак удзячнасцi ледзь прыкметна кiўнула галавой.
Да аперацыi яна была больш гаваркая i цiкаўная. А цяпер быццам баiцца са словамi страцiць сiлу, якая павольна вяртаецца да яе.
Сапраўды, Зося з дня ў дзень адчувала прылiў гэтай новай сiлы, даўно забытай, i ёй было хораша i... страшна. Нiколi, нi ў гестапа, нi ў лагеры, нi перад аперацыяй, у яе не было такiх прыступаў страху, якiя здараюцца часам цяпер. Часта снiцца, што ў яе зноў хворае сэрца, што яна зноў задыхаецца, i яна прачынаецца ў халодным поце i слухае сваё сэрца. Ну вось, зноў яно калоцiцца лiхаманкава. Але праходзяць хвiлiны – i сэрца пачынае бiцца поўна, спакойна, у рукi i ногi вяртаецца здаровая моц.
Ёй хочацца расказаць пра свой страх Антону Кузьмiчу цi Машы, але яна не адважваецца, прымхлiва баiцца – не спалохаць бы словамi гэтую дзiвосную сiлу.
З удзячнасцю, улюбёна глядзiць Зося на Машу, любуецца яе залатымi вейкамi i такiмi ж незвычайнымi валасамi, i вельмi хочацца ёй сказаць гэтай дзяўчыне сардэчныя словы, сказаць, што палюбiла яе не як бальнiчную, а як родную сястру. Але чамусьцi i гэтыя словы яна баiцца сказаць. А Маша таксама заварожана, з замiлаваннем, як на дзiця, глядзiць на Зосю, думае, чым бы развесялiць яе, i пакутуе ад таго, што нiчога не можа прыдумаць. Зрэдку яны ўсмiхаюцца адна адной вачамi i позiркамi прызнаюцца ў любвi.
– Соф'я Сцяпанаўна, хочаце, я пачытаю вам вершы Блока. Антон Кузьмiч любiць Блока, i ў яго кабiнеце ляжыць томiк.
Яна згадзiлася, ледзь прыкметна кiўнуўшы галавой i заплюшчыўшы вочы.
Узрадаваная Маша пабегла за кнiгай. Яна не ўбачыла, як Зося ўздрыгнула ад гэтай нечаканай прапановы. Блока любiў яе бацька i чытаў ёй, малой. Мацi не вельмi ўхваляла гэта, раiла Маякоўскага. Яны па-рознаму выхоўвалi яе, мацi i бацька. Мацi, напрыклад, каб навучыць яе плаваць, аднойчы выпiхнула з лодкi на сярэдзiне ракi i гэтым так напалохала бацьку, што ў таго ледзь не быў сардэчны прыступ. У дзевятым класе Зося таксама палюбiла Блока.
Пасля вайны яна рэдка думала пра мацi. А ў той момант, калi Маша сказала пра Блока, яна чамусьцi ўспомнiла мацi, i сэрца яе, яшчэ не загоенае, сцiснулася i зашчымела забытым болем. Мацi загiнула ў Польшчы, у жонкi яе брата ёсць паведамленне, у якiм горадзе яна пахавана.
Зося падумала:
"Калi я зусiм ачуняю, то збяру грошай i з'езджу на яе магiлу. Я папрашу кветак з нашага саду. Работнiцы ясляў дадуць. – I раптам зноў страх: – Няўжо мяне не пусцяць на магiлу мацi?"
Прыгадала, што, вярнуўшыся з Германii, яна не знайшла магiлу бацькi, хоць помнiла, дзе яго пахавалi, i ёй захацелася плакаць. Яна паспрабавала стрымацца i не здолела – заплакала па-дзiцячы, наўзрыд. Суседка, таксама пасляаперацыйная, слабым голасам спытала:
– Чаго вы? У вас жа ўсё так добра! – Сама яна здагадвалася, што ў яе выразалi ракавую пухлiну, i з жахам думала, што гэта не збаўленне ад хваробы.
– Калi ласка, не звяртайце ўвагi. – Зося ўсхлiпвала i выцiралася прасцiной.
Вось i гэтага нiколi не было да аперацыi: хворае сэрца яе было чэрствым.
Маша, вярнуўшыся i ўбачыўшы сяброўку ў слязах, спалохалася. Але тая заспакоiла яе:
– Ды не, нiчога, Маша, слаўная вы мая. Я проста ўспомнiла. Мой бацька любiў Блока.
Пра бацьку яе Яраш забаранiў гаварыць. I Маша, каб нiчога не адказваць, наўздагад разгарнула томiк i пачала чытаць:
В сыром ночном тумане
Все лес, да лес, да лес...
В глухом сыром бурьяне
Огонь блеснул – исчез...
Опять блеснул в тумане,
И показалось мне:
Изба, окно, герани
Алеют на окне...
Адзiн верш, другi, i раптам убачыла, як азарыўся Зосiн твар. Не было ў яе яшчэ такой усмешкi. Невясёлыя вершы, а смутак з вачэй яе знiк. Дзiўна. Ды iм перашкодзiла суседка: заплакала яна.
Усё адно Маша выскачыла з бальнiцы на вулiцу з надзвычай узнятым настроем. Свяцiла неспякотнае ўжо жнiвеньскае адвячоркавае сонца. Iшлi па вулiцы людзi, адны – павольна, другiя – спешлiва. Iмчалi аўтобусы, "Волгi" i "Масквiчы".
Маша любiла свой горад. Любiла гуляць у парку, якi лiчыцца найлепшым у рэспублiцы. Але адной усё-такi сумна. Каб сустрэць каго-небудзь вясёлага! Яна ўспомнiла Славiка. Яна думала пра яго i раней. I пра Тараса. Пра абаiх. Употай чакала, што хтосьцi з iх захоча сустрэцца з ёй.
Але хлопцы не праяўлялi iнiцыятывы. Славiк, безумоўна, несур'ёзны суб'ект, балбатун i нахабнiк. Але Маша не магла забыцца, як ён з першага позiрку захапiўся ёю. Нiхто яшчэ так адразу не захапляўся. Часцей за ўсё яна чула: "Глядзi, якое рыжоцце пайшло!" Гэта яе абражала. А вось Славiк, той адразу: "Вы ж незямная". А яна зямная, звычайная дзяўчына з палескай вёскi, i ёй, як усякай дзяўчыне, было прыемна пачуць такi шчыры камплiмент. Акрамя ўсяго, яна адчувала сябе вiнаватай – за аплявуху. Не такая ўжо яна "кiсейная паненка", каб так абражацца за яго дурную балбатню.
Так, ёй хацелася сустрэцца. Але дзявочы гонар не дазваляў ёй першай шукаць гэтай сустрэчы.
А тут ёй раптам захацелася зрабiць нешта незвычайнае, гарэзлiвае.
Паабедаўшы ў кафэ, яна пайшла ў парк. Размянiла ў прадаўшчыцы газiроўкi пяцiкапеечную манету, папрасiла "дзве па дзве". Шчыльна зачынiла дзверцы будкi аўтамата. Даведалася па 09 тэлефон Шыковiча.
– Ало! – пачулася ў трубцы. Яна пазнала голас Славiка i не адказвала.
– Ало! – крыкнуў ён. – Што? Правяраеш, цi ёсць хто дома? На жаль, браток, ёсць я, верны вартавы бацькавых мiльёнаў. I май на ўвазе – узброены атамнай пушкай. Але калi ты пазычыш мне пяць рублёў, мяне тут не будзе. Залазь, рабуй. Хрэн з iмi, з мiльёнамi!
Маша ледзь вытрымала, каб не зарагатаць ад гэтай Славiкавай тырады невядомаму абаненту. Праглынуўшы смех, яна пiскнула:
– Уладзiслаў Кiрылавiч!
– О-о! – Вiдаць, яго здзiвiў жаночы голас i такi нечаканы зварот. – Хм... сапраўды, гэта, здаецца, я – Уладзiслаў Кiрылавiч. Я слухаю вас.
– Адна ашоба чакае ваш каля ўвахода ў парк, – па-старэчы прашамкала Маша.
– Колькi ёй год, ашобе гэтай?
– Шэмдзешат.
– Самы мой любы ўзрост! – засмяяўся хлопец.
– Калi вы не будзеце праз пятнаццаць хвiлiн, многа страцiце, – сказала Маша звычайным голасам i павесiла слухаўку.
Славiк быў упэўнены, што знаёмыя дзяўчаты хочуць з яго пажартаваць. Але ён нiколi не баяўся апынуцца ў смешным становiшчы. Ён сумаваў у пустой кватэры, без грошай i ўзрадаваўся выпадку хоць чым-небудзь забавiцца. Праз дзесяць хвiлiн Маша ўбачыла яго на пляцоўцы каля ўвахода ў парк. Яна стаяла па той бок агароджы за кнiжным кiёскам i ўпотай назiрала. Ён iшоў павольна, засунуўшы рукi ў кiшэнi блакiтных штаноў. Трошкi насцярожана азiраўся. Прайшоў раз да варот i назад, заглядаючы спачатку ў твары дзяўчат, потым – пажылых жанчын, нарэшце i бабуль не стаў мiнаць.
Машу гэта смяшыла. На яе з цiкавасцю пазiралi: адна, а такi гарэзлiвы выраз яе твару, такiя чорцiкi ў вачах.
Так яна памучыла яго хвiлiн пятнаццаць. I толькi калi ўбачыла, што цярпенне яго вычарпалася i ён энергiчна рушыў у парк, яна пайшла насустрач на выхад. Iшла спешлiва, глядзела ўбок – на партрэты перадавiкоў вытворчасцi. Была ўпэўнена, што мiма яе ён не пройдзе. Сапраўды, хутка пачула яго радасны воклiч:
– Маша!
Яна спынiлася, зрабiла здзiўленыя вочы, нiбы не пазнавала яго. Ён працягнуў руку. Яна не падала сваю. Але Славiк не збянтэжыўся.